БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 9

Даследаванні дзяржаўнай адміністрацыяй Гродзенскай губерні этнічнага складу Сакольскага павета ў другой палове XIX — на пачатку ХХ ст.ст.

Сяргей Токць
(Гродна)

Для забеспячэння паспяховасці сваёй палітыкі ў „Заходніх” губернях, асабліва ў сферы рэлігійнага і нацыянальнага жыцця, уладам Расійскай імперыі патрэбна было валодаць звесткамі пра этнічна-канфесійны склад мясцовага насельніцтва. З гэтай мэтай дзяржаўная адміністрацыя праводзіла перыядычныя статыстычныя даследаванні, якія ў вялікай ступені выконвалі не толькі інфармацыйную ролю, але таксама служылі для ідэалагічнага забеспячэння ўрадавых мерапрыемстваў. Таму навуковы аналіз як вынікаў такіх даследаванняў, так і механізму і перыядычнасці іх правядзення, з’яўляецца вельмі важным для гістарычнага вывучэння этна-канфесійных працэсаў на тэрыторыі беларуска-польскага памежжа ў часы Расійскай імперыі.

Сакольскі павет быў уключаны ў склад Гродзенскай губерні з 1843 г. Якраз у верасні гэтага года Расійская акадэмія навук звярнулася да гродзенскага губернатара з просьбай даслаць звесткі пра „нярускае” насельніцтва губерні. Апошні ў сваю чаргу прадпісаў паліцэйскім земскім спраўнікам і гараднічым даставіць спісы „іншародцаў” з падзелам на асобныя народы і ўказаннем населеных пунктаў, дзе тыя пражывалі. Аднак мясцовыя чыноўнікі не мелі ні жадання, ні дастатковай дасведчанасці, каб выканаць гэтыя заданні. Сам тэрмін „нярускае насельніцтва” ў тагачасных рэаліях быў малазразумелым для мясцовых чыноўнікаў. Сакольскі гараднічы Хадаровіч толькі паведаміў у Гродна, што тут „са старажытных часоў населены прускія падданыя (...) дзеці іх ужо тут народжаны і чужыя нават да нямецкай мовы”1.

Аднак ужо ў 40-х гадах XIX ст. праводзіліся дастаткова сур’ёзныя даследаванні этнічнага складу жыхароў Гродзенскай губерні. Вядомы даследчык Павел Баброўскі змясціў у сваіх „Матэрыялах для геаграфіі і статыстыкі...” статыстычныя даныя, якія сабраў паводле яго слоў у 1848 г. нехта Парчэўскі, але сам выдаць не змог. Згодна гэтым даным у Гродзенскай губерні большасць насельніцтва складалі „рускія”, якіх налічвалася 706,5 тысячы, ці каля 78,6%. Мясцовае насельніцтва, што размаўляла на беларускай і паляшуцкай мовах, Парчэўскі далучаў да рускага народа незалежна ад веравызнання, а яго мову — да разраду гаворак. Палякаў, якія „размаўляюць на польскай мове і вызнаюць рыма-каталіцкую веру” Парчэўскі налічваў па ўсёй губерні 82 689 душ, ці 9,25% ад усяго насельніцтва. У Сакольскім павеце палякі, паводле Парчэўскага, жылі ў 23 шляхецкіх ваколіцах і 35 урочышчах. Таксама тут налічвалася 189 душ татарскага насельніцтва2. Ад гэтых лічбаў прынцыпова не адрозніваюцца даныя губернскага статыстычнага камітэта за 1859 г., якія былі сабраны мясцовай урадавай адміністрацыяй. Згодна з імі насельніцтва Сакольскага павета размяркоўвалася „па племенам” наступным чынам: рускіх — 52 811 (78,6%), палякаў — 7 500 (11,2%), татараў — 132 (0,2%), нямецкіх каланістаў і іншаземцаў — 380 (0,5%), яўрэяў — 6 203 (9,5%)3. Аднак такое бачанне этнічнай структуры зусім не адлюстроўвала погляды і этнастэрэатыпы самога насельніцтва, аб чым выразна засведчылі даныя так званых „прыхадскіх спісаў”, якія з ініцыятывы ўрада і члена Расійскай акадэміі навук П. Кепэна былі сабраны прыхадскім духавенствам. Адносна Сакольскага павета даныя азначанага даследавання выглядалі так: праваслаўных беларусаў — 1 305, велікарусаў — 18 328, палякаў — 9 890, літоўцаў — 65 370, яўрэяў — 6 203, татараў — 1 772 асобы4. Натуральна, што гэтыя лічбы адлюстроўвалі ў першую чаргу гістарычныя погляды і палітычныя сімпатыі саміх святароў, а не рэальны этнічны склад насельніцтва.

З 60-х гадоў XIX ст. цікавасць царскіх уладаў да этнічнай праблематыкі на беларускіх землях узрасла, паколькі нацыянальныя пытанні ўсё больш пачыналі набываць палітычнае значэнне. Сярод беларускага сялянства, вызваленага рэформай 1861 г. ад прыгону, раней ці пазней павінны былі распачацца працэсы фармавання нацыянальнай свядомасці, аб чым сведчыў прыклад іншых народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. На падставе даследаванняў рэлігійнага і этнічнага складу сялян памешчыцкіх маёнткаў, выкліканых урадавай кампаніяй будаўніцтва праваслаўных храмаў, а таксама паводле даных тых жа прыхадскіх спіскаў і інфармацыі, сабранай афіцэрамі Генштаба, былі выдадзены ў 1863 г. этнаграфічныя атласы Рыціха і Эркерта, якія акрэслівалі этнічныя межы беларусаў. Беларусы тут ужо адрозніваліся ад велікарусаў і маларусаў як этнічная супольнасць.

У 1867 г., напярэдадні прыняцця закона аб усеагульным воінскім абавязку, Рускім геаграфічным таварыствам было праведзена абследаванне насельніцтва еўрапейскай Расіі, дзе вызначалася этнічная прыналежнасць на падставе роднай мовы. Патрэбную інфармацыю дасылалі ў статыстычныя камітэты паліцэйскія чыноўнікі, прычым апошнія ў сваіх справаздачах часта ўжывалі назву „западна-русы” адносна беларускага насельніцтва. Але губернскія чыноўнікі яе замянялі тэрмінам „беларусы”. Вылучэнне беларусаў у асобную этнічную групу сведчыла аб частковым прызнанні расійскай уладай іх народавых адрозненняў і немагчымасці хуткай моўнай і культурнай уніфікацыі з велікарускім насельніцтвам. Сакольскі спраўнік паведамляў у Гродна, што ў яго павеце „суцэльнае беларускае насельніцтва, якое размаўляе сапсаванай рускай мовай”5. Паводле азначаных даных жыхары Сакольшчыны без павятовага горада размяркоўваліся па нацыянальнасцях наступным чынам: велікарусы — 13, беларусы — 66 377, палякі — 2 500, немцы — 81, яўрэі — 5 900, татары — 89, цыганы — 25. У самой жа Саколцы нацыянальная структура выглядала так: велікарусы — 20, беларусы — 2 152, немцы — 21, яўрэі — 1 471, татары — 18.

Урад і далей падтрымліваў правядзенне этнаграфічных даследаванняў паводле распрацаваных Рускім геаграфічным таварыствам спецыяльных праграм. Да збору інфармацыі далучаліся новаўтвораныя дзяржаўныя структуры — сельскае настаўніцтва і міравыя пасрэднікі. У 1889 г. сябар Рускага геаграфічнага таварыства Вальтэр звярнуўся да гродзенскага губернатара з просьбай сабраць і даслаць у Санкт-Пецярбург звесткі пра этнічны склад насельніцтва6. Пры гэтым ён распрацаваў спецыяльныя апытальныя лісты, у якіх патрэбна было фіксаваць назвы населеных пунктаў на афіцыйнай мове і на мове саміх жыхароў, назвы рэк і азёраў, колькасць жыхароў, колькасць гаспадарак, „племянную” прыналежнасць і хатнюю мову. Акрамя таго неабходна было падзяліць насельніцтва па веравызнаннях адносна „племені” і ўказаць колькасць пісьменных. Прадугледжвалася, што жыхары могуць быць пісьменнымі на рускай, польскай ці літоўскай мовах. Губернатар прадпісаў паліцэйскім спраўнікам сабраць гэтую інфармацыю. Сакольскі спраўнік 26 верасня 1889 г. выслаў запоўненыя анкеты ў Гродзенскі статыстычны камітэт, але ў архіўных матэрыялах камітэта яны намі не знойдзены.

У гістарычнай літаратуры асабліва часта спасылаюцца на вынікі першага агульнаімперскага перапісу насельніцтва 1897 г. падчас якога самі жыхары ў апытальных лістках павінны былі назваць сваю родную мову. Паводле перапісу насельніцтва Сакольскага павета размяркоўвалася па роднай мове: велікарусаў — 1 973, маларусаў — 477, беларусаў — 92 645, палякаў — 1 273, іншых — 14 777 асоб7. У самой Саколцы нацыянальны склад быў такім: велікарусаў — 1 642, маларусаў — 471, беларусаў — 1 536, палякаў — 633, іншых — 3 316.

Але ўжо ў хуткім часе мясцовыя ўлады пачынаюць новыя даследаванні ў гэтым кірунку. У выніку рэвалюцыйных падзей 1904—1907 гг. царскі ўрад пайшоў на пэўную лібералізацыю сваёй палітыкі адносна нацыянальных і рэлігійных меншасцей, што выклікала значнае ажыўленне нацыянальных рухаў, у тым ліку і на беларускіх землях. На гэта вымушаны былі рэагаваць і мясцовыя ўлады. Ужо ў 1904 г. адміністрацыя Гродзенскай губерні праводзіць даследаванне нацыянальнага складу рымска-каталіцкіх прыходаў. У выніковых даных ўпершыню для падобных дзяржаўных даследаванняў адрозніваюцца гутарковая мова і нацыянальнасць. Але ў Сакольскім павеце згодна вынікам даследавання паводле нацыянальнасці і мовы ўсе жыхары 14 каталіцкіх прыходаў былі прызнаны беларусамі8.

Пасля выдання ў красавіку 1906 г. указа аб дазволе выкладання ў пачатковых школах польскай і літоўскай моў адміністрацыя Гродзенскай губерні праводзіць з дапамогай народных настаўнікаў даследаванне этнічнага складу Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў9. Фактычна мэтай даследавання з’яўляўся доказ беларускай прыналежнасці мясцовага насельніцтва і адмова праз гэта ўвядзення ў школах польскай мовы. Адпаведна іх вынікам у Сакольскім павеце беларусаў паводле нацыянальнасці налічвалася 32 216, палякаў — 1 767. У той жа час у хатнім побыце беларускую мову ўжывалі 31 088, а польскую — 1 545. Частка беларусаў і палякаў, асабліва ў гарадах, паводле даследавання перайшла на велікарускую мову. У Саколцы насельніцтва па нацыянальнасці размяркоўвалася наступным чынам: велікарусаў — 1 658, маларусаў — 571, беларусаў — 1 736, палякаў — 633, яўрэяў — 2 948, іншых — 454 асобы10. Тыя ж лічбы былі прыведзены адносна роднай мовы, толькі велікарусаў і маларусаў аб’ядналі ў адну графу з рускай мовай.

Аднак гэтыя даныя ўяўлялі сабой вельмі спрошчаную схему, якая не адлюстроўвала складаныя этнічныя працэсы, што адбываліся на Сакольшчыне. Больш рэальную карціну дае аналіз паведамленняў, якія дасылалі ў губернскі статыстычны камітэт народныя настаўнікі. А там часта сустракаліся запісы наконт размоўнай гаворкі сялян, як, напрыклад, адносна жыхароў Чорнастаеўскай і Дабрынеўскай сельскіх грамадаў і заштатнага горада Карыціна: „(...) уяўляе сабой сумесь рускай (беларускай) і польскай, але бліжэй падыходзіць да польскай. Акцэнт мазурскі”11. У выніковых запісах жыхары такіх вёсак далучаліся да беларусаў з беларускай хатняй мовай. У вёсках Багнаўскай воласці настаўнік налічваў некалькі дзесяткаў жанчын-полек, якія выйшлі замуж за мясцовых сялян. Адносна іх сустракаюцца наступныя запісы: „Усе жыхары гавораць па-беларуску, хоць прышлыя з Царства Польскага жанчыны, як мацяркі дзяцей, унеслі часткова ў свае сем’і скалечаную польскую мову, якая з цягам часу замяняецца беларускай (...) яны (палякі — С. Т.) не толькі ніякага ўплыву на насельніцтва ў сэнсе мовы не маюць, але і самі праз некаторы час пачынаюць гаварыць на мясцовай мове”12. Паведамленні настаўнікаў адлюстроўвалі ў пэўнай ступені і іх уласны ўзровень нацыянальнай свядомасці. Настаўнік Домбраўскага прыхадскога вучылішча Чаквін паўсюдна ўжывае адносна беларускай мовы тэрмін „белорусское наречіе”, а носьбітаў гэтага „наречія” разам з тымі, хто размаўляў па-велікаруску, далучае да рускай нацыянальнасці. Настаўнік Навадворскага прыхадскога вучылішча Мікалай Фамін ужываў тэрмін „простой белорускій язык”. Разам з тым азначаныя матэрыялы выразна сведчаць аб распаўсюджванні ўжо польскай нацыянальнай свядомасці сярод мясцовага каталіцкага насельніцтва. Сустракаюцца заўвагі, што хоць жыхары размаўляюць па-беларуску, але „некаторыя асобы імкнуцца пераймаць польскую гутарковую мову”13. І даволі часта сустракаюцца запісы, што „дзеці ў сябе дома вучаць пераважна польскую мову” альбо „ў народнае вучылішча не пасылаюць з той прычыны, што не выкладаецца польская мова”14. Інспектар Сакольскага гарадскога вучылішча адзначыў наконт гэтага: „(...) беларусы-каталікі лічаць сябе палякамі і размаўляюць паміж сабой па-беларуску і па-польску”15. Такім чынам, канчатковыя даныя азначанага даследавання, да якіх апелявала дзяржаўная адміністрацыя, адлюстроўвалі найперш этнічную структуру насельніцтва, але не ўлічвалі працэсы нарастаючай асіміляцыі мясцовага сялянства, факты пра якую, змешчаныя ў лістах настаўнікаў, губернскія чыноўнікі не ўключалі ў абагульняючыя выніковыя дакументы. На падставе гэтых дакументаў улады адмаўлялі просьбам каталіцкага насельніцтва аб увядзенні польскай мовы ў школу.

Такі ж падыход да нацыянальнага пытання на Сакольшчыне выразна прасочваецца ў статыстычных даных пра нацыянальны склад насельніцтва, якія змяшчаліся ў статыстычных аглядах губерні пасля 1910 г. У аглядзе за 1911 г. прыведзены наступныя лічбы адносна этнічнага складу насельніцтва Сакольскага павета без уліку гарадоў: маларусаў — 1, беларусаў — 100 762, палякаў — 2, яўрэяў — 1 074, іншых — 173. У гарадах гэтыя лічбы размяркоўваліся: беларусаў — 12 644, велікарусаў — 6, маларусаў — 1, яўрэяў — 12 403, іншых — 155 асоб16. Такім чынам, палякі амаль увогуле тут знікаюць як нацыянальная група. Але палітычная накіраванасць такой статыстыкі становіцца ўжо відавочнай.

Streszczenie

Powiat sokólski znalazł się w obrębie gubernii gorodzieńskiej w 1843 r. W końcu XIX wieku białoruskojęzyczni mieszkańcy powiatu stanowili niemal 80 procent ludności. Polityka władz carskich zmierzała do wykazania, że miejscowi Białorusini stanowili część narodu wielkoruskiego. Ogromna rolę do spełnienia w tym względzie miała administracja państwowa.

Summary

The Sokólski powiat was included in the Grodno gubernya in 1843. By the end of the 19th century the Belarusian-speaking residents of the powiat amounted to almost 80 percent of its population. The policy of the tsarist authorities intended to prove that the local Belarusians constituted a part of the Great Russian people. State administration was to play a great role in this task.


1 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне (далей: НГАБ у Гродне), фонд 1, вопіс 20, справа 1109, аркуш 27.
2 П. Бобровский, Материалы для географии и статистики России собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния. Приложение, Санкт-Петербург 1864, с. 158-159.
3 Там жа, с. 155.
4 И. Столпянский, Девять губерний Западно-Русского края в топографическом, географическом, статистическом, экономическом, этнографическом и историческом отношениях, Санкт-Петербург 1866, с. 53.
5 НГАБ у Гродне, ф. 14, воп. 1, спр. 601, арк. 7.
6 НГАБ у Гродне, ф. 14, воп. 1, спр. 133.
7 Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г., ч. XI, Гродненская губерния.
8 НГАБ у Гродне, ф. 1, воп. 18, спр. 971, арк. 4.
9 НГАБ у Гродне, ф. 1, воп. 18, спр. 1097.
10 НГАБ у Гродне, ф. 38, воп. 3, спр. 1, арк. 88.
11 Там жа, арк. 4, 56, 89.
12 Там жа, арк. 20, 26.
13 Там жа, арк. 67.
14 Там жа, арк. 8, 63, 89.
15 Там жа, арк. 88.
16 Обзор Гродненской губернии за 1911 год, Гродно 1911.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія