БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 13

Яўрэйскiя бежанцы на тэрыторыi Беларусi
(1939-1940 гг.)

Эмануiл Iофе
(Мiнск)

23 жнiўня 1939 года СССР i Германiя падпiсалi дагавор аб ненападзе, якi на Захадзе назвалi „пактам Молатава — Рыбентропа”. Пры ацэнцы гэтага дагавору неабходна мець на ўвазе тое, што ён быў „галоўным” у сiстэме наступных палiтычных, эканамiчных i гандлёвых дагавораў i пагадненняў, якiя былi заключаны памiж СССР i Германiяй у 1939-1940-х гадах. Сярод iх сваёй адыёзнасцю выдзяляецца дагавор аб дружбе i гранiцы памiж СССР i Германiяй, якi быў заключаны ў Маскве 28 верасня 1939 года i ўступiў у сiлу з моманту яго падпiсання, хоць i прадугледжвалася адпаведная ратыфiкацыя гэтага дагавору. За выключэннем невялiкай групы асоб з акружэння Сталiна i Гiтлера, тады яшчэ нiхто не ведаў, што да дагавору ад 23 жнiўня 1939 года прыкладаўся сакрэтны пратакол, у якiм быў зафiксаваны падзел Усходняй Еўропы на сферы падзелу памiж Масквой i Берлiнам.

Пункт другi дадатковага сакрэтнага пратакола гаварыў: „У выпадку тэрытарыяльна-палiтычнай перабудовы абласцей, якiя ўваходзяць у склад Польскай дзяржавы, гранiца сфер iнтарэсаў Германii i СССР будзе прыблiзна праходзiць па лiнii рэк Нарэў, Вiсла i Сан”1.

У прынятым дакуменце ўстанаўлiвалася мяжа памiж дзяржаўнымi iнтарэсамi абодвух краiн на тэрыторыi Польшчы, хоць у германа-савецкiм камюнiке ад 22 верасня 1939 г. яна яшчэ называлася „дэмаркацыйнай лiнiяй памiж германскай i савецкай армiямi” i павiнна была праходзiць значна больш на ўсход ад лiнii, узгодненай 23 жнiўня 1939 г., г.зн. па рэках Нарэў — Буг — Вiсла — Сан да iх вытокаў2.

Тады ж i ў наступны перыяд была дасягнута дамоўленасць аб узаемным перасяленнi з СССР асоб нямецкай нацыянальнасцi i з вобласцi дзяржаўных iнтарэсаў Германii асоб украiнскай, беларускай i лiтоўскай нацыянальнасцi (курсiў мой — Э. I.)3.

У сярэдзiне кастрычнiка 1939 г. была створана савецка-германская змешаная камiсiя па перасяленні. З нямецкага боку яе ўзначальваў саветнiк пасольства Германii у СССР Ф. Твардоўскi, з савецкай — былы нарком замежных спраў СССР М. М. Лiтвiнаў.

Пастановай ЦК КП(б) Беларусi ад 14 кастрычнiка 1939 года была створана камiсiя па працаўладкаванні i размяшчэнні бежанцаў пры СНК БССР у складзе I. I. Горына (старшыня камiсii), Рашэтнiкава (член камiсii), Iванова — палiтупраўленне Беларускай Асобай ваеннай акругi (член камiсii)4.

Ужо 17 кастрычнiка 1939 года кiраўнiк нямецкай камiсii па перасяленні Ф. Твардоўскi данасiў у Берлiн аб пазiцыi прадстаўнiкоў савецкай камiсii, якiя заявiлi, што яны „зацiкаўлены ў перасяленнi толькi ўкраiнскага i беларускага пралетарыяту i шырокiх мас, а не багачоў i яўрэяў”5 (курсiў мой — Э. I.).

Першае пасяджэнне савецка-германскай змешанай камiсii па перасяленні адбылося 21 кастрычнiка 1939 года ў Маскве. Мяркуючы па справаздачы нямецкай часткi камiсii, член савецкай часткi камiсii — намеснiк наркома ўнутраных спраў СССР I. I. Масленнiкаў заявiў на пасяджэннi 7 лiстапада 1939 года, што Савецкаму Саюзу „не патрэбны заможныя перасяленцы беларусы i ўкраiнцы, а толькi пралетарыят i шырокiя народныя масы”6. Немцы зрабiлi таксама выснову, што савецкая дэлегацыя „не цiкавiцца лёсам яўрэяў”7.

16 лiстапада 1939 года было падпiсана германа-савецкае пагадненне, згодна якому праводзiлася перасяленне ў Германiю жыхароў нямецкага паходжання з занятай савецкiмi часцямi тэрыторыi Польшчы, а ў СССР — украiнскага i беларускага насельнiцтва генерал-губернатарства. Пасля таго, як дэлегацыi СССР i Германii правялi дэлiмiтацыю гранiцы памiж сферамi iх iнтарэсаў, да сярэдзiны кастрычнiка 1939 года была ажыццёўлена яе дэмаркацыя. Такiм чынам, працягласць гранiцы памiж абедзвюма краiнамi з 1446 км (гранiца з Польшчай) вырасла да 1952 км. У вынiку Польшча была падзелена на дзве часткi: 48,6% яе тэрыторыi (189 тыс. кв. км) з 62,9% насельнiцтва (20 260 тыс. чалавек) была акупiравана нямецкiмi войскамi, а астатняя частка з 51,4% тэрыторыi i 37,1% насельнiцтва была далучана да Савецкага Саюза8.

Савецка-германскi дагавор, а дакладней змова двух дыктатараў — Гiтлера i Сталiна стаў страшэннай, велiзарнай бядой для шматтысячнага яўрэйскага насельнiцтва той тэрыторыi Польшчы, якая аказалася пад пятой нацыстаў. Яго чакала самае горшае. Савецкiя ўлады, як i нямецкiя, спрабавалi проста выштурхнуць яўрэяў за дэмаркацыйную лiнiю, не даводзячы да ведама суседзяў.

Пасля паражэння Польшчы колькасць яўрэяў, якiя аказалiся ў сферы панавання нацыстаў, вырасла прыблiзна на два мiльёны чалавек. 21 верасня 1939 года кiраўнiк Галоўнага ўпраўлення бяспекi Трэцяга Рэйха Рэйнгард Гейдрых выдаў загад палiцыi бяспекi, у якiм гаварылася: „Трэба правесцi адрозненне памiж: 1) канчатковай мэтай, якая патрабуе большага часу, 2) стадыямi ў выкананнi канчатковай мэты. Першае патрабаванне — гэта, перш за ўсе, канцэнтрацыя яўрэяў з вёсак i мястэчак у вялiкiх гарадах”9. Яўрэяў патрэбна было выселiць з вёсак, дзе яны жылi распылена, i пасялiць у вялiкiх гарадах, дзе можна было правесцi iх рэгiстрацыю. Звяртае на сябе ўвагу прызнанне Гейдрыха ў тым, што канцэнтрацыя яўрэяў у гета з’яўлялася толькi падрыхтоўчым крокам да „канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання”.

Пачынаючы з 21 верасня 1939 года яўрэяў у Польшчы пастаянна перасялялi з месца на месца. У канцы верасня 1939 года ўсiм яўрэям, якiя знаходзiлiся на захопленых немцамi тэрыторыях, было загадана насiць апазнавальны знак — белую або жоўтую лату з выявай шасцiканцовай зоркi — „шчыта Давiда”.

12 снежня 1939 года ўсiх польскiх яўрэяў мужчынскага полу ад 14 да 60 год абавязалi выконваць прымусовыя работы на „працягу двух гадоў (...) перыяду, якi можна прадоўжыць, калi выхаваўчыя мэты не будуць дасягнуты”. Так за некалькi месяцаў польскiя яўрэi аказалiся пад тым жа фашысцкiм рэжымам, у якiм жылi яўрэi Германii.

Хутка iх становiшча яшчэ больш пагоршылася. У канцы 1939 года было аб’яўлена, што ўсе польскiя яўрэi абавязаны перайсцi ў гета — адведзеныя для iх прымусовага пасялення кварталы10.

Першае гета было створана ўжо ў кастрычнiку 1939 года ў горадзе Пётркуў-Трыбунальскi11. Але ў першыя месяцы нямецкай акупацыi Польшчы нямецкае камандаванне яшчэ не мела ўказанняў аб знiшчэннi яўрэяў. Яно iмкнулася „пазбавiцца ад яўрэяў” як „непажаданых элементаў” i „сапхнуць” iх Савецкаму Саюзу, або, як яно казала, „сапхнуць Сталiну”.

У гады Другой сусветнай вайны генерал-палкоўнiк, а з 1940 года генерал-фельдмаршал Вiльгельм Кейтэль быў начальнiкам штаба Вярхоўнага Галоўнакамандавання ўзброеных сiл Германii (вермахта). Вось што паведамляў германскаму МЗСу 5 снежня 1939 года гэты высокапастаўлены ваенны дзеяч: „Высяленне яўрэяў на рускую тэрыторыю адбывалася не так гладка, як, вiдаць, чакалася. На справе практыка была, напрыклад, такая: у цiхiм лесе тысяча яўрэяў была высаджана на рускую гранiцу, праз 15 кiламетраў ад гэтага месца яны зноў вярталiся да гранiцы з рускiм афiцэрам, якi хацеў прымусiць нямецкага прыняць iх назад12.

Ёсць усе падставы меркаваць, што iснавала ўказанне Масквы, наркамата абароны СССР або самога Сталiна: не прымаць польскiх яўрэяў з нямецкай тэрыторыi, а пры першай магчымасцi пазбаўляцца ад iх.

Нямецкiя акупацыйныя ўлады, нямецкае камандаванне на былой польскай тэрыторыi наглядна пераканалася, што Сталiну i савецкiм уладам яўрэi непатрэбны. Iх перасталi перакiдваць на тэрыторыю, занятую часцямi Чырвонай Армii. Яўрэi адназначна падлягалi дэпартацыi ў гета, а адтуль — у канцлагеры знiшчэння.

У студзенi 1940 года кiраўнiк генерал-губернатарства Ганс Франк аб’явiў, што 90 млн. злотых будзе расходавана на стварэнне чатырох яўрэйскiх канцлагераў. Заданне знiшчыць яўрэяў было ўскладзена на Гейдрыха.

У Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь захоўваюцца паведамленнi бежанцаў, якiя прыбылi з былой тэрыторыi Польшчы, занятай немцамi. Прывядзем вытрымкi з гэтых паведамленняў: „Пераход гранiц вельмi зацяжаран. Немцы з цягнiкоў усiх высаджваюць, грабяць рэчы, грошы i немiласэрна б’юць яўрэяў”. (Пiсьмо Полi Варгафтэр, г. Беласток)13.

„Аб пекле, якое перажылi яўрэйскiя гарадкi ў Польшчы, ужо пэўна вядома. Можна дадаць жменьку фактаў з вялiкiх гарадоў. У апошнi час гiтлераўцы вывезлi з Калiша амаль усё яўрэйскае насельнiцтва ў закрытых вагонах у невядомым напрамку, раздзяляючы жонак ад мужоў, дзяцей ад бацькоў. Вiд гэтых людзей жахлiвы. Гэтыя людзi асуджаны на катаваннi без усякай надзеi на лёгкую смерць. (...)

Усе яўрэi ў Лодзi носяць жоўтыя латы на правым плячы. За спробу пазбегнуць гэтага пагражае смяротнае пакаранне, цяжкая турма, грашовы штраф. Хадзiць можна з 8-мi гадзiн ранiцы да 5-цi вечара. Часцей за ўсё перад 5-ай гадзiнай ловяць яўрэяў, затрымлiваюць iх на ўсю ноч у камiсарыяце, а назаўтра загадваюць цэлы дзень без ежы працаваць. Жанчын таксама бяруць на работу.

На Пятркоўскай вулiцы (адной з галоўных вулiц Лодзi) яўрэям нельга хадзiць (...). Яўрэям не дазваляецца нi вырабляць, нi купляць абутак. Яўрэйскiх рабочых на фабрыках няма, а калi хто-небудзь i застаўся, яму пагражае звальненне. Лiквiдаваны народныя школы для яўрэйскiх дзяцей. З сярэднiх школ выкiнулi ўсiх яурэйскiх вучанiц (...).

Працуе толькi адно кiно i туды яўрэям хадзiць нельга. Фармальна ў пратэктараце павiнна быць лепш, але фактычна ў Варшаве яшчэ больш бяспраўя, чым усюды (...).

Газеты штодзённа прыносяць бессаромныя звесткi аб усё новых расстрэлах яўрэяў за адмову ад працы, за самае слабое слова пратэсту”. (Пiсьмо Полi Кварта, былой палiтзняволенай у турме Фардон ад 15 снежня 1939 года)14.

„Паколькi фронт быў прарваны ў бок Заверця, то бежанцы ў сваiх бадзяннях вельмi хутка наткнулiся на немцаў. Немцы вярталi iх назад (...). У Бэндзiне падпалiлi сiнагогу, у якой было поўна яўрэяў. Калi хто-небудзь выбягаў ад агню, у яго стралялi з кулямёта (...).

Мястэчка Шчэкаціны, у якiм вялiкi працэнт жыхароў складаюць яўрэi, немцы спалiлi, аставiўшы некалькi дамоў, дзе жылi палякi (...).

Калi ў чэргах за харчаваннем разам з палякамi стаялi яўрэi, iх выкiдвалi з чаргi i бiлi прыкладамi вiнтовак, а ў многiх выпадках у iх стралялi. Па ўсей краiне яўрэi абавязаны бясплатна працаваць.” (Пiсьмо Янiны Яворскай ад 13 снежня 1939 года)15.

Дзесяткi i сотнi тысяч польскiх яўрэяў паспрабавалi знайсцi выратаванне ў Савецкiм Саюзе. Колькi iх было — польскiх яўрэяў-бежанцаў? Якiм было iх становiшча ў СССР у цэлым i ў Беларусi ў прыватнасцi?

На думку амерыканскага даследчыка С. Шварца, колькасць бежанцаў-яўрэяў з Заходняй Польшчы ва Усходнюю, а затым на тэрыторыю СССР склала ад 300 000 да 500 000 чалавек16.

Iзраiльскi гiсторык I. Арад адзначае: „Каля 200 тысяч (польскiх яўрэяў — Э. I.) беглi ад немцаў у зону, якая была анексiравана Савецкiм Саюзам”17.

У кнiзе Дзмітрыя Валкагонава „Триумф и трагедыя” ёсць такiя радкi: „Працуючы ў архiве Молатава, я сустрэў такi дакумент, якi падрыхтаваў для Берыi намеснiк наркома ўнутраных спраў Чэрнышаў. У дакуменце, прызначаным для даклада Сталiну, гаворыцца: «У перыяд з 1939 г. па чэрвень 1941 г. на тэрыторыю Савецкага Саюза прыбыла былых польскiх грамадзян 494 310 чалавек. З гэтай колькасцi ў гэты ж перыяд убыла: перададзена немцам былых ваеннапалонных (?) 42 492 чалавек18, вызвалена i адпраўлена у УССР i БССР — 42 400 чалавек»”19.

Згодна дакладной запiсцы народнага камiсара ўнутраных спраў БССР Лаўрэнція Цанавы першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку аб агентурна-аператыунай рабоце сярод бежанцаў, якiя прыбылi з тэрыторыi, занятай Германiяй, па стане на 5 лютага 1940 года ў Беларусi налiчвалася 72 996 бежанцаў, сярод якiх яўрэi складалi 65 796 чалавек20.

Беларускiя даследчыкi А. Хацкевiч, К. Козак i iншыя называюць лiчбы ў 100-110 тысяч бежанцаў з Польшчы на тэрыторыi БССР. Так, на самай справе можна меркаваць, што не ўсе бежанцы рэгiстравалiся, i на самай справе iх колькасць была значна большая, чым паведамляецца ў дакладной запiсцы Л. Цанавы.

Сацыяльны склад бежанцаў быў даволi стракаты — рабочыя, служачыя, фабрыканты, купцы, настаўнiкi, прадстаўнiкi творчай iнтэлiгенцыi, студэнты i гiмназiсты. З 72 996 бежанцаў было працаўладкавана 25 621 чалавек21.

Многiя бежанцы, асаблiва не ўладкаваныя на працу, расчараваныя савецкай рэчаiснасцю i напужаныя масавымi рэпрэсiямi, выказалi жаданне выехаць у Германiю. Аднак немцы адмовiлiся iх прыняць. Толькi некаторым з яўрэйскiх бежанцаў удалося перайсцi гранiцу, а частцы яўрэяў — эмiгрыраваць у Палесцiну.

З першых жа дзён устанаўлення савецкай улады ў Заходняй Украiне i Заходняй Беларусi пачала функцыянаваць сiстэма рэпрэсiй. Ахвярамi тэрору сталi прадстаўнiкi розных слаёў насельнiцтва, людзi розных нацыянальнасцей.

А кiраўнiк НКУС БССР Л. Цанава вышукваў новых ворагаў. У яго дакладной запiсцы на iмя першага сакратара ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкi гаварылася: „Сярод бежанцаў маецца значная колькасць контррэвалюцыйнага элементу, якi праводзiць контррэвалюцыйную падрыўную дзейнасць, арганiзуе пераправачныя пункты бежанцаў у Германiю, арганiзуе нелегальную перапраўку карэспандэнцыi ў Германiю, займаецца кантрабанднай дзейнасцю, спекуляцыяй, распаўсюджвае ўсемагчымыя правакацыйныя чуткi, так, нарыклад: працуючы ў Белкiномантажы бежанец Венскi, якi спазнiўся на 3 хвiлiны на працу, на заўвагу таварышаў па рабоце, што ў СССР спазняцца на працу не дазваляецца, апошнi заявiў, што ён працаваў у г. Варшаве, спазняўся на працу на 20-30 хвiлiн, гаспадар нiколi яго за гэта не караў i, звярнуўшыся да свайго таварыша Шылавiцкага (бежанец) на яўрэйскай мове сказаў: „Тут не сацыялiзм, а фашызм, трэба цалаваць камень у Вiльні, у СССР адзенне купiць нельга, есцi няма чаго”.

У размове с сакратаром партарганiзацыi кiнафiкацыi тав. Мiлерам, Венскi заявiў: „Карл Маркс, гаворачы аб сацыялiзме i камунiзме, не меркаваў такой будовы, якую мы маем у СССР. У нас не сацыялiзм i не камунiзм. У СССР не хапае людзей таму, што няма арганiзацыi працы i людзi не ўмеюць працаваць, не хапае цукру i масла таму, што iх наогул няма. Масква горад дрэнны i брудны, а Варшава чысты i вялiкi культурны цэнтр (...)”.

Па справе Венскага вядзецца сакрэтнае следства, пасля чаго Венскi будзе арыштаваны”22.

Дакладная запiска Л. Цанавы ад 7 лютага 1940 года заканчвалася наступнымi словамi: „У мэтах лiквiдацыi контррэвалюцыйнай дзейнасцi, праводзiмай антысавецкiм элементам з асяроддзя бежанцаў, органамi НКУС БССР арыштаваны ў Беларусi 204 чалавекі, дэзарганiзатараў, сабатажнiкаў, якiя зрывалi работу на вытворчасцi i вялi контррэвалюцыйную разлажэнчаскую работу сярод бежанцаў. Выяўленне i арышт дэзарганiзатараў, сабатажнiкаў i iншага контррэвалюцыйнага элементу сярод бежанцаў працягваецца”23.

Пачынаючы з 10 лютага 1940 года i канчаючы 19-20 чэрвеня 1941 года, органамi НКУС БССР былi праведзены чатыры дэпартацыi жыхароў Заходняй Беларусi ў аддаленыя раёны СССР. У лiк дэпартаваных папалi тысячы бежанцаў-яўрэяў. Дакументы пасольства Рэспублiкi Польшча ў ЗША за 1943 год сведчаць, што толькi на працягу трэцяй акцыi па дэпартацыi ў чэрвенi 1940 года з Заходняй Беларусi былi вывезены тысячы прадстаўнiкоў творчай iнтэлiгенцыi, настаўнiкаў, гарадскiх служачых. Так, з Беластока, Лiды, Гродна i Вiльнi было дэпартавана 300 тысяч чалавек, з Палесся i Навагрудка — 200 тысяч чалавек. З агульнай колькасцi дэпартаваных з Лiтвы, Украiны i Беларусi 217 тысяч складалi ўкраiнцы, 83 тысячы — яўрэi, 56 тысяч — беларусы, 35 тысяч — палешукi, 20 тысяч — рускiя i лiтоўцы24.

Яурэйскiя палiтычныя арганiзацыi (бундаўскiя i сiянiсцкiя) на далучаных у 1939-1940-х гадах тэрыторыях былi забаронены. Iх кiраўнiкоў высочвалi органы бяспекi, судзiлi i высылалi.

Ураджэнец Брэста, будучы прэм’ер-мiнiстр Iзраiля, будучы лаўрэат Нобелеўскай прэмii мiру Менахем Бегiн у 1938 годзе ўзначальваў маладзёжную арганiзацыю Бейтар у Польшчы. У 1939 годзе ён збег у Вiльню, дзе быў арыштаваны савецкiмi ўладамi i асуджаны да васьмi гадоў папраўча-працоўных лагераў. Аб гэтым М. Бегiн напiсаў у аўтабiяграфiчнай кнiзе „Белыя ночы”, якая выйшла на англiйскай мове ў 1957 годзе:

„Многiя мiльёны палякаў шасцi або сямi пакаленняў былi грамадзянамi Расii. Але iх гiстарычны вопыт не ўваходзiу нi ў якое параўнанне з тымi жудаснымi акцыямi, якiя здзяйснялi савецкiя ўлады. Каля 1,5 мiльёна чалавек на занятых усходнiх раёнах Польшчы былi дэпартаваны ў Расiю. Гэта былi не толькi палякi, але i польскiя яўрэi i часткова непажаданыя ўладам украiнцы. Асобым праследаванням падвяргалiся палiтычна актыўныя дзеячы, незалежна ад iх партыйнай прыналежнасцi”.

Але самая вялiкая вiна савецкага ўрада i асабiста Сталiна перад яўрэямi Беларусi, Украiны, Расii, Прыбалтыкi заключалася ў тым, што яны замоўчвалi факты генацыду яўрэйскага насельнiцтва на тэрыторыi Польшчы, захопленай нацыстамi. Калi б аб гэтым паведамлялася ў сродках масавай iнфармацыi СССР, то былi б выратаваны сотнi тысяч жыццяў савецкiх яўрэяў. Яўрэi маглi б бегчы i выратавацца, але падаўляючая большасць iх засталася на месцы i загiнула. На тэрыторыi Беларусi (у сучасных гранiцах) у 1941﷓1945﷓х гадах загiнула 811 тысяч яўрэяў, у тым лiку 48 тысяч яўрэяў з сямi краiн Еўропы25.

У непрадугледжаным для апублiкавання дакладзе з акупаванай немцамi Беларусi, напiсаным у лiпенi 1941 года адным зондэрфюрэрам СС прадстаўнiку iмперскага мiнiстэрства акупаваных вобласцей пры Вярхоўным камандаваннi армii, гаварылася: „Дзiўна, як дрэнна яўрэi паiнфармiраваны аб нашых да iх адносiнах i аб тым, як мы абыходзiмся з яўрэямi ў Германii i ў не так ужо далёкай Варшаве. Калi б не было гэтай паiнфармаванасцi, немажлівым было б пытанне з iх боку, цi праводзiм мы рознiцу ў Германii памiж яўрэямi i iншымi грамадзянамi. Калi б яны i не чакалi, што пры нямецкiм кiраваннi яны будуць карыстацца такiмi ж правамi, што i рускiя, яны ўсё ж думалi, што мы аставiм iх у спакоi, калi яны будуць старанна працаваць”26.

Амаль усе яўрэйскiя бежанцы з Польшчы, якiя апынулiся ў акупаванай нацыстамi Беларусi, загiнулi. Выжылi толькi тыя, хто паспеў эвакуiравацца, а таксама частка вязняў ДУЛАГа (Дзяржаўнага ўпраўлення лагероў — рэд.).

Без праўдзiвага ўзнаўлення гiсторыi яўрэйскiх бежанцаў у Беларусi ў 1939-1940-х гадах немагчыма ўзнавiць аб’ектыўную гiсторыю Польшчы i Беларусi 1939-1941-х гадоў. Гэта праблема патрабуе далейшага даследавання.

Streszczenie

W połowie października 1939 r. została powołana komisja radziecko-niemiecka do spraw przesiedlenia. Strona sowiecka chciała, aby możliwość przesiedlenia na wschód otrzymali tylko Białorusini i Ukraińcy, natomiast odmawiała prawa wjazdu do swojej strefy wpływów ludności żydowskiej, obawiając się napływu „elementu obcego klasowo”. Tymczasem pod niemiecką władzą na terenie Polski znalazło się około 2 mln Żydów. Niemcy wszelkimi sposobami starali się zmusić Żydów do nielegalnego przekraczania granicy sowieckiej. Często organizowali transporty kolejowe i nocą, na obszarach leśnych, zmuszali ich do przekraczania granicy. Rankiem niekiedy wielotysięczne tłumy powracały pod eskortą żołnierzy sowieckich. Z powodu odmowy przyjęcia Żydów polskich przez najwyższe władze ZSRR, Niemcy rozpoczęli tworzenie dla nich specjalnych dzielnic — gett, które dla większości stały się przedostatnim etapem zagłady. Do ZSRR przedostało się jednak około pół miliona Żydów. Część z nich jako podejrzanych o działalność agenturalną na rzecz Niemiec wysłano na Syberię.


1 Год кризиса 1938-1939. Документы и материалы, Москва 1990, т. 2, с. 321.
2 Внешняя политика СССР. Сборник документов, Москва 1946, т. IV, с. 443.
3 „Известия”, 11 января 1941.
4 Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (далей: НА РБ), ф. 4, воп. 3, спр. 809, арк. 82-83.
5 Дзяржаўны архiў Расiйскай Федэрацыi (далей: ДА РФ), ф. 500, воп. 3, спр. 249, арк. 173.
6 М. И. Семиряга, Тайны сталинской дипломатии. 1939-1941, Москва 1992, с. 36.
7 ДА РФ, ф. 500, воп. 3, спр. 249, арк. 95-100.
8 М. И. Семиряга, Тайны сталинской дипломатии..., с. 100.
9 А. Гiльдэсхайтэр, Цэнтральная арганiзацыя яўрэяў Германii ў 1933-1945 гадах. Яе становiшча ў дзяржаве i ў яурэйскiм грамадстве. Доктарская дысертацыя (iўрыт), Яурэйскi унiверсiтэт, Iерусалiм 1982, с.72.
10 Очерк истории еврейского народа. Под редакцией проф. Ш. Эттингера, Иерусалим 1990, т. 2, с. 703.
11 И. Арад, Холокаст. Катастрофа европейского еврейства (1933-1945). Сборник статей, Иерусалим 1990, с. 19.
12 І. Кузняцоў, Палiтыка i лёс людзей, „Полымя” 1995, № 9, с. 202-203.
13 НА РБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1777, арк. 2.
14 Там жа, арк. 2-6.
15 Там жа, арк. 7-8.
16 С. Шварц, Евреи в СССР с начала Второй мировой войны (1939-1965), Нью-Йорк 1966, с. 25.
17 И. Арад, Холокаст..., с. 18.
18 Г.зн., якiя нарадзiлiся ў заходнiх раёнах, акупаваных немцамi.
19 Д. Волкогонов, Триумф и трагедия. Политический портрет И. В. Сталина, Москва 1990, кн. 2, с. 37-38.
20 НА РБ, ф. 4, воп. 21, спр. 2075, арк. 275.
21 Там жа, арк. 275.
22 Там жа, арк. 291-293.
23 Там жа, арк. 296.
24 Deportacje i przemieszczenia ludności polskiej w głąb ZSRR (1939-1945). Pod redakcją T. Walichnowskiego, Warszawa 1989, s. 16, 24.
25 Э. Iофе, Колькi ж яўрэяў загiнула на беларускай зямлi ў 1941-1945 гг., „Беларускi гiстарычны часопiс” 1997, № 4, с. 52.
26 С. Шварц, Евреи в СССР с начала Второй мировой войны, с. 13.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія