|
Ігнат Даніловіч як даследчык беларуска-літоўскіх летапісаў
Альбіна Семянчук
(Гродна)
Пачатак ХІХ ст. — час інтэнсіўнага збірання гістарычных крыніц ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Бурлівая эпоха змен сацыяльных ідэй, палітычных межаў, грамадскай ментальнасці спарадзіла ліхаманкавыя спробы нацыянальнага выратавання, пошукі цвёрдага грунту, на якім можна было б будаваць новае грамадства. З усіх бакоў, і з расійскага, і з польскага, ад дзяржаўных устаноў і прыватных асоб з рознымі мэтамі зыходзіла ініцыятыва збірання старажытнасцяў.
Мікалай Маліноўскі, Аляксандр Рачынскі, Тэадор Нарбут, Ігнат Даніловіч і іншыя шукалі старажытныя дакументы па маёнтках, палацах, манастырах. Названыя даследчыкі так ці інакш былі звязаны паміж сабой, шляхі іх пошукаў перакрыжоўваліся. Напрыклад, Мікалай Маліноўскі, на дзесяць гадоў маладзейшы за І. Даніловіча, паступіў у Віленскі універсітэт у 1820 г., калі апошні быў ужо ад’юнктам1. Акурат у гэты час яны разам супрацоўнічалі ў альманаху „Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej”. Абодва былі звязаны з гурткамі філаматаў і філарэтаў, за што пацярпелі ад расійскіх улад. Мікалай Маліноўскі, таксама як Ігнат Даніловіч, галоўнай справай свайго жыцця лічыў збіранне і публікаванне старажытных дакументаў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Будучы „генеральным пракуратарам” Радзівілаўскай камісіі, якая павінна была юрыдычна ўрэгуляваць спадчынныя справы пасля Дамініка Радзівіла, і яшчэ раней, М. Маліноўскі адшукаў, а потым разам з М. Грабоўскім і А. Пшэздзецкім апублікаваў „Крыніцы да польскай гісторыі”2.
Сёння гісторыя адкрыцця таго ці іншага старажытнага дакумента часам нагадвае захапляльны дэтэктыў. Надзвычай цікавыя прыгоды і адкрыцці зведаў Аляксандр Рачынскі, які знайшоў у Полацку летапіс Аўраамкі3. Вялікую колькасць старажытных дакументаў адкрыў ён таксама ў Гродне, Віцебску, Беластоку, Бельску, Вільні, Заблудаве і іншых мясцовасцях і перадаў іх у Віленскую публічную бібліятэку. Напрыклад, у жніўні 1867 года А. Рачынскі тэлеграфаваў з Ваўкавыска ў Вільню аб тым, што ў бібліятэцы Трэмбіцкага ў Пружанах яму ўдалася знайсці „друкаваных рэдкасцяў славяна-рускіх 83; агульнаславянскіх 38; розных з Ельзевірамі 74; рукапісаў: славяна-рускіх з Нікольскім Псалтырам 31; лаціна-польскіх 36. (...) Здабыў Памяннік Сангушкаў 1508, Сабор Віленскі 1509, Пінскае Евангелле 1520; Апокрыф Філалета 1597; Рэляцыя Маскоўскага Пасольства 1635 і Памяннік Жыровіцкі 1707 са 104 прозвішчамі мясцовых дваран”4.
Шырокавядомая дзейнасць Тэадора Нарбута па публікацыі рознага роду дакументаў часоў ВКЛ. Яму належыць заслуга публікацыі такой важнай крыніцы па гісторыі беларуска-літоўскай дзяржавы як хроніка Быхаўца. У той жа час з імем гэтага аўтара звязана і з’яўленне такіх гістарычных фальсіфікацый, як Раўданскі рукапіс, надрукаваны ў першым томе „Гісторыі літоўскага народу”, успаміны Кібурга, апісанне абнясення мурам Вільна5.
Але першым даследчыкам беларуска-літоўскага летапісання па праву лічыцца Ігнат Даніловіч, які знайшоў і апублікаваў летапіс, дзе апісаны падзеі гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Сам даследчык прызнаваўся, што „вучоны Чацкі паведамленнем аб канчатковай страце рускіх рукапісаў старога Статута літоўскага, г.зн. Жыгімонта І, з 1529 г., распаліў у ім жаданне шукаць” іх6. Падчас гэтых пошукаў трапіў яму ў рукі „першы чыста літоўскі летапісец”. Па месцы, дзе ён быў знойдзены, сёння летапіс называецца Супрасльскім. У ХІХ ст. яго таксама называлі летапісам Даніловіча7. Знойдзены ён быў з дапамогай праф. М. К. Баброўскага, відаць, летам 1822 г.8 У Вільні з летапісу была зроблена копія, потым ён быў адпраўлены зноў у Супрасль. Пасля 1824 г. летапіс знік з поля зроку даследчыкаў і аб ім нічога не было вядома да 1900 года, пакуль ён не „знайшоўся” ў Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу9.
У Аддзеле рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, у фондзе І. П. Карнілава, сярод лістоў і тэлеграм, накіраваных Івану Пятровічу Карнілаву за 1866-1876 гг. ад Аляксандра Рачынскага, ёсць вельмі цікавая „Выпіска з «дела о потере архимандритом Павлом Доброхотовым Хроники Супрасльского монастыря»”10. На падставе зместу сямі папераў, якія ў ёй утрымліваюцца, можна зрабіць выснову, што ў справе аб страце Супрасльскага рукапісу гаворка ішла не аб летапісе, апублікаваным у 1823-24 гг. Ігнатам Даніловічам, а аб царкоўнай хроніцы. Блытаніна гэтых помнікаў, якія лічыліся загінуўшымі, уводзіла ў зман многіх даследчыкаў, пачынаючы ад М. О. Каяловіча да М. М. Улашчыка.
14 красавіка 1852 г., лістом з Рыгі а. Павел прасіў настаяцеля Супрасльскага манастыра а. Вікенція Кургановіча прыслаць яму рукапісны летапіс Супрасльскага манастыра і пралог. На адвароце адзначана: разам з лістом 30 красавіка адасланы 1 мая летапіс Супрасльскага манастыра і пралог.
16 чэрвеня 1852 г. архімандрыт Павел паведамляе аб атрыманні летапісу і пралога. 27 снежня 1854 г. а. Павел паведамляе „преосвященного берестейского” Ігнація, што летапіс разам з пралогам ён адаслаў на імя а. Вікенція ў Супрасльскі манастыр яшчэ ў лютым, між 7-12 чысламі гэтага (1854) года за № 47; і ў атрыманні пакунка ў палатне з гэтымі кнігамі, у разноснай семінарскай кнізе распісаўся ў канторы тутэйшай Рыжскай пошты нейкі Бянкен.
26 студзеня 1855 г. у лісце да „преосвященного Игнатия” архімандрыт Павел гаворыць: „...клянусь вам счастьем и спасением души сына моего (а вы знаете, что я только для него и живу), что я отослал вместе, по почте, с прологом ту летопись, на имя о. Викентия, в Супрасль. Между тем он пишет мне теперь, что действительно он получил тогда пролог — а летописи не получал, тогда как эти книги были зашиты и запечатаны в одном тюке!! Я не хочу отплачивать ему подозрением — без доказательств, но...”
20 студзеня 1855 г. а. Павел пісаў а. Вікенцію: „...я действительно отослал и Супрасльскую летопись (так называемую Вами, но она вовсе не заслуживает этого названия), вместе с другою частию пролога. При отсылке я сам запечатал тюк в холст, и если Вы получили этот тюк без нарушения печати, и сами вынимали книги, то непременно должны были получить с прологом и эту мнимую летопись”.
6 лютага 1855 г. а. Вікенцій да а. Паўла: „...смело клянусь всем священным в мире, что книги, о которой у нас идет переписка, обратно я не получал. И потому еще раз принимаю смелость Ваше Высокопреподобие употребить все меры к открытию похитителя этой мнимой летописи — как Вам угодно было выразиться”.
4 мая 1855 г. тытулярны дарадчык Восіп Феадосіевіч Кургановіч просіць Гродзенскую паштовую кантору даць даведку аб атрыманні і прыняцці ў канторы пакунка за № 47. 5 мая на гэтым жа паведамленні памочніка губернскага паштмайстра Лісоўскага адзначана, што пакунак за № 47, адрасаваны з Рыгі ад 12 лютага 1854 г. на імя ігумена Вікенція вагой 8 фунтаў быў атрыманы ў Беластоцкай паштовай канторы 21 лютага, і выдадзены 2 сакавіка пад распіску тытулярнага дарадчыка Якава Парамонава.
У ліпені 1867 г. у ліку кніг, ахвяраваных Віленскай публічнай бібліятэцы сынам памерлага дырэктара Беластоцкай гімназіі Уладзімірам Ігнатавічам Кулакоўскім, які атрымаў у спадчыну пасля бацькі маёнтак „сельцо Христофорово” Сакольскага ўезда і збор кніг і рукапісаў, знайшлася кніга in folio ў скураной вокладцы з гэткім надпісам на маленькім кавалачку паперы: „Летопись Супрасльского второклассного монастыря Литовской епархии”. Сам рукапіс (91 ліст польскага тэксту, у якім заключаны падзеі з 1498 да 1685 года) носіць назву „Kronika Ławry Supraslskiej, albo dzieie zebrane ex archivo y z różnych tradycyj tego przeświętego monastyra czyli Ławry...” На першых лістах, па старонках гэткі пазнейшы надпіс: „Из Супрасльского монастыря 2 класса, по отзыву о. Ректора Рижской семинарии Архимандрита Павла отправлено по почте в правление оной епархии 1 мая 1852 года”.
Разам з гэтай кнігай У. І. Кулакоўскі ахвяраваў другі рукапіс, які мае назву: Inwentarz Drukarni Supraslskiej znayduiących się w niej różnych xiąg zinwentowaniu J...(Л. 11) Ambrożemu Szumiłowskiemu Prefectowi. Dnia 10 Januarij 1795 roku podany. Яшчэ на разгорнутым лісце надрукаваны Regestr xiąg w drukarni supraslskiey znayduiących się. У іншым месцы Katalog xiąg znayduiących się w drukarni Supraslskiey pod dozorem xx. Bazylianów.
Тагачасны архімандрыт Супрасльскага манастыра а. Вікенцій, пасля прадстаўлення яму адзначаных кніг цалкам прызнаў іх прыналежнасць Супрасльскаму манастыру і, выказаўшы жаданне вярнуць іх з цягам часу ў манастыр, ахвотна прадставіў іх віленскай вучэбнай акрузе, дзеля „вучонай апрацоўкі звестак у іх заключаных, разам з іншымі матэрыяламі, розначасова перададзенымі ім І. П. Карнілаву, А. П. Дзем’яновічу, а. архімандрыту Мадэсту і К. А. Гаворскаму”11.
Сапраўды ў хуткім часе К. А. Гаворскім былі апублікаваны шматлікія дакументы аб Супрасльскім манастыры12. Потым архімандрыт Мадэст апублікаваў сваё даследаванне аб манастыры13. У 1870 г. былі надрукаваны найважнейшыя дакументы манастыра, у тым ліку і манастырскі летапіс14.
У сувязі з вышэйсказаным яшчэ раз трэба адзначыць, што гаворка тут ішла не аб наратыўнай крыніцы, якую мы сёння называем Супрасльскім летапісам, змешчаным і апісаным у XXXV томе „Поўнага збору рускіх летапісаў”, а аб хроніцы Супрасльскага манастыра. З дзвюх версій аб знікненні летапісу, якія М. М. Улашчык прыводзіць у кнізе „Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання”, першая — Каяловіча — паўтарае змест працытаванага ліста А. Рачынскага, так што застаецца толькі адна — А. А. Шахматава15.
Згодна ёй Археаграфічная камісія даведалася аб існаванні летапісу з ліста обер-пракурора Сінода да міністра народнай асветы і прэзідэнта Акадэміі навук С. С. Уварава ад 2 лістапада 1838 г. Пасля вяртання Даніловічам рукапісу ў Супрасль ён па распараджэнні М. М. Навасільцава, які быў у той час папячыцелем Віленскага універсітэта, быў адасланы „варшаўскаму літаратару Ліндэ”, ад якога патрапіў да Я. Будзіловіча, які аддаў яго М. К. Баброўскаму. 14 студзеня 1840 г. рукапіс быў дастаўлены ў Археаграфічную камісію (аб чым ёсць распіска С. С. Уварава ад 19 студзеня 1840 г.), але... зноў знік. Як гэта адбылося невядома. Магчыма, Увараў трымаў яго ў сябе, магчыма, перадаў у Камісію, дзе не адзначылі яго атрымання. У любым выпадку толькі ў 1900 г. рукапіс „знайшоўся” у Археаграфічнай камісіі16.
Аб тым, якія рукапісы знаходзіліся ў манастыры ў 20-я гады ХІХ ст., коратка паведамляў Ігнат Даніловіч. Згодна яго звестак, там было „каля 80 тамоў рускіх рукапісаў”17. Ён неахвотна гаварыў аб рукапісных багаццях Супрасльскага манастыра і ўвогуле Падляшша і Гарадзеншчыны, паколькі баяўся, што расійскія ўлады іх канфіскуюць.
Пасля смерці І. Даніловіча ў Грэфенбергу лёсам яго каштоўных папер зацікавіўся расійскі вучоны М. Пагодзін. Але лёс іх быў сумны. Перад сваім ад’ездам з Масквы Даніловіч перадаў свае паперы ў кантору дыліжансаў для адпраўлення іх у Кіеў. „Прыехаўшы сюды, — паведамляў Аўсенеў Пагодзіну, — чакаў ён свайго вучонага грузу; але атрымаў толькі рэчы і кнігі, а ўсе рукапісы не дайшлі да яго і было абвешчана, што яны прапалі. Аб гэтым цяпер ідзе судзебнае следства, пачатае яшчэ нябожчыкам. Між іншым знікненне гэтых пісьмовых скарбаў было адной з галоўных прычын яго душэўна-цялесняга расстройства, якое паскорыла яго смерць”18. У іншым сваім лісце да Пагодзіна Аўсенеў паведаміў аб сваіх перамовах з удавою Даніловіча, ад якой ён даведаўся, што ўся бібліятэка з усімі рукапісамі павінна перайсці ў спадчыну да брата Ігната Даніловіча, Міхаіла, які жыў у той час у Смаленску. Удава даследчыка, якая знаходзілася за мяжой, паведаміла, што ў бібліятэцы нябожчыка, якая знаходзілася „недзе ў Маскве”, ёсць пералік манускрыптаў, і калі не адшукаюцца згубленыя рукапісы, то прынамсі можна даведацца, што знікла і выкрыць злодзея, калі ён задумае выкарыстаць скрадзеныя дакументы19.
Так што з рукапісамі І. Даніловіча паўтарылася тая ж гісторыя, што з Супрасльскім летапісам. Калі ўспомніць яшчэ аб знікненні хронікі Быхаўца, аб загінуўшых рукапісах і матэрыялах Ігната Анацэвіча20 і іншых беларускіх гісторыкаў ХІХ ст., напрошваецца думка аб невыпадковасці падобных страт, якія напэўна нельга тлумачыць толькі нядбайнасцю расійскай пошты ў XIX ст. Хутчэй за ўсё яны звязаны з дзейнасцю сумнавядомых ідэолагаў заходнерусізму.
Пагодзіна ж не пакідала думка набыць паперы памерлага прафесара Даніловіча. Дзеля дасягнення сваёй мэты ён дзейнічаў праз М. А. Рыгельмана, які аб лёсе папераў Даніловіча паведаміў Пагодзіну наступнае: „Да ўдавы Даніловіча ледзь дабраўся, ніхто не ведаў, дзе яна; але, здаецца, позна. Усе рукапісы, па яе словах, куплены часткова графам Свядзінскім, адным з тутэйшых аматараў даўніны, з моцнай польскай закваскай, які трымае свае скарбы пад замком, асабліва тое, што гаворыць не на карысць палякаў (...); часткова куплены графам Тышкевічам. Кнігі таксама распраданы розным асобам”21.
На сённяшні дзень няма поўнай бібліяграфіі прац Ігната Даніловіча. Адносна поўнай з’яўляецца бібліяграфія, складзеная А. Янулайцісам у 30-я гады ХХ ст.22 Аднак ў ёй літоўскі даследчык усе артыкулы вучонага, прысвечаныя беларуска-літоўскаму летапісанню, змясціў як адну пазіцыю. На самай справе даследаванню летапісаў Даніловіч прысвяціў некалькі прац: 1) „Latopisiec litewski na początku XV w. przez bezimiennego pisarza w ruskim języku ułożony wyjęty z rękopisu r. 1520, obejmującego dzieje rusko-litewskie, po raz pierwszy dosłownie łacińskiemi literami do druku podany” — „Dziennik Wileński” 1823, № 3; 2) „Latopisiec Rusi obejmujący prace Nestora i jego przedłużaczy wyjęty z rękopisu 1520 r.” — „Dziennik Wileński” 1824, № 1-3; 3) „Latopisiec Litwy i Kronika Ruska, z rękopisu słowiańskiego przepisane” (Wilno 1827); 4) „О литовских летописях” — „Журнал Министерства народного просвещения”, 1840, № 11, ч. ХХVIII с. 70-114; 5) „Wiadomość o właściwych litewskich latopisach” — „Atheneum”, Wilno 1841, ss. 13-62 (пазней перадрукаваны ў: „Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi Macieja Stryjkowskiego”, Warszawa 1846, ss. (31)-(63)); 6) Uber die litauischen Chroniken mit Abkürzungen übersetzt v. F. Löwe, Petersburg 1841.
Змест усіх названых артыкулаў фактычна той жа самы. Але меркаванні Даніловіча аб знойдзеных крыніцах адразу былі настолькі трапныя, што, як адзначаў М. М. Улашчык, не страцілі свайго значэння да нашых дзён23.
На жаль, гвалтоўная высылка даследчыка з Радзімы ў 1824 г. за сувязь з гуртком філаматаў назаўсёды перарвала археаграфічную працу па выяўленні і публікацыі беларуска-літоўскіх летапісаў. Іншыя матэрыялы па гісторыі ВКЛ, якія пазней І. Даніловічу ўдалося адшукаць у архіўных сховішчах і бібліятэках Расійскай імперыі, пасля яго смерці апублікаваў Я. Сідаровіч у кнізе пад назвай „Skarbiec dyplomatów papieskich, cesarskich, królewskich, książęcych; uchwał narodowych, postanowień różnych władz i urzędów posługujących do krytycznego wyjaśnienia dziejów Litwy, Rusi Litewskiej i ościennych im krajów zebrał i w treści opisał Ignacy Daniłowicz” (т. 1-2, Вільня 1860-1862). На жаль, гэтае выданне не перадае асаблівасцей археаграфічнага метаду І. Даніловіча і не можа лічыцца публікацыяй крыніц у поўным сэнсе слова, аднак дае ўяўленне аб маштабе навуковых інтарэсаў і творчых планаў даследчыка.
Акрамя адкрытага ім Супрасльскага летапісу даследчык ведаў яшчэ толькі палеаграфічнае апісанне „Хронікі Быхаўца”, зробленае Т. Нарбутам у 1838 г.24 (цалкам тэкст хронікі быў апублікаваны пасля смерці Даніловіча, у 1846 г.25). У 1839 г. ён паведамляў, што мае падрыхтаваныя працы: 1. Аб літоўскіх хроніках; 2. Аб гісторыі старажытнага літоўскага закандаўства; 3. Каментарый да прывілеі Свідрыгайлы 1458 г.26 Першая з названых прац — гэта, мусіць, і быў артыкул, пазней надрукаваны ў „Журнале Министерства народного просвещения”, „Аб літоўскіх летапісах”.
Што тычыцца зместу Супрасльскага летапісу, то трэба адзначыць, што знойдзены І. Даніловічам твор быў знаёмы яму як бы завочна. У свой час, прачытаўшы „Хроніку польскую, літоўскую, жмудскую і ўсёй Русі” Мацея Стрыйкоўскага, Даніловіч мусіў задумацца аб існаванні мясцовага летапісання, аб чым неаднаразова ўзгадвае храніст. Даследчык меркаваў, што Стрыйкоўскі з 15 узгаданых хронік меў 10 рускіх, не больш чым 5 „чыста літоўскіх”, „акрамя таго ужываў 5 прускіх, 4 лівонскія, 5 польскіх, 4 кіеўскія, шмат маскоўскіх, балгарскіх і славянскіх”27. Даніловіч падзяляў летапісы, у якіх апісваюцца падзеі з гісторыі Русі і Літвы, на дзве групы — рускія і літоўскія28. Ён абвінавачвае Стрыйкоўскага, што той іх не адрозніваў. Але, як аказваецца, і сам Даніловіч не мае пэўных крытэрыяў, па якіх можна было б вызначыць, які летапіс лічыць „літоўскім”, а які „рускім”. Даніловіч пісаў: „Аднолькавасць рускай мовы ва ўсіх [летапісах — А. С.] прычынілася да іх змяшэння. Напэўна не пры адным рускім [летапісе — А. С.] перапісчыкі прычаплялі літоўскія, доказам чаму можа быць летапісец, выдадзены мною”29. Такім чынам, пад „пяццю чыста літоўскімі”, відаць, ён разумеў беларуска-літоўскія ў сучасным разуменні летапісу.
Даніловіч даследаваў „рускую мову літоўскіх летапісаў” і прыйшоў да высновы, што „Літва, абкружаная адусюль Руссю, застаецца ў працяглых з ёю стасунках, ужо падпарадкаваная, ужо кіраваная сваімі княжатамі, прыняла (...) мову Русі як мову двара, навукі, суда, права і дыпламатыі; толькі за яе пасрэдніцтвам станавілася ўсім зразумелай, на ёй таксама пісала летапісы”30. У гарачай абароне беларускай мовы найбольш яскрава выразіўся мясцовы патрыятызм Даніловіча. Праўда, на пачатку ХІХ ст. тэрмін „беларускі”, „мова беларуская” яшчэ не быў у шырокім ужытку і выклікаў спрэчкі сярод даследчыкаў.
Так, Я. Лялевель, калега І. Даніловіча па Віленскім універсітэце, лічыў ужыванне гэтага тэрміну неправамоцным. Ён крытыкаваў Даніловіча за тое, што той услед за Канстанцінам Калайдовічам і Паўлам Строевым, якія апісалі ўсходнеславянскія рукапісы бібліятэкі графа Талстова, называе пісьмо гэтых манускрыптаў беларускім. „Назвалі расіяне статутовую рушчызну беларускай рушчызнай; супраць гэтага слушна паўстаў вучоны Ліндэ; назвалі цяпер рускі скорапіс так жа беларускім, вучоны Даніловіч павінен моцна паўстаць супраць гэтаму”31. Сам І. Даніловіч, здаецца, нідзе катэгарычна не выказываўся аб гэтым тэрміне.
Як дасведчаны даследчык старажытнага пісьменства, Даніловіч уяўляў сабе схему, як паўставалі рукапісныя кодэксы ў ХVI і больш ранніх стагоддзях: „Матэрыялам іх, сшываным часам з розначасовых і рознамясцовых асобных частак і нататак, якія часта не клеіліся храналагічна, стараліся надаць патрэбны парадак. Перапісчыкі працягвалі адных летапісцаў, скарочвалі другіх, а, магчыма, у іншыя дадавалі ўстаўкі”32.
Даніловіч тэарэтычна здагадаўся, што Стрыйкоўскі знайшоў такі летапіс, дзе апавяданне распачынаецца ад прыходу Палямона ў 401 г. н.э. У сваім артыкуле „Wiadomość o właściwych litewskich latopisach” ён праводзіць частковы крытычны разбор хронікі Стрыйкоўскага, паказваючы ягоныя памылкі. Але не ведаючы летапісаў Красінскага, Рачынскага і іншых, якія мы сёння залічваем да другога летапіснага зводу, правесці поўны аналіз хронікі Стрыйкоўскага было немагчыма, немагчыма паказаць адкуль узяліся „памылкі” храніста. Даніловіч даказаў, што Стрыйкоўскі карыстаўся двума тыпамі летапісаў (другі тыпу Быхаўца). Прынцыпы, закладзеныя Даніловічам у вывучэнне летапісаў, працягвалі наступныя пакаленні даследчыкаў, ён жа быў першым, хто ўказаў дарогу.
Услед за Стрыйкоўскім Даніловіч крытыкуе летапісы за „бесхраналагічнасць”, „бездоваднасць”. Крыніцай найстаражытнейшых літоўскіх паданняў лічыў прускую хроніку біскупа Хрысціяна і лівонскія хронікі (Генрыха Латыша і Альнпэка).
У рэшце рэшт І. Даніловіч падкрэсліў: „Вечная заслуга Стрыйкоўскага ў тым, што ён першы пачаў здабываць з акіяна забыцця і глухога маўчання гісторыю Літвы, каб захаваць яе для нашчадкаў; без яго не больш ведалі б мы аб Літве, чым сёння аб гісторыі старажытнай Амерыкі”. Даніловіч лепей за ўсіх ведаў, што ў сваіх гістарычных разважаннях Стрыйкоўскі абапіраўся на рукапісныя помнікі, якія ў вялікай колькасці кружылі па землях Вялікага княства Літоўскага, захоўваліся пры дварах магнатаў і кляштарах. Храніст карыстаўся імі адвольна, выпісваючы з іх тое, што лічыў патрэбным, не аналізуючы змест, склад і асаблівасці таго ці іншага рукапісу. Ігнат Даніловіч упершыню паспрабаваў даць крытычны аналіз помніку беларуска-літоўскага летапісання, праўда не змог пазбегнуць пэўных памылак.
Як вядома, Супрасльскі рукапіс складаецца з наступных частак:
1) Старонкі 3-72 ад. — Избрание летописания, изложено въкратце, якое ўтрымлівае дадзеныя агульнарускага характару і даводзіць падзеі да 6935 (1427) г.
2) С. 72 ад. — на 10 радках фрагмент гідраграфіі Русі з 4 раздзела „Аповесці мінулых гадоў”.
3) С. 72 ад.-87 — летапіс за 6936-6954 гг. аб няўдалай каранацыі Вітаўта і яго смерці, аб укняжанні Свідрыгайлы і яго барацьбе з Жыгімонтам, „Пахвала” Вітаўту, шэраг смаленскіх паведамленняў.
4) С. 87-108 — Летописець великых князеи литовъскых.
5) С. 108 ад.-125 — схаластычныя разважанні аб справядлівасці і судах, пераблытаныя са Святым Пісаннем і старажытнымі тэкстамі, якія служаць уступам да частковага перакладу на рускую мову Вісліцкіх статутаў Казіміра Вялікага, якія з гэтага рукапісу друкаваліся ў „Dzienniku Wileńskim” (1822 r., № 7, s. 277).
6) С. 127-172 — Пячэрскі Пацярык.
Прыступаючы да публікацыі знойдзенага рукапісу, Даніловіч хацеў надаць правільны, на яго думку, парадак, і адступіўшы ад арыгіналу Супрасльскага рукапісу, памясціў у сваім выданні спачатку „Летописець великых князеи литовъскых”, а далей без асобнага надпісу тую частку, якая трактуе аб Вітаўце, барацьбе Свідрыгайлы з Жыгімонтам, г.зн. другую. Такім чынам Даніловіч надаў летапісу штучны ўклад, падобны да Слуцкага спісу33.
Даніловіч аналізаваў састаўныя часткі знойдзенага ім рукапісу. Напрыклад, „Пахвалу Вітаўту” ён памылкова лічыў пахавальнай мовай над труной Вітаўта, бо занадта свецкі, палітычны, на яго думку, характар яна мае34.
У цэлым метадалагічныя падыходы і прыёмы, якія стасаваў Ігнат Даніловіч пры даследаванні першага беларуска-літоўскага летапісу, знойдзенага ім у Супрасльскім манастыры, аказаліся вельмі прадуктыўнымі. Але вучоны не меў магчымасці развіць іх да канца, паколькі складанасці асабістага жыцця, неспрыяльныя маральна-псіхалагічныя абставіны яго працы на чужыне не дазвалялі яму займацца тым, што ён так плённа распачаў у Віленскім універсітэце. Дастаткова ўспомніць, якую каласальную працу зрабіў вучоны па ўкладанні праекта „Звода мясцовых законаў заходніх губерній”, які выйшаў тыражом 50 асобнікаў і быў расійскімі ўладамі „пакладзены пад сукно”. Праца некалькіх гадоў пайшла на марна. У Расіі яго выкарыстоўвалі. І. М. Лабойка пісаў Пагодзіну: „Я павінен пры гэтым сказаць, што прафесар Даніловіч столькі ж добра разумее з гісторыі, як і Лялевель; трэба спяшацца выкарыстаць яго веды; нядрэнна было б прыставіць да яго двух маладых расіянаў, якія б выкарыстоўвалі яго веды. Паверце, што Даніловіча ні ў Літве, ні ў Польшчы знайсці ўжо немагчыма. Шаленства палякаў хутка пройдзе; урад дае ім рэдкія і моцныя ўрокі: расійская мова тут усё больш укараняецца, у акадэміях нашых і гімназіях палякі пішуць па-руску як аўтары; польскія юнакі не дзічацца, не цураюцца Расіі; сотні пераходзяць адсюль у Маскву, Харкаў і г.д., і хутка іх не адрозніце ад рускіх, але лічба знаўцаў польскай гісторыі і літаратуры і ў самой Літве ўсё меншая. Няхай польскі фанатызм знікае, але не помнікі існавання народа”35. Гэткая пазіцыя памяркоўнага расійскага ліберала ўкраінскага паходжання, які выкладаў у вучэбных установах Вільні, дазваляе зразумець тагачасныя настроі мясцовай інтэлігенцыі і адначасова дапамагае ўявіць сумленнае і патрыятычнае стаўленне прафасара І. Даніловіча да сваёй справы.
1 Polski Słownik Biograficzny (dalej: PSB), t. 4, s. 412.
2 S. Młodecki, Z badań nad zbiorem Mikołaja Malinowskiego w Bibliotece Kórnickiej [w:] Pamiętnik Biblioteki Kórnickiej, z. VII, s. 219-240.
3 Полное собрание русских летописей, т. 35, Москва 1980, с. 8.
4 Расійская нацыянальная бібліятэка (далей: РНБ) у Санкт-Пецярбургу, ф. 377, И. П. Корнилов, ед. хр. 1034. л. 23.
5 K. Chodynicki, Ze studjów nad dziejopisarstwem rusko-litewskim, [w:] Ateneum Wileńskie, rocz. III, Wilno 1925-1926, s. 388.
6 Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi Macieja Stryjkowskiego, Warszawa 1846, t. I, s. 56.
7 C. А. Белокуров, Хроника Русская (летопись проф. Даниловича), „Русские летописи” — МОИДР, 1898, кн. 4, отд. 1; описание — с. ІХ-ХХІ, текст летописи — с. 18-90.
8 Н. Н. Улащик, Введение в изучение белорусско-литовского летописания, Москва 1985, с. 43.
9 Там жа, с. 43-44.
10 РНБ у Санкт-Пецярбургу, ф. 377, Корнилов И. П. Ед. хр. 1034. л. 10-11 об.
11 Там жа, с. 11.
12 „Вестник западной России”, Вильна, 1865/1866, кн. 7, 8; 1867, кн.1.
13 Архимандрит Модест, Супрасльский Благовещенский монастырь, „Вестник Западной России”, 1867, кн. 2, с. 70-81; кн. 3, с. 83-117; кн. 4, с. 1-44; кн. 5, с. 75-104; кн. 6, с. 121-140; кн. 7, с. 1-40.
14 Археографический сборник документов, относящихся к истории северо-западной России, т. ІХ.
15 Н. Н. Улащик, Введение в изучение белорусско-литовского летописания, Москва 1985, с. 43-44.
16 Там жа, с. 44.
17 Latopisiec Litwy i kronika ruska..., Wilno 1827, s. 326-327.
18 А. Janulaitis, Ignas Danilavicius, Kaunas, 1932, s. 106.
19 Там жа, s. 106-107.
20 А. Цьвікевіч, „Западно-руссизм”. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ ст., Менск 1993, с. 148.
21 Там жа, s. 108.
22 A. Janulaitis, Ignas Danilavicius, Kaunas 1932, s. 10-12.
23 Там жа, с. 9.
24 T. Narbutt, Dzieje starożytne narodu litewskiego, Wilno 1838, t. III, s. 578.
25 Pomniki do dziejów litewskich, Wilno 1846.
26 PSB, t. 4, s. 413.
27 Kronika Macieja Stryjkowskiego, t. 1, s. (34).
28 Там жа, s. 33.
29 Там жа, t. 1, s. (34).
30 Там жа, t. 1, s. (38).
31 Dodatek do pisma Daniłowicza o katalogu biblioteki Tołstowa (przez Joachima Lelewela), s. 4.
32 Kronika Macieja Stryjkowskiego, t. 1, s. (35).
33 S. Smolka, Najdawniejsze pomniki dziejopisarstwa rusko-litewskiego. Rozbiór krytyczny, Kraków 1889, s. 4.
34 Там жа, s. 8.
35 Барсуковъ, Жизнь и труды Погодина, 1890-1909, кн. I-ХVIII, т. V, с. 423-424.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|