|
Царскае чыноўніцтва Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў у другой палове ХІХ ст. — на пачатку ХХ ст.
Сяргей Токць
(Гродна)
Уваходжанне часткі былых земляў Рэчы Паспалітай у склад Расійскай імперыі паклала пачатак фармаванню тут яе мясцовага адміністрацыйнага апарату і дзяржаўнай бюракратыі — асобым спосабам арганізаванага чыноўніцтва. Эфектыўнасць царскай палітыкі ў „Заходніх” губернях у вялікай ступені залежала ад асабовага складу сярэдняга і ніжэйшага звяна чыноўніцкага корпусу. Найперш гэта датычыла ўрадавых мерапрыемстваў у сферы нацыянальнага і рэлігійнага жыцця, паколькі асабістыя сімпатыі і антыпатыі губернскіх і павятовых урадоўцаў маглі моцна паўплываць на іх вынікі, звесці на нішто любыя пачынанні вярхоўнай улады. Таму праблема вывучэння чыноўніцкага корпусу мясцовых дзяржаўных устаноў Расійскай імперыі паводле такіх параметраў, як веравызнанне, сацыяльнае і геаграфічнае паходжанне, валоданне зямельнай уласнасцю, адукацыйны ўзровень уяўляе значны навуковы інтарэс і дазваляе лепш зразумець іншыя праблемы гісторыі гэтага перыяду. Асаблівую цікавасць, на наш погляд, уяўляе сабой даследаванне складу чыноўніцтва Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў. На пачатку ХІХ ст. азначаныя паветы разам з Драгічынскім утваралі асобную Беластоцкую вобласць на чале з намеснікам, а ў 1843 г. былі далучаны да Гродзенскай губерні. Наяўнасць адміністрацыйнай мяжы з Царствам Польскім і этнічнага беларуска-польскага памежжа выклікала вялікую ўвагу з боку ўрада да кадравай палітыкі на гэтай тэрыторыі.
Асабліва востра перад урадам паўстала праблема камплектавання дзяржаўнага апарату ў „Заходніх” губернях добранадзейнымі ў палітычных адносінах кадрамі пасля паўстання 1831 г. 15 красавіка 1832 г. выйшаў сенацкі ўказ, які абвяшчаў ільготы расійскім чыноўнікам, прызначаным у „Літоўскія” губерні. Да апошніх былі аднесены Віленская, Гродзенская, Ковенская і Мінская губерні1. Гэтым чыноўнікам аплачвалася дарога да месца службы, выдаваліся пад’ёмныя грошы, захоўвалася пенсія за ранейшую службу. У снежні таго ж года азначаныя ільготы былі пашыраны на настаўнікаў і ўсіх служачых Міністэрства народнай асветы2. У 1842 г. азначаныя ільготы распаўсюджваліся і на Беластоцкую вобласць3. 12 кастрычніка 1835 г. выйшаў царскі ўказ аб зменах у парадку правядзення дваранскіх выбараў у „звернутых ад Польшчы губернях”4. Згодна з ім права быць абраным ад дваранства на мясцовыя дзяржаўныя пасады надавалася толькі тым асобам, якія праслужылі не менш 10 гадоў на дзяржаўнай ваеннай ці грамадзянскай службе. Яшчэ ў 1831 г. урад пачаў рэалізацыю палітыкі „разбору” шляхты, у выніку чаго значная частка прадстаўнікоў прывілеяванага саслоўя траціла свае правы, у тым ліку і права паступлення на грамадзянскую дзяржаўную службу. Снежаньскі ўказ 1831 г. дазваляў аднак прымаць на службу асоб, якія не даказалі свайго дваранскага паходжання5. Згодна з наступным указам ад 11 кастрычніка 1832 г. шляхта, якая не даказала сваіх дваранскіх правоў, была падзелена на два разрады6. У першы ўвайшлі тыя шляхцічы, хто на момант выдання ўказу ад 19 кастрычніка 1831 г. валодаў зямлёй з прыгоннымі сялянамі, ці даказаў, што валодалі яго бацькі і дзяды. Яны паступалі на службу на правах асабістых дваран. Шляхта другога разраду паступала на службу на правах дзяцей канцылярскіх служачых з больш доўгім тэрмінам для атрымання першага класнага чыну. Калі пазней ім удавалася даказаць сваё дваранскае паходжанне, то тэрміны атрымання чыноў пераглядаліся ўжо на ўмовах патомнага дваранства.
У 1851 г. віленскі генерал-губернатар прадпісаў падначаленым яму губернатарам сабраць звесткі аб рэлігійным складзе чыноўніцтва. Паводле даных гродзенскага губернатара ў яго губерні служылі 1 539 чыноўнікаў і служачых, уключаючы асоб саслоўнага самакіравання, у тым ліку і яўрэяў. Адносна веравызнання яны размяркоўваліся: каталікоў — 1 225 (79,6%), праваслаўных — 210 (13,6%), пратэстантаў — 48 (3,1%), мусульман — 35 (2,3%), іудзеяў — 21 (1,4%)7. Паводле азначаных даных у паліцэйскіх установах Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў служылі 52 каталікі, 6 праваслаўных і 2 мусульман.
У 1855 г. літоўскі мітрапаліт Іосіф Сямашка дасылае лісты ў Пецярбуг з данымі аб канфесійным складзе чыноўнікаў Віленскай і Гродзенскай губерняў з мэтай звярнуць увагу ўрада на засілле „лаціна-польскай” партыі ў мясцовым дзяржаўным апараце. Ён прыводзіць лічбы, што сярод чыноўніцтва азначаных губерняў налічваецца ўсяго 140 праваслаўных і 723 „іншаверцы”. У вышэйшым кіраўніцтве губерняў згодна з гэтымі данымі было 27 праваслаўных і 84 „іншаверцы”, сярод паліцэйскіх спраўнікаў і гараднічых — траціна „іншаверцаў”, сярод станавых прыставаў — толькі 9 праваслаўных і 57 „іншаверцаў”, сярод членаў губернскіх і павятовых судоў — 7 праваслаўных і 72 „іншаверцы”8. У лютым 1855 г. Мікалай І сакрэтна даручыў генерал-губернатарам у „Заходніх” губернях паступова замяшчаць усе паліцэйскія пасады рускімі чыноўнікамі праваслаўнага веравызнання шляхам іх пераводу з унутраных губерняў імперыі. У чэрвені таго ж года названы загад быў яшчэ раз пацверджаны. Пры гэтым „туземцаў” прадпісвалася пераводзіць на службу у велікарасійскія губерні9.
Пасля заканчэння Крымскай вайны і смерці Мікалая І пачынаецца некаторая лібералізацыя ўнутранай палітыкі царызму. 26 жніўня 1856 г. быў выдадзены царскі ўказ, які скасоўваў усе ранейшыя абмежаванні для ўраджэнцаў „Заходніх” губерняў пры паступленні на дзяржаўную службу10. У той жа дзень Камітэт міністраў пастанавіў адмяніць сакрэтныя загады ад 1855 г. аб паступовай замене чыноўнікаў-католікаў на праваслаўных11. Гэта, аднак, ужо не магло аказаць істотнага ўплыву на змены ў асабовым складзе чыноўніцкага корпусу ў Беларусі, а хутчэй азначала ўсведамленне ўрадам няўдачы сваёй папярэдняй кадравай палітыкі.
З мэтай правядзення аналізу чыноўніцкага складу дзяржаўных устаноў Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў намі было даследавана 112 фармулярных спіскаў чыноўнікаў, якія служылі ў паліцэйскіх, судовых і гарадскіх установах гэтых паветаў за 1857 год12. Фармулярныя паслужныя спіскі ўтрымлівалі інфармацыю пра паходжанне і службовую кар’еру чыноўнікаў. Паводле веравызнання разгледжаныя ўрадоўцы падзяляліся: католікаў — 100, праваслаўных — 9, мусульман — 2, не ўказана — 1. Такім чынам, служачыя каталіцкага веравызнання складалі абсалютную большасць асабовага складу мясцовых дзяржаўных устаноў. Напрыклад, у беластоцкім земскім судзе, фактычна галоўнай урадавай установе ў павеце, з 18 чыноўнікаў 16 былі католікамі. Да іх ліку належаў і земскі спраўнік Фелікс Параўскі. Яго службовы фармулярны спісак сведчыць аб тым, што беззямельны шляхціч Параўскі скончыў у 1819 г. Свіслацкую гімназію і паступіў на царскую ваенную службу 13. Падчас службы ён прыняў удзел у падаўленні паўстання 1831 г. Верагодна, што гэты факт з яго біяграфіі выклікаў давер у царскіх улад. З 1834 г. Параўскі выйшаў у адстаўку і перайшоў на грамадзянскую службу, займаючы розныя паліцэйскія пасады ў Гродзенскай губерні. У гарадскіх паліцыях Беластока, Бельска і Саколкі служылі 14 класных чыноўнікаў, якія паводле веравызнання падзяляліся: католікаў — 10, праваслаўных — 3, мусульман — 1. Аднак менавіта праваслаўныя займалі галоўныя пасады гараднічых. У Беластоцка-Сакольскім і Бельскім павятовых судах служылі 33 чыноўнікі. Паводле веравызнання ўсе яны былі католікамі. Сярод 26 сакратароў і пісараў гарадскіх дум, магістратаў і ратушаў католікаў налічвалася 24, праваслаўных — 1, мусульман — 1. Адзіным праваслаўным чыноўнікам быў архіварыус бельскага магістрата Міхаіл Базілеўскі, які паходзіў з духоўнага саслоўя і скончыў павятовае духоўнае вучылішча. Перавага католікаў сярод павятовага чыноўніцтва вынікала з канфесійнага складу мясцовай шляхты, бо менавіта з гэтай саслоўнай групы ўлады набіралі служачых для бюракратычнага апарату.
Склад даследаванага намі чыноўніцтва Беласточчыны адносна сацыяльнага паходжання выглядаў наступным чынам: дваран — 95, дзяцей обер-афіцэраў — 11, дзяцей духавенства — 2, казённых сялян — 2, дзяцей прыказнаслужыцеляў — 1, выхадцаў з купецкага саслоўя — 1. Абсалютная большасць дваран тлумачылася перавагамі, якое імперскае заканадаўства надавала гэтаму прывілеяванаму саслоўю пры паступленні на дзяржаўную службу, а таксама тымі абставінамі, што менавіта дваране мелі найлепшыя магчымасці атрымаць неабходную для грамадзянскай дзяржаўнай службы адукацыю. Дваране пераважна і займалі кіруючыя пасады. Але сустракаліся адступленні ад гэтага правіла. Так, бельскі земскі спраўнік Чарэшня паходзіў з сям’і пскоўскага купца. Беластоцкі гараднічы маёр Аляксандр Трусаў паходзіў з „дзяцей прыказнаслужыцеляў”. У Беластоцка-Сакольскім і Бельскім павятовых судах з 33 чыноўнікаў толькі 1 належаў да обер-афіцэрскіх дзяцей, а ўсе астатнія былі дваранамі. Сярод сакратароў і пісараў гарадскіх дум і магістратаў таксама дамінавалі дваране — 22. З чатырох астатніх 1 чыноўнік належаў да казённых сялян, 2 — да обер-афіцэрскіх дзяцей, 1 — да духоўнага саслоўя.
Зямельнай уласнасцю, пераважна дробнай, валодалі 20 чыноўнікаў. Ужо ўзгаданы гараднічы Трусаў купіў у Беластоцкім павеце 13 сялянскіх душ, сакольскі гараднічы Якаў Матушынскі набыў 10 душ у сваім павеце. Спадчынным землеўласнікам сярод гарадскіх паліцэйскіх чыноўнікаў быў толькі справавод беластоцкай гарадской паліцыі татарын Мустафа Міхайлоўскі, які сумесна з братам і сястрой валодаў у Сакольскім павеце 18 сялянскімі душамі. Некаторыя чыноўнікі мелі таксама ў прыватнай уласнасці дамы ў гарадах, як сельскі засядальнік беластоцкай павятовай паліцыі Антон Грэгатовіч, якому належаў у Беластоку каменны і драўляны дамы з прыбудовамі і 2 дзесяціны гароду. Найвышэйшы паказчык землеўласнікаў быў сярод служачых павятовых судоў. І гэта не выпадкова, паколькі суддзі і падсудкі выбіраліся на дваранскіх сходах памеснай шляхтай са свайго асяроддзя. З 33 чыноўнікаў Беластоцка-Сакольскага і Бельскага судоў 9 мелі зямельныя валоданні, але ні ў воднага не было болей за 100 душ. Напрыклад, Беластоцка-Сакольскі павятовы суддзя Сапоцька меў ва ўласнасці ўсяго 4 сялянскія душы. Сярод 26 гарадскіх сакратароў і пісараў дробнай зямельнай уласнасцю валодалі 3 служачых.
У фармулярных спісках не ўказвалася месца нараджэння чыноўнікаў. Але, на нашу думку, істотнае значэнне мае інфармацыя, дзе дзяржаўны службовец пачынаў сваю кар’еру, паколькі з чыста практычных меркаванняў большасць паступала на службу паблізу роднага гнязда. Сярод разгледжаных чыноўнікаў сваю службовую кар’еру пачыналі ва ўстановах Беласточчыны 79 чалавек (70.5%), што з вялікай верагоднасцю сведчыла аб іх мясцовым паходжанні. Разам з тым усе 3 паліцэйскія гараднічыя не належалі да мясцовых ураджэнцаў і да паступлення ў паліцыю служылі ў войску. Беластоцкі гараднічы Аляксандр Трусаў, ураджэнец горада Рыгі, быў удзельнікам яшчэ вайны 1812 г., пасля чаго займаў пасады ковенскага і беластоцкага павятовых земскіх спраўнікаў14. З 28 разгледжаных намі чыноўнікаў земскіх паліцэйскіх устаноў толькі 2 служылі ў свой час за межамі Гродзенскай губерні. А сярод служачых судовых павятовых устаноў усе 33 чыноўнікі служылі выключна ў сваёй губерні, прычым 26 з іх толькі на Беласточчыне. Сярод гарадскіх пісараў усяго адзін паступіў на дзяржаўную службу за межамі Гродзенскай губерні ў Царстве Польскім.
Аб тутэйшым паходжанні большасці чыноўнікаў сведчыла і тая інфармацыя, што амаль усе яны вучыліся ў мясцовых навучальных установах. Усяго ж адукацыю ў дзяржаўных установах атрымалі 88 чалавек (76,6%), сярод іх адзін няпоўную вышэйшую. У сярэдніх навучальных установах, пераважна гімназіях, вучыліся 62 чыноўнікі, але далёка не ўсе іх заканчвалі, пакінуўшы вучобу пасля некалькіх класаў для паступлення на службу. Аднак прамой залежнасці паміж службовым становішчам і адукацыяй часта не назіралася. Гараднічы Трусаў скончыў толькі народнае вучылішча ў Рызе, што не перашкодзіла яму займаць адносна высокія паліцэйскія пасады. Сярод 28 чыноў земскай паліцыі сістэматычную адукацыю ў навучальных установах атрымалі 25 чалавек. З іх 10 чалавек — на Беласточчыне. У вышэйшай навучальнай установе — Рышэльеўскім ліцэі ў Адэсе, займаўся, праўда ўсяго 2 гады, засядальнік беластоцкага земскага суда Севярын Янушэвіч15. 20 чалавек вучыліся, хоць большасць і не скончыла поўны курс, у гімназіях. Вельмі высокі паказчык адукаванасці назіраўся сярод судовых служачых, дзе 30 чалавек з 33 атрымалі адукацыю ў навучальных установах. З іх 14 вучыліся ў Беластоцкай гімназіі, 4 — у Драгічынскім вучылішчы і 1 у Беластоцкім. Толькі 2 атрымалі адукацыю за межамі Гродзенскай губерні — у Віленскай і Мінскай гімназіях. Усяго 22 судовыя чыноўнікі мелі сярэднюю адукацыю і 8 пачатковую. Такім чынам, паводле ўзроўню адукаванасці судовыя служачыя перасягалі паліцэйскіх. Адукацыю ў навучальных установах атрымалі 24 служачыя гарадскіх устаноў з 26. З іх 15 чалавек вучыліся ў свой час у гімназіях, аднак 6 прайшлі толькі няпоўны курс. Яшчэ 9 чыноўнікаў вучыліся ў павятовых вучылішчах. Адносна ўзроўню адукацыі пісары і сакратары гарадскіх саслоўных устаноў не саступалі прадстаўнікам іншых катэгорый чыноўніцтва.
Цікавасць для даследавання ўяўляе таксама сямейнае становішча чыноўнікаў. Так, напрыклад, сярод паліцэйскіх чыноў толькі 2 з’яўляліся халасцякамі. Некаторыя сем’і належалі да змешаных у рэлігійных адносінах. Беластоцкі гараднічы Трусаў, сам сын прыказнаслужыцеля, быў жанаты з баранэсай фон Бруноф, каталічкай паводле веравызнання. Іх сын з’яўляўся праваслаўным і ўжо меў чын калежскага сакратара. Першая жонка беластоцкага спраўніка Параўскага была паводле веравызнання лютэранкай, а сын, які пазней стаў афіцэрам царскай арміі, і тры дачкі — католікамі. Другі раз Параўскі ажаніўся з дачкою царскага палкоўніка, праваслаўнай паводле веравызнання. Дзеці ад другога шлюбу, сын, які вучыўся у гімназіі ў Санкт-Пецербургу, і дзве дачкі былі ўжо праваслаўнымі. Таксама канцылярскі служачы беластоцкай паліцыі Павел Саласцюкевіч, сын праваслаўнага святара, меў жонку каталічку і праваслаўную дачку16. Сакольскі гараднічы маёр Якаў Матушынскі быў жанаты з дачкой абшарніка Гродзенскай губерні Шантыра, каталічкай паводле веравызнання, а дзве дачкі ўжо былі праваслаўнымі17. А самую вялікую сям’ю меў сакратар Кнышынскай гарадской думы Ігнат Белаблоцкі, у якога было 6 сыноў і 3 дачок. Прычым старэйшы яго сын Апалінар служыў ў Гродзенскай паліцыі, другі сын Леанард — справаводам у паліцэйскага прыстава ў Сакольскім павеце, а трэці сын Іосіф — афіцэрам у войску18. Такі выбар заняткаў з’яўляўся дастаткова характэрным для дзяцей чыноўнікаў.
Адносна ўзросту самым сталым чыноўнікам быў беластоцкі гараднічы Трусаў, які меў 69 гадоў, а самым маладым — пісар бельскай управы Антон Пятроўскі — 30. Узрост служачых гарадскіх устаноў таксама вагаўся ад 30 да 67 гадоў. Найбольшае грашовае жалаванне меў беластоцкі гараднічы — 600 рублёў серабром у год, ніжэйшы пісар атрымліваў у дзесяць разоў менш — 60 руб. Калі параўнаць гэтыя грошы з тагачасным цэнамі на асноўныя тавары, то прыходзіцца прызнаць, што пражыць на ўласны заробак канцылярыстам было надзвычай складана.
Для параўнання таксама былі разгледжаны фармулярныя спіскі за 1857 г. выбарных служачых гарадскога самакіравання — галоваў, ратманаў, галосных19. Паводле веравызнання яны размяркоўваліся: католікаў — 31, праваслаўных — 15, іудзеяў — 5. Адукацыю ў дзяржаўных установах атрымалі 13 чалавек, з іх 3 скончылі гімназіі, а астатнія — прыходскія вучылішчы. Такім чынам, паводле ўзроўню адукацыі выбарныя служачыя гарадскіх устаноў саступалі працуючым у гэтых установах чыноўнікам. Галавой Кляшчэльскай гарадской думы быў сын вядомага дзеяча беларускай культуры калежскі рэгістратар Антон Сасноўскі. Пасля паспяховага заканчэння Беластоцкай гімназіі ён паступіў ў 1842 г. у канцылярыю начальніка Беластоцкай вобласці, адразу атрымаўшы чын 14 класа. У наступным годзе Антона Сасноўскага прызначылі сакратаром гарадскіх саслоўных устаноў у Кляшчэлях, а ў 1850 г. ён быў звольнены з працы за няправільнае афармленне карчомных кантрактаў. У 1856 г. жыхары Кляшчэляў выбралі Антона Сасноўскага гарадскім галавой20.
Можна прыйсці да высновы, што ў сярэдзіне ХІХ ст. большасць служачых дзяржаўных устаноў на Беласточчыне належала да тутэйшай дробнай шляхты каталіцкага веравызнання, якая мела магчымасць атрымаць адукацыю ў мясцовых навучальных установах. Царскі ўрад мусіў мірыцца з гэтым становішчам, паколькі яго спробы прыцягнуць на службу ў „Заходнія” губерні чыноўнікаў з цэнтральных земляў імперыі поспеху не мелі. Такія служачыя займалі толькі найбольш важныя ў палітычным сэнсе пасады. Гэта пра іх пісаў даследчык Гродзеншчыны Павел Баброўскі: „Вельмі мала служачых належыць да дваранства велікарасійскіх, беларускіх (г.зн. Віцебскай і Магілёўскай губерняў — С. Т.) і маларускіх губерняў: усе яны праваслаўнай веры, размаўляюць па-расійску і займаюць пераважна вышэйшыя службовыя пасады ў губерні і паветах”. Чыноўнікаў мясцовага паходжання Баброўскі характаразаваў наступным чынам: „Усе чыноўнікі мясцовага паходжання, так жа як ураджэнцы Царства Польскага і памежных, так званых Літоўскіх губерняў размаўляюць па-польску, а расійскую мову ведаюць настолькі, каб быць у стане весці на ёй справы”21. Аднак, на нашу думку, нельга на падставе гэтага сцвярджаць, што ўсе чыноўнікі мясцовага паходжання каталіцкага веравызнання лічылі сябе палякамі. У другой палове 40-х і на пачатку 50-х гадоў пасаду дырэктара Беластоцкай гімназіі займаў камер-юнкер Ігнат Кулакоўскі — даследчык і аматар гісторыі і культуры Гродзеншчыны22. У сваёй запісцы да ўрада, якую ён склаў у 1834 г., Кулакоўскі прапанаваў увесці ў праграмы навучальных устаноў Беларусі курс мясцовай гісторыі і мовы. А ўвогуле адказаць на пытанне аб нацыянальнай свядомасці ўсіх чыноўнікаў мясцовага паходжання практычна немагчыма з прычыны складанасці азначанай праблемы і адсутнасці адпаведнай інфармацыі ў архіўных матэрыялах.
У час паўстання 1863 г. да яго далучылася частка служачых мясцовага дзяржаўнага апарату. У пераважнай большасці гэта былі ніжэйшыя чыноўнікі і канцылярысты. Амаль усе чыноўнікі, што перайшлі на бок паўстанцаў належалі да каталіцкага веравызнання, хоць былі і праваслаўныя. У сакавіку 1864 г. жандарскі штаб-афіцэр Гродзенскай губерні даслаў губернатару спіс асоб, якія былі „з прычыны ўзбуджаных сумненняў у іх добранадзейнасці высланы адміністрацыйным парадкам на жыхарства ва ўнутраныя губерні імперыі пад нагляд паліцыі”23. Азначаны спіс уключаў 81 асобу, сярод якіх налічвалася 37 чыноўнікаў. Прызначаны ў маі 1863 г. віленскі генерал-губернатар граф Міхаіл Мураўёў лічыў адной з галоўных задач у сваёй дзейнасці карэннае абнаўленне асабовага складу мясцовага дзяржаўнага апарату шляхам замены чыноўнікаў тутэйшага паходжання ўраджэнцамі цэнтральных расійскіх губерняў. Так, 21 кастрычніка 1863 г. ён загадаў губернатарам прызначаць на ўсе паліцэйскія, а таксама іншыя найбольш адказныя пасады „абавязкова рускіх ураджэнцаў, а выключэнні дапускаць толькі ў адносінах да такіх асоб, якія даказалі сваю несумненную адданасць ураду”24. У маі 1864 г. Мураўёў даслаў у Пецярбург спецыяльную запіску, у якой прапанаваў замяніць „асобамі рускага паходжання вышэйшыя службовыя месцы, а таксама месцы асобных начальнікаў і тыя, што знаходзяцца ў непасрэдным сутыкненні з народам”25. 22 мая 1864 г. імператар Аляксандр ІІ зацвердзіў палажэнне аб замяшчэнні ўсіх пасад, якія маюць непасрэдны кантакт з насельніцтвам, расійскімі чыноўнікамі з „далейшай заменай рускімі і ўсіх астатніх чыноўніцкіх пасад”. Ужо 14 студзеня 1864 г. Мураўёў загадаў выплачваць прыехаўшым з Расіі чыноўнікам 50-працэнтную прыбаўку да жалавання26. З сакавіка гэтага ж года выдаецца шэраг царскіх указаў аб павышэнні жалавання такім чыноўнікам, аплаце дарогі да месца службы і выдачы пад’ёмных грошай27. Дадатковае грашовае ўтрыманне выплачвалася з сум часовых збораў, у першую чаргу 10-працэнтнага збору з нерухомасці абшарнікаў каталіцкага веравызнання. У Гродзенскай губерні, для прыкладу, за 1864 г. 364 чыноўнікі атрымалі 50-працэнтную прыбаўку да сваіх акладаў28. Царскі ўказ ад 21 лістапада 1869 г. дазваляў выплачваць грашовую надбаўку, калі толькі губернатары прызнаюць гэтых служачых дастаткова стараннымі і добранадзейнымі29. У гэтым указе гаварылася, што яго мэтай было „прыцягненне сюды на службу добранадзейных рускіх чыноўнікаў з прычыны прадугледжанага ўрадам абрусення краю і ўвогуле зліцця яго з астатнімі часткамі імперыі”30. 23 ліпеня 1865 г. была выдадзена ўрадавая інструкцыя аб продажы казённых маёнткаў31. У ёй было запісана, што для прыцягнення чыноўнікаў „рускага паходжання” ў „Заходнія” губерні і для заахвочвання іх працягваць там службу „патрэбна прадаваць ім на ільготных умовах дзяржаўныя землі”. Права на такое набыццё зямлі давалася толькі прыехаўшым з унутраных губерняў чыноўнікам паводле прадстаўлення губернскага начальства аб іх „стараннай службе і абсалютнай добранадзейнасці ў палітычных адносінах”. Гэтая палітыка хутка пачала даваць свой плён. З 1863 г. па 1865 г. у Гродзенскай губерні паступілі на службу 818 праваслаўных чыноўнікаў, большасць з якіх прыехала сюды з цэнтральных губерняў імперыі32. У 1867 г. віленскі генерал-губернатар нават загадаў начальнікам губерняў спыніць выклік чыноўнікаў з унутраных губерняў імперыі, бо многія з іх не маглі ўжо ўладкавацца тут на працу. Чыноўнікі мясцовага паходжання каталіцкага веравызнання ў большасці былі звольнены са службы. Паводле даных гродзенскага губернатара за красавік 1866 г. у яго губерні знаходзілася 186 такіх чыноўнікаў, адстаўленых ад сваіх пасад33. На працягу ўсяго некалькіх гадоў асабовы склад служачых мясцовых дзяржаўных устаноў у Беларусі быў кардынальна абноўлены. Каляндар Віленскага генерал-губернатарства за 1868 г. прыводзіць такія лічбы пра канфесійны склад класных чыноўнікаў Гродзенскай губерні: праваслаўных — 496 (75,6%), католікаў — 115 (17,5%), мусульман — 23 (3,5%), пратэстантаў — 21 (3,2%), іншых — 134. Паводле гэтага календара ў паліцэйскіх, судовых і гарадскіх установах Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў служылі 63 праваслаўныя чыноўнікі, 15 католікаў і 2 мусульман. Аднак трэба заўважыць, што каляндар не ўлічваў ніжэйшых канцылярскіх чыноўнікаў.
Намі былі даследаваны 82 фармулярныя спіскі чыноўнікаў, якія служылі ў паліцэйскіх, судовых і гарадскіх установах Беласточчыны ў 1869 г.35 Паводле веравызнання яны падзяляліся: праваслаўных — 62, католікаў — 15, мусульман — 3, лютэран — 2. Такім чынам, рэлігійны склад чыноўнікаў кардынальна змяніўся ў параўнанні з перыядам да паўстання 1863 г. Абсалютную большасць цяпер складалі служачыя праваслаўнага веравызнання. Найбольш выразна гэта праяўлялася ў паліцэйскіх установах трох паветаў: праваслаўных — 40, мусульман — 3, католікаў — 1. Крыху іншая сітуацыя назіралася ў судовых установах. Так, у Бельскім і Беластоцка-Сакольскім павятовых судах у 1869 г. служылі 27 чыноўнікаў. Паводле веравызнання яны размяркоўваліся: праваслаўныя — 17, католікі — 8, лютэране — 2. Працэнтны паказчык католікаў тут быў значна вышэйшы, чым у паліцэйскіх установах, але яны пераважна займалі канцылярскія пасады. Аднак католік Дыянісі-Юльян Кабылінскі займаў нават пасаду судовага засядальніка. Адначасова ён быў і дваранскім прадвадзіцелем Беластоцкага павета. З 11 разгледжаных намі чыноўнікаў дваранскіх апек і гарадскіх дум Беласточчыны паводле веравызнання 6 былі католікамі і 5 праваслаўнымі.
Абсалютную большасць кіруючых пасад ува ўсіх павятовых установах займалі чыноўнікі, якія прыехалі ў Беларусь з іншых, пераважна велікарускіх губерняў у час і пасля паўстання 1863 г. Так, беластоцкім паліцмайстрам быў Парфен Савіцкі, ураджэнец Екацерынаслаўскай губерні, які больш за 20 гадоў праслужыў у царскім войску, прыняўшы ўдзел у падаўленні венгерскай рэвалюцыі і паўстання 1863 г. Беластоцкім павятовым спраўнікам быў штаб-ротмістр Іван Кісялеўскі, патомны дваранін Калужскай губерні, сын генерал-маёра царскай арміі. З мясцовых ураджэнцаў у паліцыі найбольш высокую пасаду займаў памочнік бельскага спраўніка калежскі асэсар Вікенці Харламповіч. У судовых установах працэнт мясцовых ураджэнцаў быў вышэйшы. У Бельскім павятовым судзе мясцовыя ўраджэнцы складалі большасць — 11 чалавек з 16. Прычым 8 чыноўнікаў усё жыццё служылі ў гэтай установе. А пасаду павятовага суддзі займаў ураджэнец Магілёўскай губерні Сямён Атрашкевіч. Сярод 11 канцылярскіх чыноўнікаў дваранскіх апек і гарадскіх дум акрамя аднаго ўсе былі ўраджэнцамі Гродзенскай губерні, дзе і служылі ўвесь час.
Змены ў асабовым складзе чыноўніцтва адбіліся і на яго саслоўнай структуры. Паводле саслоўнага паходжання разгледжаныя намі чыноўнікі павятовых устаноў трох азначаных паветаў падзяляліся: дваране — 38, дзеці обер-афіцэраў — 21, дзеці духавенства — 12, дзеці чыноўнікаў — 4, мяшчане — 2, сяляне — 2, дзеці салдатаў — 1, кантаністы — 1, ганаровыя грамадзяне — 1. У параўнанні з данымі за 1857 г. істотна знізілася ўдзельная вага дваранства за кошт павелічэння выхадцаў з так званых „розначынцаў” і духоўнага саслоўя. Гэта тлумачылася наплывам служачых з цэнтральнай Расіі, сярод якіх пераважалі менавіта „розначынцы” паводле сацыяльнага паходжання.
Землеўладальнікаў сярод разгледжаных чыноўнікаў налічвалася 12 чалавек. Галоўным землеўладальнікам быў беластоцкі спраўнік Кісялеўскі, бацькам якога ў Калужскай губерні належала 4 500 тысяч дзесяцін зямлі. Акрамя таго, ён яшчэ купіў у Беластоцкім павеце 2 612 дзесяцін. Зямельныя валоданні мелі таксама 6 чыноўнікаў судовых устаноў. Сярод іх вылучаўся следчы Беластоцка-Сакольскага суда Васіль Фрэйганг, маці якога мела ва ўласнасці ў Кіеўскай губерні 8 736 дзесяцін. У бацькі засядальніка Бельскага суда Лаўрэнція Каўроўскага было ва ўласнасці 400 дзесяцін зямлі ў Чарнігаўскай губерні. Бацькі канцылярыста Флора Вярцінскага мелі ў Ваўкавыскім павеце 390 дзесяцін. У астатніх уласнікаў зямельныя валоданні былі вельмі дробныя. Сярод мясцовых ураджэнцаў зямельную ўласнасць, выключна дробную, мелі 7 чалавек (18,9%).
З 82 павятовых чыноўнікаў 63 атрымалі адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах (76,8%). Розныя ўстановы скончылі 28 паліцэйскіх служачых (64%). З іх 9 ў гімназіях, 2 — у духоўных семінарыях, 1 — у ваенным вучылішчы. Сярод судовых служачых адукацыю атрымалі 25 чалавек (92,6%). З іх вышэйшую адукацыю мелі 5 чалавек, сярэднюю — 10, пачатковую — 10. Паводле ўзроўню адукацыі судовыя чыноўнікі перавышалі паліцэйскіх служачых. Сярод 11 канцылярыстаў апек і дум мелі адукацыю 10 чалавек, з іх сярэднюю — 7. Адзін канцылярыст скончыў у Санкт-Пецярбургу вучылішча для глуха-нямых.
Усяго сярод разгледжаных намі 82 чыноўнікаў дзяржаўных устаноў Беластоцкага, Бельскага Сакольскага паветаў да мясцовых ураджэнцаў, якія ўвесь час служылі ў Гродзенскай ці суседніх беларускіх губернях, належала 35 чалавек (45%). Паводле веравызнання чыноўнікі мясцовага паходжання размяркоўваліся: праваслаўных — 22, католікаў 12, мусульман — 3. Саслоўны склад выглядаў наступным чынам: дваран — 20, дзяцей обер-афіцэраў — 7, выхадцаў з духоўнага саслоўя — 6, сялян — 2, мяшчан — 1, кантаністаў — 1. Адукацыю ў навучальных установах атрымалі 32 чыноўнікі мясцовага паходжання (86,5%). Сярэднюю адукацую мелі 20 чалавек, з іх 10 вучыліся ў Беластоцкай гімназіі. Сярод павятовых вучылішчаў найбольш было прадстаўлена Драгічынскае — 6 чалавек. Такім чынам паказчык узроўню адукацыі сярод мясцовых чыноўнікаў, дзе служачых з сярэдняй адукацыяй налічвалася 20 чалавек, быў вышэйшы, чым сярод прысланых з цэнтральных губерняў, дзе 14 чалавек мелі сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Гэта можна патлумачыць вышэйшым узроўнем развіцця сістэмы сярэдняй і пачатковай адукацыі ў Гродзенскай губерні і на Беласточчыне ў прыватнасці ў параўнанні з уласна расійскімі губернямі.
Такім чынам, пасля паўстання 1863 г. кардынальна змяніўся асабовы склад служачых дзяржаўнага апарату мясцовых устаноў Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў шляхам звальнення мясцовых ураджэнцаў каталіцкага веравызнання і прызначэння на іх месцы чыноўнікаў з унутраных, пераважна велікарасійскіх, губерняў імперыі. Хоць веравызнанне служачых у дадзенай сітуацыі фактычна атаясамлялася імперскай уладай з нацыянальнасцю, аднак мясцовыя праваслаўныя чыноўнікі не карысталіся поўным даверам урада. На ўсе самыя адказныя, асабліва з палітычнага пункту гледжання, пасады прызначаліся як правіла прыезджыя чыноўнікі. Менавіта на апошніх і апіралася царскае самадзяржаўе пры правядзенні сваёй палітыкі ў „Паўночна-Заходніх” губернях у апошняй трэці ХІХ — пачатку ХХ ст.
Да канца ХІХ ст. істотных зменаў у кадравай палітыцы царскага ўрада фактычна не адбылося. Аднак улады не маглі запаўняць усе мясцовыя пасады толькі прыезджымі чыноўнікамі і разам з ростам бюракратычнага апарату мусілі ўсё ў большай колькасці набіраць на службу мясцовых ураджэнцаў. Аб гэтым сведчаць і вынікі перапісу 1897 г. Паводле даных гэтага перапісу 335 чыноўнікаў і ніжэйшых служачых Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў прызналі сваёй роднай мовай расійскую, 161 — беларускую, 132 — польскую, 29 — маларускую36. Гэтыя лічбы сведчылі аб тым, што вельмі значная частка дзяржаўных служачых належала да мясцовых ураджэнцаў. Аднак трэба адзначыць, што беларускамоўныя служачыя амаль выключна належалі да вясковых жыхароў. Так, у Беластоку 178 чыноўнікаў прызналі роднай мовай расійскую, 67 — польскую, 6 — беларускую, 4 — маларускую, 9 — іншыя мовы. У той жа час усе 99 служачых Сакольскага павета, за выключэннем Саколкі і астатніх заштатных гарадоў прызнала роднай мовай беларускую. Даныя аб роднай мове дзяржаўных служачых Беласточчыны прыведзены ў табліцы 1.
Можна зрабіць выснову, што на беларускай мове размаўляла самае ніжэйшае звяно мясцовага дзяржаўнага апарату. Гэтыя людзі нават уласна кажучы не з’яўляліся чыноўнікамі, паколькі не мелі штатных чыноў і звычайна не маглі прэтэндаваць на іх атрыманне.
Намі былі даследаваны 219 фармулярных спіскаў служачых дзяржаўных устаноў Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў, якія служылі тут у 1900-1910 гг.37 Пераважна гэта былі паслужныя спіскі паліцэйскіх чыноўнікаў — 167, а таксама служачых дваранскіх устаноў — 35 і павятовых казначэйстваў — 17. Паводле веравызнання азначаныя чыноўнікі падзяляліся: праваслаўных — 204 (93,5%), католікаў — 8 (3,2%), мусульман — 6 (2,8%), лютэран — 1. Такім чынам цалкам захоўвалася ўстаноўленая пасля 1863 г. дамінацыя праваслаўных служачых. Менавіта яны займалі ўсе кіруючыя пасады. Католіку патрапіць на службу ў мясцовыя дзяржаўныя установы было вельмі няпроста. Адным з таких выключэнняў быў акалодачны наглядчык г. Беластока, а потым станавы прыстаў Беластоцкага павета Уладзіслаў Хадароўскі38. Паходзіў ён з вёскі Клевінава Юхнавецкай воласці. Быў узнагароджаны за праяўлены пад Плеўнай у час руска-турэцкай вайны гераізм. Паліцэйская кар’ера Хадароўскага таксама не была пазбаўлена драматызму. У 1905 г. на вуліцы Купецкай у яго стралялі з рэвальвера, але кулю затрымаў паясны рамень. Праз некаторы час у каўбаснай краме на Базарнай вуліцы пад ногі акалодачнаму кінулі бомбу, але той зноў не пацярпеў. Па загадзе Віленскага генерал-губернатара Хадароўскаму было выдадзена 150 рублёў для лячэння ад „нервовага сутрасення”.
Паводле саслоўнага складу чыноўнікі падзяляліся: сяляне — 91 (41,6%), дваране — 44 (20%), мяшчане — 39 (17,8%), духавенства — 16 (7,3%), дзеці чыноўнікаў — 15(6,8%), дзеці обер-афіцэраў — 7(3,2%), грамадзяне — 4 (1,8%), казакі — 2, няма звестак — 1. У параўнанні з 1857 і 1868 г. відавочнай з’яўляецца дэмакратызацыя чыноўніцкага корпусу адносна саслоўнага паходжання. Параўнальныя даныя саслоўнага складу разгледжанага намі чыноўніцтва Беласточчыны за гэтыя гады прыведзены ў табліцы 2. Яны сведчаць аб тым, што працэнтны паказчык чыноўнікаў дваран зменшыўся за паўстагоддзя ў чатыры разы, у той час калі працэнт выхадцаў з сялянства вырас больш чым у дваццаць разоў. Вельмі моцна павялічыўся і працэнтны паказчык служачых мяшчанскага паходжання. Удзельная вага выхадцаў з розначынных пластоў не змянілася з 1857 г., а скачок яе ў 1868 г. відаць можна патлумачыць наплывам служачых з цэнтральнай Расіі.
Выхадцы з сялянства і іншых ніжэйшых пластоў грамадства нярэдка ўжо займалі даволі высокія службовыя пасады. Так, беластоцкім паліцмайстрам быў Пётр Мятленка, які паходзіў з праваслаўных сялян Віленскай губерні39. Пасля заканчэння павятовага вучылішча, а затым і Елізаветградскага ваеннага вучылішча і вайсковай службы ён паступіў у маскоўскую гарадскую паліцыю. Ужо з Масквы яго прысылаюць на пасаду брэсцкага паліцмайстра, а потым пераводзяць у Беласток. Жонка Мятленкі была дачкой стацкага саветніка. Такім чынам ён парадніўся з мясцовай бюракратычнай элітай. Памочнікам паліцмайстра з’яўляўся Сазон Арэф’еў — кобрынскі мяшчанін. Пасаду бельскага паліцэйскага спраўніка ў 1910 г. займаў Канстанцін Мацэвіч, які паходзіў з сялян Ваўкавыскага павета. Так выхадцы з нізоў паступова выцяснялі з кіруючых пасад патомную шляхту. Прадстаўніком апошняй быў шляхціч Мінскай губерні Юльян Казіміравіч Дунін-Марцінкевіч, які займаў пасаду сакольскага паліцэйскага спраўніка. Можна меркаваць, што ён паходзіў з каталіцкага асяроддзя, але змяніў веравызнанне, каб мець магчымасць рабіць кар’еру па службе40. Звычайным паліцэйскім прыставам у Сакольскім павеце служыў барон Генрых Вітэнгоф, ураджэнец Ліфляндыі. Выключна выхадцы з расійскага радавітага дваранства займалі пасады дваранскіх прадвадзіцеляў. Бельскім прадвадзіцелем з 1907 г. быў князь Сяргей Васільевіч Гарчакоў, які нарадзіўся ў Жэневе, скончыў марскі кадэцкі корпус і прымаў удзел у руска-японскай вайне. А потым выконваў абавязкі чыноўніка па асобых даручэннях пры каўказскім намесніку. Сакольскі прадвадзіцель Арапаў скончыў пажаскі корпус і быў жанаты з княжнай Зінаідай Галіцынай. Трэба нагадаць, што пасля паўстання 1863 г. прадвадзіцелі дваранства ў „Заходніх” губернях не выбіраліся мясцовымі абшарнікамі, а прызначаліся ўрадам.
Адукацыю ў розных навучальных установах атрымалі 160 чалавек (73%). Аднак толькі адзін чыноўнік меў вышэйшую грамадзянскую адукацыю. Беластоцкі прадвадзіцель дваранства скончыў Аляксандраўскі ліцэй. Яшчэ 5 чыноўнікаў скончылі ваенныя вучылішчы. У гімназіях вучыліся 11 служачых, з іх 5 не завершылі адукацыю, у рэальных вучылішчах — 3, у павятовых вучылішчах — 60, у духоўных семінарыях — 2, у духоўных вучылішчах — 9, у настаўніцкіх семінарыях — 4, у народных вучылішчах — 31, у царкоўна-прыходскіх вучылішчах — 6. 11 служачых скончылі ў свой час юнкерскія школы, 4 — кадэцкія корпусы, а 1 — камерцыйнае вучылішча. У прыватных навучальных установах атрымалі адукацыю 3 чыноўнікаў. У параўнанні з 1857 і 1868 г. удзельная вага дзяржаўных служачых павятовых устаноў Беласточчыны, якія мелі адукацыю амаль не змянілася. Аднак вельмі істотна зменшыўся працэнтны паказчык чыноўнікаў, што мелі сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Калі ў 1857 г. гэты паказчык складаў 56,3%, у 1868 г. — 41,5%, то на пачатку ХХ ст. — 11,9%. Відавочным быў рост колькасці служачых з пачатковай адукацыяй, асабліва тых, што скончылі толькі народныя вучылішчы і царкоўна-прыходскія школы. Можна таксама зрабіць выснову, што на пачатку ХХ ст. выпускнікоў гімназій і рэальных вучылішчаў не асабліва прываблівала дзяржаўная служба ў павятовых установах. Не менш, а магчыма і больш істотнай прычынай з’яўлялася тое, што мясцовыя ўлады не задавальняў канфесійны і нацыянальны склад выпускнікоў мясцовых сярэдніх навучальных устаноў. Сярод разгледжаных намі чыноўнікаў 19 мелі нерухомую зямельную уласнасць (8,7%). Буйнейшымі землеўладальнікамі былі дваранскія прадвадзіцелі. Сакольскаму прадвадзіцелю Арапаву належала больш 10 тысяч дзесяцін зямлі ў Сімбірскай і Пензенскай губернях і 5 дамоў у Пензе. Бельскі прадвадзіцель Аляксандр Жыгулін меў ва ўласнасці 87 дзесяцін у Разанскай губерні і 200 у Маскоўскай і акрамя таго купіў маёнткі Жукі, Падбела і Басенюкі ў Бельскім павеце плошчай 1 014 дзесяцін41. Іншы бельскі прадвадзіцель Кошалеў набыў у Беластоцкім павеце маёнтак Астравок у 659 дзесяцін42. Некаторыя чыноўнікі набывалі ва ўласнасць дамы. Так, паліцэйскі прыстаў Бельскага павета Іван Іваноў купіў дом у Маскве і 2 у Баранавічах.
Што датычыць пытання пра сямейнае становішча чыноўнікаў, то асаблівую цікавасць выклікаюць змешаныя ў рэлігійных адносінах шлюбы, паколькі такія шлюбы не адабраліся начальствам, найперш шлюбы праваслаўных з каталічкамі. Тым не менш з 219 чыноўнікаў 13 мелі жонак іншага веравызнання. Бельскі спраўнік Сабанееў узяў за прыёмную дачку дзіця памёршага служачага каталіцкага веравызнання. Памочнік беластоцкага спраўніка Аляксей Увядзенскі меў жонку лютэранку. Але ўсе дзеці ад змешаных шлюбаў былі ўжо праваслаўнымі.
Абсалютная большасць даследаваных фармулярных спіскаў утрымлівала таксама інфармацыю аб геаграфічным паходжанні чыноўнікаў, а ў тых выпадках, калі канкрэтныя звесткі адсутнічалі, намі былі выкарыстаны ўскосныя даныя. У выніку разгледжанае чыноўніцтва было падзелена наступным чынам: ураджэнцы Беласточчыны (Беластоцкі, Бельскі і Сакольскі паветы) — 57, ураджэнцы Гродзенскай губерні (апроч вышэйзгаданых паветаў) — 72, выхадцы з іншых губерняў, дзе беларусы складалі большасць насельніцтва паводле перапісу 1897 г. (Віленская, Віцебская, Магілёўская і Мінская) — 27, ураджэнцы цэнтральных расійскіх губерняў — 40, украінскіх губерняў — 17, прыбалтыйскіх — 3, Царства Польскага — 2, замежжа імперыі — 1. Такім чынам ураджэнцы Беласточчыны складалі пракладна чвэрць усіх разгледжаных намі чыноўнікаў. Сярод іх найбольш было выхадцаў з Бельскага павета — 30, Беластоцкага — 15, Сакольскага — 12. Усяго ж ураджэнцаў Гродзенскай губерні сярод разгледжаных намі чыноўнікаў налічвалася 129 чалавек. Паводле веравызнання яны падзяляліся: праваслаўных — 117, католікаў — 7, мусульман — 5. Паводле саслоўнага паходжання склад чыноўнікаў мясцовага паходжання выглядаў наступным чынам: сяляне — 71, мяшчане — 31, дваране — 12, деці чыноўнікаў — 7, дзеці святароў — 5, ганаровыя грамадзяне — 1, асабістыя грамадзяне — 1, дзеці штаб-афіцэраў — 1. Адукацыю ў розных навучальных установах атрымалі 89 чыноўнікаў мясцовага паходжання (69%). З іх толькі 2 вучыліся ў свой час у беластоцкай і гродзенскай гімназіях, ды і тыя не скончылі. А найбольшай была лічба выпускнікоў павятовых і гарадскіх вучылішчаў — 52. Народныя і царкоўна-прыходскія скончылі 27 чалавек. 4 служачых вучыліся ў духоўных вучылішчах, па 1 у настаўніцкай семінарыі, юнкерскім вучылішчы і прыватнай навучальнай установе. Амаль усе гэтыя чыноўнікі атрымалі адукацыю ва ўстановах Гродзенскай губерні. На вайсковай службе пабывалі 7 чыноўнікаў мясцовага паходжання (5,4%)
Зямельную ўласнасць сярод чыноўнікаў мясцовага паходжання мелі 9 чалавек. Самым буйным землеўладальнікам быў канцылярыст бельскага прадвадзіцеля Восіп Бублееў, бацька якога, селянін Ваўкавыскага павета, купіў у гэтым жа павеце маёнтак у 450 дзесяцін43. Сакратар бельскага міравога з’езду Антон Красоўскі, селянін вёскі Грабавец, набыў маёнтак Павукі ў Брэсцкім павеце плошчай 105 дзесяцін44.
Такім чынам, на пачатку ХХ ст. большасць ніжэйшага і сярэдняга павятовага чыноўніцтва Беласточчыны складалі мясцовыя ўраджэнцы і ўраджэнцы іншых паветаў Гродзенскай губерні, пераважна выхадцы з сялян і мяшчан праваслаўнага веравызнання. Безумоўна, што амаль усе яны былі этнічнымі беларусамі. Аднак ужо паступленне на дзяржаўную грамадзянскую службу з’яўлялася крокам на шляху да асіміляцыі. Вышэйпрыведзеныя даныя перапісу 1897 г. выразна сведчаць аб тым, што гэтыя чыноўнікі ў абсалютнай большасці ўжо дэкларавалі сваёй роднай мовай расійскую. Натуральна, што і палітычныя погляды павінны былі адпавядаць патрабаванням палітычнай „добранадзейнасці”. Пра духоўнае жыццё чыноўніцтва ў архіўных матэрыялах захавалася даволі мала звестак. Так, жонка сакольскага спраўніка Дуніна-Марцінкевіча арганізавала аматарскі тэатральны гурток, у дзейнасці якога прымалі ўдзел родныя мясцовых служачых45. Выклікае таксама цікавасць архіўная справа аб спробе беластоцкага чыноўніцтва арганізаваць свой адпачынак і вольны час. Летам 1900 г. паліцмайстар Мятленка звярнуўся да гродзенскага губернатара з просьбай аб дазволе заснаваць гурток дзяржаўных служачых „Отдых”. Пры гэтым прыводзіліся наступныя аргументы: „У беластоцкі высакародны сход здаўна ўжо пачалі дапускаць яўрэў, што для некаторых асоб, якія займаюць у горадзе высокае службовае і грамадскае становішча, вельмі непажадана, паколькі ў час адпачынку ім міжволі прыходзіцца сустракацца ў клубе з яўрэямі, і вось склалася карпарацыя, што задалася мэтай адасобіцца ад яўрэяў”46. Ініцыятары пастанавілі заснаваць чыноўніцкі гурток „Отдых”, сябрамі якога не маглі быць яўрэі, але „паколькі многія з удзельнікаў маюць сталыя дзелавыя сувязі з яўрэямі і не жадаюць настройваць апошніх супраць сябе, то гэтае пытанне наўмысна не агаворваецца ў статуце”47. Губернатар даў дазвол і гурток пачаў дзейнічаць. У 1912 г. узнікла пагроза яго існаванню, паколькі яўрэі-домаўладальнікі адмовілі ў арэндзе памяшкання. Кіраўніцтва гуртка звярнулася за дапамогай да губернатара, сцвярджаючы пры гэтым, што „Отдых” — „адзінае ў Беластоку месца, дзе можна рускаму чалавеку знайсці адпачынак сярод блізкіх яму духу людзей” і што гурток гэты толькі і „дае магчымасць рускаму духу існаваць на ўскраіне”48. Аднак адпачынак для чыноўнікаў часта набываў формы выключна гульні ў карты. У снежні 1912 г. гродзенскі губернатар атрымаў калектыўную скаргу ад некалькіх чыноўніцкіх жонак, што іхнія мужы трацяць там вялікія грошы і „таксама гэтая згубная гульня змяншае працаздольнасць многіх чыноўнікаў і тым самым прыносіць вялікую шкоду ўраду”49. У адказ на запыт начальніка губерні паліцмайстар прызнаў, што азартныя гульні „часам здараюцца, але будуць выкараненыя”50. Справаздача аб дзейнасці гуртка за 1912 г. сведчыць аб тым, што былі арганізаваныя 3 маскарады і 2 дзіцячыя вечары для сем’яў чыноўнікаў. Прыбытак гуртка склаў 8 667 рублёў, з іх 1 100 склалі сяброўскія складкі, 1 193 штрафы, якія накладаліся на тых служачых, што пакідалі памяшканне гуртка пасля поўначы, 339 рублёў прынёс більярд, 250 — уваходныя білеты, 108 — лато. Але асноўны даход прыносілі картачныя гульні — 3 082 рублі. Выдаткі гуртка дасягнулі 7 475 руб. З іх 2 771 руб. пайшлі на рамонт памяшкання, 512 — на прыслугу, 217 — на асвятленне, 149 — на падпіску часопісаў. Для набыцця новых картаў спатрэбілася 1 034 руб. Пры гуртку „Отдых” функцыянавала бібліятэка, у якой чыноўнікі маглі пачытаць наступныя часопісы: „Вестник Европы”, „Русские богатства”, „Исторический вестник”, „Современный мир”, „Старые годы”, „Пробуждение”, „Синий журнал”, „Огонёк”, „Нива”, „Ополон”, „Новое время”, „Варшавский дневник”, „Речь”, „Русское слово”, „Виленский вестник”, „Голос Белостока”, „Северо-Западная жизнь”51.
У другой палове ХІХ ст. — на пачатку ХХ ст. у складзе чыноўніцкага корпусу дзяржаўных устаноў Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў адбываюцца істотныя змены. У сярэдзіне ХІХ ст. большасць служачых, асабліва сярэдняга і ніжэйшага звяна, належала да мясцовых ураджэнцаў, пераважна дробнай шляхты каталіцкага веравызнання. Пасля паўстання 1863 г. царскія ўлады кардынальна змяняюць склад павятовага чыноўніцтва шляхам замены многіх чыноўнікаў-католікаў на выхадцаў з цэнтральных губерняў імперыі, надаўшы апошнім істотныя ільготы. На пачатку ХХ ст. большасць чыноўніцтва ізноў складалі мясцовыя ўраджэнцы беларусы, пераважна выхадцы з праваслаўнага сялянства і мяшчанства. Паступленне на дзяржаўную службу фактычна азначала для іх поўную ці частковую асіміляцыю, пераход на расійскую мову і засваенне расійскай нацыянальнай свядомасці ў яе афіцыёзным варыянце. Разам з тым пэўная частка беларускага паводле паходжання чыноўніцтва магла пры змене палітычных варункаў, што адбылося пасля краху царскай імперыі, папоўніць шэрагі нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. Але гэта ўжо прадмет іншага даследавання.
Streszczenie
W połowie XIX w. wśród urzędników carskich w obwodzie białostockim dominowali katolicy, tworząc niemal 80 proc. kadr. W końcu tego stulecia sytuacja uległa zasadniczym zmianom. Dominującą grupą wyznaniową stali się prawosławni, zaś narodowościową Białorusini.
1 Полное Собрание Законов Российской Империи (далей: ПСЗ РИ), собрание 2, том 7, № 5293.
2 ПСЗ РИ, собр. 2, т. 7, № 5861.
3 ПСЗ РИ, собр. 2, т. 17, № 15507.
4 ПСЗ РИ, собр. 3, т. 10, № 8463.
5 ПСЗ РИ, собр. 2, т. 6, № 4982.
6 ПСЗ РИ, собр. 2, т. 7, № 5746.
7 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі у Гродне (далей: НГАБ у Гродне), фонд 1, вопіс 22, справа 7077, аркуш 6.
8 С. Шолкович, Сборник статей разъясняющих польское дело по отношению к Западной России, вып. 2, Вильно 1887, с. 293.
9 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 22, с. 801, а. 1.
10 ПСЗ РИ, собр. 2, т. 31, № 30885, 30886.
11 НГАБ у Гродне, ф. 1, ф. 22, с. 801, а. 1.
12 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2145, 2146, 2147, 2148, 2152, 2155.
13 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2148, а. 364.
14 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2148, а. 551.
15 Там жа, а. 307.
16 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2148, а. 357.
17 Там жа, а. 526.
18 Там жа, а. 904.
19 Там жа, а. 793-994.
20 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2148, а. 875.
21 П. Бобровский, Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния, Санкт-Петербург 1862, т. 2, с. 729.
22 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 863.
23 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 13, с. 1398, а. 88.
24 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 13, с. 1436, а. 1.
25 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 6, с. 1999, а. 2
26 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 26, с. 100, а. 42.
27 ПСЗ РИ, собр. 2, т. 39, № 40582, 40655, 40806, 41035, 41236.
28 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 13, с. 1455, а. 68-84.
29 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 26, с. 100, а. 4.
30 Там жа, а. 13.
31 ПСЗ РИ, собр. 2, т. 41, № 42328а.
32 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 22, с. 1574, а. 9.
33 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 6, с. 511, а. 1-42.
34 Адрес-календарь Виленского генерал-губернаторства на 1868 г., Санкт-Петербург 1868.
35 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2305, 2306, 2308.
36 Первая всеобщая перепись населения российской империи, ч. ХІ, Гродненская губерния, 1904, с. 228-229.
37 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2355, 2357, 2358, 2360, 2368, 2369, 2370, 2371.
38 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2368, а. 159-179.
39 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2360, а. 247-254.
40 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2360, а. 172-183.
41 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2355, а. 491.
42 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2357, а. 279.
43 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2357, а. 233-235.
44 Там жа, а. 279.
45 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 18, с. 1270.
46 НГАБ у Гродне, ф. 103, в. 1, с. 104, а. 2.
47 НГАБ у Гродне, ф. 103, в. 1, с. 104, а. 2.
48 НГАБ у Гродне, ф. 103, в. 1, с. 104, а?.
49 Там жа, а. 56
50 Там жа, а. 57
51 Там жа, а. 62.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|