БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ЗАПІСЫ БЕЛАРУСКАГА ІНСТЫТУТУ НАВУКІ і МАСТАЦТВА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ЗАПІСЫ № 29/2004

З АРХІЎНЫХ ТЭЧАК БІНІМУ[1]

Вітаўт Кіпель 
Нью-Джэрзі 

Арганізацыя Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў ЗША ў 1951 г. была абумоўленая, па-першае, патрэбаю гуртаваць дзейныя беларускія інтэлектуальныя кадры, а па-другое, знаёміць заходняе грамадзтва з нацыянальнаю Беларусьсю, пра якую на Захадзе было амаль няведама; нават болей: існаваў пагляд, што тагачасная БССР, сябра ААН, ніякая не дзяржава, а патрэбны Маскве (СССР) дадатковы голас у згаданай сусьветнай арганізацыі. 

За першыя колькі гадоў у БІНІМе было зарэгістравана блізу 60 сяброў, а кіраўнікамі БІНІМу ў 1950-х былі ўладыка БАПЦ Васіль (Уладзімер Тамашчык), дацэнт Янка Ліманоўскі, доктар Вітаўт Тумаш, прафэсар Антон Адамовіч. 

Ідэя арганізацыі беларускае інтэлектуальнае структуры — прапаноўваліся розныя назовы — належала доктару Вітаўту Тумашу, тагачаснаму кіраўніку Аб’яднаньня Беларускіх Лекараў на Чужыне, але сам ён ня мог цалкам аддацца арганізацыйнай дзейнасьці, бо быў заняты падрыхтоўкаю да здачы лекарскіх іспытаў. 

Каротка пра вымогі сяброўства ў БІНІМе: закончаная вышэйшая адукацыя, а для мастацка-літаратурных асобаў — вызначэньне працамі на адпаведных беларусазнаўчых дзялянках. Сёньня можна сказаць, што сяброўства ў БІНІМе ішло пэрыядамі-хвалямі: хваля пачынальнікаў, якія атрымоўвалі адукацыю на бацькаўшчыне, — сябры пачатку 1950-x — 1960-х гг.; хваля “маладзейшых” — тых, што пакінулі радзіму ва ўзросьце 15—20 гадоў і здабывалі асьвету ўжо на Захадзе. З гэтае хвалі прыкладна 50—60 асобаў сталіся сябрамі Інстытуту. Хваля “амэрыканцаў” — асобаў, народжаных у краінах Захаду, пераважна ЗША. Гэтая група складае блізу 40 асобаў. І, нарэшце, хваля “землякоў” — новых эмігрантаў, што выяжджалі з БССР пачынаючы ад другое паловы 1980-х гг. Апошніх можна пералічыць на пальцах аднае рукі, але трэба быць рэалістам: сяброўства ў Інстытуце надалей будзе павялічвацца толькі за кошт гэтае й папярэдняе хваляў. 

Дзейнасьць БІНІМу вызначылася ў 2-х кірунках: “нутранай” беларуска-грамадзкай актыўнасьці й “вонкавай” — у небеларускім грамадзтве. На нутраным адцінку працы БІНІМ найперш пачаў арганізоўваць рэгулярныя зборкі, дзе абмяркоўваліся новыя кнігі, важныя для дасьледніка Беларусі. Наладжанае было супрацоўніцтва зь беларускімі суполкамі, якім БІНІМ дапамагаў інфармацыяй, дакладамі й г. д. Арганізацыйная дзейнасьць абдымала плянавыя зборкі, справаздачы, ліставаньне, падрыхтоўку й рэдагаваньне матэрыялаў заплянаванага часопісу. І тут неабходна адцеміць, што ў падтрыманьні кантактаў Інстытуту зь іншымі арганізацыямі, наладжваньні адміністрацыйнае машыны асабліва шмат высілкаў уклала Натальля Арсеньнева — адна з заснавальнікаў БІНІМу, шыраказнаная й шанаваная дыяспарай ня толькі як выдатная нацыянальная паэтка, але й як сумленная грамадзкая працаўніца. 

