БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 10

Уладыслаў Чаржынскі — беларускі навуковы і культурны дзеяч з Сакольшчыны

Ігар Жук
(Гродна)

Гэты разбіты лёс складваць даводзіцца з невялічкіх разрозненых аскепкаў публікацыяў, выпадковых сведчанняў, звестак – архівы пакуль што маўчаць, не надта спяшаючыся адкрываць свае таямніцы. „Звестак няма...” – такі адказ найчасцей спадарожнічае ледзь не кожнаму вуснаму ці пісьмоваму запыту, датычнаму асобы, вельмі прыкметнай у літаратурным жыцці 20-х гадоў — Уладыслава Чаржынскага.

Загадкі тут пачынаюць бачыцца нашмат раней — задоўга яшчэ да першага пагрозлівага подыху трагедыі. Нават і сама трагедыя У. Чаржынскага, чалавека, ад прыроды багата надзеленага яркімі здольнасцямі крытыка, гісторыка літаратуры, філолага-навукоўца, застаецца пакуль што загадкай. Трагічнай загадкай. Свавольніца-гісторыя раўніва падбірае сабе постаці, не надта рызыкуючы разменьвацца на дробязі. Так здарылася, што і У. Чаржынскі, чыя дзейнасць ледзь не храналагічна паўтарыла лёс беларускай культуры ў 20-я — пачатку 30-х гадоў, — ад шырокага вольнага ўсплёску да фактычнага замірання — прыхаматлівай воляю лёсу быў пастаўлены ў самы цэнтр першага буйнага, а таму і самага адчувальнага рэпрэсіўнага ўдару карнай сталінскай машыны па навуковай і творчай інтэлігенцыі краю — працэсу гэтак званага Саюза Вызвалення Беларусі (СВБ). Лязо нябачанай дагэтуль гільяціны чляніла чалавечы лёс: абвінавачаны мусіў станавіцца яшчэ і сведкам-абвінаваўцам іншых ахвяр.

Дакументы і матэрыялы, звязаныя з СВБ (а, як вядома, такая арганізацыя ніколі не існавала), на вялікі жаль, яшчэ не рассакрэчаны поўнасцю, доступ да іх абмежаваны. І гэта вельмі адметна, паколькі „працэс Саюза Вызвалення Беларусі” заглынуў у сваё нутро амаль пагалоўна лёсы тагачаснай эліты ў культурным і навуковым жыцці Беларусі. Іх імёны будуць яшчэ названы, лёсы расшыфраваны, а пакуль што перад даследчыкамі — загадкі, загадкі, загадкі...

Загадка першая — біяграфічная. Сутнасць яе раскрывае сціслы адказ з органаў КДБ за подпісам Эдуарда Шыркоўскага, намесніка на той час старшыні КДБ БССР: „Чаржынскі Уладыслаў Вікенцьевіч, 1897 году нараджэння, нараджэнец в. Стара-Каменнай былога Сакольскага павету Гродзенскай воласці, беспартыйны, адукацыя вышэйшая, да арышту — навуковы супрацоўнік Беларускай Акадэміі навук, 10 красавіка 1931 года быў асуджаны калегіяй АДПУ БССР „за ўдзел у контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі” да 5 гадоў высылкі, накіраваны ў г. Казань, дзе працаваў у розных ВНУ горада. У 1952 годзе Чаржынскі У. В. жыў ў горадзе Казані па адрасе: вул. Дзяржынскага, дом 15, кв. 8, працаваў у медыцынскім інстытуце. Звестак пра яго далейшы лёс у КДБ БССР няма. Па крымінальнай справе за 1931 год Чаржынскі У. В. рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 года” (копія арыгіналу захоўваецца ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі — І. Ж.). Вядома, даведку можна дапоўніць некаторымі звесткамі па гадах з аўтабіяграфіі, якую ўдалося атрымаць з Казанскага медінстытута, але гэта сутнасці справы не мяняе — загадкі застаюцца.

Нам невядома пакуль што дакладная дата нараджэння. У аўтабіяграфіі сказана: „Нарадзіўся я ў 1897 годзе ў в. Стара-Каменная Краснастоцкай воласці Сакольскага павету Гродзенскай губерніі”. Калі меркаваць па выпісцы з загаду № 91-Л рэктара Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута ад 19 мая 1967 года, паводле якога Уладыславу Чаржынскаму выносілася падзяка за „бездакорную працу” і „ў сувязі з 70-годдзем і 45-годдзем педагагічнай дзейнасці”, то самым праўдападобным мусіць стацца меркаванне, што шуканы дзень нараджэння палягае дзесьці тут, каля 19 мая. Не надта ясным уяўляецца і сацыяльнае паходжанне, паколькі аўтабіяграфія — звернем увагу і на гэта — складзена 28 снежня 1950 года. „Бацькі мае сяляне, мелі 5 дзесяцін зямлі, якую апрацоўвалі з уласных рук”, — гэткае прызнанне ва ўмовах сталіншчыны зусім неабавязкова змяшчае ў сабе фактычную дакладнасць.

Не да канца праясненым застаецца і шлях да адукацыі. Вучыўся ў народным вучылішчы, пасля — у Гродзенскай гімназіі. Па ўсім відаць, вайна 1914 года падняла з месца і У. Чаржынскага: „перавёўся ў Мінскую гімназію, — сцвярджае аўтабіяграфія, — і скончыў яе ў 1918 г.” Аднак і тут узнікае загадка, бо ў нас ёсць сведчанне Зоські Верас, якая ведала Чаржынскага яшчэ па Гродзенскім гуртку беларускай моладзі. Яна сцвярджае, што У. Чаржынскі прыехаў у Мінск у 1917 годзе з Петраграда.

Жанаты быў У. Чаржынскі з сястрой Змітрака Бядулі. У 1918-1919 гадах даваў прыватныя ўрокі на радзіме жонкі ў вёсцы Пасадзец на Вілейшчыне. З 1920 года пераехаў зноў у Мінск, настаўнічаў, працаваў у БДУ, Інстытуце Беларускай культуры, Камуністычным універсітэце.

Пасля арышту ў 1931 годзе, па нашых звестках, Мінск больш ніколі не наведваў. Хаця, як сведчыў Мікола Базарэвіч, які прыязджаў у Казань у пачатку 60-х гадоў да Чаржынскага з мэтай заключэння рэестра аб перадачы часткі бібліятэкі для музея Якуба Коласа, той надзвычай жыва цікавіўся Старым горадам.

Загадка другая — загадка псеўданіма (Ул. І. Дзяржынскі, Улідзе). Гэтая загадка ўяўляецца ў пэўнай меры і як спроба заглянуць ва ўнутраны, свет асобы. На самай справе, чаму такі трошкі напышчана-шляхецкі і такі „рэвалюцыйны” адначасова — Ул. Дзяржынскі, — калі нават імёны дзяцей маюць старажытнабеларускі сімвал: Вітаўт і Рагнеда? А тым больш — псеўданім Улідзе (абрэвіятура ад першага, асноўнага, псеўданіма)? І ў той жа час часопіс „Полымя” паведамляе, што гэтым самым Улідзе-Дзяржынскім „кончана складаннем і перакладам буйная праца „Нацыянальнае пытанне”, якая зараз рэдагуецца да выдання ў „Савецкай Беларусі” („Полымя”, 1923, № 7-8, с. 133).

Што перад намі? Відавочнае спляценне рознанакіраваных і рознапланавых, супярэчлівых пачаткаў? Гуллівасць і несумненная арыгінальнасць, легкамысная квяцістасць і бясспрэчны імпульс творчасці? Супярэчнасці будуць спадарожнічаць ва ўсім. Дарэчы, Зоська Верас у лісце да А. Пяткевіча не надта ласкава абзываецца пра У. Чаржынскага: „Г. Матук (студэнт, сябра гуртка беларускай моладзі ў Гродне. — І. Ж.) з Петраграду ў 1917 г. прыехаў у Менск. Разам з другім студэнтам Уладыславам Чаржынскім (таксама сябрам Гродзенскага гуртка), які пасля быў даволі вядомым у Менску літаратурным крытыкам — (жанатым з сястрой З. Бядулі — Чэрняй). Жылі ў беларускім інтэрнаце па Маскоўскім завулку № 1 — (над беларускай сталоўкай), якім кіраваў Я. Лёсік. Пасля ліквідацыі інтэрнату абодва зіму 1917-1918 г. жылі ў кватэры Бядулі, у прахадным пакойчыку, на падлозе спалі на разложаных сянніках. Матэрыяльнае становішча іх было вельмі цяжкае. З чаго жылі — сапраўды не ведаю... Тады абставіны ў Менску наогул былі вельмі дрэнныя. Не было хлеба, крупаў, мукі... Заместа мукі прадавалі змолатыя старыя абаранкі... Абодва студэнты прыносілі сабе з чайнай вар — рабілі гарбату. Я са сваёй маці жыла таксама ў Бядулі ў суседнім пакоі. Калі не было зусім хлеба, маці мая пякла для нас і для іх бульбяныя дранікі. (...) Асталося ў памяці як У. Чаржынскі, тып даволі грубы, — раніцай будзіў Матука і выпраўляў у чайную па вар. Мы абураліся, што не па чарзе ходзяць. Але Матук, голадна ўсміхаючыся, казаў: „Няхай, пайду, калі яму цяжка”1. Казанскі ж медычны інстытут выказвае падзяку не толькі за бездакорную працу, але якраз і за «чуйныя» і «прынцыповыя» адносіны да студэнтаў”.

Між іншым, і стыль У. Чаржынскага, пры ўсёй цэльнасці і паслядоўнасці яго навуковых, літаратурных поглядаў, наколькі можна меркаваць, паказвае на натуру страсную, тэмпераментную, але — няроўную. І гэта, напэўна, адыграе злую ролю ў ягоным лёсе, падкрэсліўшы тым самым яшчэ адну заканамернасць: прырода, шчодра адорваючы чалавека талентам, вельмі часта сваю шчодрасць кампенсуе недастатковым гартам духу. І такі варыянт сярод людзей адораных, творчых, нават геніяльных сустракаецца даволі часта.

Нарэшце, загадка творчая. Усё-ткі У. Чаржынскі з’явіўся ў межах пільнай неабходнасці беларускай літаратуры, асабліва ў галіне крытыкі. Так, нацыянальная крытычная традыцыя пачынала ўжо закладвацца: М. Багдановіч і С. Палуян, М. Гарэцкі і Ул. Самойла, В. Ластоўскі і А. Луцкевіч. Гэта, аднак, зусім не пераможны ланцужок пералічэнняў — ён хутка абрываецца. На дапамогу ім прыйдуць вучоныя-літаратуразнаўцы: Я. Карскі, І. Замоцін, М. Піятуховіч, А. Вазнясенскі. Беларуская культурная глеба 20-х гадоў дасць і сваіх крытыкаў. Сярод іх, несумненна, вылучаюцца А. Бабарэка і У. Чаржынскі. Аднак, калі першаму было наканавана яшчэ стаць арганізатарам і тэарэтыкам тагачаснага літаратурнага працэсу, то сфера другога — „чыстая” практычная літаратурная крытыка.

Інтэнсіўнасць працы У. Чаржынскага здзіўляе і захапляе нават у кантэксце імклівага, бурнага літаратурнага развіцця маладой Беларусі. Артыкулы, якія па форме і па сутнасці нагадвалі манаграфічныя даследаванні, рэцэнзіі (а яны захоплівалі літаратурныя з’явы і падзеі не толькі Беларусі, як Усходняй, так і Заходняй, але факты ўсесаюзнага літаратурнага жыцця), прадмовы, укладанні, апрацоўкі — і гэта ўсяго толькі на працягу нейкіх 6-7 гадоў вольнай дзейнасці. Вось паасобныя паведамленні ў тагачасным друку:

„У. Дзяржынскім збіраюцца матэрыялы аб жыцці і творчасці беларускага песняра М. Багдановіча. Ім жа падгатоўліваецца к друку поўны збор твораў М. Багдановіча” („Полымя”, 1922, № 1).

„Пры Правапісна-Тэрміналагічнай камісіі ІБК зложана т. зв. Бюро Адказных Перакладаў, на чале якога вызначаны У. Чаржынскі. Бюро задаволіць патрэбы ўсіх дзяржаўных і грамадзянскіх інстытуцый па ўстанаўленні тых афіцыяльных тэкстаў на беларускай мове, патрэба ў якіх, як стала ўмеркаваных і правільна па-беларуску зложаных, вымагаецца самім жыццём” („Полымя”, 1925, № 6).

Тады ж „Полымя” друкуе курс лекцый па гістарычным матэрыялізме Л. І. Аксельрода ў перакладзе У. Чаржынскага. „Інстытут Беларускай культуры” (Менск, 1926) інфармуе: у першапачатковы склад ІБК увайшлі старшынёю – С. Некрашэвіч, сакратаром – У. Чаржынскі. Яго ж мы знаходзім у Правапісна-Тэрміналагічнай камісіі, а таксама ў складзе аргкамітэта па правядзенні І Беларускай Акадэмічнай канферэнцыі. Па даручэнні камісіі разам з Я. Станкевічам рыхтуюць даклад „Правапіс чужых слоў”. 19 лютага 1925 года ўтварылася літаратурная секцыя ІБК (40 сяброў), якая потым аб’ядналася з секцыяй беларускай мовы. Сакратар аб’яднанай секцыі — У. Чаржынскі. Ім жа апрацоўваліся матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры для кніг прафесара М. Янчука, Я. Барычэўскага, А. Вазнясенскага. А ў 1926 годзе сам падрыхтаваў і выдаў дапаможнік „Выпісы з беларускае літаратуры ХІХ — пач. ХХ стагоддзя”.

Значнасць У. Чаржынскага поўнасцю ўсведамлялася ўжо тады, у 20-ыя гады. Яшчэ раз звернемся да сведчанняў аўтарытэтных літаратараў таго часу:

Максім Гарэцкі ў „Гісторыі беларускае літаратуры” (4-е выд., 1926 г.): „Цяпер у БССР выдатнейшыя крытыкі — М. Піятуховіч, У. Дзяржынскі (падкрэслена намі. — І. Ж.), У. Ігнатоўскі, А. Бабарэка, Я. Кудзер, У. Гайдуковіч...” (с. 239). Л. Клейнбарт, указваючы на сацыяльнае паходжанне ў знакамітай „Маладой Беларусі”, сярод іншых першым называе У. Чаржынскага: „Чаржынскі — з сялян б. Гродзенскай губерніі; з сялян – У. Ігнатоўскі, М. Гарэцкі”2. У ліку ж навукоўцаў ён ставіць Чаржынскага следам за І. Замоціным і М. Піятуховічам: „Пераходзячы ад праф. Замоціна, Піятуховіча да Ул. Чаржынскага, мы трапляем у новае кола зацікаўленняў. Чаржынскі, пераважна, заняты складаным, глыбокім працэсам, што перш за ўсё фарміруе пісьменніка як такога. Такія тэмы, як „М. Багдановіч як прыродаапісальнік”, „М. Багдановіч як стылізатар беларускага вершу”, для яго характэрныя” (с. 357). Магчыма, такая парадкавасць у Л. Клейнбарта аказалася выпадковай, а ўсё ж...

Аўтарытэт Чаржынскага пацвердзіў час. Але пацвердзіў вельмі своеасабліва. У працах даследчыкаў 50-60-х гадоў многія ідэі Уладыслава Чаржынскага знайшлі свой працяг, набылі новае жыццё, праўда, па вядомых прычынах, без прамога ўказання аўтарства. Але тады, у 20-я, лёс пакуль што шчасліва ўсміхаўся маладому і, як выказаўся аднойчы М. Байкоў, „квяцістаму крытыку”.

Калі ў 1924 годзе „Радавая рунь”, ацэньваючы „Новую зямлю” Якуба Коласа, вуснамі Л. Жыценя і папраўдзе адпіла горкі глыток тэорыі „пралетарскай культуры”, заявіўшы, што, „прачытаўшы „Новую зямлю”, ставіш яе з даволі несамавітым настроем на паліцы для кніг побач Шэйна ці Федароўскага вось так, на ўсялякі выпадак”, У. Чаржынскі адрэагаваў на гэта наступным чынам: „Крытык, які з такой пагардай ставіцца да народнай творчасці, які трымае на паліцы зборнікі гэтае творчасці толькі так сабе, „на ўсялякі выпадак”, вочы якога аслеплены, а вушы запаклёваны на ўсю веліч і хараство народнай паэзіі, такі „крытык”, пэўна нічога не знойдзе, нічога не пабачыць у „Новай зямлі”. І цікава тое, што праз сваю недалёкую прымітыўнасць гэты „крытык”, лаючы на ўсе лады „Новую зямлю” і Якуба Коласа, нечакана для сябе і для іншых выказаў ёй найвялікшую пахвалу тым, што паставіў яе на адной паліцы з Шэйнам і Федароўскім. Так, найвыдатнейшыя паэты і пісьменнікі лічылі найвялікшай для сябе пахвалой, найвялікшым для сябе гонарам, калі іх творчасць раўнялі да народнай”.

Пралеткультаўская чыстка пісьменнікаў наогул жа не ўласцівая У. Чаржынскаму. Літаратура, — аднойчы афарыстычна выказаўся ён, — „не жыве па календары, нават па савецкім”. Факт здаецца парадоксам: у згаданай палеміцы Чаржынскі змагаўся якраз не супраць літаратурнага мінулага, а за надчасавую, не ўтылітарную сутнасць мастацтва, за ашчадлівыя і беражлівыя адносіны да спадчыны. І гэтае апекаванне, ужо стала заяўленае першымі працамі пра Максіма Багдановіча, — інтуітыўна ці не — паслухмяна падпарадкоўвалася бясспрэчна развітай эстэтычнай чуйнасці.

Ён жыў творчым бунтам — імпульсіўны, рэзкі, тэмпераментны. Бунт супроць схем быў яго стыхіяй. Часам здавалася, што калі хто-небудзь скажа „так”, ён назнарок адшукае зачэпку, каб сказаць „не”. „Не” — і спрачаўся са сваімі настаўнікамі: Карскім, Замоціным, Піятуховічам. Але найбольш аўтарытэтным настаўнікам для яго была сама літаратура. У той час, калі ў імя „нашего завтра” кідалі заклік „спалить Рафаэля”, „разрушить театры”, растаптаць „искусства цветы”, толькі эстэтычнае чуццё, ад нябёсаў дадзенае, ды ад нябёсаў жа роўнае самагубству, магло даць права на дзёрзкія выклікі. А такім „крамольным” выклікам стаў артыкул „Беларуская літаратурная сучаснасць”, дзе пад літаратурную сучаснасць крытык смела заводзіў і пераклад „Слова пра паход Ігаравы” Янкам Купалам („З бяздонных нетраў гісторыі яна [паэма. — І. Ж.], вынесеная на свет на струнах ліры паэта-грамадзяніна, загаманіла, можа, несвядома, можа, цалкам выпадкова, але загаманіла ў тон з сучаснасцю”), і паэму „Новая зямля” Якуба Коласа („паэма, і не абы-якая паэма”). А пра „Тутэйшых” гаварылася наступнае: „Гэта п’еса можа не спадабацца як прыхільнікам артадаксальнага рэалізму (натуралізму), так і прыхільнікам літаратурнага мадэрну. Рэалістыя будуць незадаволены тым, што ў п’есе не ўсё жыве, што ў п’есе больш рэзанёрства, чымся жывой дзеі, што ў п’есе залішне карыкатуры, што ў п’есе залішне штучнага. З другога боку можа быць той закід, што п’еса замала эмацыянальна, што п’еса ўбога глыбокімі калізіямі, што п’еса пабудавана на павярхоўных водрухах людскіх пачуццяў, урэшце, што п’еса замала сцэнічная” („Полымя”, 1925, № 1, с. 151-152).

Застаецца загадкаю: чаго больш у гэтым выказванні — ці то гарачага водгулля апантаных спрэчак вакол Купалавай п’есы, ці то яго, У. Чаржынскага, асабістага інтуітыўнага адчування часу і руху літаратуры ў гэтым часе. Як бы там ні было, але са здзіўляючай дакладнасцю ў гэтым першым друкаваным водгуку былі прадказаны (ці прадугаданы?) асноўныя кірункі, паводле якіх разгорнецца далейшая ацэнка „Тутэйшых” як з’явы эстэтычнай. „Рэаліст” І. Замоцін і на самай справе выступіць супроць „залішняй карыкатуры” паасобных вобразаў і вобраз Янкі Здольніка акрэсліць „рэзанёрскім”; замоцінская ацэнка з ліхасцю перавандруе ў працы большасці сучасных даследчыкаў (што ж, мы таксама доўгі, празмерна доўгі час былі залішне „рэалістамі”).

„Літаратурны мадэрн”, пад якім ва ўмовах Беларусі трэба, відаць, разумець „гвалт над формай”, як частку барацьбы маладнякоўцаў са „старымі”, у асобе тэарэтыка „маладнякізму” А. Бабарэкі не прымаў не столькі Купалу, колькі саму ідэю Чаржынскага лічыць „Тутэйшых” беларускай сучаснасцю. На думку А. Бабарэкі, У. Чаржынскі з’яўляецца „ідэолагам адраджанізму”, а таму яго рэферат — „гэта спрытнае замалёўванне сапраўднай сутнасці і ісцін творчасці „старых” у нашу сучаснасць...” („Савецкая Беларусь”, 1925, 16 студзеня).

Што датычыць „сцэнічнасці”, то аб гэтым досыць яскрава сведчаць хоць бы тыя факты, якія прыведзены ў прадмове А. Сабалеўскага да „палымянскай” (1988 года) публікацыі „Тутэйшых”. Сам жа Чаржынскі лічыў, што „ўсе гэтыя заганы будуць заганамі чыста ўмоўнымі, залежна ад таго, з пункту погляду якога падыходзяць да гэтае п’есы”.

Крытыку і папраўдзе адкрывалася нетрадыцыйная прастора Купалавай п’есы. Што трэба бачыць, чаго шукаць у „Тутэйшых”? „Не натуралістычнай жыццёвасці, не драматызму перажыванняў, не глыбіні эмоцый, не сцэнічнай дэкаратыўнасці, а... смеху, смеху то пагардлівага, то зласлівага, а найчасцей дабрадушнага смеху, якім смяюцца над тым, што ад нас ужо далёка, што ўжо не можа забурыць нашага жыцця, што толькі праяўляецца ва ўспамінах, а калі яно яшчэ і побач нас, то трусліва пахавалася ў сваіх норах, а калі й вылазіць са сваіх нор, то мае такі мізэрны, такі плытка-нікчэмны выгляд, што можа нас толькі рассмяшыць, і прытым рассмяшыць вельмі дабрадушна”(„Полымя”, 1925, № 1, с. 159).

Вядома, гэта была яшчэ і аднабаковая захопленасць смяшлівым характарам п’есы, недабачванне яе трагічнага боку. Але гэта было і адкрыццё яшчэ аднаго правадзейнага героя — Купалавага смеху. Было і тэарэтычнае абгрунтаванне гэтага героя, магчыма, і не зусім звыклым чынам, але ўсё ж правамернае, лагічнае – праз парадаксальнае, на першы погляд, апраўданне ўласцівай „Тутэйшым” схематычнасці: „Цяжка схемай узрушыць глядзельніка да глыбіні душы, цяжка схемай выклікаць слёзы глыбокіх псіхічных перажыванняў (заданні трагедыі), але схемай можна выклікаць смех (заданні камедыі). І Мальер, які ў сваіх камедыях так блізка падыходзіў да рэалізму, які даваў серыю жывых фігур, гэты самы Мальер там, дзе хацеў смехам бічаваць сваю сучаснасць, дзе хацеў выклікаць смех, — карыстаўся схемай” (тамсама).

Геній Мальера, праз тоўшчу стагоддзяў пакліканы творчай воляю крытыка, павінен быў засведчыць нараджэнне новага ў беларускай літаратуры тыпу п’есы, дзе сышліся разам і традыцыі нацыянальнай — школьнай, батлеечнай, інтэрмедыйнай — драматургіі, і традыцыі класічнай, нават новакласічнай камедыі.

Вядома, адчуваецца пэўная хісткасць тэарэтычных пасылак У. Чаржынскага, абумоўленая агульным сацыялагічным настроем „Полымя” (так мастацкую творчасць ён абмяжоўвае пераважна рэалістычнымі тэндэнцыямі) — адсюль вынікае пэўная недакладнасць эстэтычных ацэнак творчасці паасобных пісьменнікаў. Янка Купала, напрыклад, лічыўся таксама прадстаўніком цалкам рэалістычнага напрамку. Але самае істотнае, асабліва важнае — У. Чаржынскі, прадчуваючы набліжэнне небяспечнага вульгарнага сацыялагізатарства, палка і паслядоўна змагаўся за чысціню ад вульгарных ацэнак твораў нацыянальнай класікі. Склалася даволі парадаксальная сітуацыя: непрызнанне крытыкам рамантычных тэндэнцый у творчасці Янкі Купалы рабіла добрую справу, паколькі логіка вульгарызатараў у хуткім часе акажацца надзіва няхітрай — рамантычная творчасць нібыта з’яўляецца ідэалістычнай па сваёй сутнасці. А калі так, то пісьменнік-рамантык — ідэаліст, і, значыць, лічыцца марксістам не можа. А калі не марксіст, працягнем ланцужок алюзіі, ён — вораг народа. Апошні значны матэрыял У. Чаржынскага „Полымя” надрукавала ў 1928 годзе. Праз год „палымянскія” пазіцыі ўсур’ёз пачне асвойваць Лука Бэндэ, якому яшчэ праз год, у 1930-м, у юбілейным артыкуле пра Янку Купалу „Шлях паэта” ўжо нішто і ніхто не перашкодзіць называць народнага песняра не іначай, як „буржуазным падпявалам”.

Аднак, самай важнай тэарэтычнай заваёвай У. Чаржынскага была тэмпераментная абарона „нашаніўскага перыяду” беларускай літаратуры, яе сацыяльна-гістарычнага аптымізму. Увогуле, нашаніўства — тэма, з якой ён літаральна зліўся. Апошнія сур’ёзныя працы („Янка Купала ў ацэнках нашаніўскіх сучаснікаў” — „Полымя”, 1927, № 8, „Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі” — „Узвышша”, 1928, № 3) якраз і прысвечаны менавіта гэтаму перыяду. Гэта была адна з апошніх спроб строгага навуковага падыходу да канцэптуальных пытанняў нацыянальнай літаратуры. І так сталася, што спроба ў адначассі аказалася развітаннем са сваім найгалоўнейшым настаўнікам. Літаратурная дзейнасць Чаржынскага тут абрываецца (водгук аб абароне А. Вазнясенскім дысертацыі ў 1944 г. у Казані пад увагу не бяром).

Што значыў адраджэнцкі нашаніўскі перыяд для беларускай літаратуры? Чаму Чаржынскі падтрымлівае меркаванні В. Вегняровіча, выказаныя ў тыднёвіку „Świat słowiański” (1912, № 85-87)? І наадварот — актыўна не прымае ацэнак-рэкамендацый З. Пяткевіча („Prawda”, 1910, № 39)? Або чаму так здзекліва іранізуе над Ч. Янкоўскім („ашмянскі пан-абшарнік”), калі той прадузята паставіўся да Купалавай „Адвечнай песні” („Kurier Warszawski”, 1910, № 339)? „Адны і тыя ж факты, — піша У. Чаржынскі, — успрымаюцца проста процілегла. Там, дзе першыя знаходзілі моцную веру ў будучыню, заклікі да новага жыцця, паказванні новых шляхоў і г. д., апошнія бачаць: „мінорны і элегійны тон”, „расчуленне і паглыбленне народнай гнуснасці”, „апатыю”, „недалужнае бедаванне”, „плач” і г. д., адным словам, усе элементы стопрацэнтанага песімізму” („Полымя”, 1927, № 8).

Пытанне зусім не такое рытарычнае, як гэта можа падацца на першы погляд. Справа не ў тым, што перад намі сутыкнуліся па меншай меры дзве канцэпцыі, два погляды на гістарычнае развіццё беларускайй літаратуры. Іншае ўяўляецца тут больш цікавым і істотным — артыкул падабраў пад сябе меркаванні літаратараў, прыналежных да розных нацыянальных культур. Гэта, так бы мовіць, было суквецце славянскага погляду на маладую беларускую літаратуру перыяду свайго новага Адраджэння. Акрамя вышэйпамянёных польскіх літаратараў, ды яшчэ польскага публіцыста, які схаваўся пад крыптанімам W. B., тут падавалі свой голас чэх А. Чэрны, украінскі даследчык І. Свянціцкі, рускі М. Пагодзін. З беларусаў найбольш істотна прадстаўлены былі А. Навіна, С. Палуян, А. Бульба, М. Багдановіч.

Што ж, форум сабраўся сапраўды прадстаўнічы, агледзіны літаратуры рабіліся ўсур’ёз — Чаржынскі не ацаніць гэтага не мог. Даруем яму пэўную энергічную размашыстасць пісьма, у якой чуецца напал дыскусіі, і ўхвальна паставімся да асноўнай думкі артыкула: „... для маладой беларускай літаратуры, якая перажывае крытычны перыяд свайго адраджэння, кляймо песімізму, бязвер’я, „апатыі”, „недалужнасці” — з’яўляецца калі не забойчым, то вельмі шкодным”. А яго фраза, звернутая да нядаўніх „апекуноў-крытыкаў” беларускай літаратуры, але напісаная ў 1927 годзе, днём сённяшнім пачынае ўспрымацца як дзіўнае, невытлумачальнае прадчуванне новых „крытыкаў-апекуноў”, чыімі пёркамі на гэты раз вадзіць будзе злавесны цень Бэнды: „Яны добра разумеюць, што гэты штамп, гэтае кляймо, можа прымусіць (выдзелена намі. — І. Ж). паэтаў-нашаніўцаў прарэвізаваць асноўную лінію мастацкай творчасці, а можа быць, і змяніць яе, змяніць у кірунку, падказаным гэтымі ж апекунамі-крытыкамі”(тамсама, с. 149).

Прадчуванне сталася сапраўдным прароцтвам: і да гэтай пары не надта адукаваная ў літаратурным сэнсе публіка бачыць у літаратуры „нашаніўскага” адражэння толькі адзін матыў — нэндзы, жальбы і нядолі. У. Чаржынскі заставаўся адным з нямногіх у тагачаснай Савецкай Беларусі, хто публічна выступаў супроць яўнага збяднення і няслушнага спрашчэння ўнутранай канстытуцыі беларускага пісьменства пачатку ХХ стагоддзя. Безумоўна, крытык яўна перабольшваў, калі ў палемічным запале сцвярджаў, што беларуская літаратура — самая жыццесцвярджальная з літаратур тае пары, але ўнутраны аптымістычны пафас яе ён адчуваў амаль бездакорна.

У. Чаржынскі бачыў і разумеў глыбіню ахвярнасці, якую накладвала на паэтаў-нашаніўцаў беларуская рэчаіснасць. Вядома, хацелася больш годнай ролі, хацелася сапраўднага пачэснага пасаду, але што ж зробіш, калі гісторыя, замест ганаровага „краснага кута”, няўмольна накануе гэтаму краю сімвал пакутнага крыжа, на які — хто моліцца за самотную ахвяру, хто карыстаецца крыжам, і не заўсёды ў дабрачынных мэтах, а хто і проста грэбліва махае рукой (артыкул „Янка Купала ў ацэнках нашаніўскіх сучаснікаў” адкрывае прастору і для такога прачытання). У гэткім кантэксце больш зразумелымі становяцца едкія, іранічныя рэплікі Чаржынскага адносна сваіх апанентаў. Бо і на самай справе: „прарэвізаваць” асноўную лінію нашаніўцаў, даць „брашуру аб штучным угнаенні” азначала, паводле крытыка, — занядбаць самабытны шлях беларускай літаратуры, адмовіць яе ганаровы дэвіз, напісаны рукою Купалы: „людзьмі звацца!”

Але ў 1927 годзе „людзьмі звацца” — ды яшчэ з выразным нацыянальным абліччам — станавілася небяспечным. У. Чаржынскі са сваімі ідэямі трапляў яўна не ў тон часу.

Ужо ў наступным, 1928 годзе, пасля лютаўскай канферэнцыі „Маладняка” ашаламляльна нарастае агрэсіўны напор маладнякоўскай крытыкі ў яе „белапаўскім” варыянце. У 1929 годзе, у адначассі з узлётам Л. Бэндэ, згасае ўсялякая творчая дзейнасць „Узвышша” — самага цікавага літаратурнага аб’яднання Беларусі. 1930 год увайшоў у нашу памяць не толькі як год СВБ, „пакаяльнага пісьма” Янкі Купалы ў газету „Звязда”, але і як год вераломнай рэзалюцыі „Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі ў Савецкай Беларусі”. Патрабаванне жорстка пакараць „міжнародных агентаў” — найцікавых тагачасных творцаў У. Дубоўку, А. Бабарэку, Я. Пушчу — падпісалі не хто іншы, а ўсе былыя сябры і аднадумцы па „Узвышшы”. 1931 год — год самароспуску гэтага аб’яднання і, з іншага боку, 2-га пленума савета УАПП. А яшчэ ў тым жа годзе краіна пазбавілася апошняй сур’ёзнай буйной філасофскай школы — дзяборынскай. Забойства філасофскай думкі не магло адразу і рэзка адбіцца на знешнім вобліку дзяржаўнай машыны. Аднак у галіне мастацтва, культуры, з іх масавым амаладжэннем, знішчальныя рэпрэсіі на інтэлект адбіліся практычна імгненна.

1928 год — „мёртвая кропка” вялікага супрацьстаяння. Праўда, і тады стаянне на месцы азначала рух назад. 1931 год — прыспешаны ход незваротных працэсаў. Разгром дзяборынскай філасофскай школы (пастановай ад 25.01.1931 г.) замкнуў ланцужок цыклічных супадзенняў недыялектычнай заканамернасцю. Генеральны тэарэтык УАППа Л. Авербах, абвясціўшы прымат зместу над формай, шчыра шкадаваў, што „мы далёка яшчэ не зжылі нацыянальнай формы культуры”. „Не зжылі” ў тым сэнсе, што ў альтэрнатыўным вырашэнні пытання „хто — каго?” яшчэ не забяспечана „гегемонія пралетарыяту” ў авербахаўскім разуменні. Перашкаджалі ўсякія „папутнікі”, гэтыя „нашаніўцы”, той жа Янка Купала, што ў далёкім — гістарычна далёкім 1924 годзе — як бы прадчуваючы нашэсце бяздумнага і блытанага ўяўлення пра дыялектыку нацыянальнага і агульначалавечага, іранічна ўсміхаўся: „О, так! Я — пралетар...” Ды вось бяда: „Мне сняцца сны аб Беларусі”.

Гэткія мройлівыя сненні, гэткае палкае жаданне, прага нацыянальнай самабытнай культуры, культуры такой размаітай у сваіх вонкавых фармальных праявах, Л. Авербаху ўяўляліся толькі як „идеологические побрякушки о самобытности”, „обывательская чепуха”, якую ў такіх выпадках выказваюць людзі, што не разумеюць ці не хочуць разумець класавай барацьбы, якая вядзецца на літаратурным фронце”3. Што ж, у такім разе ў яго былі ўсе падставы заявіць: „Наш клас валодае сваім крытэрыем мастацкасці”. У галіне культуры — ды і не толькі — гэты „клас” пачынаў так званую праполку наадварот. З літаратуры „выполваліся” лепшыя творы, жыўцом вырываліся лепшыя імёны, гонар і слава мастацкага слова аб’яўляліся шкодніцтвам і, як пустазелле, выкідваліся падалей ад чалавечага вока.

З Уладыславам Чаржынскім і яго настаўнікамі нялюдская „праполка” займела адмысловы выгляд. Тут мы падаём вялікую вытрымку з даклада А. Сянкевіча на секцыі літаратуры народаў СССР Інстытута літаратуры і мовы Камакадэміі ў сувязі з тыднем беларускай літаратуры. Вытрымка красамоўная, тлумачыць у ёй што-небудзь, здаецца, не даводзіцца, а „герояў” ведаць трэба.

„История литературы, вопросы литературоведения находились в основном до последнего времени в руках, с одной стороны, махровых белорусских национал-демократов, с другой — в руках идеалистов, формалистов и эклектиков. И до сего дня играют роль учебных пособий для высшей и средней школы такие вещи, как „История белорусской литературы” М. Горецкого, такая же „История белорусской литературы” проф. Пиотуховича, „Выписки из белорусской литературы” В. Чаржинского и др. Для того, чтобы иметь представление, чем являются эти „учебные пособия”, достаточно указать, что треть материала в них отведена так называемой стародавней белорусской литературе — Скарине, Климентию Смолятичу и другим духовным отцам и средневековым монахам. Добрая треть посвящена так называемым хлопоманам (Рипинский, Дунин-Марцинкевич и др.) — крепостникам и сторонникам крепостного права, стремившимся найти выход перед надвигающейся крестьянской революцией в смягчении крепостничества. И вот этих панов из крепостного лагеря все три поименованных автора зачисляют в разряд народников. Идеализируя прошлое в области белорусской литературы, доискиваясь корней современной белорусской литературы в трудах средневековых монахов и хлопоманов конца ХVIII столетия, белорусские критики в лице М. Горецкого, Чаржинского и Пиотуховича стараются этим доказать историчность белорусской литературы, способствуя таким образом укреплению и распространению белорусского национализма сегодня.

В этих пособиях остальная треть отдается нашенивскому периоду, и почти ничего, если не считать нескольких страниц, — советской художественной литературе. О том, как „учёные” из лагеря национал-демократов стараются использовать орудие литературной критики в своих национал-демократических целях, чрезвычайно выразительно говорят литературные упражнения „критика” Чаржинского. Выше я указал, что и Купала и Колас в своём творчестве не выходили в основном из круга национал-демократической идеологии. Чаржинский стремится доказать как раз обратное. Он утверждает, что поэма Я. Коласа „Новая земля” является произведением, созвучным советской эпохе.

Прикрываясь „марксистской” фразеологией, Чаржинский дает следующий анализ социальной значимости поэмы „Новая земля”: „Якуб Колас в „Новой земле”, — пишет Чаржинский, — во всей художественной широте показал нам, что под грубой сермягой бьётся могучее сердце, бьётся неудержимый пульс стремлений, что под этой грубой сермягой — неисчерпаемый источник мощи и энергии, упорства и настойчивости, но вместе с этим он нам показал трагедию потери классового сознания, показал нам процесс деклассирования определенной части крестьянства накануне социальной революции”.

Если признать, что Колас показал процесс деклассирования определенной части крестьянства, то критику здесь же надо было показать, каково отношение автора „Новой земли” к этому процессу деклассирования, а равно показать и то, где автор видит выход для своего героя, ставшего жертвой деклассирования.

„Вся беда и весь трагизм в том (по Чаржинскому), что крестьянин потерял свой классовый инстинкт, что он надеется улучшить свое положение тем же путем, по какому идут его классовые враги. Классовый инстинкт крестьянина, — утверждает Чаржинский, — это инстинкт коллективиста и трагизм коласовского героя заключается в том, что он потерял этот инстинкт, вступил на путь индивидуальной борьбы за собственный кусок земли”.

Откуда это Чаржинский взял, что всё крестьянство является коллективистом даже по классовому инстинкту? Мы ведь думали и всегда утверждали, что носителем коллективизма и коллективности является пролетариат; пролетариат руководит бедняцкими и середняцкими слоями крестьянства, он указывает этому крестьянству единственный выход — путь коллективной борьбы против капитализма, путь коллективного строительства после победы пролетарской революции. Колас действительно показал со всей глубиной этот собственнический инстинкт крестьянина, его стремление к собственному кусочку земли, но здесь же кроется ключ к тому, является ли „Земля” Коласа созвучной советской эпохе. Она была бы таковой, если бы Я. Колас показал революционный выход из того трагического положения, в котором очутился его герой и в котором находятся миллионы крестьян в капиталистических странах. Колас не только не показал этого выхода, но больше того — каждая строчка его лирических отступлений говорит нам о том, что устремления автора, его идеалы те же, что и идеалы его героя, что выход он видит в приобретении деклассированным крестьянством собственного кусочка земли.

В другом месте В. Чаржинский, говоря о „Новой земле”, уже откровенно проповедует национал-демократическую идеологию.

„Борьба Михала, — пишет Чаржинский, — за собственную землю символизирует белорусский трудящийся народ, тот народ, который на протяжении столетий не имел своего отечества, который был чужим в этом отечестве, тот народ, который, как и Михал, только и мечтал, только и стремился к этому своему отечеству, к собственной земле — „новой земле”, как символически показывает поэт в своей поэме”.

Ёщё с большим усердием тот же Чаржинский стремится притянуть за уши творчество Купалы к советской действительности, подитоживая отдельные моменты творчества Я. Купалы в послеоктябрьский период. (...) Наиболее характерным показателем того, как национал-демократический критик старается прикрыть и завуалировать национал-демократическую сущность того или другого произведения, является оценка, данная Чаржинским драме „Тутэйшыя”, написанной Купалой в 1923 г. (? — I. Ж.), драме, к слову сказать, явно шовинистической. В своей оценке этой драмы Чаржинский ловко обходит социальную сущность и направленность драмы и говорит исключительно о ёе формальных сторонах. Видите ли, это произведение, по словам Чаржинского, не смотря на свою схематичность, похоже на мольеровские вещи (...). Поэтому пьеса „Тутэйшыя” во всем своем драматическом построении является веянием мольеровского гения на белорусскую литературу.

Посмотрим, какую же современность бичует своим смехом Я. Купала в драме „Тутэйшыя”? „Тутэйшыя” дают картину оккупации Белорусии. Причем Купала подводит и время пребывания большевиков под понятие оккупации. Следовательно, в драме „Тутэйшыя” он выступает против советской действительности, он поднимает насмех большевиков, которых он в этом произведении ставит на одну доску с польскими оккупантами”4.

У. Чаржынскаму, мяркуючы па гэтай вытрымцы, дый па сведчаннях друку 30-х гадоў вакол працэсу Саюза Вызваленя Беларусі, была адведзена не апошняя роля ў выкрыцці „ворагаў народа”. Дасталося яму нямала. Апроч усяго, інкрымінавалася „апалячванне беларускай мовы” (глеба была прыдатная — усё ж радзіма знаходзілася за дэмаркацыйнай лініяй). Ён называўся ў ліку галаўной групы нацдэмаў (група „Чаржынскага, Ластоўскага, Лёсіка”). Лёс, які шчасліва ўсміхаўся ўдачаю, на гэты раз абышоўся з ім жорстка і злосна: У. Чаржынскі быў ахвяраю сталінскага малоха і стаў часцінкай гаручага матэрыялу, падкінутага ў вогнішча нябачнай дагэтуль інквізіцыі. Л. Авербах на памянёным пленуме савета УАПП прыводзіць невядома як раздабытае сведчанне У. Чаржынскага на допытах НКУС.

„Апорнымі пунктамі для контррэвалюцыйнай работы ў галіне літаратуры былі „Полымя” і „Узвышша”. Але ж гэтыя арганізацыі востра варагавалі паміж сабой, бесперапынна змагаліся адно з другім. Як жа яны маглі быць факторыямі нашай арганізацыі (СВБ. — І. Ж.)?

Справа ў наступным. Першапачаткова, калі яшчэ не існавала „Полымя”, кіруючыя кадры беларускіх нацыянал-дэмакратаў цалкам сімпатызавалі і арыентаваліся на „Узвышша”, ператвараючы гэтую арганізацыю ў рупар сваіх ідэй. Але неўзабаве „Узвышша” скампраметавала сябе шэрагам махровых нацыянал-дэмакратычных выступленняў у вачах партыйнай і савецкай грамадскасці. І вось узнікае ў адзначаных вышэй колах беларускіх нацыянал-дэмакратаў ідэя стварэння новай, ва ўсіх адносінах „бездакорнай” літаратурнай арганізацыі з моцным партыйным ядром. Пасродкам такой, якая не выклікае сумнення ў сваёй ідэалагічнай і палітычнай вытрыманасці арганізацыі, мы спадзяёмся больш дакладна і поўна, не выклікаючы падазрэнняў, праводзіць сваю лінію. З гэтай мэтаю складваецца блок з пісьменнікаў-нашаніўцаў і найбольш выдатных маладых, — і „Полымя” арганізавана. Цэнтр увагі з гэтага моманту мы пераносім з „Узвышша” на „Полымя”. Апошняе адкрывае маскіровачны агонь па „Узвышшы”, каб тым самым канчаткова адмежавацца ад падмочанай рэпутацыі апошняга (...). Паўтараю, што калі „Узвышша” змагалася з „Полымем”, то гэтая барацьба, па сутнасці, зводзілася да таго, хто з іх больш удала рэалізуе адны і тыя ж задачы, што вынікалі са сферы нашай групоўкі”5.

Устрымаемся ад якога-небудзь каментарыя, нават калі „дакумент” мае сапраўднае паходжанне.

Здаецца, Ф. Ніцшэ належыць і такі імператыў: варта навучыцца жыць на мяжы бездані, не падаючы ў яе. У 1930-31 гадах Чаржынскі, як шмат хто іншы, бяздонную глыбіню антыгуманнасці грамадскіх умоў, г.зн. таго, што жыццё падштурхнула яго да мяжы бездані, ухапіць адразу не мог. Надта ж абвальным было крышэнне звыклага ці ідэальна — верай у свядомасці — збудаванага свету. Першы размашысты хапун на Беларусі быў такі нечаканы, а абвал такі ашаламляльны, што, па ўсёй верагоднасці, нават уласная духоўная катастрофа яшчэ не ўяўлялася рэальнасцю. Учарашні бясхмарны побыт здаваўся рэаліяй куды больш праўдзівай, чымся турэмныя краты, што аддзялялі ад гэтага бясхмарнага ўчора: вось-вось наступіць заўтра, і яно, замест смярдзючай камеры, паднясе філіжанку кавы ў хатняй сямейнай абстаноўцы.

Жыць на мяжы бездані, „не трапляючы ў яе”, ён навучыўся ў Казані, працуючы выключна на выкладчыцкіх пасадах у розных навучальных установах сталіцы Татарыі. Прорву, што ўтварылася „пяцігадовай высылкай”, а, як аказалася, здоўжылася на ўсё жыццё, пераступіць ён не пасмеў. Іншая і родная сталіца — Менск — аказалася для яго абазначэннем хісткай лёсавырашальнай мяжы, якую, перакрочыўшы аднойчы, у адзін бок, назад ужо не адскочыш. Гэта было б вяртаннем у мінулае, а на этычным узроўні такое вяртанне для Чаржынскага не уяўлялася магчымым.

Дзе архівы Чаржынскага? Ліставанне, рукапісы, якія штосьці могуць дадаць не толькі пра яго самаго, але і пра Бядулю, Вазнясенскага? А, магчыма, — пра Ю. Бібілу, І. Замоціна, М. Піятуховіча, Я. Барычэўскага? Дзе шукаць іх? Дзе шукаць дзяцей Чаржынскага, якія штосьці маглі б падказаць і якія, праўдападобна, не ведаюць пра факт рэабілітацыі бацькі? Можа быць, след гэтай публікацыі дзесьці, хоць выпадкова, дый перакрыжуецца са слядамі нашчадкаў гэтага адоранага чалавека, чый лёс перапоўнены пытаннямі значна больш, чым раскошай адказаў на іх.

Але за ўсёй гэтай суб’ектыўнай гісторыяй бачыцца і інакшы змест. Беларуская літаратура заўсёды была літаратурай „пагранічча” — часавага ці прасторавага. Яна фармавалася на мяжы розных культур. У сувязі з гэтым нацыянальная тканка яе аказалася надзвычай чуйнай да любога дотыку не толькі іншанацыянальных структур. Яшчэ не стаўшы як след літаратурай поўнасцю нацыянальнай у пачатку ХХ стагоддзя, яна была вымушана перарастрачваць неакрэплыя сілы ў змаганні супраць знішчальнай тэндэнцыі 30-х гадоў, паводле якой нацыянальная самабытнасць бачылася „идеологическими побрякушками”. А гэта — яе, літаратуры, трагедыя, чарговая трагедыя. І будавалася яна на асабістых драмах творцаў.

Лёс Уладыслава Чаржынскага — найлепшае таму сведчанне.


1 Зоська Верас — А. Пяткевічу. Вільнюс, 17. 09. 78 (па паштовым штэмпелі).
2 Л. Клейнборт, Молодая Белоруссия, Минск, 1928, с. 355
3 Пролетарская литература СССР на новом этапе: сокращённый стенограф. Отчёт 2-го пленума совета ВОАПП., Москва — Ленинград, Государственный институт художественной литературы (далей: ГИХЛ), 1931, с. 155
4 А. Сенкевич, О. Конокотин, П. Головач, А. Сологуб, Классовая борьба в белорусской литературе, Москав — Ленинград, ГИХЛ, 1932, с. 23-26.
5 Пролетарская литература СССР на новом этапе..., с. 157.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія