|
Гісторыя Праваслаўнай царквы на Беласточчыне ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архів Беларусі ў Гродне
Генадзь Семянчук
(Гродна)
У 1843 годзе ў Расейскай імперыі адбыліся пэўныя тэрытарыяльна-адміністрацыйныя змены. Існаваўшая з 1808 года Беластоцкая вобласць, якая складалася з 4 паветаў: Беластоцкага, Бельскага, Драгічынскага і Сакольскага, была скасавана. Паветы далучаны да Гродзенскай губерні (да 1840 г. — Літоўска-Гродзенская), прычым Бельскі і Драгічынскі былі аб’яднаны ў адзін — Бельскі. Такім чынам, гістарычныя лёсы Заходняй Беларусі і Усходняй Польшчы (галоўным чынам Беласточчыны) чарговы раз набылі агульны характар. Гэта знайшло адлюстраванне ў шматлікіх пісьмовых крыніцах, якія захаваліся ў нашых архівах.
Найбагацейшым сховішчам матэрыялаў па гісторыі Гродзеншчыны, Брэстчыны і Беласточчыны канца XVIII — пачатку ХХ ст.ст. з’яўляецца Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне (далей НГАБ). Вельмі значную частку яго збораў складае комплекс дакументаў, прысвечаных рэлігіі. Гэта крыніцы па гісторыі розных канфесій, канкрэтных культавых будынкаў, царкоўна-адміністрацыйных адзінак і іншых. Доўгі час на Беларусі праблемы рэлігійнай гісторыі знаходзіліся пад забаронай, ці, у лепшым выпадку, пад кантролем „всевидящего” вока камуністычнай партыі з патрэбнымі ёй вынікамі і высновамі. Таму сённяшняя актуальнасць даследаванняў на гэтыя тэмы відавочная, як відавочна і хутчэйшае пашырэнне і паглыбленне крыніцазнаўчай базы падобных даследаванняў.
Мэта нашай працы — даць папярэднюю інфармацыю аб фондах НГАБ у Гродне, у якіх захоўваюцца матэрыялы па гісторыі Праваслаўнай царквы на тэрыторыі Беласточчыны, бо ў архіве сканцэнтравана асноўная частка дакументаў з гэтага рэгіёна.
У першую чаргу неабходна звярнуць увагу на архіўныя фонды тых дзяржаўных устаноў, якія былі непасрэдна звязаныя са шматбаковай дзейнасцю Праваслаўнай царквы на тэрыторыі Гродзенскай губерні ў XIX — пач. XX ст.ст. Найбольш значным з’яўляецца фонд Гродзенскай губернскай царкоўна-будаўнічай прысутнасці, якая спачатку падпарадкоўвалася Міністэрству ўнутраных спраў, а з 1890 г. — Літоўскай духоўнай кансісторыі (ф. 97). Храналагічна матэрыялы датуюцца перыядам з 1833 па 1909 год. Сярод іх фінансавыя справаздачы ўездных камітэтаў па будаўніцтву праваслаўных цэркваў, аб асігнаванні грашовых сродкаў і зацверджанні каштарысаў і крэдытаў на царкоўна-будаўнічыя работы, дакументы аб страхаванні праваслаўных цэркваў, разнастайныя статыстычныя даныя — аб колькасці і стане праваслаўных цэркваў, манастыроў і капліц па ўездах і благачыннях, спісы прыходаў з інфармацыяй аб колькасці вернікаў і населеных пунктаў у іх і звесткі аб наяўных і неабходных для храмаў званоў, кніг, царкоўных рэчаў і да т.п. Але найбольш цікавымі прадстаўляюцца шматлікія справы аб будаўніцтве і рамонце праваслаўных цэркваў, у тым ліку з тэрыторыі Беласточчыны. Гэта мураваныя храмы ў населеных пунктах Фасты, Патока, Тапілец, Сураж, Беласток, Заблудаў, Ганёндз, Кнышын Беластоцкага павета; Бельск, Нарва, Падбелле, Жэрчычы, Малешы, Райск, Боцькі, Рыбалы, Новаберазова, Кнарыды, Кляшчэлі, Гродзіск Бельскага павета; Саколка, Васількаў, Новы Двор, Сідра, Юраўляны, Сухаволя Сакольскага павета. Таксама драўляныя цэрквы ў Пасынках, Кленіках, Трасцяніцы (цяпер Трасцянка) Бельскага павета, у Новым Двары і ва ўрочышчы Самагруд Сакольскага павета. Вартасць большасці падобных архіўных адзінак павялічвае знаходжанне ў іх планаў і малюнкаў царкоўных пабудоў. Акрамя гэтага ў фондзе знаходзяцца справы аб перабудове каталіцкіх касцёлаў і перадачы розных рэчаў з іх у праваслаўныя цэрквы пасля задушэння расейскімі ўладамі студзеньскага паўстання 1863-64 гг. Гэтакі трагічны лёс напаткаў у 60-70-я гады XIX ст. культавыя будынкі ў маёнтку Янаполь, мястэчку Харошча Беластоцкага павета, у Бельску, Кляшчэлях, Драгічыне, Дзядковічах Бельскага павета, у Ружаным Стоку, Шудзялаве, Клімаўцы, Васількаве Сакольскага павета і іншых мясцінах.
Фонд Гродзенскі губернскі камітэт па забеспячэнні праваслаўнага святарства (ф. 135, 1844-1860 гады) утрымлівае справы, якія датычацца пытанняў эканамічнага забеспячэння прыходаў (колькасць, памеры і якасць зямлі; пабудова; рамонт царкоўных дамоў і гаспадарчых будынкаў, і іх апісанне; абавязкі і іх выкананне), сацыяльнай статыстыкі і дэмаграфіі (склад пэўнага прыхода: колькасць населеных пунктаў і вернікаў, іх сацыяльны стан і пол). З Беласточчыны паходзяць матэрыялы аб прыходах праваслаўных цэркваў у Белавежы, Градзіску, Дайлідах, Кляшчэлях, Кнышыне, Крынках, Мельніку, Харошчы, Сямятычах. Эканамічная, фінансавая, бытавая і архітэктурная інфармацыя аб прыходах у Кляшчэлях, Харошчы, Градзіску і іншых мясцовасцях Бельскага павета змешчана ў архіўных адзінках фонду Гродзенская губернская прысутнасць па паляпшэнню быту праваслаўнага святарства (ф. 853, 1862-1876 гг.).
Пабудова і рамонт праваслаўных цэркваў, знешнія і ўнутраныя змены каталіцкіх касцёлаў на цэрквы і арганізацыйны пытанні знайшлі адлюстраванне ў дакументах так званых Часовых павятовых камітэтаў па ўпарадкаванню праваслаўных цэркваў [ф. 845 — Гродзенскі павет (1864-1869 гг.); ф. 847 — Беластоцкі павет (1846-1867 гг.); ф. 851 — Бельскі павет (1864-1867 гг.); ф. 852 — Сакольскі павет (1864-1866 гг.)].
Некалькі спраў, што датычацца Беласточчыны ёсць у фондзе Гродзенская духоўная кансісторыя (ф. 561, 1900-1914 гг.), які захаваўся часткова. Гэта копія метрычнай кнігі за 1914 г. царквы ў Мельніку Бельскага павета, копія праекта (фасад) і план драўлянай царквы ў калёніі Міхалова-Нязбодка за 1906 г., а таксама шэраг матэрыялаў, звязаных з Краснастоцкім жаночым праваслаўным манастыром, якія паходзяць з 1902-1912 гадоў.
Вельмі каштоўныя ў даволі значнай колькасці дакументы па гісторыі рэлігіі ўвогуле і Праваслаўнай царквы ў прыватнасці на Заходняй Беларусі і Усходняй Польшчы ў канцы XVIII — пачатку ХХ ст.ст. знаходзяцца ў іншых фондах НГАБ у Гродне. Шматлікія даныя па статыстыцы і дэмаграфіі (аб колькасці праваслаўных прыходаў, вернікаў у іх, цэркваў, манастыроў і капліц па ўездах Гродзенскай губерні), аб зменах веравызнання насельніцтва, аб зборы сродкаў на будаванне храмаў, пытанні адпраўлення абрадаў і ўнутрыцаркоўнай палітыцы даследчыкі знойдуць у фондах Канцэлярыя Гродзенскага губернатара (ф. 1); Гродзенскае губернскае праўленне (ф. 2); Гродзенскі губернскі статыстычны камітэт (ф. 14); Гродзенская губернская па гарадскіх справах прысутнасць (ф. 17).
У гэтай сувязі неабходна звярнуць увагу на штогадовыя справаздачы гродзенскіх губернатараў. Сярод багатай і разнастайнай інфармацыі па губерні ў іх абавязкова змяшчаліся даныя, якія падаваліся па праваслаўнаму ведамству, так званыя „кліравыя ведамасці”. Гэта табліцы і звесткі аб колькасці цэркваў і іншых богаслужэбных будынкаў па ўездах і гарадах губерні, аб часе іх пабудовы; аб стане і наяўнасці царкоўных рэчаў; аб памерах царкоўных, манастырскіх зямельных уладанняў, аб штаце святароў па паветах; колькасці і якасці зямлі, якая ім належыць; аб колькасці народжаных, памерлых і заключаных шлюбаў сярод праваслаўнага насельніцтва па ўездах і гарадах. У вышэйназваных фондах маюцца матэрыялы аб палітыцы расейскіх уладаў у рэлігійным і духоўным жыцці насельніцтва Гродзенскай губерні ў ХІХ — пачатку ХХ ст.ст. Гэта гвалтоўная ліквідацыя уніяцкай царквы, барацьба з каталіцызмам, а з другога боку насаджэнне і пашырэнне праваслаўя з мэтай русіфікацыі беларусаў, палякаў і іншых. Асабліва гэтыя акцыі ўзмацняліся пасля задушэння лістападаўскага 1830-31 гг. і студзеньскага 1863-64 гг. паўстанняў.
Пры вывучэнні гісторыі праваслаўя заўсёды важнымі і актуальнымі з’яўляліся сацыяльна-эканамічныя бакі. Найбольшую інфармацыю дазваляюць атрымаць розныя інвентарныя апісанні, статыстычныя характарыстыкі і картаграфічныя матэрыялы, якія належалі цэрквам і манастырам. Акрамя ўжо згаданых фондаў 135; 853; 1; 2 багатым на падобнага характару дакументы з’яўляецца фонд Гродзенскае губернскае кіраўніцтва земляробства і дзяржмаёмасці (ф. 31). Напрыклад: прыёмны інвентар населенага маёнтка, які належаў Сямятыцкай праваслаўнай царкве і быў складзены ў 1850 г.; апісанне царкоўнай зямлі і пабудоў Свята-Мікалаеўскай і Свята-Троіцкага храмаў у Драгічыне за 1853 г.; маёмасць і планы зямлі Самагрудскай Петра-Паўлаўскай праваслаўнай царквы ў Сакольскім павеце за 1866 год; дакументы, якія сведчаць аб ліквідацыі цераспалосіцы паміж казённай, царкоўнай і сялянскай землямі ў Бельскім, Драгічынскім, Кляшчэлеўскім, Беластоцкім, Сакольскім благачыннях і іншыя.
Не менш цікавым з’яўляецца і фонд Гродзенская губернская чарцёжная (ф. 11). Яго спецыфічнасць у вялікай колькасці тэхнічнай дакументацыі: карт, планаў, схемаў, межавых кніг, геадэзічных апісанняў зямельных надзелаў, населеных пунктаў і г.д., у прыватнасці, царкоўных уладанняў. Там знаходзім планы зямель праваслаўных цэркваў у вёсках Патока, Кажаны, Тапаляны Беластоцкага павета за 1845-1848 гг.; справы аб землях праваслаўных цэркваў Бельска за 1850 г. і 1853 г.; перапіска чыноўнікаў губернскай чарцёжнай з сакольскім павятовым землямерам аб вымярэнні зямель, якія належалі Праваслаўнай царкве за 1846-47 гады і іншыя.
Значным дапаўненнем да матэрыялаў з фонду 97 па пытаннях архітэктуры праваслаўных храмаў, іх будаўніцтва і рамонту з’яўляюцца дакументы з фонду Будаўнічае аддзяленне Гродзенскага губернскага праўлення (ф. 8). Гэта перапіска паміж названым Будаўнічым аддзяленнем і Царкоўна-Будаўнічай прысутнасцю аб складанні, зацверджанні і рэалізацыі праектаў і каштарысаў мураваных і драўляных цэркваў у Харошчы, Заблудаве, Дайлідах Беластоцкага павета; Бельску, Градзіску, Цеханоўцу, Нарве, Косьнай, Наройках Бельскага павета; Клімаўцы, Вярхлессі, Васількаве, Кузніцы, Новай Волі, урочышчы Святая Вада Сакольскага павета. У большасці архіўных спраў маюцца планы і малюнкі будынкаў.
У канцы хочацца адзначыць, што на вялікі жаль, у НГАБ не сфармаваўся асобны фонд Супрасльскага праваслаўнага манастыра. Больш таго, раскіданыя па розных зборах дакументы вельмі абмежаваныя і маюць агульнастатыстычны і эканамічны характар. Яны датуюцца сярэдзінай і другой паловай ХІХ ст. Гэта рэвізія фінансавых сродкаў манастыра за 1865 г. (ф. 23, воп. 1, спр. 7); прашэнні ігумена Супрасльскага Благавешчанскага манастыра ад 1871-1873 гг. на права лавіць рыбу ў рэках Нарва і Лохвіца і прадстаўленне ў арэнду млына ў маёнтку Рантаўцы (ф. 1, воп. 14, спр. 1080); план земляў, якія былі адведзены манастыру ў 1850 годзе (ф. 11, воп. 6, спр. 449). Аднак гэтым не могуць быць вычарпаны крыніцы па гісторыі манастыра ў Супраслі, які заўсёды з’яўляўся унікальным духоўным і культурным цэнтрам для насельніцтва Беласточчыны. Новыя архіўныя пошукі абавязкова прынясуць чарговыя адкрыцці па гэтай тэме.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|