|
 Стараславянска-беларускі слоўнік. Праект. Літара Б.
Зьмiцер Саўка Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
Ідэя складаньня стараславянска-беларускага слоўніка ўзьнікла
з прычынаў ня толькі практычнага й акадэмічнага характару, а таксама й
«палітычнага». «Практычна-акадэмічныя матывы» прадыктаваныя неабходнасьцю
такога слоўніка для пэўнага кола карыстальнікаў, найперш для тых, хто знаёміцца
са стараславянскімі тэкстамі як носьбітамі хрысьціянскае навукі (праваслаўныя
багаслоўцы, сэмінарысты), а таксама для тых, хто вывучае стараславянскую мову зь
лінгвістычнымі мэтамі (студэнты-філёлягі ды інш.). Сучаснаму беларусу тэкст,
напісаны па-стараславянску, – малазразумелы, часам і наагул незразумелы, а
дзякуючы немалой колькасьці міжмоўных, стараславянска-беларускіх амонімаў, пры
уяўнай зразумеласьці такі тэкст мае зусім іншы сэнс, чымся здаецца
неспрактыкаванаму чытачу. Таксама стараславянска-беларускі слоўнік можа мець
практычнае значэньне: яго матэрыял можа быць скарыстаны пры складаньні
баўгарска-беларускага, македонска-беларускага й нават расейска-беларускага
слоўніка (у дачыненьні да стараславянскіх запазычаньняў у расейскай
мове). «Палітычны аспэкт» гэтай задуме надае той факт, што расейская
філялягічная навука да апошняга часу намагалася падтрымваць пачуцьцё шчыльнае
лучнасьці расейскай і стараславянскай (у форме царкоўнаславянскай) моваў, што
вылівалася ў ігнараваньне неабходнасьці стварэньня стараславянска-расейскіх
слоўнікаў (такія слоўнікі зьявіліся толькі апошнія гады). У выніку – большасьць
нават гуманітарна адукаваных людзей у Беларусі (а пагатоў у Расеі) атаесамляюць
праславянскую мову (прамову, ад якой утварыліся іншыя славянскія мовы) і
стараславянскую мову (мову, якая ўтварылася ад праславянскае мовы). Такім
чынам, стараславянскае ў сьвядомасьці шырэйшых колаў зьвязваецца з расейшчынай,
што не адпавядае сапраўднаму стану рэчаў. Стараславянская мова зрабіла
выключны ўплыў на разьвіцьцё старабеларускай мовы, асабліва на першым этапе яе
разьвіцьця. Аж да позьняга сярэднявечча ёю паслугаваліся як моваю літургіі ў
Вялікім Княствае Літоўскім. На Беларусі было створана – напісана й надрукавана –
мноства кніг на стараславянскай мове. Яшчэ ў скарынаўскіх выданьнях зьмяшчаліся
глосы – правобраз стараславянска-беларускага слоўніка. Такім парадкам, беларусы
маюць працяглую гісторыю карыстаньня гэтаю моваю бязь нейкага пасярэдніцтва
трэцяга боку. Сярод магчымых варыянтаў назвы мовы – у навуковым сьвеце яна
таксама называецца старабаўгарская, старамакедонская – мы спыніліся на тэрміне
стараславянская зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, гэты тэрмін не аспрэчваецца ні
баўгарыстамі, ні македаністамі, а значыць, з пункту гледжаньня «этнічнай
прыналежнасьці» ён нэўтральны; па-другое, гэта адзіны шырака прыняты тэрмін.
(Праўда, паслугаваньне гэтым тэрмінам супярэчыць адной з нашых мэтаў – імкненьню
ўказаць на хібнасьць ўяўленьня пра стараславянскую мову як пра непасрэдны выток
сучаснай расейскай мовы.) Публікацыя часткі слоўніка менавіта на літару Б
выклікана тым, што пад літарай А знаходзяцца выключна запазычаньні,
таму лексычны матэрыял пад гэтай літарай дастаткова аднастайны. Пад літарай Б
знаходзяцца розныя паводле паходжаньня й будовы клясы лексыкі, таму
рэпрэзэнтатыўнасьць матэрыялу пад гэтай літараю значна вышэйшая, у параўнаньні з
матэрыялам пад літарай А.















|