|
ГІСТОРЫЯ ЗАСНАВАНЬНЯ
БЕЛАРУСКАГА ІНСТЫТУТУ НАВУКІ Й МАСТАЦТВА
Ў ДАКУМЭНТАХ І ПАВЕДАМЛЕНЬНЯХ
Лявон Юрэвіч
Нью-Ёрк
Сыстэматычная эміграцыя зь беларускіх земляў пачынаецца ў ХІХ ст. Сярод падставаў эміграцыі былі й прычыны палітычныя, але асноўнымі былі эканамічныя ўмовы жыцьця. Гісторыя беларускае эміграцыі не знайшла шырокага адлюстраваньня ні ў статыстычных даведніках, ні ў дасьледчай, ні, тым больш, у мастацкай літаратуры ды доўгі час заставалася незаўважанаю. Праўда, з пачатку 1990-х гг. зьявіўся шэраг працаў, прысьвечаных розным аспэктам эміграцыі. Фактычна, прарыў у дасьледаваньні беларускага замежжа пачаўся з публікацыі кнігі доктара Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”[1], якая ня толькі абудзіла цікавасьць да гэтае terra terribilis, але й уяўляла сабою энцыкляпэдычна сыстэматызаваны ўнікальны матэрыял па гісторыі фармаваньня й дзейнасьці беларускага сьведамага грамадзтва ў Амэрыцы. Цікавасьць выклікаў і сам аўтар, і ўстанова, дырэктарам якой Вітаўт Кіпель зьяўляецца больш як 20 гадоў, — Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва.
Раньнія навукова-дасьледчыя беларускія арганізацыі на эміграцыі
Арганізацыйнае аб’яднаньне беларускае эміграцыі пачынаецца ў першай чвэрці ХХ ст., калі зь Беларусі выяжджаюць сьведамыя беларускія дзеячы: Аляксандар Сянкевіч, Сьцяпан Бубешка, крыху пазьней Іван і Антон Чарапукі, Язэп Варонка, а. Ян Тарасэвіч ды шэраг іншых. Гэтак паўсталі грамадзкія, палітычныя ды культурна-дасьледчыя арганізацыі эмігрантаў у ЗША, Празе, Францыі, Нямеччыне. Мы затрымаемся на арганізацыях навукова-дасьледчага профілю — фактычна, папярэдніках Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.
У траўні 1925 г. у Празе створанае Беларускае (Крывіцкае) Культурнае Таварыства імя Францішка Скарыны, якое ўзначаліў гісторык Мікола Ільляшэвіч. Адным зь сяброў Таварыства быў таксама тады студэнт Праскага ўнівэрсытэту Ян Станкевіч, што пазьней дало яму падставу для сьцьверджаньня, нібыта заснаванае зь ягонае ініцыятывы ў Рэгенсбургу ў 1946 г. Навуковае Таварыства імя Пранціша Скарыны ёсьць працягам Таварыства імя Францішка Скарыны ў Празе.
У той жа Празе ў 1927 г. быў арганізаваны Беларускі Навуковы Кабінэт, кіраўніком якога стаўся Тамаш Грыб.
Праз год там жа быў створаны Беларускі Замежны Архіў. Заснавальнікам і кіраўніком Архіву быў Мікола Вяршынін.
Гэтыя тры арганізацыі запачаткавалі па-за Беларусьсю навукова-дасьледчую ды бібліяграфічна-ўліковую дзейнасьць у беларусаведзе. Колькасьць сяброў тых арганізацыяў у розных крыніцах падаецца па-рознаму, ад 50 да больш як 100 чалавек.
Лідэрам у галіне зьбіраньня беларусікі, наладжваньня бібліяграфічнага ды інфармацыйнага банку за мяжой стаўся Беларускі Замежны Архіў, які пасьля сьмерці Міколы Вяршыніна пераняў Тамаш Грыб. Грыб меў шырокія стасункі зь іншымі эміграцыйнымі дзеячамі й арганізацыямі ды праз свае ўнівэрсытэцкія кантакты трымаў сувязь з такімі дасьледчыкамі беларусікі як, прыкладам, француз Марсэль Рэнэ ды немец Барыс Унбэгаўн.
Іншых арганізацыяў навукова-дасьледчага профілю па-за Беларусьсю ў гады перад Другой Сусьветнай вайной не было, хоць, паводле сьведчаньня Станіслава Грынкевіча, гутаркі пра стварэньне падобнае арганізацыі вяліся ў Бэрліне падчас вайны.
Разбудова па Другой Сусьветнай вайне
У выніку падзеяў Другое Сусьветнае вайны значная колькасьць беларусаў, як і іншых нацыянальнасьцяў з тэрыторыяў СССР, Польшчы, Балтыйскіх краінаў, апынулася ў Заходняй Эўропе. Для іх быў створаны адмысловы тэрмін ДП (ад анг. displaced person — перамешчаная асоба). Усе гэтыя масы ўцекачоў былі ўзятыя пад апеку спачатку вайсковымі ўладамі, потым УНРРА ды разьмешчаныя ў лягерах. Лягеры былі шматнацыянальныя, нацыянальная інтэлігенцыя там арганізоўвала школы, тэатры, літаратурныя суполкі, пэрыёдыкі, стварала ўласную адміністрацыю. Беларусаў найбольш было ў амэрыканскай і ангельскай акупацыйных зонах, а таму там было арганізавана некалькі ўласнабеларускіх лягераў. У горадзе Рэгенсбургу, дзе ад лета 1945 г. дзеілі беларускія арганізацыі, сканцэнтравалася інтэлігенцыя, было шмат настаўнікаў, інжынэраў, па-над дзясятак дактароў ды наагул асобаў з вышэйшаю адукацыяй з савецкіх, польскіх і заходнеэўрапэйскіх унівэрсытэтаў.
Таму акурат у Рэгенсбургу ў 1945 г. паўстаў Беларускі Народны Ўнівэрсытэт, на чале якога былі доктар Янка Станкевіч, Антон Адамовіч, доктар Аляксандар Багдановіч, прафэсар Сяргееў, акрамя таго, прыяжджалі выкладчыкі зь Мюнхэну й Аўгсбургу. Заняткі адбываліся ў памяшканьнях беларускага селішча, а таксама ў галоўным будынку УНРРА, дзе месьцілася Беларуская Гімназія. Даваліся лекцыі з гісторыі, мовы, этнаграфіі, грамадазнаўства. Праўда, пасьля зімовага сэзону 1946—1947 гг. Беларускі Народны Ўнівэрсытэт не аднавіў свае лектарскае праграмы.
У Рэгенсбургу ў 1945 г. таксама створаная пісьменьніцкая арганізацыя “Шыпшына” пад кіраўніцтвам Юркі Віцьбіча, якая пачала выдаваць аднайменны часопіс.
У чэрвені 1946 г. тамсама было закладзенае Крывіцкае (Беларускае) Навуковае Таварыства імя Пранціша Скарыны. Пры канцы 1940-х гг. Таварыства перамясьцілася ў ЗША разам з большаю часткаю ягоных сяброў.
У Марбургу ў 1947 г. арганізаванае прафэсійнае мэдычнае таварыства “Аб’яднаньне Беларускіх Лекараў на Чужыне”, на чале якога стаў доктар Вітаўт Тумаш, а само таварыства пачало выдаваць часопіс “Мэдычная Думка”.
У 1946 г. у беларускім лягеры Міхельсдорф створанае Таварыства Беларускіх Настаўнікаў.
Аднак побыт вялікае хвалі эміграцыі ў паваеннай Эўропе ў 1948—1949 гг. падыходзіў да канца. Арганізацыя ІРО, што пераняла кіраўніцтва над уцекачамі й “праблемаю ўцекачоў” у паваеннай Эўропе, дамаўлялася з урадамі розных краінаў, улучна з ЗША, наконт паэтапнага расьсяленьня сем’яў. Гэтак пачалася наступная фаза эміграцыі — выезд на сталае жыхарства ў розныя краіны. Беларусы, пачынаючы ад канца 1948 г., сталі перасяляцца ў Канаду, Аўстралію ды найбольш у ЗША.
У ЗША эмігранты расьсяляліся досыць шырока, кіруючыся найперш пошукамі працы, але па нейкім часе пераяжджалі ў Нью-Ёрк ды ў сумежныя штаты Нью-Джэрзі й Канэктыкут. Пад канец 1950 г. у Нью-Ёрку сабралася досыць ладная грамада беларускае інтэлігенцыі, а зь ёю распачалося й культурніцкае жыцьцё: ладзілі літаратурныя вечарыны, чыталі даклады з гісторыі, запрашалі дасьледнікаў ад іншых нацыянальнасьцяў на дыскусійныя вечары. Рабілася гэта часта па-за межамі дзейных тады арганізацыяў. У згаданай дзейнасьці вызначыліся найбольш Натальля Арсеньнева, Мікола Куліковіч, Янка Шакун, доктар Вітаўт Тумаш. Гэтак у Нью-Ёрку склалася група дзеячоў, у якой паўстала ідэя стварэньня інтэлектуальна-навуковае беларускае арганізацыі.
Ініцыятыўная група дзеячаў — доктар Вітаўт Тумаш, Натальля Арсеньнева, Янка Ліманоўскі, Мікола Дарашкевіч, Аляксандар Орса — вырашыла склікаць арганізацыйны сход навукоўцаў, пісьменьнікаў, мастакоў, каб абмеркаваць далейшыя крокі ў стварэньні згаданага аб’яднаньня. Сход быў пакліканы на 26 жніўня 1950 г. Паводле архіўных матэрыялаў — не афіцыйных пратаколаў, а прыватных занатовак — магчыма аднавіць наступнае: на сход зьявілася каля 20 асобаў. Адбылася дыскусія — ня столькі наконт патрэбы стварэньня арганізацыі, у чым ніхто не сумняваўся, а наконт кірунку дзейнасьці. Пераважная большасьць схілялася да таго, што кірунак мусіць быць літаратурна-мастацкі, абдымаючы ўсё беларускае эміграцыйнае грамадзтва (трэба мець на ўвазе, што падзел эміграцыі на крывічоў і зарубежнікаў быў у самым зэніце). З падобным паглядам усе згаджаліся, але Вітаўт Тумаш, Лёў Акіншэвіч, Мікола Дарашэвіч уважалі, што арганізацыя павінна быць шырокага дасьледчага профілю — мусіць распрацоўвацца гістарычная тэматыка, мовазнаўства, этнаграфія. На тым сходзе была абраная група, якой даручылі зрабіць улік беларускіх навукова-дасьледчых кадраў найперш у ваколіцах Нью-Ёрку, а паралельна й сярод усяе беларускае эміграцыі на Захадзе, падрыхтаваць праект Статуту, магчымыя пляны дзейнасьці ды адначасна празандаваць грамадзкую думку наконт успрыняцьця яшчэ аднае агранізацыі.
Па правядзеньні падрыхтоўчае працы 16 сьнежня 1951 г. адбылося першае паседжаньне, на якім прысутнічалі Вітаўт Тумаш, Масей Сяднёў, Мікола Дарашэвіч, Янка Юхнавец, Мікола Гарошка, Францішак Кушаль, Часлаў Ханяўка, Аляксандар Махноўскі, Натальля Арсеньнева, Лявон Савёнак, Апалёнія Савёнак, Іна Рытар, Станіслаў Грынкевіч, Натальля Орса, Аляксандар Орса, Уладзімер Клішэвіч, Мікола Цэлеш, Мікола Панькоў, Уладзімер Сядура, Гіпаліт Паланевіч, Леў Акіншэвіч, уладыка Васіль, Барыс Данілюк, Пётра Манькоўскі, Антон Адамовіч, Баляслаў Грабінскі. Доктар Вітаўт Тумаш заявіў, што прысутныя на сходзе зьяўляюцца закладчыкамі Інстытуту.
П Р А Т А К О Л[2]
арганізацыйнага сходу
Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (БІНІМу)
у Нью-Ёрку
дня 16 сьнежня 1951 г.
Парадак дня:
1. Адкрыцьцё сходу.
2. Уступнае слова прафэсара М[іколы] Дарашэвіча.
3. Прыймо Статуту БІНІМу.
4. Выбары Ўраду БІНІМу.
5. Бягучыя справы.
Арганізацыйны сход БІНІМу адкрыў старшыня БАЗА інжынэр М[ікола] Гарошка.
На старшыню арганізацыйнага сходу БІНІМу быў выбраны аднагалосна доктар Аляксандар Орса, які запрасіў у Прэзыдыюм сходу: япіскапа БАПЦ уладыку Васіля, прафэсара Л[ява] Акіншэвіча, Натальлю Арсеньневу й доктара В[ітаўта] Тумаша. Пісаць пратакол даручылі Ч[аславу] Ханяўку.
Ва ўступным слове прафэсар М[ікола] Дарашэвіч адзначыў, што яму давялося быць сьведкам адкрыцьця шэрагу навуковых установаў на Бацькаўшчыне як Тэхнічны й Пэдагагічны інстытуты, Інстытут Сельскае Гаспадаркі, Беларускае Акадэміі Навук і інш. Глеба да гэтага была цалкам падрыхтаваная, але ўзьнікалі супярэчнасьці між партыяй і навуковымі працаўнікамі. З часам супярэчнасьці паглыбляліся. Прафэсар М[ікола] Дарашэвіч прыводзіць чарод прыкладаў і ўспамінаў, якія характарызуюць цяжкія ўмовы навуковай працы ў БССР. Тут, у ЗША зусім іншыя абставіны. Калі падлічыць колькасьць беларускіх навуковых працаўнікоў на эміграцыі, дык іх акажацца каля сотні. Бальшыня зь іх працуе фізычна й зрабіць шмат ня можа, але будзе добра, калі зробіцца й хоць трошкі, бо ў нас ёсьць шэраг пытаньняў, якія мы тут можам і мусім вырашыць.
Сп. П[ётра] Манькоўскі прачытаў праект Статуту БІНІМу, апрацаваны прафэсарам Л[явом] Акіншэвічам і ўзгоднены ў статутовай камісіі, пакліканай да гэтага праз БАЗА. У дыскусіі над праектам Статуту прыняло ўдзел шмат прысутных. Спн. Н[атальля] Арсеньнева зьвярнула ўвагу, што ў праекце Статуту амаль нічога ня кажацца пра мастацтва, на што прафэсар Л[еў] Акіншэвіч выясьніў, што пачаткова Статут быў апрацаваны толькі для навуковае ўстановы. Сп. М[ікола] Цэлеш і Сп. М[ікола] Панькоў даюць свае заўвагі наконт неабходнасьці ўзгадненьня назову й структуры Інстытуту й больш дакладнай апрацоўкі Статуту. Сп. А[нтон] Адамовіч заўважае, што пакуль няма яшчэ сяброў Інстытуту, дык няма каму й прымаць Статут. На гэта доктар В[ітаўт] Тумаш выясьняе, што ўсе тыя асобы, якія бяруць актыўны ўдзел у арганізацыйным сходзе БІНІМу, зьяўляюцца аўтаматычна сябрамі-закладчыкамі. Сп. А[нтон] Адамовіч уважае справу сяброўства БІНІМу справай навуковага ці мастацкага цэнзу дадзенай справы. Прафэсар Л[еў] Акіншэвіч кажа, што калі мы сяньня нічога ня прымем, дык і нічога ня зробім, бо нельга будзе зрабіць і выбараў Ураду. Ініцыятыўная група можа прыняць часовы Статут.
Больш доўгая дыскусія ўзьнікла над справай назову ўстановы. Быў пададзены цэлы шэраг прапанаваных назоваў, якія ў канцы зьвяліся да 4-х: 1) Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва; 2) Беларускі Інстытут Навукі й Культуры; 3) Беларуская Вольная Акадэмія Навук; 4) Беларускі Інстытут Культуры. У галасаваньні найбольш галасоў (14) было пададзена за першы назоў. Іншыя прапановы атрымалі па парадку 3, 2 і 8 галасоў. У справе Статуту была прынятая 20-цю галасамі пры 2-х тых, хто ўстрымаўся, пачатковая прапанова доктара В[ітаўта] Тумаша: арганізацыйны сход прымае зачытаны праект Статуту БІНІМу як часовы, даручаючы абранаму Ўраду апрацаваць канчатковы тэкст Статуту да прыняцьця на наступным паседжаньні БІНІМу.
Доктар В[ітаўт] Тумаш прапануе абраць пяціасабовы Прэзыдыюм БІНІМу. За прапанову выказалася 15 асобаў, а 5 устрымалася ад галасаваньня. Гэтымі ж 15-цю галасамі сход пастанавіў абіраць асобна старшыню БІНІМу супроць 5 галасоў, якія выказаліся за сумеснае абраньне Прэзыдыюму й старшыні БІНІМу. На старшыню БІНІМу былі пададзеныя наступныя кандыдатуры: 1) Прафэсар Л[еў] Акіншэвіч; 2) Прафэсар М[ікола] Дарашэвіч; 3) Япіскап БАПЦ уладыка Васіль 4) Доктар В[ітаўт] Тумаш 5) Доктар Б[аляслаў] Грабінскі й 6) Доктар А[ляксандар] Орса. За выняткам уладыкі Васіля ўсе кандыдаты зракліся сваіх кандыдатураў, падаючы да гэтага адпаведныя прычыны. За кандыдатуру ўладыкі Васіля галасавала 18 асобаў пры аднэй “супраць”. У Прэзыдыюм былі абраныя наступныя асобы: доктар В[ітаўт] Тумаш (21 голас), прафэсар Л[еў] Акіншэвіч (20 галасоў), прафэсар М[ікола] Дарашэвіч (20 галасоў), Н[атальля] Арсеньнева (15 галасоў) і як кандыдат Сп. Ул[адзімер] Клішэвіч (9 галасоў).
У бягучых справах доктар В[ітаўт] Тумаш зьвярнуўся да прысутных з заклікам дасылаць на адрас Ураду БІНІМу матэрыялы для праектаванага беларускага навуковага часопісу. Матэрыялы могуць быць дасыланыя ў дзьвюх мовах: беларускай і ангельскай, але калі толькі ў беларускай, дык неабходна яшчэ й рэзюмэ артыкула ў ангельскай мове. Прысутны на арганізацыйным сходзе старшыня Ўкраінскага Навуковага Інстытуту імя Татаса Шаўчэнкі прафэсар Чубатый раіць выдаваць навуковы часопіс толькі ў ангельскай мове. Калі ж будуць матэрыяльныя магчымасьці, дык можна будзе выдаваць непэрыядычныя працы БІНІМу й на беларускай мове.
Першым прывітаў БІНІМ як новапаўсталую беларускую навуковую ўстанову на эміграцыі ўладыка Васіль. Прафэсар Чубатый вітаў ад Украінскага Навуковага Інстытуту імя Тараса Шаўчэнкі, зьвяртаючы ўвагу, што сяньня беларуская навука мусіць быць на службе вызваленьня Беларускае нацыі. Інжынэр Ярэменка вітаў ад імя казакаў, а Сп. А[нтон] Адамовіч ад Крывіцкага Навуковага Таварыства імя Пранціша Скарыны. Прафэсар Л[еў] Акіншэвіч падчыркнуў неабходнасьць аб’яднаньня ўсіх беларускіх навуковых і мастацкіх сілаў у імя інтарэсаў беларускага народу, а генэрал Ф[ранц] Кушаль зьвяртае ўвагу на патрэбу гістарычных досьледаў і гістарычнага абаснавання беларускае дзяржаўнасьці. Сп. Б[арыс] Данілюк вітае ад імя Беларускага Студэнцкага Таварыства, Сп. А[ляксандар] Махноўскі — па даручэньні Прэзыдыюму Рады БНР, доктар В[ітаўт] Тумаш — ад Аб’яднаньня Беларускіх Лекараў на Чужыне, а Сп. Ул[адзімер] Клішэвіч — ад свайго імя. Заключнае слова сказаў доктар А[ляксандар] Орса. На гэтым арганізацыйны сход БІНІМу закончыўся.
Такім чынам, паводле пратакола, на старшыню БІНІМу быў абраны ўладыка Васіль (Уладзімер Тамашчык), а ў кіраўніцтва арганізацыі ўвайшлі доктар Вітаўт Тумаш, прафэсар Леў Акіншэвіч, прафэсар Мікола Дарашэвіч, Натальля Арсеньнева ды як кандыдат Уладзімер Клішэвіч.
Першае паседжаньне новаабранага кіраўніцтва адбылося праз колькі дзён, 21 сьнежня 1951 г. На гэтым жа сходзе была аформленая ўправа Інстытуту ў наступным складзе: уладыка Васіль — старшыня, прафэсар Леў Акіншэвіч — першы заступнік старшыні, прафэсар Мікола Дарашэвіч — другі заступнік старшыні й скарбнік, др. Вітаўт Тумаш — генэральны сакратар, Натальля Арсеньнева-Кушаль — заступнік сакратара, альбо другі сакратар.
Гэтымі адміністрацыйна-арганізацыйнымі крокамі аформілася стварэньне Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Далейшае дзеяньне было ў руках арганізатараў-піянэраў ды новаабранага кіраўніцтва. Неўзабаве пасьля ўтварэньня БІНІМу былі выдадзеныя “Запісы”, у перадавіцы якіх яшчэ раз каротка выказвалася думка наконт патрэбы стварэньня інтэлектуальнае творчае арганізацыі на эміграцыі ды акрэсьленыя напрамкі працы.
У прыватнасьці там пісалася:
“Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва паўстаў летась з мэтаю гуртаваньня працаўнікоў беларускае навукі, літаратуры й мастацтва за межамі Беларусі дзеля падтрыманьня, ажыўленьня й каардынаваньня беларускае культурна-навуковае працы на эміграцыі.
Інстытут быў закладзены з насьпелай нутраной сьведамасьці беларускіх культурна-навуковых працаўнікоў пра неабходнасьць і нацыянальны абавязак весьці далей ва ўмовах вольнага дэмакратычнага сьвету тую працу пакаленьняў нашых вучоных, пісьменьнікаў і мастакоў, натугамі й рупнасьцяй якіх расла й шырылася беларуская навука й культура на працягу мінулых дзесяцігодзьдзяў.
Папярэднія пакаленьні не шкадавалі на гэта сваіх здольнясьцяў, сілаў, а часта й свайго жыцьця. Не адзін стаўся мучанікам ахвярнай працы на службе роднае навукі й культуры. Такія імёны, як Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія, Аркадзь Смоліч, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Мікола Шчакаціхін, Сьцяпан Некрашэвіч, Язэп Лёсік, Язэп Пушча, Уладзімер Дубоўка, Уладзімер Тэраўскі, Еўстыгней Міровіч, Уладзіслаў Галубок — і тысячы іншых заслужаных вучоных, пісьменьнікаў і мастакоў застануцца ўзорным прыкладам ахвярнасьці й шчырае адданасьці як мастацтву й навуковай праўдзе, так і свайму народу, за што яны й загінулі.
На Бацькаўшчыне сяньня ўся вольная, аб’ектыўная навуковая праца над вывучэньнем навуковых пытаньняў беларускага народу й беларускае зямлі перасьледуецца й караецца. Таму якраз беларускія працаўнікі навукі й культуры, што апынуліся сяньня за межамі Беларусі, павінны пераняць цяжар гэтае працы ды весьці яе на эміграцыі.
Дзеля спаўненьня гэтага вялікага заданьня, ускладзенага гісторыяй на плечы тых нашых сьціплых культурна-навуковых кадраў, што захаваліся ад зьнішчэньня, нам неабходна цясьней згуртавацца, нягледзячы на розьніцу палітычных паглядаў ды арганізацыйную прыналежнасьць, да чаго й заклікае Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ўсіх нашых культурна-навуковых працаўнікоў як у Злучаных Штатах Амэрыкі, так і па ўсіх іншых краінах сьвету.
З мэтаю большага зацікаўленьня найважнейшымі пытаньнямі беларусаведы сваіх і чужых, з мэтаю публікаваньня працаў у гэтай галіне Інстытут пачынае выдаваць свой навуковы орган — “Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва”[3].
Пра заснаваньне ў Нью-Ёрку беларускае навукова-дасьледчае арганізацыі шырока паведамляў друк, як беларускамоўны, гэтак і іншамоўны, ды было разаслана шмат спэцыяльных прэс-камунікатаў. Трэба сказаць, што заснаваньне беларускае арганізацыі дасьледча-навуковага профілю беларускае і навукова-амэрыканскае грамадзтва ўспрыняла з задавальненьнем і прыязьню. Стварэньне БІНІМу віталі ня толькі прыязныя беларусам групы, як, прыкладам, украінцы, але й расейскія ды польскія арганізацыі. Некаторыя амэрыканскія бібліятэкі паведамілі БІНІМу пра сваё жаданьне займець у новапаўсталай арганізацыі дарадчыка ў разбудове беларускіх кнігазбораў. Прывітальныя лісты даслалі такія навукоўцы, як Юры Шавялёў, Барыс Унбэгаўн, Нікалас Вакар, Аляксандар Далін ды шмат іншых. Ад самага пачатку БІНІМ пачаў атрымоўваць запросіны да ўдзелу ў навуковых канфэрэнцыях, прэсавых сустрэчах у Нью-Ёрку й Вашынгтоне ды паведамленьня беларускага пункту гледжаньня на праблемы. Гэткім чынам, БІНІМ ад самага пачатку замацаваў за сабою апінію беларускае нацыянальнае ўстановы. На той час гэта было піянэрскае зьявішча, бо нацыянальнае навуковае грамадзкасьці Беларусі ў замежжы, па сутнасьці, не было, а сувязі з афіцыйным навуковым асяродкам у БССР былі ўскладненыя.
Праца па разбудове БІНІМу пачалася пасьля ягонага афіцыйнага заснаваньня. Разаслалі каля сотні анкетаў на сяброўства ў новай інстытуцыі беларускім навукоўцам і грамадзкім дзеячам дыяспары, якія запоўнілі Мікола Абрамчык, Антон Адамовіч, Леў Акіншэвіч, Кастусь Акула, Натальля Арсеньнева, Мікола Арцюх, Вольга Арэхва, Часлаў Будзька, Томас Бэрд, архіяпіскап Васіль (Уладзімер Тамашчык), Дзьмітры Верасаў, Барбара Вержбаловіч, Аляксей Вініцкі, Юрка Віцьбіч, Аўген Вярбіцкі, a. Леў Гарошка, Мікола Гарошка, Расьціслаў Гарошка, a. Язэп Германовіч, Язэп Гладкі, Баляслаў Грабінскі, Станіслаў Грынкевіч, Аляксей Грыцук, Язэп Гуткоўскі, Мікола Дарашэвіч, Юліяна Дубейкаўская, Віктар Жаўняровіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Раіса Жук-Грышкевіч, Янка Запруднік, Эльза Зубковіч, Рыгор Казак (Крушына), Аляксандар Калодка, Сымон Кандыбовіч (Кабыш), Алесь Карповіч, Аўген Каханоўскі, Вітаўт Кіпель, Зора Кіпель, Тамара Стагановіч-Кольба, Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Мікола Кунцэвіч, Францішак Кушаль, Язэп Ляшчынскі (Міхась Кавыль), Язэп Малецкі, Пётра Манькоўскі, Аляксандар Марговіч, Аляксандар Махноўскі, мітрапаліт Мікалай (Міхась Мацукевіч), Пётра Мірановіч, Уладзімер Набагез, Міхась Наўмовіч, Мікола Нікан, Аляксандар Орса, Ала Орса-Рамана, Гіпаліт Паланевіч, Мікола Панькоў, Ян Пятроўскі, Мікола Равенскі, Барыс Рагуля, Аляксандар Раманоўскі, Аляксандар Ружанец-Ружанцоў, Лявон Рыдлеўскі, Апалёнія Савёнак, Лявон Савёнак, Янка Садоўскі, Алесь Салавей, Міхал Саўка-Міхальскі, Віктар Сянкевіч, Юры Сянькоўскі, Мікола Сільвановіч (Вярба), біскуп Часлаў Сіповіч, Яўхім Скурат, а. Аўген Смаршчок, Станіслаў Станкевіч, Масей Сяднёў, а. Пётра Татарыновіч, Вітаўт Тумаш, Часлаў Ханяўка, Антон Шукелойць, Дзьмітры Чайкоўскі, Уладзімер Цьвірка, Мікола Цэлеш, Эміль Цяўлоўскі, Янка Шакун, Уладзімер Шыманец, Янка Юхнавец ды іншыя.
У гэты ж час закладзеныя картатэкі беларускіх арганізацыяў на эміграцыі й дасьледнікаў беларусаведы (як беларусаў, гэтак і іншых нацыянальнасьцяў). Таксама быў наняты адвакат і зробленыя неабходныя ў такіх выпадках адміністрацыйныя захады па рэгістрацыі ўстановы ў штаце Нью-Ёрк:
П Р А Т А К О Л
паседжаньня Ўраду БІНІМу
дня 20 кастрычніка 1952 г.
Прысутныя: прафэсар Л[еў] Акіншэвіч, прафэсар М[ікола] Дарашэвіч, уладыка Васіль, доктар В[ітаўт] Тумаш, Н[атальля] Арсеньнева.
Парадак дня:
1. Справа Зьезду.
2. Народны Ўнівэрсытэт.
3. Бягучыя справы.
4. Легалізацыя Інстытуту.
Да пункту 1 пастаноўлена: склікаць Зьезд БІНІМу 14 сьнежня 1952 г. а 14.30. Дзеля гэтага не пазьней як 14 лістапада кожнаму сябру БІНІМу павінен быць высланы праект Статуту й адмысловы ліст, які далучаецца да пратакола. Сп. М[ікола] Дарашэвіч мае падрыхтаваць фінансавую справаздачу. Сп. В[ітаўт] Тумаш мае зрабіць справаздачу наконт часопісу “Запісы”. Уступнае слова даручаецца старшыні БІНІМу ўладыку Васілю. Паклікаецца рэвізійная камісія ў асобах: Сп. [Пётры] Манькоўскага й Сп. [Міколы] Гарошкі. Справу Статуту зрэфэруе Зьезду Сп. прафэсар Л[еў] Акіншэвіч.
Да пункту 4 пастаноўлена: легалізацыю БІНІМу вырашана даручыць старшыні ўладыку Васілю, абмеркаваўшы гэтую справу з адвакатам.
Да пункту 3 пастаноўлена: па бягучых справах даручана зрабіць даклад Сп. [Міколу] Куліковічу 8 лістапада 1952 г. у памяшканьні Ўкраінскага літаратурна-мастацкага клюбу. У гэтай справе мае быць дадзеная абвестка ў наступным нумары “Беларуса”.
Да пункту 2 пастаноўлена: па абмеркаваньні яшчэ раз справы й жывое дыскусыі пачаць арганізацыю Ўнівэрсытэту неадкладна тым часам з гэткаю праграмай:
1. Эканамічная й фізычная геаграфія Беларусі. Месяцова — 4 гадзіны.
2. Гісторыя й культура Беларусі — 6 гадзінаў.
3. Гісторыя літаратуры й літаратура — 6 гадзінаў.
4. Гісторыя Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня.
5. Беларускае мастацтва.
6. Амэрыканаведа.
На лектараў прапануецца запрасіць: Сп.Сп. А[ляксандра] Орсу, Л[ява] Гарошку, М[іколу] Дарашэвіча, Л[ява] Акіншэвіча, Г[іпаліта] Паланевіча, А[нтона] Адамовіча, доктара В[ітаўта] Тумаша, Я[нку] Ліманоўскага, Ул[адзімера] Клішэвіча, М[іхася] Тулейку.
На гэтым паседжаньне было скончанае.
Сакратар Н[атальля] Арсеньнева”.
Першы сход адбыўся, згодна з пастановай, 14 сьнежня 1952 г. у Нью-Ёрку. Паводле пратакола, у ім узялі ўдзел 40 сяброў БІНІМу ды каля дзясятка ўпаўнаважаных. Інфармацыя пра мерапрыемства была выдрукаваная ў “Беларусе”:
“У нядзелю 14 сьнежня сёлета ў Беларускай Хатцы адбыўся гадавы сход сяброў заснаванага год таму Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.
Леташні, першы сход, на якім БІНІМ быў закладзены, шмат шырэйшы й больш урачысты, з запрошанымі гасьціма й дакладчыкамі, не патрапіў, аднак, абмеркаваць, правесьці й зацьвердзіць таго, што ўдалася зладзіць сёлетняму, першаму сходу сяброў гэтае маладое, а гэтак патрэбнае арганізацыі.
У справаздачы з працы, праробленай за гэты першы, арганізацыйны пэрыяд тымчасовым Урадам БІНІМу, выявілася, што, хоць умовы працы былі вельмі цяжкія, у асноўным усе заданьні, ускладзеныя леташнім сходам на тымчасовы Ўрад, — выкананыя. На запросіны тымчасовага Ўраду Інстытуту, які разаслаў у гэтай справе каля ста адмысловых анкетаў і запросінаў блізу ўсім, бяз розьніцы палітычных перакананьняў, беларускім навукоўцам і мастакам, вакол Інстытуту задзіночылася ўжо ладная грамада (звыш 50 сяброў).
Апрацаваны Статут арганізацыі, выдадзены коштам ахвяраў, сабраных сярод беларусаў добрае волі, два нумары часопісу БІНІМу — “Запісы”, цалкам падрыхтаваныя да друку, вялікі зборнік вершаў Янкі Купалы, зборнік вершаў Максіма Багдановіча, кніжка “Ахвяры бальшавізму” з імёнамі звыш 500 беларускіх дзеячаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў і патрыётаў, зьнішчаных бальшавікамі й інш. У асноўным, усё падрыхтаванае патрэбнае дзеля адчыненьня паасобных сэкцыяў Інстытуту; наладжаныя два навуковыя рэфэраты й абыход 10-х угодкаў сьмерці Янкі Купалы з рэфэратам і мастацкай часткай; апрацаваная праграма й падабраныя лектары для Беларускага Народнага Ўнівэрсытэту, што будзе адчынены, як толькі знойдзецца належнае памяшканьне, ды заладжана яшчэ шмат больш дробных справаў, працу ля якіх мо’ не заўсёды й відаць, але якая забірае шмат часу й безь якое нельга абысьціся.
Пасьля ўступнага слова дасюлешняга старшыні БІНІМу ўладыкі Васіля й справаздачы з працы за мінулы год, зробленай першым сакратаром Ураду доктарам Вітаўтам Тумашам, прысутныя выказалі старому Ўраду абсалюторыюм з падзякай.
Пасьля гэтага пачалося чытаньне Статуту й дыскусія зь яго. Статут быў прыняты з колькімі, тут жа выпраўленымі, невялічкімі зьменамі.
Скончыўшы з Статутам і кіруючыся ім, сабраныя сябры прыступілі да выбараў новага першага сталага Ўраду БІНІМу.
Тайным галасаваньнем, бальшынёю галасоў у новы ўрад выбраныя: на старшыню — дацэнт Янка Ліманоўскі, сябрамі — доктар Вітаўт Тумаш, доктар Уладзімер Сядура, Натальля Арсеньнева (Кушаль) і Мікола Панькоў. Апрача гэтага, выбраныя тры кандыдаты да Ўраду й Наглядная рада ў складзе старшыні прафэсара Лява Акіншэвіча, уладыкі Васіля й паэты Рыгора Крушыны.
Дарма што арганізацыйны пэрыяд працы Інстытуту ў асноўным скончаны, на плечы новага Ўраду ўскладзена ці мала важных абавязкаў. Адным з найважнейшых — стварэньне матэрыяльнае базы для працы нашае навуковае арганізацыі, без чаго яна ніколі не патрапіць набраць належнага імпэту, арганізацыя паасобных сэкцыяў, выдавецкая праца, навязаньне трывалых сувязяў з іншанацыянальным ды амэрыканскім навуковым сьветам і шмат чаго іншага.
Беручы на ўвагу матэрыяльнае становішча нашае маладое эміграцыі й цяжкасьці ў атрыманьні дапамогі на беларускую навуковую працу з боку розных пакліканых да гэтага інстытуцыяў, — кожнаму ясна, што ня толькі ахвярнасьць Ураду ці сяброў інстытуту, якія не шкадуюць ні грошай, ні часу для разьвіцьця свае ўстановы, — але й усяго нашага грамадзтва можа адно прычыніцца да належнага росту Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва — адзінае шырока разбудаванае навуковае інстытуцыі на эміграцыі” [4].
27 сьнежня адбылося наступнае паседжаньне, на якім нямала ўвагі было аддадзена канчатковай рэдакцыі Статуту БІНІМу ды плянам на будучыню. У прыватнасьці, было запратакалявана выдрукаваць у 1953 г. чатыры нумары “Запісаў” памерам у 60 бачынаў, падрыхтаваць праект бюджэту на “Запісы” й зборнік твораў Янкі Купалы дзеля падаваньня ў Фордаўскі Фонд, рэдакцыйную калегію часопіса паклікаць у складзе доктара Вітаўта Тумаша, Язэпа Гуткоўскага, Натальлі Арсеньневай. Пастанавілі таксама стварыць групу дасьледнікаў дзеля агляду іншамоўных кніжак, у якіх закранаецца пытаньне Беларусі, у складзе Міколы Панькова, Іны Рытар, Вітаўта Тумаша, Аўгена Вярбіцкага, Лява Акіншэвіча.
Праца па разбудове БІНІМу вялася й надалей. На паседжаньні 10 сьнежня 1953 г. было пастаноўлена закласьці Ўсебеларускі Архіў, аб’яднаўшы ў ім прыватныя архівы Міколы Панькова й Архівы Бібліяграфічнае Службы, пра што ў “Беларусе” было напісана:
“Выконваючы даручэньне Агульнага Зьезду з 14 сьнежня 1952 г., Управа Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва прыступіла да арганізацыі ў Нью-Ёрку Ўсебеларускага Архіву беларускае эміграцыі.
Дзякуючы ахвярнасьці архівара Інстытуту Сп. Міколы Панькова, які аддае пад Архіў адпаведнае памяшканьне, сталася магчымым прыступіць да арганізаваньня Архіву безадкладна, каб так патрэбная ўстанова была як найхутчэй адчыненая й аддадзеная для карыстаньня ўсяму беларускаму грамадзянству бяз розьніцы палітычных паглядаў ці груповае прыналежнасьці.
Ужо праведзеная пачатковая праца паказала, што арганізаваньне Архіву — справа насьпелая, і ўжо шмат хто згадзіўся перадаць у Архіў свае прыватныя зборы для агульнага карыстаньня ці то на собскасьць Архіву, ці на ўмовах дэпазыту.
Усебеларускі Архіў будзе складацца з трох галоўных аддзелаў: архіўнага, музэйнага й бібліятэкавага. Архіўны аддзел зьбірае й перахоўвае акты, дакумэнты, рукапісы, успаміны, фатаграфіі, біяграфічныя й іншыя падобныя матэрыялы з гісторыі Беларусі й з гісторыі й жыцьця беларускае эміграцыі.
Музэйны аддзел зьбірае памяткі й прадметы, што маюць гістарычную, навуковую, этнаграфічную, мастацкую вартасьць для нашых будучых пакаленьняў. Сюды будуць належаць і творы беларускіх мастакоў, як абразы, скульптура, замалёўкі, а таксама творы чужых мастакоў зь беларускаю тэматыкай.
Бібліятэкавы аддзел будзе намагацца канцэнтраваць ды ахоўваць усе друкі беларускія й пра Беларусь як кнігі, брашуры, часопісы, газэты, ноты, паштоўкі, улёткі й г. д.
Інстытут бярэ на сябе абавязак і адказнасьць за справу аховы збораў ды за даступнасьць іх для навуковых і грамадзкіх патрэбаў. Дзеля сталай рупнасьці пра ахову сабраных каштоўнасьцяў і пра разьвіцьцё Архіву паклікаецца з прадстаўнікоў грамадзянства адумысловая Архіўная рада як наглядна-дарадчы орган для кіраўніцтва Архіву.
Паведамляючы пра закладзіны Ўсебеларускага Архіву, Урад Інстытуту даручае гэтую так важную й неабходную з грамадзка-нацыянальнага гледзішча ўстанову ўвазе й маральнай ды матэрыяльнай апецы беларускай эміграцыі ўсіх краінаў сьвету ды заклікае да перасланьня ў Архіў вышэй пералічаных матэрыялаў. Просім усе беларускія выдавецтвы перасылаць па 3 экзэмпляры ўсіх сваіх выданьняў для Архіву. За большую колькасьць Архіў будзе заўсёды вельмі ўдзячны, бо лішнія экзэмпляры будуць выкарыстаныя для вымены з чужамоўнымі архівамі й бібліятэкамі, лучнасьць зь якімі ўжо навязваецца” [5].
На тым самым паседжаньні 10 студзеня дыскутавалася справа правапісу эміграцыйнага друку й была пакліканая камісія для апрацаваньня пляну ўніфікацыі правапісу — Янка Ліманоўскі, Уладзімер Сядура, Ізыдар Плашчынскі, Язэп Гладкі. Таксама стваралася камісія па крытычным аглядзе й аналізе іншамоўных кніг, прысьвечаных праблемам, зьвязаных зь Беларусьсю. У гэтую камісію ўвайшлі Мікола Панькоў, Леў Гарошка, Вітаўт Тумаш, Іна Рытар, Леў Акіншэвіч, Аляксей Сянькевіч, Часлаў Сіповіч, Мікола Сільвановіч, Мікола Нікан, Аўген Вярбіцкі.
Асобна дыскутавалася напісаньне англамоўнага нарысу пра Беларусь. У камісію па апрацоўцы нарысу ўвайшлі Леў Акіншэвіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Юрка Віцьбіч, Уладзімер Сядура, Леў Гарошка, Гіпаліт Паланевіч, Аўген Каханоўскі, Аўген Вярбіцкі, Сымон Кандыбовіч (Кабыш), Іна Рытар. Ляву Акіншэвічу таксама было прапанавана ўтварыць гістарычную сэкцыю, а Ўладзімеру Сядуру сэкцыю выяўленчага мастацтва. Таксама пастанавілі стварыць сэкцыю літаратурную, што даручылі Янку Ліманоўскаму з дапамогаю Ізыдара Плашчынскага (Гуткоўскага), Натальлі Арсеньневай, Рыгора Крушыны, Юркі Віцьбіча, Уладзімера Сядуры. Гэтая сэкцыя забавязалася ад 1954 г. выдаваць літаратурна-мастацкі часопіс і абвесьціла конкурс на лепшае апавяданьне[6].
Гэтак БІНІМ распачынаў сваю працу.
С Т А Т У Т
БЕЛАРУСКАГА ІНСТЫТУТУ НАВУКІ Й МАСТАЦТВА
Прыняты на Агульным Зьезьдзе
Інстытуту 14 сьнежня 1952 году
I. Назоў і мэты Інстытуту
1. Назоў арганізацыі па-беларуску: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Назоў па-ангельску: Whiteruthenian Institute of Arts and Sciences, Inc.
2. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ёсьць арганізацыяй, якая намагаецца згуртаваць усе навуковыя й творчыя культурныя сілы, што ставяць сабе за мэту навуковае пазнаньне й вывучэньне Беларусі, беларускага народу, ягонае культуры духовае й матэрыяльнае, побач адначасна й творчае працы ў галіне беларускае культуры.
3. Працу сваю Інстытут праводзіць шляхам:
§ арганізацыі й вядзеньня навукова-дасьледчае й творчае культурнае працы;
§ узгадаваньня творчых кадраў у галіне беларускае навукі й культуры;
§ арганізацыі адпаведных бібліятэк, архіваў, музэяў і іншых дапаможных установаў;
§ наладжваньня рэфэратаў, дыскусійных зборак, курсаў, выставаў, мастацкіх і літаратурных выступаў;
§ выданьня навуковых і літаратурна-мастацкіх часопісаў, працаў, кніг;
§ навязаньня культурна-навуковых сувязяў з іншанацыянальнымі ўстановамі й арганізацыямі навукі й культуры.
II. Сябры Інстытуту
1. Сябрам Інстытуту можа быць кожны працаўнік беларускае навукі й культуры з працамі й заслугамі ў сваёй галіне.
2. Новых сяброў у Інстытут прымае Ўправа Інстытуту на аснове складзенай адпаведнай заявы.
3. Кожны сябра Інстытуту забавязаны выконваць ускладзеныя на яго сяброўскія абавязкі Статутам, пастановамі Агульнага зьезду ці пастановамі Ўправы. Кожны сябра мае правамоцны голас на Агульным Зьезьдзе й можа быць абраны ва ўлады Інстытуту.
4. Сябра Інстытуту можа быць пазбаўлены сяброўства пастановаю Ўправы з правам апэляцыі да Агульнага Зьезду.
5. За асаблівыя заслугі ў галіне беларускае навукі й культуры Агульны Зьезд можа надаваць ганаровае сяброўства. У вынятковых выпадках ганаровае сяброўства можа надаваць і Ўправа Інстытуту, але яно пазьней мусіць быць зацьверджанае Агульным Зьездам.
III. Кіраўнічыя органы Інстытуту
1. Кіраўнічымі органамі Інстытуту ёсьць: Агульны Зьезд, Управа й Наглядная Рада.
АГУЛЬНЫ ЗЬЕЗД
1. Агульны Зьезд Інстытуту ёсьць найвышэйшым пастанаўляльным органам арганізацыі.
2. Агульны Зьезд Інстытуту склікаецца не радзей як раз на два гады для агляду дзейнасьці арганізацыі й ейных кіраўнічых органаў, для плянаваньня будучае працы, для перавыбараў Управы й Нагляднае Рады й для разгляду ўсіх іншых найважнейшых справаў Інстытуту. У выпадку патрэбы можа быць скліканы Надзвычайны Агульны Зьезд.
3. Пра час, месца й парадак Агульнага Зьезду Галоўная Ўправа мае абавязак паведаміць кожнага сябру Інстытуту не пазьней як на месяц наперад.
4. Агульны Зьезд ёсьць правамоцны пры наяўнасьці найменш паловы сяброў Інстытуту або іхных упаўнаважаных. Сябра, які дзеля паважных прычынаў ня можа прыбыць на Агульны Зьезд, можа пісьмова перадаць свой голас іншаму сябру Інстытуту. Такая перадача голасу можа быць зробленая толькі сябрам, які жыве не бліжэй як 100 міляў ад месца Агульнага Зьезду.
5. Пастановы Агульнага Зьезду выносяцца звычайнаю бальшынёю галасоў, за выняткам пастановаў наконт зьмены Статуту й ліквідацыі Інстытуту, на што трэба 2/3 бальшыні ўсіх прысутных.
6. Агульны Зьезд Інстытуту звычайна склікае Ўправа. Управа забавязаная склікаць Агульны Зьезд і на дамаганьне Нагляднае Рады або бальшыні сяброў Інстытуту.
УПРАВА ІНСТЫТУТУ
1. Управа Інстытуту складаецца з старшыні й чатырох сяброў Управы: заступніка старшыні, скарбніка й архівара.
2. Старшыня абіраецца Агульным Зьездам адумысловым тайным галасаваньнем. Іншыя сябры Ўправы абіраюцца разам паводле бальшыні атрыманых галасоў і дзеляць паміж сабою функцыі на першым паседжаньні новаабранае Ўправы. Тры далейшыя кандыдаты паводле ліку галасоў стаюцца кандыдатамі Ўправы Інстытуту.
3. На выпадак адыходу старшыні Інстытуту перад наступным Агульным Зьездам ягоныя функцыі да Зьезду пераймае заступнік старшыні.
4. Управа кіруе працаю Інстытуту, ягонымі сэкцыямі ды аддзеламі й за сваю дзейнасьць адказвае перад Агульным Зьездам.
НАГЛЯДНАЯ РАДА
1. Наглядная Рада Інстытуту абіраецца Агульным Зьездам у складзе трох асобаў (старшыні, заступніка старшыні й сакратара) ды двох заступнікаў.
2. Наглядная Рада кантралюе працу Галоўнае Ўправы, аддзелаў і сэкцыяў арганізацыі й праводзіць дакладную праверку грашовае й агульнае дзейнасьці не радзей як раз на год.
IV. Сэкцыі, аддзелы, афіліяваныя арганізацыі
1. Асноўная практычная праца Інстытуту вядзецца па адпаведных сэкцыях (напр.: гісторыі, эканомікі, літаратуры, мастацтва, г. д.). На чале кожнае сэкцыі стаіць кіраўнік і сакратар, кандыдатуры якіх высоўваюць сябры дадзенае сэкцыі, а зацьвярджае Ўправа Інстытуту.
2. Сэкцыі ў сваёй працы падпарадкаваныя Ўправе Інстытуту й кантролю Нагляднае Рады.
3. У больш далёкіх ад сядзібы Інстытуту мясцовасьцях і за згодаю Ўправы могуць быць закладзеныя аддзелы Інстытуту там, дзе ёсьць ня менш як тры сябры Інстытуту.
4. Пры Інстытуце могуць быць афіляваныя арганізацыі ці ўстановы навукова-культурнага характару, які захоўваюць свой назоў і сваю самастойную арганізацыйную структуру, але на аснове адумыслова напісанае ўмовы паміж імі й Інстытутам забавязаныя супрацоўнічаць з Інстытутам і ўзгадняць агульны кірунак свае працы.
V. Фінансы
1. Фінансы Інстытуту складаюцца:
- зь сяброўскіх складак, вышыня якіх устанаўляецца Агульным Зьездам;
- з даходаў ад навуковых дакладаў, канцэртаў, выставаў;
- з даходаў ад продажу выданьняў Інстытуту;
- з ахвяраваньняў ад установаў і прыватных асобаў.
2. Фінансамі Інстытуту распараджаецца Ўправа паводле прынятых Агульным Зьездам інструкцыяў у гэтай справе й паводле складзенага бюджэту.
VI. Канчатковыя пастановы
1. Афіцыйная сядзіба Інстытуту й Управы: Нью-Ёрк, Злучаныя Штаты Амэрыкі. Агульны Зьезд Інстытуту можа, аднак, адбывацца й у іншых мясцовасьцях ЗША.
2. Інстытут мае ўсе правы юрыдычнае асобавасьці ды ўжывае сваю адумысловую пячатку з надпісам: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтава.
3. Ліквідацыя арганізацыі можа быць пастаноўленая толькі Агульным Зьездам. Ліквідацыйны зьезд вызначае й беларускую арганізацыю ці ўстанову, якой мае быць перададзеная маёмасьць Інстытуту пасьля ягонае ліквідацыі.
[1] Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993. — 348 с.
[2] Гэты й наступныя Пратаколы захоўваюцца ў архіве БІНІМу. Публікуюцца з захаваньнем адметнасьцяў правапісу арыгіналу.
[3] [Прадмова] // Запісы БІНІМ. № 1. Нью Ёрк, 1952. С. 5(?).
[4] Беларус. 1952. 25 сьнежня.
[5] Беларус. 1953. 21 лютага.
[6] Беларус. 1953. 28 лістапада.
|