БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 13

Асвятленне гісторыі Заходняй Беларусі 1921-1941 гадоў у сучаснай беларускай гістарыяграфіі

Васіль Кушнер
(Мінск)

У гістарычнай навуцы часта здараецца так, што ўвага да падзей у тым ці іншым рэгіёне, у той або іншы гістарычны перыяд дыктуецца не толькі аб’ектыўнай неабходнасцю іх вывучэння, але і палітычнай кан’юнктурай. Так адбылося і з гісторыяй Заходняй Беларусі падчас яе ўваходжання ў склад ІІ Рэчы Паспалітай з 1921 па 1939 год. Хоць у цэлым праблемы савецка-польскіх і беларуска-польскіх адносін у гэты перыяд у савецкай гістарыяграфіі вывучаліся ў рэчышчы руска(савецка)-цэнтрычнай метадалагічный канцэпцыі, дзе польска-беларускім адносінам адводзілася фрагментарная роля, аднак гісторыя Заходняй Беларусі вывучалася ў пэўнай ступені з беларускіх нацыянальных пазіцый. Пры гэтым асноўная ўвага надавалася вывучэнню гісторыі КПЗБ, яе кіруючай ролі ў нацыянальна-вызваленчым руху. Дзейнасць іншых палітычных партый і грамадскіх арганізацый (Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Таварыства беларускай школы, пасольскага клуба „Змаганне” і інш.), якія вялі актыўную палітычную дзейнасць і карысталіся падтрымкай значнай колькасці насельніцтва Заходняй Беларусі, адсоўваліся на другі план.

Многа ўвагі надавалася рэпрэсіям з боку польскіх улад у адносінах да членаў рэвалюцыйных і дэмакратычных арганізацый, асабліва КПЗБ. У той жа час абыходзілася маўчаннем або асвятлялася толькі ў агульных рысах тая фактычна раскольніцкая дзейнасць, якую па ўказанні ЦК УКП(б) і Выканкама Камінтэрна (ВККІ) вяло кіраўніцтва КПЗБ у адносінах да іншых палітычных партый і дэмакратычных арганізацый.

Нягледзячы на гэтыя недахопы беларускай савецкай гістарыяграфіі, на аснове вялікай колькасці архіўных дакументаў былі падрыхтаваны зборнікі дакументаў, даволі глыбокія манаграфічныя і дысертацыйныя даследаванні, артыкулы па рэвалюцыйным і дэмакратычным руху ў Заходняй Беларусі. Аўтарамі іх з’яўляюцца П. Зялінскі, І. Ігнаценка, С. Кабяк, А. Мацко, Я. Місарэвіч, І. Палуян, У. Ладысеў, І. Царук і іншыя. Пра гэта аўтар пісаў у адным са сваіх папярэдніх артыкулаў1.

З другой паловы 80-х гадоў даследаванне гісторыі Заходняй Беларусі прыкметна запаволілася. У пэўнай ступені гэта было звязана з метадалагічным крызісам савецкай гістарычнай навукі, быў шэраг суб’ектыўных прычын, звязаных са зменай пакаленняў у беларускай гістарыяграфічнай навуцы.

Умоўным рубяжом павароту да асвятлення гісторыі Заходняй Беларусі з новых метадалагічных пазіцый можна вызначыць 1993-1994 гады. Аднымі з першых публікацый у гэтым накірунку былі артыкулы прафесара У. Ладысева Цяжкі шлях выпрабаванняў2 і прафесара А. Хацкевіча Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі3, якія выйшлі ў пачатку 1994 г.

У. Ладысеў з новых метадалагічных пазіцый і з выкарыстаннем раней закрытых архіўных матэрыялаў аналізуе сутнасць Рыжскага дагавору 1921 г. і яго наступствы для лёсу народаў Польшчы і Заходняй Беларусі, палітыку польскіх кіруючых колаў у адносінах да беларусаў, іх культуры, адукацыі. Паказваецца складанасць узаемаадносін паміж рознымі палітычнымі партыямі Заходняй Беларусі і Польшчы, палітыка КП(б)Б і КПЗБ, якая не заўсёды спрыяла адзінству беларусаў у нацыянальна-вызваленчым руху. Адзначаецца неабгрунтаванасць абвінавачванняў і рэпрэсій супраць палітычных лідэраў Заходняй Беларусі і, у прыватнасці, кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, незаконнасць роспуску гэтых партый.

А. Хацкевіч на аснове грунтоўнага вывучэння матэрыялаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, многія з якіх раней былі закрытымі, раскрыў механізм арыштаў і дэпартацый у заходніх абласцях, паказаў актыўны ўдзел у іх партыйных органаў і органаў НКУС, эканамічную і палітычную мэты дэпартацый і адносіны да гэтых акцый з боку мясцовага беларускага насельніцтва. Зробленыя ім падлікі, што з кастрычніка 1939 г. па 20 чэрвеня 1941 г. у заходніх абласцях Беларусі было рэпрэсіравана (выключаючы ваеннапалонных польскай арміі) больш за 125 тыс. чалавек, з іх дэпартавана ў Сібір, Казахстан і іншыя месцы больш за 120 тыс. чалавек, сёння прызнаюцца практычна ўсімі беларускімі і польскімі даследчыкамі гісторыі Заходняй Беларусі. Гэтыя лічбы цяпер уключаюцца ў абагульнаючыя працы, падручнікі і дапаможнікі для школ і іншых навучальных устаноў.

Варта адзначыць, што ў гэты перыяд А. Хацкевіч з новых метадалагічных пазіцый распачынае грунтоўнае даследаванне такога вострапалітычнага і балючага для лёсу многіх людзей пытання, як гісторыя дзейнасці Арміі Краёвай у Беларусі.

Ужо ў першых газетных публікацыях па гэтай праблеме, а затым у грунтоўным артыкуле Аб раззбраенні груповак Арміі Краёвай у Нарачанскай і Налібоцкай пушчах (1943-1944)4, падрыхтаваным да друку аўтарам гэтых радкоў з удзелам Станіславы Браніславаўны Хацкевіч, жонкі А. Хацкевіча, прафесар Хацкевіч аналізуе дакументы, на аснове якіх стваралася АК, задачы, якія ставіліся перад ёй Лонданскім урадам. З выкарыстаннем архіўных матэрыялаў і асабістага вопыту ён як непасрэдны ўдзельнік партызанскага руху на Стаўбцоўшчыне прыводзіць прыклады актыўных баявых дзеянняў аддзелаў АК разам з савецкімі партызанамі супраць нямецкіх войск і паліцэйскіх гарнізонаў у раёне Налібоцкай пушчы. А. Хацкевіч адзначае, што абвастрэнне адносін паміж польскімі і беларускімі партызанамі пачынаецца з лета — восені 1943 г. Тады ў Маскве і Лондане былі прыняты палітычныя рашэнні аб разрыве дыпламатычных адносін з СССР з польскім урадам Сікорскага, якія раскалолі партызанскі рух і падштурхнулі антыфашысцкія сілы да супрацьстаяння і нават да ўзброенай барацьбы паміж сабой.

Ён выказаў думку, якая ў якасці прапановы была накіравана ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь: „Прызнаць салдат і афіцэраў, грамадзян СССР і БССР, незалежна ад нацыянальнасці, якія змагаліся супраць гітлераўскай Германіі і супрацоўнічалі з савецкімі партызанамі, ветэранамі другой сусветнай вайны (...). Тых „акаўцаў”, чые рукі (калі даказана) у крыві мірных савецкіх грамадзян (падчас фашысцкай акупацыі або пасля вызвалення нашай рэспублікі ў 1944-1950 гадах), прызнаць удзельнікамі вайны нельга”5. Аднак тая прапанова была сустрэта адмоўна многімі актыўнымі ўдзельнікамі партызанскага руху і жыхарамі тых раёнаў, у якіх дзейнічалі атрады АК.

Пачаліся нападкі і рэзкая крытыка ў адрас А. Хацкевіча з боку ветэранаў, былых партыйных і савецкіх работнікаў. Будучы чалавекам з іх асяроддзя, ён балюча перажываў гэта, але працягваў свае даследаванні. Я шмат разоў удзельнічаў разам з А. Хацкевічам у міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях і добра ведаю, з якой мужнасцю абараняў ён годнасць Беларусі і беларускага народа, нашай гістарычнай навукі ад любой неаб’ектыўнай крытыкі і вельмі шкада, што сёння сярод нас ужо няма гэтага выдатнага вучонага, мужнага і цудоўнага чалавека.

У першай палове — сярэдзіне 90-х гадоў вывучэннем гісторыі АК займалася значная група даследчыкаў. Быў выдадзены шэраг работ, абаронены дысертацыі. Праведзены шэраг канферэнцый з удзелам беларускіх і польскіх даследчыкаў6.

Асабліва хочацца адзначыць працы прафесара універсітэта ў Беластоку Міхала Гнатоўскага, які грунтоўна займаецца даследаваннем гісторыі Арміі Краёвай на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Яго работы, а таксама дыскусіі з беларускімі даследчыкамі дапамагаюць пазнаёміцца з польскай гістарыяграфіяй пра дзейнасць АК7, глыбей асэнсаваць гэту праблему, убачыць як моцныя, так і слабыя бакі беларускай гістарыяграфіі.

Важнае значэнне для больш глыбокага разумення гісторыі Заходняй Беларусі мае вывучэнне персаналіяў палітычных і грамадскіх дзеячаў. Тут варта адзначыць работы У. Адамушкі, прысвечаныя Ігнату Дварчаніну і Язэпу Гаўрыліку8, работу У. Ладысева, прысвечаную Іосіфу Лагіновічу9, артыкул В. Кушнера з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Царука10.

Агульная іх характэрная рыса — увядзенне ў навуковы абарот новых, раней закрытых або малавядомых матэрыялаў і дакументаў. Так, у артыкуле У. Адамушкі, прысвечаным І. Дварчаніну, упершыню прыводзіцца верш „Сланечнікі”, напісаны ім у 1925-1926 гг. Ігнат Дварчанін паўстае перад намі не толькі як рэвалюцыянер, але і як паэт — чалавек чуллівы, рамантычны. Артыкул пра Язэпа Гаўрыліка, падрыхтаваны на аснове асабовай справы, якая захоўваецца ў архіве КДБ рэспублікі і была недаступная для даследчыкаў. Гэта імя пакуль што вядома толькі вузкаму колу гісторыкаў, хоць ён займаў значнае месца ў беларускім нацыянальным руху 20-30-х гадоў, быў старшынёй дэпутацкай фракцыі клуба „Змаганне”. У 1932 г. у ліку 40 палітзняволеных яго абмянялі на польскіх вязняў у СССР, а 8 снежня 1937 г. ён быў расстраляны як „вораг народа” і „польскі шпіён”.

Глыбокае навукове даследаванне правёў У. Ладысеў, вывучаючы жыццёвы шлях і палітычную дзейнасць Іосіфа Лагіновіча. Нават і сёння гэтая неардынарная постаць малавядомая нават гісторыкам. Актыўны дзеяч і адзін з кіраўнікоў КПЗБ, вёў ён актыўную работу па ўмацаванні яе адзінства. І. Лагіновіч узняўся да вышэйшых эшалонаў у кіраўніцтве КПП і КПЗБ. Аднак у СССР ён некалькі разоў быў прыгавораны да смяротнага пакарання і памёр у сталінскіх лагерах у красавіку 1940 г.

13 гадоў адбыў у турмах у Польшчы Уладзімір Царук. За актыўны ўдзел у арганізацыі партызанскага руху ў Заходняй Беларусі ў жніўні 1944 г. яму было прысвоена званне Герой Савецкага Саюза. Ён два разы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і два разы дэпутатам Вярхоўнага Саюза рэспублікі. Аднак рэвалюцыйны, баявы і працоўны шлях У. Царука не стаў яшчэ прадметам глыбокага навуковага даследавання.

Вывучэнне жыццёвага шляху і палітычнай дзейнасці найбольш актыўных кіраўнікоў і ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі на аснове рэальных фактаў, а не праз створаныя пра іх міфы, з’яўляецца адной з галоўных задач беларускіх даследчыкаў.

Даволі сціпла на старонках беларускага перыядычнага друку адзначаліся 75-годдзе ўтварэння Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Бадай адзінай значнай навуковай работай, напісанай па гэтым пытанні з новых метадалагічных падыходаў, з’яўляецца артыкул У. Ладысева Выпрабаванне жыццём і часам11. Аўтар адзначае, што КПЗБ не была адзінай рэвалюцыйнай сілай, якая імкнулася аб’яднаць беларускі народ у барацьбе за сваё нацыянальнае вызваленне, бо яшчэ восенню 1922 г. у сумеснай узброенай барацьбе абазначаўся працэс збліжэння і каардынацыі дзеянняў паміж камуністычнымі арганізацыямі і леваэсэраўскімі партыйнымі структурамі. Для арганізацыйнага ўмацавання КПЗБ важнае значэнне мела прыняцце ў яе шэрагі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА), якая вылучылася з левага крыла Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Фактычна ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі У. Ладысеў прама ўказвае, што існавала моцная арганізацыйная, палітычная і фінансавая падтрымка камуністычнага руху ў Заходняй Беларусі з боку кіраўніцтва Савецкай Беларусі і ЦК КП(б)Б, для чаго былі створаны адпаведныя структуры. Дапамога аказвалася як шляхам прамога фінансавання, так і праз розныя дзяржаўныя і грамадзянскія структуры. Даволі падрабязна характарызуюцца ўнутраныя супярэчнасці ў дзеянні кіраўніцтва КПЗБ, стратэгія і тактыка партыі на розных этапах дзейнасці, яе памылкі ў кіраўніцтве рэвалюцыйнай барацьбой і нацыянальна-вызваленчым рухам, а таксама ў адносінах з іншымі дэмакратычнымі партыямі і арганізацыямі.

Варта адзначыць працы А. Вабішчэвіча12. З новых метадалагічных падыходаў ён аналізуе развіццё ў 1921-1939 гадах нацыянальнай школы ў Заходняй Беларусі, а таксама грамадскіх культурна-асветніцкіх арганізацый (ТБШ, БПК), паказвае ўзаемаадносіны іх з дзяржаўнымі органамі, а таксама палітычнымі арганізацыямі (КПЗБ, БХД (БНА) і інш.). Яго артыкулы, а таксама кандыдацкая дысертацыя даюць магчымасць прасачыць актыўную барацьбу беларускіх нацыянальных сіл супраць палітыкі паланізацыі ў галіне адукацыі.

Пэўны ўклад у беларускую гістарыяграфію станаўлення і развіцця адукацыі на землях Заходняй Беларусі ўносіць вывучэнне гісторыі асобных навучальных устаноў. З публікацый апошняга часу варта адзначыць матэрыял Летапіс Віленскай беларускай гімназіі 1919-194413. Ён друкуецца паводле машынапіснага тэксту з кнігазбору Янкі Золака. Рукапіс падрыхтаваны ў 1981 г. Ю. Жывіцам (сапраўдане прозвішча: Юрка Попка-Жук, 1914-1993 гг.), беларускім нацыянальным дзеячам у эміграцыі, супрацоўнікам часопіса „Viechi”, стваральнікам Беларускага музея ў Ляймене (Германія), які меў цесныя кантакты з выхаванцамі гімназіі, а менавіта Барысам Кітам і Святаславам Каўшом, успаміны якіх даюцца ў гэтым жа нумары часопіса „Спадчына”. Раней матэрыялы, якія друкуюцца, былі даступныя вельмі абмежаванаму колу беларускіх даследчыкаў.

Асноўная ўвага ў гэтай публікацыі надаецца гісторыі Віленскай гімназіі і беларускага школьніцтва пасля ўключэння зямель Заходняй Беларусі ў склад Польскай дзяржавы ў 1921 г., ролі гімназіі ў станаўленні і развіцці беларускага нацыянальнага руху і, у прыватнасці, у дзейнасці БСРГ і ТБШ. Цікавымі з’яўляюцца звесткі аб унутраным жыцці гімназіі, выкладчыках, пра ўзнікненне і развіццё беларускага скаўтызму, яго ролю ў развіцці нацыянальнай свядомасці беларускай моладзі Навагрудчыны і Віленшчыны. Адзначаецца, што беларусы Віленшчыны сустрэлі прыход Чырвонай Арміі ў верасні 1939 г. са спадзяваннямі на пашырэнне нацыянальнага руху, і для гэтага былі некаторыя падставы. Так, з 22 верасня пачала выходзіць штодзённая газета на беларускай мове — „Віленская праўда”, орган часовай управы ў Вільні. У беларускай гімназіі пачаўся навучальны год, з’ехалася каля 500 юнакоў і дзяўчат. Большасць іх, адзначае Б. Кіт, была з Навагрудчыны. Аднак у другой палове снежня 1939 г., пасля таго як Вільня была перададзена І. Сталіным Літве, значная частка выкладчыкаў беларускай гімназіі і частка вучняў ад’язджаюць у Германію. Савецкімі ўладамі ствараецца беларуская гімназія ў Навагрудку, куды таксама пераязджае частка выкладчыкаў і навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі.

Цікавасць уяўляюць і звесткі пра тое, што не спраўдзіліся спадзяванні беларусаў на дружалюбныя адносіны з літоўцамі, бо ў Вільню і яе ваколіцы наехалі жэмайцкія літоўцы, якія занялі кіруючыя пасады. Яны не разумелі рэальных узаемаадносін паміж насельніцтвам Віленшчыны. У выніку не была адкрыта ні адна беларуская школа, хоць намаганнямі А. Станкевіча і А. Клімковіча былі адкрыты першыя клася беларускай гімназіі. Польскія школы пачалі пераўтварацца ў літоўскія.

Многія з беларускай інтэлігенцыі, як і раней, заставаліся беспрацоўнымі, хапаліся хоць за нейкую работу. Так, прыбіральшчыкам у беларускай гімназіі быў беларус — магістр права і грамадскіх навук. Пра аўтаномію Віленскай зямлі з яе рознымі мовамі і спецыфічнымі адносінамі нельга было і гаварыць. „Усё гэта карэннае насельніцтва адчувала як свайго роду акупацыю”14.

З уваходам Літвы ў склад СССР у другой палове 1940 г. у беларускага насельніцтва адраджаюцца спадзяванні на адкрыццё беларускіх школ, тым больш што савецкія органы робяць у гэтым накірунку некаторыя захады. Але перашкодзіла вайна.

Падчас нацысцкай акупацыі на беларускамоўнае насельніцтва Віленшчыны абрынуліся рэпрэсіі — спачатку з боку ранейшых жэмайцкіх паліцэйскіх, якія наводзілі на мясцовае насельніцтва карныя нямецкія атрады і сцвярджалі, што ўсе беларусы — прыхільнікі савецкай улады, а затым і аддзелаў Арміі Краёвай. У матэрыяле прыводзяцца канкрэтныя прыклады падпалу вёсак, арыштаў і забойстваў беларускіх дзеячаў культуры і проста сялян-беларусаў. Адзначаюцца супярэчлівыя адносіны да спроб аднаўлення дзейнасці Віленскай беларускай гімназіі з боку нямецкай адміністрацыі, якая рабіла стаўку на падтрымку сваёй палітыкі літоўцамі.

Не застаўся не заўважаным у беларускай гістарыяграфіі і артыкул польскага даследчыка Яна Ежы Мілеўскага Заходняя Беларусь: да пытання тэрыторыі і насельнцітва15, у якім ставіцца важнае для беларускіх і польскіх навукоўцаў пытанне — вызначыць тэрыторыю паўночна-ўсходніх зямель ІІ Рэчы Паспалітай, бо, як адзначае аўтар, „тэрміны «Заходняя Беларусь», «Усходняя Літва», «паўночна-ўсходнія крэсы» разумеюцца ў асобных краінах па-рознаму”16.

Я. Мілеўскі адзначае, што нават сярод беларускіх гісторыкаў няма адзінства пры вызначэнні тэрміна „Заходняя Беларусь”, яны маюць на ўвазе адны і тыя ж тэрыторыі. Я. Мілеўскі прапануе вызначыць пад гэтым паняццем тэрыторыю былога Віленскага, Навагрудскага, Палескага ваяводстваў, а таксама Гордзенскага і Ваўкавыскага паветаў Беластоцкага ваяводства агульнай плошчай 97 тыс. кв. км17. Ён адзначае, што неабходна больш крытычна падыходзіць да падлікаў колькасці насельніцтва па этнічна-веравызнавальнай прыкмеце, пры гэтым абапірацца трэба перш за ўсё на першакрыніцы, але разам з тым крытычна ставіцца да іх. Заслугоўвае ўвагі і аналізу з боку беларускіх даследчыкаў і артыкул прафесара Гданьскага універсітэта Анджэя Хадубскага, у якім паняцце „ўскраіны” („крэсы”) аналізуецца з пункту гледжання развіцця цывілізацый18.

60-гадовы юбілей далучэння Заходняй Беларусі да СССР адзначаўся ў верасні 1999 г. на высокім дзяржаўным узроўні. Прайшлі ўрачыстыя сходы, канцэрты, навуковыя канферэнцыі і чытанні ў сталіцы рэспублікі, абласных і раённых цэнтрах, падрыхтаваны кнігі, зборнікі матэрыялаў і дакументаў, прысвечаныя юбілею. Галоўны лозунг святкавання: „Беларускі народ — адзіная сям’я”.

17-18 верасня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылася міжнародная навукова-тэарэтычная канферэнцыя „Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: гісторыя і сучаснасць (да 60-годдзя ўз’яднання)”. На канферэнцыі абмяркоўваліся наступныя праблемы:

— гістраычны шлях развіцця заходніх зямель Беларусі;
— Беларусь у геапалітыцы Польшчы і Расіі;
— этнасацыяльная і дэмаграфічная структура насельніцтва заходняга рэгіёна Беларусі;
— нацыянальна-вызваленчы і рэвалюцыйны рух у Заходняй Беларусі пасля Рыжскага дагавору 1921 года, нацыянальная самасвядомасць і канфесіянальная прыналежнасць: праблема самаідэнтыфікацыі асобы заходняга і ўсходняга рэгіёна Беларусі;
— 1939 год у лёсе беларускага народа;
— беларуска-польскае памежжа: гістарычныя традыцыі, культурнае развіццё;
— гістарыяграфія і крыніцазнаўства заходняга рэгіёна Беларусі.

Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтаваны зборнік артыкулаў і дакументаў Назаўсёды разам (да 60-годдзя ўз’яднання беларускага народа). Матэрыялы гэтага зборніка, матэрыялы канферэнцый, „круглых сталоў” у Мінску, Брэсце, Гродне — значны ўклад у беларускую гістарыяграфію гісторыі Заходняй Беларусі.

Напярэдадні юбілею выйшаў з друку шэраг артыкулаў у рэспубліканскіх часопісах. Сярод іх варта адзначыць артыкулы А. Мацко і С. Кабяка Нелегкая дорога к единению19, У. Ладысева Ваенныя падзеі верасня 1939 года ў лёсе беларускага народа20, Н. Улейчык Фарміраванне савецкай інтэлігенцыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939-1950 гг.)21, М. Сямёнчыка Пытанні рабочага руху ў Заходняй Беларусі 1921-1939 гг. у польскай гістарыяграфіі22. У артыкуле А. Мацко і С. Кабяка адзначаецца актыўная работа КПЗБ і КСМЗБ па разгортванні нацыянальна-вызваленчага руху, раскрываецца механізм роспуску КПП, які быў запушчаны яшчэ ў 1937 г., калі па ініцыятыве І. Сталіна з’явіўся праект пастановы Выканкама Камінтэрна аб роспуску КПП. Пачалася работа па ліквідацыі яе структур, хоць афіцыйнае рашэнне Прэзідыума ВККІ было прынята 16 жніўня 1938 г. Ад сябе зазначым, што да гэтага часу пярвічныя арганізацыі КПП і КПЗБ практычна ўжо былі распушчаны. У артыкуле У. Мацко і С. Кабяка прыводзяцца раней малавядомыя звесткі аб рашэнні Сакратарыята ВККІ ад мая 1939 г. стварыць Часовы кіруючы цэнтр КПП, які павінен быў падрыхтаваць з’езд партыі, адрадзіць яе. Аднак гэта рашэнне не было выканана.

У цэлым станоўча ацэньваючы дзейнасць органаў Савецкай улады пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, аўтары адзначаюць недахопы ў дзеянні мясцовых органаў, у прыватнасці, у правядзенні хлебанарыхтовак, у падатковай палітыцы, калектывізацыі, ссяленні хутароў, недавер з боку партыйных органаў да былых членаў КПЗБ і мясцовага насельніцтва. На 1 сакавіка 1941 г. было адноўлена ў Камуністычнай партыі толькі 46 былых членаў КПП, КПЗБ і прынята ў заходніх абласцях кандыдатамі ў члены КП(б)Б 45 чалавек з мясцовага насельніцтва.

У артыкуле У. Ладысева аналізуюцца падзеі канца 30-х гадоў, якія і сёння неадназначна ацэньваюцца ў беларускай і польскай гістарыяграфіі. Адзначаецца, што, паводле новых даных, якія адрозніваюцца ад ранейшых афіцыйных, страты войск Беларускага фронту падчас паходу ў Заходнюю Беларусь склалі 996 чалавек забітымі і 2002 параненымі. У перыяд з 17 па 30 верасня войскі фронту захапілі ў палон ці, дакладней сказаць, інтэрніравалі і раззброілі 60 202 польскіх вайскоўцаў, сярод іх 2066 афіцэраў23.

Аўтар засяроджвае ўвагу на тым, што ў гістарычнай літаратуры Беларусі распаўсюджаны тэзіс, што менавіта Часовае ўпраўленне г. Беластока 5 кастрычніка звярнулася да ўсіх часовых упраўленняў на тэрыторыші Заходняй Беларусі з прапановай склікаць Народны сход для вырашэння асноўных пытанняў дзяржаўнага ладу. Аднак гэта не адпавядае сапраўднасці. Рашэнне аб часе і месцы склікання Народнага сходу Заходняй Беларусі было прынята 1 кастрычніка 1939 г. у Маскве на пасяджэнні Палітбюро ЦК УКП(б)24.

Адзначаецца, што пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР з’явілася шмат станоўчага, аднак былі і негатыўныя з’явы. Для жыхароў было незразумелым, чаму падчас выбараў вылучаўся толькі адзін кандыдат, навошта забаронена дзейнасць іншых партый, акрамя камуністычнай, чаму ў адносінах да вызваленага народа пачаліся рэпрэсіі.

Н. Улейчык разглядае асаблівасці фарміравання савецкай інтэлігенцыі ў Заходняй Беларусі ў 1939-1950 гг. Асвятляюцца асноўныя формы і метады вырашэння гэтай прабелмы, выяўляюцца фактары, якія ўплывалі на змяненне колькасці і сацыяльнага складу інтэлігенцыі, яе ідэйных поглядаў.

М. Сямёнчык на аснове аналізу польскай манаграфічнай літаратуры выдзяляе асноўныя храналагічня перыяды вывучэння польскімі гісторыкамі гісторыі рабочага руху ў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Аўтар адзначае, што неабходна шырока, але разам з тым крытычна выкарыстоўваць работы польскіх даследчыкаў, паколькі многія з іх маюць тэндэнцыі да суб’ектывізму.

З мемуарнай літаратуры, якая выйшла напярэдадні 60-годдзя ўз’яднання неабходна адзначыцць кнігу Васіля Пятровіча Ласковіча Из племени непокоренных25. Член КСМЗБ з 1929 г., член КПЗБ, ганаровы грамадзянін Брэста, В. Ласковіч для Брэста — чалавек-легенда. Ён некалькі разоў арыштоўваўся польскай паліцыяй, быў прыгавораны да 10 гадоў зняволення. Актыўны ўдзельнік устанаўлення савецкай улады ў Заходняй Беларусі, В. Ласковіч быў у пачатку Вялікай Айчыннай вайны рэпрэсіраваны і сасланы ў Сібір, затым рэабілітаваны і накіраваны ў спецшколу па падрыхтоўцы партызан і разведчыкаў. Узнагароджаны 4 ордэнамі і 12 медалямі. Безумоўна, на ўспаміны наклалі адбітак час станаўлення, жыццёвы шлях аўтара, яго ідэйныя меркаванні, аднак у кнізе ёсць многа цікавага фактычнага матэрыялу пра жыццё палітычных зняволеных у польскіх турмах.

З матэрыялаў, змешчаных у рэспубліканскіх газетах, варта адзначыць інтэрв’ю дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэміка М. Касцюка Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву, якое пад назвай Путь к единению был тернистым было надрукавана ў газеце „Рэспубліка”. У ім перасочваюцца асноўныя вехі гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай ад Рыжскага дагавору да 1939 года. Калі раней пытанні ўзброенай барацьбы на заходнебеларускіх землях у першай палове 20-х гадоў падаваліся як стыхійнае імкненне мас да барацьбы супроць польскіх улад, як вынік іх самаарганізацыі, то цяпер, адзначае М. Касцюк, „не з’яўляецца сакрэтам, што ў разгортванні партызанскай барацьбы на заходнебеларускай тэрыторыі ў першай палове 20-х гадоў важнае значэнне мела кадравая і матэрыяльная дапамога з боку ўрадаў БССР і СССР”26. Робіцца параўнальны аналіз эканамічнага і сацыяльна-палітычнага развіцця Заходняй Беларусі і БССР. М. Касцюк адзначае, што „ўз’яднанне беларускага народа восенню 1939 года з’явілася адным з важных крокаў на шляху да незалежнай, суверэннай дзяржавы, у першую чаргу ў тым сэнсе, што абсалютная большасць беларусаў стала жыць на тэрыторыі непадзеленай дзяржаўнымі межамі”27.

Грунтоўным у пастаноўцы праблем і аргументацыі поглядаў аўтара з’яўляецца артыкул Л. Лыча Пад адным дахам28. Асаблівую ўвагу ён надае праблемам паланізацыі і русіфікацыі ў галіне эканомікі, адукацыі і культуры.

Аўтар адзначае, што пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у ёй хутка ўдалося спыніць працэс паланізацыі, таму што ў той час за нацыянальную сістэму адукацыі змагаліся не асобныя групы інтэлігенцыі, а дзяржава, вялася глыбока прадуманая растлумачальная праца ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. У той жа час ствараліся спрыяльныя ўмовы для адукацыі польскага, рускага, яўрэйскага насельніцтва на іх роднай мове.

Л. Лыч адзначае, што рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў найбольш свядомай беларускай інтэлігенцыі былі абумоўлены і тым, што партыйныя і савецкія органы баяліся іх як змагароў за беларускую нацыянальную ідэю. Гэта было небяспечна для новага рэжыму, які імкнуўся закласці ў падмурак сваёй палітыкі ідэі пралетарскага інтэрнацыяналізму. Аўтар грунтоўна аналізуе супярэчнасці ў культруна-нацыянальнай палітыцы, паказвае, што партыйныя і савецкія органы імкнуліся ўлічваць асаблівасці заходняй Беларусі і гэта ўскосна ўплывала на культурную і адукацыйную палітыку ва ўсходніх абласцях БССР.

Робіцца вывад, што „пры ўсіх хібах савецкай таталітарнай сістэмы кіравання грамадствам, што адразу адчувалася і на заходнебеларускіх землях, абсалютная большасць іх насельніцтва ўсё ж перажывала вялікую радасць ад дзяржаўна-палітычнага аб’яднання з БССР. Людзей не пакідала вера, што рана ці позна і іх любая старонка здабудзе для сябе поўны дзяржаўны суверэнітэт, трывала стане на шлях незалежнага нацыянальнага развіцця, якім ішлі, ідуць і будуць ісці ўсе цывілізаваныя народы”29.

Між тым, на наш погляд, як і раней, у беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду больш грунтоўнага вывучэння патрабуюць наступныя праблемы:

— стварэнне механізма фарміравання партызанскіх атрадаў у тыле польскіх войск напярэдадні 17 верасня і падчас наступання Чырвонай Арміі, крыніцы іх узбраення, камандны і нацыянальны склад, эфектыўнасць іх баёў з польскімі войскамі, паліцыяй і польскімі добраахвотнікамі;
— адносіны розных катэгорый насельніцтва Заходняй Беларусі да савецкай улады ў 1939 і ў 1940-1941 гг.;
— механізм стварэння часовых, а затым пастаянных органаў савецкай улады, склад кіруючых органаў розных ступеняў па нацыянальнасці, узроўні адукацыі, сацыяльным паходжанні, рэлігійнай і ідэалагічнай арыентацыі;
— узаемаадносіны паміж мясцовым насельніцтвам і накіраванымі сюды з усходніх абласцей БССР кадрамі партыйных, савецкіх, камсамольскіх работнікаў, т.зв. „усходнікамі”;
— рэальнае стаўленне заходнебеларускага насельніцтва да палітыкі калектывізацыі, эфектыўнасць скарыстання маёмасці памешчыкаў для гэтай мэты, метады змагання савецкай улады і сялян з памешчыкамі, асаднікамі і кулацтвам;
— адпаведнасць новай дзяржаўнай мяжы і адміністрацыйнага падзелу нацыянальнай структуры насельніцтва тых ці іншых рэгіёнаў;
— суадносіны паміж працэсам „саветызацыі” і „русіфікацыі” ў Заходняй Беларусі;
— адпаведнасць падатковай і цэнавай палітыкі рэальным эканамічным магчымасцям насельніцтва Заходняй Беларусі;
— палітыка ў галіне абароны заходніх рубяжоў і, у прыватнасці, стварэнне новай абарончай лініі ўздоўж дзяржаўнай мяжы;
— працэс увядзення савецкага заканадаўства ў заходніх абласцях і адпаведнасць рэпрэсій супроць насельніцтва заканадаўчым актам СССР і міжнароднаму праву;
— колькасць рэпрэсіраваных органамі савецкай улады па нацыянальным, сацыянальным, рэлігійным складзе;
— колькасць загінуўшых беларусаў у вайне Польшчы з Германіяй, колькасць беларусаў сярод 450 тыс. палонных салдат польскай арміі.

У заключэнне хачу звярнуць увагу на яшчэ адну супярэчнасць пры ацэнцы такіх падзей жніўня — верасня 1939 гг., як заключэнне пакта Рыбентропа—Молатава, напад Германіі на Польшчу і паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. З аднаго боку, гэта ключавыя падзеі ў разгроме Польшчы і падзеле сфер уплыву паміж СССР і Германіяй у Цэнтральнай Еўропе. З другога боку, вяртанне Заходняй Беларусі ў склад БССР і СССР — гэта акт гістарычнай справядлівасці, пераадоленне таго насілля, якое было ўчынена да беларускага народа ў сувязі з заключэннем Рыжскага мірнага дагавору. Таму лічу, што розныя погляды беларускіх і польскіх гісторыкаў на гэтыя падзеі непазбежныя, але нельга дапускаць палітычных спекуляцый, якія могуць прывесці да абвастрэння адносін паміж нашымі народамі.

Нам трэба рабіць усё, каб гісторыя была настаўніцай жыцця, а не інструментам палітыканства і сварак.

Streszczenie

Dzieje Zachodniej Białorusi we współczesnej historiografii białoruskiej w dużej mierze przedstawiane są zależnie od aktualnej koniunktury politycznej. Generalnie jednak dominuje w tym spojrzeniu białoruski narodowy punkt widzenia. KPZB we współczesnej historiografii wyrosła na główną siłę białoruskiego ruchu narodowo-wyzwoleńczego. Inne partie niekomunistycznej orientacji pozostają zdecydowanie na drugim planie. Niekiedy pojawiają się prace odbiegające od utartych schematów, przedstawiające złożoność procesów politycznych na tym obszarze, lecz są to głównie artykuły drukowane dla wąskiego kręgu czytelników, nie mające bezpośredniego wpływu na kształtowanie świadomości historycznej społeczeństwa białoruskiego.


1 W. Kusznier, Wybrane problemy stosunków białorusko-polskich w latach 1920-1944 we współczesnej historiografii białoruskiej, [w:] Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej w latach 1939—1941, Warszawa 1995, s. 9-16.
2 У. Ладысеў, Цяжкі шлях выпрабаванняў, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1994, № 1, с. 81-88.
3 А. Хацкевіч, Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939-1941 гг.), „Беларускі гістарычны часопіс”, 1994, № 1, с. 89-94; № 2, с. 70-76.
4 А. Хацкевіч, Змагаліся разам, затым пасварыліся, „Мінская праўда”, 08.09.1992; Ён жа, Ведаю — не ўсё было так, „Мінская праўда”, 21.11.1992; Ён жа, Армія Краёва: што мы пра я ведаем, „Звязда”, 30.04.1993; Ён жа, Аб раззбраенні груповак Арміі Краёвай у Нарачанскай і Налібоцкай пушчах (1943-1944), „Беларускі гістарычны часопіс”, 1996, № 1, с. 96-105; № 3, с. 44﷓55.
5 А. Хацкевіч, Армія Краёва: што мы пра яе ведаем, „Звязда”, 30.04.1993.
6 W. Kusznier, Wybrane problemy stosunków białorusko-polskich w latach 1920-1944, s. 14-15; А. Літвін, Армія Краёва на Беларусі. Да праблемы вывучэння, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1994, № 1, с. 65-73.
7 М. Гнатоўскі, Аб стане даследавання гісторыі і дзейнасці Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1995, № 1, с. 51-56.
8 У. Адамушка, Ігнат Дварчанін — рэвалюцыянер, гісторык, паэт, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1993, № 3, с. 113-118; Ён жа, Язэп Амяльянавіч Гаўрылік, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1995, № 2, с. 174-182.
9 У. Ладысеў, Іосіф Каэтанавіч Лагіновіч: нарыс жыцця і палітычнай дзейнасці, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1996, № 3, с. 149-159; № 4, с. 164-175.
10 В. Кушнер, Характар гартаваўся ў барацьбе (да 100-годдзя з дня нараджэння У. З. Царука), „Беларускі гістарычны часопіс”, 1999, № 4, с. 84-89.
11 У. Ладысеў, Выпрабаванне жыццём і часам. Да 75-годдзя ўтварэння і дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1998, № 4, с. 36-45.
12 А. Вабішчэвіч, Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.), „Беларускі гістарычны часопіс”, 1994, № , с. 38-46; Ён жа, Таварыства беларускай школы, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1997, № 1, с. 86-99.
13 Летапіс Віленскай беларускай гімназіі. 1919-1944, „Спадчына”, 1999, № 1, с. 2-60.
14 Там жа, с. 42
15 Я. Е. Мілеўскі, Заходняя Беларусь: да пытання тэрыторыі і насельніцтва, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1998, № 3, с. 40-42.
16 Там жа, с. 40.
17 Там жа.
18 А. Хадубскі, Інтэрпрэтацыя паняцця „ўскраіны” з пункту гледжання развіцця цывілізацый, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1999, № 4, с. 20-28.
19 А. Мацко, С. Кобяк, Нелегкая дорога к единению, „Беларуская думка”, 1999, № 8, с. 87-94.
20 У. Ладысеў, Ваенныя падзеі верасня 1939 года ў лёсе беларускага народа, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1999, № 3, с. 3-11.
21 Н. Улейчык, Фарміраванне савецкай інтэлігенцыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939-1950 гг.), „Беларускі гістарычны часопіс”, 1999, № 3, с. 12-14.
22 М. Сямёнчык, Пытанні рабочага руху ў Заходняй Беларусі. 1921-1939 гг. у польскай гістарыяграфіі, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1999, № 3, с. 15﷓17.
23 У. Ладысеў, Ваенныя падзеі верасня 1939 года ў лёсе беларускага народа, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1999, № 3, с. 6.
24 Там жа, с. 10.
25 В. П. Ласковіч, Из племени непокоренных, Брест 1999.
26 М. Касцюк, Уз’яднанне беларускага народа — гістарычная падзея на яго шляху, „Звязда”, 15.09.1999.
27 Там жа.
28 Л. Лыч, Пад адным дахам, „Літаратура і мастацтва”, 17.09.1999, с. 5, 12.
29 Там жа, с. 12.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія