Беларусь — Еўропа: дыялог культур
Дзмітрый Крывашэй
(Гродна)
Сучасныя дзяржавы ў пераважнай большасці ў сваёй палітыцы імкнуцца да наладжвання міжнароднага культурнага супрацоўніцтва на падставе павагі культурнай самабытнасці, годнасці і каштоўнасці кожнай культуры, незалежнасці, нацыянальнага суверэнітэту і неўмяшальніцтва. У адносінах з іншымі краінамі яны імкнуцца пазбягаць усялякіх формаў няроўнасці і падпарадкавання, а таксама замены адной культуры іншай. Назіраецца скіраванасць на ўсталяванне збалансаванасці ў галіне культурных абменаў і культурнага супрацоўніцтва.
У той жа час некаторыя краіны праз наладжванне экспансіі сваёй культуры імкнуцца стварыць спрыяльную глебу для далейшага эканамічнага і палітычнага падпарадкавання краін-суседзяў. Паспяховасць гэтага працэсу значна ўзрастае, калі відавочны значныя дыспрапорцыі ў развіцці краін, розніца ў культурным патэнцыяле не на карысць апошнім. На падпаданне ў культурную залежнасць, якая можа прывесці да затрымкі развіцця культуры народаў пэўнай краіны ці ўвогуле страты імі сваёй культурнай адметнасці, уплывае нізкі стан народнай свядомасці, непрадуманая моўная палітыка, недасканалая сістэма дзейнасці дзяржаўных інстытутаў, адсутнасць канцэпцыі ў сферы знешняй культурнай палітыкі.
Вельмі востра пастаўленае пытанне стаіць перад Рэспублікай Беларусь, якая, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы — месцы, дзе сустракаюцца розныя культуры — традыцыйна была і застаецца адкрытай для абмену культурнымі каштоўнасцямі. Паспрабуем прааналізаваць дасягненні і страты нашай краіны ў справе захавання свайго культурнага вобраза, пашырэння ўяўлення аб беларускай культуры, наладжванні дыялога ў галіне культуры з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.
Атрыманне незалежнасці дало магчымасць Беларусі развіваць цалкам незалежную знешнюю палітыку. Перад ёй паўстала задача ўмацавання сваёй дзяржаўнасці, стварэння свайго станоўчага вобраза на міжнароднай арэне. Вялікае значэнне ў вырашэнні гэтай задачы надавалася культурнаму супрацоўніцтву.
Знаходжанне ў складзе СССР не ў поўнай меры спрыяла ўспрыманню беларускай культуры як культуры народа асобнай краіны. Яна хутчэй разглядалася замежнымі жыхарамі як „савецкая”, асімілюючыся ў іх вачах з культурай шматнацыянальнага СССР.
Дзяржаўная незалежнасць Беларусі стварыла спрыяльныя ўмовы для самастойнага развіцця ёю культурных сувязей, у першую чаргу з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Пры гэтым асноўная ўвага надавалася садзейнічанню праз культурны абмен ўзаемаўзбагачэнню духоўнага жыцця народаў Беларусі; азнаямленню краін Еўропы з мастацтвам рэспублікі; пашырэнню прысутнасці беларускай культуры і мастацтва ў еўрапейскім духоўным жыцці, сусветнай інфармацыйнай прасторы, міжнародным кніжным рынку.
У рэспубліцы праводзілася работа па стварэнню заканадаўчай базы для паспяховага развіцця культуры, яе асноўных галін. Быў створаны цэлы шэраг законаў, што рэгламентуюць дзяржаўную палітыку ў сферы культуры. Сярод якіх — законы „Аб культуры”, „Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, „Аб нацыянальных меншасцях”, законы аб мовах, адукацыі, аб святах, навукова-творчай дзейнасці, аўтарскім праве, моладзі, правах дзіцяці, музеях і музейным фондзе, аб архівах, аб грамадскіх аб’яднаннях, аб бібліятэчнай справе і інш.
З пачаткам станаўлення беларускай дзяржаўнасці практычна з нуля пачалася распрацоўка і заключэнне міжнародных нарматыўна-прававых актаў, якія стварылі базу развіцця культурных сувязей Рэспублікі Беларусь з іншымі дзяржавамі. Да іх ліку адносяцца: дагаворы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе, міжурадавыя і міжведамасныя пагадненні аб культурным супрацоўніцтве, планы і праграмы развіцця культурных сувязей Рэспублікі Беларусь.
Толькі з Рэспублікай Польшча ў перыяд 1991-1998 гг. было заключана 7 такога роду актаў. Міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне культуры Рэспубліка Беларусь мела з Балгарыяй, Германіяй, Румыніяй, Славакіяй, Вялікабрытаніяй, Югаславіяй, Францыяй, Італіяй. Акрамя гэтага Рэспублікай Беларусь былі заключаны: Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з краінамі Еўрапейскай Супольнасці (1995), Канвенцыя краін Чарнаморскага рэгіёна аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і інфармацыі (1993).
Асобнай формай рэалізацыі супрацоўніцтва ў галіне культуры з’яўляўся ўдзел Беларусі ў рабоце міжнародных арганізацый, прыняцці рашэнняў у іх рамках. Асаблівасцю гэтай формы супрацоўніцтва з’яўляецца шырокае выкарыстанне міжнародных міждзяржаўных і няўрадавых арганізацый. Выпрацаваныя імі спецыяльныя міжнародныя прынцыпы і нормы ў сукупнасці з дзеючым унутраным заканадаўствам вызначалі характар культурных сувязей Рэспублікі Беларусь з іншымі краінамі.
Цэнтральнае месца ў шматбаковым супрацоўніцтве Беларусі з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы займала іх сумесная дзейнасць у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА). Плённа развіваліся культурныя сувязі ў рамках такіх праграм ЮНЕСКА, як „Развіццё краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы” (ПРОЦВЕ), „Памяць свету” (Memoria mundi), „Гісторыя кніжнай культуры Падляшша”, „Камунікацыя і інфармацыя”, „Развіццё культуры: спадчына і творчасць”, „ЮНЕСКА — Чарнобыль”.
Пэўнае супрацоўніцтва ў галіне культуры вялося Беларуссю з Саветам Еўропы. Далучэнне Рэспублікі Беларусь да Еўрапейскай культурнай канвенцыі ў кастрычніку 1993 г. дазволіла атрымаць доступ да праграм еўрапейскага супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі, спорту, сродкаў масавай інфармацыі і інш. Савет Еўропы выдзяляў сродкі на стажыроўкі, кансультацыі, правядзенне міжнародных семінараў, канферэнцый і г.д. За няпоўныя 5 гадоў (09.1992 — 12.1996 гг.) больш 300 прадстаўнікоў разнастайных галін улады Беларусі (сярод іх і прадстаўнікі ўстаноў культуры) прымалі ўдзел у канферэнцыях, семінарах, стажыроўках, арганізаваных у рамках СЕ1.
Савет Еўропы наладжваў і фінансаваў аналагічныя мерапрыемствы і ў Беларусі. Сярод іх — Міжнародны семінар ІКАМОС па праблематыцы аховы паркаў і ландшафтаў (05-06.1995 г., Нясвіж), Міжнародны семінар „Трансрэгіянальныя і інтэрнацыянальныя аспекты культурнай палітыкі” (10-11.1996 г., Мінск), міжнародны семінар-прадстаўленне праграмы „Культурныя шляхі праз Беларусь” (09.1995 г., Полацк).
Плённа развівалася супрацоўніцтва з Саветам Еўропы ў напрамку ўдасканалення заканадаўчай базы Беларусі ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнні інфармацыйнага банка, які б утрымоўваў падрабязныя звесткі аб гісторыка-культурнай спадчыне рэспублікі, распрацоўцы праекта па рэвіталізацыі (вяртанні да жыцця) гістарычнага цэнтра Гродна2.
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з 1993 г. змагло арганізаваць разнастайную праграму міжнароднага супрацоўніцтва, у першую чаргу гастрольную дзейнасць тэатральных калектываў і выканаўцаў.
Пры дапамозе міністэрства быў наладжаны ўдзел у фестывалі драматургіі Славаміра Мрожака ў Кракаве (Польшча, 1993 г.), фестывалях тэатраў: у Берліне (Германія, 1994 г.), Нітры (Славакія, 1994 г.), Мангейме (Германія, 1994 г.); удзел у 1994 г. у міжнародных конкурсах юных музыкантаў у Германіі, Італіі, Польшчы, Англіі; штогадовым фестывалі „Кантакт” у Торуні (Польшча) і інш.
Міністэрствам праяўлялася значная зацікаўленасць да такога аспекту культурнага супрацоўніцтва, як абмен і гандаль кнігамі. Дзеля прапаганды і рэкламы сучаснай кніжнай прадукцыі, прыцягнення замежных вытворцаў з 1994 г. штогод арганізоўваліся Мінскія міжнародныя кірмашы. Поруч з гэтым з 1994 г. беларускі бок выстаўляў прадукцыю на кніжных кірмашах у Варшаве і Франкфурце-на-Майне (з 1994 г.).
Упершыню ў 90-х гг. Рэспубліка Беларусь выступіла як арганізатар міжнародных культурных мерапрыемстваў (семінараў, сімпозіумаў, фестываляў, кірмашоў і г.д.). Сярод іх — міжнародныя фестывалі: эксперыментальных тэатраў у Мінску „Студыйныя калядкі” (1991 г.), монаспектакляў „Я” (Мінск, 1993 г., 1996 г.), тэатральны фестываль „Белая вежа-96” (Брэст), дзіцячых і юнацкіх тэатраў (Мінск, 1996 г.), тэатральны фестываль, прысвечаны 70-годдзю тэатра імя Я. Коласа (Віцебск, 1996 г.). Штогадовым стаў міжнародны фестываль тэатраў лялек у Мінску.
Штогадовымі сталі ў Беларусі музычныя фестывалі „Адраджэнне беларускай капэлы” (Мінск), джазавай музыкі (Мінск), камернай музыкі (Полацк), Беларуская музычная восень, Беларуская музычная вясна, Польскай і беларускай музыкі (усе — Мінск). Значнай падзеяй у музычным жыцці рэспублікі стаў міжнародны фестываль-манаграфія, прысвечаны 220-годдзю з дня нараджэння А. Г. Радзівіла (1996 г., Мінск).
Адметнай падзеяй у культурным жыцці народаў Еўропы стала рэгулярнае правядзенне з 1992 г. у Віцебску міжнароднага фестывалю „Славянскі базар”.
У пачатку 90-х гг. вядомасць у свеце атрымала беларуская музычная школа, калі ў новых умовах у нашай таленавітай моладзі з’явілася магчымасць выязджаць на міжнародныя конкурсы. Раней існаваў вельмі складаны адбор: рэспубліканскі, міжзанальны, затым адбор у Маскоўскай кансерваторыі. Таму беларускіх прадстаўнікоў на міжнародных конкурсах практычна не было.
Поспехамі сваіх выхаванцаў можа ганарыцца Беларуская акадэмія музыкі. За 1991-1995 гг. акадэмія падрыхтавала 75 лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. Кожнае лета выязджалі за мяжу для ўдзелу ў розных мерапрыемствах каля 150-200 чалавек.
Адметнай падзеяй у музычным жыцці краіны стала прэм’ера ў Мінску ў 1994 г. манументальнай сцэнічнай кантаты „Хрыстафор Калумб”, падрыхтаванай Акадэмічнай харавой капэлай імя Р. Шырмы, акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі і салістам-барытонам Віктарам Скарабагатавым. Твор гучаў на беларускай мове. Неўзабаве быў зроблены запіс у айчыннай радыёстудыі, а на аснове яго ў Мілане выпусцілі кампакт-дыск3.
У аналізаваны перыяд беларускі тэатр упэўнена ўваходзіў у супольнасць еўрапейскіх тэатраў, маючы змястоўны і пераканаўчы фон (сваю гістарычную спадчыну і творчы патэнцыял). Нашы тэатры супрацоўнічалі з тэатрамі Польшчы, Францыі, Іспаніі, Італіі, Германіі.
Значным дасягненнем беларускага тэатральнага мастацтва стала выступленне ў 1995 і 1996 гг. на традыцыйным Эдынбургскім фестывалі мастацтваў Дзяржаўнага тэатра-лабараторыі беларускай драматургіі „Вольная сцэна” і тэатра „Дзе-Я?”.
У 1995 г. спектакль „Чорт і баба” тэатра „Дзе-Я?” быў адзначаны чатырма зоркамі. Спектакль „Рычард” у выкананні „Вольнай сцэны” — пяццю (вышэйшая адзнака).
Валерый Анісенка, пастаноўшчык спектакля „Рычард” атрымаў у 1995 г. заказ паказаць іншую п’есу У. Шэкспіра — „Макбет”. Аляксей Дудараў зрабіў адаптацыю і „Рычарда”, і „Макбета”, якія былі прадэманстраваны ў 1996 г. Тады адбылося дзесяць спектакляў. Усе яны ішлі на беларускай мове. У выніку Валерый Анісенка зноў атрымаў заказ на 1997 г. на адаптацыю „Гамлета”. Акрамя таго, яго запрасілі з курсам лекцый па вопыту пастановак п’ес Шэкспіра.
За час знаходжання ў Вялікабрытаніі тэатр „Дзе-Я?” у 1996 г. паказаў 11 спектакляў — пастаноўкі п’есаў „Круці не круці...” і „Чорт і баба” па творах Францішка Аляхновіча. Па водгуках, тэатр трапіў у дваццатку лепшых тэатраў свету. Па выніках выступлення ён атрымаў запрашэнне на паўторныя гастролі ў 1997 г.
З дасягненнямі опернага і балетнага мастацтва Беларусі маглі пазнаёміцца гледачы многіх краін Еўропы. Спектаклі беларускай оперы бачылі ў Іспаніі, Партугаліі, Швейцарыі, Галандыі, Польшчы.
Падзеяй у гісторыі беларускай харэаграфіі, стала пастаноўка ў 1995 г. В. Елізар’евым балета „Жарсці” („Рагнеда”) на музыку А. Мдзівані. Упершыню балетны спектакль на музыку беларускага кампазітара атрымаў найвышэйшае міжнароднае прызнанне. 29 красавіка 1996 г. у Парыжы В. Елізар’еву была ўручана узнагарода Міжнароднай асацыяцыі танца пры ЮНЕСКА за лепшую сучасную харэаграфію — прыз і дыплом „Бенуа дэ ля данс”.
Значную работу па прапагандзе культуры праводзілі дыпламатычныя ўстановы, акрэдытаваныя ў Беларусі. Найбольш плённа у культурнай сферы працавалі амбасады Польшчы, Германіі і Францыі. Амбасада Германіі садзейнічала дзейнасці з 1993 г. Нямецкага культурна-адукацыйнага цэнтра імя Гётэ. У 1996 г. у Мінску былі адкрыты Польскі інстытут і Франка-беларуская зала інфармацыі пра сучасную Францыю. Вынікам іх дзейнасці з’явіліся разнастайныя тыдні культуры, музычныя фестывалі, выставы, дэманстрацыі кінастужак, паездкі артыстаў, дзеячаў мастацтва ў Беларусь, забеспячэнне бібліятэк сучаснай замежнай літаратурай.
Творы выяўленчага мастацтва са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у гэты перыяд маглі ўбачыць жыхары Галандыі, Польшчы, Італіі і іншых краін Еўропы. Музей плённа развіваў навуковае і творчае супрацоўніцтва з Нацыянальным музеем Рэспублікі Польшча ў Варшаве і з Дзяржаўным зборам мастацтва на Вавелі (Кракаў, Польшча).
Падзеяй культурнага жыцця ў 1997 г. стала адкрыццё ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ першай у Беларусі выставы твораў Марка Шагала, якая затым прайшла ў Віцебску ў рамках II міжнароднага пленэра імя М. Шагала.
Разнастайным было супрацоўніцтва ў галіне кінамастацтва. У аналізаваны перыяд беларускі глядач змог пазнаёміцца з цэлым шэрагам мастацкіх і дакументальных фільмаў вытворчасці краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Толькі ў 1994 г. прайшло чатыры фестывалі французскага кіно, на якіх поруч з паказам лепшых французскіх фільмаў вёўся аповед пра акцёраў, кінарэжысёраў і інш.
У рамках Дзён культуры Польшчы ў Мінску (лістапад 1994 г.) прайшла тыднёвая кінапраграма пра творчасць Анджэя Вайды пад назвай „Ягонае кіно і ягоныя акцёры”. У 1995 г. мінскія аматары кіно змаглі паглядзець шэраг фільмаў італьянскага кінарэжысёра-неарэаліста Лукіна Вісконці, знакамітага англійскага кінарэжысёра Дэрэка Джармена, польскага рэжысёра Фелікса Фалька.
У сваю чаргу лепшыя творы беларускіх кінематаграфістаў паспяхова дэманстраваліся за мяжою. У жніўні 1994 г. у Славакіі прайшлі Дні беларускага кіно. У чэрвені-ліпені 1994 г. прадстаўнікі Беларусі бралі ўдзел у 20-м міжнародным фестывалі некамерцыйнага кіно ў горадзе Обензее (Аўстрыя). У жніўні 1995 г. здымачная група „Белвідэацэнтра” выязджала ў Германію для здымак дакументальнага фільма „Пасляслоўе” (рэж. В. Марчанкава). У 1996 г. кінастудыя „Беларусь” сумесна з кінастудыяй „ССС-Фільмскунт” (Германія) выпусціла кінафільм „Из ада в ад” (рэж. Д. Астрахан).
У 1997 г. відэафільмы „Белвідэацэнтра” прынялі ўдзел у конкурсных паказах міжнародных кінафестываляў у Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.
З набыццём Рэспублікай Беларусь дзяржаўнага суверэнітэту Нацыянальная бібліятэка Беларусі пачала разглядацца на міравой арэне як прадстаўнік інтарэсаў бібліятэк краіны, у выніку чаго значна актывізаваўся характар яе міжнароднай дзейнасці. У бібліятэцы вялася распрацоўка шматлікіх праграм, праектаў, падрыхтоўка інфармацыі аб Бібліятэцы ў даведнікі, зборнікі, каталогі і г.д.
Адным з элементаў міжнародных культурных сувязей Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’яўляўся міжнародны кніжны абмен. Калі ў 1985 г. у Бібліятэкі было 170 партнёраў, то ў 1992 г. — 245, а на 01.01.1997 г. — 297 партнёраў у 43 краінах свету. Сярод партнёраў — нацыянальныя і буйнейшыя навуковыя бібліятэкі, бібліятэкі універсітэтаў і ўстаноў культуры, навуковыя таварыствы і даследчыя арганізацыі, рэдакцыі часопісаў і г.д. Найбольшая колькасць партнёраў (на 01.01.1997 г.) была ў Германіі — 54, ЗША — 49, Польшчы — 34, Францыі — 23, Вялікабрытаніі — 17.
У 90-х гг. у Беларусі быў створаны цэлы шэраг разнастайных міжнародных і рэспубліканскіх фондаў, мэтамі якіх было разнастайнае садзейнічанне развіццю культуры. Сярод іншых сваёй актыўнай дзейнасцю выдзяляюцца Беларускі фонд славянскага пісьменства і славянскай культуры, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, Фонд развіцця традыцыйнай этнічнай культуры (ФРТЭК).
ФРТЭК падтрымліваў кантакты з навукова-культурнымі цэнтрамі і дзеячамі культуры Германіі, Францыі, Швецыі, Ісландыі, Грэцыі, Бельгіі, Польшчы і шэрагу іншых краін.
Пад эгідай Фонду дзейнічаў вайскова-гістарычны рыцарскі клуб „Калюмны”, які аб’ядноўваў маладых энтузіястаў вывучэння і аднаўлення сярэднявечных строяў і ўзбраення беларускага войска, і Мінская дударская гільдыя, аснову якой складалі сапраўдныя знаўцы дуды, самі ўзнавіўшыя тэхналогію яе вырабу, архаічнае гучанне і чыста беларускую традыцыю ігры. Узровень выканаўчага майстэртсва ўдзельнікаў гільдыі па праву ацанілі музыканты і майстры-дудары з краін Заходняй Еўропы і Скандынавіі, што прыязджалі ў Мінск у 1992 і 1993 гг. на I i II Балтыйскія дударскія фэсты.
У ліпені і жніўні 1996 г. клуб „Калюмны” браў удел у рыцарскіх турнірах у Польшчы. У чэрвені гэтага ж года прадстаўнікі Мінскай дударскай гільдыі ўдзельнічалі ў штогадовым Галандскім нацыянальным дударскім свяце (па запрашэнню Нацыянальнай асацыяцыі дудароў Нідэрландаў).
З 1996 г. у Магілёве праводзіўся штогадовы міжнародны фестываль духоўнай (хрысціянскай) музыкі „Магутны Божа”. Ініцыятарамі яго былі Беларуская каталіцкая грамада і рыма-каталіцкая парафія Магілёва. Галоўнай мэтай фестывалю было духоўнае адраджэнне моладзі музычнай культурай, як часткі агульнаеўрапейскай; пашырэнне сяброўскіх сувязей паміж моладзю розных краін і ўзаемаўзбагачэнне культур народаў Еўропы, яднанне хрысціян розных канфесій.
Беларуская культура была прадстаўлена на розных культурных мерапрыемствах, арганізатарамі якіх выступалі грамадскія аб’яднанні за мяжою.
Папулярнасцю сярод беларускіх выканаўцаў карыстаўся фестываль музыкі Маладой Беларусі „Басовішча” (Гарадок, Беластоцкае ваяводства Рэспублікі Польшча) і фестываль беларускай бардаўскай песні „Бардаўская восень ” (Бельск-Падляшскі, Беластоцкае ваяводства).
Значны ўклад у працэс культурнага ўзаемадзеяння незалежнай Беларусі і краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ўносілі творчыя саюзы і самадзейныя калектывы.
Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці творчых саюзаў быў напрамак, які ахоплівае пытанні развіцця творчага працэсу, узаемадзеяння з замежнымі калегамі, пошук свайго месца ў еўрапейскай культурнай прасторы.
Дзяржаўны суверэнітэт Беларусі даў магчымасць прафесійным грамадскім арганізацыям пазбавіцца ідэалагічных установак пры выбары партнёраў. Патрабаваннем часу стаў адбор твораў літаратуры і мастацтва з пазіцый адпаведнасці агульначалавечым каштоўнасцям, запатрабаванням мастацкага густу той ці іншай катэгорыі прыхільнікаў мастацтва.
У 1991 г. былі ўсталяваны сувязі паміж Саюзам пісьменнікаў Беларусі (з 1995 г. — Саюз беларускіх пісьменнікаў) і суполкай нямецкіх пісьменнікаў „Літаратурны калоквіум Берліна”. Прыкладам плённага супрацоўніцтва служаць публікацыі твораў У. Арлова, В. Быкава, В. Іпатавай, А. Разанава, Н. Мацяш і іншых беларускіх аўтараў у Германіі.
Дагаворы і пратаколы аб супрацоўніцтве Саюз беларускіх пісьменнікаў заключыў з пісьменніцкімі арганізацыямі Македоніі (1994 г.), Сербіі (1995 г.), Балгарыі (1996 г.). Яны прадугледжвалі ўзаемную інфармацыю аб важнейшых з’явах у літаратурным жыцці; аб творчых мерапрыемствах і сустрэчах у краінах-партнёрах, а таксама пра магчымасць удзелу ў іх; падтрымку ўзаемных перакладаў; абмен дэлегацыямі.
Аднак колькасць асобных выданняў кніг пісьменнікаў і паэтаў Беларусі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы была нязначнай — усяго 11 найменняў (1992-1998 гг.). Гэта творы М. Гусоўскага, С. Полацкага, А. Карпюка, В. Быкава, А. Разанава, А. Глобуса і інш.
У 1996 г. у варшаўскім выдавецтве „Pod wiatr” выйшла кніга Сяргея Законнікава „Чорны конь апакаліпсісу”. Яе склалі паэмы „Чорная быль” і „Зязюля”. Кніга была адзначана міжнароднай прэміяй імя Вітольда Гулевіча, польскага паэта і патрыёта, расстралянага фашыстамі ў 1941 г. У дыпломе, які быў уручаны Сяргею Законнікаву ў заключны дзень юбілейнага XXV свята „Варшаўская паэтычная восень”, гаворыцца, што ён узнагароджваецца „за чарнобыльскія паэмы, якія ўзнімаюць драматычныя праблемы сучаснасці і асабісты ўклад у дапамогу ахвярам катастрофы”4.
У тым жа годзе ў Германіі, у царкве Святой Тройцы ў Франкфурце-на-Майне адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Законнікава „Вячэра пад райскім дрэвам”.
Цікавасць да беларускай літаратуры была праяўлена і ў Швейцарыі. Там у 1995 г. выйшаў першы за ўсю гісторыю зборнік беларускай прозы „Беларуская проза: Цётка — Змітрок Бядуля — Якуб Колас” у перакладзе з беларускай Ісака Марголіна.
У сваю чаргу за 1991-1998 гг. у Беларусі выйшла ў свет звыш 50 кніг (у тым ліку перавыданні) пісьменнікаў і паэтаў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ў перакладзе на беларускую мову. Дзякуючы перакладчыцкай дзейнасці М. Валошкі, У. Папковіча, А. Асташонка, Р. Барадуліна, Л. Баршчэўскага, М. Хаўстовіча, З. Коласа, Т. Тамашэвіча і іншых па-беларуску можна прачытаць творы як класікаў — Э. М. Рэмарка, І. В. Гётэ, Ш. Цвейга, Т. Мана, Ж. Б. Мальера, так і сучасных замежных аўтараў — С. Лема, Ж. Сіменона, І. Андрыча, С. Пільштыновай, Л. Стафа і інш.
Развіццём міжнародных кантактаў у галіне выканальніцтва займаўся Беларускі саюз музычных дзеячаў (БСМД), створаны ў 1988 г. як Музычнае таварыства БССР (у 1991-1995 гг. — Саюз музычных дзеячаў Беларусі). Гэта незалежная добраахвотная грамадская творчая арганізацыя, якая аб’ядноўвае на дэмакратычных пачатках прафесійных дзеячаў музычнага, харэаграфічнага і эстраднага мастацтва. З 1990 г. у яе ўстанавіліся творчыя сувязі з Музычным саветам зямлі Бадэн-Вюртэмберг. У рамках гэтага супрацоўніцтва за 1990-1995 гг. 19 беларускіх музычных калектываў (з агульнай лічбай удзельнікаў 620) ужо прадэманстравалі сваё майстэрства на прэстыжным міжнародным фестывалі „Еўрапейскія музычныя сустрэчы”.
Яскравым прыкладам актыўнай работы Беларускага саюза музычных дзеячаў па прапагандзе музычнага выканаўчага мастацтва за межамі Беларусі служыць работа па арганізацыі ўдзелу нашых выканаўцаў у разнастайных конкурсах у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Сярод якіх — конкурс выканаўцаў у ФРГ, Італіі, Швейцарыі, Англіі, Францыі, Іспаніі.
Асобна неабходна адзначыць дзейнасць БСМД па вылучэнню на міжнародную авансцэну беларускай цымбальнай школы. З 1993 г. прадстаўнікі Беларусі з’яўляюцца правадзейнымі членамі Міжнароднай асацыяцыі цымбалістаў, штаб-кватэра якой знаходзіца ў Будапешце. У кастрычніку 1997 г. з удзелам звыш 60 выканаўцаў з 14 краін свету ў Магілёве адбыўся IV Сусветны кангрэс цымбалістаў.
Значныя намаганні па наладжванню міжнародных сувязей у сферы музыкі і музыказнаўства з мэтай распаўсюджвання беларускай музыкі, абмену вопытам у галіне музычнага мастацтва прыкладаў Беларускі саюз кампазітараў (БСК, у 1991-1995 гг. — Саюз кампазітараў Беларусі).
Пра сапраўдную прапаганду беларускай музыкі за мяжою ў 1991-1998 гг. гаварыць не прыходзіцца, аднак відавочным было пашырэнне міжнародных сувязей. Музыка беларускіх кампазітараў гучала ў Германіі і Іспаніі. Упершыню за мяжой у 1993 г. былі выпушчаны кампакт-дыскі з музыкай Я. Глебава, У. Солтана, Дз. Смольскага. Старшыня фальклорнай камісіі СКБ З. Мажэйка ў жніўні 1993 г. на XІ Міжнародным з’ездзе славістаў у Браціславе была выбрана членам Міжнароднага камітэта славістаў.
Міжнародную творчую дзейнасць развіваў і Беларускі саюз мастакоў (у 1991-1996 гг. — Саюз мастакоў Беларусі). У 1995 г. Саюз быў прыняты ў правадзейныя члены Міжнароднай асацыяцыі мастакоў пры ЮНЕСКА і стаў прадстаўляць нацыянальны камітэт Беларусі пры ЮНЕСКА з аддзяленнем еўрапейскага нацыянальнага саюза. Гэта дало больш шырокі доступ да міжнароднай інфармацыі ў галіне прафесійнага мастацтва.
Сярод найбольш цікавых падзей выдзяляецца выстава твораў маладых беларускіх мастакоў у Нітры (Славакія), якая адбылася ў 1994 г. на падставе папярэдняй дамоўленасці міністэрстваў культуры Славакіі і Беларусі. Да 10-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Германіі прайшла вялікая дабрачынная выстава беларускага выяўленчага мастацтва, якая выклікала значную цікавасць у нямецкага гледача.
Беларускі саюз мастакоў наладзіў стабільныя сувязі з Франкфуртскай выставачнай кампаніяй у галіне шкла і керамікі. Дзякуючы гэтаму ў Германіі прайшлі выставы работ шэрагу беларускіх мастакоў.
Неабходна заўважыць, што беларускія мастакі самастойна знаходзілі шляхі кантактаў з Еўропай. Так у вызначаны перыяд выстаўлялі свае работы за мяжою: у Францыі — Р. Заслонаў і А. Задорын, Іспаніі — В. Ціханаў, Швецыі — З. Літвінава, Аўстрыі — Г. Гаравая, Нарвегіі — В. Альшэўскі, Галандыі — Л. Кальмаева.
У асобны напрамак культурнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ў 90-х гг. выдзяліліся кантакты з беларускай эміграцыяй, сувязі з якой да канца 80х гг. фактычна адсутнічалі.
Пытанні забеспячэння магчымасцей для захавання і развіцця культурнай самабытнасці нашых суродзічаў у краінах пражывання юрыдычна занатаваны ў міжнародных дагаворах і пагадненнях, заключаных Рэспублікай Беларусь з Румыніяй, ФРГ і Польшчай.
Значны плён у станаўленне сувязей з беларускай дыяспарай унеслі грамадскія аб’яднанні — Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына” (створанае ў 1990 г.), Беларускі фонд культуры, Беларускае таварыства сувязей з суайчыннікамі за мяжой.
У 1993 г. Саветам Міністраў РБ была распрацавана дзяржаўная праграма „Беларусы ў свеце”. Яна вызначала асноўныя накірункі работы з беларусамі замежжа, тэрміны выканання і адказныя ўстановы. Асноўнай мэтай праграмы было мацаванне разнастайных сувязей з суродзічамі, аказанне ім разнастайнай дапамогі па захаванню нацыянальнай культуры, распрацоўка шэрагу мерапрыемстваў для знаёмства нашых замежных суайчыннікаў з гісторыяй і культурай Беларусі, навуковае даследаванне гісторыі беларускай дыяспары, шырокае азнаямленне грамадскасці нашай краіны з культурна-мастацкай спадчынай беларускага замежжа.
Крытычны погляд на развіццё культурнага дыялога Рэспублікі Беларусь з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы дазваляе вызначыць пэўныя адмоўныя моманты.
Галоўным з іх з’яўляецца адсутнасць у заканадаўстве Беларусі многіх канкрэтных норм і механізмаў, што прадугледжваюцца законам „Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь”. Гэтая акалічнасць патрабуе прыняцця шэрагу падзаконных нарматыўных актаў, падрыхтоўку нарматыўнай дакументацыі, якія б у першую чаргу рэгламентавалі адносіны ўласнасці, падаткаабкладання, бюджэтнага рэгулявання, працоўнага, грамадзянскага і мытнага заканадаўства, аховы і выкарыстання помнікаў гісторыі і культуры, узаемадзеяння дзяржаўных арганізацый з грамадскімі аб’яднаннямі культурнай накіраванасці, экспертызы аб’ектаў культуры, прадметаў мастацтва і інш.
Вялікае значэнне мае распрацоўка механізмаў рэалізацыі заключаных міжнародных прававых актаў у галіне культурнага супрацоўніцтва. Вялікія магчымасці, закладзеныя ў апошніх, фактычна рэалізуюцца вельмі слаба. Значная ўвага пры гэтым павінна быць нададзена памежнаму супрацоўніцтву, сувязям на ўзроўні рэгіёнаў, мясцовых устаноў, культурных цэнтраў, грамадскіх арганізацый і творчых саюзаў.
Больш увагі неабходна звяртаць на заахвочванне і падтрымку творчай дзейнасці праз стварэнне спрыяльных умоў для творчасці, узмацненне нацыянальнага патэнцыялу па вытворчасці і распаўсюджванні разнастайнай прадукцыі індустрыі культуры5.
Важным з’яўляецца стварэнне станоўчых сакральных сімвалаў народа Беларусі6 (напрыклад, рака Нёман, Камянецкая вежа, Каложа, Мірскі замак, горад Полацк, князь Вітаўт, слуцкі пояс і інш.), ідэалагічных лозунгаў, якія б ярка і запамінальна характарызавалі краіну ( напрыклад, словы У. Караткевіча „Зямля пад белымі крыламі”). Іх разнастайнае выкарыстанне ў гуманітарнай сферы ў першую чаргу праз увасабленне ў сувенірнай прадукцыі, турыстычнай рабоце значна спрыяла б зацвярджэнню і прапагандзе за мяжою адметнага запамінальнага нацыянальнага вобраза.
У сучасных умовах фундаментальную ролю ў распаўсюджванні культуры адыгрываюць сродкі камунікацыі. Як ужо стаўшыя класічнымі радыё і тэлебачанне, так і найноўшыя глабальныя інфармацыйныя сеткі (Internet). На сённяшні момант Беларусь не можа канкурыраваць з інфармацыйнымі каналамі радыё і тэлебачання замежных краін. Яна мае толькі дзве нацыянальныя радыёпраграмы і некалькі радыёстанцый. Эфір апошніх ахоплівае невялікі працэнт тэрыторыі краіны. Яшчэ горшае становішча з тэлебачаннем. Працуе адзіны нацыянальны тэлеканал, які дапаўняюць некалькігадзінныя перадачы абласных студый тэлебачання і кабельныя праграмы ў рэгіёнах. У той час, як у суседняй Польшчы існуюць паўнавартасныя рэгіянальныя радыёстанцыі і тэлеканалы, чые перадачы добра прымаюцца ў беларускім памежжы. Гэтая ж краіна мае чатыры спадарожнікавыя тэлеканалы, аб чым Беларусі не даводзіцца нават марыць.
Складаным застаецца пытанне і аб забеспячэнні доступу беларускіх карыстальнікаў да сусветных інфармацыйных рэсурсаў праз глабальныя інфармацыйныя сеткі. Першае, што марудна, але праводзіцца, гэта мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы і праграмнага забеспячэння ўстаноў культуры краіны. Вядзецца распрацоўка некалькіх праектаў па стварэнню сваіх інфармацыйных баз даных па пытаннях культуры. На сённяшні момант весці гаворку аб нейкай інтэграцыі нацыянальных праграмных рэсурсаў у міжнародную інфармацыйную прастору гаварыць не прыходзіцца.
Для паспяховага вырашэння пастаўленых задач вельмі спрыяла б стварэнне за мяжою пастаянна дзеючых цэнтраў беларускай культуры, якія б каардынавалі сваю дзейнасць з пасольствам Рэспублікі Беларусь і міністэрствамі культуры і замежных спраў як краіны знаходжання, так і Беларусі. Зместам іх работы павінна стаць інфармацыйнае насычэнне спецыялістаў, бібліятэкараў, навукоўцаў, прадстаўнікоў прэсы і тэлебачання, простых грамадзян Еўропы звесткамі аб нашым краі і культуры, нашым жыцці і гісторыі. Наладжванне выстаў і вечарын, дэманстрацыя кінастужак, адкрыццё ў сценах цэнтра бібліятэкі і адукацыйнага цэнтра, арганізацыя канферэнцый і іншых мерапрыемстваў у значнай ступені спрыяла б уцягненню насельніцтва краін Еўропы ў арбіту нашых інтарэсаў. Еўрапейскія краіны даўно зразумелі, што праз культурны ўплыў можна атрымаць станоўчыя і вельмі карысныя вынікі з пункту гледжання палітычных ці эканамічных інтарэсаў. Трывалая разнастайная дзейнасць у Беларусі Нямецкага культурна-адукацыйнага цэнтра імя Гётэ, Брытанскага савета, Франка-беларускай інфармацыйнай залы, Польскага інстытута з’яўляецца яскравым доказам выказанай думкі.
Ніякія разавыя мерапрыемствы, ці гэта будзе Тыдзень культуры Беларусі, ці гастролі творчых калектываў, выставы, ці перамога на прэстыжным конкурсе не змогуць умацаваць нашу прысутнасць за мяжою. Намнога больш могуць зрабіць нават некалькі зацікаўленых высокакваліфікаваных спецыялістаў. Дасягненню гэтага спрыяла б далучэнне да беларускай тэматыкі еўрапейскіх славістаў, спецыялістаў па лінгвістыцы, літаратуразнаўстве, гісторыі і мастацтве, адкрыццё ў славістычных інстытутах пастаянных беларускамоўных груп. Ініцыятыва і клопат аб гэтым, пастаянную апеку і спрыянне павінна аказваць Беларусь7. Зразумела, што ніхто больш у гэтым акрамя нас не зацікаўлены.
1 Наталья Дрозд, Савет Европы и Беларусь: проблемы и перспективы, „Беларуская думка”, 1996, № 10, с. 172.
2 Беларусь и Совет Европы, „Вестник Министерства иностранных дел”, 1998, № 1, с. 60; Аб’ект № 1: Гродна. (Са старшынёй Камітэта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрыем Бубноўскім гутарыла Таццяна Антонава), „Звязда”, 1999, 17 красавіка, с. 7.
3 С. Б., Калумб пяе па-беларуску, „Літаратура і мастацтва”, 1996, 17 мая, с. 10.
4 „Чорны конь апакаліпсісу”, „Літаратура і мастацтва”, 1996, 12-17 лістапада, с. 6.
5 ЮНЕСКО. Генеральная конференция. 29 сессия. 1997 г. Предлагаемые резолюции, Париж 1997, с. 25.
6 Ідэя гэта прыналежыць доктару гістарычных навук Э. Зайкоўскаму, гл.: Гістарычныя асновы беларускай нацыянальнай ідэі, [у:] Беларуская нацыянальная ідэя. (Праграма і тэзісы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі — 17-18 красавіка 1999 г., Гродна), Каардынацыйны камітэт „Гродзенская ініцыятыва”, Гродна 1999, с. 24.
7 Уладзімір Сакалоўскі, Думкі к часу, „Культура”, 1993, 13 красавіка, с. 6.