БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 11

Грыневiчы-Вялiкiя — нарыс гiсторыi праваслаўнага прыхода

Дарафей Фiёнiк
(Бельск-Падляшскі)

Грыневiчы каля Бельска-Падляшскага складаюць два асобныя пасяленнi: Грыневічы-Вялікія і Грыневічы-Малыя [у мясцовым вымаўленні: Грыневiчы-Вэлiкi i Грыневiчы-Малые (даўней: Заднi)]. Лёс гэтых двух сёл быў практычна непадзельны, аднак жа большую ролю ў гiсторыi адыгралi Грыневiчы-Вялiкiя. Тут жа з даўнiх часоў знаходзiлася царква св. Прарока Iлii, галоўны аб’ект нашага зацiкаўлення.

Разнастайнае па прыродзе i краявiдзе наваколле Грыневiч ужо ў каменным веку было месцам абжытым. Пагоркi-камы, працяг гацькоўскiх пасляледавiковых узвышшаў ды далiны рэк Белай і Арлянкi спрыялi актыўнаму тут пасяленчаму руху. Непадалёк сутокаў Белай i Арлянкi ў пачатку 20-х гадоў нашага стагоддзя адкрытая была стаянка чалавека эпохi неалiту. Зыгмунт Шмiт, якi праводзiў раскопкi, на аснове знойдзенай тут керамiкi аднёс яе да насельнiцтва балтыйскай групы1. Альжбета Кэмпiсты грыневiцкую керамiку палiчыла сходнаю з керамiкай наднёманскага тыпу (параўнаўчы матэрыял з Беларусi паходзiць з III i пачатку II стагоддзяў да н. э.2

Апрача вырабу керамiкi, у пазнейшы перыяд тутэйшыя жыхары займалiся жалезным промыслам. Можа пра гэта сведчыць iснаванне каля Грыневiч-Вялiкiх урочышча з характэрнаю назваю „Рудплавiска”3. Iншыя цiкавыя вывады прыносяць доследы могiльнiкаў з наваколля Грыневiч. Адкрытыя З. Шмiтам ды, пасля II сусветнай вайны, Тэрэсай Дамброўскай магiлы змешанага могiльнiка належаць як да пшэворскай, так і да зарубiнецкай культур. Сведчыць гэта пра дэмаграфiчныя змены, якiя адбываліся на нашых землях у ранні перыяд жалезнага веку.

З могiльнiкавых помнiкаў пазнейшай эпохi з тэрыторыi Грыневiцкага прыхода можна вылучыць сярэдневяковы могiльнiк, што знаходзiцца каля вёскi Белая. Могiльнiк распаложаны на высокiм беразе далiны ракi Белай; цяпер часткова заараны. Можна тут яшчэ пабачыць камень з высечаным грэчаскiм крыжам.

У Х-ХIII ст.ст. стараннем рускiх князёў буйнее горад Бельск. Адбудаваны пасля мангольскiх знiшчэнняў, ужо ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм узмацняецца як гарадскi i абарончы цэнтр. У горад i яго наваколле прыбываюць новыя пасяленцы, часта з канкрэтнымi мэтамi. Так пiсаў пра гэта Ежы Вiснеўскi: „Władcy litewscy, aby umocnić swe panowanie na tych ziemiach, osadzili pod grodami i na szlakach głównych dróg pewną ilość wsi bojarów pochodzenia litewskiego i ruskiego, zobowiązanych do służby wojennej i zamkowej. Powstały osobne wysepki bojarskie litewsko-ruskie. Pod Mielnikiem tworzyła je wieś Moszczona, pod Drohiczynem Putkowice i Tąkiele, pod Bielskiem Hryniewicze”4.

Падобны вывад знаходзiм i ў вядомым творы бельска-вiленскага гiсторыка Язэпа Ярашэвiча. У Obrazie Litwy пiша ён: „ (...) pojedynczy bojarowie dosługiwali się w wojsku szlachectwa, tak i całe osady bojarskie po szczegółowej wyprawie ogółem otrzymywali szlachectwo. O bytności takich osad natrąca też sama ustawa włóczna, ale wyraźniejszy tego przykład mamy na Podlasiu, gdzie dotąd kilka jest jeszcze okolic szlacheckich, których mieszkańcy, dziedziczne swe zaszczyty, winni są męstwu pradziadów. Byli to bojarowie w Hryniewiczach (Hornewicze), na Białej, na Woroniem, w Hoźnie za Narwią, w Bańkach, którzy jak się z przywileju Zygmunta Augusta r. 1569 na sejmie unijowym w Lublinie wydanym okazuje, należące przedtem do przesądu Zamku bielskiego i załogę jego składając, tym przywilejem od jurysdykcyi i służby zamkowej uwolnieni, już na dworze brańskim, zarówno z inną szlachtą sądzić się mieli”5.

Першыя датаваныя весткi пра Грыневiчы i iх жыхароў паходзяць аднак толькi з ХVI ст. 14 мая 1569 года грыневiцкая шляхта, з ўсёй шляхтай Бельскай зямлi далi ў Бельску прысягу на вернасць Польскай Кароне. У акце прысягi пералiчаны прозвішчы 48 чалавек з Грыневiч. Tут жа ўсе яны прыпiсаны „de parochia Ruszka” (значыць, да парафii рускай-праваслаўнай). Большасць пералiчаных у акце жыхароў Грыневiч насіла характэрныя царкоўныя, рускiя iмёны, якiя ў лацiнскiм арыгiнале запісаны наступным чынам: Аlexius, Sienko, Nikolaus, Ostapko, Chwiedor, Iwan, Onisz, Hricz, Siemion, Ihnath, Opanas, Anchim, Makar, Trochim i iншыя6.

* * *

Акт 1569 года ўскосна паказвае нам на iснаванне праваслаўнай царквы ў Грыневiчах. Грыневiцкая шляхта ўжо даўно да гэтага магла заснаваць уласны прыход. Першая дакументальная вестка пра храм паходзiць, аднак, толькi з 1571 года. 14 чэрвеня свяшчэннiк Iліiнскай царквы ў Грыневiчах а. Фёдар Яцковiч купiў ад тутэйшага землеўладальнiка Лазкi Мацкевiча двор разам з пабудовамi. „Купчую грамоту”, якую спiсваў тагачасны бельскi дзяк Хведар Васiлевiч Хмарыч сваiмi пячаткамi пацвердзiлi iншыя грыневiцкiя землеўладальнiкi Ячко Васiлевiч Астрынскi ды Мiхал Пракаповiч. Пры спiсваннi акта ўдзельнiчалi таксама iншыя грыневiцкiя шляхцiцы Мiхал Анiсевiч (Онісэвіч) ды Сенька Тытовiч7.

Не ведаем, цi а. Фёдар Яцковiч дачакаў у Грыневiцкiм прыходзе падпiсання Берасцейскай унii. Не ведаем i часу пераходу Iлiiнскай царквы ў фактычнае падпарадкаванне унiяцкаму епiскапу. Мабыць, адбылося гэта неўзабаве пасля 1596 года. Грыневiцкая шляхта, у новых рэлiгiйна-палiтычных умовах, пазбаўленая паўнаты грамадзянскiх правоў, прымала унiю, а пасля i рымскі каталiцызм. Да палавiны ХVII ст. яшчэ большасць роду Грынявiцкiх верная была ўсходняй Царкве. У дакуменце ад 1640 года знаходзiм iмёны 17 грыневiцкiх шляхцiцаў. Частка з iх носiць характэрныя рускiя iмёны: Iван, Хведар, Фiлiмон, Грыч, Пракоп, Iгнат, Мiкалай8. Пры некаторых iмёнах дадзеная таксама мянушка Гаеўнiк.

У II палавiне ХVII ст. актыўныя i дзейныя Грынявiцкiя, якія хочуць набiлiтавацца, паступова прымаюць рымакаталiцызм. Таму з часам i знаходзiм iх на розных высокiх пасадах. У 1674 г. Павал Грынявiцкi выступае як скарбнiк Бельскай зямлi. Ягоным наступнiкам з’яўляецца Францiшак Грынявiцкi, якi ў 1697 г. стае дэпутатам „ad pacta conwenta” Аўгуста II. У гэты час Мiхал Грынявiцкi выступае як пробашч Камянецкай кафедры, луцкi канонiк ды каронны дэпутат. Адным з найбольш славутых прадстаўнiкоў роду быў Павал сын Мiхала. Каспар Нясецкі ў „Гербарыі” піша: „Tenże podpisał elekcyą Stanisława Augusta Króla z województwem podlaskim. Idąc w swem województwie przez stopnie zasług, obrany jednomyślną zgodą obywateli podkomorzym ziemi Bielskiej, i od Króla Stanisława Augusta orderem św. Stanisława zaszczycony”9.

У пачатку ХVII ст. большасць прыхаджан Свята-Iлiiнскай царквы ў Грыневiчах была сялянамi з вёсак Катлы, Арлянка, Белая ды Суботка. У Вiзiтацыi царквы ад 1727 года знаходзiм таксама Грыневiчы-Вялiкiя, Грыневiчы-Меншыя ды Грыневiчы-Махнiкi (?). Невядома дзе знаходзiлася яшчэ адна, згаданая ў дакуменце вёска — Лычана10. У наваколлi не знаходзiм урочышча з такою назвай.

Вiзiтацыя ад 1727 г. дае нам першае апiсанне грыневiцкага храма. Пабудаваная ў ХVII ст. невялiкiх памераў драўляная царква мела адзін купал ды чатыры крыжы на даху. Званiца, на якой былi завешаныя тры званы 1664 года11, стаяла асобна. У інтэр’еры храма прыцягвае ўвагу прысутнасць трох’яруснага iканастаса, якi мог быць пабудаваны яшчэ да 1596 года. Цэнтральнае месца ў iм займалi царскiя вароты „snicersko rznięte między kolumny z pozłotą bez żadney accomodacyi...”. Над царскiмi вратамі i чатырма меснымi iконамi знаходзiм iкону Тайнай Вячэры, Дэiсiс ды iконы апосталаў. Трэцi рад iканастаса складала восем вялiкiх iкон, зместу якiх вiзiтацыя не апiсвае. У храме знаходзiўся таксама другi iканастас, у прыбудаванай пры алтарнай частцы каплiцы Увядзення ў Храм Прасвятой Дзевы Марыi12. Апрача прыгожых iканастасаў храм быў багаты старадаўнiмi iконамi.

У грыневiцкай царкве не бракавала таксама адпаведнага лiтургiчнага начыння ды кнiг. У 1727 г. знаходзiм тут тры сярэбраныя пазалочаныя чашы ды прыгожа апраўленае сярэбранымi таблiчкамi Евангелле in folio. На вылучэнне заслугоўвуюць таксама рукапiсныя кнігі: Апостал, Мiнея Празнiчная ды Трыодзь in folio i друкаваны ў Вiльнi Служэбнiк in folio.

Адносна багатае ўбранства храма ў вялiкай ступенi было заслугай ктiтараў — грыневiцкай шляхты, якая, хаця спаланiзаваная i акаталiчаная, яшчэ нейкi час памятала пра свае каранi, стараючыся даказваць гэта ахвярнасцю для Царквы. Прыход быў уласнiкам каля дзесяцi ўчасткаў зямлi, ахвяраванай у розныя перыяды тутэйшымi землеўладальнiкамi. Найбольш, бо ажно тры ўчасткi ахвяраваў пан Маркевiч. У 1711 г. была пацверджана „Prezenta od Roznych Ich M. JM Collatorow Szlachty wszytkich”13.

Апрача зямельных надзелаў царква атрымлiвала таксама немалыя грашовыя ахвяраваннi. У 1771 г. Ян Гаеўнiк Грынявiцкi перадаў Iлiiнскай царкве грашовы фонд, раўнаважны 75 руб. з адначасовым запаветам служыць у год 36 Лiтургiяў у ягоную памяць. Другiм буйным ахвярадаўцам быў а. Уладзiслаў Шумiкоўскi, якi ў 1792 г. даручыў царкве 150 руб. Працэнтамі ад гэтых сум, забяспечаных на маёнтках у Грыневiчах i Суботцы, царква карысталася яшчэ ў 1873 г.14 Айцец Уладзiслаў Шумiкоўскi разам з жонкаю Анастасiяй былi таксама ахвярадаўцамi найбольшага 15-пудовага звана15.

З надпiсу на зване вынiкае, што а. Уладзiслаў Шумiкоўскi быў настаяцелем грыневiцкай царквы ў 1751 годзе. Яго непасрэдным папярэднiкам быў вiдавочна а. Раман Рэшчыц, настаяцель храма з часоў генеральнай вiзiтацыi 1727 г. Пад 1788 годам з метрыкi чыжоўскай царквы даведваемся, што настаяцелем (парохам) царквы ў Грыневiчах быў а. Мiкалай Данiловiч16, бацька прафесара Iгната Данiловiча (1788-1845). Айцец Мiкалай, свяшчэннiк рускага, шляхецкага паходжання, быў жанаты з Дамiцэляй Мiхневiчовай, дачкой бранскага пароха. Дом ягоны быў наогул польскамоўны, а род — падзелены памiж унiяцкай Царквою i рымска-каталiцкiм Касцёлам (брат а. Мiкалая, Мiхал, быў каталiцкiм ксяндзом, а затым супрасльскiм унiяцкiм епiскапам).

У такой культурнай, дуалiстычнай атмасферы выхоўваўся сын а. Мiкалая — Iгнат, пазнейшы прафесар Вiленскага унiверсiтэта, карпатлiвы даследчык рускай, вялiкалiтоўскай мiнуўшыны. Дзесяць першых гадоў жыцця Iгната Данiловiча прайшло ў баярскiх Грыневiчах, пад покрывам магутнага Бельска. Тут Iгнат пазнаваў першыя гукi роднай мовы, тут у царкоўцы ўпершыню дакранаўся да духоўнасцi нацыi, яе даўнiны i традыцыi. Грыневiчы далi яму добрае натхненне для так плённай, будучай працы.

* * *

У 1839 г., калi грыневiцкая царква вярнулася ў праваслаўе, настаяцелем быў а. Станiслаў Асташэвiч. Амаль усе сяляне з Катлоў, Белай цi Арлянкi беспраблемна вярнулiся ў веравызнанне продкаў. Шляхта ў большасцi выпадкаў блiжэйшым палiчыла рымска-каталiцкi касцёл. Працэс канчатковага адыходу грыневiцкай шляхты ад усходняй царквы наглядаецца ў дэмаграфiчных даных. Калi ў 1828 г. прыход налiчваў 568 вернiкаў17, дык у 1847 г. было iх толькi 556, у тым лiку 281 мужчын i 275 жанчын18. На адмоўныя дэмаграфiчныя працэсы ў гэтым перыядзе паўплываў, аднак, не толькi адыход часткi прыхаджан ад Царквы, але i эпiдэмiя халеры, якая сабрала страшнае жнiва на Падляшшы ў 1830 годзе.

У 1847 г. а. Станiслава Асташэвiча на Грыневiцкiм прыходзе замяняе а. Платон Ральцэвiч, якi служыць тут да канца 1863 г. Разам з прыхаджанамi ў 1862 г. праводзiць капiтальны рамонт царквы i званiцы. Трэба адзначыць, што тагачасны храм не быў ужо тым, якi ведаем з апiсання 1727 года. Вiдавочна той храм згарэў, бо ўнутранае ўбранства царквы II пал. ХIХ ст. даволi беднае. „Главная опись”, складзеная ў 1892 годзе вось так яго апiсвае: „Церковь имеет вид прямоугольника с небольшим притвором, сделанным из досок. Ризница приделана с левой стороны. Стены церкви снаружи и с внутри обиты досками, крыша гонтовая, на ней, на середине, сделан небольшой, деревянный купол, обитый белою жестью, с железным на вершине крестом... Пред входом в церковь, на левой стороне, построена на четырех столбах, скрепленных поперечными перекладинами — кокольня в виде башни... Иконостас деревянный столярской работы, окрашен белыми масляными красками под лак с позолоченною по местам резьбой и увенчан позолоченным деревянным крестом, в один ярус”19.

Тагачасны iканастас, хаця небагаты ў параўнаннi з трох’ярусным iканастасам 1727 г., звяртаў, аднак, увагу сваёй старадаўняй арыгiнальнасцю. Заўважыў яго ў сваёй працы сам Павал Пакроўскi20. Апiсальнiк iканастаса з 1881 г. вельмi, аднак, крытычна аднёсся да яго выгляду: „(...) топорной работы иконостас, в котором кроме двух местных, довольно благообразных икон, было размещено, без всякой симетрiи, многое множество, разнаго рода, разнаго достоинства и разнаго размера”21.

Рамонту патрабавала не толькi царква, але i прыхадскi дом. Гэты апошнi быў годны толькi разборкi. У 1870 годзе стараннямi а. Уладзiмiра Маркевiча (ад 1866 г. настаяцеля Грыневiцкага прыхода) ды прыхаджан будуецца новы дом22. Стае ён на традыцыйным месцы, над ракою Белай. Каб дабрацца да царквы, распаложанай на пагорку сярод залiўных лугоў, трэба было пераходзiць два масткi i грэблю. Вясною цi мокрай восенню, калi Белая разлiвалася, свяшчэннiку i прыхаджанам часта даводзiлася дабiрацца ў храм чаўнамi.

Распалажэнне грыневiцкай царквы на так недаступным месцы з загадкавай назваю „Стояхново” вiдаць не выпадковае. Сярэдневяковыя продкi маглi тут заснаваць зручнае абарончае гарадзiшча з храмам на iм. Брак археалагiчных доследаў не дазваляе праверыць гэтую прадпасылку.

Тым часам дворская частка Грыневiч, дзе знаходзiўся маёнтак Саковiчаў, з 1864 года пачынае жыць новым жыццём. Не маючы нашчадкаў, Ян Саковiч выстаўляе маёмасць на продаж. Бесканкурэнтнымi пакупнiкапi 113-цi дзесяцiн зямлi ды дворска-паркавай часткi маёнтка становяцца чатырнаццаць гаспадароў, пераважна з Аўгустова каля Бельска: Навiцкiя, Ляшэвiчы, Заброцкiя, Бусловiчы, Садоўскiя i iншыя. Новыя жыхары Грыневiч адразу становяцца дарагiмi Царкве прыхаджанамi.

Згаданы раней а. Уладзiмiр Маркевiч у 1874 годзе пачаў абнаўленне храма. Быў ён ашаляваны ды памаляваны ўнутры алейнымi фарбамi. Перабудавалi таксама iканастас23. Следам за рамонтам прыхаджане пачалi актыўна ахвяроўваць царкве лiтургiчнае начынне, аблачэннi ды iншыя прадметы. Айцец Уладзiмiр умеў згуртаваць людзей пры царкве. На жаль, заўчасная ягоная смерць у 1880 г. не дазволіла здзейснiць усе намеры. У некролагу, якi памясцiлi „Литовскiе Епархiальные Ведомости” падкрэслiваецца актыўнасць маладога святара ў духоўным i асветна-культурным жыццi прыхода. Глыбокiя, кранальныя пропаведзi гаварыў ён на „простом наречьи”. Гэта спрыяла добрым i блiзкiм адносiнам да свяшчэннiка24.

Наступнiкам памерлага а. Уладзiмiра стаў а. Iаан Пiсканоўскi. Высокаадукаваны, як у багаслоўскiх, так i ў фiласофскiх ды фiзiка-матэматычных навуках а. Iаан дасканала разумеў важнасць пiсьмовай адукацыi сваiх прыхаджан. Яго стараннямi ў 1884 г. у найбольшай вёсцы прыхода — Катлах была адкрыта царкоўна-прыхадская школа. Школа адразу атрымала грамадскае памяшканне25. Доўгi час навучалася ў школе не больш 30-цi дзяцей. Нейкi час усе школьныя заняткi вёў мясцовы псаломшчык. Калi ў 1895 годзе быў пабудаваны i пасвячаны новы будынак, школа мела ўжо свайго пастаяннага настаўнiка. Быў iм Карнiл Саўчук26. Закону Божага ў школе вучыў а. Iаан, якoга ў 1896 г. назначылi наблюдателем царкоўна-прыхадскiх школ у Бельскiм павеце.

Вядома, школа была таксама важным цэнтрам культурнага жыцця прыхода. Да нашых дзён дайшло апiсанне святочнай ёлкi 1899 г. у той жа катлоўскай школе. Апрача дзiцячых вершаў, царкоўных спеваў, гучалi на ёлцы i велiчальныя словы для расiйскага iмператара, напрыклад, песня „Славься, славься наш русскiй Царь”27.

Адначасова з развiццём школьнiцтва таксама грыневiцкая царква ўзбагачаецца новымi ахвяраваннямi. Паступаюць грошы, купляюцца новыя аблачэннi, а ў 1894 годзе дабудоўваецца званiца над прытворам. У гэтым жа годзе ў храм купляецца новае панiкадзiла коштам 50 руб.28 Варта таксама адзначыць ахвяру 100 рублёў ад а. Iаана Сяргеева (св. Iаана Кранштацкага)29. Сярод прыхаджан у ахвяраваннях вылучалiся асаблiва багатыя жыхары Грыневiч-Двара: Я. Бусловiч, А. Ляшэвiч, А. Навiцкi ды Я. Садоўскi, якiя ахвяравалi храму тры пары святарскiх аблачэнняў.

У апошнiм дзесяцiгоддзi ХIХ ст. Грыневiцкi прыход узбагацiўся новай каплiцай у гонар Пакровы Божай Мацi i св.св. Братоў Макавеяў. Узведзена яна была ў 1892 г. на месцы з’яўлення жыхаркам Арлянкi Божай Мацi. Каплiчка стаiць да сёння на невысыхаючай крынiцы з цудатворнай вадою. Яшчэ перад эпохай мелiярацыi было тут ледзь праходнае балота, мелi прыстанiшча вадзяныя птушкi. У 1985 годзе адсюль была ўкрадзена старадаўняя iкона Багародзiцы.

У 1899 годзе, у 47-гадовым узросце, памiрае а. Iаан Пiсканоўскi. Яго наступнiкамi сталi па чарзе а. Мiхал Жукоўскi, а. Мiкалай Сасноўскi, а. Павал Страшкевiч, а. Арсенiй Шырынскi ды а. Зiновiй Чаквiн, якому прыйшлося разам з прыхаджанамi падацца ў бежанства.

* * *

У ваенным 1914 годзе некаторыя мужчыны Грыневіцкага прыхода былi мабiлiзаваны ў армiю. Нiшто аднак не прадвяшчала, што неўзабаве амаль усе праваслаўныя жыхары пакiнуць родныя дамы i гаспадаркi. У лiпенi 1915 г. пачаўся вялiкi рух на тракце з Бельска ў Нарву, што пралягаў побач Катлоў. Войска, а таксама i цывiльныя грамадзяне перамяшчалiся на ўсход. Пад канец лiпеня прыхадскi, грыневiцкi клiр пачаў рыхтавацца да эвакуацыi. Перш за ўсё былo знятых сем званоў. 31 лiпеня былi яны адпраўлены са станцыi Бельск у маскоўскi артылерыйскi склад30. У наступных днях да эвакуацыi рыхтавалася iншая, цэнная, царкоўная маёмасць. 6 жнiўня, якраз на свята Праабражэння Гасподня жыхары Грыневiч i Катлоў падалiся ў бежанства. Праз два-тры днi на лiнii ракi Белай затрымаўся нямецка-расiйскi фронт. Некалькi дзён iшлi ўпорныя баi31. У разгары бiтвы апынулася грыневiцкая царква. На няшчасце, царква з яе даволi высокай званiцай, да таго распаложаная на пагорку, служыла наглядальным пунктам для расiйскiх войскаў32. 9 жнiўня немцы выстралiлi ў яе напрамку запальныя снарады i яна, як запiсаў а. Зiновiй Чаквiн, згарэла „со всем находящимся в ней имуществом”33.

Бежанства для грыневiцкiх прыхаджан было адным з найцяжэйшых выпрабаванняў за апошнiя стагоддзi. Цяжкая дарога, пражыванне на чужыне, жудасцi рэвалюцыi, вяртанне ў разбураныя вёскі — усё гэта многім стала перажываннем не пад сiлу. Супрун Кавярда, даваенны настаўнiк, ураджэнец Катлоў у газеце „Наша думка” кранальна апiсваў пасляваенны выгляд роднай вёскi i лёсы яе жыхароў: „Амаль не на палову вёска знiшчана пажарам. Згарэла ўся левая старана вулiцы калi iсьцi ад Бельска. Гумны зьнiшчаны на дзьве трэцi, толькi пасяродак ухаваўся. Уцэлела й школа, што была даўней прыгажством вёскi. Ды цяпер, бяз вокнаў i дзвярэй, яна моцна засмучаець сваiм выглядам. Вярнулiся дагэтуль 42 сям’i (выехала ўсяго 98 сем’яў). Але як вярнулiся? Старыя й дзецi блiзка што паўмiралi ў дарозе... Шмат паўмiрала ўжо вяруўшыхся, галоўным чынам ад тыфуса. Памерлi Пацэвiч, Жукоўскi, Гаўрылюк, людзi саўсiм маладыя. Ад сям’i Карнiла Сахарчука, сям’i ў 10 душ, застаўся толi 1. Некаторыя сямействы саўсiм павымяралi... Трапiлась даведацца, што самым цяжкiм часам для паварочаных бежанцаў была зiмка 1918-1919 г. Калi-б не амэрыканскiя камiтэты помачы, то ўсе бы ўцалелыя ад доўгiх туляньняў па сьвеце дзецi напэўна не перажылi-б гэтае зiмы, загiнуўшы ад голаду i хвароб. На жаль, гэтае падмогi цяпер тут болей не даецца. Кажу на жаль, бо i цяпер яшчэ надта многа дзяцей тут галадуе”34.

Пасля пажару царквы i эвакуацыi амаль усiх прыхаджан Грыневiцкi прыход фактычна перастаў iснаваць. Не ўдалося яго аднавiць i пасля вяртання яго жыхароў з бежанства. Паводле планаў дзяржаўных улад, прыход у 1921 г. быў лiквiдаваны i далучаны да прыхода Прачысценскай царквы ў Бельску. У ведамстве настаяцеля гэтай царквы а. Васiлiя Кастыцэвiча апынулася справа рэвiндыкацыi маёмасцi грыневiцкай царквы. 4 лiпеня 1923 г. а. Зiновiй Чаквiн паведамляў з Крынак а. Васiлiю Кастыцэвiчу аб тым, што дзякуючы намаганням Сымона Якавюка з Беларускага пасольскага клуба званы з Грыневiч знаходзяцца ўжо ў Варшаве. Званы можна было ўзяць, аднак, толькi за высокай платай — 4 500 марак за кiлаграм. Званы прыход канчаткова выкупiў35.

Па-рознаму склаўся лёс iншага царкоўнага ўбранства, што было эвакуiраванае або схаванае на месцы. Запрастольны i напрастольныя крыжы, усё лiтургiчнае начынне, Дарахранiцельнiца, некалькi пар аблачэнняў, харугвы, плашчанiца, некалькi падсвечнiкаў, Евангелле друку 1879 г. пасля вайны трапiлі ў царкву ў Ласiнцы36.

Царкоўную зямлю (41,95 га) у мiжваенны перыяд пераняла Дырэкцыя дзяржаўных лясоў з Седльцаў. Зямлю гэтую далi ў арэнду некалькiм гаспадарам з Грыневiч. У 1928-36 гадах, калi ў Грыневiчах-Вялiкiх праводзiлася камасацыя зямель, узнятая была таксама справа продажу цi перадачы гаспадарам царкоўнай зямлi на ўласнасць.

Варта адзначыць, што ў 1928 годзе ў Грыневiчах-Вялiкiх было 60 гаспадароў (з гэтага больш за 20 праваслаўных сем’яў). Найбольшымi гаспадарамi былi тады Афанасiй Навiцкi — 41 га, Баляслаў Грынявiцкi — 22 га, Iосiф Садоўскi — 22 га, Рыгор ды Кiпрыян Навiцкiя па 18 га.

Мiнулi гады II сусветнай вайны. Сярод жыхароў, галоўным чынам Катлоў, узнiкла iдэя адбудовы спаленай царквы. Паводле ўспамiнаў, стараннi па яе адбудове пачалiся адразу пасля вайны, у час пeрасялення некаторых сем’яў у БССР. Для пабудовы верныя з Катлоў закупiлi хату ў Трасцянцы каля Нарвы. Прывезлi яе i паставiлi на грыневiцкiх могiлках. У доме была наладжана каплiца, якую верныя лiчылi, аднак, часовай. Марылi пра адбудову храма даўняй велiчынi. Iх намеры пачалi здзяйсняцца ў 1956 г.

У лiпенi 1956 г. часовую каплiцу разабралi i на яе месцы пабудавалi большых памераў храм. Матэрыялам паслужыла вялiкая сялянская хата, купленая ў вёсцы Войшкi. Новую пабудову жыхары Катлоў i Грыневiч здзейснiлi на працягу аднаго дня. Пабудова без дазволу царкоўных ды свецкiх улад выклiкала адразу хвалю рэакцый. 1 жнiўня 1956 г. бельскiя павятовыя ўлады выклiкалi а. Мiкалая Крукоўскага, настаяцеля Прачысценскай царквы ў Бельску з мэтаю высветлiць справу грыневiцкай царквы. Рэферэнт па справах веравызнанняў паведамiў святару, што пабудова апячатаная i адпраўляць у ёй багаслужбы забараняецца. Якраз 2 жнiўня мела адбыцца традыцыйнае прыхадское свята св. Iлii Прарока. Свята, вядома, адбылося, але службу адпраўлялi перад апячатанай каплiцай37.

Да канца жнiўня быў зроблены патрэбны для атрымання дазволу план царквы. Не ліквідавала гэта напружанай сiтуацыi, якая стварылася вакол грыневiцкай царквы. 24 верасня 1956 г. Управа па справах веравызнанняў у Варшаве пераслала ў праваслаўную Мiтраполiю лiст у гэтай справе. Мiтрапалiт у сваю чаргу „dał zarządzenie W. Księdzu dziekanowi niezwłocznie wyjaśnić, dlaczego taki wypadek zaistniał wbrew przepisom Władz Państwowych”38.

Неўзабаве а. Мiкалай Крукоўскi паслаў у Мiтраполiю даволi падрабязны паясняльны лiст. З цягам часу справа грыневiцкай царквы пачала залагоджвацца. Прыхаджане даводзiлi будынак да парадку, узбагачалi яго новым убранствам39. Над прытворам была дабудавана званiца. На ёй былi завешаны, між iншым, два званы са старой грыневiцкай царквы, якiя з 1923 г. перахоўвалiся ў Бельску.

Царква св. Iлii Прарока ў далейшым з’яўляецца фiлiяльным храмам Прачысценскага прыхода ў Бельску. Урачыстыя багаслужэннi адбываюцца тут у дзень прастольнага свята 2 жнiўня, у свята Увядзення ў Храм Дзевы Марыi, на трэцi дзень Хрыстовага Нараджэння, трэцi дзень Пасхi, трэцi дзень Святой Тройцы ды суботу перад нядзеляй аб Самаранцы. Тады прыхаджане з Катлоў спаўняюць традыцыйны абход палёў40. Свой абход маюць таксама Грыневiчы.

Вёскi былога Грыневiцкага прыхода за апошнiя дзесяцiгоддзi вельмi абязлюднелi. Асаблiва гэтую крызiсную дэмаграфiчную сiтуацыю наглядаецца ў Катлах i Грыневiчах-Двары. Прывязанасць да веры продкаў i пашанаванне традыцыi, аднак, абнадзейваюць, што гэтыя мясцовасцi, фактычнае прадмесце Бельска, пачнуць iзноў дыхаць паўнатою жыцця.


1 Z. Szmit, Sprawozdanie z poszukiwań archeologicznych w Hryniewiczach Wielkich, „Wiadomości Archeologiczne” 1922, t. 7, s. 107-120.
2 „Rocznik Białostocki”, t. XIII, s. 532.
3 Б. Рудкоўскi, Наваколле Грыневiч, „Нiва” 1989, н﷓р 20.
4 J. Wiśniewski, Osadnictwo Wschodniej Białostocczyzny, „Acta Baltico-Slavica”, 1977, t. XI.
5 J. Jaroszewicz, Obraz Litwy, Wilno 1844, cz. II.
6 Akta Unii Polski z Litwą 1385-1791, Kraków 1932.
7 Акта издаваемые Виленской Археографической Коммиссиею, т. 33, с. 72﷓73.
8 AP w Białymstoku, Księga Grodzka Brańska 1640-1641, k. 239.
9 Kacper Niesiecki, Herbarz Polski, Lipsk 1839.
10 AP w Lublinie, Wizyty dekanatu bielskiego, 1727, sygn. 780, k. 400.
11 tamże, por. Archiwum Cerkwi Preczystieńskiej w Bielsku Podlaskim (dalej: ACP), Главная опись Гриневичской Свято-Илiинской церкви... составлена в 1892 году, к. 1-2.
12 Wizyty..., да сёння ў грыневiцкай царкве ўрачыста святкуецца дзень Увядзення ў Храм.
13 tamże.
14 ACP, Ведомость о церкви Свято-Илiинской, состоящей в селенiи Гриневичах... за 1883 год.
15 На зване, якi цяпер знаходзiцца на званiцы Прачысценскай царквы ў Бельску, можам прачытаць надпiс: „Лета Господня 1751. Сооружи кимвал сей свяшенноiерей Владислав Шумиковскiй со женою своею Анастасiею”, пар.: Главная опись... 1892 г., к. 1v. У 1795 г. а. Уладзiслаў з жонкаю ахвяравалi Прачысценскай царкве ў Бельску суму 150 руб. серабром.
16 Выпiска ў архiве а. Грыгорыя Сасны.
17 Archiwum Diecezjalne w Drohiczynie, Akta Dekanatów Unickich, Ведомость в деканате бельском собранная за год 1828.
18 Нацыянальны гiстарычны архiў Беларусi ў Гродне, ф. 1, воп. 21, адз. зах. 282, л. 42.
19 AСР, Главная опись...
20 П. Покровскiй, Археологическая карта Гродненской Губерни, Вильна 1895.
21 „Литовскiе Епархiальные Ведомости” (далей: ЛЕВ), 1881, н﷓р 7.
22 AСР, Ведомость о церкви Свято-Илiинской состоящей в селенiи Гриневичах... за 1883 год, к. 1.
23 Литовские Епархіальные Ведомости (далей: ЛЕВ) 1881, с. 50.
24 ЛЕВ 1881, с. 50-54.
25 AСР, Ведомость о церкви... за 1886 год.
26 ЛЕВ 1895, с. 184, 500-502.
27 ЛЕВ 1899, с. 112-113.
28 ЛЕВ 1894, с. 234.
29 ЛЕВ 1900, с. 224.
30 AСР, Главная опись... к. 1v.
31 На пачатку Грыневiч-Вялiкiх, з боку Бельска, на пагорку распаложаны могiльнiк нямецкiх i рускiх салдат, загiнуўшых у жнiўнi 1915 г.
32 Сапрон Ковэрда, Па разбураных мясцох Беларусi, „Наша Думка” 1921, н﷓р 9, с. 4.
33 AСР, Главная опись..., к. 1.
34 Сапрон Ковэрда, там жа.
35 AСР, лiст а. Зiновія Чаквiна да а. Васiлiя Кастыцэвiча i ягонай матушкi Сафii Келясцiнаўны ад 4 лiпеня 1923 г. Найбольшы са званоў, падараваны а. Уладзiславам Шумiкоўскiм у 1751 г., да сёння знаходзiцца на званiцы Прачысценскай царквы ў Бельску. Два iншыя старадаўнiя званы знайшлi месца ў грыневiцкай царкве.
36 Глядзі: Главная опись...
37 AСР, копiя лiста а. М. Крукоўскага ў Мiтраполiю з канца верасня 1956 г.
38 AСР, лiст праваслаўнай Мiтраполii да а. Мiкалая Крукоўскага ад 26 верасня 1956 г.
39 Асаблiвую ўвагу у грыневiцкiм храме прыцягваюць царскiя вароты ХVII ст. з рэзбленымi выявамi Евангелiстаў. Былi яны прывезены сюды з Кленiк, дзе некалi знаходзiлiся ў царкве.
40 Традыцыйныя абходы былi забаронены цывiльнымi ўладамi ў 50-я гады i адноўлены на пачатку 90-х.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія