Кваліфікацыя літаратурна-пісьмовай мовы Кіеўскай Русі
(гістарыяграфія аднаго заблытанага пытання)
Ігар Клімаў
Уводзіны
Пытанне аб характары і паходжанні літаратурна-пісьмовай мовы Кіеўскай Русі (X—XIII ст.) дагэтуль застаецца дыскусійным і вырашаецца даследчыкамі неадназначна. Яшчэ ў XIX ст. былі выказаныя розныя погляды на гэты конт[1], якія ў XX ст. развіліся ў закончаныя тэорыі. Аднак іх супрацьлегласць нарадзіла працяглую і, магчыма, не заўжды плённую дыскусію. Яе ўскладнялі аб’ектыўныя праблемы метадалагічнага і крыніцазнаўчага характару. Апрача таго, у гэтае пытанне было прынесена шмат суб’ектыўных ці проста кан’юнктурных момантаў, якія прывялі да панавання міфаў і спекуляцый.
Мову пісьменства Кіеўскай Русі звычайна называюць старажытнарускай ці нашмат радзей (пераважна іншаземныя аўтары) усходнеславянскай. З XIX ст. расійскія (а ўслед за імі і замежныя) вучоныя называлі гэтую мову проста „рускай„, тэрмін „старажытнаруская мова„ для іх быў толькі больш грувасткім і таму рэдка ўжываным сінонімам. Доўгі час самастойнасць беларускай і ўкраінскай моў многімі вучонымі не прызнавалася, а руская мова Расіі лічылася агульнай (ці адзінай) мовай усіх усходніх славян. Зразумела, што такое выкарыстанне вяло да неадназначнасці ва ўспрыманні аб’екта даследавання, і тэрмін „старажытнаруская мова„ для многіх навукоўцаў пазначаў проста старажытны этап развіцця рускай мовы. На гэта ў сярэдзіне XX ст. звяртаў увагу расійскі мовазнавец Л. Якубінскі:
Карыстаючыся тэрмінам старажытнаруская мова, трэба цвёрда памятаць, што ў гэтым тэрміне слова рускі ўжываецца ў іншым сэнсе, чым мы яго ўжываем цяпер (г. зн. рускі, вялікарускі). У старажытнарускую эпоху не было яшчэ ні рускіх-вялікарусаў, ні ўкраінцаў, ні беларусаў. У тэрміне старажытнаруская мова слова рускі ўтвараецца ад слова Русь, якім называлі сябе і сваю зямлю і продкі ўласна рускіх (вялікаросаў), і продкі ўкраінцаў і беларусаў[2].
З мэтай увідавочніць гэтае палажэнне і графічна падкрэсліць яго далей у працы тэрмін выкарыстоўваецца ў напісанні ст.-руськая, хаця больш адэкватным і карэктным (але, праўда, цяжкаватым) застаецца тэрмін „усходнеславянская мова„.
Мову царкоўна-рэлігійнага пісьменства старажытных Балкан і Русі называюць стараславянскай ці царкоўнаславянскай[3] (так — у французскай і ўсходнеславянскай традыцыі, тады як нямецкая, англа-амерыканская і польская навука называе яе старацаркоўнаславянскай мовай, а балгарскія вучоныя і некаторыя іх нямецкія і польскія калегі — старабалгарскай мовай)[4]. Далей у працы гэтая мова называецца царкоўнаславянскай.
Традыцыйная канцэпцыя (канцэпцыя імпартавання)
Пераважная большасць вучоных у 1-й палове XX ст. лічыла, што першапачатковай літаратурна-пісьмовай мовай усходніх славян была прынесеная з балканскага Поўдня царкоўнаславянская мова, якая паступова ўлягала „абрусенню„ (усходнеславянізацыі) пад уплывам мясцовай гаворкі. Найбольш выразную фармулёўку гэтае гледжанне знайшло ў працах выдатнага расійскага мовазнаўца А. Шахматава[5].
Паводле Шахматава, у пісьменстве Кіеўскай Русі існавала адна мова — царкоўнаславянская, якая была перанесена з Балгарыі як мова царквы і духоўнай асветы. Але на Русі гэтая мова развівалася пад уплывам усходнеславянскіх дыялектаў[6]. Асабліва моцна іх уплыў праяўляўся ў арыгінальным пісьменстве Кіеўскай Русі — летапісах, юрыдычных кодэксах і актах, хаця і яны дэманструюць сваю залежнасць ад царкоўнага пісьменства[7]. Нават узорам старажытнаруськіх (далей ст.-руськіх) былінаў пра кн. Уладзіміра і яго дружыну, на думку Шахматава, маглі служыць творы балгарскай народнай паэзіі пра кн. Святаслава[8].
А. Шахматаў падкрэсліваў, што менавіта царкоўнаславянская мова стала асновай рускай літаратурнай мовы, якая ў сваім лексічным і сінтаксічным складзе і дагэтуль застаецца ў значнай ступені царкоўнаславянскай[9]. Руская літаратурная мова, сцвярджаў ён, з’яўляецца перанесенай на рускую глебу царкоўнаславянскай, якая паступова насыцілася ўсходнеславянскім элементам[10]. Гэтая думка падтрымлівалася і іншымі ўплывовымі славістамі, якія падзялялі высновы А. Шахматава[11], хаця савецкія вучоныя імкнуліся іх абвергнуць[12]. Зразумела, руская літаратурная мова не развівалася непасрэдна ці напрасткі ад эпохі Кіеўскай Русі[13], „стартавай базай„ для яе паслужыла царкоўнаславянская мова Масковіі XVII—XVIII ст., а ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. яна зазнала моцны ўплыў французскай мовы[14], але гэта не перашкаджала расійскім вучоным разглядаць мову Кіеўскай Русі як пачатковы этап рускай літаратурнай мовы.
Традыцыйны погляд вызначаў у пісьменстве Кіеўскай Русі толькі адну мову — царкоўнаславянскую, з усходнеславянскімі дамешкамі (большымі ці меншымі ў залежнасці ад жанру помніка). Праўда, А. Шахматаў меркаваў, што царкоўнаславянская мова стала размоўнай для эліты (пераважна духавенства) Кіева, што прывяло да ўтварэння размоўнага кайнэ Кіева[15]. Аднак у большасці выпадкаў у гутарцы мясцовага насельніцтва захоўваўся свой дыялект, які, праўда, у слабой ступені адлюстроўваўся ў пісьмовых тэкстах.
Паводле традыцыйнай канцэпцыі ў Кіеўскай Русі існаваў культурны білінгвізм: пісьмовая царкоўнаславянская мова функцыянавала ў пісьменстве, а гутарковая ўсходнеславянская — у вуснай галіне, знаходзячы нераўнамернае і ў цэлым слабое адлюстраванне ў пісьмовых помніках. Запазычаная ад балканскіх славян мова ўжывалася ў кніжнай сферы і была пэўным чынам унармавана на ўзор замежнай традыцыі. Асобныя ўсходнеславянскія элементы хаця і рана праніклі ў склад гэтай мовы, былі ў цэлым нязначныя. Апрача відавочных царкоўнаславянізмаў, якія структурна (фанетычна і марфалагічна) адрозніваліся ад усходнеславянскіх элементаў, ва ўсходнеславянскай гутарцы прысутнічала вялізная колькасць элементаў, агульных з царкоўнаславянскай мовай. Паміж дзвюма мовамі існавалі пераходныя сферы дыскурсу, блізкія, верагодна, да вуснай гаворкі — гэта былі юрыдычна-актавыя тэксты, якія адлюстроўвалі гібрыдную, мяшаную мову[16].
Некаторыя погляды А. Шахматава цяпер выглядаюць анахраністычна, напрыклад, меркаванне пра тое, што царкоўнаславянская мова магла быць гутарковай у той ці іншай страце насельніцтва[17]. Паводле свайго генезісу царкоўнаславянская мова была кніжнай мовай, прызначанай для абслугоўвання хрысціянскага набажэнства і царкоўнага дыскурсу, і ніколі не была гутарковай у ніводнага славянскага народа. Аднак адрозненне паміж паўднёваславянскімі і ўсходнеславянскімі мовамі на той час было нязначнае і закранала толькі асобныя рысы[18].
У цэлым погляды А. Шахматава падзяляліся большасцю вучоных XX ст., як расійскіх, так і замежных (В. Істрын, Л. Шчэбра, М. Дурнаво, А. Ісачанка, А. Сялішчаў, Б. Унбегаўн, Г. Лант, Л. Булахоўскі, М. Трубяцкой, М. Талстой і інш.). Буйны расійскі мовазнавец А. Сабалеўскі таксама згаджаўся, што царкоўнаславянская мова зрабілася літаратурнай мовай Кіеўскай Русі, дзе хаця і набыла ўсходнеславянскія рысы, але захоўвала свае асаблівасці да XVIII ст.[19] Аднак пазней ён лічыў, што ў пісьменстве Кіеўскай Русі склаліся дзве літаратурныя мовы: царкоўнаславянская і ст.-руськая, адносячы да апошняй толькі мову юрыдычна-актавых крыніц — чыста ўсходнеславянскую мову[20]. Падобных поглядаў пазней трымаліся таксама А. Шахматаў і М. Дурнаво[21]. Нечаканае развіццё гэты погляд знайшоў у сярэдзіне XX ст.
Аўтахтонная канцэпцыя
Малапрыкметны, але дастаткова кваліфікаваны мовазнавец С. Абнорскі ў 1934 г. выказаў, а ў 1946 г. паўней абгрунтаваў канцэпцыю пра самабытнасць ст.-руськай мовы[22]. Паводле гэтай канцэпцыі, першая літаратурна-пісьмовая мова Кіеўскай Русі была ўсходнеславянскай мовай, толькі пазней у яе склад былі занесены царкоўнаславянізмы. Гэтая ст.-руськая мова існавала ад самых пачаткаў пісьменства сярод усходніх славян (і нават раней) і доўга функцыянавала паралельна з прынесенай царкоўнаславянскай мовай. Царкоўнаславянскі ўплыў на яе першапачаткова адсутнічаў ці быў мінімальны, і толькі паступова (з XV ст., у час г. зв. 2-га паўднёваславянскага ўплыву) узмацніўся, праўда, аднабакова, галоўным чынам у лексічных і стылістычных адносінах.
На думку С. Абнорскага, апірышчам усходнеславянскага элемента быў Ноўгарад, які не меў трывалых сувязяў з Візантыяй; менавіта з Поўначы ст.-руськая літаратурная мова распаўсюджвалася па Русі, а славянізацыя ішла з Поўдня, з Кіева[23]. Гэтая паўночнаруськая мова, паводле Абнорскага, адрознівалася стылістычнай і сінтаксічнай простасцю і адсутнасцю царкоўнаславянізмаў пры наяўнасці слядоў больш ранніх запазычанняў са скандынаўска-германскага арэалу[24]. Праўда, ужо ў пасляваенны час даследчык адмовіўся ад гіпотэзы пра адпачатныя кантакты Паўночнай Русі з германскім і заходнеславянскім светам. У манаграфіі 1946 г., наадварот, падкрэслівалася самабытнасць і самастойнасць развіцця ст.-руськай мовы, у якую ў лепшым выпадку пранікалі ізаляваныя, амаль непрыкметныя запазычанні, прычым германскія сярод іх (прысутныя ў мове „Руськай Праўды„) не згадваліся зусім[25].
Паводле аўтахтоннай канцэпцыі, у Кіеўскай Русі існаваў білінгвізм, які праяўляўся ў пісьмова-літаратурных тэкстах, дзе выступалі дзве літаратурныя мовы: ст.-руськая і царкоўнаславянская. Гэты погляд, да якога схіляўся ўжо А. Сабалеўскі, пярэчыў традыцыйным поглядам. Высновы Абнорскага і яго прыхільнікаў былі дыяметральна супрацьлеглыя высновам, да якіх прыходзілі Шахматаў і іншыя вучоныя пры знаёмстве з тымі самымі помнікамі. Асаблівую пікантнасць сітуацыі надаваў той факт, што С. Абнорскі з’яўляўся прызнаным вучнем А. Шахматава[26].
Выказаны ў 1934 г. погляд С. Абнорскага нарадзіў тады цэлую дыскусію, якая, аднак, не трапіла ў друк[27]. Але пасля 2-й сусветнай вайны аўтахтонная канцэпцыя атрымала асабістую ўхвалу І. Сталіна[28] і на пэўны час зрабілася афіцыйнай догмай у савецкім мовазнаўстве. Яна ўвайшла ва ўсе навучальныя праграмы і падручнікі па гісторыі рускай літаратурнай мовы, прапагандавалася ў папулярных выданнях і перыядычным друку. Аднак пасля смерці Сталіна „яе аўтарытэт рэзка зменшыўся„, як сарамліва пісалі савецкія аўтары[29], і яна ўжо больш не папулярызавалася[30].
Крыху інакшы погляд на паходжанне літаратурна-пісьмовай мовы Кіеўскай Русі меў Л. Якубінскі[31], які ў пэўнай ступені прызнаваў вядучую ролю царкоўнаславянскай мовы. Аналізуючы мову варажскіх дамоў з грэкамі X ст., ён прыйшоў да высновы, што царкоўнаславянская мова напачатку выконвала функцыі адміністрацыйнай мовы Русі[32]. Пасля хрысціянізацыі краіны яна зазнала некаторы ўсходнеславянскі ўплыў, што прывяло да стварэння ст.-руськай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы[33]. Аднак ст.-руськая мова ўзнікла самастойна, як перадача славянскімі літарамі жывой усходнеславянскай гутаркі[34]. Царкоўнаславянская мова саступіла ст.-руськай сваю ролю афіцыйнай мовы[35], і на жывой народнай гутарцы з пачатку XI ст. пісаліся акты і юрыдычныя кодэксы[36], а таксама некаторыя літаратурныя творы (да якіх даследчык аднёс казанне Лукі Жыдзяты, павучанне Ўладзіміра Манамаха і „Слова пра паход Ігаравы„)[37]. На яго думку, „царкоўнаславянская мова ператварылася ў стылістычную разнавіднасць ст.-руськай літаратурнай мовы„[38].
Як можна заўважыць, аўтахтонная канцэпцыя з’яўляецца люстэркавым адбіткам традыцыйнай канцэпцыі: там — напачатку царкоўнаславянская мова, якая паступова насычаецца мясцовым элементам, тады як у Абнорскага — напачатку ўсходнеславянская мова, якая паступова прымае прышлы, чужынны элемент. Аднак тэорыя Абнорскага ў сваёй эмпірычнай і тэарэтычнай базе атрымліваецца слабейшай за традыцыйную. Таму для знаходжання „карэнных рускіх асаблівасцяў рускай у сваім абліччы мовы„[39] ён патрабаваў даследаваць у ст.-руськіх тэкстах перш за ўсё ўсходнеславянскі элемент, паколькі ўвага да царкоўнаславянскіх элементаў, на думку Абнорскага, была перабольшана[40]. Фактычна, гэтым ён заклікаў да маніпуляцыі моўнымі адзінкамі[41].
Зразумела, што ў вачах улады аўтахтонная канцэпцыя мела перавагу над канцэпцыяй імпартавання, паколькі пастулавала наяўнасць ранняй ды развітай дзяржаўнасці і культуры ва ўсходніх славян. З 1930-х г. у працах некаторых савецкіх гісторыкаў і філолагаў (Б. Грэкава, А. Арлова, М. Прыселкава і інш.) сцвярджалася самабытнасць і высокі ўзровень культуры Кіеўскай дзяржавы, яе этнічнае і культурнае адзінства. Аўтахтонная канцэпцыя з лінгвістычнага боку цудоўна абгрунтоўвала гэтыя цверджанні, тады як канцэпцыя імпартавання якраз замінала ім. Традыцыйная канцэпцыя пярэчыла дзяржаўнай ідэалогіі, якая пачала распаўсюджвацца з 1930-х г., а з 1940-х зрабілася афіцыйнай палітыкай, што дасягнула свайго апагею ў кампаніі супраць касмапалітызму.
Прыхільнікі аўтахтоннай канцэпцыі сыходзілі з таго, што ў X ст. у Кіеўскай Русі склалася высокая культура пісьменства, заснаваная выключна на мясцовай традыцыі, а ст.-руськая літаратурная мова ўзнікла яшчэ ў дагістарычную эпоху[42]. Таму С. Абнорскі ў сваёй манаграфіі падкрэсліваў архаічнасць мовы помнікаў, абраных ім для разгляду[43], хаця паводле часу стварэння яны адносіліся сама раней да пачатку XI — канца XII ст. Тым не менш, свае пабудовы прыхільнікі аўтахтоннай канцэпцыі адносілі ў дагістарычныя часы (VIII—X ст.), ад якіх не дайшло ніякіх пісьмовых звестак і пра якія бракавала пэўных гістарычных дадзеных.
Погляды на паходжанне пісьма ва ўсходніх славян
Аўтахтонная канцэпцыя sua conditio sine qua non мела прыпушчэнне аб раннім развіцці пісьма сярод усходніх славян. Менавіта пры ўмове ранняга старту пісьменства Кіеўскай Русі можна было вытлумачыць аднастайнасць і ўнармаванасць мовы яе першых помнікаў. Знаходкі гнёздаўскага надпісу ў 1949 г. і берастовых грамат у 1951 г., здавалася, падмацоўвалі гэтае прыпушчэнне.
З’яўленне пісьма савецкая навука адносіла ў дадзяржаўную эпоху[44]. Пад час кампаніі па барацьбе з касмапалітызмам у канцы 1940-х — пачатку 1950-х г. улады стымулявалі пашырэнне ў навуковым асяроддзі гіпотэз аб раннім ды самабытным узнікненні „руськага„ пісьма[45], якія нярэдка падаваліся на правах фактаў[46]. Як даводзіў Дз. Ліхачоў, пісьменства ў Кіеўскай Русі прайшло доўгі час развіцця па-за межамі багаслужбовай літаратуры яшчэ да афіцыйнага хрышчэння, так што ў розных рэгіёнах Русі маглі самастойна ўзнікнуць нават розныя сістэмы пісьма[47]. Той самай думкі пра ранняе дахрысціянскае развіццё ст.-руськага пісьма трымаліся М. Ціхаміраў[48] і П. Чарных[49]. На думку апошняга, глагалічнае пісьмо ўзнікла ў Паўночным Чарномор’і ў выніку развіцця „рыс і рэзаў„ задоўга да Кірылы і Мяфодзія[50]. С. Абнорскі нават дапускаў узнікненне ўсходнеславянскага пісьма ў часы дзяржавы антаў (III—IV ст.)[51], вядомай са згадак антычных гісторыкаў. Праўда, неўзабаве П. Кузняцоў быў вымушаны адмаўляць існаванне самабытнага пісьма ў дахрысціянскія часы[52]. Але і пазней некаторыя аўтары дапускалі стыхійнае складванне нейкага „протапісьма„ ва ўсходніх славян да Мараўскай місіі[53]. Час ад часу рабіліся спробы абгрунтаваць існаванне дахрысціянскіх „протаазбук„ ці ранніх кірылічных азбук[54], што заўжды выклікала скептыцызм у спецыялістаў[55].
Усе такія „гіпотэзы„ грунтаваліся на няясных і фрагментарных звестках розных гістарычных крыніц, а таксама на сумнеўных ці проста неверагодных інтэрпрэтацыях розных эпіграфічных і археалагічных матэрыялаў, што дапускалі неадназначнае тлумачэнне[56]. Іх аўтары імкнуліся давесці самабытны і арыгінальны характар славянскага (а часта — выключна „рускага„) пісьма, ігнаруючы ўплыў больш развітых культур і адмаўляючы запазычанне ад суседзяў[57].
Між тым, суседнія з Руссю культуры мелі ўсталяваныя сістэмы пісьма: грэцкае пісьмо Візантыі, заходнееўрапейская лацінка, рунічнае скандынаўскае і рунічнае цюркскае, яўрэйскае пісьмо Хазарыі, а з канца IX ст. — і славянскае ў Балгарыі[58]. Неверагодна, што ў такім атачэнні ўсходнія славяне маглі займацца вынаходніцтвам ці ўдасканаленнем нейкіх „рыс і рэзаў„ або „протапісьма„, як сцвярджалі прыхільнікі ідэі самабытнага паходжання „руськага„ пісьма. Сапраўды, шмат якія народы ў Паўночным Прычарнамор’і, не маючы сталага пісьменства, ужывалі нейкія знакі накшталт рунаў ці рысак. Але гэтыя знакі выкарыстоўваліся толькі для аказіянальных ці манументальных кароткіх надпісаў (родавыя знакі і імёны) на камянях, дрэве, кераміцы, цэгле і не маглі развіцца ў самабытнае пісьменства[59]. Ва ўсялякім выпадку, фанетычныя алфавіты ў свеце пашыраліся практычна заўжды шляхам запазычання[60].
Крытыка аўтахтоннай канцэпцыі і яе карэктывы
Пасля смерці Сталіна ў СССР пачалі раздавацца крытычныя галасы супраць гіпотэзы Абнорскага і ўжытай ім метадалогіі ды аргументацыі[61]. Ужо напачатку 1950-х г. рашуча выступаў супраць яе Б. Ларын[62]. У канцы 1950-х г. з крытыкай беспадстаўных і недарэчных цверджанняў Абнорскага і яго паслядоўнікаў выступіў У. Левін[63]. Тады ж акрэсліў гіпотэзу Абнорскага як кан’юнктурную В. Вінаградаў[64], найбольш уплывовая асоба ў савецкім мовазнаўстве[65]. Але толькі ў сваёй пасмяротнай працы ён з усёй пэўнасцю ахарактарызаваў гэтую гіпотэзу як тэндэнцыйную, аднабаковую і антыгістарычную[66]. Выступілі супраць аўтахтоннай канцэпцыі і вучоныя ў замежжы[67]; ці не найбольшы ўнёсак па яе дыскрэдытацыі належыць А. Ісачанку[68].
Прычына недаверу навукоўцаў да гіпотэзы Абнорскага палягае не толькі ў яе відавочнай кан’юнктурнасці і спрэчнай аргументацыі, але таксама і ў тым, што яна спараджае некаторыя супярэчлівасці. Так, калі прыняць ідэю аб самабытнасці ст.-руськай мовы, то цяжка вытлумачыць, як у слабаразвітым грамадстве Кіеўскай Русі, ды яшчэ ў дагістарычныя часы магла самастойна з’явіцца такая складаная і распрацаваная сістэма, як ст.-руськая мова, з яе рознастылёвасцю і шматжанравасцю. Адэпты аўтахтоннай канцэпцыі напачатку адводзілі гэты аргумент спасылкамі на ранняе развіццё ў дагістарычныя часы, аднак усур’ёз прымаць іх цверджанні было немагчыма[69].
Таксама паводле Абнорскага атрымлівалася, што мова Кіеўскай Русі (па меншай меры, яе юрыдычна-актавая сфера) з’яўляецца фіксацыяй усходнеславянскай гаворкі[70]. Але на той час гаворка была звязана з тым ці іншым дыялектам і не магла мець адзінай стабільнай нормы, тады як нават у юрыдычна-актавых помніках якраз назіраецца пэўная стабільнасць і слаба праяўляюцца дыялектныя ўплывы[71]. Першыя і самыя раннія помнікі фіксуюць зусім не дыялектнае маўленне[72].
Каб адвесці гэты аргумент, прыхільнікі аўтахтоннай канцэпцыі высоўвалі шэраг гіпотэз: 1) ст.-руськая мова склалася на грунце вуснага кайнэ Кіева[73], хаця доказаў яго існавання так і не было прыведзена пасля Шахматава[74]; 2) дыялектная адметнасць ва Ўсходняй Славіі ў IX—XI ст. была нязначная, што неверагодна[75]; 3) наддыялектны характар ст.-руськай літаратурнай мовы, што склаўся ў выніку мяшання дыялектаў[76] (але калі паспела адбыцца такое мяшанне і чаму няма яго адлюстравання ў іншых помніках, апрача кіеўскіх?)[77]; 4) мінімальнасць адрозненняў паміж прышлай мовай і мясцовымі дыялектамі[78], што неверагодна, улічваючы сакральны і штучны характар царкоўнаславянскай мовы[79].
Апрача таго, Абнорскага дакаралі ў аднабаковым і тэндэнцыйным падборы моўнага матэрыялу, да таго ж вельмі сціплага і непаказальнага[80]. Пры аналізе ст.-руськай мовы ён звярнуўся ўсяго да 4 помнікаў: „Малення„ Данілы Заточніка„ (спісы XVI ст. і пераважна XVII ст.), „Слова пра паход Ігаравы„ (паводле спіса прыкладна XVI ст.), „Павучання Ўладзіміра Манамаха„ (спіс з Лаўрэнцьевага летапісу 1377 г.) і „Руськай праўды„ (спіс у складзе Наўгародскай кормчай 1282 г.)[81]. Аднак сваю гіпотэзу ён пабудаваў галоўным чынам на аналізе „Руськай праўды„ — найбольш старажытнага твора, у мове якога тым не менш прысутнічалі царкоўнаславянскія элементы[82]. Гэта не перашкодзіла яму зрабіць выснову, што помнік мае ўсходнеславянскую аснову, на якую наклаліся царкоўнаславянізмы, абвешчаныя пазнейшымі ўстаўкамі перапісчыкаў[83]. Праўда, усе іншыя помнікі, прыцягнутыя да разгляду С. Абнорскім, дэманстравалі яшчэ большую прысутнасць царкоўнаславянізмаў, што даследчык тлумачыў жанравай спецыфікай ды нагрувашчаннем пазнейшых эпох[84].
Тым не менш, прыцягненне разнастайных помнікаў прымусіла Абнорскага і яго паслядоўнікаў казаць ужо не аб адсутнасці царкоўнаславянскага ўплыву, а аб тым, што „доля царкоўнаславянскага ўздзеяння... вагаецца ў залежнасці ад помніка„[85]. Такім чынам, першапачатковы тэзіс пра самастойнасць і самабытнасць ст.-руськай мовы быў пакрысе скарэктаваны.
У паслясталінскія часы высновы Абнорскага былі кваліфікаваныя як занадта катэгарычныя і не заўжды абгрунтаваныя, хаця і правільныя ў сваёй існасці[86]. Толькі асобныя з прыхільнікаў Абнорскага захоўвалі вернасць усім яго палажэнням[87]. Асабліва пікантна выглядалі іх аповеды пра дахрысціянскае ўзнікненне пісьменства на Русі[88]. Але прыхільнікі традыцыйнай канцэпцыі атрымалі магчымасць выказваць і абгрунтоўваць свае погляды ў СССР[89], хаця іх ганілі як памылковыя і фантастычныя, не абгрунтаваныя фактычным матэрыялам[90]. У сувязі з гэтым крытыку зазнаў нават А. Шахматаў[91].
Аднак аўтахтонная канцэпцыя захавалася ў сваёй аснове: у пісьменстве Кіеўскай Русі існавалі дзве літаратурныя мовы — царкоўнаславянская і ст.-руськая, а ў вуснай сферы — яшчэ і дыялектная ўсходнеславянская гаворка[92]. Такім чынам, у Кіеўскай Русі фактычна было прызнана існаванне ў адну эпоху цэлых трох і нават больш моў93! Гэты погляд зрабіўся ў савецкім мовазнаўстве аксіёмай і, падтрыманы ўладай, увайшоў ва ўсе падручнікі і навучальныя праграмы, стаў абавязковым для ўкраінскіх[94] і беларускіх[95] мовазнаўцаў, а таксама для славістаў у „братніх краінах сацыялізму„[96]. Расійскім вучоным у сталіцах дазвалялася падтрымліваць альтэрнатыўныя ідэі ці аспрэчваць некаторыя палажэнні афіцыйнай канцэпцыі, але для „малодшых братоў„ на перыферыі гэта было амаль немагчыма.
Калі з царкоўнаславянскай мовай і ўсходнеславянскімі дыялектамі ніякіх тэарэтычных праблем не было, то генезіс і функцыянаванне ст.-руськай мовы выклікалі шмат пытанняў. Па-першае, няяснай заставалася структура гэтай мовы: наколькі значнымі былі ў ёй дамешкі царкоўнаславянізмаў і якімі граматычнымі, лексічнымі і сінтаксічнымі рысамі яна адрознівалася ад царкоўнаславянскай97? Многія такія рысы, што лічыліся спецыфічна ст.-руськімі, прысутнічалі і ў царкоўнаславянскай мове. Па-другое, як размяжоўваліся функцыі паміж дзвюма пісьмовымі мовамі, калі яны былі „блізкароднасныя, але самастойныя мовы„98? Па-трэцяе, няясны быў склад помнікаў ст.-руськай мовы: розныя аўтары налічвалі розную колькасць тэкстаў. Як вынік, ст.-руськая мова або пашыралася на ўсё пісьменства Кіеўскай Русі[99] ці на ўсё арыгінальнае і перакладное пісьменства[100], або зводзілася да некалькіх помнікаў (мастацкія творы з моцным фальклорным струменем — перш за ўсё „Слова пра паход Ігаравы„, нягледзячы на значную прысутнасць у ім царкоўнаславянізмаў, — летапісы, павучанне Ўладзіміра Манамаха, маленне Данілы Заточніка, некаторыя казанні)[101]. Спрэчным заставалася аднясенне сюды юрыдычна-актавых тэкстаў: адны савецкія даследчыкі выводзілі іх за межы літаратуры (і разглядалі як „дзелавое„ пісьменства)[102], тады як іншыя, наадварот, лічылі ці не самымі яскравымі ўзорамі ст.-руськай мовы[103], адносячы да іх таксама берастовыя граматы[104]. Па-чацвёртае, няясныя былі суадносіны гэтай мовы з жывой гутаркай. Напачатку савецкія мовазнаўцы спрабавалі атаясамліваць ст.-руськую пісьмовую мову з тагачаснай жывой гаворкай, але пазней, наадварот, адзначалі дыстанцыю паміж імі і нават падкрэслівалі штучнасць пісьмовай мовы ды яе наддыялектны характар[105]. Для развязання ўсіх гэтых супярэчлівасцяў было прапанавана некалькі тэорый.
Кампрамісныя тэорыі
Аўтахтонная канцэпцыя ў сваіх крайнасцях пярэчыла здароваму сэнсу многіх мовазнаўцаў. Але ўласны патрыятызм шмат якім расійскім даследчыкам замінаў прызнаць чужынную мову сродкам пісьмовай камунікацыі Кіеўскай Русі. Прапанаваныя імі кампрамісныя тэорыі так ці інакш спалучалі або мірылі абедзве канцыпцыі. Найбольш вядомымі з іх сталі тэорыя „тыпаў мовы„ В. Вінаградава, „стылёвая„ тэорыя, распрацаваная Р. Вінакурам, а потым А. Яфімавым, тэорыя дыгласіі Б. Успенскага, значна меншую вядомасць атрымала ідэя гібрыднай мовы Б. Ларына. Папулярнасць той ці іншай тэорыі вызначалася не столькі яе эўрыстычнымі вартасцямі, колькі ўплывовасцю яе стваральніка ды шматлікасцю яго школы.
В. Вінаградаў лічыў, што ў Кіеўскай Русі існавала адна мова, але стылістычна (функцыянальна) дыферэнцаваная на 2 тыпы: кніжна-пісьмовы і народна-паэтычны, што былі замацаваныя за пэўнымі жанрамі ці тэмамі[106]. Адны тэксты (або жанры) адлюстроўвалі выключна кніжна-пісьмовы тып, тады як іншыя — амаль чысты народна-паэтычны. Паміж імі існавала шмат прамежкавых тэкстаў (жанраў), напрыклад, летапісы, дзе гэтыя тыпы змешваліся і нават стваралі „цераспалосіцу„ стыляў альбо „прамежкавых родаў гутаркі„ (ці „разнавіднасцяў„), у залежнасці ад змены аб’екта ці тэмы апавядання[107]. Гэта не былі стылі адной мовы, паколькі яны мелі свае сферы ўжытку і не ўкладваліся ў адзіную моўную структуру, але і не асобныя мовы, паколькі ім была ўласціва значная лексічная, граматычная і семантычная еднасць і яны выступалі ў адным творы ці нават сказе[108]. Гэта была „складаная сістэма мовы„ ці „дзве разнавіднасці мовы„.
Як можна меркаваць, гэтыя два тыпы склаліся ў залежнасці ад памеру царкоўнаславянскіх уплываў[109]. Кніжна-пісьмовы тып у Вінаградава раўназначны царкоўнаславянскай мове, насычанай усходнеславянскім элементам у ст.-руськіх аўтараў[110]. Уласна царкоўнаславянская мова для яго была абмежавана богаслужбовай і кананічнай літаратурай. Народна-паэтычны тып з’яўляецца ў Вінаградава літаратурнай апрацоўкай гутарковай усходнеславянскай мовы, адлюстраванай у фальклоры і вуснай традыцыі[111]. Гэты тып быў прадстаўлены, паводле Вінаградава, фактычна толькі адным помнікам: „Словам пра паход Ігаравы„; астатнія прыклады прыпадалі на фрагменты і выразы ў летапісах і некаторых іншых арыгінальных творах Кіеўскай Русі[112]. Паміж гэтымі тыпамі ўвесь час існавалі паліятывы — „прамежкавыя роды гутаркі„, да якіх уласна і належалі астатнія творы.
Погляды Вінаградава на мову пісьменства Кіеўскай Русі былі непаслядоўныя[113]. Яшчэ ў 1938 г. ён трымаўся думкі А. Шахматава і лічыў літаратурнай мовай Кіеўскай Русі царкоўнаславянскую[114], а погляды Абнорскага тады ж характарызаваў як кан’юнктурныя[115]. Нават у пасляваенны час Вінаградаў казаў толькі пра адлюстраванне вуснай гутарковай традыцыі ці стыхіі ў мове ст.-руськіх помнікаў[116]. У сваіх пазнейшых працах ён то прызнаваў існаванне дзвюх моў у Кіеўскай Русі — царкоўнаславянскай (у літургічных і кананічных тэкстах) і ст.-руськай[117], то вёў гаворку пра два тыпы толькі ўнутры апошняй мовы, лічачы царкоўнаславянскую мову толькі „адной з разнавіднасцяў„ ст.-руськай мовы[118]. Услед за В. Вінаградавым і іншыя вучоныя пачалі лічыць царкоўнаславянскую мову стылістычнай разнавіднасцю ст.-руськай мовы[119]. Аднак некаторыя вучоныя выступілі супраць такога залучэння царкоўнаславянскай мовы ў склад ст.-руськай[120]. Пазней Л. Жукоўская ўсур’ёз спрабавала давесці, што царкоўнаславянскія тэксты Евангелля адносяцца да ліку помнікаў ст.-руськай мовы[121], але гэта не знайшло падтрымкі нават у прыхільнікаў аўтахтоннай канцэпцыі[122]. Урэшце, было прапанавана разглядаць два тыпы Вінаградава як два варыянты царкоўнаславянскай мовы[123].
В. Вінаградаў апераваў нейкімі слабаўцямнымі „тыпамі мовы„, але паняцце тыпу ў яго было нагэтулькі няпэўнае, што магло аб’ядноўваць царкоўнаславянскую мову Евангелля і мову царкоўнага казання (напрыклад, „Слова пра закон і дабрадаць„ мітрапаліта Іларыёна, у якім прысутнічае слабы ўсходнеславянскі элемент). Вінаградаўскі паслядоўнік А. Гаршкоў, які спрабаваў самастойна разабрацца ў гэтых двух тыпах мовы, не мог прыдумаць нічога лепшага за „дзве асобныя (хаця і падобныя) структуры, што наблізіліся і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой„[124]. Урэшце, тэорыя Вінаградава была раскрытыкаваная ў замежжы і СССР як няясная, супярэчлівая і неабгрунтаваная[125], хаця ў 1960—70-я г. яе падтрымлівалі некаторыя вучоныя[126]. Напэўна, адчуваючы слабасць сваіх пабудоў, вучоны ў апошняй сваёй працы ўжо не згадваў пра „два тыпы„[127]. Першапачаткова Вінаградаў казаў пра тры тыпы пісьмовай мовы Кіеўскай Русі: царкоўна-рэлігійны, літаратурна-мастацкі, актава-юрыдычны. Першы тып быў заснаваны на царкоўнаславянскай стыхіі, апошні на ўсходнеславянскай, а сярэдні ўяўляў сабой іх сумяшчэнне[128]. Пры стварэнні сваёй тэорыі Вінаградаў пакінуў два першыя тыпы, а трэці проста выдаліў за межы літаратурна-пісьмовай мовы[129], „вярнуўшы„ яго назад толькі ў мову Масковіі XVII ст.[130]
На самай справе, тэорыя Вінаградава была толькі трансфармацыяй „стылёвай„ тэорыі, выкладзенай яшчэ ў даваенны час Р. Вінакурам і развітай потым А. Яфімавым. Вінакур вылучыў у пісьменстве Кіеўскай Русі тры стылі: царкоўна-кніжны, „дзелавы„ і літаратурны, адпаведна тром асноўным групам помнікаў — царкоўным, юрыдычна-актавым і літаратурным[131]. Далейшае развіццё гэты погляд знайшоў у А. Яфімава, які атаясаміў стылі з жанрам. У пісьменстве Кіеўскай Русі ён вылучаў столькі стыляў, колькі было вядома жанраў ці відаў дыскурсу, не прамінаючы акты і кодэксы (дакументальна-юрыдычны стыль) і берастовыя граматы (эпісталярны стыль)[132]. Гэтыя стылі былі аб’яднаныя ў дзве буйныя групы: свецкія і царкоўна-літаратурныя[133], апрача таго існавалі рознастылёвыя, мяшаныя творы (напрыклад, павучанне Манамаха). Усе стылі ўтваралі адзіную літаратурна-пісьмовую мову Кіеўскай Русі[134]. Погляды Яфімава былі крытыкаваныя за механічнасць і супярэчлівасці[135], таксама як і сама ідэя „трох стыляў„[136]. Гэтая ідэя відавочна была перанятая з „трох штыляў„ М. Ламаносава[137]; сам Р. Вінакур характарызаваў тры вылучаныя ім стылі як „высокі, урачысты„, „нізкі, побытавы„ і „сярэдні„[138]. Як і ў Ламаносава, розніца паміж стылямі залежала ад долі царкоўнаславянізмаў[139]. Тым не менш, „стылёвая„ тэорыя знайшла падтрымку многіх вучоных[140] і зрабілася даволі папулярнай[141]. Яна стварала ўражанне, што моўная неаднастайнасць ст.-руськіх помнікаў мае навуковае тлумачэнне і знойдзены нейкі ключ, які дазваляе аб’яднаць у адно мову і літургічных тэкстаў, і грамат. Гэтая тэорыя была зручная і тым, што сцвярджала існаванне ў Кіеўскай Русі адной літаратурна-пісьмовай мовы[142].
Фактычна, канцэпцыя Вінаградава апісвае культурны білінгвізм („суадносіны дзвюх гутарковых стыхіяў„) своеасаблівага тыпу, які праяўляўся ў жанрава-стылёвай сферы: адна мова функцыянавала пераважна ў кніжна-пісьмовай сферы, другая — у народна-паэтычнай. Таму заканамерным развіццём гэтай канцэпцыі стала дыгласійная тэорыя Б. Успенскага[143].
Тэорыя, распрацаваная Б. Успенскім у 1980-я гг.[144], зыходзіць з таго, што ў Кіеўскай Русі існаваў білінгвізм спецыфічнага тыпу — дыгласія, пры якой царкоўнаславянская мова і ўсходнеславянская гутарка былі функцыянальна размежаваныя. Царкоўнаславянская мова функцыянавала ў прэстыжных, „высокіх„ жанрах (імі былі кніжныя сферы), а ўсходнеславянская — у непрэстыжных, „нізкіх„ (вусныя і актава-юрыдычныя). Члены моўнага калектыву ўспрымалі гэтыя мовы як адзіную мову, якая рэалізавалася ў дзвюх формах: кніжнай і някніжнай (пераважна вуснай). Тэорыя Ўспенскага была падтрымана некаторымі вучонымі[145], пераважна на Захадзе[146], але ў многіх яна выклікала крытыку[147]. У СССР нават рыхтаваўся пагром гэтай тэорыі як непатрыятычнай, паколькі яна, на думку крытыкаў, не толькі адмаўляла функцыянаванне ст.-руськай мовы ў пісьмова-літаратурнай сферы і ўздымала ролю царкоўнаславянскай мовы, але і абгрунтоўвала немагчымасць узнікнення літаратурна-пісьмовай мовы на грунце мясцовай гаворкі ўсходніх славян[148].
Паводле Ўспенскага, у Кіеўскай Русі было дзве літаратурна-пісьмовыя мовы, паміж якімі адбывалася пераключэнне, у залежнасці ад змены камунікацыйных установак (тэматыкі выказвання) карыстальніка[149]. Выбар таго ці іншага элемента быў абумоўлены ўстаноўкамі карыстальніка: калі ён захоча, то „можа карыстацца (у той ці іншай ступені) рус<кімі> формамі„[150]. Але не ва ўсіх выпадках (і такіх выпадкаў больш) гэтыя ўстаноўкі можна было вызначыць і не заўсёды яны самі праяўляліся. Тады даследчыку нічога не заставалася, як падзяляць тэксты паводле іх жанравай характарыстыкі[151]. Такім чынам, дыгласійная тэорыя Ўспенскага апісвала толькі характар пераключэння кодаў (якое магло адбывацца нават у адным сказе)[152] і прыроду чаргавання гэтых кодаў, але яшчэ не вызначала характар самой ст.-руськай мовы. Лепшыя ілюстрацыі такіх пераключэнняў і чаргаванняў былі ўзятыя аўтарам з тэкстаў XVI—XVII ст., калі ўжо адрозненне ўсходнеславянскіх і царкоўнаславянскіх элементаў усведамлялася і лёгка кантралявалася пісцамі.
Дыгласійная тэорыя таксама не магла вытлумачыць, чаму адны сферы камунікацыі належаць да „высокіх„, а іншыя да „нізкіх„. К.-Д. Зееман тлумачыў гэта тым, што сферы права, суда, гандлю і канцылярыі фіксавалі вусныя акты мовы, тады як літаратура, асабліва тая, што ішла з Візантыі (перакладная), не была звязаная непасрэдна з фіксацыяй вусных формаў[153]. Таму актавае пісьменства адлюстроўвала вусную гаворку, хаця і не было непасрэднай гутарковай імправізацыяй; у ім былі формулы, але не было нарматываў, уласцівых кніжнаму пісьменству. Пры гэтым ён падкрэсліваў, што вусная мова права ўсходніх славян склалася задоўга да прыняцця імі хрысціянства.
Тэорыя Ўспенскага мела шумлівы поспех (праўда, хутчэй дзякуючы выключнай эрудыцыі аўтара і бліскучаму выкладу яго поглядаў), у 1980-я г. яна трыумфавала па славістычных кафедрах Еўропы і крыху спакайней — СССР, аднак у 1990-я г. надышло больш спакойнае і нават крытычнае стаўленне да яе[154]. Канцэпцыя дыгласіі ўвогуле нічога не тлумачыла і не вырашала. Фактычна, яна апісвала размеркаванне сфераў ужытку гутарковай і пісьмовай моў, але такое размеркаванне ўласціва і сучаснай мове. Больш за тое, наяўнасць тэкстаў з мяшанай мовай здольна паставіць пад сумнеў само існаванне дыгласіі[155]. Хаця сам аўтар і не адмовіўся ад сваёй тэорыі, але ў артыкуле 1995 г. ён ніводнага разу не згадаў пра дыгласію[156]. У гэтым артыкуле ён вёў гаворку пра гібрыдную царкоўнаславянскую мову, на якой была напісана асноўная маса арыгінальных тэкстаў Кіеўскай Русі, а таксама стандартную царкоўнаславянскую мову. У свядомасці носьбітаў ст.-руськая мова (якая ў аўтара перацякае ў рускую) і царкоўнаславянская выступалі як два рэгістры адзінай сістэмы, што ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго. Фактычна, гэта азначала вяртанне да поглядаў Б. Ларына і да тэрміналагічных паліятываў У. Вінаградава.
Б. Ларын лічыў ст.-руськую мову мяшанай, гібрыднай, у якой спалучаліся паўднёва- і ўсходнеславянскія элементы: у адных жанрах ці помніках пераважалі першыя, у іншых — апошнія[157]. На яго погляд, мяшанне адбывалася немінуча, паколькі ўсходнія славяне не маглі ў масе дасканала авалодаць прынесенай мовай. Пры гэтым некаторыя асобныя царкоўнаславянізмы маглі пранікнуць у жывое маўленне раней, чым у пісьменства[158]. Ён падкрэсліваў, што ў граматах і судовых кодэксах ніколі не існавала чыста ўсходнеславянскай стыхіі без царкоўнаславянскіх дамешкаў[159]. Разам з тым, і ў царкоўных помніках толькі зрэдку адсутнічалі ўсходнеславянскія элементы[160]. Такім чынам, ст.-руськая мова была ўтварэннем, сярэднім паміж царкоўнаславянскай мовай і ўсходнеславянскай гаворкай. Ідэя гібрыднай мовы (у тэрмінах таго часу — амагальмнай), у якой царкоўнаславянскія і ўсходнеславянскія элементы суадносіліся ў залежнасці ад жанру помніка, раней выказвалася Р. Вінакурам[161].
Затуханне і плён дыскусій
У выніку зацятай дыскусіі пытанне аб кваліфікацыі мовы Кіеўскай Русі заблыталася канчаткова[162]. Адны аўтары пачалі эклектычна спалучаць кампрамісныя тэорыі[163], тады як іншыя спрабавалі наогул скасаваць пытанне, абвясціўшы існаванне ў Кіеўскай Русі агульнаславянскай мовы, адзінай для паўднёвых і ўсходніх славян[164], што сустрэла крытыку[165]. З разбурэннем СССР пачало здавацца, што гэтае пытанне страціла сваю актуальнасць.
Абедзве канцэпцыі шукалі (і знаходзілі) свае аргументы ў тэкстах, часта аднолькавых. У ст.-руськіх помніках даследчыкі знаходзілі і царкоўнаславянскія, і ўсходнеславянскія элементы, якія камбінаваліся па-рознаму ў залежнасці ад жанру помніка і камунікацыі (дыскурсійнай тэхнікі). Гэта сведчыць як пра заганы метадалогіі даследчыкаў, так і пра моўную неаднароднасць ст.-руськіх помнікаў. З аднаго боку, у Кіеўскай Русі існавалі жанры і творы, што вызначаліся выключна чыстай царкоўнаславянскай мовай ці наадварот, шырокай усходнеславянскай стыхіяй і мінімальнай колькасцю царкоўнаславянізмаў, з другога, вядома шмат твораў прамежкавага, паліятыўнага характару. Але сапраўдныя суадносіны адных і другіх элементаў вывучаліся ў лепшым выпадку на прыкладзе асобных помнікаў, да таго ж часта на падставе выбарак ці фрагментаў.
Зразумела, што пабудаваныя на такім нязначным матэрыяле тэорыі насілі спекуляцыйны ці схематычны характар[166]. Гэта хутчэй меркаванні, часта аздобленыя суб’ектыўнымі інтэрпрэтацыямі, чым пагрунтаваныя на практычных доследах высновы[167]. Толькі ў 1990-я г. з’явілася сістэмнае даследаванне, якое абапіралася на статыстычны ўлік дадзеных ужо значнай колькасці помнікаў Кіеўскай Русі, як арыгінальных, так і перакладных, перапісаных з паўднёваславянскіх арыгіналаў у розных рэгіёнах[168], хаця колькасць і жанравая разнастайнасць помнікаў і тут далёка не вычарпальныя[169]. Праўда, папярэднія даследчыкі, што браліся пацвердзіць ці абвергнуць высновы Абнорскага, прыцягвалі значна менш матэрыялу: М. Мяшчэрскі аналізаваў 16 помнікаў, А. Яфімаў — 18, Б. Ларын — 23, А. Кавалеўская — 32, А. Гаршкоў — 55[170].
Яшчэ А. Гаршкоў спрабаваў з дапамогай лінгвістычнага крытэрыю вызначыць адрозненне паміж царкоўнаславянскай мовай і „народнай усходнеславянскай мовай„ (разумеючы пад ёй і дыялект, і мову пісьменства Кіеўскай Русі). Ён прыйшоў да высновы, што фанетычныя, марфалагічныя, словаўтваральныя і сінтаксічныя адрозненні паміж імі адсутнічаюць ці вельмі слабыя[171]. Адзіным магчымым крытэрыем магла б служыць лексіка, але яе галоўная частка з’яўляецца агульнай для дзвюх моў, а размежаванне адрознай лексікі не дастаткова выразнае[172]. На працягу XX ст. рабіліся спробы вызначыць уласна ўсходнеславянскую лексіку ў ст.-руськіх помніках, аднак іх вынік (далёка не бясспрэчны) не пераўзыходзіць сотні слоў[173], тады як агульная і ўласна царкоўнаславянская лексіка налічвае дзесяткі тысяч слоў. Таму Гаршкоў прапаноўваў вызначаць ст.-руськія помнікі паводле семантыкі і экспрэсіі іх лексікі, сінтаксічных асаблівасцяў і нават мастацка-выяўленчых прыёмаў (г. зн. дыскурсійных структур)[174]. У сувязі з гэтым ён патрабаваў усё больш тонкіх і глыбокіх доследаў, якія нібы толькі і здольныя вырашыць пытанне, без звяртання да генетычных (фармальных) параметраў[175]. Якраз такія параметры неаспрэчана сведчылі, што аснова царкоўнаславянскай мовы і мовы пісьменства Кіеўскай Русі — аднолькавая[176]. Праўда, насуперак логіцы А. Гаршкоў лічыў яе… „рускай„, паколькі, маўляў, стваральнікамі тэкстаў і іх карыстальнікамі былі „рускія„ кніжнікі[177]. Такой тэрміналагічнай эквілібрыстыкай вучоны спрабаваў вырашыць заблытанае пытанне.
Заключэнне
Пытанне аб паходжанні літаратурна-пісьмовай мовы Кіеўскай Русі доўгі час насіла акадэмічны характар. Аднак на пачатку 1930-х г. у СССР яно было штучна раздзьмутае зусім не па навуковых прычынах. На замову ўлады (калі не прамымі інспірацыямі Сталіна) і ўзнікла аўтахтонная канцэпцыя, якая ў пасляваенны час здабыла поўную падтрымку савецкага кіраўніцтва[178]. Умяшанне ўлады не толькі справакавала працяглую дыскусію, але і ператварыла акадэмічнае пытанне ў палітычнае. Гэта ўскладніла вырашэнне ўсяго пытання ў паслясталінскія часы, калі недарэчнасці аўтахтоннай канцэпцыі ўжо маглі публічна крытыкавацца. Быў створаны шэраг складаных і ўвогуле неадэкватных тэорый з мэтай захаваць сутнасць канцэпцыі і прыстасаваць яе да новых фактаў і поглядаў, знайсці кампраміс паміж навукай і дзяржаўнай ідэалогіяй.
І справа тут была ўжо не ў сервілізме савецкіх мовазнаўцаў. Многія з іх шчыра падзялялі аўтахтонную канцэпцыю ці яе мадыфікацыі, паколькі гэта адпавядала іх патрыятычным пачуццям. Для многіх расійскіх аўтараў сама думка, быццам мова „вялікага і магутнага„ народа можа грунтавацца на нярускай, чужыннай аснове, здавалася хлуслівай ці непраўдападобнай[179]. Яны не маглі згадзіцца з тым, што духоўныя каштоўнасці іх народа могуць быць створаныя на чужой, прынесенай мове. Падобны падыход на самай справе з’яўляецца ненавуковым і антыгістарычным, паколькі гісторыя якраз сведчыць, што мовы больш развітых культур абслугоўвалі, нягледзячы на сваю чужыннасць, камунікацыю менш развітых (прыклады, пачынаючы ад Вавілоніі да эпохі Рамантызму, добра вядомыя, каб іх прыводзіць). Аўтахтонная канцэпцыя якраз і была пакліканая абвергнуць гэта і абгрунтаваць з лінгвістычнага боку самабытнасць ды высокі ўзровень развіцця ўсходніх славян у старажытнасці.
Недахоп Абнорскага быў у тым, што ён, імкнучыся распаўсюдзіць сваю гіпотэзу на ўсё пісьменства Кіеўскай Русі, абапёрся толькі на ўсходнеславянскія элементы. Улік толькі гэтых элементаў абмяжоўваў „ст.-руськую мову„ некалькімі юрыдычна-актавымі помнікамі[180]. Сапраўды, менавіта ў такім аб’ёме помнікаў, на такой тэкставай базе (вельмі нешматлікай) і можа быць прызнана існаванне ст.-руськай мовы[181]. Гэтак разумелі яе А. Шахматаў, А. Сабалеўскі і шмат іншых вучоных[182]. Але ў такім выпадку адпадае неабходнасць у самім тэрміне „ст.-руськая мова„, паколькі для гэтага лінгвоніма не знаходзіцца этноніма (ніякіх „старажытных русаў„ не існавала[183], былі толькі ўсходнія славяне) і з большым правам яго замяняе тэрмін „усходнеславянская мова„. Гаворку можа весці пра ст.-руськую літаратуру ці кніжнасць, але не пра мову[184]. Для большасці расійскіх вучоных гэта здавалася нонсэнсам ці парадоксам[185]. Яны не маглі перамагчы ўласнага патрыятызму і адмовіцца ад традыцыйнага тэрміна, з якім былі звязаныя ўяўленні пра былую веліч іх дзяржавы[186].
Здавён расійскае імперскае гледжанне разглядала Кіеўскую Русь як пачатковы этап расійскай імперскай дзяржаўнасці. Адпаведна гэтаму яе мова ўважалася расійскімі вучонымі XIX ст. за пачатковы этап амаль выключна рускай літаратурнай мовы. Гэты погляд у цэлым быў акцэптаваны ў 1930-я г. і савецкай ідэалогіяй, хаця і з дамешкам інакшага разумення этнічнай ды моўнай гісторыі ўсходніх славян, а менавіта як супольнасці / спадчыны трох усходнеславянскіх народаў. Праўда, такое разуменне арыентавалася хутчэй на навукоўцаў УССР і БССР і было неабавязковае для расійскіх вучоных. І сапраўды, імпліцытна расійскае мовазнаўства на працягу ўсяго XX ст. лічыла ст.-руськую мову пачатковым этапам рускай мовы. Ва ўяўленні некаторых расійскіх вучоных Кіеўскую Русь наогул насяляў адзіны „рускі„ народ, а ўкраінцы і беларусы з’яўляліся толькі недзе з XIV ст., прычым са складу „рускага„ народа[187]. У такім выпадку тэрмін „ст.-руськая мова„ аўтаматычна станавіўся запатрабаваным як назва пачатковага этапу рускай мовы.
Таму гіпотэза Абнорскага была раскрытыкаваная савецкімі аўтарамі не за сваю ненавуковасць, а за тое, што абапіралася толькі на ўсходнеславянскія элементы[188]. Да ст.-руськай мовы трэба было далучыць не толькі некалькі юрыдычна-актавых крыніц, але — і галоўным чынам — усё велізарнае пісьменства Кіеўскай Русі. Менавіта на гэта і былі арыентаваныя ўсе карэктывы аўтахтоннай канцэпцыі і кампрамісныя тэорыі, што паўсталі ў 2-й палове XX ст. Усе яны так ці інакш спрабавалі звязаць гэтае багатае пісьменства з рускай мовай і крытыкавалі гіпотэзу Абнорскага хутчэй у дэталях, чым па сутнасці[189]. У выніку, да ліку ст.-руськіх помнікаў прылучаліся ці не ўсе тэксты ўсходнеславянскага паходжання, напісаныя кірыліцай — усіх іх можна было прызнаваць варыянтамі адной мовы, яе тыпамі ці стылямі[190].
Сама шматлікасць ды складанасць прапанаваных карэктываў і тэорый ужо сведчыць пра іх неадэкватнасць. Да таго ж большасць аўтараў грунтавалася на матэрыяле параўнальна невялікага кола помнікаў, імкнучыся ахарактарызаваць не столькі мову помніка цалкам, колькі паказаць усходнеславянскі элемент у ім, прычым часта абмяжоўваючыся фрагментамі ці прыкладамі. У выніку ўзнікала карціна, што падпірала хутчэй ідэі даследчыка, чым адлюстроўвала моўную рэальнасць. Тым не менш, з дапамогай такіх „доследаў„ і „прац„ абгрунтоўваліся „навуковыя„ ідэі палітычна-прапагандысцкай накіраванасці і граміліся няўгодныя навуковыя канцэпцыі, як гэта было, напрыклад, з тэорыяй Б. Успенскага[191].
Насамрэч можна казаць пра існаванне толькі адной літаратурна-пісьмовай мовы Кіеўскай Русі — царкоўнаславянскай[192]. У некаторых творах і жанрах у яе складзе прысутнічалі ўсходнеславянскія элементы, ці то як вынік памылак, ці то як арганічны складнік тагачаснай нормы, ці то як адлюстраванне народнай гутарковай стыхіі, аднак ва ўсіх выпадках яны былі нязначныя, каб даць пачатак іншай мове[193]. Гэта быў хутчэй усходнеславянскі (ці ст.-руські) варыянт (інакш — рэдакцыя) царкоўнаславянскай мовы. Пры жаданні, у яго складзе можна вылучаць народна-побытавыя ці эпічна-паэтычныя шыхты або плыні (аднак здаецца, што называць іх стылямі метадалагічна хібна, паколькі ў сучаснасці немагчыма адчуваць стылістычную афарбоўку старажытных тэкстаў, а стылеўтваральныя маркеры іх мовы практычна не вывучаныя).
Тым не менш, асобная мова ўзнікла ў Кіеўскай Русі — гэта мова юрыдычна-актавага пісьменства, заснаваная на ранейшай вуснай традыцыі права ўсходніх славян, але не без царкоўнаславянскага ўплыву. Гэтая мова не выкарыстоўвалася для стварэння літаратурных твораў, таму можна спрачацца, ці лічыць яе літаратурнай мовай. У любым выпадку гэтая мова мела абмежаваны і даволі дакладна акрэслены ўжытак; менавіта яна і стала падмуркам для канцылярскай мовы ВКЛ з XIV ст.