БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ЗАПІСЫ БЕЛАРУСКАГА ІНСТЫТУТУ НАВУКІ і МАСТАЦТВА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ЗАПІСЫ № 29/2004

ТРЫШЧАН ДЫ ІЖОТА
(сярэднявечная легенда ў перакладзе Леаніда Галяка)

Жазэф Бэдзье

З прыватнага архіву Зоры Кіпель, яе Сьветлай Памяці прысьвячаецца

Беларуская трышчаніяна

Максім Багдановіч калісьці параўноўваў сусьветна ведамую легенду пра каханьне Трышчана ды Іжоты (Трыстана ды Ізольды ў эўрапейскай традыцыі) зь дзіўнай кветкай — Ерыхонскай ружай, што засохлая ды збляклая ўсё ж ажывае, ледзь толькі кранецца вады. “Такая ж і кніга, — пісаў паэта. — Ледзь толькі кранецца душы чытача — ажывае, неверагоднай сьвежасьцю пачынае павяваць ад яе тысячагадовых фразаў. Яна пра палкае, адданае, але й трагічнае каханьне, формы якога — зьменлівыя, але сутнасьць — вечная ды нязьменная”[1]. Сумнай гісторыяй каханьня рыцара Трышчана дый каралевы Іжоты зачытвалася ўся сярэднявечная Эўропа ад VIІ ст. (першыя валійскія апрацоўкі) да XVIІ ст. (дацкія ды ісьлянцкія баляды). Большасьць дасьледнікаў сыходзіцца на тым, што паданьне пра Трышчана ды Іжоту найхутчэй нарадзілася ў Шатляндыі, у эпічнай паэзіі брытанскіх кельтаў, пра што сьведчаць іхныя вераваньні, адлюстраваныя ў казачна-фантастычных матывах легенды (плаваньне Трышчана ў “краіну насалоды”), ды тапаніміка (Лаануа й лес Маруа — відазьмененыя назвы дзьвюх мясцовасьцяў у Шатляндыі (ст.-бел. Згоцыі) — Лотыян і Мюрэй, што калісьці былі заселеныя піктамі; сам рамантычны Тынтаґель, што калісьці насамрэч існаваў на ўзьбярэжжы Карнаваліі). З Трышчанам можа быць зьвязаны Дрэст (Дрост), згаданы ў хроніках піктаў і скотаў, адкуль вынікае, нібыта Дрост быў сынам Талуха, які ўладарыў дзесьці каля 780 г. (нейкі Друстан згадваецца і ў валійскім “Мабінагіёне” як адзін са знакамітых палюбоўнікаў Брытаніі)[2]. Насельніцтва Валіі й Карнаваліі доўгі час захоўвала сваю незалежнасьць, аднак у ХІІ ст. Гэнрых ІІ Плянтаґенэт (1133—1189) канчаткова скарыў брытанскіх кельтаў. На франкамоўную глебу легенда магла трапіць праз вандроўных жанглёраў ды трувэраў. Першымі францускімі паэтамі, якія апрацавалі яе, былі Бэруль (каля 1191) і Тама (1150—1170). Пазьней гэтыя тэксты ўзялі за аснову немцы: Бэруля — Айльгарт фон Обэрґе (канец ХІІ ст.), а тэкст Тама — Готфрыд Страсбурскі (пачатак ХІІІ ст.). Каля 1230 г. была напісаная француская празаічная вэрсія, ад якое й пайшліся шматлікія іншамоўныя пераклады (да прыкладу, італьянскі → сэрбскі → беларускі ды іншыя). Такім чынам, за тысячагадовы пэрыяд актыўнага функцыянаваньня легенды большасьць значных на той час эўрапейскіх народаў мела ў сябе адаптацыі гэтага славутага рамана: францускі ды італьянскі, нямецкі ды ангельскі, гішпанскі ды навагрэцкі, нарвэскі ды чэскі, сэрбскі (не ацалеў) ды беларускі пераклады[3]. 

У сярэдзіне XVI ст. на зямлі Наваградчыны гэты клясычны ўзор эўрапейскае куртуазнае літаратуры ўпершыню набыў антыкуртуазныя матывы. Акрамя таго, у адрозьненьне ад заходнеэўрапейскіх вэрсіяў, беларускі “Трышчан” вылучаецца пэўнай філязафічнасьцю, што выяўляецца ў сэнтэнцыях, надзвычай лягічна арганізаваных у кантэксьце, да прыкладу: чоловек не ведаеть, што ся ему где прыгодит; где естъ ненавист, там милости нетъ; дал ти ест Богъ панство и такую моцъ, што ся не годит тобе мстити; для смерти не треба ся бояти… ижъ мы завжды на том; ни што такъ не омыляеть, якъ парсуна чоловеческа; што ся не продает, того не можеш купити; коли нет у первои речи, не може быти и у последнеи; где сила, тутъ и памет. Сэнтэнцыі рассыпаныя па тэксьце, прыхаваныя сярод нэўтральных эпізодаў, някідкія, але менавіта яны зьяўляюцца філязофскай квінтэсэнцыяй усяго твору. Невядомы аўтар арыентуе пераклад на высокае гучаньне сэнтэнцыі, што ёсьць ягоным стылёвым камэртонам. 

Такім чынам, гэта быў, бадай, самы ўдала абраны сюжэт. Разам з раманамі пра каралевіча Бава, караля гунаў Атылю ды зь Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх (Летапіс Рачынскага) “Трышчан” складае супольны літаратурны кодэкс сьвецка-рыцарскага тыпу, вядомы пад назвай “Пазнанскі зборнік”[4]. Раманы зборніка зьяўляюцца элемэнтамі адзінага цэлага, зьвязанага блізкай тэматыкай, паралельнымі й адваротнымі сюжэтамі, сымэтрычнымі парамі, ідэнтычнасьцю некаторых герояў, матываў, стылем. Беларускі “Трышчан” XVI ст., унікальны паводле сваіх сюжэтна-кампазыцыйных і мастацка-выяўленчых асаблівасьцяў, густоўны й вытанчаны, зьяўляецца дасягненьнем нашае перакладное літаратуры эпохі Адраджэньня, уваходзіць у скарбніцу сусьветнае літаратуры, займаючы пачэснае месца ў эўрапейскай ды беларускай трышчаніяне[5]. Ілюстрацыяй моўнае пекнаты й сакавітасьці гэтага твору можа быць наступны ўрывак:

“Ідучы яны па мору, калі быў трэці дзень, Трышчан з Іжотаю іграў у шахі. Была на Трышчане залатаглававая жупіца й шата, а на Іжоце зялёнага аксаміту саян. А было то леце й быў вялікі зной. Рэк Трышчан: “Трэба ся нам напіці”. І Гаварнар шоў і прынёс кубак з онае фляшы мілоснага піцьця, забыўшыся, бо ў каморы было многа ўсякіх судоў. І даў Трышчану, а другі даў Іжоце. І скора ся напілі таго піва й яшчэ не дапіўшы кубкаў упалі межы сабою ў вялікую мілосьць, аж і да жывата сваяго адзін другога не аставіў. І пачалі глядзець адзін на другога й ня мысьлілі ні а ком, толька а сабе. І селі, яка бы зьлякшыся. Трышчан мысьліў да Іжоты, а Іжота да няго, а караля Марку запамяталі. Трышчан рэк: “Дзівуюся, адкуль мі прышло то так прудка, а пярвей мі таго не было?” І мысьліў адзін ка другому й мовілі самі сабе: “Мысьль наша ёсьць няверна”. Але піва іх перамагло. Рэк Трышчан: “Есьлі я мілую Іжоту, то ня дзіўна: яна ёсьць наймільшая рэч на сьвеце. Лепшае бых ня мог найці, а я есьмі яе вывеў і мне ёсьць дана. А мілосьць наша скрыта можа быці”. А Іжота мысьліла: “Есьлі я мілую Трышчана, то ёсьць ня дзіўна: ён ёсьць мая раўня й так высокага роду, як я. І віцязя большага на сьвеце нет”. І тую мысьль абачылі, іж оба ся мілуюць са ўсяго сэрца. Іжота ся а том весяліла й ракла: “Калі мя мілуець найбольшы віцязь, чаму мне большага дабра?” А Трышчан рэк: “Я мам вялікую фартуну на сьвеце, іж мя найцуднейшая панна мілуець, а я ёй таго не заслужыў”. (...) А Трышчан і Іжота цярпеці не маглі. Рэк Трышчан Іжоце: “Я цябе мілую із сэрца”. Яна а том была вельмі вясёла й ракла Трышчану: “Я ня мілую ніводнае рэчы на сьвеце, як цябе, а ня дай Бог покі буду жыва”. Відзечы то, іж ёсьць Іжота зь нім адное мысьлі, не адкладваючы далей таго, шлі ў камору й споўнілі сваю волю. Адтоле навекі не адмянілася іх мілосьць і ад тае мілосьці мелі вялікія працы. І нет таго рыцара, каторы бы падняў толька мукі для мілосьці, колька Трышчан. (...) Рэк Гаварнар Брагіні: “Што ці ся а том відзіць? Відзі мі ся, што Трышчан узяў паненства Іжоце, я есьмі іх відзеў умесьце”. (...) І ня мысьліў Трышчан нічога, толька а Іжоце, а Іжота а Трышчане. І не было ў ніх іное на ўме, толька яка бы ў раі былі. І мілавалі адзін другога большэй, ніж сам сябе. І так урасла іх мілосьць, іж ня зналі, як бы ся ўзьдзяржалі адзін ад другога”[6].

Зь лёсам беларускага “Трышчана” таксама зьвязваецца адна вельмі цікавая, унікальная зьява ў сусьветным перакладазнаўстве. Шырака ведамы ў эпоху Рэнэсансу на Захадзе раман быў ня вельмі папулярным на славянскіх землях, аднак у сучаснасьці, калі цікавасьць да гэтага сюжэту ў Эўропе амаль згасла, менавіта беларускаму перакладу было вылёсавана прыцягнуць да сябе ўвагу замежных перакладнікаў (Ірэна Грыцкат — пераклад на сэрбскую[7], Соня Дэканіч-Яноскі — пераклад на ангельскую[8], Эмануэла Згамбаці — пераклад на італьянскую[9], Альґімантас Антанавічус — пераклад на летувіскую[10]) і, такім чынам, распачаць адваротны працэс міжкультурных зносінаў, даўшы легендзе другое нараджэньне. Адзначым, што ані “Баво” (які даў такі магутны штуршок да разьвіцьця цэлага напрамку лубачнае літаратуры Расеі ды Ўкраіны ў XVII — пачатку ХХ стст.), ані “Атыля” не зазналі такое перакладніцкае цікавасьці ў сучасным сьвеце. Парадаксальна й тое, што ў сваіх прадмовах да перакладаў замежныя дасьледніцы не заўсёды аб’ектыўна ацэньвалі мастацкія вартасьці твору, але ж сам актыўны зварот да беларускага “Трышчана” можа зьяўляцца прызнаньнем яго міжнароднай навукова-літаратурнай супольнасьцю. І вялікая заслуга ў гэтым ёсьць Зоры Кіпель, якая, апублікаваўшы ў 1988 г. свой пераклад рамана на ангельскую мову, нястомна папулярызавала яго на Захадзе (да прыкладу, адзін зь ейных артыкулаў уключаны ў “Новую Артурыянскую энцыкляпэдыю”)[11]. У сваім выданьні Зора Кіпель упершыню ажыцьцявіла поўную рэканструкцыю пачатковых дэфэктных старонак рукапісу пры дапамозе кампаратыўных мікрадасьледаваньняў арыгінальнага беларускага тэксту зь іншымі вэрсіямі рамана ў прозе (спрэчныя моманты яна вырашала ў грунтоўных тэксталягічных заўвагах). Дзякуючы гэтаму, быў зроблены больш поўны й дасканалы пераклад, у якім найлепшым чынам адлюстраваліся стылістычныя тонкасьці беларускага арыгіналу. Пераклад Зоры Кіпель — руплівае дасьледніцы старабеларускае перакладное літаратуры — найбольш сакавіты ды эмацыйны.

Актыўна працуюць з тэкстам “Трышчана” й сучасныя беларускія перакладнікі: Сяргей Шупа, Мікола Раманоўскі, Алесь Бразгуноў. На жаль, гэтыя пераклады пакуль цалкам не выдаваліся[12]. Трэба сказаць, што варыянт Сяргея Шупы стаіць бліжэй да арыгіналу, чымся вэрсія Міколы Раманоўскага. Першы настолькі блізка трымаецца арыгінальнага тэксту, што згаданыя вэрсіі можна было б дыфэрэнцыяваць тэрміналягічна: адаптацыя Сяргея Шупы ды пераклады Міколы Раманоўскага й Алеся Бразгунова (тут ужываем тэрміны ў больш вузкім сэнсе: адаптацыя — мадэрнізацыя старабеларускага тэксту дзеля лягчэйшага ўспрыманьня яго сучасным чытачом; пераклад — тэкст, ператлумачаны са старабеларускае мовы на сучасную беларускую). Аднак магічную прыцягальнасьць арыгінальнае фразы можна зьведаць толькі пры дапамозе трансьлітарацыі, мадэрнізуючы толькі графіку (гл. зн. 6).

Лягічным завяршэньнем ланцужка відавое градацыі перакладаў адносна аддаленасьці ад арыгіналу зьяўляецца драматычная рэмінісцэнцыя Сяргея Кавалёва “Трышчан, або Блазны на пахаваньні”[13]: трансьлітарацыя → адаптацыя → пераклад → рэмінісцэнцыя. Апошняя мае шмат адхіленьняў ад асноўнага сюжэту беларускае вэрсіі, аднак менавіта дзякуючы гэтаму разьвіцьцё дзеяньня ў творы напаўняецца арыгінальнымі аўтарскімі знаходкамі. Стварэньню п’есы спрыяла сама фактура рамана: насычанасьць тэксту функцыянальнымі фігурамі дыялягізму, што робіць уражаньне непасрэднае гутаркі з чытачом (тое самае прыводзіць да гіпотэзы наконт эпіка-драматургічнае сынкрэтычнасьці “Трышчана”[14]).

Нягледзячы на такую вялікую папулярнасьць рамана, ягоны першапачатковы зьмест на пачатку ХХ ст. быў дастаткова цьмяны, паколькі шматлікія рукапісы альбо загінулі, альбо захаваліся ў вельмі кепскім стане. За рэканструкцыю першаснага сюжэту ўзяўся славуты францускі літаратуразнаўца Жазэф Бэдзье, які працаваў з урыўкамі, алюзіямі й пераробкамі розных вэрсіяў рамана. Дзякуючы ягоным энцыкляпэдычным ведам і тонкай мастацкай чуйнасьці ў пачатку мінулага стагодзьдзя (1900) паўстаў выдатна адноўлены раман, які прапаноўваецца нашаму чытачу ў беларускім перакладзе Леаніда Галяка[15]. Нягледзячы на тое, што твор быў перакладзены ў 1947—1948 гг. (Ватэнштэт—Маервік), да сёньня ён ня быў выдадзены й беларусы мусілі чытаць раман Жазэфа Бэдзье ў расейскамоўным перакладзе Аляксандра Весялоўскага (далей — АВ)[16].

Беларускі пераклад трапіў да нас разам з архівам старабеларускае перакладное літаратуры як спадчына Зоры Кіпель. Знаёмства са спадарствам Кіпеляў адбылося ў траўні 2000 г. на Міжнародным Кангрэсе беларусістаў. Пазьней, 19 сакавіка 2002 г., Зора Кіпель даслала ліст, у якім пісала:

“Даражэнькая Надзея. 

Ня ведаю, ці памятаеце Вы яшчэ мяне, Зору Кіпель (Трышчан і др.), але я Вас добра памятую і з прыемнасьцю ўспамінаю нашыя гутаркі на канфэрэнцыі (амаль два гады таму), паход у тэатар, гутаркі ў сквэрыку ля тэатру.

Вось жа я хацела б з Вамі сустрэцца ў час нашага наступнага побыту ў Менску, недзе ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня...”

На жаль, сустрэча не адбылася. Аднак пра спадчыну Зоры Кіпель, паводле ейнага жаданьня, паклапаціўся муж, які даслаў у Менск архіўныя матэрыялы. Вось што пісаў у сваім лісьце ад 4 ліпеня 2003 г., ужо “пасьля Зоры”[17], Вітаўт Кіпель:

“...Відавочна, што мы, працуючы разам, часта абменьваліся думкамі: Зора адукоўвала мяне ў “беларускім сярэднявеччы”, а я баяў ёй пра беларусаў ЗША. З тых гутарак я зразумеў — Зора ўставіла мне ў галаву — што ў Беларусі ў XVI—XVII стст. перакладная літаратура была вельмі пашыраная. Быў на яе “попыт”, былі чытачы, перакладчыкі. Кніга прыходзіла з Эўропы. На ўсходзе гэткага зьявішча ў суседзяў не было... Асноўная нашая тэма і ў жыцьці, і ў дасьледаваньнях была — тэма Беларусі”.

Дасланы архіў складаўся з 6 скрынак, пакаваных Зорай Кіпель, і некалькіх скрынак, зьбіраных Вітаўтам Кіпелем. Першыя 6 скрынак былі падпісаныя Зорай: № 1 — Беларускі “Трышчан”; № 2 — Розныя тэксты “Трышчана”; № 3 — Разгляд у літаратуры беларускага “Трышчана”; № 4 — Розныя нататкі й тэксты “Трышчана”; № 5 — “Аляксей”, “Александрыя”, “Атыля”; № 6 — “Баво”, “Рымскія Дзеі”, “Страсьці Хрыстовы”, “Сыбыльля-Прадказальніца”. Наконт гэтых ды іншых скрынак сп. Вітаўт у суправаджаньным лісьце адзначаў:

“...выслаў Вам на мінулым тыдні 2 вялікія скрынкі — сапраўды вялікія й цяжкія — з матэрыяламі, кнігамі, якія Зора зьбірала-апрацоўвала досыць даўгавата... другую скрынку пакаваў я, Вітаўт... Зьбіраў я ў Зорыным пакоі ўсё, што нагадвала мне аб ейнай працы... Усё, што ў скрынках, прашу Вас, скарыстайце, як можаце... Дасланыя Вам матэрыялы Зора вельмі доўга й мэтадычна зьбірала. Казала, што знайшла шмат цікавага і ўжо амаль на працягу году “завяшчала” (іншага слова не знаходжу?!) гэтыя матэрыялы Вам для Вашага карыстаньня й апрацоўкі...”

Сярод шматлікіх матэрыялаў асаблівую ўвагу зьвярнуў на сябе няведамы дагэтуль рукапіс “Трышчана” зь ягонай машынапіснай копіяй. Усталяваць прататэкст было нескладана: гэта аказаўся пераклад Жазэфа Бэдзье[18]. Цяжэй было з атрыбуцыяй беларускага перакладніка. Аднак пры дапамозе Лявона Юрэвіча й Вітаўта Кіпеля, а таксама пры параўнаньні з адмыслова дасланым рарытэтным асобнікам “Парсываля” 1947 г.[19], перакладзенага Леанідам Галяком, удалася атрыбутаваць ягоную асобу ў якасьці аўтара знойдзенага перакладу “Трышчана”. Параўнаўшы пераклады “Парсываля” й “Трышчана”[20] лёгка заўважыць, што лінгвастылістыка іхная вельмі блізкая. Да таго ж, пацьвердзіў гіпотэзу пра аўтарства й графалягічны аналіз даступных узораў почыркаў Леаніда Галяка. Хутчэй за ўсё ён працаваў зь нямецкім перакладам францускага тэксту (гл. спас. 39; на жаль, протавыданьне пакуль не ўсталяванае). Відавочная незалежнасьць нашага перакладу ад расейскага, які быў выкананы на 7 гадоў пазьней (1955 г.), зьяўляецца ягонай самай вялікай перавагай. Вось што найперш вылучае беларускі тэкст Леаніда Галяка: зьмястоўнасьць і сканцэнтраванасьць на ўласна сюжэце, гуманізм, лірызм і філязафічнасьць, вобразнасьць і мэтафарычнасьць, тэкставая анталёгія ці элемэнты беларускае рэчаіснасьці (больш падрабязна глядзі ў дакладзе, зробленым намі на IV Міжнародным Кангрэсе беларусістаў). Мова беларускага перакладу — вельмі сакавітая, стылістыка — вытанчаная, філязофскія й лірычныя назіраньні — унікальныя.

Праўда, трэба адзначыць, што дасланы варыянт перакладу відавочна быў толькі чарнавы, які Леанід Галяк, з пэўных прычынаў, так і ня змог дапрацаваць. Таму пры падрыхтоўцы да друку была зробленая агульная рэдактура тэксту, ягоная эмфатычная шліхтоўка. Па магчымасьці, мы імкнуліся не парушаць аўтарскае стылістыкі: выпраўляліся відавочныя памылкі друку, пэўныя лексычныя недарэчнасьці й тое, што супярэчыць нормам клясычнага беларускага правапісу, у тым ліку й аўтарскае дысыміляцыйнае яканьне ў другім складзе перад націскам (няжывым → нежывым, ня перажыву → не перажыву). Магістральныя онімы, што ў даўнім беларускім перакладзе маюць свой фанэтычны варыянт, замяняліся паводле яго: Трыстан → Трышчан, Ізольда → Іжота, Маркэ → Марка, Курвэналь → Гаварнар, Брангэна → Брагіня, Марольд → Амурат, Гумурун → Лянвіз, Артур → Артыюш, Ірляндыя → Арляндыя, Корнуэл (Карнавалія) → Карнаваля.

Як небеларускі зьменены ў публікацыі й зварот на “Вы” ў дачыненьні да аднае асобы[21]. Да прыняцьця такога рашэньня падштурхнула элемэнтарная павага да беларускага рэнэсансавага “Трышчана” (далей — БТ), у якім нават да каралёў героі зьвяртаюцца на “ты”: “Каролю Лянвізе, мы есма прыехалі ў твой дом званыя, яка к прыяцелю, а ты нам учыніў, як няпрыяцель; ты пан моцны, а мне няўдзячна твая лёгкасьць; прэнаможнейшы каролю, усім каралём каруна, тваяму панству роўні нет далёка ані блізка; каролю, ты-с мовіў, а я таго не прыймаў”. Натуральна, што так зьвяртаюцца адзін да аднаго й рыцары: “Трышчане, ты мi есi вельмi вiнен; рыцару, я цябе знам; о навышшы рыцару, ты павінен пачасьценьнем віцязьскім. Гэтак жа прызнаюцца і ў каханьні: я цябе мілую із сэрца; я ня мілую ніводнае рэчы на сьвеце, як цябе, а ня дай Бог покі буду жыва; панно, захвалёна ты будзі ўсімі віцязі й паннамі; ты нацуднейшая пані на сьвеце; пане, як рыба без вады ня можа быці жыва, так я безь цябе не магу жыва быці”. Словаформы займеньніка “вы” ў тэксьце XVI ст. сустракаюцца спарадычна і ўпярэмешку са словаформамі “ты”: “Трышчан вас мілуець дворнаю мілосьцю, ніжлі таго ня хоча ўчыніці, што бы было ку здрадзе атцу тваяму”. Ня трэба забывацца, што й да Бога, як колісь, так і цяпер, мы зьвяртаемся гэтаксама: “Госпаду, Ты літасьцівы, дапамажы!” Таму “выканьне”, дзе гэта магчыма, замененае на займеньнік другой асобы адзіночнага ліку, а дзе трэба падкрэсьліць высакароднасьць шляхецка-рыцарскіх зносінаў дый стылізаваць эпоху даўніны — на беларускі гістарычны зварот “Ваша” (Вашэць, Вашэця, Вашэці, вашэцеў, вашэцін)[22], ветлыя звароты васпан, васпані, вашамосьць, ягамосьць, імасьць, спадарыч — спадар, спадарычня — спадарыня, спадарства.

Прадмова, падрыхтоўка да друку й камэнтары
Надзі Старавойтавай

Частка І
РЫВАЛЕН І БЛЯНШЭФЛЁР

У Брэтоніі[23], ля мора, на поўнач ад франкаў, насупроць брытанскага ўзьбярэжжа, жыў некалі Рывален[24], малады князь. Хаця ён ад нараджэньня, з часткаю свайго краю, быў падпарадкаваны каралю Маргану[25] з Брэтоніі, аднак яму цяжка было зносіць над сабою чужое панаваньне. Ён часта гаварыў:

— Нядобра й несправядліва, каб воўк служыў авечцы.

Ягоныя рыцары таксама сьмяяліся, бо кароль Марган не адзначаўся вялікім розумам. Аднойчы Рывален напаў на караля Маргана й перасьледаваў яго, пакуль той не пачаў прасіць згоды. Так Рывален зрабіўся поўным валадаром свайго краю й чыніў прыяцелям багатыя бяседы. Аднак Рывален быў малады, і ягоная гарачая кроў не давала яму супакою. Што ж патрапіць супакоіць маладога, калі ў ім запалілася імкненьне да славы?

Калі Рывален пераканаўся, што межы ягонага краю свабодныя й бясьпечныя, ён перадаў уладу над краем дасьведчанаму мечніку Роальду[26], а сам зь нямногімі слугамі паплыў караблём за мора й карыстаючы з памысных вятроў прыбыў у Карнавалю[27], дзе ў замку Тынтаґель[28] панаваў кароль Марка[29]. Тынтаґель быў збудаваны волатамі й знаходзіўся на скалах, высока над морам. Улада ж караля Маркі абымала цэлую Англію й шмат вастравоў на Паўночным моры.

Калі Рывален трапіў у Тынтаґель, быў травень і ўсё цьвіло. Кароль Марка ветліва прыняў яго, бо ён быў шляхотны й дасьведчаны ў рыцарскіх звычаях. У гэты самы час у Тынтаґель зьехаліся рыцары й іхныя жонкі, на двор караля Маркі, на травеньскія сьвяты[30]. Травень у гэтым годзе быў надзвычай прыгожы: сонца добра грэла, цень даваў ахалоду, ліпы былі багата прыбраныя лісьцём, у крыніцах пад дрэвамі бруілася вада. Кветкі, адна прыгажэйшая за адну, сьвяціліся пасярод травы, птушкі нязмоўчна сьпявалі. Дзеля гэтага прыгожыя жанчыны цешыліся й часта хадзілі шпацыраваць па лугох альбо адпачывалі пад зелянінай дрэваў на разасланых посьцілках. Дзеля іх былі пастаўленыя таксама палаткі, у якіх знаходзіліся віно й смачныя патравы.

Разам з жанчынамі цешыліся й рыцары. Маладыя хлапцы й старыя, якія не сядзелі ўжо моцна ў сёдлах, шпацыравалі разам з прыгожымі жанчынамі, гулялі й сьмяяліся зь імі. Іншыя, якія былі ў сіле веку, змагаліся паміж сабою на турнаях, ломячы там дзіды й шчыты.

Сярод усіх жанчын найпрыгажэйшаю была Бляншэфлёр[31], сястра караля Маркі. Яна насіла карону прыгажосьці, якая хаця й нябачная, зьяўляецца мацнейшай за каралёвую. Бляншэфлёр прыглядалася здалёку рыцарскім змаганьням на турнаях, дзе лапаталі сьцяжкі на дзідах, блішчэлі шчыты, а вянкі з кветак спадалі падчас бойкі з рыцарскіх шаломаў на зямлю. Героі даконвалі ўчынкі, пра якія потым сьпявалі песьняры ў цэлай Англіі. Аднак лепшым над усіх быў Рывален з Брэтоніі. 

— Ягоная дзіда, ягоны конь, ягонае сэрца й цела зьяўляюцца адзінымі ў сьвеце, — так хвалілі яго рыцары й панны. Ён выбіваў зь сядла кожнага, хто выступаў супроць яго. Бляншэфлёр часта затрымлівала свой узрок на ім, і ў ейным сэрцы запалілася гарачае каханьне да Рывалена. Каханьне ж хуткае, бы маланка, яно апальвае сэрца, як вагонь.

Калі турнай скончыўся, Рывален на кані пад’ехаў да жанчын, сярод якіх была й Бляншэфлёр, і іхныя пагляды спаткаліся. Рывален схіліўся й прывітаў яе. Бляншэфлёр апусьціла, засаромеўшыся, вочы й сказала:

— Чым я Вашэця ўгнявіла й як павінна пакараць за тое, што васпан параніў майго найлепшага прыяцеля?

Рывален не зразумеў яе й запытаўся:

— Якога прыяцеля?

Яна адказала:

— Майго найлепшага.

Рывален пачаў прыпамінаць, якога ейнага сваяка параніў ён у турнаі, але ня мог прыпомніць, бо ён не дадумаўся, што гэта ейнае сэрца зраненае каханьнем. Аднак ён ветліва пакланіўся й сказаў:

— Калі я зрабіў Вашэці крыўду, дык хай васпані пакарае мяне, але ня гневаецца.

— Я падумаю наконт гэтага, — адказала Бляншэфлёр.

Рывален выехаў, але гэты й наступны дзень яму здавалася, што ўсе дарогі вядуць да Бляншэфлёр. У ягоных думках стаялі ўсе ейныя словы, ейныя рухі й сум не пакідаў яго, дзе б ён ня быў. Так каханьне схапіла яго ў свае нябачныя, але неразарвальныя путы. Рывален быў злоўлены ў сэрцы Бляншэфлёр, а Бляншэфлёр у сэрцы Рывалена, але ніхто зь іх ня ведаў пра іншае. Вясёлы сьмех Бляншэфлёр сьціх, і ніхто ня бачыў больш, як яна гуляла ў шпурляк[32] у садзе. Рывален у каралёвых ловах таксама трымаўся здалёку ад усіх і не трапляў на дзічыну. На турнаях ён сумны сядзеў на кані, і калі нават выбіваў усіх зь сёдлаў, дык усё роўна заставаўся, бы ў нейкім сьне ці зачараваньні. Так зьмяніла яго каханьне.



Аднойчы прыйшло ўначы паведамленьне, што чужы кароль напаў на каралеўства Маркі й не пакідае з гарадоў і местаў каменя на камені. Кароль Марка з моцным войскам паехаў на спатканьне ворага. Зь ім быў і Рывален, які трымаўся першым у бойцы, як і заўсёды. Яны разьбілі ворага, але Рывален быў сьмяротна паранены[33] дзідаю ў бок і быў прывезены ў Тынтаґель. Рыцары й панны вельмі сумавалі, калі даведаліся, што Рывален павінен памерці, і яны голасна яго ўсхвалялі. Пахваля Рывалену лётала з вуснаў у вусны, бы шпурляк у гульні.

— Шкада, што павінна згінуць такая прыгажосьць, — жаліліся жанчыны.

— Шкада такога героя, — казалі рыцары.

Сумная вестка дайшла й да Бляншэфлёр. Яна зараз жа пайшла ў свае пакоі, разам са сваімі найбліжэйшымі служанкамі. Каралёўна голасна плакала, ходзячы з кута ў кут і сьлёзы пакрывалі ейныя сьляды. Старая апякунка, якая гадавала каралёўну ад дзіцяці, абняла яе, пытаючыся:

— Што з табою?

Каралёўна ўпала на зямлю перад ёю й прасіла:

— Дапамажы мне, глядзі — гэта зрабіла са мною каханьне. Я доўга трымала яго схаваным, але цяпер я хачу ўсім абвясьціць пра гэтае й тады памерці!

Апякунка супакоіла яе й сказала:

— Як палкаю зьяўляецца маладосьць, яна ўсё стаўляе на кон! Хто ж твой каханы? Паразмаўляй са сваім братам і ён зладзіць табе вясельле, а не хаўтуры.

Бляншэфлёр адказала:

— Мой каханы — гэта той рыцар, які павінен памерці, а мо і ўжо памёр. Дапамажы мне, правядзі мяне да яго!

Апякунка таксама заплакала з жалю й абяцала каралёўне сваю помач, бо думала:

— Што шкодзіць, калі я правяду яе да таго, хто памірае, хто заўтра будзе ўжо нежывым. Каралёўне гэта будзе пацеха, а мне гэта таксама прынясе карысьць.

Яна пайшла ў пакой Рывалена, падышла да ягонага ложку й паціху сказала, што яго хоча адведаць Бляншэфлёр. Яна дала каралёўне вопратку жабрачкі, закрыла ейны твар густым вэлюмам і ўвяла тады ў пакой Рывалена. Слугам яна сказала, што прывяла лекарку, якая мае сьмеласьць брацца лячыць Рывалена. Рывален выслаў усіх з пакою, Бляншэфлёр падышла да яго й засталася адна зь ім.

Бляншэфлёр падышла да самага ложка, і калі пабачыла свайго каханага бясьсільнага й блізкага сьмерці, яна абамлела ды ўпала, як мёртвая, на ложак. Ейныя вусны былі заціснутыя ў цяжкой пакуце. Калі яна ачуняла, дык пацалавала Рывалена, і яны пачалі піць пацалункі. Вагонь каханьня ажывіў цела Рывалена, якое ўжо памірала. Кроў з сэрца зноў пачала бегчы па жылах.

Так каханьне дало абаім сваю найвышэйшую ўзнагароду, і сьмерць пакінула сваю ахвяру. Рывален паздаравеў. Каханьне дало яму жыцьцё.

Бляншэфлёр часта прыходзіла да яго, яны праводзілі салодкія часіны й ахвотна аддалі б нябеснае царства за сучаснае шчасьце.



З Брэтоніі прыйшла сумная вестка. Кароль Марган сабраў вялізнае войска, і Роальд прасіў у свайго валадара дапамогі. Рывален хутка падрыхтаваў свой карабель і быў гатовы плысьці праз мора.

Калі Бляншэфлёр даведалася пра гэтае, яна зьбялела як сьмерць. Поўны суму, прыйшоў Рывален да каралёўны, каб разьвітацца. Цяжкі боль жалю напоўніў ейнае сэрца й яна, самлеўшы, упала на зямлю. На каленах, ля яе, стаяў Рывален і цалаваў ейныя вусны, вочы, сьлёзы й спрабаваў яе суцішыць, але яна сказала:

— Я хачу, каб васпан ведаў усё. Я буду мець ад Вашэця дзіцё, і я ведаю, што не перажыву гэтага, а калі б я пры гэтым і не памерла, дык мяне заб’е брат дый мая ганьба.

— Чаму ж васпані так доўга маўчала? — сказаў Рывален. — Але ня трэба суму, калі спадарыня ня можа пакінуць гэты край, дык і я застануся таксама тут, хаця было б лепш, каб Вашэця разам са мною паехала на маю бацькаўшчыну. Абірай.

Яна адказала: 

— Я паеду з васпанам і ўвечары буду на караблі.

Калі Рывален канчаткова падрыхтаваўся, ён разьвітаўся з каралём Маркам, і ўсім было шкада, што ён выяжджае. Усьлед яму беглі вітаньні й багаслаўленьні. Калі ён узышоў на пострап карабля, Бляншэфлёр была ўжо там. Рывален загадаў падняць усе вятругі, і памысны вецер хутка пагнаў карабель ад ангельскіх берагоў.

Калі Рывален прыбыў у Брэтонію, Роальд склікаў усіх рыцараў, якія цешыліся, што зноў пабачылі свайго валадара, і былі поўныя баёвай гатовасьці. Бляншэфлёр здабыла ўсе сэрцы. Перад сваімі рыцарамі Рывален абвясьціў Бляншэфлёр сваёю жонкаю, а сьвятары багаславілі іх[34]. Пасьля гэтага Рывален са сваімі паехаў на спатканьне караля Маргана, а Бляншэфлёр засталася ў замку Каноэль, разам з жонкаю Роальда.

Войска Маргана было мацнейшае за войска Рывалена, бо Марган набраў у сваё войска рыцараў з цэлай Франконіі, і сярод іх было шмат адважных шукальнікаў прыгодаў. Рывален не зважаў на гэта й сьмела напаў на войска Маргана. Як падае збожжа пад вострым сярпом, так схіляліся й падалі пад мячом змагары. Кроў людзей ды коней цякла ручаінамі, а дзе былі звалы трупаў, там кроў стаяла цэлымі вазёрцамі, бо зямля не магла ўжо больш увабіраць яе. Як гарачы сакол, змагаўся Рывален, але на месца забітых прыбывалі новыя, — так шматлікія былі ворагі. Нарэшце Рывален апынуўся адзін спасярод войска ворага, і дзе б ня ўдарыў ягоны меч — усюды пад ім аказваліся варожыя галовы, рукі ці зброя. Ворагі ўцякалі ад Рывалена, але здалёку выпушчаная добрым лучнікам страла трапіла яго ў сэрца, і ён захістаўся ды зваліўся з каня.

Як шалёныя, кінуліся ягоныя дружыньнікі на ворага, адбілі ягонае цела й тады адступілі. Усе яны былі блізкія сьмерці й адвага пакінула іх.

Калі Роальд пахаваў свайго пана, ён вярнуўся ў Каноэль, прыносячы Бляншэфлёр сумную вестку[35]. 

Няхай Бог захавае нас ад болю, перажытага каралёваю! Роальд пацяшаў яе й сам плакаў з жалю, але Бляншэфлёр ня бачыла й ня чула яго, ня плакала й не наракала. Ейныя вусны, бы скамянелі, вочы высахлі, а сэрца бы замерзла. Пры жывым целе яна была бы мёртвая, глухая й сьляпая.

Ці ж я патраплю распавесьці пра той боль, які можа прычыніць каханьне й сьмерць слабой жанчыне?

Чатыры дні прамучылася Бляншэфлёр без надзеі й пацехі. На чацьверты дзень яна нарадзіла прыгожага хлапца, прыгледзелася да яго сумнымі вачыма й памерла.

Частка ІІ
ЯК ТРЫШЧАН АПЫНУЎСЯ Ў КАРАЛЯ МАРКІ

Вернасьць спатыкаецца на сьвеце рэдка. І ўсе бываюць зьдзіўленыя, калі дзе-небудзь яе спаткаюць. Песьняры складаюць песьні пра верных людзей. Легенды захоўваюць іх іменьні і ўчынкі. З пасярод такіх іменьняў каштоўным каменем павінна зьзяць імя Роальда, які захаваў вернасьць свайму пану Рывалену й Бляншэфлёр і па іхнай сьмерці[36].

Калі Роальд ня мог далей бараніцца супроць Маргана, ён заключыў зь ім мір і падпарадкаваўся Маргану. Але ж ён баяўся сказаць каму-небудзь, што ў Бляншэфлёр нарадзіўся сын, бо думаў, што Марган забіў бы сына Рывалена. Каб унікнуць гэтае небясьпекі, Роальд ашукаў усіх і выдаў сына Бляншэфлёр за сына сваёй жонкі Флёраты, і толькі адна нянька ведала пра гэтае. Флёрата ўжыла ўсю сваю хітрасьць, каб ашукаць усіх хатніх, і гэта ўдалася ёй так добра, што ані ў кога не было нават падазрэньня.

Нават самыя давераныя прыяцелі Роальда думалі, што ў яго нарадзіўся сын.

Пасьля шасьцёх тыдняў дзіцё трэба было ахрысьціць, і Флёрата, як маці, панесла яго ў сьвятыню. Калі сьвятар запытаўся яе, якое імя будзе мець дзіцё, яна ня ведала й, адклікаўшы на бок Роальда, радзілася зь ім[37].

Роальд, падумаўшы, сказаў: 

— У суме пачала яго маці, у суме пакінула яна сваю бацькаўшчыну, дык хай ейнае дзіцё называецца Трышчан[38].

Малы Трышчан рос пад жаночай апекаю. Ён быў прыгожы дый зграбны.

Калі Трышчану скончылася шэсьць гадоў, Роальд даў яму за настаўніка Гаварнара[39], дасьведчанага знаўцу рыцарскіх мастацтваў і звычаяў. Трышчан шанаваў Роальда, як бацьку, але Роальд ставіўся да Трышчана, як да свайго пана й загадаў выхоўваць яго, як панскае дзіцё.

Гаварнар вучыў хлапца чытаць, пісаць і іншых кніжных мудрасьцяў. Ён таксама навучыў Трышчана моваў шмат якіх чужых народаў, нават і не суседзкіх. Так Трышчан рана спазнаў усе клопаты й сумлівы, што мучаюць асьвечаных людзей, і што лёгка пачынае й зносіць іх толькі той, хто даўно жыве ўжо на сьвеце. Калі Трышчану было сумна, ён граў у лютню ці ў які іншы музычны інструмэнт, сьпяваючы пры гэтым песьні ў брэтонскай, франскай ды іншых мовах, якія ён ведаў[40].

Усе здольнасьці Трышчана былі б добрыя й для нейкага князя. З гэтакага было відаць, якая кроў плыла ў жылах Трышчана. Ува ўсіх спосабах валоданьня зброяй Трышчан хутка перавысіў свайго настаўніка, і нават старэйшыя сыны Роальда былі засаромленыя ягонымі здольнасьцямі. Канём Трышчан кіраваў так, што здавалася — у іх адна воля. Трышчан ведаў усе лавецкія звычаі ды ўсе гульні, якімі рыцары й панны бавяць час. З кожнага ягонага руху й звычаю праглядала ягоная шляхотнасьць. Усё, за што ён ні браўся, удавалася яму.

Калі Трышчану скончылася чатырнаццаць гадоў, у порт Каноэль прыплыў карабель з нарвэскімі купцамі. Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, яны зараз жа раскінулі на беразе рынак дый гандлявалі зь мясцовымі.

Трышчан даведаўся, што купцы маюць на продаж добрыя сакалы й каршуны, прызначаныя да паляваньня. Ён вельмі хацеў мець некалькі сакалоў і прасіў Роальда купіць іх яму. Роальд і Гаварнар пайшлі зь ім на карабель і купілі яму некалькі сакалоў.

Трышчан зь цікавасьцяй аглядаў карабель, бо на ім было шмат рэдкіх тавараў і незвычайныя прылады, што паходзілі з далёкіх краёў. На адным са сталоў Трышчан заўважыў шахі, па-мастацку выразаныя са слановае косткі, і запытаўся купцоў у мове іхнага краю:

— Хто з Вашэцяў знаецца на гэтай дасканалай гульні, што ўзварушае думкі й дазваляе прыемна спагнаць час?

Купцы зьдзівіліся, калі пачулі, што хлапец гаворыць у іхнай мове, і адзін зь іх адказаў:

— Мы ўсе ведаем гэтую гульню й займаемся ёю падчас марскіх падарожжаў.

Адзін з купцоў запрапанаваў Трышчану згуляць адну партыю, і яны пачалі гульню.

Роальд пакінуў карабель, гаворачы Трышчану:

— Я павінен ужо ісьці, ты ж можаш застацца на караблі, пакуль будзеш хацець. Гаварнар застанецца з табою.

Трышчан сядзеў пры шахавай дошцы й гуляў спрытна й абдумана. Купцы сабраліся навокал гульцоў і дзівіліся з прыгожасьці хлапца, а яшчэ больш зь ягонага розуму. Яны спраўдзілі, якія мовы ён ведае, і пераканаліся, што ён умее іх добра ўжываць. Трышчану было весела паміж іх, і ён сьпяваў і іграў так, што ўсе яшчэ больш былі захопленыя ягонымі ведамі й гаварылі паміж сабою:

— Мы зьведалі вялікія прасторы зямлі, але такой прыгожасьці й розуму мы яшчэ ня бачылі, асабліва ў хлапца. Падымем паціху вятругі і ўцячэм з хлапцом. Мы адвязем яго на двор якога хоця караля й там прадамо.

Трышчан сядзеў яшчэ за шахамі, і Гаварнар прыглядаўся яму, але карабель плыў ужо па моры. Тады купцы напалі на Гаварнара, пасадзілі яго ў маленькі човен і загадалі яму ехаць дамоў, а самыя ўцяклі з Трышчанам.

Голасна жаліўся Гаварнар, жаласна плакаў Трышчан, але купцы толькі сьмяяліся зь яго, гаворачы:

— Ты такі разумны хлапец, дык не супярэч свайму лёсу.

Нацярпеўшыся гора й страху, Гаварнар вярнуўся ў Каноэль і паведаміў пра здарэньне Роальду й ягонай жонцы, якія з гора ледзь не памерлі.

Купцы цешыліся з добрага ўлову й дазволілі караблю плысьці з поўным ветрам. Неспадзявана ўзьнялася страшэнная навальніца, мора ўсхвалявалася й зламала ў карабля стырно, так што карабель быў зданы на волю хваляў. Калі марнары пабачылі, што ім пагражае сьмерць, яны пачалі пагражаць сваім гаспадаром-купцом, гаворачы:

— Вашэці бачаць, што мора ня хоча насіць на сабе злодзеяў ды здрайцаў, але хоча іх забіць. Аднак мы нявінныя ў справе гэтага хлопчыка й ня хочам загінуць празь ягамосьцяў.

Яны змусілі купцоў звольніць Трышчана, пасадзілі яго ў лодку й павезьлі на недалёкі бераг Карнавалі. Яны далі яму трохі ежы й, паколькі мора супакоілася, паплылі далей[41].

Трышчан, ходзячы па беразе, шукаў сьцежкі ці знаку людзей. Ён падкасаў сваё адзеньне й зь вялікім высілкам узьлез на стромыя ўзьбярэжныя скалы, каб знайсьці дарогу ў нутро краю. Вылезшы наверх, ён пабачыў, што навокал разьлягаліся лясы, але не было аніякага знаку чалавечага жыцьця. Ён заўважыў толькі адну маленькую сьцежку, якая выглядала зробленай дзічынай, і пайшоў па ёй. У хуткім часе ён выйшаў на шырокую дарогу, якая ішла праз даліну. Ужо вечарэла, і Трышчан, дайшоўшы да дарогі, затрымаўся. Здалёку на дарозе паказаліся два мужчыны, і Трышчан схаваўся, каб потайку наглядаць за імі. Калі яны наблізіліся, ён пазнаў па іхнай даўгой ільняной вопратцы й вялікіх капелюшох, што гэта пілігрымы. Іхная вопратка была прыбраная марскімі жоўлачкамі[42], на плячох яны несьлі пальмавыя галінкі, на знак, што яны варочаюцца зь Ерусалімы. Яны, едучы, сьпявалі пабожныя песьні ці маліліся.

Калі Трышчан пераканаўся, што гэта супакойныя, пабожныя людзі, ён выступіў на спатканьне, злажыў рукі на грудзёх і пакланіўся. Паколькі яму здалося разумным не здраджаць, якім чынам апынуўся ён тут, ён прыдумаў казку й сказаў:

— Я ехаў з прыяцелямі на паляваньне й зблудзіў. Мой конь пасьлізнуўся й зваліўся з гары й цяпер мёртвы, скажэце мне, айцы, куды вядзе гэтая дарога й куды кіруюцца Вашэці?

Яны адказалі:

— Дарога вядзе ў горад Тынтаґель.

— У такім выпадку мы ідзем у адным кірунку, — сказаў Трышчан і пайшоў разам зь імі.

Гэтага ж дня сабакі караля Маркі натрапілі на сьлед аленя, і паляўнічыя гналіся за ім. Зьвер доўга ўцякаў, але нарэшце сабакі затрымалі яго, недалёка ад таго месца, дзе знаходзіўся Трышчан.

Калі хлапец пачуў гукі паляўнічых рагоў і браханьне сабакаў, якія асачылі аленя, ды цэлы шум паляваньня, які быў так прыемны ягонаму вуху, ён пачуўся лепш. Ён хуценька пакланіўся пілігрымам і сказаў:

— Бачыце, я знайшоў ужо сваіх людзей, — пасьля чаго ён хутка пабег нацянькі ў кірунку паляўнічага водгульля, што даходзіла да яго.

Зь вялікім шумам і радасьцяй акружылі паляўнічыя змучанага зьвера, адзін зь іх некалькі разоў ударыў яго дзідаю так, што алень упаў на калены, заенчыў і сканаў. Тады адзін з паляўнічых падышоў да яго й пачаў падразаць яму горла. З агідаю прыглядаўся гэтаму Трышчан, нарэшце ня вытрымаў і падскочыў да паляўнічага, гаворачы:

— Што Вашэці робяць? Алень — гэта ж не сьвіньня, якую забіваюць, а тады спушчаюць ёй кроў і дзеляць на чатыры часткі.

Той адказаў:

— Так рабілі нашыя бацькі, так робім мы і ўсе паляўнічыя ў цэлай краіне. Мы разразаем зьвера на чатыры часткі, галаву асобна, мяса насоджваем на дзіды й гэтак нясем дахаты. Калі ты ведаеш лепшы спосаб, дык пакажы нам.

Трышчан зьняў свой плашч, павесіў на куст, і калі ён стаў перад паляўнічымі, адгортваючы валасы з ілба, усе зьдзівіліся зь ягонае паставы.

Моцнымі, пэўнымі рухамі абдзёр ён зьвера са скуры й пазьдзяліў мяса на натуральныя часткі: асобна шляхотныя часткі, асобна нешляхотныя. Паляўнічыя стаялі навакол і падзіўлялі лоўкасьць і прыгожыя рухі Трышчана. Ён апавёў ім, якія кавалкі, паводле добрых лавецкіх звычаяў, прызначаюцца сабакам, якія бедным, якія паном, а якія слугам. Ён упарадкаваў мяса паводле ягонае вартасьці й тады перадаў носьбітам. 

— Пры павароце з ловаў паляўнічыя майго краю маюць добрыя звычаі й не ўрываюцца ў замкавую браму, як зграя дзікіх сабак, — сказаў Трышчан.

Усе прасілі яго ехаць разам і ўвесьці ў замак, як належыць. Яны далі Трышчану каня й так доўга налягалі на яго, пакуль ён не згадзіўся.

Па дарозе спытаўся Трышчан:

— Куды, спадарства, вязецё мяне?

Паляўнічы адказаў:

— Наш пан — гэта кароль Марка, ён напэўна добра прыме цябе, бо мы бачым, што ты сын добрага рыцара.

Хлапец адказаў:

— Вашэці памыляюцца, мой бацька — гэта ўсяго толькі багаты купец з Брэтоніі, і ён выхаваў мяне так, як прынята ў нас выхоўваць. Нядаўна я цішком уцёк з хаты, каб пабачыць чужыя краі й народы. Я маю надзею пабачыць шмат вартаснага, каб потым не сумаваць у старасьці. Пакуль я памру, я хачу агледзець сьвет.

Усе зь ім згадзіліся й апавядалі яму пра падарожжы й прыгоды, а таксама пра іншыя народы.

Найстарэйшы паляўнічы размаўляў далей з Трышчанам:

— Я не магу даволі надзівіцца, што існуюць краі, дзе сыны купцоў так добра разумеюцца на рыцарскім мастацтве, як у нас каралі. Скажы, як называў цябе бацька?

Хлапец адказаў:

— Трышчан.

— Якая дурнота, — пачалі гаварыць паляўнічыя, — цябе маглі назваць Маладосьць, Прыгожасьць, Радасьць, але не Трышчан. Тваё імя прыпамінае вечны сум і адчай.

Яны, сьмяючыся, паехалі далей, а Трышчан наламаў ліпавых галінак, зрабіў вянок, надзеў на сябе й заўважыў горад Тынтаґель, які высока ўздымаўся над местам і портам. Магутнасьць і прыгожасьць замку зрабіла на яго вялікае ўражаньне.

— Як называецца замак? — запытаўся ён і пачуў адказ.

— Тынтаґель.

Кароль Марка зьдзівіўлена глядзеў на паляўнічых, якія варочаліся, упарадкаваныя Трышчанам. Ад аднаго з паляўнічых Трышчан узяў рог і зайграў у яго лавецкую песьню, так прыгожа, што ўсе жыхары ў замку радваліся, калі ўсе паляўнічыя падхапілі на сваіх рагох вясёлы прыпеў песьні.

Сам кароль зацікавіўся, сышоў на панадворак і спытаўся:

— Скуль гэты спадарыч, які блішчыць паміж Вашэцямі?

Найстарэйшы паляўнічы апавёў, як у лесе знайшоўся Трышчан, і што ён сын купца з Брэтоніі. Апавёў таксама пра веданьне Трышчанам дасканалых лавецкіх звычаяў. Ён завяршыў свой аповед:

— Трышчан можа быць каралёвым сынам, так шляхотная ягоная пастава, мова й дзеяньні.

Марка заклікаў Трышчана да сябе, якога ў міжчасе дзеці ўзялі паміж сябе, і ён у атачэньні моладзі падышоў да караля. Трышчан нізка схіліўся перад каралём, сэрца ягонае моцна білася, хаця ён і ня ведаў дзеля чаго. Кароль доўга прыглядаўся да Трышчана, але не распазнаў у хлапцу крыві сваёе сястры, хаця за сэрца яго нешта моцна сьціснула. Марка пакінуў Трышчана пры двары й прызначыў яго галоўным лоўчым.

Так Трышчан знайшоў сваю бацькаўшчыну, хаця й ня ведаў гэтага. Ён мала задумваўся над будучыняй і мінуўшчынай, але цешыўся сучасным жыцьцём, гульнёю, паляваньнем і скокамі на пыхлівым двары караля Маркі.

Аднойчы прыехаў з-за мора гальскі пясьняр і сьпяваў прыгожыя песьні. Трышчан уважна слухаў, а калі пясьняр змоўк, ускочыў зь месца й дзякаваў яму:

— Васпан добра сьпяваў. Вашэцеў голас варты таго, каб апяваць герояў, а тоны вашэцевае гарфы чыстыя й шляхотныя. Спадар добра захаваў старую веду.

Пясьняр зьдзівіўся:

— Што можаш ты, хлопча, ведаць пра гульню ў інструмэнты, пра чыстыя тоны й добры голас? Калі ты хоць трохі знаесься на гульні ў гарфу, дык хадзі сюды й пакажы трохі з таго, што ты ўмееш.

Трышчан схапіў гарфу й засьпяваў.

Шчасьлівыя тыя, каму дадзена ўзварушваць людзкія сэрцы сваім голасам ці тонамі струнаў. Пад уплывам песьняў адчыняюцца сэрцы да мараў пра рэчы, вартыя песьні. Старыя часы й героі вынурваюцца тады зь мінуўшчыны й праходзяць міма нас. Марка ўзварушана сьціснуў руку Трышчана й сказаў яму:

— Ты павінен быць заўсёды блізка мяне. Бог паслаў цябе на пацеху ў гэты дом, і ты павінен запоўніць тут вольнае месца.

Так кароль Марка ў сваім суме па Бляншэфлёр знайшоў пацеху ў Трышчане. Хлапец пражыў пры каралі неадступна чатыры гады. Ён вырас і зрабіўся дужым і на яго пачалі ўжо ўглядацца жанчыны.

Трышчан мала думаў пра Роальда й Брэтонію. Маладосьць заўсёды адзначаецца імкненьнем да навіны. Бацькаўшчына моладзі там, дзе яна знаходзіць радасьці й прыгоды. Аднак Роальд не забываўся на сына свайго пана й шукаў яго ўсюды — ад Нарвэгіі да Арляндыі. Як жабрак, хадзіў ён з гораду ў горад, аж пакуль не пачуў вестку пра Трышчана й не знайшоў яго на двары караля Маркі.

Роальд даў каралю Марку справаздачу наконт сына Рывалена й Бляншэфлёр, наконт іхнай сьмерці й наконт усяго, што здарылася ў міжчасе. Зрабілася ведама ўсім, што Трышчан зьяўляецца сястрынічам караля. Марка пачаў яшчэ лепш ставіцца да Трышчана й сказаў:

— Ты павінен быць спадкаемцам маёй кароны, бо я ведаю, што ты годны таго, каб быць каралём.

Дзеля гэтага Трышчан здабыў сабе шмат ворагаў, бо бароны Карнавалі не хацелі падпарадкавацца чужынцу.

Калі Трышчан асягнуў паўнагодзьдзе, Марка зрабіў яго рыцарам і зрабіў у ягоны гонар бяседу. Стаўшыся рыцарам, Трышчан паплыў у Брэтонію, пасьля шматлікіх баёў перамог караля Маргана й запанаваў над краінаю, над якой панаваў ягоны бацька. Аднак сэрца ягонае было не ў Брэтоніі. Ён сабраў усіх васалаў і сказаў ім:

— Адважныя паны й добрыя прыяцелі! Я памсьціўся за сваіх бацькоў і маю зноў у сваіх рукох усю ранейшую ўладу, якую я здабыў, дзякуючы вашэцевай помачы й вернасьці Роальда, які захаваў вернасьць майму бацьку нават пасьля ягонае сьмерці. Я лічу, што будзе найлепш, калі цэлы край і ўлада застанецца ў рукох Роальда й ягонага роду, пакуль яны будуць у стане яе ўтрымаць. Я знайшоў сваю бацькаўшчыну за морам, у караля Маркі. Яму належыць маё цела й дух, і яму хачу я служыць да канца сваіх дзён.

Усе хвалілі Трышчана за гэты рыцарскі ўчынак і, плачучы, разьвіталіся з маладым шляхотным валадаром, а Трышчан з малою сьвітаю зноў вярнуўся ў Тынтаґель.

Частка ІІІ
ТРЫШЧАН І АМУРАТ

У тых часох, калі кароль Марка быў яшчэ малым, кароль Арляндыі[43] перамог Карнавалю й Англію ды змусіў плаціць яму даніну. Штогод прыяжджалі ягоныя пасланцы ў Тынтаґель і забіралі ў першым годзе — трыста фунтаў медзі, у другім годзе — трыста фунтаў срэбра, у трэцім годзе — столькі ж золата. На чацьверты год пасланцы дамагаліся трыста дзяўчат і хлапцоў у веку пятнаццацёх гадоў, вылёсаваных з пасярод найлепшых сем’яў Карнавалі й Англіі. Гэта было згодна са старой вымушанай дамоваю, і хлапцы й дзяўчаты павінны былі працаваць у Арляндыі як служкі.

Калі Трышчан вярнуўся ў Тынтаґель, там панаваў сум. Баронаў Англіі ды Карнавалі ён знайшоў у замку Тынтаґель, яны плакалі й наракалі на свой лёс. Паслом караля Арляндыі быў Амурат[44], ягоны швагер, які й дамагаўся выдачы дзяцей, згодна з дамоваю.

Амурат быў вельмі дужы й быў падобны да старадаўных волатаў. Ён ня быў яшчэ нікім пераможаны. Каб здабыць яго да сябе, кароль Арляндыі ўзяў сабе за жонку ягоную сястру Ізоту[45].

Амурат насьмешліва зьвярнуўся да сумных баронаў, якія павінны былі лёсаваць, чые дзеці мусяць ехаць у Арляндыю:

— Калі сярод спадарства ёсьць нехта, які чуецца на сілах звольніць ад ганьбы Англію й Карнавалю, дык я гатовы змагацца зь ім. Калі ён пераможа мяне, дык, Вашэці, усе будзеце назаўсёды вольныя, але калі ж ня знойдзецца такі адважны, а я ўжо бачу, як дрыжыцё, дык вашэцевы сыны й дочкі па праву будуць слугамі ў Арляндыі.

Поўны гневу, прыглядаўся Трышчан да чыстае роспачы баронаў, якія спужаліся нават самога голасу Амурата.

— Зьвер і той больш зробіць дзеля сваіх малых, як Вашэці дзеля сваіх дзяцей, — сказаў ён, выступіў наперад і кінуў Амурату сваю рукавіцу як выклік на двубой[46].

Амурат, сьмеючыся, падняў рукавіцу й сказаў:

— Што для мяне значыць гэты хлапец, я ж бачу, што мне трэба будзе ўжыць бізун, а ня меч.

Недалёка ад Тынтаґелю знаходзіўся ў моры невялікі востраў[47]. Там павінен быў адбыцца бой Трышчана з Амуратам. Прыгожа ўзброены арляндзец пераплыў на лодцы з чырвоным вятругом пратоку, выцягнуў лодку на бераг і чакаў на супраціўніка.

Трышчан, прыплыўшы, выскачыў на бераг і штуршком нагі адапхнуў лодку ў мора.

— Што гэта значыць? — запытаўся Амурат. — Што дурань пусьціў сваю лодку ў мора?

— Адзін з нас, — адказаў Трышчан, — не пакіне гэтага востраву, дзеля гэтага нам хопіць аднае лодкі[48].

З узаемнымі насьмешкамі супраціўнікі пачалі цяжкое змаганьне. Даўгі час вынік бою быў няпэўны. Баёвыя клічы й гром мячоў даходзілі аж да ўзьбярэжжа Тынтаґелю, дзе шмат народу прыглядаліся змаганьню, чакаючы на вынік. Трышчан атрымаў цяжкую рану.

— Давай пагодзімся, — закрычэў яму Амурат. — Якая табе справа, будуць ці ня будуць плаціць мне даніну бароны. Ты падабаесься мне, хлопча, і я не хачу тваёе сьмерці. Ведай, што мой меч атрутны, і адна толькі мая сястра Ізота можа залячыць тваю рану. Пагадзіся са мною, мы разам паедзем да мяне, і мая сястра вылечыць цябе.

Трышчан не паслухаў і яшчэ з большым запалам пачаў нападаць на волата.

— Я трымаю цяпер у сваіх рукох волю двух краёў, і жывы я табе гэтага не аддам, — крыкнуў ён і так добра трапіў мячом, што расьсек галаву Амурату. 

Кавалак ляза з Трышчанавага мяча адламіўся пры гэтым і застаўся ў ране Амурата.

Калі сабраныя на беразе пабачылі здалёку, што плыве да берагу лодка Амурата з чырвоным вятругом, дык падумалі, што Трышчан загінуў. Голасны плач разьлёгся на беразе, а рыцары Амурата сьмяяліся. Раптам з лодкі неспадзявана выскачыў Трышчан і тады той, хто плакаў, пачаў з радасьці сьмяяцца, і наадварот.

— Арлянэйскія рыцары! — сказаў Трышчан. — Едзьце на востраў і забірайце належную ягамосьцям даніну ад Англіі й Карнавалі[49].

Усе жыхары былі вельмі задаволеныя й горача дзякавалі герою, асабліва маткі дзяцей, якіх Трышчан вызваліў ад няволі.

Размаўляючы з народам, Трышчан закрыў сваю балючую рану шчытом, але, вярнуўшыся ў замак, згубіў сілы й непрытомны ўпаў на рукі караля Маркі.

У Арляндыі запанаваў вялікі сум дзеля сьмерці Амурата. Лянвіз, кароль Арляндыі, загадаў пільнаваць узьбярэжжа Арляндыі й купцоў ці марнараў з каралеўства Маркі, якія апынуліся б у Арляндыі, забіваць як помста за сьмерць Амурата.

Найбольш сумавала за сваім братам каралёвая Ізота ды ейная прыгожая дачка Іжота[50]. Плачучы, абмылі яны цела Амурата й нацерлі яго каштоўнымі бальзамамі. Яны знайшлі ў ране асклепак мяча Трышчана й захавалі яго. Усе сілы пекла заклікалі яны на галаву Трышчана. Цёмнымі чарадзейскімі замовамі хацелі яны зьвесьці на Трышчана няшчасьце.



Трышчан ляжаў у Тынтаґелі й нішто яму не дапамагала. Атрута ў ягонай ране пякла, як бы вагнём, і прывяла яго амаль да сьмерці. Калі ён ня бачыў ужо ніскуль сабе ратунку, і лекары хацелі ўжо перадаць яго ў рукі сьвятароў, Трышчан успомніў словы Амурата: “Толькі мая сястра можа цябе вылечыць”.

Трышчан зараз жа прыдумаў хітрык, каб ашукаць каралёвую Арляндыі ды зь ейных рук атрымаць жыцьцё[51].

Разам з Гаварнарам паплыў Трышчан у кірунку гораду Вайзэфорт[52], дзе жыла каралёвая Ізота. Недалёка ад гораду Трышчана пасадзілі ў лодку, безь вятругоў і вёслаў, далі яму ў рукі гарфу, і карабель паплыў прэч ад берагу. Хвалі панесьлі лодку з Трышчанам у кірунку берагу. Калі Трышчану рабілася сумна, ён браў гарфу й граў у яе так, што тоны разыходзіліся далёка. Рыбары з Вайзэфорту, якія выехалі ў ловы, чуючы гукі гарфы, знайшлі Трышчана й прывезьлі яго ў порт.

— Гэты хворы грае ў гарфу, як кароль усіх гарфістаў, — казалі яны паміж сабою. — Завядзем яго да каралёвае, можа, яна вылечыць яго ды знойдзе прыемнасьць у ягонай гульні.

Ніхто ў Вайзэфорце не пазнаў у схварэлым чалавеку Трышчана.

— Я называюся Чантрыш[53], я музыка, — гаварыў ён усім. — Я з прыяцелем плыў у Гішпанію. У дарозе на нас напалі піраты, перабілі ўсіх і забралі карабель. Мяне ж, як музыку, пашкадавалі, пасадзілі ў лодку й пусьцілі на мора. Чатырнаццаць дзён ганялі мяне вятры па моры, скажэце мне, дзе я цяпер?

Яму адказвалі:

— Васпан знаходзіцца ў Вайзэфорце, дзе пануе каралёвая Ізота, якая добра знаецца на леках. Мы завядзем Вашэця да яе, бо яна любіць добрых музыкаў.

Ізота ды ейная дачка Іжота прыязна прынялі хворага й вылечылі яго зельлем і добрым даглядам. Трышчан мусіў сьпяваць ім песьні пра геройства Амурата й сумныя песьні з нагоды ягонае сьмерці. Ён вучыў таксама маладую Іжоту ігры ў струнныя інструмэнты й пяяньню, добрым звычаям, чужым мовам і захаваньню, адпаведнаму шляхотным паннам[54]. Іжота шанавала й падзіўляла Трышчана. У сэрца Трышчана таксама закралася сымпатыя да Іжоты, але ён быў яшчэ недасьведчаны ў справах каханьня й жанчын.

Калі Трышчан пачуў, што паздаравеў, і заўважыў, што робіцца падобным да свайго ранейшага выгляду, дык пачаў баяцца, што рыцары, якія былі ў Тынтаґелі, могуць пазнаць яго, і пачаў думаць пра выезд. Іжота ды ейная маці не хацелі адпускаць яго.

— Я маю на бацькаўшчыне шлюбную жонку й дзяцей, якіх я люблю, — казаў Трышчан. — Я павінен ужо ехаць, бо маё сэрца цягне мяне дахаты. Жанчыны тады дазволілі яму выехаць, пабагаславілі на дарогу, жадаючы яму шчасьця й доўгага жыцьця. Яны й не дадумваліся, што дапамаглі свайму сьмяротнаму ворагу.

Частка IV
ЯК ТРЫШЧАН ЗДАБЫЎ ІЖОТУ ДЗЕЛЯ КАРАЛЯ МАРКІ

Трышчан, вярнуўшыся ў Тынтаґель, быў радасна прывітаны ўсімі, і ўсе, адзін перад адным, стараліся яму дагадзіць. Адно толькі бароны Карнавалі[55] з зайздрасьцяй і нянавісьцяй прыглядаліся, як чужынец здабывае сабе ўладу.

— Што надзвычайнага ў гэтым шукальніку прыгодаў, які паходзіць ад добра не азначаных бацькоў? — казалі яны паміж сабою. — Мы ж бачым усе, што ён перамог Амурата не сваімі собскімі сіламі. Ці ж мы самі не ратавалі б сваіх дзяцей, каб людзкія сілы нешта маглі б зрабіць? Трышчан — гэта чараўнік, які ў сувязі зь цёмнымі сіламі. Ці ж у іншым выпадку ён схіліў бы каралёвую Ізоту да вылячэньня забойцы ейнага брата? Так гэты штукар зачараваў караля Марку, што той хоча зрабіць яго сваім спадкаемцам. Ці не было б лепш, каб кароль узяў бы сабе жонку, меў зь ёю дзяцей і даў бы нам праўнага спадкаемцу, а ня гэтага байструка?

Бароны пачалі націскаць караля, каб ён зрабіў паводле іхных патрабаваньняў. Яны не давалі яму супакою ані на кароннай радзе, ані на паляваньні, ані пры бяседзе.

— Васпану трэба ажаніцца. Гэта сорам вашамосьцю, што хоча памерці бязьдзетным і не пакінуць нам свайго наступніка.

— Я маю ўжо сына, — адказваў кароль. — І не хачу мець нікога лепшага, чымся Трышчан, у якім працягвае жыцьцё мая любая сястра Бляншэфлёр. Ён будзе маім наступнікам і вашэцевым валадаром.

— Не, — адказвалі бароны. — Народ ня хоча яго, бо ён чужы. Калі б усе бачылі, што Бог ня хоча даць вашамосьцю сына, але ж пан ніколі ня меў жонкі, і гэтым парушаюцца законы прыроды.

Кароль Марка высьмеяў іх, гаворачы:

— Дзе ж стары чалавек можа знайсьці жонку, якая запраўды кахала б яго.

Аднак бароны не давалі яму супакою й налягалі на караля дзень і ноч. Яны стараліся таксама абразіць Трышчана.

— Бачыце, як лоўка злавіў ён караля. Ён хоча мець сабе цёплае гнязьдзечка, якога сам не будаваў. Яны ўсяк стараліся абрыдзіць жыцьцё Трышчану. Атрутны чад нянавісьці й неспрыяльнасьці зьбіраўся каля Трышчана, атручваючы яму жыцьцё.

— Ці ж мне належыць на кароне Карнавалі? — падумаў Трышчан. 

Ён пайшоў да караля Маркі й пачаў таксама налягаць на яго, каб кароль ажаніўся.

— Я павінен буду пакінуць дзядзечку, — казаў Трышчан, — бо я не магу ўжо дыхаць там, дзе навакол атрута й нянавісьць, лепш я буду вандроўным шукальнікам прыгодаў, але затое бясклопатным.

Марка спужаўся ды, каб ашукаць Трышчана й баронаў, зрабіў выгляд, што хоча выслухаць іхных радаў.

— Ад часу, як Трышчан вярнуўся з Арляндыі, — сказаў кароль, — ён не перастае хваліць Іжоту, ейныя валасы ды, малюючы вобразы ейнае прыгажосьці, зачароўвае ўсіх, хто яго слухае. Я таксама пачуў каханьне да Іжоты з Арляндыі й хачу ажаніцца зь ёю. Прывязеце яе або пакіньне вашэцевы размовы. Марка думаў: “Яны не патрапяць перамагчы Лянвізаў гнеў, і Іжота ніколі не захоча быць жонкаю чалавека, які быў прычынаю сьмерці Амурата”.

Бароны пачалі сьмяяцца, калі пачулі словы караля.

— Пакіньце гэтую думку, — казалі яны. — Хто адважыцца прывезьці васпану Іжоту, калі ведама, што арляндцы забіваюць кожнага, хто трапляе ад нас на іхнае ўзьбярэжжа.

— Гэта не цікавіць мяне, — мовіў кароль. — Я закахаўся ў Іжоце й не хачу сабе іншае жонкі. Дзьве ластаўкі праляталі нядаўна над палацам. Яны несьлі залаты волас у клюмцы й кінулі яго на мой ложак. Трэба думаць, што гэта быў волас Іжоты з Арляндыі[56], бо з таго часу маё сэрца ня мае супакою. Прывязеце мне Іжоту або пакіньце мяне ў цішы!

Бароны тлумачылі каралю, што ягоныя дамаганьні немагчымыя, але Трышчан сказаў:

— Нельга адмаўляцца ад нечага, нават не спрабаваўшы гэта зрабіць. Я прывязу Іжоту або згублю жыцьцё. Дайце мне дванаццаць з пасярод гэтых шляхотных баронаў як сватоў. Апрача гэтага я вазьму сто рыцараў. Мы здабудзем Іжоту, хаця б трэба было б вырваць яе з кіпцюроў цмока.

Бароны спужаліся, калі пачулі, што Трышчан хоча ўзяць з пасярод іх дванаццаць чалавек як сватоў, і не згаджаліся:

— Чаму васпан хоча мець жонкаю Іжоту, якую ніколі ня бачыў і якая ненавідзіць яго, як свайго сьмяротнага ворага? — казалі яны каралю. 

— Толькі яна вартая таго, каб быць жонкаю караля Маркі, — адказваў Трышчан. — І я прывязу яе ці не хачу болей жыць.

Трышчан хутка падрыхтаваў карабель і з дванаццацьцю баронамі й сту рыцарамі паплыў з Карнавалі ў Арляндыю.

— Рэдка здараецца, — думаў ён, — каб рыцар не патрапіў здабыць жанчыну, сілаю ці хітрасьцяй.

Так, ён сьмела ехаў у нязнанае, давяраючы свайму шчасьцю. Лёс заўсёды дапамагае адважным, з баязьлівых жа ж і асьцярожных ён ахвотна робіць жарты, насьміхаючыся зь іхных мудрых плянаў.

Калі карабель Трышчана аказаўся недалёка ад Вайзэфорту, дык дванаццаць баронаў, узятыя як сваты, засумавалі:

— Чаму перадаў нас Бог у рукі гэтага адважнага шаленца, які стаўляе на кон сваё жыцьцё, бы нейкую непатрэбную рэч? Са сваім жыцьцём ён мог бы рабіць, што хоча, але разам зь ім загінем і мы, калі ён не пачне дзеяць больш разважна. Ці ж ён парадзіўся калі-небудзь нас? Як шалёны, едзе ён проста ў пашчу сьмерці й да гэтага часу яшчэ не сказаў нам, як думае ён здабыць Іжоту.

Трышчан увёў карабель амаль у самы порт і стаў на котву ў такой адлегласьці ад берагу, што найлепшы лучнік ня мог бы дасягнуць стралою. Рыцарам і баронам ён загадаў сысьці пад пострап.

— Калі Вашэці цэняць сваё жыцьцё, — сказаў ён, дык не паказвайцеся на пострапе. Толькі марнары могуць заставацца зьверху. Я пайду ў горад разгледзецца ў становішчы. Калі ў працягу трох дзён спадарства не атрымае ад мяне весткі, дык спакойна хай едзе дахаты й шукае каралю іншую жонку, бо гэта будзе значыць, што я разьвітаўся з жыцьцём.

Людзі з Вайзэфорту пабачылі чужы карабель і сабраліся на беразе. На бераг прыбыў таксама маршалак гораду з паліцыяй, даведацца, хто прыехаў. Зь берагу пачалі прыплываць лодкі, і хутка Трышчан сеў у адну зь іх дый разам з Гаварнарам і некалькімі таварышамі паплыў на спатканьне. Трышчан ды ягоныя людзі былі апраненыя як чужаземныя купцы, у даўгія вопраткі, якія добра маскавалі іхныя рыцарскія постаці.

Пад’ехаўшы да берагу, Трышчан хутка высеў і, трымаючы ў руцэ дарагі кубак, спакойна прайшоў праз варожа настаўлены натоўп да маршалка[57] й схіліўся перад ім.

— Што значаць гэтыя крыкі, шляхотны пане? — сказаў ён. — А гэтыя варожыя твары ў горадзе, у якім я раней часта бываў, прадаючы ядваб, сабалёвыя футры, шляхотныя камяні й судзьдзё са срэбра ці цыны? Ці ж я надарэмна прыплыў сюды са сваёй бацькаўшчыны — Франконіі? Ці ж вашэцевы жонкі й дочкі ня хочуць больш прыбірацца, каб падабацца спадарству? Глядзеце, гэты кубак я прынёс як дар для маршалка гораду, за апеку над маім гандлем. Я меў таксама намер плаціць са сваіх заробкаў, кожны дзень па адным дукаце з чырвонага золата. Калі спадарству гэта ўсё не падабаецца, дык дазвольце мне ад’ехаць у больш гасьціннае месца.

— За нівошта! — адказаў маршалак і прыняў кубак з рук Трышчана. — Калі спадар не паходзіць з Англіі ці Карнавалі, дык можа гандляваць тут, пакуль схоча. Як васпан прывёз больш такіх каштоўных рэчаў, дык хутка ў спадарства будзе шмат пакупнікоў.

Так Трышчан бясьпечна апынуўся ў горадзе, дзе жыла Іжота, шукаючы аказыі, каб яе здабыць дзеля караля Маркі. Паслухайце, як яму спрыяла шчасьце.

У тыя часы, калі адбываліся гэтыя падзеі, на сьвеце жыло яшчэ шмат жахлівых патвораў, цмокаў, зьвяроў ды іншых стварэньняў, родам зь пекла, якія пустошылі цэлыя краі, трымаючы ўсіх у страху. У лесе, ля Вайзэфорту, жыла такая патвора, якая нішчыла людзей і зьвяроў і была як бы Божай караю на Арляндыю. Ад часу, як памёр Амурат, не было ў Арляндыі рыцара, які сьмеў бы спаткацца зь ёю.

Калі гэты цмок, шторазу больш асьмяляючыся, пачаў падыходзіць ужо пад брамы гораду, кароль Лянвіз абяцаўся аддаць сваю дачку Іжоту як жонку таму, хто заб’е цмока. Вестка пра гэтае хутка разьнеслася па Арляндыі й суседніх краінах. Шматлікія шукальнікі прыгодаў спрабавалі свайго шчасьця, плацячы галавою за сяганьне па прыгожую Іжоту.

Пра гэтага цмока й абяцаньне караля даведаўся таксама й Трышчан. Раніцою наступнага дня ён загадаў перавезьці на бераг свайго баёвага каня. Ён добра ўзброіўся дзідаю, мячом і шчытом ды паехаў у кірунку лесу, дзе жыў цмок. Не пасьпеў ён яшчэ далёка ад’ехаць, як пабачыў, што на спатканьне яму едуць тры рыцары, крычучы:

— Цмок, цмок! — як бы яны трапілі ўжо ў ягоныя кіпцюры.

— Дзе ж той цмок? — папытаўся Трышчан.

— На нашых сьлядох, — адказаў адзін з рыцараў, і ўсе хутка паехалі ў кірунку гораду.

Трышчан праехаў яшчэ добры кавалак і пабачыў цмока. Той выглядаў так страшна, як бы толькі што выйшаў зь пекла. Разьюшаны цмок адразу ж кінуўся на рыцара, хочучы спаліць яго полымем.

Трышчан меў цяжкую бойку. Ягоны конь загінуў у гэтай бойцы. Аднак Трышчану ўдалася ўсадзіць дзіду ў разяўленую пашчу цмоку, сягаючы амаль да сэрца. Выючы з болю й ярасьці, спаляючы па дарозе кусты й дрэвы, цмок пачаў уцякаць у сваю нару, але Трышчан не адставаў і раз па разе сек яго мячом.

Змаганьне цягнулася доўга. Шчыт Трышчана спаліўся, і сам ён моцна саслаб, але дзіда моцна сядзела ў зьверы, і гэта, нарэшце, прывяло яго да сьмерці. Тады Трышчан адрэзаў цмоку язык, як доказ сваёе перамогі, і, сьмяротна змораны й адураны атрутным подыхам цмока, падышоў да недалёкае крынічкі, што выцякала са скалы. Ён не пасьпеў яшчэ напіцца, як зусім саслаб і, як мёртвы, зваліўся ў кусты, ля крыніцы.

Адзін з трох рыцараў, якіх спаткаў раніцою Трышчан, быў Руды Агвін[58], каралёвы стольнік. Гэта быў пусты й дурны чалавек.

Іжота часам сьмяялася зь яго, бо ён сьмешна апранаўся, гаворачы:

— Агвін, Агвін, якія ў Вашэця прыгожыя боты! Хто гэта так прыгожа ўклаў вашэцевы валасы? Ад якой дзяўчыны мае пан гэтую прыгожую хустку?

Дзеля гэтых размоваў Агвін паверыў, што Іжота закаханая ў ім і хоча, каб менавіта ён перамог цмока. Штораніцы ён выяжджаў, узброены, у лес з намерам змаганьня з цмокам, але ледзь толькі да яго здалёку даходзіла выцьцё цмока, як ён пачынаў уцякаць яшчэ хутчэй, чымся прыехаў. Пад час такой уцечкі й спаткаў яго Трышчан.

Калі Агвін пабачыў, што незнаёмы рыцар так адважна паехаў у лес, дык не вярнуўся ў горад, але асьцярожна пад’ехаў да лесу й здалёку, поўны жаху, прыслухоўваўся адгалосам бойкі. Калі ён пачуў сьмяротны крык цмока й цішыню пасьля гэтага, а рыцар не варочаўся зь лесу, ён падумаў:

— Магчыма, што яны пазабівалі адзін аднаго, і я зраблю добрую знаходку.

Асьцярожна ўехаў ён у лес, перажыўшы шмат страху, і, праклінаючы сваю шалёную адвагу й каханьне, якое прывяло яго сюды, ён нарэшце неспадзявана трапіў на цмока. Агвін так раптоўна павярнуў каня, што той разам зь ім упаў на зямлю. Лічачы, што няма часу сядаць у сядло, ён, сьмяротна спужаны, пачаў пехатою ўцякаць. Аднак ніхто яго не перасьледаваў, і калі ён пабачыў, што й каню нічога ня сталася, дык Агвін адважна пайшоў наперад. І пасьля пасоўваньня наперад і ўцёкаў назад ён нарэшце пераканаўся, што цмок ужо мёртвы й не ўяўляе аніякае небясьпекі.

Цяпер Агвін пачаў паказваць сваю адвагу. Ён ускочыў на каня й напаў на цмока з такою сілаю, што ягоная дзіда вылецела далёка назад. Пасьля гэтага ён саскочыў з каня й нарабіў цмоку шмат ранаў. Нарэшце ён адсек цмоку галаву й пачаў пасьля гэтага шукаць незнаёмага рыцара.

— Магчыма, што ён вельмі змучаны, а мо нават непрытомны, і сьмерць патрабуе толькі невялікае дапамогі, а тады ніхто ня будзе сумлівацца, што гэта я забіў цмока. Агвін доўга хадзіў па лесе, але не знайшоў Трышчана.

— Напэўна, — падумаў Агвін, — цмок зьеў яго, бо ж конь ягоны напалову абгарэў. А мо цмок спаліў яго на попел.

Ён вярнуўся ў горад, апавядаючы ўсім спатканым, як ён перамог цмока. Ён рабіў пры гэтым такі шум, што народ зьбіраўся на вуліцах.

— Глядзеце, — крычаў Агвін, — які ўчынак я зрабіў! Яшчэ сягоньня адзін чужаземны рыцар думаў перамагчы цмока, але той зьеў яго разам з канём. Я ж зрабіў гэта й здабыў гэтым Яснавалосую Іжоту.

Агвін зараз жа паслаў воз, каб прывезьці галаву цмока. Ён хацеў прывезьці Іжоце гэты знак сваёй адвагі й каханьня.

Разам з возам паехалі ягоныя некаторыя родныя й прывезьлі ў горад галаву гэтае патворы.

Іжота спачатку сьмяялася, калі пачула пра ўчынак Агвіна, бо ў гэта не паверыла. Але ж пазьней, калі пабачыла галаву цмока, везеную праз гарадзкую браму, спужалася, гаворачы:

— Ніхто ж хіба не паверыць, што гэты руды дурань зрабіў такі ўчынак, а калі б нават гэта й зрабіў ён, дык і ў тым выпадку я не хачу быць ягонай жонкаю.

Ізота й Іжота радзіліся, як унікнуць сораму. На наступную раніцу яны паехалі разам з даверанай служкаю Іжоты Брагіняй[59] і збройчым Пэрынісам[60] у лес і знайшлі тое месца, дзе Трышчан забіў цмока. Яны пабачылі таксама каня Трышчана зь сядлом, зробленым не паводле мясцовых звычаяў, мовілі паміж сабою:

— Безумоўна, пан гэтага каня забіў цмока, але дзе ж ён? — Яны шукалі яго ў лесе, і Іжота заўважыла ў кустох шалом Трышчана. Яны пачалі шукаць там і хутка знайшлі героя, які ляжаў, як бы мёртвы. Калі жанчыны зьнялі зь яго шалом і зброю, дык з-пад зброі выпаў язык цмока, а Трышчан уздыхнуў і расплюшчыў вочы.

— Дык гэта ж музыка Чантрыш! — сказала Іжота й схілілася над ім, а Трышчан усьміхнуўся й згубіў зноў прытомнасьць. Жанчыны са збройчым узьнялі Трышчана на каня й прывезьлі ў горад у памяшканьне каралёвае.

Язык цмока яны ўзялі з сабою й захавалі яго.

Трышчан хутка апрытомнеў і апавёў жанчынам казачку:

— Але, музыка Чантрыш зноў прыехаў да Вашэцяў, а васпані ўратавалі яму жыцьцё.

— Як трапіў ты зноў у Арляндыю? — пыталіся яны.

— Я знайшоў у хаце жонку й дзяцей у добрым здароўі й паехаў зноў паміж чужых. Я паказваў сваё мастацтва князём і каралём, але прафэсія музыкі — гэта сумная прафэсія. Музыкі — гэта цені жыцьця, вобразы чужых учынкаў. Мы быццам забіваем цмокаў і волатаў, быццам перажываем мы радасьці й гора каханьня, але нашае собскае жыцьцё мала мае супольнага з тым, што мы апяваем. Дзеля гэтага з поўным правам рыцары пагарджаюць музыкаў, як балбатуноў, якія добра ведаюць, што зьяўляецца добрым, адважным і прыгожым, але самыя не стараюцца быць ані добрымі, ані адважнымі, ані прыгожымі. Сумны лёс музыкаў. Я меў такога жыцьця досыць і пастанавіў самому зрабіць учынак, які быў бы вартым таго, каб пра яго пяялі іншыя песьняры. Я хацеў паказаць усім, што маё сэрца й рукі вартыя маіх песьняў. Я ўспомніў, што васпані ўратавалі мне жыцьцё й дзеля гэтага пастанавіў дапамагчы Вашэцям, забіваючы цмока.

— Стольнік Агвін, — сказала Іжота, — цьвердзіць, што гэта ён забіў цмока. Праз тры дні будзе зьезд магнатаў цэлае Арляндыі, і Агвін перад імі будзе даводзіць, што гэта ён забіў цмока. Калі ён давядзе гэта, дык я, згодна з каралёвым абяцаньнем, павінна буду стацца ягонай жонкаю.

Трышчан засьмяяўся, гаворачы:

— Ня бойцеся, я захаваю спадарычню ад Агвіна.

Жанчыны даглядалі яго, і Трышчан хутка зноў пачуўся поўны сілаў.

Іжота завяла Трышчана ў лазьню ды, як служка, прыслужвала яму[61]. Яна нацерла яго каштоўнымі бальзамамі ды ўмацавальнымі мазямі й была захопленая ягонаю прыгожасьцяй ды думала: “Як шкода, што гэта толькі музыка й мае ўжо жонку ды дзяцей. Калі б ён быў рыцарам, я ахвотна была б здабытая ім”. Ейнае сэрца сьціснулася ад салодкага пачуцьця каханьня да героя, і ўсе ейныя думкі запоўніў ягоны вобраз.

Каралёўна мела некаторыя сумлівы й пайшла агледзець зброю Трышчана, думаючы знайсьці нейкі знак ці герб, зь якога можна было б даведацца пра паходжаньне госьця. Аднак яна анічога не знайшла.

Трышчан сьмяяўся, калі пабачыў, як Іжота аглядае ягоную зброю й думаў: “Як дзіўна я здабыў Залатавалосую Іжоту, і яна такая прыязная да мяне. Каб яна ведала, каго яна ўратавала ад сьмерці”.

Іжота заўважыла ўсьмешку Трышчана й падумала: “Ён сьмяецца, бо я не патрапіла знайсьці аніякіх знакаў”. Яна паўторна аглядала ягоную зброю й заўважыла шчэрбу на ягоным мячы! Паколькі яна была разумная, дык адразу ўзгадала пра асклепак мяча, знойдзены ў ране Амурата. Яна сьпешна прынесла яго й, прыклаўшы, пабачыла, што асклепак дакладна пасуе да шчэрбы на мячы.

“Гэта меч Трышчана, — казала ёй сэрца. Адначасна яна падумала: — Трышчан — Чантрыш!”

Яна раптоўна зразумела, што гэта тое самае імя, толькі зь перастаўленымі складамі. Іжота ўскрыкнула з гневу й болю, скочыла да Трышчана й хацела засекчы яго ў ваньне.

— Васпане — Трышчан Брэтонскі! Як толькі наважыўся, маючы на сабе кроў Амурата, усьлізнуцца ў нашую хату! Вашэць хацеў здабыць мяне й перадаць у чужыя краі, як гэта рабіў Амурат зь дзяўчатамі з Англіі? З насьмешкаю хацеў пан апавядаць пра свой учынак адносна Іжоты з Арляндыі? Цяпер — васпан загіне!

Сьлёзы цеклі зь ейных вачэй, а голас перарываўся ад гневу, сораму й болю.

— Ня так, прыгожая Іжота, — адказаў Трышчан. — Забі мяне, калі васпані хоча зламаць абавязак гасьціннасьці й хоча абцяжарыць сябе крывёю й віною, але спачатку выслухай. Я, праўда, прыехаў здабыць каралёўну, але не па тое, каб прадаць. Ці ж спадарычня верыць, што можна быць пры ёй найдаўжэйшы час бяскарна? Вашэця вылечыла маё цела, але маё сэрца зрабілася хворае ад каханьня да Вашэці. Пакуль я жыў на двары караля Маркі, я ўвесь час сумаваў па імасьці. Потым я пачуў пра цмока й абяцаньне караля, вашэцінага бацькі, і вось я тут. Вы павінны быць маёю, калі патрапіце забыць пра Амурата, якога я забіў у сумленным змаганьні. Я хачу цяпер адрабіць тыя крыўды, якія я зрабіў спадарычні.

Трышчан быў хітры. Мудрымі словамі ён унік, бы зьмяя, у сэрца Іжоты, якое й так было ўжо кранутае каханьнем да яго.

— Забі мяне, — казаў Трышчан, — маё жыцьцё належыць Табе. А сама ідзі да Агвіна, які здабудзе цябе ў свой ложак фальшывай прысягаю, бо калі ня будзе мяне, дык ніхто не патрапіць давесьці, што ён маніць.

Іжота кінула меч, закрыла твар рукамі й выйшла.

Трышчан апрануўся, і зараз да яго прыйшла каралёвая Ізота з Брагіняю, але Трышчан пераканаў і іх. Ён узяў на свой бок Ізоту й сказаў ёй:

— Я ведаю для вашэцінае дачкі добрага жаніха, слугою якога я зьяўляюся. Кароль Марка з Карнавалі хоча мець яе за жонку. Калі каралёвая дазволіць, дык я загадаю прынесьці з карабля ягоныя падарункі й прышлю ягоных дванаццаць сватоў, а тады паміж Арляндыяй і Карнаваляй запануе супакой і вечная прыязь.

Трышчан пераканаў Ізоту, а тая пераканала свайго мужа, караля Лянвіза, гаворачы яму:

— Пакінь свае клопаты. Не ашуканец Агвін, але кароль Марка павінен быць мужам Іжоты. Трышчан здабыў яе дзеля караля Маркі. Пагадзіся з Трышчанам, дык ён зробіць парадак з Агвінам, а сваты прынясуць свае падарункі, што знаходзяцца ў ягоным караблі.

Кароль Лянвіз пагадзіўся з Трышчанам[62].

Усе гэтыя дні на караблі Трышчана панаваў страх. Гаварнар і рыцары баяліся за Трышчана, але дванаццаць баронаў найбольш баяліся за саміх сябе: 

— Што робіць гэты шаленец? Ён сьцягне на нашыя галовы арляндцаў, і мы ўсе загінем!

Калі Трышчан не варочаўся, яны казалі:

— Ён ужо нежывы, едзьма назад, у Тынтаґель!

Гаварнар і ягоныя людзі зь цяжкасьцяй угаварылі баронаў пачакаць яшчэ адну ноч. Раніцою на карабель зьявіўся Пэрыніс, апавёў, што здарылася й што заключаны мір паміж Карнаваляй ды Арляндыяй. Трышчан запрасіў усіх на двор у іхных каштоўных вопратках і з падарункамі, прызначанымі для Іжоты.

З цэлай Арляндыі зьехаліся паны на той дзень, калі стольнік Агвін на публічным вечы меў давесьці свае правы на Іжоту ды ўзяць яе з рук бацькі. Заля напоўнілася прыбылымі. Тады ўвайшлі сто рыцараў Трышчана й дванаццаць баронаў. Яны нікога не прывіталі й моўчкі занялі свае месцы, бо яны не разумелі мясцовае мовы. Гаварнар занёс прывезеныя каштоўныя ўпрыгажэньні з золата й срэбра ў жаночы пакой, і Ізота з Іжотаю надзелі іх на сябе. Адна зь іх была прыгажэйшая над другую: Ізота — бы сонца апоўдні, Іжота — бы кволая раніца, якая прадказвала добры дзень. Трышчан павітаў іх і пайшоў зь імі на веча.

Пэўным крокам выйшаў тады Агвін, акружаны сваякамі, перад каралёвы пасад і дамагаўся прызнаньня яму Іжоты за ягоны геройскі ўчынак. Галаву цмока таксама ўнесьлі за ім. Агвін з гонарам стаяў перад каралём у шаломе з новым пер’ем і са срэбным ланцугом на шыі.

— Валадару, — сказаў ён. — Іжота мая, калі ў Арляндыі яшчэ абавязвае дадзенае слова.

Ягоныя сваякі голасна яго падтрымалі.

Тады наперад выступіў Трышчан, прыгожа ўзброены. Усе ягоныя голасна яго павіталі. Трышчан схіліўся перад каралём і, паказваючы на стольніка, сказаў:

— Валадару, я абвінавачваю гэтага чалавека ў мане ды ашуканстве й гатовы давесьці яму гэта зброяй.

Агвін не зразумеў яшчэ, у чым справа, але баяўся Трышчана й сказаў:

— Нашто тут збройныя доказы? Калі наагул патрэбны нейкія довады, дык я прынясу галаву цмока, і мне здаецца, што такое сьведчаньне здаволіць кожнага.

— Але, — гэта праўда, — крычалі рыцары з Арляндыі.

— Эх ты, — сказаў Трышчан. — Твой геройскі ўчынак палягаў адно за тым, што ты адсек мёртваму цмоку галаву! Так танна, я думаю, не здабываюць у Арляндыі каралёвых дачок. Пакажы, дзе язык у галаве цмока?

Рыцары разявілі пашчу цмока й пабачылі, што язык быў адрэзаны. Трышчан жа вынуў язык з кішэні й паказаў яго ўсім.

— Калі Вашэцям замала такога доказу, дык я гатовы давесьці сваё права кожнаму й кожнаю зброяю, — гаворачы гэта, Трышчан грозна збліжаўся да Агвіна.

Аднак той, перапужаны, схаваўся за сваіх і выбег з залі, разьвітаны голасным сьмехам усіх рыцараў. Ізота й Іжота таксама голасна сьмяяліся.

— Лічаць Вашэці, — зьвярнуўся Трышчан да прысутных, што я праўна здабыў Іжоту?

— Але, — адказалі ўсе прысутныя. — Толькі хай васпан скажа перад гэтым, хто ён ды скуль паходзіць?

— Я — Трышчан з Брэтоніі.

Заля зашумела, як ад шторму. Замільгацелі выцягнутыя мячы, але Трышчан стаяў спасярод сваіх рыцараў, падышоўшы бліжэй да караля.

— Забіць яго! — крычэлі арляндцы. — Помста за Амурата!

Раптам усе пабачылі, што кароль Лянвіз пацалаваў чужынца. Зрабілася ціха. Кароль Лянвіз устаў і сказаў:

— Заключаны мір паміж Арляндыяй і Карнаваляй. На знак згоды я аддаю сваю дачку ў рукі гэтага рыцара з тым, што ён завязе яе да караля Маркі, — гаворачы гэта, Лянвіз заручыў Іжоту з каралём Маркам у асобе Трышчана.

Такі выхад са становішча спадабаўся ўсім, і ўсе голасна выказалі сваю згоду. Усе чыста былі вясёлыя. Цэлы горад напоўніўся скокамі ды сьпевам. Але ж Іжота была сьмяротна сумная, бо Трышчан ашукаў яе й адкінуў ейнае каханьне, аддаючы яе пад уладу іншага. Ані Ізота, ані Брагіня не маглі яе супакоіць.

Частка V
ЛЮБЧЫК

Каралёвая Ізота думала:

— Кароль Марка ўжо немалады, але Іжота яшчэ дзіцё, і сэрца ейнае не затрымаецца пры шлюбным сужэнцы. Ці ж маладосьць зварочвае ўвагу на гонар, калі яе запаліць вагонь каханьня? Цяпер я добра бачу, што Іжота кахае Трышчана, і хаця ў ейным сэрцы няма фальшывасьці, аднак я даволі дасьведчаная, каб ведаць, як вагонь каханьня перакідаецца з аднаго на другога. Няма на сьвеце такога мужчыны, які б ня быў асьлеплены прыгожай жанчынаю, якая кахае яго. Я павінна гэта прадбачыць, пакуль ня будзе позна.

Каралёвая набрала зельляў, што ўзбуджаюць і падтрымліваюць каханьне, і варыла іх, шэпчучы малітвы ды замовы: “Сэрца да сэрца, як рука да рукі й кроў да крыві, навечна, каб нават сьмерць не патрапіла разьдзяліць сэрцы, злучаныя чарамі”[63].

Ізота даверыла любчык[64] Брагіні, гаворачы ёй:

— Ты зьяўляесься прыяцелькай ды служкаю Іжоты. Ты паедзеш зь ёю ў Тынтаґель і будзеш апекавацца ёю. Гэтае пітво ты павінна даць пароўну каралю Марку й Іжоце ў ноч іхнага шлюбу. Ніхто, апрача іх, не павінен піць гэтага, бо гэта любчык, які злучыць іхныя сэрцы.

Брагіня ўзяла пітво, абяцаючыся каралёвай зрабіць згодна з наказам.

Трышчан разам са сваімі забраў Іжоту. Разьвітаньне было шмат каму вельмі сумнае.

— Каханая мамо! — гаварыла Іжота. — Чаму высылаеце мяне ў нязнанае, да гэтага чужога караля, якога я ня ведаю? Я ахватней памерла б тут, чымся быць каралёвай у Карнавалі.

— Трышчан жа пры табе, — адказала каралёвая.

— Я ненавіджу Трышчана.

Падышоў Трышчан, узяў Іжоту за руку й павёў яе на карабель, гаворачы:

— Валадарка, вецер спрыяе нам, і мы павінны ехаць.

Высокія вятругі напоўніліся ветрам, і карабель паплыў у адкрытае мора.

Сумная, у сьлязох, сядзела Іжота ў палатцы, якую зрабіў Трышчан ёй і Брагіні. З пахмурнымі вачыма ўглядалася яна на бязьмежнае мора, на якім шукаў свой шлях карабель. Калі Трышчан, падышоўшы, засьпяваў ёй сваю найлепшую песьню, яна была толькі злосная й сказала: 

— Калі ласка, пакінь мяне! Я не магу чуць вашэцеў голас, я не магу бачыць пана!

Трышчан адказаў:

— Што зрабіў я Вашэці, каралёўна? Ці імасьць заўсёды будзе выпамінаць мне сьмерць Амурата?

— Ты ненавісны мне, — адказала Іжота, — як сьмерць! Увесь мой боль выкліканы Табою!

Нягледзячы на гэта, Трышчан прыходзіў і далей да Іжоты й стараўся яе пацешыць, але тая ніколі не сказала яму добрага слова, але бяспосьпехава старалася выкінуць яго са свайго сэрца.

Падарожжа зацягвалася, бо трывалі праціўныя вятры, а нарэшце пачалося цалком бязьветранае надвор’е. Карабель падплыў да аднаго вострава. Рыцары й бароны сышлі на бераг, адпачыць пасьля марскога падарожжа ў ценю дрэваў.

Аднак Іжота не хацела пакінуць палаткі, а дзеля гэтага й Трышчан застаўся на караблі. Ён зноў спрабаваў супакоіць і разьвесяліць Іжоту, бо з таго часу, як ён зразумеў, што Іжота яму варожая, ён ня меў супакою, бо яму найлепш было каля яе.

Сонца горача прыгравала карабель, што стаяў бяз руху, і каралёўна захацела піць. Каля іх аказалася маладая служка, і яны паслалі яе па віно.

Служка доўга не магла знайсьці аніякага пітва й нарэшце заўважыла збан, у якім знаходзіўся любчык. Яна ўзяла гэты збан, прынесла ў палатку, дзе Трышчан і Іжота прагавіта яго асушылі[65].

У міжчасе Брагіня вярнулася назад, знайшла збан у палатцы й пабачыла, што сталася. З уздыхам выкінула яна пусты збан у мора, але гэта не дапамагло.

Калі Трышчан і Іжота пачулі з вуснаў Брагіні, што сталася, яны вельмі спужаліся. Тое, што яны хавалі ў сваіх сэрцах, зрабілася ім у адзін момант ясным. Нішто іншае, як каханьне, прывяло Іжоту да суму й злосьці. Нішто іншае, як каханьне, выклікала ў Трышчана неспакой, калі ён быў далёка ад Іжоты. Праз поўны роспачы крык Брагіні яны адсунуліся ад сябе.

— Вашэці выпілі сваю сьмерць! — крыкнула ім Брагіня.

— Калі гэта мае быць сьмерць, — сказаў Трышчан, — дык я ахвотна гатовы ісьці з адной сьмерці ў другую!

“Ці ж мне патрэбны быў любчык, — думала Іжота, — калі я й раней была пад поўнай уладаю гэтага рыцара?”

Цяжкі, хаця й нябачны бой разгарэўся ў сэрцох Трышчана ды Іжоты[66]. Гонар, вернасьць і любоў Трышчана да караля Маркі хацелі адсунуць у ягоным сэрцы каханьне да Іжоты.

— Я зьяўляюся здрайцаю, — злосна думаў ён. — Што хачу я рабіць?

Ён бараніўся з усіх сілаў.

Іжота ня думала пра караля Марку, але і ў ейным сэрцы ішло змаганьне паміж сорамам і каханьнем. Але ў такім змаганьні сорам хутка супакойваецца.

— Што ў гэтым дзіўнага? — думала Іжота. — Ці ёсьць хто-небудзь больш годны й прыгожы ад гэтага рыцара, і ці ж ён не здабыў мяне ад цмоку? Ці ж усе жанчыны не павінны быць собскасьцяй мужчыны? Дзе магла б я знайсьці героя больш вартага каханьня, чымся Трышчан?

Калі Трышчан неспакойна шпацыраваў па караблі й праходзіў ля ейнае палаткі, Іжота голасна ўздыхнула ды сказала:

— Толькі, Ваша, не ўваходзь да мяне! Бо ня можаш ці ня хочаш дапамагчы мне, маё ж раскаяньне прыйшло запозна.

— Якое раскаяньне? — спытаўся Трышчан і зблізіўся да каралёўны.

— Што я не забіла цябе ў ваньне, а таксама, што ты не загінуў з рукі Амурата. Тады я была б захаваная ад усялякага цярпеньня.

— Але што зрабіў я спадарычні, ці не пакінеш цяпер сваю злосьць?

— Што імасьць мне зрабіў? — адказала Іжота. — Імасьць зрабіў мне найгоршае!

— Што ж найгоршага я зрабіў? — спытаўся рыцар.

Іжота з уздыхам прыхілілася да яго й сказала:

— Гэта каханьне, Трышчан, якое бажаволіць Цябе, альбо сьмерць!

Калі Брагіня пачула гэта, яна, плачучы, выйшла й стала на варце перад палаткаю, каб ніхто не перашкаджаў каханкам, ці не даведаўся іхнай тайніцы.

Частка VI
ЯК БЫЎ АШУКАНЫ КАРОЛЬ МАРКА

Што знаюць пра мастацтва тыя, якія, ня ведаючы, што такое каханьне, слоўна выяўляюць яго? І чаму павінен я апавядаць пра шчасьце Трышчана й Іжоты тым, хто сам перажыў радасьці праўдзівага каханьня? Найлепш дабраныя словы не патрапяць апісаць гадзінаў, калі яны далёка ад вонкавага сьвету знаходзіліся ў поўным захапленьні, калі вусны былі пры вуснах, калі здавалася, што яны мелі адно сэрца ды адну кроў у жылах.

Праходзілі гадзіны й дні, а закаханыя не заўважалі гэтага.

Карабель Трышчана прыплыў блізка да Тынтаґелю, і аднае халоднае раніцы закаханыя прачнуліся са сну. Горка гучэла ў іхных вуснах імя караля Маркі, жонкаю якога павінна была стацца Іжота.

— Мы ўцячэм, — радзіў Трышчан.

Але рыцары й бароны не дапусьцілі б да гэтага. Асьлеплены каханьнем герой быў тады зусім бяззбройны. Аднак Іжота думала за дваіх і казала:

— Мы павінны ашукаць караля, бо мы ў ягонай уладзе. Ён заб’е нас, калі даведаецца, што сталася. Але ж мы ня хочам паміраць, бо сьвет акурат цяпер здаецца нам цудоўна прыгожым і павінен прынесьці нам яшчэ шмат радасьцяў.

Яна паклікала да сябе Брагіню й сказала ёй:

— Ты вінная ў нашым няшчасьці. Ты кепска прыслужылася мне й маёй маці, дык цяпер глядзі ж дапамагай нам у няшчасьці.

Брагіня адказала:

— Маё жыцьцё належыць Вашэці й вашэцінаму пану Трышчану, — жанчыны разам уклалі плян, як ашукаць караля.

Урачыста спаткаў кароль Марка Іжоту й Трышчана. Каралёўна, якая выпраменьвала прыгажосьць, вельмі спадабалася каралю, і ён ня думаў больш пра тыя засьцярогі, што меў раней.

— Бароны добра радзілі мне, — падумаў ён. — Чаму ня мела б грэць маю старасьць маладое жыцьцё, і чаму б мне ня мець прыемнасьці, хаця б я й ня мог мець сына.

Так асьляпіла яго прыгажосьць Іжоты, што ён, не пытаючыся ейнага сэрца, забраў ад Трышчана ягоную прасьвяду[67], здабытую ім ад цмока. Марка пышна адсьвяткаваў вясельле, а разам зь ім уся Карнаваля.

Увечары, пасьля вясельля, Брагіня й Трышчан увялі Іжоту ў каралёвы пакой. Нікога больш зь імі не было. Калі згасла сьвятло, Брагіня лягла ў каралёвую ложніцу замест ягонае жонкі[68]. Ціха ляжала яна ў абдымках караля. Трышчан ды Іжота былі недалёка. Такім чынам, кароль здабыў, як кажуць, медзь замест золата, дый не спасьцярог гэтага[69], бо медзь таксама была добрая.

Кароль загадаў Трышчану прынесьці віна, як гэта ёсьць звычаем у наважонаў, і тады Іжота ўсьлізнулася на месца Брагіні, а тая паціху выйшла. Трышчан прынёс віно й зь цяжкім сэрцам выйшаў.

Так быў ашуканы кароль Марка, які ня раз пасьля гэтага браў медзь замест золата, не спазнаючы гэтага.

Навонкі Марка ды Іжота жылі згодна й радасна. Іжота была дзеля яго сонцам, якое грэла й асьвятляла яму жыцьцё, бо ён ня ведаў, што Іжота пры ім поўная суму й што як толькі ён выяжджаў на паляваньне ці куды-небудзь яшчэ, як Трышчан сьпяшаўся да яе, і яна да Трышчана[70].

Хто асудзіць іх? Толькі той хіба, хто ў маладосьці не дасьведчыў усёмагутнае сілы каханьня, толькі той, чыё сэрца й кроў ніколі ня дзеялі пад уплывам пачуцьця, толькі той можа казаць закаханым казані пра мудрасьць і маральнасьць.

Аніхто на каралёвым двары анічога не падазраваў і дзеля гэтага закаханыя былі сьмелыя й бясклопатныя. Яны часта сядзелі адзін пры адным у залі ці цяністым садзе, і Марка са сваімі рыцарамі былі там жа. Усе думалі: “Як радасна выглядаюць яны! Напэўна, Трышчан апавядае каралёвай пра нейкую радасную вестку — слухайце, як зьвініць ейны сьмех!”

Трышчан ведаў шмат казак, паважных гісторыяў ды жартаў і апавядаў іх каралёвай, уплятаючы паміж гэтым гарачыя словы каханьня, тайныя слоўныя пяшчоты, якіх не разумеў аніхто іншы. Аднак каханьне зьяўляецца палымяным вагнём і ня можа даўгі час застацца ахаваным. Калі нават жар каханьня схаваны глыбака ў жылах, дык і тады іскры гэтага каханьня відавочныя з вачэй, мігаў і бачныя ўсім уважным. Каханьне як крыніца, якую нельга ўтрымаць укрытую.

Таксама здарылася й з Трышчанам ды Іжотаю. Час сыходзіў ім паміж радасьцямі й пакутамі, але за імі ўжо стаяла людзкая зайздрасьць, бачыла асочлівым вокам іхную віну й прыгатаўляла для іх загубу.

Карнавальскія бароны не любілі Трышчана, а стольнік караля Мар’ёда[71] ненавідзеў яго, хаця ўкрываў сваю варожасьць пад вонкавай прыязьняй. Ён стараўся заўсёды быць недалёка Трышчана й паволі ўбіўся да яго ў ласку. Трышчан давяраў яму й жыў зь ім у адным пакоі, Мар’ёда ж дзень і ноч думаў толькі пра тое, каб загубіць Трышчана. Мар’ёда належаў да такіх людзей, якія ненавідзяць усё маладое, вясёлае, сьветлае й ня ведаюць большае прыемнасьці, як атруціць словамі чужое шчасьце.

Начамі, калі кароль Марка бываў у ловах, Трышчан часта паціху ўставаў ды ішоў да Іжоты. Мар’ёда хутка заўважыў гэта й паціху сьледаваў за ім, аж да пакояў каралёвае, і са злосьцяй ды злоснай радасьцяй чуў бясклопатныя размовы закаханых і сьмяяўся, што нарэшце спазнаў тайніцу Трышчана. “Што робіць гэты прыгожы, геройскі рыцар, — думаў ён, — як адплочвае ён за любоў і давер? Аднак я зьнішчу яго перад усім народам, і гэтую распусьніцу, якую ён прывёз з Арляндыі.

Мар’ёда пачаў думаць, як яму паведаміць караля пра злачынства Трышчана ды Іжоты. Мар’ёда не любіў хадзіць простымі дарогамі, да таго ж і баяўся Трышчана. На адным паляваньні, апынуўшыся блізка караля, ён легкімі заўвагамі й атрутнымі паўслоўкамі ўзбудзіў у каралі падазрэньне. Марка хацеў адразу ведаць усю праўду, але Мар’ёда нічога выразна не казаў.

— Гаворыць народ, — казаў ён, — ёсьць пагалоскі пры двары, але ці ж гэта дзіў? Трышчан і каралёвая маладыя й прыгожыя, а ў такіх выпадках часта паўстаюць плёткі. Яны шмат бываюць разам, удзень і ўначы[72], безумоўна, без благіх думак, але плётка мае тысячу атрутных вуснаў. Хто ж нарэшце адважыцца бяскарна сказаць каралю ўсю праўду? Гаспадар можа вельмі ўзлаваць за гэта. Я сам сказаў ужо, можа, зашмат.

— Але, замаўчы! — злосна ўскрыкнуў кароль. Толькі закінуты ў ягоную душу сумліў застаўся, і ён пастанавіў зрабіць з каралёваю пробу. Аднойчы, калі Марка размаўляў пра сёе-тое з Іжотаю, ён сказаў:

— Я даўно ўжо даў зарок зрабіць пілігрымку, цяпер я думаю выканаць гэта. Я ня ведаю толькі, на чыю апеку пакінуць маю каралёвую, каб Вашэці было добра падчас маёе адсутнасьці.

— Няма сумліву, — адказала Іжота, кепска хаваючы сваю радасьць, — што ніхто ня будзе лепшым апекуном, чымся вашэцеў сястрыніч Трышчан.

Кароль зьнямеў ад злосьці, але Іжота не заўважыла гэтага. Радасна апавяла яна наступнага дня Брагіні пра падарожжа караля й пра ягонае пытаньне наконт апекуна.

— Каго ж васпані хацела мець? — спытала Брагіня.

— Пэўна ж нікога іншага, як Трышчана, — адказала Іжота.

Разумная служка зганіла яе й сказала:

— Як неабдумана паступаюць закаханыя! Ці ж васпані хоча зьнішчыць сябе ды нас усіх? А што, калі пытаньне караля — гэта толькі хітры выбег? І так дзіўна, што ён да гэтага часу не спасьцярог вашэцінае гульні. Будзь гатовай і падумай, як лепш магла б Гаспадарыня адказаць каралю.

Марка ня мог знайсьці сабе з таго часу супакою, бо зайздрасьць адбірала яму ўсю радасьць жыцьця. Празь некалькі дзён ён зноў прыйшоў да Іжоты й, цалуючы яе, сказаў:

— Як сумна, што я хутка мушу пакінуць маю каралёвую!

Тут Іжота злавіла яго ў собскае сіло:

— Гора мне! — сказала яна, цяжка ўздыхаючы. — Цяпер бачу я, што кароль мае паважны намер адбыць пілігрымку. Раней я думала, што пан пажартаваў, каб спужаць мяне й дзеля гэтага я й адказала жартам, — яна сказала гэта так жалобна, што кароль зусім быў задаволены.

— Але ж я пакіну каралёвай свайго сястрыніча Трышчана, і ён дапаможа Вашэці весела спагнаць час.

— Замаўчэце нарэшце з гэтым Трышчанам! — усклікнула Іжота. — Ці ж ня ён забіў майго дзядзьку? Я добра бачу, як ён накідаецца мне сваімі гладкімі словамі, але я ведаю, што ён робіць гэта са страху перад маёй нянавісьцяй. Я хацела б зьнішчыць яго, бачыць мёртвым, каб ня тое, што гэта вашэцеў сястрыніч, — так фальшыва запэўнівала Іжота й рабіла гэта настолькі праўдзіва, што здавалася, бы ейныя словы плывуць з набалелага, поўнага каханьня й пакуты сэрца.

Марка супакоіў каралёвую дый зноў пачаў мець да яе поўны давер, а Мар’ёду зганіў за ягоныя весткі.

Мар’ёда быў вельмі злосны, што ягоны ўдар ня трапіў у мэту, дый зноў пачаў больш выразна падсоўваць каралю сваю думку, пакуль у Маркі зноў не абудзілася падазрэньне, і ён пастанавіў зрабіць выпрабаваньне каралёвае.

— Васпані ня так даўно жалілася мне на майго сястрыніча Трышчана. Аднак на маім двары няма месца для таго, каго Вашэця неахвотна бачыць. Дзеля гэтага я хачу перад сваім выездам адправіць яго на бацькаўшчыну[73], каб мая каралёвая была супакойная й добра чулася.

Іжота вельмі спужалася й не спасьцерагла ў словах караля хітрасьці. Яна даказала:

— Я не хацела, каб кароль дзеля мяне крыўдзіў гэтага рыцара, тым больш, што гэта адзіны сын вашэцевае сястры. Падумай, валадару, пра тое, што зрабіў ён дзеля пана. Ці ж гэта так важна, што я варожа стаўлюся да яго? Я думаю, што час пагодзіць нас, тым больш, што я ж бачу, які гэта шляхотны рыцар.

Яна зноў узмоцніла падазрэньне Маркі й не спасьцерагла гэтага. Калі яна апавяла пра гэтае Брагіні, дык тая зноў зганіла ды перасьцерагла яе[74].

Іжота адказала хітрасьцяй на хітрасьць. Уначы яна абняла караля й, трымаючы яго ля сэрца, сказала:

— Мой пане, ці ж Вашэць паважна казаў пра Трышчана? Я цэлы дзень думала пра гэтае. Мне не было б анічога больш прыемнага, каб, выяжджаючы, мой кароль забраў з сабою й Трышчана ці выслаў яго ў іншую краіну. Калі пан тут, дык я яшчэ магу зносіць яго, але калі выяжджае, дык або забяры мяне з сабою, або заставайся тут.

Яна так апутала караля фальшывымі словамі, што Марка паверыў у ейнае каханьне й абазваў Мар’ёду дурнем і здрайцаю.

Такія ўсе жанчыны. Калі яны кіруюцца пачуцьцём каханьня, дык здольныя да ўсіх учынкаў пекла — і ўсё дапамагае ім ашукаць мужчыну. Пяшчоты, салодкія словы, а нават сьлёзы, якія лічацца голасам сэрца, — усё на ейных паслугах, калі яна змагаецца за сваё каханьне. Бог ня даў жаночаму сэрцу іншае зброі.

Аднак Мар’ёда не пакінуў думкі, каб выказаць каралю хітрасьць Іжоты.

Пры двары жыў яшчэ адзін хітры чалавек на імя Мэлёт[75], карузьлік целам, але з рагатаю душою. Кіданьне падазрэньняў і здраду ён зрабіў сабе за сталы прыбытак. Мар’ёда дамовіўся зь ім, што той будзе сачыць за Трышчанам і каралёвай. Перад Мэлётам ня ўкрыліся надоўга пачуцьці закаханых. Тады Мар’ёда, Мэлёт і чатыры бароны прыйшлі да караля й сказалі:

— Валадару, мы маем ужо досыць гэтае ганьбы. Мы тысячу разоў бачылі й чулі, як Трышчан і каралёвая абражаюць васпана, але ён гэтага ня бачыць дый ня чуе. Мы шляхотныя рыцары й ня можам трываць, каб нам і нашаму пану было сорамна.

— Што ж вы бачыце й чуеце? — злосна спытаў Марка.

— Мы ня бачым анічога, што можна было б узяць у рукі, — адказалі яны, — але так заўсёды бывае з закаханасьцяй: усе ведаюць пра гэтае, але ніхто ня можа дакрануцца. Калі Гаспадар хоча даведацца праўду, а не заплюшчваць на ўсё сьведама вочы, дык вышлеце Трышчана з вашэцевага двара й аддзяліце яго ад каралёвае, а тады акажацца, колькі праўды ў нашым падазрэньні.

— Усе ягамосьці здраднікі! — закрычэў Марка, — і імкнецеся толькі да таго, каб я аддаліў ад сябе Трышчана. Выносьцеся адсюль і не займайце болей часу гэткаю брахнёю!

Але, нягледзячы на гэта, кароль даў ім веры й не спрабаваў запанаваць над благімі думкамі. Ён паклікаў да сябе Трышчана й сказаў:

— Ты ведаеш пра пагалоскі наконт цябе й Іжоты? І хоць я сам ім ня веру, аднак не магу змусіць сябе ня думаць пра іх. Дзеля гэтага я прашу цябе да дабра каралёвае й майго, каб ты не адведваў Гаспадарыні ў ейных пакоях, а таксама наагул не спатыкаўся зь ёю. Дзеля гэтага едзь у ловы ці ў іншае месца й чакай, пакуль я не апаную свае благія думкі й не паклічу цябе зноў.

Трышчан зрабіў згодна з загадам, але не ад’ехаў далёка. Калі ён выехаў з Гаварнарам з замкавае брамы, ягоныя рукі й сэрца былі, бы з волава. Ён даехаў да рынку ў Тынтаґелі й затрымаўся ў аднаго мешчаніна. Праз адчыненыя вокны ўглядаўся ён у замак, дзе ў суму засталася Іжота. Якія страшныя сны бываюць у закаханых! Трышчан змагаўся ўначы супроць ворагаў, якія забралі ад яго Іжоту й якіх ён ня ведаў. Яны схавалі яе ў моцную вежу, і ён толькі здалёку чуў ейны голас.

Іжота таксама часта ляжала бяз сну ў сваім ложку, прыслуховаючыся начным галасом аж да раніцы.

Трышчан быў сьмяротна хворы ад каханьня. Іжота таксама. Брагіня заўважыла стан каралёвае й паціху прыйшла да Трышчана. Яна знайшла так добрую хітрасьць, якую я жадаю знайсьці ўсім разлучаным закаханым. Праз сады Тынтаґелю працякала моцная крыніца, што выплывала з аднае студні, якая знаходзілася звонку муроў, у цяні стагодніх хвояў. Крыніца весела плыла, паміж навіслымі лозамі, аліўкамі, пышнымі градкамі кветак, аж да муроў замку. Тут крынічка, ужо ўнятая ў мармуровыя сьценкі, уваходзіла ў замак, працякаючы праз пакоі каралёвае. У гарачыя дні жанчыны сыходзіліся да яе й асьвяжаліся ад летняе сьпёкі.

Аднойчы, калі ўжо добра сьцямнелася, Трышчан, далёка абыходзячы замак, падышоў да студні, скуль выцякала крыніца. З аліўкавага дрэва ён зьдзёр кавалак кары, парабіў на іх таемныя знакі й кінуў гэтыя кавалкі ў ручай, які панёс гэтыя кавалкі да Іжоты. Каралёвая сядзела ў сваім пакоі, ля вады, і калі пабачыла ўмоўныя знакі, дык ведала, што прыйшоў Трышчан[76].

Штоночы, калі кароль і ягоныя бароны былі адсутныя, Іжота ўпотайкі выходзіла з саду й спатыкалася з Трышчанам. Трышчан спатыкаў яе, браў на рукі й нёс у цень высокіх дрэваў.

— Каханы Трышчан, — казала Іжота. — Падумай, як Бог любіць нас, паглядзі, што за прыгожы замак збудаваў ён нам. Цёмна-сіні аксаміт пакрывае замак. Усё ціха. Толькі крынічка гамоніць. Пра што яна гамоніць?

— Яна ўжо старая й шмат бачыла ў ценю гэтых хваінаў палюбоўных гісторыяў — вось яна й гамоніць нам пра гэтае.

— Ці ж яна гневаецца на нас, Трышчан?

— Усе павінны любіць нас, бо толькі нягодныя людзі варожыя каханьню. Але глядзі, Іжота, цёмны аксаміт твайго пакою сьвятлее, і ўжо відаць вежы Тынтаґелю. Іжота, маё каханьне, я ведаю адзін замак, які вечны — там жыве каханьне. Замак зь яснага золата, асьвечаны каханьнем. Там няма здрады й ніхто чыста не разлучае закаханых. Пах кветак стаіць у ім. Срэбныя гарфы граюць самыя, ад подзьмуху ветрыку. Шчасьлівы той, хто здабудзе гэты замак. Ён даступны толькі тым, хто верна кахае, дык і мы пойдзем туды[77].

Каралёвая пасьпяшала хуткімі крокамі, праз апошнія цені ночы, пакуль дзень не абудзіў жыхароў замку, Трышчан жа тужліва сьпяшаўся ў горад.

Кароль Марка заўважыў, як расьцьвіла каралёвая й думаў: “Цяпер відаць, як мала яна думала пра Трышчана, і толькі падазрэньне шкодзіла ёй. Цяпер жа ж усё пераможанае”.

Аднак нягоднікі думалі іначай: “Трышчан ды Іжота шчасьлівыя. Цяпер акурат той час, каб злавіць іх[78]”.

Мэлёт асачыў Трышчана, як сабака шляхотнага аленя, і па хуткім часе, адкрыўшы ўсю тайніцу Трышчана, сьпешна зьявіўся ён перад караля, гаворачы:

— Валадару, цяпер можна цешыцца, бо я дам пэўнасьць. Хай пан зробіць раніцою выгляд, што выяжджае на некалькі дзён у ловы, і тады Гаспадар пабачыць вашэцеву жонку ў абыймох Трышчана!

Марка аж задрыжэў з гневу:

— Калі ты, сабака, мяне ашукаў, дык гэта будзе каштаваць табе жыцьцё, але я павінен ведаць праўду!

На наступны дзень Марка зрабіў так, як яму парадзіў Мэлёт. Калі Трышчан даведаўся, што Марка й цэлы двор выбіраюцца ў ловы, ён радасна пайшоў уначы да студні пад хваінамі й кінуў кавалкі кары — сваіх пасланцоў да Іжоты. Аднак кароль Марка ўжо быў вярнуўшыся з ловаў, і Мэлёт употайкі прывёў яго да хваінаў[79].

Кароль і Мэлёт узьлезьлі на дрэва над самай студняй, схаваліся ў зеляніне й бачылі, як прыйшоў Трышчан, што ён рабіў і як уздыхаў. Трышчан жа іх ня бачыў. Размроены, стаяў ён у ценю дрэваў, углядаўся на кавалкі кары, што плылі ад яго па вадзе, і схіліўся тады над цёмнай, спакойнай глыбінёй студні. Калі ён углядаўся ў цёмную бліскучую паверхню вады, ён раптоўна заўважыў на вадзе адбіцьцё караля й Мэлёта, якія сядзелі на дрэве, і сьмяротна спужаўся. Страшная думка пранізала ягоную душу. Што здарыцца зараз? Кавалкі кары, што плылі па вадзе, выклічуць зараз каралёвую, і яна павінна будзе хутка прыйсьці. Божа, ахоўвай закаханых!

Іжота з прыемнасьцяй заўважыла пасланцоў, што выклікалі яе да Трышчана. Атуліўшыся плашчом, сьпяшалася яна праз парк. Ля студні яна заўважыла, як заўсёды, каханага.

Але ж чаму яе прыяцель не сьпяшыць ёй на спатканьне, чаму не гаворыць да яе? Чаму стаіць пахіліўшы галаву ў ценю дрэваў? Страх апанаваў каралёвую, і яна павольнымі крокамі зьбліжалася. Яна таксама спасьцерагла караля на дрэве. “Божа, захавай Трышчана ад глупстваў”, — узмалілася яна й затрымалася, гаворачы: 

— Што гэта мае значыць, што пан выклікаў мяне так позна? Што здарылася й чаго пан Трышчан хоча? Каб я не баялася нейкае небясьпекі для караля, дык я ніколі не прыйшла б сюды.

— Каралёвая, — сказаў Трышчан, — май, васпані, літасьць нада мною й дапамажы мне здабыць зноў любоў майго дзядзькі. Я пакінуў дзеля яго сваю бацькаўшчыну й трон, я забіў Амурата й здабыў яму прыгожую жонку з кіпцюроў цмока, але ён выслаў мяне прэч, як нейкага жабрака.

— Што я магу зрабіць для пана? — запыталася Іжота. — Калі б кароль ведаў, што я прыйшла сюды, ён забіў бы мяне, так атруцілі ягонае сэрца рознымі пагалоскамі нягоднікі. Я ахвотна дапамагла б Вашу, бо ёсьць сястрынічам караля, майго каханага мужа, і я ведаю, што вашэцева сэрца прыхільнае да караля. Аднак што я магу зрабіць для пана? Ці ж кожнае слова за ягамосьця ня ўзмоцніць у каралю нягоднага падазрэньня й ня будзе вадою на млын тых нягоднікаў, што пасварылі васпана з маім мужам?

— Праўда, справы прадстаўляюцца так, як васпані кажа, — адказаў Трышчан.

Ягоны голас дрыжэў ад болю й сьлёз, якія той ледзь утрымліваў.

— Гэтыя сабакі асягнулі тое, што хацелі. Яны разлучылі мяне з маім дзядзькам, краінаю й Вашэцяй. Заставайцеся здаровыя. Васпані ўратавала мне двойчы жыцьцё, дык ці ж дзіўна, што я люблю й шаную маю Гаспадарыню. Дай Божа, каб Вашэці добра паводзілася. Я асядлаю каня й паеду раніцою прочкі, немаведама куды.

— Няхай Бог будзе з панам Трышчанам, — адказала Іжота. — Мне шкада караля, што ён празь нягоднікаў згубіць такога рыцара й прыяцеля. Але ж я нічога не магу зрабіць для ягамосьця. Я ўжо задоўга тут. Заставайся, васпан, здаровы. — Каралёвая хуткімі крокамі адышла.

Вярнуўшыся ў замак, каралёвая, плачучы, упала ў абдымкі Брагіні й апавяла ёй, што здарылася.

— Цяпер каралёвая бачыць, што Бог ня хоча згубы закаханых, — сказала Брагіня. — Ён трымаў свае рукі з апекаю над намі, і дзеля гэтага будзь Вашэця найвесялейшай.

Калі Трышчан адышоў ад студні, кароль сапхнуў Мэлёта з дрэва, але той хутка ўскочыў і ўцёк ад караля ды зь ягонае краіны.

Апоўдні наступнага дня кароль вярнуўся з ловаў.

— Як правяла Гаспадарыня гэты час? — спытаўся ён Іжоты.

— Мы сьпявалі песьні, мы весяліліся, але й сумавалі.

— Чаго ж Вашэця сумавала, якое гора мучыла маю каралёвую?

— Ах валадару, жанчынам шмат што прыносіць сваё гора, і нам часта цяжыць тое, што мужчынам здаецца малазначным. Жанчыны зьяўляюцца занадчулымі й думаюць зашмат пра цяжкія рэчы.

Так гаварыла яна невыразнымі словамі, але ведала, што кароль яе разумее.

— Ці васпані ня чула анічога пра Трышчана? — спытаўся кароль. — Я даведаўся, што ён сумуе.

— Гэта чула й я, — адказала каралёвая. — Брагіня прынесла мне вестку ад яго, што ён ляжыць хворы й, каб зрабіць Вашэцю прыемнасьць, сёньня ці заўтра пакідае край. Васпан закрануў яго й мяне сваімі недарэчнымі падазрэньнямі.

Кароль упакорыўся й сказаў:

— Я цяпер напэўна ведаю, што зрабіў васпані й Трышчану крыўду й хачу гэта паправіць. Загадайце паклікаць Трышчана: я хачу, каб мы пагадзіліся праз Вашэцю.

— За нівошта, — адказала Іжота. — Сёньня будзе згода, а заўтра зноў падазрэньне й сумліў. Пакінь, Ваша, мяне ў баку ад гэтае гульні й рабі з Трышчанам, што сабе хочаш.

Аднак Марка не супакоіўся, пакуль не зрабіў па-свойму.

Калі Трышчан прыйшоў, кароль абняў яго й сказаў:

— Цяпер паміж намі павінна панаваць згода й давер. Няхай праклятыя будуць усе брахуны.

Ён зноў зрабіў Трышчана кіраўніком замку й апекуном пакояў каралёвае. Трышчан мог