Зборкі Ўправы Інстытуту адбываліся часта. Былі аформленыя сэкцыі: літаратурная, бібліяграфічная, гістарычная, слоўнікавая. Ёсьць у архіўных папках Інстытуту дакумэнт і пра тое, што БІНІМ плянаваў разам з Крывіцкім Навуковым Таварыствам выдаваць літаратурны часопіс: 

“Нью-Ёрк, 1 сакавіка 1954 г. 

Насьпела вострая патрэба стварэньня супольнымі натугамі ўсіх беларускіх пісьменьнікаў свайго літаратурнага часопісу на эміграцыі. 

Дзеля гэтага: 

1. Старшыня Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва забавязваецца пакрыць з фондаў Інстытуту кошты выданьня найменш двох нумароў гэткага часопіса памеру 6-ці друкарскіх аркушаў нармальнай васьмёркі ў тыражы 1000 экзэмпляраў. 

2. Старшыня Крывіцкага Навуковага Таварыства забавязваецца пераказаць для выдавецтва часопіса зь пешых чарговых датацыяў для Таварыства суму, ня меншую ад сумы, уплачанай на кошты друку часопіса Інстытутам. 

3. На часопісе мае быць зазначана, што ён выдаецца коштам Інстытуту, а пасьля ўплаты сваёй часткі Таварыствам — што й коштам Таварыства. 

4. У варганізацыйную рэдакцыйную калегію часопіса запрашаюцца: Натальля Арсеньнева, Антон Адамовіч, Юрка Віцьбіч, Рыгор Крушына, Язэп Менскі, Мікола Панькоў, Уладзімер Сядура. Склад рэдакцыйнай калегіі мае стала падавацца ў часопісе. У патрэбе ён можа быць пашыраны ці зьменены. 

Старшыня Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва Вітаўт Тумаш 

Старшыня Крывіцкага Навуковага Таварыства імя доктара Ф. Скарыны Антон Адамовіч”. 

Але так сталася, што з задумы супольна выдаваць часопіс нічога ня выйшла, затое ў тым самым 1954 г. БІНІМ наладзіў выпуск свайго ўласнага літаратурнага часопіса “Конадні”, а Антон Адамовіч цалкам далучыўся да працы Інстытуту. 

Дзейнасьць БІНІМу навонкі пачалася з таго, што заходняе, найперш амэрыканскае, інтэлектуальнае грамадзтва было азнаёмленае з новапаўсталай беларускай навукова-дасьледчай арганізацыяй. Унівэрсытэтам, бібліятэкам, урадавым установам, паасобным дасьледнікам былі разасланыя блізу 200 лістоў з інфармацыяй пра заснаваньне БІНІМу ды ягоныя пляны; бібліятэкам прапаноўвалася дапамога ў разбудове беларускіх калекцыяў. Зазначалася, што будзе выдавацца часопіс, і навукоўцы запрашаліся да супрацоўніцтва. Зьмест часопіса, які вырашана было назваць “Запісы”, плянаваўся наступны: “Часопіс Інстытуту будзе зьмяшчаць працы, зацемкі, рэцэнзіі, паведамленьні з усіх галінаў беларусаведы й беларускае культуры. Хоць бачыны часопіса будуць прысьвячацца як старой, гэтак і сучаснай гісторыі, культуры й эканоміцы Беларусі. Асаблівую, аднак, увагу Рэдакцыя будзе намагацца прыдзяляць нашай найноўшай гісторыі, падзеям найбліжэйшых нам дзён, якія знаходзяцца ў цеснай, жывой лучнасьці зь сяньняшнім палажэньнем беларускага народу й зь ягонай блізкой будучыняй” (1952). 

Неўзабаве пасьля свайго афармленьня БІНІМ дапамог у друкаваньні даведніка “Паказьнік амэрыканскіх арганізацыяў у выгнаньні з СССР” (Directory of American Organizations of Exiles from the USSR, 1952) ды падрыхтаваў некалькі мэмарандумаў наконт стану беларускае групы ў ЗША для Бібліятэкі Кангрэсу ЗША й Інстытуту Этнічных Дасьледаваньняў у Вашынгтоне. Зь апошнім была навязаная працоўная сувязь: прафэсар Леў Акіншэвіч, адзін з ініцыятараў заснаваньня БІНІМу, належаў да адміністрацыйнага кіраўніцтва Інстытуту Этнічных Дасьледаваньняў, і прадстаўнікі БІНІМу бралі ўдзел ва ўсіх пачынаньнях гэтае ўстановы. Найбольш увагі прыцягнула канфэрэнцыя “Псыхалягічная стратэгія халоднае вайны”, якая адбылася ў Вашынгтоне 22—23 лютага 1952 г. і дзе быў зачытаны беларускі даклад ды пададзеныя ўдзельнікам канфэрэнцыі некалькі мэмарандумаў ад БІНІМу. 

Так супала ў часе, што пачатковая дзейнасьць БІНІМу прыпала на пэрыяд пачатку халоднае вайны. І Інстытуту як адзінае навуковага профілю беларускае арганізацыі даводзілася шмат даваць інфармацыі пра Беларусь: стан БССР у камуністычным лягеры, русіфікацыю, фальшаваньне гісторыі, дэмаграфію. 

БІНІМ супрацоўнічаў таксама зь дзейнае ў той час Камісіяй Керстэна. Камісія была створаная Кангрэсам ЗША для аналізу ўзьдзеяньня савецкае сыстэмы на насельніцтва, культуру, эканамічны стан і г. д. Камісія Керстэна надавала вялікую ўвагу й нацыянальнаму пытаньню ў СССР. Сярод іншага, Камісія правяла адмысловыя слуханьні з прадстаўнікамі народаў Савецкага Саюзу, у тым ліку й беларусаў. Ад БІНІМу ў Камісіі сьведчылі доктар Вітаўт Тумаш і сп. Антон Шукелойць. Таксама БІНІМ прадставіў вялікі даклад, у якім аналізавалася народагубчая русіфікацыйная савецкая сыстэма ў Беларусі. 

Трэба адзначыць, што паўстаньне БІНІМу на той час было вельмі надзённай справаю, неабходнаю, і таму ўспрымалася амэрыканскай навуковай і адміністрацыйнай грамадзкасьцю з задавальненьнем. З тагачаснае карэспандэнцыі (1951—1955) бачна, што БІНІМ атрымаў больш як 100 лістоў ад унівэрсытэтаў і дзяржаўных установаў з просьбамі высылаць як уласна БІНІМаўскія публікацыі, гэтак і любую навуковую інфармацыю пра Беларусь. Інстытуту запрапанавалі надрукаваць матэрыялы пра Беларусь у выданьнях Навуковага Таварыства імя Тараса Шаўчэнкі (ЗША), дасылаць матэрыялы ў Свабодную Акадэмію Навук у Парыжы (Акадэмія групавала навукоўцаў з Польшчы, Мадзяршчыны, Баўгарыі, Румыніі), супрацоўнічаць зь Літоўскай Энцыкляпэдыяй (ЗША) ды іншымі. БІНІМ навязаў лістоўную сувязь з навукоўцамі, дасьледнікамі Ўсходняе Эўропы: Аскарам Галецкім, Барысам Унбэгаўнам, Эрвінгам Кашмідэром, Аляксандрам Даліным, Алівэрам Фрыдрыксанам, Антонам Флароўскім і інш. 

Цікавая дэталь таго пэрыяду: у 1953 г. БІНІМ быў запрошаны катэдрай фізыкі Калюмбійскага ўнівэрсытэту на агляд і азнаямленьне з найноўшым дзяржаўным кампутарам. 

Вельмі дзейнае супрацоўніцтва наладжанае з Інстытутам Вывучэньня Гісторыі й Культуры СССР у Мюнхэне. Сябры БІНІМу: доктар Станіслаў Станкевіч, Павал Урбан і Алесь Марговіч — уваходзілі ў кіраўнічыя органы Мюнхэнскага інстытуту, зь якім БІНІМ супрацоўнічаў як у друку “Беларускіх Зборнікаў”, гэтак і ў апрацоўцы тэматычных бібліяграфіяў, друку беларусазнаўчых матэрыялаў у розных сэрыйных выданьнях. 

Выдатная сувязь была наладжаная з амэрыканскімі ўнівэрсытэтамі. Піянэрам падобнага супрацоўніцтва стаўся доктар Аўген Вярбіцкі, адзін з ідэйных заснавальнікаў БІНІМу й адданы працаўнік. Ён займаў вельмі высокія пасады ў сваёй прафэсійнай дзейнасьці. У апошнія гады свайго жыцьця доктар Вярбіцкі ўзначальваў дзяржаўную ваенную лябараторыю хімічнае апрацоўкі перахоўваньня ежы. Доктар Аўген Вярбіцкі, напэўна, быў адзіным беларусам на зямлі, што меў у сябе крупінку Месяцу, уручаную яму й групе амэрыканскіх хімікаў прэзыдэнтам Рычардам Ніксанам у адзначэньне іхнага ўкладу ў падрыхтоўку палёту й высадкі амэрыканскіх астранаўтаў на Месяцы ў 1969 г. У праграме Apollo наш суайчыньнік быў адным з хімікаў, адказных за перахаваньне мясных прадуктаў у “падарожжы” на месяц Apollo-13. Працы доктара Аўгена Вярбіцкага — піянэрскія ў сваёй галіне. Падкрэсьліў я гэты момант яшчэ й таму, што з Аўгенам Вярбіцкім у мяне былі блізкія прыяцельскія адносіны ад 1945 г. аж да ягонае раптоўнае сьмерці 29 чэрвеня 1986 г. 

Супрацоўніцтву з амэрыканскімі ўнівэрсытэтамі спрыяла й тое, што зь цягам часу ў БІНІМ уступалі новыя сябры — выпускнікі амэрыканскіх вышэйшых навучальных установаў. Яны сачылі за канфэрэнцыямі, добра арыентаваліся ў навуковай літаратуры, былі знаёмыя з кніжнымі фондамі й часта радзілі амэрыканскім дасьледнікам зьвяртацца ў БІНІМ. 

У розныя часы ў амэрыканскіх ВНУ выкладалі сябры БІНІМу: прафэсары Леў Акіншэвіч, Антон Адамовіч, Уладзімер Сядура, Янка Запруднік, Вольга Арэхва, Аўген Вярбіцкі, Янка Садоўскі, Васіль Мельяновіч, Фрэнк Рамана, Ала Орса-Рамана, Галіна Русак, Алесь Грыцук. Сябры БІНІМу прафэсар Томас Бэрд у Кўінз-Каледжы (унівэрсытэт штату Нью-Ёрк) ладзіў некалькі сэмінараў зь беларускае культуры. Сытангольскі ўнівэрсытэт у штаце Нью-Джэрзі ў 1977 г. адзначаў разам з БІНІМам 25-годзьдзя інстытуту. Тоўсанскі Каледж у штаце Мэрылэнд прысьвяціў у 1981 г. канфэрэнцыю (БІНІМ быў адным з арганізатараў) культурам эміграцыяў. У 1983 г. Ратгерскі ўнівэрсытэт (штат Нью-Джэрзі) у супрацы зь БІНІМам ладзіў “Тыдзень Беларускае Культуры” — мерапрыемства, якое ўлучала каля 10 беларусаведных дакладаў і выставу беларускіх мастакоў ЗША. Унівэрсытэт штату Агаё ў Кліўлэндзе зь ініцыятывы й разам зь БІНІМам ладзіў у 1986 г. канфэрэнцыю, прысьвечаную Статуту Вялікага Княства Літоўскага. Агулам ад 1951 г. да 2001 г. БІНІМ меў дачыненьні з 194 унівэрсытэтамі, каледжамі, музэямі, найбуйнейшымі бібліятэкамі ЗША. 

За гэты самы пэрыяд для бібліятэкавага ўжытку было апрацавана больш як 30 бібліяграфічных сьпісаў беларусаведнае літаратуры. Сябры БІНІМу — Янка Садоўскі, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель і Зора Кіпель — склалі некалькі большых беларусаведных бібліяграфіяў, а доктар Янка Садоўскі цягам 15 гадоў вёў рубрыку “Беларускія дасьледаваньні” ў гадавой бібліяграфіі ׂ“Гадавік працаў у вывучэньні сучасных моваў” (The year’s work in modern language studies, London). БІНІМ таксама падрыхтаваў бібліяграфіі для Тэхаскага ўнівэрсытэту пра Эзру Паўнда, пра беларускую літаратуру для Нацыянальнае бібліятэкі Шатляндыі, агульную бібліяграфію пра Беларусь у ангельскай мове для падручнікаў. 

Іншая дзялянка дзейнасьці БІНІМу навонкі — супрацоўніцтва з амэрыканскімі штатнымі структурамі: аддзеламі асьветы, гістарычнымі таварыствамі, штатнымі грамадзкімі каледжамі (Community College). Узаемадзеяньне выяўлялася ва ўдзеле ў канфэрэнцыях, музэйных выставах, сэмінарах настаўнікаў, дакладах у школах. 

Асабліва важным было супрацоўніцтва са школамі, куды празь БІНІМ трапляла інфармацыя пра Беларусь. Вось некалькі прыкладаў. У штаце Нью-Джэрзі матэрыялы канфэрэнцыяў “Этнічны досьвед” (Ethnic Experience, 1979) і “Этнічнае жыцьцё Нью-Джэрзі” (New Jersey Ethnic Life Series, 1986) былі выдрукаваныя ў форме школьных дапаможнікаў. Канфэрэнцыя “Этнічная спадчына ў школах” (Ethnic Heritage in Schools, 1974) у Кліўлэндзе спрычынілася да выданьня кнігі-дапаможніка для школ у штаце Агаё — “Беларускія суполкі ў Кліўлэндзе” (Byelorussian Communities in Cleveland, 1982). Гэтаксама матэрыялы пра нацыянальнасьці былі выдрукаваныя ў школьным дапаможніку ў штаце Мэрылэнд. Сябры БІНІМу бралі ўдзел у згаданых канфэрэнцыях, даклады выдрукоўваліся, і дзякуючы гэтаму інфармацыя пра Беларусь і беларусаў сталася даступнаю для школьных бібліятэк. Асобныя штатныя аддзелы адукацыі непасрэдна зьвярталіся ў БІНІМ па інфармацыю пра Беларусь, амэрыканцаў беларускага паходжаньня. Сябрам БІНІМу часта даводзілася чытаць лекцыі ў школах — звычайна на запросіны аддзелу па адукацыі. Зьвярталіся ў БІНІМ і бібліятэкары — іх цікавіла інфармацыя пра Беларусь у ангельскай мове, шукалі беларускія кухарскія кнігі. 

Удзел БІНІМу ў амэрыканскіх і канадыйскіх канфэрэнцыях славістаў, бібліятэкараў, географаў, гісторыкаў і г. д. быў яшчэ адною галіною дзейнасьці Інстытуту й сродкам пашырэньня інфармацыі пра краіну. Сябры БІНІМу імкнуліся бываць шмат на якіх форумах, а на канфэрэнцыях славістаў Амэрыкі беларускія прадстаўнікі былі штогод. Менавіта там упершыню дыскутаваліся пытаньні Скарыніяны, гістарычнае мінулае Беларусі ды фальшаваньне гісторыі расейскай і польскай нацыянальнымі гістарычнымі школамі; там упершыню было агучана, што Беларусь у складзе Расейскае імпэрыі — калёнія, што русіфікацыя ня спыніцца, пакуль у нацыі ня будзе імкненьня да незалежнасьці. На форумах славістаў БІНІМ артыкуляваў незалежныя нацыянальныя пагляды й на беларускую спадчыну ў ЗША. 

Сябры БІНІМу бралі ўдзел у некалькіх канфэрэнцыях у Белым Доме, што прысьвячаліся адукацыі ў ЗША ды ролі нацыянальных групаў у разьвіцьці амэрыканскае культуры. Дарэчы, кангрэсы ў Белым Доме ніколі не былі партыйна-палітычнымі; на іх зьбіраліся й дэмакраты, і рэспубліканцы. 

БІНІМ часта браў удзел у форумах такіх арганізацыяў, як Амэрыканская Асацыяцыя Балтыйскіх Студыяў (American Association for Baltic Studies), Польскі Інстытут Навукі й Мастацтва (Polish Institute of Arts and Sciences), Украінскі Кангрэсавы Камітэт (Ukrainian Congress Committee), Нацыянальная Асацыяцыя Амэрыканскіх Этнічных Групаў (National Association of American Ethnic Groups) ды дзясяткі іншых. 

Інстытут стаўся адным з арганізатараў такіх міжнародных кангрэсаў, як, напрыклад, Сусьветны Кангрэс Вывучэньня СССР (Вашынгтон, ЗША, 1985; Гараўгэйт, Вялікабрытанія, 1990). На Вашынгтонскім Кангрэсе БІНІМ арганізаваў дзьве беларусаведныя сэсіі, а ў Вялікабрытаніі — тры сэсіі дакладаў, прысьвечаных Беларусі. 

Вельмі важным міжнародным кангрэсам быў кангрэс у Рыме ў красавіку 1990 г. Ён быў названы “Рым-І” і прысьвечаны праблемам гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Арганізатарамі Кангрэсу сталіся Фундацыя Яна Паўла II у Рыме, Літоўская Каталіцкая Акадэмія (Рым, Італія), Інстытут Усходнеэўрапэйскіх Дасьледаваньняў імя Лыпінскага (Філядэльфія, ЗША) і Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк, ЗША). На гэтую канфэрэнцыю былі запрошаныя навукоўцы зь Беларусі: Адам Мальдзіс, Анатоль Грыцкевіч, а таксама пісьменьнік Васіль Быкаў, які, што праўда, прыехаць ня змог. Беларуская дэлегацыя складалася з 10—12 асобаў. Фактычна рымскі Кангрэс стаўся першым, дзе сустрэліся й працавалі разам, як адзін блёк, беларусы-навукоўцы з дыяспары, Беласточчыны й Беларусі. У наступных Кангрэсах прадстаўнікі БІНІМу былі гасьцямі: “Рым-II” (Люблін, 1991), “Рым-III” (Камянец-Падольскі, 1992), “Рым-IV” (Гародня, 1993), “Рым-V” (Трокі, 1994). 

Яшчэ адною дзялянкаю дзейнасьці Інстытуту — як нутраною, гэтак і вонкаваю, што мо зрабіла найбольшы ўнёсак у беларускую культуру, — была й ёсьць друкаваная прадукцыя БІНІМу ды ягоных сяброў. Ад 1952 г. Інстытут выдае навуковы часопіс “Запісы БІНІМ”, нейкі час выдаваўся літаратурны часопіс “Конадні”, пра які было згадана напачатку артыкула. У 1950—1960-х гг. Інстытут разам з выдавецтвам “Бацькаўшчына” ўклаў і выдрукаваў па-над тузін кніжак — спадчыны беларускіх пісьменьнікаў, чыя творчасьць часткова або цалкам была забаронена ў БССР. Шырока ведамыя беларускаму грамадзтву й амэрыканскім навуковым установам, бібліятэкам манаграфічныя выданьні: працы Міколы Куліковіча, Андрэя Багровіча (Вітаўта Тумаша), Сымона Кабыша (Кандыбовіча), Лява Акіншэвіча, Антона Адамовіча, Уладзімера Сядуры. Ад пачатку 1960-х гг. БІНІМ пачынае друкаваць паасобнымі кнігамі дасьледаваньні ў галіне Скарыніяны — ад клясычных працаў доктара Вітаўта Тумаша да аднаго з апошніх выданьняў “Францыск Скарына: жыцьцё й дзейнасьць: паказальнік літаратуры. Дадаткі за 1530—1988 гг., 1989—1993 гг.”, укладзенага Лявонам Юрэвічам і Валянцінай Грышкевіч і выдадзенага сумесна з Навукова-асьветным цэнтрам імя Францішка Скарыны (Менск, 1995). 

У 1970-х гг. БІНІМ распачаў выданьне нумараванае сэрыі — “Беларускія пісьменьнікі й паэты на эміграцыі”. Да сёньня ў сэрыі выйшла адзінаццаць кніжак агульным накладам некалькі дзясяткаў тысячаў асобнікаў (напрыклад, наклад першае кнігі, збору вершаў Натальлі Арсеньневай, склаў 6000 асобнікаў; наклад апошняе — працаў Антона Адамовіча — 1500). Іншую сэрыю, “Бібліяграфічную” (таксама нумараваную), што мае ўжо сем пазыцыяў, БІНІМ запачаткаваў у 1985 г. У трэцяй нумараванай сэрыі, “Да гісторыі беларускае эміграцыі”, выйшлі два дасьледаваньні. Рыхтуецца да друку “Ангельска-беларускі слоўнік”. 

І яшчэ адна галіна дзейнасьці БІНІМу была важнай і адыграла велізарную ролю. Гэта ўдзел у англамоўным друку. Апрача манаграфічных працаў у ангельскай мове сябры БІНІМу надрукавалі дзясяткі артыкулаў у энцыкляпэдыях і даведніках, такіх, як “Брытаніка” (Britannica) — артыкул Антона Адамовіча (1977—1978) ды “Беларусь і беларусы” (Belorussia and the Belorussians) Янкі Запрудніка ў даведніку пра нацыянальнасьці СССР, выдадзеным Масачусэтскім тэхналягічным інстытутам (МІТ) у 1973 г. БІНІМ дапільноўваў, каб інфармацыя пра Беларусь трапляла ў самыя разнастайныя энцыкляпэдычныя выданьні: даведнікі пра Чыкага, Нью-Ёрк, Кліўлэнд ды інш. Асобныя артыкулы сяброў БІНІМу трапілі ў энцыкляпэдычныя выданьні для сярэдняе школы — такія, як “Амэрыканскія імігранцкія культуры” (American Immigrant Cultures) у МакМіланаўскім “Даведніку па ЗША” (MacMillan Library Reference USA) у 1998 г. (наклад — некалькі дзясяткаў тысячаў асобнікаў, што знаходзяцца бадай у кожнай школьнай бібліятэцы). 

Абагулена можна прыпушчаць, што сябры БІНІМу далі артыкулы, ілюстрацыйны матэрыял у па-над дзясятак большых англамоўных энцыкляпэдыяў. Важна падкрэсьліць, што, падаючы зьвесткі агульнага пляну (геаграфічна-статыстычныя), аўтары давалі й аналіз падзеяў, працэсаў ды заўсёды абгрунтоўвалі дзяржаўнасьць Беларусі ў форме дэмакратычнае БНР. Крытычны агляд асобных артыкулаў зроблены Лявонам Юрэвічам у працы “Беларусазнаўства па-ангельску” (Arche. 2003. №6). Гэты аўтар, у сваю чаргу, насьледуючы традыцыі БІНІМу, зьмясьціў у “Энцыкляпэдыі бібліятэчнае й інфармацыйнае службы” Марсэля Дэкера (Marcel Dekker’s Encyclopedia of Library and Information Science, New York, 2004) працу пра бібліятэкі Беларусі й беларускае бібліятэказнаўства. Упершыню Беларусь рэпрэзэнтаваная там незалежна ад СССР, Расеі; упершыню заходняму навукоўцу (а праца рэкамэндаваная й студэнтам бібліятэчных школаў ЗША) пададзена гэтулькі гістарычнага, статыстычна-фактычнага матэрыялу пра бібліятэкі бацькаўшчыны. 

Якую можна зрабіць выснову зь дзейнасьці БІНІМу за гады ягонага існаваньня? 

Бясспрэчна, за мінулыя паўстагодзьдзя БІНІМ у значнай меры выканаў тое, што плянавалі ягоныя ініцыятары. Як амэрыканска-беларуская арганізацыя Інстытут зрабіў ці мала й для беларускае навукі, і для адраджэньня беларускае спадчыны ў ЗША. Шмат якія тэмы, закранутыя ў працах сяброў БІНІМу, былі новыя для беларускага грамадзтва, шмат што вытлумачвалася, удакладнялася, выпраўлялася ад фальсыфікацыяў. Інстытут, з аднаго боку, навязаў сталыя сувязі з дасьледнікамі на Захадзе, што было немагчымае ў БССР. А з другога боку, фінансаваньнем, архівамі, замежнаю літаратураю, стыпэндыямі дапамагаў навукоўцам у самой Беларусі. Друкаваная спадчына БІНІМу — важкі дадатак да агульнага беларускага нацыянальнага прагрэсу. 

Як амэрыканска-беларуская навуковая арганізацыя БІНІМ павінен існаваць і надалей, пагатоў новыя маладыя кадры дыяспары й мэтраполіі, што пераймаюць працу пачынальнікаў, — гарантыя будучае дзейнасьці Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. 


1 Нататкі гэтыя ўспамінна-дакумэнтальнага пляну, могуць стацца канвою для аналізу іншых ды больш глыбокіх аспэктаў дзейнасьці БІНІМу.

 кантакт: lyurevich@nypl.org

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster