БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 13

Арганізацыя савецкай уладай агітацыйна-прапагандысцкай работы ў Беластоцкай вобласці ў 1939-1941 гг.

Сяргей Токць
(Гродна)

Пасля далучэння заходнебеларускіх земляў да СССР адным з важнейшых кірункаў дзейнасці новай улады стала арганізацыя тут масавай агітацыйна-прапагандысцкай работы, як важнага чынніка саветызацыі мясцовага грамадства. На абласным узроўні за наладжванне такой работы адказвалі аддзелы агітацыі і прапаганды абкамаў ВКП(б), якім падпарадкоўваліся адпаведныя структуры на раённым узроўні. Гэтыя ўстановы з самага пачатку пачалі наладжваць шматлікія палітмасавыя мерапрыемствы. Першая хваля такіх мерапрыемстваў была прымеркавана да выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі. Напрыклад, 15 кастрычніка 1939 г. быў арганізаваны агітацыйны прабег калоны веласіпедыстаў, упрыгожанай лозунгамі і плакатамі з заклікамі галасаваць за „абраннікаў народа”1. Шматлікія сходы і мітынгі праводзіліся ў час 22-ой гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Беластоку былі праведзены 43 сходы моладзі, у Гродне — 32, у Ваўкавыскім раёне — 1972. Такія масавыя прапагандысцкія акцыі як мітынгі і ўрачыстыя шэсці служылі новым уладам таксама сродкам для выяўлення настрояў грамадства. Напрыклад, пасля правядзення ў Гродне параду з удзелам 20 тысяч чалавек, прысвечанаму гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, у дакладной запісцы аддзела прапаганды і агітацыі гаварылася, што „еслі всё население проходило с исключительным политическим падъемом и ликованием, то при проходе мимо трибуны гимназистов трех гимназий и лицея (...) прошли с опущенными головами, на приветствия отвечали молчанием”3. У выніку было прынята рашэнне аб накіраванні ў гэтыя навучальныя ўстановы палітычных агітатараў, на якіх ускладалася правядзенне палітыка-выхаваўчай работы.

Пад кіраўніцтвам камсамола ў вобласці арганізоўваліся маладзёжныя агітбрыгады. Так, у Бельскім раёне, напрыклад, дзейнічалі тры такія брыгады, якія выязджалі ў вёскі, дзе пасля палітычных дакладаў давалі канцэрты мастацкай самадзейнасці, а таксама арганізавалі лыжны прабег па раёне з правядзеннем палітычных бяседаў і канцэртамі4.

З самага пачатку ў справе арганізацыі масавай агітацыйнай і культурна-асветніцкай работы паўстала праблема з кадрамі. Натуральна, што кіруючыя пазіцыі займалі прысланыя з усходніх абласцей работнікі. Аднак была пастаўлена задача падрыхтоўкі агітатараў з мясцовага насельніцтва. Пад кіраўніцтвам камсамольскіх структур увосень 1939 г. ва ўсіх раёнах вобласці былі арганізаваны 10-дзённыя курсы агітатараў „для местной передовой молодёжи”. Прайшлі праз гэтыя курсы 378 чалавек5. Спецыяльныя курсы агітатараў былі арганізаваны ў снежні 1939 г. У Гродзенскім раёне такія курсы закончыў 51 чалавек, з іх 41 мужчына і 10 жанчын. Паводле нацыянальнасці яны падзяляліся: беларусаў — 40, яўрэяў — 6, палякаў — 2, рускіх — трое6. На такіх жа курсах у Сакольскім раёне займаліся 40 чалавек, якія падзяляліся паводле нацыянальнасці: беларусаў — 9, палякаў — 7, яўрэяў — 19, рускіх — 2, іншых — трое7. Уяўленне пра накірункі і змест агітацыйна-прапагандысцкай і культурна-масавай работы ў першыя месяцы савецкай улады дае справаздача інструктара агітацыйна-прапагандысцкай работы Бельскага укама партыі ад 18 студзеня 1940 г. За два з невялікім месяцы паводле гэтай справаздачы ў Бельскім павеце былі праведзены 241 мітынг і 717 сходаў з удзелам 89 900 чалавек, арганізаваны 34 клубы, 22 хаты-чытальні, 78 палітычных гурткоў з ахопам 2248 чалавек, 7 гурткоў па вывучэнні „Краткого курса истории ВКП(б)” з ахопам 48 камуністаў і 102 беспартыйных, праведзена 6 лекцый, на якіх прысутнічала 2800 чалавек, 42 даклады па Канстытуцыі СССР у прысутнасці 5800 чалавек, 56 дакладаў прысвечаных 22-ой гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі (8400 слухачоў), 60 дакладаў пра жыццё Сталіна (12 400 слухачоў), вылучана 85 дакладчыкаў для чытання лекцый пра жыццё Леніна, праведзены інструктаж для дакладчыкаў і „бяседчыкаў”, на кіраўнічую работу з мясцовага насельніцтва вылучана 480 чалавек, арганізаваны месячныя курсы савецкіх работнікаў, дзе з 5 студзеня 1940 г. навучаліся 64 чалавекі, арганізаваны 10-дзённыя курсы камсамольцаў-агітатараў8. Безумоўна, што прыведзеныя ў справаздачы лічбы былі вельмі моцна завышаны, але ў цэлым яна дастаткова поўна прадстаўляла характар і накірункі працы аддзелаў агітацыі і прапаганды.

Пікам актыўнасці агітацыйных структур стала арганізацыя вясной 1940 г. выбарчай кампаніі ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР. Для гэтай кампаніі было падрыхтавана 72 тыс. звычайных лозунгаў, 7 тыс. лозунгаў для скідвання з самалёта, 5 тыс. вялікіх і 20 тыс. малых плакатаў, запрашальных картак на расійскай мове 300 тыс. і на польскай мове 130 тыс.9 Падчас выбарчай кампаніі было праведзена 3908 мітынгаў і сходаў з ахопам 433 тыс. чалавек, арганізавана 5679 гурткоў і 708 агіткалектываў з удзелам 274 тыс. чалавек. Агітатараў і „бяседчыкаў” налічвалася 10 227 чалавек, з іх 6175 мясцовых. Так, кіраўнікі агіткалектываў Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага раёнаў паводле нацыянальнасці падзяляліся: беларусаў — 45, рускіх — 16, яўрэяў — 12, палякаў — 8, іншых — двое10.

Паводле дакладной запіскі ў ЦК КПБ(б) сакратара Беластоцкага абкама да правядзення масавай агітацыйнай кампаніі было прыцягнута 17 тыс. чалавек. Усе агітатары прайшлі 10-15 дзённыя курсы і, апроч таго, кароткатэрміновыя семінары. У Беластоку адбылося 800 канцэртаў, усяго ж па вобласці — 1300. У Бельскім, Гродзенскім і Цеханавецкім раёнах прайшлі агітацыйныя лыжныя прабегі. У Беластоку была арганізавана выстава пра дасягненні СССР, якую наведалі 25 тыс. чалавек. Паводле адзначанай дакладной запіскі „значительное количество лучших агитаторов выдвинуто на руководящую хозяйственную и советскую работу 11. Разам з тым у запісцы адзначаліся і недахопы ў арганізацыі агітацыйнай работы. Як канкрэтны выпадак прыводзілася, напрыклад, што агітатар Фрыдман нястачу харчавання тлумачыў кепскай работай транспарту „ни слова не вспоминая о спекуляции, кулацком саботаже, чем неправильно ориентировал избирателей”12. Падкрэслівалася таксама, што выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах „ожесточенной классовой борьбы”. У заключнай частцы дакладной запіскі: „выборы явились крупнейшей политической демонстрацией любви трудящихся масс области к советской власти, партии и великому Сталину”.

Пасля выбараў накал агітацыйна-прапагандысцкай работы зменшыўся. У дакладзе пра стан партыйнай прапаганды і агітацыі ў вобласці на 20 чэрвеня 1940 г. гаварылася: „После выборов вся агитацийнно-массовая работа была направлена на разрешение очередных хозяйственно-политических задач, (...) решений (...) о поставках зерна, мяса и шерсти государству”13. Эфектыўнасць агітацыйнай работы напрамую звязвалася з выкананнем гэтых задач. Так, у абкамаўскім дакуменце сцвярджалася, што „в некоторых сельсоветах слабая постановка агитации и оторванность её от конкретных задач привела к срыву своевременного выполнения планового строительства дорог, сселения дворов из пограничной зоны”14. У калгасе „Искра” Крынкаўскага раёна „благодаря поверхностной и малоубедительной агитации, (...) колхозники в количестве 11 человек пришли в райком партии с заявлением о выходе из колхоза”15. Паводле меркавання абкама ў агітацыйнай рабоце мала ўвагі надавалася рэвалюцыйнай пільнасці.

Стан партыйнай агітацыі і прапаганды ў Беластоцкай вобласці за першую палову 1940 г. быў падагулены ў спецыяльным дакладзе. Паводле гэтага дакумента ў вобласці праходзілі падрыхтоўку 2000 агітатараў, планавалася правесці раённыя нарады па пытаннях агітацыі і прапаганды. Толькі ў Гродзенскім раёне налічвалася 18 агіткалектываў з колькасцю 465 агітатараў. У дакладзе гаварылася, што „руководство агитаторами райкомы партии и первичные парторганизации осуществляют через организацию агитколлективов”16. Адным з асноўных недахопаў у арганізацыі агітацыйнай работы прызнавалася адарванасць ад мясцовых умоў. Сцвярджалася, што ў агітатары часам пранікалі варожыя элементы.

У верасні 1940 г. адбылася абласная нарада загадчыкаў аддзелаў прапаганды і агітацыі райкамаў, на якой было заяўлена, што „тот агитколлектив, который был организован в период выборов в Верховный Совет СССР и БССР по сей день по-существу распался”17. Прадстаўнік Ваўкавыскага раёна заявіў: „У нас имеется 21 агитколлектив, (...) мы трижды пытались провести семинар, но не смогли из-за неявки людей, (...) по району числится свыше 200 агитаторов, но они к рабоце среди населения не привлечены, (...) работа среди польского и еврейского населения на их родном языке не организована”18.

Дзеля паляпшэння якасці агітацыі аддзел прапаганды і агітацыі абкама партыі распрацоўваў дапаможныя матэрыялы. Агітатарам рэкамендавалася прыводзіць лічбы, паводле якіх Заходняя Беларусь у прамысловых адносінах была ў 9 разоў менш развітай чым БССР, а за год савецкай улады аб’ём валавой вытворчасці тут павялічыўся амаль удвая. Шэраг матэрыялаў у дапамогу агітатарам і прапагандыстам змясціла на сваіх старонках газета „Вольная праца”. Гэта былі, напрыклад, артыкулы „Как выбіралі в сейм и сенат в бывшей панской Польше”, „ Продажные лица бывшей польскай печати” і г.д. Перыядычным выданням надавалася, натуральна, вельмі значная роля ў агітацыйна-прапагандысцкай рабоце. Падчас выбарчай кампаніі ў вобласці распаўсюджвалася 76 850 экземпляраў газет і 28 580 экземпляраў часопісаў. Паводле дадзеных аддзела агітацыі і прапаганды абкама партыі на Беласточчыне ў час існавання польскай дзяржавы распаўсюджваліся ўсяго 8132 экзэмпляры 26 „буржуазных” газет19. Разам з тым у дакладной запісцы абкама ў ЦК КПБ(б) адзначалася, што часам газеты дапускалі грубыя палітычныя памылкі. Так, у перадавіцы газеты „Вольная праца” пад загалоўкам „Узорна падрыхтавацца да першай Савецкай вясны” закраліся такія крамольныя радкі: „Крестьянин, который веками мечтал о земле, верит, что мелкое хозяйство это единственный путь избавления от нищеты”20.

Ніжэйшымі структурнымі адзінкамі агітацыйна-прапагандысцкай машыны былі хаты-чытальні і „чырвоныя куткі”. Паводле дадзеных абкама камсамола на красавік 1940 г. у вобласці функцыянавала 56 клубаў, 166 хат-чытальняў і 122 „чырвоныя куткі”. У гэтых установах працавала 56 камсамольцаў і больш 250 чалавек „несаюзнай” моладзі21. Паводле дакладной запіскі абкама партыі аб рабоце устаноў палітасветы за 1940 г. на пачатку гэтага года ў вобласці налічвалася 12 раённых дамоў савецкай культуры (РДСК) і 133 хаты-чытальні22. Загадчыкамі РДСК і хатаў-чытальняў пераважна працавалі работнікі, вылучаныя з мясцовага насельніцтва, і толькі невялікую частку складалі камсамольцы, прысланыя з усходніх абласцей, якія, паводле адзначанай запіскі абкама, працавалі горш за мясцовых. Галоўнымі праблемамі ў рабоце палітасветных устаноў былі: недахоп інвентару і фінансаў, „слабый состав избачей, (...) низкий образовательный уровень, (...) постоянная текучесть кадров”23. Аднамесячныя курсы хатнікаў прайшлі 93 чалавекі.

Пад канец 1940 г. у вобласці працавала ўжо 20 РДСК і 243 хаты-чытальні. Як вынікала з дакладной запіскі інспектараў палітасветработы і загадчыкаў РДСК райкамы і райвыканкамы выкарыстоўвалі на розных кампаніях: уборачная, лесанарыхтоўкі, праца на прыпісных пунктах, перапіс жывёлы і г.д. Памяшканні хатаў-чытальняў нярэдка перадаваліся вайсковым часткам, работнікам затрымлівалі заробкі. Разам з тым хаты-чытальні павіннны былі стаць цэнтрамі палітычнай і культурнай асветы ў вёсках і мястэчках. Так, паводле справаздачы ў хатах-чытальнях Крынкаўскага раёна быў арганізаваны 31 гурток харавых спеваў, 18 драматычных гурткоў з колькасцю удзельнікаў 578 чалавек. За другое паўгоддзе 1940 г. тут было дадзена 187 вечароў мастацкай самадзейнасці24. У Бельскім раёне падчас агляду мастацкай самадзейнасці рускія, яўрэйскія і польскія драматычныя гурткі ставілі п’есы Шалом-Алейхема, Малчанава, Новікава і г.д.25

Добрае ўяўленне пра рэальны стан хатаў-чытальняў падае даклад намесніка загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі абкама партыі па Бельскім раёне ад 5 ліпеня 1940 г. Тут функцыянавала 10 хатаў-чытальняў, размешчаных у прыватных дамах. Хата-чытальня ў Кленіках месцілася ў маленькім пакойчыку, насупраць праз сені жыў праваслаўны святар, які, паводле адзначанага даклада, дапамагаў праводзіць работу26. У памяшканні чытальні стаялі два ложкі, кухонная шафа. Але не было крэслаў, сталоў, лозунгаў і плакатаў. Затое меліся патэфон і 61 плыта да яго. Жыхары Кленікаў нават сабралі 500 руб. для набыцця новых рэчаў. А вось як выглядала хата-чытальня ў Гацьках: „Стоят кровати, вся домашняя обстановка, начиная от велосипеда и кончая посудой. На сценках развешены иконы, плакатов, лозунгов нет, столов, стульев, музыкальных инструментов не приобрели”27. У Дубяжыне хата-чытальня памяшчалася ў „проходной комнате, через которую ходят в квартиру к попу, в комнату к участковому милиционеру и медпункт”. У Бельскім РДСК „всюду царит грязь, не уютно, читальни нет, трудящиеся бывают там редкими гостями”. Паводле адзначанага даклада „заведующих избами-читальнями подобрали, но несмотря на решения обкома их никто не проверял и не утверждал”. Звычайна хатнікамі былі прадстаўнікі мясцовай моладзі. Напрыклад, у Кленіках загадчыкам хаты-чытальні з’яўляўся Мартынюк, селянін-серадняк 35 гадоў узросту і з 5 класамі адукацыі. Ён набыў патэфон, сабраў 500 рублёў для набыцця іншых рэчаў і дамогся пастановы сялян пра будаўніцтва новай хаты для сваёй установы. Можна меркаваць, што культурна-асветніцкі кірунак у рабоце такіх хатаў-чытальняў пераважаў над палітычнай агітацыяй і яны патрэбны былі сялянам, якія любілі тут збірацца пачытаць газеты і абмеркаваць розныя праблемы, а моладзь выкарыстоўвала памяшканне для танцаў і тэатральных пастановак. Гэтаму садзейнічала і тое, што ўлады проста не мелі часу і сілаў, каб кантраляваць належным чынам вясковыя хаты-чытальні. Як адзначыў правяраючы з абкама: „Лекций, докладов, бесед на политические темы не проводилось. (...) Докладчики райкома приезжали от случая к случаю, от компании к компании, кружков литературных, политических, оборонных, физкультурных не создали. Самодеятельные драматические и хоровые кружки есть в ДСК и Клениках, но материалов для работы этих кружков нет, (...) в избах-читальнях кроме читки газет ничего не бывает”28. Пры разглядзе работы хатаў-чытальняў у вёсках трэба ўлічваць сітуацыю, у якой знаходзілася беларускае насельніцтва да 1939 г., калі нават за спяванне беларускіх песень лёгка было патрапіць у астрог. Таму на пачатку хаты-чытальні часта станавіліся асяродкамі беларускай культуры, калі моладзь магла свабодна спяваць па-беларуску, чытаць беларускія кнігі і газеты, рабіць драматычныя пастаноўкі. Але для савецкіх уладаў галоўнай задачай была палітычная агітацыя, што і патрабавалі правяраючыя з райкамаў і абкама ад хатнікаў.

Лепшай хатай-чытальняй у Бельскім раёне была прызнана чытальня ў Кленіках. Пры ёй існаваў гурток, які меў такі план работы: арганізацыя дакладаў на палітычныя тэмы, чытанне газет і часопісаў, арганізацыя літаратурнага вечара, заснаванне драматычнага гуртка. У рабоце хатніку Мартынюку актыўна дапамагаў мясцовы настаўнік беларускай мовы. Ва ўсіх хатах чытальнях раёна налічвалася 1129 кніг, амаль выключна палітычных брашур і вельмі мала мастацкіх твораў. Большасць кніг было на рускай мове і толькі невялікая колькасць на беларускай. Афіцыйных чытачоў у Кленіках налічвалася 28 чалавек, у Кнаразах — 25, Гацьках — 30. Праўда, як адзначаў абкамаўскі правяраючы, здараліся выпадкі выкарыстання забароненай літаратуры. Насценных газет не выпускалі, паколькі, як патлумачыў кленіцкі хатнік Мартынюк, „нет необходимости огрызаться со своими крестьянами”29.

Галоўным крытэрыем паспяховасці агітацыйнай работы на вёсцы, як ужо адзначалася вышэй, было выкананне гаспадарчых задач. У справаздачы аб пастаноўцы агітмасавай работы ў Ломжынскім раёне гаварылася: „Массово-политическая работа на селе не проводилась, в результате чего план лесозаготовок выполнен лишь на 6,4%. Лекции и доклады не охватывают широких масс трудящихся и делались только на русском языке”30. У дакладной абкама аб замацаванні агітмасавай работы гаварылася, што пасля выбараў у мясцовыя саветы ніякай работы з агітатарамі практычна не праводзілася31. Некаторыя лектары-прапагандысты скардзіліся на работнікаў савецкіх і гаспадарчых устаноў: „Не успели закончить лекцию, как тут же появились представители финансовых органов, маслопрома, исполкома райсовета с требованиями уплаты культсбора, сдачи молока, высылки подвод на строительство — все они кричали и приказывали”32.

На пачатак 1941 г. у Беластоцкай вобласці налічвалася 19 РДСК і 248 хатаў-чытальняў, 89 палітычных гурткоў, 120 драматычных, 122 гурткі харавых спеваў, 47 музычных, 105 абаронных, 28 антырэлігійных, 15 агратэхнічных. Загадчыкаў хат-чытальняў было 248 чалавек. З іх толькі 21 меў поўную і незакончаную сярэднюю адукацыю, а 154 упершыню патрапілі на гэтую работу. За 1941 г. колькасць хат-чытальняў планавалася давесці да 380.

Вялікую ролю ў правядзенні агітацыйна-прапагандысцкай работы адыгрывала кіно. Паводле даных аддзела прапаганды і агітацыі абкама партыі на 1 студзеня 1940 г. у Беластоцкай вобласці налічвалася 20 кінатэатраў і 13 перасовачных кінаапаратаў. За 1940 г. па вобласці было дадзена 19 811 кінасеансаў, з якіх 2303 адбылося на вёсцы. На гэтых кінасеансах прысутнічалі 3 742 800 гледачоў, у тым ліку — 263 200 вяскоўцаў. На 1 студзеня 1941 г. у Беластоцкай вобласці налічваліся ўжо 73 кінакропкі, з іх: 19 гарадскіх кінатэатраў, 15 кінастацыянараў, 18 перасовачных кінаапаратаў, 21 ведамасны кінаапарат. За першы квартал 1941 г. было дадзена 7015 кінасеанасаў, з іх 1612 на вёсцы. Наведалі гэтыя сеансы 1 288 300 чалавек, з іх 148 300 вяскоўцаў33. Звесткі пра кінарэпертуар у адзначаным дакуменце адсутнічалі, але можна меркаваць, што пераважалі агітацыйна-прапагандысцкія фільмы.

Разам з кіно ў агітацыйна-прапагандысцкіх мэтах шырока выкарыстоўвалася радыё. На 1 студзеня 1941 г. у Беластоцкай вобласці было 8 радыёвузлоў і 945 радыёкропак. Да 1 красавіка 1941 г. колькасць радыёкропак узрасла да 1345. Радыёпрыёмнікаў на 1 студзеня 1941 г. налічвалася па вобласці 7984, з іх 3460 у Беластоку34. Паводле дакладной запіскі аддзела прапаганды і агітацыі „тематика местной радиостанции соответствует основным вопросам, но материалы делаются поверхностно, без глубокого анализа”35.

Адным з найбольш пашыраных метадаў агітацыі і прапаганды былі лекцыі і даклады, якія паводле партыйных дакументаў карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва. Так, напрыклад, у Ломжы на платнай лекцыі „Контрреволюционная сущность ППС” прысутнічала 200 чалавек, у Аўгустове — 300. У Беластоку было прададзена 600 білетаў на лекцыю пра міжнароднае становішча. У Скідалі на платнай лекцыі прысутнічала 250, а ў Ваўкавыску — 450 чалавек36. Найбольш актыўна такая форма бальшавіцкай прапаганды выкарыстоўвалася адносна інтэлігенцыі. Лекцыі служылі ўладам як сродак выяўлення настрояў грамадства. Усе пытанні, што задавалі слухачы лектарам, старанна занатоўваліся. Напрыклад, настаўнікі ў Гродне задавалі лектару такія пытанні: „Почему у вас люди плохо одеты? Какая разница между купцом и спекулянтом? Какая разница между кулаком и трудящимся крестьянином? Почему у нас экономическая нужда? Нас вероятно ждет голод? Почему все докладчики держат руки в карманах? Вы говорите, что в капиталистических странах нет свободы. Почему во Франции, Англии и США есть компартии?”37. Для выяўлення настрояў грамадства таксама арганізоўваліся вечары пытанняў і адказаў. Пра гэта пісаў у абкам сакратар Монькаўскага райкама партыі: „Это лучшая форма выявления настроений. Ни одного щекотливого вопроса устно не задают, а только письменно. Исходя из этого были организованы 4 вечера вопросов и ответов. (...) Ни в одном из вопросов нет фамилии. Вот характерные вопросы: Кто просил Красную Армию, чтобы она пришла? Почему дороги продукты в лавках и нет промтоваров? Почему Вы нас обманываете, у Вас армия разута и раздета?”38

Апроч прафесійных лектараў выступаць прымушалі і так званых пазаштатных, якіх у чэрвені 1940 г. па вобласці налічвалася 76. Сярод іх было 45 настаўнікаў, 18 служачых, 4 урачы, 4 адвакаты, па 2 аграномы і інжынеры. Паводле нацыянальнасці адзначаныя лектары падзяляліся: палякаў — 42, яўрэяў — 28, беларусаў — 4, рускі — адзін39.

Вялікую ўвагу з 1940 г. улады пачалі надаваць нацыянальным аспектам лекцыйнай прапаганды. Пад гэтымі аспектамі разумелася чытанне лекцый на польскай і яўрэйскай мовах. Летам 1940 г. па лініі абкама партыі было падабрана 25 такіх лектараў, яшчэ 30 чалавек па лініі гаркамаў і райкамаў. Паводле даклада пра стан партыйнай прапаганды і агітацыі на чэрвень 1940 г. па вобласці працавалі 92 пазаштатныя лектары для чытання лекцый на польскай і яўрэйскай мовах. Сярод іх было 36 служачых, 21 настаўнік, 7 старшыняў сельсаветаў, 6 навуковых работнікаў, 6 інжынераў, 4 ўрачы, 2 аграномы. Паводле нацыянальнасці — 52 палякі і 40 яўрэяў40. За тры няпоўныя месяцы гэтыя лектары прачыталі 28 лекцый на польскай і яўрэйскай мовах41. У кастрычніку 1940 г. у Лапскім раёне быў арганізаваны 4-дзённы семінар для падрыхтоўкі дакладчыкаў-міжнароднікаў на польскай мове42.

Адным з важнейшых кірункаў прапагандысцкай работы з першых месяцаў савецкай улады стала антырэлігійная прапаганда. У ліпені 1940 г. абкам партыі пастанавіў штомесяц праводзіць семінары прапагандыстаў-антырэлігійнікаў. На вучобу ў Мінск з гэтай мэтай з вобласці паслалі 10 чалавек, а на працягу двух летніх месяцаў лектары розных узроўняў прачыталі каля 100 лекцый. На нарадзе прапагандыстаў і агітатараў у кастрычніку 1940 г. было прынята рашэнне ўзмацніць антырэлігійную прапаганду, паколькі, як заявіў адзін з удзельнікаў нарады, „агитации ксендзов мы ничего не противопоставляем”43.

Асабліва актывізавалася антырэлігійная прапаганда пасля пастановы ЦК КПБ(б) ад 10 лютага 1941 г. Да канца вясны 1941 г. у вобласці было прачытана 128 лекцый антырэлігійнага кірунку, з іх 114 сіламі мясцовага актыву. У Беластоку адбылося 27 антырэлігійных вечароў з удзелам 8000 чалавек. Абкам партыі арганізаваў 3 семінары лектараў-антырэлігійнікаў, у якіх удзельнічала каля 100 чалавек, з іх 70% мясцовых людзей. Вось, напрыклад, тэма аднаго семінарскага занятку — „Пасха и её реакционная роль”44. На семінар антырэлігійнікаў у сакавіку 1941 г. з раёнаў было вылучана 66 чалавек. Паводле нацыянальнасці яны падзяляліся: беларусы — 21, яўрэі — 17, палякі — 15, рускія — 11, украінцы — 1. Паводле адукацыі: вышэйшая — 28, сярэдняя — 23, няпоўная сярэдняя — 8, пачатковая — трое45. Сустракаліся і добраахвотныя актывісты гэтай справы. Адзін настаўнік сам распрацаваў лекцыі на тэмы: „Как возникли постные дни и кому они приносят пользу?”, „ Религия — враг здоровья трудящихся”46. Разам з тым прысланы з усходніх абласцей інспектар Сапоцкінскага Раённага аддзялення народнай асветы адмовіўся выступаць з дакладам на антырэлігійную тэму, каб не скампраметаваць сябе ў вачах мясцовага насельніцтва. Падчас такіх лекцый многія людзі ўставалі і выходзілі з залы. У дакладной запісцы аб рабоце палітасветных устаноў сакратар абкама Эльман заклікаў зрабіць антырэлігійную прапаганду „более воинствующей, наступательной, большевистской, готовить для этого пропагандистов-большевиков, но ни в коем случае не привлекать бывшего попа”47. Адносна „папа” сакратар абкама меў на ўвазе запыт сакратара Аўгустоўскага райкама партыі наконт таго, ці можна дазволіць чытаць антырэлігійныя лекцыі былому святару.

Галоўнай задачай партыйнай прапаганды абвяшчалася павышэнне падрыхтоўкі ў валоданні асновамі марксісцка-ленінскай тэорыі камуністаў і беспартыйнай інтэлігенцыі і вывучэнне гісторыі партыі. У абкамаўскіх дакументах падкрэслівалася важнасць гэтай задачы менавіта ва ўмовах Заходняй Беларусі: „Мы имеем ряд случаев, когда коммунисты, не изучая истории партии, не усвоив истории борьбы нашей партии со всякого рода врагами, сживаются или не могут понять всяких уловок и махинаций классового врага. Это нужно особенно помнить здесь, в западных областях, где нас окружает всякого рода враждебная свора, которая всякими путями старается опутать наших работников”48. Пры гэтым прыводзіліся канкрэтныя факты: „Член партии, директор комбината в г. Белостоке считает своей обязанностью распределять водку по спискам среди рабочих и служащих. Таких списков он составил около ста. Где же здесь партийность? Забота о своем политическом росте, когда люди занялись дележом водки?”49. Як асаблівы па сваёй палітычнай недальнабачнасці ўчынак прыводзіўся прыклад пракурора Граеўскага раёна, які „дадумаўся” вярнуць памешчыцы адабраны сялянамі маёнтак.

Вывучаць Краткий курс истории ВКП(б) прымушалі не толькі камуністаў, але практычна ўсіх дзяржслужачых. Так, у Бельску дзейнічалі апроч гуртка па вывучэнні гісторыі партыі партыйна-камсамольскага актыву яшчэ такія ж гурткі настаўнікаў, медыкаў і беспартыйнага актыву50. Трэба прызнаць, што і камуністы, і беспартыйныя, у большасці сваёй не мелі вялікага жадання павышаць свой тэарытычны ўзровень. Многія спасылаліся на недахоп часу. Пампаліт аднаго з саўгасаў так заявіў правяраючаму: „Не изучаю теории, не работают шарики, не могу совместить учебу с молотьбой”51. Адным з шырока ужываных спосабаў павышэння тэарытычнага ўзроўню членаў партыі было чытанне лекцыі па гісторыі УКП(б). Разам з тым у дакументах абкама гаварылася: „Хотя лекций и сравнительно немало прочитано, однако посещаемость этих лекций коммунистами исключительно плохая. (...) Лекции в абсолютном большинстве посещали рабочие с предприятий и интеллигенция”52. Трэба адзначыць, што вывучэнне гісторыі партыі і іншыя тэарытычныя заняткі праследавалі не толькі мэту павышэння ўзроўню камуністаў і беспартыйных служачых, але і былі своеасаблівай формай кантролю за іх вольным часам, паколькі многія з іх, патрапіўшы на Заходнюю Беларусь, не маглі ўтрымацца ад спакус яшчэ нядаўна „буржуазнага” грамадства. Архіўныя матэрыялы сведчаць пра росквіт карупцыі і п’янства ў асяроддзі прысланага з усходніх абласцей чыноўніцтва.

Падсумоўваючы, можна, на нашу думку, сцвярджаць, што масавая агітацыйна-прапагандысцкая і культурна-асветніцкая работа была, безумоўна, вельмі важным кірункам у дзейнасці савецкага дзяржаўнага апарату на заходнебеларускіх землях у 1939-1941 гг. Разам з тым, яна служыла ў значнай ступені сродкам кантролю за грамадскім жыццём, а дзейнасць агітацыйна-прапагандысцкіх структур забяспечвалася падтрымкай карных устаноў таталітарнай дзяржаўнай машыны. У гэтай дзейнасці надзвычай выразна выяўлялася стаўленне савецкай улады да беларускай нацыянальнай праблематыкі. У тэматыцы прапагандысцкіх лекцый і дакладаў гэтая праблематыка практычна адсутнічала. Наколькі можна меркаваць з архіўных матэрыялаў, агітацыйна-прапагандысцкая работа вялася амаль выключна на расійскай мове. І сярод прыехаўшых з усходу савецкіх работнікаў часта сустракалася адмоўнае стаўленне да беларускай мовы. Аб гэтым сведчыць выпадак з сярэдняй школай № 1 г. Беластока, які знайшоў адлюстраванне ў партыйных дакументах: „В этой школе имеют место открытые протесты против преподования белоруского языка, причем такие выступления имеют место не только со стороны учащихся, но и родителей, а ведь в этой школе учатся только дети, приехавшие из Восточных областей СССР, в большинстве своём дети коммунистов”53. Калі звярнуць увагу на анкеты партыйных работнікаў, дакладней сказаць на той пункт, дзе прыводзяцца даныя пра прачытаную мастацкую літаратуру, то практычна немагчыма знайсці беларускіх аўтараў. Толькі ў адной анкеце прысутнічала звестка, што работнік чытаў твор Якуба Коласа „Дригва”. Само напісанне вядомага твора сведчыла пра ўзровень чытача. Беларуская тэматыка вельмі мала выкарыстоўвалася ў арганізацыі мастацкай самадзейнасці, за выключэннем фальклору. Такім чынам, калі ў сферы народнай адукацыі ў адзначаны перыяд можна гаварыць пра працэс беларусізацыі школьніцтва, то масавая прапагандысцка-агітацыйная работа, наладжаная партыйнымі структурамі, фактычна паклала пачатак русіфікацыі мясцовага беларускага насельніцтва, як складовай часткі агульнага працэсу саветызацыі ўсяго заходнебеларускага грамадства.

Streszczenie

Jednym z ważniejszych zadań stawianych przez władze sowieckie po włączeniu ziem zachodniobiałoruskich do BSRR było wychowanie społeczeństwa w poszanowaniu wartości komunistycznych. Dlatego praca propagandowo-agitacyjna stała się głównym instrumentem realizacji tego celu. Już jesienią 1939 r. z okazji rocznicy rewolucji bolszewickiej zorganizowano setki mityngów, zebrań i okolicznościowych akademii. Praca agitacyjna wymagała zaangażowania tysięcy ludzi, dlatego do aparatu propagandowego wciągano miejscową młodzież, która po parumiesięcznym przeszkoleniu stawała się organizatorami różnych komunistycznych uroczystości. Agitację prowadzono także poprzez działalność czytelni wiejskich, pracę chórów ludowych oraz działalność świetlicową. Przekazywano wyłącznie takie treści, które kształtowały pożądane postawy społeczne i polityczne.


1 Дзяржаўны гістарычны архіў грамадскіх арганізацый Гродзенскай вобласці (далей: ДГАГАГВ), фонд 6195, вопіс 1, справа 369, аркуш 83.
2 Там жа.
3 Там жа, а. 16.
4 Там жа, а. 85
5 Там жа, а. 84.
6 Там жа, а. 5.
7 Там жа.
8 Там жа, а. 9.
9 Там жа, а. 93.
10 Там жа, а. 101.
11 Там жа, а. 169.
12 Там жа, а. 196.
13 Там жа, а. 261.
14 Там жа, а. 463.
15 Там жа.
16 Там жа, а. 261.
17 Там жа, а. 298.
18 Там жа.
19 Там жа, а. 267.
20 Там жа, а. 276.
21 Там жа, а. 86.
22 ДГАГАГВ, ф. 6195, в. 1, с. 410, а. 300.
23 Там жа, а. 306.
24 Там жа, а. 303.
25 Там жа, а. 306.
26 Там жа, а. 89.
27 Там жа, а. 90.
28 Там жа, а. 94.
29 Там жа, а. 96.
30 Там жа, а. 12.
31 Там жа, а. 1.
32 Там жа, а. 321.
33 Там жа, а. 331.
34 Там жа, а. 333.
35 Там жа, а. 334.
36 ДГАГАГВ, ф. 6195, в. 1, с. 369, а. 375.
37 Там жа, а. 73.
38 Там жа, а. 119-121.
39 Там жа, а. 444.
40 Там жа, а. 446.
41 Там жа, а. 363.
42 Там жа, а. 454.
43 Там жа, а. 339.
44 ДГАГАГВ, ф. 6195, в. 1, с. 410, а. 310-311.
45 ДГАГВ, ф. 6195, в. 1, с. 427.
46 ДГАГВ, ф. 6195, в. 1, с. 410. а. 311.
47 Там жа, а. 316.
48 ДГАГА, ф. 6195, в. 1, с. 369, а. 287.
49 Там жа.
50 Там жа. а. 384.
51 Там жа, а. 390.
52 Там жа, а. 420.
53 Там жа, а. 114.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія