|
Нацыянальны аспект пазямельнай палітыкі царызму на Беларусі1 эпохі капіталізму (1861-1917 гг.)
Вячаслаў Панюціч
(Мінск)
У дарэвалюцыйнай літаратуры палітыка-прававы бок парэформенных пазямельных адносін у заходніх губернях2 асвятляўся ў працах С. Г. Грамачэўскага3, Б. Г. Альшамоўскага4 і іншых юрыстаў. Кароткі нарыс пазямельнай палітыкі царскага ўрада і яе рэалізацыі ў Заходнім краі ў другой палове XIX ст. змяшчаецца ў даследаванні П. Жуковіча5. Недахопам яго з’яўляецца апалагетычны, вялікадзяржаўны характар аўтарскіх ацэнак. Абмежавальныя пазямельныя законы ў заходніх губернях, увасабленне іх у жыццё віленскай адміністрацыяй і спосабы абыходу польскім і яўрэйскім насельніцтвам у працэсе мабілізацыі зямельнай уласнасці ў белетрыстычнай форме выкладаюцца ў артыкуле А. П. Уладзімірава6. Ён таксама прытрымліваўся афіцыйнага пункту гледжання па гэтым пытанні, яго меркаванні нярэдка былі памылковыя і тэндэнцыйныя. Фарміраванне яўрэйскага землеўладання ва ўмовах „мяжы аселасці”7 знайшло адлюстраванне ў працах В. Н. Нікіціна8, А. П. Субоціна9, яўрэйскага каланізацыйнага таварыства10. Звесткі апошняй крыніцы аб памерах пазямельнай уласнасці яўрэяў і плошчы арандаванай імі зямлі на Беларусі пераменшаныя. Нацыянальныя пазямельныя адносіны ў Заходнім краі як састаўная частка аграрнага пытання разглядаюцца ў манаграфіі В. Банькоўскага11.
Агляд урадавых пазямельных мерапрыемстваў 60-х — пачатку 70-х гадоў XIX ст. у паўночна-заходніх губернях змяшчаецца ў працы польскага даследчыка В. Шмідта12. На аснове архіўных матэрыялаў аўтар сабраў і сістэматызаваў шырокія, выключна цэнныя статыстычныя даныя аб руху рускай і польскай пазямельнай уласнасці на захадзе і ў цэнтры Беларусі, а таксама на ўсходзе Літвы ў адзначаны перыяд. Яны з’яўляюцца незаменнай крыніцай пры вывучэнні дынамікі землеўладання ў гэтым рэгіёне. Пры ацэнцы пазямельнай палітыкі царызму ў Паўночна-Заходнім краі В. Шмідт зыходзіць з інтарэсаў памешчыкаў. Ён узмоцнена падкрэслівае страты, панесеныя польскім і рускім дваранствам Беларусі і Літвы ў выніку паніжэння, паводле ўказа ад 1 сакавіка 1863 г., выкупных плацяжоў і вяртання сялянам часткі іх зямель, „забываючы” пра масавае абеззямеленне апошніх памешчыкамі напярэдадні рэформы 1861 г. і абрабаванне ў ходзе яе правядзення. Ануляванне некаторымі праверачнымі камісіямі завышаных ацэнак кошту сялянскай надзельнай зямлі аўтар лічыць несправядлівым, незаконным.
У беларускай савецкай гістарычнай літаратуры абмежавальныя пазямельныя законы ў паўночна-заходніх губернях, іх адмоўны ўплыў на мабілізацыю зямельнай уласнасці і фарміраванне буржуазнага землеўладання адзначаны ў манаграфіях М. В. Доўнар-Запольскага13, Д. А. Дудкова14. К. І. Шабуня ў сваёй кнізе15, зыходзячы з лічбавых паказчыкаў, зрабіў важную выснову, што нацыянальная палітыка царскага ўрада ў адносінах да польскіх памешчыкаў і яўрэяў Заходняга краю стрымлівала паступленне зямлі на рынак, абмяжоўвала попыт на яе, вяла да штучнага насаджэння буйнапамеснага дваранскага землеўладання. Пытанне аб абмежаванні пазямельных правоў палякаў і яўрэяў, насаджэнні рускага памешчыцкага землеўладання ў заходніх губернях аналізавалася і ў манаграфіях Л. П. Ліпінскага16, С. М. Самбук17, у артыкуле аўтара гэтага даследавання18.
У другой палове XIX ст. прыватная зямельная ўласнасць на Беларусі значна змянілася ў адносінах нацыянальнага складу яе ўласнікаў. Пасля рэформы 1861 г. царскі ўрад выдаў шэраг законаў, што тычыліся права валодання зямлёй, яе мабілізацыі прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей. Асабліва многа ўрадавых узаканенняў і распараджэнняў па пытаннях землеўладання і землекарыстання на Беларусі, у Літве і на Правабярэжнай Украіне з’явілася ў 60-ыя гады XIX ст., першая палова якіх, як вядома, характарызавалася тут ажыўленнем грамадскага руху і бурнымі палітычнымі падзеямі.
У сувязі з паўстаннем 1863 г. на Беларусі, як і ў Літве і на Правабярэжнай Украіне, былі істотна абмежаваны пазямельныя правы так званых асоб „польскага паходжання” — польскіх дваран, купцоў, мяшчан. Царызм імкнуўся лімітаваць іх у распараджэнні асноўным сродкам вытворчасці — зямлёй, каб стварыць перадумовы для насаджэння рускага памешчыцкага землеўладання. Адпаведна правілам, зацверджаным Аляксандрам II 5 сакавіка 1864 г., польскае насельніцтва заходніх губерняў пры куплі зямлі не мела права карыстання ўстаноўленымі льготамі19. Палякаў не дапускалі да таргоў па куплі казённых маёнткаў і памешчыцкіх зямельных уладанняў, што прадаваліся за дзяржаўныя і прыватныя даўгі. Ім не дазвалялі набываць, браць у заклад або кіраванне, арандаваць казённыя, а таксама прыватнаўласніцкія землі, купленыя іх уласнікамі на льготных умовах. Польскае насельніцтва не мела права карыстацца льготамі і пры куплі прыватнаўласніцкай зямлі, якая прадавалася на агульных асновах20. Адносна былой дзяржаўнай пазямельнай уласнасці, набытай па льготнай ацэнцы, адзначаныя абмежаванні былі пацверджаны таксама ўрадавай інструкцыяй Міністэрству дзяржаўных маёмасцей ад 23 ліпеня 1865 г. аб продажу казённых зямель у заходніх губернях. Паводле гэтай інструкцыі, у выпадку парушэння названых абмежаванняў дзржава адбірала ад уладальнікаў купленую імі казённую зямлю без усякай кампенсацыі21.
Затым згодна з законам ад 10 снежня 1865 г. на Беларусі, у Літве і на Правабярэжнай Украіне „асобы польскага паходжання” ўвогуле пазбаўляліся права набываць зямельную маёмасць, акрамя пераходу яе па спадчыне22. Ім забаранялася купляць зямлю, атрымліваць яе па дароўным запісу і духоўным завяшчанні на карысць сваякоў. Набыццё зямлі адзначанымі спосабамі кожны раз патрабавала спецыяльнага ўрадавага дазволу. Гэтыя абмежаванні распаўсюджваліся нават на польскае насельніцтва, што прыняло праваслаўе. Палякам не дазвалялі набываць маёнткі па задатковых распісках і запродажных запісах, зробленых да прыняцця названага закону23. У выніку не маглі толькі атрымліваць зямлю ў спадчыну, а таксама арандаваць, прымаць у кіраванне, пажыццёвае ўладанне, заклад прыватную зямельную маёмасць, набытую яе ўладальнікамі на агульных асновах, без ільгот. Да таго ж у выпадку пратэрміноўкі закладной „асобы польскага паходжання” не мелі права як уваходзіць у часовае ўладанне гэтай маёмасцю, так і пакідаць яе за сабой на таргах24.
З канца 60-х гадоў XIX ст. асоб, зацверджаных герольдыяй у дваранскім званні, што жылі на дзяржаўных землях Заходняга краю, наперакор агульнаўстаноўленым правілам не прыпісвалі да сельскай грамады і праз тры гады зганялі з зямельных участкаў25. Гэта прадпісанне было накіравана супраць ваколічнай шляхты заходніх губерняў, якая ў большасці сваёй з’яўлялася беззямельнай і малазямельнай, часта арандавала казённыя землі.
Здзелкі і акты, што парушалі законы па абмежаванні польскага землеўладання і землекарыстання, абвяшчалі несапраўднымі і скасоўвалі.
У адносінах пазямельнай уласнасці асоб, якія ўдзельнічалі ў паўстанні 1863-1864 гг. у Літве і на Беларусі, царскі ўрад прыняў яшчэ больш жорсткія, рэпрэсіўныя меры. Па загаду цара ад 5 жніўня 1863 г., на аснове ваенна-крымінальнага статута ўладанні ўдзельнікаў паўстання тут былі канфіскаваны на карысць дзяржавы. Пастановы аб канфіскацыі маёмасці паўстанцаў, высланых з Заходняга краю, прымалі ваенныя і крымінальныя суды. Калі былому ўладальніку маёнтак належаў цалкам альбо звыш 2/3 яго, ён паступаў у кіраванне ведамства дзяржаўных маёмасцей, калі ж менш за 1/3 — гаспадарка ў поўным складзе заставалася ў руках саўладальнікаў да выдзелу канфіскаванай часткі. Былых уладальнікаў канфіскаваных маёнткаў пазбаўлялі права атрымліваць выкупныя плацяжы з сялян і ўзбуджаць іскі па даўгавых дакументах26.
На Беларусі было канфіскавана 205 (1,7%) маёнткаў польскіх уладальнікаў (з іх 75 — часткова) плошчай больш за 200 тыс. дзесяцін (2,2%). Канфіскацыі падлягалі таксама 11 адносна буйных зямельных участкаў агульным памерам 1,7 тыс. дзес., што належалі касцёлам і кляштарам. Апрача таго, было забрана ў казну мноства дробных зямельных участкаў ваколічнай шляхты27.
Палова канфіскаванай на Беларусі зямлі прыпадала на Мінскую губерню. Тут знаходзіліся найбуйнейшыя канфіскаваныя памешчыцкія латыфундыі: у Мазырскім павеце — маёнткі Людзеневічы і Капаткевічы памешчыка А. Яленскага велічынёй адпаведна 20 688 і 4 732 дзес., Высокае і Буйнавічы Ф. Навіцкага (13 146 і 5 074 дзес.); у Ігуменскім — Багушэвічы Б. Свентаржэцкага (18 792 дзес.) і Навасёлкі Б. Крупскага (7 181 дзес.); у Пінскім павеце — маёнтак Вораны А. Солтана (8 584 дзес.). У Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні былі канфіскаваны вялікія латыфундыі Горкі і Баландзічы памешчыкаў К. і Я. Андрэйковічаў плошчай адпаведна 9 211 і 7 009 дзес., у Гродзенскім — Азёры Л. Валіцкага (8 930 дзес.)28.
Канфіскаваныя маёнткі падлягалі продажу. Але яны маглі быць прададзены толькі пасля праверкі ўстаўных грамат, складання выкупных актаў на сялянскія надзельныя землі, развярстання сялянскіх і памешчыцкіх зямельных угоддзяў, ацэнкі апошніх, вызначэння сумы памешчыцкіх даўгоў29. Гэтыя работы даручаліся праверачным камісіям ці старшыням павятовых міравых з’ездаў. Толькі ў буйных маёнтках памерам звыш тысячы дзесяцін іх ускладалі на люстрацыйныя камісіі Міністэрства дзяржаўных маёмасцей30.
Канфіскаваныя гаспадаркі звычайна паступалі ў продаж цалкам. Толькі буйныя маёнткі падзялялі на продажныя ўчасткі. Канфіскаваныя долі іх прадавалі пасля выдзелу. Па просьбе саўладальнікаў, са згоды генерал-губернатара, гаспадаркі, канфіскаваныя часткова, маглі быць прададзены ў поўным складзе так званым „асобам рускага паходжання” або з публічных таргоў. Маёнткі, абцяжараныя даўгамі, што перавышалі іх вартасць, прадаваліся выключна з публічных таргоў. У гэтым выпадку страты крэдытораў дзяржава не кампенсавала. Зыходзячы з той жа засцярогі, з аўкцыёну збывалі і канфіскаваныя гаспадаркі, запазычанасць якіх яшчэ не была разгледжана ці канчаткова не выяўлена31.
Да пераходу да новых уладальнікаў канфіскаваныя маёнткі знаходзіліся ў распараджэнні царскіх чыноўнікаў, што мала цікавіліся гаспадаркай. Нават міністр дзяржаўных маёмасцей А. С. Зеляной вымушаны быў прызнацца, што такое гаспадаранне прыносіла мала карысці32. Таму многія ўладанні, забраныя ў польскіх памешчыкаў, здаваліся ў арэнду не больш чым на тры гады33. Па загаду віленскай адміністрацыі пераважнае права арэнднага карыстання канфіскаванымі зямельнымі ўгоддзямі мелі міравыя пасрэднікі, члены праверачных камісій, старшыні міравых павятовых з’ездаў, судовыя следчыя, чыноўнікі Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, станавыя прыставы. Насуперак агульнаўстаноўленым правілам ім „за выдатную службу” зямельныя ўчасткі давалі без таргоў; пры здачы зямлі ў арэнду на год не патрабаваўся заклад34.
Арандатары гаспадарылі не лепш за ўрадавых чыноўнікаў. Яны нярэдка здавалі зямлю ў субарэнду з долі ўраджаю, перадаручалі гаспадарку сваім аканомам. Да таго ж у маёнтках, канфіскаваных часткова, выдзел забранай долі з агульнага гаспадарчага комплексу, як правіла, вёў да заняпаду ўсёй гаспадаркі. У выніку многія канфіскаваныя маёнткі, і да гэтага расстроеныя, канчаткова разбураліся35.
Большасць канфіскаваных гаспадарак была аблытана даўгамі. Марнатраўства, шырокія непрадукцыйныя расходы іх былых уладальнікаў прывялі да вялікай запазычанасці. Напрыклад, к сярэдзіне 60-х гадоў XIX ст. у Магілёўскай губерні на 14 (23,7%) канфіскаваных маёнтках агульнай плошчай 22,8 тыс. дзес. лічылася 237,9 тыс. руб. казённых і прыватных даўгоў, ці ў сярэднім больш за 10 руб. з дзесяціны36. У Віцебскай губерні на канфіскаваным маёнтку Сволна (317 дзес.) Дрысенскага павета ў 1863 г. было звыш 3 тыс. руб. прыватных і дзяржаўных даўгоў, на маёнтках Прэсмушкі (2 837 дзес.) Полацкага і Нізгалова (1 053 дзес.) Лепельскага паветаў у 1874 г. — адпаведна 60,4 тыс. і 42,4 тыс. руб.37
Па загаду царскага ўрада на аплату даўгоў канфіскаваных гаспадарак выкарыстоўваліся капіталы іх былых уладальнікаў, выкупныя пазыкі, грошы, атрыманыя ад продажу рухомасці38. Аднак аб поўным пагашэнні запазычанасці ў сувязі з яе вялікімі памерамі ў большасці выпадкаў не магло быць гутаркі. У 60-я гады XIX ст. на Беларусі чысты гадавы даход з дзесяціны прыдатнай зямлі (без лесу) у сярэднім складаў не больш за 1 руб. 20 кап. Нярэдка ён быў роўны толькі 40-50 кап.39 Пры нізкай даходнасці гаспадаркі звычайна адзіным выхадам з цяжкага становішча з’яўляўся продаж канфіскаваных маёнткаў з публічных таргоў.
Урад і адміністрацыя Заходняга краю рабілі ўсе захады для паскарэння межавых работ, выдзелу канфіскаваных частак і ацэнкі маёнткаў, пагашэння запазычанасці па іх. З гэтай мэтай у 1866 — пачатку 1868 гг. была распрацавана спецыяльная інструкцыя, зацверджаная Аляксандрам II40. Улады адпускалі дадатковыя грашовыя сродкі, праводзілі мабілізацыю каморнікаў, дазвалялі аплачваць даўгі канфіскаваных гаспадарак пяціпрацэнтнымі банкавымі білетамі і выкупнымі пасведчаннямі41. Нягледзячы на гэта, справы аб канфіскаваных маёнтках судовыя інстанцыі вырашалі павольна. Многія з іх не былі прададзены з-за вялікіх даўгоў, некаторыя — з прычыны адсутнасці звестак аб запазычанасці альбо неразмежаванасці памешчыцкіх зямель з сялянскімі42.
Між тым у канцы 60-х гадоў XIX ст. палітычнае становішча на Беларусі і ў Літве змянілася. Паўстанне 1863-1864 гг. было задушана. Адпала неабходнасць у дэмагагічнай палітыцы ў адносінах да сялянства, і царызм перастаў паддобрывацца да яго. У гэтых умовах віленская адміністрацыя цалкам абараняла інтарэсы ўсяго класа памешчыкаў. Царскае самадзяржаўе пайшло на пэўныя ўступкі польскаму дваранству заходніх губерняў. Паводле распараджэння цара ад 11 мая 1873 г., спыняліся судовыя справы аб канфіскацыі маёмасці за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг., па якіх да гэтага не было прынята рашэнняў. Забаранялася адбіраць нерухомую і рухомую маёмасць у польскай шляхты ў будучыні43. Затым па загаду Аляксандра II ад 3 лютага 1874 г. вызваляліся ад канфіскацыі маёнткі, што знаходзіліся ў пажыццёвым уладанні розных асоб, і ўвогуле нерухомая маёмасць, не прынятая канчкаткова ў казну, а таксама маёнткі, у якіх канфіскаваная частка не была выдзелена ў натуры і прынята дзяржавай44.
У выніку частка канфіскаваных маёнткаў была вернута ранейшым уладальнікам ці перададзена іх спадчыннікам. У прыватнасці, у беларускіх паветах Віцебскай губерні да сярэдзіны 70-х гадоў з 34 забраных маёнткаў палова была вызвалена ад канфіскацыі45. Па правілах іх павінны былі вяртаць разам з даходамі, атрыманымі за час знаходжання гаспадаркі ў казённым ведамстве, за вылікам гаспадарчых выдаткаў і дзяржаўных збораў46. Але гэта здаралася рэдка. Маёнткі звычайна вярталі яшчэ больш разбуранымі, чым раней. Праявай пэўнай змены адносін царскага ўрада да польскага дваранства Заходняга краю з’явілася і вяртанне ўладальнікам і спадчыннікам вызваленых ад канфіскацыі і канфіскаваных маёнткаў грашовых сродкаў, што паступалі ад сялян у якасці выкупных плацяжоў. З сярэдзіны другога парэформеннага дзесяцігоддзя ім была дазволена выдача выкупных сум, якія не паступалі канчаткова ў казну і захоўваліся дэпазітамі ў казначэйствах і крэдытных установах47.
Уладанні многіх польскіх дваран Беларусі і Літвы, якія мелі дачыненне да паўстання 1863-1864 гг., згодна з урадавым указам ад 15 сакавіка 1863 г. „у забеспячэнне адказнасці па маёмасці” былі секвестраваны. Секвестравалася маёмасць асоб, што знаходзіліся пад следствам, а таксама памешчыкаў, якія забяспечвалі паўстанцаў прадуктамі або не папярэджвалі найбліжэйшыя воінскія каманды пра знаходжанне іх у маёнтках. Пры гэтым харчовыя запасы гаспадаркі накіроўвалі на забеспячэнне войска, а коней і павозкі ўжывалі на абсталяванне перавозачных сродкаў. Забароне падлягалі маёнткі, што ў будучыні па спадчыне павінны былі перайсці да ўдзельнікаў паўстання. Секвестр накладаўся таксама на маёмасць тых асоб Заходняга краю, хто, быўшы за мяжой, па сканчэнні тэрміну дзеяння пашпарта, па выкліку не вяртаўся ў Расію48.
Узбуджэнне судовых спраў аб секвестрацыі польскіх зямельных уладанняў, як і канфіскацыі, працягвалася да 1873-1874 гг.
К пачатку 1866 г. у 5 паўночна-заходніх губернях налічвалася 324 секвестраваныя маёнткі49. Акрамя таго, секвестру падлягала значная колькасць невялікіх зямельных участкаў, якія належалі дробнай шляхце і памеснаму дваранству. Гэта — землі шляхецкіх ваколіц, засценкаў і хутароў, пусткі, урочышчы, а на ўсходзе Беларусі — і зямля, што раней знаходзілася ў карыстанні сялян, якая пасля рэформы 1861 г. не ўвайшла ў сялянскі надзел. У кастрычніку 1864 г. толькі ў беларускіх паветах Віцебскай губерні пад забаронай было каля 40 такіх зямельных участкаў50.
Колькасць секвестраваных зямельных уладанняў увесь час мянялася. Адны з іх вызваляліся з-пад забароны, другія — канфіскоўваліся. Так, у Магілёўскай губерні к сакавіку 1865 г. секвестр быў зняты з 23 маёнткаў, а 6 секвестраваных раней канфіскавана. У беларускіх паветах Віцебскай губерні канфіскавалі 15 такіх зямельных уладанняў51. Канфіскацыі падлягалі секвестраваныя маёнткі польскіх памешчыкаў, што прымалі актыўны ўдзел у паўстанні. Адначасова па меры таго, як ваенныя і крымінальныя суды высвятлялі дачыненне да яго іншых польскіх дваран, праводзілася секвестрацыя новых маёнткаў.
Маёнткі, секвестраваныя часткова, заставаліся ў кіраванні саўладальнікаў. Яны павінны былі два разы ў год уносіць у казначэйства частку даходу, якая належала дзяржаве. Даўгавыя прэтэнзіі да секвестраванай маёмасці задавальняліся толькі па засведчаных даўгавых актах і ў выглядзе выключэння для „асоб рускага паходжання” па хадайніцтву генерал-губернатара — па захоўных і іншых распісках52.
Секвестраваныя поўнасцю маёнткі знаходзіліся ў кіраванні царскіх чыноўнікаў, што не ўмелі ды і не жадалі займацца гаспадаркай. Такое кіраванне, нават па прызнанні мясцовых улад, у эканамічных адносінах было нявыгаднае. У сувязі з гэтым у першыя гады пасля паўстання 1863-1864 гг. секвестраваныя землі часта здавалі ў арэнду палітычна надзейным асобам53. Аднак і арэнднае трыманне іх прыносіла малы даход казне.
Законам ад 10 снежня 1865 г. царскі ўрад абавязваў высланых з Заходняга краю ўладальнікаў секвестраваных маёнткаў на працягу двух гадоў прадаць іх „асобам рускага паходжяння” або абмяняць на прыватныя маёнткі, размешчаныя ва ўнутраных рэгіёнах краіны. Для аблягчэння і паскарэння гэтыя гандлёвыя аперацыі вызваляліся ад пошлін54.
На кастрычнік 1867 г., г.зн. к канцу вызначанага тзрміну адчужэння, на Беларусі падлягала абавязковаму продажу, поўнасцю ці ў частках, больш за 300 (2,5%) секвестраваных маёнткаў, якія належалі польскім уладальнікам. Апрача таго, дваране-католікі, пераважна дробная шляхта, абавязаны былі прадаць прыкладна 150 невялікіх зямельных участкаў55.
Па сканчэнні названага тэрміну секвестраваную маёмасць прадавалі ў прымусовым парадку, з аўкцыёну, па дзяржаўнай ацэнцы. Выручаныя грошы, за вылікам даўгоў, казённых збораў і выдаткаў па кіраванні гаспадаркай, адсылалі ўладальнікам. Непрададзеныя маёнткі, што знаходзіліся пад забаронай у поўным складзе, заставаліся ў руках „да асобага распараджэння”. Іх забаранілі аддаваць у арэнднае карыстанне. Маёнткі ж, секвестраваныя часткова, як і раней, былі ў кіраванні саўладальнікаў, але пад назіраннем мясцовых міравых пасрэднікаў і паліцыі. Былыя ўладальнікі секвестраваных маёнткаў штогод атрымлівалі пяціпрацэнтную рэнту з зямлі і рухомай маёмасці. Ім выдавалі таксама выкупныя сумы, якія паступалі ад сялян па выкупных плацяжах56. З пачатку 70х гадоў XIX ст. па загаду царскіх улад секвестраваныя цалкам маёнткі паступалі ў казну. Пры гэтым дробныя гаспадаркі ацэначным коштам да 500 руб. прылічвалі да дзяржаўнай маёмасці, а буйныя — прадавалі „асобам рускага паходжання” на льготных умовах. Былым уладальнікам першых з іх выдавалі ацэначныя сумы працэнтнымі паперамі, а другім — выплачвалі пяціпрацэнтную рэнту з ацэначнага даходу57.
Большая частка секвестраванай зямельнай уласнасці была прададзена. За 8 гадоў (1866-1873) у беларускіх паветах Віленскай, Гродзенскай і ў Мінскай губернях польскія ўладальнікі і ўлады прадалі цалкам альбо часткова 140 секвестраваных маёнткаў велічынёй 220,6 тыс. дзес. Сярод іх мелася 74 латыфундыі (звыш 500 дзес.) памерам 209,7 тыс. дзес. 72 маёнткі плошчай 180,3 тыс. дзес. прададзена самімі памешчыкамі. Астатняя зямля (40,3 тыс. дзес.) у складзе 68 маёнткаў рэалізавана дзяржавай з публічных таргоў. Прададзеныя маёнткі складалі 3/4 агульнай колькасці секвестраваных маёнткаў адзначанага рэгіёна, або 1,8% маёнткаў польскіх уладальнікаў (па зямельнай плошчы — 3%). Іх набылі 116 рускіх пакупнікоў58.
Шэраг прададзеных секвестраваных маёнткаў з’яўляліся магнацкімі ці буйнымі латыфундыяльнымі ўладаннямі. Так, у Ашмянскім павеце Віленскай губерні графы М. і І. Тышкевічы прадалі секвестраваны маёнтак Валожын велічынёй 28 524 дзес., у Бабруйскім павеце Мінскай губерні памешчык А. Лапа — маёнткі Рудабелка і Касарычы агульным памерам 24 тыс. дзес., а ў Барысаўскім — Халапенічы (7 622 дзес.), у Мазырскім памешчык Н. Яленскі — Лучыцы (17 831 дзес.), у Пінскім К. Скірмунт — Калодна, Рухчы і Цмень агульнай плошчай 10 660 дзес. У Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні памешчыкам П. Ягмінам быў прададзены секвестраваны маёнтак Рудая велічынёй 19 437 дзес., у Слонімскім В. Юндзілам — Ягалін (4 713 дзес.). У Кобрынскім павеце ўлады прадалі з аўкцыёну маёнтак Антопаль графа К. Ажароўскага памерам 6 108 дзес.59
Абмежаванні па землеўладанні закраналі і сялянскае насельніцтва. У канцы 60-х гадоў XIX ст. віленскі генерал-губернатар А. Л. Патапаў зрабіў спробу, праўда, беспаспяховую, распаўсюдзіць на сялян-католікаў Паўночна-Заходняга краю закон аб забароне набываць зямлю „асобам польскага паходжання”. Аднак купляць зямельныя ўчасткі мела права толькі палітычна надзейнае сялянскае насельніцтва, прычым кожны раз для гэтага патрабаваўся дазвол губернскіх улад60.
Хутка віленскай адміністрацыяй былі прыняты захады да яшчэ большага абмежавання сялянскага прыватнага землеўладання. У адпаведнасці з цыркулярам Патапава ад 17 лютага 1870 г. канфіскаваныя і секвестраваныя маёнткі ў паўночна-заходніх губернях сяляне маглі набываць толькі цалкам, на аснове спецыяльных пасведчанняў, выдадзеных губернатарамі. Зразумела, пры такой умове купляць зямлю мела магчымасць выключна заможнае сялянства. Такія ж пасведчанні патрэбны былі для набыцця дзяржаўнай зямлі сялянамі на льготных умовах, што фактычна пазбаўляла іх магчымасці купляць казённыя зямельныя ўчасткі61.
Адначасова неабходна падкрэсліць, што дынаміка польскага землеўладання на Беларусі і ў Літве была неадназначная. Некаторыя палякі тут набывалі зямлю. Праўда, выключэнне з-пад дзеяння абмежавальных пазямельных законаў кожны раз патрабавала спецяльнага дазволу Сената, зацверджанага царом.
Права набываць зямлю ў Паўночна-Заходнім краі атрымаў шэраг уплывовых польскіх памешчыкаў, а таксама асоб, якія знаходзіліся на ваеннай або грамадзянскай службе і карысталіся пратэкцыяй улад. Паводле афіцыйных даных, у Мінскай губерні з паловы 60-х да сярэдзіны 70-х гадоў XIX ст. 35 польскіх дваран і мяшчан купілі 126,6 тыс. дзес.; у Магілёўскай губерні з сярэдзіны 60-х гадоў па 1882 г. столькі ж дваран, мяшчан і сялян каталіцкага веравызнання набылі 41,9 тыс. дзес. Акрамя таго, у гэтых губернях у адзначаныя гады 7 польскіх дваран і сялян-католікаў атрымалі 4 тыс. дзес. зямлі па даравальных запісах, учыненых пасля 10 снежня 1865 г. Нарэшце, каля 30 „асоб польскага паходжання” купілі 14,3 тыс. дзес. зямлі па духоўных завяшчаннях62. Трэба думаць, сярод іх сустракаліся асобы, што атрымалі зямлю не ад бацькоў, г.зн. насуперак абмежавальным законам. У той жа час вялікая колькасць хадайніцтваў такіх асоб аб набыцці зямельных угоддзяў была адхілена царскім урадам.
Большасць названых пакупнікоў складалі польскія дваране. Кожны чацвёрты з іх купіў маёнтак памерам звыш 500 дзес. Многія з гэтых гаспадарак уяўлялі сабой буйныя латыфундыі. Некаторыя польскія дваране набылі па некалькі такіх маёнткаў. Так, у 1873-1874 гг. падпалкоўнік граф. І. І. Тышкевіч „з найвышэйшага дазволу” купіў у Мазырскім павеце Мінскай губерні маёнткі Асавец, Астражанка і Лельчыцы агульнай плошчай 78,8 тыс. дзес. Пры садзейнічанні германскага ўрада права куплі зямлі атрымаў адзін з найбуйнейшых магнатаў Беларусі, прускі падданы А. В. Радзівіл. У сярэдзіне 70-х гадоў XIX ст. у адзначаным павеце ім набыты ў князя Л. Л. Радзвіла пяць маёнткаў і мястэчка Давыд-Гарадок агульнай велічынёй 20,3 тыс. дзес. Князь Я. Я. Любамірскі купіў у Горацкім і Аршанскім паветах Магілёўскай губерні чатыры маёнткі плошчай 11,6 тыс. дзес.; дваранка Э. А. Васілеўская ў Чэрыкаўскім і Мсціслаўскім паветах той жа губерні — пяць маёнткаў (11,12 тыс. дзес.), палкоўнік А. Л. Брадоўскі ў Барысаўскім, Клімавіцкім і Сенненскім паветах Мінскай і Магілёўскай губерняў — тры маёнткі (5,2 тыс. дзес.); граф Э. К. Чапскі ў Мінскім павеце — пяць маёнткаў (3,7 тыс. дзес.); дваране Л. П. і А. П. Парчэўскія ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні — маёнтак Чарнова (7,2 тыс. дзес.). Інжынер, тайны саветнік С. В. Кербедзь, які атрымаў дазвол на куплю зямельных угоддзяў „за асобыя заслугі”, набыў у Барысаўскім павеце маёнтак Аколава памерам 6,9 тыс. дзес.63
Прыведзеныя вышэй зводныя лічбавыя паказчыкі з’яўляюцца няпоўнымі. Па Мінскай губерні ў склад іх не ўвайшлі даныя аб „асобах польскага паходжання”, купіўшых зямельныя ўчасткі велічынёй да 50 дзес., па Магілёўскай — да 100 дзес. Толькі ў Магілёўскім павеце ў 70-ыя — пачатку 80-х гадоў XIX ст. польскія дваране набылі дзевяць невялікіх маёнткаў і ўрочышчаў плошчай больш за 400 дзес. Некаторыя з гэтых зямельных участкаў раней знаходзіліся ў іх у закладзе64. Апрача таго, як сведчаць матэрыялы канцылярыі магілёўскага губернатара, у апублікаваным пагубернскім спісе землеўдальнікаў на 1882 год прапушчаны асобныя польскія ўладальнікі, што купілі маёнткі памерам больш за сто дзесяцін65.
Нягледзячы на ўсё гэта, супастаўленне прыведзеных даных з паказчыкамі змяншэння польскага землеўладання паказвае, што маштабы набыцця зямлі „асобамі польскага паходжання” на Беларусі пасля рэформы 1861 г. былі абмежаваныя. Абмежавальныя пазямельныя законы захоўвалі сваю сілу ў адносінах да асноўнай масы польскага насельнітва. Але гэта купля гаворыць пра тое, што царызм вымушаны быў лічыцца з інтарэсамі найбольш заможнай і ўплывовай праслойкі польскага дваранства Паўночна- Заходняга краю, усяляк імкнучыся прыцягнуць яе на свой бок.
Мноства зямельных уладанняў „асоб польскага паходжання”, абцяжараных даўгамі другіх прыватнаўласніцкіх, а таксама казённых зямель пераходзіла галоўным чынам да выхадцаў з унутраных губерняў Расіі — высокапастаўленых чыноўнікаў розных ведамстваў, афіцэраў, міравых пасрэднікаў, спраўнікаў, валасных старшын і пісараў і іншых. Пры віленскім генерал-губернатары была створана асобая канцылярыя па пасяленні рускіх землеўладальнікаў у Паўночна-Заходнім краі. Для прыцягнення пакупнікоў зямлі з унутраных рэгіёнаў Расійскай імперыі, магчымасці большага выбару пры заключэнні пазямельных пагадненняў у віленскім губернскім праўленні, пачынаючы з 1867 г., на працягу двух месяцаў у годзе (студзень, ліпень) спецыяльна для „асоб рускага паходжання” праводзілі публічны продаж абцяжараных даўгамі і секвестраваных маёнткаў паўночна-заходніх губерняў66. Вынікі таргоў своечасова публікаваліся ў газеце „Віленскі веснік”. Царскі ўрад ставіў сваёй мэтай у Заходнім краі давесці памеры рускага землеўладання67 да 2/3 прыватнага пазямельнага ўладання, а колькасць рускіх памешчыкаў — да паловы землеўладальнікаў68. Але, па звестках мясцовых улад, на пачатку 80-х гадоў XIX ст. ні ў адной з 5 паўночна-заходніх губерняў рускае памешчыцкае землеўладанне не атрымала такой перавагі над польскім69.
Streszczenie
Polityka władz carskich na Białorusi w drugiej połowie XIX wieku jest dość dobrze opisana w literaturze historycznej Polski, Rosji i Białorusi. Szczególne znaczenie miało kształtowanie struktury własności ziemi w kontekście narodowościowym. Reforma uwłaszczeniowa na Białorusi była znacznie korzystniejsza dla chłopów, gdyż takie rozwiązanie służyło osłabieniu pozycji polskich właścicieli ziemskich. Konfiskowana ziemia uczestników powstania styczniowego miała zwiększyć rosyjski stan posiadania lub poprzez skarb państwa trafić w ręce miejscowych chłopów. Zasadnicze zmiany w strukturze własności ziemskiej na Białorusi po 1863 r. jednak nie nastąpiły. Większość majątków sprzedawanych na licytacjach powiększyła polski stan posiadania. Ziemiaństwo polskie nadal było tą grupą społeczną, która dysponowała środkami płatniczymi na jej wykup.
Summary
The policy of tsarist authorities in Belarus in the second half of the 19th century has been described very well in historical literature of Poland, Russia, and Belarus. This policy attached special importance to shaping the structure of land ownership among different ethnic groups. The land reform in Belarus was much more advantageous to peasants because it made the position of Polish landowners weaker. The land confiscated from participants in the January 1963 Uprising was intended to increase Russia’s land resources or, via the state treasury, be given to local peasants. However, there have been no essential changes in the structure of land ownership in Belarus after 1863. Most estates that were sold at auctions were purchased by Polish owners. The Polish landowners still possessed funds to buy land.
1 35 (з 47-48) паветаў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў, тэрыторыя якіх у асноўным адпавядае тэрыторыі сучаснай Беларусі.
2 Заходнія губерні, Заходні край — дзевяць беларуска-літоўскіх і заходне-ўкраінскіх губерняў: Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская і Падольская.
Паўночна-заходнія губерні, Паўночна-Заходні край — шэсць беларуска-літоўскіх губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Ковенская, Магілёўская, Мінская.
3 С. Г. Громачевский, Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями, Санкт-Петербург 1892.
4 Б. Г. Ольшамовский. Права по землевладению в Западном крае, Санкт-Петербург 1899.
5 П. Жукович, О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России, Санкт-Петербург 1895.
6 А. П. Владимиров, О русском землевладении в Северо-Западном крае, „Русское обозрение”, 1894, нр 7-9.
7 „Мяжа аселасці” — тэрыторыя ў Расійскай імперыі, па-за якой забаранялася жыць яўрэям. Заканадаўча аформлена ўказам Сената ад 23 чэрвеня 1794 г. У другой палове XIX — пачатку XX ст. у „мяжу аселасці” ўваходзілі 6 беларуска-літоўскіх, 8 украінскіх (без Харкаўскай) і Бесарабская губерні: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацерынаслаўская, Кіеўская (апрача г. Кіева), Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрыйская (акрамя г. Ялты), Херсонская, Чарнігаўская. За „мяжой аселасці” маглі сяліцца яўрэі: купцы 1-й гільдыі, асобы з вышэйшай адукацыяй, рамеснікі, былыя рэкруты, яўрэі мясцовага паходжання (курляндскія, каўказскія, туркестанскія). Абмежаванні ўводзіліся і ў самой „мяжы аселасці”. Яна скасавана Савецкай уладай. (Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, Мінск 1973, т. 7, с. 338).
8 В. Н. Никитин, Еврейские поселения северо- и юго-западных губерний (1835-1890 гг.), Санкт-Петербург 1894.
9 А. П. Субботин, В черте еврейской оседлости, Санкт-Петербург 1888, вып. І.
10 Сборник материалов об экономическом положении евреев в России, Санкт-Петербург 1904, т. I.
11 В. Баньковский, Аграрная революцыя и польское землевладение в Западном крае, Петроград 1917.
12 W. Schmidt, Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej w guberniach Wileńskiej, Grodzieńskiej i Mińskiej (1793-1875) (dalej: W. Schmidt, Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej...), Warszawa 1923.
13 М. В. Довнар-Запольский, Народное хозяйство Белоруссии. 1861-1914 гг., Мінск 1926.
14 Д. А. Дудкоў, Аб развіцці капіталізму ў Беларусі ў 2-й палове XIX і пачатку XX стагоддзя, Мінск 1932.
15 К. И. Шабуня, Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии и революции 1905-1907 гг., Минск 1962.
16 Л. П. Липинский, Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.), Минск 1971.
17 С. М. Самбук, Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века, Минск 1980.
18 В. П. Панютич, К вопросу о поземельной политике царизма в Белоруссии во второй половине XIX в., [в:] Из истории крестьянства Белоруссии, Минск 1978.
19 Гэтыя льготы былі наступныя: 1) права пераводу на куплены маёнтак запазычанасці, што лічылася на ім па закладу ці казённаму доўгу, з абавязковым пагашэннем яе па агульнаўстаноўленых правілах; 2) магчымасць аплаты гэтых даўгоў 5%-нымі выкупнымі пасведчаннямі і 5,5%-най рэнтай па намінальнай цане; 3) наданне права вінакурства пакупніку маёнтка ацэначным коштам, без пераводу даўгоў, не менш за 15 тыс. руб., а з пераводам даўгоў — не менш за 30 тыс. руб.; 4) прысваенне звання патомных ганаровых грамадзян купцам абедзвюх гільдый, якія набылі маёнткі адзначанага кошту (Сборник правительственных распоряжений по водворению русских землевладельцев в Северо-Западном крае (далей: Сборник правительственных распоряжений...), Вильна 1870, с. 13-15).
20 Сборник правительственных распоряжений... с. 12-13, 16-17, 88, 173.
21 Полное собрание законов Российской империи. Собрание второе (далей: ПСЗ II), т. XLII, дополнение к т. XL, нр 42328а.
22 ПСЗ ІІ, т. XL, нр 42759.
23 ПСЗ II, т. XLIV, нр 47386; Сборник правительственных распоряжений..., с. 80-81, 185, 201, 232-233, 241; С. Г. Громачевский, Ограничительные законы по землевладению в Западном крае..., с. 7.
24 Б. Г. Ольшамовский, Права по землевладению в Западном крае, с. 52-53.
25 ПСЗ II, т. XLII, нр 45077; т. XLIV, нр 47559.
26 Сборник распоряжений графа Михаила Николаевича Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях (далей: Сборник распоряжений Муравьева), 1863-1864. Сост. Н. Цылов, Вильна 1866, с. 193; Сборник правительственных распоряжений..., с. 1-2, 32.
27 W. Schmidt, Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej..., s. 45-46, 90-95; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей: НГАБ), ф. 1430, воп. 1, с. 35546, л. 1, 11; с. 35756, л. 8, 10; с. 52163, л. 213-217, 404; ф. 2001, воп. 2, с. 34, л. 109, 111, 115, 118, 130-131, 151; с. 123, л. 5-6; с. 160, л. 7-8; с. 171, л. 15-35; с. 175, л. 12, 15-16, 18, 21-24, 27, 29-30, 32, 34, 43; ф. 2189, воп. 1, с. 179, усе лісты; ф. 2502, воп. 1, с. 104, л. 12, 13, 28-29, 34-38; с. 140, л. 541-546; ф. 2514, воп. 1, с. 2258, л. 13, 14, 16, 92, 118, 196; с. 2747, л. 31-32; Памятная книжка Витебской губернии на 1878 год, Витебск 1878, с. 266, 295, 296, 303, 305, 306, 308, 311, 314, 339, 343, 348; Опыт описания Могилевской губернии (Под ред. А. С. Дембовецкого), Могилев 1884, кн. 3, с. 9, 46-257.
28 W. Schmidt, Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej... s. 91-93.
29 НГАБ, ф. 2001, воп. 2, с. 177, л. 13.
30 НГАБ, ф. 2514, воп. 1, с. 2217, л. 108; Сборник правительственных распоряжений..., с. 72-73.
31 Сборник правительственных распоряжений..., с. 83-84, 87, 155; НГАБ, ф. 2514, воп. 1, с. 2217, л. 142.
32 Сборник правительственных распоряжений..., с. 87.
33 „Минские губернские ведомости”, 1874, 12 окт.
34 НГАБ, ф. 2001, воп. 2, с. 177, л. 14-15, 31.
35 Там жа, л. 159, 214; ф. 2189, воп. 1, с. 145, л. 69-70.
36 НГАБ, ф. 2001, воп. 2, с. 171 л. 15-35, 38-39.
37 НГАБ, ф. 2514, воп. 1, с. 2897, л. 74-75, 78-79; ф. 2642, воп. 1, с. 239, л. 585.
38 Сборник правительственных распоряжений..., с. 168.
39 НГАБ, ф. 2001, воп. 2, с. 123. л. 7-11; с. 171, л. 15-35; ф. 2514, воп. 1, с. 2897, л. 404-407; ф. 2642, воп. 1, с. 239, л. 615, 692-693, 744-754.
40 ПСЗ II, т. XLII, нр 45250; т. XLIII, нр 45431; Сборник правительственных распоряжений..., с. 67-69.
41 Сборник правительственных распоряжений..., с. 235, 259; НГАБ, ф. 2001, воп. 2, с. 177, л. 21; ф. 2514, воп. 1, с. 2217, л. 32-33, 89, 95-96, 163.
42 Дзяржаўны архіў Літвы (далей: ДА Літвы), ф. 378, воп. 121, с. 625, л. 57; НГАБ, ф. 2001, воп. 2, с. 177, л. 235-239.
43 ПСЗ II, т. XLVIII, нр 52255.
44 ПСЗ II, т. XLIX, нр 53116.
45 НГАБ, ф. 1430, воп. 1, с. 35546, л. 3; ф. 2514, воп. 1, с. 2258, л. 208; с. 2897, л. 422, 463-464.
46 НГАБ, ф. 2514, воп. 1, с. 2049, л. 688.
47 ПСЗ II, т. LI, нр 55552.
48 ПСЗ II, т. XXXVIII, нр 39377; Сборник распоряжений Муравьева, с. 113-114, 220, 252, 328.
49 Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей: РДГА), ф. 1282, воп. 1, с. 248, л. 120.
50 ДА Літвы, ф. 378, воп. 121, с. 556, л. 11-23, 28-29.
51 НГАБ, ф. 2001, воп. 2, с. 34, л. 130-131; ф. 2502, воп. 1, с. 104, л. 12-38.
52 ПСЗ II, т. XXXVIII, нр 39377; Сборник правительственных распоряжений..., с. 7-9, 27-28.
53 Сборник распоряжений Муравьева, с. 329, 332; НГАБ, ф. 1430, воп. 1, с. 32892, л. 11.
54 ПСЗ II, т. XL, нр 42759.
55 „Минские губернские ведомости”, 1867, 14 окт.
56 ПСЗ II, т. XL, нр 42760; т. XLII, нр 45083; Сборник правительственных распоряжений..., с. 139, 194.
57 Сборник правительственных распоряжений..., с. 262-263.
58 W. Schmidt, Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej..., s. 45-46, 50-53, 76-81; „Минские губерские ведомости”, 1867, 14 окт.
59 W. Schmidt, Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej..., s. 76, 79-81.
60 Сборник правительственных распоряжений..., с. 188-189.
61 Сборник правительственных распоряжений..., с. 249-252.
62 Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год, Минск 1877, с. 3174; Опыт описания Могилевской губернии (Под ред. А. С. Дембовецкого), Могилев 1884, кн. 3, с. 54-257.
63 Список землевладельцев Минской губерни за 1876 год, с. 14, 68, 119, 131, 163, 171; Опыт описания Могилевской губернии, кн. 3, с. 76-77, 80-81, 126-127, 162-163, 194-195, 236-237.
64 НГАБ, ф. 2001, воп. 1, с. 1388, л. 128-130, 140-141, 150-151, 160-163.
65 Там жа, л. 17, 112.
66 Сборник правительственных распоряжений..., с. 92-93.
67 Да рускага землеўладання было аднесена таксама землеўладанне беларусаў і ўкраінцаў. Правам набыцця зямлі ў заходніх губернях карысталіся і асобы пратэстанцкага веравызнання з Прыбалтыкі (остзейскія немцы), і дваране з татар, што жылі ў Заходнім краі. Але апошнім не дазвалялі купляць дзяржаўныя і канфіскаваныя маёнткі, якія прадавалі на льготных умовах, а таксама маёнткі польскіх уладальнікаў, што падлягалі абавязковаму продажу (Сборник правительственных распоряжений..., с. 127, 223).
68 ПСЗ ІI, т. XLV, нр 49091.
69 С. М. Самбук, Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века, с. 104.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|