|
ШМАТГАЛОСЫ ЭПІСТАЛЯРЫЮМ
Лявон Юрэвіч
Нью-Ёрк
Кожнаму студэнту-філёлягу ведамы “Ліст да Абуховіча” Цыпрыяна Камунякі, “Ліст у рэдакцыю «Нашай Нівы»” й “Ліст да п. В. Ластоўскага” Максіма Багдановіча, Пушчавы “Лісты да сабакі”. Тым, хто вывучае гісторыю нацыянальнае думкі, не абмінуць “Лісты з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага, “Ліст да рускага сябра” Аляксея Каўкі й “Лісты да Гарбачова ад беларускай інтэлігенцыі”. Сучаснае прыгожае пісьменства таксама поўніцца эпісталярнымі творамі: ад гістарычнае стылізацыі Ўладзімера Арлова “Пішу Вам у Масковію” да Барадулінскіх “Лістоў у Нямеччыну да Васіля Быкава” й “Лістоў з Поўначы” Славаміра Адамовіча. Прычым назовы з выкарыстаньнем Лістоў вельмі гаваркія (што характэрна асабліва для паэтычных зборнікаў, але не выняткова) — яны імгненна скіроўваюць чытача ў неабходнае аўтару рэчышча ўспрыманьня: “Лісты з паходаў” Пятра Прыходзькі, “Лісты да Марыі” Васіля Дэбіша, “Пісьмы з гэтага сьвету” Васіля Зуёнка, “Лісты да цябе” Валянціны Коўтун, “Лісты да брата” Ўладзімера Сіўчыкава ды іншыя. Эпісталярны жанр нават дарос да мэтафарычнасьці ў “Лістах з-пад коўдры” Андрэя Хадановіча[1] й стаўся асобным прадметам дасьледаваньня[2].
Але гэта што да мастацкіх твораў эпісталярнага жанру. Зь ліставаньнем non-fiction сытуацыя трохі іншая. “Старакрыўская пісьменнасьць дагэтуль мала дасьледаваная, хоць яна жыве ў сотнях тысячаў дакумэнтаў, лістоў і інш., якіх найбольш дайшло да нас з XVI і XVII стст. Асабліва зьвяртае на сябе ўвагу сваім стылем прыватная перапіска, у якой ня толькі адбіваюцца быт і асьвета людзей, але таксама рысуюцца іх узаемаадносіны”[3]. Тое самае — малая дасьледаванасьць — датычыцца й ліставаньня сучаснага, у прыватнасьці, эміграцыйнага.
Разам з тым, лісты — хіба найбольш пашыраная форма тэксту, бo пісаньне лістоў — самы распаўсюджаны варыянт чалавечае дзейнасьці у літаратурнай галіне. У ліставаньні, якое можа выяўляцца ва ўласна лістах, паштоўках, факсах, электроннай пошце (пералік далёка ня поўны), чалавек дзеліцца набытым досьведам, апісвае сытуацыі, прапануе тлумачэньні, дае парады, загады й г. д. Аўтар ліста верыць у сваё слова, ягоную моц; у адваротным выпадку ліст проста ня быў бы напісаны. Бадай, усё можа быць выкладзена ў эпісталярным жанры, якому ўласьцівая адначасная прысутнасьць ў прасторы й часе аўтара й чытача: аўтар пераважна выяўляе сваю прысутнасьць праз ужываньне Я й подпіс напрыканцы ліста, а чытач — праз звароты да яго й праз ужываньне Ты/Вы. Суіснаваньне роляў, іхны падзел тут адыгрывае немалую ролю: у лістах заўсёды як мімінум два бакі, дзьве адрозныя гісторыі — аўтара й чытача, два галасы, што робіць эпісталярны жанр дыялёгам, дзе ўдзел адрасата ніяк ня меншы за ўдзел аўтара. Адрасат існуе нават тады (і ў гэтым адметнасьць эпісталярнага жанру — заўсёдная скіраванасьць на адваротную рэакцыю, на адказ), калі магчымасьць адказу толькі ілюзорная. Мо таму й пішуцца вершы, падобныя да “Ліста да маці” Ўладзімера Дудзіцкага[4]:
Ліст гэты, маці, ад меншага сына,
Што лечыць тугу сваю золатам лісьця.
Цяпер ані цешыць, ня вабіць чужына,
Як вабіла, помню, калісьці.
..........................................................
Адведаць Цябе не магу я сягоньня,
А слову, якім бы яно ні было там,
Нялёгка дайсьці да спустошаных гоняў
І ўняць іхны плач і штодзённы Твой клопат[5]. Зь цягам часу да гэтых галасоў дадаецца трэці — голас публікатара, для якога эпісталярная гісторыя ёсьць гісторыяй пэўных культурніцкіх кантактаў і разрываў і для якога па важнасьці гісторыя аўтара роўнавялікая гісторыі чытача. Публікатар зьмяняе кантэкст аднаго ліста або цэлага ліставаньня — дзеля гістарычнага ці якога іншага досьледу, — зьбіраючы іх разам, публікуючы пад адною вокладкаю — як біяграфію, як літаратуру альбо як успаміны. Зрэшты, часам ліст можа быць настолькі інтымным, што ён амаль не адрозьніваецца ад дзёньніка. У гэтым заключаецца пэўны парадокс ліста: з аднаго боку, ён можа быць прыватным, з другога, як твор, што адсылаецца іншаму чалавеку, ён заўсёды можа зьмяніць сваю чытацкую аўдыторыю, гранічная колькасьць якой не паддаецца падліку.
З апублікаваньнем ліста зьяўляецца чацьверты пэрсанаж — чытач. З кім ён будзе сябе атаясамліваць — з аўтарам? з адрасатам? з публікатарам? А мо з пэрсанажам ліста, яшчэ адным (і не адным!) героем канкрэтнага эпісталярыя? Варыянты рэакцыі шматлікія; гэтак дыялёг пераўтвараецца ў хор.
Кожны літаратурны жанр мае свае нацыянальныя адметнасьці; эпісталярны — не вынятак. Прыкладам, нямецкі эпісталярны раман павязаны зь дзёньнікаваю формаю, францускі — з дыялёгам і мастацтвам рыторыкі, ангельскі — з эстэтыкаю, што аддае перавагу рэалістычнаму мастацтву з імгненным занатаваньнем падзеяў. Агулам беручы, нямецкі аўтар лістоў — аўтар дзёньніка, ангельскі карэспандэнт — сьведка, а францускі épistolier — моўны дуэлянт. Беларускі эпісталярый, верагодна, сваімі каранямі ідзе ад палемічнае літаратуры, і ліставаньне Лява Сапегі зь Язафатам Кунцэвічам, з аднаго боку, і Юркі Віцьбіча з Антонам Адамовічам (без аніякае паралелі паміж асобамі) — зьявы аднаго пляну.
Юрка Віцьбіч на эміграцыі быў, бясспрэчна, клясыкам эпісталярнага жанру. І справа ня толькі ў вялікай колькасьці ягоных рэспандэнтаў ды той увазе, што Віцьбіч надаваў пісаньню лістоў, а ў самім падыходзе да іх. Ён быў сапраўдны letter writer:
“Дарагі Сябру! (...) Пэўне ж, нешта нашымі эміграцыйнымі інстытуцыямі робіцца, каб захаваць “Бацькаўшчыну”? А магчыма, я перабольшваю магчымасьці гэтых інстытуцыяў? У такім выпадку, магчыма, патрэбна самаабкладаньне, абы толькі захаваць газэту, што сталася афіцыёзам эміграцыі й рэпрэзэнтуе яе навонкі. Дарэчы, прыпушчаю, што апошні нумар яе я дастаў паветранай поштай вылучна таму, што ў ім зьмешчана маё.
Дасылаю адначасна копію майго ліста, дасланага Спадару Чаславу Будзьку. Ніхто не адбірае ў Сп. Будзькі як навукоўца права на тое, каб па-свойму заглядацца на Рагнеду, але калі ён падае да агульнага ведама, што ўсе ня згодныя зь ягоным асабістым паглядам зьяўляюцца агентамі Масквы, дык тым самым ён ужо аніякі не навуковец, а дэмагог “политруковского” складу. Ніхто таксама не забараняе Сп. Ч. Будзьку адмаўляць Рагнедзе ў гістарычным існаваньні, але калі гэтую сваю тэзу ён спрабуе давесьці ў самы брутальны спосаб, абражаючы гэтым патрыятычныя пачуцьці сваіх суродзічаў на чужыне, дык ён тым самым, як на мой пагляд, працягвае традыцыі міхельсдорфавых сьцягатаптальнікаў.
Ліст, копію якога дасылаю Вам, выходзіць за межы вузка прыватнага ліставаньня. Вельмі магчыма, што неўзабаве зьявіцца ў друку мой артыкул, накіраваны супраць тых, якія спрабуюць тут і там глуміцца з нашых нацыянальных сьвятыняў. (...)”[6].
“Дарагі Сябру! Вярнуўшыся з Эўропы, знайшоў у сваёй пошце Ваш ліст. Не пасьпеў, аднак, нат’ прачытаць яго як трэба, каб адпісаць (звычайна для гэтага чытаю два разы зь невялічкім перапынкам), як ужо на нашым вольным кантынэнце хапіў модную тут хваробу. (...)
У Коласавых тых лістох, пэўна ж, няма ніякага “халуйства”, а звычайнюсенькая ў савецкіх абставінах, асабліва ў абставінах пэрлюстрацыі карэспандэнцыі, дый яшчэ ў часе вайны, “перастрахоўка” на ўсякі выпадак. Хай бы той “пракурор” — карэспандэнт Ваш, што шые гэтае “халуйства” іншым хіба із свайго собскага нутранога дазнаньня, зьвярнуў бы ўвагу на тую ж балёну “Полымя” ўнізе другое шпальты, дзе ў лісьце ад 14.01.1943 г. Колас абураецца затрымваньнем лістоў поштаю, лае тых, што гэта робяць, у пэўнасьці, што яны гэта прачытаюць, дый яшчэ й ставіць “пытаньне, чаму гэта так робіцца? Чаму так доўга ідуць пісьмы? Падумай над гэтым і адкажы”... А яшчэ колькі радкоў ніжэй, зь пераходам на наступную старонку, чытаем: “Мне хочацца зірнуць у самую сэрцавіну кіраўнікоў Англіі й Амэрыкі — што тоіцца ў іх мысьлях? Чэсныя яны людзі ці не? Каб я сустрэўся з табою з вока на вока, дык мы пагаварылі б пра гэта”. Ці ж ня пэрл гэты сказ, падчыркнуты мною? Ці ж ня цяжка здагадацца, ведаючы абодвух карэспандэнтаў, што гаварылася б тут “з вока на вока” — і пра гэтых кіраўнікоў, і пра тых “адамовічаў, віцьбічаў і іншую погань” — хоць я й сумляюся, каб у апошняй неяк падразумяваліся й тыя, хто хочуць цяпер гэтага — пра іх барджэй і ня ведалі й не цікавіліся. (...)”[7]
Таму, што Віцьбічава звычка памнажаць копіі ўласных лістоў і лістоў да яго й рассылаць далей была ня проста ягоным дзівацтвам, а насамрэч адыгрывала значную ролю ў эміграцыйнай грамадзе, ва ўсталяваньні адносінаў або іхным разрыве, ва ўмацаваньні паглядаў, ёсьць нямала фактаў:
“Дарагі й Вельміпаважаны Спадар Юрка Віцьбіч.
Кагадзе пераступілі мы яшчэ адзін навагодні парог. З гэтае нагоды дазвольце паціснуць Вашу сяброўскую руку. Няхай Бог спорыць Вам і сям’і Вашай посьпехаў і дабра ў Новым Годзе.
Дзякую за Ваш ліст за 20 сьнежня ды за фатакартку з аўтографам. Выглядаеце бадзёра, хоць крыху запаважна.
Копіі лістоў да розных беларускіх грамадзкіх і іншых “стаўпоў”, што часам далучаеце да сваіх лістоў, памагаюць мне шырэй глянуць на наш ня так шырокі ўжо сьвет. Цяперака апроч Юркі Станкевіча, каторы набірае маю аповесьць, ды прынагоднага ліста ў каторую канадыйскую газэту, амаль ні з кім не карэспандую. Вось чаму так удзячны Вам за інфармацыі. Дый выглядае, што некаторыя добрыя людзі запраўды ўважаюць Вас за “бюро скаргаў”. Калі трымаеце шырокую карэспандэнцыю, колькі часу застаецца Вам на творчую працу?
Слушна ўважаеце, што нашы радыёдзеячы са “Свабоды” “часта губляюць нацыянальны й палітычны хрыбет”. Мне здаецца, што часткова вінавата гэтае правіла, паводле якога кіраўнікі “Свабоды” падыходзяць да працы: хваліць дадатняе, але шкоднае для рэжыму (камуністычнага, а не абавязкова каляніяльна-маскоўскага) лепш, чымся ганіць адмоўнае. Гэтае апошняе сам народ ведае.
Прыкладна, нейкі літаратурны “ўмелец” Гурскі напісаў паскудку п. заг. “Подзьмух Ільліча”. Звычайная, значыцца, партыйная дрэнь. Народ ведае, што дрэнь. Сам яе выплюне. Значыцца, хлопцы са “Свабоды”, — устрымайцеся ад камэнтароў! Але вось той самы “ўмелец” Гурскі згарусьціў які недалужны верш, у якім сьцьвярджаецца, што ягонае маткі мова яшчэ не адмерла. Наадварот, яна прыгожай нітачкай уплятаецца ў дружалюбную сям’ю моваў усесаюзнае тканіны.
Чулі Вы? Верабей лебедзя выседзеў! Заварушыліся камэнтатары са “Свабоды”. Маладзец, Гурскі. Так ім трэба! Гэта ўжо ўзяліся “бебурнацы” з пахвалай. Як разьбяжыцца каторы, дык глядзіш і бачыш суцэльны фронт нашай выгадаванай у бээсэсэрыі інтэлігенцыі ў супраціве русіфікацыі.
Хваленьне дадатнага, каб здабыць народныя сымпатыі, а прынесьці ўрон калёніяльнаму рэжыму — рэч надта небясьпечная. У няўмелых руках можа абярнуцца бумэрангам. І ёсьць ужо гэтага насьледкі, на жаль, для нас некарысныя. У тых Станкевічавых[8] “Даляглядах”[9] відаць радыёсвабодаўскі ўплыў. Як расхваліць каторага, дык дальбог, чырванецца трэба. Каб было каго. Дык каб жа адно ў “Даляглядах”.
Летась у “Менску”[10] др. Станкевіч прасіў сіх-тых, у тым ліку й мяне, каб прыслалі свае пазытыўныя камэнтары адносна “Даляглядаў”, дый каб падтрымалі грашова. Мяркую, што калі б былі пазытыўныя водгукі, дык зьмясьціў бы.
Тым, што мне сьвіньню “Свабода” падлажыла, не турбуюся[11]. Я, прызнацца Вам,
спадзяваўся калоды пад ногі зь іншага боку, г. зн. з боку мае вар’яткі-жонкі. І яна не падвяла. 27 сьнежня, пасьля чатырохтыднёвага побыту дома, зноў давялося адвезьці яе ў шпіталь, гэтым разам на даўжэйшы тэрмін. Як бачыце, мне ўсё роўна не давялося б працаваць у нью-ёрскіх ягамосьцяў, бо дзетак самых жа я не пакінуў бы. Адным словам, атрымаўся той прыказачны blessing in disguise[12]. Пасьля пятнаццацігадзіннага працоўнага дня для ўтрыманьня й дагляду сям’і магу рэшту часу аддаць на творчасьць”[13].
Калі Віцьбіч займае першае месца па колькасьці напісаных прыватных лістоў, дык на дзялянцы лістоў адкрытых ён відавочна саступае іншаму эміграцыйнаму пісьменьніку, Уладзімеру Сядуру, чый першы падобны ліст датуецца 1932 г.:
“Адкрыты крытычны ліст паэту Юлію Таўбіну. Таварыш Таўбін! Прачытаўшы тваю паэму “Таўрыда”, ці, больш правільна сказаць, тую частку, якая зьмешчана ў часопісе “Полымя” №10 за 1931 г., у мяне ўзьнікла неадчэпнае жаданьне зьвярнуць тваю ўвагу на некаторых момантах у тваёй творчасьці, менавіта на тых бакох, якія знаходзяцца ў той ці іншай меры рэзкай супярэчнасьці з разьвіцьцём пралетарскай паэзіі й сацыялістычнага мастацтва наогул. I што мяне асабліва вымусіла зьвярнуцца да цябе з гэтым лістом, дык гэта тваё прысьвячэньне паэмы “Таўрыда” й зусім не з прычыны таго, к а м у ты прысьвячаеш яе, а тым зьместам, тэндэнцыяй, якія ты ўклаў у гэта прысьвячэньне. Зьяўленьне твайго ўрыўку з аповесьці “Доктар Батурын” (“Літаратура і Мастацтва” № 2) толькі лішні раз падкрэсьліла неабходнасьць гэтага ліста й таму, што моманты таго, супроць чаго ты накіроўваеш стрэлы сваёй аповесьці, ёсьць і ў тваёй творчасьці. (...)
Але вось на падмогу гэтым “аматарам прыгожай славеснасьці”, эпігонам буржуазнага мастацтва прыходзіш ты, Юлік, і голасу ліквідатараў мастацтва пры сацыялізьме ўторыш сваім голасам. Ты стварэньне вялікага мастацтва пераносіш зь сёньняшняга дня на невымяральна далёкі будучы час. Сёньня ж, па-твойму, мажлівы толькі якіясьці намёткі для гэтага будучага, як ты кажаш “для вякоў... пасьля...”. Ты адмаўляеш вялізарную ролю ў жыцьці будаўніцтва сёньняшняга мастацтва як часткі пралетарскай культуры, якая сёньня ствараецца ў працэсе культурнай рэвалюцыі. Ты ня бачыш таго вялікага, сусьветнагістарычнага значэньня мастацтва, што творыцца сёньня, і першыя парасткі (значныя!) якога ўжо створаныя. Можа, табе дзіўнымі здаюцца мае абвінавачваньні цябе ў гэтым, дык я табе напомню тваё прысьвячэньне паэмы “Таўрыда”. Ты прысьвячаеш паэму мастаку Азгуру і ў прысьвячэньні выказваеш думкі пра мастацтва (“...строфы, статуі”). Вось гэтае прысьвячэньне: Карабельнаму сьлесару з Глазга
біць цьвікі і тачыць вінты,
але ён не пабачыць, Азгур,
акіянаў сырых раты.
Людзі іншыя возьмуць вахту
I стырно прывядуць у рух,
каб хістала на моры яхту —
пару цьвёрдых ягоных рук.
Так і мы сёньня скончым стратай(!?)
свой працоўны і просты шлях,
каб шматкі нашых строф ці’
статуй па вякох насіла пасьля...
(Падкрэсьлена мною. — У. С. (“Полымя” № 10, 1931 г., с. 25).) Што хаваецца ў гэтых радкох?
Па сутнасьці, у іх крыецца нявер’е ў сілу й магутнасьць мастацтва сацыялістычнага наступленьня, нявер’е ў росквіт мастацтва ў эпоху ўступленьня ў сацыялізм, нявер’е ў мастацтва нашага творчага будаўнічага часу, мастацтва сёньняшняга дня. (...)
Вось прыблізна галоўныя моманты ў тваёй, Юлік, творчасьці, якія трымаюць цябе ў лягеры правых папутнікаў і не даюць табе вызваліцца з сваіх абыймаў. Таму ад посьпеху ў перамаганьні гэтага рэакцыйнага грузу й авалоданьня дыялектычна-матэрыялістычным творчым мэтадам і залежыць твой далейшы лёс як творчае адзінкі ў нашай рэвалюцыйнай сучаснай паэзіі.
Я ня буду спыняцца на іншых момантах, на якіх варта было б спыніць сваю ўвагу, але каб не расьцягнуць ліста, задуманы памер якога й так вельмі адрозьніваецца ад памеру напісанага, адкладзем гэта для будучага артыкула пра тваю творчасьць. Я спыняю тваю ўвагу толькі на галоўным, на што лічу неабходным зараз жа спыніць тваю ўвагу, не адкладаючы гэтага на будучы час напісаньня задуманага артыкула пра твой творчы шлях. Сьпешнасьць вымушае мяне абмежавацца толькі папярэднімі нататкамі. Хацелася б толькі аднаго, каб ты сур’ёзна, удумліва паставіўся да ліста й вынес зь яго магчымы, карысны для цябе й іншых, урок.
3ь белаппаўскім прывітаньнем
У. Сядура”[14].
Амаль адначасна Ўладзімер Сядура выдрукаваў другі ліст, гэтым разам у “Літаратуры і Мастацтве”[15], — і таксама зьвернуты да Юлія Таўбіна. Наагул, гэты час — 1932 ды 1933 гг. — быў важным для Сядуры настолькі, што ў сваім чарговым адкрытым лісьце, напісаным праз 20 гадоў, — ён згадвае яго адумыслова:
“За шчасьце й волю.
Адкрыты ліст да пісьменьнікаў Савецкай Беларусі,
перасланы праз радыё “Вызваленьне” ў траўні 1953 г.
Паважаныя сябры Саюзу Савецкіх Пісьменьнікаў Беларусі!
Да вас зьвяртаецца былы сябра Аргкамітэту Саюзу Савецкіх Пісьменьнікаў Беларусі ў 1932—1933 гг. Уладзімер Глыбінны, які цяпер знаходзіцца ў вольным сьвеце й працуе навукоўцам пры навукова-дасьледчым інстытуце. Шмат хто з вас можа памятаць мяне й па Дому Пісьменьнікаў у Менску, і па Беларускім унівэрсытэце, дзе я зь некаторымі з вас вучыўся на літаратурна-лінгвістычным факультэце з 1930 па 1933 гг. Праўда, абсалютная бальшыня сяброў мае раньняе маладосьці, сумеснага вучэньня, літаратурных пачынаньняў і ружовых надзеяў бясьсьледна зьнікла ў скляпеньнях ненажэрнага малоха ГПУ—НКВД—МВД—МГБ. Сяньня сярод беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, якім пашанцавала выпадкова ўцалець, няма маіх сардэчных сяброў — таленавітага, высокай культуры паэта Юлія Таўбіна, тонкага лірыка й маладога раманіста Зьмітрака Астапенкі, паэта-рамантыка Валерыя Маракова, сьпевака Случчыны Сьцяпана Ліхадзіеўскага, глыбока нацыянальнага паэта Сяргея Астрэйкі, што напісаў таленавітую паэму пра Бэнгалію, пад якой разумелася паняволеная Беларусь, няма выдатнага маладога празаіка, сказавага стылізатара Лукаша Калюгі, пяшчотнага й сьціплага лірыка Ўладзімера Хадыкі, забітага скалою на катарзе на Далёкім Усходзе”[16].
Імя Юлія Таўбіна ў агульным пераліку стаіць на першым месцы.
Трэба адзначыць, што гэты паэт, адзін з наймаладзейшых з 26 расстраляных 29—30 кастрычніка 1937 г., адначасна з Тодарам Кляшторным, Міхасём Зарэцкім, Валерам Мараковым, Міхасём Чаротам ды іншымі культурнымі дзеячамі Беларусі, выклікаў заўважную сымпатыю ў пісьменьнікаў-эмігрантаў. Юрка Віцьбіч зрабіў яго адным з герояў сваёй няскончанай кнігі “Не чарнілам, а крывёю”[17]:
“Калі ідзеш па вуліцах Амэрыкі, па якіх незупынным струменем ліюцца аўтамашыны розных маркаў, адразу прыгадваецца паэта Юлі Таўбін. Ці ведае хто тут, што ён там у змрочным засьценку НКВД абвінавачваўся за вось гэты незупынны рух, за сьвятло менавіта гэтых рознакаляровых рэклямаў, зa ўвесь імклівы поступ тутэйшага жыцьця?
Юлі Таўбін зьяўляецца адным з найбольш культурных беларускіх паэтаў. Менавіта таму ягоная тэматыка аніяк не супадала з афіцыйнай тэматыкай, прызначанай бальшавіцкімі камісарамі для беларускіх пісьменьнікаў. Паэта мусіў усхваляць савецкую краіну й ганьбіць замежныя краіны. Ён на гэтае не надаваўся. Таму Юлі Таўбін спачатку эмігруе ў Сярэднявечча. Прыгадваецца ягоны прачулы верш “Сірано дэ Бэржэрак”, які б нават адзін у іншай краіне даў бы аўтару агульную вядомасьць і прызнаньне. Савецкая ж крытыка адразу зазначыла, што радок зь ягонага вершу “з разьбітаю лютняй ідзе паэт” мае непасрэднае дачыненьне не да Сірано дэ Бэржэрака, а да Юлія Таўбіна. Празь некаторы час паэта піша верш пра Амэрыку. У ім прыгадваюцца амаль усе штаты Амэрыкі ў сувязі зь іхным гэтак не падобным на савецкую рэчаіснасьць жыцьцём. І пасьля кажнае страфы паўтараецца радок “Злучаныя Штаты”. На жаль, у памяці цяпер захавалася толькі адна страфа, якая ўсё ж дае поўнае ўяўленьне й аб высокамастацкасьці ўсяго твору, і аб ягоным напрамку:
Шолах шын і шум машын
Вашынгтон і Віскансін.
Злучаныя Штаты.
Гэтым вершам паэта напісаў сабе прысуд. Прынамсі, калі празь некаторы час НКВД арыштавала Юлія Таўбіна, дык сьледчы, прачытаўшы яму ўвесь верш, запытаўся:
— В Америку хочешь эмигрировать? Ха-ха! В Советском Союзе не нравится? Может быть, и на визу рассчитываешь? Получи-ка тем временем, контра, пять лет Калымы.
І Юлі Таўбін, які пры іншых умовах аздобіў бы сабой беларускую літаратуру, зьнік назаўсёды ў жудасных савецкіх канцлягерах”.
Натуральна, ёсьць пра Таўбіна і ў Віцьбічавых лістах:
“Юлі Таўбін. Здаўна люблю гэтага паэта. Прыгадваецца ягонае:
Я зь вершам праходжу жыцьцёвыя тракты,
Я зь вершам — і ў крозах, і ў сьне...
Харэі, і ямбы, і пругкія дактылі
Заўсёды на варце ў мяне.
Між іншым, у сувязі з маімі ўспамінамі пра Таўбіна ў “Шыпшыне” (№8) Сяднёў і Клішэвіч назвалі ягонае:
Шолах шын і шум машын,
Вашынгтон і Віскансін.
Злучаныя Штаты.
— “жыдоўскай дрындушкай”. Ой, як ім далёка абодвум да Таўбіна, якога даўно, на глыбокі жаль, няма цяпер у жывых.
Мне Таўбін тым болей блізкі, што належу разам зь ім да “ахвосьця разгромленага нацыянал-дэмакратызму” — гэтак калісьці Андрэй Александровіч назваў Лужаніна, Калюгу, Таўбіна, Хадыку й Віцьбіча, расклаўшы іх па паліцах. Таўбін у яго стаўся “паўпрэдам у літаратуры буржуазна-кулацка-нацыяналістычнай інтэлігенцыі”, а ў творчасьці Віцьбіча “працягваецца выразная дваранска-нацыяналістычная сутнасьць”. (“Пісьменьнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы”. Менск. 1934 г. Б. 19)”[18].
Юлі Таўбін, паэтычны нашчадак Максіма Багдановіча (між іншага, абодва адышлі ў адным веку), таксама быў майстрам эпісталярнага жанру, epistolary poetry — сяброўскага пасланьня. Шкада, што каля сабранай — лепш ці горш, гэта ўжо іншая справа — і выдрукаванай спадчыны ягоных сяброў-паэтаў — Уладзімера Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Уладзімера Хадыкі, Валера Маракова, Зьмітра Астапенкі, Тодара Кляшторнага, Сяргея Астрэйкі — няма ўласнае паэтавае кнігі, а акадэмічнае літаратуразнаўства толькі подбегам згадвае ягонае імя, дый тое ў зьвязку з творчасьцю іншых. Зрэшты, да паэта, паэзіі гэта ня мае аніякага дачыненьня. Пераканайся сам, чытач[19]. СЯРГЕЮ ФАМІНУ “Агаркі зары дагарэлі,
А песьні ў душы не згарэць”
Т. Кляшторны Ня звонам,
Ня песьняй іскрыстай,
Што стогны раджае ў грудзёх,
Трывожу забытую прыстань
Даўно пазакрэсьленых дзён.
Калісьці,
Ў далёкія годы,
Мы сьнілі цудоўныя сны,
I многа прыгожых мэлёдый
Ўлівалася ў сьпевы вясны.
Цяпер тыя сны сталі дзеяй,
Іх зьдзейсьнілі — палкасьць і час,
I новыя песьні-надзеі
Усьпешчаны сэрцам у нас...
Я знаю — юнацтва праходзіць,
Як хвалі, сплываюць гады...
На кожным крутым пераходзе
Губляюцца сілы заўжды.
А мы будзем жыць і змагацца.
І слава таму, хто пранёс
Ліхія свае васямнаццаць
Праз замяць жыцьцёвых палос.
Рассыплемся ў гучныя трэлі,
Нямала нам вёснаў сустрэць, —
“Агаркі зары дагарэлі,
А песьні ў душы не згарэць”.
14 лістапада 1928 г.
ТЫ ПОМНІШ... Зьм. Астапенку Ты помніш, помніш, безумоўна,
І тую ноч, і той настрой,
Што панаваў над намі роўна, —
I над табой, і нада мной...
Драты дрыжэлі пераборам,
Аб нечым дзіўным месяц сьніў
І рысы даўняга сабору
Так чотка млелі ў вышыні.
Нячутна шамацела лісьце
Саткалі зоры з срэбра ніць...
У тую ноч мы пакляліся
Жыць і любіць...
Любіць і жыць.
I мы жылі... I мы любілі...
І несьлі прагу і любоў...
Часы дзяціных сноў-ідылій
Да нас ня вернуцца ізноў...
Жыцьцё далей нас весьці стане,
Надорыць новых песень-дум,
І нужнай сталасьці жаданьні
На нас пячатку пакладуць.
А ўжо ня вернуцца з гадамі
Ні тая ноч, ні той настрой,
Што панаваў тады над намі —
I над табой, і нада мной.
Ліпень 1929 г.
Мсьціслаў
ЛІСТ Я. П. Марозны вечар паліць шчокі
У пешаходаў маладых...
Прастор начны, прастор шырокі
Ў вячэрніх колерах заціх.
Заход у бляску не ільсьніцца...
Таполі — вартай векавой...
Званы з далёкае званіцы
Даносяць ціхі водгук свой.
Яшчэ снуюць па вулках людзі,
Яшчэ ліхтар начны ня згас,
Але ўжо хутка, хутка будзе
Уладаць усім паўночны час.
Хаджу па ціхіх крыжаваньнях,
Ўважаю кволы дальні звон,
I шалы вецер на спатканьне
Наносіць сьнег на палітон.
Сустрэўся зь нейкім на сутыку
І цырымонія ізноў
Ён прабачэньне мне прамыкаў.
А, бачна, вылаяць гатоў.
I вось дыхнула гэткай прозай,
Што забываюцца зусім
І чары п’янага марозу,
I хараство пякнейшай зь зім.
I вось яшчэ сьпяяна песьня.
I аднаго б цяпер хацеў,
Каб у далёкае Палесьсе
Мой ветлы голас даляцеў...
25 сьнежня 1928 г.
Мсьціслаў
СІРАНО ДЭ БЭРЖЭРАК Імжа, імжа засьцілае сьвет,
Размыты дажджамі тракт...
3 пабітаю лютняй ідзе паэт
Сірано дэ Бэржэрак.
Жыцьцё неўзаметку, як дым, прайшло.
Пакінута недзе труна...
Ніхто не частуе яго даўно
Бадзёрай бутэлькай віна...
Гадоў кавалькады ніхто назад
Ня можа адкінуць бег...
I месяц сьмяецца, як тлусты абат,
Над торбай паэтавых бед.
Імжа, імжа засьцілае сьвет,
Як сьмерць васьпяны барак...
3 разьбітаю лютняй ідзе шкілет —
Сірано дэ Бэржэрак.
Ён песьні старыя заводзіць свае,
Ступіўшы на мой парог.
І вось ён гэткую песьню пяе
Каля маіх варот:
“...Я шмат даведаўся, шмат пазнаў,
Я жыў, як жыве мэнэстрэль.
Пакуль не падрэзалася струна,
Ня ўклала ў труну дуэль.
За мною з палацу імчалі ганцы,
Я шпагаю іх калоў...
І ведаў я многа прыгожых жанчын,
А болей — прыгожых слоў.
Я спаў у труне колькі соцень год
I мне абрыдзеў спакой...
Я ўстаў і стукаю ў дошкі варот
Параненаю рукой.
...Пусьці, пусьці мяне, брат паэт,
Я дужа прыстаў і зьнямог,
Бо гэтак многа зьмяніўся сьвет
I ўсё патанула ў вякох.
Я ўбачыў — паэты цяпер ужо
Ня чуюць гармоніі слоў...
Яны хаваюцца ад дажджоў
За тарчай пісьмовых сталоў...
Шмат сьвет наш ведаў ганебных плям,
Але мы паэты былі,
А тут паэта ўкладае плян
Сваіх празаічных былін.
...Пусьці, пусьці мяне, брат паэт,
Я хутка навек засну...
Пакіну жахлівы, як воспа, сьвет
I лягу ў сваю труну...
Вось раньне зганяе далёкі туман...
Пусьці мяне, любы, — так
Яшчэ не прасіў паэт-дуэлянт
Сірано дэ Бэржэрак...”
........................................................
Туман расплываецца над зямлёй
Тчэ сонца агністы шнур
3 дакорам глядзяцца на мой пакой
Вочы старых гравюр...
У іх традыцыйны гарэзны пагляд...
І лютная цераз плячо...
Іх вырвала з кнігі два дні назад
Нажа майго лязо.
Я кідаю выклік і гавару
Саратнікам на сьцяне:
Вы толькі калегі мне па пяру,
Але па настроях — не!
Даўно адышлі вашы дні ў нябыт,
Даўно пазабыў вас сьвет...
Аддайце на могілкі ваш кандуіт,
Пане заштатны паэт!
Сягоньня паэта — зусім не такі...
Асобны гатунак і ранг...
Ніколі ні ад чыёй рукі
Ня меў я дуэльных ран.
Адзіная зброя мая — гэта кій,
Што сёлета ў Крыме купіў,
Але я ня з роду кудлатых віцій,
I зь іх я заўсёды кпіў.
Я ведаю цьвёрда, каму я пяю,
Якім навальнічным гадам
І песьню —
найлепшую зброю сваю
Я клясе сваёй аддам.
А зараз, калі прыгадаў я вас,
Дык гэта толькі так...
Бо зьмёў тваё імя ўсяўладны час,
Сірано дэ Бэржэрак!
28 лістапада 1929 г. —
20 кастрычніка 1930 г.
Менск
ПУШКІН Маркотны мрок над мутнаю Нявой
I постаць нізкая над скрыўленым бар’ерам.
Радкі сьціскаюцца засмучаным разьмерам
Адхваляваўшыся пявучасьцю жывой.
I ямбы сьціслыя няроўнаю чаргой
Даверваюцца збэшчаным паперам...
І нікне дзень у віхаценьні шэрым,
I вобраз Пушкіна зьліваецца з вадой.
Мне гэта ўсё згадалася раптоўна...
Я праглядаў знаёмых песень строй...
Напоўненыя мяккасьцю чароўнай,
Яны ўзьнялі узрушаны настрой —
І гэты верш, хоць хілкі і няяўны,
Ўсё ж будзе водбрызкам ягонай цені
слаўнай.
15 лістапада 1930 г.
Менск
ЗА ШЫЛЕРАМ Знаёмыя тамы ізноў я адкрываю,
Перагартаючы пяшчотнаю рукой...
Гравюры даўнія уважна разглядаю
I пазнаю даўнейшы вобраз свой.
От на палёх — сець выпісак, нататак.
Як гэта некалі ўсё хвалявала...
Май
Жыцьця майго, — мінулы і забыты,
Тваіх шляхоў ня шкода мне... І даль
Мне адкрывае ліпень самавіты...
3 усьмешкай ціхаю гляджу я на пачатак
Але, але!
“Еinmal für аllemal”[20].
27 сьнежня 1929 г.
Менск
[1]“Гэтая адсылка да Каліноўскага прамаўляе пра новую генэрацыю творцаў, якія гавораць не ад нейкага зьбіральнага “мы” (народ, нацыя, рух, адраджэнцы й да т. п.), а ад сябе саміх. Якія ня сеюць разумнага, добрага, вечнага, бо з гэтым лепш спраўляюцца сьвятары, навукоўцы, дыктары БТ... Гэта голас цалкам прыватнага чалавека, які ня вучыць жыць, бо сам ня ведае, як гэта робіцца. Вядома, кожным тэкстам аўтар спрабуе адказаць на глябальныя пытаньні, але гэты адказ слушны толькі ў пэўны момант, а абсалютных слушнасьцяў, здаецца мне, не бывае. Ліст з-пад коўдры, як мэтафара паэзіі, — гэта такі сабе ліст шчасьця, які ты атрымліваеш, перапісваеш, рассылаеш па дваццаці адрасох, і будзе табе вялікае шчасьце!” Гл.: Андрэй Хадановіч: мае вершы як лісты шчасьця // http://www.naviny.by/ru/content/rubriki/1-ya_gruppa/kultura/andrei_hadanovich__mae_vershy_yak_listy
_shchascya/ (Інтэрнэт-газэта “Белорусские новости” ад 12.03.04).
[2]Напр.: Крычко В. Эпісталярны жанр i аратарская проза ў старабеларускай літаратуры XII—XIII стст. // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Вып. III. Менск, 2002. C. 26—37.
[3] Ластоўскі В. Выбраныя творы. Менск, 1997. C. 352.
[4] Маці Ўладзімера Дудзіцкага была забітая партызанамі, і паэт пра гэта ведаў.
[5] Дудзцікі У. Напярэймы жаданьням. Нью Ёрк: БІНІМ, 1994. С. 103.
[6] Ліст Юркі Віцьбіча да Антона Адамовіча ад 05.08.1962 г. Захоўваецца ў архіве БІНІМу.
[7] Ліст Антона Адамовіча да Юркі Віцьбіча ад 26.11.1962 г. Захоўваецца ў архіве БІНІМу.
[8] Маецца на ўвазе рэдактар газэты “Бацькаўшчына” Станіслаў Станкевіч.
[9] Рубрыка ў “Бацькаўшчыне”, прысьвечаная разгляду друкаванай у БССР літаратуры.
[10] Маецца на звае адпачынкавы цэнтар “Бэлэр-Менск”.
[11] Ідзецца пра адмову кіраўнікоў “Свабоды” ўзяць на працу Кастуся Акулу.
[12] blessing in disguise (анг.) — “ліха без дабра не бывае”.
[13] Ліст Кастуся Акулы да Юркі Віцьбіча ад 05.01.1968 г. Захоўваецца ў архіве БІНІМу.
[14] Маладняк. 1932. №4.
[15] Літаратура і Мастацтва. 1932. 30 красавіка.
[16] Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, 2002. С. 107—108.
[17] Віцьбіч Ю. Шолах шын і шум машын. Юлі Таўбін // Шыпшына. 1950. №8. С. 25—26.
[18] Зь ліста Юркі Віцьбіча да Ізыдара Гуткоўскага ад 18.06.1957 г. // Юрэвіч Л. Архіўная кніга. Нью Ёрк: БІНІМ, 1999. C. 389.
[19] Тэксты друкуюцца паводле выданьняў: Таўбін Ю. Агні. Менск: Белдзяржвыдавецтва, 1930. — 67 с.; Таўбін Ю. Мая другая кніга. Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі “ЛіМ”, 1932. — 93 с. Аўтар дзякуе Натальлі Гардзіенцы й Галіне Рабок за дапамогу ў пошуках тэкстаў, недасяжных у амэрыканскіх бібліятэках.
[20] Еinmal für аllemal (ням.) — “Раз і назаўсёды!” — пачатак Шылеравае трагедыі Kabale und Liebe (“Падступства й каханьне”).
|