БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 9

Язычніцтва на сумежжы Панямоння і Падляшша ў cярэднявеччы

Эдвард Зайкоўскі
(Менск)

Хоць афіцыйна хрысціянства было прынята на беларускіх землях у канцы Х ст., фактычна змена рэлігіі першапачаткова закранула толькі князёў, дружыну і частку гараджан. Сельскае насельніцтва яшчэ доўгі час, як сведчаць археалагічныя матэрыялы і пісьмовыя звесткі, заставалася ў асноўнай сваёй масе язычніцкім і працэс яго хрысціянізацыі расцягнуўся на некалькі стагоддзяў. Асабліва доўгі час паганства захоўвалася ў зоне славяна-балцкіх кантактаў. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, у якім да Крэўскай уніі 1385 г. афіцыйна захоўвалася паганства, ацалелыя язычніцкія асяродкі на беларускіх землях павінны былі атрымаць магчымасць легальнага існавання.

Значную цікавасць у плане вывучэння змены рэлігій на ўсходніх межах Падляшша ўяўляе сабой свяцілішча каля в. Верхаўляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, не далей чым за 15 км ад сучаснай дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Польшчай. Помнік яшчэ ў 1895 г. згадваўся ў „Археалагічнай карце Гродзенскай губерні” Ф. Пакроўскага1, а ў 1973 г. абследаваўся Я. Звяругам, які склаў ягоны план. У 1986 і 1996 гг. свяцілішча вывучалася аўтарам. У час даследаванняў 1986 г. было ўстаноўлена, што па асаблівасцях будовы (малыя памеры пляцоўкі і размяшчэнне рова паміж валам і пляцоўкай) помнік не адрозніваецца ад гарадзішчаў-свяцілішчаў Смаленшчыны і Паўночнай Букавіны. У тым жа годзе быў закладзены шурф памерамі 2 х 2 м у цэнтры пляцоўкі, а таксама тры шурфы ў рове (у паўднёвай, паўночнай і ўсходняй частках). У паўднёвым і ўсходнім шурфах на глыбіні з 0,35-0,40 м да 0,6 м на мацерыку залягала выбрукоўка з дробных і буйных камянёў.

Гарадзішча-свяцілішча размешчана за 0,23 км на паўднёвы ўсход ад в. Верхаўляны, на марэнным узгорку, за 0,7 км на поўдзень ад месца, дзе з сажалкі выцякае ручай, адзін з прытокаў ракі Верацейкі, якая ўпадае ў Свіслач Нёманскую. Раней на месцы сажалкі была крыніца. Яшчэ да нядаўняга часу там ляжаў вялізны камень. Існавала павер’е, што калі прыняць гэты камень, то крыніца разальецца і затопіць вёску. Згодна легендзе, у крыніцы аднойчы ўтапіўся сын ведзьмы. За гэта ведзьма заткнула крыніцу мяшком з воўнай. Аналогіі гэтай легендзе вядомыя і ў іншых мясцінах Беларусі. У в. Покрашава на Случчыне расказваюць, што выток мясцовай рэчкі заваліла каменем ведзьма, што раззлавалася з-за смерці дачкі. У Поразаве Свіслацкага раёна распавядаюць, што ручай каля мястэчка высах, калі цыганка кінула ў яго выток жмут авечай воўны і загадала больш не цячы2.

Мясцовая назва свяцілішча — „Гарадзішча”. Па легендзе, раней на ім стаяла царква, якая потым правалілася пад зямлю. За 0,5-0,7 км на паўднёвы ўсход адтуль знаходзіцца поле, на якім асабліва часта (як лічаць мясцовыя жыхары) б’е ў час навальніцы пярун.

„Гарадзішча” мае ў цэлым круглую форму. Пляцоўка дыяметрам каля 7 м абкружана амаль з усіх бакоў ровам, які ніжэй за яе на глыбіню ад 0,5 да 1,2 м, а ў паўночным рове нават больш 2 м. Вышыня вала адносна цэнтра пляцоўкі дасягае 1,6-2,9 м. Уваход на пляцоўку свяцілішча з паўночна-заходняга боку, дзе паніжэнне вала злучана з пляцоўкай земляной перамычкай. Падобная перамычка ёсць і з паўночна-ўсходняга краю пляцоўкі і вядзе да пашкоджанай часткі вала. Магчыма, гэта перамычка больш позняга паходжання і насыпана за кошт паўночнай, найбольш шырокай і глыбокай часткі рова.

У 1996 г. раскоп на пляцоўцы меў плошчу 88 кв. м і заходзіў на паўднёвы схіл, а некаторыя квадраты размяшчаліся ў рове. За 4 м на захад ад паўночна-заходняга кута гэтага раскопа, паблізу ад увахода на свяцілішча была закладзена прарэзка вала даўжынёй 8 м і шырынёй 2 м. З паўночнага ўсходу да прарэзкі вала былі прырэзаны 4 квадраты і такім чынам утварыўся яшчэ адзін раскоп плошчай 32 кв. м.

Таўшчыня культурнага пласта (разам з дзёрнам) у раскопе на пляцоўцы вагаецца ад 0,14 да 0,28 м, а ў сярэднім складае 0,20-0,22 м. На схіле пляцоўкі ён патанчаецца да 0,1 м, а ў рове дасягае 0,53 м. Культурны пласт складаецца з цёмна-шэрага да чорнага пяску. У паўночна-заходняй частцы раскопа ў культурным пласце трапляюцца камяні-валуны дыяметрам 0,1-0,2 м. Там, дзе паўднёва-заходнія квадраты раскопа заходзяць у роў, у ніжняй частцы культурнага пласта залягае дробнае вуголле. Мацярык складаецца са светла-жоўтага супеску з дробнымі каменьчыкамі.

Каля ўсходняй сцежкі была расчышчана частка ямы з памерамі вусця 2,36 х 1,46 м, запоўненая культурным пластом на глыбіню да 0,78 м. У профіль яма закругленай формы, унутры яе ляжаць камяні дыяметрам ад 0,1 да 0,24 м і нават большыя. У плане яна хутчэй за ўсё авальнай формы. Акрамя яе, у мацерыку раскопа на пляцоўцы было яшчэ 28 ям і ямак розных памераў, дыяметрам ад 0,1 да 1,74 м і глыбінёй ад 0,05 да 0,46 м.

На пляцоўцы ў шэрагу месцаў размешчаны выбрукоўкі з валунных камянёў (найбольш выразна выдзяляюцца тры выбрукоўкі). Дыяметр валуноў — ад 0,05-0,07 да 0,25-0,32 м. Таўшчыня культурнага пласта пад камянямі — каля 0,06-0,08 м. Адлегласць паміж камянямі дасягае 0,15-0,20 м. Камяні не маюць слядоў абпаленасці.

У рове суцэльнай выбрукоўкі, як пры шурфоўцы 1986 г., выявіць не ўдалося.

Пры прарэзцы вала выявілася, што максімальная яго вышыня адносна мацерыка дасягае 1,76-1,80 м. На мацерыку прасочваецца прапластак пахаванай глебы (цёмна-шэрага гумусаванага пяску) магутнасцю 0,04-0,06 м. Пры прарэзцы вала на глыбіні 0,2﷓0,6 м трапляліся фрагменты ганчарскай керамікі Х-XII ст.ст., што можа сведчыць пра храналогію падсыпкі вала.

Усяго на пляцоўцы знойдзена 124 абломкі ганчарскай керамікі, у тым ліку 16 фрагментаў венчыкаў. З тых фрагментаў, якія паддаюцца датаванню, 9 адносяцца да X-XI ст.ст., 7 — да XII ст., 2 абломкі — да XIV-XV ст.ст. і 2 фрагменты — да XVI — пачатку XVII ст.ст.3 Кераміка больш позніх стагоддзяў (прынамсі, венчыкі) адсутнічае цалкам.

Пры раскопках свяцілішча выяўлена 319 крэмняў, пераважная частка іх без апрацоўкі. Некалькі дзесяткаў крэмняў — расколаты. З прыладаў маюцца дзве ножападобныя пласцінкі, на канцы адной з іх — рэтушаваная выемка, таксама канцавы скрабок на адшчэпе, праколка, невялікі нуклеус, нуклепадобны адшчэп. Ёсць два крэмні ад крэсіваў. Крэмні са слядамі апрацоўкі трапляліся і пры шурфоўцы 1986 года.

Выкарыстанне архаічных рэчаў, у тым ліку крэмневых прыладаў — характэрная рыса святароў многіх рэлігій. Як паведамляе літаратура, у яўрэяў да гэтага часу абразанне робіцца крэмневым нажом. У цэлым крэмневыя прылады з Верхаўлянскага свяцілішча досыць мезалітычныя па вобліку і, магчыма, былі прынесены туды аднекуль у часы сярэднявечча.

З жалезных прыладаў на мацерыку знойдзены сярэднявечны чаранковы нож даўжынёй 13,9 см.

Пераважна пры прарэзцы вала ці паблізу яе трапіліся 34 абломкі касцей, якія належалі буйной і дробнай рагатай жывёле4.

За 8-10 м на захад ад падножжа свяцілішча быў закладзены шурф памерамі 2 х 2 м. Зверху залягае цёмна-шэры глебавы пласт з гумусаванага пяску, таўшчыня якога разам з дзёрнам складае 0,22-0,32 м, ніжэй — культурны пласт (чорны гумусаваны пясок) магутнасцю 0,3-0,4 м. Дзе-нідзе ў гэтым пласце прасочваюцца валунныя камяні дыяметрам 0,18-0,25 м. На глыбіні 0,58-0,67 м ад дзённай паверхні пачынаецца мацярык (жоўты пясок). У шурфе знойдзены 13 абломкаў ганчарскай керамікі, у тым ліку 4 фрагменты венчыкаў. Адзін дробны абломак венчыка датуецца X-XI ст.ст., яшчэ два венчыкі і два абломкі сценак — XVI-XVII ст.ст. Выяўлены таксама фрагмент крамянёвай сякеры.

Такім чынам, даследаваны намі помнік з-за надзвычай малых памераў пляцоўкі і размяшчэння рова паміж валам і пляцоўкай не мог выкарыстоўвацца ў якасці ўмацаванага паселішча, а бясспрэчна з’яўляўся язычніцкім свяцілішчам (па класіфікацыі І. Русанавай і Б. Цімашчука — малым гарадзішчам-свяцілішчам5). Як культавы аб’ект свяцілішча выкарыстоўвалася з X і да XVI — пачатку XVII стагоддзяў. Такое доўгае захаванне язычніцтва, калі ў Гародні і Ваўкавыску, паміж якімі размешчаны Верхаўляны, даўно зацвердзілася хрысціянства, не павінна здзіўляць. На захадзе Украіны свяцілішча Богіт, на якім стаяў знакаміты Збручскі ідал, функцыянавала да сярэдзіны XIII ст. У Мазовіі свяцілішча Радзікава дзейнічала яшчэ ў XIV стагоддзі6. Паколькі сумежжа Падляшша і Панямоння знаходзілася далей ад цэнтраў распаўсюджвання хрысціянства, чым згаданыя тэрыторыі, і ў паласе славяна-балцкіх кантактаў, то і магчымасці для працяглага захавання ранейшых вераванняў тут былі спрыяльнымі. Таму ступень хрысціянізаванасці сельскага насельніцтва заходніх беларускіх зямель у сярэднявеччы не варта перабольшваць.


1 Ф. В. Покровский, Археологическая карта Гродненской губернии, [в:] Труды IX Археологического съезда в Вильне в 1893 г., Москва 1895, т. 1, Приложение, с. 45.
2 Легенды і паданні, [у:] Беларуская народная творчасць, Мінск 1983, с. 376.
3 Вызначэнне керамікі праведзена Н. Здановіч, якой аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць.
4 Вызначэнне касцей зроблена П. Каліноўскім і часткова А. Разлуцкай, якім аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць.
5 И. П. Русанава, Б. А. Тимощук, Языческие святилища древних славян, Москва 1993, с. 22.
6 Там жа, с. 107.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія