“...на карысьць Нямеччыны й Беларусі”
(Зь гісторыі беларусізацыі каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі ў гады Другой
Сусьветнай вайны)
Юры
Шальц, Варшава
Рэлігія, як
вядома, зьяўляецца важным чыньнікам, які ўдзельнічае ў працэсах фарміраваньня і
трансфармацыі этнічных адзінак у самастойныя народы. Прыкладам тут могуць
паслужыць літоўцы ды палякі. Аднак у беларускай гісторыі гэтая творчая функцыя
рэлігіі была заўсёды ўскладнена культурна-цывілізацыйнымі фактарамі. І, у
першую чаргу, пэрманэнтным суперніцтвам праваслаўнай Царквы з каталіцкім
Касьцёлам, інсьпіраваным дзяржаўнай палітыкай як Польшчы, так і Расіі. У выніку
гэтай палітыкі ў Беларусі каталіцызм стаўся польскай верай, а праваслаўе —
рускай.
Каб
выкарыстаць рэлігію як творчы чыньнік, беларускім адраджэнцам — палітыкам і
грамадзка-культурным дзеячам — трэба было пачаць ад беларусізацыі праваслаўнай
Царквы і каталіцкага Касьцёлу. Інтэнсыўнасьць і характар гэтага працэсу ў ХХ
ст. вызначалі ня толькі ўнутраныя прычыны, але спэцыфіка і адкрытасьць кожнай з
гэтых духоўных інстытуцыяў, а перадусім зьнешнія фактары. А яны пераважна не
спрыялі беларускім справам. Спрычыніліся да гэтага ня толькі падзел Беларусі у
1921 г. паміж Польшчай і Савецкай Расеяй, але і палітыка Апостальскага Пасаду,
які ў рамках канкардату з 1924 г. бараніў польскай рацыі стану.
Выбух Другой
Сусьветнай вайны, а ў хуткім часе і акупацыя беларускіх этнічных земляў
нямецкімі войскамі стварала, на думку шэрагу беларускіх палітычных і
грамадзка-культурных дзеячоў, належныя варункі й пэрспэктывы для пасьпяховага
вырашэньня рэлігійнага пытаньня на карысьць беларускага народу.
З гэтай
прычыны ў ліпені 1942 г. група беларускіх палітычных дзеячоў падрыхтавала
мэмарыял у справе беларусізацыі каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі. Перадаць яго
нямецкім акупацыйным уладам мусіла адмысловая дэлегацыя, узначаліць якую меўся
Ўладзіслаў Казлоўскі, рэдактар “Беларускай Газэты”, якая выдавалася ў Менску ў
1941—1944 гг.
Паводле
рэляцыі польскага выведу (ZWZ-AK)[1] зьмест апрацаванага мэмарыялу выглядаў наступным чынам.
Ва ўступе
тлумачылася, што размова ў мэмарыяле вядзецца выключна пра беларусаў-каталікоў
лацінскага абраду, а не пра грэка-каталікоў (уніятаў). Далей падаваўся час
узнікненьня беларускіх каталікоў (XV ст.), іх колькасьць (3-3,5 млн.) і абшар
расьсяленьня: найперш у Заходняй Беларусі, у Барысаўскай, Магілёўскай, Менскай
акругах, у раёнах: Дрыса і Лепель, а таксама у Генэральных Камісарыятах Літвы і
Латвіі. У гістарычнай зацемцы аўтары мэмарыялу паказвалі ролю і адносіны
Польшчы да беларусаў-каталікоў у 1920—1939 гг. Зьвярталі ўвагу на факт іх
перасьледу польскімі ўладамі і мэтады, якімі былі: палянізацыя, тэрор, турмы,
забарона беларускіх казаньняў, недапушчэньне сьвядомых беларусаў у духоўныя
сэмінарыі і выключэньне адтуль клерыкаў, што ангажаваліся ў справы беларусізацыі
каталіцкага Касцёлу ў міжваеннае дваццацігодзьдзе. Усё гэта, паводле аўтараў
мэмарыялу, прывяло да трагічных наступстваў. У выніку, частка беларускага
сьвятарства апынулася ў Манчжурыі, іншыя — у Паўночнай Амэрыцы, рэшта — у
Генэральнай губэрні. Далей паказваўся лёс беларускіх каталікоў у падсавецкай
Беларусі, дзе, паводле польскай апініі, праваслаўнымі лічыліся толькі беларусы,
у сваю чаргу каталікамі — выключна палякі. Падкрэсьлівалі варожыя адносіны
польскіх камуністаў, якія, выяўляючы свой нацыянальны шавінізм, у падсавецкай
Беларусі перасьледвалі й ліквідавалі беларускіх сьвятароў.
Прадстаўляючы
актуальны ўзровень нацыянальнай самасьвядомасьці беларускіх каталікоў, аўтары
мэмарыялу падкрэсьлівалі, што найбольшы ён у Заходняй Беларусі й найменшы на
абшарах, што ўваходзілі ў склад БССР. Найбольш высокі ўзровень нацыянальнай
сьвядомасьці, на іх думку, выяўлялі вернікі ў акругах: Баранавічы, Вялейка,
Глыбокае, Ліда, Наваградак і Слонім. На абшарах Генэральнага камісарыяту Літвы
ў раёнах: Ашмяны, Браслаў, Смаргонь. Тут жа падаваўся сьпіс і месцы жыхарства
45 нацыянальна-сьведамых беларускіх сьвятароў.
Аўтары
мэмарыялу прапанавалі зрабіць наступныя крокі:
·
Стварыць беларускую касьцельную
адміністрацыю і прапаноўвалі наступных кандыдатаў на біскупаў:
а/ Гадлеўскі
Вінцук — Менск, галоўны школьны інспэктар. Паходзіць з Ваўкавыскага павету;
б/ Гарошка
Леў — працуе ў парафіі на Палесьсі. Паходзіць з Наваградчыны;
в/ Станкевіч
Адам — Вільня. Паходзіць з Ашмянскага павету.
г/ Хамёнак
Віталіс — марыянін, што быў выдалены польскімі ўладамі з Друі ў Генэральную
губэрню. Цяпер жыве на Бялянах пад Варшавай. Паходзіць з Глыбоччыны;
·
Вяртаньне ксяндзоў-беларусаў,
якія апынуліся па-за межамі Беларусі (З.Філіповіч — Люблін, Ч.Наўмовіч —
Любешаў, П.Татарыновіч — Варшава, Д.Лапошка — Лодзь).
·
Выкарыстаньне для беларусізацыі
касьцёлу 45 сьвятароў-беларусаў паводле сьпісу з адрасамі.
·
Звальненьне з працы ў
адміністрацыйных установах ўсіх беларускіх сьвятароў, бо гэта выклікае
падазрэньне з боку праваслаўных беларусаў (канкрэтным прыкладам можа служыць
асоба кс. Вінцука Гадлеўскага зь Менску, які многімі падазраецца ў
супрацоўніцтве з Гестапа).
·
Адкрыцьцё ў Менску беларускай
духоўнай каталіцкай сэмінарыі.
·
Выданьне беларускай каталіцкай
літаратуры для набажэнстваў.
·
З той прычыны, што ў 1920—1939
гг. шмат клерыкаў паходзіла з польскіх этнічных земляў і ўсе яны пасьля
заканчэньня тэалягічнай навукі засталіся ў Заходняй Беларусі і працавалі
агентамі ген. Сікорскага, прапаноўвалася іх выслаць у Генэральную губэрню.
·
Ліквідаваць польскія ўплывы з
боку ўсіх іншых сьвятароў прапольскай арыентацыі.
·
Шмат беларусаў было запісана ў
пашпарты як палякі. У сучасны момант трэба даць ім магчымасьць перапісацца на
беларусаў. Аднак у дачыненьні да інтэлігенцыі трэба захаваць асцярожнасьць, каб
ідэалягічны паляк, зьмяніўшы ў пашпарце сваю нацыянальнасьць, ня мог пасьпяхова
весьці шкодную [для Беларусі і Немцаў — прыпіс аўтара рэляцыі] працу. Спрыяць
зьмене нацыянальнасьці (у тым ліку інтэлігенцыі) толькі тым, хто падасьць
пераканаўчыя доказы, што займаўся беларускай, а ня польскай дзейнасьцю. Усё
гэта робіцца на карысьць Нямеччыны і Беларусі, а таксама ўнармуе важную справу
і дасьць немцам праўдзівых сяброў, якімі зьяўляюцца сапраўдныя беларусы.
Рэляцыю зь
Менску завяршаў асобна выдзелены дакумэнт, анатаваны адпаведным подпісам:
Lista 45 księży, stojących na usługach białoruskich
(Сьпіс 45 сьвятароў, якія знаходзяцца на беларускіх
паслугах):
1. кс.
Альшэўскі Антон — Рыга
2. кс.
Аляшкевіч Францішак — Удзял (Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. [2])
3. кс. Аношка
Вацлаў — Балашыха (Палесьсе?)
4. кс.
Аўгустыновіч Аляксандр — Нецеч (Лідзкі р-н Гарадзенскай вобл.)
5. кс. Аўліх
Леапольд — Камень (Валожынскі р-н Менскай вобл.)
6. кс.
Бакіноўскі Альбэрт — Шарашова (Пружанскі р-н Берасьцейскай вобл.)
7. кс.
Барташэвіч Павел — Мсьцібава (Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл.)
8. кс.
Бернацкі Уладыслаў — Смаргонь (Гарадзенская вобл.)
9. кс. Борык
Міхал — Нястанішкі (Астравецкі р-н Гарадзенскай вобл.)
10. кс.
Гадлеўскі Вінцук — Менск
11. кс.
Гайлевіч Язэп — Рыга
12. кс.
Гарошка Леў — працаваў на Палесьсі
13. кс.
Глінскі Віктар — ст. Ельня (магчыма Наваельня Дзятлаўскі р-н Гарадзенскай
вобл.)
14. кс.
Далецкі Міхал — Навагрудак (Гарадзенская вобл.)
15. кс.
Дашута Язэп — Скужэц каля Седльцаў (Польшча)
16.
кс.Дулінец Антон — Гранная каля Бельску (Польшча)
17. кс.
Жалудзевіч Міхал — Геранёны (Івейскі р-н Гарадзенскай вобл.).
18. кс.
Кашыра Юры — Іўе (Гарадзенская вобл.)
19. кс. праф.
Кулак Казімір — Ляндвараў (Літва)
20. кс.
Лапошка Данат — Лодзь (Польшча)
21. кс.
Маскалік Міхал — Мюнхен (Нямеччына)
22. кс.
Наўмовіч Часлаў — Любешаў (Польшча)
23. кс.
Падзява Антон — Бяляны пад Варшавай
24. кс. Піпік
[Пусік. – прыпіс аўтара реляцыі] Віктар — Рыга
25. кс.
Раманоўскі Вацлаў — Парэчча (Гарадзенскі р-н)
26. кс.
Рыбалтоўскі Казімір — Камень (Валожынскі р-н Менскай вобл.)
27. кс.
Семашкевіч Янка — Міхалова-Незабудка (Беласточчына)
28. кс.
Сьмяян Антон — Піншчына
29. кс.
Сядляр Станіслаў — Кляпачы (Падляшша)
30. кс.
Смулька Казімір — Скужэц каля Седльцаў
31. кс.
Станкевіч Адам — Вільня
32. кс. Талочка
Уладыслаў — Вільня
33. кс.
Тарасэвіч Юльян — Рубяжэвічы (Стаўпецкі р-н Менскай вобл.)
34. кс.
Тарашкевіч Віктар — Рыга
35. кс.
Татарыновіч Пётр — Варшава
36. кс.
Філіповіч Зьміцер — Люблін (Польшча)
37. кс.
Хаданёнак Браніслаў — Вільня
38. кс.
Хадыка Аляксандр — Беласток
39. кс.
Хадыка Станіслаў — Гервяты (Астравецкі р-н Гарадзенскай вобл.)
40. кс.
Хамёнак Віталіс — Варшава
41. кс. праф.
др Хвецька Люцыян — Хатаў (Стаўпецкі р-н Менскай вобл.)
42. кс.
Чарняўскі Францішак — Францыя
43. кс.
Шалкевіч Міхал — Тракелі (Воранаўскі р-н Гарадзенскай вобл.)
44. кс.
Шымкевіч Зянон — Гародна (Столінскі р-н Берасьцейскай вобл.)
45. кс.
Шутовіч Віктар — Харошч каля Беластоку
Цяжка
адназначна казаць, што мэмарыял такога зьместу быў пададзены нямецкім
акупацыйным уладам. Тым больш меркаваць пра рэакцыю на яго нямецкай
адміністрацыі ў Менску. Тут пытаньне застаецца адкрытым і чакае дакумэнтальнага
пацьверджаньня з архіваў. Вядомы затое лёс пераважнай большасьці сьвятароў са
“сьпісу 45-ці”[3].
Не да канца аднак застаюцца высьветленымі
прычыны, якія прывялі да арыштаў і ліквідацыі шэрагу польскіх і беларускіх
каталіцкіх святароў, і роля ў гэтым, з аднаго боку, нямецкіх акупацыйных уладаў
і мясцовай беларускай адміністрацыі, а з другога — польскіх кансьпірацыйных
арганізацый і праваслаўных груповак прамаскоўскай арыентацыі.
[1] Архіў архідыяцэзіі ў Беластоку: Teczka abpa
R. Jałbrzykowskiego
[2] Рэд.: Тут і далей, паводле сёньняшняга
адміністрацыйнага падзелу.
[3] Garbinski J., Turonek J.. Białoruski ruch chrześcijański XX wieku. Słownik
biograficzno-bibliograficzny, Warszawa, 2003.