|
Беларускае духавенства ў першай палове ХХ ст.
Янка Трацяк
(Гродна)
1
За гады савецкай улады склаўся адпаведны стэрэатып мыслення, далёкі да аб’ектыўнасці, у адносінах да духавенства. Ацэнка іх ролі ў духоўна-рэлігійным жыцці грамадства, культурна-асветніцкай, палiтычнай і нацыянальнай дзейнасці замоўчвалася, альбо падавалася ў выгадным пэўнай ідэалогіі святле. А калі яшчэ ўлічыць той гiстарычны факт, што духавенства ў Беларусі на працягу некалькiх стагоддзяў было прадстаўлена дзвюма асноўнымі хрысціянскімі канфесіямі, разыходжанні якіх не абмяжоўваліся толькі сімваламі веры і вялі ў глыбіню мiжпалiтычных (дзяржаўных), міжкультурных і міжэтнічных адносiнаў, то становіцца зразумелым, наколькi гэта праблема была неадназначнай i супярэчлівай асаблiва ў першыя дзесяцігоддзi ХХ ст. Звернемся да некаторых фактаў, якiя характарызуюць сутнасць тагачаснай дзяржаўнай i канфесiйнай палiтыкi.
Вядомы „истинно русский” дзеяч А. Мiлавiдаў сцвярджаў, што „нiдзе так палiтыка арганiчна не звязана з рэлiгiяй, як у „Севера-Западном” краi, дзе „праваслаўны” i „католiк” вызначэнне не толькi рэлiгiйнае, але i нацыянальнае, i палiтычнае, а паняцце расійскi i праваслаўны, рыма-католiк i паляк — сiнонiмы”1.
Канфесiйна-нацыянальнаму падзелу i супрацьстаянню спрыяў традыцыйны падыход дзяржаўнай iдэалогii ў адносiнах як да „Северо-Западного” края з аднаго боку, так i да „крэсув всходнiх” з другога.
Прынцыпы расійскай палiтыкi ў Беларусi застаюцца нязменнымi: самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць. Як гэтая трыяда бачылася з беларускага пункту гледжання, вельмi трапна заўважаў I. Касяк: „... самадзяржаўе ўвасабляў цар, які быў сымбалем акупанта для „задзiночаных” iм народаў. Праваслаўе мела насiць казённая расійская царква, ставячая фактычна дадатак да органаў агульнай адмiнiстрацыi. Народнасцяй — была расiйская, у якую беларусы павiнны былi ўлiвацца, як „ручаi ў вадно мора” i дэнацыяналiзавацца”2.
Калi афiцыйны патрыятызм — самадзяржаўе, праваслаўе i народнасць вымагаў адпаведных дапаўненняў, накшталт, „хто не прызнае гэтай формулы — бунтаўшчык i здраднiк”, „беларусы могуць быць толькi праваслаўнымi”, „знешнiя ворагi беларусаў — палякi i жыды”, „беларусы не павiнны ствараць сваёй асобнай лiтаратуры — руская iх цалкам задавальняе”, то — як зазначае вядомы культурны дзеяч, украiнскi мовазнаўца, д-р фiлалогii Iларыён Свянцiцкi — „польская шавiнiстычная група ўнесла ў згаданую формулу толькi невялiкiя змены: замест самадзяржаўя яна паставiла ўсяпольскую iдэю, замест праваслаўя — каталiцтва; ворагамi беларусаў з’яўляюцца велiкарусы; беларусы павiнны задаволiцца польскай лiтаратурай i г.д.”3.
I гэта быў погляд не толькi шавіністычнай групы — гэта была дзяржаўная i рэлiгiйная палiтыка, што цалкам было пацверджана ўладамi ў 1920-1930-х гадах у заходнiх рэгiёнах Беларусi.
Надзейным інструментам, у дасягненнi сваiх палiтычных мэтаў, як адны, так i другія, выкарыстоўвалі духавенства. А ў цэлым, аб’ядноўвала iх зацятая непрыхiльнасць да беларускасцi, непрызнанне беларускай мовы, культуры, гiсторыi i варожасць да праяваў нацыянальнага самавызначэння.
У пачатку ХІХ ст. рускі драматург А. Грыбаедаў пісаў, што рускі адчувае сябе па-сапраўднаму рускім толькі ў праваслаўнай царкве4. Для свядомага беларуса адразу ж узнікае вельмі лагічнае пытанне: у якім жа храме беларус можа адчуць сябе сапраўдным беларусам? Дарэмна з гэтым пытаннем звяртацца да праваслаўных і каталіцкіх святароў. Большасць з іх не ведае, што сказаць.
Калi ўлiчыць усе гэтыя моманты, то становіцца зразумелым, чаму так глыбока запалi ў свядомасць „тутэйшасцi” такiя паняццi як „польская вера” („польскi касцёл”, „польскае каталiцтва”, „польскае духавенства”, „польскi вялiкдзень”, „польскiя каляды”) і „руская вера” — з адпаведнымi словазлучэннямi.
Ва ўсякiм разе, месца для „беларускай веры” (беларускага духавенства, беларускага праваслаўя, беларускiх рэлiгiйных святаў і г.д.) у адзiнстве i шматвобразнасцi хрысціянскай Царквы было занята бліжнімі, братамі па веры, якія між сабою і вялі разборкі за гэта месца, толькі ўжо для сваёй „польскай” ці „истинно-русской” веры.
Прыкры ў гісторыі хрысціянства факт.
2
Мы вельмі часта паўтараем словы, над сэнсам якіх не заўсёды задумваемся. Адносіцца гэта і да такіх спалучэнняў слоў, як „польскае каталіцтва” і „рускае праваслаўе”.
Каталіцтва, katholikos з грэцкай мовы — паўсюдны, сусветны, тое, што і саборнасць (адно з тлумачэнняў) у праваслаўі.
Праваслаўе — праўдзівы, правамерны, прававерны, артадаксальны (orthodoxos — з грэцкай).
У адносінах да згаданых словазлучэнняў з лінгвістычнага пункту гледжання адбылася звычайная замена лексіка-семантычнага складу слова, яго ўнутранай формы — метафарызацыя, калі агульнае значэнне сусветнасці (паўсюднасці), праўдзівасці звужана да пэўнай, канкрэтнай спецыфічнай формы праяўлення. Такая „вобразнасць” можа быць цалкам апраўдана ў мастацкай літаратуры, але ў дадзеным выпадку гэта абмежаваная і спецыфічная форма набывае зусім іншы адценак. Калі ўлічыць гістарычныя абставіны і геапалітычныя ўмовы Беларусі, то няцяжка ўбачыць ува ўсім гэтым прытэнцыёзнасць на сусветны месіянізм, нацыянальную выключнасць з аднаго боку і палітычную падкладку з другога, — што цалкам апраўдвае ў такім разе і саму назву „польскае каталіцтва” і „рускае праваслаўе” і іх дзейнасць у такім кірунку.
Алагізм у тым, што не можа быць у свеце польскай паўсюднасці, альбо толькі рускай праўдзівасці. Такая універсальнасць уласціва толькі хрысціянству, а прысвойванне яе адной нейкай нацыі з тэалагічнага пункту гледжання супярэчыць самім хрысціянскім прынцыпам — „Дык, ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа (Евангелле ад Мацв., 28: 19).
У людской свядомасці абавязкова ўзнікае сумніў: чаму ж будуць навучаць такія „апосталы” наш народ у касцёле з польскаю моваю навучання — польскай паўсюднасці „ад мора да мора”?! А ў царкве, відаць, „рускай праўдзе”, што беларус „истинно русский, православный!5 и язык его родной — русский”. Духавенства, як каталіцкае, так і праваслаўнае, шмат зрабіла для таго, каб наш народ у каталіцтве бачыў у першую чаргу не хрысціянскую ідэю ўратавання, а „польскую веру”, ляха, пана, паляка i Польшчу, а ў праваслаўі — „веру рускую” і маскаля, расiйца i самадзяржаўе. А ў цэлым, такі падыход кампраметаваў хрысціянства, быў тормазам у пашырэнні і кафалічнасці, і праваслаўнасці, спрыяў узнікненню розных пратэстанцкіх і антыхрысціянскіх сектаў.
Дарэчы тут згадаць словы рускага католіка: „Людзі, якія звязваюць праўдзівасць веры з нацыянальнасцю, як быццам забываюцца, што яны хрысціяне; гэтым змяшаннем яны ставяць сябе на адзін узровень з японцам-шынтаістам, рэлігія якога сапраўды тварэнне яго народа”6.
Праўда, каталіцкае духавенства звычайна стараецца пазбягаць тэрміну „польскае” ў Беларусi, але дзейнасць яго сама за сябе гаворыць.
Каб зразумець сутнасць і глыбіню праблемы з рускім праваслаўем, прывядзём некалькі цытатаў:
„Безумоўна, Царква на Беларусі павінна быць беларускаю. Прычым пад „беларускасьцю” Царквы я разумею якраз яе „рускасьць”. Але „рускасьць” гэта не „маскоўскасьць”, „рускасьць” не „велікарускасьць”, не „сённяшняя рускасьць”. А тое, што Царква не павінна адарвацца ад сваіх каранёў, якія ідуць з часоў Полацкага княства. Прабачце, але гэта рускія карані. Слова „рускі” — наогул няшчаснае слова. Яно адразу выклікае асацыяцыю з маскоўскім, расійскім. Але сапраўдныя рускія гэта мы з вамі. Калі вы беларусы, то вы і ёсьць сапраўдныя рускія. А сённяшняя Расія — гэта этнічны розьвітак той беларуска-ўкраінскай Русі на маскоўскіх землях. Гэта вынік таго, што рускае насельніцтва Украіны і Беларусі гістарычна перасунулася на новую тэрыторыю, зьмяшалася з угра-цюрка-мангольскім элементам, стварыла вялікую этнічную групу, вялікую краіну, якая стала звацца Расіяй. А вось Вялікае Княства Літоўскае — гэта этнічна-руская дзяржава, і афіцыйная мова ў ім была руская. Таму, калі я кажу: трэба, каб Царква стала рускай, — я маю на ўвазе тое, што Царква павінна застацца вернай царкоўнай традыцыі той беларускай Русі, а зусім не люстэркам маскоўскай Русі”7.
Так пісаў настаяцель Багаяўленскага Патрыяршага сабора ў Маскве, намеснік старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносінаў Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ), беларус па паходжанні а. Вiталiй Баравы.
А вось цытата расійскага гісторыка Царквы: „Нельга забываецца пра тое, што да 20-х гадоў нашага стагоддзя Праваслаўная Царква называлася ў нас (у Расіі — Я. Т.) не Рускай Праваслаўнай Царквой, як сёння, а Праваслаўнай Расійскай Царквой, што падкрэслівала яе ўніверсальнасць і адкрытасць усім народам і плямёнам Расіі, а таксама прымат рэлігіі над нацыяй. У новай назве, якая была прынята пад націскам сталінскай адміністрацыі па сутнасці замацаваны прынцып дыскрымінацыі ўсіх „іншародцаў” праваслаўнага веравызнання на тэрыторыі СССР. Падобная сітуацыя, якая супярэчыць асновам вучэння Ісуса Хрыста, не можа быць больш цярпімай, таму што наша Царква — сусветная, саборная і нясе Добрую Вестку Ісуса Хрыста ўсім народам зямлі”8.
I яшчэ: „У варажскага племені Русь была свая вера, якая, відаць, адрознівалася ад веры іншых скандынаўскіх плямёнаў; вось яе можна назваць „рускай верай”. Пасля таго, як імя рускае замацавалася за славянскімі плямёнамі ўздоўж воднага шляху „з варагаў у грэкі” і пад гэтым імем яны адчулі сябе адным народам; тады яго вера — вера ў Перуна і Дажбога — стала „рускай верай”. Св. Уладзімір названы роўнаапостальным менавіта за тое, што ён зліквідаваў гэту рускую веру і замяніў яе верай Хрыстовай, адзінай для ўсіх народаў. Выказванне „руская вера”, калі мы маем на ўвазе хрысціянства, гэтак жа не дапушчальнае для правільнага мыслення, як выказванне „квадратны трохвугольнік”9.
Для кожнай з гэтых цытатаў можна зрабіць падрабязны каментарый, але навошта. Зазначым хіба, што сутнасць у дадзеным выпадку не столькі ў назве, колькі ў дзейнасці. Можна нават пагадзіцца з а. В. Баравым у тым, што Праваслаўная Царква ў Беларусі павінна быць Рускай, але Рускай Аўтакефальнай Царквой, Царквой, якая ні дэ-юрэ ні дэ-факта не залежала б ад Маскоўскага патрыярхату.
Безумоўна, бліжэй было б да ісціны пазбягаць у назвах усякага пяршынства нацыянальнага над рэлігійным, асабліва тады, калі духавенства займаецца місіянерскай працай, — гэта больш адпавядала б звышнацыянальнаму характару хрысціянства, „дзе няма ні Эліна, ні Юдэя, ні абразаньня, ні неабразаньня, варвара, Скіфа, раба, вольніка, а ўсё і ўва ўсім Хрыстос” (Пасланьне Паўла да Каласянаў, 3: 11).
Свая вера (польскае, рускае, беларускае праваслаўе і каталіцтва) ёсць не што іншае, як імкненне падкрэсліць тое, што верай майго народа з’яўляецца вера ў вечнае, паўсюднае і праўдзівае вучэнне Ісуса Хрыста.
Важным фактарам у фармаваннi веры з’яўляецца нацыянальная культура, якая ў сваю чаргу адлюстроўвае той цi iншы рэлiгiйны светапогляд.
„Можа каму здасца, што гутарка аб беларускiм каталiцтве — гэта недарэчнасць, — пiша Адам Станкевiч. — Справа тут у тым, што кожны народ, якi апiраецца на каталiцтве i карыстае з яго, гэтым сама твора сваю ўласную культуру каталiцкую як бы сваё нацыянальнае каталiцтва. Вядома, прынцыпова гэта ёсць тое самае i паўсюднае каталiцтва, але што да яго формы, дык яно ў розных народаў мае свае ўласныя нацыянальныя формы i ў гэтым толькі значэннi можна гаварыць аб нацыянальным каталiцтве”10.
У гэтым значэннi можна гаварыць i аб нацыянальным праваслаўi.
Але і такое разуменне апраўдана толькі ў межах пражывання свайго этнасу.
У нейкай ступені можна апраўдаць нацыянальную афарбоўку людзей па прафесійнай прыналежнасці; яны належаць да адной нацыянальнасці, жывуць на сваёй тэрыторыі і дзейнасць іх носіць патрыятычна-нацыянальны характар на карысць свайго народа і дзяржавы.
Ніхто не будзе супярэчыць, калі мы гаворым аб польскім духавенстве ў Польшчы, чэшскім — у Чэхіі, рускім — у Расіі. Зліццё свайго духавенства з сваім народам і дзяржавай (адна вера, адзін народ, адна дзяржава) з’яўляецца трывалым маналітам, на падставе якога дасягаюцца значныя поспехі ў культурным і эканамічным развіцці. Другая справа, калі такое духавенства не абмяжоўваецца чыста рэлігійнай дзейнасцю сярод іншых народаў, а імкнецца да навязвання яму нацыянальна-культурных каштоўнасцей свайго народа, палiтыкi сваёй дзяржавы, у чым можна ўбачыць не толькі праявы шавінізму, але і рэлігійнага нацыяналізму — усё гэта прыводзіць да сумнавядомага фiналу: дэнацыяналізацыі народа, духоўнай гібелі і да яго знікнення наогул.
Няма сэнсу пералічваць заслугі польскага духавенства ў станаўленні дзяржаўнасці II Рэчы Паспалiтай, альбо рускага (расійскага) ва ўмацаванні Расійскай імперыі.
Звернем увагу лепш на духавенства, якое знаходзілася па-за рамкамi пануючых iдэалогiй, духавенства, якое так i не зведала шырокай падтрымкi не толькi дзяржаўных, але і рэлігійных уладаў ва ўсе часы свайго iснавання, — пагаворым аб беларускiм духавенстве.
3
Гiстарычна-публiцыстычная лiтаратура савецкага часу пазбягала тэрмiна „беларускае духавенства”, а калi прыходзiлася згадваць пра клір, якi стаяў не толькi на антысавецкiх пазiцыях, але i на нацыянальных, то звычайна ў сваiм небагатым лексiконе ўжывалiся такiя азначэннi, як „нацыянал-буржуазныя клерыкалы”, „здраднiкi народа”, „нацыяналiсты”, „царкоўнiкi”, „папоўшчына”. Дзейнасць беларускiх каталiцкiх святароў разглядалася ў кантэксце „служкаў буржуазнай Польшчы”, „нашэсця каталiцтва на Беларусь”, „экспансii Ватыкана на Усход” i г.д. Адзiн з пiсьменнкаў назваў Беларускую хрысціянска-дэмакратычную партыю „новым крыжацкiм ордэнам”. Былi выказваннi i больш негатыўнага характару.
У афiцыйнай польскай i расійскай гiстарыяграфii адчуваецца факт замоўчвання такой з’явы як каталіцкае духавенства. Вельмі трапна заўважыла гэта В. Грыгор’ева: „Іх лёс не цікавіў ні польскіх, ні рускіх даследчыкаў. І тыя, і другія мелі свае мэты, свае погляды на беларускую гісторыю, у якой не было месца ксяндзам-беларусам, што не жадалі адрачыся ад сваёй, нібыта не існуючай нацыянальнасці”11. Адназначна, зразумела, што не было месца і для беларускіх праваслаўных святароў.
Не выдзяляюць асобнага раздзелу аб беларускім духавенстве і беларускія энцыклапедыі. У нейкай ступені гэта можна зразумець: беларускае духавенства не было аб’яднаным у адзіную арганiзацыйную структуру з агульнай праграмай дзеяння, не было пададзена асобнай фракцыяй у дзяржаўных органах улады. І толькі на падставе асобных артыкулаў, прысвечаных дзейнасці той ці іншай арганізацыі, партыі ці асобе можна прасачыць існаване прыхільнікаў беларускасці ў асяроддзі духавенства.
Некалькі дзесяткаў артыкулаў аб беларускіх святарах з’явілася ў апошняе дзесяцігоддзе. Сярод аўтараў — кандыдаты гiстарычных навук: В. Грыгор’ева, якая адна з першых звярнула ўвагу на праблему беларускага каталіцкага духавенства і Т. Процька — на лёс беларускага праваслаўя.
Наогул, у айчыннай гістарыяграфіі і сёння адсутнічаюць грунтоўныя, аб’ектыўныя, без уліку сімпатый да той ці іншай канфесіі, даследаванні па гісторыі хрысціянства ў Беларусі.
Несумненна, заслугоўваюць увагі працы беларускага каталіцкага святара, рэлігійнага і грамадскага дзеяча Адама Станкевіча: „Родная мова ў святынях” (1929), „Беларускі хрысціянскі рух: гістарычны нарыс” (1939), „Хрысціянства і беларускі народ: спроба сінтэзы” (1940), беларускага святара-уніята ў эміграцыі а. Льва Гарошкі „Пад знакам „рускае” і „польскае” веры” (1954) і праваслаўнага дзеяча І. Касяка „З гісторыі Праваслаўнай Царквы Беларускага народу (1956). Пакінем па-за ўвагай некаторыя недакладнасці і разыходжанні ў ацэнках той ці іншай з’явы ў згаданых працах, зазначым, што ўсе тры аўтары паставілі пытанне аб беларускім духавенстве і паказалі яго выключную ролю ў культурна-грамадскім жыцці народа.
Так, пра беларускае духавенства цяжка сказаць штосьці як аб адзінай цэласнай структуры. Было яно падзелена па канфесійным прынцыпе, а гэта значыць, згодна прыналежнасці да дзвюх розных ідэалогій і культур, што значна ўплывала на фармаванне iх светапогляду, менталiтэту, адносiн да праблемаў гістарычна-культурнага развіцця, рэлігійна-нацыянальных праблемаў — усё гэта рабіла стракатай па форме і змесце іх дзейнасць. Але з другога боку, беларускаму духавенству былі ўласцівы такія якасці, як сваё разуменне апостальскай дзейнасці, свой погляд на этна-канфесійныя праблемы, вызначэнне свайго месца і ролі ў гісторыі, усведамленне і прыналежнасць да сваёй нацыі і, што самае галоўнае, яно было аб’яднана вакол адной вялікай ідэі — ідэі служэння Богу і Бацькаўшчыне.
4
Час фармавання свядомага беларускага каталіцкага духавенства прыпадае на пачатак ХХ ст. У 1904 годзе Віленскае рыма-каталіцкае біскупства на свой запыт да святароў даць інфармацыю аб сваёй нацыянальнасці атрымала адказы з пацвярджэннем прыналежнасці да беларускае нацыянальнасці. Такія лісты даслалі ксяндзы Рамуальд Хадыка, Язэп Кучынскі, Макар Янцэвіч, Ян Бурба, Сівіцкі і іншыя12. Пробашч Пяскоўскага касцёла (Ваўкавыскі дэканат) А. Асцiловiч пісаў: „имею честь почтительнейше донести, что я принадлежу к народности кривической”13. І такіх святароў-беларусаў было: у Ашмянскім дэканаце — 1 з 9, Вішнеўскім — 2 з 16, Лідскім — 2 з 13, Вілейскім — 1 з 8, Дзiсненскiм — 1 з 15, Слонімскім — 3 з 8, Беластоцкім — 1 з 2614. У параўнанні з ксяндзамі палякамі і літоўцамі іх было значна менш, напрыклад: у Свянцянскiм дэканаце з 20 святароў было 18 лiтоўцаў і 2 палякi, у Надвiлейскiм з 9 — 5 лiтоўцаў, 3 палякi і 1 паляк-літвiн, у Дзісненскiм — 7 лiтоўцаў i 7 палякаў з 14 святароў, у Беластоцкім з 25 — 15 палякаў і 10 лiтоўцаў15. Варта заўважыць, што сярод святароў шмат было лiтвiнаў; iх жа, хутчэй за ўсё, залiчылi ў спісы да лiтоўцаў, хаця цяжка сказаць, да якой народнасцi яны адносiлi сябе самі.
У Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі існаваў такі звычай: „... дзеля ўспомненых палітычных і адчасьці рэлігійных прычын, семінарскія ўлады запісвацца Беларусамі клерыкам ня радзілі і нават не дазвалялі. Сьведчаць аб гэтым некаторыя-ж самі клерыкі з гэтага часу. Дзеля гэтага бадай усе клерыкі Беларусы запісваліся тады Палякамі”16. Адам Станкевіч звяртае на гэты факт асаблівую ўвагу і папярэджвае будучых даследчыкаў, якім могуць трапіць у архівах адпаведныя запісы.
І тым не менш, нельга не пагадзiцца, што параўнальна высокая нацыянальная арыентацыя палякаў i лiтоўцаў сярод каталiцкага духавенства ў пазнейшыя часы стала адной з лёсавырашальных сілаў у барацьбе за дзяржаўнасць i незалежнасць як Польшчы, так i Літвы. I растлумачыць гэта можна ў першую чаргу тым, што менавiта святары найбольш цесна былi звязаны з народам, жылi яго жыццём, ведалi яго патрэбы i, што самае галоўнае, валодалi вельмi моцнай сiлай уздзеяння i пераканання — сiлай роднага слова.
Што да святароў-беларусаў у гэты час, то варта адзначыць iх нiзкi ўзровень нацыянальнай свядомасцi. Многiя не валодалi сваёй мовай, хаця некаторыя святары польскай i лiтоўскай нацыянальнасцi згадвалi ў анкетах, апроч класiчных моваў, польскай i расійскай, валоданне і беларускай мовай17.
Пачатак ХХ стагоддзя — гэта час росту i пашырэння iдэi нацыянальнага адраджэння. Вялiкая роля ў фармаваннi нацыянальнай свядомасцi належала ў першую чаргу Францiшку Багушэвiчу. Шлях да беларускасцi праходзiў, па сутнасць, праз яго кнігі, Браніслава Эпімах-Шыпілу, „Нашу ніву”, дзейнасці культурна-асветніцкіх гурткоў у духоўных каталіцкіх семінарыях у Вільні і Пецярбургу і, асабліва, у духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу да свядомай дзейнасці па беларусізацыі рэлігійнага жыцця. „Шыпілаўскую” школу прайшлі дзесяткі клерыкаў духоўнай акадэміі: Францішак Будзька, Адам Лісоўскі, Францішак Грынкевіч, Люцыян Хвецька, Уладзіслаў Талочка, Ільдэфонс Бобіч, Фабіян Абрантовіч, Адам Станкевіч, Міхаіл Пятроўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Антон Неманцэвіч, Андрэй Цікота і іншыя.
Апроч Эпімах-Шыпілы „пасрэднікамі” пры далучэнні да агульнакарыснай нацыянальнай справы часта выступалі і іншыя асобы. Так, Аляксандр Астрамовіч і Адам Станкевіч удзячныя за гэта святару Адаму Лісоўскаму, якога лічылі сваім „хрышчоным бацькам беларускім”. Язэп Германовіч — ксяндзу Гуневічу, Янка Тарасевіч — кс. Цьвілевічу.
Вінцэнт Гадлеўскі піша, што ўжо ў Віленскую духоўную семінарыю прынёс з сабою беларускую нацыянальную свядомасць і на першым курсе запісаўся беларусам. Было гэта ў 1908 г. Але нацыянальнае пытанне тады яго мала цікавіла. На чацвёртым курсе захапіўся вывучэннем літаратуры „і творы Багушэвіча былі як бы пуцяводнай эвангеліяй да лепшай дзейнасці”. У Пецярбургскай духоўнай каталіцкай акадэміі пад уплывам нацыянальных імкненняў палякаў, літоўцаў, латышоў, немцаў сфармаваліся яго нацыянальныя погляды: „Прыглядаючыся да жыцьця я пераканаўся, што ніхто з суседзяў не выведзе беларускага народу з нядолі: ні буржуазія, ні сацыялісты, ні самыя нават левыя партыі з пасярод нашых суседзяў, а вывесьці можа толькі сябе сам народ беларускі... Такім парадкам сацыяльнае пракананьне прывяло мяне да нацыянальнага...”18.
Віктар Шутовіч згадвае, як у 1913 г. паехаў ён у Ліду на пасаду вікарага і падчас аднаго рэлігійнага мерапрыемства апынуўся побач са старэнькім папом Каяловічам, даўнейшым уніятам. На яго пытанне, якой ён народнасці, Шутовіч адказаў, што паляк, а поп „аж закашляўся ад смеху” і сказаў: „Які ж ты паляк Ашмянскага павету”19. У сваіх успамінах В. Шутовіч згадвае і пралата Курчэўскага, які пытаўся, ці чытае ён „Беларуса”, і калі Шутовіч адказваў, што не, то не хваліў за гэта20.
Беларускасць многіх святароў праяўлялася ў штодзённым кантакце з вернікамі на зразумелай для іх мове: гаварылі „па-просту” не толькі па-за межамі касцёла, але і з амбона. Вернікі дасылалі ў беларускі друк лісты ўдзячнасці такім святарам, альбо згадвалі пра іх у пазнейшыя часы:
„Беларуская нацыянальная сьвядомасьць у нашай воласьці стаіць хоць не надта высока, але ўсё ж такі многа больш пашырана, як у суседніх. Першыя зярняткі гэтай сьвядомасьці былі тут пасеяны яшчэ перад вайною, прыблізна ад 1907 года, дзякуючы тутэйшаму пробашчу каталіцкаму сьв. п. кс. Л. Кавэцкаму і сьв. п. кс. Гарасімовічу, тагачаснаму пробашчу суседняй Клецкай парафіі”21.
Зоська Верас і Адольф Клімовіч у нявыдадзеным біяграфічным слоўніку беларускіх дзеячаў згадваюць Міхаіла Буклярэвіча, які гаварыў сваім прыхаджанам, што яны не палякі і не рускія, што яны — беларусы22.
І такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Да 1914 года шчыра працавалі на беларускай ніве такія святары, як Францішак Грынкевіч, Зянон Якуць, Францішак Рамейка, Адам Лісоўскі, Аляксандр Астрамовіч, Люцыян Хвецька, Францішак Будзька, Ільдэфонс Бобіч і інш.
Важным аргументам у пашырэнні беларускай нацыянальнай працы сярод духавенства была падтрымка біскупа-суфрагана Магілёўскай архідыяцэзіі Сцяпана Данісевіча, які ў 1906 г. выдаў на беларускай мове „Элементар для добрых дзетак каталікоў”. С. Данісевіч, як беларус, быў перакананы, што беларуская мова не пашкодзіць каталіцкай справе, а наадварот, будзе карыснай для лепшага пазнання сваёй веры. Дзеля гэтага заахвочваў пісаць і выдаваць рэлігійныя кніжкі „па-беларуску” і сам некаторыя з іх цэнзураваў23.
Такім чынам, напярэдадні І сусветнай вайны дзесяткі каталіцкіх святароў адкрыта ставілі пытанне аб патрэбах беларускага рэлігійнага жыцця.
У перыяд 1914-1921 гг. беларускі рух закрануў усе сферы грамадства. Значна актывізавалася і духавенства. Згадаем толькі некаторыя аспекты дзейнасці беларускіх святароў у гэты час.
У 1913-1915 гг., з мэтай пашырэння хрысціянскіх і нацыянальных ідэй, пачала выходзіць у Вільні першая беларуская каталіцкая газета „Беларус”, вакол якой аб’ядналіся нацыянальна свядомыя святары.
24-25 мая 1917 г. у Мінску адбываецца з’езд беларускага каталіцкага духавенства, на якім прымаюцца рэзалюцыі аб неабходнасці ўжывання беларускай мовы ў навучальных установах і касцёлах, аб выданні беларускіх падручнікаў і газеты „Бацькаўшчына”, аб магчымасці працы беларускіх святароў сярод свайго народу і іншае. У гэты час у Пецярбургу намаганнямі святароў Ф. Абрантовіча і Л. Хвецькі ствараецца Беларуская хрысціянская дэмакратычная злучанасць (БХДЗ), пазней — Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя (БХД). Ужо ў 1917 г., па сведчанні Адама Станкевіча, у БХДЗ налічвалася 300 сяброў, у 1920 — 50024. А. Луцкевіч у сваёй брашуры „Усходняя Беларусь” адзначае, як вельмі важную сілу ў нацыянальным руху складала духавенства, а менавіта: арганізаванае выступленне беларускіх каталіцкіх святароў, заснаванне ў Мінску Саюза ксяндзоў-беларусаў колькасцю каля 200 чалавек (пад гэтым Саюзам аўтар магчыма меў на ўвазе БХД — Я. Т.) і 800 праваслаўных святароў, якія на сваім з’ездзе ў Маскве вынеслі рэзалюцыю ў беларускім нацыянальным духу25.
Падчас нямецкай акупацыі ў Вільні быў створаны Камітэт дапамогі ахвярам вайны. Камітэт гэты зрабіў вельмі шмат для беларускай справы. Апрача дапамогі пацярпелым ад вайны, ён арганізаваў дзіцячыя прытулкі, беларускія школкі і гімназіі. У склад камітэта ад беларускага каталіцкага духавенства ўваходзілі Ул. Талочка, Я. Семашкевіч, ад праваслаўнага — а. М. Галенкевіч і а. Савваці (Сава). Гэтыя ж асобы ўвайшлі і ў склад арганізацыйнага камітэта дзеля склікання беларускай канферэнцыі, а Ул. Талочка і протаіерэй М. Галенкевіч — у склад Беларускай Рады ў Вільні ў 1918 годзе.
Пра дзейнасць Ул. Талочкі ў гэты час Адам Станкевіч піша: „... кс. Ул. Талочка быў кіраўніком, галавою і будзіцелем беларускага каталіцкага руху, як такога. Усё, што тады рабілася беларускае каталіцкае — гэта была яго справа”26.
Варты ўвагі чарнавы варыянт рукапісу выступлення „неўстаноўленай асобы” (Рэшаця?) на беларускай канферэнцыі ў Вільні у 1918 г.: „... няма на сьвеце вялікшага грэху крыўды, як душагубства, пакрыўджаньне малых, забойства. З гэтых некалькі слоў ужо ясна, дзе маё мейсца, як каталіцкага ксяндза, зьвязанага паходжаньнем з беларускім народам. Яно ж маё места быць з гэтым людам. Для мяне гэта лагічны абавязак, а не якая рэч густу, сымпатыі”27. Далей аўтар сцвярджае, што служэнне гэтаму народу не можа быць справай карыснасці, а толькі работай шчырага ідэалізму. Для гэтага мала любіць свой народ, мала хацець для яго шчасця, трэба працаваць над яго правільным светапоглядам, каб ён не стаў на матэрыялістычны шлях28.
Дадзеная прамова належыць Ул. Талочку. Цалкам тэкст выступлення надрукаваны ў кнізе А. Станкевіча29.
Прамова Ул. Талочкі была па сутнасці праграмным дакументам, указаннем да дзеяння беларускага духавенства.
У час стварэння БНР многія святары прымалі актыўны ўдзел у акцыях, якія праводзіліся па абароне правоў незалежнасці і дзяржаўнага будаўніцтва.
В. Гадлеўскі разам з Беларускім прадстаўніцтвам увайшоў у Беларускую Раду, якая на сваім першым пасяджэнні абрала прэм’ера БНР30.
У 1918 г. праходзіць з’езд Дзісненскага дэканата, які сканцэнтраваў сваю ўвагу на дзейнасці БХД і паступовай беларусізацыі касцёла. Чарговы з’езд святароў-беларусаў прайшоў у 1921 г. у Вільні. Арганізатарамі з’езду былі І. Бобіч, Ул. Талочка і А. Станкевіч. Разглядаліся пытанні аб патрэбе арганізацыі ксяндзоў-беларусаў (рэферэнт К. Стаповіч), аб беларускай мове ў духоўных семінарыях і беларускім біскупе (А. Станкевіч), аб беларускім рэлігійным выдавецтве (І. Бобіч), аб уніі (Я. Германовіч)31.
Паводле П. Татарыновіча, у 1920-х гадах беларускага нацыянальна-свядомага каталіцкага духавенства было каля 200 чалавек32.
Важным фактарам у рэлігійна-асветніцкай дзейнасці духавенства была адукацыя. Большасць з іх скончылі духоўныя каталіцкія семінарыі ў Вільні і Пецярбургу і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Удасканальвалі свае веды ў еўрапейскіх універсітэтах: у Інсбруку і Мюнхене — Фр. Грынкевіч, Ул. Талочка, А. Лісоўскі; у Лювене — Ф. Абрантовіч, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі за працу „Філасофскія канцэпцыі М. Лоскага”; у Рыме — Ст. Глякоўскі (доктар тэалогіі, дысертацыя „Omatio secundum diarum Ioannis Cronstadt „Mea vita in Christo”), А. Неманцэвіч (доктар тэалогіі — „Бальшавіцкае заканадаўства ў Расеі адносна рэлігійнага і маральнага ўзгадавання дзяцей у параўнанні да Божага права, натуральнага і аб’яўленага”); І. Бобіч і Т. Падзява — доктары філасофіі, Я. Рэшаць — доктар тэалогіі і філасофіі, Я. Дашута — доктар царкоўнага права. У Рыме таксама вучыліся магістры тэалогіі Э. Юневіч, Ю. Кашыра і інш.
Ян Тарасевіч тэалагічную адукацыю атрымаў у Манрэалі (Канада), а ў Фрыбургу (Швейцарыя) абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі „Пакора паводле сьв. Тамаша Аквінскага”. У 1920ыя гады шмат беларусаў навучалася ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў Дубне і ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.
Такі ўзровень адукацыі даваў магчымасць працаваць у духоўных семінарыях і акадэміі (Ф. Абрантовіч, Я. Белагаловы, Л. Хвецька, А. Цікота, К. Кулак, А. Неманцэвіч, Я. Рэшаць, А. Дамброўскі, Э. Юневіч). Гэта спрыяла і стварэнню беларускай духоўнай семінарыі ў Мінску ў 1918 г., рэктарам якой быў Ф. Абрантовіч.
Заслугоўвае ўвагі навуковая творчасць і публіцыстыка. Бібліяграфія І. Бобіча толькі па казнадзейству налічвае 214 пазіцыяў. 18 кніг і больш тысячы артыкулаў і публікацый належаць А. Станкевічу, актыўнымі публiцыстамі былі Ул. Талочка, Я. Германовіч, Казімір Сваяк і іншыя. Асобнымi кнiгамi на багаслоўскiя i рэлiгiйныя тэмы выходзiлi працы Ф. Абрантовiча, Я. Белагаловага, І. Бобiча, В. Гадлеўскага, Я. Германовiча, Б. Пачобкi, Я. Рэшаця, Я. Семашкевiча, А. Станкевiча, Я. Тарасевiча, В. Шутовiча.
Колькi слоў варта сказаць i пра выдавецка-рэдакцыйную дзейнасць.
У 1913 г. І. Бобіч атрымаў блаславенне ад папы рымскага для „Беларуса” — першай каталіцкай беларускай газеты ў Вільні (першы нумар выйшаў 13.01.1913 г.). У 1914-1915 гг. газету рэдагаваў Баляслаў Пачобка, які ў 1920-1930-х гадах быў уніяцкім святаром. Пры газеце існавала выдавецтва „Беларус”, дзякуючы якому выходзілі з друку кнігі рэлігійнага і свецкага характару на беларускай мове, а таксама публіцыстыка і мастацкая літаратура: Б. Пачобкі — „Бог з намі”, „Чалавек на вышыні сваёй годнасці”, кс. Ф. Будзькі — „Некалькі слоў аб пакуце”, А. Зязюлі — „З роднага загону”, І. Бобіча — „Нашто беларусам газеты” і інш.
Л. Хвецька рэдагаваў і выдаваў у Пецярбургу беларускія газеты „Сьветач” (1916-1917 гг.) і „Крыніцу” (1917-1918 гг.), а таксама польскамоўны двухтыднёвік магілёўскага і мінскага духавенства „Wiadomości Kościelne” (1917), літаратурную частку часопіса вёў Ф. Абрантовіч. А. Станкевіч рэдагаваў „Крыніцу” (1919-1920 гг.) і „Хрысьціянскую Думку” (1928-1939 гг.), Ф. Абрантовiч — „Католический вестник” (выходзiў у Харбіне ў 1930-х гг.), В. Гадлеўскi — „Беларускі фронт” (1939 г.), Ст. Глякоўскi — „Пралеска” (1930-ыя г.), А. Неманцэвiч — „Да злучэньня” (1932-1938 гг.), „Злучэньне” (1939 г.).
Дзякуючы намаганням А. Станкевiча i В. Гадлеўскага было створана Беларускае каталiцкае выдавецтва, заснавана друкарня iмя Фр. Скарыны, дзе выходзілі беларускія кнігі, часопісы, газеты, арганізаваны Беларускi iнстытут гаспадаркi i культуры (БІГIК), які шмат увагі ўдзяляў культурна-асветніцкім праблемам.
Апрача гэтай працы беларускае духавенства шмат увагi адводзіла перакладу Святога Пiсання на беларускую мову: Ф. Будзька — „Катэхiзм”, „Святая гiсторыя”, „Касьцельныя абрады” Я. Мамыш — „Гадзінкi да Мацi Божай”, А. Лiсоўскi — „Апакалiпсiс”, „Апостальскiя дзеi”, „Лiсты святога Паўла: да рымлян, да готаў і два да карынтаў”. У канцы 1930-х В. Гадлеўскi зрабiў пераклад Новага Запавету.
Пакiнулi след беларускiя святары i ў мастацкай лiтаратуры. Згадаем толькі прозвішчы: Казiмiр Сваяк (К. Стаповiч), Андрэй Зязюля (А. Астрамовiч), Янка Былiна (Я. Семашкевiч) Вінцук Адважны (Я. Германовiч), Пётра Просты (І. Бобiч), В Васілёк (Я. Мамыш). Друкавалі свае вершы Б. Пачобка і Я. Тарасевіч. Віктар Шутовіч пісаў кароткія апавяданні і п’есы — былі канфіскаваны органамі НКУС, дзе, па усёй верагоднасці, былі знішчаны.
Але, нягледзячы на такi шырокi фронт работы, нацыянальна-культурная дзейнасць беларускiх каталiцкiх святароў у міжваенны час усё ж была абмежавана польскiмi дзяржаўнымi i рэлiгiйнымi ўладамi. Забараняліся беларускамоўныя набажэнствы і казанні, выкладанне закону Божага на роднай мове ў школах і гімназіях, нельга было выпісваць і чытаць „Беларускую Крыніцу”, удзельнічаць у акцыях БХД (БНА). Беларускасць святароў была прычынай абвінавачвання ў антыдзяржаўнай дзейнасці і параўноўвалася з бальшавіцкай інтрыгай. Справы Ф. Рамейкі ў Задарожжы (Браслаўскі пав.), В. Гадлеўскага ў Жодзішках (Свянцянскі пав.), В. Шутовіча ў Барадзенічах (Дзісненскі пав.), высяленне беларускіх айцоў марыянаў з Друі, высылка А. Станкевіча і Ул. Талочкі з Вільні — нашумеўшыя працэсы ў міжваенны час, якія раскрывалі сутнасць такой палітыкі. Польская афіцыйна-рэлігійная і „эндэцкая” прапаганда ў адзін голас даводзілі, што беларуская дзейнасць — гэта палітыка і з’яўляецца шкоднай для адзінства Касцёла. Таму і не выпадкова ў дачыненні да беларускіх праблемаў і асабліва да мовы ў касцёле сярод духавенства панавала думка, якую выказаў у лісце да Рэшаця (?) Казімір Бурак: „Гэта трэба разьясьніць на зьездзе Ксяндзоў-Беларусаў і нашага біскупа. Тутака палітыка. Хто можа заручыць, што Маскоўцы ня прыйдуць і за колькі лет не захочуць даць нам па касьцёлах мовы расійскай. Як і чым абаронімся?”33.
На больш устойлівых пазіцыях і больш перакананыя ў праўдзівасці сваёй нацыянальнай дзейнасці былі А. Станкевіч, Ул. Талочка, В. Гадлеўскі і група святароў, якая арыентавалася на сваіх духоўных лідэраў. У артыкуле „Дзікіе звычаі” В. Гадлеўскі заўважыць: „Мы ксяндзы Беларусы ў адносінах да гэтага спакойны: як гісторыя не асудзіла польскага клеру, які дбаў аб польскасьці і адраджэньні польскага люду, так не асудзіць і нас, што працуем над адраджэньнем нашага беларускага народу”34.
І ўсё ж такі палітыка паланізацыі, націск на беларускае духавенства, рабілі сваю справу. З горыччу пісаў Я. Германовіч у 1939 г.: „Як яшчэ многа можна і трэба спадзявацца ад тых, што так бойка і жыва пісалі калісь у газету „Беларус”, як а. Б. Пачобка, Пётра Просты, Паўла Раніца і многа іншых. Няўжо яны былі толькі яснымі метеорамі на нашым хмарным небасхіле. Народ разбудзілі, а самі заснулі”35.
У першай палове 1940-х гг. А. Станкевіч робіць захады па арганізацыі беларускага рэлігійнага жыцця, імкнецца давесці ўладам неабходнасць стварэння беларускай царкоўнай іерархіі, касцёлаў, семінарыі, школаў і г.д. Згодна яго сціплым падлікам, гэтай справай змаглі б займацца каля 40 нацыянальна-свядомых святароў-беларусаў, без уліку тых, каго можна было б вызваліць з савецкіх турмаў і адклікаць з працы ў Харбіне, Польшчы, Францыі, ЗША і іншых краінах36. Але, як вядома, ні літоўскія, ні нямецкія, ні савецкія ўлады беларускія рэлігійныя праблемы вырашаць не збіраліся.
Значна горшая сітуацыя ў адносінах да беларускага святарства склалася ў Савецкай Беларусі. Па-першае: гэтак жа відавочны былі абмежаванні іх дзейнасці з боку рэлігійных уладаў. В. Ластоўскі ў лісце ад 29.06.1924 года аднаму з кіраўнікоў камуністычнай партыі пісаў: „Як Вам ведама, пасля выезду біскупа Роппа і высылкі біскупа Лазінскага, кіравецтва Магілёўскай Архіепіскапіяй апынулася ў руках кс. Зелінскага б[ылога] магілёўскага дзекана, які зьяўляецца па перакананьню польскім эндэкам. Згодна са сваімі поглядамі, ён замяніў на Беларусі ўсіх ксяндзоў-беларусаў палякамі (прыкл. высланы ў Вялікаросію кс.кс. І. Жалнеровіч, А. Ермаловіч, В. Кундэ, А. Сак і інш.). Нават у Фашчоўцы (каля Магілёва, дзе ніколі не было казаньняў і малітваў па-польску, цяпер кс. Война завёў польскую мову. У выніку ва ўсёй Савецкай Беларусі, праз касьцёл ідзе нечуваная па размаху полёнізацыя”37. В. Ластоўскі просіць заступніцтва, нагадвае, што „на Вас ляжыць абавязак звольніць народ ад чужаземнага гнёту, які на ім ляжыць ужо сталецьці”, прапаноўвае шэраг рэформаў па беларусізацыі Каталіцкай царквы38.
Па-другое: погляд, які быў характэрны для расійскай царскай ідэалогіі ў адносінах да рэлігійна-каталіцкіх праблемаў у „Севера-Западным” краі, па сутнасці, застаўся нязменным і для савецкіх ідэолагаў: каталіцтва гэтак жа атаясамлівалася з польскасцю — ліквідацыя каталіцкага ўплыву была раўназначная ліквідацыі „інтрыг польскай буржуазіі”. А таму і не дзіўна, што большасць судовых працэсаў, якія распачаліся над каталіцкім духавенствам амаль што адразу пасля пастановы Савета Народных Камісараў аб аддзяленні царквы ад дзяржавы (1918 г.), былі ўзбуджаны па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Польшчы. У ліку „польскіх” шпіёнаў былі і той жа І. Жаўняровіч, і А. Ермаловіч, і А. Сак, і інш.
Зразумела, што савецкая атэістычная палітыка асаблівай сімпатыі ў адносінах да канфесій не мела, што каталіцкае духавенства, што праваслаўнае, незалежна ад нацыянальнасці, для іх было раўназначным ворагам. І ўжо ў 1937 годзе ў Савецкай Беларусі „абавязак” быў перавыкананы: народ звольнілі не толькі ад чужаземнага гнёту, але і ад апошняга святара.
Мартыралогія беларускага духавенства чакае сваіх даследчыкаў. Згадаем толькі некаторыя, светлай памяці прозвішчы тых, хто праследаваўся і быў гнаны за святыя ідэі веры і любові да сваёй Радзімы.
На працягу 1919-1930-х гадоў савецкімі ўладамі былі асуджаны і пакараны: Я. Белагаловы, А. Дземяшкевіч, А. Ермаловіч — загінулі ў лагеры на Салаўках, П. Хоміч — там жа памяшаўся розумам, Я. Вэрсоцкі, І. Жаўняровіч — адбылі тэрміны на Салаўках і памерлі ў выгнанні ў Казахстане, К. Лупіновіч — расстраляны ў 1937 г., А. Сак — вымушаны быў адмовіцца ад царкоўнага сану, А. Неманцэвіч, А. Лісоўскі, Ст. Эйсмант, Э. Юневіч, Л. Хвецька, Д. Навіцкі — пераведзены ў Польшчу шляхам абмену палітвязнямі. У 1940 г. невядомыя бандыты закатавалі да смерці Б. Пачобку, ад пабояў нямецкай паліцыі памірае ў 1942 г. Л. Хвецька. В. Гадлеўскі, Ст. Глякоўскі, Д. Малец, К. Рыбалтоўскі, Л. Аўліх, М. Далецкі, А. Неманцэвіч — расстраляныя немцамі, альбо замучаныя ў гестапаўскіх засценках і канцлагерах. Ю. Кашыру і А. Ляшчэвіча немцы спалілі разам з вернікамі. Пасля выхаду з нямецкага астрога, неўзабаве памірае І. Бобіч (1944). У сталінскіх лагерах замучылі да смерці Ф. Абрантовіча (1946), А. Станкевіча (1949), А. Цікоту (1952). Нямногім удалося дажыць да 1953 г. Пасля вызвалення святарам не дазволілі вярнуцца на Радзіму і яны вымушаны былі папоўніць шэрагі эмігрантаў. Нейкім чынам, пасля дзесяцігадовай ссылкі ў Сібір, удалося трапіць у г. Барысаў В. Шутовічу. Вечнае праследаванне за беларускасць зрабілі сваю справу: з вялікім страхам ён адносіўся да лістоў на беларускай мове.
У пасляваенныя гады ў БССР не было ніводнага святара, які карыстаўся б беларускай мовай. І толькі ў 1960-х гадах у Вішневе (Валожынскі раён) Уладзіслаў Чарняўскі паступова пачаў адраджаць беларускую справу ў касцёле.
5 Беларускi нацыянальны рух не мог не закрануць i праваслаўнае духавенства, сярод якога многія бачылі абарону праваслаўнае веры i праваслаўнага насельнiцтва беларускай нацыянальнасцi ў беларускай культурна-нацыянальнай працы.
Кафедральны протаiерэй Мiхаiл Галенкaвiч пiсаў у 1918 годзе, што праваслаўнаму духавенству трэба „адрачыся ад навязаных яму старым расійскiм урадам абрусiцельных функцый i выступiць, як нацыянальна-беларускае духавенства. Толькi працуючы для беларусаў i з беларусамi, як беларусы, нашы праваслаўныя свяшчэннiкi вернуць сабе ў жыцьці краю належнае iм месца, захоплена цяпер другiмi”39.
М. Галенкaвiч быў не адзiнокiм у сваiх поглядах i меркаваннях у адносiнах да беларускага руху сярод праваслаўнага духавенства, пра што сведчыць i газета „Гоман”: „Асаблiва трэба зазначыць работу ў гэтым кірунку а. Андрэя Карнiловiча, сьвяшч. Хонаўскай царквы, Вялейскага пав., каторы ўклаў цэлы зборнiк пропаведзяў у беларускай мове, i работу а. Іана Хруцкага, дыякана Лебедзеўскай царквы Вялейскага павета, каторы шмат працуе над аб’ясьненьнем малiтваў з перакладам iх з славянскай мовы на беларускую, карыстаючыся зборнiкам малiтваў у беларускай мове сьвяшч. Раманава i Чэльцова”40.
Далейшая праца беларускіх праваслаўных святароў праводзілася ў такім менавіта кірунку. Вынікам яе было абвяшчэнне 23 ліпеня 1922 года ў Менску самастойнай Беларускай Праваслаўнай Мітраполіі. Першым мітрапалітам быў епіскап Мельхіседэк (Леў Паеўскі), адначасова былі рукапаложаны тры новыя епіскапы: Мікалай Шыміціла — епіскап Слуцкі, Іаан Пашын — епіскап Мазырскі, Хвядос Раменскі (Філарэт) — епіскап Бабруйскі). І хаця такі акт быў прызнаны ўсім праваслаўным насельніцтвам, але, як адзначае І. Касяк, — „быў падарваны ў сваім запраўдным значэньні засільлем абнаўленства і таму ня даў усіх сваіх дабрадзейных для Царквы вынікаў”41. Чарговым крокам дзейнасці праваслаўнага духавенства было абвяшчэнне 10 жніўня 1927 года Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Прыхільнікі мітрапаліта Мельхіседэка і арганізатары БАПЦ епіскап Філарэт, протапрэсвітэр В. Ачапоўскі, протаіерэі А. Кіркевіч, С. Кульчыцкі, А. Пігулеўскі ў сувязі з гэтым выдалі адозву, у якой між іншым адзначалася: „Але тым часам мы верым, што няма ніводнага народа, які мог бы разглядацца як пусты і абыякавы матэрыял для царкоўнага жыцця, якому магло б быць адмоўлена ў праве на вольнае развіццё ў якасці жывой і дзейнай часткі сусветнага цела Хрыстовага”42.
Згодна статыстычным даным, прыведзеным Т. Процькай, да БАПЦ належылі 192 прыходы ў Менскай епархіі, 55 — у Віцебскай, 60 — у Мазырскай, 100 — у Бабруйска-Рагачоўскай43.
Але, як вядома, умовы для нармальнай рэлігійнай і культурна-нацыянальнай працы ў Савецкай Беларусі былі не спрыяльнымі. Паўсюдна ў краі ішло вынішчэнне рэлігійнага жыцця як такога: савецкімі ўладамі зачыняліся і разбураліся цэрквы, арыштоўвалася і дэпартавалася духавенства. У 1926 г. былі расстраляны святары П. Васюковіч і В. Навіцкі.
Вельмі характэрны для таго часу такі вось дакумент: „В июле-сентябре 1937 г. в Белоруссии ликвидирована шпионска-повстанческая организация „Белорусской Православной автокефальной церкви” с центром в Минске и филиалами в Бобруйске и Рогачёве, которые объединили 13 антисоветских повстанческих групп в Минском, Осиповическом, Смолевическом, Чауском, Пуховическом, Смиловическом, Кличевском, Борисовском и других районах БССР. В этой организации участвовало: 2 архиепископа, 30 попов, до 170 человек кулаков, жандаров, бывших чиновников и прочих антисоветских элементов”44.
Так, беларускіх аўтакефалістаў („мельхіседэкаўцаў”) абвінавіцілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Епіскапы Філарэт і Афанасій (Хведар Вячорка), святары Менскай царквы Св. Марыі Магдаліны Антон Кіркевіч, Сцяпан Кульчыцкі, Міхал Рубановіч, рэгент Павел Вяршынскі, святар Дзяржынскай царквы Сяргей Садоўскі, дыякан Якаў Бараноўскі, Уладзімір Лобач і шмат іншых былі расстраляны ў Мінску 1 лістапада 1937 года, і Аўтакефальнай Царквы ў Беларусі не стала45.
„В 1937 и 1938 гг. органы НКВД БССР нанесли значительный оперативный удар по организованному антисоветскому подполью церковников и сектантов и по церковно-сектантскому активу. За этот период всего арестовано и осуждено 3247 церковников и сектантов, из них свыше 400 человек попов и монахов, 1 митрополит и 5 архиепископов. Следствием по делам церковников установлено, что руководители разных церковных ориентаций целиком находились на службе германо-польской и японской разведок и имели своей целью организацию шпионско-повстанческих кадров”46.
Былі свае складанасці і праблемы ў беларускага праваслаўнага духавенства і ў Заходняй Беларусі, і ў першую чаргу — гэта варожыя адносіны да праваслаўя наогул і непрыхільнасць з боку не толькі польскіх каталіцкіх дзеячаў, але і рускіх праваслаўных. Ды ўсё ж, нягледзячы на такія абставіны, беларускае праваслаўнае жыццё ў міжваенны час не спынялася. У Вільні былі створаны наступныя арганізацыі: Беларускае дэмакратычнае праваслаўнае аб’яднанне — нейкі час выдавала часопіс на беларускай мове „Праваслаўная Беларусь” (рэдактар протаіерэй Л. Голад) і Беларускі праваслаўны царкоўны камітэт — орган друку „Сьветач Беларусі”.
Апрача згаданых рэлігійных праваслаўных часопісаў выходзілі: „Беларуская зарніца” — рэд. а. А. Коўш, „Царква і народ” — рэд. І. Балтручак, „Голас праваслаўнага беларуса” — рэд. М. Маркевіч. Але, трэба зазначыць, праваслаўны беларускі друк выходзіў нерэгулярна.
Варта колькі слоў сказаць пра беларускага праваслаўнага святара протаіерэя Аляксандра Каўша, які быў добра вядомы ў 30-х гадах у Заходняй Беларусі сваёй ахвярнай дзейнасцю па беларусізацыі праваслаўнай Царквы. У Вільні А. Коўш працаваў святаром у Пятніцкай царкве, якую сам адбудаваў, адначасна выкладаў рэлігію ў беларускай настаўніцкай гімназіі. За сваю нацыянальную дзейнасць прат. Коўш праследаваўся кіраўніцтвам Віленскай праваслаўнай епархіі, для якой характэрны былі традыцыйныя русафільскія погляды. У выніку такіх адносінаў ён вымушаны быў выехаць з Вільні ў адзін з сельскіх прыходаў. У 1942 г. прат. А. Коўш быў абвінавачаны па фальшываму даносу і расстраляны нямецкімі ўладамі.
Чарговы этап гісторыі БАПЦ прыпадае на гады ІІ сусветнай вайны. 28 жніўня 1942 г. намаганнямі беларускага праваслаўнага актыву і ў першую чаргу святароў М. Лапіцкага, І. Кушнера, А. Каўша і іншых быў скліканы Царкоўны Сабор, на якім Праваслаўная Царква ў Беларусі была аб’яўлена аўтакефальнай.
Адразу ж пасля гэтай падзеі распачалося паляванне на ўдзельнікаў Сабору. Жахлівыя выпадкі вынішчэння беларускага праваслаўнага святарства прыводзіць І. Касяк: Анатоль Сярпоў, Вячаслаў Малашка, Мікалай Скаблей, Антон Каліноўскі, Мікалай Дзяруга, Аладка і інш. — забітыя партызанамі ў 1942-1943 гг.; Іван Аляхновіч, Кастусь Маеўскі, Міхал Леванчук, іераманах Лукаш з Жыровіч — закатаваныя акаўцамі; І. Кушнер, Мікалай Міхайлоўскі, Піліп Марозаў, Ігнат Ярмалюк, Барыс Кірык, Аляксандр Валасовіч, Пётра Бацян, браты Аляксандр і Серафім Хілтавы, Уладзімір Назарэўскі, Паўла Сасноўскі — расстраляныя альбо закатаваныя ў лагерах фашыстамі47.
Гэты невялікі пералік прозвішчаў не ахоплівае ўсіх загінуўшых і пацярпеўшых. Арышты і ссылкі духавенства працягваліся ў 1944-1951 гг. органамі КДБ.
Такім чынам, у пасляваенныя гады ў БССР знікла наогул праблема нацыянальнага беларускага духавенства, як праваслаўнага, так і каталіцкага. І знікла надоўга.
На заканчэнне варта сказаць, што ва ўмовах нацыянальнага, нацыянал-рэлігійнага, дзяржаўнага і атэістычна-ідэалагічнага прыгнёту былі на Беларусі святары, сярод шматлікай арміі духавенства, сапраўдныя апосталы, якія сталі на абарону не толькі боскасці, вечных хрысціянскіх ідэй, святасці, але і духоўных каштоўнасцей сваёй нацыі, яе душы, культурнай і гістарычнай спадчыны, яе гонару і славы, бо ў гэтым бачылі ўратаванне народа.
І ў гэтым было іх боскае пакліканне.
Жыццё і дзейнасць беларускага духавенства, як праваслаўнага, так і каталіцкага, павінны выклікаць пільную ўвагу з боку царкоўнай іерархіі і дзяржавы. Колькі сярод іх было вартых не толькі ўшанавання памяці на Радзіме, але і быць нашымі заступнікамі перад Усявышнім, так як святыя Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, Язафат Кунцэвіч, Андрэй Баболя і іншыя святыя беларускай зямлі.
Streszczenie
W wyniku polityki władz carskich na Białorusi podziały religijne przebiegały równolegle z podziałami wyznaniowymi. Katolicy byli Polakami, prawosławni Białorusinami bądź Rosjanami. Na początku XX w., a także w okresie międzywojennym panowało dość powszechne przekonanie, że Białorusinami mogą być tylko prawosławni. Umacniała te przekonania także polityka władz II Rzeczypospolitej. Konsekwencją procesów politycznych było to, że duchowieństwo białoruskie nigdy nie stanowiło jednolitej struktury. Różnicom wyznaniowym towarzyszyły różnice narodowe, światopogladowe, kulturowe, stosunek do historii i tradycji.
1 А. Миловидов, Историческме основы латино-польской политики в Северо-Заподном крае, Вильно 1901, c. 3.
2 І. Касяк, З гісторыі Праваслаўнай Царквы Беларускага народу, Нью-Йорк 1956, c. 35.
3 Цыт. па: Ф. Турук, Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов, Минск 1921, с. 24.
4 Цыт. па: К. Хилл, Провославная церковь и плюралистическое общество, [в:] Религия и демократия: На пути к свободе совести, Минск 1993, с. 559.
5 О. Пуцикович, География для народных училищ, Санкт-Петербург 1893, с. 54.
6 А. Волконский, Католичество и священное предание Востока, Париж 1933, с. 25.
7 В. Баравы, Повязь часоў, „Праваслаўе ў Беларусі і ў сьвеце”, 1994, нр 1, с. 30-31.
8 А. Р. Бессмертный, Национализм и универсализм в русском религиозном сознании, [в:] На пути к свободе совести, Минск 1989, с. 169.
9 А. Волконский, с. 16.
10 A. Stankiewicz, Biełaruskaje Katalictwa, „Chryscijanskaja Dumka”, 1937, nr 2 (128), s. 1.
11 В. Грыгор’ева, Каталіцкае духавенства ля вытокаў беларускага адраджэння, [у:] Беларусіка, Мінск 1992, ч. ІІ, с. 295-296.
12 Дзяржаўны гістарычны архіў Литвы (ДГАЛ), ф. 694, в. 1, спр. 2797, арк. 1, 4, 9.
13 Там жа, арк. 10.
14 Там жа, спр. 2810, арк. 86, 88, 95, 98, 106, 109, 116.
15 Там жа, арк. 30, 102.
16 А. Stankiewicz, Віеłaruski chryscijanski ruch: histaryczny narys, Wilnia 1939, s. 60.
17 ДГАЛ, ф. 694, в. 1, спр. 2810, арк. 88, 116.
18 W. Наdleuski, Autobijahraficzny narys, „Biełaruskaja Krynica” (Wilnia) 1927, s. 13-15; З жыцця і дзейнасці В. Гадлеўскага: Аўтабіяграфічны нарыс, [в:] Гарадзенскія запісы, Гродна 1993, с. 122-123.
19 Цэнтральная бібліятэка акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (ЦБАН РБ). Аддзел рукапісаў і рэдкай кнігі, ф. 23, в. 1, спр. 847, арк. 10.
20 W. Szutowicz, U 25-tyja uhodki majho swiatarstwa (1913-1938), „Chryscijanskaja Dumka” (Wilnia), 1938, nr 17, s. 3.
21 Каталік, З Ляхавіч каля Баранавіч, „Chryscijanskaja Dumka”, 1939, nr 5. s. 5.
22 ЦБАН РБ. Аддзел рукапісаў..., ф. 5, в. 1, спр. 1.
23 Х. P, S. P. Biskup Stefan Denisewicz, „Biełarus” (Wilnia) 1914, nr 5, s. 2.; А. С. Ліс, Данісевіч Сцяпан, [у:] Энцылапедыя гісторыі Беларусі, Мінск 1996, т. 3, с. 206.
24 A. Stankiewicz, Biełaruski chryscijanski ruch..., s. 113, 122.
25 А. Л., Усходняя Беларусь. Статыстычныя матэрыялы, Мінск 1918, с. 6.
26 А. Stankiewicz, Вiełaruski chryscijanski ruch..., s. 88.
27 ЦБАН РБ, ф. 23, в. 1, спр. 21 „С”, арк. 1-2.
28 Там жа.
29 А. Stankiewicz, Вiełaruski chryscijanski ruch..., s. 92-93.
30 В. Гадлеўскі, Аўтабіяграфічны нарыс, [в:] Гарадзенскія запісы, Гродна 1993, с. 127.
31 ЦБАН РБ, ф. 4, в. 1, спр. 145.
32 „Znicz”, (Rym), 1955, nr 34-35, s. 4.
33 ЦБАН РБ, ф. 23, в. 1, спр. 33 „С”
34 W. Godlewski, Dzikie obyczaje, „Przegląd Wileński”, 1925, nr 8.
35 W. Adważny, Maja dumka ab „Chryscijanskaj Dumcy”, „Chryscijanskaja Dumka”, Wilnia 1939, nr 7, s. 5.
36 ЦБАН РБ, ф. 4, в. 1, спр. 128.
37 Цэнтральны дзяржаўны музей літаратуры і мастацтва ў Мінску (ЦДМЛіМ), ф. 3, в. 1, спр. 256, арк. 21.
38 Там жа.
39 ЦДМЛіМ, ф. 3, в. 1, спр. 134.
40 „Ноmаn”, (Wilnia), 1918, nr 85, s. 2.
41 I. Касяк, З гісторыі Праваслаўнай Царквы..., c. 39-42.
42 T. Процька, Пакутнік за веру і Бацькаўшчыну, Мiнck 1996, c. 59.
43 Там жа, c. 60.
44 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ), ф. 4, в. 21, спр. 1400, арк. 59.
45 T. Процька, Пакутнік..., c. 61.
46 НАРБ, ф. 4, в. 21, спр. 1400, арк. 56-57.
47 I. Касяк З гісторыі Праваслаўнай Царквы..., c. 117, 120, 123.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|