|
In memoriam.
Мікола Ермаловіч
(1921-2000)
Генадзь Семянчук
(Гродна)
Выдатны беларускі гісторык і літаратуразнаўца Мікола Ермаловіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі ў сучасным Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. Бацька, Іван Ермаловіч, у 1937 годзе быў арыштаваны і загінуў у сталінскіх лагерах у ГУЛАГу з прычыны пражывання яго роднага брата на польскім баку падзеленай Беларусі. У тым жа годзе і сам Мікола быў выключаны са школы за тое, што, чытаючы па дарозе да хаты „Пісьмо беларускага народу вялікаму Сталіну”, спатыкнуўшыся, упаў разам з ім у балота, і „Пісьмо...” запэцкалася1. Яшчэ перад акупацыяй Беларусі нямецкімі войскамі Мікола Ермаловіч здаў экстэрнам іспыты за сярэднюю школу, паступіў на падрыхтоўчыя курсы, а потым на літаратурны факультэт педагагічнага інстытута ў Мінску, дзе правучыўся тры гады. З 1941 па 1943 гг. працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Мардоўскай АССР. З пачаткам вызвалення беларускіх земляў ад нямецкіх захопнікаў, быў накіраваны ў былы Суражскі раён Віцебскай вобласці загадчыкам аддзела адукацыі. Галоўным абавязкам яго тады было аднаўленне школ. Трохі пазней працаваў у роднай школе на Койданаўшчыне завучам. У 1946 годзе аднаўляецца ў педінстытуце, які паспяхова кончыць у 1947 годзе і атрымоўвае накіраванне ў аспірантуру з перспектывай прафесійна займацца навуковымі даследаваннямі. Аднак ужо праз год прыйшлося кінуць аспірантуру. Прычына — ідэйны і духоўны дыскамфорт, канфрантацыя з уладамі ад навукі. Чыстая, сумленная беларуская душа Ермаловіча не магла мірыцца з бруднай і заідэалагізаванай навуковай палітыкай тых часоў. Мікола Ермаловіч жадаў даследаваць тэму „Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ стагоддзі”, а яму прапаноўвалі „Вобраз Сталіна ў беларускай літаратуры і фальклоры”. З 1948 па 1955 гг. ён старшы выкладчык Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, выкладаў беларускую літаратуру. Пасля ліквідацыі ў 1955 г. інстытута, два гады працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. З-за слабога зроку ў 1957 г. М. Ермаловіч выйшаў на пенсію. Менавіта з гэтагу часу пачынаецца яго самаадданая праца па асэнсаванні і напісанні гісторыі Беларусі сярэднявечнага перыяду ад ІХ да XVI ст.ст. Паралельна ён актыўна займаўся літаратуразнаўствам: даследаваў і прапагандаваў шматлікія постаці, падзеі і з’явы з гісторыі беларускай літаратуры, нават напісаў кніжачку пра Уладзіміра Леніна2. Ён ахвярна на працягу дзесяткаў гадоў амаль кожны дзень ездзіў з Маладзечна ў Мінск дзеля навуковых пошукаў у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Вынікам гэтай працы сталі арыгінальныя манаграфіі Па слядах аднаго міфа3, Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды4, Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд5 і дзесяткі артыкулаў у навуковых зборніках і энцыклапедыях, часопісах „Полымя”, „Нёман”, „Помнікі гісторыі і культуры”, газеце „Літаратура і мастацтва”6. У 1975-1976 гг. самавыдавецкім чынам з’явіўся інфармацыйны лісток „Гутаркі”, у якім разглядаліся разнастайныя пытанні па гісторыі Беларусі ад старажытнасці да сучаснасці (у 1993-1994 гг. яны былі перадрукаваны ў часопісе „Зрок”). За плённую працу на карысць беларускага народа і яго культуры ў 1992 годзе Мікола Ермаловіч атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Загінуў трагічна 4 сакавіка 2000 года, трапіўшы пад машыну. Пахаваны ў Маладзечне.
Першая гістарычная кніга Міколы Ермаловіча Па слядах аднаго міфа была напісана яшчэ ў сярэдзіне 60-х гадоў. Яе ў той час адмовіліся друкаваць ў выдавецтве „Полымя”. І толькі праз 20 гадоў, у 1989 годзе, яна пабачыла святло. Праўда, увесь гэты час названая кніга распаўсюджвалася сярод беларускай інтэлігенцыі і студэнцтва ў фота- і машынапісных копіях, прывіваваючы любоў да Бацькаўшчыны, вызваляючы людзей ад фальшаваных інтэрпрэтацый нашай мінуўшчыны. Чым жа так напалохала невялічкая па памерах кніга і акадэмічных навукоўцаў, і выдавецкіх чыноўнікаў?
У адрозненні ад спецыялістаў гісторыкаў з дыпломамі кандыдатаў і дактароў навук, якія працавалі ў акадэмічных і універсітэцкіх цэнтрах у Савецкай Беларусі, Мікола Ермаловіч разглядаў мінулае беларускага народа з нацыянальных пазіцый, як прынята ва ўсіх цывілізаваных грамадствах і краінах. Яго асноўны метадалагічны прынцып заключаўся у прызнанні таго факта, што беларускі народ ёсць суб’ект гістарычнага працэсу, а не аб’ект альбо складовая частка пэўнай ідэалагічнай канструкцыі (што было характэрна для савецкай марксісцка-ленінскай гістарыяграфіі, як раней і сёння для расейскай і польскай гістарычных навук у адносінах да мінулага Беларусі). Ён глядзеў на мінулае беларускага народа вачыма жыхароў Полацка, Турава, Наваградка і іншых беларускіх гарадоў і рэгіёнаў; ён спрабаваў зразумець працэсы і падзеі розумам і сэрцам палачанаў, менчукоў, гарадзенцаў, віцяблянаў і іншых насельнікаў беларускіх земляў у раннім сярэднявеччы. Менавіта падобным чынам, з падобных пазіцый пісалі гісторыю для французаў — Фернан Брадэль, для палякаў — Павел Ясяніца, для расейцаў — Леў Гумілёў, для ўкраінцаў — Міхайла Грушэўскі.
Не маючы адпаведнай гістарычнай адукацыі, Мікола Ермаловіч шляхам самаадукацыі дасканала авалодаў галоўнымі метадамі і прынцыпамі гістарычнага даследавання. Яго навуковым працам характэрныя грунтоўнае веданне першакрыніцаў і літаратуры па тэме, крытычны аналіз крыніцазнаўчага і гістарыяграфічнага матэрыялу. Гэта дазволіла Міколе Ермаловічу пабудаваць лагічную канцэпцыю сярэднявечнай гісторыі Беларусі, а не проста выказаць адзінкавыя арыгінальныя думкі, меркаванні альбо тэзы, пра што ўвесь час гаворыцца сярод беларускіх даследчыкаў. Іншая справа, што канцэпцыя Ермаловіча адрозніваецца ад агульнапрынятых, пераважна створаных пад палітычным і ідэалагічным ціскам7. Такім чынам з’явіўся плацдарм, а таксама магчымасці для навуковых дыскусій, паглыбленых пошукаў і новых адказаў на шматлікія праблемы мінулага беларускага народа. А гэта ў сваю чаргу прыводзіць да развіцця навукі, культуры і грамадства ўвогуле.
Сярэднявечную гісторыю Беларусі Мікола Ермаловіч падзяляе на тры перыяды, называючы іх па галоўных палітычных цэнтрах: Полацкі (ІХ — першая палова ХІІІ ст.ст.); Новагародскі (сярэдзіна ХІІІ — першыя дзесяцігоддзі XIV ст.ст.); Віленскі (1316-1385 гг.). Ужо ў пачатковых пытаннях генезісу беларускага народа Мікола Ермаловіч прытрымліваўся канцэпцыі славяна-балцкага сінтэзу, распрацаванай і абгрунтаванай маскоўскім археолагам Валянцінам Сядовым ў 60х гадах ХХ ст., і якая сёння прызнана пераважнай большасцю даследчыкаў8. Масавая славянская каланізацыя тэрыторыі Беларусі на мяжы VI-VII ст.ст., папярэдне заселенай балтамі, выклікала, на думку М. Ермаловіча, „своеасаблівую этнічную рэвалюцыю”, што, у сваю чаргу, з’явілася пачаткам „самазараджэння беларускага народа і яго самаразвіцця”, які хутчэй за ўсё трэба лічыць „аславяненымі балтамі”, чым „збалтызаванымі славянамі”9. Пры гэтым працэс асіміляцыі балтаў на тэрыторыі Беларусі працягваўся амаль да ХХ ст.
На беларускіх землях да канца І тыс. н.э. сфармаваліся тры ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці: крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Яны мелі свае тэрыторыі і ў сацыяльна-палітычным сэнсе ўяўлялі сабою саюзы плямёнаў. Менавіта ўзаемапранікненне і змешванне дрыгавіцкага, крывіцкага і радзіміцкага насельніцтва з’явілася самай значнай падзеяй ў этнагенезе беларусаў і фармаванні іх тэрыторыі. Гэтае меркаванне Міколы Ермаловіча пацвярджаецца вынікамі даследаванняў лінгвістаў, гісторыкаў і археолагаў10. Ён піша: „Палачане былі першым на тэрыторыі Беларусі вынікам дрыгавіцка-крывіцкага зрашчэння і асіміляцыі гэтымі плямёнамі балтаў. Яны з’явіліся першай па часе мадэллю беларусаў”11.
У прынцыповых пытаннях раннесярэднявечнай гісторыі Усходняй Еўропы — генезіс феадальных адносінаў, утварэнне і прырода дзяржавы Кіеўская Русь, этнакультурная характарыстыка насельніцтва гэтай дзяржавы — Мікола Ермаловіч займаў прагрэсіўныя пазіцыі. У адрозненні ад савецкіх марксісцка-ленінскіх гісторыкаў ён быў перакананы, што феадалізм на тэрыторыі Усходняй Еўропы сфармаваўся даволі позна, у ХІ-ХІІ ст.ст., таму Кіеўскую Русь Х-ХІІ ст.ст. цяжка лічыць феадальнай дзяржавай. Больш таго, гэтая дзяржава нагадвала імперыю Карла Вялікага і была штучным і нетрывалым ваенна-адміністрацыйным аб’яднаннем. Зразумела, што ў дадзенай сітуацыі не магла сфармавацца і існаваць агульная этнічная супольнасць, якая сярод савецкіх гісторыкаў завецца „старажытнарускай народнасцю” і прызнаецца імі як бясспрэчны факт. Зыходзячы з дадзеных метадалагічных пазіцый, Мікола Ермаловіч адпаведна канструіруе мінуўшчыну беларускіх земляў у раннесярэднявечны перыяд. Ён адным з першых у сваіх працах развіў думку аб самастойным дзяржаўным існаванні Полацкага княства на працягу амаль усёй яго гісторыі12. Менавіта палітычная гісторыя Полацкай, Тураўскай, Смаленскай земляў і Панямонскіх гарадоў падрабязна і грунтоўна разглядаецца ім як вызначальная для беларускага народа. Таму полацкія князі (Рагвалод, Брачыслаў, Усяслаў) альбо тураўскія ці панямонскія характарызуюца М. Ермаловічам больш аб’ектыўна, чым бачылі іх кіеўскія альбо наўгародскія летапісцы. А з другога боку, ваенныя паходы кіеўскіх, наўгародскіх, смаленскіх і галіцка-валынскіх князёў на беларускія землі з’яўляюцца захопніцкімі актамі агрэсіі.
Аднак найбольш вострую палеміку выклікалі погляды Міколы Ермаловіча па пытаннях генезісу Вялікага княства Літоўскага. Менавіта ён першым абгрунтавана выступіў супраць агульнапрынятай канцэпцыі аб захопе літоўскімі плямёнамі славянскіх земляў Беларускага Панямоння, а пазней Падзвіння і Палесся. Варта звярнуць увагу на тое, што дадзены пастулат (з пэўнымі мадыфікацыямі) прыняты ў польскай, літоўскай, расійскай, савецкай гістарыяграфіі, а таксама сярод большай часткі беларускіх гісторыкаў. Сапраўды здзіўляе падобнае аднадумства! А вінаватае ў тым усё тое ж стаўленне да беларускага народа як да аб’екта, а не суб’екта гісторыі. Цяжка прыгадаць гістарычную падзею з мінулага Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, якая падавалася б у навуцы з такім адзінадушшам. З не меншай салідарнасцю выступілі супраць канцэпцыі Міколы Ермаловіча літоўскія і савецкія беларускія гісторыкі, баронячы старую схему і старыя погляды13.
Погляды Міколы Ермаловіча на праблемы генезісу Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) можна звесці да чатырох галоўных палажэнняў14: 1. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё беларускіх земляў у ХІІ-ХІІІ ст.ст. прывяло да ўзмацнення Панямонскага рэгіёна з цэнтрам у Наваградку, да якога перайшла ініцыятыва ў працэсе складвання сярэднявечнай беларускай дзяржаўнасці; 2. Старажытная Літва размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў Верхнім Панямонні; 3. Утварэнне ВКЛ дыктавалася ў першую чаргу інтарэсамі насельніцтва Наваградскай зямлі, якое запрасіла Міндаўга з дружынай для абароны сваёй тэрыторыі ад знешніх ворагаў; 4. Аб’яднанне Войшалкам у 60-х гадах ХІІІ ст. Новагародскай, Пінскай, Літоўскай, Нальшчанскай, Дзевалтоўскай і Полацка-Віцебскай земляў у адзіную дзяржаву з’яўляеца фактычным трывалым пачаткам новай сярэднявечнай дзяржавы — ВКЛ. У ім замацаваўся вынік эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і кансалідацыі беларускіх земляў. Таму для Міколы Ермаловіча ВКЛ ад пачатку свайго існавання было беларускай дзяржавай, дзе беларуская мова і культура занялі пануючае месца.
У дадзеным тэксце няма магчымасці падрабязней правесці аналіз кожнага з пастулатаў Міколы Ермаловіча па праблемах генезісу і развіцця Вялікага княства Літоўскага. Натуральна, што не ўсё ў яго канцэпцыі адпавядае сапраўднасці, некаторыя палажэнні выклікаюць пытанні, патрабуюць новых даследаванняў і матэрыялаў. „Аднак, — як пішуць Вячаслаў Насевіч і Уладзімір Свяжынскі, — тэзу (Міколы Ермаловіча — Г. С.) пра тое, што ВКЛ паўстала ў выніку ўзаемадзеяння літоўскага і ўсходнеславянскага кампанентаў і ўяўляла сабою кшталт двухэтнічнага сімбіёзу можна лічыць агульнапрынятай у беларускай гістарычнай навуцы”15.
Больш грунтоўны аналіз жыцця і творчасці Міколы Ермаловіча, гэтага незвычайнага чалавека і навукоўца, у хуткім часе дачакаецца свайго аўтара. Для нас назаўсёды застануцца яго кнігі і артыкулы, ідэі і гіпотэзы, і вера. Вера, што беларускі народ — вялікі народ, з багатай гісторыяй.
1 Біяграфічныя звесткі пра Міколу Ермаловіча паходзяць з артыкула Георгія Штыхава ў т. 3 Энцыклапедыі гісторыі Беларусі і з яго гутаркі з мастаком Уладзімерам Крукоўскім, якая была надрукавана 28 лютага 2000 года ў газеце „Наша Ніва”.
2 Дарагое беларусам імя, Мінск 1970.
3 Па слядах аднаго міфа, Мінск 1989; выд. 2-е, Мінск 1991.
4 Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды, Мінск 1990.
5 Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд, Мінск 1994.
6 Поўны бібліяграфічны спіс навуковага даробку Міколы Ермаловіча пакуль адсутнічае. Ён мусіць быць зроблены ў бліжэйшы час. Прывядзем толькі найбольш вядомыя і значныя артыкулы гісторыка: Где была летописная Литва?, [в:] Тезисы докладов к конференции по археологии Белоруссии, Мінск 1969, с. 233-238; Беларускія летапісы і іх лёс, „Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, 1970, № 4, с. 32-35; Из истории Новогрудка (с середины ХІ в. до конца ХІІІ в.), [в:] Беларускія старажытнасці: Матэрыялы па археалогіі БССР і сумежных краін, Мінск 1972, с. 343-357; Першыя старонкі, „Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, 1979, № 1, с. 31-33; О местоположении древней Литвы и некоторых других балтских земель на территории Белоруссии, [в:] Проблемы этнической истории балтов, Рига 1985, с. 69-72; Самы старажытны: Полацку 1125 год, „Маладосць”, 1987, № 5, с. 130-138; Хто яны, палачане?, „Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, 1988, № 4, с. 25-26; Яшчэ раз аб месцазнаходжанні старажытнай Літвы і пачатковай гісторыі Навагрудка, „Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук”, 1988, № 4, с. 68-75; Вузел загадак, „Полымя”, 1989, № 3, с. 151-157; Сведчанні „Слова...”, „Спадчына”, 1990, № 2, с. 2-8.
7 Папраўдзе кажучы, у Беларусі па сёняшні дзень развіваецца і прапагандуецца адна канцэпцыя сярэднявечнай гісторыі — марксісцка-ленінская, створаная і замацаваная ў навуцы і адукацыі ў 30-х гадах ХХ ст.ст. Барысам Грэкавым і яго прыхільнікамі. Спрошчаная сутнасць яе заключаецца ў тым, што на тэрыторыі Усходняй Еўропы ўжо ў ІХ ст. склаўся феадальны спосаб вытворчасці, што прывяло да ранняга падзелу грамадства на два класы — эксплуататараў (князі, баяры, царква, багатае купецтва) і эксплуатаваных (пераважна прыгонныя сяляне), утварэння дзяржавы эксплуататараў Кіеўскай Русі (пазней яе назвалі Старажытнай Руссю) з монаэтнічным „старажытнарускім народам”, у якой назіраецца перманентная класавая барацьба прыгонных сялянаў у саюзе з бяднейшай часткай гараджанаў супраць сваіх эксплуататараў. Замацаванне грэкаўскай канцэпцыі адбывалася не толькі шляхам акадэмічных дыскусій, але таксама палітычным і фізічным знішчэннем апанентаў (гл.: И. Я. Фраянаў, Киевская Русь. Очерки отечественной историографии, Ленинград 1990, с. 231-246; 254-271). Амаль адначасова (пачатак 30-х гг. ХХ ст.) дадзеная канцэпцыя была перанесена на сярэднявечную гісторыю беларусаў і ўкраінцаў, як партыйныя і палітычныя рэкамендацыі па інтэрпрэтацыі мінуўшчыны. На Беларусі паспяхова выканалі іх ужо да сярэдзіны 30-х гадоў. У 1934 годзе пабачылі святло дзве працы акадэміка В. Шчарбакова: Нарыс гісторыі Беларусі, ч. І, і Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі (гістарыяграфічныя нарысы), у якіх аўтар сфармуляваў так званую „беларускую візію” гістарычнага працэсу на беларускіх землях у сярэднявечны перыяд. Квінтэсэнцыяй яе з’яўляюцца пастулаты: 1) аб вечным адзінстве беларускага народа з расійскім, якія разам з украінцамі стваралі „старажытнарускую народнасць” з агульным лёсам і мэтамі барацьбы супраць эксплуататараў і іншаземных захопнікаў; 2) прыгнечанасці простага насельніцтва Беларусі, якое разам з рускім народам ужо ў сярэднявеччы змагалася за шчаслівую будучыню; 3) а самы значны факт заваяванне дзяржаўнасці беларусамі з’яўляецца вынікам Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. А далей усё як у Б. Грэкава. Пад чуйным кіраўніцтвам КПБ дадзеная гістарычная канцэпцыя была развітая ў працах Л. Абэцэдарскага, а сёння замацавана ў манаграфіях і вучэбнай літаратуры аўтарства Э. Загарульскага, П. Лысенкі, І. Коўкеля, Я. Новіка і Г. Марцуля і інш.
8 В. В. Седов, Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья, Москва 1970, с. 178-186; Г. В. Штыхаў, Перадумовы фарміравання беларускага этнасу ў раннім сярэднявеччы (VI-XII ст.ст.), [у:] Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Новыя канцэпцыі і падыходы. У 2-х частках, Мінск 1994, ч. І: Гісторыя Беларусі, с. 10-13; ён жа, Исследование памятников VI-XI веков в Беларуси: этнический аспект, „Slavia Antiqua”, т. XXXVIII, 1997, с. 11-23; Нарысы па гісторыі Беларусі. Частка І, Мінск 1994, с. 70; А. Мядзведзеў, Да пытання аб паходжанні беларусаў (па дадзеных археалогіі і мовазнаўства), [у:] Гістарычна-археалагічны зборнік, Мінск 1998, с. 10-15; Л. Дучыц, Балты і славяне на тэрыторыі Беларусі ў пачатку ІІ тысячагодздзя, „Беларускі гістарычны агляд”, т. 2, сшытак 1 (жнівень 1995), с. 15-30; L. Bednarczuk, Wokół etnogenezy Białorusinów, [w:] L. Bednarczuk, Stosunki językowe na ziemiach Wielkiego Księstwa Litewskiego, Kraków 1999, c. 189-204.
9 М. Ермаловіч, Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды, Мінск 1990, с. 43-46.
10 Г. В. Штыхов, Исследование памятников VI-XI веков в Беларуси: этнический аспект, „Slavia Antiqua”, т. XXXVIII, 1997, c. 11-23; ён жа, Насельніцтва зямель Беларусі ў ІХ-ХІІІ ст.ст. (вытокі беларускай народнасці), [у:] З глыбі вякоў. Наш край: Гісторыка-культуралагічны зборнік, Мінск 1992, с. 15-40; Р. Піўтарак, Вытокі беларускай мовы: Новая канцэпцыя. Да праблемы „Беларусь паміж Украінай і Расіяй, [у:] Беларусіка=Albaruthenica 6. Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыянальных, міжрэлігійных і міжкультурных узаемадзеянняў, дыялогу і сінтэзу. У 2-х частках, Мінск 1997, ч. І, с. 329-334.
11 М. Ермаловіч, Старажытная Беларусь, с. 50.
12 М. Ермаловіч, Старажытная Беларусь, с. 66-67;70-73; 82-84; ён жа, Па слядах аднаго міфа, с. 10-14. Дарэчы, погляд на раннесярэднявечныя княствы і землі на тэрыторыі Усходняй Еўропы, як самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні, якія часова аб’ядноўваліся паміж сабою дзеля дасягнення палітычных альбо вайсковых мэтаў, трывала замацаваўся ў беларускай і расейскай гістарыяграфіі. Гл.: Г. М. Семянчук, Фармаванне тэрыторыі Полацкай зямлі ў ІХ-ХІ ст.ст. (этапы, агульнае, асаблівасці), [w:] Europa Orientalis. Polska i jej wschodni sąsiedzi od średniowiecza po współczesność, Toruń 1996, s. 35-52; С. В. Тарасаў, Полацкае княства (станаўленне і барацьба за дзяржаўную незалежнасць), [у:] Старонкі гісторыі Беларусі, Мінск 1992, с. 37-47; И. Я. Фроянов, Мятежный Новгород. Очерки истории государственности, социальной и политической борьбы конца ІХ — начала ХІІІ столетия, Санкт-Петербург 1992; А. П. Новосельцев, Образование Древнерусского государства и первый его правитель, „Вопросы истории”, 1991, № 23, с. 3-20.
13 П. Ц. Петрыкаў, Гістарыяграфія Вялікага княства Літоўскага, „Весці АН Беларусі. Серыя грамадскіх навук”, 1993, № 3, с. 51-64; E. Gudavicius, Following the Tracks of a Myth, „Lithuanian Historical Studies”, Vilnius 1996, Nо 1, s. 38-58.
14 М. Ермаловіч, Па слядах аднаго міфа, Мінск 1989.
15 В. Насевіч, У. Свяжынскі, Міндаўг знаёмы і не знаёмы: погляд літоўскага гісторыка, „Беларускі гістарычны агляд”, т. VI, сшытак 1-2 (10-11), с. 269. Гл.: В. Л. Насевіч, Працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага ў ХІІІ-XV ст.ст., [у:] Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён, Мінск 1992, с. 54-63; А. Краўцэвіч, Стварэнне Вялікага княства Літоўскага, Мінск 1999; Г. Семянчук, А. Шаланда, Да пытання аб пачатках Вялікага княства Літоўскага ў сярэдзіне ХІІІ ст. (яшчэ адна версія канструявання мінуўшчыны), „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, Białystok 1999, nr 11, s. 18-44.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|