БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 11

Гаспадарчае жыццё „рухлівых беластоцкіх” і „апатычных гарадзенскіх” яўрэяў у сярэдзіне — ІІ палове XIX стагоддзя

В. А. Сабалеўская
(Гродна)

У 1880 годзе ў расійскім яўрэйскім часопісе „Рассвет” быў надрукаваны артыкул гарадзенца Н. Бендэтсона, які апісаў яўрэяў Беласточчыны і Гарадзеншчыны наступным чынам: „Гарадзенскія яўрэі за адсутнасцю камерцыйнага руху, не адрозніваюцца энергічнасцю, выглядаюць істотамі апатычнымі, між тым як беластоцкія яўрэі ахоплены жыццём, рухлівыя, мітусяцца ў віхуры жыцця”1. Гэтае нечаканае акрэсленне навяло на думку паспрабаваць высветліць прычыну ажыўлення эканамічнага жыцця беластоцкіх яўрэяў ў параўнанні з іх гарадзенскімі суайчыннікамі.

У 40-я гг. XIX ст. гарадзенская яўрэйская абшчына заставалася буйнейшай у губерніі. На 1843 год яе колькасць складае 8 569 чалавек, калі ў той жа час у Беластоку губернская статыстыка зафіксавала 6 759 яўрэяў2. Але паступова гарадзенская суполка змяншаецца, каб у 1855 г. дасягнуць 8 464 чалавек, у той час як беластоцкая яўрэйская абшчына налічвала 9 330 душ3.

Яўрэйская прамысловасць Гродзенскага павета ў 1844-1853 гады была развіта нязначна (гл. мал. 1).

Калі ў 1844 г. на фоне агульнай невялікай колькасці зарэгістраваных фабрык і заводаў прадпрыемствы, што належалі яўрэям, складаюць 60%, то ў наступныя гады яны наогул знікаюць са старонак губернскай статыстыкі. Узгаданае пад 1844 г. прадпрыемствы цалкам належаць да вытворчасці тканін. Па аб’ёмах выпушчанай прадукцыі ў гэты час на першы план выступаюць дзве фабрыкі яўрэя Б. Вольмана з мястэчка Крынкі Гродзенскага павета. На адной з іх у 1844 годзе выраблялася 11 700 аршын сукна на 11 700 рублёў, на другой — 8 140 аршын на 6 934 руб. Яны перасягалі прадпрыемствы мясцовага памешчыка А. А. фон Ліпхарта, які ў тым жа годзе атрымаў са сваіх фланелевых фабрык у мястэчку Крынкі з адной 3 122, а з другой — 4 725 руб. прыбытку. Яшчэ менш прыбытку прынесла фабрыка яўрэя А. Кугеля (памесце Гутаўляны Гродзенскага павета). На ёй было выраблена сукна на 932 руб.4

Зусім іншым было становішча ў прамысловасці Беластоцкага павета (гл. мал. 2).

Тут на працягу 1844-1853 гг. яўрэі ўносілі істотны ўклад у развіцё асобных галін эканомікі. Пашырэнне агульнай колькасці прадпрыемстваў адбываецца перш за ўсё за кошт павялічэння ўдзелу іншаземцаў. Але і лік яўрэйскіх фабрык у гэты час заставаўся значным. У 1844 г. яўрэйскія прадпрыемствы складаюць 32%, у 1850 — 28%. У 1870 г. доля прадпрыемстваў, належаўшых яўрэям, дасягнула нават 65%.

Асноўная маса яўрэйскіх прадпрыемстваў у Беластоцкім павеце, таксама як і ў Гродзенскім, канцэнтравалася вакол вытворчасці тканін (гл. мал. 3).

На іх вырабляліся сукно, фланель, воўна, дадаткова ў невялікай колькасці хусткі і ваўняныя коўдры. Значную канкурэнцыю яўрэям Беласточчыны ў гэтай сферы склалі іншаземцы, пераважна аўстрыйскія і прускія падданыя. Расійскі ўрад прыхільна ставіўся да іх жадання адчыняць свае прадпрыемствы на тэрыторыі рэгіёна. Іншаземцаў жа вабіла наяўнасць меншай канкурэнцыі і недастатковая насычанасць рынку тканінамі. Маючы значныя (па мясцовых уяўленнях) капіталы, замежнае абсталяванне і падтрымку некаторых прадстаўнікоў мясцовай знаці (напрыклад, графа В. Красінскага), яны з ахвотай прымалі ўдзел у развіцці эканомікі краю. Асабліва шмат прадпрыемстваў заснавана іншаземцамі на працягу 1842-1845 гг. Сярод іх фабрыкі Ф. Віншэ, Герца і Бэтхера, Г. Захерта, М. Кісгена, В. Кіхлера, Г. Клейнэрта, А. Х. Каміхаў, А. Лорэнса, Х. Моса, І. Шульца і іншых5. Наступны ўсплёск назіраецца ў 1847-50 гг., калі з’яўляецца 12 новых прадпрыемстваў. У адрозненне ад фабрык, што належалі мясцовым жыхарам альбо яўрэям, фабрыкі многіх іншаземцаў існавалі нядоўга.

Яўрэйскія суконныя прадпрыемствы вылучаліся большай стабільнасцю. Існаванне большасці яўрэйскіх фабрык прасочваецца бесперапынна на працягу 1844-1853 гг. Сярод іх прадпрыемствы Я. Вейнрайха, К. Гальперна, Ш. Гальперна, І. Гольберга і іншых. Заўважана, што калі фабрыкі іншаземцаў у часы крызісаў разараліся, то яўрэйскія фабрыкі толькі на некаторы час прыпынялі сваё існаванне ці змяншалі аб’ём вытворчасці. Адной з прычын устойлівасці яўрэйскіх прадпрыемстваў бачыцца іх велічыня. Калі фабрыкі іншаземцаў у сярэднім выраблялі прадукцыі на 360 034 руб., то фабрыкі яўрэяў — на 9 013 руб. Яўрэйскія прадпрыемствы былі абсталяваны 20-30 машынамі, на іх працавала 20-25 чалавек. Малое прадпрыемства лягчэй магло згарнуць ці пераарыентаваць вытворчасць, часова спыніць дзейнасць.

Суконныя прадпрыемствы, названыя „неяўрэйскімі”, належалі мясцовым памешчыкам. Яны дэманструюць самы шырокі дыяпазон аб’ёмаў вытворчасці. Побач з прадпрыемствам, атрымаўшым прадукцыі на 3 122 руб. (А. А. фон Ліпхарта), сустракаецца буйная фабрыка В. Захерта — 50 000 руб., на якой зафіксавана 120 рабочых6. У якасці рабочай сілы на прадпрыемствах гэтай катэгорыі працавалі прыгонныя сяляне, у час крызісаў фабрыка атрымлівала дастатковыя для далейшай працы сродкі з сельскай гаспадаркі. Гэтым тлумачыцца ўстойлівасць прадпрыемстваў неяўрэяў.

Беластоцкім яўрэям належалі прадпрыемствы ў наступных сферах вытворчасці: гарбарнай, тытунёвай, шкіпінарнай, алейнай, цаглянай, вапнавай. У такой галіне, як свечкавая і мылаварная прамысловасць у Беластоку ў 1844-1853 гг. выяўлены выключна яўрэйскія фабрыкі. Яны належалі М. Блоху (да 3 625 пудоў свечак і 1 910 пудоў мыла ў 1851 г.), Л. Гальперну (адпаведна 733 і 1 000 пудоў), М. Ш. Кур’янскаму (1 300 і 100 пудоў), А. -Л. Мядоўніку (670 пудоў свечак у 1845 г.)7

У 60-я гг. колькасць яўрэйскіх прадпрыемстваў у сферы вытворчасці тканін трохі зменшылася. Іх доля ў агульнай масе фабрык гэтай галіны ў Беластоцкім павеце ў 1866 г. склала 23%8. 70-я гг. XIX ст. уносяць ажыўленне ў вытворчасць тканін на Беласточчыне. На працягу 1870-1872 гг. тут адчынена яўрэямі 13 новых прадпрыемстваў. Сем з іх канцэнтраваліся ў г. Беластоку, астатнія заснаваны ў Беластоцкім павеце: у мястэчках Заблудава, Міхалова і Кнышын ды вёсках Разалін і Пяшчанікі9. Гэтыя прадпрыемствы мелі паўсаматужны характар — на большасці з іх колькасць машын не перасягала чатырох. Працавалі на іх звычайна сваякі і знаёмыя гаспадара.

У гэтыя гады адчыняюцца прадпрыемствы і ў іншых галінах вытворчасці: вязальнай — 1871 г. — фабрыка С. Ліпмана, 1872 г. — М.﷓Ю. Б. Сегаля; кардоннай — 1862 г. — А. Е. Левіна10. Сустракаюцца звесткі пра тытунёвыя прадпрыемствы Ш. З. Рабінерсана, Б. Ш. Гарфінкеля (1862), І. А. Гарфінкеля, фірмы Ф. Айзенштата, М. Х. Зільберблата, які працаваў пад знакам фірмы І. Заблудоўскага11. Тут вырабляліся папулярныя гатункі папярос „Для Варшавы”, „Pije Kuba do Jakuba”, „Parisiana”, „Беласток”12. Тытунёвая прамысловасць краю знаходзілася ў гэты час на ўздыме. У 1862 г. у Гродне з’яўляецца буйнейшае ў Беларусi прадпрыемства гэтай галiны — фабрыка Е. Шарашэўскага i Ф. Ш. Русоты, дзе ў 1887 г. выраблялi 4 864 пуды тытуню для палення, 22 416 пудоў махоркi, 9 316 тысяч цыгарэт i 48 202 тысяч папярос. У 1887 г. тут працавала 688, а ў 1897 г. — 1 340 рабочых13. Iснавалi i дробныя тытунёвыя фабрыкi Б. Гадаса i 3. Фiнкельштэйна.

У 1883 г. беластоцкія фабрыканты адчулі на сабе дзеянне эканамічнага крызісу. На пачатку 1884 г. уласнікі буйных прадпрыемстваў вымушаны былі скараціць колькасць гадзін працоўнага дня ці звольніць некаторую колькасць рабочых. Цяжэй усіх пераносілі крызіс дробныя яўрэйскія прадпрыемствы, абсталяваныя 3-10 ткацкімі станкамі. Практычна ўсе яны аказаліся зачыненымі. На 31 ліпеня 1884 г. у пошуках працы апынуліся 200 яўрэяў, 125 хрысціян, 50 іншаземцаў14.

У 90-я гг, па сведчаннях губернскай статыстыкі, колькасць яўрэйскіх прадпрыемстваў зноў узрастае. Сярод 135 уласнікаў фабрык Беластоцкага павета ў 1890 г. налічвалася 88 яўрэяў, сярод 154 уласнікаў заводаў — 116 яўрэяў15.

Але асноўная маса яўрэяў, занятых у вытворчасці, знайшла сабе прымяненне не ў прамысловасці, а ў рамястве. Прычына гэтай з’явы на паверхні — адсутнасць у яўрэяў магчымасці набыцця першапачатковага капіталу, неабходнага для заснавання прадпрыемстваў. Традыцыйна яўрэйскае рамяство канцэнтравалася вакол вытворчасці вопраткі, абутку і харчовых прадуктаў, што было абумоўлена запаветамі рэлігіі (патрабованні шаатнэзу, кашруту). Немалая колькасць яўрэяў займалася дрэваапрацоўкай (сталяры, цесляры, пільшчыкі, бондары), а таксама далучаных да яе вытворчасці шкіпінару, дзёгцю і смалы. Пра стан яўрэйскага рамяства ў Беластоцкім павеце ў 1887 г. сведчыць вышэйпададзеная табліца16.

У канцы 80-х і ў 90-я гг. XIX ст. у гарадах краю з’яўляецца безліч маленькіх майстэрань, задавальняўшых мясцовы попыт на фотаздымкі, друкаваную прадукцыю, упаковачныя матэрыялы, пячаткі і г.д. Асабліва шмат такіх майстэрань было ў індустрыяльна развітым Беластоку. У 1893-1898 гг. тут адчынена 11 маленькіх друкарань, якія выдавалі кнігі, друкавалі афішы, аб’явы, візітныя карткі, этыкеткі і іншыя. Яны былі абсталяваны 1-2 станкамі, многія з якіх былі ручнымі.

Дакументы НГАБ у Гродне ўтрымліваюць звесткі пра 18 кніжных лавак, якія былі адчынены яўрэямі ў Беластоцкім павеце на працягу 1882-1898 гг. Звычайна пры крамах заводзілі таксама і бібліятэкі. Пра тое, што кніжная прадукцыя цешылася попытам, сведчыць той факт, што ў Беластоку акрамя мясцовых жыхароў адчынілі свае крамы зяльвянін І. М. Індурскі, гродзенцы А. Х. Шапіра і Л. Х. Сырнік, сланімчанін М. Г. Мілакоўскі17. Пакупнікамі ў гэтых крамах з большага былі таксама яўрэі. Але гэта не значыць, што тут можна было набыць выключна літаратуру на іўрыце і ідышы. Кліентам прапанаваліся кнігі і на замежных мовах, а Л. Б. Тыкоцінскі ў 1882 г. у сваім прашэнні ў губернскае праўленне падкрэсліваў рост попыту на рускую кнігу18.

Але і ў такім вялікім прамысловым цэнтры як Беласток далёка не ўсе яўрэі мелі шанцы знайсці сабе сталую працу. Бедната перабівалася часовымі дробнымі заробкамі і жабрацтвам. Няздольная ўносіць за сябе падаткі, яна абцяжарвала суполку, заможныя члены якой згодна з узаконенай урадам традыцыяй „кругавой парукі” мусілі ўносіць грошы таксама і за немаёмасных. Такі стан рэчаў непакоіў не толькі кіраўнікоў абшчыны, але і кіраўніцтва краіны. Яно з канца XVIII ст., г.зн. з моманту ўключэння яўрэяў у лік падданых Расіі, было занепакоена схільнасцю яўрэяў да „невытворчых”, а значыць і падазроных ці то нават небяспечных для іншых громадзян, радоў дзейнасці. Тут перш за ўсё меліся на ўвазе выраб і гандаль спіртнымі напоямі, распачаты яўрэямі, на думку ўладных структур, выключна з каварнай мэтай „спойвання сялянства”.

Марачы пра ўніфікаванне падданых, улады пастаянна разглядалі праекты „прывядзення яўрэяў у карысны для дзяржавы стан”19. Большасць насельніцтва краіны складалі сяляне, таму было вырашана, што і яўрэі павінны далучыцца да сельскагаспадарчай працы. Першыя задумы „асяляньвання” яўрэяў узніклі ўжо напрыканцы XVIII ст. Аўтарам самага вядомага праекта, які наклаў выразны адбітак на фарміраванне „яўрэйскага заканадаўства” Расійскай імперыі І паловы XIX ст, быў сенатар Г. Р. Дзяржавін. Ён прапанаваў „не пернікам, дык бізуном” далучыць яўрэяў да вядзення земляробства ў спецыяльна вызначаных для гэтага раёнах. „Дармаеды гэтыя падманам і пранырствамі прабывалі ў дастатку за кошт сваіх гаспадароў і ўтрымлівалі іх заўсёды свімі даннікамі”20, а таму падлягалі прымусоваму перавыхаванню ў добрых падданых.

Развіццё гэтых поглядаў мы назіраем у дзвюх „Яўрэйскіх канстытуцыях” І паловы XIX ст: „Усталяваннях пра яўрэяў” 1804 і 1835 гг. Яны вызначаюць шляхі набыцця яўрэямі зямлі. Для гэтага існавалі тры магчымасці:

1) сяліцца на ўласных, „набытых купляю незаселеных землях, прадаваць іх, аддаваць у заклад, дарыць і завяшчаць у спадчыну”;
2) арэндаваць прыватныя надзелы;
3) засяляць дзяржаўныя землі21.

Для гэтай мэты „Усталяванне” 1804 года вызначае 30 000 дзесяцін у Новарасійскім краі, а „Усталяванне” 1835 года не толькі ўзбагачае зямельны масіў, вызначаны для каланізацыі на поўдні, але і кладзе пачатак гісторыі земляробчых калоній у мяжы аселасці. Акрамя таго, абодва законы вызначаюць шэраг ільгот для пажадаўшых змяніць свой статус яўрэяў. Гэта вызваленне ад падаткаў на 5﷓10 гадоў (па „Усталяванню” 1835 года на казённых землях — да 25 гадоў), ад рэкруцкай павіннасці на 25-50 гадоў, ад грашовых земскіх падаткаў на 10 гадоў. Вызначаны невысокія пазыкі, скасаваны недаімкі ў казённых падатках22.

Для ўдакладнення статуса яўрэя-земляроба распрацавана спецыяльнае „Усталяванне”, якое ўбачыла свет у 1844 годзе. Дзейнічаючы прывычнымі метадамі, дзяржава імкнулася вырашыць яўрэйскія праблемы за кошт саміх жа яўрэяў. Таму для фінансавання выдаткаў на пасяленне быў уведзены спецыяльны „каробачны збор” з яўрэяў.

У Гродзенскай губерні ў 1847 годзе вызначана 407 надзелаў для яўрэяў-земляробаў, але толькі 202 з іх было заселена23. Яўрэі не спяшаліся асвойваць нетрадыцыйны для іх від дзейнасці. Гэта пацвердзілася ў 1849 г., калі губернская адміністрацыя правяла апытанне яўрэяў Гродзенскай губерні з мэтай вывучэння становішча. Жаданне перабрацца на казённыя землі Гродзенскай губерні і заняцца сельскай гаспадаркай выказалі 2 сям’і (14 чалавек) з беластоцкага гарадскога яўрэйскага грамадства і 110 сем’яў (1 149 чалавек) з Беластоцкага павета (кнышынскае, ясяноўскае, гарадоцкае, заблудаўскае грамадствы)24. Але і гэтыя лічбы пададуцца значнымі, калі мы параўнаем іх з колькасцю жадаючых перасяліцца з Гарадзеншчыны. З Гродна планавалі пераехаць на казённыя землі губерні 5 сем’яў (35 чалавек), з Гродзенскага павета — 2 сям’і (16 чалавек)25. Жадаўшых рушыць у Наварасійскі край, каб падымаць дзікія, ніколі не быўшыя ў апрацоўцы землі, было яшчэ менш. Губернская статыстыка 1852-1854 гг. зафіксавала толькі 2 сям’і з Ганёндза Беластоцкага павета, 2 з Гродна і 1 з Волі Гродзенскага павета, якія былі пераселены ў Херсонскую губерню26.

Цікава, што кагальныя вярхі імкнуліся паспрыяць перасяленню сваіх бяднейшых адзінаверцаў у сельскую мясцовасць. Сярод дакументаў НГАБ у Гродне захоўваюцца дзве прапановы ўплывовых беластоцкіх купцоў І гільдыі Ісаака-Давіда Заблудоўскага і Копеля Гальперна, накіраваныя на стымуляванне распаўсюджання каланізму. Першы звярнуўся ў 1843 г. з просьбай дазволіць яму набыць у Гродзенскай губерні зямлю для пасялення 100 яўрэяў-земляробаў27. Другі паведамляў, што „намераны набыць у Гродзенскай губерні зямлю для пасялення 100 душ яўрэяў мужчынскага полу пры дачы ім ад мяне патрэбнай дапамогі”28.

Мясцовая адміністрацыя таксама не заставалася ў баку і працягвала ўладкоўваць яўрэяў-земляробаў на казённых землях. Звярнуўшы ўвагу на тое, што большасць кандыдатаў на новае званне імкнецца перабрацца на землі губерні, улады асабліва паспрыялі арганізацыі пасяленняў на Гродзеншчыне. У 1850 г. у Гродзенскай губерні заснавана 21 калонія. Большасць з іх насіла біблейскія назвы: Галілейская, Ізраільская, Сіёнская, Ааронава, Іерусалімская, Іарданава, Аўраамава, Сараўская, Лотава, Ісаакава, Палясцінская, Ханаанская. Некаторыя атрымлівалі назвы ў гонар асоб царскай сям’і: Мікалаеўка, Аляксандраўка, Канстанцінава, Паўлава. Тут была паселена 171 яўрэйская сям’я29.

Але нельга не заўважыць, што імкненні ўрада змяніць прафесійную структуру яўрэйскага грамадства заставаліся марнымі. У наступныя гады колькасць яўрэяў-земляробаў, і так нязначная ў параўнанні з агульнай колькасцю яўрэйскага насельніцтва, скарачаецца. Калі ў 1857 г. у Гродзенскай губерні іх зарэгістравана 2 774 асоб, то ў 1859 г. іх было ўжо 1 793, а ў 1860 г. — 1 376 душ30. І вінаваціць у правале гэтага накірунку палітыкі адносна яўрэяў улады павінны былі перш за ўсё сябе саміх. Паселішчы будаваліся марудна і таму атрымаўшыя пасярод зімы дазвол на пераезд яўрэі часта аказваліся літаральна пасярод голага поля, у незавершаных хатах сам-насам з марозам і віхурай. Размеркаваная сярод іх дзяржаўная зямля мела звычайна дрэнную якасць. Вось што пісалі яўрэі тржцянскага, кнышынскага, ганёндзскага грамадстваў Беластоцкага павета ў 1851 г. гродзенскаму губернатару: „Просьбіты, жадаючы пасяліцца на казённых землях і займацца хлебаробствам, у лютым звярнуліся да Вашага Правасхадзіцельства з просьбай аб адводзе ім з гэтай мэтай казённай зямлі ў Ваўкавыскім павеце ў двары Лапанаве. Адправіліся мы ў гэты двор Лапанаў. Аказалася:

1) што на ім няма ні ракі, ні цякучых вод (...) гэта зямля высокая і вельмі складана дастаць ваду праз выкопванне калодзежаў.
2) што не маецца пашавых лугоў, патрэбных для выпасу скаціны.

Праз гэтыя нязручнасці мы знаходзім немагчымым пасяліцца са сваімі сем’ямі на гэтай зямлі для хлебаробства”31.

Вядома, поспеху яўрэйскага земляробства заміналі і іншыя абставіны: недасведчанасць гэтых традыцыйна гарадскіх жыхароў у сельскай гаспадарцы; адсутнасць неабходных для набыцця жывёлы і інвентара сродкаў; дрэнныя ўраджаі, неспрыяльнае надвор’е, эпідэміі і эпізаотыі. Да таго ж далучалася нядобразычлівасць мясцовых жыхароў, якія глядзелі на новых суседзяў як на дзіўны выбрык прыроды і імкнуліся ўсяляк ім шкодзіць. Яўрэі Сінайскай калоніі скардзіліся, напрыклад, што дзяржаўныя сяляне вёсак Крывічы і Залацеева Слонімскага павета паляць сабраныя імі сена і збожжа.

Расчараваныя каланісты жадалі вярнуцца на ранейшае месца жыхарства, але кагалы не жадалі прымаць назад разораных ушчэнт адзінаверцаў. Вяртанню перашкаджала таксама тая абставіна, што вяртаючыся ў мяшчанства яўрэі павінны былі разлічыцца за пазыкі і ўнесці ў казну падаткі за гады, праведзеныя ў калоніі, а ўсе здатныя да ваеннай службы павінны былі быць аддадзены ў рэкруты32.

Улады былі вымушаны пераглядзець свае адносіны да перспектыў яўрэйскага земляробства. Прызнаннем правалу дзяржаўных мерапрыемстваў у гэтай галіне стаў закон ад 22 кастрычніка 1859 г., які перапыніў пасяленні яўрэяў на казённых землях Заходняй губерні. У 1864 г. ім забаронена сяліцца на прыватных надзелах. Нарэшце 12 лютага 1865 г. яўрэйскім каланістам нададзена было права свабодна пераходзіць у іншыя саслоўі. У 1866 г. перапынены перавод яўрэяў у званне каланістаў, адменена фінансаванне гэтага мерапрыемства з каробачнага збору.

Фармальна названыя вольнымі людзьмі яўрэі Расійскай імперыі фактычна былі запрыгонены так сама, як і сяляне. Кожны яўрэй з моманту нараджэння павінен быў быць прапісаны да пэўнага кагалу (пасля 1844 г. — да яўрэйскага грамадства). Высокая канцэнтрацыя гэтай групы насельніцтва ў гарадах пры абмежаванасці рынку і невялікай колькасці прамысловых прадпрыемстваў абумовіла наяўнасць моцнай канкурэнцыі. Вынікам гэтага было беспрацоўе і далейшае збядненне нізоў абшчыны.

Закон дазваляў міграцыю яўрэяў па тэрыторыі мяжы аселасці, але для гэтага яны мусілі мець спецыяльныя пашпарты, выдадзеныя кагалам. Дакумент гэты можна было атрымаць толькі цалкам разлічыўшыся з грамадствам па падатках. Такім чынам бяднейшыя яўрэі, якія якраз і павінны былі пераязджаць у пошуках працы, каб зарабіць на жыццё і на выплату тых жа падаткаў, афіцыйным шляхам атрымаць дазвол на міграцыю не маглі. Гэта вымушала іх схіляцца да пазазаконных пераездаў. І хаця мясцовыя ўлады непрыхільна ставіліся да прыезджых, якія стваралі канкурэнцыю для мясцовых яўрэяў ды яшчэ і не былі падаткаплацельшчыкамі, амаль пры кожнай абшчыне жылі іншагароднія. Губернская статыстыка зафіксавала, напрыклад, на 1850 г. у заблудаўскім грамадстве Беластоцкага павета 535, пры суражскім — 53, пры чадзецкім — 129 перасяленцаў33.

Перыядычна ўлады вымушаны былі рэагаваць на скаргі абшчынных кіраўнікоў і прымусова высяляць яўрэяў на ранейшыя месцы жыхарства. У 1832 г. з гарадоў і мястэчак Гродзенскай губерні (Брэста, Кобрына, Бераставіцы, Лунны і г.д.) назад у Беластоцкую вобласць выселена 9 чалавек мужчынскага полу34. Адміністрацыю асабліва клапаціла тое, што асноўная маса несанкцыянаваных перасяленцаў, асабліва асеўшых на вёсцы, займалася беспатэнтным вырабам і гандлем спіртнымі напоямі. Вось і ў 1895 г. з вёскі Слабоды Беластоцкага павета было выведзена 7 яўрэйскіх сем’яў, якія гандлявалі гарэлкай каля ваенных казармаў35.

Удзел яўрэяў у вырабе і продажу алкагольных напояў на вёсцы здаўна непакоіў адміністрацыю. Яна забараняла ім дзейнасць у гэтай сферы і „Усталяваннямі” 1804 і 1835 гг. магла праводзіць прымусовыя перасяленні яўрэяў з сельскай мясцовасці36. Але ў гарадах яны мелі большую свабоду і шынкарылі тут вельмі актыўна. У 1845 г. яўрэі Беластока ўтрымлівалі 113 шынкоў, 2 гарэлачныя і 2 піваварныя заводы37. У 40-50-х гадах сям’я Заблудоўскіх утрымлівала 3 аракавыя заводы ў Беластоку і мястэчку Уладаўцы Брэсцкага павета. Буйнейшы з іх, належаўшы Ісааку Давідавічу Заблудоўскаму, у 1844 г. вырабляў 975 вёдзер араку на 8 775 руб. У 80﷓я гг. колькасць яўрэйскіх „устаноў” не змяншалася. Дакументы падаюць адрасы 22 шынкоў, якія мелі права гандляваць пасля 23-х гадзін. Найбольшая іх канцэнтрацыя прыпадае на вул. Базарную (10) і Ліпавую (3), па 1 на Калужскай, Паштовай, Загараднай, Школьнай, Маставой, Нямецкай, Кладбішчанскай, Аляксандраўскай і Старой Шасейнай38. Улады зацята змагаліся з яўрэйскім вінакурэннем і да канца ХІХ ст. атрымалі ў гэтай барацьбе пэўныя поспехі. У 1898 г. мясцовыя чыноўнікі зазначалі, што ўвядзенне казённага продажу алкаголю прывяло да ліквідаці 118 шынкоў у г. Беластоку і 68 — у Беластоцкім павеце39.

Наогул, сведчанні пра яўрэйскі гандаль у Беластоку і Беластоцкім павеце ў дакументах губернскай адміністрацыі далёка няпоўныя. Справа ў тым, што асноўная маса яўрэяў займалася дробным беспатэнтным гандлем і ўсяляк пазбягала рэгістрацыі. Як правіла, яны прапанавалі пакупнікам галантарэю, мыла, свечкі, вырабы з жалеза, рознага роду дробязі. Немалая колькасць яўрэяў купляла ў сялян збожжа і, дастаўляючы яго ў горад уласным коштам, перапрадавала яго з карысцю для сябе. Заможнае купецтва займалася замежным гандлем. Часцей за ўсё прадметам іх аперацый станавіліся ці тое ж збожжа, ці лес. Гандаль лесам, напрыклад, пасяхова праводзіла вядомая сям’я Заблудоўскіх40.

Такім чынам, у сярэдзіне і ў палове ХІХ ст. яўрэйская супольнасць унесла значны ўклад у індустрыялізацыю краю і развіццё рыначных адносін у рэгіёне. Дзейнасць іх была паспяховай і шматграннай. Яна праявілася ў рамястве, прамысловасці, гандлі, сельскай гаспадарцы, фінансавых аперацыях і г.д. Насуперак абвінавачванням антысемітаў, вельмі значная доля яўрэяў была ў гэты час занята ў вытворчай сферы, хаця незбалансаваная палітыка ўрада не спрыяла замацаванню іх ні ў сельскай гаспадарцы, ні ў вытворчасці. Улады абмежаваліся фармальным ухваленнем „далучэння яўрэяў да прамысловасці”, не прадугледзеўшы практычных мерапрыемстваў па яго падтрымцы, што прывяло да дамінавання ў прамысловасці рэгіёна іншаземных падданых, а не мясцовых жыхароў.

Streszczenie

Żydzi w połowie XIX w. odgrywali znaczącą rolę w życiu gospodarczym guberni grodzieńskiej. W 1844 r. należało do nich niemal 60 proc. fabryk. W następnych dziesięcioleciach wprawdzie dynamiczniej rozwijał się przemysł należący do przedsiębiorców innych narodowości, lecz fabryki należące do właścicieli żydowskich wykazywały większą stabilność i były bardziej odporne na wszelkie zjawiska kryzysowe.


1 Н. Бендетсон, Черты из общественной жизни, „Рассвет” 1880, № 25, с. 692.
2 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне (далей: НГАБ у Гродне), ф. 1, ап. 20, спр. 1112, л. 4.
3 Там жа, ап. 28, спр. 708.
4 Там жа, ап. 20, спр. 1152.
5 Там жа, ап. 20, спр. 1152; спр. 1461.
6 Там жа, ап. 20, спр. 1152; ап. 21. спр. 30.
7 Там жа, ап. 13, спр. 528.
8 Там жа, ап. 22, спр. 1662.
9 Там жа, спр. 1098, 1883, 1884, 1889, 1889; ап. 23, спр. 23, 24, 181, 188, 189.
10 Там жа, спр. 1259; ап. 23, спр. 24, 189.
11 Там жа, ап. 8, спр. 1263, 1264, 1266; ап. 22. спр. 1267.
12 Там жа, ап. 8, спр. 1263, л. 3-8.
13 Там жа, ф. 8, ап. 2, спр. 1115; спр. 804, л. 747.
14 Там жа, ф. 1, ап. 8, спр. 1155, л. 23.
15 Там жа, ап. 17, спр. 1758, л. 4-22.
16 Там жа, ап. 8, спр. 1862, л. 6.
17 Там жа, ап. 7, спр. 1998; ап. 9, спр. 79, 659, 892.
18 Там жа, ап. 9, спр. 76, л. 1, 7.
19 Г. Бэкон, Положение евреев после разделов Польши, [в:] Главы из истории и культуры евреев Восточной Европы: в 6 ч. — Иерусалим 1995, ч. 6, с. 217.
20 Г. Р. Державин, Сочинения. С объяснительными примечаниями Я. Грота: в 9 т., Издательство Императорской Академии Наук, Санкт-Петербург 1872, т. 7, с. 248.
21 Л. О. Леванда, Полный хронологический сборник законов и положений, касающихся евреев от Уложения царя Алексея Михайловича до настоящего времени (от 1649 до 1873 года), [в:] Извлечение из Полного Собрания законов Российской империи, Санкт-Петербург 1874, с. 55.
22 Там жа, с. 363, 365.
23 НГАБ у Гродне, ф. 1, ап. 13, спр. 399, л. 746.
24 Там жа, л. 49, 172-174, 176-178, 212-215, 279-281, 396-405, 570, 575, 581-584, 589-591 аб.
25 Там жа, л. 45, 342, 607, 791.
26 Там жа, спр. 899, л. 30-30 аб.
27 Там жа, ап. 20, спр. 968, л. 1.
28 Там жа, спр. 1167, л. 1.
29 Там жа, ап. 13, спр. 445, л. 10-10 аб.
30 П. Бобровский, Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния, Санкт-Петербург 1863, ч. I, Приложения, с. 206; там жа, с. 207; там жа, ч. II, с. 216.
31 НГАБ у Гродне, ф. 1, ап. 13, спр. 540, л. 1-1 аб.
32 Там жа, спр. 869, л. 129.
33 Там жа, ап. 29, спр. 496, л. 71 аб.-72.
34 Там жа, ап. 10, спр. 61, л. 3.
35 Там жа, ап. 9, спр. 364, л. 2.
36 Л. О. Леванда, Полный..., с. 362.
37 НГАБ у Гродне, ф. 1, ап. 20, спр. 1462, л. 12 аб.
38 Там жа, ап. 8, спр. 2246, л. 129-130.
39 Там жа, ап. 18, спр. 484, л. 28-35, 74-75 аб.
40 Там жа, ап. 29, спр. 458, л. 3.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія