|
Грамадска-палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах паводле сучаснай беларускай гістарыяграфіі
Уладзімір Калаткоў
(Мінск)
Сучаснае разуменне пытанняў грамадска-палітычнага жыцця ў Заходняй Беларусі перыяду 1939-1941 гадоў аформілася ў беларускай гістарыяграфіі да сярэдзіны 1990-х гадоў. Яно было канцэптуальна акрэслена ў другой частцы акадэмічных Нарысаў гісторыі Беларусі (1995), дзе вылучаны такія моманты, як абставіны правядзення кампаній па выбарах у Народны сход Беларусі, Вярхоўныя Саветы СССР і БССР, мясцовыя саветы; забарона савецкімі ўладамі дзейнасці ўсіх палітычных партый, акрамя камуністычнай; рэарганізацыя на савецкі ўзор прафсаюзаў, стварэнне камсамольскіх арганізацый і іншае1. Некаторыя дэталі правядзення выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі разгледзеў беларускі эміграцыйны гісторык Янка Запруднік, які адзначыў, што гэтыя выбары не толькі „адбыліся (...) пад пільным наглядам Камуністычнае партыі”2, але і праходзілі на фоне тайнай перадачы савецкім урадам Літве Віленшчыны3.
Найбольшая колькасць публікацый па вышэйназванай тэме надрукавана ў апошнія два гады. Так, у 1998 г. выдадзены вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі для студэнтаў пад рэдакцыяй прафесараў Я. К. Новіка і Г. С. Марцуля. У другой частцы кнігі ёсць звесткі пра падрыхтоўку да выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі на Віленшчыне4. У тым жа годзе апублікаваны матэрыялы дзвюх рэгіянальных канферэнцый у Гродне і Брэсце. Тут у асобных артыкулах аналізуюцца, напрыклад, грамадска-палітычныя пераўтварэнні на Мастоўшчыне5, месца і роля Каталіцкай царквы ў этнасацыяльных і палітычных працэсах на Беласточчыне6, дзейнасць Саюза ваяўнічых бязбожнікаў у Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах7. Заслугоўвае таксама быць адзначаным артыкул пра антырэлігійную прапаганду і агітацыю ў Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах, надрукаваны ў зборніку студэнцкіх навуковых прац „Моладзь Берасцейшчыны”. Як вынікае з дадзенага артыкула, перадваенная антырэлігійная прапаганда ў заходніх абласцях Беларусі мела, у прыватнасці, тэндэнцыю да ўзмацнення ў лютым—чэрвені 1941 г.8
У 1999 г. да 60-годдзя ўз’яднання беларускага народа апублікаваны шэраг артыкулаў у „Беларускім гістарычным часопісе”. У адным з гэтых артыкулаў, напісаным доктарам гістарычных навук У. Ладысевым пад назвай Ваенныя падзеі верасня 1939 года ў лёсе беларускага народа, на падставе аналізу дакументаў абвергнуты пашыраны ў ранейшай гістарычнай літаратуры Беларусі тэзіс аб тым, што менавіта Часовае ўпраўленне г. Беластока 5 кастрычніка 1939 г. звярнулася да ўсіх часовых упраўленняў з прапановай склікаць Народны сход для вырашэння асноўных пытанняў дзяржаўнага ладу. У сапраўднасці рашэнне аб часе і месцы склікання Народнага сходу Заходняй Беларусі было прынята ў Маскве на пасяджэнні Палітбюро ЦК Усесаюзнай Камуністычнай партыі бальшавікоў9. Даследчык таксама звярнуў увагу на тое, што пры правядзенні выбараў у Народны сход, Вярхоўныя Саветы СССР і БССР, мясцовыя саветы, у адрозненне ад папярэдніх часоў польскай улады, быў толькі адзін кандыдат10.
У сярэдзіне лістапада 1999 г. выйшаў з друку зборнік артыкулаў і дакументаў Назаўсёды разам (Да 60-годдзя ўз’яднання беларускага народа), падрыхтаваны Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У зборніку не засталася па-за ўвагай даследчыкаў і гісторыя грамадска-палітычнага жыцця Заходняй Беларусі пасля яе далучэння да БССР. Тут ёсць падобны на вышэйадзначаны артыкул У. Ладысева11. Фактар нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа як тэндэнцыю тагачаснага грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця даследаваў доктар гістарычных навук Л. Лыч12. На фактары ўзняцця адукацыі заходнебеларускай моладзі да ўзроўню патрэб грамадскага жыцця засяродзіў увагу доктар гістарычных навук У. Палуян13. Барацьбу савецкіх улад супраць каталіцкага касцёла, які ў заходніх абласцях Беларусі да восені 1940 г. меў значны ўплыў на шэраг грамадскіх і маладзёжных арганізацый, прасачыў Э. Ярмусік14.
Такім чынам, у сучаснай беларускай гістарыяграфіі пытанні грамадска-палітычнага жыцця ў Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах у цэлым даследуюцца з аб’ектывісцкіх, крытычных і ўзважаных навуковых пазіцый на падставе аналізу невядомых або малавядомых раней дакументальных крыніц. Большасць публікацый надрукавана ў перыядычных выданнях і мае ў значнай ступені фрагментарычны харкатар. Таму, на наш погляд, ёсць патрэба ў стварэнні абагульняючых прац па дадзенай праблеме.
1 Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч., ч. 2, Мінск 1995, с. 256-260.
2 Я. Запруднік, Беларусь на гістарычных скрыжаваннях, Мінск 1996, с. 102.
3 Там жа, с. 103.
4 Гісторыя Беларусі: у 2 ч., ч. 2, Мінск 1998, с. 224.
5 М. В. Васілючак, Пераўтварэнні на Мастоўшчыне напярэдадні Вялікай Айчынанй Вайны, [у:] Этнасацыяльныя і культурныя парцэсы ў заходнім рэгіёне Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Матэрыялы рэспубліканскай навуковай канфнерэнцыі 5-6 снежня 1997 года, Гродна 1998, с. 160-161.
6 Э. С. Ярмусік, Католическая церковь в этносоциальных и политических процессах в западных регионах Белоруссии (1921-1941 гг.) на примере Белостокского воеводства, [у:] Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развіцця заходнягша рэгіёна Беларусі. Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Брэст 1998, ч. 2, с. 138-139.
7 Н. П. Онищук, Деятельность Союза воинствующих безбожников в Западной Белоруссии в 1939-1941 гг., там жа, с. 196-201.
8 Н. П. Онищук, Антирелигиозная пропаганда и агитация в Западной Беларуси в 1939-1941 гг., [у:] Моладзь Берасцейшчыны: Зборнік студэнцкіх навуковых прац, Брэст 1998, с. 41-44.
9 У. Ладысеў, Ваенныя падзеі верасня 1939 года ў лёсе беларускага народа, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1999, № 3, с. 10.
10 Там жа, с. 11.
11 У. Ладысеў, Падзеі верасня—кастрычніка 1939 года ў лёсе беларускага народа, [у:] Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, Мінск 1999, с. 92, 97.
12 Л. Лыч, Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР як фактар нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа, там жа, с. 99-101.
13 У. Палуян, Сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні (1939-1941 гг.), там жа, с. 113.
14 Э. Ярмусік, Каталіцкі касцёл у заходніх абласцях Беларусі (1939-1941 гг.), там жа, с. 124-129.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|