|
СТАНІСЛАЎ СТАНКЕВІЧ ЯК ЛІТАРАТУРНЫ КРЫТЫК
Сяргей Запрудзкі
Менск Станіслаў Станкевіч нарадзіўся 23 лютага 1907 г. у вёсцы Арляняты Ашмянскага павету Віленскае губэрні (цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскае вобласьці) у сялянскай сям’і. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Пісаў вершы (першы зь якіх датуецца 1919 г.), у 1926 і 1928 гг. выдаў два паэтычныя зборнікі: “Сьмех — ня грэх” і “З майго ваконца”. Быў адным з кіраўнікоў Беларускага Студэнцкага Саюзу, з восені 1930 г. рэдагаваў часопіс “Студэнцкая Думка”, уваходзіў у склад рэдкалегіі часопіса “Калосьсе”, у 1936 г. спрычыніўся да выданьня аднаго нумару часопіса “Маладая Беларусь”. У 1933 г. закончыў гуманістычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, дзе вывучаў польскую й славянскую філялёгію. Па выніках навучаньня абараніў магістарскую дысэртацыю “Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі”. Быў актыўным сябрам унівэрсытэцкага Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Выкладаў у Віленскім унівэрсытэце, дзе ў 1936 г. абараніў доктарскую дысэртацыю “Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі”. Праца (між іншым: прыхільна адрэцэнзаваная Аляксандрам Пагодзіным у чэскім часопісе “Slavia”)[1] тады ж была апублікаваная па-польску ў Вільні, а ў 1998—1999 гг. надрукаваная па-беларуску ў Менску ў часопісе “Спадчына”. У 1937/1938 навучальным годзе стажыраваўся ў Югаславіі й Баўгарыі. Пасьля прыходу ў 1939 г. савецкае ўлады працаваў у Наваградзкай пэдагагічнай вучэльні, дзе выкладаў літаратуру й кіраваў літаратурным гуртком. У часе вайны быў бургамістрам у Барысаве й намесьнікам прэзыдэнта БЦР на Баранавіцкую акругу. Удзельнічаў у працы Другога Ўсебеларускага Кангрэсу 1944 г. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі, спачатку ў Нямеччыне, а ад 1962 г. — у ЗША. Працаваў у бэрлінскай газэце “Раніца”, выкладаў у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхельсдорфе. Працаваў у беларускай рэдакцыі радыёстанцыі “Вызваленьне”, у мюнхэнскім Інстытуце Вывучэньня СССР, рэдагаваў “Беларускі зборнік”, “Byelorussian Review”, “Запісы БІНІМ” (4 кнігі, выдадзеныя ў Мюнхэне), газэты “Бацькаўшчына” (1948—1962)[2] й “Беларус” (1963—1980). Аўтар шматлікіх публікацыяў (друкаваўся пад уласным прозьвішчам, а таксама пад псэўданімамі Дзівасіл, С. Каліна, Язэп Каранеўскі, С. Крушыніч, Ст. Крушыніч, Алесь Крыга, А. Крыга, А. Ськіба, Андрэй Ськіба, Андрэй Сяліба, крыптанімамі Др. Ст. Ст., Ст. К., Ст., Ст. Ст., Я. К.). Напісаў кнігі “Беларуская падсавецкая літаратура першае палавіны 60-х гадоў” (Нью-Ёрк—Мюнхэн, 1967) і “Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэньня” (Нью-Ёрк, 1982). Памёр 6 лістапада 1980 г. у Нью-Ёрку.
Згодна з дадзенымі бібліяграфіі твораў Станіслава Станкевіча, апублікаванае ў 1995 г. у 6-м томе слоўніка “Беларускія пісьменьнікі”[3], першыя літаратуразнаўчыя працы навукоўца зьявіліся ў 1932 г. Імі сталі рэцэнзія на манаграфію польскага беларусазнаўцы Юзэфа Галомбэка пра Дуніна-Марцінкевіча й артыкул “Аб беларускай літаратурнай сучаснасьці ў Заходняй Беларусі”. У артыкуле аўтар каротка ахарактарызаваў паэтычную творчасьць двух тагачасных заходнебеларускіх паэтаў. Станіслаў Станкевіч усьведамляў, што заходнебеларускім аўтарам цяжка было спаборнічаць з творцамі Ўсходняе Беларусі, дзе ў 1920-х гг. назіраўся “вялікі паэтыцкі разгон”. Паводле аўтара артыкула, дзякуючы намаганьням пісьменьнікаў Усходняе Беларусі “беларуская сучасная літаратура не астаецца ад літаратураў шмат якіх іншых народаў, а нават і перавышае некаторыя зь іх”. Тым ня менш, Заходняя Беларусь таксама не была краем, абдзеленым на літаратурныя таленты, і Станкевіч сьціпла, але станоўча сьцьвердзіў: “У нас ёсьць Натальля Арсеньнева й Міхась Машара”[4].
Кароткімі, але трапнымі выразамі ахарактарызаваў Станіслаў Станкевіч творчасьць гэтых аўтараў. На ягоную думку, Натальля Арсеньнева ўвесь свой талент аддае на службу самой красе, імкнучыся сваімі творамі непасрэдна выявіць гэтую красу й беручы за аб’ект свае творчасьці прыроду й фальклёр. Адпаведна, форма твораў Арсеньневай “надзвычайна музыкальная”, “багатая й містэрная”; у паэткі заўважаецца падыход да прыроды, уласьцівы “вялікім лірыкам”[5]. Зусім інакшая прырода таленту ў Міхася Машары, якога турбуюць найперш грамадзкія матывы, у творах якога шмат “бадзёрасьці й сьветлага аптымізму”, аднак з пункту гледжаньня формы паэзія Машары мае шмат заганаў[6]. Дасьледнік суаднёс абодвух аўтараў, але ня проціпаставіў іх, сьцьвярджаючы, што творчасьць кожнага мае свае вартасьці дзякуючы таму, што яна вырастае з народнае глебы.
У 1935 г. Станіслаў Станкевіч апублікаваў у часопісе “Калосьсе” некалькі рэцэнзіяў: на паэтычны зборнік Міхася Машары “На сонечны бераг!”, на выдадзеныя ў Менску “Творы” Цёткі, на кнігу Юзэфа Галомбэка “Беларуская літаратура”, на аповесьць Міхася Лынькова “На чырвоных лядах”. Яшчэ адносна малады навуковец, Станкевіч ужо добра разумеў, што належнае вывучэньне спадчыны таго ці іншага аўтара можа пасьпяхова праводзіцца толькі на аснове ўліку (прынамсі, несэлектыўнага) усяе ягонае творчасьці, і ў гэтых адносінах у выдадзеных Беларускай Акадэміяй навук “Творах” Цёткі ён убачыў “ігнараваньне навукі дзеля агітацыйных мэтаў”[7]. Рэцэнзэнт-беларус востра зарэагаваў на словы аўтара-паляка (Галомбэка) наконт таго, што беларуская літаратура ў сваім разьвіцьці моцна залежала ад польскае. На думку Станкевіча, польская літаратура моцна ўплывала на беларускую толькі ў першай палове ХІХ ст., затое “ўва ўсіх іншых пэрыядах вырастала яна поўнасьцю на собскім грунце”[8].
Рэцэнзія Станіслава Станкевіча на аповесьць Лынькова цікавая тым, што яшчэ да водгуку дасьледніка гэты твор прыцягнуў значную ўвагу літаратурнае грамадзкасьці ў савецкай Беларусі (у прыватнасьці, спэцыяльны даклад пра аповесьць на пленуме аргкамітэту ССПБ рабіў Якуб Колас). Станкевіч быў знаёмы з гэтымі ацэнкамі. Насуперак Коласаваму дакладу, падрыхтаванаму, паводле літаратуразнаўцы, “з пункту гледжаньня марксаўскае крытыкі”, аўтар рэцэнзіі сьцьвердзіў, што ён пастараецца падысьці да твору “з гледзішча артыстычнага, уважаючы згодна з сучаснай заходнеэўрапейскай крытыкай, што вартасьць літаратурнага твору залежыць не ад ідэалёгіі, у ім выражанай, але ад яго мастацкасьці”[9]. У выніку пад пяром Станіслава Станкевіча аповесьць Міхася Лынькова атрымала выключна пазытыўную ацэнку. На думку рэцэнзэнта, аўтар напісаў “повесьць новага тыпу, адказуючую вымаганьням сучаснае эстэтыкі”, падаў “поўны, тыповы й рэпрэзэнтатыўны” малюнак жыцьця беларускага прыдняпроўскага мястэчка ў часы сусьветнае вайны, “грамадзянства прадставіў зусім натуральна”, “зь вялікаю ўмеласьцю патрапіў углыбіцца ў псыхалёгію беларускага селяніна й жыда местачкоўца” й г. д. Цікава, што, характарызуючы кампазыцыю твору, асаблівасьці творчае манеры й таленту Лынькова, Станіслаў Станкевіч палічыў патрэбным зрабіць (як станоўчыя, так і адмоўныя) параўнаньні з чатырма іншымі аўтарамі. Падобна да камэдыі Янкі Купалы “Тутэйшыя”, у аповесьці Міхася Лынькова зусім няма фабулы. На адрозьненьне ад аповесьцяў Цішкі Гартнага, у творы Лынькова няма “доўгіх і нудных абразоў і апісаньняў” і, на адрозьненьне ад Якуба Коласа, карціны прыроды прадстаўленыя ў творы каротка; “у сваім адчуваньні красы... пісьменьнік падобны да Максіма Багдановіча”[10]. Такія супаставы даюць магчымасьць уявіць канкрэтны твор і стыль Міхася Лынькова даволі рэльефна.
У нэкралёгу з нагоды сьмерці Ўладзімера Жылкі Станіслаў Станкевіч вызначыў яго як прадстаўніка новага пакаленьня беларускіх паэтаў, якое пачало ствараць новы літаратурны кірунак. Крытык ахарактарызаваў Жылку як глыбокага лірыка, зазначыў, што галоўнымі матывамі ягонае творчасьці зьяўляюцца “радасьць, вялікая бадзёрасьць, моцная вера ў будучыню”, што творам паэта ўласьцівая вялікая разнастайнасьць рытмікі[11].
З даваеннага часу вядомыя таксама артыкулы Станіслава Станкевіча “Беларускія філёмацкія вершы Яна Чачота” (1935) і “На шляхох новай беларускай паэзіі” (1936). У другім зь іх у разьвіцьці беларускае савецкае паэзіі аўтар вылучыў два пэрыяды (да 1930 г. і пасьля яго) і на прыкладзе твораў Язэпа Пушчы, Уладзімера Дубоўкі, Максіма Лужаніна, Алеся Дудара, Паўлюка Труса, Міхася Чарота, Андрэя Александровіча ахарактарызаваў першы пэрыяд як той, што, на ягоную думку, “творыць адзін з найпрыгажэйшых разьдзелаў у гісторыі беларускае літаратуры”[12].
У працах 1938 г., якія сваімі назовамі сьведчылі пра надыход новае літаратурнае парадыгмы (“На парозе новае эпохі ў беларускай літаратуры”, “На раздарожжы”), Станіслаў Станкевіч прааналізаваў паэзію маладога тады Максіма Танка. Крытык разгледзеў творчасьць Танка ў кантэксьце літаратурна-мастацкага разьвіцьця Беларусі, асаблівую ўвагу зьвярнуўшы на мастацкую прыроду Танкавае паэзіі, эстэтычную функцыю ў ёй слова. Станіслаў Станкевіч паспрабаваў прасачыць ідэйна-мастацкую эвалюцыю Максіма Танка ад кнігі “На этапах” да зборніка “Пад мачтай”[13]. У тым жа 1938 г. крытык напісаў артыкул з галіны тэорыі літаратуры (“Літаратура ў вадносінах да жыцьця”).
Пасьля 1938 г. Станіслаў Станкевіч не друкаваў літаратуразнаўчых твораў на працягу 13 гадоў. Новыя літаратурныя працы дасьледніка зьявіліся толькі ўжо ў 1950-х гг. на старонках мюнхэнскае эмігранцкае газэты “Бацькаўшчына”[14].
Так, у 1951 г., грунтуючыся на адным з артыкулаў Івана Шамякіна, Станкевіч апублікаваў у газэце свой пагляд на разьвіцьцё беларускае літаратуры за 5 гадоў[15], а таксама прарэагаваў на перагляд ацэнак у савецкай Беларусі творчасьці Канстанцыі Буйлы[16]. У цэлым у першай палове 1950-х гг. Станіслаў Станкевіч напісаў няшмат літаратуразнаўчых твораў. З аднаго боку, падчас працы ў Інстытуце Вывучэньня СССР, уцягнуты ў ідэалягічную барацьбу, ён апублікаваў асабліва багата артыкулаў на грамадзка-палітычныя тэмы. З іншага, і ў літаратуразнаўчых публікацыях гэтага часу асабліва моцна выпірае іх ідэалягічны складнік. Трэба, зрэшты, сказаць, што ў гэты час няшмат падставаў для строга эстэтычнага аналізу давала сама тагачасная беларуская літаратура; у 1953 г. Станкевіч акрэсліў стан яе разьвіцьця як “літаратурнае ўбоства”, якое “і ў дзясятай долі ня можа раўняцца з магутным уздымам літаратуры да 1930 г.”[17].
Ад пачатку — сярэдзіны 1950-х Станіслава Станкевіча пачынаюць усё больш цікавіць постаці, якія закладалі асновы беларускае літаратуры ХХ ст.: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. У 1953 г. з-пад ягонага пяра зьяўвіўся артыкул “Скаваны талент”, напісаны як водгук на адзначэньне ў БССР у 1952 г. 70-гадовых юбілеяў Янкі Купалы й Якуба Коласа. Станкевіч падкрэсьліў казённы характар гэтых сьвяткаваньняў, накіданьне творчасьці клясыкаў літаратурнымі крытыкамі й гісторыкамі літаратуры неўласьцівае ёй службовае ў дачыненьні да камуністычнае ўлады функцыі. Так, на думку літаратуразнаўцы, запраўдная творчасьць Купалы падчас гэтых урачыстасьцяў была замоўчаная, а самі сьвяткаваньні сталі “зьдзекам над Янкам Купалам”[18]. Куды большым зьдзекам і “куды пэрфіднейшым патаптаньнем сьвятых ідэалаў паэты” зьявілася, паводле Станіслава Станкевіча, адзначэньне юбілею Якуба Коласа, бо, на адрозьненьне ад Купалы, аўтар “Новае зямлі” на ўласным юбілеі прысутнічаў і сам усё бачыў і чуў. У гэтай акалічнасьці крытык убачыў “найвялікшую трагедыю чалавека-пісьменьніка”[19]. У сваім артыкуле Станкевіч аспрэчыў тэзы юбілейнага дакладу Васіля Барысенкі, згодна зь якімі ў дарэвалюцыйны час Якуб Колас быў абмежаваны як паэт і мысьляр, а ўлюбёнымі тэмамі ягонымі былі партыя, Ленін, Сталін і інш. Даволі просталінейна Станіслаў Станкевіч сьцьвердзіў, што творчасьць Коласа савецкага пэрыяду была “вымушаным рамяством, а не свабодным узьлётам паэтычнай фантазіі й глыбіні ды багацьця думкі”[20].
У 1955 г. Станіслаў Станкевіч напісаў падрабязны ўступны артыкул пра жыцьцё й творчасьць Янкі Купалы, зьмешчаны ў зборніку паэзіі “Спадчына”. Мэтай гэтага выданьня было прадставіць паэтычную спадчыну клясыка ў нескажоным выглядзе, данесьці да чытача творы, што былі недаступныя савецкаму чалавеку[21]. У зборніку “Спадчына” надрукаваныя шматлікія творы, абмінутыя ў савецкім шасьцітамовіку. Укладніцкая праца, падсьвечаная патрэбай усталяваньня справядлівасьці, стымулявала доўгатэрміновую цікавасьць Станіслава Станкевіча да Янкі Купалы, і на працягу 1956—1959 гг. ён напісаў шэраг артыкулаў пра творчасьць песьняра, акцэнтуючы ўвагу найперш на яе нязгодніцкім у дачыненьні да савецкае ўлады зьмесьце. Літаратуразнаўца неаднаразова зьвяртаўся да спадчыны Янкі Купалы і ў 1960-х — 1970-х гг.; да апошняга дня свайго жыцьця ён працаваў над манаграфіяй пра песьняра (выйшла ўжо пасьмяротна дбаньнем ягоных вучняў).
Аддаючы належнае нашаніўскай літаратуры як “вызначальніку ня толькі культурнага адраджэньня, але й нацыянальнага, сацыяльнага, а нават і палітычнага”[22], Станіслаў Станкевіч, тым ня менш, разумеў, што літаратура, наколькі гэта магчыма, не павінна браць на сябе грамадзкія ці палітычныя заданьні. Прыпісваньне краснаму пісьменству ўтылітарнае функцыі (што ў значнай меры ўласьцівае нашаніўскай літаратуры) магло б быць крокам у напрамку да “вульгарызаваньня мастацтва”[23]. Усьведамленьне гэтага падштурхнула Станкевіча ў другой палове 1950-х гг. да больш глыбокага асэнсаваньня творчасьці паэты, які неадменна шукаў “чыстае красы” — Максіма Багдановіча. У напісаных адзін па адным у 1957—1959 гг. артыкулах з нагоды 40-х, 41-х і 42-х угодкаў сьмерці Багдановіча літаратуразнаўца вылучыў гэтага творцу ў гісторыі беларускае літаратуры як незраўнанага аўтара клясычных формаў. У 1960 г. уступны артыкул пра Максіма Багдановіча аўтарства Станіслава Станкевіча быў уключаны ў выдадзены ў Мюнхэне зборнік паэзіі клясыка.
У другой палове 1950-х гг. актывізацыя літаратурна-крытычнае дзейнасьці Станкевіча ішла поруч са зьменамі ў грамадзка-палітычным жыцьці СССР і БССР, якія сталі адбывацца пасьля сьмерці Сталіна. Сьледам за Алесем Беразьняком (Ізыдарам Плашчынскім) і Антонам Адамовічам у адным са сваіх артыкулаў крытык заўважаў, што ў Беларусі, тагачаснай “правінцыі савецкае імпэрыі”, існаваў больш моцны, чым у цэнтры, партыйны кантроль за ўсялякай творчай дзейнасьцю, і гэта мела вынікам пэўнае “спазьненьне” беларускае літаратуры ў параўнаньні з расейскай. Тым ня менш, грамадзка-палітычнае абнаўленьне дало сябе адчуць і ў беларускай літаратуры, праўда, ужо “ў мамэнт разгару хрушчоўскае рэакцыі”, у 1958 г.[24].
Да ліку “рэвізіяністычных” твораў беларускае літаратуры Станіслаў Станкевіч залічыў апублікаваныя ў 1958 г. у часопісах “Маладосць” і “Полымя” аповесьць Аляксея Кулакоўскага “Дабрасельцы” й камэдыю Андрэя Макаёнка “Каб людзі не журыліся”. Гэтыя творы цікавілі крытыка найперш як праявы праўдзівага (і таму рэдкага ў тагачаснай літаратуры) адлюстраваньня незайздроснага жыцьця беларускае пасьляваеннае вёскі, аднак аўтар не абмінуў сваёй увагай і эстэтычныя вартасьці гэтых твораў (асабліва першага). У аповесьці Кулакоўскага Станкевіч убачыў няштодзённыя мастацкія якасьці. Паводле крытыка, пры вялікай ашчаднасьці слоўнага матэрыялу пісьменьнік патрапіў “пуката, вобразна й рэалістычна паказаць жыцьцё й быт калгаснае вёскі, адтварыць характэрныя рысы сваіх пэрсанажаў ды ўмела правесьці індывідуальныя розьніцы між імі”. Станіслаў Станкевіч канстатаваў у аповесьці Аляксея Кулакоўскага жывое й цікавае разьвіцьцё дзеі, умелае выкарыстаньне гумару й сатыры. На думку крытыка, “з чыста мастацкага гледзішча” “Дабрасельцы” ёсьць “адным з найлепшых твораў беларускае савецкае літаратуры ў 1958 г.”[25].
З гэтых ацэнак, а таксама з прыведзеных вышэй характарыстык твораў Натальлі Арсеньневай, Міхася Машары, Міхася Лынькова, Уладзімера Жылкі можна бачыць, што Станіслаў Станкевіч валодаў уменьнем акрэсьліваць рысы разгляданых ім твораў і аўтараў гранічна прадметна й шчыра. Крытык умеў выявіць у творы галоўнае, убачыць тое, што вылучала яго сярод іншых у літаратурнай плыні. Праўдападобна, Станкевіч быў знаёмы з усімі даступнымі яму творамі тагачаснае беларускае літаратуры, і гэта надавала ягоным ацэнкам асаблівую важкасьць. У выніку, любы пісьменнік, пра якога браўся пісаць літаратуразнаўца, атрымліваў пад ягоным пяром кароткую, але зьмястоўную й трапную характарыстыку. Уменьне выяўляць разнастайныя рысы таленту вельмі розных аўтараў спатрэбілася Станіславу Станкевічу, калі ён узяўся пісаць кнігу “Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 60-х гадоў”.
Насуперак назову, гэта не крытычная, а трохі парадаксальным чынам ухвальная ў дачыненьні да беларускае савецкае літаратуры першае паловы 1960-х гг. кніга. Аўтар паставіў сваёй мэтай пазнаёміць з тагачаснай беларускай літаратурай палітычных эмігрантаў у вольным сьвеце, людзей, якія “з прычыны сваёй ізаляванасьці ад роднага краю... ня толькі ня могуць мець належнага ўяўленьня аб сяньняшняй беларускай літаратуры на Бацькаўшчыне, ня толькі незнаёмыя з найвыдатнейшымі ейнымі творамі, але часта ня ведаюць навет прозьвішчаў галоўных ейных творцаў”. Станоўчы патас кнігі абумоўлены тым, што “галоўная ўвага зьвяртаецца на новыя ў іхнай (пісьменьнікаў. — С. З.) творчасьці ідэйныя й мастацкія плыні й скіраванасьці, што маглі прыйсьці да голасу ў выніку паступовага вызваленьня літаратуры ад накінутай ёй за сталіншчынай службовае ролі”[26].
Кніга “Беларуская падсавецкая літаратура...” уяўляе сабой своеасаблівы “павадыр па выстаўцы дасягненьняў” беларускае літаратуры першае паловы 1960-х гг. У ёй дадзеныя кароткія партрэты 25-ці празаікаў, 39-ці паэтаў і 3-х драматургаў. Згодна з выбудаванай Станіславам Станкевічам ярархіяй, у сярэдзіне 1960-х беларуская літаратура мела празаіка, які “ня мае ласкі ў афіцыйных колах”, аўтара “ўнікальнага твору” “Дзікае паляваньне караля Стаха” Ўладзімера Караткевіча[27]. Нашая літаратура магла ў гэты час ганарыцца Васілём Быкавым, які “вызваліўся поўнасьцяй із сацрэалістычнага шаблёну” й выявіў у сваіх творах “глыбокае гуманістычнае асэнсаваньне трагедыі вайны”. “Інтэнсіўнаму росквіту” беларускае мастацкае прозы гэтага часу спрыяў Іван Мележ, “выдатны майстра ў паказе людзкіх характараў”, “асабліва здольны мастак у раскрыцьці духовага сьвету сымпатычных яму вясковых пэрсанажаў”[28]. Непаўторнае аблічча беларускае літаратуры першае паловы 1960-х складалі празаікі Іван Шамякін, Янка Брыль, Ян Скрыган, Аляксей Кулакоўскі, Іван Навуменка, Мікола Лобан, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў, Уладзімер Дамашэвіч, паэты Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Уладзімер Дубоўка, Язэп Пушча, Сяргей Грахоўскі, Рыгор Барадулін, Пятрусь Макаль і шмат хто іншы.
Зрэшты, аўтар ня схільны бачыць беларускую літаратурную рэчаіснасьць таго часу толькі ў ружовых колерах. У ёй знаходзілася месца й Алесю Савіцкаму, у творах якога звычайна “пастаўленая згары ідэя падцягвае да сябе ў якасьці ілюстрацыйнага матэрыялу ўсе іншыя элемэнты твораў”. Поруч з “тэндэнцыяй павароту да запраўднае паэзіі” ў творах Петруся Броўкі гэтага часу Станіслаў Станкевіч назіраў “цэлае мноства прыкладаў рыфмаваньня прапагандавых шаблёнаў”. Зборнік “Чатыры кантынэнты” Пімена Панчанкі 1964 г. аўтар кнігі кваліфікаваў як “перагрувашчаны надзённымі партыйнымі лёзунгамі й газэтнымі штампамі”, а ў вершы Сяргея Грахоўскага “Тры вымярэньні” знайшоў “беспрынцыповы сэрвілізм, які пераходзіць усякія межы”[29].
І ўсё ж кніга Станіслава Станкевіча сьцьвярджальная, “канструктыўная”. Аўтара цікавіць у ёй ня толькі ідэйнае аблічча беларускае літаратуры першае паловы 1960-х, але й тое, наколькі багатай яна зьяўляецца ў эстэтычным пляне. Так, раман “Птушкі й гнёзды” Янкі Брыля, паводле літаратуразнаўцы, адметны “й наватарскай кампазыцыяй, і ўдалым перапляценьнем эпічнага й лірычнага элемэнтаў, і своеасаблівай эмацыянальнай сакавіта-народнай мовай”. У паэзіі Максіма Танка крытык знайшоў “сьмелыя й арыгінальныя мэтафары, прыраўнаньні, эпітэты”, а адносна твораў Аляксея Зарыцкага сьцьвердзіў, што яны вырасталі “з фальклёрнай паэтыкі й вызначаліся самабытнай сьвежасьцяй народнай паэзіі”[30]. У аснове стварэньня “станоўчае” кнігі пра беларускую “падсавецкую” літаратуру “антысавецкім” аўтарам, відавочна, ляжала глыбока засвоенае Станіславам Станкевічам яшчэ ў студэнцкія гады перакананьне, што існуе патрэба “вучыць народ (і беларускую эміграцыю, у прыватнасьці. — С. З.) любіць самога сябе й свае народныя вартасьці”, шанаваць “усё тое, што ёсьць выяўленьнем народнага духу й сымбалем агульнанароднага «я»”[31]. Беларуская савецкая літаратура першае паловы 1960-х у лепшых сваіх праявах была гэткім выяўленьнем народнага духу. У выніку, у дадзеным выпадку Станкевіч-антыкамуніст, Станкевіч-ідэоляг у значнай меры саступіў Станкевічу-патрыёту, Станкевічу-эстэтыку, які ўбачыў у створанай пад камуністычным панаваньнем “падсавецкай” літаратуры Беларусі высокія мастацкія дасягненьні.
Манаграфія “Беларуская падсавецкая літаратура...” пацьвердзіла ахвоту і ўменьне яе аўтара ствараць літаратурныя агляды — жанр, які са значнай цяжкасьцю засвойваўся беларускай літаратурнай крытыкай пасьляваенных гадоў. Рыхтуючы сваю кнігу, Станіслаў Станкевіч апублікаваў агляды беларускае савецкае літаратуры й (асобна) паэзіі Максіма Танка 1965 г.[32], а пазьней надрукаваў яшчэ сем літаратурных аглядаў: паэзіі 1968, 1969 і 1973 гг., прозы 1968, 1969 і 1971 гг., паэзіі Пімена Панчанкі сярэдзіны 1973 — пачатку 1975 гг. Так, у беларускай паэзіі 1968 г. Станіслаў Станкевіч неадназначна зацеміў “паглыбленьне лірычнае асновы, засяроджваньне на асабіста-суб’ектыўным успрыманьні навакольнага сьвету”[33]; у прозе гэтага ж году на першы плян ён вылучыў раманы “Гарадок Устронь” Міколы Лобана, “Сьнежныя зімы” Івана Шамякіна, аповесьці “Праклятая вышыня” Васіля Быкава, “Новы сьвет” Алены Васілевіч, апавяданьні “Кароль Нябожа” й “Дзікі голуб” Вячаслава Адамчыка, “Сяструха”, “Марута і Зіна”, “На зялёнай дарозе” Анатоля Кудраўца й інш.[34]. У паэзіі 1973 г. аглядальнік знайшоў “паглыбленьне філязафічнага асэнсаваньня сучаснасьці” й “характэрную для беларускай літаратуры апошніх гадоў гуманістычную ідэю чалавечнасьці зь неадлучным ад яе ўслаўленьнем дабра, справядлівасьці, праўды й шчырасьці”[35]. У шасьці паэтычных падборках Пімена Панчанкі, апублікаваных пасьля выданьня зборніка 1972 г. “Сьнежань”, Станіслаў Станкевіч угледзеў выразны паэтычны ўздым; паэт у гэтых вершах выступіў як “грамадзянін роднага краю й гарачы патрыёт беларускай зямлі”. Крытык палічыў невыпадковай тую акалічнасьць, што ў вершах Панчанкі апошняга часу асабліва шмат крытыкі адмоўных зьяваў рэчаіснасьці, а зварот паэта да вытокаў — праведзенага на вёсцы шчасьлівага маленства — кваліфікаваў як своеасаблівыя “ўцёкі” паэта ад нярадасных рэаліяў свайго часу[36]. Агляды Станіслава Станкевіча, як і належыць гэтаму жанру, багатыя на імёны й назовы твораў, крытык у іх паказвае неадназначнасьць і супярэчлівасьць літаратурнага працэсу, калі адны творы аўтара могуць быць значнымі мастацкімі заваёвамі, у той час як іншыя — не.
Увогуле, багацьце літаратурных імёнаў — гэта рыса, якая спрэс характэрная Станкевічавай крытыцы. Аўтар не стамляўся радавацца зьяўленьню ў беларускай літаратуры новых твораў і новых талентаў. Так, спэцыяльнымі артыкуламі або зацемкамі ён пазначыў прыход у беларускую літаратуру Яўгеніі Янішчыц (1966), Сяргея Панізьніка (1967) і Віктара Казька (1977, 1978). Адмысловыя нататкі ён прысьвяціў творчасьці маладога паэта Кастуся Ільлюшчыца (1977). Станіслаў Станкевіч апублікаваў водгукі на зьяўленьне ў друку аповесьцяў “Дабрасельцы” Аляксея Кулакоўскага (1958) і “Незамужняя ўдава” Рамана Сабаленкі (1965), літаратурнага альманаха “Белавежа” (1966), зборнікаў вершаў “Жыцьцёвыя сьцежкі” Віктара Шведа й “Жнівень слоў” Алеся Барскага (1968), паэмаў “Сяліба” Васіля Зуёнка (1972), “Хмары над бухтай” Алеся Бачылы (1973), раманаў “Не магу безь цябе” Леаніда Гаўрылкіна (1974) і “Завеі, сьнежань” Івана Мележа (1976), кнігі Ўладзімера Караткевіча “Вока тайфуну” (1975) і інш. Кідаецца ў вочы заўсёдная асаблівая ўвага Станіслава Станкевіча да творчасьці наймаладзейшых аўтараў; пабачыўшы плённасьць мастацкіх пошукаў маладых у першай палове 1960-х гг., ён і пазьней не прамінаў зьяўленьня на літаратурным небасхіле літаральна ніводнага новага імя. Спэцыяльны артыкул літаратуразнаўца прысьвяціў паэтам, выхадцам з рэгіёну, дзе ўжываецца вельмі адметны дыялект беларускае мовы[37]. У сваёй гаворцы пра маладых аўтараў (зрэшты, ня толькі пра іх) крытык выступаў звычайна не панурым “заілам”, а добразычлівым “арыстархам”. Часам, аднак, Станкевіча цікавіў ня столькі ўзровень літаратурных твораў, колькі важнасьць распрацоўванае тэмы для ўмацаваньня нацыянальнае сьведамасьці беларусаў або й нават сам факт, што беларуская літаратура колькасна разьвіваецца ў палітычна неспрыяльных умовах. У выніку шэраг ацэнак крытыка (датычных, прыкладам, рамана Леаніда Гаўрылкіна “Не магу безь цябе” й некаторых іншых)[38] даводзіцца прызнаць завышанымі, недастаткова ўгрунтаванымі прафэсійна.
Аднак сярод розных аўтараў былі й такія, да твораў якіх Станіслаў Станкевіч зьвяртаўся найчасьцей. Гэта, у першую чаргу, Васіль Быкаў, а таксама Іван Мележ.
На працягу канца 1960-х гг. і да 1980 г. Станкевіч апублікаваў больш за дзесяць артыкулаў, прысьвечаных творчасьці Васіля Быкава, сярод якіх былі й рэцэнзіі на новыя творы (аповесьці “Сотнікаў”, “Дажыць да сьвітаньня”, “Воўчая зграя”), і юбілейны артыкул да 50-годзьдзя празаіка, а таксама ягоны літаратурны партрэт.
Васіль Быкаў цікавіў Станкевіча найперш як аўтар, які штораз адкрываў нейкую новую праўду пра вайну. Так, крытык салідарызаваўся з паглядам пісьменьніка, выказаным ім у аповесьці “Круглянскі мост”, што перамога над ворагам не павінна была здабывацца любой цаной, незалежна ад таго, якімі людзкімі ахвярамі (асабліва з боку мірнага беларускага насельніцтва) гэтая перамога акупленая[39]. Вельмі высока крытык ацаніў і аповесьць “Сотнікаў” за тое, што ў ёй аўтар “шырака й праўдзіва паказаў трагедыю й пакутніцтва народу, спрычыненае партызаншчынай”, а таксама “бязвыхаднасьць і трагізм долі тых, хто ў моц канечнасьці мусілі стацца партызанамі”[40]. Сэнс аповесьці “Дажыць да сьвітаньня” Станкевіч убачыў у “паказе невымоўных мукаў савецкага жаўнера на вайне, спрычыненых ня толькі самой вайной, накінутай ворагам, але й абставінамі, створанымі ў самой савецкай арміі”. Крытык згадзіўся з тым, што ўчынкі Іваноўскага былі бясспрэчна мужныя й гераічныя, але “гэтая мужнасьць і гераізм былі вымушанымі гэнымі абставінамі ў савецкай арміі, ахвяраю якіх ён стаўся”[41]. У аповесьці “Воўчая зграя” крытык засьведчыў гераізм не савецкі, а нацыянальны й агульналюдзкі, сьцьвердзіўшы, што “пазыцыя, зь якой падыходзіць пісьменьнік да асэнсаваньня партызанскае вайны на Беларусі, таксама чыста нацыянальная”[42]. Станіслаў Станкевіч кваліфікаваў Васіля Быкава як “геніяльнага ў мастацкіх знаходках аўтара”[43] й падкрэсьліў уласьцівыя творцу непахісную прынцыповасьць, маральна-этычны максымалізм і гуманістычную чалавекалюбную філязофію[44].
Паводле ацэнкі Станіслава Станкевіча, акурат Іван Мележ сваім раманам “Людзі на балоце” распачаў імклівы рост беларускае мастацкае прозы ў пачатку 1960-х гг., пры гэтым пісьменьнік здабыў агульнае й адназгоднае прызнаньне з боку крытыкі й чытацкае грамадзкасьці яшчэ за сваім жыцьцём і “нават яшчэ ў гадах свайго творчага росту”[45]. Крытык аддае належнае той акалічнасьці, што да напісаньня свайго славутага раману Мележ ужо быў аўтарам манумэнтальнага твору “Мінскі напрамак”, але толькі зварот да папраўдзе блізкае сэрцу праблематыкі дазволіў раскрыцца Мележаваму таленту напоўніцу. Цыкль артыкулаў пра Івана Мележа Станіслаў Станкевіч надрукаваў у 1976—1977 гг., ужо пасьля сьмерці празаіка. У іх, як і ў некаторых іншых сваіх публікацыях, крытык асаблівую ўвагу аддаў ідэйнаму напаўненьню творчасьці пісьменьніка й у меншай зьвярнуў увагу на мастацкія асаблівасьці розных твораў.
Займаўся Станіслаў Станкевіч таксама й літаратурай, якая выходзіла з-пад пяра беларускае эміграцыі. Нязьмернай ягонай заслугай зьяўляецца арганізацыя літаратурнага руху на эміграцыі за часамі ягонага рэдагаваньня “Бацькаўшчыны” ў 1950-х гг. Увосень 1951 г. са старонак газэты Станкевіч наўпрост заклікаў пісьменьнікаў эміграцыі пісаць і публікаваць новыя творы[46]. Газэта заўсёды аддавала вялікую ўвагу літаратурным пытаньням, пачынаючы з №21 за 25 траўня 1952 г. на яе старонках амаль штoмесяц друкаваўся “Літаратурны дадатак”, дзе зьмяшчалі свае творы шматлікія эміграцыйныя аўтары. Тая акалічнасьць, што друкарскі набор гэтых літаратурных дадаткаў у некаторых выпадках адмыслова захоўваўся, дазволіла ўжо ў 1955 г. апублікаваць альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў “Ля чужых берагоў”. Ініцыятарам гэтага праекту быў, падобна, менавіта Станіслаў Станкевіч, ён напісаў і ўступную зацемку да гэтага зборніка. Нягледзячы на крытыку з боку такога аўтарытэтнага аўтара, як Юрка Віцьбіч, зьместу гэтае зацемкі, а таксама разьмеркаваньня матэрыялу й падбору імёнаў у альманаху[47], не даводзіцца сумнявацца, што ягонае зьяўленьне аказала выключна дабратворны ўплыў на разьвіцьцё беларускае эмігранцкае літаратуры. Разгортваньню беларускага літаратурнага руху спрыяла таксама й арганізацыя пры газэце адмысловага выдавецтва з аднайменным назовам.
Як літаратурны крытык Станкевіч найчасьцей рэагаваў на зьяўленьне мастацка-дакумэнтальных кніг беларускіх эмігрантаў, прысьвечаных важным гістарычным пэрыядам Беларусі (Кастуся Акулы, а. Язэпа Германовіча, Язэпа Малецкага), рэцэнзаваў выданьне паэтычных твораў Рыгора Крушыны. Кастуся Акулу крытык цаніў як аўтара першае на эміграцыі мэмуарнае аповесьці, “фактычна аўтабіяграфічнага дзёньніка”, высока адгукаўся пра сакавіты літаратурны стыль празаіка[48]. Зрэшты, у іншых сваіх рэцэнзіях крытык фіксаваў шматлікія недахопы Акулавых мастацкіх твораў[49]. Паэта Рыгора Крушыну Станіслаў Станкевіч кваліфікаваў як “лірыка ў даслоўным значэньні”, падкрэсьліваючы традыцыйнасьць формы твораў гэтага аўтара, а таксама дасканаласьць ягонае вершаванае тэхнікі[50].
Пазбаўлены магчымасьці непасрэдна ўдзельнічаць у літаратурным жыцьці бацькаўшчыны, Станіслаў Станкевіч пільна сачыў за літаратурным працэсам і літаратурным побытам савецкае Беларусі, ускосна браў удзел у іх, выносячы на суд сваіх чытачоў разнастайныя зьвесткі пра, здавалася б, зусім дробныя падзеі. Крытыка абуралі заўсёдныя спробы партыйных функцыянэраў зрабіць літаратараў сваімі прыслужнікамі[51]. Станкевіч гнеўна рэагаваў, калі нехта зь беларускіх літаратараў рабіў саступкі афіцыйнай дактрыне аб плённасьці нацыянальнай палітыкі ў БССР[52]. Крытык “адшыфроўваў” адкрытыя й таемныя сэнсы разнастайных пісьменьніцкіх форумаў[53], фіксаваў зьмены ў пісьменьніцкім кіраўніцтве[54]. Яму абыходзілі пытаньні, каму дастаюцца літаратурныя прэміі[55], у якіх умовах працуюць беларускія пісьменьнікі[56], як праходзяць або чаму не адбываюцца агульнанацыянальныя Сьвяты паэзіі[57] й г. д. З публікацыяў, прысьвечаных літаратурнаму побыту, часам добра відаць, што, зачараваны магіяй мастацкага слова, апанаваны піетэтам у дачыненьні да літаратуры, літаратараў і адарваны ад Беларусі, у некаторых выпадках Станіслаў Станкевіч ня мог адэкватна ды ўсебакова ацаніць літаратурныя зьявы. Напрыклад, у некалькіх сваіх артыкулах крытык зьвяртаўся да тэмы публічных выступленьняў пісьменьнікаў па лініі бюро прапаганды мастацкае літаратуры СП БССР, пераважна пішучы пра іх асуджальна з прычыны таго, што такія выступленьні былі інтэграваныя ў сыстэму партыйнае прапаганды. Тут, аднак, толькі частка праўды. Насамрэч жа, некаторыя літаратары (магчыма, нават шмат хто) бачылі ў такіх выступах неблагі сродак папаўненьня ўласнага бюджэту й зусім не супраціўляліся такой практыцы. Былі нават своеасаблівыя (натуральна, добраахвотныя) “рэкардсмэны” ў галіне выступленьняў па лініі бюро прапаганды; пра факты падобнага роду стала ведама за часамі “перабудовы”, якую Станіслаў Станкевіч не застаў. Пільная ўвага, зь якой крытык сачыў за літаратурнымі падзеямі ў БССР, актыўнасьць, зь якой ён на іх рэагаваў, дазваляюць лічыць яго своеасаблівым “членам-карэспандэнтам” Саюзу пісьменьнікаў БССР.
Здаецца, Станкевічава актыўнасьць у галіне літаратурнае крытыкі належным чынам ацэньвалася ягонымі сучасьнікамі як на эміграцыі, так і на бацькаўшчыне. Калі сёньня можна сказаць, што беларускія пісьменьнікі-эмігранты “працавалі... зь веданьнем літаратурнае сытуацыі ў Беларусі”[58], дык гэта адбывалася (асабліва ў 1960-х — 1970-х гг.), праўдападобна, дзякуючы найперш Станіславу Станкевічу. Што ж да водгукаў на бацькаўшчыне, дык за часамі жалезнае заслоны яны, натуральна, былі неадэкватнымі — ці ідзецца пра опусы контрапрапагандыста Леаніда Прокшы[59], ці гэта датычыць інвэктыў галоўнага рэдактара радыёстанцыі “Савецкая Беларусь” А. Стука[60] або загадчыка сэктару аддзелу прапаганды й агітацыі ЦК КПБ Р. Ткачука[61]. А. Стук сьцьвердзіў, што на радыё “Свабода” Станіслаў Станкевіч уважаўся за “самы буйны аўтарытэт у пытаньнях беларускай літаратуры”, і гэтая кваліфікацыя дае добрае ўяўленьне пра тое, наколькі беларускія ідэалягічныя службы цанілі літаратурна-крытычныя выступленьні Станкевіча. Сам літаратуразнаўца прызнаваў факты ўвагі да ягонае асобы з боку беларускіх ідэалягічных службаў за пацьвярджэньне выніковасьці ягонае літаратурна-крытычнае дзейнасьці; станоўчым лічыў той факт, што ягоныя выказваньні пра беларускую савецкую літаратуру цытаваліся савецкімі аўтарамі (і тым самым даносіліся да савецкіх чытачоў); і ў патрэбных выпадках даваў прамыя адказы на выпады савецкіх прапагандыстаў[62].
На фоне гісторыі беларускае літаратурнае крытыкі літаратурна-крытычная спадчына Станіслава Станкевіча прадстаўляе зусім асаблівы выпадак. Цягам усяго свайго жыцьця крытыку зусім мала давялося пажыць у Беларусі “як у сваёй краіне” (такімі, зразумела, зь вялікімі агаворкамі можна лічыць толькі 1939—1941 гг.). Заўсёднае жыцьцё “на маргінэсе” ў пэўнай меры сфармавала аблічча Станкевіча як літаратурнага крытыка. Ён заўсёды пісаў для больш вузкага, у пэўным сэнсе “негалоўнага” (заходнебеларускага ці эміграцыйнага) кола чытачоў[63], друкуючыся ў апошнія дзесяцігодзьдзі свайго жыцьця амаль выключна ў нелітаратурных, грамадзка-палітычных выданьнях, — і гэта змушала быць ашчадным у выбары літаратурных сродкаў, падштурхоўвала да ляканічнасьці, абагульняльнае канстатацыйнасьці, ляпідарнасьці, выразнага (і часам навязьлівага) расстаўленьня ідэйных акцэнтаў. Яго амаль заўсёды больш цікавіла літаратура “мэтраполіі”, чым (у 1930-х гг.) заходнебеларуская й (у 1940-х — 1970-х гг.) беларуская эмігранцкая літаратура[64]. Станіслаў Станкевіч быў узгадаваны зь перакананьнем, што “жыцьцёвыя зьявішчы й факты, паказаныя ў літаратурным творы, дзякуючы іх артыстычнаму ператварэньню ня могуць быць ідэнтыфікаваныя з запраўдным жыцьцём”[65] — між тым ягоны лёс склаўся так, што пазьней ён нярэдка мусіў трактаваць літаратуру інструмэнтальна й неаднойчы ідэнтыфікаваў зьявішчы, паказаныя ў літаратурных творах, з падзеямі рэальнага жыцьця.
Разам з тым менавіта ягоная асоба фармавала ў 1960-х — 1970-х гг. (часткова й раней) аблічча беларускае эміграцыйнае крытыкі. Станкевіч рэгулярна публікаваў свае меркаваньні наконт беларускае літаратуры, у вачах чытачоў-эмігрантаў, фактычна, ствараў увесь абраз тагачаснае беларускае савецкае літаратуры й тым стымуляваў сваіх чытачоў увесьчасна адчуваць повязь з роднаю літаратурай. Шматлікія ягоныя ацэнкі ня страцілі свае пераканаўчае сілы й да сёньня. Літаратурна-крытычная праца Станкевіча, несумненна, стымулявала пісьменьніцкую творчасьць літаратараў-эмігрантаў. Ягоная літаратурна-крытычная дзейнасьць знаходзіла неабыякавы водгук у ідэалягічных службах БССР. Усё гэта й вызначае пачэснае месца Станіслава Станкевіча ў гісторыі беларускае літаратуры й літаратурнае крытыкі, у прыватнасьці.
[1] Рэцэнзэнт назваў працу Станіслава Станкевіча “каштоўным унёскам у гісторыю польскае літаратуры” й прыйшоў да высновы, што дасьледаваньне мае больш глыбокае й складанае значэньне, чымся гэта магло б здавацца: “калі Міцкевіч да такой ступені быў прасякнуты народна-беларускай стыхіяй, як Гогаль маларускай, то ці можа ён у поўнай меры лічыцца польскім паэтам, як ці можа быць прызнаны зусім расейскім пісьменьнікам Гогаль?” Гл.: Погодин А. Stanisław Stankiewicz. Pierwiastki Białoruskie w polskiej poezji romantycznej. Cz. 1 (Do roku 1830). Wilno, 1936 // Slavia. Ročnik XVII. Sešit 3. 1940. S. 476—477.
[2] Час, калі Станіслаў Станкевіч пачаў рэдагаваць газэту “Бацькаўшчына” дакладна ня вызначаны ў вядомых сяньня крыніцах.
[3] Пры напісаньні гэтае працы мы не зьбіралі спэцыяльна бібліяграфіі Станіслава Станкевіча, а карысталіся ягоным кнігапісам, зьмешчаным у слоўніку “Беларускія пісьменьнікі”. Пры тым, што як першая спроба дадзеная бібліяграфія дае добрае ўяўленьне пра літаратурныя чыны літаратуразнаўца, ёй, тым ня менш, уласьцівыя шматлікія пропускі. Паводле нашых назіраньняў, тут ня ўлічаныя ня менш як 200 (пераважна, грамадзка-палітычных) артыкулаў Станкевіча.
[4] Станкевіч Ст. Аб беларускай літаратурнай сучаснасьці ў Заходняй Беларусі // Нёман. 1932. №5. С. 165.
[5] Станкевіч Ст. Аб беларускай літаратурнай сучаснасьці ў Заходняй Беларусі... С. 174, 173, 167.
[6] Станкевіч Ст. Аб беларускай літаратурнай сучаснасьці ў Заходняй Беларусі... С. 177.
[7] Ст. Ст. Цётка. Творы. Менск, 1934 // Калосьсе. Кн. 1. 1935. С. 60.
[8] Ст. Ст. Józef Gołąbek. Literatura białoruska. Warszawa, 1933 // Калосьсе. Кн. 1. 1935. С. 64.
[9] Станкевіч Ст. Міхась Лынькоў. На чырвоных лядах. Менск, 1934 // Калосьсе. Кн. 2. 1935. С. 125.
[10] Станкевіч Ст. Міхась Лынькоў. На чырвоных лядах. Менск, 1934... С. 127.
[11] Ст. Ст. Уладзімер Жылка. [Нэкралёг.] // Калосьсе. Кн. 2. 1935. С. 131—132.
[12] Станкевіч Ст. На шляхох новай беларускай паэзіі // Маладая Беларусь. Кн. 1. 1936. С. 14.
[13] Ліс А. Літаратура Заходняй Беларусі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Т. 2. 1921—1941. Мінск, 2002. С. 279.
[14] Ня выключана, што ў 1944—1945 гг. Станіслаў Станкевіч мог друкаваць якіясь свае літаратурныя працы на старонках газэты “Раніца”, аднак на момант напісаньня гэтага артыкулу згаданае выданьне нам недаступнае.
[15] Др. Ст. Ст. Беларуская літаратура за 5 год // Бацькаўшчына. 1951. №74.
[16] Ст. Ст. Сны “аб вясьне прыгожай і далёкай”: Канстанцыя Буйла — новая ахвяра бальшавіцкай крытыкі // Бацькаўшчына. 1951. №73.
[17] Крушыніч Ст. Літаратурнае ўбоства ў БССР // Бацькаўшчына. 1953. №5—6.
[18] Крушыніч Ст. Скаваны талент // Бацькаўшчына. 1953. №3.
Раней Станіслаў Станкевіч надрукаваў адмысловы артыкул, прысьвечаны адзначэньню ў БССР угодкаў сьмерці Янкі Купалы. Гл.: Крушыніч Ст. Зьдзек над Янкам Купалам // Бацькаўшчына. 1952. №36—37.
[19] Крушыніч Ст. Скаваны талент...
[20] Крушыніч Ст. Скаваны талент...
Пазьней, аднак, у 1956, 1962 і 1963 гг., станоўча пішучы пра “Новую зямлю” й “Сымона-музыку”, Станіслаў Станкевіч адмовіўся ад уласнае тэзы пра выключную няплённасьць творчасьці Якуба Коласа савецкага пэрыяду. У гэтых сваіх публікацыях крытык лякалізаваў “мастацкі зэніт” творчасьці Коласа ў межах 1920-х гг. і сьцьвердзіў, што пясьняр стаў “казённым бальшавіцкім паэтам” толькі пасьля 1930 г.
[21] У 1952—1954 гг. у Беларусі выйшла шасьцітамовае выданьне твораў Янкі Купалы, куды не былі ўключаныя 150 твораў клясыка.
[22] Станкевіч Ст. Якуб Колас (03.11.1882 — 13.08.1956) // Бацькаўшчына. 1956. №35—36.
[23] Станкевіч Ст. У 40-ю гадавіну сьмерці Максіма Багдановіча (10.12.1891 — 25.05.1917) // Бацькаўшчына. 1957. №20—21.
[24] Станкевіч Ст. Рэвізіяністычныя плыні ў беларускай і савецкай літаратуры напярэдадні 40-годзьдзя БССР // Беларускі зборнік. Кн. 10. Мюнхэн, 1959. С. 124, 125.
[25] Станкевіч Ст. Рэвізіяністычныя плыні ў беларускай і савецкай літаратуры напярэдадні 40-годзьдзя БССР... С. 131.
[26] Станкевіч С. Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 60-х гадоў. Нью Ёрк—Мюнхэн, 1967. С. 5.
[27] Станкевіч С. Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 60-х гадоў... С. 92—93, 98.
Уладзімеру Караткевічу ў кнізе аддадзена найбольш старонак.
[28] Станкевіч С. Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 60-х гадоў... С. 134, 86, 90.
[29] Станкевіч С. Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 60-х гадоў... С. 119, 15, 14, 21, 35.
[30] Станкевіч С. Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 60-х гадоў... С. 101, 20, 23.
[31] Станкевіч Ст. Шануйма народныя вартасьці! // Студэнцкая Думка. 1930. №2 (13). С. 27, 26.
[32] Беларуская падсавецкая літаратура 1965 году // Беларус. 1966. №106; Крушыніч Ст. Паэзія Максіма Танка 1965 году // Тамсама.
[33] Станкевіч Ст. Беларуская паэзія 1968 году // Беларус. 1969. №146.
[34] Станкевіч Ст. Беларуская проза 1968 году // Беларус. 1969. №147—148.
[35] Ськіба А. Беларуская паэзія 1973 году // Беларус. 1974. №202.
[36] Сяліба А. Пімен Панчанка двух апошніх гадоў // Беларус. 1975. №219.
[37] Станкевіч Ст. Паэтычныя ўсходы Палесься // Беларус. 1967. №123—124.
[38] Раман “Не магу безь цябе” ацэнены Станіславам Станкевічам як “найвышэйшае дасягненьне беларускай мастацкай прозы леташняга (1973-га. — С. З.) году”. Гл.: Станкевіч Ст. Не, не “забыты Богам край”! Раман пра беларускую нафту // Беларус. 1974. №203. Але гэты твор справядліва крытыкаваўся яшчэ ў 1970-х, а ў сучаснай “Гісторыі беларускае літаратуры ХХ стагодзьдзя” згадваецца толькі як ілюстрацыя да дэфіцыту мастацкіх набыткаў на тэму сучаснасьці ў некаторых творах 1960-х — 1970-х. Гл.: Андраюк С. Проза // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Т. 4. Кн. 1. 1966—1985. Мінск, 2002. С. 29. Акрамя таго, крытык тут, відавочна, забыўся пра тое, што ў гэтым жа 1973 г. была надрукаваная, прынамсі, аповесьць Васіля Быкава “Дажыць да сьвітаньня”, якую ён сам вельмі высока ацаніў. Гл. ніжэй.
[39] Станкевіч Ст. Узноў супраць В. Быкава // Беларус. 1969. №147—148.
[40] Станкевіч Ст. Новая аповесьць Васіля Быкава // Беларус. 1971. №166.
[41] Ськіба А. Новая аповесьць Васіля Быкава “Дажыць да сьвітаньня” // Беларус. 1973. №195.
[42] Станкевіч Ст. Новая аповесьць Васіля Быкава “Воўчая зграя” // Беларус. 1975. №215.
[43] Ськіба А. Новая аповесьць Васіля Быкава “Дажыць да сьвітаньня”...
[44] Станкевіч Ст. Пісьменьніцкі профіль Васіля Быкава // Беларус. 1974. №208.
[45] Станкевіч С. Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 60-х гадоў... С. 91.
[46] Ст. Ст. Паэты й пісьменьнікі, узварухнецеся! // Бацькаўшчына. 1951. №74.
[47] Гл. больш падрабязна пра сутнасьць прэтэнзіяў Юркі Віцьбіча ў: Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, 2002. С. 75 і наст.
[48] Станкевіч С. “Змагарныя дарогі” К. Акулы // Акула К. Змагарныя дарогі. Торонто—Мюнхэн, 1962. С. 3.
[49] Станкевіч Ст. У кіпцюрох дзярлівае птушкі // Беларус. 1965. №99; Станкевіч Ст. “Закрываўленае сонца”. Раман Кастуся Акулы // Беларус. 1974. №204.
[50] Крушыніч Ст. Песьні пра “лугі з рамонкамі” (Рыгор Крушына. Выбраныя творы. Нью-Ёрк—Мюнхэн, 1957) // Бацькаўшчына. 1957. №11—12.
[51] Каранеўскі Я. “Буржуазны нацыяналізм” — найвялікшая небясьпека. На маргінэсе 3-га пленуму пісьменьнікаў БССР // Бацькаўшчына. 1957. №17; Ст. Ст. Сацыялістычная садружнасьць творчасьці й вытворчасьці // Беларус. 1969. №149; Крушыніч Ст. Упраганьне пісьменьнікаў на службу паліцыі // Беларус. №150; Станкевіч Ст. Новы бальшавіцкі наступ у БССР. Першае слова сказала партыя. Сказаць наступнае слова — змусілі пісьменьнікаў // Беларус. 1970. №153.
[52] Станкевіч Ст. Заміж паэты загаварыў робат // Беларус. 1969. №150.
У артыкуле ідзе гаворка пра верш Ніла Гілевіча “Мова майго народу”, у якім сьцьвярджалася, што ў гарадзкіх беларускіх школах дзеці хораша размаўляюць на беларускай мове, і што “ў кожным тэатры і з кожнай трыбуны” можна чуць “пявучыя, мілыя гукі” роднае мовы.
[53] Каранеўскі Я. “Буржуазны нацыяналізм” — найвялікшая небясьпека //...; Станкевіч Ст. Пяты зьезд пісьменьнікаў Беларусі // Беларус. 1966. №111—112; Станкевіч Ст. Зьдзек зь беларускіх пісьменьнікаў // Беларус. 1967. №118; Крушыніч Ст. У вабароне свабоды творчасьці // Беларус. 1967. №123—124.
[54] Станкевіч Ст. Зьмены ў пісьменьніцкай арганізацыі // Беларус. 1967. №117.
[55] Станкевіч Ст. Вакол літаратурных прэміяў // Беларус. 1966. №107; Станкевіч Ст. Творы беларускае мастацкае прозы, узнагароджаныя Дзяржаўнымі прэміямі БССР 1978 году // Беларус. 1979. №263.
[56] Сяліба А. Абставіны, у якіх працуюць беларускія пісьменьнікі // Беларус. 1974. №211.
[57] Станкевіч Ст. Ні ўгодкаў Купалы, ні Сьвята паэзіі // Беларус. 1974. №208.
[58] Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі... С. 55.
[59] Параўн., да прыкладу: Прокша Л. Спадар Станкевіч стараецца // Літаратура і мастацтва. 1971. 15 студзеня.
[60] Звязда. 1968. 25 красавіка; Литературная газета. 1968. 31 июля.
[61] Звязда. 1968. 9 ліпеня.
[62] Акула К., Віцьбіч Ю., Крушына Р., Станкевіч С. Наш адказ. (Адказ беларускіх замежных літаратараў на артыкул, падпісаны прозьвішчамі васьмёх беларускіх пісьменьнікаў.) // Беларус. 1966. №116; Станкевіч С. Адказ пісьменьніку Івану Пташнікаву // Беларус. 1968. №134; Станкевіч С. Мой адказ ЦК КПБ // Беларус. 1968. №137.
[63] Спадзяюся, у такім акрэсьленьні для чытачоў-эмігрантаў ня будзе нічога крыўднага. З гэтае нагоды згадваецца назва колісь бачанага ў расейскім ці польскім друку (але, на жаль, не прачытанага) артыкула “Трагізм быцьця эмігрантам”. Станіслаў Станкевіч, прынамсі, як чалавек, які друкаваў у 1953 г. на старонках “Бацькаўшчыны” інтэрвію з эмігрантам-асэтынам Грыгорыем Такаевым (апошні сьцьвярджаў, што, строга гаворачы, эмігранты па вызначэньні ня могуць быць палітыкамі; адпаведна, прыкладам, выраз “расейскі эміграцыйны палітык” пазбаўлены сэнсу), несумненна, мусіў задумвацца над такімі рэчамі.
[64] Некаторыя літаратары з Заходняе Беларусі, а таксама сучасныя аўтары-эмігранты схільныя, бадай, крыўдаваць на заходнебеларускую (яе ў 1930-х гг. у нейкай ступені прадстаўляў Станіслаў Станкевіч) і эмігранцкую (яе ў 1960-х — 1970-х гг. у значнай ступені прадстаўляў ён жа) літаратурную крытыку за брак увагі да “свае” літаратуры ў параўнаньні з “мэтрапольнай”. Параўн., напрыклад: Ліс А. Літаратура Заходняй Беларусі... С. 279; Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі... С. 88. Але на каго крыўдаваць за тое, што ў БССР (як і паўсюдна ў “мэтраполіях”) існавала прафэсійная літаратура, а на эміграцыі быў толькі літаратурны рух?
[65] Каліна С. Літаратура ў вадносінах да жыцьця // Калосьсе. Кн. 2 (15). 1938. С. 111.
|