|
Палітычныя і нацыянальна-культурныя праблемы Заходняй Беларусі 1939-1941 гг. у гістарыяграфіі БССР
(1939-1941 гг.)
В. А. Астрога
(Мінск)
Нягледзячы на, як здавалася б, значную на сённяшні дзень гістарыяграфію па Заходянй Беларусі міжваеннага перыяду — 1921-1939 і 1939-1941 гг., пасля набыцця Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці, у галіне нацыянальнай гісторыі аказалася шмат нявывучаных пытанняў, больш таго працэс іх даследавання працягваецца зараз і патрабуе дэталёвай распрацоўкі. У сувязі з гэтым узнятая праблема ступені і глыбіні асвятлення ў даваеннай беларускай савецкай гістарыяграфіі і палітычнай, і нацянальна-культурнай сітуацыі на заходніх абшарах Беларусі пасля верасня 1939 г. уяўляецца актуальнай і вартай навуковага аналізу.
Але найперш некалькі агульных заўваг па беларускай савецкай гістарыяграфіі міжваеннай Заходняй Беларусі. Адразу адзначым няроўную, супярэчлівую і часам нават трагічную дынаміку яе развіцця. На наш погляд, па гэтай праблеме мажліва прапанаваць наступную перыядызацыю:
І перыяд. 1921-1929 гг. Ад Рыжскай дамовы да роспуску першапачатковага складу Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, галоўнай спецыялізаванай навуковай установы БССР у гэтай галіне, што знаменавала адмаўленне нацыянальна-дзяржаўнага прынцыпу ў даследаваннях па Заходняй Беларусі;
ІІ перыяд. 1930-1938 гг. Перыяд даследаванняў толькі згодна марксісцкай метадалогіі, з большага звышпалітызаваных і заідэалагізаваных. Значны адсотак публікацый займае праблема КПЗБ. У ім трэба вызначыць падперыяд 1936-1938 гг., час разгортвання і апагею рэпрэсій супраць сябраў КПЗБ, што прывяло да рэзкага скарачэння публікацый па паказанай тэме;
ІІІ перыяд. 1939-1956 гг. Перыяд пасля роспуску КПЗБ найбольш тэндэнцыйнай гістарыяграфіі рэвалюцыйнага, нацыянальна-вызваленчага руху, сацыялістычных пераўтварэнняў на заходнебеларускіх абшарах, пабудаванай па ідэалагічным прынцыпе „Шчасце прыйшло з Усходу”. Асобна выдзяляецца „сыры” даваенны падперыяд 1939-1941 гг., першых гадоў пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР;
IV перыяд. 1956 — канец 80-х гг. Перыяд інтэнсіўнай навуковай распрацоўкі праблемы, які пачаўся пасля палітычнай рэабілітацыі КПЗБ. Але даследаванні праводзіліся ў рэчышчы афіцыйных патрабаванняў і былі моцна заідэалагізаваны.
V перыяд. 3 канца 80-х — 1991 гг. Пасля ліквідацыі ідэалагічнага дыктату КПСС, утварэння незалежнай Беларусі, грунтуючыся на разнастайных метадалагічных падыходах пачынаецца шырокая навуковая дзейнасць па пераасэнсаванні сітуацыі ў міжваеннай Заходняй Беларусі з большага з нацыянальна-дзяржаўных пазіцый.
Беларуская савецкая гістарыяграфія Заходняй Беларусі 1939-1941 гадоў безумоўна ёсць вынік працэсаў, якія адбываліся ў грамадскім і навуковым жыцці Беларусі за ўвесь папярэдні савецкі час, таму асэнсаваць яе асаблівасці і спецыфіку немагчыма без аналізу ранейшай даследчай і выдавецкай дзейнасці ў тым кірунку. Толькі тады будзе мажліва зразумець прычыны звышнатуральнай дагматызаванасці, палітызаванасці і аднабаковасці тагачасных „навуковых” і „папулярных” прац па заходнебеларускай тэматыцы.
Ад пачатку ўключэння заходнебеларускіх тэрыторый у склад Польшчы, у палітычных і навуковых колах БССР натуральна з’явілася зацікаўленасць да ведання эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай, нацыянальнай сітуацыі на гэтых абшарах. Прычыны закіцкаўленасці былі розныя, ад вайскова-палітычных да чыста акадэмічных. У выніку праз пэўны час былі ўтвораны адпаведныя навуковыя спецыялізаваныя структуры: Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі ў Інбелкульце (1926 г.) і Сектар гісторыі рэвалюцыйнага руху на Захадзе (Заходні сектар) у Гістпарце [Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б — рэд.] (1931 г.). Але яшчэ раней, а потым паралельна з дзейнасцю гэтых асяродкаў даволі часта ў адкрытым друку Савецкай Беларусі выступалі, натуральна пад псеўданімамі, функцыянеры КПЗБ і КПП. Дзейнасць гэтых структур спынілася незадоўга да 1939 г., у 1937 г., што аб’ектыўна дазваляе параўнаць І і ІІ перыяды гістарыяграфіі з ІІІ-м згодна храналагічным межам, амаль у лабараторнай чысціні.
Гэткім чынам, пяройдзем да разгляду і аналізу даследчай працы ўзгаданых навуковах асяродкаў.
Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі (КЗБ) была ўтворана ў 1926 г. з наступнай стратэгічнай мэтай, якую вызначыў адзін з заснавальнікаў і сябраў КЗБ А. Цвікевіч: „Разам з Інбелкультам, Цэнтральнай Установаю камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі павінна быць органам, баронячым інтарэсы беларускага адраджэння на Захадзе, як перад БССР, так і перад СССР (...) на камісію (...) павінен быць наложаны абавязак весці навуковую прапаганду нацыянальнай ідэі”1. У адпаведнасці з гэтай мэтай і праводзіліся першапачаткова доследы па эканоміцы, прыродзе, культуры Заходняй Беларусі, адносна менш увагі надавалася палітычнаму боку жыцця.
У гэты перыяд у складзе КЗБ працавала ці шчыльна з ёю супрацоўнічала шмат вядомых навукоўцаў. Напрыклад, на 1929 г. гэта былі: Г. Гарэцкі, У. Каліноўскі, І. Краскоўскі, Я. Купала, В. Ластоўскі, С. Некрашэвіч, У. Пракулевіч, А. Смоліч, Л. Родзевіч, А. Цвікевіч і іншыя2. Дзейнасцю камісіі тых часоў да 1939 г. кіравалі: Ульянаў, Л. Родзевіч, Л. Будзінскі3. Вынікі дзейнасці КЗБ былі даволі паспяховыя. Некаторыя з навуковых прац атрымалі нават вядомасць па-за межамі СССР. Напрыклад, кніжка Г. Гарэцкага „Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы” (1928 г.) выклікала вялікую цікавасць у Вялікабрытаніі, а аўтар быў запрошаны для чытання лекцыі ў Оксфардскі універсітэт4. Аднак у 1930 г. шмат сяброў камісіі былі абвінавачаны ў „антысавецкай падрыўной дзейнасці” і арыштаваны, а некаторыя з іх расстраляны: Ластоўскі, Пракулевіч, Некрашэвіч, Смоліч, Цвікевіч. У выніку поўнага разгону старога складу, прыкладна з восені 1930 г. да восені 1931 г. адзіным сталым працаўніком быў Штэйнберг5.
З 1931 г. у камісіі мусілі працаваць толькі камуністы і камсамольцы, у асноўным з Заходняй Беларусі. Стратэгічная задача таксама змянілася, цяпер гэта быў аналіз палітычнага і эканамічнага становічша заходнебеларускіх земляў, гісторыя рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбы рабочых і сялян. З восені 1931 па студзень 1932 гг. старшынёй становіцца функцыянер КПЗБ М. Арэхва, потым па верасень 1933 г. палітэмігрант П. Мятла. У гэты час на працу ў КЗБ прыходзяць у розны час: А. Кавальскі, Л. Родзевіч, М. Блінчыкаў, Л. Бабровіч, В. Фрышман, П. Клінцэвіч, І. Дварчанін і іншыя6. Акрамя таго з ёю супрацоўнічалі: А. Салагуб, Б. Тарашкевіч, Я. Купала, Я. Колас і іншыя. Таксама працы камісіі шмат у чым садзейнічаў прэзідэнт Беларускай АН П. Горын, яе працаю цікавіўся старшыня СНК БСССР М. Галадзед. У гэты перыяд супрацоўнікі рыхтавалі да друку кнігі, дакументальныя зборнікі, артыкулы па гісторыі і тагачасным становішчы КПЗБ, выпускалі прапагандовыя матэрыялы для патрэб ЦК КП(б)Б, ЦК КПП, адмысловы Інфармацыйны бюлетэнь (1931-1936 гг.), давалі патрэбныя кансультацыі. У ліпені 1933 г. П. Мятла, П. Клінцэвіч і Л. Бабровіч накіравлаі ў ЦК КП(б)Б прапанову аб рэарганізацыі КЗБ у Інстытут Заходняй Беларусі (ІЗБ) з мэтай „навукова-даследчага вывучэння Заходняй Беларусі з боку яе гаспадарчай структуры, распаду класавых і палітычных сіл, гісторыі форм класавай нацянальна-вызваленчай барацьбы, падрыхтоўкі антысавецкай вайны на Заходняй Беларусі з боку польскага імперыялізму, пытанні абароны савецкай краіны”7. Таксама меркавалася, што ІЗБ пяройдзе ў поўнае падпарадкаванне ЦК, толькі фармальна знаходзячыся ў складзе Акадэміі. Планавалася стварэнне асобнай гістарычнай секцыі, акрамя таго планы ІЗБ мусілі складацца з публікуемай і непублікуемай частак. Апроч усяго з гэтага вынікае, што дзейнасць гэтай установы павінна была стаць у пэўнай ступені аналізатарам і каталізатарам рэвалюцыйных падзей у Заходняй Беларусі. А гэты праект не быў рэалізаваны. Больш таго, у перыяд са жніўня па кастрычнік большая частка працаўнікоў была арыштавана; „контррэвалюцыянеры і польскія шпіёны”: П. Мятла, Л. Бабровіч, І. Дварчанін, Я. Багданскі і іншыя8. Новы в.а. старшыні Я. Бабровіч надоўга не затрымаўся і быў арыштаваны 17 кастрычніка.
Аднак КЗБ была патрэбна ўладам, таму напрыканцы 1933 г. быў набраны фактычна новы штат: Е. Матулайціс — в.а. дырэктара, А. Раманоўская, Я. Залеўскі, Я. Шнэйдэр, В. Фрышман і іншыя. Новая камісія вырашыла распрацоўваць эканамічныя і сацыяльныя пытанні. Вясною наступнага года КЗБ зноў была падвергнута чыстцы, быў арыштаваны П. Клінцэвіч, а новым дырэктарам стала вядомы дзеяч КПЗБ Л. Янкоўская. Цяпер пад яе кіраўніцтвам працавала 8 супрацоўнікаў, праз год — 15. Сярод іх: М. Левін, Е. Матулайціс, К. Самахвалаў, Д. Рубінштэйн, Р. Віленская і іншыя9. Вось у гэты новы перыяд КЗБ накіравала ЦК новую прапанову аб пашырэнні сферы сваёй дзейнасці, у якой у прыватнасці адзначалася, што вынікі „дзейнасці новай Камісіі будуць карысныя не толькі для ЦК, але і для Чырвонай Арміі, якая адчувае патрэбу ў дакладных звестках аб стане чыгункі, тэлеграфнай сувязі, аб эканамічных рэсурсах краіны, аб стане прамысловасці і г.д.; ДПУ, якое для барацьбы з контррэвалюцыяй павінна добра ведаць класавага ворага; для братэрскіх кампартый”10. Але і гэты праект не быў ухвалены. Тут трэба пазначыць, што ў сярэдзіне 30-х гг., у параўнанні з 20мі, адбылося значнае звужэнне тэматыкі даследаванняў, якія амаль выключна засяроджваліся на палітыка-эканамічных праблемах жыцця Заходняй Беларусі, пытанні ж культуры ці геаграфіі не вывучаліся як раней. Кіраўніцтва КЗБ разглядала заходнюю частку Беларусі выключна як „плацдарм вайны супраць СССР”.
З траўня 1935 г. абавязкі дырэктара выконваў Д. Рубінштэйн. Але нядоўга ён пабыў на сваёй пасадзе, бо ўжо 21 траўня 1936 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло пастанову аб пераўтварэнні камісіі ў Секцыю па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Інстытуце гісторыі АН11. Аднак у траўні 1937 г. выйшла новая пастанова аб ліквідацыі секцыі і звальнення з Акадэміі ўсіх яе супрацоўнікаў, акрамя аспіранта І. Марцынкевіча, які быў звольнены праз восем месяцаў12.
Як бачна, сталінскія абвінавачанні ў „здрадзе”, кінутыя ў бок КПП і КПЗБ, адмоўна адбіліся на дзейнасці спецыялізаваных навуковых структур. Нагадаем, што рэпрэсіі супраць КПЗБ пачаліся ў 1936 г. Так вось, у пастанове ЦК КП(б)Б (студзень 1938 г.) сцвярджалася: „У Акадэміі навук БССР арудавалі найзлейшыя ворагі народа. Пад выглядам навуковай працы яны збіралі шпіёнскія звесткі аб Беларусі. Арганізацыямі гэтай шпіёнскай работы былі: Камісія па вывучэнні Заходняй Белаурсі”13. А ў іншым дакуменце ЦК падкрэслівалася, што „асабліва вялікая шпіёнская работа праводзілася праз так званую Камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі. (...) Яны ж (ворагі народа) цалкам запоўнілі склад Камісіі”, таму „прадукцыя Камісіі (...) адабрана як контррэвалюцыйная”14. У 1938-1939 гг. адбыліся арышты апошніх ацалелых супрацоўнікаў КЗБ: А. Раманоўскай, Е. Матулайціс, В. Віленскай. Дарэчы, не ўсе супрацоўнікі камісіі дачакаліся свайго арышту. Так у 1937 г. у сваім працоўным кабінеце павесіўся В. Фрышман, не вытрымаўшы псіхалагічнага напружання.
Другім навуковым асяродкам па пытаннях Заходняй Беларусі быў Заходні сектар Гістпарта пры ЦК КП(б)Б. Ён быў сфармаваны з мэтай актывізацыі і даследаванняў па гісторыі КПЗБ, рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Аднак час ягонага ўтварэння, перыяд манапалізацыі камуністамі навукі і выключна партыйны склад адразу вызначыў стыль і асаблівасці працы. З 1931 па 1934 гг. Заходні сектар (ЗС) узначальваў А. Канакоцін, а з ім разам працавалі С. Будзінскі, А. Капуцкі, А. Родзевіч15. Яны даследавалі праблемы рэвалюцыйнай, партызанскай, нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі, збіралі ўспаміны ўдзельнікаў і кіраўнікоў камуністычнага падполля, рыхтавалі зборнікі дакументаў, працавалі над прапагандысцкімі матэрыяламі. Гістпарт таксама перажываў так званыя кадравыя чысткі. У выніку з 1934 г. склад сектара поўнасцю аднавіўся. Тады там працавалі: М. Рындзін (загадчык), Кузняцова, Шпігельман, Кунецкая16. К 1935 г., як адзначалася ў адной з справаздач, „Сектар заняў своеасаблівы стан (...) навукова-даследчай працай кіруюць, акрамя дырэктар Інстытута, яшчэ і розныя арганізацыі. Камплектаванне прац у Сектары таксама праходзіць па-за ўвагай дырэкцыі Інстытута. Таму Сектар выконвае шэраг заданняў не прадугледжаных планам і не раз за кошт прац, прадугледжаных планам. Плюс да таго ўсе працы Сектара павінны праходзіць праз асобую рэдакцыю”17. Аднак гэта не выратавала Заходні Сектар ад разгрому, які спасцігнуў КЗБ. У 1937 г. быў арыштаваны Рындзін і шэраг іншых супрацоўнікаў і Сектар самаліквідаваўся.
Тут паўстае пытанне: чаму дзейнасць навуковых арганізацый, якія забяспечвалі на працягу шмат гадоў Кампартыю каштоўнай інфармацыяй і аналітычнымі матэрыяламі была з гэткай лёгкасцю спынена? Натуральна, справа не ў „шпегаванні”, а пэўна ў тым, што к 1937-1938 гг. Камісія і Сектар выканалі свае партыйныя, а не навуковыя, як падавалася б заданні. Яны проста сталі непатрэбнымі. А для беларускай гістарычнай навукі гэты ўдар быў проста жахлівым — поўнасцю спыніліся і гісторыка-паланістычныя даследаванні, шчыльна звязаныя з заходнебеларускай праблематыкай.
Гістарыяграфічныя здабыткі гэтых двух перыядаў таксама не адназначныя. Калі, напрыклад, І перыяд — 1921-1929 гг. характарызуецца пэўнай свабодай гістарычных даследаванняў і плюралізмам меркаванняў, то ў ім і з’яўляліся рознапланавыя і папулярныя працы, хаця з 1927 г. палітызацыя гістарычнай навукі нарастае, што натуральна адбівалася на кнігах і артыкулах. Тым больш, што значная колькасць твораў была напісана дзеячамі КПЗБ і мела відавочныя ідэалагічна-прапагандысцкія рысы: М. Баравы, Старчма галаву ў бяздонне; А. Белазееўскі, Заходняя Беларусь пад пятой польскіх акупантаў; Западная Белоруссия на скамье подсудимых; Сучасная М. О. Польшча і Заходняя Беларусь і іншыя. Але некаторыя дазваляюць атрымаць і каштоўную інфармацыю: К. Харламповіч, Запросы беларускіх паслоў у польскі сейм, Л. Родзевіч, Сялянскія партыі ў Заходняй Беларусі і іншыя.
ІІ перыяд — 1930-1938 гг. прыпадае на пагаршэнне грамадска-палітычнай сітуацыі ў СССР. У гэты час у асноўным уся ўвага даследчыкаў скіроўваецца на пошук у любых гістарычных падзеях класавай барацьбы. Яшчэ адной асаблівасцю перыяду з’яўляецца павелічэнне публікацый, што тычаць Заходняй Беларусі прыкладна ў два разы. Акрамя таго адзначым і падперыяды падзення дынамікі публікацый: 1933-1934 гг. і 1936-1938 гг. Прынамсі ў апошнім падперыядзе існуе зусім „нулявы, безвыніковы” год — 1937. Яшчэ адной асаблівасцю перыяду з’яўлялася тое, што на месца прафесіяналаў гісторыкаў паступова прыходзяць прафесійныя рэвалюцынеры з КПП і КПЗБ, светапогляды якіх адбіваюцца на іх творах. Характарызуючы гістарыяграфію па Заходняй Беларусі трэба адразу адзначыць яе публіцыстычны, прапагандысцка-агітацыйны характар: А. Сталевіч, Заходняя Беларусь — калёнія Польшчы; Я. Шнэйдэр, Абнішчанне сялянства на Заходняй Беларусі і шлях да заможнага жыцця ў БССР і іншыя. Вялікая колькасць артыкулаў, брашур і кніг, якая была адрасавана заходнебеларускаму насельніцтву, заклікала да барацьбы супраць Польшчы ці распавядала аб „заможным жыцці” ў БССР і „галечы” ў Польшчы. А адрасаваная да насельніцтва БССР распавядала аб „польскай каланізацыі, польскіх злачынствах” і „масавым рэвалюцыйным руху” ў Заходняй Беларусі: Д. Боген, Заходння Беларусь пад крывавым бізуном польскіх акупантаў; Гарбацэвіч, Паланізацыя Заходняй Беларусі, Краіна шыбеніц і карных экспедыцый і іншыя. Гэткая лавіна моцнаканцэнтраванай літаратуры стварала пэўныя стэрэатыпы, масавы псіхоз насельніцтва Савецкай Беларусі. Для гэтых прац характэрна больш эмпірычнае апісанне падзей, чым навуковы аналіз на базе шырокіх крыніц. Акрамя таго, у працах, напісаных па гарачых слядах, не заўсёды слушна ацэньвалася сутнасць падзей. У большай ступені ў іх знайшлі сваё адлюстраванне погляды і высновы, што панавалі ў КПЗБ і КПП, напрыклад, перабольшванне наконт „вялікай рэвалюцыйнасці заходнебеларускага жыхарства”. Таму не дзіва, што даволі часта тыя працы былі падобныя адна на адну як блізняты, тым больш, што ўсе яны праходзлі палітычную рэдактуру. Як найяскравы прыклад гэтага можна прывесці вытрымкі з рукапісу кнігі А. Меезіт „Як жыве і ўзбройваецца Польшча” з заўвагамі палітычнага рэдактара А. Канакоціна18:
Тэкст А. Меезіт:
„Апошнія выбары ў сейм праводзліся ў асноўным пад кіраўніцтвам ваяводаў пры садзейнічанні паліцыі”.
Заўвагі А. Канакоціна:
„Аб выбарах трэба даць больш, там былі разгромы, выкарыстоўваліся газы і г.д.
Пры гэтым, каб пазбегнуць усялякіх выпадкаў, пазбаўляліся правоў непажаданыя кандыдаты, не дапускаліся да выбараў ненадзейныя выбаршчыкі, ануляваліся непажаданыя кандыдацкія спісы (...).
Пад найжорсткім тэрорам, які ажыццяўляецца фашызмам над працоўнымі і асабліва жорстка над працоўнымі нацменамі: беларусамі, украінцамі, яўрэямі, іх арганізацыямі, выкарыстоўваліся газы”.
Разам з тым, у сучаснага даследчыка не павінна скласціся меркаванне, што сярод усіх тагачасных кніг і артыкулаў зусім не было нічога каштоўнага. Натуральна, было. Гэта насычаная фактураю праца В. Фрышмана Промышленность Западной Белоруссии, Я. Шнэйдэра Очерк размещения промышленности Западной Белоруссии, Я. Багданскага і Л. Бабровіча Аб класавай барацьбе ў Заходняй Беларусі ў часы Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Я. Залеўскага Кнігапіс літаратуры аб Польшчы, Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі, П. Мятлы Аб Таварыстве Беларускай Школы і яго барацьбе і шэраг іншых.
Гэткім чынам відавочна, што з сярэдзіны 20-х да сярэдзіны 30х гг. у Савецкай Беларусі надавалася значная ўвага вывучэнню заходнебеларускай праблематыкі. Дзеля гэтага былі ўтвораны навуковыя структуры, што разам з самастойнымі публікацыямі давала досыць вялікую гістарыяграфію. Але, на вялікі жаль, назапашаны досвед і традыцыі аказаліся адрынутыя ў 1936-1938 гг. Беларускія гісторыкі к 1937 г. апынуліся амаль на пачатковых пазіцыях 1921 года. Уявіце, што к гэтаму часу было знішчана альбо сядзела ў канцлагерах каля 85-90% ранейшых даследчыкаў польска-заходнебеларускай тэматыкі, а спецыялізаваныя навуковыя цэнтры былі ліквідаваны яшчэ два гады таму.
Вось у гэтых, надзвычай неспрыяльных для гістарычнай навукі ўмовах, заходнія і ўсходнія беларусы сустрэлі бясспрэчна эпахальную падзею — уз’яднанне калісьці разарванай краіны, як сумна жартуюць: „уз’яднання двух братоў у адной турэмнай камеры”. Свята было і для ЦК ВКП(б), але з іншай нагоды — павялічылася савецкая імперыя. Каб заходнікі не палохаліся „Шчасця з Усходу”, а ўсходнікі працягвалі верыць у шчырае „вызваленне знявечанага краю”, ужо з верасня, а верагодна і раней, пачала выходзіць на максімальныя абароты савецкая прапагандысцкая машына. Аднак амаль поўная адсутнасць кваліфікаваных і дасведчаных спецыялістаў у галіне заходнебеларускай мінуўшчыны і таталітарная рэчаіснасць не маглі не нарадзіць адпаведна тэндэнцыйныя, заідэалагізаваныя публікацыі і кнігі.
Перш за ўсё, аналізуючы гістарыяграфію 1939-1941 гг. па праблемах мінуўшчыны і тагачаснасці заходніх абласцей БССР трэба адзначыць, што яна, як выдадзеная ў Беларусі, гэтак і па-за яе межамі налічвае каля 32 манаграфій, брашур, артыкулаў. З іх уласна беларускіх 19, а маскоўскіх, ленінградскіх, кіеўскіх, варонежскіх — 13. Іхняя праблематыка ахоплівае фактычна тры тэмы: уз’яднанне — 22 (68,7%), гісторыю „змагання беларускага народа з польскімі панамі” — 7 (21,8%) і блізкую гісторыю Заходняй Беларусі — 3 (9,3%).
Сярод гэтых выданняў існуе дзівосны асобнік — невялічкая прапагандысцкая брашурка, падрыхтаваная Палітуправаю Беларускага фронту Рабоча Сялянскай Чырвонай Арміі Заходняя Беларусь у цісках польскіх паноў. Па ўсім бачна, што яна створана яшчэ да вераснёўскага паходу, недзе летам 1939 г. На яе старонках даволі прафесійна сабраны матэрыял, які распавядае аб „жахах панскай Польшчы” і „заможным жыцці ў БССР” і з дапамогаю статыстычных маніпуляцый яна на зайздрасць яшчэ не вызваленаму заходніку ўпэўнівае як „свабодна і шчасліва жыве беларускі народ, не ведаючы нацыянальнага гнёту, свабодна ўпраўляе сваёй краінай”.
Як адзначалася, механізм афіцыйнай прапаганды вельмі хутка набраў абароты. Ужо праз два тыдні, 4 кастрычніка 1939 г., быў здадзены ў друкарню зборнік вершаў і апавяданняў беларускіх савецкіх паэтаў і пісьменнікаў Вызваленым братам. У лістападзе выйшлі брашуры Т. Ягорава Західна Білорусія (Кіеў), У. Пічэты Исторические судьбы Западной Украины и Западной Белоруссии (Масква) і іншыя. У цэлым першыя публікацыі 1939 г. былі фактычна даведкава-інфармацыйным матэрыялам з большага для савецкіх, партыйных, усіх „усходніх” працаўнікоў, што ў значнай колькасці прыехалі ў заходнія вобласці, часам абсалютна не арыентуючыся ў тамтэйшых рэаліях. Таму гэтыя выданні асноўную ўвагу надавалі гісторыі Заходняй Беларусі, стану яе эканомікі, даўнейшаму палітычнаму, нацыянальнаму і эканамічнаму прыгнёту з боку Польшчы. Але ж тая ўлюбёная тэма рэвалюцыйнага руху, у гэтых працах, з улікам новага палітычнага моманту выкладалася схематычна і ўяўлялася як выключна стыхійны працэс руху масаў, без аніякага кіраўніцтва з боку існаваўшых да 1938 г. КПП, КПЗБ ці той жа Грамады. У выніку падобная інфармацыя яшчэ больш дэзарыентавала „ўсходнікаў” і стварала пэўную сцяну адчужэння паміж імі і тутэйшымі жыхарамі.
Сітуацыя пачала змяняцца ў 1940 г. Да першых угодкаў усталявання савецкай улады на Заходняй Беларусі, у беларускім друку з’явіліся артыкулы партыйных і савецкіх працаўнікоў: П. Панамарэнка, Таржаство беларускага вызваленага народу („Бальшавік Беларусі”, № 3); М. Кручнік, Гераічны вызваленчы паход (тамсама № 9); П. Панамарэнка, Год новага жыцця вызваленага народа (там жа); С. Ігаеў, Будуецца новае жыццё (там жа № 6); Г. Эйдзінаў, Год партыйнай работы ў заходніх абласцях Беларусі (там жа № 10); Г. Сямёнаў, Беластоцкая вобласць напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы (там жа № 11) і іншыя. У сваю чаргу навукоўцы розных галін спрабавалі ў манаграфіях, брашурах і часопісных артыкулах асвятліць і прааналізаваць карані і прычыны падзелу Беларусі, ходу савецкага вызвалення заходніх абласцей, тагачасны стан іх эканомікі, культуры. Пэўным узорам гэтай хвалі можа без сумніву лічыцца невялічкая кніжка на той час рэдактара газеты „Звязда”, а з 1941 г. сакратара ЦК КП(б)Б Ц. Гарбунова Год пад сцягам Саветаў. Яе змест з некаторымі адрозненнямі амаль ідэнтычны іншым працам па гэтай тэме19:
— „Год новага жыцця”;
— „Польскія паны векавечныя ворагі беларускага народа”;
— „Жыццё працоўных у панскай Польшчы”;
— „Канец ласкутнай дзяржавы і вызваленне Заходняй Беларусі ад польскіх паноў”;
— „Ажыццявілася доўгачаканая мара”;
— „Быстры рост прамысловасці”;
— „Новы быт, новая культура”;
— „Наперад, да новых перамог”.
Як бачна, на той час, не пісалася аніякіх вузкатэмных прац, напрыклад, аб развіцці заходнебеларускай культуры. Усё аналізавалася комплексна: прамысловасць, якая „перажывала небывалы ўздым”, сельская гаспадарка, дзе „найбольш перадавыя сяляне — батракі і беднякі — прыступаюць да арганізацыі калгасаў”, „ленінска-сталінская нацыянальная палітыка”, якая прынесла „вызваленне народу, не бачны ў іхняй гісторыі росквіт культур”. Аб масавых высяленнях, арыштах і іншых праявах гвалту савецкай улады ў адносінах да „вызваленых”, натуральна, не ўзгадвалася. Як адзначыў усё той жа Гарбуноў, змены, якія адбыліся ў жыцці народаў заходніх абласцей, паказалі ім на справе, што ў партыі Леніна-Сталіна „няма іншых клопатаў, як клопаты аб народзе, аб яго шчасці”20. У падобным ідэалагічным рэчышчы, але з больш выразнаю імперскаю афарбоўкаю, выходзяць у 1940 г. расійскія кнігі, прысвечаныя падзеям у Заходняй Беларусі: В. Я. Клоков, А. Г. Ордин, Великий освободительных поход Красной Армии (Варонеж), А. Абрамов, К. Венский, Западная Украина и Западная Белоруссия (Ленінград). У сувязі з гэтым адзначым, што неяк асобна стаіць артыкул тагачаснага дырэктара Інстутута эканомікі АН БССР Я. Ракава Заходнія вобласці БССР. Палітыка-эканамічная даведка („Бальшавік Беларусі” 1940, № 4), які дэманструе добры навуковы стыль і фактуру.
З другой паловы 1940 г. сітуацыя ў навуковых даследаваннях і папулярным апісанні заходніх абласцей змянілася прынцыпова. Справа ў тым, што ў чэрвені гэтага года пленум ЦК КП(б)Б абавязаў Аддзел агітацыі і прапаганды ЦК і ўсе абкамы заходніх тэрыторый неадкладна прыступіць да вывучэння матэрыялаў аб дзейнасці розных контррэвалюцыйных партый і арганізацый у мінулым і на той час. Камуністы на месцах пачалі рупліва вывучаць гісторыю краю, гісторыю класавай барацьбы і ўзаемаадносіны паміж рознымі сацыяльнымі і нацыянальнымі групамі21. Дарэчы, з гэтага часу пачынаюць асцярожна ўзгадвацца КПЗБ, Грамада, ТБШ. Аднак аўтары не былі ў стане, праз невялікую дыстанцыю часу, усебакова даследаваць і асэнсаваць новыя з’явы22. Але ўжо пачынаюць з’яўляцца даследаванні, якія хай і на вузкай крынічнай базе, аднак паклалі пачаткі навуковага вывучэння Заходняй Бкеларусі, у тым ліку перыяду 1939-1941 гг. Першай працай гэтага кшталту ёсць калектыўная манаграфія Заходняя Беларусь пад панскім гнётам і яе вызваленне пад рэдакцыяй акадэміка Н. М. Ніколськага і І. Ф. Лочмеля (Мінск 1940). Аўтары самі адзначылі ў прадмове, што „работа з’яўляеца першай спробаю даць цэльны нарыс аб Заходняй Беларусі за апошняе дваццацігоддзе. (...) Ён з’яўляецца толькі папярэднім абагульненнем тых матэрыялаў і фактаў, якія даследаваны (...) за кароткі перыяд пасля вызвалення (...) у справе далучэння Заходняй Беларусі яшчэ прадстаіць велізарная работа”23. І сапраўды гэты твор адрозніваецца ў лепшы бок у параўнанні са сваімі папярэднікамі. Так у V раздзеле „Вызваленне Заходняй Беларусі ад іга польскіх паноў і капіталістаў”, напісаным навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН БССР Н. Махначом, распавядалася аб утварэнні мясцовых органаў улады — часовых упраў, рабочай гвардыі, сялянскіх камітэтах. Узгадвалася і дзейнасць КПЗБ, што раней было забаронена. Таксама даволі цікавы эканамічны аналіз зрабіў прафесар Я. Ракаў у раздзеле VI „Першы год будаўніцтва новага жыцця”. У ім у прыватнасці ішла гаворка аб школьным будаўніцтве ў заходніх абласяцях і прыводзіліся канкрэтныя лічбы: усяго на пачатак 1940 г. у Заходняй Беларусі налічвалася 5636 школак, з іх 4199 беларускіх, 224 расійскія, 223 яўрэйскія, 894 польскія, 53 украінскія, 43 літоўскія, 5 змешаных24. Дарэчы, трохі раней, таксама на 1940 г. школьныя лічбы прыводзіў і Ц. Гарбуноў, але крыху адрозныя, што сведчыць аб памяншэнні ліку беларускіх і польскіх школак і павелічэнні расійскіх: усяго 5633, з іх 4268 беларускіх, 173 расійскія, 150 яўрэйскіх, 932 польскія25. Калі параўнаць гэтыя даныя з лічбамі на снежань 1939 г., то тэндэнцыя памяншэння зусім відавочная: усяго 5633, 4192 беларускія, 173 расійскія, 169 яўрэйскіх, 987 польскіх, 63 літоўскія, 48 украінскіх26.
У гэтым перыядзе трэба адзначыць і працы навуковага супрацоўніка Інстытута гісторы АН БССР — І. Лочмеля, латыша па нацыянальнасці, які яшчэ з 1935 г. пачаў даследаваць беларускі нацыянальна-вызвольны рух і ў перадваенны час становіцца галоўным спецыялістам на Беларусі па папулярнай тэме „змагання супраць польскіх паноў”, але нягледзячы на навуковы падыход, ягоныя працы — Барацьба беларускага народа супраць інтэрвентаў (Мінск 1940), Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов (Мінск 1940) і іншыя носяць тэндэнцыйны характар і ў іх неправамерна практычна ўсе масавыя рухі на Беларусі зводзяцца да антыпольскага змагання і перманентнага імкнення беларусаў уз’яднацца з Расіяй.
1941 г. не даў фактычна аніякіх каштоўных набыткаў, можа акрамя толькі кнігапіснага агляду І. Саладкова Беларусь у барацьбе супроць польскіх захватчыкаў у 1919-1920 гг. („Бальшавік Беларусі”, № 3). Натуральна, нешта планавалася да другой гадавіны ўз’яднання, але ўлічваючы тагачасную сітуацыю ў савецкай гістарычнай навуцы і нядаўнасць падзей, прыходзіцца меркаваць, што нейкіх сур’ёзных твораў чакаць было не варта, а пачаўшаяся ў чэрвені вайна наогул скасавала ўсе планы.
Гэткім чынам, сумуючы ўсё вышэйпаказанае, мы можам канстатаваць, што ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР беларуская гістарычная навука сустрэла ў вельмі складаных умовах: амаль поўны дэфіцыт дасведчаных і кваліфікаваных кадраў гісторыкаў у гэтай галіне, адсутнасць адмысловых навуковых асяродкаў, накшалт былых КЗБ і ЗС, жорсткія ідэалагічныя ўмовы, палітычная заангажаванасць, цэнзура, страх магчымых рэпрэсій, усё гэта не дазволіла беларускім навукоўцам правесці паўнацэнныя і шматлікія даследаванні па праблемах палітычнага і нацыянальна-культурнага жыцця Заходняй Беларусі 1939-1941 гадоў, да якіх яны бясспрэчна былі б падрыхтаваны, каб не знішчэнне кадравага патэнцыялу і навуковай інфраструктуры ў 30-х гг.
Streszczenie
Sowiecka historiografia białoruska do końca lat dwudziestych niewiele uwagi poświęcała problemowi Zachodniej Białorusi. W latach trzydziestych koncentrowano się nad rozwojem ruchu komunistycznego na tym terytorium, lecz najbardziej tendencyjne treści przekazywano w latach 1939-1956. Hasła typu „Szczęście przyszło ze wschodu”, odnoszące się do wydarzeń z września 1939 r., wskazują jednoznacznie na tendencje panujące w ówczesnej historiografii. W latach 1939-1941 na Białorusi ukazały się 32 prace monograficzne poświęcone historii zachodniej części kraju, z tego 22 dotyczyły procesu zjednoczenia, 7 było poświęconych „walce narodu białoruskiego z polskimi panami” i zaledwie 3 dotyczyły zagadnień najnowszej historii tych ziem. Historiografia jednoznacznie służyła uzasadnianiu działań politycznych władz sowieckich.
1 Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НА РБ), ф. 242, воп. 1, спр. 398, арк. 229.
2 Там жа.
3 Там жа.
4 Э. Иоффе, Не сломили сталинские застенки, „Чалавек і эканоміка” 1990, № 7, с. 42.
5 Н. С. Орехво, Дела и люди КПЗБ: Воспоминания, Мінск 1983, с. 155.
6 НА РБ, ф. 242, воп. 1, спр. 398, арк. 229.
7 НА РБ, ф. 4, воп. 14, спр. 142, арк. 129.
8 НА РБ, ф. 242, воп. 1, спр. 398, арк. 227.
9 Цэнтральны Архіў Нацыянальнай акадэміі навук, ф. 68, воп. 81, спр. 1, арк. 37.
10 Там жа, спр. 3, арк. 20.
11 НА РБ, ф. 4, воп. 3, спр. 395, арк. 89.
12 НА РБ, ф. 4, воп. 26, спр. 10, арк. 35.
13 НА РБ, ф.4, воп. 3, спр. 474, арк. 18.
14 Там жа, арк. 160-161.
15 НА РБ, ф. 60, воп. 1, спр. 85, арк. 11.
16 НА РБ, ф. 4, воп. 3, спр. 201, арк. 157.
17 НА РБ, ф. 4, воп. 19, спр. 28, арк. 49.
18 НА РБ, ф. 60, воп. 3, спр. 650, арк. 7.
19 Ц. Гарбуноў, Год пад сцягам Саветаў, Мінск 1940.
20 Там жа, с. 53.
21 И. О. Царюк, КПБ организатор культурного строительства в западных областях Белоруссии (1939-1955 гг.), Мінск 1969, с. 16.
22 В. Н. Михнюк, Социалистическое преобразование в западных областях БССР, Мінск 1979, с. 10.
23 Заходняя Беларусь пад панскім гнётам і яе вызваленне, пад рэдакцыяй акадэміка Н. М. Ніколськага і І. Ф. Лочмеля, Мінск 1940, с. 3.
24 Там жа, с. 92.
25 Ц. Гарбуноў, Год..., с. 48.
26 Л. Лыч, У. Навіцкі, Гісторыя культуры Беларусі, Мінск 1996, с. 283.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|