|
Ігнат Даніловіч і „Катэхізіс” 1835 года
Мікола Хаўстовіч
(Мінск)
Беларусь у першай палове XIX ст. была арэнаю жорсткае палітычнае ды ідэалагічнае барацьбы. Рэчыпаспалітаўскі патрыятызм, што ўзмоцніўся ў часы царавання Аляксандра I, супрацьстаяў дяржаўнаму механізму Расійскае імперыі. Пасля паўстання 1830-1831 гадоў, выкарыстоўваючы права пераможцы, расійскія ўлады правялі шэраг мерапрыемстваў, дзякуючы якім здолелі ўмацаваць свае пазіцыі ў краі. З Віленскім універсітэтам (цэнтрам паланізацыі) ды сістэмаю адукацыі царызм расправіўся ў 1832 годзе, зачыніўшы універсітэт, прызначыўшы на кіруючыя пасады ў гімназіі ды вучылішчы карэнных расіянаў і забараніўшы (1836) у Віцебскай і Магілёўскай губернях выкладанне на польскай мове. За дзесяць гадоў скасаваўшы Унію, улады імкнуліся падзяліць беларускае грамадства на два неталерантныя лагеры і забяспечыць колькасную перавагу праваслаўных.
Гэтыя мерапрыемствы царызму выклікалі ўзмоцненае супраціўленне патрыятычнага руху. Дзесяткі таемных арганізацый палітычнага, літаратурнага, навукова-культурнага характару выхоўвалі ў моладзі незалежніцкі дух. Салідарнасць мясцовых патрыётаў з Варшаваю і эміграцыяй была неабходнаю ўмовай ды гарантыяй упэўненасці ў поспеху справы. Нягледзячы на фактычную забарону перыядычных выданняў, у хуткім часе пасля Лістападаўскага паўстання на Беларусі наладжваецца выданне польскамоўнае літаратуры. Па колькасці выдадзеных польскамоўных кніг Вільня займае чацвёртае (пасля Варшавы, Кракава, Львова) месца, зусім нязначна адстаючы ад іх. Расійскія ж улады на Беларусі настойліва рэкамендавалі мясцовым жыхарам падпісвацца на кніжную ды іншую друкаваную прадукцыю Масквы і Пецярбурга.
Барацьба польскае ды расійскае ідэалогій на Беларусі запавольвала нараджэнне беларускае нацыянальнае самасвядомасці, бо не прымаючы адну з гэтых ідэалогій, беларус мусіў салідарызавацца з другою. Гэта пацвярджаецца лёсам шмат якіх жыхароў Беларусі, што хоць і пакінулі пэўны след у гісторыі нашае культуры, аднак не здолелі пазбавіцца стэрэатыпаў таго часу. У грамадстве адначасна ішлі працэсы і русіфікацыі, і паланізацыі. Праціўнік аднаго з гэтых працэсаў непазбежна мусіў далучацца да супрацьлеглага. Трэці, беларускі шлях, быў настолькі няпэўны, што ісці здолелі толькі адзінкі.
І ўсё ж нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, менавіта ў гэты час узнік беларускі літаратурна-грамадскі рух. Узнікненню беларускае ідэі садзейнічала — як ні дзіўна — палітыка расійскага царызму. Беларус, выхаваны ў польскамоўным асяроддзі, трапіўшы на дзяржаўную службу (ці вучобу) у цэнтральную Расію ды пазбавіўшыся ўплыву польскае ідэалогіі, нярэдка прыходзіў да разумення свае нацыянальнае адметнасці. Русіфікацыя прымусіла палітычных палякаў па-іншаму глянуць на сваё паходжанне, заняцца пошукамі сваіх каранёў. Сёй-той з іх зразумеў, што нічога агульнага з польскай нацыяй ён не мае і нават паспрабаваў „абгрунтаваць” ідэю нацыянальнае самабытнасці беларусаў. Аднак зрабіць гэта з-за барацьбы польскае ды расійскае ідэалогій было надзвычай складана.
Увогуле, варта сказаць, што тэрмінам „беларусы”, „беларускія землі” пачалі шырока карыстацца толькі ў часы Кацярыны II. Менавіта ад маскоўцаў зыходзіла ініцыятыва назваць насельнікаў сумежнага гаспадарства (тых, хто вызнаваў грэцка-рускую веру) беларусцамі. Пэўныя адрозненні (мова, лад жыцця ды іншае) не дазвалялі Маскве называць праваслаўных ліцвінаў гэтак жа, як і насельнікаў уласнае дзяржавы. Таму выкарыстанне тэрміну „беларусцы” было надзвычай удалым: гэта давала Масковіі мажлівасць пераканаўча абгрунтоўваць сваю захопніцкую палітыку. А калі ў Масквы з’явілася магчымасць уплываць на рэлігійнае жыццё ў ВКЛ, дык яна прыклала ўсе намаганні, каб замацаваць тэрмін „Белая Русь” за хоць невялічкаю часткай ВКЛ. Аграмадную працу праводзяць праваслаўныя святары Іеранім Ваўчанскі, Георг Каніскі, Мельхіседэк Яворскі, Феафан Леантовіч. (Пачынаючы з 1686 года праваслаўныя іерархі на Беларусі прызначаліся кіеўскім мітрапалітам). Яны ўсё часцей і часцей звяртаюцца непасрэдна да маскоўскіх цароў. Але і Ганна Іаанаўна, і Лізавета Пятроўна не здолелі разгледзець тую карысць, якую можна было б атрымаць, стаўшы на абарону „беларусцаў”. Зразумела гэта Кацярына II. Зразумела пасля таго, як атрымала адказ архімандрыта Ф. Лаентовіча на свой запыт: „Какая политическая польза может последовать Российскому нашему государству по случаю защищения грекороссийских наших в польском государстве исповедников?” Ф. Леантовіч у сваёй запісцы ад 24 лістапада 1762 г. на імя Кацярыны II пісаў: „Российскому нашему государству можно будет на 600 верст самой лучшей и плодороднейшей земли, с бесчисленным православным народом, перед всем светом праведно и правильно у поляков отобрать”.
З гэтага часу Расія пачала актыўна „гуляць” „беларускай картаю”. Арганізатарам гэтае гульні стаўся Георг Каніскі, прызначаны Кацярынаю II у Магілёў на пасаду беларускага архіепіскапа (1783).
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай на тэрыторыі ВКЛ ствараюцца беларускія губерні. Гэтым на ўвесь свет Расія заяўляе: „Мы не захоплівалі польскіх земляў. Мы адно адабралі ад Польшчы свае — г.зв. беларускія, ці нават беларасійскія”. Цікава адзначыць, што Праваслаўная царква на нашых землях у хуткім часе перастае называцца беларускаю. Дасягнуўшы мэты, беларускія праваслаўныя іерархі становяцца звычайнымі грэка-расійскімі святарамі.
Але менавіта ў гэты час беларускімі назваліся езуіты. Справа ў тым, што ў 1773 годзе папа Клімент XIV скасаваў ордэн езуітаў. Кацярына II ж за абяцанне шчыра служыць царызму дазваляе іхнюю дзейнасць на тэрыторыі свае дзяржавы. А так як на Полаччыне і Магілёўшчыне знаходзіліся іхнія навучальныя ўстановы, дык сваіх вучняў езуіты мусілі згодна з загадам урада называць беларусамі, мусілі пераконваць іх, што яны не палякі. Дык нягледзячы на тое, што езуіты „працавалі” на тэрыторыі расійскае імперыі менш за 50 гадоў, аднак зважаючы на вялікую колькасць іхніх навучальных устаноў, менавіта дзейнасць езуітаў трэба лічыць тым фактарам, што спрыяў нараджэнню беларускае думкі. Менавіта вучні і студэнты полацкіх і іншых езуіцкіх школ і Акадэміі сталіся распрацоўшчыкамі беларуске нацыянальнае думкі.
Здарылася гэта толькі пасля Лістападаўскага паўстання. Менавіта з гэтага часу заўважаецца выразны падзел ліцвінаў, ліцвінскага руху на тры плыні: уласналіцвінскую, польскую і беларускую. Найбольш радыкальнанастроеная частка нацыі далучаецца да польскага руху (іхняя польская мова ды каталіцкае веравызнанне спрыяе гэтаму). Частка адукаванага грамадства, маючы пэўныя гістарычныя веды, цвёрда трымаецца сваіх ліцвінскіх каранёў. І зусім нязначная частка ліцвінаў пачынае вызначаць сябе беларусамі. Напачатку іх зусім мала. Паходзяць яны з шарачковае шляхты. Па веравызнанні — выключна уніяты. Пра іх вядома, што яны не ўдзельнічалі ў Лістападаўскім паўстанні, што яны ў асноўным служаць дробнымі чыноўнікамі ў расійскіх дзяржаўных установах (часцей за ўсё ў Пецярбургу ці Маскве). У сталіцах імперыі яны маюць свае асяродкі, свае гурткі. Яны спрабуюць нават пісаць артыкулы для расійскае перыёдыкі, выдаваць свае кнігі. Напрыклад, Каятан Касовіч пад псеўданімам „Белорус К.К.” друкуе ў газеце В. Бялінскага „Молва” артыкул „Белорусская песня”. Выбар псеўданіма як нельга лепш характарызуе яго носьбіта. Больш за тое, аўтар палемізуе з М. Грэчам, адстойваючы самабытнасць беларускае мовы.
Аднак у 30-я гады XIX стагоддзя сярод беларускіх дзеячаў не было значнае асобы (як Т. Шаўчэнкі ва ўкраінцаў). Цяжкую ношу беларускага працаўніка мусілі ўзяць на сябе тыя, хто сваёй творчасцю ў польскай літаратуры не пакінуў і следу. Але для беларусаў іх дзейнасць, іхняя творчасць мае пэўную вартасць. Напрыклад, у 1837 годзе тры браты Грымалоўскія — Валяр’ян, Клеменс, Юльян — выдалі ў Пецярбургу трохтомнік вершаваных твораў, ужо ў тытуле зборніка акрэсліваючы сваю нацыянальную прыналежнасць як беларусаў. Дарэчы, варта заўважыць, што гэта першае выданне, на тытульным лісце якога аўтары гаварылі пра сваю нацыянальную самасвядомасць. Вядома таксама з ліста Аляксандра Грозы да Міхала Грабоўскага, што браты Грымалоўскія мыслілі якраз нацыянальнымі катэгорыямі: „Браты Грымалоўскія хочуць свой беларускі дыялект вывесці з усеагульнага забыцця; яны збіраюць народныя песні, прыглядаюцца да ягонае прыгажосці ды своеасаблівасці. Я заахвочваю — як магу — гэтых найлепшага жадання маладых людзей. Я не так даўно пісаў да аднаго з іх, выказваючы яму, якая яго чакае слава, калі пакладзе кутні камень новае, славянскага роду літаратуры”.
Увогуле, даволі дзіўна, што ў першай палове XIX стагоддзя мова шматмільённага народа заставалася па-за ўвагай як людзей навукі, так і літаратараў. Мовазнаўцы толькі зрэдчас давалі дастаткова супярэчлівыя характарыстыкі беларускай мове. Напрыклад, С. Ліндэ альбо расійскі „Энциклопедический лексикон” А. Плюшара (Санкт-Пецярбург, 1836, т. 7, с. 569). Літаратары выкарыстоўвалі беларускую мову толькі пры пэўных умовах і з пэўнымі мэтамі. Нават філаматы не здолелі шырока ўвесці яе ў літаратурны ўжытак, хоць прыклад заходнееўрапейскіх рамантыкаў, здавалася б, павінен быў падштурхоўваць да гэтага. Зрэшты, разгром царызмам віленскіх студэнцкіх таварыстваў перапыніў развіццё беларускага рамантызму, а г.зн., што перапыніўся працэс засваення культурнае архаікі свайго народа. Захапленне народнаю песняю, легендаю і паданнем урэшце мусіла перарасці ў захапленне беларускай моваю, у імкненне надаць гэтай мове літаратурны статус. Станаўленне рамантызму абавязкова вымагала гэтага.
Як ні дзіўна, але і рэлігійныя ідэолагі не лічылі патрэбным на пачатку XIX стагоддзя звяртацца да шматмільённага народа на ягонай мове. Латынь і польская мова касцёла, а таксама царкоўнаславяншчына уніяцкае царквы здаваліся ім дастатковымі дзеля патрэб вернікаў. Але актыўнае ўмяшанне царызму ў рэлігійныя справы, а менавіта ўзяты курс на ліквідацыю Уніі, падштурхнуў і праціўнікаў імперыі да пошуку шляхоў уздзеяння на просты люд. Адбілася, відаць, і тое, што прымусовы перавод уніятаў у праваслаўе стымуляваў і рост колькасці католікаў за кошт усё тых жа уніятаў. Усё гэта прывяло да таго, што ў 1835 г. у Вільні была выдадзена невялічкая кніжка — катэхізіс „Krótkie zebranie nauki chrześcijańskiej dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania rzymsko-katolickiego. Wilno, w drukarni dyecezyalnej, 1835”. Дазвол на выданне быў дадзены біскупам Віленскай дыяцэзіі Енджэем Бенедыктам Клангевічам, які 5 чэрвеня 1835 г. пазначыў, што „ten krótki Katechizm, zawiera w sobie naukę zdrowia i dla prostaczków pożyteczną”. Відаць, усё гэта схіліла асобных даследчыкаў да думкі, што сам біскуп Клангевіч з’яўляецца аўтарам дадзенае кніжкі. Аднак дазвол названага біскупа на публікацыю разам з дазволам цэнзара П. Кукальніка — гэта варункі, неабходныя дзеля выхаду ў свет „Krótkiego zebrania...” (гл.: „Беларускі сцяг”, 1922, № 4; Е. Карский, „Белорусы”, т. ІІІ, вып. 3, Петроград 1922, с. 71). Не адпавядае сапраўднасці і сцвярджэнне, што аўтарам катэхізіса быў святар Шарашоўскае царквы на Пружаншчыне, былы прафесар Віленскага універсітэта Міхал Баброўскі (1784-1848). Бо, відаць, не толькі М. Баброўскі валодаў у той час беларускай моваю ў дастатковым дзеля напісання беларускага тэкста аб’ёме. Хутчэй за ўсё аўтар — каталіцкі, а былы уніяцкі святар, што дастасаваў свой вопыт працы з неадукаваным уніяцкім людам да новых умоў. Перадусім, пра гэта сведчыць пададзены аўтарам шырокавядомы уніяцкі гімн „О, мой Божа! Веру Табе”. Менавіта для новакатолікаў з уніятаў і прызначаецца гэты катэхізіс. Дзеля гэтых новакатолікаў і прызначаецца выданне на беларускай, новай для каталіцкага касцёла мове. Выхад катэхізіса абумоўлены новымі рэаліямі ў грамадска-палітычным жыцці таго часу.
Нявысветленым застаецца пытанне: беларускамоўны катэхізіс — гэта арыгінальны тэкст ці пераклад пэўнага польскамоўнага выдання. Звернем увагу толькі на тое, што мова катэхізісу блізкая да сённяшняе беларускае мовы з нязначнай колькасцю паланізмаў. У адрозненне ад А. Рыпінскага, Я. Чачота ды іншых літаратараў, што шукалі пэўныя сродкі дзеля перадачы гукаў беларускае мовы, аўтар катэхізіса выкарыстоўвае адно толькі польскі шрыфт. Напрыклад:
„P. Jak nas adkupiu Syn Boży?
O. Astauszy się czaławiekam sam siebie addau na ciażkie muki, i na kryżu umior cierpiuczy i pakutujuczy za naszyie hrechi.
P. Hdzie ciapier iość Syn Boży?
O. U Niebie na praway ruce Boha Atca i u nayświętszym Sakramencie, to jest: u naszey Kamunij” (c. 4-5).
Апрача катэхізіса аўтар уключыў у кніжку дзве польскамоўныя малітвы („Modlitwa Pańska” i „Pozdrowienie Panny Maryi”), сімвал веры („Wyznanie Wiary”), дзесяць Божых прыказанняў („Dziesięcioro Bożego przykazania”), пяць касцельных прыказанняў („Pięć przykazań Kościelnych” — адсутнічае прыказанне не чытаць забароненых кнігаў), а таксама г.зв. „Akty” (ці то адвольны беларускамоўны сімвал веры) і ахвяраванне Святой Імшы („Ofiarowanie Mszy światoy”). А напрыканцы выдання была змешчана ўжо прыгаданая песня „О, мой Божа!” (с. 22-24).
O moy Boże! wieru Tabie,
I wsio wieru ja dla Ciabie.
Wsiu nadzieju w tabie maju,
Za wsio Ciabie wychwalaju.
Ty satwaryu, Ty atkupiu,
Ty mianie Boże aświaciu.
Niechay Tabie, hdzie jość ludzie,
Cześć i Chwała at wsiech budzie.
Tabie Boża! kłaniajusia,
Wa wsiom na wolu zdajusia;
A być tolka chaczu w Niebie,
Po wsie wieki lubić Ciabie.
Żal mnie Boże! zhraszyu Tabie!
Czrez hrech dastau piekła sabie.
Da nia tak żal zhuby maiey,
Jak żal Boże krywdy Twaiey!
Ach że Boże! wsio kajusia,
Praści ż mianie, papraulusia;
Da wżo sto raz umierć wolu,
Na hrech boli nie zezwolu.
Dla Twayho ja upadabania,
Chaczu chawać prykazania.
Żyć i umierać wolu Tabie,
Szto Ty jość sam w Sabie.
JEZUSIE! Ty nasz Panie!
Jedyne serca kochanie.
Ruczki i nożki Twe całujem,
Za hrachy nasze żałujem.
Całujuczy Twaje rany,
O JEZUSIE nasz kochany.
Ruki i woczy k Niebu wznosim,
Atpuszczenia hrachow prosim.
Slozy nasze wylewajem,
Szczyrym sercem pryrekajem,
Pakul budzim z ludźmi życi,
Nia budzim Bohu hraszyci.
O MARYA Matka Boża!
Preświataja rajska roża,
Malisia Bohu za nami,
Niehodnymi hresznikami.
Wsie Swiatyje wzhlańcie z Nieba,
Waszey łaski nam patreba.
Malicieś Bohu za nami,
Niehodnymi hresznikami.
Chwała Bohu Istynnomu,
Sława w Troycy Jedynomu,
Sława Otcu, i Synowi,
Sława Swiatomu Duchowi.
Звяртае на сябе ўвагу яшчэ адна акалічнасць: аўтар прызначае сваю кніжку дзеля „сялян рымска-каталіцкага веравызнання, што гавораць на польска-рускай мове” (у арыгінале „mówiących językiem polsko-ruskim”, менавіта рускай мовай, а не расійскай, як павінна было быць). Тут адно з двух: альбо цэнзар не прапусціў тэрмін „беларуская мова”, альбо — што больш верагодней — аўтар не ведаў адпаведнага наймення тае мовы, на якой звяртаўся да чытача. Дарэчы, можна прыгадаць, што нават выхаванец Віленскага універсітэта Адам Міцкевіч называў беларускую мову „русінскай альбо літоўска-русінскай”, а Ян Чачот — „славяна-крывіцкай”.
Вось якраз на гэтую акалічнасць звяртаў увагу аўтар допісу „Беларуская гаворка” ў „Журнале Министерства народного просвещения” (1835, ч. VIII). (Літаральна праз некалькі дзён пасля выхаду ў свет часопіса „Tygodnіk Petersburski” (1835, № 95) перадрукаваў гэты допіс у перакладзе на польскую мову). Ужо на самым пачатку ён падкрэслівае, што больш правільна гэтую мову называць беларускаю. Праўда, мову гэтую ён лічыць малавядомай галінаю — як ён кажа — „нашае роднае мовы”. Толькі вось незразумела, якая мова з’яўляецца для аўтара роднаю — польская ці расійская? Не выратоўвае сітуацыю і тое, што аўтар допісу гаворыць пра рускае (зноў жа — не пра расійскае) паходжанне беларусаў. Справа ў тым, што шматлікія вучоныя нашага краю (перадусім, гісторыкі), а таксама вучоныя з Польшчы не раз падкрэслівалі рускае паходжанне ліцвінаў (ці то больш правільна — рускія карані ліцвінаў). Дык хутчэй за ўсё аўтарам допісу быў не расіянін. Тым больш, то цэлы шэраг фактаў пацвярджае гэтую думку: аніводзін расійскі вучоны ці публіцыст таго часу не валодаў у дастатковым аб’ёме матэрыялам, які аналізуецца ў допісе.
Усё вышэйсказанае схіляе да думкі, што аўтарам рэцэнзіі „Krótkiego zebrania...” у „Журнале Министерства народного просвещения” быў наш суайчыннік — беларус. Адсутнасць подпісу ці хоць крыптаніма пад нататкаю ўскладняе нашу задачу вызначэння ейнага аўтарства. Бо гэтая нататка нават не фіксуецца „Указателем к неоффициальной части повременных изданий Министерства народного просвещения” (Санкт-Пецярбург 1856). Здавалася б, знайсці беларуса сярод дастаткова вялікай колькасці нашых землякоў, што супрацоўнічалі з расійскамоўнымі выданнямі, не ўяўляецца магчымым. Але праглядаючы прыгаданы ўжо „Указатель”, звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў 30-я — пачатку 40-х гадоў XIX стагоддзя актыўна супрацоўнічаў з „Журналом Министерства народного просвещения” Ігнат Даніловіч, у той час сябра камісіі М. М. Спяранскага па падрыхтоўцы збору мясцовых законаў для заходніх губерняў, а пазней прафесар права Кіеўскага і Маскоўскага універсітэтаў. Напрыклад, ён надрукаваў у гэтым выданні наступныя адмысловыя працы: „Училища и воспитание в средние века” (ч. Х), „О ходе уголовного законоведения вообще и преимущественно в Германии” (ч. XIV), „О Литовских летописях” (ч. XXVIII).
Апрача таго, Ігнат Даніловіч быў першым і адным з нешматлікіх у той час даследчыкаў беларуска-ліцвінскага летапісання, а якраз гэты момант з’яўляецца самым істотным пры вызначэнні аўтарства рэцэнзіі, бо цэнтральнае месца артыкула займае праблема высвятлення адрозненняў беларускае мовы (ці то гаворкі — як называе яе аўтар), мовы катэхізіса, ад мовы Літоўскага статута „і ад даўніх літоўскіх публічных актаў, якія няслушна завуцца беларускімі”. Звернем увагу, аўтар рэцэнзіі не згаджаецца называць мову нашых старажытных помнікаў беларускаю (сёння мы лічым яе старабеларускаю). Ігнат Даніловіч у сваёй працы „О Литовских летописях” прысвяціў асобны параграф мове летапісаў („О литовском языке русских летописей”) і аніводнага разу не выкарыстаў у дачыненні да летапісаў тэрміну „беларускія”, аніводнага разу не назваў мову летапісаў беларускаю, што дало падставы такому аўтарытэтнаму даследчыку нашае гісторыі як М. М. Улашчык сказаць, што Ігнат Даніловіч „заблытаўся” („Введение в изучение белорусско-литовского летописания”, Москва 1985, с. 14), што ягоныя „выказванні пра мову летапісаў супярэчлівыя” (с. 9).
Дзеля пацвярджэння сваіх разважанняў аўтар рэцэнзіі нават складае адмысловую табліцу, у якой даводзіць адрознасць беларускае мовы ад расійскае, польскае моў, а таксама і ад мовы Літоўскага статуту.
Не мог аўтар і не падкрэсліць важнае значэнне для гістарычнае навукі параўнальнага даследавання беларускае мовы з іншымі славянскімі мовамі. Аўтар як гісторык у першую чаргу, пэўна, адчуваючы нераспрацаванасць дадзенага пытання, заклікае філолагаў заняцца дадзенай праблемаю.
А на заканчэнне рэцэнзіі ён падае „колькі строф набожнае песні, вельмі папулярнае сярод тамтэйшага простага люду. Па іх можна мець паняцце пра мову, на якой той люд размаўляе”. Той факт, што аўтар ведае уніяцкі гімн, яшчэ раз сведчыць — Ігнат Даніловіч, выхаванец уніятаў, меў самае непасрэднае дачыненне да напісання гэтае рэцэнзіі.
Такім чынам, нашыя разважанні датычылі праблемы пошуку першых праяваў беларускага нацыянальнага руху (беларускага менавіта ў тэрміналагічным значэнні) у 30-я гады XIX стагоддзя. Выхад у свет у 1835 годзе „Krótkiego zebrania...” — гэта выхад у свет першае беларускамоўнае кніжкі. І хоць у тытуле мова гэта называецца польска-рускаю, аднак ужо ў тым жа годзе з’яўляецца публікацыя ў „Журнале Министерства народного просвещения” (паўтораная ў „Tygodniku Petersburskim”), якая самім тытулам і зместам сцвярджае — у грамадстве ўзмацняецца тэндэнцыя называць мову шматмільённага народа былога Вялікага княства літоўскага беларускаю. Знамянальна, што ля вытокаў гэтых працэсаў стаў Ігнат Даніловіч, прадстаўнік Беласточчыны.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|