|
Гродзенскі гурток беларускай моладзі і Сакольшчына
Аляксей Пяткевіч
(Гродна)
Уздым беларускага вызваленчага руху на пачатку ХХ ст. выявіўся, акрамя ўсяго іншага, у масавай патрыятычна-асветнай дзейнасці на нацыянальнай ніве шматлікіх гурткоў і таварыстваў. Такі гурток працаваў у Гродне ў 1909-1914 гг. і называўся Гродзенскі гурток беларускай моладзі (ГГБМ). Яго сябры, стараючыся развіваць беларускую свядомасць і годнасць людзей, ладзілі традыцыйныя для таго часу грамадска-культурныя акцыі: на сваіх сходах чыталі беларусазнаўчыя рэфераты, ставілі спектаклі на роднай мове, дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў, прэзентавалі музычныя праграмы на нацыянальным матэрыяле з удзелам струннага аркестра, хору, салістаў, дуэтаў. Неаднаразова выязджалі са спектаклямі і канцэртамі на вёску, распаўсюджвалі беларускія кнігі. Самых меншых гурткоўцаў вучылі беларускай мове. І ўсё гэта ўласнымі сіламі. ГГБМ трымаў сувязі з Вільняй і Пецярбургам і жыў напружаным і цікавым жыццём.
Характэрна, што найбольшую актыўнасць праявіла ў працы гуртка, склала, па сутнасці, яго патрыятычна-творчае ядро група гімназістаў і школьнікаў, якія паходзілі з Сакольскага павета. Тлумачачы гэтую акалічнасць, Зоська Верас, вядомая беларуская культурная дзяячка, што была адным з арганізатараў гуртка, звяртае ўвагу на высокі ў той час узровень нацыянальнай свядомасці ў насельніцтва Сакольшчыны. У лісце да аўтара гэтых радкоў (ад 14.02.1972 г.) яна пісала: „Там у нас пад Сухаволяй, Новым Дваром, Кузніцай вёскі былі пераважна каталіцкія, а яны, хоць веру сваю называлі польскай, але сябе не называлі палякамі, а „тутэйшымі” і мову сваю — „тутэйшай”, і як бы розныя цяперашнія гісторыкі ні круцілі, абсалютна не былі спаланізаваныя. Моцна трымаліся сваёй мовы, сваіх звычаяў”. У іншым лісце (ад 15.03.1979 г.), згадваючы пра гурткоўцаў з Сакольшчыны, якія праз усё жыццё пранеслі адданасць беларускаму слову, нягледзячы на тое, што зведвалі змены ўладаў, жылі далёка ад бацькаўшчыны, служылі на розных пасадах, піша: „Вось дзе захаваўся моцны беларускі дух, можна пазайздросціць. А мне можна з чыстым сэрцам ганарыцца маімі сакольскімі сябрамі”.
Не выпадкова і выезды гуртка на вёску рабіліся менавіта ў гэтыя мясціны. Зімою 1911 года прывезлі спектакль „Па рэвізіі” ў маёнтак Крыштапорава з разлікам на гледачоў з Пагаранаў, Мілянкоўцаў, Вернікаў. Праз год, калі рыхтавалі „Моднага шляхцюка”, вёска Бяляны дапамагла народнымі строямі. Спектакль гэты паказалі ў маёнтку Дубніца, што належаў гродзенскаму архірэю. Сяляне з бліжэйшых вёсак — Бяляны, Хварасцяны, Стрэльчыкі — сардэчна віталі юных беларускіх артыстаў з Гродна.
Паказальна, што напярэдадні першага спектакля на вёсцы выехаў туды дзеля яго арганізацыі кіраўнік гуртка (з двума гурткоўцамі), гродзенскі ксёндз Францішак Грынкевіч, таксама з Сакольшчыны. Ф. Грынкевіч (1884-1933) працаваў прэфектам у гродзенскіх школах і двух прыватных гімназіях. Быў вікарыем у касцёле бернардынаў, і тут, у яго цеснай кватэрцы, збіраліся на першы, арганізацыйны сход гуртка. Дамовіліся стварыць сваю бібліятэку, і ксёндз адным з першых перадаў у яе фонд кнігу са сваіх збораў — „Люд беларускі” М. Федароўскага.
Роля Ф. Грынкевіча, ураджэнца мястэчка Новы Двор, у стварэнні і дзейнасці гуртка была вельмі значнай. Задума арганізацыі такога гуртка належыць яму. З. Верас прызнае, што ён першы „кінуў думку” пра беларускі гурток для гродзенскай моладзі. Праўда, тут жа агаворваецца: „Арганізаваліся то ўжо мы самі пры яго помачы”. І дадае: „Напэўна, ніякіх пабочных мэтаў у яго не было тым больш, што не ўсе мы былі яго вучнямі” (з ліста ад 14.02.1972 г.). Згаданае меркаванне толькі пацвярджае той факт, што Ф. Грынкевіч пры арганізацыі гуртка кіраваўся адной беларускай ідэяй.
Гэта быў высокаадукаваны і высокамаральны чалавек, які, паводле З. Верас, „вынес з хаты пашану да роднай мовы”. Ф. Грынкевіч скончыў у Гродне гімназію, у Вільні — каталіцкую духоўную семінарыю. Вучыўся ў духоўнай Акадэміі ў Пецярбургу, скончыў у Інсбруку (1908). З 1909 г. ён у Гродне. Быў пробашчам пры брыгідскім кляштары і тут, на яго кватэры, не раз праводзіліся рэпетыцыі і спеўкі гурткоўцаў. Ён даваў тэмы рэфератаў, распрацоўваў іх тэзісы, рыхтаваў пасяджэнні, кансультаваў. У 1912 г. кс. Грынкевіч адышоў ад працы ГГБМ. Думалі, што пад націскам касцельных уладаў, як гэта бывала. Але пасля шчыра прызнаўся, што засумняваўся ў перспектывах. Сувязяў з гуртком усё ж не страціў, даваў парады, гутарыў з гурткоўцамі. Праўда, з 1918 г. Ф. Грынкевіч прымкнуў да польскага руху, дапамагаў адкрыццю ў Гродне польскіх гімназій. Служыў ён прэфектам у рэальнай школе, з 1932 — капеланам у касцёле. Памёр у Гродне, тут і пахаваны. Магіла яго на каталіцкіх могілках і сёння добра дагледжана, хаця сваякоў тут няма. З. Верас у гэтай сувязі пісала: „Толькі пасля яго смерці людзі даведаліся, сколькі ён зрабіў добрага... Плаціў за навуку бедных вучняў, купляў ім адзежу, нават утрымліваў (карміў) сваім коштам. І ўсё гэта сакрэтна... У 1937 годзе прыязджаў да мяне адзін з былых гімназістаў спецыяльна даведацца самыя дробязі з жыцця любімага і паважанага педагога. Вось дзе сакрэт добрага догляду магілы” (з ліста ад 19.06.1985 г.).
Ф. Грынкевіч зрабіў у Гродне сваю беларускую справу. Арганізаваўшы гурток, ён з’яднаў у ім нацыянальна свядомых навучэнцаў. Сярод іх найбольш прыкметныя постаці — Адам Бычкоўскі, Язэп Лявіцкі, Адольф Зянюк, Людвіка Сівіцкая. Усе, па сутнасці, з Сакольскага павета.
Л. Сівіцкая (1892-1991), знаная пасля як Зоська Верас, прайшла вялікую дарогу, на якой ГГБМ застаўся самай светлай яе часцінай, бо тут зрабіла свой жыццёвы выбар і стала слугаваць беларушчыне як грамадскі працаўнік, выдавец, публіцыст, пісьменніца. Яна пакінула ўспаміны пра ГГБМ (хаця і сціслыя: пісаліся праз паўстагоддзя), звесткі пра сябе. З Сакольшчынай яе лучыць род маці, Эміліі Садоўскай, родавы маёнтак Альхоўнікі (бацька паходзіў з Гродна). У гэтым маёнтку з маленства яна жыла летам, звычайна з маці, бацька служыў афіцэрам. Жыла і тады, калі вучылася ў Кіеўскай камерцыйнай школе (1904-1908). У 1908 годзе, па смерці бацькі, пераехалі ў Альхоўнікі, здавалася б, назусім. Але трэба было працягваць вучобу, і праз год разам з маці перабраліся ў Гродна, дзе Л. Сівіцкая вучыцца ў прыватнай жаночай гімназіі.
Яшчэ ў 1906 годзе пазнаёмілася ў Альхоўніках са зборнікамі Ф. Багушэвіча „Дудка беларуская” і „Смык беларускі”, якія моцна ўразілі адпаведнасцю кніжнага слова жывой роднай гаворцы. У ГГБМ выконвала абавязкі бібліятэкара, выступала ў спектаклях, перакладала для сцэны гуртка п’есы польскіх аўтараў, вяла заняткі з малодшай секцыяй, займалася арганізацыяй выступленняў на вёсцы, ліставалася з Пецярбургам і Вільняю. У 1913 годзе выехала ў Варшаву, дзе вучылася на курсах садоўніцтва, агародніцтва, пчалярства. З 1915 г. — у Мінску, працавала ў бежанскім камітэце. У 1918-1923 гг. жыла ў мілых сэрцу Альхоўніках. У лісце ад 18.11.1971 г. пісала: „Я вельмі моцна была звязана з дзедавым фальваркам — Альхоўнікамі. Маю нават вершы (на жаль, па-польску), у якіх вылілася гарачае каханне да роднай зямлі... Любіла коней, гаспадарку, жала, палола, ткала, і не таму, што ад мяне гэтага вымагалі, а проста праз цікавасць”. Яшчэ ў ГГБМ сфармаваліся літаратурныя інтарэсы Л. Сівіцкай. З 1911 года друкавала вершы на роднай мове, пасля апавяданні, замалёўкі, артыкулы. У Альхоўніках інтэнсіўна рыхтавала „Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, які ўбачыў свет у Вільні ў 1924 г. Жывучы ў Вільні, працавала адміністратарам беларускіх газет, выдавала часопісы „Беларуская борць”, „Заранка”, „Пралескі”. Пасля вайны, з 60-х гадоў друкавала ўспаміны.
Блізкім паплечнікам Л. Сівіцкай быў у ГГБМ Адам Бычкоўскі (1889-1937), першы старшыня гуртка. Родам ён з маёнтка Талочкі Сакольскага павета. Калі вучыўся ў гіманазіі ў Гродне, вёў грамадска-патрыятычную работу ў сваёй ваколіцы, што прыводзіла да канфліктаў з паліцыяй. У гуртку выступаў з рэфератамі, ставіў спектаклі, чытаў са сцэны вершы. Напісаў у 1910 годзе п’есу „У сваты” (засталася ў рукапісе). Меў ён высокі аўтарытэт сярод моладзі. Паступіўшы на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта, актыўна ўключыўся ў беларускі рух, у працу Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў гэтага універсітэта, быў заняты нават у іх спектаклі „Паўлінка”. Калі скончыў універсітэт і ажаніўся, сямейная сітуацыя на нейкі час адсунула яго ад беларускіх спраў. Працуе ён суддзёй у Саколцы. Затым пераязджае ў Варшаву, дзе вядзе адвакацкую практыку. Стала выпісвае тут беларускую прэсу, сустракаецца з беларускімі дзеячамі з Вільні. У 30-я гады, калі з вялікімі цяжкасцямі стваралася Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве, А. Бычкоўскі быў юрыдычным кіраўніком гэтай акцыі. Ён сам распрацаваў статут таварыства і энергічна стараўся яго зацвердзіць праз камісарыят ураду Варшавы, Міністэрства ўнутраных спраў. Да яго часта звярталіся самыя розныя хадакі з Заходняй Беларусі ў справе юрыдычнай абароны, і ён ахвотна дапамагаў. Жыццё А. Бычкоўскага, на жаль, рана абаравалася, памёр ён ад інфаркту ў сваім службовым бюро.
Усе, здаецца, У ГГБМ любілі Язэпа Лявіцкага (1893-1916), які родам з хутара Горны Хлеўск Сакольскага павета. З. Верас пра яго выказвалася: „Вельмі здольны, працавіты, энергічны”. У гуртку ён іграў у спектаклях, маляваў да іх дэкарацыі, спяваў у хоры. Я. Лявіцкі меў бясспрэчны талент паэта, аб чым сведчаць яго вершы, апублікаваныя ў гродзенскім часопісе „Педагогическое дело” (1911, № 1; 1912, № 3) пад псеўданімам Юрка Снапко. Быў ён адным з ініцыятараў выдання (на шапірографе) літаратурнага альманаха гурткоўцаў „Колас беларускай нівы”, які выйшаў у Гродне ў 1913 г. У альманаху таксама змешчаны вершы Я. Лявіцкага. Працягваў ён пісаць і ў Пецярбургу, дзе вучыўся, пасля гродзенскай гімназіі, на прыродазнаўчым факультэце універсітэта, пасля ў Ваенна-медыцынскай акадэміі. Адсюль яго забралі ў войска і скіравалі на фронт першай сусветнай вайны. Так загінуў зусім маладым хлопец з Сакольшчыны, які мог бы стаць і высокакваліфікаваным лекарам і беларускім паэтам. Праўда, варта зазначыць, што імя Юркі Снапка ўсё ж увайшло ў сучасныя беларускія літаратурныя даведнікі.
Добра сябраваў з Я. Лявіцкім Адольф Зянюк (1895-1938), які быў апошнім старшынёй ГГБМ. Родам А. Зянюк з вёскі Сухаволя Сакольскага павета. У гуртку ўдзельнічаў у спектаклях, пісаў апавяданні. Скончыўшы гімназію ў Гродне, вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта і вельмі чынна працаваў у беларускім студэнцкім гуртку. На вечарынах у Б. Эпімаха-Шыпілы выступаў з рэфератамі (16.12.1914 г. прачытаў рэферат „Стасунак беларусаў да іх суседзяў”). У 1916 г. мабілізаваны ў войска. Скончыў у Кіеве ваенную вучэльню. Універсітэт жа скончыў ужо ў 20я гады ў Вільні. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза. З 1925 года рэдагаваў часопіс „Студэнцкая думка”. Працаваў суддзёй на Палессі, у Вільні, дзе і памёр.
Сярод сяброў ГГБМ вылучаўся акцёрскімі здольнасцямі Вінцук Семяновіч з Новага Двара. У Гродне вучыўся ў рэальнай школе. Добраахвотнікам падчас першай вайны пайшоў у войска, скончыў ваенную вучэльню. З 1918 года служыў афіцэрам у польскім войску. У 1943 годзе знаходзіўся ў Гродне, дзе быў схоплены гітлераўцамі і вывезены ў лагер у Гданьску, там памёр.
З мястэчка Новы Двор — таксама Янка Чарапук (1896-1956), які ўдзельнічаў у ГГБМ падчас вучобы ў Гродзенскай гімназіі. Затым вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. З 1920 года ён — у ЗША (у 1921 г. прыязджаў у Новы Двор).
З Новага Двара яшчэ — Фэлька Лабенец. Чытаў на вечарынах гуртка вершы, пісаў сам. У1918 годзе ён пайшоў у Саветы і там прапаў.
У вёсцы Хварасцяны Сакольскага павета нарадзіўся сябра ГГБМ Антон Спявак. Вучыўся ў Гродне ў 4-класнай школе імя Пушкіна. Служыў у расійскім, пазней польскім войску. Распаўсюджваў сярод салдат беларускія кніжкі. Падчас другой сусветнай вайны загінуў у гітлераўскім лагеры ў Познані, маючы вайсковае званне маёра.
З вёскі Кусцін быў гуртковец Пранук Эйсмант. У Гродне скончыў дзяржаўную гімназію.
Ёсць падставы лічыць, што брат і сястра — Станіслава і Эдмунд (Эдзюк) Кунды, якія спявалі ў хоры ГГБМ, — таксама з Сакольскага павета. Прынамсі, яны былі стрыечнымі сястрой і братам А. Бычкоўскага.
У Гродзенскім гуртку было некалькі дзесяткаў чалавек. Вядома, колькасць і склад яго сяброў мяняліся. Але, напэўна, ураджэнцаў Сакольшчыны было больш, чым згадана вышэй.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|