БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ARCHE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ARCHE 10 / 2006 г.

ARCHE 10/2006Лісты Антона Луцкевіча з часу Парыжскай мірнай канферэнцыі

18 студзеня 1919 г. у Парыжы адкрылася міжнародная канферэнцыя, што мела на мэце падвесці вынікі сусветнай вайны – той вайны, якую яшчэ не назвалі Першай сусветнай, але ўжо паспелі назваць Вялікай – настолькі ўражальнымі і непрадбачанымі аказаліся яе наступствы. Сярод гэтых наступстваў быў і ўздым нацыянальных рухаў, а ў іх выніку – развал шматнацыянальных імперый, трываласць якіх перад пачаткам вайны мала ў каго выклікала сумненні: Аўстра-Венгрыі і Расіі. Пры гэтым Аўстра-Венгрыя ў гістарычным маштабе развалілася імгненна, на працягу некалькіх тыдняў, паставіўшы пераможцаў перад здзейсненым фактам; Расійская ж імперыя, у якой палітычны крызіс быў выявай глыбокага сацыяльнага і гуманітарнага крызісу, аганізавала на працягу некалькіх гадоў, выкідваючы прадукты свайго распаду з цэнтру на ўскраіны і за даваенныя межы. Таму на канферэнцыі ў Парыжы дзяржавы-пераможцы мусілі не толькі зводзіць парахункі са сваімі супернікамі, што прайгралі вайну, але і заняцца тэрытарыяльна-палітычным уладкаваннем на развалінах былых імперый.

У аснову праграмы пасляваеннага тэрытарыяльна-палітычнага ўладкавання былі пакладзены знакамітыя «14 пунктаў» прэзідэнта ЗША Вудра Уілсана, з якімі гэта дзяржава вясной 1917 г. уступіла ў вайну, кінуўшы сваю вырашальную гіру на шалі змагання. Трынаццаты пункт гэтай праграмы прадугледжваў утварэнне незалежнай польскай дзяржавы. Іншыя перамены ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе не планаваліся. Аднак за паўтара года пасля абвяшчэння «14 пунктаў» у гэтым рэгіёне адбыліся настолькі істотныя перамены, што пераможцам давялося грунтоўна скарэктаваць прынятую імі праграму. Змены зноў жа былі пададзеныя ЗША ў выглядзе афіцыйнага амерыканскага каментара да «14 пунктаў», падрыхтаванага пад кіраўніцтвам галоўнага дарадцы прэзідэнта палкоўніка Хаўза і прынятага ўсімі саюзнымі дзяржавамі, а следам за імі і Германіяй. Гэты дакумент прадугледжваў вырашэнне лёсу народаў заходніх ускраін Расіі на ўзор вырашэння польскай праблемы: «Тое, што прызнана правільным для палякаў, несумненна давядзецца прызнаць правільным і для фінаў, літоўцаў, латышоў, а магчыма, і для ўкраінцаў», таму што «адбылося адраджэнне гэтых раней падуладных народаў»1.

Можна заўважыць, што ў амерыканскім пераліку народаў еўрапейскай Расіі, якія ўжо «адрадзіліся» пасля апублікавання «14 пунктаў», адсутнічаюць беларусы, эстонцы. У гэтым артыкуле нас, натуральна, цікавяць беларусы. Ці азначае іх адсутнасць у дакуменце, пакладзеным у аснову Камп’енскага перамір’я 11 лістапада 1918 г., прысутным потым на сталах Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дзяржавы-пераможцы не бачылі Беларусі, не збіраліся займацца і не займаліся ёю? Адзін з беларускіх даследчыкаў у сувязі з гэтым напісаў: «Дзяржавы-пераможцы не толькі не ставілі пытання аб прызнанні незалежнасці Беларусі, але нават не выступалі за аўтаномію для беларусаў»2. Фактычна правільна, але па сутнасці няслушна. Заўважым, па-першае, што беларускія гісторыкі пакуль што не вывучалі матэрыялаў Парыжскай мірнай канферэнцыі з-за іх цяжкадаступнасці. Па-другое, пазіцыя дзяржаў у гэтым пытанні, якое з’яўлялася толькі фрагментам шырокай і складанай праблемы пасляваеннага ўладкавання Усходняй Еўропы, ролі Расіі ў ёй, зусім не была маналітнай. Інтарэсы Францыі і Англіі тут разыходзіліся, мела свае інтарэсы і Польшча, і яны не супадалі ні з першымі, ні з другімі. Была яшчэ і белая Расія, якая мусіла вытрымаць «тэст» на дэмакратычнасць, наладжаны ёй заходнімі дзяржавамі летам 1919 г. Гэтым тэстам якраз было стаўленне цэнтраў палітычнага кіраўніцтва белай Расіі да нацыянальных праблем на яе тэрыторыі, гатоўнасць вырашыць іх на аснове прынцыпу самавызначэння народаў. У кантэксце і пад уплывам гэтых супярэчнасцяў пазіцыі асноўных гульцоў усходнееўрапейскай палітыкі перажывалі эвалюцыю, якая ўплывала і на шанцы беларусаў стаць сучасным дзяржаўным народам. Прама скажам, шанцы нязначныя ў існых канкрэтна-гістарычных акалічнасцях, але здольныя эвалюцыянаваць у тым ці іншым кірунку. Каб павысіць гэтыя шанцы, неабходна было ясна і цвёрда выказаць сваю волю, быць пачутымі і знайсці суб’ектаў міжнароднай палітыкі, гатовых падтрымаць гэтую волю, зыходзячы з уласных інтарэсаў. Неабходна было быць там, дзе вырашалася, – ва ўсялякім разе, на бліжэйшыя гады – тэрытарыяльна-палітычнае аблічча пасляваеннай Еўропы. Неабходна было быць у Парыжы.

Лідэры БНР своечасова зразумелі неабходнасць шукаць падтрымкі з боку пераможцаў у вайне – Антанты і ЗША, каб забяспечыць сваю незалежнасць, перадухіліць паглыбленне той нацыянальнай трагедыі, якую беларускі народ перажываў з пачатку вайны. Гэтае разуменне выяўляецца ў звароце Рады БНР да ЗША і іншых дзяржаў – удзельніц вайны ад 22 кастрычніка 1918 г. У ім Рада прасіла «ў імя прынцыпаў гуманнасці, абвешчаных прэзідэнтам ЗША… уратаваць беларускі народ ад разгрому і дзеля гэтага яшчэ да адыходу акупацыйных войскаў забяспечыць Беларусі знешнюю недатыкальнасць шляхам прызнання яе самастойнасці і незалежнасці і ўнутраную бяспеку перадачай Радзе цывільнага ўпраўлення краем»3. Аднак у канцы 1918 г., нават пры найлепшым стаўленні да справы незалежнасці Беларусі (якое на самай справе адсутнічала), Антанта не магла задаволіць просьбу Рады БНР, бо не мела дзеля гэтага магчымасцяў. Таму Германія перадавала тэрыторыю Беларусі і Украіны, якую была вымушана эвакуаваць, савецкай Расіі, за выключэннем абшару, прылеглага да Усходняй Прусіі. Гэтую тэрыторыю адпаведна з Камп’енскім перамір’ем яна магла пакінуць толькі пасля дадатковага распараджэння Антанты. Дагавор аб перамір’і ліквідаваў таксама ўсе дагаворы, пачынаючы з Берасцейскага, заключаныя Германіяй з савецкай Расіяй ці дзяржаўнымі фармаваннямі, якія адышлі ад яе пры падтрымцы Германіі4. Дзяржавы-пераможцы хацелі будаваць пасляваенную Еўропу «з чыстага аркуша».

Відавочна, беларускі ўрад меў інфармацыю аб гэтых рашэннях і адрэагаваў на іх у пункце другім праграмнай дэкларацыі Рады міністраў БНР, з якой яе кіраўнік Антон Луцкевіч выступіў перад Радай Рэспублікі 22 лістапада 1918 г. У ёй ставілася задача дабівацца «права голасу на мірнай канферэнцыі»5.

Аднак гэтая канкрэтна сфармуляваная задача аказалася неймаверна цяжкай для вырашэння. Першае, чым давялося займацца ўраду А. Луцкевіча на працягу наступных тыдняў – гэта пошук прытулку для ўладаў БНР, паколькі чырвоныя войскі, што набліжаліся з усходу, мелі загад падтрымліваць у нацыянальных раёнах толькі ўрады, створаныя бальшавікамі6. Ясная справа, Антон Луцкевіч не чытаў гэтага загаду, аднак няўдача яго перагавораў з прадстаўніком савецкай Расіі ў Кіеве Х. Ракоўскім7, вопыт дачыненняў з мясцовымі бальшавікамі перад адыходам немцаў з Менску8 не давалі яму падстаў для ілюзій. Таму 3 снежня ўрад БНР выехаў з Менска ў Вільню, а 27 снежня адтуль – у Горадню, яшчэ занятую немцамі. Як сведчаць запісы ў дзённіку А. Луцкевіча, яго ўрад і тут не знайшоў неабходных умоваў для працы. Сярод мноства праблем, з якімі яму даводзілася штодня сутыкацца, было рабаўніцтва мясцовага насельніцтва польскімі легіянерамі, якіх падтрымлівалі як нямецкія ўлады, так і Варшава. У польскай сталіцы тады ўжо прымаліся юрыдычныя акты, накіраваныя на анексію паўночна-заходніх тэрыторый Беларусі ў склад адроджанай польскай дзяржавы. «Ясна і бясспорна толькі адно, – запісваў Антон Луцкевіч у сваім дзённіку, – што на Гродзеншчыну ідуць дзве хвалі – з усходу і захаду, што разыграецца яшчэ адзін акт крывавай драмы, пачаўшайся ў 1914 годзе. І абедзве гэтыя хвалі нясуць нам руіну і знішчэнне не толькі матэрыяльнага багацця, але – і гэта найгорш – нашых палітычных ідэалаў, нашага дзяржаўнага будаўніцтва»9. Данесці патрабаванне беларускага народу прызнаць яго права на самастойнае існаванне да арэапагу дзяржаў-пераможцаў рабілася ўсё болей пільнай, лёсавызначальнай для Беларусі задачай.

Антон Луцкевіч добра разумеў гэта. 22 студзеня 1919 г. ён падпісаў мемарыял беларускага ўрада старшыні Парыжскай мірнай канферэнцыі, у якім абгрунтаваў права беларускага народу на дзяржаўнае існаванне, падаў этапы фармавання беларускай дзяржаўнасці, выказаў просьбы аб дапамозе Беларусі ў гэтай справе і дапушчэнні прадстаўнікоў БНР на канферэнцыю «дзеля абароны інтарэсаў беларускага народу і дачы патрэбных інфармацый»10. Мемарандум меўся завезці ў Парыж генерал Кіпрыян Кандратовіч, «галоўнакамандуючы» так і не створанага беларускага войска. У пачатку студзеня, вярнуўшыся з перагавораў з камандаваннем Обер-Оста11, генерал прызнаўся Луцкевічу, што немцы выступаюць супраць стварэння літоўска-беларускай арміі12, а яны пакуль што заставаліся панамі часткі той тэрыторыі, дзе была магчымасць весці набор у гэта войска.

Чаму ж такая адказная місія – уручэння звароту беларускага ўрада да мірнай канферэнцыі – давяралася ваеннаму чалавеку, нядаўна яшчэ генералу расійскай службы, чалавеку, не ўкарэненаму ў беларускі нацыянальны рух? Адказ на гэтае пытанне высвечваюць дзве наступныя вострыя праблемы, з якімі барукаўся ўрад Луцкевіча: грошай і кадраў. І таго, і другога страшэнна не хапала. Пра грошы лепш сказаць так: іх не было зусім. Урад Літоўскай Рэспублікі адмовіўся даць пазыку13, бо і сам быў небагаты, хаця, здаецца, галоўнай прычынай адмовы было нежаданне падтрымліваць патэнцыйнага суперніка перад арэапагам вялікіх дзяржаў. У гэтай сітуацыі Луцкевіч узрадаваўся, калі даведаўся, што генерал Кандратовіч «маецца ехаць у Парыж сваем коштам. Пры нашых рэсурсах гэта шчасце»14 . Былы член Чацвёртай Дзяржаўнай думы ад Гродзеншчыны А. Азнабішын сам напрасіўся ў склад дэлегацыі15, і Луцкевіч не адмовіў яму, вымушаны шукаць людзей больш-менш палітычна дасведчаных і дастаткова культурных, каб не згубіцца ў парыжскіх колах, што фармаваліся вакол канферэнцыі. Можна меркаваць, што гэтак жа выпадкова трапіў у склад дэлегацыі нехта Леанід Баркоў. Афіцыйна поўны яе склад быў зацверджаны на пасяджэнні Рады народных міністраў БНР толькі 21 сакавіка 1919 г. У яе ўваходзілі, акрамя А. Луцкевіча, міністр юстыцыі А. Цвікевіч; радчыя К. Кандратовіч, А. Азнабішын і Р. Скірмунт; аташэ – Ю. Янкоўскі, А. Галавінскі і Л. Баркоў; кур’ер – Г. Камарынец16. У гэтым складзе дэлегацыя была дастаткова кампетэнтная і працаздольная. Аднак на самай справе ў Парыж, і то з вялікім спазненнем – больш чым праз месяц – выехалі трое: Кандратовіч, Азнабішын і Баркоў. Антон Луцкевіч далучыўся да іх у канцы траўня і ўжо на месцы ўключыў у склад дэлегацыі наваспечанага палкоўніка Я. Ладнова, што прыехаў з беларускага асяродка ў Адэсе. Мірная канферэнцыя ў гэты час працавала ўжо пяты месяц і паспела прыняць мемарандумы ўрадаў суседніх Беларусі дзяржаў – Польшчы, Літвы, заслухаць іх дэлегацыі; прыняць рашэнне аб усходняй мяжы Польшчы, у якім яе канчатковае вызначэнне ставілася ў залежнасць ад фармавання ў Расіі дэмакратычнага ўрада, які атрымае прызнанне Захаду; устанавіць сувязь з урадам Калчака і неўзабаве, пасля згаданага вышэй «тэставання», прызнаць яго. Пры гэтым заходнія дзяржавы задаволіліся яго заявай аб прызнанні незалежнасці адной Польшчы і гатоўнасці перадаць пытанне аб нацыянальнай аўтаноміі іншых народаў будучаму Устаноўчаму сходу. Украінскага і беларускага пытання перад урадам Калчака дзяржавы не ставілі.

Такім чынам, дэлегацыя БНР з’явілася на Парыжскай канферэнцыі са спазненнем. Галоўная яго прычына тая ж: адсутнасць грошай, неабходных для фінансавання яе дзейнасці. Ураду БНР даводзілася разлічвацца за гістарычна абумоўленыя дэфармацыі беларускага грамадства, што страціла сваю арыстакратыю з усімі яе магчымасцямі, не здолела ва ўмовах нацыянальнага ўціску сфармаваць моцны прадпрымальніцкі клас з яго міжнароднымі сувязямі, зацікаўлены ў стварэнні сваёй дзяржавы і гатовы падтрымліваць яе нараджэнне ўласным капіталам. Калі ўлічыць яшчэ, што ўрад БНР апынуўся ў становішчы ўрада ў эміграцыі, то можна зразумець, што вонкавая падтрымка яго дзейнасці была ледзь не адзінай крыніцай яго фінансавання.

Яшчэ ў канцы студзеня ў гэтай справе з’явіўся першы пробліск надзеі: кур’ер з Кіева прывёз навіну аб падпісанні Аркадзем Смолічам, міністрам з кабінета Антона Луцкевіча, дамовы з урадам УНР аб пазыцы 4 млн карбованцаў. Аднак атрымаць гэтыя грошы, пераведзеныя ў венскі і берлінскі банкі17, аказалася нялёгкай справай, бо тут неўзабаве на іх быў накладзены секвестр. А тым часам урад Луцкевіча, які апынуўся перад пагрозай перадачы немцамі Горадні палякам, разлічваючы на ўкраінскую пазыку, вымушаны быў пераехаць менавіта ў Берлін. Урэшце адтуль у Парыж выехалі Кандратовіч, Азнабішын і Баркоў, да якіх кіраўнік дэлегацыі далучыўся толькі ў канцы траўня18, дастаўшы грошы з венскага банка. Заходнія дзяржавы тады якраз чакалі адказу на свой запыт да ўрада Калчака.

Антон Луцкевіч знаходзіўся ў сталіцы Францыі на працягу трох месяцаў, за гэты час прымусіўшы белую Расію і Польшчу заўважыць беларускае пытанне, – больш таго, пачаць аспрэчваць на парыжскай палітычнай сцэне сваё права вырашаць яго разам з іншымі пытаннямі з гэтага шэрагу. Пілсудскі і Падэрэўскі адстойвалі права Польшчы заняцца ўладкаваннем Усходу Еўропы, абапіраючыся на ідэю федэрацыі дзяржаў, узніклых на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай; Сазонаў С. Д., міністр замежных справаў урада Калчака, мусіў супрацьпаставіць ёй ідэю аўтаноміі народаў Расіі, упершыню назваўшы сярод іх і беларусаў. Гэта быў нязначны поспех з пункту гледжання асобных членаў кабінета Антона Луцкевіча (А. Цвікевіч)19. Аднак ці можна было зрабіць болей?

Адказваючы на гэтае пытанне, неабходна мець на ўвазе шэраг фактараў, што абмяжоўвалі магчымасці дэлегацыі БНР. Сярод іх – неінфармаванасць заходніх палітычных элітаў аб Беларусі20 і арганічная слабасць самой дэлегацыі. Першы быў аб’ектыўны і, відавочна, прадбачыўся Луцкевічам. Другі ж варта адзначыць асобна. Слабасць дэлегацыі выяўлялася ў адсутнасці ідэйнага адзінства, разыходжаннях у матывацыі асобных яе ўдзельнікаў, што не спрыяла іх згуртаванню вакол кіраўніка і самаадданай калектыўнай працы. Яна выявілася, між іншым, у драматычным і таямнічым казусе, што здарыўся пасля ад’езду Антона Луцкевіча ў канцы жніўня на перамовы ў Варшаву: трое членаў яго дэлегацыі – Кандратовіч, Азнабішын, Баркоў – аказаліся затрыманымі французскімі спецслужбамі і абвінавачанымі ў патаемным супрацоўніцтве з германскімі манархічнымі арганізацыямі21.

Аднак адзначаная слабасць дэлегацыі не стала асноўнай прычынай, якая не дазволіла Антону Луцкевічу дасягнуць лепшых, значнейшых вынікаў на Парыжскай канферэнцыі, першым сярод якіх магло б з’явіцца запрашэнне для выступлення ў адной з яе камісій (яго атрымалі літоўцы, але ўкраінцы таксама не атрымалі). Супраць Антона Луцкевіча дзейнічалі іншыя, больш магутныя фактары, негатыўнае ўздзеянне якіх на справу незалежнасці Беларусі ён здольны быў толькі зменшыць, але не мог нейтралізаваць. Гэта геапалітычныя і эканамічныя інтарэсы дзяржаў ва Усходняй Еўропе, існы тут баланс сілаў, які складваўся на працягу апошняга стагоддзя – а складваўся ён з удзелам Расіі. Расія была часова аслаблена, але яе рэсурсы дазвалялі заходнім дзяржавам спадзявацца на яе хуткае вяртанне на еўрапейскую арэну ў якасці ўсходнееўрапейскай супрацьвагі Германіі, чый патэнцыял як дынамічнай экспансіянісцкай сілы быў не вычарпаны, нягледзячы на яе паражэнне ў вайне. Адкол Беларусі, Украіны ад Расіі ўспрымаўся заходнімі дзяржавамі як шкоднае для іх інтарэсаў аслабленне даваеннага саюзніка, аслабленне менавіта ў тым пункце, дзе яна была небяспечнай для Германіі і таму карыснай для Францыі і Англіі – на еўрапейскай сушы. Адыход ад Расіі прыбалтыйскіх краін не ствараў для заходніх дзяржаў такой сітуацыі. Наадварот, для Англіі незалежныя ад Расіі дзяржавы ў гэтым рэгіёне маглі стаць адным з апорных пунктаў, якія дазвалялі заціснуць Германію, пазбаўленую пераможцамі ваенна-марскога флота, у яе сухапутных межах, не даючы ёй магчымасці зноў выйсці на марскія прасторы. У гэтай сувязі нават вартасць Польшчы, найбольшай і бліжэйшай суседкі Германіі з усходу, была для заходніх дзяржаў адноснай, абумоўленай грамадскім крызісам у Расіі і часовай слабасцю гэтага традыцыйнага партнёра. Польшча, аднак, у адрозненне ад БНР мела сваё войска і даволі пашыраны ў грамадстве антырасійскі комплекс, які ствараў, праўда, немалыя клопаты для заходніх дзяржаў, але, тым не менш, у канкрэтнай гістарычнай сітуацыі мог быць выкарыстаны і выкарыстоўваўся для барацьбы з бальшавікамі.


Антон Луцкевіч не паддаўся ціску суровых неспрыяльных абставін і шукаў сродкі дзеля іх пераадолення і наступнага прызнання Беларусі старымі дзяржавамі ў якасці адной з незалежных еўрапейскіх дзяржаў. Такімі сродкамі былі заяўленая ім гатоўнасць БНР уключыцца ў адзіны антыбальшавіцкі фронт усходнееўрапейскіх дзяржаў і эканамічныя праекты еўрапейскага маштабу, сярод якіх найбольш цікавым было стварэнне Балтыйска-Чарнаморскага воднага шляху. Апублікаваныя дакументы сведчаць, што супрацоўніцтвам з БНР цікавіліся Латвія, Украіна, некаторыя заходнія эканамічныя колы22. Аднак у межах таго часу, што Луцкевіч меў у Парыжы – да канца жніўня – яму не ўдалося дасягнуць падтрымкі праектаў з удзелам БНР з боку вышэйшых сфераў Парыжскай канферэнцыі. Бальшавіцкую праблему на ўсходзе вырашала Польшча, і заходнім палітыкам некаторы час здавалася, што яна дапаможа белым увайсці ў Маскву. А гэта перспектыва пазбаўляла Захад неабходнасці раздражняць белую Расію падтрымкай усходнеславянскіх цэнтрабежных рухаў на былой яе тэрыторыі.

У сваю чаргу тая ж Польшча (дакладней – кіроўны ў ёй лагер Пілсудскага), эфектыўна карысталася спрыяльнай міжнародна-палітычнай сітуацыяй, каб цалкам узяць у свае рукі «расійскае пытанне». Пры пасярэдніцтве Ю. Мархлеўскага Пілсудскі дамовіўся з Леніным, дазволіўшы бальшавікам разбіць Дзянікіна, якога лічыў больш небяспечным для Польшчы праціўнікам, і пачаў падрыхтоўку вырашальнага ўдару па вялікадзяржаўнай Расіі, якая б яна ні была ў будучым – белая ці чырвоная. Такім ударам, на яго думку, стаў бы адрыў ад Расіі Украіны, толькі пасля чаго наступіў бы чарод і беларускага пытання. У гэтую канцэпцыю не ўпісвалася падтрымка Польшчай суверэнізацыі Беларусі, да чаго імкнуўся Антон Луцкевіч, дамагаючыся ў Варшаве аднаўлення дзейнасці Рады БНР і прызнання Рэспублікі Польшчай, – не ўпісвалася якраз таму, што гэтыя крокі аблегчылі б Луцкевічу барацьбу за прызнанне БНР у Парыжы. Таму польскія ўлады спрычыніліся да зрыву парыжскай місіі Антона Луцкевіча, пазбавіўшы яго магчымасці вярнуцца ў Парыж у канцы 1919 г. Фактычна, ён быў інтэрнаваны.

Да гэтага часу аб дзейнасці дэлегацыі БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі было вядома няшмат, на жаль, як і наогул аб дзейнасці ўрада БНР у той перыяд. Ёсць некалькі публікацый аўтарства польскіх і беларускіх гісторыкаў, але толькі ў дзвюх ці трох з іх дзейнасць дэлегацыі на чале з Антонам Луцкевічам з’яўляецца асноўным прадметам даследавання23. Адной з прычын, якая стрымлівала вывучэнне гэтай праблемы, з’яўляецца дрэнная забяспечанасць крыніцамі, хаця даводзіцца прызнаць, што капітальная публікацыя дакументаў урада БНР, падрыхтаваная Сяргеем Шупам24, выкарыстоўваецца гісторыкамі слаба. У названым выданні ёсць некалькі дакументаў Антона Луцкевіча з часу яго знаходжання ў Парыжы, уключаючы адзін яго ліст Дыпламатычнай місіі БНР у Берліне25, праз якую старшыня Рады народных міністраў стараўся падтрымліваць сувязь са сваім урадам, расцярушаным па розных гарадах Еўропы. Азнаямленне з гэтай публікацыяй толькі ўмацоўвала меркаванне, што прэм’ер-міністр меў перапіску са сваімі калегамі, а калі так, то за тры месяцы мусіў паслаць свайму ўраду болей чым адзін ліст. А гэты быў надрукаваны, відавочна, таму, што быў адзіным лістом, які трапіў у фонд 582 Дзяржаўнага архіва Літвы, матэрыялы якога цалкам апісаны С. Шупам. Пакідаючы ўбаку пытанне аб тым, чаму менавіта гэты ліст трапіў у архіў РНМ БНР, паспяшаемся сцвердзіць, што нам пашчасціла натрапіць на цэлы шэраг раней не апублікаваных лістоў Антона Луцкевіча, звязаных з праблематыкай Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919 г. Яны знаходзяцца ў фондзе 5782, вопіс 1, справы 1, 4 і 6 Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі (былы ЦГАОР СССР) сярод іншых дакументаў БНР. Аб наяўнасці ў гэтым архіве дакументаў БНР пісала Ганна Сурмач яшчэ ў 1993 г.26, аднак значнага рэзанансу яе паведамленне не атрымала.

На жаль, арыгіналы дакументаў нам удалося літаральна толькі патрымаць у руках, працаваць жа давялося з іх мікрафільмовымі копіямі. Нязручнасць карыстання імі і дэфіцыт часу прымусілі засяродзіцца на выяўленні найбольш каштоўных, на нашу думку, дакументаў – якраз луцкевічаўскіх. У дзвюх справах названага фонду іх аказалася 16. «ARCHE» друкуе 15 з іх. Не друкуецца невялікі ліст-паштоўка Антона Луцкевіча ад 31 чэрвеня 1919 г., адрасаваная ў Берлін, на Кайзер-алею, 209, у якой аўтар паведамляе аб аднаўленні паштовай сувязі паміж Парыжам і Берлінам і цікавіцца справай пераводу грошай для парыжскай дэлегацыі. Прыведзены ім адрас і змест дакументаў дазваляюць меркаваць, што яны з’яўляюцца часткай архіва Дыпламатычнай місіі БНР у Берліне.

Дакументы, што друкуюцца, цікавыя з розных бакоў. Яны дазваляюць «матэрыялізаваць» няпростую дзейнасць урада БНР, з большай дакладнасцю ўключыць яе ў гістарычны кантэкст галоднага і крывавага для Усходняй Еўропы 1919 г. Чаго вартая, напрыклад, такая дэталь, як выказаная Луцкевічам радасць з прычыны выпраўлення яму касцюма, у якім ён зможа прыстойна з’явіцца ў Парыж. Яго лісты дазваляюць удакладніць праблематыку вонкавапалітычнай дзейнасці БНР, метады, якія ўжываў кіраўнік урада для вырашэння галоўнай на той момант задачы – дасягнення міжнароднага прызнання рэспублікі, сутнасць разыходжанняў у асяроддзі кіраўніцтва БНР, што вялі да палітычнага крызісу канца 1919 г., прычыны асабістай драмы Луцкевіча, якая выявілася ў яго адстаўцы ў пачатку 1920 г. і адыходзе ад палітычнай дзейнасці.

З 15 дакументаў, што друкуе «ARCHE», 4 набраныя на друкарскай машынцы (№№ 1, 2, 4, 6), астатнія – аўтографы Антона Луцкевіча. Лісты, пранумараваныя тут №№ 8, 9, 10, напісаны на паперы з вуглавым штампам Дыпламатычнай місіі БНР у Парыжы, тэкст на французскай мове: Delegation de la Republique Democratique de la Russiе (Ruthenie) Blanche. 24, Rue Bayard, Paris VIII. Tel. Passy 19-62.

Розніца ў спосабе выканання дакументаў абумовіла розніцу ў спосабе перадачы іх правапісу ў публікацыі. Машынапісныя тэксты перадрукоўваюцца з выстаўленнем «у нескладовага» і «ё» адпаведна з сучаснымі афіцыйнымі нормамі, паколькі, як можна меркаваць, яны адсутнічалі на машынцы. Заўважым, што ў тэкстах Антона Луцкевіча назіраецца пэўная непаслядоўнасць правапісу, якая захоўваецца і ў нашай публікацыі. Аўтографы друкуюцца без змен. Прапушчаныя ў дакументах словы і літары, скарачэнні ўзнаўляюцца ў квадратных дужках.

Выказваем шчырую падзяку Анатолю Сідарэвічу за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі.

1
Зусім сэкрэтна!

Берлін, 24 красавіка 1919
№ 55/2015

ІНСТРУКЦЫЯ ДЛЯ ДЫПЛЁМАТЫЧНАЙ ДЭЛЕГАЦЫІ НА МІРНУЮ КОНФЭРЭНЦЫЮ
ў Парыжы

1) Падаць Мэморыял Беларускага Ураду і паддзержываць усе яго дамаганьні перад Конфэрэнцыей /незалежнасьць і непадзельнасьць/.

2) Выясьніць адносіны паміж Беларусьсю і Польшчай.

3) Выясьніць, што пад прыкрыцьцем барацьбы з большэвікамі Польшча вядзе захватнічэскую акцыю.

4) Завязаць перагаворы з дэлегацыямі Украіны, Чэхіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі.

5) Выставіць і развіваць ідэю злучэньня дзеля супольнай самаабароны ўсіх аружных сіл пералічаных у п. 4 дзяржаўных арганізацый і Беларусі, каторым большэвіцкая Расея безпасрэдна грозіць /чэхам грозіць праз Венгрыю/. Выясняць, што такі мілітарны саюз можа быць зачаткам Балтыцка-Чорнаморскай фэдэрацыі /аб Польшчы, якая сама мае імпэрыялістычныя пляны на Беларускія і Украінскія землі, гутаркі быць ня можа!/

6) Прасіць у Антанты помачы для самаабароны Беларусі, эвэнтуальна для вышэй сказанай шырэйшай акцыі, абапертай на абароне кожным народам сваёй тэрыторыі.

7) Асабліва цесны контакт дзяржаць з украінцамі. Паставіць пытаньне аб мілітарным саюзе з Украінай. Залежна ад становішча літвіноў, эвэнтуальна гаварыць з украінцамі і аб магчымасьці выкарыстаньня такога саюза для ідэі Беларуска-Украінскай фэдэрацыі.

8) у справе магчымасьці фэдэрованьня Беларусі з Вялікароссіей выясьняць, што ў прыпадку поўнага аддзяленьня ад Расейскага гаспадарства Балтыкі і Літвы географічнае палажэньне Беларусі і яе эканамічныя інтэрэсы зробяць такое фэдэрованьне зусім немагчымым.

9) Ва ўсіх пытаннях, якія патрабавалі бы аканчацельнай разьвязкі і падпісаньня адпаведных актаў, да прыезду Старшыні дэлегацыі ў Парыж знасіцца з ім, як з Міністрам Загранічных Спраў.


Міністр Загранічных Спраў:
Копію заверыў Ант. Луцкевіч27
Арыгінал атрымалі 24.IV.1919.
[Подпісы:] К. Кондратович
А. Ознобишин
[Л.] Барков

2
Зусім конфідэнцыяльна
Послана цераз Генерала Давыдова28ў Парыж

4.V.1919

Ант. Луцкевіч29
Бэрлін. 4 мая [1919]
59/2719.-
МЗС

Членам Беларускай Дэлегацыі
ў Парыжы

З прычыны таго, што мая візыта да Прэзыдэнта Чэха-Славацкай Рэспублікі Масарыка30 мае вялікую палітычную вагу, пасылаю Вам гэтае пісьмо, як інструкцыю.

Прэзідэнт Масарык зусім стаіць на такім грунце, на якім стануў наш Урад /наша апошняя нарада перад ад’ездам і інструкцыя/31. Да нашай концэпцыі фэдэрацыі новаўтвораных дзяржаўных арганізмаў ён – апрача Чэхіі – далучае Югаславію і… Польшчу! Мне прышлося выясьняць яму, што Польшча, як дзяржава імпэрыялістычная з захватнымі апэтытамі, у нашай кампаніі будзе дыссонансам, і з гэтай прычыны да часу аб’еднаньня нас усіх аб ёй ня можа быць гутаркі. На гэтым павінны стаяць вельмі цьвёрда і Вы!

Што датычыцца Вялікарасеі, то становішча Масарыка зусім згодна з нашым. Гэта, наагул, пытаньне будучыны.

Конкрэтныя рэзультаты нашай гадзіннай нарады з прэзыдэнтам Масарыкам такія: ён абяцаўся аказваць нашай Дэлегацыі ў Парыжы ўсялякую дыплёматычную паддзержку і ўраз-жа паслаць адпаведную інструкцыю ў Парыж свайму Міністру Загранічных Спраў, Бэнэшу, да каторага Вы павінны канечне якнайскарэй зьвярнуцца і завязаць самы цесны контакт, ужываючы яго перш за ўсё дзеля выясьненьня праўдзівай ролі Польшчы. Так сама трэба Вам завязаць зносіны з Крамаржам32 і выясьніць яму наш пагляд на Расею, бо ён страшэнны русафіл у старым значэньні гэтага слова і ў гэтым далёка расходзіцца з Масарыкам, і з Бэнэшам, і з усім чэскім Урадам.

Хаця аб офіцыяльным прызнаньні нашай незалежнасьці Чэхіей у гэты мамэнт /з прычыны поўнага панаваньня Антанты ў Празе!/ [дамовіцца] не аказалася магчымым, усё-ж мы з Прэзідэнтам умовіліся аб абмене полуафіцыяльнымі дыплёматычнымі прадстаўнікамі: нашым у Празе і чэскім у Горадні. Аднак аб апошнім з прычыны заняцьця Горадні палякамі гаварыць ня прыдзецца – прынамсі, у найбліжэйшым часе.

Аб адносінах з Літвой пакуль-што маю мала навін. Ведаю толькі, што ад літоўскага Ураду езьдзіла дэлегацыя ў Варшаву, але ў склад дэлегацыі літвіны ня згодзіліся дапусьціць ні аднаго беларуса33, і гэта прымушае думаць, што літвіны вядуць з палякамі торг нашай зямлёй! З гэтай прычыны з імі ў Парыжы трэба быць вельмі асьцярожнымі. Усё-ж на славах Смэтона34 згадзіўся на формаваньне нашага войска на тэрыторыі Літвы.

Яшчэ раз адзначываю патрэбу самага цеснага збліжэньня з украінцамі. Гэта важна і для нашых адносін з чэхамі, бо для чэшскага транзіта ў Беларусь ёсьць толькі дзьве дарогі: праз Польшчу /гэту нам трэба абмінаць!/ і праз Украіну.

Вось тым часам усё, што лічу патрэбным давясьці як найхутчэй да Вашага ведама.

Ад п[ана] Скірмунта35 я атрымаў пісьмо з Варшавы. Ён не прыехаў у Берлін, баючыся папсаваць сабе фірму для Парыжа, але гатоў ехаць кожны мамэнт. Яго адрэс: Варшава, Эўропэйская гасьцініца. Прашу рабіць крокі, каб яму далі пропуск!

Аб палажэньні ў Гродне падробнасьцей яшчэ нямашака.

Шлю ўсім прывет!

3
Бэрлін, 6 мая 1919
Копія

Таварышы!
Генэрал Давыдаў, каторы пасьля выезду ген. Кондратовіча36 заступае яго ў нашай вайсковай рабоце, едзе ў Коўну, каб пазнаёміцца там з ваеннымі справамі як у літвіноў, так і ў беларусаў. Акажыце яму сваё даверые і помач. Папярэджваю толькі: ня лішне гаварыце аб справе нашых чыста-беларускіх (дзяржаўных) форміровак с панам Язэпам37. Маю данныя, што яго агенты-афіцэры вядуць між палоннымі такую пропаганду, што ядыную праўдзівую ўласць на Беларусі становіць… партыя соцыялістаў-фэдэралістаў, а ўсё іншае ня мае вагі. Спісак праступленьняў пана Язэпа проці беларускай справы, як бачыце, ўсё болей павялічываецца, і колісь ён дажджэцца расплаты!

Калі Белевіч38 ужо вярнуўся з Менску, то добра было бы яго прыцягнуць да гэтай работы. Калі тут усё пойдзе гладка, пашлю Вам тэлеграму, а Вы якім колечы спосабам перашліце яе Белевічу, каб сюды ехаў.

Смоліч у пісьме сваім просіць напісаць Вам мой пагляд на адносіны з Літвой. Лічу, як і заўсёды лічыў, што трэба паддзержываць з ёй самыя цесныя зносіны, але вельмі баюся, што факт уваходу прадстаўнікоў Гродзеншчыны39, хоць і персональна, будзе выкарыстан літвінамі дзеля прадажы нас паляком на законнай аснове: нашы ж людзі прызнаюць права літоўскага ураду на ўладаньне Гродзеншчынай, не дабіўшыся перш забяспечання афіцыяльным актам права аўтаномнасьці «беларускай Літвы». Вось, тут і ёсьць абмылка (калі не сьвядомая здрада!) са стараны п. Язэпа! Калі б акт аўтаномнасьці быў на паперы, а не на славах, то ўсё было-бы іначай: тады дабравольна злучыўшаяся з Літвой частка Беларусі магла бы сама судзіць аб сваёй долі, а не аддавала бы сувэрэннага права панавання над сабой літвінам, якія не задумываючыся прададуць нас паляком за Вільню!

Такія думкі навялі на мяне весткі, прысланыя Смолічам, але мо я і памыляюся: здалёк і на моцы аднаго толькі пісьма судзіць трудна!

Я вельмі здзіўлен Вашым маўчаньнем: Смоліч піша мне аб справах агульна-палітычных, але ад Вас я не маю ні слова аб унутранай рабоце. Не маю нават справаздачы аб падарожы кур’ера Алексючанкі у Варшаву (апрача пісьма Скірмунта з 25.03!) і не ведаю, як стаіць справа з Янкоўскім40! Тое, што Тэрэшчэнка41 сядзіць у Коўне, а не паехаў, як меўся, на Усход42 дзеля арганізацыйнай работы, можа мець страшэнна сумныя для нас рэзультаты: палякі, занімаючы Беларусь і не знаходзячы ніякіх прадстаўнікоў уласьці беларускага ўраду, будуць мець поўнае апраўданьне завядзеньня польскага цывільнага упраўленьня, проці чаго мы тут пратэстуем. Не ведаю, на што мы прынімалі вядомыя пастановы і ехалі за граніцу: загранічная палітыка бяз унутранай работы – гэта будаваньне дому на пяску! І здаецца, што нашы стараньні тут разаб’юцца аб безнадзейнае палажэньне ў самой Беларусі…

Многа горачы вызываюць у мяне гэтыя думкі, тым болей, што змарнаваных паўтары месяца нічым загладзіць ужо нельга! Не ведаю такжа, ці праз польскі фронт цяпер можна прабрацца: гэта небяспечная справа. Усё гэта – на Вашым сумленьні! Рабіце, што яшчэ можна зрабіць!

У нас жа справа дагэтуль ідзе добра. Кондратовіч, Ознобішын і Барков – у Парыжы. Я жду пазваленьня для сябе і Скірмунта у скорым ужо часе. Тым часам езьдзіў да Прагі да прэзыдэнта Масарыка і заваяваў яго для нашай справы, так што чэскай дэлегацыі ў Парыжы послана ужо інструкцыя паддзержываць нашу акцыю. Апрыч таго, хаця аб афіцыяльным прызнаньні нас чэхамі цяпер гаварыць нельга (з прычыны «апекі» Антанты), мы з Масарыкам умовіліся аб пасылцы нашага пастаяннага прадстаўніка у Прагу на правах (неофіцыяльна) пасла. Такога-ж прадстаўніка меўся Масарык паслаць і нам у Горадню, але з прычыны прыходу туды палякаў і выезду нашага ураду апошняе прыдзецца адлажыць да лепшых часоў. З Масарыкам мы мелі гутарку аб фэдэрованьні новаутвораных дзяржаўных арганізмаў разам з чэхамі, эвэнтуальна Юга-Славіяй. 

Апрыч таго, седзючы ў Берліне, мы завязалі сякі-такі контакт з скандынаўскай і англіцкай прэссай. Паслалі прывет і матэрыялы аб беларускай справе на Амстэрдамскую с[ацыял]-д[эмакратычную] конфэрэнцыю43 ад імя белар[ускай] с[ацыял]-д[эмакратычнай] партыі – праз нямецкіх с[ацыял]-д[эмакратаў] (незавісімых). Зрабілі некаторыя заваеваньні і ў нямецкіх палітычных кругах і прэссе. Такжа і ў чэскай прэссе. Друкуем інформацыйныя брашуры і кніжкі ў розных мовах. Вядзем трохі работу і паміж палоннымі.

Смоліча йшчэ німа44 . Таксама німа Зайца і Цьвікевіча45, якія павінны прывезьці грошы з Вены. Адтуль я дастаў вестку, што арэшт з украінскіх сумм там ужо зьняты, і нашы тры мільёны крон будуць нам выданы. На атрыманьне іх мае паўнамоцтва Цьвікевіч, але з перавозам будзе клапатліва, а так сама з разьменам. З гэтай прычыны, відаць, зацягнуўся іх прыезд у Берлін, бо яны перш думалі з’ехацца са мной у Празе, дзе, аднак, я іх не даждаўся.

Спадзяюся, што хоць цяпер прышлеце мне справаздачу, што зроблена міністэрствам унутраных спраў, бо мне тут рэшткі валасоў паўстаюць на галаве ад думкі, што там работа стаіць! Успакойце добрымі весткамі, каб можна было сьмялей тут працаваць і ня думаць, што за намі – пустое месца!

У справе завядзеньня польскага цывільнага упраўлення ў оккупованых землях46 і праектаваных выбараў дэпутатаў для выяўленьня волі народу пад націскам польскіх штыкоў зьбіраюся паслаць ноту ў Парыж.

Пакуль-што – ўсяго найлепшага!

Ваш Ант [подіс]

Цудоўны 1-май бачыў я ў Празе! Гэта было запраўды нацыянальна-работніцкае сьвята. Глядзеў на многатысячны паход «соколоў»47 і чуць не плакаў ад злосьці: чаму мы нічога падобнага не маем?!48

Напішыце на мілы бог, што робіцца з Іванам і як яго здароўе?!49

4
КОПІЯ

Зусім сэкрэтна!
Членам Беларускай Дэлегацыі
ў Парыжу

Бэрлін, 14 мая [1919]
69/2029.-

Вашу першую почту я атрымаў і вельмі за яе дзякую. Са сваей стараны сьпяшу Вас паведаміць, што 12 мая генэрал Дюпон50 прыслаў мне пропуск у Парыж, выстаўлены на моцы паведамленьня з Парыжу з 11.V., – значыць, як рэзультат Вашых стараньняў. Аднак выехаць здалею не раней, як у аўторак, 20 мая, з тэй прычыны, што да гэтага часу атрымаю ўжо грошы з венскага банку, якія былі там арыштованы. Апрач таго, толькі ў панядзелак будзе гатова мая адзежа.

Тым часам тут робіцца, што можна, у справе вайсковай. Працуем з генэралам Давыдавым, каторы ўзяўся за работу вельмі энэргічна. Ёсьць вялікая надзея на ўдачную форміроўку войска! Гутарка йдзе толькі аб грошы, і дзеля гэтай справы павінны Вы рабіць, што можна, у Парыжу, каб нам ня ўлезьці ў залежнась ад другіх. Можаце сурьёзна гаварыць аб пазычцы 200–300 мільёнаў, якія могуць быць забяспечаны канцэсіямі ў мысьль пасланай Вам заметкі.

Чакаю прыезда ген. Давыдава з Коўны і тады дам Вам больш падробныя данныя аб вайсковай справе. Тым часам сьпяшу падзяліцца з Вамі тэй ідэяй, якая прышла мне ў галаву, чытаючы Вашэ пісьмо аб беларусах у амэрыканскай арміі. Вось жа ўчыніце, гдзе належыць, крокі дзеля выясьненьня пытаньня, чы ня можна было-бы з амэрыканскай арміі павыцягваць салдатаў-беларусаў? Гэта была бы вялізарная сіла і тым больш сурьёзная, што вольная ад тых настраеньняў, якімі хварэюць нашы салдаты-палонныя. Ідэю гэту я лічу настолькі важнай, што шлю Вам гэтае пісьмо экстра, не чакаючы на выясьненьне спраў вайсковых і фінансовых.

У канцы зьвярну ўвагу яшчэ вось на што. Цяпер літвіны знаходзяцца ў самым паскудным палажэньні з прычыны праектаванага вываду з Літвы нямецкіх войск. Вось гэты мамэнт Вы павінны выкарыстаць! Завядзіце перагаворы з Розэнбаумам51: ён чалавек дужа разумны і можа выясьніць літвіном, што толькі на моцы аб’еднаньня з беларусамі можна будзе стварыць такую сільную армію, каторая магла бы проціпаставіца польскай арміі: з сваіх двух губэрній літвіны не здалеюць набраць столькі народу, каб бароцца з палякамі. Калі-ж літвіны і цяпер ня пойдуць з намі, то гэта будзе знак, што яны знюхаліся з палякамі і нас прадаюць, карыстаючы фармальна з тых дакумэнтаў, якія ім дала Гродзенская Беларуская Управа52, прызнаўшая сябе за сувэрэнную ўласьць «Гродзенскага краю» і, як такая, аддаўшая на паперы Гродзеншчыну ў поўнае распараджэньне літоўскага правіцельства! У такім прыпадку Вам прыдзецца самым вострым спосабам выступіць проці літвіноў і іх палітыкі!

Да гэтага далучаю пісьмо на імя Розэнбаума, каторае прашу яму аддаць пры перагаворах з ім.

Прыеду пэўне з ад’ютантам і з гэтай прычыны прашу парупіцца аб памяшчэньне для двух. З дарогі пашлю Вам тэлеграму.

Прывет усім – да скорага пабачаньня!

Міністр Загранічных Спраў

5
5 чэрвеня [19]1953.
Paris, 29.V.[19]19.
Hotel Metropole, Rue Francais I

Дарагія Таварышы!
Даехаў я шчасьліва. Работа наша йдзе поўным ходам. З Ладновым у гэты мамэнт маю абшырную гутарку: ён нам будзе вельмі карысны!

Справа Беларусі і другіх стане на парадак дня ў самым хуткім часе.

Прашу Вас праз гэтага-ж кур’ера прыслаць мне клішэ, якія памешчэны ў брашуры Д[оўнар]-Запольскага. Яны ўсе ў друкарні Гартмана.

Грошы ў банку ня надта беспечна дзяржаць. Мо’ іх выбраць з бягучага рахунку і палажыць у сэйф, не закрываць тым часам рахунку, а пасьля ізноў іх туды аддаць?

Работу трэба вясьці цяпер пераважна ў Парыжы, і я тут пэўне даўжэй пасяджу. Вы сваё рабіце. Справа грошы пакуль-што нявыясьнена. Кадры нашых ваякоў падгатаўляйце пакуль-што на тыя грошы, якія ёсьць у нашай кассе.

Прывет усім.
Ваш Ант [подпіс]

6
Парыж, 19 чэрвеня 1919 г.
Зусім сэкрэтна.

Радзе Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Прыезд мой у Парыж выпаў у той мамэнт, калі справа Расеі і новаўтвораных дзяржаў прыйшла на парадак дня. Але перш чым падыйсьці да самае справы, лічу патрэбным даць кароткі нарыс агульнага палажэньня, якое тут панавала ў мамэнт майго прыезду.

Дзяржавы Антанты дайшлі ўгоды ў справе міра толькі пасьля страшэннай калатні. З аднаго боку ў кожнай з іх ішла ўнутраная калатня партый: вядома, соцыялісты былі проці пагнібеньня Нямеччыны на карысьць антанцкага капіталу. З другога-ж боку кожная з гэных дзяржаў старалася выкарыстаць палажэньне для сябе. Найбольш зацікаўлены ў пагнібеньні немцаў французы: іх эканаміцкае палажэньне дужа цяжкое, што адбіваецца перш за ўсё на стане іх фінансаў і ўсё паніжаючымся курсе франка. Вось, французы і хочуць адыгрывацца на Нямеччыне: і з Заходу, і з Усходу – праз Польшчу, каторая знаходзіцца цэлком у сфэры францускіх уплываў і каторую так энэргічна паддзержываюць французы – і толькі французы… Вось скуль ідзе жаданьне зрабіць Польшчу вялікай і сільнай дзяржавай: без пагрозы немцам з Усходу французы ня могуць чуць сябе даволі забяспечанымі на Заходзі. Ізноў-жа Англія зацікаўлена ў стварэньні новых рынкаў на быўшых Расейскіх землях і ўжо ўстанавіла сваю сфэру ўплываў у прыбалтыцкім краю: перш за усё ў Латвіі і Эстоніі. У тым жа зацікаўлена і Амэрыка: гэта выявілася вельмі ярка ў справе ліквідацыі амэрыканскага меньня, астаўшагася пасьля вайны на францускай тэрыторыі. Так, ня гледзячы на жаданьне закупіць усё гэта гуртам Францыяй і Англіяй, амэрыканская ліквідацыйная камісія пачала сьпешна распрадаваць усё новым дзяржавам, каб гэтак зразу завязаць у іх тарговыя зносіны на будучыну.

Ва усім гэтым мне скора ўдалося разабрацца пры помачы Ладнова і тых францускіх сфэр, якія ўмеюць глядзець далей, чым глядзіць француская ўрадовая палітыка. Гэта-ж пацьвярдзілі і мае асабістыя гутаркі з прадстаўнікамі англіцкай і амэрыканскай міссій /Бурдільен, Лорд, проф. Сімпсон і інш./ і францускімі дзеячамі /палк. Фрэйдэнбэр, де-Вуліч, член Палаты54 Жак Стэрн, праф. Сэньёбос і т. д./.

Усё гэта паказала ясна, што прызнаньне нашай незалежнасьці будзе залежаць цэлком ад таго, чы адна з антанцкіх дзяржаў зацікавіцца намі з пагляду спадзяваных барышоў. І вось, пасьля падачы ўсіх офіцыяльных заяў і абходу урадавых асоб, мы і пачалі работу ў кірунку заінтарэсаваньня нашай справай антанцкіх капіталаў.

Мы разумелі, што калі б удалося зрабіць закупы ў Амэрыкі матэрыялаў іх /адзежы, бялізны, абутку, спажыўных прадуктаў, тытуну, мэдыкамэнтаў і т. д. / як для ладжанай намі арміі, так і для патрэб нашага народу – на якіх 200 мільенаў, ці болей, то зроблены намі доўг найбольш крычаў-бы за нашу незалежнасць. А варункі куплі /па вельмі нізкіх цэнах/ былі такія: пяцілетні крэдыт на пяць працэнтаў. Ня буду пісаць аб тым, якімі дарогамі мы ішлі; скажу адно, што праз некалькі дзён работы мы ў справе прадажы нам у крэдыт дагналі літвіноў і ўкраінцаў і зусім зраўнаваліся з імі. У найбліжэйшых днях выявіцца аканчацельна ўся гэта справа.

Для правядзеньня гэтай справы вялікую вагу іграла пытаньне аб тым, ці кожная з новых дзяржаў здалее даць раду большэвікам і забяспечыцца ад іх. Гэта-ж іграе роль і ў справе помачы ўсім нам са стараны Антанты. І мы пачалі шырокую працу дзеля аб’еднаня новых дзяржаў ад Балтыкі да Чорнага мора на грунці ваеннага саюзу. Апрацаваную ген. Кондратовічам дакладную запіску на гэту тэму з ваеннага пагляду мы разаслалі ўсім, каму тое ведаць належала, і ўсім дэлегацыям новых дзяржаў. З боку апошніх мы сустрэцілі сперша даволі прыхільныя адносіны, але пачалі проці нас вострую опозыцыю літвіны. Цяпер справа папраўляецца, але уж без учасьця літвіноў, аб каторых лічу патрэбным сказаць шырэй.

Пэўне з газэт Вам ужо вядома, што Пішон55 у Палаце чытаў праграму Антанты аб адбудове Расеі. Праграма гэта – фэдэрацыя з забяспечаньнем «нацыянальнай сувэрэннасьці». Вось, яшчэ задоўга да гэтага ў Міністэрстве загранічных спраў [Францыі] Ічасу і Вальдэмарасу56 было сказана, каб яны дзяржаліся за Расею, і яны – як бач – пачалі бегаць «праз кухню» да маскалёў і таргаваць з імі нашай скурай… Само сабой зразумелая рэч, што ўсялякія незалежніцкія выступленьні ім не да спадобы: псуюць, бач, даверыя Сазоновых57 і комп[аніі]. А як мы аказаліся ініцыятарамі супольнай акцыі /мы-ж у ёй найбольш заінтэрэсованы/, то літвіны /Ічас і Вальдэмарас/ аб’явілі нам самую непрымірымую барацьбу. Пачалося з таго, што на ўсе нашы офіцыяльныя візыты і прапазыцыі паразуменьня ў нашых спорных справах мы адказу не даждаліся… Толькі пару дзён таму да мяне «зусім прыватна» зьвярнуліся Ічас і Розэнбаум, каб выясьніць магчымасьць офіцыяльнага паразуменьня. Але за два дні да майго адказу аб прынцыпіальных пунктах споркі /я ім прыватна выясьняў нашае становішча/ літвіны зрабілі абсалютна варожае выступленьне проці нас перад новымі дзяржавамі /пісьмо іх у копіі далучаецца58 з просьбай перадаць адзін экзэмпляр літоўскаму ўраду ў Коўне/. Гэты крок так абурыў усе новыя дзяржавы, /каторыя ўжо раней ведалі аб літоўскіх інтрыгах перад маскалямі і ў Антанты/, што яны адмовіліся ад учасьця літвіноў у супольным выступленьні /копія далучаецца/59 і пайшлі з намі.

Супольнае выступленьне, аб якім кажу, датыкае палітычнай плятформы: мы не прызнаем за урадам Колчака права на прадстаўніцтва «ўсерасейскае» і заяўляем, што можам гаварыць з вялікарусамі аб фэдэрацыі і адносінах наагул толькі як роўны з роным. На грунці гэтага выступленьня паднімаюцца шансы аб’еднаньня ваеннага.

З прыложаных матэрыялаў Вы ўбачыце, якімі праектамі мы стараемся заінтэрэсаваць антанцкія капіталы. Для справы воднай дарогі патрэбна коопэрацыя Беларусі, Латвіі і Украіны60. Але мы на першым пляне стаўляем фэдэрацыю балтыцкіх зямель і Беларусі. З латышамі вядзем вельмі сур’езныя перагаворы.

Наагул жа, вядзем перагаворы з усімі, апрача палякоў і – ад учорашняга дня – літвіноў. Аднак ёсьць надзея, што і з літвінамі справа наладзіцца: сюды едуць тры ксяндзы ад Тарыбы, якія павінны разагнаць Ічасоўска-Вальдэмараўскую банду і завясьці іншы лад у літоўскай дэлегацыі. Там ужо цяпер пачаўся разлад з прычыны заігрываньня з маскалямі і адносін да нас: за нас стаяць клерыкалы, бо яны больш разумныя і больш адданыя справе незалежнасьці, чым гэная банда палітычных спэкулянтаў.

Пакуль што канчаю на гэтым мой першы даклад і спадзяюся, што да выезду курьера дапоўню яго весткамі аб позытыўных рэзультатах нашае працы.

Ант. Луцкевіч [подпіс]

7
Парыж, 8.VII.1919.

Дарагія Таварышы!
Перашліце хутчэй да Вільні пісьмы і чэмодан з рэчамі для Івана. Напішыце, ці яму выплацілі мае 6000 марак і ці купілі пальто? Таксама адашліце пісьмо Тэрэшчэнцэ.

Там з мяне нешта выпадала заплаціць Frln Tiel. Будзьце ласкавы выплаціць з казённых грошы і, пасылаючы мне грошы, адлічыць гэту суму.

Сягоньня з расейскіх колчакоўскіх кругоў зроблены крокі дзеля завязаньня з намі перагавораў. Паўтараю: мы гаварылі і будзем гаварыць з усімі, будзем таргавацца на ўсе бакі, каб вытаргаваць для нашага краю калі не незалежнасьць, дык прынамсі фэдэрацыю з тым ці іншым сільнейшым суседам.

Пры гэтым пасылаю Вам копіі трох прыказаў, каторыя прашу прыняць да ведама. Прыказ № І – 160 адмяняе той пункт, дзе гаворыцца аб скасаваньні чыноў: гэтага вымагае ўся сучасная коньюнктура.

Толькі што дастаў вестку, што ў Радзе Чатырох61 [абмяркоўваецца] пытанне аб тым, з кім нас зьвяжуць: з Масквой, ці з Варшавай. Гэта будзе паваротны пункт ва ўсёй палітыцэ Антанты ў адносінах да нас. А пакуль што «страхуемся» і ад пажару, і ад патопу.

Ваш Ант [подпіс]62

Пасылаю квіт Галавінскага63 на залог у публічнай бібліятэцэ. Вазьміце грошы назад64.

8
Парыж, 24.VII.[19]19.

Таварышы,
вельмі прашу Вас зрабіць вось што: атрымаць офіцыяльную спраўку з Reichsbank’у ў Бэрліне, які быў тамака цьвёрды курс францускіх франкаў. Гэту спраўку прасіце гэнэрала Давыдова пераслаць адміралу Погуляеву ў Парыжу, адзначыўшы, што гэта пасылаецца па маей просьбе.

Грошы, пасланыя цераз Швэйцарыю, я дагэтуль не атрымаў. Найгорш тое, што Стош65 не напісаў, на які банк яны высланы, – бо з Швэйцарыей зносіны тут даволі частыя, і я бы сам мог прысьпешыць іх атрыманьне. Жду Вашага кур’ера чым хутчэй. Калі б гэтае пісьмо прыйшло да яго выезду і калі-б Вы пасьпелі атрымаць спраўку з Reichsbank’у, дык прышліце яе проста мне. Разам з тым шліце ўсе асыгнаваныя мне грошы ўсё роўна ў якой валюце, бо пэўне прыдзецца хутка зрабіць падарожу да Вільні – але праз Польшчу, дзе маркі ходзяць. Аддавец гэтага, кс[ёндз] Вісконт, адзін з нячысленых прыяцеляў беларусаў між літвінамі. Ён Вас пазнаёміць з тутэйшымі справамі наагул. Тутэйшая літоўская дэлегацыя, на жаль, увесь час вядзе самую вострую барацьбу проці нас. Гэтак, сягоньня ў амэрыканскай дэлегацыі я даведаўся, што гэтыя паны ў офіцыяльнай гутарцы заяўлялі амэрыканцам, быццам ніякага беларускага ураду німа, а дэлегацыя наша – самазванная. Гэта было сказана затым, каб амэрыканцы не прадалі нам запасаў сваіх у Францыі, аб чым у нас ішлі перагаворы.

Пакуль-што бывайце здаровы. Калі што будзе добрага, то да выезду кс[яндза] Вісконта йшчэ прыпішу.

Прывет усім. Ант [подпіс].

9
Парыж, 29.VII.[19]19.

Таварышы!
На гэтым тыдні, здаецца, закончым умову аб прадажы нам розных тавараў з пяцілетнім крэдытам на 100.000.000 франкаў (14 мільёнаў доляраў). Трэба будзе пры гэтым выплаціць 200.000 франкаў. У сьлед за гэтым пад залог часьці тавару атрымаем вялікшую пазыку (некалькі мільёнаў франкаў), дык тыя 200.000 фр[анкаў] зразу будуць вернены. З гэтай прычыны прашу ўраз-жа прыслаць мне ня меньш як паўмільёна марак, спісаўшы іх на міністэрства загранічных спраў. Калі гэта ня будзе зроблена зараз-жа, дык німа што далей гуляць у палітыку: я адмаўляюся ад далейшай работы і ад свайго становішча.

Дзякуючы таму, што Вы нам дагэтуль нічога не прыслалі, мы аказаліся за бортам новага журналу, пасьвячонага справам новых рэспублік, бо не маглі заплаціць зразу 10.000 франкаў на выдавецтва.

Дзіўлюся, што Вы ня выкарысталі генэрала Потоцкага, каторы прыехаў у Парыж і ахвотна ўсё перавёў-бы. Прасіце яго памагчы Вам, калі самі нічога ня можэце наладзіць. Чаму не прыехаў Енакіев66, калі меў пазваленьне?

Я нічога гэтага не магу зразумець. Бачу толькі адно, што праз гэтыя няшчасныя грошы ўся наладжаная намі работа разваліцца. На жыцьцё дэлегацыі асталося ўсяго на два тыдні, а далей выйдзе востры скандал. Завязалі мы добрыя зьвязі з амерыканцамі. Здаецца, аднаму нашаму земляку-амерыканцу дамо мандат на прадстаўніцтва нашых інтарэсаў.

З усяго відаць, што справы Расеі і новых рэспублік, бадай, цяпер не разьвяжуцца ў Парыжы, а пяройдуць у Лігу Нацый. З гэтай прычыны патрэбна добрая падгатоўка нашай справы ў Амэрыцы.

Маскалі ўжо йдуць на уступкі нам: у № англіцкай газэты «Times» з ліпня надрукавана гутарка з міністрам загранічных спраў, Сазонавым, дзе гаворыцца ўрэшце аб аўтаноміі і Беларусі (пасьля маіх з ім гутарак). Але ўсё адносіцца да «ўсерасейскага» устаноўчага сходу, і ніхто ніякіх абязацельств даваць цяпер ня можа і ня хоча. Трэба мець міжнародныя гарантыі.

Мы паслалі Падэрэўскаму67 офіцыяльную паперу, каб вызначыць месца на окупаванай Беларусі для беларускіх вайсковых форміровак. Са свайго боку намечаем Ваўкавыск, Горадню, Ліду. Дагэтуль офіцыяльнага адказу ня маем. Аб гэтым прашу захаваць сэкрэт.

З латышамі нашы адносіны вельмі добрыя. Наадварот, з літвінамі йдзе барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць. Яны сваімі падкопамі пад беларусаў вызвалі [непрыязнасьць] у ўсіх адразу. Яны офіцыяльна заяўлялі ў амэрыканскай камісіі, што нам нельга прадаваць тавараў, бо наша дэлегацыя нікога не прадстаўляе, ніякага ўраду німа і т. д. З гэтай прычыны прысланыя матэрыялы аб з’езьдзі ў Вільні68 страшэнна нам памаглі і ўмацавалі нашу пазіцыю. Мы іх пусьцім у прэсу – францускую і амэрыканскую, а такжа падамо ў Мірную Канфэрэнцыю. Добра памагае і справаздача Крэчэўскага аб перагаворах з літвінамі69. Яе мы добра выкарыстаем.

З літвінамі, як відаць, усё трэба ліквідаваць. Я мо’ ў хуткім часе даб’юся перамены нашае пазыцыі ў краю – пад польскай окупацыяй, але гэта йшчэ толькі добрыя праекты…

Наагул-жа, на ўсё патрэбны грошы, грошы і грошы. Калі б я сюды прыехаў 6 месяцаў таму назад і каб меў да дыспазыцыі 10 мільёнаў, дык Беларусь даўно ўжо была бы прызнана і мелі-бы сваё войска!

Яшчэ раз кажу: калі Вы не прышлеце жаданыя грошы, дык усё пойдзе к чорту. Я пішу аб грашах апошні раз, бо, калі іх ураз не дастану, дык ня будзе ніякае карысьці далей біць лбом у сьцяну.

Ант [подпіс].

Прашу паведаміць мяне, на які банк у Швейцарыі пасланы грошы? Калі б гэта Вы нам зразу напісалі, дык праз нашы зьвязі у Швэйцарыі ўжо выдабылі-бы гэтыя грошы!..70

10
Сэкрэтна

Паўнамочніку Беларускага Ураду для
перагавораў з Літоўскім Урадам,
Сэкрэтару Рады Рэспублікі, П. Крэчэўскаму
у Коўні71

Таварышу!
За Вашу справаздачу шчыра дзякую: яна вельмі нам тут памагла дзеля абароны ад літвіноў, якія не кідаюць барацьбы з беларусамі. Гэтак праз амэрыканцаў устаноўлена, што літоўскія дэлегаты офіцыяльна заяўлялі ў амэрыканскай камісіі дзеля прадажы запасаў, што наша дэлегацыя нікога не прадстаўляе, бо наш урад – гэта міф. Для узмацаваньня нашай пазыцыі вялікую услугу аказаў віленскі зьезд72, тэлеграму каторага і тэкст рэзалюцыі мы атрымалі толькі цяпер. Усё гэта выкарыстаем у прэссе (франц[ускай] і амерык[анскай]) і падамо Мірнай Конфэрэнцыі.

З літвінамі німа што далей гутарыць: раз яны стаяць на грунці берасьцейскага міра73, то нам з імі німа аб чым гаварыць. Можна было-бы хіба дзеля ачысткі сумленьня паставіць офіцыяльна пытаньне аб фэдэрацыі і прасіць адказ на паперы.

З латышамі ў нас адносіны добрыя. Яны згаджаюцца на транзіт цераз іх тэрыторыю і порты нашых грузаў і войск.

У справе помачы нашай вайсковай работы йдуць перагаворы з французскімі ваеннымі кругамі (штаб Фоша74 і глаўная саюзьніцкая ваенная рада), але ўсё залежыць ад Мірнай Конфэрэнцыі, якая павінна даць сваю прынцыпіальную згоду. Жджэм хутка яе адказу.

Аб Вашым прыезьдзі будзем старацца, але і Вы з свайго боку падайце ад сябе просьбу, каб пусьцілі Вас у Парыж дзеля справаздачы нашай дэлегацыі аб жаданьнях і патрэбах народу.

Шчырае дзякуй за Вашу працу і весткі.

Ант. Луцкевіч [подпіс]

Справы нашы йдуць усё лепей. Здаецца, аднак, што аканчацельная разьвязка пытаньня аб Расеі і новых рэспубліках пяройдзе ў Лігу Нацый. Здаецца, закупім на крэдыт на 100 мільёнаў франкаў тавараў!75

11
Paris VIII-е, 24 rue Bayard

Дарагія Таварышы!
Я страшэнна рады, што Вы прыслалі Белевіча76 – ну, і грошы! Справа наша пасоўваецца ўпярод, і 99 % ёсьць за тое, што і Францыя пацвердзіць нашу куплю ад амэрыканцаў. А тады – апрыч таго тавару, які намі тут затаргаваны на 100 мільёнаў франкаў – нам суляць тавары з Амерыкі, адкрываючы крэдыт на 300 мільёнаў.

Стош таксама грошы прывёз. Гэтак мы ўрэшці абяспечаны на правядзеньне гэтай справы, рэзультаты якой відочны самі па сабе.

Праз Стоша пашлю абшырнейшы даклад. Ён пэўне паедзе праз пару дзён.

З Белевічам я і Л[адноў] мелі ў першы-ж дзень сур’ёзную нараду і выясьнілі пэўную згодлівасьць нашай работы і работы на мясцох. Гэта нам паддало духу і энэргіі, каб давясьці дзела да канца. Белевіча мо’ задзержым тут даўжэй, бо людзі на гвалт патрэбны.

Калі Цьвік77 што Вам пісаў, то паведаміце хоць адкрыткай, гдзе ён.

Шчыры прывет усім.

Ваш Ант [подпіс]
12. VIII.[19]19.

12
Раris, le 14.VІII.[19]19.

Дарагія Таварышы!
Я паслаў Вам заказное пісьмо, але ня ведаю, чы яно да Вас дойдзе. Калі атрымаеце, карыстайце так сама з почты, каб увесь час дзяржаць зьвязь.

Надыходзяць станоўчыя дні. Окупацыя нашага краю палякамі [сталася фактам]78, і трэба з гэтым лічыцца. Трэба лічыць, што гэта окупацыя пратрывае ня меньш 2–3 гадоў, калі большэвікам ня ўдасца раней выперці палякоў. Трэба разумець, што без сільнай арміі, ў якую пайшлі-бы нашы народныя массы: арміі нацыянальнай беларускай, паварот большэвікоў будзе заўсёды магчымы. І дзеля ўсяго гэтага, дзеля карысьці нашае справы і спасеньня тых-жа палякоў, трэба за ўсялякую цану знайсьці супольны язык з палякамі і згаварыцца з імі аб арміі.

Са стараны расейскіх зусім урадавых кругоў (Сазонов, Маклаков79) заяўлена, што яны нічым нам у вайсковай справе памагчы ня могуць, бо ня маюць даволі грошы. Аўтономію суляць ужо і нам (гл. інтэрвью Сазонова ў ’Times’, надрукованае пасьля маіх з ім гутарак), але праз усерасейскую констытуанту80, а якая яна будзе – хто можа цяпер сказаць?!

Я, Ладнов і Белевіч сур’ёзна абсудзілі палажэньне і зусім згодзіліся ў ацэнцы яго. Далейшыя крокі будуць зроблены з супольнай пастановы. З Вашых пісем і са слоў Б[елевіча] з радасьцю бачу, што ўсе нашы стаяць на тым самым грунці.

Дзеля вайсковай справы вядзем работу і перад мірнай канфэрэнцыяй. Справа амэрыканскіх запасаў таксама пасоўваецца ўпярод. Гэтымі днямі будзем мець вельмі важную нараду з міністрам фінансаў.

Калі мне ўдасца праехаць на ўсход, дык мо забяру з сабой Б[елевіча], бо Л[аднову] трэба будзе тут давясьці справу да канца. Грошы прыйшлі якраз у пару: і праз Стоша, і праз Б[елевіча]. У момэнт, калі ў касе асталося толькі 2000 франкаў, Ознобішын хацеў «узарваць» Дэлегацыю, але дзякуючы маей і Л[аднова] выдзержцы (далібог, не хвалюся!) мы не далі яму магчымасьці гэта зрабіць. Калі-ж з’явіліся грошы ад Вас, усё зьмянілася, і гэты гад «ниже воды, тише травы». Аднак, мы яму не давераем і баімося закуліснай работы. З гэтай прычыны пастараемся яго сплавіць да Вас, а Вы яго задзяржыце ў Бэрліне: ён Вам паможа наладзіць папсаваныя адносіны з маскалямі і сплавіць, як належыць: без скандалаў – Давыдава. З Вашымі поглядамі на апошняга мы зусім згаджаемся. Калі Ознобішын прыедзе ў Бэрлін, то ўжо яго не выпускайце, бо ў прыпадку нашага разьезду ў розныя канцы ён у Парыжу можа быць небяспечны.

Калі-б удалося перанесьці наш урад у Прагу81, то гэта было-бы вельмі добра. Я лічу гэту думку зусім правільнай. Тым болей, што ў прыпадку шчасьлівай разьвязкі пытаньня аб нашых оккупантах, мо’ скора прыдзецца ўсім вярнуцца ў Менск або Вільню, а хіба з Прагі гэта будзе лягчэй. Выступленьне проці літвіноў перад Конфэрэнцыяй ужо зроблена. Да мэморыялу, чарнавік каторага я Вам ужо паслаў праз ген. Патоцкага (у ім выкінуты толькі словы, што Украіна – саюзьніца Нямеччыны), далучаны дакумэнты: рэзалюцыя Віленскага зьезду, тэлеграма зьезду да нашага ураду, адазваньне Семашкі82, пратэст беларусаў-тарыбнікаў проці літоўскага аннэксыонізму і заява Крэчэўскага аб тым, што яму заявілі літвіны ў часі перагавораў. Гэтае «досье» вельмі сурьёзнае. Яно, здаецца цэлком будзе надрукована ў «Revue Parlamentaire». Апрыч таго пусьцім стацьцю аб тым, што берасцейскі мір дагэтуль на практыцы не ануліраван толькі ў адносінах да беларускага народу, зямлю каторага немцы раздалі літвінам, украінцам і маскалём.

Як відаць з прыраўнаваньня нашых і Вашых данных, немцы вядуць зусім выразную лінію на «единую неделимую Россію». Гэта відаць з іх адносін да нас: нашых грошы, заграбленых у Менску83, яны не вярнулі, пярэсланыя праз украінскую крэдытную канцэлярыю паўтара мільёна з хвастом зрабавалі і робяць усё, каб мы сваё войска арганізовывалі пад скрыдлам Лівэноў, Бэрмонтаў84 і т. п. – з тым, каб гэткае войска пасьля нас-жа павесіла ў першы чарод! З гэтым трэба быць вельмі асьцярожнымі!

Пакуль-што бывайце здаровы. Калі ўдасца зрабіць падарожу на ўсход, дык пастараюся затрымацца ў Празе і Вас туды вызваць.

Шчыры прывет усім.

Ваш Ант [подпіс].

Прыкладaю запіску85, якія матэрыялы патрэбны для нашага сэкрэтарыяту. Польскія выданьні нам вельмі прыгодзяцца. Пасылаю колькі экзэмпляраў францускай кніжкі, дзе ёсьць і аб нашай справе, а такжа нумары газэт з заметкамі аб нас86.

13
Paris, le 24.VIII.[19]19.

Дарагія Таварышы!
Бачыце, якога спосабу ужываю, каб пераслаць Вам гэтае пісьмо: гэта затым, каб забяспечыцца ад магчымай «цэнзуры», бо ведамасьці, якія Вам пасылаю, становяць у вялікай часьці сэкрэт перад нашымі чарнасоценцамі87.

Справа вось у чым: заўтра я і палкоўнік Ладноў (апошні не напэўна!) едзем у Варшаву на просьбу Падэрэвскага88. Аб нашай падарожы аддавец пісьма ведае, але аб запросінах ня ведае, аб чым яму і не кажыце, здаволіўшыся офіцыяльным выясьненьнем падарожы, якое ён сам Вам дасьць. Мая мэта – дабіцца за ўсялякую цану магчымасьці арганізацыйнай работы для нашага ўраду ў нашым краю, ў тым ліку і арганізацыі аружных сіл – хаця-бы ў форме міліцыі. Ясна, што польская акупацыя можа патрываць гады два – найменш! – а за гэты час палякі сваю работу лёгка зробяць, калі мы ня будзем мець магчымасьці шырока працаваць і нешта даць нашаму народу. Тады разьдзел Беларусі – немінучы. На гэту тэму ўжо йдуць у Варшаве перагаворы між палякамі і Денікінцамі89, – іх трэба за усялякую цану разстроіць.

Маскалі ахвотна пайшлі-бы на кампэнсацыю палякоў нашай зямлёй: ім важна супрацоўніцтва палякоў з Денікіным – тым больш, што Пятлюру паддзержываюць румыны. Дый з палякамі, як кажуць, украінцы здолелі замірыцца90 – хоць мо’ толькі часова. Палякі-ж стаўляюць справу Беларусі і Літвы на такі грунт, што яны павінны быць разьвязаны мірнай конфэрэнцыяй. Ведама, палякі спадзяюцца дайсьці угоды з намі, і мы паддзержываем іх пэўнасьць у гэтым. Гэтымі днямі адзін палкоўнік з сьвіты генарала Драгомірава сказаў нашаму генаралу91, што «Вы, беларусы, ў скорым часе адыграеце важную ролю». Відаць, маскалі таксама пераконаны, што мы пойдзем з імі. І іх мы расчаровываць ня хочам, а угледаемся, дзе будзе найвялікшая карысць для нашай Бацькаўшчыны, і пойдзем з тымі, хто дасць максімум пэўнасьці, што мы захавалі незалежнасьць у самых шырокіх межах.

Вось, наша палітыка. Ведама, нашы чорнасоценцы ня ў курсе ўсяго гэтага – апрыч таго, што прыходзіцца ім канечне гаварыць. І з гэтай прычыны бытнасьць у Парыжу О[знобішына] пасьля майго выезду небяспечна. Трэба, каб Вы яго выдзяржалі як найдаўжэй, карыстаючыся ім для ліквідацыі Давыдава і іншых спраў. Мо’ пры павароці «на Маскву» ён будзе карысны. Але, калі выпадкі прымусяць нас да камбінацыі з палякамі, дык ён можа нам шмат папсаваць.

У справах адносін да немцаў і іх адбудовываньня Расіі трэба Вам быць вельмі асьцярожнымі. Тут О[знобішын] можа быць Вам вельмі карысным дзеля разьведкі. Калі яму трэба будзе грошы на прадстаўніцтва – давайце! Сутачныя-ж яму заплочаны да 1.IX.[19]19.

О[знобішыну] я сказаў, што калі прыйдзецца сплаўляць Давыдава, дык можа будзе выкарыстаць канец крэдытаў. Вы-ж адмалюйце яму Д[авыдава], як мае быць, каб О[знобішын] шчыра ўзяўся за рэвізію.

З прычыны таго, што міністэр абароны ў нас ужо ёсць, я касую становішча экспэрта па ваенным справам, якое дадзена Д[авыдаву], і пішу яму, каб вярнуў мандат і паўнамочча дзеля вядзеньня перагавораў з вядомымі кругамі. Вырвіце ад яго канечна гэтыя дзьве паперкі. Прыказу яму на рукі не давайце, а дайце прачытаць і распісацца на прыказе, што чытаў.

Ліквідацыю В[аенна]-Арган[ізацыйнага] аддзелу ў патрэбе зрабіце самі – пастановай Рады Міністраў, закрыўшы крэдыты. Добра было-бы, каб хто з Вас прыехаў таксама ў Варшаву. Найлепей бы зрабіў гэта Смоліч і Цьвік. Калі яны там, або ў Празе, тэлеграфуйце, каб мяне там спаткалі (ў Варшаве), бо могуць вынікнуць вельмі сур’ёзныя пытаньні, адказ за якія прыдзецца браць мне аднаму.

З Варшавы буду прабівацца на Вільню–Менск і заеду да Івана ў Закопанэ. Да Вільні тэлеграфую, каб хто таксама пад’ехаў у Варшаву.

Я з Ладновым прыцягнулі да работы ў нас де-Вуліча92, як райчага пры Радзе Міністраў па справам фінансовым і прамышленым, на правах упраўляючага міністэрствам. Гэта для нас незвычайна цэнны прыбытак: ён нас можа выратаваць у фінансовых справах. Ён жа вядзе справу куплі амэрыканскіх стокаў93, якія можна лічыць нашымі, толькі атрымаем мы іх праз французаў, што менш прыемна. О[знобішын] ня ў курсе гэтых спраў. Назначэньне де-Вуліча правядзіце праз Раду Міністраў: копіі назначэньня пасылаю.

З сабой бяру 100 з лішкам тысяч марак, каб ня быць з пустымі рукамі ў Вільні і Менску.

Шчыры прывет усім.
Ант [подпіс]

Прашу выслаць прыложанае пісьмо ў Ковеншчыну, а таксама другое Егеру94 Вайсковых запасаў95.

14
Варшава, Hotel Saski
18. IX. [19]19.

Дарагі Таварышу!96
Сяджу ў Варшаве і вызываю сюды Захарку, бо ён тут нарабіў паскудных абмылак97 . Пілсудскі настойвае, каб як найбольш людзей нашых ехала ў Менск. Пакідаю Вас у Бэрліне аднаго, але думаю, што хутка некага надышлю Вам на падмогу. Мо’ разам і добрыя весткі пашлю, калі тут удасцца нечага дабіцца. Тым часам шлю адну: віншую Вас з насьледнікам – сынам, бо д-р Об’езерскі98 прывёз сюды вестку, што «у Зайчыхі сын». Гэтак род Зайцоў ужо не абарвецца!

Аб Вашай рабоце ў Бэрліне скажу вось што. Калі толькі ўдасцца дабіцца ад Пілсудскага згоды на нашы вайсковыя фарміраванні, дык можна будзе выкарыстаць нашы лепшыя элементы. Вось, і дзяржыце ў руках гэткіх людзей, пакуль будзе магчыма. Калі-б жа немцы згодзіліся ўрэшці выдзяліць нашых беларусаў99 у асобны табор, дык гэта было бы найвялікшым нашым заваеваньнем. У гэтым кірунку і вядзіце далей работу. Аб тым, якую лінію маеце вясьці наагул, мяркуйце паводлуг маіх справаздач з Парыжу. Тут жа, ў Варшаве, мая работа вядзецца ў такім духу: дабіцца прызнаньня нашай дзяржаўнасьці і урадовых устаноў цаной некаторых компромісаў, як дапушчэньне польскіх прадстаўнікоў у раду і ўрад і назначэньне польскіх ваенных прадстаўнікоў пры нашых павятовых камісарах. Гэтак часова ад лішне вострых выступленьняў проці Польшчы наагул трэба Вам часова устрымліваецца, бо да сазыву устаноўчага Сэйму Беларусі і разьвязкі пытаньня аб прызнаньні нас палякамі трэба ім рабіць «przyjemną twarz»100. Іншая рэч крытыка паадзінокіх учынкаў польскай адміністрацыі і эндэцкай палітыкі: проці эндэкаў можна пісаць усё!

Вось, пакуль што ўсё, што я Вам магу сказаць, даверыўшы паперы.

Шчыры прывет усім.
Ваш Ант [подпіс].

15
Варшава, 23.X.[19]19101 .

Дарагі Таварышу!102
Толькі сягоньня, 23.X., прыслаў мне Вершынін103 праз чэскага кур’ера Ваш пакет. Сьпяшу Вас паведаміць, што справа арганізацыі беларускага войска на Беларусі ўжо пастаноўлена: апрацован ужо прыказ Пілсудскага аб гэтым і заўтра мае быць падпісан на аўдыенцыі членаў вайсковай камісіі104. Войска нашае будзе зусім незалежнае – з сваім глаўнакамандуючым (палк. Конопацкі), толькі паступаючы на антыбальшавіцкі (ня іншы!) фронт падлягае вышэйшай польскай камандзе опэрацыйна і тактычна. Гэтак сама ўдачна разьвязываецца і справа арганізацыі беларускіх часьцей у Латвіі. Толькі-што я закончыў двохгадзінную нараду з латышскім міністрам загранічных спраў Мэеровіцам, які прыехаў у [складзе] дэлегацыі ў Варшаву і быў у мяне.

Нарада з М[эеровіцам] паказала, што трывога Крэчэўскага і гвалт, каб я 25.Х. быў у Рызе105 (гэта ўжо фізычна немагчыма!), зусім дарэмны. Латышы добра разьбіраюцца у справе Вільні і паддзержываюць ідэю беларуска-літоўскай фэдэрацыі. Апрыч таго я абгаварыў цэлы рад іншых нашых спраў, у тым ліку назначэнне прадстаўніка Латвіі пры нашым урадзе ў Менску.

Ужо тое, што войска нашае арганізуецца ў зьвязку з Польшчай і Латвіей – ворагамі Немцаў, ясна паказвае абсурднасьць заявы Крэчэўскага аб патрэбе пераносу ураду ў Бэрлін! Sapienti sat!106 І я больш нічога яму не адказваю.

Наадварот: усе сілы трэба концэнтраваць у Менску, дзе Рада Рэспублікі хутка адкрые сэссію, на якую павінен прыехаць Кр[эчэўскі]. Даволі ўжо мелі Варонкаўскай палітыкі «пуффоў»107 пад той час, як на мясцох нічога не рабілася. За ўвесь час маёй працы ў Парыжу я неустанна сустрэкаўся з пытаньнямі: а гдзе Ваш урад? І калі мне маюць даць на сотні мільёнаў марак тавараў у крэдыт, літвіны заяўлялі, што «б[еларускі] урад памяшчаецца ў вагонах скорых паяздоў Эўропы». Яшчэ добра, што не казалі таго, чаго дабіваецца Пётра: што ў Б[эрліне]!

Я наагул не разумею, на што Вы спадзяецеся ў Бэрліне. Хіба-ж выпадкі ў Латвіі і Літве Вас нічога не наўчылі?108 Ці мо с[ацыялісты]-ф[эдэралісты] хочуць ісьці на «фэдэрацыю» з Денікіным? Няўжо-ж гэткая наіўнасць?..

Разумею адно і ў Б[эрліне] робіцца ваенная работа, а такжа шырокая асьведамленьне. Лічу гэта вельмі цэнным і, каб яе не прыпыняць, пастараюся чым хутчэй паслаць некага на Вашае месца.

Што датычыцца дэлегацый у Лондан і др., то ўсё гэта наладзіцца, але не раней, як умацаваўшы наш урад на месцы. Р.Р.S.109 падніме ў Сэйме справу нашага прызнаньня, і для яе ўжо тут многа зроблена, – а без Польшчы, якая – як Вам вядома – акупавала Беларусь, мы астанемся назаўсёды ў паветры і будзем занімацца Варонкаўскай работай: пусканьнем пузыроў з мыла.

Падчырківаю Вам, што наша работа робіцца ў Варшаве ў поўным контакце з украінцамі. Цьвік – у Пятлюры, а тут сядзіць укр[аінская] дэлегацыя з міністрам закор[донных] спраў Андрэем Левіцкім.

Наагул-жа Варшава, а не Ваш Бэрлін, становіцца цэнтрам разьвязкі усходняга пытаньня. У гэтым зусім солідарны з намі і латышы і украінцы. Ідзе аб рэальныя сілы, а не аб пустыя фразы, на якія так шчодры палітыкі Варонкаўскага тыпу. Намячаецца комплекс дзяржаў між Балтыкай і Чорным морам разам з Польшчай, – але так, каб не было польскай супрэмацыі110.

Гэта можа вельмі непадабацца Вашым бэрлінскім прыяцелям, і я думаю, што добра было-б мо’ перавезьці наш скарб у Прагу, дзе мог бы часова пасядзець Базыль111 . Пішу Табе шчыра (і толькі Табе): уважаю, што гэтая камбінацыя з Варонкай112 – гэта рэзультат уплыву гэтага пана на Базыля. А што варты тлумачэньня Вар[онкі], чаму ён не выходзіў у адстаўку, калі таго вымагала наша палітыка, – відаць вось з чаго: ён і «без дастатачных прычын» гатоў быў кінуць літвіноў (ведама, цаной пасольства ў Лондоне!), калі стала вядома, што габінэт у Коўні рэорганізуецца і бел[арускага] мін[істэр]ства зусім ня будзе! Адчыніце, людзі, вочы! Ведайце, што не магу я наразіць нашу справу на блутаніну ў Лондоне, дзе Варонку знаюць, як літоўскага міністра! Гэта-ж такая думка – адзін сьмех.

Я прасіў Базыля зусім афіцыяльна прыехаць сюды. Ад яго адказу ня маю. Тымчасам грошы тут на гвалт патрэбны. Расейскія (думскія) маюць добры курс (60 м[арак]). А ў Менску голад і гвалт. А ўрад трэба неяк абставіць, каб меў нейкі від і каб можна было людзям паказаць!

Шчыры прывет.
Ваш Ант [подпіс].

Прадмова, каментары і публікацыя Рыгора Лазько*

* РЫГОР ЛАЗЬКО – доктар гістарычных навук, прафэсар Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны. Аўтар манаграфіі «Перад патопам. Эўрапейская палітыка Польшчы (1932–1939)». Менск: БДУ, 2000. – 354 с.


1 Архив полковника Хауза. Т. IV. Москва, 1944. С. 151.

2 Ціхаміраў А. В. Беларуская праблематыка на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919–1920 гг. // Весці АН Беларусі. Серыя грамадскіх навук. № 4. 1996. С. 34.

3 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. І. Кн. 1. Вільня–Нью-Ёрк–Прага, 1998. С. 284. (Далей Архівы БНР, I, 1.)

4 Системная история международных отношений. 1918–2000. В 4 томах. Т. 2: Документы 1910–1940-х годов. Москва, 2000. С. 21; Версальский мирный договор. Москва, 1925. С. VI.

5 Архівы БНР, I, 1. С. 301.

6 Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 37. С. 234.

7 Архівы БНР, I, 1. С. 269–270, 272. Мы не ведаем, ці чакаў асабіста Луцкевіч запрашэння на перамовы з Леніным, але з вялікай доляй упэўненасці можам сцвярджаць, што Ленін не збіраўся яго запрашаць, паколькі ўжо ў кастрычніку быў ахоплены шалам сусветнай рэвалюцыі пад уплывам рэвалюцыйнага крызісу, што пачынаўся ў Германіі. Гл.: Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 37. С. 111–113; Т. 50. С. 185–186, 195–196 і г. д. Сітуацыя змянілася толькі ў канцы снежня, калі спадзяванні на хуткую сацыялістычную рэвалюцыю ў Германіі не спраўдзіліся. Але на такі выпадак існавалі беларускія камуністы з групы Жылуновіча. Відавочна, тэзіс беларускай гістарыяграфіі аб перагаворах Антона Луцкевіча з Леніным, якія быццам бы мелі месца ў Маскве, з’яўляецца міфам. Аднак яго неабходна аналізаваць у іншым месцы.

8 Из истории гражданской войны в СССР. Т. 1. Москва, 1960. С. 688.

9 Антон Луцкевіч. Дзённік / Полымя. 1991. № 4. С. 215–224; № 5. С. 186 і інш. (Далей Дзённік.)

10 Архівы БНР, I, 1. С. 327.

11 Нямецкая акупацыйная адміністрацыя на Усходзе.

12 Дзённік. № 4. С. 221.

13 Дзённік. № 5. С. 173.

14 Тамсама. № 4. С. 221.

15 Тамсама. № 5. С. 181.

16 Архівы БНР, I, 1. С. 336.

17 1,5 млн карбованцаў (1,666 млн нямецкіх марак) пераводзіліся ў Берлінскі рэйхсбанк: Архівы БНР, I, 1. С. 334. Ураду Луцкевіча ўдалося атрымаць толькі грошы з венскага банка. Параўн.: Літва ў канцы 1918 г. атрымала ад Германіі 1 млн марак, летам 1919 г. – яшчэ 5 млн: Навицкас К. Литва и Антанта (1918–1920 гг.). Вильнюс, 1970. С. 46, і артыкул Гедымінаса Рудзіса ў: Lithuanian Historical Studies. 2000. № 5. P. 173.

18 Першы парыжскі дакумент Антона Луцкевіча датаваны 29 траўня (гл. далей), першы з апублікаваных да гэтага часу – 30 траўня: Архівы БНР, I, 1. C. 352.

19 Тамсама. С. 410.

20 У красавіку 1919 г. дыпламатычны прадстаўнік Польшчы Т. Філіповіч паведамляў, што супрацоўнікамі англійскага Ведамства замежнай палітыкі «Беларусь» («White Russia») успрымалася як частка Расіі: «Расія мае першае права на гэтыя землі як на сваю этнаграфічную тэрыторыю», – сцвярджалі яны: Archiwum polityczne Ignacego Paderewskiego. T. 2. Wrocław, 1994. S. 93.

21 Архівы БНР, I, 1. С. 767–768.

22 Архівы БНР, I, 1. С. 462–466 і інш.

23 Акрамя прыведзенай вышэй працы А. Ціхамірава гл.: Лазько Р. Р. Спробы заключэння беларуска-польскага саюза ў 1919 г. // Беларускі гістарычны зборнік. Беласток, 2001. С. 109–121. Тут жа прыведзена літаратура.

24 Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1–2. – Вільня– Нью-Ёрк–Менск–Прага, 1998.

25 Архівы БНР, I, 1. С. 363.

26 Сурмач Г. Беларускі загранічны архіў // Беларуская мінуўшчына. 1993. № 1. С. 18–23.

27 Фрагменты тэксту, выдзеленыя курсівам, унесеныя ў дакумент рукой Антона Луцкевіча.

28 Генерал Лявон Давыдаў з 1.05.1919 г. – начальнік арганізацыйнага аддзела ваеннага міністэрства ўрада БНР.

29 Аўтограф А. Луцкевіча.

30 Гл. «Успаміны аб прэзідэнце Масарыку» Антона Луцкевіча, якія друкаваліся ў «ARCHE» (2003. № 4).

31 Гл. дакумент № 1.

32 Прэм’ер-міністр Чэхаславацкай Рэспублікі, кіраўнік яе дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі.

33 Знаходзілася ў Варшаве 18–22 красавіка, у час, калі польскія войскі займалі Вільню. У склад дэлегацыі ўваходзіў і палкоўнік Езавітаў. Перагаворы завяршыліся безвынікова.

34 Старшыня Тарыбы – дзяржаўнай Рады Літоўскай Рэспублікі.

35 Раман Скірмунт, радца дэлегацыі БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. У Парыж не выехаў, аб чым Антон Луцкевіч у лісце да брата Івана моцна шкадаваў.

36 Кіпрыян (Цыпрыян) Кандратовіч займаўся арганізацыяй беларускага войска, меў статус яго галоўнакамандуючага. У складзе дэлегацыі БНР выехаў у Парыж.

37 Язэп Варонка, у гэты час міністр па беларускіх справах ва ўрадзе Літоўскай Рэспублікі.

38 Яўхім Бялевіч, член Рады БНР.

39 Гаворка ішла аб уваходзе прадстаўнікоў Віленскай Беларускай Рады ў склад Тарыбы і ўрада Літоўскай Рэспублікі.

40 Юрка Янкоўскі, аташэ беларускай дэлегацыі. З нявызначанай прычыны ў Парыж не выехаў. Луцкевіч піша аб ім у: Дзённік. 1991. № 5. С. 173.

41 У гэты час міністр унутраных справаў ва ўрадзе Антона Луцкевіча.

42 У Беларусь.

43 Прывітанне на адрас прэзідыума Амстэрдамскай канферэнцыі цытуе Анатоль Сідарэвіч у артыкуле «З думай аб незалежнасці»: Полымя. 1991. № 4. С. 214.

44 Верагодна, з Варшавы.

45 Міністр Аляксандр Цьвікевіч і дзяржаўны кантралёр Леанард Заяц былі камандзіраваныя ў Вену дзеля атрымання пазыкі, выдзеленай урадам УНР. Гл.: Архівы БНР, I, 1. С. 359.

46 Разбудоўвалася з моманту ўступлення ў лютым польскага войска на тэрыторыю Беларусі. Атрымала назву Цывільнага ўпраўлення ўсходніх зямель. У сваёй віленскай адозве «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» 22 красавіка 1919 г. Пілсудскі падаў яго як зародак будучага самакіравання краю. Ноту пратэсту Рады народных міністраў супраць яго дзейнасці, аб якой Луцкевіч піша далей, ён склаў 8 мая (гл.: Архівы, I, 1. С. 344–345).

47 Моладзевая патрыятычная арганізацыя ў Чэхаславакіі.

48 Прыпіска над тэкстам на першай старонцы.

49 Прыпіска на левым полі гэтай жа старонкі.

50 Кіраўнік французскай вайсковай місіі ў Берліне.

51 Дзеяч яўрэйскай нацыянальнай меншасці Літвы, калега Антона Луцкевіча па Часовай радзе (Тарыбе) Канфедэрацыі ВКЛ (1915–1917). Уваходзіў у склад літоўскай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі.

52 Мясцовыя ўправы ствараліся Міністэрствам беларускіх спраў урада Літвы. У лютым 1919 г. гарадзенская ўправа прысвоіла сабе статус Краёвай беларускай управы.

53 Надпіс ад рукі іншым почыркам.

54 Палата дэпутатаў.

55 Міністр замежных справаў Францыі.

56 Кіраўнікі літоўскай дэлегацыі на мірнай канферэнцыі.

57 Вядомы расійскі дыпламат, міністр замежных справаў урада Калчака і яго прадстаўнік на мірнай канферэнцыі.

58 Гл.: Архівы БНР, I, 1. С. 359–360.

59 Тамсама. С. 360–361.

60 Шлях паміж Балтыйскім і Чорным марамі праз тэрыторыю гэтых трох краін.

61 Прэзідэнт ЗША, прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі складалі нефармальны кіроўны орган мірнай канферэнцыі – Раду чатырох.

62 Апошні абзац з подпісам прыпісаны ўпоперак асноўнага тэксту.

63 Аляксандр Галавінскі, вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху, у той час супрацоўнік Міністэрства замежных спраў БНР.

64 Прыпіскай над тэкстам.

65 Кур’ер урада БНР? Гл.: Архівы БНР, I, 1. С. 400.

66 У 1918 г. падпалкоўнік Енакіеў займаў пасаду загадчыка інфармацыйна-архіўнага бюро Народнага сакратарыята БНР. Відаць, заставаўся на гэтай пасадзе і ў 1919 г. Гл.: Архівы БНР, I, 1. С. 203.

67 Ігнацы Падэрэўскі – прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы, кіраўнік яе дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. З ім у Парыжы Антон Луцкевіч вёў перамовы аб цесным антыбальшавіцкім саюзе ў абмен на прызнанне і падтрымку беларускай дзяржавы. Намякае на іх далей у лісце.

68 Беларускі з’езд Віленшчыны і Гарадзеншчыны, які праходзіў 9–10 чэрвеня 1919 г., заняў цвёрдую пазіцыю на карысць незалежнасці і непадзельнасці беларускай дзяржавы, падтрымаў урад БНР.

69 Гл.: Архівы БНР, I, 1. С. 376–378. Перагаворы выявілі анэксіянісцкую пазіцыю Літвы адносна беларускай тэрыторыі.

70 Прыпіска.

71 На першым лісце дакумента справаводныя паметкі: 1) «атр[ымана] 31/VII [19]19»; 2) «даслаць у Коўну!»; 3) «13. 8. [19]19. Крэчэўскі [подпіс]».

72 Гл спасылку 58.

73 Паводле Берасцейскага міру паміж Германіяй і Савецкай Расіяй паўночна-заходняя частка Беларусі ўключалася ў склад Літоўскай Рэспублікі.

74 Маршал Фош, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі заходніх саюзнікаў.

75 Прыпіска.

76 Яўхім Бялевіч прыехаў у Парыж з Берліна пасля 9 жніўня 1919 г. Гл.: Архівы БНР, I, 1. С. 400.

77 Аляксандр Цьвікевіч. Цьвік – агульнапрынятая яго мянушка. У гэты час знаходзіўся ў Варшаве.

78 Польскае войска заняло Менск 8 жніўня 1919 г.

79 Абодва ўваходзілі ў склад Расійскай палітычнай нарады ў Парыжы, якая была замежным палітычным цэнтрам белага руху.

80 Будучы Устаноўчы сход.

81 Відавочна, ідэя абмяркоўвалася ў беларускіх урадавых колах летам 1919 г. Гл.: Архівы БНР, I, 1. С. 380.

82 У сувязі з няўзгодненым з беларускім прадстаўніцтвам у «Тарыбе» і антыбеларускім паводле зместу мемарыялам Д. Сямашкі, пададзеным Парыжскай мірнай канферэнцыі, беларусы-«тарыбаўцы» звярнуліся з афіцыйнай заявай да ўрада Літоўскай Рэспублікі аб тым, што не могуць лічыць яго сваім прадстаўніком на канферэнцыі. Гл.: Архівы БНР, I, 1. С. 373–374.

83 Пасля ўступлення немцаў у Менск у лютым 1918 г.

84 Кіраўнікі добраахвотніцкіх фармаванняў у Прыбалтыцы, арганізаваных немцамі. Выступалі як супраць бальшавікоў, так і супраць нацыянальнай дзяржаўнасці прыбалтыйскіх народаў.

85 Запіска адсутнічае.

86 Прыпіска.

87 Луцкевіч адносіў да іх і члена дэлегацыі Азнабішына.

88 Дзеля працягу перагавораў аб антыбальшавіцкім саюзе, пачатых у Парыжы.

89 У Варшаве знаходзіўся прадстаўнік Дзянікіна, аднак афіцыйныя перагаворы пачаліся толькі ў верасні ў Таганрогу. Яны не прынеслі выніку з-за вялікадзяржаўных пазіцый абодвух бакоў.

90 У верасні было заключана польска-ўкраінскае пагадненне аб перамір’і.

91 Кандратовічу.

92 Гл. дакумент № 6.

93 Вайсковых запасаў.

94 Вальтар Егер – вядомы нямецкі публіцыст, укладальнік кніжкі аб Беларусі, якая выйшла ў адным з берлінскіх выдавецтваў у 1919 г.

95 Прыпіска.

96 Ліст Леанарду Зайцу, дзяржаўнаму кантралёру і дыпламатычнаму прадстаўніку БНР у Берліне.

97 Васіль Захарка тымчасова выконваў абавязкі намесніка старшыні Рады народных міністраў, знаходзіўся ў Берліне.

98 Мечыслаў Аб’езерскі, супрацоўнік Цывільнага ўпраўлення ўсходніх зямель. Знаходзілася ў Вільні.

99 З ліку расійскіх ваеннапалонных у Германіі.

100 Прыемную міну (выраз твару) (польск.).

101 На дакуменце справаводны надпіс: «Да спраў Рады».

102 Ліст Леанарду Зайцу ў Берлін.

103 Мікола Вяршынін, прадстаўнік БНР у Чэхаславакіі.

104 Пілсудскі выдаў дэкрэт аб утварэнні беларускага войска 22 кастрычніка 1919 г. Гл. яго копію ў: БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 157. Арк. 1-1 адв.

105 На канферэнцыі балтыйскіх дзяржаў.

106 Разумнаму дастаткова (лац.).

107 Мыльных бурбалак, пустой балбатні.

108 Мелася на ўвазе спроба дзяржаўнага перавароту, учыненая часцямі корпуса П. Бермант-Авалава.

109 Фракцыя Польскай сацыялістычнай партыі ў сейме.

110 Кіраўніцтва, перавагі.

111 Васіль Захарка.

112 Гаворка ідзе аб намеры прызначыць Язэпа Варонку паслом БНР у Лондане. Гл.: Архівы БНР, I, 1. Дак. 1342 і 1389.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі ARCHE

 кантакт: analityka@yahoo.com 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster