БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 11

Да пытання аб пачатках Вялікага княства Літоўскага ў сярэдзіне ХІІІ ст.
(яшчэ адна версія канструявання мінуўшчыны)

„Jeśli nie można przeszłości ani „odbić”, ani „zrekonstruować”, to nie pozostaje nic innego, jak tę przeszłość narracyjnie konstruować... Historyk nie „odbija” ani nie „rekonstruuje” czegoś gotowego, tylko na to czekającego, lecz proponuje taki czy inny opis przeszłości”1.
Jerzy Topolski

Генадзь Семянчук, Аляксей Шаланда
(Гродна)

Паглыбленне шматвекавых узаемаадносінаў паміж славянамі і балтамі (у першую чаргу літоўскімі плямёнамі і протабеларускімі) у палітычнай, гаспадарчай і культурнай сферах прывяло да адной з вялікіх і значных падзей у гісторыі Еўропы XIII ст. — да ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, апошняй класічнай раннесярэднявечнай дзяржавы. Праблема генезісу ВКЛ не аднойчы разглядалася польскімі, літоўскімі, расійскімі і беларускімі даследчыкамі2, аднак надалей застаецца прывабнай для навуковых пошукаў. Здавалася б, што тыя нешматлікія крыніцы, якія датычацца перыяду пачатковай гісторыі ВКЛ, ужо дастаткова і поўна каментаваліся ў гістарыяграфіі. Больш таго, існуюць ужо даволі ўстойлівыя эмпірычныя схемы і канцэпцыі па дадзенай праблеме:

— аб дзяржаватворчых працэсах сярод літоўскіх плямёнаў у ХІІ — пачатку ХІІІ ст.ст. і іх сувязь з генезісам ВКЛ;

— актыўная захопніцкая палітыка літоўскіх плямёнаў у адносінах да суседніх славянскіх тэрыторый, як шлях паўставання ВКЛ, альбо супрацьлеглы погляд, дзе актыўным бокам выступаюць славяне ў выглядзе захопу літоўскіх земляў Наваградскім княствам. Падобныя падыходы адразу скіроўвалі навуковыя дыскусіі ў галіну палітыкі, бо прымушалі вышукваць этнічную (літоўскую альбо беларускую) прыналежнасць Вялікага княства Літоўскага ад першых момантаў яе існавання;

— перабольшванне знешняй пагрозы з боку мангола-татарскай і крыжацкай агрэсіі для рускіх княстваў на тэрыторыі Беларусі, што выклікала з аднаго боку пошук саюзнікаў сярод суседніх неславянскіх народаў, а з другога боку, аблегчыла „несправядлівы” захоп „аслаблых” рускіх земляў літоўцамі. Далей эвалюцыя гэтых поглядаў прыводзіла да праблемы сацыяльных адносінаў рускага (беларускага і ўкраінскага) сялянства і мяшчанства з літоўскімі феадаламі.

Слабасць галоўных палажэнняў генезісу Вялікага княства Літоўскага, якія сфармаваліся ў папярэдняй гістарыяграфіі, грунтоўна паказаў беларускі даследчык Алесь Краўцэвіч, прапанаваўшы свой уласны канцэптуальны падыход да праблемы3. Ён лічыць, што Вялікае княства Літоўскае паўстае ў сярэдзіне ХІІІ ст. у балта-славянскай кантактнай зоне ў басейне верхняга і сярэдняга Нёмана, дзе абсалютна не прасочваецца ніякай канфрантацыі паміж пражываючымі там этнасамі. Знешняя пагроза з поўдня (мангола-татары) і паўночнага захаду (нямецкія рыцарскія ордэны) з’явіліся штуршком да пачатку дзяржаваўтварэння на тэрыторыі Беларускага Панямоння. Вынікам гэтага працэсу стаў саюз усходняславянскага княства са сталіцай у Наваградку з адным з літоўскіх нобіляў Міндоўгам, які мог адбыцца каля 1248 г. Усё гэта дазваляе Алесю Краўцэвічу сцвярджаць, што Вялікае княства Літоўскае ад самага пачатку было біэтнічнай дзяржавай з дамінаваннем усходнеславянскага элемента4.

Тым не менш, шэраг аспектаў генезісу ВКЛ, на нашу думку, не атрымалі дастатковага асвятлення. У першую чаргу гэта: 1) генеалагічныя праблемы рускіх і літоўскіх княжацкіх дынастый, якія панавалі ў Беларускім Панямонні; 2) праблема легітымнасці і пераемнасці ўлады на рускіх землях, якія першпачаткова ўвайшлі ў склад ВКЛ; 3) праблема ўзаемаадносін Літвы і яе бліжэйшых суседзяў, найперш рускіх княстваў беларускага Панямоння і Падзвіння.

Агульнавядома, што на позняй стадыі першабытнага ладу ў выніку грамадскага падзелу працы, з’яўлення прыватнай уласнасці, маёмаснай і сацыяльнай дыферэнцыяцыі знікае род, як падстава сацыяльнай структуры грамадства. Яму на змену прыходзіць сям’я. Па розных прычынах гэтыя працэсы адбываліся неадначасова ў славянаў і балтаў. У апошніх яны мелі месца значна пазней. У выніку гэтага ў той час (ХІІ-ХІІІ ст.ст.), як славяне мелі ўжо дзяржавы і развітыя сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя і культурныя інстытуты, балты перажывалі перыяд разлажэння радавога ладу5.

Сям’я, заснаваная на шлюбе, у сярэднявеччы мела сярод іншых гаспадарча-эканамічную, камунікатыўныю і рэгулятыўную функцыі. Асабістыя і маёмасныя адносіны, якія ўзнікалі са шлюбу і прыналежнасці да сям’і рэгуляваліся звычаёвым правам: зямельным, спадчынным і сямейным. Важнай формай шлюбу з’яўлялася прымацтва, пры якім мужчыну прымалі ў дом і ў сям’ю жонкі і цесця, калі іх двор не меў свайго сына-нашчадка. Прававое становішча зяця-прымака (незалежна ад яго сацыяльнай прыналежнасці) цалкам залежала ад галавы сямі6. Разам з тым, прымацтва лічылася адным з законных шляхоў перадачы маёмасці някрэўнаму. Другой падобнай магчымасцю было ўсынаўленне альбо адопцыя чужога прадстаўніка. На распаўсюджванне інстытуту адопцыі і прымацтва і звязаныя з імі спадчынныя і маёмасныя правы, а таксама на ролю жанчыны ў сям’і і яе юрыдычныя правы на спадчыннасць сярод народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў сярэднявеччы звярнуў увагу яшчэ Генрык Лаўмяньскі7. На жаль, гэтыя каштоўныя назіранні не атрымалі далейшага больш глыбокага развіцця. Заўважана, што саюзы, якія вынікаюць з натуральнага альбо канвенцыянальнага сваяцтва, якое абапіраецца на праўна-звычаёвых крытэрыях, з’яўляюцца больш трывалымі і мацнейшымі ў акрэсленых гістарычных умовах за іншыя (утвораныя палітычнымі, гаспадарчымі альбо сацыяльнымі абставінамі)8. На падобных нормах у адносінах да шлюбу і сям’і грунтавалася легітымнасць і пераемнасць улады ва ўсходніх славян.

У сувязі з гэтым неабходна згадаць пачатковы перыяд гісторыі Кіеўскай Русі. Летапісныя паведамленні часам выразна звязваюць працэс сватаўства альбо шлюбу з усталяваннем (ці перайманнем) палітычнай улады. Да часоў праўлення Вольгі (40-я гады Х ст.) адносіцца першая адпаведная згадка, якая датычыцца праекта шлюбу яе і драўлянскага князя Мала пасля забойства мужа Вольгі, князя Ігара: „Реша же Деревляне: «се князя убихомъ рускаго; поимемъ жену его Вольгу за князь свой Малъ и Святослава, и сотворим ему, яко же хощемъ»”9. Падобным чынам паводзіць сябе Уладзімір у 978 г., які пасля забойства Яраполка, кіеўскага князя, „залеже жену братьню грекиню (...) от нея же родися Святополк”10. Відавочна, што мы бачым сітуацыю, калі пасля перамогі аднаго князя над другім пераможцу пераходзяць не толькі пасада (дзяржаўная ўлада), а таксама жонка, магчыма, з дзецьмі, што ў вачах сучаснікаў адлюстроўвала пераемнасць ды легітымнасць вышэйшай улады, нават пры прымусовых дзеяннях. Падобныя легенды, звязаныя з утварэннем дынастый (і як вынік — дзяржаў), вядомы вельмі шырока сярод індаеўрапейскіх народаў, што знайшло адлюстраванне ў міфічных казках і рытуалах11. Напрыклад, у чэшскага храніста Космаса з Прагі дынастыі чэшскіх князёў Пржэмыславічаў і перайманне ёю законнай улады пачынаецца са шлюбу дачкі князя Крока Лібушы з чалавекам простага роду Пржэмыслам12. Шэраг міфічных легендаў аб шлюбных пачатках пануючых дынастый і ролі жанчыны ў гэтых сувязях з тэрыторыі Даніі, Фрыгіі, Ірландыі прыводзіць у сваёй працы Яцэк Банашкевіч13.

На працягу ХІ ст. сярод розных галін роду Рурыкавічаў пераважаў парадак гарызантальнага наследавання ўдзелаў, што нараджала частыя ўзаемныя прэтэнзіі і спрэчкі, прыводзіла да ваеннага супрацьстаяння. Таму пытанне спадчыннасці было галоўным на Любецкім з’ездзе князёў у 1097 г. Паводле летапісу, там было вырашана: „кождо да держить отчину свою: Святополкъ Кыевъ Изяславлю, Володимерь Всеволожю, Давыдъ и Олегъ и Ярославъ Святославлю, а им же роздаялъ Всеволод городы: Давыду Володимерь, Ростиславичема Перемышьль Володареви, Теребовль Василкови”14.

Прапанаваны ў Любечы вертыкальны прынцып пераемнасці ўлады значна раней замацаваўся ў Полацку. Зноў жа летапісы паведамляюць аб гэтым вельмі дакладна: пасля забойства ў сярэдзіне 70-х гг. Х ст. полацкага князя Рагвалода і яго двух сыноў (апошняе было зроблена з мэтай ліквідацыі законных спадчыннікаў Полацкай дзяржавы, магчымых канкурэнтаў), князь Уладзімір бярэ за жонку Рагнеду, тым самым узаконіўшы свае правы на Полацкае княства15. Трагічная гісторыя Рагнеды, якую пазней называлі ў крыніцах Гарыславай, скончылася тым, што пасля няўдалага замаху на свайго мужа Уладзіміра, яна разам са старэйшым сынам Ізяславам была адасланая на радзіму16, што фармальна сведчыла аб адраджэнні асобнай полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў, як аднаго з галоўных сімвалаў суверэннасці ў сярэднявечным грамадстве. Як адзначала Наталля Якавенка, „в средневековом сознании политическая независимость земли, в отличии от представлений современных, не была обязательно тождественной понятию государственной суверенности, поскольку правосознание не знало непосредственного господства государства над личностью подданного. Средневековой человек подчинялся не государству, а другому человеку”17. Менавіта панаванне ў Полацку нашчадкаў Ізяслава ёсць яскравае сведчанне таго, што гэтая дзяржаўная адзінка раней за іншыя землі Усходняй Еўропы ператварылася ў „отчину” асобнай галіны Рурыкавічаў.

Увогуле, у сярэднявечнай гісторыі можна сустрэць шмат выпадкаў, калі ўзнікала праблема пераемнасці ўлады пры згасанні дынастыі ў княствах і каралеўствах і вырашэнне яе праз шлюб апошняй прадстаўніцы роду з пэўным прэтэндэнтам. Шлюб выступаў у такіх выпадках не толькі як сродак палітыкі, але і як адзін з магчымых шляхоў да ўзаконьвання ўлады новага манарха. Напрыклад, адзін з герояў нашага артыкула Данііл Раманавіч Галіцкі ў 1252 г. ажаніў свайго другога сына Рамана з Гертрудай Бабенберг, апошняй законнай прадстаўніцай з роду аўстрыйскага герцага Фрыдрыха18, з надзеяй атрымаць апошняму спадчынныя правы: „Король же Оугорьскыи возведе искаше помощи хотяше прияти землю Немецкоую и посла к Данилови рекыи: «Пошли ми сына Романа да вдамъ за нь сестро герциковоу и вдамъ емоу землю Немецкоую»”19 (падкрэслена намі — аўт.). Нават у XV ст. Ян Длугаш у сваіх „Рочніках альбо хроніках”, апісваючы другую вайну польскага караля Баляслава Смелага (1058-1079/80 гг.) з Руссю ў 70-х гадах ХІ ст. выкамбінаваў, што рускія землі павінны перайсці Баляславу як спадчына па маці, Марыі-Дабранезе, дачцэ Уладзіміра Вялікага20. Варта адзначыць, што вайсковы захоп нейкай часткі, не кажучы ўжо аб усёй тэрыторыі княства-дзяржавы, ніколі не забяспечваў спакойнага панавання, а толькі выклікаў незадаволенасць і прэтэнзіі дзяржаў (княстваў)-суседзяў. Вайсковыя захопы заўсёды выклікалі палітычнае супрацьстаянне ў рэгіёне і, як правіла, кончыліся альбо вяртаннем на зыходныя пазіцыі, альбо пошукам нейкіх шляхоў узаконьвання ўлады новага гаспадара. І яшчэ адно. Як правіла, ваенныя дзеянні за спрэчныя тэрыторыі пачыналіся тады, калі ў прэтэндэнтаў, на іх думку, знаходзілася дастаткова законных падстаў на гэта. Класічны прыклад: лёс Галіцка-Валынскага княства пасля згасання дынастыі тамтэйшых князёў. У 1323 г. раптоўна паміраюць атручаныя баярамі Андрэй і Леў Юр’евічы, апошнія з роду Раманавічаў. Пасля ўзаемнага ўзгаднення Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Венгрыі і Мазоўша Галіцка-Валынскім князем становіцца Юрый ІІ Баляслаў Трайдэнавіч, сын мазавецкага князя Трайдэна і дачкі Юрыя І Львовіча Марыі, як адзін з галоўных законных прэтэндэнтаў на гэтую пасаду. Пазней, недзе каля 1331 г., князь Вялікага княства Літоўскага і Рускага Гедымін выдаў замуж за яго сваю дачку. Пасля гвалтоўнай смерці Юрыя ІІ у 1340 г., які не пакінуў нашчадкаў, у выніку працяглай вайны тэрыторыя Галіцка-Валынскага княства была падзелена паміж Польшчай, ВКЛ і Венгрыяй21. Правы ВКЛ грунтаваліся на тым, што сын Гедыміна Любарт быў жанаты з дачкой уладзімірскага князя: „а Любарта приняль володимерьскии князь к дочце в всю землю Волыньскую”22.

Праз дынастычны шлюб князя Альгерда Гедымінавіча з дачкой віцебскага князя Яраслава Васільевіча Ульянай да Вялікага княства Літоўскага было далучана Віцебскае княства23. Жаніцьба Ягайлы з польскай каралеўнай Ядвігай узаконіла яго правы і правы яго нашчадкаў на Польшчу. Пры гэтым даваліся абяцанні злучыць Літву і Польшчу ў адзінае цэлае24, нягледзячы на тое, што існавала пэўная колькасць прэтэндэнтаў на трон Вялікага княства Літоўскага як сярод Альгердавічаў (Андрэй Полацкі, Скіргайла і іншыя), так і Кейстутавічаў (Вітаўт). Так, шлюб Хаакана VI, караля Нарвегіі, з Маргарытай, дачкой дацкага караля Вальдэмара IV Аттэрдага ў 60-х гадах XIV ст. спрыяў палітычнаму аб’яднанню абодзвюх краін, а нашчадкам іх даваў легітымныя правы яшчэ і на Швецыю. Бо менавіта нарвежская дынастыя Фолкунгаў з’яўлялася законным дзедзічам шведскага трона25.

Цікавае сведчанне на карысць важнасці дынастычных шлюбаў для пераемнасці і легітымізацыі ўлады, а таксама ўтварэння новых дынастый, змешчана ў „Хроніцы Быхаўца”. Пасля захопу Гедымінам Кіева (1324?), кіеўскі князь Станіслаў апынуўся ў Бранску і „w tot czas, buduczy kniaziu Stanisławlu kijewskomu u Bransku, wyhnanomu od welikoho kniazia Gidymina, y prysła k nemu kniаź Iwan rezanski. Buduczy u starosty swoiey, prosiaczy jeho, aby do neho pryiechał y doczku u neho poniał imenem Olhu, bo syna ne meł, tolko odnu tuiu doczku, y po smerty ieho aby był welikim kniazem rezanskim. Y kniaź Stanisławl do neho jechał; y doczku w neho poniał, po smerty ieho był welikim kniazem rezanskim”26. Нягледзячы на тое, што пададзеная інфармацыя аб захопе Кіева Гедымінам сёння ставіцца пад сумненне27, варта звярнуць увагу на жаданне аўтара хронікі матрыманіяльным шляхам прывязаць князя Станіслава да новага ўладання, зняўшы тым самым прэтэндэнта ад Кіева.

Усё вышэйзгаданае з’яўляецца падставай для разумення працэсаў, якія працякалі ў сярэдзіне ХІІІ ст. на землях беларускага Панямоння і Літвы, і якія прывялі да ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. Пачнем з таго, што паходы рускіх князёў Х — пачатку ХІІІ ст.ст. на Літву і яцвягаў, а таксама звязаная з імі каланізацыя тэрыторыі ўсходнеславянскімі плямёнамі прывялі да таго, што Літва падзялілася на „Літву Рускую” і „Літву Уласную” (не блытаць з „Літвой уласнай”, прапанаванай Мацвеем Любаўскім, тэрыторыяй, якая зрабілася ядром ВКЛ XIV-XV ст.ст. і складалася з этнічна балцкіх і ўсходнеславянскіх земляў28). Абедзве назвы ўмоўныя, уводзяцца намі для адрознення земляў у Ніжнім і Сярэднім Панямонні, якія ў ХІІ — сярэдзіне ХІІІ ст.ст. былі падпарадкаваны рускім княжацкім цэнтрам, і землі, якія захоўвалі палітычную і гаспадарчую незалежнасць. Вызначэнне межаў кожнага з выдзеленых умоўна арэалаў патрабуе асобнага даследавання. Больш таго, у сярэднявеччы вельмі цяжка правесці лінеарную мяжу не толькі паміж этнасамі, нават паміж дзяржавамі. Прыкладам, палітычную мяжу ў ХІІ-ХІІІ ст.ст. паміж „Літвою Рускай” і „Літвою Уласнай” (а нас цікавіць якраз яна, а не этнічная мяжа паміж балтамі і славянамі) большасць даследчыкаў праводзіць па правабярэжжы Нёмана29.

Менавіта ў „Літве Рускай” у ХІ ст. узнікаюць першыя славянскія гарады — Горадзень (Гродна), Новагарадок (Навагрудак), Услонім (Слонім), Ваўкавыск — цэнтры славянскай каланізацыі гэтых земляў, а таксама цэнтры палітычныя, культурныя і эканамічныя30. З утварэннем тут удзелаў узнікаюць Гарадзенскае, Наваградскае і іншыя княствы і асобныя княжацкія дынастыі. Аб тым, што ў пераемнасці ўлады ўлічваўся „вотчынны” прынцып, гаворыць выкарыстанне ў адносінах да панямонскіх рускіх князёў прозвішчаў „Гарадзенскі”, „Наваградскі”, „Ваўкавыскі” і г.д.31 Змешанае насельніцтва рускай Літвы (гэта пацвярджаюць археалагічныя даследаванні)32 мела цесные кантакты як з Літвой уласнай, так і іншымі рускімі княствамі: Валынскім, Турава-Пінскім, Полацкім.

Узрастанне з сярэдзіны ХІІ ст. вайсковай актыўнасці балцкіх плямёнаў, выкліканае разлажэннем родавага ладу і фармаваннем племянной арыстакратыі — кунігасаў — прымусіў князёў славянскіх памежных цэнтраў (Полацк, Наваградак, Горадзень, Менск) разглядаць іх як рэальную сілу, саюз з якімі даваў ім не толькі пэўныя гарантыі ўласнай бяспекі, але дадатковыя сродкі для правядзення больш актыўнай унутранай і знешняй палітыкі. У сувязі з гэтым так званыя набегі Літвы на суседнія землі можна падзяліць на дзве асноўныя групы:

— з мэтай узбагачэння (Русь, Мазоўша, Польшча). Яны не мелі ніякіх палітычных задач. Падлічана, што да 1263 г. у рускіх летапісах, нямецкіх і польскіх хроніках зафіксавана 75 літоўскіх нападаў на суседзяў. З іх на Русь 35, на Куронію і Інфлянты 28, на польскія землі 1233.

— выкарыстанне Літвы ў княжацкіх міжусобіцах і знешнепалітычных акцыях (Полацк, Менск, Валынь)34.

Толькі ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 г. сустракаем адзіную згадку, хутчэй намёк, аб магчымым тэрытарыяльным захопе рускіх земляў літоўскімі князямі, калі Міндоўг высылае сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Эдзівіда з іхнім дзядькам Выкінтам да Смаленска: „И рече: «Што хто приемлеть собе дерьжить»”. Прапанаваўшы ім нерэальную ў той сітуацыі задачу, сам Міндоўг у гэты час рабаваў іх маёнткі ў Літоўскай зямлі. Больш таго, як паведамляе крыніца, паслаў за імі ўздагон забойцаў35.

