БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 9

Беларусы ў дзяржаўных установах Сакольскага ўезда канца XIX — пачатку XX ст.ст.

Сяргей Токць
(Гродна)

Эфектыўнасць дзяржаўнай палітыкі Расійскай імперыі ў „Заходніх” губернях, у склад якіх уваходзіла і Беласточчына, у вялікай ступені залежала ад асабовага складу мясцовага адміністрацыйнага апарату. Найперш гэта датычыла ўрадавых мерапрыемстваў у сферы нацыянальнага і рэлігійнага жыцця. Таму даследаванне чыноўніцкага складу мясцовых дзяржаўных устаноў паводле такіх параметраў, як веравызнанне, нацыянальнасць, сацыяльнае і геаграфічнае паходжанне, валоданне зямельнай уласнасцю і адукацыйны ўзровень уяўляе значны навуковы інтарэс і дазваляе лепш зразумець іншыя сацыяльныя і культурныя праблемы гісторыі беларуска-польскага памежжа ў часы Расійскай імперыі. Падобныя даследаванні, асабліва адносна складу ніжэйшага павятовага чыноўніцтва Гродзенскай губерні ў азначаны храналагічны перыяд у гістарыяграфіі не праводзіліся. Для дасягнення пастаўленай мэты намі былі прааналізаваны фармулярныя паслужныя спіскі чыноўнікаў урадавых устаноў Сакольскага павета, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне і ўтрымліваюць неабходную інфармацыю.

Паводле вынікаў перапісу 1897 г. у Сакольскім павеце налічваліся 164 служачыя ў адміністрацыйных, судовых і паліцэйскіх установах1. Адносна роднай мовы яны падзяліліся: беларусаў — 117 (71,3%), велікарусаў — 42 (25,6%), палякаў — 5 (3%), яўрэяў — 1 (0,6%). Працэнт чыноўнікаў з роднай беларускай мовай быў крыху ніжэйшы за працэнт усяго беларускага насельніцтва ў Сакольскім павеце — 83,4. У самой Саколцы большасць складалі чыноўнікі, якія прызнавалі роднай мовай велікарускую — 31 чалавек з 47 ці 66%. Беларусаў тут было 12 (25,5%), палякаў — 4 (8,5%). У заштатных гарадах павета налічвалася 19 дзяржаўных служачых. З іх 12 (63%) прызнавалі роднай мовай велікарускую, 6 — беларускую (31,6%), 1 — яўрэйскую (5,2%). Затое ў павеце, без уліку гарадоў усе 99 прадстаўнікоў гэтай саслоўнай групы назвалі роднай мовай беларускую. Але гэта былі служачыя самага ніжэйшага звяна дзяржапарату, якія не мелі класных чыноў і не маглі прэтэндаваць на больш высокія пасады.

Намі даследаваны таксама фармулярныя спіскі 37 чыноўнікаў, якія служылі ў сакольскай павятовай паліцыі з 1901 г. па 1910 г.2 Паводле веравызнання азначаныя чыноўнікі падзяліліся: праваслаўныя — 34, каталікі — 3, лютэране — 1. Склад адносна саслоўнага паходжання выглядаў наступным чынам: дваране — 7, сяляне — 13, мяшчане — 6, дзеці святароў — 6, ганаровыя грамадзяне — 2, казакі — 1. Ураджэнцамі Сакольскага павета былі 6 чыноўнікаў (16,2%), 2 паходзілі з Бельска і 1 з Беластока. Такім чынам ураджэнцаў Беласточчыны налічвалася 9 чалавек (24,3%). Яшчэ 9 служачых паходзілі з іншых паветаў Гродзенскай губерні, а 4 з іншых мясцінаў Беларусі. Усяго ўраджэнцаў беларускіх губерняў налічвалася 22 (59,4%). Астатнія чыноўнікі паходзілі з цэнтральных губерняў імперыі. Адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах атрымалі 30 чыноўнікаў (81%).

Сакольскім паліцэйскім спраўнікам на пачатку XX ст. быў Юліян Казіміравіч Дунін-Марцінкевіч3. Ён быў праваслаўнага веравызнання, але хутчэй за ўсё перайшоў у праваслаўе з каталіцтва, каб зрабіць кар’еру на дзяржаўнай службе. Паходзіў з дваран Мінскай губерні, скончыў Мінскую гімназію, праўда — няпоўны курс. З 1867 г. служыў на розных паліцэйскіх пасадах у Гродзенскай губерні. Быў пружанскім, брэсцкім, ваўкавыскім, а з 1903 г. — сакольскім паліцэйскім спраўнікам. Яго жонка, дваранка Агафія Мікулеўская, арганізоўвала ў Саколцы аматарскія тэатральныя пастаноўкі на рускай мове.

Беларусамі паводле паходжання былі і памочнікі спраўніка. Калежскі сакратар Канстанцін Мацэвіч паходзіў з праваслаўных сялян маёнтка Ячына Ваўкавыскага павета. Адукацыю атрымаў у Пружанскім павятовым вучылішчы. Службу пачынаў з пасады памочніка прыстава ў Брэсце. Надворны саветнік Аляксандр Кіркевіч нарадзіўся ў сям’і святара ў Пінску, скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Службу пачынаў з пасады пісца ў слонімскай паліцыі. Сакратар паліцэйскага ўпраўлення Васіль Акрамешка паходзіў з сялян Кобрынскага павета. Сталаначальнік Іона Сасноўскі быў сынам праваслаўнага святара з заштатнага горада Васількава. Ён скончыў Сакольскае павятовае вучылішча і паступіў на дзяржаўную службу. Быў жанаты з дачкой святара Марыяй Клачкоўскай. Другі сталаначальнік Мікіта Франчук паходзіў з сялян Бельскага павета. З 15 станавых прыставаў 6 былі беларусамі паводле паходжання. З іх адзін Васіль Балдоўскі, таксама з сялян, з’яўляўся ўраджэнцам Сакольскага павета.

У Сакольскім павятовым казначэйстве ў 1910 г. служылі 9 чыноўнікаў4. Паводле веравызнання яны размяркоўваліся: праваслаўных — 6, мусульман — 2, каталікоў — 1. Мусульманам быў павятовы казначэй — слонімскі татарын Аўрам Мількамановіч. Саслоўны склад выглядаў так: дваране — 3, сяляне — 3, мяшчане — 2, сын чыноўніка — 1. Усе чыноўнікі з’яўляліся ўраджэнцамі беларускіх губерняў, прычым толькі адзін паходзіў з Віцебскай губерні, а астатнія — з Гродзенскай. Ураджэнцаў Сакольскага павета налічвалася двух. Падліковы чыноўнік Казімір Каральчук нарадзіўся ў Каменскай воласці і атрымаў адукацыю ў Сакольскім павятовым вучылішчы. Ён быў адзіным каталіком ва ўстанове. Ураджэнцам Саколкі быў канцылярыст Адам Мухарскі, дваранін мусульманскага веравызнання. Адукацыю ён атрымаў у мясцовым гарадскім вучылішчы. Канцылярыст Мікалай Грамовіч нарадзіўся ў Бельску. Ён паходзіў з праваслаўных сялян, адукацыю атрымаў у Радамысльскім вучылішчы. Такім чынам 3 чыноўнікаў з 9 з’яўляліся ўраджэнцамі Беласточчыны. Самымі высокааплачваемымі чыноўнікамі ў паветах былі дваранскія прадвадзіцелі. Яны атрымлівалі па 2 500 руб. жалавання ў год, калі, напрыклад, паліцэйскія спраўнікі — 1 800 руб. Звычайна на гэтыя пасады ў беларускіх губернях прызначаліся радавітыя расійскія памешчыкі. Так у Сакольскім павеце ў 1910 г. прадвадзіцелем быў Барыс Арапаў, уладальнік амаль 10 тысяч дзесяцінаў зямлі ў Пензенскай і Сімбірскай губернях, а таксама пяці прыватных дамоў у Пензе. Ён закончыў Пажаскі корпус, быў жанаты з княжной Зінаідай Галіцынай5. Канцылярыскімі чыноўнікамі ва ўпраўленні прадвадзіцеля былі мясцовыя ўраджэнцы, выхадцы з сялянскага саслоўя.

Усяго намі было даследавана 49 фармулярных спіскаў чыноўнікаў, якія служылі ў паліцэйскіх, фінансавых і дваранскіх установах Сакольскага павета. З іх 13 чалавек былі ўраджэнцамі Беласточчыны (26,5%). Паводле веравызнання 10 былі праваслаўнымі і 3 — каталікамі. Адносна саслоўнага паходжання яны падзяліліся: сяляне — 10, дзеці святароў — 1, ганаровыя грамадзяне — 1, мяшчане — 1. Адукацыю атрымалі 11 чалавек. З іх 5 вучыліся ў павятовых вучылішчах (4 у Сакольскім і 1 у Беластоцкім), 2 — у народных вучылішчах, 2 — у гарадскіх, 1 — у царкоўна-прыхадскім, 1 — у чыгуначным вучылішчы.

Акрамя таго сярод разгледжаных чыноўнікаў яшчэ 21 паходзіў з беларускіх губерняў, а ў большасці — з астатніх паветаў Гродзенскай губерні (42,9%). Прычым 2 вучыліся ў Сакольскім вучылішчы, што сведчыла аб іх сталай аселасці ў гэтым павеце. У лік гэтых „беларускіх” чыноўнікаў мы не ўключылі 2 мясцовых татар. Паводле веравызнання 20 былі праваслаўнымі і 1 — каталіком. Адносна саслоўнага паходжання яны падзяляліся: сялян — 8, мяшчан — 6, дзяцей святароў — 3, дваран — 2, дзяцей чыноўнікаў — 1, ганаровых грамадзян — 1. Адукацыю ў дзяржаўных установах атрымалі 18 чалавек. З іх 1 (паліцэйскі спраўнік Дунін-Марцінкевіч) вучыўся ў гімназіі, 7 — у павятовых вучылішчах, 3 — у духоўных вучылішчах, 4 — у народных вучылішчах, 1 — у гарадскім вучылішчы, 1 — у камерцыйным вучылішчы, 1 — у царкоўна-прыхадскім вучылішчы.

Усяго чыноўнікаў беларусаў налічвалася 34 чалавекі (69,4%). Паводле веравызнання яны размяркоўваліся: праваслаўных — 30, каталікоў — 4. Па саслоўным паходжанні: сялян — 18, мяшчан — 7, дзяцей святароў — 4, дваран — 2, ганаровых грамадзян — 2, дзяцей чыноўнікаў — 1. Адукацыю ў дзяржаўных установах атрымалі 29 чалавек. Паводле ўзроўню адукацыі яны размяркоўваліся: гімназія — 1, павятовыя вучылішчы — 12, духоўныя вучылішчы — 3, гарадскія вучылішчы — 3, камерцыйнае вучылішча — 1, чыгуначнае вучылішча — 1, народныя вучылішчы — 6, царкоўна-прыхадскія вучылішчы — 2.

Такім чынам, на пачатку XX ст. чыноўнікі беларускага паходжання складалі ўжо большасць служачых мясцовых устаноў у Сакольскім павеце. У пераважнай большасці гэта былі выхадцы з праваслаўнага сялянства і мяшчанства, якім удалося атрымаць неабходную адукацыю. Многія з іх, асабліва тыя, што вучыліся ў павятовых і гарадскіх вучылішчах, належалі да заможнай часткі сваіх саслоўяў. Некаторым мясцовым ураджэнцам удавалася дасягаць кіруючых пасадаў у мясцовай адміністрацыі. Цяжка гаварыць пра іх нацыянальную свядомасць, паколькі ў архіўных крыніцах бракуе інфармацыі на гэты конт. Але можна, напэўна, смела сцвярджаць, што погляды большасці з іх былі блізкімі да афіцыйнай ідэалогіі „заходне-русізму”, паколькі гэтага вымагала іх службовае становішча. Патрабуюцца дадатковыя даследаванні, каб высветліць, колькі і хто з класных чыноўнікаў беларускага паходжання дэклараваў сваёй роднай мовай беларускую. Таксама можна, напэўна, сцвярджаць, што некаторыя з іх пры змене палітычных абставінаў, якія адбыліся ў час першай сусветнай вайны, маглі прыняць беларускую нацыянальную ідэю і як дастаткова адукаваныя людзі далучыцца да беларускага нацыянальнага руху, але гэтая праблема ўжо выходзіць за храналагічныя рамкі нашай тэмы.


1 Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897, ч. XI, Гродненская губерния.
2 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне (далей: НГАБ у Гродне), фонд 2, воп. 37, спр. 2358, арк. 235-310; спр. 2360, арк. 172-183; спр. 2368, арк. 77-126.
3 НГАБ у Гродне, ф. 2, воп. 37, спр. 2360, арк. 172-183.
4 НГАБ у Гродне, ф. 24, воп. 17, спр. 1912, арк. 44-67.
5 НГАБ у Гродне, ф. 2, воп. 37, спр. 2371.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія