БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 13

Праблемы нацыянальна-культурнага жыцця заходніх абласцей БССР у 1939-1941 гг.

Аляксандр Вабішчэвіч
(Брэст)


З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР восенню 1939 г. беларускі народ аднавіў сваю тэрытарыяльную цэласнасць, аб’яднаўся ў адзіную сям’ю, хоць і ў межах савецкай дзяржаўнасці. У заходнебеларускага грамадства з’явіліся доўгачаканыя надзеі наконт паляпшэння свайго сацыяльна-эканамічнага і культурнага становішча. Людзі спадзяваліся, што новыя ўлады станоўча выправяць ранейшую ненармальную сітуацыю ў галіне культуры, адукацыі. У дачыненні да беларусаў і іншага няпольскага насельніцтва ў заходняй частцы Беларусі ў 1921-1939 гг. праводзілася палітыка паланізацыі, нацыянальнага ўціску. Польская мова была пануючай у дзяржаўных установах, а польскія школы — у сістэме адукацыі. Напярэдадні верасня 1939 г. у Заходняй Беларусі існавалі 6199 пачатковых школ, з іх польскіх — 5932 (95,7%), яўрэйскіх — 263 (4,2%), рускіх — 3, 1 нямецкая і ніводнай беларускай1. Лёс адзінай беларускай гімназіі (як філіі польскай) — у Вільні — быў няпэўны. Аднак на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў знаходжання заходнебеларускіх зямель у складзе Польскай дзяржавы там то заціхала, то зноў разгаралася барацьба супраць паланізацыі. Менавіта таму савецкія ўлады не маглі так проста праігнараваць справядлівыя нацыянальна-культурныя інтарэсы мясцовага насельніцтва.

Акрамя таго, нельга было не ўлічваць шматнацыянальны склад насельніцтва, моўную спецыфіку краю. Сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка пасля сваёй паездкі ў заходнебеларускі рэгіён дакладваў 25 верасня 1939 г. І. Сталіну: „Ва ўсіх гэтых гарадах (...) не сустрэў ніводнага чалавека, які б не размаўляў па-руску. Усе цудоўна гавораць па-руску, нават моладзь”. Безумоўна, што гэта зусім не адпавядала ісціне, асабліва выказванне наконт валодання рускай мовай маладымі людзьмі. „Сяляне гавораць аўтэнтычнай беларускай мовай, пры гэтым выкарыстоўваюць шмат слоў, аб якіх нас тут запэўнівалі, што яны нацдэмаўскія, выдуманыя. Нацыянал-дэмакраты маглі выдумаць іх у літаратуры, але прышчапіць людзям, тым больш заходнім беларусам, не маглі. За Беластокам насельніцтва (...) горш ведае рускую мову”2.

Змены ў адукацыі, якіх чакалі ў заходнебеларускім грамадстве, павінны былі ажыццяўляцца ў кантэксце саветызацыі. Найперш патрабавалася рэарганізаваць усю асвету на новых прынцыпах. Пра гэта сведчыць ліст намесніка наркама асветы БССР К. Чарнова ад 25 кастрычніка 1939 г. На пытанне „што трэба зрабіць?” ім прапаноўвалася змяніць усю папярэднюю сістэму адукацыі на савецкую, увесці вывучэнне рускай і беларускай моў, арганізаваць у кожнай вобласці і вялікіх гарадах па адной рускай ці беларускай школе для дзяцей чырвонаармейцаў і работнікаў часовых упраўленняў, выдаць падручнікі на беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай мовах і г.д. А ў снежні 1939 г. СНК БССР і ЦК КП(б)Б выдалі пастанову „Аб мерапрыемствах па арганізацыі народнай адукацыі ў заходніх абласцях БССР”. Распрацаваная „Інструкцыя аб парадку рэарганізацыі школ заходніх абласцей БССР” (Мінск 1939) прадугледжвала, што пытанне аб мове навучання кожнай школы павінна вырашацца згодна нацыянальнага складу вучняў і жадання іх бацькоў. Адначасова згаданая пастанова абавязвала партыйныя, савецкія органы, аддзелы адукацыі „разгарнуць прапагандысцкую і агітацыйную работу па ліквідацыі пагардлівых адносін да беларускай мовы, якія прышчэпліваліся кіруючымі коламі і нацыяналістычнымі элементамі ў былой Польшчы”. Аналагічныя дакументы былі прыняты і на абласным узроўні.

Гэтыя важныя рашэнні дазволілі адкрыць розныя тыпы нацыянальных школ, што часткова паспрыяла развіццю культуры, асветы шматнацыянальнага насельніцтва Заходняй Беларусі. Да верасня 1940 г. у заходніх абласцях рэспублікі дзейнічалі 4192 (74,4%) беларускія, 987 (17,5%) польскіх, 173 (3,1%) рускіх, 169 (3%) яўрэйскіх, 63 (1,1%) літоўскіх, 49 (0,9%) украінскіх школ3. Сетка навучальных устаноў у асноўным адпавядала нацыянальнаму складу насельніцтва. У Баранавіцкай вобласці ў 1940/41 навучальным годзе з агульнай колькасці школ беларускіх было 92,9%, польскіх — 2,5%, яўрэйскіх — 2,4%, рускіх — 2%, літоўскіх — 0,2%4. У Пінскай вобласці ўжо ў лютым 1940 г. было 89,7% беларускіх школ, 3,9 % — рускіх, 3,2% — яўрэйскіх, 2,5% — польскіх і 0,5% — украінскіх5. На Беласточчыне, дзе была большай прысутнасць палякаў, у 1939/40 навучальным годзе польскія школы складалі 58,7%, беларускія — 33,8%, яўрэйскія — 4,5%, рускія — 1,7%, літоўскія — 1,3%6. Ва ўсіх нацыянальных школах абавязковай з’яўлялася беларуская мова, а з восені 1940 г. — і руская. Для дарослых былі арганізаваны курсы па вывучэнні рускай мовы.

У 1940 г. быў адкрыты шэраг навучальных устаноў: у Беластоку — педагагічны і вячэрні настаўніцкія інстытуты, у Баранавічах, Гродне і Пінску — настаўніцкія інстытуты. Працавалі 25 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у тым ліку 8 педагагічных вучылішчаў, 8 медыцынскіх і 7 сельскагаспадарчых тэхнікумаў.

Пазітыўныя змены адбываліся і ў друку, літаратурным жыцці. Сталі выдавацца на беларускай і іншых мовах часопісы і газеты, грамадска-палітычная і мастацкая літаратура. У духоўнае жыццё БССР улілася плеяда таленавітых заходнебеларускіх пісьменнікаў, паэтаў, грамадскіх дзеячаў, артыстаў. Старшыня Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР М. Лынькоў у накіраванай 10 снежня 1939 г. у ЦК КП(б)Б дакладной запісцы ўказваў, што ў заходніх абласцях ёсць каля 100 беларускіх, польскіх, яўрэйскіх пісьменнікаў. Самым вядомым з іх ён даў кароткія характарыстыкі: „1. Танк Максім, малады рэвалюцыйны беларускі паэт, найбольш таленавіты з усёй групы заходніх пісьменнікаў. Мае 5 зборнікаў. 2. Пестрак Піліп, былы палітзняволены, сядзеў у турме 11 гадоў, добры лірык. Зборнікаў не мае, бо яго не друкавалі. (...) 6. Машара Міхась, беларускі паэт, мае 5-7 зборнікаў, батрак, пісаў на сацыяльныя тэмы (...) у апошнія гады, пасля арышту і зняволення, трапіў у лапы хадэкаў, быў некаторы час пад іх уплывам”. М. Лынькоў турбаваўся адносна перыядычных выданняў на польскай і яўрэйскай мовах, стварэння асобнага польскага сектара пры Дзяржвыдавецтве, павелічэння аб’ёму існуючага яўрэйскага літаратурна-мастацкага часопіса „Штэрн” ці друкавання новага часопіса ў Беластоку. „Польскія пісьменнікі ў Беластоку настойліва дамагаюцца вырашэння 3-х праблем: самастойнай газеты на польскай мове, газеты для піянераў і радыёперадач па-польску (...). Слуханне польскага радыё з Лондана ў Беластоку — гэта паўсюдная з’ява”7.

Заходнебеларускія літаратары актыўна ўключыліся ў творчы працэс. 25 верасня 1940 г. было створана Беластоцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з П. Пестраком. У канцы таго ж года выйшаў яго зборнік вершаў „На варце”, а таксама кніга Н. Тарас „На ўсход ідучы”, „Выбраныя вершы” М. Танка.

7 верасня 1940 г. на пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б было прынята рашэнне: „Зацвердзіць выданне рэспубліканскай газеты на польскай мове з 20 верасня 1940 г. Назваць газету „Сцяг свабоды” („Штандар Вольнасьці”), орган ЦК КП(б)Б”8. Акрамя „Штандара Вольнасьці”, па-польску выдаваліся таксама адна рэспубліканская і шэсць мясцовых газет.

Яшчэ ў лістападзе 1939 г. у Беластоку быў заснаваны Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р. Шырмы. У пачатку 1941 г. у Беластоку працавалі беларускі і польскі драмтэатры, у Брэсце — рускі і яўрэйскі, у Гродне — рускі, у Вілейцы, Пінску, Баранавічах — беларускія драмтэатры. Гэтыя музычныя і тэатральныя калектывы задавальнялі густы нацыянальных груп насельніцтва. У заходнебеларускіх гарадах, вёсках назіралася ажыўленне мастацкай самадзейнасці.

У цэлым, палітыка нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў заходніх абласцях БССР (1939-1941 гг.) утрымлівала элементы беларусізацыі (сам тэрмін ужо не выкарыстоўваўся), якія натуральна адпавядалі інтарэсам большасці заходнебеларускіх жыхароў. Савецкія ўлады не маглі адразу перайсці да русіфікацыі, бо гэта магло выклікаць незадавальненне мясцовага насельніцтва і дэстабілізаваць і без таго складаную грамадска-палітычную сітуацыю. Захады па нацыянальна-культурным развіцці народаў Заходняй Беларусі былі выгаднымі для ажыццяўлення саветызацыі. Станоўчыя вынікі ў гэтым напрамку можна было актыўна выкарыстаць у прапагандысцкай рабоце — пераконваць у правільнасці „ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі”. Уступкі для нацыянальных груп насельніцтва адпавядалі сталінскай формуле „культура нацыянальная па форме, сацыялістычная па зместу”. Рэалізуючы ў жыццё элементы беларусізацыі, савецкая дзяржаўная машына праследавала пераважна ідэалагічныя, палітычныя мэты. Аднак варта адзначыць станоўчы момант: у пэўным выйгрышы ад гэтага аказалася ўся беларуская нацыя — у заходніх абласцях паступова разгортвалася беларусізацыя, а на ўсходзе рэспублікі запаволена згортванне сферы функцыянавання беларускай мовы. Безумоўна, гаварыць аб сапраўдным росквіце нацыянальнай культуры, мовы ўсё-такі не даводзіцца.

Частка заходнебеларускага насельніцтва непрыхільна ўспрымала мерапрыемствы савецкіх улад у галіне культуры. Пераўтварэнні ажыццяўляліся часта фарсіраванымі тэмпамі, з выкарыстаннем адміністрацыйных (замест растлумачальных) метадаў, што было натуральным для сталінскай таталітарнай сістэмы. Напрыклад, у канцы 1939 г. у час інспекцыі высветлілася, што ў Пружанскім раёне загадчык аддзела народнай адукацыі выдаў распараджэнне, каб навучанне праводзілася ва ўсіх школах па-беларуску, хаця ў раёне былі вёскі з перавагай палякаў9. Усё-такі большасць выпадкаў ушчамлення нацыянальных інтарэсаў беларусаў, палякаў і іншых народаў было на карысць рускіх школ. Рабілася гэта нават насуперак нацыянальнаму складу насельніцтва. Часта польскія школы высяляліся з уласных будынкаў, якія перадаваліся рускім школам. Гэта выклікала справядлівае незадавальненне пакрыўджаных груп насельніцтва. У асобных гарадах і мястэчках (Ліда, Ломжа і іншыя) адбыліся нават школьныя забастоўкі.

Даволі грубыя парушэнні пры правядзенні нацынальна-культурнай палітыкі назіраліся ў Беластоцкай вобласці. Атрымліваючы трывожныя сігналы з месцаў, ЦК КП(б)Б неаднаразова ўказваў асабіста загадчыку Беластоцкага абласнога аддзела народнай адукацыі С. Найдзіну на недапушчальнасць патурання пераўтварэнню яўрэйскіх, літоўскіх і асабліва польскіх школ у рускія. Аднак гэта працягвалася і далей, што падагравала напружаную грамадска-палітычную сітуацыю ў вобласці. На пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б 30 верасня 1940 г. перавод польскіх школ у Моньках, Саколцы, Аўгустове на рускую мову, неабгрунтаваная замена ў польскіх школах настаўнікаў-палякаў асобамі рускай нацыянальнасці і іншыя парушэнні былі кваліфікаваны як „факты скажэння ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі ў школьным будаўніцтве”10. Першаму сакратару Беластоцкага абкама КП(б)Б С. Ігаеву было ўказана на няўважлівыя і нават абыякавыя адносіны да нацыянальна-культурных праблем, прадпісана абмеркаваць усе выпадкі парушэнняў і пакараць вінаватых. С. Найдзін быў звольнены з пасады, атрымаў вымову і адкліканы на ўсход. Тым не менш, парушэнні на Беласточчыне дапускаліся і пазней.

Лічым, што з далучэннем Вільні і Віленшчыны да Літвы (паводле савецка-літоўскага пагаднення ад 10 кастрычніка 1939 г.), заходнебеларускае грамадства страціла значны грамадскі і культурны цэнтр. На працягу двух папярэдніх дзесяцігоддзяў у Вільні дзейнічалі розныя заходнебеларускія палітычныя, навуковыя, культурна-асветніцкія арганізацыі, беларуская гімназія, музей. Пасля ўваходжання ў Вільню 19 верасня 1939 г. Чырвонай Арміі там былі адкрыты беларускія школы, аднавіла работу беларуская гімназія, пачалі выдавацца беларускамоўныя часопісы і газеты, створана беларуская тэатральная трупа і іншыя культурныя таварыствы. Працягвалася гэта нядоўга. Пры новых уладах — літоўскіх — сітуацыя значна пагоршылася. Нешматлікай уцалелай інтэлігенцыі, што аб’ядналася вакол Беларускага цэнтра ў Літве (кіраўнік — А. Станкевіч), спатрэбілася шмат намаганняў, каб часткова зберагчы ранейшыя пазіцыі ў галіне адукацыі, культуры.

Незайдросным быў лёс заходнебеларускай інтэлігенцыі, якая шчыра верыла ў ідэалы нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Яшчэ напярэдадні ўступлення савецкіх войск у Заходнюю Беларусь 15 верасня 1939 г. на нарадзе ў НКУС БССР абмяркоўваліся канкрэтныя карныя меры, былі складзены падрабязныя спісы патэнцыяльных праціўнікаў, якіх трэба было арыштаваць. Сярод іх былі і прадстаўнікі інтэлігенцыі, лідэры і актывісты заходнебеларускіх партый і арганізацый11. У верасні — кастрычніку 1939 г. былі арыштаваны У. Самойла, А. Луцкевіч, М. Краўцоў, А. Уласаў, В. Багдановіч, Я. Пазняк і іншыя вядомыя дзеячы. Іх талент, самаахвярная праца маглі прынесці вялікую карысць культурнаму развіццю беларускага народа. Аднак ім было наканавана стаць ахвярамі сталінізму.

Ва ўмовах пашырэння кампаніі барацьбы з „ворагамі народа”, рэпрэсій і дэпартацый савецкая кадравая палітыка ў заходніх абласцях не рабіла дабратворнага ўплыву на нацыянальна-культурнае жыццё. Так як да мясцовых кадраў паўсюдна праяўляліся падазронасць і недавер, то сюды для ўсталявання савецкіх парадкаў з усходніх абласцей БССР і іншых саюзных рэспублік былі накіраваны 4500 партыйных, 6200 камсамольскіх работнікаў, каля 7 тыс. чырвонаармейцаў і міліцыянераў, 2 тыс. супрацоўнікаў НКУС, а таксама спецыялісты розных галін гаспадаркі і культуры. Усяго да канца 1940 г. у заходнія вобласці рэспублікі прыбыло каля 31 тыс. „усходнікаў”12. Яны пераважна не ведалі мясцовага ўкладу жыцця, звычаяў, мовы (беларускай, польскай, яўрэйскай). Руская мова стала фактычна рабочай для партыйных і савецкіх органаў усіх узроўняў.

Восенню 1940 г. ЦК КП(б)Б у асобным лісце зрабіў крытычныя заўвагі ў адрас кіруючых кадраў заходніх абласцей. „Многія партыйныя і савецкія кіраўнікі, што працуюць у раёнах з перавагай польскага насельніцтва, не вывучаюць польскую мову, не размаўляюць з насельніцтвам на яго роднай мове (...). У шэрагу выпадкаў аграномаў-палякаў у Граеўскім, Ломжынскім, Крынкаўскім, Заблудаўскім, Гродзенскім, Браньскім і іншых раёнах Беластоцкай вобласці, што добра працуюць і любяць сваю справу, замянілі накіраванымі з усходу. (...) З 70 мясцовых аграномаў у Беластоцкай вобласці на працы засталося ўсяго толькі 19 чалавек”13.

Для работы ў сістэме адукацыі было накіравана ў заходнія вобласці каля 700 чалавек. Кваліфікацыя камандзіраваных настаўнікаў была нярэдка слабой. „Значная частка настаўнікаў прыбыла з усходніх абласцей СССР, але сярод гэтай часткі настаўнікаў шмат слабападрыхтаваных. Аддзелы народнай адукацыі і Наркамасветы рэспублікі не заўсёды сур’ёзна падыходзяць да адбору настаўнікаў для накіравання іх у заходнія вобласці, а часамі робяць свядома — моцных настаўнікаў пакідаюць у сябе, а слабых адпраўляюць” (са спецпаведамлення органаў НКУС аб становішчы адукацыі ў Баранавіцкай вобласці ў 1940/41 навучальным годзе)14. Адначасова праяўляўся агульны недавер да настаўнікаў-палякаў. Каб ачысціць настаўніцкі састаў школ ад „нацыяналістычных, контррэвалюцыйных элементаў”, звальнялі мясцовых, ненадзейных. Такія праяўленні абыякавасці і недаверу не толькі ўзмацнялі антысавецкія настроі, але і парушалі адносную стабільнасць міжнацыянальных адносін.

З мэтай карэкціроўкі кадравай палітыкі ЦК КП(б)Б прыняў 17 кастрычніка 1940 г. пастанову „Аб упарадкаванні справы падбору і пасылкі работнікаў у заходнія вобласці БССР”. У пастанове падкрэслівалася, што „распаўсюдзіліся выпадкі пасылкі ў заходнія вобласці работнікаў, у якіх там няма ніякай патрэбы, на пасады і працу, якія з поспехам могуць заняць мясцовыя кадры (...). Наркамасветы ўвёў практыку накіравання настаўнікаў у заходнія вобласці без уліку сапраўднай патрэбнасці і нацыянальнага саставу школ”15. Практыка агульнага недаверу да мясцовых спецыялістаў (асабліва палякаў) была прызнана шкоднай. Цяпер ухіл быў зроблены ў бок каранізацыі — вылучэння на кіруючыя пасады тутэйшых кадраў. Аднак па-ранейшаму вызначальную ролю пры прызначэнні на кіруючыя пасады іграў не столькі нацыянальны крытэрый, колькі ідэйна-палітычныя погляды, сацыяльнае паходжанне кандыдатаў.

Асобныя элементы беларусізацыі не маглі пераўтварыцца ў сапраўдную палітыку нацыянальна-культурнага развіцця заходніх абласцей. І не выпадкова, бо ў БССР у 1930-я гады ўжо праводзілася контрбеларусізацыя. Беларуская мова там выцяснялася з партыйных, дзяржаўных устаноў, сферы адукацыі і культуры, што выклікала некаторую негатыўную рэакцыю на месцах. Цэнтр не мог не лічыцца з гэтымі настроямі16. 6 верасня 1940 г. ЦК КП(б)Б прыняў пастанову „Аб вывучэнні партыйнымі і савецкімі работнікамі, якія працуюць у саюзных ці аўтаномных рэспубліках, мовы адпаведнай саюзнай ці аўтаномнай рэспублікі”. Аналагічная пастанова была выдадзена 16 кастрычніка 1940 г. у БССР — „Аб вывучэнні партыйнымі і савецкімі работнікамі БССР беларускай мовы”. „Прызнаць няправільным, што многія кіруючыя партыйныя і савецкія работнікі, што працуюць у Беларусі, не ведаюць і не вывучаюць беларускую мову”, — адзначалася ў пастанове. Чыноўнікі павінны былі ўзяцца за вывучэнне беларускай мовы. „Абавязаць абкамы, гаркамы і райкамы КП(б)Б распрацаваць мерапрыемствы па аказанні індывідуальнай дапамогі таварышам у вывучэнні беларускай мовы шляхам арганізацыі кансультацый у школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, завочнага навучання”17.

На практыцы пастанова ажыццяўлялася нездавальняюча, хоць і былі станоўчыя зрухі. Так, ва ўсіх раёнах Пінскай вобласці былі арганізаваны пры парткабінетах гурткі па вывучэнні беларускай мовы, у асобных раёнах — кансультацыі. Па-беларуску праводзіліся партыйныя сходы ў Столінскім раёне. Цэлы шэраг партыйных работнікаў Пінскай вобласці карыстаўся ў працы беларускай мовай. Аднак „значная частка кіруючых таварышаў яшчэ не прыступіла да сур’ёзнага вывучэння беларускай мовы, яе не ведае і не карыстаецца ёю, — адзначалася ў адной з дакладных запісак у пачатку 1941 г. — Пінскі ГК КП(б)Б прыняў пастанову (...). Але далей прыняцця пастановы справа не пайшла. Гурткі і школы для партактыву не арганізаваны. Камуністы беларускай мовы не вывучаюць”18. Дарэчы, Пінская абласная партарганізацыя тады мела наступны нацыянальны склад: беларусы — 37,9%, рускія — 37,1%, яўрэі — 15,2%, палякі — 0,9%19.

Прыкладна такая ж несуцяшальная сітуацыя з беларусізацыяй назіралася і ў іншых абласцях. „Адносна вывучэння беларускай мовы партыйнымі і савецкімі работнікамі ў нашым раёне да цяперашняга часу нічога не зроблена, — паведамляў вясной 1941 г. загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Жалудоцкага раёна ў Баранавіцкі абкам партыі20.

У 1940/41 навучальным годзе ў заходніх абласцях, як і ва Усходняй Беларусі, асобныя беларускія школы пераўтвараліся ў рускія. У некаторых існуючых беларускіх школах асноўныя прадметы выкладаліся па-руску. Настаўнікі-„ўсходнікі” не былі гатовыя да выкладання з-за няведання мовы. Адчувалася свядомае супраціўленне спробам беларусізацыі прадстаўнікоў небеларускага насельніцтва. Частка беларусаў, што мела ўстойлівы стэрэатып аб непатрэбнасці ўласнай мовы, які складваўся ў мінулым у выніку паланізацыі і русіфікацыі, таксама негатыўна рэагавала на спробы беларусізацыі. Пры адсутнасці настойлівай растлумачальнай работы з боку мясцовых улад у асобных вёсках Навагрудскага і іншых раёнаў уздымалася пытанне аб стварэнні рускіх школ21. У Пінску і Драгічыне не былі адкрыты 5-7 класы ў польскіх школах22. Таму ў студзені 1941 г. наркам асветы БССР Е. Уралава разаслала ўсім загадчыкам аблана ліст з папярэджаннем аб недапушчальнасці парушэння парадку рэарганізацыі нацыянальных школ.

Апошнім значным крокам у справе беларусізацыі была пастанова ЦК КП(б)Б ад 24-25 студзеня 1941 г. „Аб вывучэнні беларускай мовы ў ВНУ, тэхнікумах і школах БССР”. Былі ажыццёўлены захады па ўмацаванні існуючых беларускіх школ. Ва ўсіх школах была разгорнута гуртковая работа па вывучэнні беларускай мовы. Як адзначалася ў дакладной запісцы, 17 лютага 1941 г. Бюро Баранавіцкага абкама партыі прапанавала гаркаму і райкамам намеціць практычныя мерапрыемствы ў гэтым напрамку23. „Радуньскі РК КП(б)Б пасля правядзення нарады з настаўнікамі правёў праверку. Праверка паказала значнае паляпшэнне. У раёне наладжаны настаўніцкія семінары, дзе настаўнікі вывучаюць беларускую мову”24.

Аднак ад гэтай пастановы, якая мела яскрава палітычны характар, нельга было чакаць нейкіх кардынальных змен у справе пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы. Гэта была чарговая партыйная кампанія. Перашкаджалі таксама аб’ектыўныя і суб’ектыўныя цяжкасці. З-за слабасці паліграфічнай базы затрымлівалася забеспячэнне беларускамоўнай вучэбна-метадычнай літаратурай. Існавалі складанасці і з забеспячэннем польскіх, украінскіх школ падручнікамі на нацыянальных мовах. Становішча абцяжарвалася „чысткамі” бібліятэк ад „контррэвалюцыйнай, нацыяналістычнай” літаратуры. Часткова недахоп літаратуры кампенсаваўся прысланымі з усходу кнігамі на рускай мове. Так, Наркамасветы РСФСР накіраваў для бібліятэк Брэсцкай вобласці 170 тыс. кніг25.

Нязначныя змяненні ў кадравай палітыцы не змаглі сур’ёзна паўплываць на працэс беларусізацыі. „У г. Лідзе шэраг дырэктараў школ, камуністаў, што свабодна валодаюць беларускай мовай, праводзілі работу на рускай мове. У Навагрудскім педвучылішчы асноўныя дысцыпліны выкладаліся на рускай мове, перапіска з Наркамасветы, загады, распараджэнні напісаны па-руску. У Клецкім раёне у большасці беларускіх школ гутаркі праходзілі на рускай мове, дысцыпліны выкладаліся таксама на рускай мове (...). У Навагрудскім фінансава-эканамічным тэхнікуме да цяперашняга часу выкладанне прадметаў адбываецца на рускай мове. Усе выкладчыкі тэхнікума прыехалі з РСФСР”. Пра гэтыя і іншыя недахопы ў выкананні пастановы ад 24-25 студзеня 1941 г. у Баранавіцкай вобласці дакладваў у ЦК КП(б)Б сакратар Баранавіцкага абкама партыі Б. Астроўскі26. Неразумнай была прызнана расстаноўка педагагічных кадраў: настаўнікі, якія валодалі беларускай мовай, выкладалі ў рускіх школах і наадварот.

Падобныя праблемы з беларускамоўным выкладаннем існавалі і ў іншых заходніх абласцях. У Брэсцкай вобласці для выпраўлення сітуацыі выкарысталі звычайныя адміністрацыйныя метады — прапаноўвалі забараніць выкладанне па-руску ў беларускіх школах усіх прадметаў, акрамя рускай мовы27.

Выключна на рускай мове была наладжана вучоба непісьменнай і малапісьменнай моладзі прызыўнога ўзросту. Адзінкавымі былі выпадкі навучання грамаце будучых чырвонаармейцаў на беларускай, польскай мовах28. Антырэлігійная прапаганда таксама праводзілася толькі на рускай мове. Лектары амаль не выкарыстоўвалі яўрэйскую, польскую ці беларускую мовы. Так, у Слоніме ў 1940/41 г. яны прачыталі 40 лекцый, з іх 7 — на яўрэйскай мове29. У Баранавіцкай вобласці па стане на 28 лютага 1941 г. прачытана 237 антырэлігійных лекцый, з іх 1 — на польскай мове, 3 — на яўрэйскай30.

Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад СССР і на яе паступова распаўсюдзілася заганная практыка цэнтральных органаў кіравання адбіраць усе набыткі гісторыка-культурнай спадчыны савецкіх народаў у Маскву. Хоць 22 снежня 1939 г. СНК БССР была прынята пастанова „Аб ахове помнікаў рэвалюцыі, мастацтва і помнікаў даўніны, захаванні архіваў у заходніх абласцях БССР”, паводле якой забаранялася разбураць помнікі мінулага, знішчаць і раскрадаць архівы, вывозіць каштоўнасці без дазволу ўрада, але ў 1940-1941 гг. шматлікія агульнасаюзныя навукова-даследчыя ўстановы арганізавалі экспедыцыі ў заходнія вобласці рэспублікі, пасля якіх атрымоўвалі каштоўныя рэчы. Як паведамляла газета „Известия” (2 лістапада 1940 г.), з шэрагу вывезенага Дзяржаўным гістарычным музеем было „цудоўнай работы крэсла з косці рагоў аленя” з паляўнічай залы Нясвіжскага палаца. Той жа музей вывез 2 арыгінальныя разныя крэслы з епіскапскага палаца ў Пінску і мэблю з маёнтка Завіша каля Пінска.

Згаданая газета „Известия” 7 верасня 1940 г. паведамляла пра тое, што Цэнтральны антырэлігійны музей у Маскве чакаў 2 вагоны старажытных кніг і рукапісаў, што належалі каталіцкай семінарыі ў Пінску. З-за абыякавасці партнаменклатуры рэспубліка страціла кнігазбор, які ўяўляў вялікую навуковую і культурную каштоўнасць. У пацвярджэнне гэтага прыводзім дакладную запіску сакратара Пінскага абкама партыі А. Мінчанкі сакратару ЦК КП(б)Б П. Панамарэнку, якая датуецца 15 кастрычніка 1940 г. (тэкст дакумента пададзены са скарачэннямі і на мове арыгіналу).

„Помещение бывшей духовной семинарии было занято под военный госпиталь. Руководство госпиталя весь фонд литературы свалило в беспорядочном состоянии в одну комнату и неоднократно настаивало освободить помещение.

В мае секретарь обкома по пропаганде тов. Улазов обращался в Академию наук БССР к тов. Горину и просил оказать помощь в разборе, определении использования этой библиотеки. Однако со стороны Академии наук не были приняты соответствующие меры. Командированный Академией наук один товарищ ничего не сделал, только посмотрел и уехал. 17 мая 1940 г. зам. заведующего отделом пропаганды и агитации обкома КП(б)Б тов. Бикашов обратился к секретарю ЦК КП(б)Б тов. Малину с письмом, в котором просил воздействовать на Академию наук и прислать специалистов. 5 августа тов. Малин сообщил, что Академии наук БССР разрешается принять и вывезти в г. Минск библиотеку и архив бывшей духовной семинарии. Однако представителей Академии так и не было.

Зав. облоно тов. Старикович с ведома зам. заведующего отделом пропаганды и агитации обкома КП(б)Б тов. Бикашова обратился с письмом в Центральный антирелигиозный музей с просьбой оказать помощь в разборе библиотеки и принятия некоторого количества книг, имеющих ценность для музея.

Центральный антирелигиозный музей прислал своего работника, которому тов. Старикович разрешил вывезти 33 тыс. томов книг. Оставшаяся литература находится — около 4 тыс. томов — в городском парткабинете в неразобранном виде, 1 тыс. томов в Пинском музее и 2 тыс. в городской библиотеке”31.

Яшчэ адзін архіўны дакумент сведчыць аб тым, што партыйныя і савецкія ўлады не праяўлялі належнага клопату пра нацыянальную культурную спадчыну. Гэта ліст старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Н. Наталевіча, адрасаваны кіраўнікам савецкіх органоў, устаноў культуры. Ён датуецца 5 лістапада 1940 г. Таксама прадстаўлены са скарачэннямі і на мове арыгіналу.

„В последнее время наблюдаются случаи вывоза различными научными учреждениями и даже отдельными лицами важнейших культурно-исторических ценностей, хранящихся в архивах БССР, музеях, бывших дворцах, имениях и т.п., производимого без ведома и разрешения правительства БССР. Так была вывезена в начале сентября т.г. весьма ценная в историческом отношении библиотека бывшей в Пинске католической семинарии в количестве 30 000 томов. Таким же образом было передано хранившееся до сих пор в Слонимском районном музее подлинное письмо Пушкина. Некоторые музеи командируют в БССР своих научных работников исключительно с целью вывоза предметов древности, культуры и искусства.

До сего времени не прекращаются также случаи варварского отношения к подобного рода памятникам, вплоть до полного их уничтожения. Древние курганы и городища распахиваются, иногда даже целиком сносятся. В гор. Давид-Городке с ведома местного горсовета разрушается городище — остатки древнерусского города 12-13 веков. В г. Волковыске раскапывается (с целью добычи глины) подобное же городище. В д. Дятлове Кохановского района взорван для получения щебня т. наз. „Рогволодов камень” с надписью 1171 года”32.

Безумоўна, што для прадухілення падобных непрыглядных фактаў катэгарычна патрабавалася „прыняць самыя рашучыя меры” да парушальнікаў. Аднак карэнным чынам выправіць сітуацыю з аховай помнікаў гэта не магло.

Наогул, асноўны змест нацыянальна-культурнай палітыкі савецкіх улад у заходняй частцы Беларусі ў 1939-1941 гг. не зусім адпавядаў сапраўдным клопатам пра развіццё культуры, мовы, не задавальняў спаўна правы і магчымасці развіцця нацыянальных меншасцей. Ва ўмовах рэпрэсій, дэпартацый, выкарыстання камандных метадаў, ажыццяўлення адпаведнай кадравай палітыкі, падрыхтоўкі спецыялістаў для ўстаноў адукацыі, культуры ў ВНУ на рускай мове, пры недахопе вучэбна-метадычнага забеспячэння на нацыянальных мовах, уніфікацыі ў дзейнасці ўстаноў адукацыі і культуры дабіцца захавання нават нешматлікіх элементаў беларусізацыі было складана. Палітыка зліцця моў і культур, што праводзіў сталінскі рэжым, узмацняла паступова русіфікатарскую тэндэнцыю ў духоўным жыцці заходнебеларускіх зямель. Аднак пасля ўз’яднання з БССР усё-такі спраўдзіліся многія надзеі людзей на паляпшэнне становішча ў культуры: была наладжана праца школ на беларускай і іншых нацыянальных мовах, разгарнулася работа па ліквідацыі непісьменнасці, культурна-асветніцкая праца, адкрыўся шэраг сярэдніх, вышэйшых навучальных устаноў, новых тэатраў.

Streszczenie

Zjednoczenie ziem białoruskich jesienią 1939 r. przyniosło długo oczekiwaną przez naród jedność terytorialną. Władze sowieckie, nie zważając na specyfikę narodowościową tej części Białorusi, przystąpiły do jej sowietyzacji. Politykę tę realizowano także poprzez system oświaty i wychowania. Początkowo otwarto wszystkie typy szkół z uwzględnieniem struktury etnicznej nowo włączonych ziem. Od 1940 r. coraz wyraźniej procesowi sowietyzacji nauczania zaczęła towarzyszyć rusyfikacja. Dotknęła ona przede wszystkim szkoły z białoruskim językiem nauczania, bowiem w nich najszybciej wprowadzano rosyjski język wykładowy.


1 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 4, воп. 2, сп. 1512, арк. 21.
2 Там жа, воп. 21, сп. 1521, арк. 206-211.
3 Паводле падлікаў С. Яцкевіча: „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1998, № 10, s. 73; „Настаўніцкая газета”, 15.06. 1994.
4 Падлічана паводле: Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці (далей: ДАБВ), ф. 7580, воп. 1, сп. 26, арк. 302.
5 Падлічана паводле: ДАБВ, ф. 7581, воп. 1, сп. 15, арк. 72.
6 Падлічана паводле: НАРБ, ф. 4, воп. 27, сп. 243, арк. 24.
7 НАРБ, ф. 4, воп. 21, сп. 1646, арк. 42-47.
8 Там жа, воп. 3, сп. 1052, арк. 3.
9 Там жа, воп. 21, сп. 1774, арк. 63-64.
10 Там жа, воп. 3, сп. 1072, арк. 47.
11 „Беларускі гістарычны часопіс”, 1994, № 1, с. 33.
12 Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч., Мінск 1995, ч. 2, с. 260.
13 НАРБ, ф. 4, воп. 3, сп. 1081, арк. 43.
14 ДАБВ, ф. 7580, воп. 1, сп. 26, арк. 311.
15 НАРБ, ф. 4, воп. 3, сп. 1079, арк. 4.
16 Л. Лыч, У. Навіцкі, Гісторыя культуры Беларусі, Мінск 1996, с. 292.
17 ДАБВ, ф. 7580, воп. 1, сп. 10, арк. 497.
18 Там жа, ф. 7581, воп. 1, сп. 70, арк. 181, 182.
19 Там жа, арк. 201.
20 Там жа, ф. 7580, сп. 431, арк. 16.
21 Там жа, сп. 27, арк. 68-69.
22 Там жа, сп. 17, арк. 220.
23 Там жа, сп. 431, арк. 5.
24 Там жа, арк. 4.
25 Там жа, ф. 279, воп. 1, сп. 1, арк. 99.
26 Там жа, ф. 7580, воп. 1, сп. 431, арк. 4.
27 Там жа, ф. 279, воп. 1, сп. 2, арк. 127.
28 Там жа, сп. 9, арк. 27; ф. 7581, воп. 1, сп. 71, арк. 97.
29 Там жа, ф. 673, воп. 3, сп. 393, арк. 48.
30 Там жа, арк. 21-22.
31 Там жа, ф. 7581, воп. 1, сп. 19, арк. 191-192.
32 Там жа, ф. 282, воп. 1, сп. 57, арк. 238.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія