БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 12

Гістарычная дэмаграфія першай сусветнай вайны: бежанства з заходніх губерняў Расійскай імперыі (1914-1917 гг.)

Віталь Карнялюк
(Гродна)

Аб бежанстве заўсёды нагадваюць, калі вядуць гаворку аб падзеях I сусветнай вайны на Усходнім фронце. Пераходзяць з артыкула ў артыкул, з кніжкі ў кніжку адзнакі бежанства, як масавага, у асноўным, неарганізаванага руху насельніцтва, які суправаджаўся вялікімі стратамі людзей, натоўпамі ў гарадах, праз якія ішлі бежанцы, беспарадкам на шляхах і чыгунцы, якія былі непадрыхтаваны да такога велізарнага перамяшчэння людзей у даволі кароткі перыяд часу. З гэтымі характарыстыкамі нельга не згадзіцца, знаёмячыся з крыніцамі аб гэтай падзеі ў гісторыі. Бежанства — жудасная, шматпакутная старонка вайны. Яно закранула амаль усіх, хто знаходзіўся на землях, у прыватнасці, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Таму што, калі хто і не стаў бежанцам сам (быў у войску), то яго сваякі напэўна былі закрануты мерапрыемствамі па ачышчэнню тэрыторый будучых баёў.

Мы паспрабуем, на падставе шматлікіх архіўных крыніц фондаў розных дзяржаўных устаноў названых губерняў, перыядычнага друку таго часу, а таксама шэрагу надрукаваных матэрыялаў, па магчымасці, шматбакова прааналізаваць бежанства, як асобую з’яву I сусветнай вайны. Таксама пастараемся з магчымай дакладнасцю вызначыць, хто і ў якой колькасці апынуўся ў бежанцах і эвакуіраваных. Неабходна паглядзець на бежанства як на вялікі дэмаграфічны рух насельніцтва, які меў не толькі жахлівы выгляд, але і шмат уплывовых вынікаў на развіццё разнастайных палітычных і сацыяльных падзей, якія адбываліся падчас I сусветнай вайны на тэрыторыі Расійскай імперыі, у тым ліку на гэтых пяці губернях. Вайна змяняла насельніцтва — рабіла людзей вайскоўцамі, бежанцамі, акупаванымі. Яна шмат знішчала і руйнавала. Яна змяняла лёсы людзей тых краін, якія ў ёй удзельнічалі. Калі сяляне і рамеснікі, рабочыя і настаўнікі ішлі па мабілізацыі 1914-1916 гг., то да вясны 1917 г. мы вядзем гаворку пра з’яўленне беларускіх вайсковых фарміраванняў сярод разладжанай расійскай арміі1.

Бежанства хвалямі неаднаразова падымала і раскідвала людзей па цэнтральных і ўсходніх губернях Расіі і перапоўніла ўсходнія беларускія землі — Віцебшчыну, Магілёўшчыну і частку Міншчыны. Яно паўплывала на развіццё нацыянальнай самасвядомасці, нацыянальнай арганізаванасці і тоеснасці. Так Ю. Васілеўскі, які пазнаёміў чытачоў газеты „Голас Радзімы” з цікавымі знаходкамі аб розных формах арганізаванасці бежанцаў-беларусаў у Расіі, робіць вынік, што „яно [бежанства] адыграла велізарную ролю ў падрыхтоўцы грамадскай глебы, у фарміраванні ідэі дзяржаўнасці Беларусі2. Пагадзімся з ім і працягнем далей, што ўвогуле пытанне аб ролі дэмаграфічных рухаў, выкліканых I сусветнай вайной, патрабуе ўсебаковага, міждысцыплінарнага даследавання. Той час, калі ішла сусветная вайна, на беларускіх землях быў часам наспявання нацыянальнага ўздыму, рэвалюцыйнага браджэння. Вайна была не толькі штуршком да актывізацыі гэтых працэсаў; больш таго, глыбей — змененае колькасна і якасна, раскіданае, ці наадварот, скучанае насельніцтва ў той жа ваенны час удзельнічала ў разнастайных палітычных, сацыяльных падзеях. Яно прымала ўдзел у шэрагу з’ездаў і канферэнцый, галасавала, згаджалася і адмаўлялася.

Нельга перабольшваць ролі дэмаграфічных працэсаў — у асноўным насельніцтва было тое ж, што і да 1914 года. У гэтым артыкуле нас цікавіць толькі адна з разнастайных умоў, якія прывялі да таго, што адбылося ў 1917-1920 гг.

Наша ўвага накіравана на ўмовы падрыхтоўкі эвакуацыі, ступені гэтай падрыхтоўкі і прычын з’яўлення самога бежанства як падзеі 1914-1918 гг. Таксама паспрабуем выключна падрабязна ўгледзецца ў тых, хто бег, паспрабуем прасачыць тэмпы бежанства і вызначыць яго этапы. Асобна, лічым неабходным звярнуць увагу на дзейнасць усялякіх грамадскіх і дзяржаўных арганізацый і ўстаноў, якія сваю дзейнасць звязвалі з бежанцамі.

Мы абмежавалі сваё даследаванне часовымі рамкамі 1914-1917 гг., таму што 1918 г., які таксама адзін з перыядаў існавання бежанства як з’явы, але ў дачыненні гэтага года, на наш погляд, трэба весці гаворку пра яшчэ адзін складаннейшы дэмаграфічны працэс — рээвакуацыю. Гэтаму мы спадзяемся прысвяціць асобны артыкул.

Эвакуацыя і бежанства па тым, як гэта праводзілася і каго ў большасці дакранулася — гэта не адно і тое ж. Звернемся з пачатку да слоў — бежанец і эвакуіраваны. Згодна з тлумачальным слоўнікам „бежанец — гэта чалавек, які пакінуў месца свайго жыхарства з-за нейкіх бедстваў”. Эвакуацыя — гэта вываз людзей. Па часу ажыццяўлення, эвакуацыя насельніцтва пачалася на беларускіх землях раней бежанства — менавіта ўвосень 1914 г. У тэксце закона ад 30 жніўня 1915 года вызначалася катэгорыя людзей-бежанцаў. Пад яе падыходзілі людзі выехаўшыя з эвакуіраваных мясцовасцей па распараджэнню вайсковых улад. Але на практыцы, як адзначалася ў тлумачэнні да закона, былі так званыя „панічэскія” бежанцы, што пакінулі свае землі без паведамлення аб эвакуацыі3.

Першы этап эвакуацыі насельніцтва з Гродзенскай і Віленскй губерняў, па нашаму разуменню, адбываўся ў жніўні 1914 — студзені 1915 гг. На працягу гэтага этапу змяніўся шэраг дакументаў па правілах і парадку эвакуацыйных мерапрыемстваў. (Мы не будзем закранаць пытанне вывазу сельскагаспадарчай і прамысловай маёмасці). Выдаецца „Палажэнне, ад 17 чэрвеня 1914 г., аб вывадзе за кошт скарбу па ваенных абставінах дзяржаўнай маёмасці, урадавых устаноў, служачых і іх сямей”, за ім — „Часовыя палажэнні аб адводзе” ад 20 жніўня 1914 г., потым — „Часовыя правілы аб вывадзе па ваенных абставінах маёмасці губернскіх і павятовых устаноў МУС”. 16 снежня 1914 года з’яўляецца зацверджанае царом палажэнне Савета Міністраў, дзе ў прыватнасці адзначалася, што падставай для вываду людзей служыць не дазвол грамадзянскіх улад, а дакладныя распараджэнні камандуючага вайсковай акругі, галоўнакамандуючага ці камандуючага асобнай арміяй і камендантаў крэпасцей4. Нагадалі мы пра гэтыя дакументы, каб звярнуць увагу, што падрыхтоўка эвакуацыі ішла падчас самой эвакуацыі. Усё гэта адбівалася перш за ўсё на саміх бежанцах. Мы ўбачым, што вайсковыя ўлады былі зусім непадрыхтаванымі, да таго ж каардынацыя іх дзейнасці з грамадзянскімі мясцовымі ўладамі была невысокая.

Галоўны змест першага этапу эвакуацыі насельніцтва быў звязаны, па-першае, з падрыхтоўчымі дзеяннямі розных улад, па-другое, з вывадам ва ўсходнія раёны Імперыі немцаў-каланістаў, падданых ваюючых супраць Расіі краін, па-трэцяе, невялікім па памерах, часовым, як аказалася, вывадам часткі чыноўнікаў дзяржаўных устаноў, вучняў школ і гімназій.

Звернемся да першага адметнага руху насельніцтва. Фронт яшчэ не павярнуў на ўсход, толькі „да лютага 1915 года германскае камандаванне выбрала Усходні фронт галоўным для армій Цэнтральнага саюза”5. А расійскімі ўрадавымі ўстановамі праводзілася палітыка паскоранага высялення нямецкага насельніцтва. Колькасць насельніцтва была даволі значная. Ёсць меркаванні, што на захадзе Імперыі (у тым ліку ў Варшаўскім генерал-губернатарстве, Валынскай, Холмскай, Люблінскай губернях, Дзвінскай і Мінскай ваенных акругах) пражывала да мільёна каланістаў (з агульнай колькасці больш 2,1 млн. чалавек на пачатак 1914 г.)6. Толькі ў Гродзенскай губерні на пачатак 1914 г. па нашых падліках, на падставе архіўных крыніц, даных Кракаўскага статыстычнага таварыства, налічвалася 15 278 пратэстанскіх вернікаў7. А ў Беластоцкім павеце, згодна са звесткамі гродзенскага статыстычнага камітэта аб канфесійным насельніцтве, былі 1674 пратэстанты8. Гэта была адна з самых адукаваных частак насельніцтва. Пра гэта сведчаць, напрыклад, складальнікі статыстычнага агляду Магілёўскай губерні, адзначаючы, што сярод пісьменных было 64% мужчын і 57% жанчын пратэстанскага насельніцтва, у параўнанні з адпаведна 21% і 4%, праваслаўнага9. С. Неліповіч падкрэслівае перавагу ў 5-6 разоў перад карэнным насельніцтвам10.

Праводзілася кампанія даносаў на каланістаў, якія быццам бы супрацоўнічалі з ворагам і займаліся шпіянажам. Была разгорнута агітацыя. Вось два прыклады, з шматлікіх, якія ілюструюць адносіны да гэтай часткі насельніцтва з боку мясцовых улад. Першы — гэта ўрывак з рапарта Брэсцкага павятовага спраўніка ад 21 снежня 1915 г. гродзенскаму губернатару аб жыхарах калоній Недорд і Няйброў Дамачаўскай воласці. Жыхары гэтых калоній, як адзначаў спраўнік, „з’яўляюцца выхадцамі з Галандыі, якія прыбылі па запрашэнню былых уладальнікаў маёнтка Дамачава больш 300 гадоў таму назад (...). Маюць замкнуты, вельмі скрыты характар. Кожны год каланісты выязджаюць на адходныя промыслы ў глыб Імперыі, прымаючы на сябе, па большай частцы, падрады на зямельныя работы, на пабудову дарог і крэпасных фартоў (...). Пастар, які жыве ў г. Беласток, Цырквіц, карыстаецца вялікім уплывам сярод каланістаў. Агульны настрой каланістаў-лютэран адносна вайны не на карысць рускім поспехам і выяўляецца, калі не адкрыта варожым, то патаемна-нядобразычлівым да рускіх, і пры ўсялякай вайсковай няўдачы германскіх войск каланісты выглядаюць засмучанымі і па меншай меры ні якай радасці не выказваюць”. Другі дакумент з’яўляецца прашэннем каланістаў калоніі Нязбудкі-Міхаілава Беластоцкага павета. Прашэнне было імі даслана гродзенскаму губернатару па прычыне падрыхтоўкі да хуткага высялення іх у Валагодскую губерню. Фабрыканты суконнай прамысловасці, майстры і рабочыя просяць не высылаць іх, бо гэта прывядзе да згалення і разбурэння наладжанай імі вытворчасці і выклікае страту 3-5 тысячам працуючых у іх рабочых11. Прашэнне датуецца студзенем 1915 г. На ім рэзалюцыя губернатара: „Прыпыніць да далейшага разгледжання”12.

Тэмпы эвакуацыі каланістаў паскорыліся загадамі вайсковага камандавання. 10 кастрычніка 1914 года камандуючы 10 арміяй генерал ад інфантэрыі Ф. Сіверс загадаў, што каланісты павінны пакінуць усе месцы, якія знаходзіліся на ваенным становішчы. 30 лістапада пачалася актыўная дэпартацыя з Сувальскай губерні13. У снежні гродзенскі губернатар атрымлівае загад Галоўнакамандуючага ад 25 лістапада аб высяленні каланістаў, якія пражывалі ў 15-вёрстнай прасторы па абодва бакі чыгункі ў раёне Паўночна-Заходняга фронту. Анямечаныя літоўцы-лютэране высяляліся таксама. Пад высяленне падпадалі ўсе сяляне нямецкай нацыянальнасці, а да асоб, якія знаходзіліся на грамадзянскай службе, ставіўся нагляд14. Прымусовы вываз гэтай групы насельніцтва значна пашырыўся падчас другога перыяду эвакуацыі і бежанства (сакавік-лістапад 1915 г.). Летам ген. ад інфант. М. Данілаў прапанаваў каланістам на „дабрачыннай” аснове выезд з вайсковага абшару Паўднёва-Заходняга і Паўночна-Заходняга франтоў за 5 дзён, пагражаючы „адпраўкай па этапу”. За перыяд студзеня па сакавік 1915 г. з Гродзенскай губерні выбыла ва ўнутраныя раёны Расіі па няпоўных звестках 1800 чалавек15. У гэту лічбу ўваходзяць па большай меры тыя каланісты, што выехалі з Варшаўскага генерал-губернатарства. Згодна з інфармацыяй, якой валодаў мінскі губернатар, каля 100 000 каланістаў павінна было прайсці праз яго губерню. Гэтак толькі 28 ліпеня 1915 г. праз Мінскую губерню рушыла на ўсход 30 000 немцаў-каланістаў і каля 1000 было ў дарозе16. Такім чынам можна меркаваць, што значная частка пратэстанскага насельніцтва, што падыходзіла пад катэгорыю каланістаў, была вывезена, у тым ліку з заходніх беларускіх губерняў.

Эвакуацыя дзяржаўных чыноўнікаў была часовая. Сем’і брэсцкіх служачых былі эвакуіраваны ў чэрвені-жніўні 1914 г., інакш кажучы з пачаткам вайны, а ўжо ў кастрычніку яны вяртаюцца ў горад17. Таксама ў кастрычніку вяртаюцца гродзенскія чыноўнікі і іх сем’і18. У студзені 1915 г. у Гродна вярнуліся раней эвакуіраваныя ў Смаленск і ажно ў Пензу школы, і пачаліся заняткі19.

Галоўнае развіццё падзей масавага перамяшчэння насельніцтва і ўсіх вынікаў звязаных з гэтым, будзе пазней, у вызначаны намі другі этап бежанства і эвакуацыі, калі была перамешчана асноўная частка бежанскага насельніцтва. Грымотнае развіццё вайсковых падзей на Усходнім фронце вясенняй (студзень-красавік) і летняй (май — канец верасня) кампаній 1915 г. будзе рухаць расійскія войскі ў глыб сваёй краіны, пакідаючы велізарныя тэрыторыі Польшчы, а пазней і беларускіх зямель, пакуль не астановяцца па лініі Рыга — Дзвінск (Даўгаўпілс) — Баранавічы — Роўна, змяніўшы вялікія аперацыі на акопную, „без зменаў”, пазіцыйную вайну. У часовай прасторы гэтых падзей 1915 г. адбывалася Вялікае Адступленне ўсіх тых, хто перад баямі, паміж манеўруючымі войскамі, рушыў на ўсход. Першае пытанне, на якое мы паспрабуем адказаць у дачыненні гэтай з’явы — матывы, якія штурхалі людзей падацца ў бежанства.

Вышэй ужо адзначалася, што ні грамадзянскае, ні вайсковае кіраўніцтва не было добра падрыхтавана да складанай, патрабуючай значнай павагі і ўважлівасці да людзей, з аднаго боку, і добрай каардынацыі і прадуманасці працы па эвакуацыі, з другога.

Хуткай эвакуацыі, якая пераходзіла ў бежанства, спрыяла шэраг прычын. Па-першае, адносіны царскага ўрада да вайны, як Айчыннай. Толькі адзіны прыклад: для апалчэнскіх дружын прапаноўвалася, па імператарскаму дазволу, выкарыстанне сцягоў 1855 г., якія маглі захоўвацца ці ў праваслаўных храмах, ці ў дзяржаўных губернскіх сховішчах. Пры адсутнасці такіх сцягоў раілася зрабіць сцягі па іх узору20. Можна прывесці шмат іншых прыкладаў аб намаганнях урадавых устаноў падняць патрыятычны дух сярод насельніцтва і ўсяліць нецярпімасць да ўсяго нямецкага. Натуральна, што ўсе гэтыя мерапрыемствы адбіліся на паводзінах часткі людзей і сталі матывам да пакідання імі сваіх мясцін жыхарства. Тым больш, што ўсе арганізацыі, якія праводзілі палітыку ўрада, усебакова ў гэтым паўдзельнічалі. Напрыклад, Праваслаўная царква. Цікавы прыклад А. Цвікевіча аб тым, што „свяшчэннікі з дрэнна зразумелага патрыятызму, а часам проста па загаду з гары, цэлымі прыходамі вывозілі іх [насельніцтва] у цэнтральную Расію. Каталіцкія ксяндзы наадварот, устрымлівалі сваю паству ўсялякімі сіламі на месцы”21.

Вайсковыя ўлады турбавала толькі тое, каб на мясцінах магчымых баёў не знаходзілася людзей. Яны падганялі эвакуіраваных і жорстка прымушалі да бежанства, не вельмі цырымонячыся з людзьмі. Перш чым вызначыць ролю тых, хто ўдзельнічаў ва ўладкаванні бежанцаў, адзначым адну заўвагу аўтара адных даволі аб’ёмістых успамінаў — М. Лемке. Ён, не без рэверанса ў бок новай улады (выдадзены яго ўспаміны ў 1920 г.), падзяляў бежанскі рух на дзве плыні: „Бежанцы прынеслі ва ўсходнюю частку Расіі капіталы, на якія і жылі на новым месцы, «выганцы» ж дапляталіся іншы раз з паловай сям’і, пахаваўшы другую па дарозе, з пустымі рукамі, галодныя, хворыя, зусім чужыя”22. Адзначым тэрмін — „выганцы”. Ён даволі трапны па вызначэнню галоўнага матыву пакідання людзьмі сваёй зямлі. Да гэтага прывядзе яшчэ адзін істотны прыклад — з вынікаў апытання бежанцаў у снежні 1915 г. у раёне X арміі. Апытанне праводзілася супрацоўнікамі армейскага кіравання Усерасійскага земскага саюзу (далей: УЗС), наконт таго, якія погляды бежанцаў на тое, каб рушыць далей у глыб Расіі. Вось адказы: „Куды ж ехаць?”, „Калі іншыя паедуць, то і я паеду, што ж рабіць”, „Мабыць, скора магчыма будзе вярнуцца дадому?”, „Ужо так далёка ад’ехалі”, „Толькі, калі пагоняць, як з хаты ”, „Калі выганяць, тады і паедзем (дастаткова, наездзіўся)”, „Калі прыйдзе немец, тады і паеду”, „Да хаты цягне...”, „Пакуль не будуць страляць, нікуды не паеду”23. І вось яшчэ наступная статыстыка па выніках анкетавання бежанцаў у Валожыне Ашмянскага павета Мінскай губерні. Апытанне праводзілася сярод 339 сямей, ці 1690 чалавек — з Віленскай (314 чал.), Холмскай (12), Гродзенскай (8), Сувальскай (3), Ковенскай (2) губерняў. Галоўнае пытанне: „Ці жадаеце ехаць?” З адказаўшых 54,4% было супраць, 21,6% згаджалася ехаць, 23,4 адказала нявызначана24.

Па выніках даследавання бежанцаў, якія знаходзіліся ў Валожыне ў перыяд з 2 па 9 лістапада 1915 г., у рапарце прадстаўнікоў УЗС робіцца такі вывад: „Нягледзячы на знешні выгляд добраахвотнага высялення, апытанне пераконвала ў значным уплыве тут пагроз і ўздзеянні з боку адміністрацыйных улад25.

Безумоўна, страшэнная навала вайны, сутнасць якой для простых людзей гэта толькі смерць і знішчэнне, вымушала іх пакідаць свае гаспадаркі і хаты, але ж тое, як гэта адбывалася, у вялікім памеры было звязана з дзейнасцю дзяржаўных устаноў. Таксама не будзем забываць, што насельніцтва Гродзеншчыны, Беласточчыны, Берасцейшчыны, Міншчыны глядзела на гэту вайну іншымі вачыма, чым на яе глядзелі з Зімовага палаца. Выразна пра стан людзей адзначыў у сваіх нататках сведка тых падзей З. Бядуля: „Пыхала агнём ад блізкіх пажарышчаў. Вясковыя людзі пачалі хавацца па лясах ад налётаў казацкіх бандаў і нямецкіх разведчыкаў. Неспакой, трывога раслі ў сялян з мінуты на мінуту. Тыднямі спалі па гораду не распранаючыся старыя і малыя (...). За бежанцамі салдаты гналі стада рэквізаваных жывёлін, якія падымалі цэлыя воблакі пылу па дарозе і жудасна, дзіка раўлі (...)”26.

Такім чынам, факт прымусовага згону мас насельніцтва пацвярджаецца рознабаковымі крыніцамі. Але дарэмна лічыць, што гэта нейкія асабістыя, падкрэслена адмоўныя адносіны ўрадавых структур да менавіта гэтага насельніцтва. Правільней, на наш погляд, бачыць гэта вынікам абыякавасці ўвогуле да насельніцтва амбіцыёзных носьбітаў вайсковай палітыкі, якія проста не заўважалі з-за сваёй маштабнасці планаў нейкага там люду. Да гэтага трэба дадаць горкую ацэнку М. Лемке, адзначыўшага, што „вайсковыя ўлады (...) не лічылі неабходным паглыбіцца ў адданыя імі загады па ачышчэнню палёў наступных бітваў, а грамадзянская (...) не лічыла сваім абавязкам прыпыніць ажыццяўленне загадаў да грунтоўнай іх распрацоўкі. Весці гаворку аб такой распрацоўцы ў мірны час у нас, безумоўна, смешна”27. Тут нам неабходна зазначыць, што якраз „унізе”, на месцах, шмат было людзей, якія непасрэдна выконвалі працу па ўладкаванню бежанцаў, прыкладаючы намаганні і рэальна рызыкуючы здароўем і жыццём. На гэтым мы асабіста прыпынімся ніжэй.

Паспрабаваўшы адказаць на пытанне аб матывах бежанства, звернем увагу на тое, як непасрэдна адбываўся гэты рух на беларускіх землях. Плануючы кампанію 1915 г. расійскае камандаванне актывізіравала вясной таго ж года вызваленне тэрыторй ад насельніцтва.

Гродзенскі губернатар у красавіку адзначыў у лісце да будаўніка гродзенскай крэпасці, што „цэлыя натоўпы бежанцаў Прывісленскага краю шукаюць працу”, прапануючы адрасату знайсці людзям занятак на фартах крэпасці28.

Ужо 22 чэрвеня будзе пакінута Варшава, 9 жніўня — Коўна (Каўнас), 21 жніўня — Гродна. Эвакуацыя служачых розных устаноў з Гродзенскай губерні праводзілася — з Беластоцкага, Бельскага, і Брэст-Літоўскага паветаў — з 8 па 29 чэрвеня. Цалкам уся эвакуацыя названых трох паветаў была з 31 чэрвеня па 15 жніўня. Далей, прыкладна, у адзіны час, жнівень — пачатак верасня, эвакуацыя праводзілася з большай часткі астатняй тэрыторыі Гродзеншчыны29. Баі грымелі ўслед — 28 жніўня ў тэлеграме гродзенскі губернатар У. Шыбека паведамляў, што „незахопленымі ворагам засталіся толькі ўсходняя частка Ваўкавыскага і Слонімскага паветаў”30. Эвакуацыя служачых і іх сямей адбывалася больш-менш арганізавана, нават былі выпадкі, што і ў „класных вагонах”31. Былі вядомы мясцовасці і дакладна гарады, куды накіроўваліся эвакуіраваныя. Гэтак, толькі ўстановы Гродзенскай губерні былі раскіданы па вялікіх абшарах Расіі — Калуга, Пенза, Курск, Саратаў. Сувальскае кіраўніцтва апынулася ў Разані, Віленскае — у Дзісне і Туле.

Аднак, паколькі эвакуацыйныя мерапрыемствы ў пачатку праводзіліся дастаткова арганізавана, вельмі хутка перамяшчэнне большасці насельніцтва з вёсак, мястэчак і местаў зрабіла агульны рух бежанскім. Такіх маштабаў, якія прыняло бежанства, не чакалася: яно перасягала ўсе чаканыя памеры.

З чэрвеня 1915 г. існаваў Аб’яднаны камітэт (у яго складзе былі прадстаўнікі УЗС і Усерасійскага саюза гарадоў — далей: УСГ) з мэтай садзеяння працаўладкаванню бежанцаў. З 30 жніўня 1915 г. працуе закон, па якім мясцовае папячэнне аб бежанцах ускладаецца на земскія ўстановы і грамадскае кіраванне. Агульнае кіраўніцтва справамі бежанцаў па ўсёй Імперыі непасрэдна сканцэнтравана было, пад страшынствам Міністэрства ўнутраных спраў, у Асобай Нарадзе (па „Палажэнню аб забеспячэнні патрэб бежанцаў”)32. З’яўляецца Цэнтральны камітэт пазыкі. 7-9 верасня на III-м з’ездзе Саюза гарадоў дапамога бежанцам была аб’яўлена „справай дзяржаўнай”. А 25 студзеня 1916 г. будзе даручана перадаць усю апеку губернатарам, інакш кажучы, пад нагляд МУС. Рэальна пытанні ўладкавання бежанцаў вырашылі мясцовыя ўлады пад наглядам вайсковых улад. Усе беларускія землі ўвайшлі ў склад раёна дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванню бежанцаў Паўночна-Заходняга фронту. Ім быў член Дзяржаўнага савета С. Зубчанінаў33. Плошча падпарадкаваных яму зямель была вялікая. У ёй, у прыватнасці, Плоцкая, Ломжынская, Варшаўская, Сувальская, Ковенская, Віленская, Гродзенская, Віцебская, Смаленская, Мінская губерні (усяго 21 губерня)34.

Усе эвакуіраваныя перш за ўсё сутыкаліся з рэквізіцыяй. Гэта была вельмі марудная справа па збіранню на карысць дзяржавы маёмасці, якую бежанцы не маглі ўзяць з сабою. Пад рэквізіцыю падыходзілі ў першую чаргу коні, фурманкі, далей ішла жывёла, харчы, больш за аднамесячную норму, машыны, станкі, уся медзь, усе вырабы з алюмінію, цынку, тканіны, скуры, цукар. Уся маёмасць павінна была быць ацэнена камісіяй з 4-х чалавек, у якую ўваходзілі прадстаўнік губернскай адміністрацыі, прадстаўнік войска і два нанятыя з жыхароў. Кошт усяго забранага павінен быў адпавядаць рынкаваму і гаспадары павінны атрымліваць дакумент аб рэквізіцыі35. Толькі гэтак гладка далёка не заўсёды выходзіла. На справе тэмп пакідання насельніцтвам сваіх гаспадарак быў хуткі, а ўлады клапаціліся пра сябе. Вайскоўцы ў пачатку масавай эвакуацыі сутыкаліся са значнымі цяжкасцямі, таму што павінны былі вырашаць шмат складаных гаспадарчых, арганізацыйных пытанняў мясцовага насельніцтва. Аб стане бежанскага насельніцтва ёсць сведчанні розных людзей, што пакінулі свае ўспаміны пра той час36. Прывядзем урывак з тэлеграмы камандуючага I расійскай арміяй генерала ад кавалерыі Ліцвінава, з Брэст-Літоўскага раёна ад 1 жніўня 1915 г. (як мы ведаем, галоўная эвакуацыя дзяржаўных устаноў яшчэ наперадзе). „У тылавых раёнах карпусоў цалкам адсутнічаюць чыны грамадзянскай адміністрацыі. Няма нават старастаў. Пакінутае само для сябе насельніцтва з усімі (...) патрэбамі звяртаецца да прадстаўнікоў вайсковай улады, (...) якія самі абцяжараны спецыяльнай працай. Шляхі запоўнены бежанцамі, якія не ведаюць куды ехаць, не ўсе ведаюць аб рэквізіцыі і пазнаёмлены з яе правіламі, не ведаюць зборных пунктаў губернскіх камісій. Пасевы застаюцца зусім не рэквізаваныя ўладамі. Вайсковыя камісіі, знаходзячыся ўвесь час у руху з войскамі, не маюць ніякай магчымасці рэквізаваць усё. Для гэтага ў іх няма ні часу, ні сродкаў, ні дапамогі з боку грамадскіх улад, хоць бы ў якасці пагоншчыкаў, зборшчыкаў перавязачных сродкаў”37. Даволі яскравы дакумент. Можна зрабіць папраўку на раздражнёнасць генерала, якога вымушаюць унікаць у зусім далёкія ад яго справы. Можна адчуць абурэнне ўсёй гэтай бесталкоўшчынай. Але ж па загадзе арміі, адданым тым жа Ліцвінавым у той жа час, неабходна было ўсе пасевы і пакосы, знятыя, але не змалочаныя, хлеб і сена знішчыць пры першым падыходзе праціўніка38. Насельніцтву ж, якое заставалася, загадвалася пакінуць толькі запасы на месяц. Бачна, што рэальна насельніцтву нічога не застаецца, як фатальна пакідаць свой кут і рушыць на ўсход.

Ці дазвалялі час і ўмовы селяніну з сям’ёй таргавацца, калі вакол натоўп разбэшчаных, такіх жа як і ён, людзей, і трэба займаць месца для сям’і і сябе ў „цяплушцы”, каб ужо там, дзесьці ў Расіі, прыпыніцца ў гэтым жахлівым вандраванні? Часцей, не. Яўрэі і перакупшчыкі скуплялі на станцыях за бясцэнак коней і вупраж па 5﷓10 рублёў і здавалі іх у пункты рэквізіцыі за ўстаноўлены кошт, атрымліваючы такім чынам вялікія прыбыткі39.

Нельга казаць, што ўлады не рыхтаваліся ўвогуле да магчымага прыняцця ў сваіх губернях бежанцаў. Пытанне — як і калі. Напрыклад, 8 чэрвеня 1915 г. мінскімі губернскімі ўладамі было прынята рашэнне аб тым, як прымаць бежанцаў з Сувальскай і Гродзенскай губерняў. Вырашана размясціць іх па пяці паветах і зрабіць так званы санітарны раён. Разглядалася магчымасць размясціць людзей у кожным павеце. Па папярэдніх падліках у Наваградскім павеце магчыма было размясціць 6000 чалавек. У тым жа чэрвені ў гэты павет ужо прыбыло 1795 чалавек, а ўлады толькі тыдзень да гэтага атрымалі сродкі на падрыхтоўку (!) да прыняцця бежанцаў40. Ход падзей не даваў уладам часу на доўгія роздумы, трэба было хутка прымаць рашэнні і непасрэдна вырашаць усе пытанні зноў і зноў бягучых людзей. Калі весці гаворку пра суаднясенне магчымасцей той ці іншай адміністрацыйнай мясцовасці па прыняццю бежанцаў і сапраўднай карцінай у перыяд лета — восені 1915 г., то па даных мясцовага кіраўніцтва, напрыклад, у Мазырскім павеце Мінскай губерні была магчымасць уладкаваць 12 000 чалавек, дарэчы, у самім горадзе 1200 чалавек. А ў лістападзе 1915 года ў Мазырскім павеце, па звестках мінскага губернатара Гіпса, было 6618 чалавек бежанцаў і яшчэ 448 — у самім горадзе. Гэта ўспрымалася як перапоўненасць41. Правільна ўспрымалася, бо ўзровень арганізацыйнай і каардынацыйнай дзейнасці тых, хто займаўся прыняццем людзей, быў нездавальняюча нізкім.

Вось тут нам хацелася б закрануць такі бок у гісторыі бежанства, якім была арганізацыя непасрэднага прыняцця і ўладкавання, а гэта значыць, жыцця бежанцаў на беларускіх землях, адкуль пераважная іх частка рушыла далей.

Спачатку, калі памераў бежанства яшчэ не ўяўлялі, разумна добрым варыянтам арганізацыі руху бежанцаў лічылася вызначэнне дакладных напрамкаў для выхадцаў з розных абласцей. Ужо мы нагадвалі аб падрыхтоўцы мінскіх улад прыняць гродзенскіх і сувальскіх бежанцаў. Насельніцтва з Прывіслінскага краю павінна было накіроўвацца ў Смаленскую губерню42. Планавалася арганізаваць пункты харчавання праз кожныя 25-30 вёрст руху людзей, фарміраваць невялікія групы бежанцаў — 500-600 чалавек, пажадана з адной мясцовасці43. Калі б была магчымасць прапанаваць бежанцам вагоны-„цяплушкі” ці фурманкі, то разлік быў наступны — 40-50 чалавек у вагоне і 5-6 чалавек на адну фурманку44. Адзначым для сябе — гэта ўсё правілы, а зусім не жыццё. На справе зусім было інакш. Будаваліся і ўсталёўваліся пункты харчавання ў гарадах, мястэчках, па лініях чыгунак звычайна ў прыстасаваных памяшканнях. У вельмі рэдкіх выпадках гэта былі спецыяльна пабудаваныя баракі — шырокія і са сталовымі. Халодная страва, гарбата, тытунь — найбольш распаўсюджаны рацыён такіх пунктаў45. Існавала дапамога для бежанцаў, яе двойчы мянялі. Спачатку існавала норма, зацверджаная 12 кастрычніка 1915 г., у памерах 20 кап. у дзень — 6 руб. у месяц, потым, з 22 лютага 1916 г.: 25 кап. у дзень — 7 руб. 50 кап. у меясц. Каб мець уяўленне многа гэта ці мала нагадаем, што другая сума ўключала ў сябе наступны рацыён: хлеб (2 фунты) — 5 кап., бульба (2 ф. у месяц) — 5 кап., мяса (1/4 фунта — 27 кап., масла (26 залатнікоў) — 27 кап., крупа (10 зал.) — 13 кап., соль (2 фунты ў месяц) — 5 кап., цукар (2 фунты ў месяц) — 46 кап., гарбата (1/2 фунта ў месяц) — 50 кап.46. Улічым, што нішто не было такім рухомым у час вайны, як цэны, і памеры фінансавай дапамогі стануць больш відавочнымі.

Масы людзей запаўнялі ў кароткі час вызначанага другога этапу эвакуацыі і бежанства цэнтральную і ўсходнюю часткі беларускіх зямель. Для характарыстыкі бежанства, як дэмаграфічнага руху, для ўяўлення стану бежанцаў важным з’яўляецца тое, як адносіліся да гэтага розныя прадстаўнікі мясцовага насельніцтва, іх стаўленне да вайны. Абыякавасць ці, наадварот, адчуванне агульнай бяды? Як глядзелі на бежанцаў: як на ахвяр, з жалем і спачуваннем, ці злавалі за той неспакой, які неслі бежанцы за сабою? Ёсць розныя прыклады. З іх складаецца партрэт насельніцтва, дакладней, частка партрэта.

Газета „Беларусь” за 1914 год знаёміла чытача з прыкладамі дабрачыннасці да пацярпелых ад вайны. 1914 год. Мінск: мясцовыя жыхары ўжо склалі на гэты час 1500 рублёў. Нясвіж: пад кіраўніцтвам князя Радзівіла склаўся камітэт, які паставіў мэтаю дапамагаць усім, хто трапіў у бяду з-за вайны. У Пінскім павеце пан Орда аддаў свой уласны дом на шпіталь для раненых. Маладзечна: П. Скірмунт абсталяваў шпіталь на 20 ложкаў. Княжна Магдалена Радзівіл ахвяравала Чырвонаму крыжу 5000 рублёў, а князь Радзівіл прапанаваў на шпіталь свой замак у Нясвіжы. У Ігуменскім павеце памешчык Бонч-Асмалоўскі ахвяраваў увесь будынак хаты і іншыя пабудовы для шпіталя. У самім Ігумене Мінскай губерні павятовае земства ахвяравала 2500 рублёў на ўтрыманне шпіталя. Дзвінск, Віцебская губерня: некаторыя жыхары падалі заявы, што маюць магчымасць прыняць на свой двор па некалькі раненых. У Нясвіжы адчынілася гімназія для дзяўчынак бежанцаў. У маёнтку Лікша Дзвінскага павета граф Ян Зіберк-Плятэр прапанаваў Чырвонаму крыжу сваю бальніцу ў Пагулянцы з усім абсталяваннем. Таксама ў Віцебскай губерні граф Г. Бруель-Плятэр у сядзібе ўсталяваў шпіталь. У Мазыры, дзе была арганізавана аддязленне Таварыства дапамогі палякам пацярпелым з-за вайны, адразу запісалася ў яго 38 чалавек з Мазырскага і Рэчыцкага паветаў, а памешчык Ян Савіцкі ахвяраваў Таварыству 100 пудоў жыта і 250 пудоў бульбы. У Слуцку мястэчковыя яўрэі атрымалі ад улад дазвол на збор ахвяраванняў для яўрэяў з Польшчы. Земства Рэчыцкага павета асігнавала 3000 рублёў на дапамогу палякам. Мінскае павятовае земства ахвяравала 5000 рублёў на патрэбы выхадцаў з Польшчы. Губернскае земства ахвяравала 20 000 рублёў на будаўніцтва ў Мінску шпіталя імя Сталыпіна47. З паведамлення графа Г. Чапскага, які ўзначальваў Мінскае аддзяленне Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны: „У Наваградку мясцовая арганізацыя на чале з наваградскім дэканам і землеўладальнікамі Вяжбоўскай, Карповічам, Крэсноўскім і ўрачом Крашэўскім адчынілі халерны барак (50 ложкаў), прыют для дзяцей сірот (50 ложкаў), прыют для старых. Сярод вызначаўшыхся сваёй дабрачыннасцю — уладальнік маёнтка Дубой С. Выджга, якім быў адчынены прыют ва ўласным маёнтку для 20 бежанскіх дзяцей48. У маёнтку Чэрнігаў-Громы памешчык Рдултоўскі адчыніў пункт харчавання на 500 порцый штодзённа. У Свержані ксёндз Ясінскі і памешчык Іваноўскі адчынілі пункт харчавання, тое ж зрабілі ксёндз Кеджынскі і памешчык Здзяхоўскі ў Ракаве”49.

Адзначым, што большасць гэтых прыкладаў тычыцца 1914 года, яшчэ амаль за год да вялікага бежанскага руху. Прыклады адзінкавыя. Пры розных магчымых матывах, яны сведчаць аб натуральнай дабрачыннасці тых людзей, хто меў магчымасць дапамагчы і рабіў гэта. Ці была гэта агульная з’ява адносін насельніцтва да бежанцаў? Розныя крыніцы прымушаюць думаць, што далёка не ўсё насельніцтва імкнулася дапамагчы бежанцам. Значная перапіска паміж павятовымі ўпаўнаважанымі і губернскімі адміністрацыямі сведчыць аб фактах выгнання бежанцаў з месцаў (вёскі, мястэчка) іх уладкавання. „Клас памешчыкаў, хаця і даволі заможны, але скупы. Яны [бежанцы] сустракалі амаль усюды ў маёнтках землеўладальнікаў безудзельнасць, халодныя адносіны, узлаванасць і з свайго боку плацілі ім тым жа”50. Л. Ліпінскі, які глыбока вывучаў жыццё сялянства ў час сусветнай вайны, адзначыў, што бежанцы, калі захоплівалі маёмасць, то казённую і памешчыкаў, і не чапалі сялянскую (за выключэннем заможных гаспадароў)”51.

Велізарны наплыў бежанцаў, вядома, прыводзіў да вялікіх страт, якія ўлады прыраўноўвалі да вайсковых і адносілі на ваенны разлік.

Дапамогай бежанцам займалася процьма розных устаноў і арганізацый, якія накіроўвалі сваю дзейнасць на апеку. Іх месца ўлады бачылі, як мы ўжо ведаем, пры планаванні дапамогі бежанцам. Усіх іх магчыма падзяліць на некалькі катэгорый, у адпаведнасці з іх статусам. Першую складалі дзяржаўныя структуры. Гэта філіі і аддзелы агульнарасійскіх арганізацый, што мелі свае ўстановы ў губернях, паветах і нават воласцях: Камітэт Яе Імператарскай Вялікасці Вялікай княжны Таццяны Мікалаеўны, Камітэт УЗС, аддзелы УСГ, земскія камітэты дапамогі бежанцам, аддзяленні Расійскага таварыства Чырвонага крыжа, Камітэт Яе Імператарскай Вялікасці княжны Елізаветы Фёдараўны, аддзелы Упаўнаважанага па ўладкаванню бежанцаў, аддзелы Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Усерасійскае таварыства апекі над бежанцамі.

Да другой значнай катэгорыі адносіліся грамадскія нацыянальныя арганізацыі. Польскія — аддзелы Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны, Рымска-Каталіцкае благачыннае таварыства, Цэнтральны абывацельскі камітэт губерняў Царства Польскага (ад 10 верасня 1914 г.). Літоўскія — аддзелы Літоўскага абывацельскага таварыства (галоўны старшыня яго А. Сметона), Ковенскае таварыства. Сярод яўрэйскіх — Таварыства дапамогі бедным яўрэям, Яўрэйскі камітэт дапамогі бежанцам, Яўрэйскі камітэт дапамогі ахвярам вайны52.

Існавалі і беларускія арганізацыі, што накіроўвалі сваю дзейнасць на дапамогу бежанцам. Перш за ўсё гэта Беларускае таварыства помачы ахвярам вайны (красавік 1915 г.)53. Таксама ў Мінску існавала Таварыства „Дабрачыннасць”54. Яшчэ з 1914 года дзейнічала Беларускае каталіцкае таварыства „Літасць” з мэтай дапамогі сем’ям запасных чыноў і бежанцам. Стваральнікам, фундатарам і кіраўніком яго была княжна Магдалена Радзівіл55.

Пра ўсе гэтыя арганізацыі вядома няшмат. Сярод тых, хто прымаў удзел у іх дзейнасці, былі вядомыя ў той час і потым людзі. Толькі ў дзейнасці Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны прымалі ўдзел такія асобы, як Уладзіслаў Голуб (У. Галубок), Усевалад Фальскі, Зоська Верас, Максім Багдановіч. Аб іх і іншых нагадвае ў сваім артыкуле В. Скалабан56.

Нас цікавіць, як дзейнасць усіх гэтых арганізацый адлюстроўвалася на бежанскім насельніцтве. Для рэалізацыі дапамогі ўсім арганізацыям неабходны былі сродкі і то немалыя. Дзяржава забяспечвала сродкамі тыя арганізацыі, якія палітычна былі карыснымі і лічыліся найбольш эфектыўнымі. Шэраг арганізацый, такіх як УЗС і УСГ, Таццянінскі камітэт, „Северапомач”, самі мелі грошы ды матэрыялы і прапанавалі іх мясцовым установам апекі над бежанцамі. Польскія арганізацыі мелі значную дапамогу — фінансавую і матэрыяльную — ад дзейнічаючага ў швейцарскай мясцовасці Веве Генеральнага камітэта дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы (Сянкевічаўскі ці Вевейскі камітэт)57. Ад гэтай арганізацыі польскія ўстановы апекі атрымлівалі значныя сродкі. Д. Плыгаўка называе суму ў 1 380 672 швейцарскіх франкаў, атрыманых толькі літоўскімі філіяламі польскіх таварыстваў58.

Што тычыцца беларускіх арганізацый, дык фінансаванне іх было вельмі невялікае. Тое ж Беларускае таварыства помачы трывалага фінансавання не мела. Як сцвярджае В. Скалабан, усяго атрымала яно 10 150 рублёў ад Саюза гарадоў і „Северапомачы”59. Для параўнання — да верасня 1915 г. установы Зубчанінава атрымалі ад дзяржавы 5 000 000 рублёў, польскія арганізацыі — 1 110 000 рублёў, УЗС — 1 400 000 рублёў60. Прычын гэтаму, на наш погляд, некалькі. Можна згадзіцца са сцвярджэннем газеты „Дзянніца” аб тым, што царскі ўрад лічыў беларусаў рускімі і грошай, як асобнай нацыянальнасці, не адпускаў61. Дастаткова ўспомніць усе расійскія перапісы, дзе адзіным крытэрыем вылічэння нацыянальнасці была мова, у той час, калі беларуская мова лічылася дыялектам рускай. Другая прычына — у складзе саміх арганізацый. Заможныя класы былі больш прадстаўлены у польскіх і яўрэйскіх арганізацыях; гэта ішло ад маёмаснай структуры даваеннага насельніцтва беларускіх губерняў.

Трэба аддаць належнае тым, хто непасрэдна займаўся з бежанскім насельніцтвам. Гэта былі розныя людзі — часцей моладзь: студэнты, курсісткі ў якасці старастаў груп бежанцаў, сясцёр і братоў міласэрнасці. У экстрэмальных умовах людзі паказваліся з усімі сваімі якасцямі — тыя, хто бег і тыя, хто іх прымаў. Супрацоўнікі арганізацый дапамогі сустракаліся з рознымі выпадкамі — праявамі глупства і недасведчанасці мясцовых улад: „Святар Якімавай Слабады Мінскай губ. перашкаджаў барацьбе з эпідэміяй дыфтэрыі, адкрыта агітуючы супраць дзеянняў студэнта-ўрача і сястры міласэрнасці — яўрэяў”. Ці ўраднікі, што не дапускалі „чужых” бежанцаў да пункту харчавання62. Каб адчуць умовы працы розных дабрачынных таварыстваў, трэба ўявіць сабе ступень хуткасці, з якой бежанцы напаўнялі абшары беларускіх зямель па-за лініяй фронту. Толькі вельмі арганізаваная, цэнтралізаваная сістэма мерапрыемстваў магла навесці парадак у такіх умовах. Гэтай сістэмы не было. Неаднаразова адзначалася ў перапісцы мясцовых прадстаўнікоў розных камітэтаў і таксама палявых камандзіраў з губернскімі ўладамі аб адсутнасці агульнага практычнага кіраўніцтва тымі, хто дапамагаў бежанцам. Вось, фрагмент тэлеграмы генерал-маёра Новака (IV армія) мінскаму губернатару: „Ніхто [мясцовыя ўстановы апекі] не ведае, дзе працуюць суседзі і куды накіроўваць бежанцаў далей у тыл (...)”.

Вызначым галоўныя недахопы, якія ў выніку паўплывалі на становішча бежанцаў. Па-першае, недапасаванасць дзеянняў выклікала дубліраванне працы на адным і тым жа месцы. Вось адзін з вынікаў тых, хто ўжо ў той час спрабаваў аналізаваць дзейнасць дапамогі: „Асабістыя губерня ці гарады атрымлівалі сродкі ад шматлікіх устаноў (Зубчанінаў, УЗС, УСГ...). Дадамо туды сродкі, што адпускаліся Таццянінскім камітэтам (...). Камітэт, адпускаючы сродкі не ведаў, ці атрыманы нейкія іншыя сродкі ад астатніх”63. Па-другое, вялікая колькасць бежанцаў увогуле не магла ў сілу неінфармаванасці атрымаць хоць нейкую дапамогу. Адзіны, са шматлікіх, факт: „20 000 бяздомных і неўладкаваных бежанцаў па Мінскай губерні (14 лістапада 1915 г.)”64. Калі ведаць, што на 1 лістапада гэтага года па ўсёй губерні было 84 000 бежанцаў, атрымліваецца, што па-за дапамогай было больш за 23% з іх ліку. Па-трэцяе, асабістай складанасцю быў недахоп сродкаў, людзей, інвентара, што было выклікана адсутнасцю добрага цэнтралізаванага фінансавання. Атрыманне сродкаў мясцовымі арганізацыямі апекі адбывалася па простаму прынцыпу таго дзіцяці, што пры сваіх здольнасцях „ссе двух мамак адразу”. Чацвёртым недахопам была дрэнная сувязь усіх таварыстваў з дзяржаўнымі ўстановамі. Гэта не дазваляла губернатарам атрымліваць дакладныя звесткі, каб ведаць пра ўсё становішча справы дапамогі бежанцам. Нельга адкідваць і некаторую канкурэнцыю з боку саміх таварыстваў перад дзяржаўнымі ўладамі, якія маглі даваць няпоўную інфармацыю, каб менавіта сябе паказаць як найбольш актыўных удзельнікаў апекі над бежанцамі. Наступным, пятым недахопам, была вельмі нездавальняючая і вельмі позна пачаўшаяся рэгістрацыя бежанцаў — неабходнейшая ўмова для эфектыўнай працы. Адзначым, што да восені 1915 г. сістэматычнай рэгістрацыі бежанцаў фактычна не вялося, хоць аддзяленні УСГ і УЗС вялі ўлік людзей — пры пасадцы на чыгуначных станцыях65. Толькі 21 верасня была пачата больш-менш арганізаваная рэгістрацыя бежанцаў, якую кантраляваў Таццянінскі камітэт. Увесь матэрыял па рэгістрацыі павінен быў засяроджвацца ў цэнтральным Усерасійскім бюро па рэгістрацыі бежанцаў пры Таццянінскім камітэце. Безумоўна, Таццянінскім камітэтам была зроблена вялікая праца па рэгістрацыі, анкетаванні і ўліку бежанцаў, зборы шматлікіх звестак пра бежанцаў і іх месцазнаходжанні па Расіі.

Пералічыўшы праблемы, якія існавалі ў самой бежанскай справе, адзначым, што гэтае бязладдзе існавала ва ўмовах (другі этап эвакуацыі і бежанства) бесперапыннага перамяшчэння мас бежанцаў, якое, як мы ўжо адзначалі, уражвала ўсіх. Ужо 30 жніўня 1915 г. паводле сведкаў з Цвярской і Смаленскай губерняў, гэтыя тэрыторыі былі ўжо перапоўнены бежанцамі66. Гэта азначала, што трэба было накіроўваць людзей далей на ўсход, адшукваючы магчымасці чыгункі. Паток бежанцаў быў значны — 10-20 тысяч у суткі праходзіла праз тэрыторыю Мінскай губерні67. З 4 жніўня па 6 верасня 1915 г. праходзіла эвакуацыя з Дзвінска; з-за перапоўненасці Віцебска і Полацка далей за межы беларускіх зямель. З 5 верасня пачалі эвакуіраваць Лепельскі, Дрысненскі, Рэжыцкі і Дзвінскі паветы68. Тэмп быў такі, што моц трацілі і людзі, і жывёла. Але загаду прыпыніць, хоць бы на два тыдні, ад вайскоўцаў не было. Наперад. Наперад. Як адзначаў А. Бабкоў, ваеннае кіраўніцтва, палохаючыся пагрозы эпідэміі ў войску, рашуча ўзялося за арганізацыю перамяшчэння мас насельніцтва ва ўнутраныя губерні Імперыі69. Каб уявіць тэмп руху ў найбольш спякотны перыяд адступлення (кастрычнік, лістапад), дастаткова паглядзець на графік перавозкі людзей на Лібава-Роменскай і Аляксандраўскай чыгунках. За час з 5 кастрычніка па 27 лістапада — 11 410 чалавек (190 вагонаў) і 11 571 чалавек (192 вагоны) адпаведна70.

Вайсковыя ўлады нездарма хваляваліся наконт магчымай эпідэміі. Сыпны і брушны тыф, дызентэрыя, халера, шкарлятына, дыфтэрыт адзначаюцца ў лістах службовай перапіскі з розных частак розных губерняў. У барацьбе з хваробамі ўдзельнічалі санітарныя часці, падраздзяленні Чырвонага крыжа. Павінны былі быць зладжаныя дзеянні. Вялікая колькасць бежанцаў, „непрыбраныя раскладзеныя трупы коней і жывёлы” былі магчымымі месцамі хвароб. Дэзінфекцыйныя мерапрыемствы супраць хвароб былі неабходнасцю. Шмат было непахаваных бежанцаў. Толькі за адзін месяц працы аднаго атрада санітараў у раёне Мінскага чыгуначнага вакзала было знойдзеных і пахаваных 1526 трупаў (верасень-кастрычнік 1915 г.)71. З атрыманага губернскай канцылярыяй г. Мінска данясення: „На станцыі Мінск чакаюць пасадкі, ляжаць на платформах і пуцях 3 000 бежанцаў, па большай частцы жанчыны і дзеці. Вакол станцыі, у гарадской мяжы іх каля 10 000. Ніхто медыцынскай дапамогі не атрымліваў, між тым, хворыя, нават, халерныя ў значнай колькасці”72. Вось якая была частата руху бежанцаў праз Мінскую губерню на працягу з лістапада 1915 г. па чэрвень 1916 г.73

Дадамо яшчэ да гэтай інфармацыі статыстыку, якую прапануе А. Бабкоў з матэрыялаў Таццянінскага камітэта. Статыстыка сведчыць, што на 1 чэрвеня 1916 г. у Магілёўскай губерні жыло 89 671 чалавек, у Віцебскай — 52 938 чалавек74. Мы маем магчымасць уявіць агульны лік бежанцаў у Беларусі ў сярэдзіне 1916 г. — каля 260 612 чалавек. Вельмі прыблізная лічба! Далей мы звернемся да пытання колькаснага складу бежанцаў. Толькі разгледзім яшчэ адзін бок характарыстыкі бежанскага руху — працаўладкаванне бежанцаў.

Пытанне працы для бежанцаў было пытаннем хоць нейкай трываласці іх існавання, упэўненасці ў будучым для сваёй сям’і і для сябе. З другога боку з пачатку вайны існаваў недахоп працоўнай сілы на работах, якія былі звязаны з вайсковымі патрэбамі — фартыфікацыйныя будоўлі, будаўніцтва і рамонт шляхоў, сельскагаспадарчая праца. Улады імкнуліся па-рознаму стымуляваць тых бежанцаў, што знаходзілі працу на новым месцы. Гэтыя сем’і не спяшаліся высяляць далей. Справа працаўладкавання мела як матэрыяльны, так і псіхалагічны бакі. Праца бежанцаў каштавала менш, чым праца мясцовых жыхароў. Не кожны бежанец быў здольны хутка знайсці працу, значная частка іх была „па-за справамі”, адлучана, чакаючы, што будзе далей75. Розныя арганізацыі па апецы над бежанцамі рабілі розныя ўчынкі па вырашэнню бежанскай праблемы працаўладкавання. Земствы, напрыклад, актыўна прыцягвалі бежанцаў да ўдзелу ў розных сельскагаспадарчых працах. Наконт гэтага, у красавіку 1916 г. быў разасланы цыркуляр аб мабілізацыі бежанцаў на сельскагаспадарчыя працы пад пагрозай пазбаўлення пайка76. З бежанцаў складаліся працоўныя дружыны. Варыянты працы для бежанцаў былі самыя розныя — арганізацыя адпачынку для дзяцей, раздача ільну на пражу, адкрыццё майстэрняў77. Праводзілася часовае аднаўленне школьніцтва, прычым найбольшую актыўнасць праяўлялі тут польскія школы. З. Бядуля, з бачнай зайздрасцю адзначае, гаворачы пра прыфрантавую Беларусь: „А польскія школкі з навучыцельніцамі з Крулеўства Польскага раслі як грыбы. Нават і праваслаўныя дзеткі вучыліся там”78. Значную працу па адкрыццю школ і кантролю за імі праводзіў Цэнтральны абывацельскі камітэт Царства Польскага79.

На новых месцах, куды закінуў лёс бежанцаў, у Расіі, працу таксама было знайсці не проста. „Мясцовае насельніцтва глядзела [на бежанца] як на штосьці чужое, цёмнае, варожае”. Толькі жыццёвая працавітасць жыхароў беларускіх зямель дапамагала ім пазбегнуць галоднага існавання.

Мы паспрабавалі разгледзець бежанскі рух, накіроўваючы свой погляд на галоўныя бакі гэтай падзеі. Але ўся характарыстыка з’ўляецца дапаможнай для вырашэння галоўнага пытання — гэта даследаванне бежанцаў, як асобай часткі насельніцтва, якая нарадзілася самой вайной і існавала падчас вайны. Бежанцы былі заўсёды ў руху, ніколі іх становішча не было статычным. Нават у верасні і чэрвені 1916 г. пачалася некаторая рээвакуацыя ў Лепельскі, Полацкі, Рэжыцкі і Дрысенскі паветы80.

Вялікая геаграфія рассялення бежанцаў па Расіі. Калі лічыць па эвакуацыйных пунктах, што выкарыстоўваліся для рээвакуацыі ў 1918 годзе, то бежанцы з пяці губерняў (Віленскай, Гродзенскай — у першую чаргу, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай) знаходзіліся ў 23 губернях81. Аб агульнай дакладнай колькасці бежанцаў увогуле і бежанцаў з беларускіх губерняў, і бежанцаў асобных нацыянальнасцей весці гаворку вельмі складана. Вельмі недасканалы быў улік бежанцаў на ўсім працягу вайны. Найбольш поўныя звесткі аб колькасці бежанцаў захоўваюць матэрыялы Усерасійскага бюро па рэгістрацыі бежанцаў Таццянінскага камітэта. Гэтыя звесткі, часцей за ўсё і прапануюць тыя, хто гаворыць аб колькасці бежанцаў. Гэтак, у артыкуле ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (далей: ЭГБ), напісаным В. Скалабанам, падаецца лічба 3,2 мільёна бежанцаў (на 1917 г.), у тым ліку 1 127 092 — з беларускіх губерняў82. Першая названая лічба знаходзіць параўнальны прыклад у працы Я. Канчара „Беларускае пытанне”. Той прапануе агульную колькасць бежанцаў — 3,5 мільёна чалавек, але не спасылаецца ні на якую крыніцу83. Можна толькі дадумацца, што паколькі Канчар шмат звестак бярэ таксама з матэрыялаў Таццянінскага камітэта, то і гэтая лічба — адтуль. Што ж, да кольксці бежанцаў з пяці згаданых губерняў, то А. Бабкоў прапануе лічбу 1 130 042 чалавекі84. Гэтую інфармацыю Бабкоў узяў у Станкевіча, а той, у сваю чаргу, з архіўных матэрыялаў. Найчасцей сустракаецца інфармацыя аб прыкладна двух мільёнах бежанцаў з беларускіх губерняў. Аб гэтым паведамляе ЭГБ, прыводзячы статыстыку НКУС РСФСР на 5 лістапада 1918 г. — 2 292 395 чалавек85. „Дзянніца”, у матэрыяле аб падрыхтоўцы рээвакуацыі ў 1918 годзе, вядзе гаворку аб 2 000 000 беларускіх бежанцаў86.

Не менш розныя звесткі аб колькасці бежанцаў з паасобных губерняў. З Гродзенскай губерні, па звестках Таццянінскага камітэта, да 27 жніўня 1916 г. бежанцамі стала 267 567 чалавек87. Той жа камітэт меў звесткі, што 1 студзеня 1917 г. з гэтай губерні лічба бежанцаў склала 689 178 чалавек88. Калі верыць А. Цвікевічу, які паведамляе, што з Гродзенскай губерні падчас вайны выйшла ад 25% да 50% жыхароў, то ў адпаведнасці з колькасцю даваеннага насельніцтва Гродзенскай губерні на 1 студзеня 1914 г. (1 909 824 чал. — БДГА, г. Гродна, ф. 1, оп. 9, адз. зах. 1765, л. 57), працэнты Цвікевіча складаюць 477 456 і 954 912 чалавек89.

Усе гэтыя несупадаючыя лічбы, на наш погляд, па-першае даюць магчымасць прыблізна ўявіць колькасць бежанцаў; яна значна большая за той прыклад, што ёсць у шматтомнай „Гісторыі Беларусі” (1 320 500 чалавек з Польшчы, Літвы і заходніх раёнаў Беларусі)90. Больш дакладную лічбу колькасці бежанцаў мы мяркуем атрымаць у выніку рознабаковага дэмаграфічнага аналізу руху насельніцтва пяці беларускіх губерняў.

На наш погляд, ёсць падставы сцвярджаць, што вялізны, каля двухмільённы бежанскі рух па сваіх умовах з’яўлення, развіцця — гэта значная, па свойму ўплывовая частка насельніцтва, якая ўдзельнічала ў падзеях рэвалюцыйнага пераўтварэння і спроб нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва. Бежанцы неслі на сябе пэўныя рысы маргінальнага насельніцтва. Іх пазбаўленасць большай ці ўсёй маёмасці — „аднята”, „прададзена”, „пакінута ў хаце” — магла рабіць іх вельмі энергічнымі з мэтай вяртання ўсяго страчанага91. Іх вялікая частка, у большай меры працаздольных людзей, пры адносна высокай пісьменнасці і адначасова значнай беспрацоўнасці, адчужанасці, адметнасці іх ад мясцовага расійскага насельніцтва рабіла бежанцаў той сілай, што магла па-рознаму, дастаткова непрадказальна ўдзельнічаць у падзеях 1917-1920 гг.92

Streszczenie

Exodus ludności z zachodniej Białorusi w okresie I wojny światowej stanowił nie tylko rewolucję demograficzną na tym obszarze. Zwarta, konserwatywna, wiejska społeczność białoruska została rozrzucona po rozległych obszarach Rosji, poddana doświadczeniom zmieniającym jej naturalny charakter. Większość uchodźców stanowili ludzie wypędzeni strachem wywołanym rządową propagandą. Utraciwszy po drodze część rodzin czuli się obcymi wśród Rosjan, wyznających wprawdzie prawosławie, lecz żyjących innymi tradycjami, posiadających odmienną mentalność. Zbawienną dla wielu uchodźców z Białorusi okazała się życzliwość zwyczajnych Rosjan, którzy w odróżnieniu od władz służyli im wszechstronną pomocą. Bałagan wywołany wojną sprawił, że wszelkie plany ewakuacji okazały sie trudne do zrealizowania. Dopiero w styczniu 1916 r. opiekę nad „bieżancami” powierzono poszczególnym gubernatorom, a koordynować politykę wobec kilkumilionowej masy uchodźców miało Ministerstwo Spraw Wewnetrznych.


1 А. Літвін, Я. Паўлаў, Беларусь: Нацыянальныя і тэрытарыяльныя вайсковыя фарміраванні (1917-1941 гг.), „Наша слова”, 1994, № 42; O. Łatyszonek, Białoruskie formacje wojskowe 1917-1923, Białystok 1995, s. 273.
2 Ю. Васілеўскі, Беларусы на абшарах Расіі, „Голас Радзімы”, 1994, № 30-34.
3 Беларускі дзяржаўны гістарычны архіў г. Мінск (далей: БДГА г. Мінск), ф. 295, оп. 1, адз. зах. 8992, л. 123.
4 Беларускі дзяржаўны гістарычны архіў г. Гродна (далей: БДГА г. Гродна), ф. 1430, оп. 1, адз. зах. 48720, л. 6, 9, 12, 14.
5 А. Зайончковский, Мировая война (1914-1918 гг.), Воениздат 1938, с. 258.
6 С. Нелипович, Немецкую пакость уволить и без нежностей... Депортации в Росии 1914-1918 гг., „Военно-исторический журнал”, 1997, № 6, с. 42. У склад Дзвінскай вайсковай акругі ўваходзілі, у прыватнасці, наступныя паветы Гродзенскай губерні: Бельскі, Беластоцкі, Сакольскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі; астатнія — Брэст-Літоўскі, Пружанскі, Кобрынскі, Слонімскі адносіліся да Мінскай вайсковай акругі (БДГА г. Гродна, ф. 1, оп. 9, адз. зах. 1772, л. 195).
7 БДГА г. Гродна, ф. 1 оп. 9, аддз. зах. 1765; А. Цвікевіч, Адраджэнне Беларусі і Польшча, „Вызваленне”, 1921, с. 60.
8 БДГА г. Гродна, ф. 14, оп. 3, адз. зах. 71, л. 68 аб., 69.
9 Статистический обзор Могилёвской губернии за 1914 год, Могилёв 1915, с. 17.
10 С. Нелипович, Немецкую пакость уволить..., с. 42.
11 БДГА г. Гродна, ф. 1, оп. 9, адз. зах. 1878, л. 6, 11-12. Калі лічыць, што, у адпаведнасці з архіўнымі крыніцамі, у Гродзенскай губерні на 1 снежня 1914 г. было 22 570 чал. рабочых на фабрыках і заводах, тады 3-5 тысяч гэта 22,1% (БДГА г. Гродна, ф. 1, оп. 9, адз. зах. 1765, л. 57).
12 Пад прашэннем подпісы: 1) А. Фрэймарк; 2) Ю. Мітэльштэйн, Г. Ліпке; 3) Г. А. Шульц, І. Г. Давыдава; 4) сям’я Адольфа Вэбэра — урочышча Дойліды Беластоцкага павета; 5) святар Антоні Рэкец за М. Р. Ждзеля; 6) А. Генкель — в. Бацечкі Беластоцкай воласці.; 7) Г. і Ф. Шпет — калонія Супрасль; 8) Р. Очні і Ф. Очні — калонія Бацечкі Беласт. вол.; 9) Э. і А. Рус — калонія Супрасль; 10) К. І. Блюмаер. калонія Дойліды Беласт. вол. БДГА г. Гродна, ф. 1, оп. 9. адз. зах. 1878, л. 6, 11-12.
13 С. Нелипович, Немецкую пакость уволить..., с. 49
14 БДГА г. Гродна, ф. 1, оп. 9, адз. зах. 1878, л. 1, 2.
15 БДГА г. Гродна, ф. 1, оп. 9, адз. зах. 2097, л. 2.
16 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9028, л. 16-16 аб.
17 БДГА г. Гродна, ф. 24, оп. 1. адз. зах. 1003, л. 406-410.
18 БДГА г. Гродна, ф. 18, оп. 1, адз. зах. 2334, л. 6.
19 „Беларусь”, 21 жніўня 1914, № 34; 29 студзеня 1915 г., № 4.
20 БДГА г. Гродна, ф. 17, оп. 1, адз. зах. 450, л. 4.
21 А. Цвікевіч, Адраджэнне Беларусі..., с. 58-59.
22 М. Лемке, 250 дней в царской ставке (25.09.1915 — 02.07.1916 гг.), Петроград 1920, Госиздат, с. 265.
23 БДГА г. Мінск, ф. 700, оп. 4, адз. зах. 9, л. 2, 3.
24 БДГА г. Мінск, ф. 700, оп. 4, адз. зах. 9, л. 9.
25 БДГА г. Мінск, ф. 700, оп. 4, адз. зах. 9, л. 29.
26 З. Бядуля, Прыфрантавы рубеж Беларусі (нататкі і ўражанні), „Вольная Беларусь”, 1918, № 8.
27 М. Лемке, 250 дней..., с. 265.
28 БДГА г. Гродна, ф. 1, оп. 9, адз. зах. 1781, л. 160.
29 БДГА г. Гродна, ф. 336, оп. 1, адз. зах. 1, л. 300. Сакольскі пав.: 5-15.08; Гродзенскі пав.: 5-20.08; Пружанскі пав.: 5-18.08; Ваўкавыскі пав.; 5-27.08; Слонімскі пав.: 5-30.08; Кобрынскі пав.: 14.08 — 1.09.
30 БДГА г. Гродна, ф. 336, оп. 1, адз. зах. 1, л. 237.
31 БДГА г. Гродна, ф. 7, оп. 9, адз. зах. 1994, л. 105, 136.
32 Беженцы и организация помощи им в связи с работами особого Совещания (доклад М. М. Щепкина), 1916, март, с. 20.
33 А. Бабков, Беженцы в Беларуси в годы первой мировой войны (1915-1916 гг.), [в:] Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (мат. канф.), ч. 1 (Гісторыя Беларусі), Мінск 1993, с. 134.
34 Беженцы и организация помощи им..., с. 73.
35 БДГА г. Гродна, ф. 92, оп. 1, адз. зах. 11, л. 4-4 аб.
36 М. Лемке, 250 дней..., с. 266-267; Аккерман, В штабе дивизии, „Голос минувшего”, 1917, ноябрь-декабрь, № 11-12, с. 334-335.
37 БДГА г. Гродна, ф. 7, оп. 9, адз. зах. 1994, л. 226-227.
38 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 8985, л. 68-69 аб.
39 БДГА г. Мінск, ф. 300, оп. 1, адз. зах. 63, л. 181.
40 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 8996, л. 4-4 аб., 36.
41 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 8988, л. 2.
42 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9028, л. 8.
43 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9028, л. 12.
44 Очерки деятельности Всероссийского Союза городов 1914-1915, Москва 1915, с. 132.
45 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 8985, л. 124.
46 Беженцы и организация помощи им..., с. 79-80.
47 „Беларусь”, 1914, №№ 33, 34, 36, 38, 39, 48, 50, 51.
48 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9038, л. 58.
49 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9038, л. 69-69 аб.
50 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9028, л. 36 аб.
51 Л. Липинский, Крестьянское движение в Беларуси в 1914-1917 гг., Мінск 1975, Изд. БГУ, с. 150.
52 БДГА г. Мінск, ф. 2001, оп. 1, адз. зах. 211, л. 38-43.
53 В. Скалабан, Невядомы артыкул паэта, „Нёман”, 1981, № 12, с. 189.
54 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9033, л. 74 аб.
55 „Беларусь”, 1914. № 38 (18 верасня).
56 В. Скалабан, В то суровое и важное время, „Нёман”, 1981, № 12, с. 144.
57 D. Płygawko, Akcja pomocy charytatywnej dla Litwy w czasie pierwszej wojny światowej, [w:] Wilno — Wileńszczyzna jako krajobraz i środowisko wielu kultur, Białystok 1992, s. 202.
58 Tamże, s. 206.
59 Скалабан В. Невядомы артыкул паэта, с. 190
60 Беженцы и организация помощи им..., с. 29
61 „Дзянніца”, 1918, № 19 (12 чэрвеня).
62 БДГА г. Мінск, ф. 700, оп. 1, адз. зах. 10, л. 132-133.
63 Беженцы и организация помощи им..., с. 29
64 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9029, л. 17 аб.
65 А. Бабков, Беженцы в Беларуси..., с. 136.
66 БДГА г. Мінск, Ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9028, л. 223.
67 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9028, л. 260 аб.
68 БДГА г. Мінск, ф. 1430, оп. 1, адз. зах. 48720, л. 74, 113, 195, 209.
69 А. Бабков, Беженцы в Беларуси..., с. 133.
70 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 8985, л. 124-167 (падлік наш).
71 БДГА г. Мінск, ф. 2945, оп. 1, адз. зах. 8985, л. 94-94 аб.
72 БДГА г. Мінск, ф. 295. оп. 1, адз. зах. 9028, л. 317.
73 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1, адз. зах. 9032, л. 32-512 (падлік наш).
74 А. Бабков, Беженцы в Беларуси..., с. 136.
75 БДГА г. Мінск, ф. 295, оп. 1., адз. зах. 8992, л. 123.
76 Л. Липинский, Крестьянское движение..., с. 84-85.
77 В. Скалабан, Невядомы артыкул паэта, с. 189.
78 З. Бядуля, Прыфрантавы рубеж Беларусі..., с. 189.
79 БДГА г. Мінск, ф. 2001, оп. 1, адз. зах. 2111, л. 38.
80 БДГА г. Мінск, ф. 2508, оп. 1, адз. зах. 6040, л. 325, 326.
81 „Дзянніца”, 1918, № 19 (12 чэрвеня).
82 Бежанцы, [у:] Энцыклапелыя гісторыі Беларусі, Мінск 1993, т. 1, с. 339.
83 Е. Канчар. Белорусский вопрос, [в:] В. Игнатовский, Беларусія, Петроград—Минск 1925, с. 112.
84 А. Бабков, Беженцы в Беларуси..., с. 131.
85 Бежанцы, [у:] ЭГБ, с. 339.
86 „Дзянніца”, 1918, № 33 (кастрычнік).
87 БДГА г. Гродна, ф. 1, оп. 9, адз. зах. 2167. л. 2.
88 А. Бабков, Беженцы в Беларуси..., с. 131.
89 А. Цвікевіч, Адраджэнне Беларусі..., с. 58-59.
90 Гісторыя Беларусі, Мінск 1972, Навука і тэхніка, т. 2, с. 589.
91 БДГА г. Мінск, ф. 700, оп. 4, адз. зах. 9, с. 27 аб.
92 Згодна з матэрыяламі выбарнага апытання бежанцаў беларусаў — 7322 чал., што жылі ў Петраградзе і ў яго ваколіцах: 45,5% апытаных пакінула свае землі пад прымусам (у тым ліку з Гродзенскай — 68,6%); пісьменных з Гродзенскай губерні — 73,8%, Мінскай — 75,8%, Віленскай — 69,3%; 49,9% беспрацоўных; 90% наяўных запасаў не маюць — з кн.: Е. Канчар, Белорусский вопрос. Паводле перапісу, праведзенага ў Петраградзе 29 лютага 1916 г. з 100 704 бежанцаў — 60,32% былі ва ўзросце ад 17 да 55 гадоў — з кн.: Перепись беженцев в Петрограде в 1916 г., Петроград 1916.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія