|
ЛІТАРАТУРНЫ АКАЛОТ:
АНТОН БЕЛАРУСАЎ-СКАЛКА
Дваццатае стагодзьдзе падаравала беларускай ідэі новую,
незвычайна плададайную прастору, – нацыянальны маргінэс. Заваёўнік яго авалодвае
й палітычнай воляй Беларусі. Маргінэс як зьява тым больш цікавая й вартая
адмысловай увагі, што нацыянальнаму руху часта закідаюць сталічную сухотнасьць і
непрыжыласьць у жывым народным целе, – гэткае рыцарскае, але марнае змаганьне зь
ветраком сьвятой трыадзінаславянскай рускасьці. Тым часам беларуская
нацыянальная ідэя ўжо на пачатку ХХст. выйшла з абалонкі чыстай тэорыі й пачала
інтэрпрэтавацца й спажывацца ня толькі вузкім колам адукаваных этнафілаў і
рамантыкаў. Але маргіналізацыя нацыянальных лёзунгаў, іх перафармуляваньне ў
палітычную волю й шырокі рух яшчэ ня сталі прадметам асобнага вывучэньня. Шырокі
грамадзкі абсяг ідэі, дэтальныя геаграфічныя й сацыяльныя абрысы, бытаваньне й
пэрспэктывы толькі цяпер пачынаюць акрэсьлівацца. Нам дагэтуль мала вядома
хто складаў нацыянальны маргінэс, яго ўнутраную разгалінаванасьць, дачыненьні з
беларускай элітай, іншанацыянальнымі маргінальнымі слаямі, палітычныя
прыхільнасьці й ўплывы й г.д. Шмат пытаньняў, і, вядома, на прыкладзе
біяграфічных фактаў адной асобы, пра якую мы й павядзем гаворку, немагчыма
дастаткова адказаць на іх. Але Антон Беларусаў-Скалка, наш рэальны гістарычны
пэрсанаж, – шмат чым тыповы й грамадзкаактыўны нацыянал-камуніст-маргінал.
Ацаніць гэтую іпастась як каштоўнасьць сучасьнікі не маглі, таму й
дакумэнтальных матэрыялаў, кніг, лістоў амаль не захавалася. Але нават тое, што
ўдалося выявіць і храналягізаваць дае пэўнае ўяўленьне й адказы на пастаўленыя
вышэй пытаньні.
Магiлёўская ладзьдзя
Скора, скора сьнег растаiць, З нашай рэчкi сьнег сайдзець.
Скора, скора па ўсiм странам Рэвалюцыя прайдзець. Запісаў
А.Скалка ў калгасе «Север»
Упершыню прозьвiшча Антона Беларусава мы сустрэлi ў краязнаўчым
зборнiку «Магiлёўшчына», выдадзеным пад ягоным кiраўнiцтвам i рэдакцыяй. Гэта
было першае непэрыядычнае выданьне Акруговага Таварыства Краязнаўства. Зборнiк,
як адзначалi ў прадмове ўкладальнiкi, прызначаўся «да патрэбаў нiзавых
савецкiх працаўнiкоў i настаўнiкаў [...] У нашым зборнiку зьмешчана ўсяго
патроху. Поўнасьцю апрацаванай нi воднай галiны жыцьця ў нас няма». I ўсё
ж, шануючы самакрытычнасьць укладальнiкаў, зазначым, што том зьмяшчае мноства ня
толькi павярхоўных, але i больш-менш грунтоўных, цiкавых артыкулаў з гiсторыi,
прыроды, эканомiкi, этнаграфii, савецкага будаўнiцтва й асьветы i краязнаўства.
Была гэта першая i досыць удалая спроба рэгiянальнага краязнаўчага выданьня.
Менавiта са зборнiка «Магiлёўшчына» мы й атрымалi пачатковае ўяўленьне пра
краязнаўчы гурток у Саўпартшколе й пра ролю ў яго працы Антона
Беларусава: 20-га сакавiка 1926 года зьявiлася агульная думка мацней
замацаваць краязнаўчую працу i ўзяць напрамак вывучэньня эканомiкi краiны.
Гурток аформiўся з лiку 83 асоб i склалi бюро гуртка з лiку 7-х асоб. Першым
гэтую думку на сходцы высунуў т.Беларусаў, якi зрабiў даклад аб мэце
краязнаўства. У склад бюро аднагалосна былi зацьверджаны пратаколам агульнага
сходу гуртка наступныя таварышы: старшынёю гуртка краязн. Лапiцкi Рыгор Конанаў,
кiраўнiком гуртка – т.Беларусаў i сябрамi гуртка т.т. Пераход, Рубiнштэйн,
Кукелко, Бурдо, Хацкевiч, Новiкаў, Мiгуцка i Верамей. 15-га лiстапада
адбылася сходка гуртка, на якой т.Беларусаў унёс прапанову, каб, як паказьнiка
краязнаўчае працы, адчынiць пры саўпартшколе краязнаўчы музэй i абраць загадчыка
i сэкрэтара. Думку яго аднагалосна сход зацьвердзiў. Музэй адчынiлi пры школе.
Загадчыкам музэю i адначасова сэкратаром прайшоў т.Лапiцкi». Як далей
пiшуць студэнты Саўпартшколы, школьная рада даручыла рэдагаваньне школьных
выданьняў «аднаму з настаўнiкаў, журналiсту А.Скалцы, якi ўвесь час кiраваў
выданьнямi школы i дзеля чаго скарыстоўваў нас на практычнай працы i мы пачалi
рабсялькорыць». Рэдкалегiя дала назву насьценгазэце «Партшкольскi шлях», а
сьветгазэце – «Партшкольскi прамень». Да напiсаньня самага папулярнага аддзелу
газэты «быў далучан т.Скалка. Мы дагадвалiся аб яго псэўданiму па яго
зьмешчаных у насьценгазэце характэрных лiтаратурных творах i вершах»
<Р.Лапіцкі. Аб краязнаўчай працы ў Магілеўскай саўпартшколе.
С.156–157> . Расшыфраваць творчы псэўданiм Скалкi было няцяжка й нам. У
пададзенай напрыканцы зборнiка «Магiлёўшчына» краёвае бібліяграфіі Антон
Беларусаў пад клiчнiкам «Увага» зьмясьцiў некаторы бія- і бiблiяграфiчныя
падрабязнасьцi пра сваю асобу: «Аўтар працаваў у пачатку рэв. 1917г. i далей
па псэўданiмам Беларус, Скалка, Кукса i iнш. Супрацоўнiчаў ён рэпарцёрам i
карэспандэнтам у газэтах «Красный воин», «Сигнал», «Звезда», «Савецкая Беларусь»
i iнш.» Што да «характэрных лiтаратурных твораў» нашага героя, дык
сапраўды, яго творчую манэру наўрад ці зблытаеш з чыёй іншай – напорыстая,
чырваназорная, набурапененая ўтварызмамі й рабсяльмоднымі сынтаксiчнымі
канструкцыямі, цяжкая да перайманьня. Мяркуем, што скептычныя стылiсты й
гiсторыкi не даравалi б нам падмены цытаты пераказам: Да рэвалюцыi
Магiлёў зьяўляўся чорнай плямай, дзе гайдалiся чорныя гiдровыя«стаўкі» Мiкалая
крывавага i адшчапенца Керанскага. ГIСТОРЫЯ Магiлёва прыблiзна такая: у ХIV веку
Магiлёў быў ужо вядомы сваiм сярэднявяковым гандлем. Магiлёў не малую ролю iграў
у сацыяльнай барацьбе, ў вунiяцкай справе супраць насаджэньня так
званага«православия». У 1648 г. Магiлёў быў заняты беларускiмi (чаркасамi)
казакамi, а ў 1654 г. ён ужо знайходзiўся ў руках Маскоўскага царства i ў 1661
г. перайшоў да Польшчы. Ў 1708 г., у часы вайны з швэдамi М. быў спалены
дазваньня па загаду Пятруся 1-га. Ў 1772 г. быў прылучан (iнкорпараваны) да
Расii, а ў 1923 годзе Магiлёў увайшоў ў склад акруг БССР i з легендарнага
чорнага ён стаў чырвоным. Зараз Магiлёў, з боку дабрабыту i ажыўленьня ўзрос
так, як нiколi, дзякуючы стараньню яго рухачоў-рабочых агулом i кiраўнiкоў
гораду т.т. Абрамчука, Грысевiча, Дубiны i Жалiхоўскага прыватна. Магiлёў i з
надворнага i з ўнутранога бакоў пасьля заняпаду аправiўся i тым, што
пераадбудаваўся, перабрукаваўся i галоўнае зьвяжацца пры дапамозе новае чыгункi,
(Асiповiчы-Чавусы-Рославль) з Менскам, Смаленскам, Гомлем, перасякаючы новыя
глухiя куткi Магiлёўшчыны. Упарадкованы сады, пабудована новы летні тэатр i iнш.
НАЦПЫТАНЬНЕ. Цяжкая царыцкая гiсторыя. Нацменшасьцi добра паддалiся асымiляцыi
аканьня. Вось ён, у кароткiх рысах, быўшы чэзлы i сьпятрэўшы ў прошлым i
стаячы на правiльным эканамiчным i культурным шляху сучасны наш Магiлёў,
патрабуючы яшчэ некаторае нашае да яго ўвагi для таго, каб ён, нарэшце, дачакаў
свайго належнага адраджэньня». <Магілёў у прошлым і
сучасным.> Навуковая публіцыстыка – не адзіная творчая галіна, у якую
Антон Беларусаў актыўна заангажаваўся. У зборніку ён фігуруе ня толькі як аўтар,
але й як перакладчык, настаўнiк i правадыр моладзi – у прыватныя гадзiны вучыў
студэнтаў Саўпартшколы «пiсаць i даваў нам належныя веды, парады i
кнiжкi» <Рабсельваенкоры Магiлёўскай беларускай С.П.Школы. (Калектыўны
артыкул групы студэнтаў.)> Аддамо належнае Антону Беларусаву, яго актыўнасьць
у Магiлёве, ды й сам зборнiк скаланулi ціхамірны, спаважны сон мясцовай
iнтэлiгенцыi. Ня выключана, што ён спрабаваў свае сілы і ў літаратурным асяродку
Магілёўскай філіі «Маладняка». Але, відаць, да сяброўства дапушчаны ня быў, бо
нідзе па маладнякоўскіх дакумэнтах і зборніках не праходзіць.
Рэцэнзіі на «Магілёўшчыну»
У 1927 годзе газэта «Савецкая Беларусь» у нумары ад 5 чэрвеня
апублiкавала рэцэнзiю на зборнiк. Як адзначаў рэцэнзэнт К.М. (Касьпяровіч
Мікалай), выданьне засьмечанае мноствам «рэдакцыйных, тэхнiчных i iнш.
памылак». Але цалкам зборнiк небеспадстаўна быў ацэнены досыць высока за
«багацьце i распрацаванасьць матар'ялаў»: Даная праца цалкам
вырашае заданьне: даць весткi аб сваiм краi, у iх-жа намецiць шляхi да далейшага
вывучэньня краю i паказаць як аб'екты, так i крынiцы (лiтаратурныя таксама)
гэтага вывучэньня. [...] Краязнаўцы iншых акруг, дзе магчымасьцi для выданьня
сваiх прац большыя, убачаць у «Магiлёўшчыне» напамiн аб патрэбе не аставацца
ззаду. У тым жа месяцы часапісь «Маладняк» (1927. №6. С.99–100)
зьмясьціла рэцэнзію М.Волмара (Той жа М.Касьпяровіч). Аўтар, вядомы й
аўтарытэтны краязнаўца, адзначаў, што выхад зборніка «мае большае значэньне
для Магілёўшчыны, чым выхад першага выданьня Расейскай Акадэміі Навук для
Расеі». Як выбітныя матэрыялы рэцэнзэнт адзначыў дакладную М.Савіча пра
батанічнае раянаваньне акругі, «Нарысы з мінулага Магілёўшчыны» Я.Мацьвяёнка, а
менавіта разгляд Баркалабаўскага летапісу. «Зусім новая» праца – артыкул
Я.Сушынскага «Аб гандлі людзьмі на Магілёўшчыне». На думку рэцэнзэнта, самы
слабы разьдзел – этнаграфічны, куды ўключыў свае артыкулы Беларусаў-Скалка.
Увогуле, большасьць памылак выданьня, як лічыў рэцэнзэнт, «амаль цалкам
залежаць ад рэдакцыі»: пераблытаны матэрыялы па рубрыках, шмат блытаніны й
памылак у спасылках. І ўсё ж, «трэба вітаць і пашкадаваць, што іншыя акругі,
у якіх ня меншыя, а часам і большыя магчымасьці, яшчэ не падарылі нас у гэтым
годзе ніякімі сваімі выданьнямі». Яшчэ адзін водгук, гэтым разам
ажурна-мажорны, на выхад зборніка быў зьмешчаны пад рубрыкай «Пазнай свой край»
у газэце «Чырвоны Сейбіт» (1927. №13. 29 мая). Рэцэнзэнт А.М. (праўдападобна,
гэта яшчэ адзін псэўданім Антона Мікалаевіча Беларусава) пісаў, што зборнік дае
поўнае ўяўленьне аб Магілёўшчыне «пачынаючы легендарнымі магіламі льва і
канчаючы сягоняшнім Магілёвам Беларускім, поўным імкненьняў да творчага
культурнага савецкага будаўніцтва». Праз колькi месяцаў пасьля выхаду
першага тому «Магiлёўшчыны», зьявiўся й другi краязнаўчы зборнiк, якi называўся
«Магiлёўшчына да 10-й гадавiны Кастрычнiкавай Рэвалюцыi». Але падрыхтаваны ён
быў да друку Акрвыканкамам ужо без струмяністага ўплыву Антона Беларусава, мо
таму й аказаўся справаздачна сухім.
Біяграфія
Бiблiяграфiчная даведка, зьмешчаная ў зборніку «Магілёўшчына»,
рэпрэзэнтавала Антона Беларусава як рэвалюцыянэра-адраджэнца са стажам i з
шырокай геаграфiяй твораньня: у 1918 годзе ў Тыфлiсе, магчыма, па-беларуску, ён
пад псэўданімам Супраўшчанскі Курыла выдаў кнiгу «Очэрк i дума аб
Беларусi», «пасьвечаны рабочым i сялянам Беларусi». Аўтар рупліва падпісаў
выходныя дадзеныя кнігі: А.Н.Беларусов. Выд-не друкарнi Закаўк. чыгунак. Тыфлiс,
1918, 43 стр. Тыраж 3000 эк. На жаль, знайсьцi саму кнiжку ў бiблiятэках
Беларусi, цi хоць якiя згадкi пра яе ў бібліяграфічных даведніках нам не
ўдалося. Але, калi выданьне ўсё ж iснавала, – гэта сапраўдная падзея й каштоўны
факт для гісторыі беларускага кнiгадруку, бо гэта першая вядомая нам беларуская
кнiга тыфлiскага паходжаньня. Загадкай застаецца творчая ідэя кніжкі, яе
мастацкае ўвасабленьне аўтарам ды комплекс іншых пытаньняў, як, напрыклад,
геаграфія чытацкае аўдыторыі, фінансаваньне выданьня й г.д. Магчыма, Антон
Беларусаў, як асоба калектывісцкая, не абмінуў сваім сяброўствам Беларускую Раду
– невялікую арганізацыю, накшталт зямляцтва, якая ў тыя гады існавала ў Тыфлісе;
яна й магла надаць А.Курылу-Супраўшчанскаму-Беларусаву творчы імпульс і ўзяць на
сябе патрэбны выдавецкі клопат.
* * *
Нават павярхоўнае знаёмства са стыхiяй ладу й складу пiсаньняў
Беларусава дало падставу засумнявацца і ў сапраўднасьці ўжыванага ім
прэтэнзiйнага прозьвiшча, i ў паўнаце біблiяграфiчнай даведкі, складзенай,
хутчэй за ўсё, ім самім. Эпатажная натура вымагала арнамэнтальнага іміджу.
Чарговая сустрэча з А.Беларусавым прасьвятліла таямніцу яго паходжаньня. У
фондах Беларускага Дзяржаўнага Архіва захавалася пэрсанальная справа студэнта
пэдагагічнага факультэта сацыяльна-гістарычнага аддзяленьня БДУ Антона
Беларусава. Нарадзіўся 14 ліпеня 1886 года ў Лідзкім павеце Ганчарскае
воласьці, у вёсцы Супраўшчына (адсюль псэўданім Супраўшчанскі Курыла для
тыфліскае кніжкі). Скончыў пачатковую школу ў вёсцы Ганчары й народнае
вучылішча. Быў пакліканы з запасу на вайсковую службу (прыкладна ў 1914 г.) і
пакінуты на службе на Закаўкаскай Чыгунцы ў падпарадкаваньні камэнданта станцыі
Тыфліс. Сярод дакумэнтаў асабовае справы захоўваецца пасьведчаньне, выдадзенае
«канторшчыку Шляхоў Упраўленьня Закаўкаскай Чыгункі Курылу Антону, што ён,
каб паступіць на службу вольнавызначаным другога разраду, здаў у красавіку 1915
г. адмысловыя іспыты па Законе Божым, расейскай мове, арытмэтыцы, геамэтрыі,
гісторыі й геаграфіі ў 2-й Тыфліскай Імпэратарскай Гімназіі». На
пасьведчаньні ёсьць пазьнейшая прыпіска, зробленая рукой Беларусава, відаць,
перад паступленьнем ва Ўнівэрсытэт: «окончил ещё 6 кл.б.ср.гр.зав., но
свидетельства в следсв. воен. вр. не имею. А.Беларусов». У 1921г.
Народны Камісарыят Асьветы БССР атрымаў заяву ад перакладчыка Дзяржвыду (!) і
слухача лектарскіх курсаў Антося Мікалаевіча Беларусава (Курылы) з просьбай
залічыць яго ва Ўнівэрсытэт. Пратэкцыйная сыстэма паступленьня ў вышэйшыя
навучальныя ўстановы для чырвонаармейцаў і моладзі рабоча-сялянскага прызыву
тады шырака практыкавалася. У тым жа годзе Антон Беларусаў быў залічаны адразу
на 3 курс этноляга-лінгвістычнага аддзяленьня пэдагагічнага факультэту БДУ.
Вучыўся «пераважна здавальняюча». Такое ж«здавальняючае» было й яго агульнае ды
палітычнае разьвіцьцё па азначэньні сакратара Ляхаўскага РК КПБ Менску, які вёў
на факультэце Ленінскі сэмінар. Студэнт А.Беларусаў меў жонку Ксенію Сьцяпанаўну
й сына Мікалая 7 год (дадзеныя на чэрвень 1923 г.). Цікавай нам падалася
захаваная ў пэрсанальнай справе студэнта Беларусава яго пасьляўнівэрсытэцкая
перапіска з адміністрацыяй і прафэсурай БДУ. Беларусаў ужо працаваў выкладчыкам
Магілёўскай Саўпартшколы й дамагаўся, каб выдадзены пад яго рэдакцыяй зборнік
«Магілёўшчына» быў залічаны як дыплёмная праца. Заява ў Праўленьне
Б.Д.Унівэрсытэту: Прыкладаю пры гэтым сборнік падрыхтаваны пад маім
кіраўніцтвам і рэдакцыяй «Магілёўшчына» у якім прыведзены і мае артыкулы і
паасобная праца (старонкі: 185–100,–164 пад №104б), прашу аб залічэньні гэтае
працы дыплёмнай па пэдфаку БДУ, які я скончыў у 1925 г. Працаваў я пад
кіраўніцтвам праф. Ігнатоўскага. Дадатак: 1)Зборнік «Магілёўшчына», 2) выпісь
з прат №8, 3)рэцэнзія на Зборнік і 4)выпускное пасьветч. №9 Настаўнік
Магілёўскай Саўпартшколы, Сябар КП(б)Б. А.Беларусаў. На заяве
збоку пісаная алоўкам рэзалюцыя Ігнатоўскага: Лічу, што праца,
вызначаная т-шчам Беларусавым можа быць залічана, як дыплёмная. У.Ігнатоўскі
1927, 27,VI. Аднак рэзалюцыя Ігнатоўскага мела адно дарадчы
характар. Прэтэнзіі ж Беларусава на сваю арбіту ў навуковым кругазвароце
выклікалі абурэньне й нават пратэст выкладчыкаў, якім, зрэшты, у тыя гады
даводзілася мірыцца й зь яшчэ больш нізкім інтэлектуальным узроўнем студэнтаў
чырвонага прызыву. Тузаніна за прызнаньне дыплёмнай працы цягнулася больш за год
і невядома чым скончылася. Апошняя вядомая нам заява ў дэканат была датаваная
26 ліпеня 1928 г. А.Беларусаў нагадваў пра зборнік і прасіў выдаць яму дыплём.
Нагадаў ён гэтаксама пра атрыманую ім у свой час рэкамэндацыю парт'ячэйкі
пэдфаку «ў навуковыя працаўнікі», пра чытаньне ім у 1925 годзе на факультэце
лекцый па камунізьме, спасылаўся на станоўчыя характарыстыкі Аддзелу Агітацыі й
Прапаганды ЦК КПБ. Аўтар ліста папракаў дэканат, што той зусім ня дбае пра
навуковую дапамогу студэнтам: Нельга ж займацца справай парады
студэнтам кідаць нав. працу і абражаньнем іх. А.Беларусаў
зьвяртаўся з просьбай: ...прыняць пад увагу погляд лепшага і
паважанага ўсімі намі т. і праф.У.Ігнатоўскага і выдаць мне дыплём, тым больш,
што па ўмовах здароўя я еду на поўдзень і ня буду мець магчымасьці гадоў 3 быць
навуковым працаўніком БДУ, а наадварот за 2–3 гады я змагу справіцца здароўем і
падцягнуцца на настаўніцкай працы да вышыні, якая патрабуецца пераходнай сац-й
эпохай і навукай. Адказ прасіў слаць у Наварасійск, Чарнаморская
акруга, вул.Камінтэрну, дом 34, Іназемцаву для Беларусава. На адвароце заявы
– пячатка пастановы праўленьня БДУ ад 19 верасьня 1928 г.: Артыкул
зьмешчаны ў зборніку не распрацован належным чынам, а па гэтаму ў хад-ве
адмовіць. Але вернемся трохі бліжэй да вытокаў
нацыянальна-грамадзкай заангажаванасьці нашага героя. Імя Антона
Курылы-Беларусава часта сустракаецца сярод сотняў невядомых сёньня прозьвішчаў
удзельнікаў беларускага руху пачатку 20-х гадоў у Менску. Увесну 1921г.
Беларусаў скончыў Менскія Дзевяцімесячныя Курсы Беларусазнаўства, дзе выкладалі
Лёсік, Ігнатоўскі ды інш. Узборніку «Адраджэньне» (Мн., 1922. Сш.І) ёсьць згадка
пра выступ Антона Беларусава ад імя слухачоў курсаў на выпускной вечарыне, дзе
Лёсік сказаў сваю славутую прамову-запавет: Вы ўжо ня тыя, што былі,
бо пакаштавалі пладоў з таго дрэва, што называецца беларускай справай,
беларускім адраджэньнем. [...] і пазналі вы таямніцы ўваскрасеньня айчыны нашай,
маці-Беларусі [...] Цяпер, як ясныя зоркі, разыдзецеся вы па Беларусі, каб
панесьці з сабою вялікую радасьць аб уваскрасеньні Беларусі. [...] Але бойцеся,
каб не пагасла сьвечка ваша, бо ня раз бура захопіць вас у дарозе, і не адну
навальніцу прыдзецца перажыць вам у часе свае падарожы. У адным зь
вясновых нумароў газэты «Савецкая Беларусь» зьявіўся допіс Скалкі пра выпуск
курсаў. На пачатку 20-х гадоў, ва ўмовах выразнага процістаяньня беларускага
руху й камуністычнае ўлады ў БССР, сьвядомасьць Антона Беларусава спалучала
нацыянальныя й камуністычныя ідэалы. Ён быў ня проста «камандыраваны» партыяй
адраджэнец па службе. Яго фэномэн як партыйнага нацыянала мог быць народжаны
зацятай перакананасьцю, эклектызмам і лёзунгавасьцю мысьленьня ў спалучэньні зь
нізкім узроўнем культуры й адукацыі. Да характарыстыкі А.Беларусава дадамо, што
ён такі сапраўды аказаўся адным зь нешматлікіх, хто, нібы па запавеце Лёсіка,
неўзабаве паехаў выконваць нацыянальную місію на далучаных да БССР усходніх
этнаграфічных землях. Нашаму герою наканаваная была магілёўская эпапэя, якая не
абышлася бяз «бур» і «навальніц». У архіве захавалася заява А.Беларусава ад 5
сьнежня 1921 г. у Праўленьне Беларускага Рабочага Клюбу прыняць яго ў склад
сяброў. У той час сябрамі клюбу былі Купала й Колас, Чарот, Лёсік, Ігнатоўскі,
Серада. У архіве знайшлася й кароткая аўтабіяграфія А.Беларусава, датаваная
1/VII-1924 г.: Беларусаў Антон Мікалаевіч, працаваў у культурным
сэктары Аляксандраўскай чыгункі: інспэктар палітасьветы. У часе вайны ў Чырвонай
арміі. Верасень 1922 г. – праца ў Менскім павятовым аддзеле народнай адукацыі.
Нарадзіўся 14/VII- 1886г. Служыў у старой арміі пісарам, у Чырвонай рэпарцёрам у
палітаддзеле і карэктарам. Заўвага: яшчэ да 1917г. вёў працу па арганізацыі
Беларускай сацыялістычнай грамады. З 20/II-1919 – камуніст. 20
красавіка 1924г. газэта «Савецкая Беларусь» у артыкуле «Да ўсебеларускага зьезду
эспэрантыстаў» паведамляла, што ЦК Саюзу Эспэрантыстаў Радавых Краін (СЭРК)
зацьвердзіў склад аргкамісіі па скліканьні 1-га Ўсебеларускага зьезду
эспэрантыстаў. У склад камісіі ўвайшлі Я.Клыс, З.Сьнежка й А.Беларусаў (між
іншым, ён не згаданы сярод арганізатараў зьезду ў найбольш поўным нарысе пра рух
эспэранта ў Беларусі ў кнізе Адама Паўлюкаўца «Мова эсперанта» (Мн., 1992). Як
бачым, зацікаўленьні Антона Беларусава былі вельмі шырокія. Таму не даводзіцца
зьдзіўляцца, што ён выказваўся ў друку й па пытаньнях аграрных, літаратурных ды
іншых.
Заранкi Там, наперадзе,
ля бочкі Увіхаецца Глыбоцкі, А Цьвяткоў і Байкоў Падтрымоўваюць з
бакоў. Спажыўца заўзята, палка Заклікае зьверху Скалка: «Налятай
хутчэй, дурніцы! Падстаўляй ямчэй дайніцы! Спажывай крытычны квас!
Самы цымус – гэта ў нас!» Кандрат Крапіва. Хвядос – Чырвоны
нос.
Беларускі ўсход даўно гіпнатызаваў нас сваёй часам гратэскавай
сур'ёзнасьцю й касьмічнай місійнасьцю. Так ужо сталася, што формы палітычнай і
нацыянальна-культурнай актыўнасьці там ніколі не былі надта разьвітыя, затое не
бракавала неўструктураванай стыхійнай энэргіі. Ёсьць у ёй пэўная прывабнасьць, –
не ў эфэктыўнасьці, але эфэктнасьці. Менавіта гэтая люрыксная кідкасць і была
тым першым магнітам, які прыцягнуў нашую ўвагу да асобы Антона
Беларусава-Скалкі. І ня нас адных разабраў яго вiхурны талент. У тым жа
плададайным 1927 годзе выйшла чарговая кнiжка за ягоным аўтарствам – «Заранкi»,
выданьне Магiлёўскага Акрлiта №147. Зборнiк, на жаль, ня знойдзены. Але, дзякуй
Богу, Антон Беларусаў, каб запабегчы выпадковай увагi крытыкi, сам тады ж абраў
сабе знанага сваім вострым пяром рэцэнзэнта, даслаўшы Анатолю Вольнаму зборнiк
разам з запрашэньнем плячо ў плячо iсьцi ў сацыялiзм. I Вольны не ўтрымаўся,
апублiкаваў у «Савецкай Беларусi» (1927. 11 студзеня) пад псэўданiмам Алёша
рэцэнзiю «Ой, расьцьвiла ружа...». Асобныя, найбольш, на нашую думку, яркія
часткi гэтай рэцэнзii вартыя цытаваньня, бо гэта, бадай што, адзiная магчымасьць
скласьцi ўяўленьне i пра страчаны зборнiк«Заранкi», і пра творчы алюр
Беларусава-Скалкi, ды й пра рэакцыю на гэтае явiшча сучасьнікаў. Рэцэнзiя
пачыналася можа не зусім клясычна, але эмацыйна адпаведна: – О-го-го!
Ды яшчэ я сам пакуль у руках трымаю аловак, ды я iх, ды я гэных, эх,
эх! Маць!.. маць!..маць!.. ...Цьфу! I да чаго, дальбог,
прызвычаiлiся! Відаць, не перабольшым, сказаўшы, што гэты радкі
былі ня толькі сваеасаблівай імітацыяй стылю Беларусава, але й першай уласна
рэакцыяй Алёшы на «Заранкi». Але, вытрымліваючы парытэтнасьць, дамо слова й
самому Беларусаву-Скалцы, бо ня выключана, што некаторыя самыя тонкія мэты
выданьня маглі высьлізнуць з-пад Алёшавае ды й нашае ўвагі: –
Выпускаючы гэты сшытак, аўтару перш за ўсё, хацелася колькi небудзь узмацнiць да
10-й гадавiны Вялiкага Кастрычнiка, цiхую думку чытача, разам з тым, прыслухацца
да бадзёрай iмкнёнасьцi пiсьменьнiка. Зразумела, што пры сваiх магчымасьцях i
абкружаючых умовах, аўтару не ўдалося споўнiць нi першага, нi
другога. Сочачы, мiж iншым, у апошнiя часы за пераацэнкай каштоўнасьцяў ня
мог не зрабiць экскурсу ў бок абгаварэньня гэтай праблемы, бо хаця-ж дадзены
эскiз належным чынам не апрацован, але заштампован. Далей Алёша
цытуе дзьвюхмоўныя практыкаваньнi аўтара «Заранак» у вершаскладаньні: НА 1-е
МАЯ (поучения забытому К-е) Мы в этот общий праздник дружбы права
Сольёмся тесно как земля с росой. Сей день есть день борьбы
неравноправной Трудящихся всех стран с осой. Ух, якая страшная
барацьба!.. Дый, дзе-ж яе пераможаш «осу» гэную, калi яна не абы якая «оса», але
дзеля рыфмы да слова «росой» выйшла «осой» супроць «трудящихся всех стран»,
– камэнтуе Алёша. Падамо яшчэ адзін узор паэтычнае творчасьці
А.Беларусава: Ткуцца ў думцы трыццаць тысяч Шклову, Вiцебску,
Магiлёву. Хочацца вiнаватых высеч За ня ўздым у час Асiнаўцы
галоваў. Гэтак пачынаў свой верш «Асінаўбуд» – электрастанцыю пад Воршаю
«магутнасьцю на трыццаць тысяч кілават», пра якую з пампезным шматслоўем пісаў
тагачасны савецкі друк. «Тут ужо «бадзёрая імкнёнасьць» паэты відавочна пачынае
буяніць», – пісаў Алёша. Але мы ў сваёй ацэнцы прачытаных радкоў маем пэўную
перавагу над крытыкамі – сучасьнікамі аўтара, – гучаць яны, і па сутнасьці, і па
форме, як напісаныя сёньня.
«Я гарою стаю за дынамiку ў творчасьцi»...
Апроч чыста паэтычнай дзялянкі ўзворваў Антон Беларусаў і шнуры
літаратурнай крытыкі. У тым жа зборніку «Заранкі» ёсьць разьдзел, прысьвечаны
ацэнцы паэтычнага таленту Міхася Чарота. Артыкул загалоўлены «Вялiкае
Кастрычнiкавае вызваленьне i паэзiя Чарота». (Складальнікі выданьня «Беларускія
пісьменнікі» памылкова прыпісалі гэтую назву Алёшу, які яе скарыстаў толькі як
цытату з «Заранак» у артыкуле «Ой, расьцвіла ружа...») Антон Беларусаў яўна
сымпатызуе Чароту і ўважае, што той пераўзышоў на'т свае прыродай закладзеныя
здольнасьці, «вышэй за вушэй скокнуў». Чарот, узяўшы ў руку
мастацкую музу рэвалюцыянера, паганяе свайго чырвонага каня-скакуна, пяючы
песьню вызваленьня з-пад пана, з-пад старых укладаў жыцьця i джгае ў калектывiзм
[...] На сваiм лiтаратурна-мастацкiм шляху яго мэтафары i iнш. дапамоцнікаў:
коняў, шляхоў, партызанаў, КСМ, падарожжа, паэта хаваецца з галавою ў дынамiцы.
[...] Вельмi разнастайна ў Чарота i форма. Яна ў руках настрою стылю. Гэта
зьява прыналежна вядома нашаму часу, казаў Ленiн [...] Цяжка пяяць i не
загiнуць! Тыя кветкi на шляху да сонца, якiя налiваў сваёй творчасьцю Чарот, тыя
«сем» (гэта пра «Узв.» – А.) кветак, таксама захацелi пяяць i не загiнуць.
Розьнiца толькi ў тым, што Чарот кажа, што ён пойдзе першым у бойку, а сямёрка
выкiнулася на вулiцу з саду. Ад гэтуль зразумела, што рытм йдзе раней
вобразнасьцi». Дзiцяцi адпавядае сон, песьняру юнаму – лiрыка. Сталаму
чалавеку адпавядае праца, а пiсьменьнiку-камунiсту – практычнасьць. Па
Бабарэку-ж выходзiць, што ты, браце Чароце, нiколi не старэй, будзь вечна
маладым, пачуцьцёвым. Нельга-ж т.Бабарэка лаяць Чарота мячтацелем, тады, як ён
практычны працаўнiк. [...] Вось чым жыве ў другiм пэрыядзе творчасьцi наш талены
пясьняр. Вось, колькi ён, ёсьць звон першых дзён. Хай хто пасьмее зачынiць
нам вочы да сонца. О, не... Было-б таму баяну так брыдка, што нi самаму
пабачыць, нi людзям паказаць... Вось на якiя думкi наводзiць «Марына» Чарота. За
iм хочацца сказаць: Лепш з паўстаўшых ты ня сьмейся I змораных пакрыўдзiць не
магi, Бязьмерна мсьцяць старыя ворагi. А вось рэакцыя на
гэта Алёшы: Цяпер, па чутках, наш баян, драматург i працаўнiк адпачывае.
Удзячныя яму магiлёўцы зараз зазначаюць: – «мавр сделал своё дело, – мавр может
отдохнуть». Але, абяцаюць яны, адразу-ж пасьля адпачынку ён возьмецца за
лiтаратуру.
Зьнікненьне
«Цяжка пяяць і не загінуць!»
А. Скалка. Са зб. "Заранкі"
Але ўзяцца за літаратуру Антону Беларусаву, відаць, больш так і
не ўдалося. Каб уявіць, ня кажучы апісаць, крывую станаўленьня савецкай
адукацыі, апроч звычайных, традыцыйных ужо інструмэнтаў навуковага
дасьледаваньня, варта, відаць, увесьці ва ўжытак яшчэ адзін – пачуцьцё гумару.
Савецкая партыйная школа ў Магілёве канца 20-х гадоў мела статус сярэдняй
спэцыяльнай навучальнай установы. А калі мець на ўвазе, што пэдінстытут зачынілі
яшчэ ў 1923 годзе, дык Саўпартшкола, у якой Антон Беларусаў два з паловай гады
выкладаў беларускую й расейскую мовы, выглядае як найвышэйшы храм палітычнае
навукі ў горадзе. Зразумела, што А.Беларусаў, маючы рабоча-сялянскае
паходжаньне, чырвонаармейскае мінулае, партыйны, грамадзкі й творчы стаж, да
таго ж будучы студэнтам унівэрсытэту мог быць прыняты на пасаду выкладчыка ня
толькі моваў, але й яшчэ добрага тузіна прадметаў. Дзівіць хутчэй тое, што ён
нарэшце быў звольнены па рашэньні школьнай рады. Уфіліі Дзяржаўнага Архіва
Магілёўскае вобласьці (былы партыйны архіў) захавалася выпіска з пратакола
паседжаньня Школьнай рады Магілёўскай Саўпартшколы, датаваная 16 студзеня 1928
г.: Аб выкладчыку т.Беларусаве. Рубiнштэйн – «Я лiчу, што
праца т.Беларусава нам настолькi знаёма, увесь калектыў выкладчыкаў проста ў
недаўменьнi, чаму мы так доўга не вырашаем гэтага пытаньня.
[...] Кукелко – «недавольство з боку слухачоў» - выкл. беларускай мовы
на польскiм аддзяленьнi: «не лiчыўся з праграмай i заняткi вёў безсыстэмна.
Курсанты на працягу ўсяго часу выказвалiся, што т.Беларусаў iх не здавальняе як
выкладчык. Школьны савет увесь час не лiчыўся з яго недастаткамi, мае надзею,
што ён набудзе пэдагагiчны вопыт i з яго выку[?]ецца выкладчык. Вопыт паказаў,
што дальнейшае прабываньне яго ў школе зьяўляецца нямэтазгодным i для работы ў
школе шкодным». Пераход – «шэраг памылак i неяскравасьцей збоку
т.Беларусава, як па сутнасьцi пытаньняў выкладаных прадметаў, так i па
мэтодыцы» 27–28 н.г. «на занятках па расейскай мове ня зусiм правiдловыя
давалiся тлумачэньнi маралi, неяскравыя тлумачэньнi аснаўнога зьместу
лiтаратурных напрамкаў i г.д.». «Часта т.Беларусаў згаджаўся з тым, што ён
дапускае памылкi, абяцаў зьвярнуць увагу на непаўтарэньне iх, але станоўчых
бакоў на памянёны конт мы i да гэтага часу не можам заўважыць». Мiнулай зiмой
Магiл. акругком КПБ хацеў адправiць яго ў Шклоў на працу, але адстаялi. «Цяпер
мы канчаткова можам сказаць, што ў нас надзей на тое, што ён зможа быць
здавальняючым выкладчыкам для СПШ, хоць дажа па агульна-адукацыйным прадметам,
ня кажучы ўжо аб палiтычных – няма». Школьны савет паставiў пытаньне перад
Акруговым камiтэтам партыi i НКА аб«отзыве» т.Беларусава. Фрэйдзiна –
сакратар» Невядома, як склалася жыцьцё Антона Беларусава пасьля
звальненьня. Мяркуючы па згадцы ў паэме Кандрата Крапівы «Хвядос – Чырвоны нос»
і ліставаньні Юркі Віцьбіча зь Пятром Глебкам (1933 год), імя Беларусава-Скалкі
ў канцы 20-х – пачатку 30-х яшчэ было на слыху. Яшчэ доўга ён заставаўся
прадметам кпінаў і анэкдотаў. Вядомы літаратуразнаўца Антон Адамовіч неяк у
гутарцы згадаў, што недзе на мяжы 20–30-х гадоў Антон Скалка «зьнік, але ніхто й
не цікавіўся ім болей». Ці быў ён рэпрэсаваны, невядома. Магчыма, адчуўшы
небясьпеку, наш герой мог застацца жыць разам зь сям'ёй пад іншым ці тым самым
прозьвішчам на поўдні, напрыклад, у Наварасійску, дзе яго літаратурна-грамадзкая
біяграфія не была вядомая, ды там і перахавацца ўсе самыя неспакойныя часы.
Праўда, гэта толькі здагадка, бо ніякіх дакумэнтальных сьведчаньняў, якія б
пацьвердзілі яе, знайсьці пакуль не ўдалося. Але, мяркуем, калі б Антон Скалка
вярнуўся ў Беларусь, ягоны тэмпэрамэнт не забавіўся б выявіцца ў адным з
мастацтваў. Нам жа ад Беларусава 30-х застаецца толькі ўспамін: Далой
дзядоў, далой увагу да ўсяго сапраўды таленавітага! Няхай жыве – «соль земли
Моряков и К! (...) і Сталёвы з Антонам Скалкам на перыферыі.
Юрка Васілеўскі, Алеся Сёмуха
|