|
Паход Чырвонай Арміі на Захад у верасні 1939 года: погляд з Усходу
Рыгор Лазько
(Гомель)
У выніку падзей, якія пачаліся 17 верасня 1939 г., не толькі злучыліся дзве часткі аднаго народа — адбылася сустрэча двух светаў, двух розных ладаў жыцця. У сувязі з гэтым важнай задачай гістарыяграфіі з’яўляецца вывучэнне адносін насельніцтва Савецкай Беларусі да гэтых падзей. Гэта праблема цікавая з розных прычын. Яе вывучэнне дазваляе, у прыватнасці, лепш зразумець ступень падпарадкавання грамадства таталітарнаму рэжыму, маштаб дэфармацый нацыянальнай свядомасці беларусаў у выніку тэрору супраць беларускіх нацыянальных сіл, і, нарэшце, ступень гатоўнасці савецкай сістэмы да ўжо блізкага ваеннага выпрабавання.
Разглядаючы гэту праблему, мы мусім браць пад увагу, што стаўленне насельніцтва Савецкай Беларусі (гаварыць аб грамадстве будзе не надта дакладна ў гэтым гістарычным кантэксце) да так званага паходу Чырвонай Арміі на Захад складвалася ў рэчышчы тых працэсаў, якія развіваліся яшчэ да верасня і пад іх моцным уплывам. Што ж гэта за працэсы?
На ХVІІІ з’ездзе УКП(б), як вядома, была пастаўлена задача завяршыць пабудову сацыялізму ў СССР і перайсці да будаўніцтва камунізму. У тэрмінах сучаснай паліталогіі гэта азначала завяршэнне фарміравання таталітарнага грамадства. У Савецкай Беларусі на шляху да вырашэння гэтай задачы стаяла такая праблема, як незавершанасць калектывізацыі і наяўнасць вялікай колькасці хутароў і дробных пасёлкаў (ва ўсходніх абласцях БССР яны складалі амаль 20% агульнай колькасці сялянскіх двароў1). Прыклад гэтых сялян, якія жылі побач з калгаснікамі, але больш заможна, бо вялі сваю гаспадарку лепш, чым яны, быў пастаянным фактарам трывогі для савецкай улады. Таму 1939 год прайшоў у Савецкай Беларусі пад знакам чарговай кампаніі — ссялення хутаран у калгасныя вёскі. Як паведамляе савецкая пяцітомная „Гісторыя БССР” (т. 4, с. 31), за 1939-1940 гг. звыш 160 тыс. сем’яў хутаран перасяліліся ў калгасныя цэнтры. Перасяленне праводзілася варварскімі метадамі. Вышэйшыя партыйныя і савецкія інстанцыі „спускалі ўніз” планы ссялення, а мясцовыя ўлады стараліся іх перавыканаць. Наркам унутраных спраў БССР Лаўрэнцій Цанава паведамляў першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнку, што да 20 верасня 1939 г. план ссялення з хутароў па рэспубліцы быў ужо перавыкананы на 19%: перасялілі сем’і са 110 118 хутароў, а планавалася перасяліць з 93 тысяч2. Людзей прымушалі перасяляцца, здзіраючы стрэхі і столь з іх дамоў, разбураючы печы. У сакрэтных данясеннях НКУС першаму сакратару ЦК КП(б)Б прыводзіцца мноства такіх фактаў 3.
Лічачы галоўнай сваёй задачай у гэтай кампаніі ссяленне, ліквідацыю хутароў, мясцовыя ўлады дрэнна клапаціліся аб адбудове разбураных дамоў на новых месцах. Той жа Цанава паведамляў, што да 20 верасня 1939 г. было адбудавана толькі 73%, а па асобных раёнах — каля 50% дамоў са сселеных хутароў. Перавезеныя бярвенні, цэгла з печаў, іншая маёмасць падоўгу заставаліся пад адкрытым небам, псаваліся, раскрадаліся. Іншыя сяляне, упарта адмаўляючыся перасяляцца, заставаліся жыць у раскрытых хатах, сенцах, хлявах, выкапаных імі зямлянках. Усё гэта адбывалася на вачах усёй рэспублікі і моцна ўплывала на псіхалагічную атмасферу ў ёй у момант, калі пачынаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.
Іншы фактар, які моцна ўплываў на фарміраванне настрояў у гэты час, праявіўся крыху пазней, пад канец восені, калі значна пагоршылася забеспячэнне насельніцтва хлебам. Пры ўраджайнасці зернявых па рэспубліцы ў 1939 г. каля 6-7 ц/га, росце гарадскога насельніцтва, пры разбурэнні на працягу лета часткі самастойных гаспадарак, гэта праблема непазбежна ўзнікла б і ў нармальнай, спакойнай абстаноўцы, як яна ўзнікала і раней. Аднак мабілізацыя ў войска вялікай колькасці мужчын у верасні 1939 г. паскорыла яе выспяванне і надала ёй драматычныя маштабы. Адразу ж пасля пачатку частковай мабілізацыі органы НКУС паведамлялі ў партыйныя інстанцыі, што насельніцтва кінулася скупляць хлеб, соль, цукар, гэтыя прадукты амаль што зніклі з продажу. Людзі баяліся, што пачнецца вайна, а разам з ёю і голад 4. Гэта адбывалася яшчэ да пераходу Чырвонай Арміяй савецка-польскай граніцы. У пазнейшых данясеннях прыводзяцца факты, як людзі, выстойваючы ў чэргах за хлебам, пры яго з’яўленні ў крамах б’юць вокны, ламаюць прылаўкі, жадаючы ўхапіць які бохан5.
Як сведчаць вывучаныя на сённяшні дзень матэрыялы, у сувязі з паходам Чырвонай Арміі на Захад восенню 1939 г. увагу насельніцтва Савецкай Беларусі прыцягвалі наступныя праблемы: мабілізацыя запасных, а праз тыдзень-другі і навабранцаў; дзеянні Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі, перспектыва ўцягвання СССР у вялікую вайну; паводзіны савецкага начальства ў Заходняй Беларусі; праблема бежанцаў з Польшчы, якіх размяшчалі ва ўсходніх абласцях Беларусі. Гэтыя ж праблемы знаходзіліся ў цэнтры ўвагі і беларускага кіраўніцтва. Таму паспрабуем прасачыць фарміраванне настрояў насельніцтва Савецкай Беларусі, прывязваючыся да гэтых найбольш займаўшых яго праблем. Крыніцамі для выкладзеных ніжэй ацэнак і заўваг служылі, галоўным чынам, матэрыялы так званага „асобага сектара” ЦК КП(б)Б, часткова былога партыйнага архіва Гомельскай вобласці.
Як сведчаць гэтыя матэрыялы, з самага пачатку ў адносінах насельніцтва да падзей, што адбываліся на захад ад рыжскай мяжы, не назіралася адзінства. З вялікім энтузіязмам паставілася да паходу Чырвонай Арміі на Захад партыйная і савецкая наменклатура. Тыповай для яе была рэакцыя мінскага гарадскога партыйнага актыву на выступленне першага сакратара ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкі на яго сходзе 12 кастрычніка6. Аповед партыйнага кіраўніка аб трыумфальнай сустрэчы Чырвонай Арміі насельніцтвам Заходняй Беларусі, аб яе сіле („пяхота не адставала ад кавалерыі”), аб першых рэвалюцыйных пераўтварэннях увесь час перапыняўся воплескамі і ажыўленнем у зале. Такая рэакцыя не здзіўляе. Людзям, далучаным да ўлады, прыемна было адчуваць, што іх улада пашыраецца на новыя тэрыторыі, што сіла СССР расце. Да таго ж асобныя з гэтых людзей ужо рыхтаваліся ў дарогу, каб заняць кіруючыя пасады ў Заходняй Беларусі.
Каб зразумець, як складвалася стаўленне да гэтых падзей асноўнай масы насельніцтва, неабходна вярнуцца да іх пачатку. Увечары 6 верасня абласныя ваенкаматы атрымалі папярэджанне аб маючый адбыцца частковай мабілізацыі ваеннаслужачых запасу. Яна пачалася 7 верасня пад выглядам мабілізацыі на вучэбныя зборы7. Праводзілася надзіва неарганізавана. Адразу выяснілася, што ваенкаматамі дрэнна наладжаны ўлік ваеннаабавязаных, аўтатранспарту і коней. Было мноства выпадкаў, калі позвы (павесткі) прыносіліся на людзей, якія даўно выбылі з раёнаў або былі зняты з уліку як непрыгодныя да службы. У шэрагу выпадкаў тым самым ваеннаабавязаным прыносілі позвы па некалькі разоў, хаця яны ўжо знаходзіліся „на зборах”. У Чэрвеньскім раённым ваенкамаце, напрыклад, каля паловы позваў не было ўручана з-за выбыцця прыпісаных да яго запасных. У Мазыры па гэтай прычыне з 890 павестак было ўручана толькі 650, але затое 93 чалавекі атрымалі іх двойчы. У дакументах адзначаецца шэраг выпадкаў ухілення ваеннаабавязаных ад мабілізацыі, з’яўленне на прызыўныя пункты п’янымі і г.д. Не лепшымі былі справы з мабілізацыяй коней, аўтатранспарту. Нарады на пастаўку коней выконваліся на 60-65%. Старшыні калгасаў нярэдка стараліся аддаць у войска збракаваных коней. Тое ж было і з аўтатранспартам. На спецыяльнай нарадзе сакратароў райкамаў партыі Палескай вобласці, на якой абмяркоўваўся ход мабілізацыі, сакратар абкама Маркін быў вымушаны прызнаць, што кіраўнікі асобных арганізацый „аўтамабілі не здавалі, а калі ж здавалі, то старыя і без запасных частак”8. Супрацоўнікі аблваенкамата і партыйныя работнікі перакладвалі віну за гэта адзін на другога. Тое ж адбывалася і ў іншых абласцях.
Гэтая неразбярыха не заканчвалася і пасля адпраўкі мабілізаваных у вайсковыя аддзелы. Там яны падоўгу заставаліся без ежы, здараліся выпадкі, калі іх адпраўлялі дахаты, а потым прызывалі ізноў9.
Дрэнная арганізацыя мабілізацыі прывяла да вялікай неўкамплектаванасці вайсковых аддзелаў, якія выходзілі на зыходныя пазіцыі. 18 верасня Л. Цанава паведамляў аб гэтым П. Панамарэнку. У вайсковую частку 5889, як дакладваў Цанава, з асобных ваенкаматаў з’явілася толькі 13-20% запасных. На 12 верасня сюды не з’явілася 2047 чалавек з 11 978 (20%), не было дастаўлена 1063 кані з 3785 (30%) і 174 аўтамабілі з 254 (75%). У гэтым данясенні прыводзіцца вялікі пералік лічбаў, якія сведчаць аб неўкамплектаванасці розных вайсковых аддзелаў людзьмі, тэхнікай, узбраеннем. Прывядзем толькі некалькі найбольш уражваючых з iх. 11 верасня на зыходныя пазіцыі выйшла батарэя 37-га стралковага палка, у якой замест 6 гармат па штаце было толькі 4, з іх адна няспраўная. А прыпісаныя да яе чырвонаармейцы не мелі вінтовак „ввиду отсутствия ремней”. У вайсковым аддзеле № 4015 з усяго папаўнення было абмундзіравана толькі 250 чалавек, а для астатніх, гаварылася ў дакуменце, „совершенно нет брюк и головных уборов, в результате чего возникают отрицательные настроения”10.
Так, ход і вынікі мабілізацыі не маглі ўзняць настрой ні мабілізаваным, ні цывільнаму насельніцтву. Негатыўна ўплывала на фарміраванне настрояў і няведанне мэтаў мабілізацыі, ішоўшай на фоне вайны, што разгаралася зусім побач, на захад ад дзяржаўнай граніцы. Пэўнай мяжой у фарміраванні настрояў стаў дзень уступлення савецкіх войск у Заходнюю Беларусь. Ён не змяніў іх карэнным чынам, але надаў ім большую вызначанасць, прадметнасць. Цяпер стала ясна, дзеля чаго праводзілася мабілізацыя. Да 17 верасня агульнай нотай масавых настрояў была трывога наконт магчымасці вялікай вайны, якой магла быць толькі вайна з Германіяй. Гэта нота гучала, як быццам і не было дагавору аб ненападзенні ад 23 жніўня. У адным з паведамленняў начальніка Упраўлення рабоча-сялянскай міліцыі НКУС БССР адзначалася: „Насельніцтва (менавіта так — Р. Л.) выказвае меркаванне (...), што Германія заключыла дагавор з СССР проста дзеля таго, каб увесці СССР у зман і потым напасці на СССР” 11. Можна меркаваць, што большасць насельніцтва ўспрымала пагрозу такой вайны, якая здавалася ўжо блізкай, як набліжэнне бяды, няшчасця. Пазіцыю гэтай часткі насельніцтва можна ацэньваць, галоўным чынам, на падставе ўскосных даных — таго ж ажыятажнага попыту на прадукты харчавання. Настроі гэтай большасці насельніцтва ў дакументах НКУС характарызуюцца як „у асноўным здаровыя”, а водзывы аб падзеях з гэтага боку як „станоўчыя”12. Да гэтай большасці прымыкалі, не зліваючыся з ёю, настаўнікі з гарадскіх школ і студэнты старшых курсаў педагагічных навучальных устаноў, якім прапанавалася ехаць у вёску, каб замяніць прызваных у войска сельскіх настаўнікаў. У масавым парадку яны ўхіляліся ад гэтага „ганаровага задання” партыі. З боку настаўнікаў найчасцей сустракаліся таксама і спробы ўхілення ад прызыву ў войска. Відавочна, такім чынам настаўнікі пратэставалі супраць пазбаўлення іх ільготы ў выглядзе вызвалення ад вайсковай службы, існаваўшай да 31 жніўня. Аднак іншы раз гэта пазіцыя суправаджалася крытычнымі выказваннямі палітычнага характару13.
Ад настрояў гэтай вялікай масы людзей, устрывожаных падзеямі, відавочна, баяўшыхся вайны, адрознівалася стаўленне да іх асобных груп насельніцтва, якое вызначалася палітычнымі поглядамі людзей і служыла грунтам для пэўных спадзяванняў. Дакладна, чаканне вялікай вайны звязвалася гэтымі людзьмі са спадзяваннем на карэнную перамену ўлады ў краіне, усіх існуючых у ёй парадкаў. Органы НКУС паведамлялі Бюро ЦК КП(б)Б аб „антысавецкіх” выказваннях, якія адносяцца да першай паловы верасня 1939 г.14 Вось размова паміж гаспадаром кватэры і яго кватарантам: „Германія забярэ Польшчу, а потым пойдзе на Савецкую Украіну, і будуць дурнямі людзі, калі пойдуць ваяваць і не павернуць зброю назад”. Суразмоўца згаджаецца: „Горш жыць не будзем, чым зараз жывём (...), а можа нам будзе лепш”. Выказванне, зафіксаванае ў чарзе каля гародніннага ларка ў г. Калінкавічы: „Калі б да вечара перамянілася савецкая ўлада, тады б не было чэргаў і можна было б усяго купіць свабодна”. Чалавек на падпітку звяртаецца да групы прызыўнікоў, якія чакаюць адпраўкі ў войска: „Сяляне, паслухайце мяне, за што мы ідзем ваяваць? Савецкая ўлада нас мучыць, мы самі галадаем і сем’і застаюцца галадаць”. А вось зварот сялянкі, раней судзімай, да сваіх аднавяскоўцаў, якіх прымушаюць перавозіць хату хутараніна: „Гэта вораг стварыў такі закон, каб рабаваць людзей, — гаворыць яна. — Гэтыя прысланыя сабакі разбураюць дамы і нас прымушаюць перавозіць; а ну ж, калі гэтая ўлада пераменіцца, дык што вы думаеце, што Шаўлюкоў (хутаранін — Р. Л.) вам не адпомсціць?”15
Нельга не заўважыць, што такія выказванні фіксаваліся ў розных месцах і ў розных акалічнасцях: на гарадской кватэры, у чарзе каля харчовага ларка, у вёсцы пры ссяленні хутараніна, на зборным пункце мабілізаваных і г.д. Аўтары гэтых выказванняў — людзі рознай сацыяльнай прыналежнасці: калгаснікі, аднаасобнікі, грузчык спіртзавода, пенсіянер. Можна сказаць — гэта людзі з чэргаў.
Прасочваючы далейшы ход падзей, звязаных з уступленнем Чырвонай Арміі ў Польшчу, можна выдзеліць некалькі сацыяльных груп, рэакцыя якіх на гэты паход мела палітычна найбольш выражаны і востры характар. Гэта, перш за ўсё, хутаране, якіх ссялялі ў гэты час, і наогул сяляне-аднаасобнікі; уцалелыя пасля рэпрэсій члены сямей асуджаных грамадзян; адзінкавыя прадстаўнікі ўжо амаль цалкам прыдушанай інтэлігенцыі; прадстаўнікі ў той час ужо малалікай групы грамадзян польскай нацыянальнасці; асколкі былых „эксплуататарскіх класаў” (калі можна лічыць такімі, напрыклад, былога гандляра мясам або былога дзеншчыка). На крышталізацыю настрояў гэтых груп насельніцтва паўплывала ўступленне Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, яе дзейнасць там, падпісанне 28 верасня СССР і Германіяй дагавору аб дружбе і граніцы. Пасля гэтых падзей магчымасць вайны з Германіяй па-ранейшаму ўлічвалася, але ўжо не разглядалася як зусім блізкая. На месца гэтых меркаванняў на першы план выйшлі ацэнкі маральнага характару ўдзелу СССР у вайне, што пачалася, і яе верагодных наступстваў.
Вернемся, аднак, да ацэнкі настрояў той большасці, якая ў час мабілізацыі праяўляла, галоўным чынам, заклапочанасць праблемай хлеба надзённага. Пэўны час пасля пераходу Чырвонай Арміяй польска-савецкай мяжы значная частка насельніцтва Савецкай Беларусі, знаходзячыся пад уплывам савецкай прапаганды, была ўпэўнена, што ў „панскай Польшчы” людзі жывуць яшчэ горш. Таму сустракаліся выказванні, як вось гэтае, што належала жыхару Мазыра Шыкрута, які паходзіў з Заходняй Беларусі: „Як я задаволены, што і на маёй радзіме будзе савецкая ўлада”16. Аднак пакрыху прасочвалася інфармацыя, якая сведчыла, што насельніцтва ў Заходняй Беларусі жыве лепш, чым у Савецкай Беларусі, а савецкія афіцэры, чырвонаармейцы, партыйныя і савецкія кіраўнікі займаюцца там рабўніцтвам. Іх аўтамабілі, нагружаныя дабром, вывезеным з Заходняй Беларусі, былі моцным прапагандысцкім сродкам, дазваляўшым людзям у Савецкай Беларусі зразумець характар гэтай вайны. Сімптаматычным было выказванне хатняй гаспадыні Кацярыны Белавусавай з Мінска: „Гавораць, што мы пайшлі вызваляць народ Заходняй Беларусі, а на самай справе чырвонаармейцы рабуюць там насельніцтва і прывозяць дамоў шмат розных рэчаў. Што больш каштоўнае з маёмасці памешчыкаў, тое нашы забіраюць і прысвойваюць”17. „Напалі на Польшчу і абрабавалі яе”, — гаварыла іншая жанчына18. Намеснік наркама ўнутраных спраў Рашэтнікаў, паведамляючы аб такіх выказваннях Панамарэнку, прыпісваў іх „контррэвалюцыйнаму элементу”, які знаходзіцца ў НКУС на ўліку. Але разам з тым, ён фактычна прызнаў справядлівасць гэтых ацэнак, прывёўшы ў сваім паведамленні шэраг фактаў „антыпартыйных учынкаў” высокіх мінскіх начальнікаў у Заходняй Беларусі, якія правакуюць „нездаровыя настроі”, садзейнічаюць распаўсюджванню „правакацыйных чутак”19. Панамарэнка загадаў „прыняць меры” да тых работнікаў, якія найбольш выдзеліліся гэтымі ўчынкамі. Пэўна, што прымаючы гэтыя захады, першы сакратар ЦК хваляваўся не аб дрэнным уплыве непрыстойных паводзін савецкіх начальнікаў на нешматлікі „контррэвалюцыйны элемент”. Іх уплыў быў значна шырэйшы. За высокімі начальнікамі сталі ірвацца ў Заходнюю Беларусь меншыя з тымі ж самымі мэтамі. Адзін з іх, камсамолец, аказаўся настолькі наіўным, што шчыра патлумачыў сваю просьбу паслаць яго ў Заходнюю Беларусь, па-першае, жаданнем атрымаць там кватэру, а па-другое — тым, што „там усё таннае і ўсяго хапае”. Ён выказваў намер вярнуцца назад, калі будзе цяжка20.
Багатую інфармацыю аб становішчы насельніцтва Заходняй Беларусі давалі камандзіроўкі туды агітацыйных брыгад, у якія ўваходзілі дзесяткі кінамеханікаў з розных гарадоў БССР, уключаючы і райцэнтры, агітатары, лектары, прафесійныя і самадзейныя артысты. Яны ўдзельнічалі ў прапагандысцкай кампаніі ў сувязі з падрыхтоўкай выбараў у Народны сход, але міжволі, вярнуўшыся дахаты, рабіліся прапагандыстамі іншага ладу жыцця. Ці не з гэтых крыніц была атрымана інфармацыя, якой дзяліўся, напрыклад, выкладчык БДУ М. Ф. Старжынскі: „Па дадзеных нашай статыстыкі, — гаварыў ён, — у нас усё добра, а ў капіталістычных краінах вельмі дрэнна. А фактычна, калі меркаваць нават па адсталай Польшчы, атрымліваецца, што рабочыя Беластока, Вільні і іншых гарадоў апранутыя лепш за нашых настаўнікаў (...), рэальная зарплата вышэйшая за нашу”21. Усведамленне гэтай розніцы ўзроўняў жыцця, разам з непрыстойнымі паводзінамі партыйна-савецкай наменклатуры, уласцівае ёй разыходжанне слова і справы, фарміравалі ў шырокіх слаях насельніцтва скептычнае стаўленне да прапагандысцкіх штампаў накшталт „братняй дапамогі”, „вызвалення з панскага ярма” і г.д. Гэта можна зразумець на падставе нават тых нешматлікіх фактаў, якія прыведзены вышэй. На гэтым фоне трагедыя Польшчы ўспрымалася часткай насельніцтва са спачуваннем. Іншай прычынай гэтага спачування было ўсведамленне таго, што ў трагічны для польскага народа момант Савецкі Саюз выступіў як фактычны саюзнік Германіі. Органы НКУС фіксавалі такія выказванні: „СССР увесь час пісаў у газетах, што мы не хочам ваяваць, а вось цяпер пайшоў на Польшчу” (калгаснік з Палескай вобласці П. Запатылак); „нашы нападаюць на тых, хто слабы, а гавораць, быццам мы вайны не хочам” (калгаснік са Слуцкага раёна Заброцкі, які названы ў дакуменце палякам); „калі Германія пайшла браць Польшчу, нашы пайшлі дабіваць забітага” (жыхар Калінкавіч Родэ). Малады настаўнік з Халопеніцкага раёна, які ўхіляўся ад прызыву на вайсковую службу, „усхваляў культуру былой Польшчы і паклёпнічаў на РККА [Рабоче-Крестъянскую Красную Армию — рэд.]”. Напэўна, гэты настаўнік згадзіўся б з пенсіянерам з Мінска Міхаілам Мінкевічам, які канстатаваў, што „адбываецца падзел Польшчы”22.
Пазней, калі СССР напаў на Фінляндыю, узнікла магчымасць параўноўваць дзеянні Чырвонай Арміі ў Фінляндыі і ў Польшчы. Гэта параўнанне прыводзіла да высновы аб невысокай баяздольнасці савецкіх войскаў і нараджала новыя сімпатыі да Польшчы. У Фінляндыі „справа тужэй ідзе (...), — гаварыў нехта Жызнеўскі з Мінска, названы ў дакуменце былым паліцэйскім. — Гэта не з Польшчай ваяваць. Калі б і з Польшчай была сапраўдная вайна, і калі б з таго боку не раскалацілі іх немцы, то наўрад ці ўзялі б яе”23.
У такой сітуацыі, якая вызначалася непапулярнасцю паходу Чырвонай Арміі на Захад сярод значнай часткі насельніцтва і павелічэннем у яго выніку матэрыяльных нястач усіх астатніх, нельга здзіўляцца, што бежанцы з Польшчы, якія з’явіліся ва Усходняй Беларусі, былі ўспрыняты людзьмі як яшчэ адна балячка на іх карку. Магчыма, гэта праблема была б успрынята мякчэй, калі б яна не абвастрылася неарганізаванасцю ў прыёме і размяшчэнні бежанцаў, поўнай абыякавасцю да гэтых няшчасных з боку мясцовага кіраўніцтва. Выяснілася, што для іх не падрыхтавана ні жыллё, ні харчаванне, людзі доўгі час знаходзіліся без даху над галавой, а потым і без працы. Здаралася, што сродкі, выдзеленыя на ўладкаванне бежанцаў, выкарыстоўваліся не па прызначэнні (у адным выпадку — на святочныя падарункі). У гэтай сітуацыі меліся факты, калі насельніцтва супраціўлялася размяшчэнню бежанцаў па кватэрах. Л. Цанава паведамляў П. Панамарэнку, што 11 лістапада ў Касцюковічах з’явіліся ананімныя ўлёткі з пратэстам супраць іх размяшчэння, якія мелі „яўна антысавецкі, шавіністычны характар”24. Выходзіла так, што шматгадовае інтэрнацыянальнае выхаванне савецкіх беларусаў не прынесла плёну.
Трэба меркаваць, што паток бежанцаў з Польшчы стаў для насельніцтва Усходняй Беларусі дадатковай і, несумненна, важнай (бо некантраляванай) крыніцай інфармацыі аб тым, што адбывалася ў Еўропе. Пашыралася разуменне таго факта, што польска-германская вайна не застанецца лакальнай, што свет уцягваецца ў вялікую вайну, якая невядома чым скончыцца. Гэта акалічнасць прыдала новае натхненне апазіцыйным настроям часткі насельніцтва. Ва ўсякім разе, адносна настрояў аднаасобнікаў аб гэтым можна гаварыць дакладна, грунтуючыся на данясеннях НКУС у ЦК КП(б)Б. Вось, напрыклад, адзін з аднаасобнікаў, Аляксандр Казяба са Старадарожскага раёна, перад сваімі аднавяскоўцамі гаварыў, што „хутка Германія разам з Італіяй разаб’е Францыю і Англію, а потым пойдзе вайною супраць Савецкага Саюза і знішчыць савецкую ўладу, бо нашы войскі з немцамі няздольныя ваяваць, нашым чырвонаармейцам няма за што абараняць Савецкі Саюз, дзе разбурылі іх дамы, а сем’і знаходзяцца без прытулку, адабралі зямлю, нават няма дзе сена для каровы накасіць”25.
Тым часам набліжаліся выбары ў мясцовыя органы ўлады. Даўно яны не праводзіліся ў такой складанай сітуацыі, як у канцы 1939 г. Партыйнае і савецкае кіраўніцтва БССР трывожылі шматлікія выступленні насельніцтва супраць удзелу ў гэтых выбарах, якія грунтаваліся на асуджэнні палітыкі савецкай улады. Асноўнай прычынай незадаволенасці ёю было цяжкае матэрыяльнае становішча людзей, адсутнасць хлеба ў продажы. Але сустракаліся і заявы, якія, несумненна, былі справакаваныя абвастрэннем міжнароднай сітуацыі. „Рады быў бы з’ехаць ад гэтай улады ў Германію,” — сказаў, напрыклад, рабочы з Гомеля Якаў Кіслякоў26. Масавая незадаволенасць савецкай уладай, якая выяўлялася ў апошнія месяцы 1939 г., сведчыла, што знешнепалітычныя поспехі, як аб’яднанне беларускіх і ўкраінскіх зямель у ходзе вайны з Польшчай, падпісанне выгадных СССР дагавораў з краінамі Прыбалтыкі, не прынеслі гэтай уладзе пажаданых палітычных дывідэндаў. Праўда, выбары ў снежні 1939 г., паводле афіцыйных даных, засведчалі амаль 100-працэнтны ўдзел у іх выбаршчыкаў і амаль абсалютную падтрымку імі „блока камуністаў і беспартыйных”. Але няма ніякага сумнення ў тым, што дасягнуць гэтых вынікаў удалося толькі шляхам націску на грамадзян і грубых фальсіфікацый. У тым жа дакуменце НКУС, у якім ЦК КП(б)Б інфармуецца аб антысавецкіх выступленях у ходзе перадвыбарчай кампаніi, звычайна паведамляецца і аб тым, што ўдзельнікі гэтых выступленняў (часцей проста выказванняў) „узятыя ў агентурную разработку”. Што ж да фальсіфікацый, то аб іх сведчаць, напрыклад, наступныя лічбы. Па звестках НКУС, усяго па БССР было зарэгістравана 658 выпадкаў адмоў ад удзелу ў выбарах, у тым ліку па Палескай вобласці — 220. Як можна верыць гэтым лічбам, калі з іншага дакумента відаць, што толькі ў двух сельскіх раёнах Палескай вобласці — Тураўскім і Глускім — адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах удвая болей выбаршчыкаў, чым афіцыйна падавалася па ўсёй вобласці. Гэтыя факты прывёў сакратар Палескага абкама партыі на пасяджэнні бюро абкама 26 снежня27. Але ў Мінск, відаць, пайшлі іншыя лічбы.
Зробім пэўныя высновы, агаворваючыся, што асобныя з іх маюць характар гіпотэз і патрабуюць удакладнення ў ходзе далейшага вывучэння праблемы. Па-першае, вывучэнне адносін насельніцтва БССР да паходу Чырвонай Арміі на Захад у верасні 1939 г. сведчыць аб адсутнасці палітычнага адзінства гэтага насельніцтва. Апазіцыйныя настроі былі вельмі моцныя і асноўнай іх сацыяльнай базай былі сяляне-аднаасобнікі, частка інтэлігенцыі.
Афіцыйна абвешчаныя мэты гэтага паходу не выклікалі даверу з боку шырокіх слаёў насельніцтва. Можна меркаваць, што адной з прычын гэтага недаверу была ранейшая палітыка савецкай улады ў БССР, якая прывяла да знішчэння руху беларускага нацыянальнага адраджэння. Пасля масавых рэпрэсій 30-х гадоў, шэльмавання нацыянальнай інтэлігенцыі, роспуску КПЗБ цяжка было паверыць, што савецкі ўрад клапоціцца аб інтарэсах беларусаў з Заходняй Беларусі. Іншай прычынай гэтага недаверу быў той факт, што паход ажыццяўляўся ў саюзе з Германіяй, напаўшай на Польшчу. Сімпатыі да Польшчы як да ахвяры агрэсіі аказаліся мацнейшымі, чым імкненне да аб’яднання з Заходняй Беларуссю пад уладай саветаў. Яшчэ адной прычынай адзначанага недаверу былі амаральныя паводзіны ў Заходняй Беларусі прадстаўнікоў савецкай улады. Яны рэзка кантраставалі як з прапагандысцкімі штампамі, так і з гаротным становішчам большасці насельніцтва БССР.
Можна меркаваць, што стаўленне большасці насельніцтва Савецкай Беларусі да паходу Чырвонай Арміі на Захад вызначалася, перш за ўсё, матэрыяльнымі інтарэсамі людзей. Ад яго чакалі, галоўным чынам, абвастрэння штодзённых жыццёвых праблем, новых клопатаў аб кавалку хлеба.
Апазіцыйныя слаі насельніцтва (сяляне-аднаасобнікі, частка інтэлігенцыі, многія з раней пакрыўджаных савецкай уладай) чакалі ад вайны палітычных перамен у краіне. Можна сцвярджаць, што для часткі насельніцтва Беларусі нават к канцу 30-х гадоў савецкая ўлада не стала сваёй уладай. Хацелі яе замены на іншую. Улік гэтых настрояў дазваляе лепш зразумець і прычыны калабарацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР запаволіла на пэўны час фарміраванне таталітарнага грамадства ў БССР. Аб’яднанне патрабавала ад савецкай дзяржавы часу і сродкаў. „Вінцікі” таталітарнай сістэмы, якая дабудоўвалася ў гэты час у СССР, спатрэбіліся ў Заходняй Беларусі, а гэта ў нейкай ступені аслабляла сістэму на Усходзе. Новы досвед, набыты беларусамі дзякуючы аб’яднанню, сутыкненне двух розных ладаў жыцця, узмацнілі іх духоўнае супраціўленне таталітарызму, яго маральнае непрыняцце. Ці не таму так доўга савецкі ўрад трымаў мяжу паміж Усходняй і Заходняй Беларуссю?
І ў сувязі з гэтым — апошняе. Здаецца, беларусы з Усходу і Захаду ў верасні 1939 г. узаемна „doznali zawodu” — перажылі глыбокае расчараванне. Рэальнасць у Савецкай Беларусі аказалася горшай, чым яе прадстаўляла камуністычная прапаганда, а рэальнасць у Заходняй Беларусі — не настолькі змрочная, як яна падавалася для савецкіх людзей.
Streszczenie
Pochód Armii Czerwonej na zachód we wrześniu 1939 r. z niepokojem był przyjmowany przez większość mieszkańców BSRR. Przeprowadzona kilka dni wcześniej mobilizacja była odbierana jako zwiastun niechcianej przez ludność wojny. Trwająca od początku września wojna polsko-niemiecka wywoływała raczej sympatie po stronie napadniętej Polski. Dlatego NKWD odnotowało wiele przypadków dezaprobaty ze strony mieszkańców wschodniej Białorusi dla polityki ZSRR wobec zachodniego sąsiada.
1 Гісторыя Беларускай ССР. У 5-ці тамах, Мінск 1975, т. 4, с. 31.
2 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 4, воп. 21, спр. 1681, арк. 99.
3 Там жа, арк. 102, 120; спр. 1682, арк. 28-34.
4 Там жа, спр. 1681, арк. 120; Дзяржаўны архіў грамадскіх арганізацый Гомельскай вобласці (далей: ДзАГА Гом. вобл.), ф. 702, воп. 1, спр. 64, арк. 14, 50.
5 НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1584, арк. 24-38.
6 Там жа, спр. 1682, арк. 245.
7 Там жа, спр. 1781, арк. 39 і наступныя.
8 ДзАГА Гом. вобл., ф. 702, воп. 1, спр. 58, арк. 286.
9 НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1681, арк. 27.
10 Там жа, арк. 50, 51.
11 Там жа, спр. 1716, арк. 6.
12 Там жа, спр. 1681, арк. 39, 202.
13 Там жа, арк. 159-161; спр. 1682, арк. 146.
14 Там жа, спр. 1716, арк. 7.
15 Там жа, спр. 1681, арк. 105.
16 ДзАГА Гом. вобл., ф. 702, воп. 1, спр. 64, арк. 72.
17 НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1681, арк. 209.
18 Там жа, арк. 203.
19 Там жа, арк. 209.
20 Там жа.
21 Там жа, арк. 206.
22 ДзАГА Гом. вобл., ф. 702, воп. 1, спр. 64, арк. 120, 73; НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1682, арк. 146, 220; спр. 1681, арк. 203.
23 НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1682, арк. 219.
24 Там жа, арк. 134.
25 Там жа, спр. 1681, арк. 143-144.
26 Там жа, спр. 1682, арк. 82.
27 ДзАГА Гом. вобл., ф. 702, воп. 1, спр. 56, арк. 176, 177.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|