БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 10

Адукацыя нацыянальных меншасцей на Беларусі ў 1920-1990 гг.

Сяргей Яцкевіч
(Брэст)

Палітыка дэнацыяналізацыі, якая праводзілася на зямлі беларусаў у папярэдні перыяд, прывяла да мяжы знікнення нацыянальную адукацыю і мову не толькі яе аўтахтонных насельнікаў. Пацярпелі і іншыя народы нашай краіны: палякі, яўрэі, татары, украінцы, літоўцы, латышы... Аднаўленне суверэнітэту і абуджэнне нацыянальнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь стварае пэўныя ўмовы для выпраўлення незайздроснага становішча. Важнейшую ролю ў гэтым павінна адыграць сістэма нацыянальнай адукаыі, задачай якой з’яўляецца не проста перадача навучэнцам пэўнай сумы ведаў і навыкаў, але і выхаванне ў іх пачуцця сапраўднага клопату аб бацькаўшчыне і яе лёсе, гонару за свой народ, фарміраванне паважлівых адносін да яго традыцый і звычаяў, гістарычнай спадчыны, мовы. Без адраджэння нацыянальнай школы беларусаў не можа быць і будучай незалежнай і заможнай Беларусі. Таксама, як не можа быць пабудавана па-сапраўднаму дэмакратычнае грамадства без задавальнення адукацыйных патрэб тых нацыянальных меншасцей, што жывуць побач з беларусамі на іх этнічнай зямлі. Жывуць, дарэчы, здаўна, і пачатак асадніцтва некаторых меншасцей (яўрэяў, татараў) узыходзіць ажно да XIV ст.

Разам з пашырэннем асадніцтва нацыянальных меншасцей на Беларусі вырашаліся пытанні задавальнення іх патрэб у галіне адукацыі. Адбывалася гэта па-рознаму: ад утварэння паасобных нацыянальных навучальных устаноў (польскіх, яўрэйскіх, рускіх і інш.) да вывучэння моў асобных народаў у школах як прадмета. Прыродная талерантнасць беларусаў спрыяла бесканфліктнаму вырашэнню ўзнікаючых пры гэтым праблем, чаго нельга, на жаль, сказаць аб перыядзе XVIII-XIX ст.ст., калі спачатку польская, а пасля падзелаў Рэчы Паспалітай — расійскія моўна-культурная хвалі вывялі з ужытку ў галіне адукацыі мову не толькі многіх нацыянальных меншасцей, але і аўтахтонных насельнікаў краю — беларусаў.

Няпроста вырашаліся пытанні задавальнення адукацыйных патрэб нацыянальных меншасцей рэспублікі і ў паслякастрычніцкі перыяд. На першым этапе (1919-1937 гг.) у БССР былі створаны ў цэлым спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальнай адукацыі некарэнных народаў. Загад Рэўваенкама ССРБ ад 11 снежня 1920 г. „Аб ліквідацыі непісьменнасці” прадпісваў „усім грамадзянам ССР Беларусі ад 8 да 50 гадоў, якія не ўмеюць чытаць і пісаць, (...) не пазней гадавога тэрміну, пачынаючы ад 15 студзеня 1921 г., навучыцца грамаце на роднай (курсіў мой — С. Я.) або рускай мове ў школах (...)”1. Безумоўна, гэта садзейнічала развіццю адукацыі на мовах нацыянальных меншасцей, і ў 19121/22 навучальным годзе, напрыклад, колькасць адных толькі яўрэйскіх школ дасягнула ў рэспубліцы лічбы 106. Варта прыгадаць і прынятую 15 ліпепня 1924 г. II сесіяй ЦВК БССР 6-га склікання пастанову „Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі”, якая залажыла асновы ажыццяўлення палітыкі, у тым ліку ў галіне адукацыі, адносна нацыянальных меншасцей на наступны перыяд.

У выніку ў 1920-30 гадах на тэрыторыі БССР функцыянавалі дзесяць тыпаў нацыянальных школ: беларускія, яўрэйскія, польскія, рускія, латышскія, украінскія, літоўскія, нямецкія, чэшскія, эстонскія. Доля іх у школьнай сетцы ў асноўным адпавядала этнічнаму складу насельніцтва рэспублікі, 80% жыхароў якой, згодна з данымі перапісу 1926 г., складалі беларусы, а акрамя іх пражывалі яўрэі (407 тыс.), рускія (383 тыс.), палякі (97 тыс.), украінцы (34 тыс.), латышы (14 тыс.), немцы (7 тыс.), літоўцы (6,9 тыс.), татары (3,7 тыс.), цыганы (2,3 тыс.) і іншыя2. Так, у 1924/25 нав. годзе колькасць чатырохгадовых школ з яўрэйскай мовай навучання складала 87, ці 2,3% ад іх агульнай колькасці, з рускай — 45 (1,2%), з польскай — 94 (2,4%) і па адной школе — з латышскай, нямецкай, эстонскай мовамі навучання. Адпаведна колькасць сямігадовых школ з яўрэйскай мовай навучання складала 42 (15%), з рускай — 29 (10%), з польскай — 5 (1,9%) і адна школа працавала на літоўскай мове. Належным чынам забяспечваліся патрэбнасці нацыянальных меншасцей і ў галіне вышэйшай адукацыі. Дастаткова нагадаць, што ў 1922/23 нав. годзе яўрэі складалі 63% сярод усіх студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта, а ў 1924/25 нав. годзе адпаведна — 33%, студэнты рускай нацыянальнасці — 9%3.

Падрыхтоўку настаўнікаў для яўрэйскіх і польскіх школ ажыццяўлялі тры яўрэйскія і адзін польскі педагагічныя тэхнікумы. З 1924/25 нав. года пачалі працаваць яўрэйскія і польскія секцыі пры педагагічным факультэце Беларускага дзяржуніверсітэта. Станоўча вырашаліся таксама пытанні забеспячэння настаўніцкімі кадрамі нацыянальных школ іншых меншасцей Беларусі. Так, пытанні падрыхтоўкі настаўнікаў для латышскіх школ Народны Камісарыят асветы БССР вырашыў шляхам масавага накіравання за дзяржаўны кошт моладзі латышскай нацыянальнасці на вучобу ў Ленінград, дзе ў той час працаваў Латышскі педагагічны тэхнікум.

Неабходнасць задавальнення культурна-адукацыйных патрэб нацыянальных меншасцей Беларусі ўлічвалася і ў планах выдавецтваў рэспублікі. Так, для выдавання літаратуры на яўрэйскай мове адводзілася 15%, рускай — 8%, польскай — 5%, латышскай — 2% ад аб’ёмаў усёй кніжнай прадукцыі рэспублікі.

Адзначаныя тэндэнцыі захоўваліся і ў першай палове 1930-х гадоў. Так, у 1932/33 нав. годзе з агульнай колькасці школ БССР яўрэйскіх было 221 (3,0%), польскіх — 252 (3,6%), рускіх — 99 (1,4%), украінскіх — 22, латышскіх — 17, літоўскіх — 12, нямецкіх — 11, эстонскіх — 1. У 1934 г. быў адкрыты Польскі педагагічны інстытут.

Што датычыць нацыянальнага складу навучэнцаў, дык у 1929/30 нав. годзе яўрэі складалі 27,6% ад агульнай колькасці студэнтаў ВНУ, 27,8% ад кантынгенту тэхнікумаў, 38,4% — ад навучэнцаў прафтэхшкол рэспублікі. Палякі — 1,7% ад ліку студэнтаў ВНУ, 3,1% — ад кантынгенту навучэнцаў тэхнікумаў, 1,6% — ад агульнай колькасці навучэнцаў прафтэхшкол. Навучэнцы рускай нацыянальнасці складалі 6,4 сярод студэнтаў ВНУ, 2,8 % — кантынгенту тэхнікумаў, 2,8% — сярод навучэнцаў прафтэхшкол Беларусі4.

Напрыканцы 1930-х гадоў, аднак, сітуацыя змяняецца ў адваротны бок. Вядомыя палітычныя абставіны гэтага перыяду, падмацаваныя ідэалагічнымі ўстаноўкамі на неабходнасць барацьбы з „нацыяналізмам” і „касмапалітызмам”, нанеслі непапраўны ўрон адукацыі нацыянальных меншасцей рэспублікі. Немалаважную ролю ў гэтым адыграла пастанова Саўнаркома СССР і ЦВК ВКП(б) ад 13 сакавіка 1938 г. „Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей”, успрынятая ва ўмовах таго часу дзе-нідзе на месцах як устаноўка на ліквідацыю нацыянальных устаноў. Невыпадкова, што ўжо 3 ліпеня 1938 г. прымаецца адпаведнае рашэнне ЦК кампартыі Беларусі і пачынаецца масавае пераўтварэнне польскіх, яўрэйскіх і іншых школ нацыянальных меншасцей рэспублікі ў рускія і беларускія. Так, у Віцебскай вобласці ў адпаведнасці з вышэйзгаданым рашэннем былі рэарганізаваны ў другой палове 1938 г. усе 32 яўрэйскія школы5. Фактычна сетка навучальных устаноў на мовах нацыянальных меншасцей ужо ў 1939 г. у БССР перастала існаваць.

Што датычыць Заходняй Беларусі, дык там лёс нацыянальнага школьніцтва складваўся інакш. Пры гэтым нельга не ўлічваць тое, што пасля інкарпарацыі заходнебеларускіх зямель у склад Польшчы паводле Рыжскага дагавору 1921 г. само аўтахтоннае насельніцтва іх — беларусы — пераўтварылася на тэрыторыі адноўленай Польскай дзяржавы ў нацыянальную меншасць. Гэта адмоўна пачало адбівацца на стане нацыянальнай адукацыі „новай меншасці” (як, дарэчы, і іншых некарэнных народаў Польшчы). Паўсюдна пачаўся перавод нацыянальных навучальных устаноў на польскую мову. З 514 беларускіх школ, што дзейнічалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920 г., засталося ў пачатку 1923 г. (па стане на 1.03.1923 г.) усяго толькі 37. (І гэта, зазначым, у той час, калі колькасць польскіх школ на заходнебеларускіх землях дасягнула лічбы 3280). Акрамя таго, дзейнічала некалькі яўрэйскіх гімназій з польскай мовай навучання. У 1924 г. беларускіх школ засталося толькі 28, а ў 1925/26 нав. годзе — усяго дзве6. У 1930-я гады навучанне на беларускай мове было спынена ўвогуле. Была забаронена ў 1937 г. і дзейнасць Таварыства беларускай школы.

Дарэчы, гэта далёка не адзіны выпадак, калі польскімі ўладамі дзеля ўстаранення нацыянальнай адукацыі беларусаў выкарыстоўваліся прававыя рычагі. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, загад па Наваградскім ваяводстве ад 15 лістапада 1921 г., які забараняў ужываць у школах беларускую мову не толькі як мову навучання, але нават і як дапаможную7. Актыўна выкарыстоўваўся польскімі ўладамі дзеля ўстаранення беларускага школьніцтва таксама кадравы фактар. З гэтай мэтай напраўлялі беларускіх настаўнікаў на курсы павышэння кваліфікацыі ў Кракаў, пасля завяршэння якіх яны атрымоўвалі накіраванні на працу ў школы, што знаходзіліся на этнічна польскай тэрыторыі, а іх месцы ў беларускіх школах займалі выхадцы з Польшчы.

Нягледзячы на відавочна неспрыяльныя абставіны, насельніцтва Заходняй Беларусі актыўна адстойвала свае правы на нацыянальную адукацыю. У 1923 г. былі пададзены просьбы на адкрыццё 192 беларускіх народных дзяржаўных школ, у 1924 г. — ужо на 254 школы, у 1925 г. — на 412, а ў 1926 і 1927 гг. — на 1229 школ. Акрамя таго, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры прасіў у 1926 г. у польскіх улад дазволу на адкрыццё 18 беларускіх прыватных школ, а Таварыства беларускай школы ў 1927 г. прасіла дазволу адчыніць 109 прыватных школ для беларускіх дзяцей. Польскія ўлады далі дазвол Інстытуту адчыніць толькі 5 прыватных школ, а ТБШ — 10. Аднак і гэтыя „дазволы” ініцыятары зваротаў выкарыстаць не змаглі, бо польскія ўлады не зацвердзілі кандыдатуры прапанаваных настаўнікаў8.

Прычыны таго, што адбывалася з нацыянальнай адукацыяй на землях Заходняй Беларусі, трэба шукаць перш за ўсё ў палітычных абставінах таго часу. Палітычнае кіраўніцтва тагачаснай Польшчы імкнулася як мага хутчэй забяспечыць „этнічную аднароднасць насельніцтва” на займаемай тэрыторыі і бачыла ў інкарпарацыі мільёнаў беларусаў адну з галоўных гарантый захавання непарушнасці новаўсталяваных граніц, тэрытарыяльнай цэласнасці адноўленай краіны. Таму пры правядзенні адукацыйнай палітыкі на заходнебеларускіх землях адпаведныя колы наўмысна кіраваліся ўстаноўкамі на непрызнанне беларусаў як нацыі (варта прыгадаць у гэтай сувязі выказванні тагачаснага міністра асветы Польшчы Скульскага, які з трыбуны сейма запэўніваў дэпутатаў, што „праз якіх-небудзь дзесяць гадоў яны са свечкай не знойдуць ні аднаго беларуса”).

Невыпадкова, што памылкі, якія былі дапушчаны польскімі ўладамі пры правядзенні нацыянальнай палітыкі ў сферы адукацыі на заходнебеларускіх землях у 1921-1939 гг., былі выкарыстаны савецкімі ўрадавымі структурамі пасля падзей верасня 1939 г. У выдадзенай 1-2 снежня гэтага года пастанове Савета Народных Камісараў БССР і ЦК кампартыі Беларусі „Аб мерапрыемствах па арганізацыі народнай адукацыі ў заходніх абласцях БССР” быў абвешчаны курс на задавальненне нацыянальных патрэб усіх народаў, што пражываюць на яе тэрыторыі, у галіне школьніцтва і асветы. Пастанова абавязвала мясцовыя ўлады адкрываць нацыянальныя навучальныя ўстановы ў адпаведнасці з нацыянальным саставам насельніцтва і пажаданнямі навучэнцаў і іх бацькоў9.

У выніку праведзенай работы па вызначэнню мовы навучання пачалі стварацца беларускія, рускія, украінскія, яўрэйскія, літоўскія школы. У месцах кампактнага пражывання польскага насельніцтва па жаданню бацькоў пакідалі польскія школы. У выніку праведзенай рэарганізацыі адукацыйнай сістэмы з 5633 школ, якія дзейнічалі ў 1940 г. у Заходняй Беларусі, 4192 (ці 74,4%) прыпадалі на школы з беларускай мовай навучання, у 987 школах (17,5%) вучні займаліся на польскай мове; функцыянавалі таксама 173 рускія школы (3,1%), 169 яўрэйскіх (3,0%), 63 літоўскія (1,1%), 49 украінскіх школ (0,9%)10.

Нацыянальны склад школьнай сеткі ў асноўным адпавядаў этнічнаму складу насельніцтва заходніх абласцей Беларусі таго часу. Так, у Брэсцкай вобласці, дзе сустракаюцца месцы кампактнага пражывання ўкраінскага насельніцтва і меншая, чым у другіх рэгіёнах Заходняй Беларусі, доля польскага насельніцтва, адпаведны выгляд мела і школьная сетка: 80,4% усіх школ Брэстчыны былі беларускімі, 6,0% — працавалі на ўкраінскай мове, 5,9% — на польскай, 5,0% — на рускай і 2,7% — на яўрэйскай мове11. У Беластоцкай вобласці, дзе значная частка насельніцтва вызначала сваю этнічную прыналежнасць як польскую, школьная сетка ў 1939/40 нав. годзе мела іншы выгляд: 58,7% усіх школ былі польскімі, 33,8% — беларускімі, 4,5% школ працавалі на яўрэйскай мове, 1,7% — на рускай і 1,3% — на літоўскай12.

Належная ўвага надавалася забеспячэнню школ нацыянальных меншасцей заходніх абласцей Беларусі вучэбнай літаратурай, прычым узровень забяспечанасці ёю ў адзначаны перыяд перавышаў адпаведныя паказчыкі для беларускіх школ. Так, па стане на 1 кастрычніка 1940 г. на польскай мове былі выдадзены 44 назвы падручнікаў з ліку 58 запланаваных на 1940/41 нав. год (што складала 75,9%), на яўрэйскай мове адпаведна 43 назвы з 62 (69,4%), у той час як на беларускай мове з 76 запланаваных было выдадзена ўсяго 39 падручнікаў, ці 51,3% ад плану. Што датычыць вучэбнай літаратуры для ўкраінскіх школ, дык напярэдадні 1940/41 нав. года былі атрыманы ад Наркамасветы Украіны і накіраваны ў школы рэспублікі 23 назвы падручнікаў агульнай колькасцю 13,5 тысяч экземпляраў13. Паколькі ў рэспубліцы адсутнічала паліграфічная база для выдання падручнікаў на літоўскай мове, Наркамасветы Беларусі ўзбудзіў перад ЦК КП(б)Б хадайніцтва аб дазволе друкаваць іх у Літве.

Зразумела, такая ўвага з боку бальшавіцкіх улад да задавальнення адукацыйных патрэб нацыянальных меншасцей Заходняй Беларусі ні ў якім разе не была абумоўлена сапраўдным клопатам аб росквіце іх моў і культур (нагадаем, што ва ўсходняй частцы рэспублікі ў гэты час быў самы разгар кампаніі па фізічным вынішчэнні нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыі, ліквідацыі сеткі польскіх, яўрэйскіх, іншых нацыянальных школ). Адзначанае вышэй талерантнае стаўленне да вырашэння праблем адукацыі нацыянальных меншасцей у заходніх абласцях рэспублікі было абумоўлена хутчэй за ўсё палітычнымі прычынамі. Напярэдадні „добраахвотнага” далучэння трох прыбалтыйскіх краін да СССР Маскве было выгадна праявіць сябе перад сусветнай грамадскасцю ў ролі месіі, што клапоціцца аб захаванні і росквіце нацыянальных культур „новапрыдбаных” народаў. Да таго ж бальшавіцкім уладам важна было заручыцца падтрымкай насельніцтва заходніх абласцей на выпадак магчымай агрэсіі з боку фашысцкай Германіі.

Разам з тым, нельга не адзначыць, што ў працэсе рэарганізацыі школьнай сеткі ў Заходняй Беларусі ў 1939-41 гг. мелі месца факты ігнаравання адукацыйных патрэб нацыянальных меншасцей, у першую чаргу польскай і яўрэйскай. Амаль усе яны прыпадаюць на арганізацыю рускіх школ, якія адкрывалі нават там, дзе рускамоўнае насельніцтва ўвогуле адсутнічала або было нязначным. Так, Індурскую школу на Гродзеншчыне пераўтварылі ў рускую, хаця з 709 яе вучняў толькі 4 прадстаўлялі рускую нацыянальнасць. Такі ж лёс напаткаў Пракаповіцкую і Альшанскую школы, сярод вучняў якіх рускіх увогуле не было (усе навучэнцы адзначылі, што яны — беларусы). Рускай стала і сярэдняя школа ў Друскеніках (цяпер Друскінінкай), хаця з 405 яе вучняў рускіх было ўсяго 37 чалавек і, заўважым, толькі 4 вучні літоўскай нацыянальнасці (больш дзяцей школьнага ўзросту літоўскай нацыянальнасці ні ў Друскеніках, ні ў яго навакольлі ў той час проста не было). У Васількаве пад Беластокам з дзвюх школ — яўрэйскай і польскай — зрабілі адну рускую14 і г.д. Мелі месца факты пазбаўлення польскіх і яўрэйскіх школ будынкаў, якія яны раней займалі, і пераводу іх у малапрыстасаваныя для заняткаў памяшканні. Вызваленыя пры гэтым школьныя будынкі нярэдка перадаваліся ствараемым рускім школам, што мела месца, напрыклад, у райцэнтры Кнышын Беластоцкай вобласці15.

Звычайнай з’явай становяцца ў адзначаны перыяд таксама праявы недаверу і зняважлівых адносін да мясцовых настаўніцкіх кадраў з боку савецкіх улад, практыка замяшчэння кіруючых пасад у галіне адукацыі асобамі, напраўленымі, як правіла, з Расіі. Так, у Беластоку дырэктарамі 13 польскіх школ былі прызначаны: 11 прыезджых з Расіі і двух мясцовых працаўнікоў асветы — адзін па нацыянальнасці беларус, другі — украінец16. Мовамі народаў беларуска-польска-літоўскага сумежжа (беларускай, польскай, яўрэйскай, літоўскай) камандзіраваныя з Расіі асобы, за рэдкім выключэннем, не валодалі. Аб незадаволенасці склаўшымся становішчам сведчаць шматлікія формы пратэсту з боку навучэнцаў польскіх школ, факты выкрэслівання імі з раскладаў урокаў рускай мовы і г.д.17

Ігнараванне нацыянальнага складу насельніцтва і нацыянальна-адукацыйных патрэб народаў Заходняй Беларусі часам набывала настолькі распаўсюджаны характар, што адпаведныя службы вымушаны былі інфармаваць аб гэтым рэспубліканскія партыйныя органы. Прывядзем некалькі радкоў адной з такіх дакладных у ЦК КПБ ад 28 кастрычніка 1940 г.:

„ — г. Белосток. В польской школе № 24 работает директором приезжий из восточной области комсомолец тов. Щевель. Никому из учителей польской национальности он не доверяет, поэтому отношения с преподавателями натянутые... На занятиях преподавателей не бывает, так как не знает польского языка;

— Августовский район. Присланы в район 40 преподавателей, не знающих польского языка. 7 учителей преподают историю СССР в польских школах на русском языке. В детских садах воспитательницы приезжие, не знающие польского языка;

— Свислочский район. Заместитель заведующего районным отделом народного образования тов. Степанов сделал замечание в учительской преподавателям, что они говорят по-польски: „Раз среди вас присутствует русский, то вы разговаривайте по-русски или переводите, о чем говорите”18.

Аднак недахопамі ў задавальненні нацыянальна-адукацыйных патрэб народаў Заходняй Беларусі праблемы таго часу не вычэрпваліся: надзвычай цяжкім было матэрыяльнае становішча адукацыйнай сферы ў зазначаным рэгіёне. Настойлівыя звароты кіраўнікоў школ, раённых устаноў народай адукацыі з просьбамі аб дапамозе становяцца ў гэты перыяд звычайнай з’явай. Прывядзем толькі адзін дакумент — зварот загадчыка Кляшчэлеўскага раённага аддзела народнай адукацыі (у 1944 г. гэты раён увайшоў у склад Польшчы) ў Брэсцкі АблАНА, датаваны 23.11.1940 г.: „Клещельский РайОНО сообщает, что 46 человек не посещает школу из-за отсутствия обуви и одежды. Керосиновых ламп получено 15, а для того, чтобы занятия в школах шли нормально, нужно 35 ламп. Из-за отсутствия ламп срываются последние уроки в школах”19. У Заблудаўскім раёне Беластоцкай вобласці не змаглі наведваць заняткі 459 дзяцей школьнага ўзросту20 і г.д.

Нярэдка адсутнічала элементарная ўвага да стварэння належных бытавых умоў пражывання настаўнікаў, што прыбылі ў Заходнюю Беларусь з усходніх абласцей. Як вынікае з дакладной запіскі ў сакратарыят кампартыі Беларусі, у Парэцкім раёне на беларуска-літоўскім памежжы нярэдкі былі выпадкі, калі прыбыўшым настаўнікам прыходзілася спаць на падлозе, да таго ж ім своечасова не выплачвалася зарплата. У райцэнтры Крынкі на польска-беларускім памежжы 9 настаўнікаў вымушаны былі жыць разам у адным пакоі21 і г.д.

Навучанне ў школах Заходняй Беларусі ў 1939-41 гг. ажыццяўлялася па вучэбных праграмах, зацверджаных Наркамасветы БССР. Вывучэнне беларускай і рускай моў было абавязковым для ўсіх тыпаў школ. Пры гэтым беларуская мова вывучалася ў рускіх і нацыянальных (польскіх, яўрэйскіх, украінскіх, літоўскіх) школах, пачынаючы з 3-га класа. Што датычыць рускай мовы, дык у пачатковых беларускіх і нацыянальных школах яе пачыналі вывучаць з 2-га класа, а ў сярэдніх і няпоўных сярэдніх школах — з 3-га года навучання22.

Для забеспячэння адукацыйнага працэсу кадрамі настаўнікаў у 1940 г. былі адкрыты: педагагічны інстытут у Беластоку, настаўніцкія інстытуты ў Баранавічах, Гродне, Пінску, шэсць педагагічных вучылішчаў (у Беластоку, Брэсце, Гродне, Маладзечне, Навагрудку, Пінску) і два дашкольныя педагагічныя вучылішчы — у Вайкавыску і Лідзе. У мэтах павелічэння праслойкі рабочых і сялян сярод паступаючых у педагагічныя і настаўніцкія інстытуты пры Беластоцкім і Баранавіцкім настаўніцкіх інстытутах былі створаны рабфакі.

Далейшы ход падзей у справе адукацыі нацыянальных меншасцей на землях Заходняй Беларусі сведчыць аб тым, што ўлады пачалі рыхтавацца да правядзення дзейства, сцэнарый якога двума гадамі раней ужо быў апрабаваны ва ўсходняй частцы рэспублікі. (Маецца на ўвазе рашэнне ЦК КП(б)Б ад 3.07.1938 г., у адпаведнасці з якім школы нацыянальных меншасцей былі рэарганізаваныя ў рускія і беларускія). Аб падрыхтоўцы менавіта такога варыянта развіцця падзей пераканаўча сведчыць накіраваная ў ЦК КП(б)Б напярэдадні 1941 г. просьба загадчыка Беластоцкага абласнога аддзела народнай адукацыі Найдзіна даць яму „соответствующее указание о реорганизации польских, еврейских и литовских школ в русские”23. „Неабходнасць такога кроку аргументуецца ім наступным чынам: па-першае, навучанне ў польскіх школах „фактически проводится на смешанном русско-польском языке” (а навошта было „укамплектоўваць” педагагічныя калектывы польскіх школ назначэнцамі з Урала і Паволжа? — С. Я.); па-другое, „перспектива поступления в ВУЗы с польских школ не совсем хорошая, так как высших и средних спец. учебных заведений с польским языком обучения нет” (а чаму б не адкрыць іх? — С. Я.); трэцяе, „в БССР нет учебных заведений, готовящих кадры для польских школ”; чацвёртае, „руководящий аппарат в отделах образования не в состоянии оказать серьёзную учебно-методич. помощь школам, т.к. почти все работники не знают польского языка. Сейчас требуется проверить преподавание предметов, а наши товарищи без знания польского языка не могут это сделать” (а чаму б не прапанаваць гэтым некалькім „нашим товарищам” вывучыць польскую мову. Пагадзіцеся, што зрабіць гэта было б значна лягчэй, чым зліквідаваць амаль тысячу польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх школ, што функцыянавалі на Беласточчыне ў разглядаемы перыяд — С. Я.).

І, урэшце, на падставе вышэйпрыведзенага робіцца безапеляцыйная выснова: „Таким образом, требование польского населения о реорганизации польских школ в русские вполне правильное”24.

Адзначым, што ні аднаго факта, які сведчыў бы аб „требованиях польского населения” закрыць свае ж, польскія, школы, у дакладной запісцы загадчыка Беластоцкага АблАНА не прыведзена. А што датычыць сапраўднага стану рэчаў, дык даныя сведчаць аб адваротным: колькасць польскіх школ на Беласточчыне ў разглядаемы перыяд не змяншалася, а, наадварот, павялічвалася — з 817 у 1939/40 нав. годзе да 838 школ у 1940/41 нав. годзе25. Аналагічна складвалася справа і ў дачыненні да напаўняльнасці ўжо функцыянуючых польскіх школ: колькасць вучняў у іх таксама мела тэндэнцыю да павелічэння. Так, напрыклад, калі ў 1939/40 нав. годзе ў польскіх школах Ломжы на Беласточчыне навучалася 1190 вучняў, дык праз год іх колькасць дасягнула ўжо 1839 навучэнцаў26.

Ажыццявіць свае планы русіфікацыі нацыянальных школ на заходнебеларускіх землях бальшавіцкія ўлады ў 1941 г. не паспелі: пачалася вайна. Нямецкае нашэсце, безумоўна, нанесла вялікі ўрон справе народнай адукацыі, але, тым не менш, не прывяло да ліквідацыі беларускага школьніцтва, як гэта сцвярджалася на працягу папярэдняга перыяду гістарыяграфіяй былога СССР. Як падкрэслівае Ю. Туронак, колькасць беларускіх школ (пераважна пачатковых) на тэрыторыі Генеральнага камісарыята Беларусі дасягнула ў канцы 1941/42 нав. года 3485, што „не вельмі адрознівалася ад даваенных лічбаў”. Са студзеня 1942 г. пачало выходзіць перыядычнае выданне „Беларуская школа” ў дзвюх серыях — для вучняў і для настаўнікаў. Захавалі свае пазіцыі ў рэгіёне таксама польскія, літоўскія, украінскія нацыянальныя школы. Не знайшлося месца, аднак, ва ўмовах нямецкай акупацыі для яўрэйскіх і рускіх школ27.

У пасляваенны перыяд курс на зліццё нацый і моў становіцца афіцыйнай палітыкай кіруючай у краіне камуністычнай партыі. На рубяжы 1940-50 гг. сістэма адукацыі для нацыянальных меншасцей рэспублікі практычна перастала існаваць: на змену ёй прыйшло рускамоўнае навучанне.

Пачынаючы з 1989 г. адбываецца паступовае адраджэнне адукацыі нацыянальных меншасцей у Беларусі. Так, у 1993/94 нав. годзе польскую мову вывучалі ўжо 14,3 тыс. вучняў у 310 школах Беларусі, у тым ліку 276 чалавек займаліся ў класах з польскай мовай навучання, 4,8 тыс. вывучалі польскую мову як прадмет, 4,0 тыс. вывучалі яе факультатыўна, астатнія займаліся ў гуртках па вывучэнню польскай мовы. У 1992 г. мінскае выдавецтва „Народная асвета” выдала пяць, а ў 1993 г. — шэсць назваў польскамоўных падручнікаў для вучняў 2-9 класаў. Настаўніцкія кадры для польскіх школ пачалі рыхтаваць: Гродзенскі універсітэт (польска-беларускае і польска-рускае аддзяленні), Беларускі дзяржаўны універсітэт (аддзяленне славянскай філалогіі), Мінскі лінгвістычны універсітэт, а таксама Ваўкавыскае (настаўнікаў пачатковых класаў і польскай мовы) і Гродзенскае (настаўнікаў дашкольнага навучання) педагагічныя вучылішчы. Пачала адраджацца сетка недзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў для нацыянальных меншасцей рэспублікі: дзейнічаюць Польскі недзяржаўны універсітэт і Яўрэйскі народны універсітэт у Мінску.

У чатырох школах Гродзенскай вобласці ў 1996/97 нав. годзе вывучаецца літоўская мова, прычым 65 навучэнцаў школ у вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёна і вёсцы Пелясы Воранаўскага раёна ўсе прадметы вывучаюць па-літоўску. Звыш тысячы вучняў у 25 школах (з іх 23 — нядзельныя) вывучаюць у бягучым навучальным годзе іўрыт, гісторыю і культуру Ізраіля. У дзвюх школах Брэсцкай вобласці дзейнічаюць гурткі па вывучэнню ўкраінскай мовы. Функцыянуюць таксама нядзельныя школы з вывучэннем татарскай і латышскай моў28.

Увогуле, калі прасочваць дынаміку развіцця нацыянальнага школьніцтва ў Беларусі ў 1990-е гады, нельга не заўважыць ускоснага ўплыву вынікаў рэферэндуму 14 мая 1995 г. Яны адбіліся не толькі на зніжэнні колькасці беларускамоўных школ і класаў, але і ў дачыненні да адукацыі пэўных нацыянальных меншасцей рэспублікі.

Так, у 1996/97 нав. годзе ў параўнанні з 1994/95 нав. годам колькасць школ, дзе вывучалі польскую мову, зменшылася з 318 да 288, колькасць вучняў — з 15 677 да 14 378, колькасць настаўнікаў польскай мовы — з 274 да 19229.

Калі прыняць пад увагу, што згодна перапісу 1989 г. 417 тыс. жыхароў нашай рэспублікі лічаць сябе палякамі, існуе перспектыва далейшага пашырэння польскамоўнага навучання. Пры гэтым, аднак, нельга не ўлічваць, што толькі 13,3% палякаў Беларусі лічаць роднай польскую мову, для абсалютнай жа большасці іх (63,9%) родная мова — беларуская.

Улік апошняга ўяўляецца асабліва важным пры вызначэнні далейшых шляхоў развіцця польскамоўнай адукацыі ў Беларусі. Справа ў тым, што на органы адукацыі рэспублікі аказваецца пэўны націск з мэтай пашырэння сеткі навучальных устаноў, у якіх навучанне з першага па апошні класы ажыццяўлялася б толькі па-польску. Пры гэтым, на жаль, не задаюцца пытаннем, а што будуць рабіць у Беларусі выпускнікі такіх школ па завяршэнні навучання? Без ведання ў патрэбным для сацыяльна-прафесійнай адаптацыі аб’ёме дзяржаўнай мовы, без навыкаў вядзення на ёй справаводства, без валодання беларускай ці рускамоўнай прафесійнай тэрміналогіяй? Дзе знойдуць яны прымяненне сваім ведам? Пытанняў, як бачна, шмат...

Дарэчы, сацыялагічнае даследаванне „Нацыянальная школа і грамадская думка”, праведзенае намі сярод розных катэгорый насельніцтва Брэсцкай вобласці, не выявіла жадаючых атрымаць адукацыю толькі на польскай мове. А вось за адначасовае навучанне на беларускай і польскай мовах выказаліся 1,7% апытаных, а што датычыць вывучэння польскай мовы як прадмета, дык за гэта выказаліся звыш 30% рэспандэнтаў. Пры гэтым, як сведчаць вынікі панельнага апытання, колькасць тых, хто лічыць, што „ёсць патрэбнасць у вывучэнні польскай мовы”, павялічылася ў параўнанні з 1991 г. на 13,4%.

Зазначаныя разыходжанні ў вызначэнні прыярытэтаў моўнай палітыкі і ў цэлым зместу нацыянальнай адукацыі — з’ява, як мы лічым, цалкам нармальная. Існуюць адметныя шляхі адраджэння нацыянальнай школы, як і розныя формы забеспячэння захавання нацыянальнай тоеснасці пэўных этнічных груп праз нацыянальную адукацыю. І вывучэнне гэтых шляхоў і форм мае для аднаўляемай адукацыі нацыянальных меншасцей адпаведнае значэнне, бо дазваляе пазбегнуць памылак і выбраць у кожным канкрэтным выпадку „свой”, найбольш прыдатны ў існуючых складаных умовах, варыянт.

Як бачна, у апошні час адбываюцца станоўчыя зрухі ў адраджэнні нацыянальнай адукацыі карэнных народаў Беларусі. І справа датычыць не толькі адкрыцця (пры неабходнасці) асобных нацыянальных класаў і школ у месцах кампактнага пражывання нацыянальных меншасцей. Тым больш, што сам феномен капмактнага пражывання многіх меншасцей у Беларусі ўжо фактычна не прасочваецца па прычыне міграцыйнай палітыкі і мерапрыемстваў па „зліцці нацый”, якія праводзіліся ў папярэдні перыяд уладамі былога СССР. Важна, каб вывучэнне этнічных і культурных своеасаблівасцей некарэнных народаў Беларусі стала неад’емным элементам вучэбнага працэсу ў кожнай навучальнай установе рэспублікі. Каб падчас працоўнага навучання ў школе вучняў знаёмілі з традыцыйнымі рамёствамі меншасцей, а на занятках па фізічным выхаванні ў школах ці ВНУ выкарыстоўваліся нацыянальныя спартыўныя гульні. Заняткі па літаратуры і этыцы, культуралогіі і эстэтыцы дазваляюць азнаёміць навучэнцаў са здабыткамі некарэнных народаў нашай краіны ў сферы духоўнай культуры, а вывучэнне гісторыі Беларусі — з гісторыяй іх асадніцтва на беларускай зямлі. Цяжка пераацаніць у гэтым плане магчымасці новай інтэграцыйнай дысцыпліны — беларусазнаўства, вывучэнне якой дазваляе атрымаць веды аб побыце нацыянальных меншасцей і іх веравызнаннях, традыцыях і справах, узаемаадносінах з аўтахтонным насельніцтвам і своеасаблівасцях іх нацыянальнага менталітэту і г.д. Увогуле, лічым, што справа нацыянальнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь павінна быць пастаўлена так, каб інтарэс да культуры, гісторыі, сучаснага жыцця свайго народа арганічна спалучаўся ў студэнтаў і навучэнцаў з жаданнем спасцігнуць гістарычнае мінулае і культурныя здабыткі другіх народаў краіны.

Streszczenie

Szkolnictwo dla mniejszości narodowych na Białorusi Radzieckiej przeżywało szereg wzlotów i upadków. W rzeczywistości dzieliło ono los szkolnictwa białoruskiego. W latach dwudziestych nastąpił niespotykany rozwój wszystkich typów szkół dla mniejszości narodowych. W latach trzydziestych szkoły te podzieliły los placówek białoruskich. Oświata, podobnie jak w czasach carskich miała służyć rusyfikacji, tym razem w imię interesów światowego proletariatu. Szkolnictwo białoruskie, polskie, żydowskie na krótki okres czasu zaistniało na Białorusi Zachodniej w latach 1939-1941. Kolejny przełom w dziedzinie edukacji mniejszości narodowych na Białorusi nastąpił dopiero po odzyskaniu suwerenności w 1990 r.

Summary

The educational system of national minorities in Soviet Belarus has undergone many ups and downs. In fact the system of minority schools shared the fate of the Belarusian educational system. In the 1920s all national minority schools in Belarus were rapidly developing. In the 1930s they shared the fate of Belarusian-language schools. The educational system, like in the tsarist period, was set to serve the policy of Russification which was conducted in the name and interests of the world proletariat. Belarusian, Polish and Jewish schools appeared for a short period in Western Belarus in 1939-1941. The next turn in the educational policy with regard to national minorities in Belarus took place after the proclamation of Belarus’s sovereignty in 1990.


1 „Звезда”, 14 декабря 1920 г.
2 Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытаньня ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, ч. 1, Менск 1928, с. 11.
3 „Полымя”, 1925, № 4, с. 119, 126, 142.
4 А. Плытун, Итоги культурного строительства в БССР за 10 лет, Москва-Ленинград 1931, с. 42.
5 Нацыянальны архіў Рэсп. Беларусь, фонд 4, воп. 17, спр. 19, арк. 30.
6 Нацыянальныя меншасці Беларусі, кн. 2, Гісторыя асадніцтва нацыянальных меншасцей і міжэтнічных зносін на Беларусі, Брэст—Мінск—Віцебск 1996, с. 55.
7 Я. Найдзюк, І. Касяк, Беларусь учора і сяньня, Менск 1993, с. 181.
8 Тамсама, с. 197.
9 Дзярж. архіў Брэсцкай вобл, фонд 815, воп. 1, спр. 1а, арк. 4.
10 Падлічана намі — С. Я. па даных: „Народная асвета”, 1989, № 3, с. 80.
11 Падлічана намі — С. Я. па даных: „Заря” (Брест), 2 ноября 1989 г.
12 Нацыянальны архіў Рэсп. Беларусь, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 24.
13 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 241, арк. 7.
14 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 246, арк. 18, 19, 35,3; фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 5
15 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 1.
16 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 8
17 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 2, 6, 8.
18 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 7, 11.
19 Дзярж. архіў Брэсцкай вобл., фонд 279, воп. 1, спр. 1, арк. 38.
20 Нацыянальны архіў Рэсп. Беларусь, фонд 4, воп. 27, спр. 241, арк. 3.
21 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 11.
22 Дзярж. архіў Брэсцкай вобл., фонд 282, воп. 1, спр. 3, арк. 35
23 Нацыянальны архіў Рэсп. Беларусь, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 25.
24 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 24, 25.
25 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 16, 24.
26 Тамсама, фонд 4, воп. 27, спр. 243, арк. 11.
27 Ю.Туронак, Беларусь пад нямецкай акупацыяй, Мінск 1993, с. 75-76.
28 Міністэрства адукацыі Рэсп. Беларусь, Агульнаадукацыйныя школы: статыстычны даведнік (па стане на 6.09.1996 г.), Мінск 1996, с. 42; Бягучы архіў Міністэрства адукацыі Рэсп. Беларусь.
29 Бягучы архіў Міністэрства адукацыі Рэсп. Беларусь.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія