БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 11

Нацыянальны аспект пазямельнай палітыкі царызму на Беларусі эпохі капіталізму (1861-1917 гг.)
(Частка II)

Вячаслаў Панюціч
(Мінск)

„Асобы рускага паходжання” ў заходніх губернях набывалі дзяржаўную і прыватную зямлю на льготных умовах. Згодна з правіламі ад 5 сакавіка 1864 г. і дадаткам да іх яны атрымалі права пераводу на куплены маёнтак казённых і прыватных даўгоў, якія лічыліся на ім, маглі аплачваць іх пяціпрацэнтнымі выкупнымі пасведчаннямі і 5,5-працэнтнай рэнтай па мінімальнай вартасці. Пакупніку маёнтка, не абцяжаранага даўгамі, ацэначнай вартасцю ад 15 да 30 тыс. руб., а з запазычанасцю — вартасцю 30 тыс. руб. і больш давалі права вінакурства. Пры куплі такіх маёнткаў рускім купцам абедзвюх гільдый прысвойвалі званне патомных ганаровых грамадзян1.

„Асобы рускага паходжання” атрымалі права прасіць на куплю казённых і прыватных маёнткаў дзяржаўную грашовую пазыку з асобага фонду. Гэты фонд павінен быў паступова скласціся з грашовых сродкаў, выручаных ад продажу дзяржаўных маёнткаў, а таксама атрыманых за кошт казённых аброчных даходаў у Заходнім краі2. Паводле сцвярджэння міністра дзяржаўных маёмасцей, дзеля ўмацавання „рускага пачатку” ў заходніх губернях урад прадаў там каля 500 тыс. дзес. зямлі, што каштавалі 20 млн. руб., толькі за 7 млн. руб.3

Хутка „асобы рускага паходжання” атрымалі новыя льготы пры куплі казённых зямель у заходніх губернях. Урадавай інструкцыяй Міністэрству дзяржаўных маёмасцей ад 23 ліпеня 1865 г. рускім чыноўнікам, служыўшым тут з 1863 г. і надзейным у палітычных адносінах, па хадайніцтву начальства ва ўзнагароду „за выдатную службу” давалі права купляць казённыя і канфіскаваныя маёнткі без таргоў і ўнясення задаткавых сум, з вызваленнем ад пакупных пошлін і дзяржаўных пазямельных збораў у першыя два гады. Дзяржава давала ім грашовую пазыку для аплаты кошту зямельных участкаў, з правам пагашэння яе роўнымі долямі без працэнтаў, на працягу 20 гадоў4. Усяго ў пяці паўночна-заходніх губернях 574 чыноўнікі ва ўзнагароду за службу набылі на асоба льготных умовах па названай інструкцыі 259,3 тыс. дзес. зямлі — у сярэднім 450 дзес. на пакупніка5. Чыноўнікі, не ўмеючы, ды і не жадаючы весці гаспадарку, відаць, большасць гэтых маёнткаў здавалі ў арэнду. Напрыклад, у Мінскай губерні ў сярэдзіне 70-х гадоў XIX ст. з 114 маёнткаў, набытых па інструкцыі ад 23 ліпеня 1865 г., 84 (74%) знаходзіліся ў руках арандатараў, 7 (6%) — аканомаў і толькі ў 23 (20%) маёнтках гаспадарылі самі ўладальнікі6.

„Асобы рускага паходжання”, якія куплялі казённыя і канфіскаваныя маёнткі па ўласным хадайніцтве, абавязаны былі ўнесці наяўнымі грашыма не менш за 1/5 ацэначнай сумы, з 10-працэнтнай надбаўкай. Астатнія грошы яны выплачвалі па правілах 37-гадовых пазык, уносячы кожны год па 6% з поўнай сумы, што заставалася ў даўгу7.

Адпаведна інструкцыі ад 23 ліпеня 1865 г. зямельныя ўчасткі для льготнага продажу вырашана было сфарміраваць памерам 300-600 і 600-1000 дзес., а „па асобай павазе” — і вышэй за гэты памер. Лічылася, што толькі ўчасткі плошчай не менш за 300 дзес. давалі права голасу на будучых земскіх сходах. Аднак у сявязі з выдачай вялікай колькасці пасведчанняў на куплю маёнткаў і недахопам дзяржаўнай зямлі хутка было дазволена прадаваць „асобам рускага паходжання” зямельныя ўчасткі велічынёй 50-300 дзес. і 20-50 дзес. Апошнія давалі настаўнікам сельскіх школ і валасным пісарам рускага паходжання8. Памеры зямельных участкаў, што выдзяляліся, залежалі ад наяўнасці казённага зямельнага фонду на месцах і не ў меншай ступені — ад прыхільнасці Міністэрства дзяржаўных маёмасцей і мясцовай адміністрацыі.

Льготны продаж казённых і канфіскаваных зямель на Беларусі і ў Літве працягваўся з сярэдзіны 60-х гадоў па 1874 г.

Царскі ўрад узмоцнена шукаў крыніцы крэдытавання „асоб рускага паходжання”, купляўшых маёнткі ў Заходнім краі. Памеры адзначанага вышэй асобага крэдытнага фонду, насуперак чаканню ўлад аказаліся недастатковымі. У сувязі з гэтым на разгледжаную аперацыю дазволена было пазычыць мільён рублёў з прадуктовага капіталу. На тыя ж патрэбы Міністэрства фінансаў адпусціла пяць мільёнаў рублёў банкавымі білетамі. Паколькі і гэтай сумы было далёка недастакова для крэдытавання пакупнікоў зямель, яе пераўтварылі ў асноўны капітал утворанага ў 1866 г. Таварыства пакупнікоў маёнткаў у заходніх губернях9.

Таварыства пад забеспячэнне названага капіталу і закладзеных маёнткаў магло выдаць пазыку на суму да 50 млн. руб. Але менш чым праз год яно спыніла дзейнасць, і крэдытаванне памешчыцкіх маёнткаў перайшло да Таварыства ўзаемнага пазямельнагпа крэдыту. Апошняе з-за неабходнасці пагашэння доўгу прадуктоваму капіталу і дзяржаўнаму казначэйству не ў стане было забяспечыць пакупнікоў — у прыватнасці, рускіх памешчыкаў Беларусі і Літвы — грашовымі крэдытамі10. Пазней, з другой паловы 80-х гадоў XIX ст., грашовыя пазыкі ім тут выдаваліся галоўным чынам Дваранскім пазямельным банкам пад заклад маёнткаў.

Па льготнай ацэнцы, паводле інструкцыі ад 23 ліпеня 1865 г., у беларускіх паветах Віленскай, Гродзенскай і ў Мінскай губернях у 1866-1873 гг. 300 рускіх пакупнікоў набылі 329 казённых і канфіскаваных маёнткаў агульнай велічынёй 146,3 тыс. дзес. Пераважную колькасць гэтай зямлі дзяржава прадала ім па хадайніцтву начальства ва ўзнагароду „за выдатную службу”, г.зн. на асоба льготных умовах. Напрыклад, у Мінскай губерні к 1871 г. такім спосабам чыноўнікі розных ведамстваў набылі 60 тыс. дзес., што складала больш за 4/5 зямельнай плошчы, купленай імі па адзначанай інструкцыі11.

Адной з найважнейшых ільгот пры куплі зямлі „асобамі рускага паходжання”, як адзначана вышэй, з’яўлялася і паніжаная ацэнка зямельных угоддзяў. У беларускіх паветах Віленскай, Гродзенскай і ў Мінскай губернях названыя 329 казённых і канфіскаваных, а таксама 68 секвестраваных маёнткаў у 1866-1873 гг. прададзены дзяржавай за агульную суму 1 640,8 тыс. руб. З улікам жа сярэднегадавых мясцовых рыначных цэн на зямлю ў гэты перыяд агульны кошт іх павінен быў скласці прыкладна 2 100 тыс. руб.12 У выніку 416 новаспечаных рускіх памешчыкаў, купіўшых гэту зямлю, атрымалі ад царскага ўрада своеасаблівы падарунак на суму каля паўмільёна рублёў.

Характэрна і тое, што з 880 зямельных уладанняў, набытых „асобамі рускага паходжання” з 5 сакавіка 1864 г. па верасень 1869 г. у Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, толькі 399 (45,8%) куплена ў былых уладальнікаў на добраахвотных пачатках, па рыначных цэнах. Плошча іх складала 327,6 тыс. (36,8%) дзес. Астатнія 481 (54,7%) прададзены маёнтак і асобны зямельны ўчастак памерам 562,9 тыс. (63,2%) дзес. перайшлі да новых уладальнікаў на тых ці іншых ільготных умовах13.

Многія „асобы рускага паходжання” (і прыраўнаваныя да іх у пазямельных правах выхадцы з Прыбалтыкі пратэстанцкага веравызнання) на Беларусі сталі ўладальнікамі магнацкіх маёнткаў, вялізных латыфундый. Так, у Мінскай губерні тайны саветнік барон К. К. Унгерн-Штэрнберг набыў у Рэчыцкім павеце эканомію Бела-Сарока велічынёй 24 293 дзес., калежскі сакратар А. С. Разанскі ў Мазырскім павеце — маёнтак Ляхавічы (14 646 дзес.). Упамянутыя вышэй гіганцкія памешчыцкія латыфундыі таксама былі куплены „асобамі рускага паходжання” і пратэстанцкага веравызнання: Рудабелка (Бабруйскі павет) — генерал-маёрам А. Ф. Ліліенфельдам, Халапенічы (Барысаўскі павет) — сапраўдным стацкім саветнікам Р. В. Вількіным, Людзеневічы і Лучыцы (Мазырскі павет) — жонкай падпалкоўніка, памешчыцай Н. П. Уваравай і калежскім сакратаром А. Л. Шахавым, Калодна, Рухчы і Цмень (Пінскі павет) — тайным саветнікам М. М. Гарцінгам. Князь П. Л. Вітгенштэйн набыў дзесяць секвестраваных у Вілейскім і Ашмянскім паветах Віленскай, а таксама Барысаўскім і Слуцкім паветах Мінскай губерняў маёнткаў агульным памерам 11 905 дзес. Адзначаныя раней вялізныя секвестраваныя эканоміі прададзены: Валожын (Ашмянскі павет) — памешчыку Х. Вернаму, Рудая Брэсцкага павета Гродзенскай губерні — памешчыку А. Бруевічу, Антопаль Кобрынскага павета той жа губерні — памешчыку Б. Калешыну, Азёры Гродзенскага павета — графу Левашову14.

Значная плошча зямлі перайшла да рускіх пакупнікоў у Магілёўскай губерні. У 1866-1873 гг. яны купілі тут 228,7 тыс. дзес.15 Надворны саветнік С. А. Мясаедаў набыў магнацкую латыфундыю Бялынічы ў Магілёўскім павеце плошчай 22 092 дзес., паручык В. М. Азанчэўскі — чатыры маёнткі ў Чэрыкаўскім павеце агульнай велічынёй 13 439 дзес., сапраўдны стацкі саветнік А. Ф. Барталамей — маёнтак Бобр і Ярашаўка ў Сенненскім павеце (11 411 дзес.), стацкі саветнік М. А. Цярэшчанка — маёнтак Панькі ў Клімавіцкім павеце (9 783 дзес.) калежскі саветнік М. С. Дурнаво — маёнтак Мошкі і Сцяфанава ў Быхаўскім павеце (7 991 дзес.), генерал-лейтэнант М. М. Пузанаў — тры маёнткі ў Чавускім павеце плошчай 6 972 дзес.16

Адначасова ў 60-я — пачатку 70-х гадоў XIX ст. на Беларусі і ў Літве праводзілася палітыка каланізацыі казённых, канфіскаваных і секвестраваных зямель. Пасяленцы-каланісты, большасць якіх складалі мяшчане, прыязджалі з унутраных рэгіёнаў Расіі. Пасяленне праводзілі без згоды сельскай грамады, да якой іх прыпісвалі, і без пасведчанняў аб звальненні з грамады, дзе яны жылі раней. Віленскі генерал-губернатар Мураўёў галоўную ўвагу ўдзяляў перасяленню сялян праваслаўнага веравызнання і старавераў. У названы перыяд у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях 11 168 праваслаўных сялян-каланістаў атрымалі 46,9 тыс. дзес. зямлі17.

Пасля адзначаных вышэй уступак польскаму дваранству заходніх губерняў у 70-я гады ў далейшым пазямельная палітыка царызму ў гэтым рэгіёне стала больш кансерватыўнай. У 80-я — пачатку 90-х гадоў XIX ст., ва ўмовах дваранскай рэакцыі і ўзмацнення нацыянальнага прыгнёту, былі не толькі пацверджаны пазямельныя абмежаванні 60-х гадоў, але і з’явіліся новыя ўзаконенні, якія яшчэ больш ушчамлялі пазямельныя правы „асоб польскага паходжання” ў Заходнім краі.

27 снежня 1884 г. Аляксандр III зацвердзіў новыя правілы, згодна з якімі польскаму насельніцтву Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны поруч з ранейшымі забароннымі захадамі не дазвалялі браць у заклад маёнткі і розныя зямельныя ўгоддзі, што ўваходзілі ў іх склад. Праўда, закладныя на імя палякаў, аформленыя да гэтага, захоўвалі сваю сілу да сканчэння вызначанага ў іх тэрміну, але не больш за дзесяць гадоў з часу абнародавання гэтых правіл18.

У сельскай мясцовасці Заходняга рэгіёна „асобам польскага паходжання” забаранілі таксама арандаваць зямельныя і іншыя ўгоддзі, прадпрыемствы, промыслы. Палякі ж, якія заключылі арэндныя пазямельныя кантракты раней, былі пазбаўлены агульнаўстаноўленага права іх прадаўжэння на тэрмін ад 12 да 36 гадоў. Выключэнне складалі толькі арандатары польскага паходжання, што заснавалі ў маёнтках фабрычна-заводскія прадпрыемствы. Ім дазвалялі заключыць арэндны дагавор ці прадоўжыць тэрмін яго дзеяння да 30 гадоў19. На пачатку 90﷓х гадоў XIX ст. у сельскай мясцовасці Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны была забаронена перадача зямлі ў пажыццёвае ўладанне палякам20. Да канца 80-х гадоў польскую шляхту і мяшчан-католікаў заходніх губерняў не дапускалі таксама да трымання казённых аброчных артыкулаў. Затым такую арэнду дазволілі, аднак толькі згодна з пасведчаннямі губернатараў. Пасведчанне мог атрымаць толькі той, хто „сапраўды займаўся земляробствам”21.

Узмацніліся таксама абмежаванні сялянскага землеўладання. З сярэдзіны 80-х гадоў па распараджэнні віленскага генерал-губернатара І. С. Каханава сялянам каталіцкага веравызнання на Беларусі і ў Літве дазвалялася мець на двор не больш за 60 дзес., уключаючы надзельную зямлю. Для набыцця зямлі такім сялянам кожны раз патрэбны быў дазвол адміністрацыі Паўночна-Заходняга краю22. 27 студзеня 1901 г. гэтае абмежаванне было пацверджана законам23. З другой паловы 80-х гадоў купля зямель сялянскім насельніцтвам ускладнялася і ў сувязі з забаронай таварыствам набываць зямельныя ўчасткі велічынёй звыш 200 дзес.24

Разам з тым у 80-я — пачатку 90-х гадоў ХІХ ст., як і раней, польскае насельніцтва набывала зямлю (праўда, у абмежаванай колькасці), абыходзячы абмежавальныя законы па землеўладанні і землекарыстанні. У прыватнасці, у 1884 г. у Мінскай губерні „асобы польскага паходжання”, у выключэнне з-пад дзеяння закону ад 10 снежня 1865 г., купілі 15,4 тыс. дзес. зямлі25. У 1885 г. у Быхаўскім павеце Магілёўскай губерні католік І. І. Яхімовіч набыў зямельны ўчастак плошчай 63 дзес., у 1887 і 1892 гг. у тым жа павеце католік А. А. Жвірыблеўскі — маёнтак Журавіна (308 дзес.). У 1894 г. у Клімавіцкім павеце дваранін каталіцкага веравызнання І. А. Самускевіч купіў з публічных таргоў маёнтак Сямёнаўка (460 дзес.)26.

Польскае насельніцтва набывала зямлю і праз падстаўных асоб. У сувязі з гэтым пастановай Кабінета міністраў ад 1 лістапада 1886 г. страцілі сваю сілу ўсе пасведчанні, выдадзеныя на куплю маёнткаў у заходніх губернях да названага абмежавальнага закону ад 27 снежня 1884 г. Новыя пасведчанні павінны былі выдаваць генерал-губернатары і губернатары толькі „асобам рускага паходжання”27. Але набыццё зямельных угоддзяў праз падстаўных асоб працягвалася. Яшчэ часцей парушаліся законы аб забароне арэнды, кіравання і закладу зямлі. Так, паводле афіцыйных звестак, у канцы 80﷓х — пачатку 90-х гадоў XIX ст. у Віцебскай губерні адзначана больш за 160 выпадкаў незаконнай аддачы зямель у арэнднае карыстанне, кіраванне і заклад, а таксама продажу іх польскаму і яўрэйскаму насельніцтву. Найбольш практыкавалася аддача маёнткаў у арэнду і кіраванне палякам і яўрэям28. К сярэдзіне 80-х гадоў у Віцебскай губерні зафіксавана 98 выпадкаў такіх парушэнняў абмежавальнага пазямельнага заканадаўства. З гэтых пагадненняў толькі 14 былі скасаваны ў судовым парадку згодна з патрабаваннем мясцовых улад29. Нягледзячы на ўсе намаганні царскага ўрада, ва ўмовах капіталізму і выкліканага ім хуткага росту мабілізацыі зямлі, ён не ў стане быў укласці пазямельныя адносіны ў Заходнім краі ў пракрустава ложа абмежавальных законапалажэнняў.

У той жа час, пры пэўных магчымасцях абысці абмежавальныя пазямельныя законы, вынікам дзеяння іх з’яўлялася значнае скарачэнне польскага землеўладання. Па прыблізных падліках, з 1863-1864 гг.30 па 1893-1894 гг.31 на Беларусі колькасць землеўладальнікаў-палякаў зменшылася з 13,4 тыс. да 9,6 тыс., ці на 28,4%, а плошча зямлі, якой яны валодалі — з 7,5 млн. да 4,1 млн. дзес. (у 1,8 раза). Удзельная вага польскіх землеўладальнікаў у агульнай масе прыватных зямельных уладальнікаў панізілася з 65 да 44,4%, а доля іх зямлі ў прыватным землеўладанні — 78,1 да 47,1%. Абсалютная большасць страчаных зямель раней належала польскім памешчыкам. Як сказана вышэй, зямельныя ўладанні „асоб польскага паходжання”, а таксама казённыя землі пераходзілі большай часткай да рускіх памешчыкаў з ліку чыноўнікаў, афіцэраў. За адзначаны 30-гадовы перыяд на Беларусі колькасць рускіх (і прыраўнаваных да іх) землеўладальнікаў павялічылася з 6,6 тыс. да 12 тыс. (у 1,8 раза), а зямельная плошча, што знаходзілася ў іх уладанні, узрасла з 2,1 млн. на 4,6 млн. дзес. (у 2,2 раза). Удзельная вага гэтых землеўладальнікаў паднялася з 35 да 55,6%, а рускага (і на яго правах) землеўладання32 — з 21,9 да 52,9%33.

Асноўная маса гэтых зямель перайшла да адносна невялікай праслойкі пакупнікоў і ўяўляла сабой зямельныя ўладанні памешчыцкага тыпу. Напрыклад, у беларускіх паветах Віленскай і Гродзенскай губерняў з 1863 па 1893 г. 2 308 пакупнікоў набылі 2 312 маёнткаў агульным памерам звыш мільёна дзесяцін34.

Многія маёнткі былых польскіх уладальнікаў адышлі да іншаземцаў, пераважна немцаў, якім пасля адмены прыгону было дазволена купляць зямлю ў Расіі. На захадзе краіны чужаземнае землеўладанне стала ствараць сур’ёзную канкурэнцыю рускаму. У сувязі з гэтым у 1887 г. царскі ўрад забараніў замежным падданым набываць зямельныя ўгоддзі ў сельскай мясцовасці Беларусі (за выключэннем Магілёўскай губерні), Літвы, Правабярэжнай Украіны, Малдавіі і Каралеўства Польскага35.

На рубяжы XIX-XX cт.ст., галоўным чынам пад уплывам рэвалюцыйнага руху ў краіне, царызм быў вымушаны змякчыць абмежавальнае пазямельнае заканадаўства ў заходніх губернях. Тут у канцы 90-х гадоў дробная шляхта і мяшчане каталіцкага веравызнання, непасрэдна занятыя ў земляробстве, атрымалі дазвол пашырыць зямельныя ўчасткі да 60 дзес. на двор36. Хаця палітычная надзейнасць пакупнікоў зямлі падлягала ўважлівай праверцы і для набыцця яе кожны раз патрабавалася санкцыя губернатара37, уступка з боку царскіх улад была несумненная.

Затым згодна з урадавым указам ад 1 мая 1905 г. у межах польскага землеўладання ўсё польскае насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны атрымала права на агульных асновах, без абмежавання ў памерах і тэрмінах, купляць, прымаць у заклад і пажыццёвае ўладанне, арандаваць зямельную маёмасць усіх відаў. Поруч з гэтым „асобам польскага паходжання” па-за гарадамі і мястэчкамі названага рэгіёна са згоды генерал-губернатараў і губернатараў у агульнаўстаноўленым парадку дазволілі абменьваць зямельныя ўчасткі альбо набываць іх у асоб іншых нацыянальнасцей з мэтай ліквідацыі цераспалосіцы і акруглення зямельных уладанняў, а таксама заснавання прамысловых прадпрыемстваў. У апошнім выпадку колькасць купленай зямлі не магла перавышаць 60 дзес. Былі адменены абмежаванні на куплю зямлі сялянамі-католікамі38.

Астатнія абмежаванні польскага землеўладання і землекарыстання ў Заходнім краі (пазбаўленне палякаў права шырокага і свабоднага набыцця, уладання, арэнды, закладнога трымання зямельнай маёмасці асоб іншых нацыянальнасцей) працягвалі захоўвацца да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Пазямельная палітыка царызму на Беларусі адбілася на іпатэчным крэдыце, які, як вядома, іграў важную ролю ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці. „Асобам польскага паходжання” такі крэдыт не даваўся. Ужо закон ад 5 сакавіка 1864 г. забараніў ім у заходніх губернях карыстацца дзяржаўнай пазыкай пры куплі зямлі39. Адмоўна ставілася да крэдытавання гаспадаркі польскіх памешчыкаў Таварыства ўзаемнага пазямельнага крэдыту. Праўда, яго статут не прадугледжваў абмежаванняў у выдачы пазык у залежнасці ад асобы ці паходжання залогадавальніка. Аднак, як сказана ў адной з пастаноў праўлення Таварыства, пры выдачы грашовых сум пад заклад маёнткаў яно кіравалася відамі вышэйшай адміністрацыі Заходняга краю. Для атрымання грашовай пазыкі „асобай польскага паходжання” неабходна была згода генерал-губернатара40, што звычайна выключалася.

У канцы XIX ст. такія адносіны ўлад да фінансавых цяжкасцей польскіх дваран былі замацаваны ў заканадаўчым парадку. У 1885 г., хутка пасля адкрыцця Дваранскага зямельнага банка, урад выдаў распараджэнне, згодна з якім пры хадайніцтве пазыкі ў ім асобай, што жыла ў заходніх губернях, патрабавалася падаць пасведчанне мясцовых улад на набыццё маёнтка41. Паколькі палякі тут не мелі права набываць нерухомую маёмасць, іх пазбаўлялі магчымасці атрымаць крэдыт у Дваранскім банку. Гэтае абмежаванне для гаспадаркі польскіх памешчыкаў з’яўлялася даволі адчувальным, паколькі крэдыт яго быў больш ільготны, чым іншых зямельных банкаў.

Абмежавальныя законы па польскім землеўладанні і землекарыстанні вялі да адноснага зніжэння цэннасці зямлі, перашкаджалі яе свабоднай мабілізацыі і тым самым з’яўляліся сур’ёзным тормазам у працэсе фармірвання бессаслоўнага, буржуазнага землеўладання ў Заходнім краі. Яны былі адной з асноўных прычын адноснай устойлівасці дваранскага землеўладання гэтага рэгіёна, якая ў сваю чаргу выклікала запавольванне тэмпаў мабілізацыі зямлі42.

За сорак гадоў (1862-1902) у пяці паўночна-заходніх губернях дваранскае пазямельнае ўладанне скарацілася на 21%, а ў сярэднім па 47 губернях Еўрапейскай Расіі на 39%, г.зн. у 1,9 раза больш43. З прычыны абмежавання паступлення дваранаскай зямлі ў свабодны продаж мабілізацыя яе тут праходзіла ў меншых памерах. У названае 40-годдзе ў пяці паўночна-заходніх губернях штогод паступала на свабодны рынак у сярэднім 2,8% прыватнаўласніцкай зямлі. У большасці іншых рэгіёнаў і ў цэлым па еўрапейскай частцы краіны гэты паказчык быў вышэйшы. У прыватнасці, у Цэнтральнапрамысловым рэгіёне ён складаў 3,4%, у Паўднёвым стэпавым і Усходнім заволжскім — 3,3%, на поўначы Украіны — 3,1%44.

Такім чынам, скарачэнне польскага памешчыцкага землеўладання, як мы бачылі, суправаджалася адпаведным пашырэннем зямельнага ўладання памешчыкаў рускага (і на яго правах) паходжання. Саслоўна-сярэдневяковая сутнасць памешчыцкага землеўладання не мянялася. Адначасова дыскрымінацыйныя пазямельныя законы прымушалі польскіх памешчыкаў мацней трымацца за бацькоўскую спадчыну. У выніку памешчыцкае землеўладанне станавілася яшчэ больш кансерватыўным і, як і паўсюдна ў Расійскай імперыі, з’яўлялася наймацнейшым тормазам у развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Скасаванне яго было немагчымае без рэвалюцыйнай ломкі існаваўшых сацыяльна-эканамічных адносін, без звяржэння самадзяржаўна-дваранскага ладу ў Расіі.

Пазямельныя абмежаванні тычыліся таксама яўрэйскага насельніцтва. Пасля адмены прыгону, у 1862 г. у заканадаўчым парадку пацверджана было права яўрэяў „мяжы аселасці” набываць зямлю ў маёнтках, дзе былі спынены абавязковыя адносіны сялян да памешчыкаў45. Аднак хутка царскі ўрад, асцерагаючыся канкурэнцыі яўрэйскага землеўладання рускаму і палітычнай ненадзнейнасці яўрэйскага насельніцтва, зрабіў дыскрымінацыйныя захады. 5 сакавіка 1864 г. ён забараніў яўрэям Заходняга краю, падобна палякам, купляць казённыя маёнткі, як і памешчыцкія зямельныя ўладанні, якія прадавалі за дзяржаўныя і прыватныя даўгі. Яўрэйскае насельніцтва не мела права карыстацца пазыкамі і льготамі пры куплі прыватнаўласніцкай зямлі, што прадавалася на агульных асновах. Як і палякам, яўрэям не дазвалялі набываць, браць у заклад ці кіраванне, арандаваць казённыя, а таксама прыватнаўласніцкія землі, купленыя іх уладальнікамі на льготных умовах. Тут яны маглі быць толькі броваршчыкамі і арандатарамі піцейных дамоў46. Праўда, праз няпоўныя чатыры гады ў сувязі з вялікім недахопам тэхнічных спецыялістаў і абаротнага капіталу ў маёнтках заходніх губерняў, набытых рускімі ўладальнікамі на льготных умовах, урад дазволіў яўрэям быць арэнднымі кіраўнікамі млыноў і заводаў, што знаходзіліся ў іх47.

Затым адпаведна закону ад 10 ліпеня 1864 г. яўрэйскае насельніцтва адзначанага рэгіёна ўвогуле было пазбаўлена права набыцця зямлі48. Нарэшце, 19 кастрычніка гэтага ж года віленскі генерал-губернатар М. М. Мураўёў выдаў цыркуляр аб забароне арэнды сялянскай надзельнай зямлі яўрэямі Беларусі і Літвы. Ён быў пацверджаны цыркулярнымі распараджэннямі віленскай адміністрацыі ў 1866 і 1867 гг.49

У выніку ў сярэдзіне 60-х гадоў XIX ст. у сельскай мясцовасці Заходняга краю яўрэйскае насельніцтва, як і польскае, пазбавілі права куплі зямель усіх відаў. Ім дазвалялі толькі арандаваць, прымаць у заклад і кіраванне прыватнаўласніцкую зямлю, атрыманую ў спадчыну яе ўладальнікамі альбо набытую імі ў агульнаўстаноўленым парадку.

У сярэдзіне першага парэформеннага дзесяцігоддзя былі скасаваны і асобыя пастановы другой паловы 30-х — пачатку 50-х гадоў XIX ст., якія аблягчалі пераход часткі яўрэяў да земляробства. Пры пасяленні іх пазбаўлялі раней дадзеных ільгот (надзяленне казённымі зямельнымі ўчасткамі, вызваленне на доўгі час ад рэкруцкай і іншых павіннасцей і плацяжоў, складанне нядоімак дзяржаўных, земскіх і мясцовых збораў, дапамога грашыма і натурай). Юрыдычнае становішча яўрэяў-земляробаў стала вызначацца агульным заканадаўствам. Ім дазволена было пераходзіць у іншыя падатныя саслоўі з растэрміноўкай казённых плацяжоў і даўгоў памешчыкам, а таксама вызваленнем ад выканання натуральных павіннасцей „за ранейшы час”50. Пацверджана было ўрадавае распараджэнне канца 40-х гадоў аб пазбаўленні нядбайных пасяленцаў-яўрэяў земляробчага стану праз шэсць гадоў пасля пасялення51. Гэты спосаб пакарання іх практыкаваўся ўладамі ў значных памерах. У 1860 г. з дзяржаўных зямель Гродзенскай губерні „за нядбальства да гаспадаркі” выселілі каля 1 тыс. яўрэяў52. Да таго ж у гэтых сем’ях мужчыны, прыдатныя да ваеннай службы, маглі быць адпраўлены ў папраўчыя арыштанцкія роты53.

Прыведзеныя законапалажэнні сведчаць аб няўдачы пазямельнай і перасяленчай палітыкі царызму, што праводзілася ў адносінах да яўрэйскага насельніцтва „мяжы аселасці”. Такую выснову пацвярджаюць статыстычныя даныя аб дынаміцы колькасці яўрэяў-пасяленцаў, велічыні іх землеўладання, стане гаспадаркі. У канцы 40-х гадоў XIX ст. ад яўрэйскага насельніцтва пяці паўночна-заходніх губерняў паступіла сем тысяч заяў з просьбай аб пасяленні на мясцовых казённых землях. У 1858 г. тут жылі толькі 722 сям’і яўрэяў-земляробаў, у якіх мелася 3 727 наяўных душ мужчынскага полу. Да другой паловы 60-х гадоў колькасць гэтых сямей зменшылася да 558, колькасць жа названых душ — да 2 826. К канцу 40-х гадоў у адзначаных губернях пад яўрэйскія пасяленні было адведзена звыш 26 тыс. дзес. дзяржаўнай зямлі54, а да 1866 г. заселена толькі 11,9 тыс. дзес. (45,8%). З гэтай плошчы ў сваю чаргу 2,9 тыс. дзес. (24,4%) пуставала і 3,6 тыс. дзес. (30%) апрацоўвалі суседнія сяляне55. Аб нездавальняючым стане гаспадаркі большасці яўрэяў-земляробаў на казённых землях Беларусі, шырока распаўсюджанай сярод іх здачы зямлі ў арэнднае трыманне гавораць таксама шматлікія ілюстрацыйныя даныя56.

Яшчэ горшае было становішча яўрэяў-земляробаў на ўладальніцкіх землях, дзе яны знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад памешчыка. Многія пасяленцы хадайнічалі аб прылічэнні іх зноў да мяшчан, часта самавольна пакідалі зямлю57. У першай палове 60-х гадоў XIX ст. у Віленскай губерні колькасць яўрэяў-земляробаў на памешчыцкіх землях скарацілася ў два з лішкам разы — з 3,2 тыс. да 1,4 тыс. душ абодвух полаў58.

Прычынамі адмовы яўрэяў ад земляробства з’яўляліся перш за ўсё адсутнасць у іх навыкаў земляробчай працы, недахоп зямлі (асабліва сенажацей), рабочай жывёлы і сельскагаспадарчых прылад, няўменне карыстацца імі, нізкая якасць глебы (балоты, пяскі) на надзельных участках. Так, у Мінскай губерні ў канцы 50-х гадоў на адну гаспадарку яўрэяў-земляробаў на дзяржаўных землях у сярэднім прыпадала толькі 8,2 дзес. зямлі, што апрацоўвалася. У Гродзенскай губерні на пачатку 60-х гадоў палова іх гаспадарак не мела рабочай жывёлы59.

Абмежавальныя пазямельныя законы сярэдзіны першага парэформеннага дзесяцігоддзя садзейнічалі скарачэнню дробнага яўрэйскага землеўладання. К 1877 г. у параўнанні з 1866 г. плошча зямель яўрэяў-пасяленцаў у былых казённых уладаннях Беларусі паменшылася з 9 тыс. да 7,3 тыс. дзес., ці на 19%60. Як і раней, яўрэйскае насельніцтва апрацоўвала толькі частку зямельных надзелаў. На пачатку 80-х гадоў у Магілёўскай губерні з 6 тыс. яўрэяў, якія лічыліся земляробамі, сельскай гаспадаркай былі заняты толькі 1,3 тыс. Пакінулі сельскія паселішчы 1 900 чалавек, з пераўступкай зямлі суседнім сялянам і мяшчанам. Астатнія заставаліся на месцы, але займаліся выключна дробным гандлем, фактарствам, рамяством61.

Адначасова ў другой палове 60-х — пачатку 80-х гадоў XIX ст. на Беларусі, нягледзячы на абмежавальныя пазямельныя мерапрыемствы царскага ўрада, буйное яўрэйскае землеўладанне расло. Зямлю набывала заможнае яўрэйскае насельніцтва з ліку купцоў, ганаровых патомных грамадзян і часткова мяшчан на імя падстаўных „асоб рускага паходжання”. З 1864 па 1882 г. у Магілёўскай губерні такім спосабам яўрэі купілі 17 маёнткаў велічынёй 17,2 тыс. дзес. На пачатку 80-х гадоў у беларускіх паветах Віцебскай і Гродзенскай губерняў, па звестках Цэнтральнага статыстычнага камітэта, у зямельных уладаннях памешчыцкага тыпу яўрэям належала 38,4 тыс. дзес. (2,2%)62.

Большасць такіх уладанняў яўрэі здавалі ў арэнду. У другой палове 70-х — пачатку 80-х гадоў у Мінскай і Магілёўскай губернях з 13 памешчыкаў яўрэйскай нацыянальнасці (з ліку купцоў, патомных ганаровых грамадзян і мяшчан) 9 здавалі ў арэнднае трыманне ўсе землі памерам 2 979 дзес.63 Яўрэйскае насельніцтва здавала ў арэнду і дробныя зямельныя ўчасткі. На пачатку 70-х гадоў XIX ст. такая з’ява назіралася, у прыватнасці, у былым казённым сяле Мішуры Віцебскага павета, дзяржаўных маёнтках Вайханы і Вялікі Прудок Гарадоцкага, Селішча Полацкага паветаў Віцебскай губерні, дзе 14 яўрэяў-земляробаў здавалі зямлю часткова або поўнасцю ў наймы суседнім сялянам64.

Аднак яўрэйскае насельніцтва яшчэ больш часта само арандавала зямельныя ўгоддзі. Як паказвае шэраг крыніц, на Беларусі было шырока распаўсюджана арэнднае трыманне ім памешчыцкіх зямель. Пазбаўленыя ў 1864 г. права куплі зямлі, арэнды казённых, а таксама прыватнаўласніцкіх зямельных угоддзяў, набытых іх уладальнікамі на льготных умовах, яўрэі, валодаючы грашовымі сродкамі, нярэдка арандавлаі цэлыя маёнткі, атрыманыя ў спадчыну ці купленыя памешчыкамі на агульных асновах, без ільгот65. У 1882 г. у Магілёўскай губерні ў арэндным карыстанні яўрэйскага насельніцтва знаходзілася 286 маёнткаў, або 40,9% арандаваных памешчыцкіх гаспадарак66. У 1881 г. у беларускіх паветах Віцебскай і Гродзенскай губерняў яно арандавала 289,1 тыс. (16,6%) дзес. памешчыцкіх зямель. Гэта плошча, паводле афіцыйных даных, у 2,6 раза перавышала памеры сялянскіх пазанадзельных арэнд67. У сярэдзіне 70-х гадоў XIX ст. у Мінскай губерні налічвалася 10 716 беззямельных арандатараў-мяшчан, альбо 37,1% агульнай колькасці беззямельных арандатараў68. Значную частку іх складалі яўрэі-земляробы.

Нягледзячы на адзначаныя вышэй забаронныя цыркуляры віленскай адміністрацыі сярэдзіны 60-х гадоў XIX ст., яўрэі-мяшчане арандавалі і сялянскія надзельныя ўгоддзі, асабліва сядзібную зямлю, для пабудовы дамоў, корчмаў, кузняў, млыноў, іншых прамысловых прадпрыемстваў. Гэтыя распараджэнні, зробленыя да ўвядзення міравых судовых устаноў у заходніх губернях, не ўвайшлі ў звод законаў Расійскай імперыі і часта не выконваліся. У прыватнасці, на пачатку 80-х гадоў у Мінскай губерні (без Бабруйскага і Навагрудскага паветаў) былі зафіксаваны 1 944 выпадкі арэнднага трымання сялянскіх надзельных угоддзяў яўрэямі-мяшчанамі, у Віцебскай — 37469. Пры гэтым шырока практыкавалася і бестэрміновая арэнда сялянскіх надзельных зямель па вусных умовах. Напрыклад, у 1880 г. у адным са станаў Барысаўскага павета Мінскай губерні з 59 арандатараў, яўрэяў-мяшчан, 54 арандавалі надзельную зямлю ў сялян па вусных дагаворах, бестэрмінова70. Яны заключылі сакрэтныя здзелкі з сялянамі аб арэндзе зямельных угоддзяў, нярэдка даючы апошнім грашовыя пазыкі71. Сяляне звычайна вымушаны былі адпрацоўваць за іх на сваіх здадзеных у арэнднае карыстанне надзельных землях. Некаторыя сельскія сходы, валасныя праўленні скасоўвалі такія пагадненні аб арэндзе надзельнай зямлі72. У канцы XIX ст. пазямельныя правы яўрэйскага насельніцтва „мяжы аселасці”, як і польскага, былі яшчэ больш абмежаваны. У адпаведнасці з „часовымі” правіламі ад 3 мая 1882 г. на Беларусі, Украіне і ў Літве яўрэям забаранялася сяліцца па-за гарадамі і мястэчкамі, выключаючы яўрэйскія земляробчыя паселішчы. Тут яўрэйскае насельніцтва пазбавілі права арандаваць, браць у заклад і кіраванне нерухомую маёмасць, у тым ліку зямельную, усіх відаў. Як і раней, у сельскай мясцовасці названых рэгіёнаў яно не магло набываць зямлю73. Повадам да выдання гэтага закону паслужылі яўрэйскія пагромы на Украіне, Беларусі і ў Каралеўстве Польскім. У другой палове 80-х гадоў XIX ст., з прымацаваннем яўрэяў „мяжы аселасці” да паселішчаў, у якіх яны жылі, пазямельныя правы іх яшчэ больш ушчамляліся74. Адзначаныя абмежаванні яўрэйскага землеўладання і землекарыстання ў поўным аб’ёме захоўвалі сваю сілу да першых гадоў XX ст.

Вынікам гэтых заканадаўчых актаў з’яўлялася змяншэнне яўрэйскага землеўладання і землекарыстання. За 20 гадоў (1881-1900) плошча ўласнай зямлі ў яўрэяў па-за гарадамі і мястэчкамі беларускіх паветаў Віцебскай і Гродзенскай губерняў скарацілася з 42,2 тыс. да 9,5 тыс. дзес. (у 4,4 раза), а памеры зямельнай арэнды паменшыліся з 289,1 тыс. да 78,7 тыс. дзес., г.зн. у 3,7 раза75. Адначасова трэба адзначыць, што яўрэйскаму насельніцтву ўдалося захаваць за сабой значную колькасць уласных і асабліва арандаваных замель. Паводле афіцыйных звестак, у 1900 г. у сельскай мясцовасці Беларусі яму належала 50,9 тыс. дзес. зямлі, што складала 0,6% усяго прыватнага землеўладання76.

У 80-я — 90-я гады XIX ст. частка зямлі была набыта яўрэямі нанава, як і раней, праз падстаўных асоб. Так, у сярэдзіне 90-х гадоў такім спосабам купцы яўрэйскай нацыянальнасці Брускоўскі і Бяссмертны купілі ў маёнтку Нямойта Сенненскага павета Магілёўскай губерні 700 дзес. лесу разам з зямлёй77. Некаторыя яўрэі фактычна набывалі маёнткі пад выглядам доўгатэрміновай арэнды78. Частка іх зямельных угоддзяў, як і да гэтага, пуставала ці здавалася ў арэнду. У 1898-1899 гг. у яўрэйскіх паселішчах Беларусі і Літвы з 763 двароў, меўшых звыш 2,5 дзес. зямлі на гаспадарку, 390 здавалі яе поўнасцю альбо часткова навакольным сялянам з долі ўраджаю. Пры гэтым лік двароў, якія здавалі землі ў арэнднае трыманне, значна перавышаў колькасць гаспадарак, што арандавалі зямельныя ўгоддзі, таксама як плошча здачы іх значна пераўзыходзіла плошчу арэнды. Характэрна, што лік двароў, якія здавалі зямлю, узрастаў ад ніжэйшых (адносна велічыні землеўладання) груп гаспадарак да вышэйшых79.

На рубяжы XIX-XX ст.ст. на Беларусі плошча арандаваных яўрэйскім насельніцтвам зямель была роўная 618,2 тыс. дзес., або каля 30% у адносінах да сялянскай пазямельнай пазанадзельнай арэнды80. На пачатку 90-х гадоў толькі ў двух станах Слуцкага павета Мінскай губерні яўрэі (мяшчане і купцы) арандавалі больш за 30 памешчыцкіх зямельных участкаў, уключаючы 20 маёнткаў, у Навагрудскім павеце той жа губерні — зямельныя ўчасткі ў 47 маёнтках81.

У канцы XIX ст. яўрэйскае насельніцтва Беларусі ажыццяўляла арэнду памешчыцкіх зямельных угоддзяў таксама з парушэннем заканадаўства, нярэдка праз падстаўных асоб, падкупляючы мясцовую адміністрацыю. Арандаваная ім прыватнаўласніцкая зямля большай часткай уваходзіла ў склад буйных памешчыцкіх гаспадарак82. Прывілеяй мець, насуперак закону, арандатара яўрэйскай нацыянальнасці карысталіся пераважна найбольш уплывовыя памешчыкі — магнаты і латыфундысты, што часта займалі тую ці іншую адміністрацыйную пасаду або знаходзіліся пад заступніцтвам высокапастаўленых асоб83. Не выпадкова да пачатку XX ст. на Беларусі пераважная частка (73,7%) яўрэйскай пазямельнай арэнды прыпадала на Мінскую губерню, дзе асабліва шырокае распаўсюджанне атрымала латыфундыяльнае землеўладанне84. Арандаваныя яўрэямі землі ўяўлялі сабой у большасці выпадкаў панскія дачы, у якіх яны вялі распрацоўку лесу. У 1900 г. у Беларускім рэгіёне памеры такіх дач дасягнулі 438,6 тыс. дзес., альбо 71% яўрэйскага арэнднага землекарыстання85. Імі карысталіся, як правіла, за грошы.

Толькі ў 1903 г. царскі ўрад дазволіў яўрэйскаму насельнітву свабодна жыць у 158 сельскіх паселішчах (уключаючы 50 на Беларусі) „мяжы аселасці”. У 1905 г. колькасць іх у гэтай мяжы была павялічана да 291, у тым ліку ў Беларускім рэгіёне — да 80. Тут яўрэі атрымалі дазвол набываць зямельную маёмасць і свабодна распараджацца ёю. Гэтая ўступка была нязначная, паколькі яны маглі карыстацца названымі пазямельнымі правамі толькі ў адносінах сядзібных участкаў86. Купляць, браць у заклад і кіраванне, арандаваць зямлю за межамі адзначаных паселішчаў яўрэйскаму насельніцтву па-ранейшаму забаранялася. Гэтыя абмежаванні яўрэйскага землеўладання і землекарыстання захоўвалі сваю сілу да 1917 г.

Такім чынам, да пачатку 60-х гадоў XIX ст. у Заходнім краі, у тым ліку на Беларусі, пазямельная і перасяленчая палітыка царызму ў адносінах да яўрэяў пацярпела няўдачу. Яўрэйскае землеўладанне тут скарачалася. У далейшым, у парэформенны перыяд, быў выдадзены шэраг законаў, якія спачатку абмежавалі, а затым і зусім пазбавілі яўрэйскае насельніцтва сельскай мясцовасці „мяжы аселасці” права набываць, арандаваць, браць у заклад і кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У выніку яўрэйскае землеўладанне і землекарыстанне працягвала змяншацца. Аднак буйныя землеўладальнікі і арандатары з ліку яўрэяў, карыстаючыся пратэкцыяй мясцовых памешчыкаў і ўлад, змаглі захаваць за сабой значную частку купленых і арандаваных зямельных участкаў. Абмежавальныя пазямельныя захады царскага ўрада тычыліся, галоўным чынам, бяднейшай часткі яўрэйскага насельніцтва.


1 Сборник правительственных распоряжений по водворению русских землевладельцев в Северо-Западном крае, с. 12-17, 25.
2 Там жа.
3 С. М. Самбук, Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века, с. 209.
4 Полное собрание законов Российской империи. Собрание второе (далей: ПСЗ II), т. XLII, дополнение к т. XL, н﷓р 42328а.
5 С. М. Самбук, Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века, с. 48.
6 Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год, с. 4-185.
7 ПСЗ II, т. XLII, дополнение к т. XL, н﷓р 42328а.
8 ПСЗ II, т. XLII, дополнение к т. XL, н﷓р 42328а, 44388а.
9 Дзяржаўны архіў Літвы (далей: ДА Літвы), ф. 378, воп. 121, с. 651, л. 81-82.
10 Там жа.
11 ДА Літвы, ф. 378, воп. 121, с. 625, л. 50.
12 W. Schmidt, Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej w guberniach Wileńskiej, Grodzieńskiej i Mińskiej (1793-1875), Warszawa 1923, s. 48, 50-51; В. В. Святловский, Мобилизация земельной собственности в России (1861-1908 гг.), Санкт-Петербург 1911, табл. IV.
13 „Виленский вестник”, 1870, 27 янв.
14 Список землевладельцев Минской губернии на 1876 год, с. 26, 37, 87, 141, 164, 175; W. Schmidt, Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej... s. 67, 75-81.
15 Опыт описания Могилевской губернии (под ред. А. С. Дембовецкого), Могилев 1884, кн. 3, с. 46-257.
16 Опыт описания Могилевской губернии, кн. 3, с. 48-49, 98-99, 116-117, 194-195, 230-231, 234-235.
17 W. Schmidt, Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej... s. 12, 16.
18 Полное собрание законов Российской империи. Собрание третье (далей: ПСЗ III), т. IV, н﷓р 2633.
19 ПСЗ III, т. IV, н﷓р 2633; Свод законов Российской империи, Санкт-Петербург 1899, т. IX, приложение к ст. 88, пп. 7-9; т. X, Cанкт-Петербург 1900, ч. 1, ст. 1693; приложение к ст. 698, п. 5.
20 ПСЗ III, т. XI, н﷓р 7422.
21 ПСЗ III, т. V, н﷓р 3173; т. VII, н﷓р 4814.
22 Сборник правительственных распоряжений по водворению русских землевладельцев в Северо-Западном крае. 2-е изд., Вильна 1886, с. 279.
23 ПСЗ III, т. XXI, н﷓р 19618.
24 ПСЗ III, т. IV, н﷓р 2633.
25 Обзор Минской губернии за 1884 год, Минск 1885, с. 29.
26 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей: НГАБ), ф. 2001, воп. 1, с. 1388, л. 57, 60, 211-212.
27 ПСЗ III, т. VI, н﷓р 3985.
28 Обзор Витебской губернии за 1887 год, Витебск 1888, с. 92-93; ... за 1889 год, Витебск 1890, с. 99-101; ... за 1890 год, Витебск 1891, с. 79-80; ... за 1891 год, Витебск 1892, с. 140-141.
29 Обзор Витебской губернии за 1885 год, Витебск 1886, с. 40.
30 Па беларускіх паветах Віленскай і Гродзенскай губерняў — звесткі за 1863 г., па беларускіх паветах Віцебскай, а таксама па Мінскай і Магілёўскай губернях — за 1864 г.
31 Па беларускіх паветах Віленскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў і Мінскай губерні — звесткі за 1893 г., па Магілёўскай губерні — за 1894 г.
32 Па беларускіх паветах Віцебскай губерні колькасць польскіх прыватных зямельных уладальнікаў і плошча зямлі, якая належала ім, на 1864 год падлічаны намі, зыходзячы з наяўных пагубернскіх паказчыкаў на гэты год і суадносіны тых жа паказчыкаў беларускіх паветаў губерні з пагубернскімі на 1868 год, шляхам перанясення гэтай суадносіны на разгледжаны, 1864 год. Колькасць зямлі, што мелася ў польскіх землеўладальнікаў пяці беларускіх паветаў Віцебскай губерні на 1893 год, падлічана намі, зыходзячы з наяўных звестак аб плошчы зямлі па ўсёй губерні на гэты год і суданосіны колькасці польскіх зямельных уладальнікаў па беларускіх паветах і губерні ў цэлым, шляхам перанясення гэтай суадносіны на суадносіну плошчы зямлі па названых тэрыторыях.
33 ДА Літвы, ф. 378, АА, 1893 г., с. 250, ч. I, л. 92—93; ч. III, л. 58-59; НГАБ, ф. 2502, воп. 1, с. 140, л. 541-546; „Виленский вестник”, 1870, 27 янв.; Обзор Витебской губернии за 1893 год, Витебск, 1894, с. 149-150; Обзор Минской губернии за 1893 год, Минск 1894, с. 50; Обзор Могилевской губернии за 1894 год, Могилев 1895, с. 49.
34 ДА Літвы, ф. 378, АА, 1893 г., с. 250, ч. I, л. 92-93; ч. III, л. 58-59
35 ПСЗ III, т. VII, н﷓р 4286
36 Обзор Витебской губернии за 1902 год, Витебск 1903, с. 53.
37 НГАБ, ф. 2001 воп. 1, с. 1798, л. 10.
38 „Собрание узаконений и распоряжений правительства”, 1905 год, н﷓р 71.
39 Сборник правительственных распоряжений по водворению русских землевладельцев в Северо-Западном крае, Вильна 1870, с. 12-13.
40 Там жа, с. 181-182.
41 ПСЗ III, т. V, н﷓р 3206.
42 К. И. Шабуня, Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905-1907 гг., Минск 1962, с. 32.
43 Материалы по статистике движения землевладения в России, Петроград 1915, вып. XXIV, c. 66-67.
44 В. В. Святловский, Мобилизация земельной собственности в России (1861-1908 гг.), с. 85; табл. II; Статистика землевладения 1905 г., Санкт-Петербург 1906, вып. XI, XIII, XIX, XX, XXVII, XXXIV, с. 10.
45 ПСЗ II, т. XXXVII, н﷓р 38214.
46 ПСЗ II, т. XXXIX, н﷓р 41039; т. XLII, дополнение к т. XL, н﷓р 42328а; Сборник правительственных распоряжений..., с. 16-17.
47 ПСЗ II, т. XLII, н﷓р 45257.
48 ПСЗ II, т. XXXIX, н﷓р 41039.
49 Сборник распоряжений Муравьева, с. 77; НГАБ, ф. 242, воп. 1, с. 2039, л. 4; с. 2040, л. 120.
50 ПСЗ II, т. XL, н﷓р 41802; т. XLI, н﷓р 43354; т. XLII, н﷓р 44148.
51 ПСЗ II, т. XL, н﷓р 42154.
52 П. Бобровский, Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния, Санкт-Петербург 1863, ч. II, с. 217.
53 ПСЗ ІІ, т. XL, н﷓р 42154
54 Плошча казённай зямлі, што адышла пад яўрэйскія паселішчы ў Мінскай губерні, вызначана намі, зыходзячы з агульнай колькасці і сярэдніх памераў адведзеных зямельных участкаў (И. Зеленский, Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Минская губерния, Санкт-Петербург 1864, ч. I, c. 615; В. Н. Никитин, Еврейские поселения северо- и юго-западных губерний (1835-1890 гг.), Санкт-Петербург 1894, с. 40).
55 В. Н. Никитин, Еврейские поселения северо- и юго-западных губерний (1835-1890 гг.), с. 18, 141, 175-197.
56 НГАБ, ф. 2189, воп. 1, с. 153, л. 1; ф. 2514, воп. 1, с. 2075, л. 109-113; с. 2224, л. 135-136; с. 2558, л. 1, 9, 111, 119-138 і інш.
57 НГАБ, ф. 2514, воп. 1, с. 2075, л. 96-97; с. 2224, л. 36, 101, 137.
58 Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей: РДГА), ф. 1281, воп. 6, с. 35, л. 69; воп. 7, с. 41, л. 60.
59 И. Зеленский, Материалы для географии и статистики России... Минская губерния, ч. I, с. 615; П. Бобровский. Материалы для географии и статистики России... Гродненская губерния, ч. II, с. 218; Санкт-Петербург 1863, ч. II, приложения, с. 88-89.
60 В. Н. Никитин, Еврейские поселения северо- и юго-западных губерний (1835-1890 гг.), с. 175-197; Статистика поземельной собственности и населенных мест Европейской России, Санкт-Петербург 1882, вып. V, с. 9, 53, 84-85, 114, 148-149.
61 Опыт описания Могилевской губернии (под ред. А. С. Дембовецкого), Могилев 1882, кн. 1, с. 776.
62 Статистический временник Российской империи, Санкт-Петербург 1884, сер. III, вып. 2, с. 62-67; Опыт описания Могилевской губернии, кн. 1, с. 777.
63 Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год, с. 39, 118, 167, 177; Опыт описания Могилевской губернии, кн. 3, с. 78-79, 104-105, 116-121, 156-157, 166-167.
64 НГАБ, ф. 2514, воп. 1, с. 2558, л. 1, 31, 111, 188.
65 Доклад высочайше учрежденной комиссии для исследования нынешнего положения сельского хозяйтсва и сельской производительности в России, Санкт-Петербург 1873, приложение II, отд. 1, с. 5-6; приложение VI, с, 34, 175; Рукапісны аддзел бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, ф. 34, с. 10730, л. 1; НГАБ, ф. 242, воп. 1, с. 2040, л. 1; ф. 295, воп. 1, с. 4785, л. 2 і інш.
66 Опыт описания Могилевской губернии, кн. 1, с. 777; кн. 3, таблицы земель и владений, с. 11.
67 Статистический временник Российской империи, сер. III, вып. 2, с. 62-67; Санкт-Петербург 1884, вып. 4, с. 382-387.
68 НГАБ, ф. 295, воп. 1, с. 2832, л. 1-28.
69 НГАБ, ф. 242, воп. 1, с. 2040, л. 4, 134, 155-156.
70 НГАБ, ф. 242, воп. 1, с. 2040, л. 10, 71-72, 90-99, 122.
71 Там жа, л. 51.
72 Там жа, с. 2039, л. 1-3; с. 2040, л. 78, 128, 130-131.
73 ПСЗ III, т. II, н﷓р 834; „Собрание узаконений и распоряжений правительства”, 1882 год, н﷓р 43.
74 ПСЗ III, т. VII, н﷓р 4924.
75 Статистический временник Российской империи, сер. III, вып. 2, с. 62-67; Временник Центрального статистического комитета, Санкт-Петербург 1901, н﷓р 49, с. 64-68.
76 Временник Центрального статистического комитета, н﷓р 49, с. 64-72; Г. Логанов, Статистика землевладения Европейской России по уездам, Санкт-Петербург 1906, с. 12-15, 22-25, 36-39.
77 НГАБ, ф. 2001, воп. 1, с. 1646, л. 1-2, 4-6, 12-13.
78 НГАБ, ф. 295, воп. 1, с. 4801, л. 9-14; с. 5947, л. 30, 36, 44, 53, 58, 61, 63.
79 Сборник материалов об экономическом положении евреев в России, т. I, c. 118﷓119, 133, 136.
80 Временник Центрального статистического комитета, н﷓р 49, с. 64-72; К. И. Шабуня, Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905-1907 гг., с. 115.
81 НГАБ, ф. 295, воп. 1, с. 4785, л. 3; с. 5947, л. 1-3, 16-18.
82 Временник Центрального статистического комитета, н﷓р 49, с. 78-81, 84﷓85.
83 Сборник материалов об экономическом положении евреев в России, т. I, c. 177; А. П. Владимиров, О русском землевладении в Северо-Западном крае, „Русское обозрение”, 1894, н﷓р 7, с. 230.
84 Временник Центрального статистического комитета, н﷓р 49, с. 64-73; Статистика землевладения 1905 г., Санкт-Петербург 1906, Минская губерния, с. 22-23.
85 Временник Центрального статистического комитета, н﷓р 49, с. 64-73.
86 „Собрание узаконений и распоряжений правительства”, 1903 год, н﷓р 50; Законодательные акты переходного времени, 1904-1906 гг., Санкт-Петербург, 1906, с. 306-311; Свод законов Российской империи, Санкт-Петербург 1909, т. IX, изд. 1899 г. с Продолжениями 1906 и 1908 гг., приложение к ст. 779 (примечание 4).


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія