|
Віктарын Кучыньскі і яго „Успаміны”
Альбіна Семянчук
(Гродна)
У нашыя часы, калі апублікаваны амаль усе дзённікі і мемуары вядомых і малавядомых дзеячаў, усё цяжэй знайсці і ўвесці ў навуковы ўжытак новую наратыўную крыніцу ХVII-XVIII ст.ст. Таму сапраўднай удачай можна лічыць адкрыццё ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея „Успамінаў Віктарына Кучыньскага, падляшскага каштэляна” (1668-1737). Аб яго існаванні было вядома ў ХVIII і ХІХ ст.ст.: яго бачылі і карысталіся ім некаторыя даследчыкі. Напрыклад, Зыгмунт Глогер апублікаваў фрагменты запісаў В. Кучыньскага („Kronika Rodzinna” Warszawa, 1893, ss. 259-262). Але сляды арыгіналу „Успамінаў” загінулі. Копію яго зрабіў у свой час нашчадак Віктарына Кучыньскага М. Стажэньскі. У яго маёнтку ў Навадворах ён і захоўваўся (Polski Słownik Biograficzny, t. XVI, s. 96).
Рукапіс апраўлены ў скураную вокладку памерамі 16 х 21 см. Тэкст напісаны цёмна-карычневымі чарніламі са старонкі 3 да старонкі 272 з абодвух бакоў ліста. Тэкст „Успамінаў” канчаецца на 227 старонцы. На наступнай старонцы, памылкова пранумераванай таксама 227, знаходзяцца нататкі капіста, магчыма, М. Стажэньскага. На форзацы той жа самай рукой што і ўвесь рукапіс напісана: „Michał Starzeński 1935 r.” З нататкі Стажэньскага даведваемся: „Свае ўспаміны Віктарын Кучыньскі Каштэлян Падляшскі пісаў да канца жыцця, калі памёр 22 ліпеня 1737, паводле пахавальнай прамовы пад назвай „Жывая памяць...” кс. Дахтаровіча. Рэшткі яго разам з рэшткамі яго брата Марціна, Бельскага харужага, былі пахаваны ў касцёле бенедыктынак у Драгічыне, дзе таксама знаходзіцца скромны саркафаг. Каля 1840 г., пасля закрыцця гэтага касцёла, рэшткі гэтыя былі перанесены да парафіяльнага касцёла ў Кныхуўку. Акрамя сыноў, пералічаных на с. 216, каштэлян меў трэцяга па парадку сына ксяндза Стэфана Куч., езуіта, прэфекта Драгічынскага калегіума” (с. 227).
На адваротным баку фарзаца ўклеена гравюра з партрэтам Віктарына Кучыньскага, выразаная з нейкага іншага выдання. Яна ўяўляе з сябе авальны партрэт, пад ім герб Слепаўрон у картушы, вакол партрэта надпіс: „Sue camerarius Terri Drogiciensis Illustris Magnificus Dominus Victorin Kuczynski”. Над галавой дэвіз: „Hac sunt put herrima Vincula pacis”. З левага боку, на штандары з выявай гербу Слепаўрон надпіс: „Iternas notat ore triumphos”, з правага — „Digna in astra referri”. Унізе, пад гербам, надпіс: „Lechiadum facies, veteri frons digna Senatu sangvine quam proprio Regius ornat Honor Summa fides vultum praeclara modestia frontem complet; quod totum fit probitatis opus”. Партрэт аздабляюць выявы кніг, пяра, а таксама рыцарскіх даспехаў, што павінна сімвалізаваць прыхільнасці і заняткі аўтара „Успамінаў”. Тытульны ліст таксама аздабляе лацінскі выраз: „Cursus hominis hora certa coeptus, incerta finiendus, anno Domini 1690, d. 4 Decembris ad scribendum in eptus. W Klukowie w r. 1723”.
На старонках 228-249 змешчаны анэкс І, у якім на с. 228 пачынаецца „Memoryał połroczny do gospodarstwa ordynaryjnego od Świętego Wojciecha do Świętego Marcina”, за ім ад с. 241 да с. 249 ідзе „Memoryał połroczny do gospodarstwa ordynaryjnego od Świętego Marcina do Świętego Wojciecha”. На старонках 250-251 змешчаны анэкс ІІ да стар. 110 „Ossolińscy w XVIII wieku”, на старонках 252-267 — анэкс ІІІ „Kilka danych o gospodarstwie pańszczyźnianem”, на старонках 268-272 — анэкс IV „Rezydencya Pamiętnikarza”.
„Успаміны” уяўляюць з сябе вельмі каштоўную крыніцу інфармацыі не толькі па гісторыі адной сям’і, але гісторыі Рэчы Паспалітай 80-х гадоў XVII — 30-х гадоў XVIII ст.ст. Шмат месца ў ім адведзена гаспадарчай дзейнасці Віктарына Кучыньскага, яго ўдзелу ў палітычным жыцці дзяржавы і падляшскага рэгіёна, падзеям Паўночнай вайны. Таму ён можа быць цікавы даследчыкам палітычнай, гаспадарчай і вайсковай гісторыі, таксама як і даследчыкам побыту, звычаяў і нораваў шляхты XVII-XVIII ст.ст.
Для Падляшша постаць Віктарына Кучыньскага адна з найцікавейшых. Ён жыў і дзейнічаў у вельмі складаныя і цяжкія часы, але лёс яго і ягонай сям’і насуперак абставінам аказаўся не вельмі трагічным, даволі ўдалым.
Род Кучыньскіх герба Слепаўрон вядомы на Падляшшы. У XVII-XVIII ст.ст. пасля Браніцкіх і Асалінскіх ён тут, бадай, самы знакаміты. Б. Папроцкі ў сваіх „Гербах рыцарства польскага” яшчэ не ўзгадвае сярод слепаўроньчыкаў Кучыньскіх. С. Касакоўскі, прадстаўнік іншага славутага на Падляшшы роду, у сваіх „Гістарычна-генеалагічных манаграфіях” ужо ўзгадвае, што Кучыньскія паходзяць ад Флярыяна з Гансярова, які, атрымаўшы ад вялікага князя літоўскага Вітаўта за заслугі маёнтак Кучын на Падляшшы, пачаў пісацца Кучыньскім (S. Kossakowski, Monografie historyczno-genealogiczne, Warszawa 1860, t. II, s. 338). К. Нясецкі называе іншыя варыянты прозвіша — Куцінскі, Курчыньскі. Як бы ні было, сапраўдным патрыярхам гэтага роду можна лічыць Валянціна Кучыньскага — падстарасту, суддзю гродскага драгічынскага (с. 3, спасылкі на вышэйзгаданы рукапіс „Успамінаў”). Ён выводзіўся з дробнай шляхты (бацька Аляксандр, маці Ядвіга з Свіналэнскіх), але дзякуючы сваёй кемлівасці і гаспадарчаму спрыту, значна павялічыў маёнтак, які дастаўся яму ў спадчыну па бацьку і стрыечным браце Станіславе — часткі Клюкава, Капланаў і Траянова. Перад смерцю ён валодаў усім Клюкавам і Кучынам з ваколіцамі (PSB, t. XVI, s. 95). Валянцін Кучыньскі досыць актыўна займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю: у 1648 годзе падпісаў элекцыю Яна Казіміра ад Нурскай зямлі, у 1661 г. быў лоўчым, у 1662 г. — падстарастам, потым падсудкам, а ў 1674 г. — драгічынскім гродскім суддзёй, неаднаразова быў паслом ад Падляшскага ваяводства на сеймы (1674, 1676, 1677), у 1687 г. быў прызначаны дэпутатам на Люблінскі Трыбунал. Тут, падчас выканання сваіх абавязкаў, 7 кастрычніка 1688 г. ён і памёр. Валянцін Кучыньскі распачаў весці запісы аб сваім жыцці і гаспадарчай дзейнасці, яго нататкі працягваў старэйшы сын Віктарын.
Маці Віктарына, другая жонка Валянціна Кучыньскага, — Іаанна Немяжанка, дачка Яна Нямеры, падляшскага стольніка, — таксама паходзіла з вядомага на Падляшшы роду. Яе дзед, Войцех Нямера, быў падляшскім ваяводам (с. 3).
Віктарын Кучыньскі нарадзіўся 28 лютага 1668 года, ахрышчаны ў кучынскім касцёле. Да школы хадзіў у Драгічыне, потым у Ломжы. У 1682 і 1683 гг. вучыўся ў Рэшлі, у Бронцбэрку „слухаў Туліўшовай эляквэнцыі”. У 1684 г. паехаў у Люблін вывучаць філасофію. Скончыў сваю адукацыю ў Кракаве, „дзе рознымі навукамі займаўся” (с. 5). Аўтар „Успамінаў” нічога не піша пра сваю вучобу за мяжой, як паведамляе Польскі біяграфічны слоўнік (t. XVI, s. 96). Пасля заканчэння агульнага курсу навук, з 1686 г. ён на практыцы пачаў спасцігаць „айчынныя правы” ў Драгічынскай канцылярыі (быў сусцэптантам гродскім). У 1687 г. ён стаў інстыгатарам Пётркоўскага Трыбунала. У 1690-1691 гг. Віктарын Кучынскі меў некалькі судовых працэсаў: з роднай сястрой Яўхіміяй Алендзкай за Кучын, з сваячніцай Ягоцкай за частку Грушнева і Дражнева, з сваячніцай Вышыньскай за Клюкаў. Аднак, як адзначае аўтар „Успамінаў”, не пакідаў публічнага жыцця, „на ўсіх сейміках бываў, на скарбовых судах Драгічынскай зямлі ў функцыі суддзі дэпутата засядаў”. У 1692 г. атрымаў прывілей на Мельніцкае лавецтва ад караля Яна ІІІ (с. 11).
Нягледзячы на судзебныя цяжбы і публічныя абавязкі Віктарын Кучыньскі не забываўся „прымнажаць фартуну”. У 1691 годзе набыў часткі на Каплані ад Нікадэма Сабалеўскага, на Кучыне і Траянове ад Анджэя Костра, на Траяноўку ад Войцеха Кучыньскага; у 1693 годзе — Віхова і іншыя кавалкі ад Францішка Пенткі, драгічынскага каморніка і часткі на Кострах, Кучыне, Траянове, Бызях ад Таркоўскіх; у 1694 г. выкупіў Стакавіска ад Крыстыны Маркоўскай (с. 12); у 1709 г. за 61 000 злотых ад пана Бутлера, старасты драгічынскага купіў Градзіск (с. 104).
Пасля смерці караля Яна ІІІ В. Кучыньскі вельмі актыўна дзейнічаў на Драгічынскім перадканвакацыйным сейміку. У 1697 г. падпісаў элекцыю Аўгуста ІІ з Мельніцкай зямлёй, але падчас Паўночнай вайны перайшоў на бок Ляшчыньскага, які начаваў у яго маёнтку Клюкаў у кастрычніку 1708 года, ідучы з Тыкоціна на аб’яднанне са шведскім войскам. У 1710 г. В. Кучыньскі падпісаў генеральны акт Сандамірскай канфедэрацыі і пасля прызнання Аўгуста ІІ пачаў хутка прасоўвацца па іерархічнай лесвіцы: у гэтым жа годзе стаў мельніцкім падстолім, у 1711 годзе — драгічынскім гродскім суддзёй, 15 красавіка 1712 года — мельніцкім харужым, у 1717 г. увайшоў у склад суда „супраць шведскіх адгэрэнтаў (прыхільнікаў)” (PSB, t. XVI, s. 96). Некалькі разоў ён быў дэпутатам ад Падляшша на Каронны Трыбунал. У 1730 годзе быў паслом на Гродзенскі сейм, 20 кастрычніка атрымаў падляшскую каштэлянію (прысягу склаў 1 мая 1732 г. у Варшаве). Пасля смерці караля Аўгуста ІІ 1 лютага 1733 г. наступіла бескаралеўе. Зноў В. Кучыньскі з сынамі выступіў на баку Станіслава Ляшчыньскага, што паслужыла прычынай разбурэння яго маёнткаў і арышту сына Мікалая расійскімі войскамі ў 1735 годзе (с. 218).
Руплівы гаспадар штогод уласнымі суднамі Нурцам і Бугам вазіў жыта ў Гданьск, дзе ў арандаваных складах трымаў яго да лепшых часоў, калі кошты на жыта былі больш высокімі, як, напрыклад, у 1709 годзе, калі быў неўраджай збожжа. Меў таксама добрую рыбную гаспадарку. З глінніцкіх лясоў каля Браньска сплаўляў дуб у Гданьск, а ў 1731 годзе ў Хаботках паставіў водны тартак (с. 198). Неаднаразова пазычаў грошы такім магнатам як Радзівілы, Браніцкія (с. 205), Сапегі ды іншыя (с. 223). Віктарын Кучыньскі фундаваў касцёл і кляштар бенедыктынак у Драгічыне (1734), дамініканцаў у Кшесліне (1735) (с. 225). У 1734 г. паставіў палац у Карчэве, які праектаваў надворны архітэктар Радзівілаў Канцэні Боні (PSB, t. XVI, s. 96).
Віктарын Кучыньскі ажаніўся ў 1 чэрвеня 1698 г. з Анеляй Хандзіньскай, дачкой Яна Хандзіньскага, падстолія Драгічынскай зямлі. Яны мелі дзвюх дачок: Марыянну і Барбару, — і пяць сыноў: Яна, мельніцкага падкаморыя, Стэфана, рэктара езуіцкага калегіума ў Драгічыне, Мікалая, драгічынскага падстолія, Казімежа, бельскага падкаморыя, і Леона (яшчэ два сыны памерлі ў дзяцінстве — Людвік, нарадзіўся ў 1708 г. і памёр у 1712 г., Францішак памёр у 1709 г.). Паміж 4 з іх у 1733 годзе ён падзяліў свае ўладанні, дазволіўшы ім самім выбраць удзелы, у 1734 годзе ўдакладніў папярэдні падзел (с. 216).
Згодна анэксу IV, можна меркаваць, што аўтар успамінаў жыў ад 1689 да 1723 г. у Клюкаве, потым, да 1728 г. — у Стэрдыні, пасля чаго пераехаў да Карчэва, дзе, як было сказана напачатку, памёр 22 ліпеня 1737 г. Аўтар гэтага анэксу (хутчэй за ўсё — М. Стажэньскі) меў пад рукой інвентар Клюкава 1689 г., складзены пасля смерці бацькі Віктарына Кучыньскага, а таксама інвентар гэтага ж маёнтка 1756 года, складзены пасля смерці сына апошняга. Ён адзначае вялікую розніцу заможнасці ўладальнікаў маёнтка і прыводзіць скарачэнне апошняга інвентара. На гэтым канчаецца копія „Успамінаў” Віктарына Кучыньскага з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|