Трывалым палітычным і эканамічным кантактам спрыяла і культурная блізкасць. У ХІІІ ст. паміж культурамі славянскага і балцкага насельніцтва беларускіх земляў было больш агульнага, чым адрознага, нават у такой сферы як рэлігія. Нягледзячы на тое, што праваслаўе існавала на беларускіх землях ужо даволі доўга, язычніцтва яшчэ не здавала свае пазіцыі, аб чым сведчыць распаўсюджаная з’ява двухвер’я. Яшчэ больш моцныя пазіцыі паганства мела сярод змешанага насельніцтва „рускай Літвы”, што пацвярджаюць археалагічныя даследаванні36. Пераканаўчым сведчаннем узаемных уплываў хрысціян славян на язычнікаў балтаў можа лічыцца інфармацыя, якую пакінуў ананімны аўтар (дамініканскі альбо францысканскі манах) трактата „Descriptio terrarum”, напісанага ў 50-х гадах ХІІІ ст.: „Літоўцы, Яцвягі і Нальшанцы лёгка хрысціліся, бо ад самой калыскі былі выгадаваны славянскімі карміцелькамі. З гэтай прычыны мы маглі бы бяспечна сярод іх знаходзіцца”37. Дарэчы, той жа аўтар дае абсалютна іншую характарыстыку жмудзінам язычнікам: „у тым краі (Жмудзі — аўт.) ніколі не прапаведавалася без мяча”38.

Літоўскія князі згадваюцца ўпершыню ва ўсходнеславянскіх летапісах пад 1219 г., калі яны заключылі мірную дамову з Валынню. „Въ лете 6723. Божимъ повелениемь прислаша князи Литовьскии к великои княгини Романове и Данилови и Василкови миръ дарюще. Бяхоу же имена Литовьских князеи се старешеи Живинъбоудъ, Давятъ, Довъспроункъ, братъ его Мидогъ, брат Довъяловъ Виликаилъ, а Жемотьскыи князи Ерьдивилъ, Выкынтъ, а Роушьковичевъ Кинтибоуть, Вонибоут, Боутовить, Вижеикъ и сын его Вишлии, Китении Пликосова, а се Боулевичи Вишимоутъ, его же оуби Миндого ть и женоу его поялъ, и братью его побилъ Едивила, Спроъдеика, а се князи из Даволтвы Юдьки, Поукеикъ, Бикши, Ликиикъ си же вси миръ даша князю Данилови и Василкоъ и бе земля покоина”39. Пры гэтым летапісец адлюстраваў пэўную сацыяльную субардынацыю і геаграфічную лакалізацыю літоўскіх князёў.

Асобна згадваюцца старэйшыя князі: Жывінбуд, Даўят і яго брат Вілікаіл, Даўспрунк і яго брат Міндоўг. Кім былі гэтыя „старэйшыя князі” ў сацыяльнай лесвіцы літоўскага грамадства? Пытанне, на якое спрабуюць адказаць амаль усе даследчыкі, якія вывучаюць праблемы генезісу Вялікага княства Літоўскага. Генрык Пашкевіч у дамове 1219 г. бачыць яскравае сведчанне далейшага развіцця працэсу дзяржаўнай кансалідацыі Літвы, які пачынаецца недзе на мяжы ХІІ-ХІІІ ст.ст. Пералічаных першымі „старэйшых князёў” ён лічыць прадстаўнікамі аднаго роду, які навязаў бліжэйшым і больш далёкім суседзям сваю ўладу і верхавенства. Жывінбуд як вярхоўны ўладар Літвы працягваў справу бацькі Міндоўга, невядомага нам па імені40. Падобную пазіцыю ў інтэрпрэтацыі дамовы 1219 г. займаў Уладзімір Пашута. Ён лічыў, што ў дамове адлюстравана вялікакняжацкая ўлада („старъшии”), якая абапіраецца на залежных альбо саюзных князях, а гэта ў сваю чаргу сведчыць аб наяўнасці ў Літве адносна адзінай дзяржавы. Праўда, дзяржава гэтая ўяўляла сабою не іерархію феадальных сеньёрый, а комплекс розных тэрыторый41. Ежы Ахманьскі лічыць, што дамовы паміж літоўскімі кунігасамі ў першай чвэрці ХІІІ ст. (1207 г., 1219 г.) сведчаць аб фармаванні племяннога саюза на літоўскіх землях, на чале якога стаялі „старэйшыя князі”. Гэты саюз, у сваю чаргу, з’явіўся важным крокам на шляху ўтварэння дзяржаўнай арганізацыі. Больш таго, дамова 1219 г. на думку польскага даследчыка, дазволіла гэтаму літоўскаму саюзу плямёнаў атрымаць згоду рускіх князёў на захоп Чорнай Русі з Наваградкам, узамен за мір з боку Літвы і палітыку нападаў на Польшчу42.

Шэраг гісторыкаў займаюць альтэрнатыўную пазіцыю. Паводле Генрыка Лаўмяньскага, на пачатку ХІІІ ст. у Літве не было выразных слядоў манархіі: на Жамойці — увогуле, у Аўкштоце — да часоў панавання Міндоўга. Параўноўваючы сацыяльную сітуацыю на літоўскіх землях (у першую чаргу, Аўкштоце) з сітуацыяй у Прусіі і Жамойці, якую зафіксавалі крыжацкія хронікі ХІІІ-XIV ст.ст., ён прыходзіць да высновы, што „старэйшых князёў” з дамовы 1219 г. нельга лічыць ані манархамі, ані ўладарамі асобных тэрытарыяльна-палітычных адзінак — земляў. Гэта былі наймацнейшыя правадыры дружын, якія мелі паўнамоцтвы заключаць знешнія дамовы ад свайго імя, а таксама падуладных ім другарадных правадыроў і, урэшце, усяго вольнага насельніцтва літоўскага племені43. Адмаўляе існаванне адзінай дзяржавы (у любой форме) у літоўскіх плямёнаў да сярэдзіны ХІІІ ст. і Алесь Краўцэвіч, падзяляючы погляд Г. Лаўмяньскага адносна сацыяльнага статуса „старэйшых князёў” з дамовы 1219 г.44

У той жа час, у сярэдзіне ХІІІ ст. у Панямонні ўжо існавала дзяржава, аб чым згадваюць крыніцы, і што бясспрэчна прымаюць усе даследчыкі. Як за такі кароткі адрэзак часу Міндоўгу ўдалося стварыць дзейныя дзяржаўныя істытуты? На нашу думку, гэта магло адбыцца толькі шляхам пераймання Міндоўгам гатовых дзяржаўных інстытутаў у суседніх славянскіх княствах, і ў першую чаргу з тэрыторыі „рускай Літвы”. Каб зразумець гэты працэс, трэба ўважліва разгледзець адносіны літоўскіх князёў і, у прыватнасці, Міндоўга з рускімі княствамі — Полацкім, Галіцка-Валынскім і, асабліва, Наваградскім.

На жаль, крыніцы вельмі скупа адлюстравалі падзеі першай паловы ХІІІ ст., якія адбываліся ў Літве і яе бліжэйшых славянскіх суседзяў. Але і тыя, што захаваліся, дазваляюць зрабіць шэраг важных высноў і шмат у чым па-новаму рэканструяваць той час. Па-іншаму можа быць асэнсавана генеалагічная інфармацыя, на якую шматлікія даследчыкі не звярталі належнай увагі, хаця генеалагічны фактар меў вялікае значэнне ў палітычнай гісторыі сярэднявечнага грамадства. У першую чаргу гэта датычыцца праблем спадчыннай перадачы вышэйшай улады. Менавіта радавод вызначаў правы на ўладу і пераемнасць яе сярод кіруючых дынастый. Сваяцкія сувязі альбо супрацьстаянне сем’яў адна адной шмат у чым вызначала характар і змест палітычнай барацьбы ў сярэднявеччы, якая даволі часта прыводзіла да ўзвышэння адных і поўнага вынішчэння другіх кланаў45. Таксама „генеалагічны метад” дазваляе вывучаць не толькі гісторыю канкрэтнага рода, але яго ўклад у грамадска-палітычнае і культурнае жыццё свайго часу.

У дагаворы 1219 г. (цытаваным вышэй) паміж Валынню і літоўскімі князямі, крэўныя адносіны сярод „старэйшых” адлюстраваліся толькі ў дачыненні да Даўята і яго брата Вілікаіла, Даўспрунка і яго брата Міндоўга, а сярод іншых аднаго з Рушкавічаў — Віжэйка, які меў сына Вышлія, а таксама Булевіча-Вішымута і яго двух братоў Едзівіла і Спрудзейка. Гэта дазваляе меркаваць, што князь Жывінбуд, згаданы першым, не з’яўляўся бацькам ні Даўята з братам, ні Даўспрунка з Міндоўгам, бо гэта было б адлюстравана летапісцам, добра знаёмым нават з такімі дробнымі літоўскімі княжацкімі сем’ямі як Рушкавічы і Булевічы. Паводле реканструкцыі Вячаслава Насевіча, калі лічыць, „што перад намі княжацкая сям’я-абшчына, дык Жывінбуд, напэўна, з’яўляецца сынам яе заснавальніка, а Даўят з Вілікаілам і Даўспрунк з Міндоўгам — сынамі двух памерлых раней старэйшых братоў Жывінбуда”46. Хто быў бацькам Міндоўга і Даўспрунка — дакладна невядома. Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, і ў прыватнасці „Хронікі Быхаўца”, ім быў міфічны князь Рынгольт, які жыў шмат гадоў у Новагародку: „y umre, a po sobi zostawił syna swoiho na kniażenij Nowhorodskom Mindowha”47. Нягледзячы на непраўдападобнасць згаданага паведамлення, звяртае ўвагу на сябе імкненне аўтара летапісу падкрэсліць легітымнасць ўлады Міндоўга ў Наваградку як вынік атрымання яе ў спадчыну па бацьку.

На думку Вячаслава Насевіча, самым верагодным прэтэндэнтам на ролю бацькі Міндоўга з’яўляецца вядомы з „Хронікі” Генрыха Латыша князь Даўгеруд (Даўгерд)48. Ён прадстаўлены як адзін з „магутнейшых літоўцаў” (potentioris de Lethonia), прынцыповы вораг немцаў, які актыўна праводзіў палітыку саюзу з рускімі княствамі, дзеля гэтага ў 1213 г. ездзіў у Ноўгарад Вялікі з мэтай заключэння пагаднення супраць Ордэна мечаносцаў. Аднак на зваротным шляху быў схоплены крыжакамі і загінуў у зняволенні ў Вендзенскай турме49. Калі прыняць за В. Насевічам, што Даўгеруд быў бацькам Міндоўга і Даўспрунка, дык яго дачка, жонка князя Герцыкі Усевалада з полацкай галіны Рурыкавічаў, была іх сястрой. Князь Усевалад, паводле Генрыха Латыша, вельмі актыўна падтрымліваў сваіх сваякоў у барацьбе з рыцарамі мечаносцамі, таму быў даволі паважаны сярод літоўцаў50. Асоба князя Усевалада па-рознаму інтэрпрэтуецца даследчыкамі: адны бачаць у ім сына полацкага і друцкага князя Барыса Давыдавіча, пры гэтым чытаючы нямецкую транскрыпцыю Vissewalde як Васіль51, другія адносяць яго да менскай галіны полацкай дынастыі — Глебавічаў, робячы яго сынам лагожскага (лагойскага) князя Васількі Валадаравіча52.

Шлюб мяркуемай сястры Міндоўга з Усеваладам Герцыкскім быў адлюстраваннем палітыкі Даўгеруда, накіраванай на пошук саюзнікаў супраць крыжацкай агрэсіі сярод усходнеславянскіх княстваў. Для полацкіх альбо менскіх князёў падобны саюз прыносіў свае карысці, аб якіх гаварылася вышэй. Не трэба забываць таксама, што нямецкая пагроза была асабліва актуальнай у першыя дзесяцігоддзі ХІІІ ст. для полацкіх удзелаў (Герцыке, Кукенойс) у Падзвінні. І не толькі для Полацка, але і для Ноўгарада Вялікага і Пскова.

Як працяг прарускай палітыкі Даўгеруда сярод літоўскіх нобіляў можна лічыць шлюб дачкі Даўспрунка, пляменніцы Міндоўга, з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам, які адбыўся паміж 1242-1245 гг.53 Праўда, паўстае пытанне: хто быў ініцыятарам гэтага матрыманіяльнага саюзу — сам Міндоўг ці сыны Даўспрунка Таўцівіл і Эдзівід? У любым выпадку не думаем, каб падобны палітычны акт адбыўся без згоды Міндоўга, вялікага князя.

Аб прыхільнасці Міндоўга на пачатку сваёй дзейнасці да саюзаў з рускімі князямі сведчыць дагавор 1219 г. Другі раз ён узгадваецца ў летапісе пад 1238 г. таксама з усходнеславянскім князем: „По том же лете Данилъ же возведе на Кондрата Литвоу Минъдога Изяслава Новгородьского”54. Заставаліся саюзнымі адносіны Міндоўга з валынскімі князямі Данілам і Васількам і ў 1245 г. Менавіта апошнія просяць дапамогі ў літоўскага князя ў барацьбе з Расціславам, сынам Міхаіла Чарнігаўскага пад час хатняй вайны ў Галіцка-Валынскай зямлі. „Данило же и Василко посласта в Литвоу помощи просяща, и послана бысть от Миндога помощь”, якая, праўда, не паспела на рашаючую бітву пад горадам Яраславам55.

Нас асабліва цікавіць летапіснае паведамленне пад 1238 г. Гэтая звестка па-рознаму тлумачыцца гісторыкамі. Шэраг даследчыкаў у дадзеным паведамленні бачаць бясспрэчны факт дзяржаўнасці летапіснай Літвы, з моцнай княжацкай уладай у асобе Міндоўга56. Ежы Ахманьскі лічыў, што Міндоўгу падпарадкоўваліся ў гэты час большасць літоўскіх тэрыторый са сваімі дынастыямі, і па яго волі гэтыя князі ўдзельнічалі ў вайсковых выправах. Для падмацавання гэтага палажэння польскі даследчык прыводзіць не пацверджаны крыніцамі факт аб удзеле Даўмонта Нальшанскага ў паходзе 1238 г. на Конрада Мазавецкага, які арганізаваў Даніла Галіцкі57. Гжэгаж Блашчык увогуле бачыць у гэтым летапісным паведамленні факт падпарадкавання Міндоўгу навагрудскага князя Ізяслава58. Паводле В. Насевіча, звестка з Іпацьеўскага летапісу дае падставы сцвярджаць, што, па-першае, Літва належыць Міндоўгу; па-другое, Ізяслаў Наваградскі дзейнічае сумесна з Міндоўгам, што сведчыць аб іх цесных сувязях; па-трэцяе, і Ізяслаў, і Міндоўг выступаюць як васалы-наёмнікі князя Уладзіміра-Валынскага59.

Сапраўды, летапісец сваім кароткім паведамленнем дазваляе зрабіць некалькі магчымых інтэрпрэтацый тагачаснай сітуацыі. Па-першае, цесны саюз паміж Галіцка-Валынскім і Наваградскім княствамі, не выключаючы нават васальныя адносіны. Па-другое, прозвішча Ізяслава „Наўгародскі” сведчыць не толькі аб тым, што ён быў з Наваградка, але і аб тым, што гэта была яго вотчына (па аналогіі з князямі полацкімі, пінскімі, тураўскімі альбо гарадзенскімі). Па-трэцяе, Ізяслаў і Міндоўг дзейнічаюць разам і наўрад ці гэта было выпадкова, хутчэй за ўсё яны былі звязаны нейкімі сувязямі. Па-чацвёртае, „Літва” Міндоўга ў дадзеным выпадку — гэта дружына, войска, а не нейкае тэрытарыяльнае ўладанне, хаця Міндоўг сапраўды яго меў, з цэнтрам у Варуце60. Першым на гэтую акалічнасць звярнуў увагу Генрык Лаўмяньскі61. Пацвярджэнне дадзенаму меркаванню знаходзім у крыніцах: Міндоўг пасылае ў 1259 г. часткі свайго войска на чале з ваяводамі Сырвідам Рушкавічам і Хвалам на Луцк, дзе яны панеслі паразу ад войска Данілы і Васілька Раманавічаў62; у 1262 г. той жа Міндоўг пасылае некалькі сваіх атрадаў у розныя бакі: „В лето 6770. Идоша Литва на Ляхы воевать от Миндовга. (...) Въспомяноу Миндовгъ оже Василко князь с богатыремъ воевалъ землю Литовьскоую и посла рать на Василка и воеваша около Каменца (...); дроугая же рать воеваша тое же неделе около Мельнице, бяше же с ними воевода Тюдияминовичъ Ковдижадъ”63; пад 1282 г. „Володимер же и Юрьи начаша рать свою наряжати на Болеслава. Володимер же послав и Литву возведе”64.

Паспрабуем разгледзець кожнае з палажэнняў больш дакладна. Улічваючы беднасць крыніцазнаўчай базы, адразу трэба адзначыць, што наша аргументацыя шмат у чым будзе абапірацца не на прамыя, а на ўскосныя факты.

Пачнем з таго, што паміж Міндоўгам і Ізяславам маглі быць сваяцкія адносіны, г.зн. літоўскі князь мог быць жанаты з дачкой князя Ізяслава. Зыходзячы з узросту першых дзяцей Міндоўга, можна меркаваць аб часе гэтага магчымага шлюбу. Сын Войшалк першы раз згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1253 г., як адзін з актыўных удзельнікаў вайны 1252/53 гг. паміж кааліцыяй на чале з Данілам Галіцкім і новай Наваградска-Літоўскай дзяржавай: „Миндог же посла сына си и воева около Тоурьска”65. Гэта сведчыць аб яго адпаведным узросце (мінімум 18-20 гадоў), калі можна было кіраваць вайсковай адзінкай у сярэднявеччы. У 1254 г. паміж ваюючымі бакамі быў заключаны мір, які замацавалі шлюбам дачкі Міндоўга (невядомай па імені) з трэцім сынам Данілы Раманавіча, Шварнам66. Даказана, што шлюбны ўзрост дзяўчыны ў сярэднія вякі вызначаўся ў межах ад 13-14 да 20 гадоў67. Аб дарослых дзецях Міндоўга ад першага шлюбу летапісец нагадвае нам яшчэ раз у сувязі з яго смерцю: „бяше ше оу него сынъ Воишелкъ же дъчи, дщерь же отда за Шварна за Даниловича до Холма”68. Такім чынам, на нашу думку, шлюб Міндоўга і Ізяслаўны мог адбыцца ў другой палове 20-х гадоў ХІІІ ст., нават на мяжы 20-х і 30-х гадоў ХІІІ ст.

Дадзеная акалічнасць (шлюб) тлумачыць, на якіх падставах з’явіўся ў Наваградку Міндоўг: пасля згасання роду Ізяслава па мужчынскай лініі, ён уладкаваўся там, дзякуючы шлюбу з апошняй дзядзічкай роду (падкрэслена намі — аўт.). Бо паводле родавых звычаяў ён лічыўся законным спадкаемцам як зяць, адаптаваны праз цесця, альбо выконваў функцыю апекуна свайго сына Войшалка, які пасля смерці Ізяслава Наваградскага рабіўся законным нашчадкам Наваградскага княства „па кудзелі”. Пацвярджвае падобнае меркаванне летапісная згадка аб наяўнасці ў Войшалка „княженние свое”, якое ён пакінуў пасля міру з Данілам Галіцкім у 1254 г., прыняўшы манаскі стан69. Вядома, што ўсталяванне Міндоўга ў Наваградку магло адбыцца толькі пры падтрымцы мясцовага баярства, якому было з каго выбіраць.

У свой час Г. Лаўмяньскі, разглядаючы факт жаніцьбы Усевалада Герцыкскага з дачкой магутнага літоўскага князя Даўгеруда і тыя правы, якія меў славянскі князь сярод літоўцаў, адзначыў: „літоўцам не была чужая інстытуцыя адопцыі да роду асоб, звязаных сваяцкімі сувязямі (...). Такога тыпу пранікненне чужых быццам бы элементаў да роду па структуры жорстка крэўнай было магчымым толькі дзякуючы жаніцьбе, г.зн. уступленню ў шлюб з дзядзічкамі роду: асяданню ў маёнтку жонкі, толькі дзякуючы адопцыі пляменнікаў дзядзькамі, шваграў братамі жонак і г.д.”70 Аб існаванні і прыйманні інстытута адопцыі як прававога элемента сярод славянскага насельніцтва сведчыць прыклад Шварна, сына Данілы Раманавіча Галіцкага, які, будучы мужам сястры Войшалка (дачкі Міндоўга), атрымаў у 1267 г. з рук апошняга права ўладання Літвой: „Посем же Воишелкъ да княжение свое зятю (швагру — аўт.) своемоу Шварнови, а самъ оупять восхоте прияти мнискии чинъ”, пры гэтым назваўшы Шварна „сын мои”71.

Стаўшы легітымным спадкаемцам уладанняў свайго цесця, Наваградскага князя, Міндоўг далучыў уласныя літоўскія ўладанні адпаведна звычаёваму сямейнаму праву, паводле якога прымак, ідучы ў сям’ю жонкі, уносіў сваю маёмасць, тым самым аб’ядноўваючы яе з набытай. Гэтак, як пазней, у канцы ХІV ст., па ўмовах Крэўскага акту 1385 г. Ягайла, ажаніўшыся з Ядвігай, зрабіўся каралём Польшчы, але як уладар Літвы адракаўся на карысць Кароны Польскай кіруючых правоў над сваімі ўладаннямі72. Магчыма, з Міндоўгам таксама была заключана нейкая дамова (палітычная праграма), якая не захавалася ў крыніцах, але прасочваецца ў далейшых дзеяннях яго самога і сына Войшалка.

У выніку шлюбу Міндоўга з Ізяслаўнай утварылася дзяржаўнае ядро будучага Вялікага княства Літоўскага і Рускага з новай балцка-славянскай дынастыяй на чале. Аб’яднаннем „рускай Літвы” з часткай Літвы Міндоўга магчыма вытлумачыць хуткае дзяржаўнае будаўніцтва ў славяна-балцкім рэгіёне. Цікава, што першымі акцыямі Міндоўга у новай якасці стала не ўмацаванне сваёй улады сярод усходнеславянскага насельніцтва, а аб’яднанне ўсіх літоўскіх земляў пад яго ўладай. Не выключана, што падобная палітыка з’явілася выкананнем дамовы паміж Наваградкам і ім пры шлюбе, што выклікала незадаволенасць іншых літоўскіх князёў. У першую чаргу, гэта былі пляменнікі Міндоўга Таўцівіл і Эдзівід, аб чым можна здагадацца з наступнага летапіснага паведамлення. У 1248 годзе „изгна Миндогъ сыновца своего Тевтевила и Едивида пославшомоу на воиноу со воемъ своими, на воиноу со Выконтомъ на Роусь ко Смоленькоу. (...) вражбою бо за ворожьство с ними Литвоу зане поимана бе вся земля Литовская и бещисленое имение их, притрано бе догатьство их”73. Альбо як згадваў аўтар „Хронікі Быхаўца”: „Y panuiuczy welikomu kniaziu Mindowhu na Nowohorodcy y na ruskich horodach, y naczał zbiwaty plemia swoie”74.

Адной са складаных праблемаў з’яўляецца пытанне аб паходжанні цесця Міндоўга — князя Ізяслава. Ён згадваецца толькі аднойчы ва ўжо цытаваным намі паведамленні аб паходзе на Конрада Мазавецкага ў 1238 г. Паводле меркавання В. Насевіча, ён мог належаць да нашчадкаў гарадзенскіх князёў75. На нашу думку, больш падстаў гаварыць аб ягоным пінскім паходжанні. Ускоснымі фактамі, якія гэта пацвярджаюць, можна лічыць наступныя:

1) Удзел наваградцаў у 1228 г. у кааліцыі, якую супраць Данілы Галіцкага стварыў пінскі князь Расціслаў. Спрэчка ўзнікла з-за Чартарыйска і з-за захопу галіцка-валынскім князем дзяцей Расціслава76. Не выключана, што важкай прычынай удзелу наваградцаў былі хутчэй за ўсё крэўныя сувязі іх князя з пінскімі князямі.

2) Ізяслаў выступае ў 1238 г. як васал (саюзнік?) Данілы Галіцкага, троху раней у падобнай сітуацыі апынуліся пінскія князі, калі Уладзімір Пінскі ў 1229 г. бараніў ад яцвягаў Берасце па загадзе Данілы77.

3) Пасля параднення Ізяслава з Міндоўгам і ўмацаваннем апошняга ў Навагрудку пінскія князі супрацоўнічаюць з літоўцамі: князь Міхаіл Пінскі ў 1247 г. папярэджваў літоўцаў аб галіцка-валынскай пагоні78.

4) У вядомым паходзе Данілы і Васількі на Наваградак у 1253 г. пінскія князі ўдзельнічалі толькі пад прымусам: „В лето 6761. Тевтивилъ присла Ревбоу река поиди к Новугородоъ. Данило же поиде с братомъ Василкомъ и со сыномъ Лвомъ и с Половци со сватомъ своимъ Тегакомъ. И приде к Пиньскоу князи же Пиньсцеи имеяхоъ лесть и поя е со собою неволею на воиноу”79.

5) Пасля забойства Міндоўга ў 1263 г. ягоны сын ад Ізяслаўны Войшалк уцёк у Пінск (як можна зразумець — да родзічаў) і менавіта пры дапамозе пінян вярнуў сабе ўладу: „По Миндовговоу же оубитьи Воишелкъ оубоявъся того же бежа до Пиньска и тоу живящть”, адкуль пазней пасля смерці Траняты „Воишелкъ поиде с Пиняны к Новоугородоу и оттоле поя со собою Новгородце и поиде в Литвоу княжить. Литва же вся прияша и с радостью своего господича”80. Неабходна адзначыць, што дружынаў пінян і наваградцаў хапіла, каб аднавіць законную ўладу Войшалка ў Літве. І яшчэ, летапісец ужыў акрэсленне „господич” у адносінах да Войшалка, тэрмін, які ў мове старажытнай Русі азначаў „сын господина, господаря”81. Гэта можа сведчыць аб тым, што ў вачах сучаснікаў спадчыннасць улады Войшалка ў „Літве ўласнай” і яе легітымнасць не выклікалі сумніву.

З усяго вышэйадзначанага можна зрабіць выснову, што князь Ізяслаў Наваградскі прыходзіўся блізкім сваяком пінскім князям. Верагодна, ён быў братам (стрыечным?) Уладзіміру (згадваецца ў 1229 г.) і Міхаілу (згадваецца пад 1247 г.) Пінскім. Але ўзнікае пытанне: якім чынам пінскія князі апынуліся ў „рускай Літве”, калі ў ХІІ ст. у Гарадзенскім княстве (а да яго ў той час, відаць, належалі Ваўкавыск, Слонім і Наваградак) панавала галіна валынскіх Рурыкавічаў, родапачынальнікам якой быў князь Усеваладка82. Пры згасанні гэтай галіны на сынах Усевалдкі, князях Барысе, Глебе і Мсціславе (апошні згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1183 г.83) вялікае значэнне для далейшага лёсу панямонскіх тэрыторый меў шлюб іх сястры з турава-пінскім князем Юрыем Яраславічам у 1144 г.: „Тои же зиме Всеволодъ отда две Всеволодковне Володимери вноуце, единоу за Володимира за Давидовича, а другоу за Ярослалича за Дюрдя”84. Толькі гэтая акалічнасць магла адчыніць шлях яго нашчадкам да ўлады ў княствах „рускай Літвы”.

Як адзначалася вышэй, цэнтралізатарскія памкненні Міндоўга на тэрыторыі ўласнай Літвы прывялі яго да канфлікту з пляменнікамі Даўспрункавічамі Эдзівідам і Таўцівілам у 1248 г. (у Іпацьеўскім летапісе пададзена недакладная храналогія — 1252 г.85), якія звярнуліся за дапамогай да свайго швагра Данілы Раманавіча: „Онема же оуведавшима и бежаста ко князю Данилоу и Василкови и приехаша во Володимеръ. Миндогови же приславшю слы своя река «не чини има милости». Не послоушавъшима има Данилови и Василкови зане сестра бе ею за Даниломъ”86. Падобныя дзеянні не маглі не сапсаваць адносіны паміж Міндоўгам і Раманавічамі.

У выніку некалькіх вайсковых паходаў галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васілька (1249/50, 1250, 1251, 1251/52, 1252/53 гг.) гарады (Горадзен, Ваўкавыск, Слонім) і землі (Наваградская) „рускай Літвы” захопліваліся даволі лёгка, але кожны раз яны заставаліся пад юрысдыкцыяй Міндоўга87. Вячаслаў Насевіч бачыць у гэтым факце свядомы выбар насельніцтва Наваградчыны на карысць Міндоўга, што было бы цяжка растлумачыць, калі б літоўцы лічыліся захопнікамі, а галіцка-валынскія князі вызваліцелямі88. Поўнае падпарадкаванне дзяржавы Міндоўга Галіцка-Валынскаму княству не адбылося яшчэ таму, што ні Даніла, ні Васілька не мелі ніякіх законных правоў на гэтыя тэрыторыі, таму іхнія паходы хутчэй нагадвалі свядомае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы і грабежніцкі набег: „(1252/53) Наоутрея же плениша всю землю Новгородьскоую (...) оттоуда же возвратишася (галіцка-валынскія войскі — аўт.) с помощью Божиею приемше пленъ великъ”89.

У гэты час для маладой дзяржавы вельмі важным з’явіўся мір, які быў заключаны паміж Данілам Галіцкім і Міндоўгам у 1254 годзе. Паводле летапісу, „Воишелкъ створи миръ с Даниломъ и выда дщерь Миндогдовоу за Шварна сестроу свою и приде Холмъ к Данилоу оуставивъ княжение свое и восприемь мнискии чинъ и вдасть Романови сынови королевоу Новогородъкъ от Миндога и от себе и Вослонимъ, и Волковыескь и все городы, а сам просися ити во Святоую Гороу”90. Пры аналізе дадзенай мірнай дамовы паміж Міндоўгам і Данілам паўстае шэраг пытанняў. Чаму галоўным прадстаўніком новай дзяржавы выступае Войшалк, а не сам Міндоўг? На якой падставе ўлада ў „рускай Літве” перадавалася Раману Данілавічу, а не Шварну, які ажаніўся з дачкой Міндоўга? Чаму Войшалк раптоўна адыходзіць ад актыўнай палітычнай дзейнасці, прымаючы манаскі сан?

Каб адказаць на першае пытанне, трэба звярнуць увагу на змены, якія адбыліся ў сям’і Міндоўга. Па-першае, сын ад Ізяслаўны, Войшалк, стаў дарослым і як законны нашчадак мог распараджацца землямі Наваградскага княства, бо правы Міндоўга, відаць, былі надалей намінальнымі. Адыход яго ад улады ў Наваградку тлумачыцца як звычаёвым правам, так і тым, што да 1254 г. Міндоўг быў ужо жанаты другі раз з Мартай, удавой па забітым ім Вішымонце Булевічу91. Таму як бацька Войшалка і кароль Літвы (каранацыя Міндоўга адбылася ў 1253 г.92) ён стаяў над ім ва ўладнай іерархіі, але рэальную ўладу ў „рускай Літве” меў Войшалк. І гэта было другой акалічнасцю. Больш таго, як вынікае з дамовы і пазнейшых падзей, у гэты час у Наваградска-Літоўскай дзяржаве ўтварыўся своеасаблівы палітычны дуумвірат. У выніку заключанага ў 1254 г. міру, пасля перманентнай вайны, Раман Данілавіч атрымаў славянскую частку Наваградска-Літоўскай дзяржавы (у гэтым адлюстравалася ўзмацненне галіцка-валынскага ўплыву), а Міндоўг заставаўся князем „Літвы ўласнай”, захоўваючы пры гэтым вяршынства над Раманам і над тэрыторыяй усяго Верхняга Панямоння93. Зімой 1254/55 г. Даніла Галіцкі, арганізоўваючы паход на яцвягаў, звязваўся непасрэдна са сваім сынам Раманам, а недзе праз паўгода ў паход галіцка-валынскіх князёў супраць татараў ужо Міндоўг як сеньёр прысылае Рамана з наваградцамі: „Миндовгъ к Данилоу пришлю к тобе Романа и Новогородце”94.

Як вынікае з дамовы 1254 г., мір замацоўваўся шлюбам сястры Войшалка і Шварна Данілавіча, але Наваградак, Слонім і Ваўкавыск перадаваліся іншаму сыну Данілы — Раману. На якой падставе? Адзінай падставай такой камбінацыі мог быць шлюб Рамана з дачкой князя Глеба, які згадваецца ў якасьці цесця сына Данілы95. Такім чынам былі знойдзены магчымыя прававыя падставы для ўлады Рамана ў Наваградку. Легітымнасць вынікала толькі з таго, што князь Глеб меў правы на нейкую частку земляў Наваградскага княства. Хутчэй за ўсё гэта былі тэрыторыі з цэнтрам у Ваўкавыску. Бо менавіта там яго паланіў у 1258 г. Даніла Раманавіч96. Падобнае меркаванне прымушае думаць нас аб сваяцкіх адносінах Глеба Ваўкавыскага з Ізяславам Наваградскім, які мог прыходзіцца яму братам. А згаданы ў 1254/55 гг. разам з Глебам Ізяслаў Свіслацкі ці не быў яго сынам, які, магчыма, названы ў гонар старэйшага брата?

Адзінае, што было незразумелым для даследчыкаў — гэта манаства Войшалка. Вячаслаў Насевіч мяркуе, што ён пасля заключэння дамовы 1254 г. не вярнуўся да бацькі, бо апынуўся ў якасці заложніка галіцкага князя, а акт хрышчэння Войшалка ў гэты момант быў нейкім імпульсіўным парывам97. Пры гэтым забываецца, што маці яго была хрысціянкай, ды і бацька, каб атрымаць карону „льстиво” хрысціўся ў каталіцтва98. Вельмі цяжка паверыць, каб падчас хрышчэння ў каталіцызм Міндоўга з другой жонкай Мартай і малодшымі сынамі Руклем і Репейклем у 1251 г. у гэтым акце свядома не ўдзельнічаў старэйшы сын Войшалк. Хутчэй за ўсё ён ужо з дзяцінства быў ахрышчаны ў праваслаўную веру сваёй маці.

На нашу думку, магчыма іншае тлумачэнне адыходу Войшалка да манаскага жыцця. У сітуацыі, калі ён быў вымушаны аддаць свае (захопленыя) уладанні Раману Данілавічу, яму нічога не засталося. Бо Літва замацоўвалася за бацькам Міндоўгам і яго сынамі ад другой жонкі Марты — Руклем і Репейклем. Неаднойчы сустракаецца ў гісторыі, што паводле звычаёвага права даволі часта перавагу на вяршынства ва ўладзе мелі старэйшыя дзеці ад апошняй жонкі. Напрыклад, Уладзімір Кіеўскі планаваў перадаць уладу Барысу альбо Глебу, сынам ад апошняй жонкі, сястры візантыйскага імператара Анны99; у пачатку ХІІІ ст. планы Святохны, другой жонкі Барыса Друцкага ў Полацку наконт свайго сына Уладзіміра-Войцеха100; Альгерд сваім наступнікам на пасадзе вялікага князя літоўскага прызначыў старэйшага сына ад другога шлюбу Ягайлу101. У Польшчы з 1089 г. другая жонка Уладзіслава Германа, сястра германскага імператара Генрыха IV Юдыта Марыя, актыўна рыхтавала ўмовы пераходу польскага трону сваім дзецям, таму рознымі спосабамі спрабавала пазбавіцца ад дзяцей польскага князя з першага шлюбу102. Не выключана, што падобная сітуацыя склалася ў Наваградска-Літоўскай дзяржаве і справакавала варожыя адносіны ў гэты момант паміж Войшалкам і ягоным бацькам Міндоўгам, што зафіксавана ў летапісе: „онъ же на отца своего нелюбовашеть велми”103.

Нягледзячы на свой тагачасны стан (манаства), Войшалк надалей заставаўся законным пераемнікам улады ў Літоўскім княстве, як у яго славянскай частцы, гэтак і літоўскай. Таму няма нічога дзіўнага, што пасля забойства Міндоўга разам з сынамі ад другога шлюбу ў 1263 г. (сітуацыя падобная да лёсу полацкага князя Рагвалода і яго сыноў у сярэдзіне 70-х гадоў Х ст., а таксама да смуты, якая ўзнікла ў Літве пазней, у 1264 г., калі былі забітыя і Таўцівіл, і Транята) да актыўнага палітычнага жыцця вяртаецца манах Войшалк — адзіны легітымны спадкаемца бацькоўскай спадчыны: „Воишелкъ же нача княжити во всеи земли Литовьскои (падкрэслена намі — аўт.) и поча вороги свое избивати”104. Менавіта ў гэты час канчаткова былі далучаны да Літвы іншыя ўласна літоўскія землі — Дзяволтва і Нальшаны, якія прыйшлося вяртаць сілай пры падтрымцы галіцка-валынскіх князёў Васіля і Шварна105. Мусім звярнуць увагу на такую акалічнасць, што забойства Міндоўга паставіла пытанне аб уладзе ў аб’яднанай Літве. Акрамя Войшалка прэтэндэнтамі на яе трон лічыліся Транята (сын сястры Міндоўга) і Таўцівіл (сын брата Міндоўга). Вось чаму ўзнікла патрэба ў Траняты дзяліць набытак Міндоўгаў з Таўцівілам Полацкім у той час, калі фактычна яму належала ўся ўлада: „Тренята нача княжити во всеи земле Литовьскои и в Жемоти. И посла по брата своего по Товтивила до Польтьска, река тако «приеди семо розделивъ землю и добытокъ Миндовъговъ»”106. Яго турбаваў прававы аспект улады, які магчыма было вырашыць альбо дамовай аб падзеле Літвы паміж прэтэндэнтамі, альбо фізічнай ліквідацыяй сем’яў саміх прэтэндэнтаў. Транятай выкарыстаны быў апошні варыянт як самы надзейны і распаўсюджаны ў сярэднявечнай Еўропе107.

Войшалк пад канец 1264 г. пераняў ўладу ў Наваградска-Літоўскай дзяржаве, а з дапамогай галіцка-валынскіх князей значна яе ўзмацніў. Праўда, ён на працягу амаль трох гадоў дзяліў гэтую ўладу са сваім шваграм Шварнам108. Чарговы палітычны дуумвірат у Літоўскай дзяржаве мог з’явіцца толькі як аднаўленне ўмоў пагаднення 1254 г., якія былі скасаваныя Міндоўгам у 1258 г., як рэакцыя апошняга на сумесны паход татараў з Раманавічамі на Панямонне. Зноў жа ўсталёўваўся хутчэй за ўсё падобны тэрытарыяльны і палітычны падзел. Шварн княжыў у славянскай частцы дзяржавы, а Войшалк — у літоўскай, спраўляючы адначасова функцыі вярхоўнага ўладара Наваградска-Літоўскай дзяржавы.

Недзе на пачатку 1267 г. крыніцы зафіксавалі акт свядомай абдыкацыі Войшалка, вяртанне яго ў манастыр і перадачу ім улады ў Літоўскай дзяржаве свайму швагру Шварну Данілавічу109. Дарэчы гэты агульнадзяржаўны ўчынак з’яўляецца яскравым пацвярджэннем вярхоўнай улады ў Наваградска-Літоўскай дзяржаве менавіта Войшалку. А з другога боку, пераемнасць і легітымнасць улады на тэрыторыі новастворанай дзяржавы надалей захоўвалася, незалежна ад этнічнага паходжання асобы князя.

Праўда, застаецца пытанне: чаму Войшалк зноў аддаў уладу ў Літве, на гэты раз Шварну? Вяртанне Войшалка ў манастыр, на думку Аляксандра Праснякова, адбылося пасля выканання ім акта помсты і аднаўлення бацькоўскай справы, вырашэння шэрагу знешнепалітычных праблем110. Уладзімір Пашута лічыў, што перадача ўлады Войшалкам адбылася ў спрыяльны момант, калі ўся Літоўская зямля была падпарадкавана яму111. Вячаслаў Насевіч дадзены ўчынак Войшалка бачыць у святле нейкіх унутранных псіхалагічных матываў літоўскага князя, якія былі выкліканы альбо палітычнымі інтрыгамі, альбо жаданнем пакуты за пралітую кроў112. „Як глыбока асабістае рашэнне” ацэньвае чарговы адыход Войшалка ў манастыр Алесь Краўцэвіч113.

Сапраўды крыніцы не паведамляюць нам аб нейкіх знешне- альбо ўнутрыпалітычных прычынах, якія паўплывалі на дадзены радыкальны ўчынак князя Войшалка. Тут маглі скласціся ў адно і псіхалагічныя фактары (стомленасць, хрысціянская мараль), і палітычныя (добрыя стасункі з галіцка-валынскімі і мазавецкімі князямі, стабільнасць унутры дзяржавы), і дынастычныя (сам Войшалк, як вынікае з летапісаў не меў сям’і, таму спадзяванні былі на дзяцей ад шлюбу яго роднай сястры са Шварнам Данілавічам).

Забойства Войшалка ў 1267 альбо на пачатку 1268 г. Львом Данілавічам ва Уладзіміры і смерць Шварна Данілавіча каля 1270 г.114 па сутнасці абарвалі прамую дынастыю аб’яднанай Літвы — зародка ВКЛ. Папросту ні Войшалк, ні яго сястра са Шварнам не пакінулі прамых нашчадкаў на трон Міндоўга. У сувязі з гэтым далейшая спадчыннасць адбывалася па бакавых адгалінаваннях роду Даўгеруда — Міндоўга, верагодна, да адной з іх належаў князь Трайдэн, які пачаў княжыць у Наваградска-Літоўскай дзяржаве ў 1270 г.115

Высновы:

1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага адбывалася шляхам аб’яднання Наваградскага княства („рускай Літвы”) і ўладанняў Літоўскага князя Міндоўга („уласнай Літвы”) у выніку магчымага шлюбу апошняга з дачкой Ізяслава Наваградскага; іншымі словамі, шляхам славянска-балцкай дынастычнай уніі.

2. Утвораная Міндоўгам дынастыя ў этнічным сэнсе з’яўлялася змешанай балцка-славянскай, а ў культурным — значна славянізаванай.

3. Вялікае княства Літоўскае ад самага пачатку мела славяна-балцкі характар. Aд славян — права, дзяржаўны апарат, адміністрацыйны падзел і гарады, васальную іерархію, характэрную для Русі, культурныя здабыткі116; ад балтаў — вайсковая сіла, кіраўнік дынастыі і псіхалагічны аптымізм. Сітуацыя змянілася ў другой палове XV ст., калі палітычныя прыярытэты перайшлі ў рукі этнічна літоўскім родам — Гаштольдам, Манівідам, Давойнам, Гальшанскім, Кежгайлам.

4. Дынастычная унія, заснаваная на звычаёвым праве (адопцыя) вырашала праблемы легітымнасці і пераемнасці ўлады ў манархічных дзяржавах на працягу ўсяго сярэднявечнага перыяду не толькі на Русі, Літве, Польшчы, але і ва ўсёй Заходняй Еўропе.

5. У сувязі з гэтым патрабуецца перагляд тэзаў аб нейкім заваяванні Літвой рускіх зямель Верхняга Панямоння, альбо наадварот, Наваградскім княствам — Літвы. Больш падстаў ёсць для таго, каб лічыць, што ядро Вялікага княства Літоўскага, утворанага ў сярэдзіне ХІІІ ст. у выніку славяна-балцкай уніі, у далейшым актыўна далучала разнастайнымі шляхамі і літоўскія, і славянскія (рускія) землі.

Streszczenie

Mimo trwających już długoletnich sporów na temat genezy Wielkiego Księstwa Litewskiego nie widać perspektywy ostatecznego wyjaśnienia okoliczności powstania tego państwa. Nad nauką dominują bowiem współczesne racje narodowe historyków litewskich, polskich, rosyjskich i białoruskich. Każda historiografia wykazuje skłonności do tworzenia schematów uzasadniających własne potrzeby, pozostaje głucha na argumenty badaczy z innych krajów. Źródła do poznania genezy WKL są jedne, różna pozostaje tylko ich interpretacja.


1 J. Topolski, Wprowadzenie do historii, Poznań 1998, ss. 12, 13.
2 В. Антонович, Очерк истории Великого княжества Литовского до половины 15 столетия, Киев 1878; J. Latkowski, Mendog, król litewski, [w:] Rozprawy Akademii Umiejętności. Wydział Filozoficzno-Historyсzny, Kraków 1892; М. Любавский, Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно, Москва 1910; W. Kamieniecki, Geneza Państwa Litewskiego, Warszawa 1915; H. Łowmiański, Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego, Wilno 1931-1931, t. 1-2; H. Paszkiewicz, Jagiellonowie a Moskwa, t. 1: Litwa a Moskwa w 13-14 wieku, Warszawa 1933; J. Totoraitis, Mindaugas, Lietuvos karalius, Kaunas 1934; А. Е. Пресняков, Лекции по русской истории, т. ІІ, выпуск 1, Западная Русь и Литовско-Русское государство, Москва 1939, с. 44-65; В. Т. Пашуто, Образование Литовского государства, Москва 1959; Z. Ivinkis, Pirmasis Lietuvos karalius Mindaugas ir jo palikimas, Roma 1965; J. Ochmański, Historia Litwy, Wrocław—Warszawa—Kraków 1990; М. Ермаловіч, Па слядах аднаго міфа, Мінск 1991; С. В. Думин, Другая Русь (Великое княжество Литовское и Русское), [в:] История Отечества: люди, идеи, решения, Москва 1991, с. 76-126; А. Ю. Дворниченко, Русские земли Великого княжества Литовского (до начала XVI в.). Очерки истории общины, сословий, государственности, Санкт-Петербург 1993; В. Насевіч. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы, Мінск 1993; Е. Gudavicius, Mindaugas, Vilnius 1998; А. К. Краўцэвіч, Стварэнне Вялікага княства Літоўскага, Мінск 1998.
3 А. К. Краўцэвіч, Стварэнне Вялікага княства Літоўскага, Мінск 1998; ён жа, Фарміраванне канцэпцыі генезісу Вялікага княства Літоўскага ў польскай гістарыяграфіі, „Беларускі гістарычны часопіс” 1998, № 1, с. 47-54; ён жа, Да праблемы ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, „Białoruskie Zeszyty Historyczne” 1996, nr 1 (5), s. 5-22; ён жа, Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні і ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага, „Białoruskie Zeszyty Historyczne” 1998, nr 9, s. 5-25.
4 А. К. Краўцэвіч, Стварэнне..., с. 122, 174.
5 H. Łowmiański, Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego, t. I, rozdz. IV; J. Powierski, Czynniki warunkujące rozwój polityczny ludów zachodniobałtyckich, „Acta Baltico-Slavica” 1990, t. XIX, s. 93-143.
6 Этнаграфія Беларусi: Энцыклапедыя, Мінск 1989, с. 212-213, 415, 489; Іосіф Юхо, Крыніцы беларуска-літоўскага права, Мінск 1991, с. 134-152.
7 H. Łowmiański, Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego, Poznań 1983, s. 220-224.
8 J. Szymański, Genealogia, [w:] Nauki pomocnicze historii od schyłku IV do końca XVIII w., Warszawa 1972, s. 347.
9 Повесть временных лет, Москва-Ленинград 1950, ч. 1, c. 40 (далей: ПВЛ); Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов, Москва-Ленинград 1950, c.110.
10 ПВЛ, ч. 1, с. 55-56.
11 Джэймс Дж. Фрэзер, Золотая ветвь: Исследования магии и религии, Москва 1983, с. 253-270; В. Я. Пропп, Исторические корни волшебной сказки, Ленинград 1986, с. 27-30.
12 Kosmas z Pragi, Kronika Czechów, Warszawa 1968, s. 98-103.
13 J. Banaszkiewicz, Podanie o Piaście i Popielu. Studium porównawcze nad wczesnośredniowiecznymi tradycjami dynastycznymi, Warszawa 1986, s. 62-74.
14 ПВЛ, ч. 1, с. 170-171.
15 И приде Володимеръ на Полотескъ, и уби Рогъволода и сына его два, и дъчерь его поя жене (ПВЛ, ч. 1, с. 54).
16 Лаврентьевская летопись, [у:] Полное собрание русских летописей, т. І, Москва 1962, слупок 299-301 (далей: ПСРЛ і нумар тома).
17 Н. Н. Яковенко, Место князя в системе мировосприятия позднесредневековой Украины-Руси, [у:] Наш радавод. Материалы международной научной конференции „Культура народов Великого княства Литовского и Белоруссии. ХІІІ — нач. ХХ вв.”, книга 3, часть ІІІ, с. 475-476.
18 В. Т. Пашуто, Очерки по истории Галицко-Волынской Руси, Москва 1950, с. 255-256.
19 Ипатьевская летопись, ПСРЛ, т. ІІ, слп. 820
20 Гл.: J. Powierski, Kryzys rządów Bolesława Śmiałego. Polityka i jej odzwierciedlenie w literaturze średniowiecznej, Gdańsk 1992, s. 182.
21 W. Serczyk, Historia Ukrainy, Wrocław—Warszawa—Kraków 1990, s. 54-56; K. Myśliński, Polska a Księstwo Halicko-Włodzimierskie na przełomie XIII i XIV wieku, [у:] Галицько-Волинська держава: передумови взникнення, історія, культура, традиціі, Львів 1993, с. 7-8.
22 ПСРЛ, т. ХХХV, с. 61, 85,110, 133.
23 Там жа, с. 61, 85, 110, 132.
24 H. Łowmiański, Wcielenie Litwy do Polski w 1386 r. [w:] H. Łowmiański, Prusy — Litwa — Krzyżacy, Warszawa 1989, s. 310-316, 397-400; J. Krzyżaniakowa, J. Ochmański, Władysław II Jagiełło, Wrocław—Warszawa—Kraków—Gdańsk—Łódź 1990, s. 86-94.
25 Z. H. Nowak, Współpraca polityczna państw unii polsko-litewskiej i unii kalmarskiej w latach 1411-1425, Toruń 1996, s. 14-16.
26 Хроника Быховца, [у:] ПСРЛ, т. ХХХІІ, Москва 1975, с. 137.
27 Олена Русина, Киівська виправа Гедиміна (текстологічний аспект проблеми), [у:] Записки наукового товариства імені Шевченка, т. ССХХХІ. Праці Комісіі спеціальних (допоміжних) історичних дисциплін, Львів 1996, с. 147﷓157.
28 М. К. Любавский, Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского Статута, Москва 1893, с. 3, 10-12.
29 H. Łоwmiański, Początki Polski. Z dziejów Słowian w I tysiącleciu n.e., Warszawa 1967, s. 81-82; J. Ochmański, Litewska granica etniczna na wchodzie od epoki plemiennej do XVI wieku, Poznań 1981, s. 28-34, mapa 1; А. К. Краўцэвіч, Стварэнне..., с. 79-93, 198, карты 4 і 5.
30 J. Tyszkiewicz, Proces slawizacji ziem dorzecza Niemna w VI-XI ww., [w:] „Przegląd Historyczny” 1973, t. LXIV, zesz. 1, s. 1-21; tenże, Cultural processes connected with expansion of the Rus of Kiev towards Lithuania in the 9th—11th centuries, [w:] „Archaeologia Polona” 1973, t. XVI, s. 107-126.
31 Ипатьевская летопись, [у:] ПСРЛ, т. ІІ. Москва 1962: 1150 г. і 1151 г. — Барыс Гародзенскі, слп. 410, 413, 427, 433; 1166 г. — Глеб Гародзенскі, слп. 528; 1184 г. — Мсціслаў Гародзенскі, слп. 631; 1238 г. — Ізяслаў Новагародскі, слп. 776; 1256 г. — Ізяслаў Свіслацкі, слп. 831; 1260 г. — Глеб Ваўкавыскі, слп. 847.
32 Ф. Д. Гуревич, Древности Белорусского Понеманья, Москва—Ленинград 1962; Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье в 9-13 вв., Мінск 1989; А. К. Краўцэвіч Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні і ўтварэнне Вялікга княства Літоўскага, „Białoruskie Zeszyty Historyczne” 1998, nr 9, s. 5-25; ён жа, Стварэнне..., с. 93-98, 195-196, карты 2 і 3; С. А. Піваварчык, Этнічны склад насельніцтва Беларускага Панямоння Х-ХІІІ ст.ст. (па археалагічных матэрыялах), [у:] Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развіцця заходняга рэгіёна Беларусі, Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. У 2-х частках, Брэст 1998, с. 10-14.
33 Н. Paszkiewicz, Jagiellonowie a Moskwa, t. 1: Litwa a Moskwa w 13-14 wieku, Warszawa 1933, s. 95; G. Błaszczyk, Dzieje stosunków polsko-litewskich od czasów najdawniejszych do współczesności, t. I, Poznań 1998, s. 34, 69-77.
34 Іпацьеўскі летапіс, ПСРЛ, т. ІІ: 1162 г. — „Том же лете приходи Рогъволодъ на Володаря с Полотьчаны к Городцю. Володарь же не да ему полку въ дне, но ночь выступи на нь из города с Литьвою и много зла сотворися в ту ночь”, слп. 519; 1180 г. — „и придоша Полотьскии князи въ стретение помагающе Святославоу (...) с ними же бяхоуть и Либь и Литва”, слп. 620; 1219 г. — „прислаша князи Литовьскии к великои княгини Романове и Данилови и Василкови миръ да(р)юще (...) вси мир даша князю Данилови и Василкоу и бе земля покоина. Ляхом же не престающимъ пакостящимъ, и приведе на ня Литвоу. И воеваша Ляхы”, слп. 735-736; 1238 г. — „Данилъ же возведе на Кондрата Литвоу Минъдога Изяслава Новгородьского”, слп. 776; Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов Москва—Ленинград 1950, с. 238: 1198 г. — „На туе же осень приидоша полочане с Литвою на Луки и пожгоша хоромы”.
35 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 815.
36 Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье в ІХ-ХІІІ вв., с. 193-196; У. Лобач, Паганства і хрысціянства ў сярэднявечнай Беларусі (к. XIV-XVIII ст.ст.), [у:] Весці Полацкага дзяржаўнага універсітэта, Серыя А. Гуманітарныя навукі. 1996, т. 2, с. 3-11.
37 Marvin L. Colker. America rediscovered in the thirteenth century?, [w:] „Spekulum. A Journal of medieval studies” 1979, vol. 54, no. 4, p. 723 — Dicti Lectaui Ietuesi et Nalsani de facili baptizantur eo quod a Christianis nutricibus ab ipsis cunabulis sunt enutriti. Ideo poterimus inter illos sekurius conuersari.
38 Tamże, s. 722 — „terra paganorum que Samoita (...). Huic numquam fuit absque gladio predicatum”.
39 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 735-736. У Іпацьеўскім летапісе гэтая падзея пададзена пасля 1215 г. У свой час храналогію дадзенага фрагмента летапісу ўдакладніў Міхайла Грушэўскі (артыкул Хронольогія подій Галіцько-Волинськоі літописи, [у:] Записки Навукового Товариства імені Шевченка, Львів 1901, т. XLI, с. 16).
40 H. Paszkiewicz, Jagiellonowie a Moskwa, s. 49-53.
41 В. Т. Пашуто, Образование Литовского государства, с. 338-340.
42 J. Ochmański, Historia Litwy, s. 44-45.
43 H. Łowmiański, Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego, Poznań 1983, s. 311-315.
44 А. К. Краўцэвіч, Стварэнне..., с. 130-133.
45 О. В. Дмитриева, Генеалогия, [у:] Введение в специальные исторические дисциплины, Москва 1990, с. 9-10
46 В. Насевіч, Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы, Мінск 1993, с. 28.
47 ПСРЛ, т. ХХХІІ, с. 132.
48 В. Насевіч, Пачаткі Вялікага княства Літоўскага, с. 28.
49 Heinrici. Chronicon Lyvoniae, [w:] Scriptores rerum Germanicarum in usum scholarum, Hannoverae 1874, s. 63, XIII, 4; s. 107, XVII, 3; s. 110, XVIII, 4.
50 Tamże, s. 63, XIII, 4.
51 W. Dworzaczek, Genealogia. Tablice, Warszawa 1959, tabl. 32; Jan Powierski, Księżniczka pomorska w Połocku [w:] Pomorze słowiańskie i jego sąsiedzi w X-XV w., Gdańsk 1995, s. 99, 111-112.
52 Э. М. Загорульский, Генеалогия полоцких князей Изяславичей, Минск 1994, с. 26.
53 D. Dąbrowski, Małżeństwa Daniela Romanowicza (aspekt genealogiczny i polityczny, [w:] Venerabiles, Nobiles et Honesti. Studia z dziejów społeczeństwa Polski średniowiecznej. Prace ofiarowane prof. Januszowi Bieniakowi, Toruń 1997, s. 48-50.
54 ПСРЛ, т. II, слп. 776. У летапісе гэтая падзея пададзена пасля 1235 г. У свой час храналогію дадзенага фрагмента Іпацьеўскага летапісу ўдакладніў Міхайла Грушэўскі (артыкул „Хронольогія...”, с. 27)
55 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 801, 805.
56 J. Latkowski, Mendog, król litewski, s. 325-326; H. Łowmiański, Studja nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego, Wilno 1932, t. 2, s. 271, 276-277; H. Paszkiewicz, Początki Rusi, Kraków 1996, s. 217-221; А. Е. Пресняков, Лекции по русской истории, с. 46; В. Т. Пашуто, Образование Литовского государства, с. 374; Е. Gudavicius, Mindaugas, s. 200-201.
57 J. Ochmański, Historia Litwy, wyd. 3, Wrocław—Warszawa—Kraków 1990, s. 45﷓46.
58 G. Błaszczyk, Dzieje stosunków polsko-litewskich od czasów najdawniejszych do współczesności, t. I, Poznań 1998, s. 35.
59 Вячаслаў Насевіч, Пачаткі Вялікага княства Літоўскага, с. 29-30.
60 Э. Гудавичюс, Литва Миндовга, [у:] Проблемы этногенеза и этничсской истории балтов, Вильнюс 1985, с. 219-227.
61 H. Łowmiański, Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego, s. 261, 267﷓268.
62 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 839-840
63 Там жа, т. ІІ, слп. 855-856
64 Там жа, т. ІІ, слп. 891
65 Там жа, т. ІІ. слп. 818-819.
66 Там жа, т. ІІ, слп. 830-831.
67 Н. Л. Пушкарёва, Женщины Древней Руси, Москва 1989, с. 75.
68 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 858.
69 Там жа, т. ІІ, слп. 830-831.
70 H. Łowmiański, Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego, s. 220-221.
71 ПСРЛ, т. II, слп. 867.
72 Гл. спасылку 24.
73 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 815.
74 ПСРЛ, т. ХХХІІ, с. 132.
75 В. Насевіч, Пачаткі Вялікага княства Літоўскага, с. 145.
76 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 752, 753; М. Ермаловіч, Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды, Мінск 1990, с. 302-303.
77 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 754.
78 Там жа, т. ІІ, слп. 798.
79 Там жа, т. ІІ, слп. 818.
80 Там жа, т. ІІ, слп. 860, 861.
81 Словарь древнерусского языка (ХІ-XIV вв.), под ред. Р. И. Аванесова, Москва 1989, т. ІІ, с. 366-367.
82 А. П. Госцев, О возникновении удельного Городенского княжества и князьях городенских, [у:] Наш родавод. Книга І, Гродно 1990, с. 107-109; А. В. Соловьёв, Городенские князья и Деремела, [у:] „Russia Mediaevalis” 1992, tomus VII, 1, s. 70-73, 84.
83 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 631.
84 Там жа, т. ІІ, слп. 317; А. В. Соловьёв, Городенские князья и Деремела, с. 71﷓72.
85 М. Грушэўскі, Хронольогія подій Галіцько-Волинськоі літописи, с. 35.
86 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 815.
87 М. Грушэўскі, Хронольогія подій Галіцько-Волинськоі літописи, с. 35, 37-38; А. К. Краўцэвіч, Стварэнне..., с. 147-149.
88 В. Насевіч, Пачаткі Вялікага княства Літоўскага, с. 41.
89 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 819.
90 Там жа, т. II, слп. 830-831
91 Там жа, т. ІІ, слп. 736.
92 А. К. Краўцэвіч, Стварэнне..., с. 152-153.
93 Там жа, с. 150-151.
94 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 831, 838; М. Грушэўскі, Хронольогія подій Галіцько-Волинськоі літописи, с. 38-40.
95 „Въ лето 6764. Поиде Данило на Ятвязе с братомъи сыномъ Лвомъ, и с Шеварномъ (...) и посла по Романа в Новъгородокъ. И приде к немоу Романъ со всими Новгородци и с отцемь своимъ Глебом и со Изяславомъ со Вислочьскымъ” — ПСРЛ, т. ІІ, слп. 831.
96 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 847; М. Грушэўскі, Хронольогія подій Галіцько-Волинськоі літописи, с. 40-41.
97 В. Насевіч, Пачаткі Вялікага княства Літоўскага, с. 43.
98 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 817.
99 A. Poppe, Spuścizna po Włodzimierzu Wielkim. Walka o tron kijowski 1015-1019, [w:] „Kwartalnik Historyczny” 1995, R: CII, zeszyt 3-4, s. 7-8.
100 Jan Powierski, Księżniczka pomorska w Połocku, s. 110-115.
101 J. Krzyżaniakowa, J. Ochmański, Władysław II Jagiełło, Wrocław—Warszawa—Kraków—Gdańsk—Łódź 1990, s. 42, 53.
102 J. Powierski, Kryzys rządów Bolesława Śmiałego, s. 306-307.
103 ПСРЛ, т. ІІ, слп. 859.
104 Там жа, слп. 861.
105 Там жа, слп. 863
106 Там жа, слп. 860-861.
107 Там жа, слп. 861.
108 Там жа, слп. 862 — „Въ лето 6772. Княжащоу же Воишелькови в Литве и поча емоу помагати Шварно князь”; слп. 864 — „Въ лето 6776. Княжащоу Воишелкови во Литве и Шварнови”.
109 Там жа, т. ІІ, слп.867; М. Грушэўскі, Хронольогія подій Галіцько-Волинськоі літописи, с. 46-47.
110 А. Е. Пресняков, Лекции по русской истории, т. ІІ, выпуск 1, с. 54.
111 В. Т. Пашуто, Очерки по истории Галицко-Волынской Руси, с. 293.
112 В. Насевіч, Пачаткі Вялікага княства Літоўскага, с. 57.
113 А. Краўцэвіч, Стварэнне..., с. 162.
114 Там жа, т. ІІ, слп. 868-869.
115 Там жа, т, ІІ, слп. 869.
116 J. Ochmański, Ruskie wzory organizycyjne w państwie litewskim XIV-XV wieku, [w:] Dawna Litwa. Studia historyczne, Olsztyn 1986, s. 75-82; А. Б. Дворниченко, Русские земли Великого княжества Литовского (до начала ХVI в.). Очерки истории общины, сословий, государственности, Санкт-Петербург 1993.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія