|
Менск у ХVI стагоддзі: першы „генеральны„ план горада і яго магчымы аўтар
Расціслаў Баравы
ХVI стагоддзе пачалося для Менска ў 1499 г., калі вялікі князь Аляксандр „…хотечы положенье места нашого Менского в мере лепъшой поставити, абы люди нашы там мјшкаючыи, через врад добрый а справедливый были размножены…„[1], выдаў гораду грамату на магдэбургскае права. У юрыдычным плане магдэбургскае права, калі казаць спрошчана, зводзілася да таго, каб мяшчане дадзенага горада („фізічныя асобы„) і горад у цэлым („юрыдычная асоба„) былі выдзелены з навакольных зямель і іх насельніцтва, гэта значыць — са сферы ўладарных паўнамоцтваў вялікакняжацкага намесніка. Звязаныя з гэтым эканамічныя прывілеі заключаліся ў вызваленні жыхароў горада ад шэрагу агульнадзяржаўных падаткаў і натуральных павіннасцяў. Часам некаторыя з іх замяняліся грашовымі выплатамі. Уводзіўся таксама шэраг пратэкцыянісцкіх мераў для рамеснікаў, дробных гандляроў і купцоў горада.
Часта атрыманне якім-небудзь населенным пунктам магдэбургскага права суправаджалася і шэрагам мерапрыемстваў горадабудаўнічага характару — аж да „адводу і вымярэння„ гарадской плошчы, вуліц і пляцовак для кожнага домаўладальніцтва[2]. Аднак гэта датычылася толькі дробных і перш за ўсё новых („осаженых… на сыром корени…„) мястэчак, што было асабліва характэрна для другой паловы XVI — пачатку XVII ст. Улічваючы, што Менск да моманту атрымання магдэбургскага права існаваў ужо каля пяці стагоддзяў і быў адным з найбуйнейшых гарадоў ВКЛ, прывілей на магдэбургскае права не мог паўплываць непасрэдна на планаванне, забудову і знешні выгляд горада.
Сапраўды, акрамя дазволу „на местъцу годномъ… справити ратуш…„, у яго тэксце можна адзначыць толькі два параграфы, ускосна звязаныя з пытаннямі горадабудаўніцтва. Вялікі князь аддае „войту и бурмистром… вси места пустыи в месте и вкруг места поля наши ку осаженью и розмноженью людей…„ — з гэтай тэрыторыі выключаецца толькі „пашня наша городовая„, г. зн. уласная вялікняжацкая ралля „двора Менского„[3]. З гэтым параграфам прывілею пераклікаецца і наступны, які дае „доброволенство всим мещаном, подле давного обычаю, брати дерево на будоване домовъ их и теж на кухню — в борехъ и в лесехъ за тры мили около местъца… окроме бортного древа… Такежъ где пред тымъ скоть свой… пасывали и нине доброволно имъ… паствити„[4].
Пакідаючы пакуль убаку горадабудаўнічыя праблемы і ацэньваючы прывілей 1499 г. у цэлым, можна адзначыць, што да вельмі выгаднага (у нейкай меры — выключнага) геаграфічнага палажэння Менска[5] дадаўся шэраг спрыяльных фактараў адміністрацыйна-юрыдычнага характару, якія ў многім вызначылі далейшы лёс горада. Аднак ваенна-палітычная сітуацыя, што складалася ў першай чвэрці XVI ст., не дазволіла Менску адразу і ў поўнай меры выкарыстаць тыя магчымасці.
У 1505 г. горад быў узяты, поўнасцю разрабаваны і спалены крымскімі татарамі (ацалеў толькі Замак)[6]. У 1508 г. Менск трапіў амаль у месячную асаду (але горад узяты не быў), пазней навакольная мясцовасць горада тры або чатыры разы спусташалася маскоўскім войскам — апошні раз у 1519 г.[7] Хаця пасля 1505 г. Менск ні разу не быў узяты, але неаднаразовае спусташэнне навакольнай мясцовасці, ужо не гаворачы пра сам факт пастаянных ваенных дзеянняў на ўсходніх і паўночна-ўсходніх межах ВКЛ, пазбавіла горад асноўнай крыніцы даходаў — непасрэдных і ўскосных паступленняў ад транзітнага гандлю. Працяглы мірны перыяд — амаль уся другая чвэрць XVI ст. — спрыяў буйнаму росквіту горада. Паказчык гэтага — рэзкі рост „мыта„, якое спаганялася з мясцовых і замежных купцоў на Менскай мытні[8].
Безумоўна, усе гэтыя працэсы так ці інакш адбіваліся на выглядзе горада — перш за ўсё на яго тэрытарыяльным росце. Аднак стыхійны рост ускраін толькі ў невялікай ступені мог уплываць на структуру горада ў цэлым. Практычна нязменнымі заставаліся асноўныя элементы гэтай структуры — Замак і Стары горад, якія тапаграфічна і генетычна былі звязаны з галоўнай планавальнай воссю горада — сухапутным транзітам „усход — паўднёвы захад„, прывязаным да пераправы (потым — моста) цераз р. Свіслач[9]. Вакол гэтых трох асноўных элементаў, якія складалі першапачатковую структуру горада, групаваліся пасады — неўмацаваныя (у адрозненне ад Замка або Старога горада) жылыя і гандлёвыя тэрыторыі.
Першапачатковыя пасады імкнуліся да месцаў, зручных для рачных прычалаў (раён т. зв. Менскага порта на стыку сучасных вуліц Гандлёвай і Інтэрнацыянальнай, таксама раён сучасных вуліц Старавіленскай і Старажоўскай), да тэрыторый, размешчаных паблізу ад асноўнай транзітнай артэрыі рэгіёну (у межах горада — сучасныя вуліцы Няміга і Багдановіча), і да наваколля Замчышча (сучасныя вуліцы Ракаўская — Вызвалення — праспект Машэрава). Пра дакладнае месцазнаходжанне, памеры, канфігурацыю і дынаміку росту гэтых пасадаў мы можам толькі здагадвацца[10].
Гэтыя тэндэнцыі стыхійнага развіцця, што былі атрыманы Менскам у спадчыну ад першых стагоддзяў існавання, ужо не адпавядалі ні новым рэаліям жыцця горада першай паловы XVI ст. (буйны цэнтр транзітнага гандлю з самакіраваннем па магдэбургскім праве, цэнтр ваяводства), ні сацыяльна-культурным патрабаванням эпохі ў цэлым. Першым, фармальным, і ў нейкай ступені выпадковым імпульсам да ажыццяўлення прынцыповых зменаў у выглядзе горада, перш за ўсё, у яго планавальнай структуры, паслужыў, як гэта часта здаралася ў гісторыі горадабудаўніцтва, вялікі пажар 1547 г.[11] У выніку гэтага пажару „Замак Менски„ згарэў цалкам, а „места Менскае„, хаця і не поўнасцю, але, як можна меркаваць па тэксце гэтага і некаторых больш позніх дакументаў, — амаль цалкам. Для „успаможенья„ пацярпелым жыхарам горада Жыгімонт Аўгуст[12] вызваліў іх тэрмінам на дзесяць гадоў ад усіх падаткаў і мытных выплат[13].
Відаць, горад у цэлым дастаткова хутка акрыяў пасля гэтага стыхійнага бедства — ускосным сведчаннем можа быць рост мыта (гл. вышэй). У 1552 г. горад клапаціўся аб пацвярджэнні прывілею на магдэбургскае права, які таксама згарэў на гэтым пажары разам з іншымі дакументамі, што захоўваліся ў „Замку Менскім„[14]. У 1569 г., непасрэдна на Люблінскім сойме, гараджане прасілі і атрымалі новае пацвярджэнне грамат 1499 і 1552 г.[15]. Абедзве гэтыя граматы не даюць ніякіх новых звестак або фактаў, звязаных з гісторыяй горада.
Першае канкрэтнае ўпамінанне аб работах па перапланаванні Менска мы знаходзім у дакуменце, датаваным 10 сакавіка 1571 г.[16] Жыхары горада прасілі ў якасці эканамічнай дапамогі прывілею праводзіць „два кірмашы ў год„ і браць „маставыя на рацэ Свіслач„ з купцоў, што праязджаюць праз Менск, спасылаючыся пры гэтым на наступныя прычыны: 1) страты горада ад пераходаў войска і праезду паслоў[17]; 2) неўраджай, якім жыхары „от колка лет скарани будучи…„[18]; 3) нарэшце на тое, што „…порадокъ в месте тамошнемъ чинечи, домы свои знову на инъшие местца переносят и будують…„.
З тэксту граматы вынікае, што самае позняе на мяжы 60—70-х г. XVI ст. у Менску пачалося інтэнсіўнае перапланаванне горада, прычым па непасрэдным распараджэнні вялікага князя („з росказанья нашого…„)[19].
Наступны вядомы нам дакумент, што адлюстроўвае хаду гэтага працэсу, адносіцца ўжо да 1589 г. Хаця з пачатку перапланавання прайшло ад 20 да 30 гадоў (гл. ніжэй), ажыццяўленне новага праектнага плана горада было ўсё яшчэ далёкім ад завяршэння і патрабавала пастаяннага ўмяшання ўладаў. Гэты працэс быў звязаны, як заўсёды, з шэрагам юрыдычных і эканамічных праблем, мноства з якіх не маглі быць вырашаны на мясцовым ўзроўні[20].
Яшчэ адзін дакумент, датаваны тым жа днём і адрасаваны ўжо непасрэдна да „рэвізораў„, якія накіроўваліся ў Менск[21], мяркуючы па загалоўку[22], таксама звязаны з перапланаваннем горада. Хаця ў тэксце дакумента ўпамінанне аб гэтым адсутнічае, аднак у скрытым выглядзе („абы …всякие непорадъки и розьницы… поровънали и померъковали…„) гэта тэматыка, несумненна, прысутнічае і тут[23].
Праз два гады менскія мяшчане атрымалі ад Жыгімонта III грамату, датаваную „12 студня 1591 года„ — „Привилей… подтвержденья прав и вольностей их…„[24], у прэамбуле якога ўпамінаецца таксама „…ратуш, который они теперъ збудовати хочуть…„. На аснове гэтага паведамлення можна заключыць, што тэрыторыя, прызначаная пад цэнтр горада („рынак і вуліцы„), была да 1591 г. канчаткова распланавана, паколькі паўстала пытанне аб пабудове ратушы, якая, зразумела, павінна была займаць цэнтральнае месца ў структуры горада.
Да 1600 г. ратуша на плошчы ўжо была пабудавана[25], а навакольныя кварталы з рэгулярным планаваннем, якія атрымалі назву „Новага„, ці „Высокага места„ (пазней — „Рынку„), сталі амаль на тры стагоддзі адміністрацыйным ды эканамічным цэнтрам горада, і нават на мяжы XIX—XX ст. у значнай меры захоўвалі свой першапачатковы статус.
Рэальнае ажыццяўленне ўсяго комплексу мерапрыемстваў па перапланаванні такога масштабу, несумненна, працягвалася яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі XVII ст. Ва ўсякім разе, будаўніцтва знешніх умацаванняў горада — валоў з бастыёнамі і некалькіх брам — працягвалася яшчэ да 30—40-х г. XVII ст.[26] У выніку ажыццяўлення праектнага плана горада, распрацаванага яшчэ ў сярэдзіне XVI ст., узнік якасна новы цэнтр — сучасная плошча Свабоды, якая ўяўляе сабой амаль правільны прастакутнік, і шэраг вуліц, што разыходзяцца ад яе ў паўднёвым і заходнім напрамках.
Можна сцвярджаць, што перапланаванне, праведзенае ў другой палове XVI ст., не закранула ні Старога горада, які мясціўся на левабярэжжы Свіслачы, ні раён вуліц Нямігі, Ракаўскай і Татарскай вакол Замчышча. Не закранула яно і вуліц, якія звязвалі новы цэнтр горада з той старадаўняй вуліцай-дарогай, якая ішла ўздоўж правага берага ракі Свіслачы ад раёна г. зв. Менскага порта да варот Менскага замка (у XVII ст. — вул. Зыбіцкая, пазней — Гандлёвая).
Такім чынам, праект перапланавання захоўваў у непарушнасці шэраг вулічак і завулкаў правабярэжнай часткі Менска, размешчаных на складаным рэльефе, — менавіта тую структуру „пасадаў„ старадаўняга горада, якая ўзнікла ў першыя стагоддзі яго існавання і традыцыйна аднаўлялася пасля шматлікіх пажараў. Падлягала знішчэнню толькі тая старая забудова, якая знаходзілася на месцы новай плошчы і вуліц (на паўднёвы ўсход, поўдзень і захад ад яе)[27].
Праектны план, максімальна „ашчадны„ да тагачаснай забудовы, быў выкананы ў той жа час з яўным разлікам на дастаткова аддаленую перспектыву росту горада. Далей гэты працэс павінен быў адбывацца ўжо ў рамках новай, рэгулярнай планавальнай структуры, якая цалкам адпавядала патрабаванням часу.
Непазбежна ўзнікае пытанне — хто быў, або хто мог быць аўтарам гэтага, вельмі ўдалага (як паказала гісторыя) і перадавога для сваёй эпохі праектнага плана? Простага і бясспрэчнага адказу на гэтае пытанне дакументы, якія ёсць у нашым распараджэнні, не даюць.
Спачатку паспрабуем вызначыць храналагічныя рамкі працэсу перапланавання Менска. Магчымая ніжняя мяжа — 1547 год, калі адбыўся пажар горада. Першую палову 1550-х г., мабыць, неабходна выключыць: адзіны вядомы нам дакумент гэтага перыяду — прывілей, выдадзены гораду Жыгімонтам-Аўгустам у 1552 г., фактычна з’яўляецца паўторам прывілею 1499 г. і не ўтрымлівае ніякіх новых фактаў (акрамя ўпамінання пра пажар 1547 г.)[28]. Адсутнічае згадка пра перапланаванне горада і ў тэксце прывілею 1569 г. Але, хоць ён паўтарае на 2/3 прывілею 1552 г., у канцы дабаўлена некалькі новых параграфаў, у т. л. адзін, які мае некаторае дачыненне да горадабудаўніцтва: менскім мяшчанам дазваляецца „…двор гостиный на местцу слушномъ для стоянья купцовъ збудовати…„. Нагадаем: у дакуменце ад 10 сакавіка 1571 г. ужо адкрыта гаворыцца пра тое, што жыхары горада па ўказанні вялікага князя пераносяць і нанова будуюць свае дамы на новых месцах „…порадокъ в месте тамошнемъ чинечы…„ — г.зн., праз паўтара года перапланаванне ўжо актыўна вялося. У гэтым кантэксце адсутнасць упамінання пра горадабудаўнічыя працы ў грамаце 1569 г.[29] яшчэ не можа лічыцца сцвярджэннем таго, што працэс быў пачаты толькі ў 1570 або ў 1571 г. Нам уяўляецца, што пытанне аб новым плане горада наўрад ці магло ставіцца раней другой паловы 1550-х г. З другога боку, першую (праектную) стадыю гэтых работ мы павінны датаваць, верагодней за ўсё, пачаткам ці першай паловай 1560-х г.
Звяртаючыся да асноўных падзей гэтага даволі вузкага храналагічнага перыяду, мы павінны перш за ўсё звярнуць увагу на так званую Валочную памеру, правядзенне якой (на агульнадзяржаўным узроўні) пачалося менавіта ў гэты час. Выдадзеная ў 1557 г. Устава на валокі (як і „Дапаўненні„ да яе 1558 г.) не змяшчаюць непасрэдных рэкамендацый адносна планавання і землеўпарадкавання гарадоў і мястэчак, аднак шэраг вядомых гісторыкам фактаў недвухсэнсава ўказвае на тое, што практычная дзейнасць па ажыццяўленні гэтай грандыёзнай зямельнай рэформы далёка не вычэрпвалася тэарэтычнымі палажэннямі адзначаных дакументаў[30].
Зямельная рэформа Жыгімонта Аўгуста закранула не толькі воласці, г. зн. абшары сялянскіх, уладальніцкіх і дзяржаўных зямель, што выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы, лясоў, пусташаў і г.д., але і землі, якія належалі насельніцтву гарадоў, мяшчанам. Па назіраннях Уладзіміра Пічэты, „…волочное измерение городской площади коснулось только городов, еще не имевших магдебургского права„[31], г. зн. зямель Менска гэта, у прынцыпе, не павінна было закранаць, аднак гэты ж аўтар далей указвае на разнастайнасць праблем і пытанняў, якія паўставалі перад каралеўскімі рэвізорамі ў час рэалізацыі Валочнай памеры.
Літоўскія даследчыкі, у прыватнасці, прыйшлі да высновы, што „складанне праектных планаў гарадоў або іх эскізаў у Вялікім Княстве Літоўскім было пачата ў сувязі з будаўніцтвам новых або перабудовай ужо існуючых гарадоў і мястэчак у час правядзення Валочнай рэформы ў сярэдзіне XVI ст. Такім чынам, рэвізоры і каморнікі, якія ў адзначаных месцах вымяралі валокі, могуць прызнавацца аўтарамі праектных планаў і эскізаў канкрэтных гарадоў і мястэчак„[32]. Так, напрыклад, Войцэх Дзевялтоўскі, які „вымяраў на валокі„ ў 1550 г. Расенскую воласць[33], прызнаецца адным з аўтараў праекта рэканструкцыі мястэчка Баганяй[34], а Якуб Лашкоўскі, які „вымяраў на валокі… Палангаўскую дзяржаву„, атрымаў у 1566 г. „Загад… засадити местечко (Полангу) …и пляцы ку будованью и волоки тому месту розмерити„[35], што і было ім выканана.
Як сведчаць згаданыя дакументы, у Менску пачатку 1570-х і ў канцы 1580-х г. гаспадарскія рэвізоры таксама вялі работы па „розмеренню пляцов„ і „назначенню места …для будовання домов…„, аднак уласна „праектны план„ горада быў, несумненна, складзены значна раней, пра што сведчаць ужо некаторыя фразы каралеўскай граматы 1571 г. (гл. вышэй). Грамата 1589 г., адрасаваная „Юру Радзивилу„, не толькі пацвярджае, што „рэвізоры„ канца 1580-х г. кіраваліся менавіта гэтым, раней складзеным, „планам„, але і прама ўказвае, што шукаць аўтараў гэтага плана неабходна сярод „…перъшихъ ревизоровъ от продка нашого …Жикгимонта Августа высыланыхъ зъ стороны перенесеня на инъшое местъце рынъку и некоторых улицъ…„.
Абапіраючыся на выдадзеныя да 2005 г. дакументы Літоўскай Метрыкі, мы можам назваць толькі аднаго „каралеўскага рэвізора„, „засланного„ ў Менск у часы Жыгімонта Аўгуста. Больш за тое, ён прыязджаў у Менск якраз у год завяршэння дзесяцігадовай „налоговай ільготы„ (1547—1557) і па справах, непасрэдна звязаных з землямернымі работамі.
Восенню 1557 г. у Менск прыехаў „…его королевское милости секретаръ, державца Скирстомонский и Росенский Венцлав Миколаевич…„. Яго прыезд быў выкліканы неабходнасцю аднаўлення „знешніх„ межаў гарадскіх зямель — г.зн. той трохмільнай тэрыторыі вакол Менска, якая была зацверджана яшчэ прывілеем 1499 г. Дакументы, што апісвалі і зацвярджалі гэтыя межы, згарэлі пры пажары 1547 г., і навакольная шляхта ўсё часцей захоплівала памежныя ўчасткі зямель, якія належалі гораду[36].
Акт датаваны 2 кастрычніка 1557 г., г. зн. сам працэс „аб’езду„ і апісання межаў[37] быў, мабыць, пачаты яшчэ ў верасні. Колькі ўсяго часу знаходзіўся Венцлаў Мікалаевіч у Менску ў гэты свой прыезд, дакладна невядома. Аднак можна меркаваць, што не менш за чатыры месяцы, таму што „устава подводная„, якая ўпамінаецца ў прэамбуле дакумента, была ім выдадзена „Месту Менскoму„ толькі 4 студзеня 1558 г.[38]
Гэтыя два дакументы, што не ўпамінаюцца ў даследаваннях Ежы Ахманьскага[39], Міколаса Рочкі[40] і Егідыюса Рымшы[41], дазваляюць дадаць яшчэ дзве даты да скупой і ўрыўкавай дакументальнай канвы біяграфіі Венцлава Мікалаевіча, якая прасочана гэтымі аўтарамі ў рамках гіпотэзы аб тоеснасці Венцлава Мікалаевіча і Міхалона Літвіна, упершыню выказанай Ежы Ахманьскім яшчэ ў першай палове 1970-х г.[42] Па назіраннях Ежы Ахманьскага, комплекс агульных рысаў і фактаў біяграфіі ў аўтара „Трактата…„ і Венцлава Мікалаевіча ўключае, у прыватнасці, такія, як: універсітэцкая адукацыя (В.М. — Кракаў); веданне лацінскай, „рускай” (старабеларускай) і літоўскай моў ды права; шматгадовая работа ў вялікакняскай канцылярыі (В.М. — 26 гадоў); дастаткова цесныя сувязі з вялікакняскім дваром; нарэшце, неаднаразовы ўдзел у важных дыпламатычных місіях (В.М.— пасольства ў Маскву і ў Крым, перамовы з маскоўскімі пасламі ў Любліне ў 1554 г.) і г.д.[43]
Уведзеная ў навуковы зварот каля трыццаці гадоў назад гіпотэза Е.Ахманьскага ў цяперашні час набыла статус навуковай канцэпцыі, якая практычна нікім не аспрэчвалася і падмацоўваецца дастатковай колькасцю ўскосных доказаў[44]. Згодна з высновай даследчыка, Венцлаў Мікалаевіч „…у якасці аўтара трактата „De moribus…„ уяўляецца выдатнай па сваім разумовым кругаглядзе фігурай. Ён быў адным з найбольш адукаваных людзей сваёй эпохі ў Літве, адным з першых гуманістаў з шырокім кругаглядам …„[45].
Нават вельмі скупыя факты яго біяграфіі[46], узятыя ў кантэксце прыведзенай вышэй характарыстыкі і падмацаваныя фактам яго знаходжання ў Менску ў канцы 1557 — пачатку 1558 г. у якасці гаспадарскага рэвізора па ўрэгуляванні межаў гарадскіх зямель, дазваляюць бачыць у Венцлаве Мікалаевічы найбольш верагоднага аўтара першага перапланавання Менска — гэтай унікальнай для дадзенага рэгіёну і часу „праектнай прапановы„. Ні храналогія вядомых нам гістарычных падзей, якія датычацца ўнутранага жыцця Менска другой паловы XVI ст., ні вынік аналізу вядомых нам дакументальных звестак аб ходзе перапланавання горада 1571—1600 г. (гл. вышэй) не супярэчаць гэтаму сцвярджэнню 47.
„<…> Ознаймуемъ твоей милости, ижъ хотечи мы то мети, абы в месте нашомъ Меньскомъ зачатый порадокъ перъшихъ ревизоровъ отъ продка нашого славъное памети короля его милости Жикгимонъта Августа, высыланыхъ зъ стороны перенесеня на инъшое местъце рынъку и некоторых улицъ и порадъного будованья домовъ в томъ месте Меньскомъ, пристойне сконьчитисе моглъ, и тежъ для выведанья, яко шкоды скаръбу нашого, в чомъ бы се отъ кого не деела, такъ тежъ кривдъ подданыхъ и для поровънанья всякихъ инъшихъ розницъ, которые бы се одъно в томъ месте Меньскомъ показати могли, зъсылаемъ тамъ до места Меньского равизоръми маръшалъка нашого старосту Меньского, писара замъковъ и волостей наших украинъныхъ рускихъ, пана Дмитра Скумина, а воеводича берестейского Марътина Тишкевича Логойского, росказавъши имъ обо все науку, яко се тамъ на той ревизыи справовати и заховати мають, на инъструкъцыи с канъцляреи нашое дати.
А ижъ маемъ того ведомость, же в томъ месте Меньскомъ немало подданыхъ костельныхъ плебании Меньское межи мещаны Меньскими домами своими непорадъне седять, за чимъ тотъ зачатый порадокъ селенья домовъ и переношенья рынъку и улицъ пристойне отъправоватисе не можеть, — про то хочемъ мети, абы твоя милость через листъ свой плебану Менскому росказалъ, ижъ бы онъ всимъ таковымъ подъданымъ костела католицъкого с тыхъ пляцовъ, которые бы на перешкоде будованью места были, за росказаньемъ тыхъ ревизоровъ нашихъ прочъ зноситисе, и за тые пляцы и кгрунты свои отъмену, отъ тыхъ же ревизоровъ указаную, брати и приймовати велели, никоторого в томъ спротивеньства тым паномъ ревизоромъ нашимъ не чинечи, яко бы се тымъ жадъное затрудъненье и переказы порадъному селенью и будованью места нашого Меньского не деяло.
Писанъ у Городъне, лета божого нароженья тисеча пятьсотъ осмъдесятъ девятого, м-ца генъвара петънадъцатого дня„.
Тышкевiч Марцiн (Лагойскi), з 1582 г. войт менскi (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Вып. 1. Мінск, 2003. С. 552).
Писан у Менску, лета божого нароженя тысеча пятсот петдесят семого, месяца октебра второго дня.
У того листу граничного печать прытистненая одна. А подпис руки писъмом руским тыми словы: Венцлав секретар„.
У тое уставы печать притисненая, и на другой стороне написано тыми словы: Выписъ уставы господарьское на подводы месту Менскому мещанамъ всимъ, яко господарьским, такъ и тым, чии колвек в месте том, або на передместьи мешкают <…>„.
Minsk of the 16th century:
First General City Plan and its Possible Author
Rascislau Baravy
In 1499 the Grand Duke Alexander gave the Magdeburg right to Minsk, but the military and political situation of the 16th century first quarter could not let the city use the possibilities given at once and in full. Long peaceful period — the 16th century second quarter — contributed to rapid city growth. An evidence to this was abrupt increase of Minsk customs duties, being imposed on local and foreign merchants.
All these processes have undoubtedly impacted directly or indirectly the city image and, first of all, its territorial growth. However, natural borders extension could influence insignificantly the general city structure, and those spontaneous development trends, run back to the first centuries of Minsk existence, did not correspond all in all to the new city realities in the 17th century first half.
As it often occurs in city planning, an extensive fire of 1547 served the first formal and — to a certain extent — accidental impulse to crucial changes in the city image and, first of all, in its layout.
Several documents published in 1930 (Belarusian archives, vol.3) unequivocally point at organized re-planning process of the burnt city and its re-construction according to a new „regular„ plan, that was executed on the Grand Duchy office’s direct order. This process can be traced to start between 1560s and 1570s (most likely, by early 1560s). The last known document depicting the process going is dated 1589. Although 20 to 30 years have passed from the re-planning start (see below), new city planning was not finished yet and required permanent attention of authorities.
The City Hall at the square was erected by 1600, and its neighboring regular-planned quarters named „New Place„ (later „High Market„) became the administrative and economic city center for almost three centuries, substantially maintaining their status up to the late 19th — early 20th centuries.
Evidently, a question can arise: who was (or could have been) the author of this successful (as evidenced by the history itself) and probably up-to-date (middle 16th century) layout?
Having analyzed a series of published documents of „Litouskaja Metrika„ (Lithuanian Archives), we concluded that the Princely Comptroller „Skirstomonskiy and Rosenskiy Venclav Mikolaevič„ who stayed in Minsk in the late 1557 — early 1558, could have been the author of this plan.
These documents let us add two more dates to his biography, so miserly documented, written by a series of Polish and Lithuanian authors under Jerzy Ochmanski’s hypothesis on Venclav Mikolaevič identity to Michalon Litvin. His staying in Minsk as the Princely Comptroller to regulate the city borders, as well as the facts by Jerzy Ochmański’s research, let us consider V. Mikolaevič to be the most probable author of Minsk re-planning — this project suggestion unique for that region and that epoch.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Гістарычнага Агляду
|