|
Ваенныя дзеянні паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай у 60-я гады XVI стагоддзя
Андрэй Янушкевіч
(Гродна)
Пасля працяглых і ўпартых войнаў у канцы XV — пачатку XVI ст. у стасунках паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскаю дзяржаваю нарэшце надышоў перыяд мірнага суіснавання. Аднак нявырашанасць некаторых істотных спрэчных пытанняў не дазваляла спадзявацца на працяглы мір. Пагроза ўзнаўлення ваенных дзеянняў пастаянна вісела ў паветры, застаючыся вялікай турботай для кіраўніцтва ВКЛ, якое паспела пасля „гомельскай аперацыі” 1534-1537 гг. з усёй выразнасцю адчуць уласную няздольнасць весці працяглыя і буйнамаштабныя войны.
Эскалацыю канфлікту ў рэшце рэшт выклікала ўмяшанне ў барацьбу за падпарадкаванне свайму ўплыву Інфлянцкай дзяржавы, якое распачалося амаль што адначасова з абодвух бакоў у сярэдзіне 50-х гг. XVI ст.1 Поспехі ліцьвінаў у гэтай справе былі выдатнейшыя, чым маскоўскія высілкі. Кіраўніцтву ВКЛ удалося скарыць у 1557 г. уладныя структуры Ордэна і знайсці шырокую падтрымку сярод вышэйшых слаёў інфлянцкага грамадства, у чым, як бы гэта не выглядала парадаксальна, моцна паспрыяла маскоўская інвазія 1558-1560 гг. Распачатая маскоўцамі вайна значна ўскладніла адносіны Маскоўскага княства з ВКЛ, якое ў жніўні 1559 г. абвясціла сябе апекуном і абаронцам Інфлянтаў. Аднак літоўскія палітыкі не здолелі ўтаймаваць маскоўскую агрэсію ды адабраць захопленыя маскоўцамі інфлянцкія землі. Сепаратыстычныя памкненні асобных раёнаў Інфлянтаў прывялі да ўмешвання ў інфлянцкі канфлікт Даніі і Швецыі, якая авалодала ўлетку 1561 г. важным гандлёвым портам Рэвелем, што на працяглы час сапсавала яе адносіны з Вялікім княствам Літоўскім. Такім чынам, у сярэдзіне 1561 г. фактычна адбыўся канчатковы падзел тэрыторыі Інфлянцкай дзяржавы паміж чатырма суседнімі краінамі. Сітуацыя, якая склалася на гэты час у Інфлянтах, стала зародкам працяглых міжнародных канфліктаў у балтыйскім рэгіёне2.
Перамірнае пагадненне, заключанае паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай у 1556 г., абавязвала да захавання міру да 25 сакавіка 1562 г. Аднак развіццё падзей у Інфлянтах прывяло іх да сустрэчы на вайсковым полі значна раней.
Першыя сутычкі паміж вайсковымі атрадамі маскоўцаў і ліцьвінаў адбыліся ў жніўні 1560 г. паблізу інфлянцкіх замкаў Вендэна і Вольмара. Звесткі пра іх вынікі супярэчлівыя. Мацей Стрыйкоўскі піша пра поўную перамогу літоўскай вайсковай групоўкі над 50-тысячным маскоўскім войскам, „якое, пачуўшы пра нашых, уцяклі да Масквы”3. Ротмістру Аляксандру Палубенскаму ўсё ж такі пашчасціла ўступіць у бой з маскоўскім разведачным атрадам колькасцю 400 чалавек, які быў ушчэнт разбіты. З іншага — маскоўскага — боку крыніцы паведамляюць аб цалкам адваротных выніках4. Пасля гэтых сутыкненняў маскоўцы не адважваліся ўступаць у адкрыты двубой з ліцьвінамі.
Літоўскія вайскоўцы, са свайго боку, сталі праяўляць больш ініцыятывы. У 1561 г. „почты” ліцьвінаў спусташалі і знішчалі воласці ў Дэрпцкім біскупстве, захопленыя маскоўцамі5. У верасні гэтага ж года літоўская вайсковая групоўка на чале з вялікім гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым адбіла ў маскоўцаў замак Тарваст. Аблога Тарваста вызначалася тым, што тут бадай упершыню шляхцічы злезлі з коняў і біліся пешшу. Гарнізона ў захопленым замку, які не меў важнага стратэгічнага значэння, было вырашана не пакідаць6. Пасля нядоўгай паўзы ў Тарваст вярнуліся маскоўцы. Гэтая перамога ліцьвінаў моцна ўразіла маскоўскі двор і толькі ўзмацніла і да таго напружаны стан узаемаадносін паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
Аднак і ліцьвіны мелі няўдачы. Як паведамляе Пскоўскі летапіс, адзін з літоўскіх атрадаў, які накіроўваўся пасля тарвасцкіх падзей у Пернаву, сутыкнуўся з маскоўцамі, дзе пацярпеў паражэнне7. Цікава, што літоўскія крыніцы пра гэты інцыдэнт не згадваюць.
Развіццё падзей на пачатку 60-х гг. XVI ст. вызначыла неабарачальнасць новай вайны. Нягледзячы на намаганні літоўскіх радных паноў па працягванні перамір’я, было зразумела, што вайну прадухіліць ужо будзе вельмі цяжка.
Усведамляючы набліжэнне вайны, літоўскае кіраўніцтва ўсімі магчымымі сродкамі рыхтавалася да сустрэчы праціўніка на сваіх усходніх межах. У разасланых да ваявод і старастаў усходнебеларускіх памежных замкаў лістах, датаваных 1 лютага 1562 г., патрабавалася быць гатовымі да актыўных дзеянняў на тэрыторыі ворага — „не омешкаем ведати дати, што маеш чинити и с каковым почътом людеи прибылых земълю неприятельскую казити”8. Старастам прадпісвалася сачыць, каб „зачепъки и причины з стороны нашое ничим не даны”, пакуль з Масквы не вернецца пасол Баркулаб Корсак. З Вільні папярэджвалі пра вераломнасць маскоўцаў („завъжды свое здрадливое незбожности вживали”), жадаючы бачыць мясцовыя гарнізоны „у великои чуиности и осторожности”9.
Аднак, нягледзячы на заўчасныя папярэджанні, удар маскоўцаў адразу ж пасля сканчэння перамір’я 25 сакавіка 1562 г. на памежныя землі ВКЛ з’явіўся для ліцьвінаў нечаканым. Апавяшчэнні пра збор маскоўскага войска ў Смаленску, высланыя са сталіцы ВКЛ 22 сакавіка 1562 г., не маглі дайсці да памежных гарадоў за тры-чатыры дні10. Спадзяванні на захаванне мірнага становішча на мяжы да вяртання Б. Корсака аказаліся марнымі. Яго наўмысна затрымалі ў Маскве. Распачынанне маскоўскім бокам баявых дзеянняў у гэтых абставінах было грубым парушэннем прынцыпаў дыпламатычнай этыкі.
Напрыканцы сакавіка 1562 г. „люди вторгнувъши московские под Полоцко на рубежы села выпалили и немало людей в полон побрали”11. Групоўка пад кіраўніцтвам татарскага царэвіча Ібака і Івана Шарамецева ўчыніла шэраг набегаў на ваколіцы Воршы, Дуброўны і Мсціслава, спаліўшы пасады гэтых гарадоў. Грыгорый Мяшчэрскі, выступіўшы са Старадуба, зваяваў „могилевские и чичерские и пропойские места”12. Мэтавы характар гэтых акцый заключаўся ў спусташэнні памежных раёнаў ВКЛ і вынішчэнні мясцовага насельніцтва: „и острог взяли и пожгли и посады у города у Витебска все пожгли и наряд в остроге поимали и людей в остроге многих побили, и села и деревни около Витебска пожгли и повоевали места многие. А назад идучи от Витебска, у города у Сурожа посады пожгли и людей многих побили и многие литовские места воевали, и пришли, дал Бог, на Луки здорово”13. Гэтак маскоўскі летапісец апісвае выправу Андрэя Курбскага з Вялікіх Лукаў у маі 1562 г.
У адказ вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст загадвае „замъкам, местам, волостям и селам того неприятеля нашого московъского к тамошънему краю прилегълым и где досягънути можеш, такеж плен, пустошенье и шкоду мечом и огънем и въсяким способом и обычаем неприятельским чинити”14. Гаспадарская праграма дзеянняў, як бачым, запазычвае тактыку маскоўцаў. Адначасова віленскі двор шукаў вайсковай падтрымкі звонку. Плёнам дыпламатычных намаганняў стала дасягненне дамоўленасці паміж ВКЛ і Крымскім ханствам на ўзгодненыя ваенныя дзеянні. На пачатку ліпеня 1562 г. крымскае войска падышло да Мцэнска. На гэтую вестку Іван ІV загадаў спыніць падрыхтоўку вялікай выправы супраць ВКЛ, абярнуўшы ўсе сілы на адпор татараў15.
20 красавіка 1562 г. Жыгімонт Аўгуст пастанавіў збіраць паспалітае рушэнне на 16 мая 1562 г. на Друцкіх палях. На чале з гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым гэтае паспалітае рушэнне здзейсніла шэраг нападаў на маскоўскія воласці, у прыватнасці, выпаліла ваколіцы Смаленска і беспаспяхова атакавала вяліжскія ўмацаванні16.
Другая вайсковая групоўка (яна, напэўна, складалася з жаўнераў-наймітаў) спустошыла ў сярэдзіне мая 1562 г. раёны Себежа і Апочкі, што на Пскоўшчыне: „Литва воевали по волостям, и сем волостеи вывоевали, и себежщину вывоевали, и монастыри пожгли”17.
У сваю чаргу, маскоўскія атрады ў ліпені-жніўні 1562 г. выправіліся, з аднаго боку, на Мсціслаў, дзе „которые люди литовские из города выходили, и они тех людей побили”, а з другога — у раён Дрысы, дайшоўшы аж да Дзвіны18.
Найбольш значная падзея ў шэрагу гэтых двухбаковых нападаў адбылася 19 жніўня 1562 г. паблізу Невеля. У працяглай бітве сутыкнуліся між сабою групоўка наёмных жаўнераў на чале з польскім ротмістрам Станіславам Леснявольскім з маскоўскім войскам, якім камандаваў небезвядомы Андрэй Курбскі. Паводле найбольш рэалістычных ацэнак, 15 тысячам маскоўскіх жаўнераў супрацьстаяла 4 тысячы палякаў і ліцьвінаў19.
Варта звярнуць увагу на ўнутраны склад войска з ВКЛ. Ён не быў аднародным па нацыянальна-дзяржаўных прыкметах. Асноўнае ядро войска складалі польскія коннікі. Аднак калі Марцін Бельскі ў сваёй хроніцы згадвае як бы між іншым пра „1500 людзей службовых польскіх”20, то Мацей Стрыйкоўскі дадае і ўдакладняе некаторыя істотныя рысы: колькасць палякаў роўная ў яго адной тысячы, ліцьвінаў — 200, астатнія — казакі і людзі, якія ўваходзілі ў двор полацкага ваяводы Станіслава Давойны, што разам, відаць, складала тую ж самую лічбу ў 1500 чалавек21. Відавочна, што М. Бельскі, чыё пагардлівае стаўленне да жыхароў ВКЛ добра вядомае, імкнуўся прынізіць значэнне ўдзелу ліцьвінаў у бітве пад Невелем, цалкам выкрэсліваючы іх са складу войска.
Польска-літоўскі атрад удала размясціўся ў цесным балотным месцы, якое было з двух бакоў абведзенае вадой. Заняўшы зручную абарончую пазіцыю, ён на працягу цэлага дня стрымліваў націск пераважаючых сілаў непрыяцеля, суправаджаючы яе паспяховымі вылазкамі невялікіх груп коннікаў. У рэшце рэшт, выкарыстаўшы спрыяльны момант, роты палякаў і ліцьвінаў з годнасцю адступілі22.
Страты жывой сілы выразна паказалі, на чыім баку засталася перамога. Літоўскае войска страціла ўсяго толькі 15-16 чалавек, у той час як маскоўцы пакінулі на полі бою, па розных даных, ад 1500 да 7-8 тысяч чалавек23. Паражэнне маскоўскага войска сталася адной з галоўных прычын пагаршэння адносін Івана Жахлівага з Андрэем Курбскім.
Баявыя дзеянні на гэтым не спыніліся. Восенню 1562 г. большай актыўнасцю вызначаўся літоўскі бок. Ліцьвіны ў верасні 1562 г. зноўку ўчынілі напад на себежскія воласці. Яны дашчэнту спалілі сёлы Муравейку, Аўсішча, Карові Бор, пры гэтым „полону много взяша, скота, людей посекоша, и церкви пожгоша, и дворы боярския и земледельцев”24. Аршанскі стараста Філон Кміта здзейсніў выправу пад Старадуб, дзе меў „поторжки з людьми московскими”, з якіх выйшаў бясспрэчным пераможцам. Працягваючы паход, літоўскія ваяры натыкнуліся на досыць вялікі атрад маскоўцаў. У выніку бітвы жаўнеры Ф. Кміты „на голову поразили” непрыяцеля, пры гэтым быў захоплены ў палон ваявода Васіль Цёмкін. За здзейснены паспяховы рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі Ф. Кміта атрымаў падзяку ад вялікага князя25. З надыходам зімы баявыя дзеянні паступова згортваліся.
Двухбаковыя ўдары 1562 г. не мелі на мэце дасягнення якіх-кольвек значных вынікаў, зразумела, калі не лічыць такімі спусташэнне безабаронных паселішчаў і рабаванне мясцовага насельніцтва. У задачы абодвух бакоў не ўваходзіла доўгачасовая аблога ўмацаваных пунктаў і планамерная заваёва тэрыторыі праціўніка. У цэлым гэтыя дзеянні павінны былі выявіць наяўныя сілы і рэсурсы, якія меліся ў кожнага з бакоў. Гэтыя аперацыі паказалі прыкладна аднолькавы, раўнаважны стан абедзвюх армій пры лакальных формах барацьбы.
Зімовы час лічыўся неспрыяльным для правядзення ваенных дзеянняў. Кіраўніцтва ВКЛ спадзявалася па старой звычцы перачакаць зіму, не прадпрымаючы ніякіх актыўных крокаў. Гэтую акалічнасць вырашыў выкарыстаць Іван ІV, плануючы ўжо восенню 1562 г. вялікую выправу на ВКЛ з мэтай захопу якога-небудзь важнага стратэгічнага пункта. Выбар быў зроблены на карысць Полацка, і гэты выбар ніяк не назавеш няўдалым.
Грунтоўнае апісанне выправы маскоўскага войска і аблогі Полацка ў лютым 1563 г. можна знайсці ў спецыяльна прысвечаным гэтай праблеме даследванні Дзмітрыя Валадзіхіна і палеміцы аўтара з Генадзем Сагановічам26. Адсылаючы чытача да гэтых прац, хацелася б дапоўніць узнятую Д. Валадзіхіным праблематыку адказамі на тыя пытанні, на якіх ён не спыніў належнай увагі, а дзе іх і ўвогуле праігнараваў. Падрабязна апісаўшы ўзяцце Полацка, асобна прыпыніўшыся на значэнні гэтай падзеі, аўтар пакінуў па-за ўвагай пытанні пра далейшы лёс Полаччыны, пра характар, прынцыпы і метады кіравання маскоўскай улады, якая ўсталявалася ў Полацкім краі да 1579 г.
Пакідаючы пытанні маскоўскай палітыкі на Полаччыне ў 1563-1579 гг. і адносін мясцовага насельніцтва да новай улады для асобнага разгляду, я звярну ўвагу толькі на характар выконвання ўлады ў Полацку адразу пасля яго захопу.
Ад тых часоў да нас дайшоў вельмі цікавы дакумент — „наказная память” полацкім ваяводам, у якой вызначаліся асноўныя прынцыпы і метады кіравання горадам27. У першую чаргу маскоўскае кіраўніцтва турбавала ўзнаўленне абарончых умацаванняў, а таксама адбудова пагарэлага горада. Усталёўваўся строгі прапусковы рэжым для тутэйшага насельніцтва: „а Литовских людей в город, приезжих и тутошних, детей боярских, и землян, и черных людей, однолично не пущати”. У „городе” (г.зн. у замку) з мясцовых жыхароў маглі жыць толькі праваслаўныя святары з сем’ямі. На царкоўныя святы ўваход палачанаў у крэпасць дазваляўся, але з надзвычайнымі мерамі бяспекі з боку маскоўцаў („а береженье тогды учинити великое в городе”). Шляхцічам і мяшчанам, якія жылі ў пасадскай частцы горада, катэгарычна забаранялася мець зброю. За мясцовым насельніцтвам усталёўваўся сапраўдны паліцэйскі нагляд: „и береженье им над теми людми держати великое, и велети смотрити и примечати, не будет ли в них какие шатости и ссылок с Литовскими людми”. У выпадку выяўлення „шатости” падазроных прадпісвалася адсылаць у Пскоў, Ноўгарад, Вялікія Лукі. Разам з „палітыкай бізуна” маскоўцы практыкавалі і „палітыку перніка”. Кіраванне ажыццяўлялася, „роспрося про здешние всякие обиходы, как у них обычаи ведутца, да с их обычая сперва и судити и управы им в городе давати”. Маскоўская адміністрацыя не змяніла ставак мытных збораў пры знешнегандлёвых аперацыях, таксама як і велічыняў падаткаў.
Пасля захопу Полацка маскоўцам было важна дакладна акрэсліць для сябе межы Полацкага павета. Інфармацыі на гэты конт не ставала. Пасланы з мэтай разведкі межаў Васіль Нізаўцоў не здолеў іх высвятліць з-за непрыхільнасці тутэйшага насельніцтва. На дапамогу маскоўскім уладам прыйшлі мясцовыя інфарматары ў асобах нейкага пратапопа Феафана і яго зяця Рыгора Шчытава. Звесткі, выкладзеныя імі, вызначылі кірункі выправаў маскоўскіх „посылок” у бок Дрысы, Беразвеча і Лукомля. Маскоўскія ваяводы дакладвалі ў Маскву пра адыход мясцовых жыхароў з паселішчаў: „вспрашивати некого: люди, государь, все розошлись”28. Маскоўцы пераследавалі яшчэ адну задачу: прывядзеннем да прысягі жыхароў полацкіх сёлаў засведчыць для сялян прысутнасць новай улады. Аднак новых гаспадароў сустракалі зусім не добразычліва. У адной з грамат красамоўна паказаны адносіны мясцовага насельніцтва да захопнікаў: „в которые, государь, места посылали посылку детей боярских человек по десеть и по двадцать, и Литовские люди бегали и сыскати некем, а в которые места посылали детей боярских человека по три, по четыре, и тех детей боярских имали и побивали, а которых Литовских людей из дальных мест к нам приводили, и мы тех людей сами выпрашивали, и те люди про рубежи сказывають не одни речи”29. Рэакцыя маскоўцаў на непрыхільнае да іх стаўленне была адпаведнай: „которые люди Полотцсково повету воеводам непослушны были и воеводы по их вине их казнили”30.
Можна канстатаваць, што маскоўцы не давяралі палачанам і праводзілі выразную мяжу паміж сабой ды імі пры акрэсленні правоў і абавязкаў перад новым рэжымам, які насіў усе істотныя рысы акупацыйнага рэжыму. Маскоўцы не адчувалі сябе ўпэўнена тут. Непаслухмянасць жорстка каралася. Для ўмацавання ўласнага становішча ў Полацку была пакінутая вялізная групоўка маскоўскіх вайскоўцаў. Створаны ў савецкія часы міф пра „вызваленчую місію” маскоўскага войска31 не вытрымлівае ніякай праверкі канкрэтна-гістарычнымі фактамі.
Апынуўшыся ў складаным становішчы і не маючы магчымасцей для хуткага рэваншу, ВКЛ вырашыла як мага хутчэй заключыць з праціўнікам перамір’е. Маскоўскі двор пагадзіўся на перамір’е да 1 жніўня 1563 г. Потым яго тэрмін працягваўся да 6 снежня 1563 года32 Дыпламатычныя зносіны павінны былі скончыцца прыездам у Маскву вялікага пасольства з ВКЛ для заключэння перамір’я на больш працяглы тэрмін.
Нягледзячы на перамір’е, на мяжы ўсё роўна было неспакойна. Па ўласнай ініцыятыве Міхайла Вішнявецкі з Чаркасаў у чэрвені 1563 г. здзейсніў набег на Севершчыну і Чарнігаўшчыну. Гэта была тыповая казацкая акцыя. Выпаліўшы вёскі і забраўшы вялікі палон, яго атрад быў вымушаны абараняцца ад маскоўскіх вайскоўцаў, якія атакавалі ліцьвінаў па дарозе назад. Палон быў адбіты, літоўскія жаўнеры мусілі, згубіўшы частку сваіх людзей, спешліва адысьці на сваю тэрыторыю33.
Існаванне перамірнай дамоўленасці не перашкодзіла маскоўцам заняцца прыяднаннем зямель на левым беразе Заходняй Дзвіны. Вынікі маскоўскіх рэйдаў углыб Полаччыны, якія адбыліся ўлетку 1563 г., іначай як спусташэннем не назавеш. Быў спалены Лукомль, „шкоды немалые” былі нанесены ў Лепелі, Чарэі (самы далёкі пункт, якога маскоўцы дасягнулі на поўдні), Глыбокім, Беразвечы, Галамыслі і інш. Мноства „людей тамошних” было забраных у палон з усёй маёмасцю34. Нападам маскоўскага войска ўлетку 1563 г. падверглася ўся левабярэжная Полаччына ў межах будучага Полацкага ваяводства. Гэта была самая разгорнутая кампанія, прадпрынятая маскоўскім войскам на тэрыторыі Полацкай зямлі за ўвесь час Інфлянцкай вайны.
Дзеянні маскоўцаў выклікалі нараканні з боку літоўскага кіраўніцтва. На скаргі Жыгімонта Аўгуста маскоўскі двор адказваў, што ўся Полаччына, пасля авалодання Полацкам, з’яўляецца вотчынай маскоўскага цара: „что ни есть в Полотцком повете чье ни буди, то все наше”35.
Гэтая справа сталася адной з падстаў для ўпартых спрэчак на перамовах пасольства ВКЛ у снежні 1563 г. Жорсткія дыскусіі ні да чаго не прывялі. Заключыць перамір’е на перамовах у снежні 1563 — студзені 1564 г. так і не ўдалося з-за нязгоды абодвух бакоў па тэрытарыяльных пытаннях як у Полаччыне, так і ў Інфлянтах36.
Маскоўскае кіраўніцтва меркавала паўтарыць леташні поспех. Пасля адпраўлення літоўскіх паслоў спешліва збіралася войска, пастаўленае пад начальства Васіля і Пятра Сярэбраных. У Смаленску было сабрана да 50 тысяч жаўнераў, без належнага збройнага рыштунку і харчовых запасаў, якія адразу рушылі ў напрамку Оршы. У задачы князёў Сярэбраных уваходзіла злучэнне з вайсковай групоўкай Пятра Шуйскага, якая выйшла 23 студзеня 1564 г. з Полацка. Полацкае войска было ўзмоцнена атрадамі з Смаленска, Пскова, Ноўгарада, Вялікіх Лукаў і Тарапца. Пасля злучэння аб’яднанае маскоўскае войска павінна было рушыць углыб тэрыторыі ВКЛ, у напрамку Менска, Новагародка і Вільні37.
Аднак намерам маскоўцаў перашкодзіла літоўскае наёмнае войска на чале з М. Радзівілам Рудым і Р. Хадкевічам. 26 студзеня 1564 г. пад сялом Іванаўскае каля ракі Ула ліцьвіны разбілі маскоўскую вайсковую групоўку, якая ішла з Полацка. Звесткі пра колькасць жаўнераў з абодвух бакоў ізноў супярэчлівыя, аднак у любым выпадку ліцьвінаў было прыкладна ў тры разы меней. Гетман літоўскага войска Мікалай Радзівіл Руды, непасрэдны відавочца падзей, чые звесткі заслугоўваюць, на мой погляд, найбольшага даверу, ахарактарызаваў колькасьць непрыяцеля ў 17-18 тысяч чалавек38.
Свайму поспеху войска ВКЛ у немалой ступені абавязана эфектыўнай рабоце разведкі. Дзякуючы належным разведачным мерам да літоўскага камандавання ад самага пачатку „доходила певная и частая ведомость о тых людех неприятельских”39. Перад генеральнай атакай быў разбіты маскоўскі авангард. Літоўскае войска спалучыла імклівы франтальны ўдар з зусім нечаканым для маскоўцаў нападам з тыльнага боку, пасля чаго ў маскоўскім войску распачалася паніка. Абкружаны непрыяцель кінуўся наўцёкі. Вось як апісвае ход падзей Аляксандр Гваныні: „Нашы, не даючы ім перадыхнуць, без адпачынку білі, секлі, калолі, каго толькі патрапіць маглі. Бачачы, што змагацца цяжка, Масква распусціла коней па ўзгорках, па палях і па лясах, і ўцякалі куды маглі; там жа некаторыя былі забіты сялянамі з сяла, а некаторыя патанулі ў рэчцы”40. Ульская бітва сталася сапраўднай разнёй маскоўцаў, якіх загінула, па розных даных, ад 9 да 30 тысяч чалавек41. Гэта вельмі кантрастуе са стратамі ліцьвінаў, якіх было забіта толькі 20 чалавек42. Вялікая доля адказнасці за паражэнне ляжыць на маскоўскім камандаванні. Як паведамляе маскоўскі летапіс, войска ішло „не по государьскому наказу, оплошася, небережно, и не полки, и доспехи свои и всякой служебной наряд везли в санех”43. Пры гэтым, як можна меркаваць па літоўскіх крыніцах, маскоўская „сторожа” ведала пра набліжэнне праціўніка44.
Пра поўны разгром сведчыць унушальны спіс загінуўшых і палоненых маскоўскіх военачальнікаў: загінулі сам П. Шуйскі, начальнік артылерыі А. Быкаў, князі С. і Ф. Палецкія, сярод палонных апынуліся ваявода пярэдняга палка З. Пляшчэеў і ваявода палка правае рукі І. Ахлябінін45. Здабычай ліцьвінаў стаў вялізны абоз у пяць тысяч падводаў, у якім знаходзілася агромністая колькасць не толькі амуніцыі і харчавання, але і зброі. Гетман ВКЛ выказваў меркаванне, што „гэты рыштунак Шуйскі вёз для войска, з якім павінен быў злучыцца” на Друцкіх палях46.
Гэтая вайсковая групоўка, якая ўжо стаяла паміж Оршай і Дуброўнай, атрымаўшы звесткі пра паражэнне полацкай групоўкі з рук наўмысна пасланых у яе бок літоўскіх ганцоў, спешліва адышла да Смаленска, не забываючыся па дарозе пустошыць край. Атрад Ф. Кміты і Ю. Осціка, які ішоў ззаду, адбіў у маскоўцаў абоз і ўзяў у палон каля 100 чалавек47. „А бегучи, добра и маетности свои кидали, и там, Оршанцы поведают, иж такое великое добычи и при великой битве Оршаньской не взято”48, — характарызуе вынік выправы войска В. Сярэбранага невядомы літовец.
Галоўнае ваеннае значэнне Ульскай бітвы 1564 г. палягае на знішчэнні ліцьвінамі вялікай колькасці жывой сілы праціўніка. Бітва мела і пэўнае псіхалагічнае значэнне. Пасля зімовых падзей 1564 г. маскоўцы не рашаліся болей ісці ў глыб тэрыторыі ВКЛ і ўступаць у адкрыты бой вялікімі сіламі аж да сярэдзіны XVII ст. Аднак адсутнасць тэрытарыяльных змен пасля бітвы змяншае яе канчатковы эфект. Маскоўцы засталіся валадарыць на ўсім абшары правабярэжнай Полаччыны і частцы на левым беразе Заходняй Дзвіны. Ліцьвіны так і не здолелі пераламаць ход падзей на сваю карысць.
Розгалас пра Ульскую бітву разнёсся па ўсёй Еўропе. Там выходзілі спецыяльныя, прысвечаныя ёй „улётныя лісткі”49. У адным з іх нават сцвярджалася, што неўзабаве пасля бітвы ліцьвінам удалося вярнуць сабе Полацк50. Перамога пад Улай стала прэтэкстам для літоўскага пасольства на чале з Мікалаем Радзівілам Чорным пакінуць польскі сейм, на якім абмяркоўваліся ўмовы заключэння уніі, як было сказана, для „обмышлеванья справ” у ВКЛ51. Літоўская прапаганда выдатна спрацавала, акцэнтуючы ўвагу на тым, што ліцьвіны справіліся з маскоўцамі ўласнымі сіламі, без дапамогі палякаў.
Перамога пад Улай надала дзейнасці літоўскай Рады энергіі і аптымізму. Адабранне ініцыятывы ў вайне было неабходна замацаваць тэрытарыяльным рэваншам. Лагічным працягам паспяховых баявых дзеянняў была падрыхтоўка буйнамаштабнай выправы на Полацк.
Аднак Жыгімонт Аўгуст не меў намеру вяртацца ў Літву, каб шчыльна заняцца мясцовымі справамі, нягледзячы на сталыя пераконванні віленскага ваяводы М. Радзівіла Чорнага ў тым, што „ўсе рэчы спрыяюць вайне, а не сеймаванню”52.
Жыгімонт Аўгуст яўна марудзіў з падрыхтоўкай да актыўных, наступальных дзеянняў. У адрозненне ад 1563 г., не было прынята ніякіх мераў па зборы паспалітага рушэння. Спрыяльны летні час праходзіў у марным, бяздзейсным чаканні. Жыгімонта Аўгуста больш займалі ўнутрыпалітычныя праблемы ў Кароне.
Пасля Ульскай бітвы ваенныя дзеянні прынялі форму раптоўных удараў невялікіх вайсковых згуртаванняў па памежных тэрыторыях праціўніка. Пастаянна адбываліся рэйды літоўскіх ротаў, якія размяшчаліся ў Інфлянтах, на Пскоўшчыну: „литовскиа люди приходили многажды псковскиа волости воевали (...) и юрьевские волости”53. Маскоўцы адказвалі тым жа: ваявалі літоўскія землі ў Інфлянтах і Усходняй Беларусі. Васілю Вешнякову ўдалося разграміць атрад ліцьвінаў каля Краснага гарадка, што на Пскоўшчыне54. 22 чэрвеня Юры Такмакоў беспаспяхова спрабаваў узяць Азярышча, крэпасць на самым паўночна-ўсходнім ускрайку ВКЛ55. Азярышчанцам дапамог 2-тысячны атрад з Віцебска пад кіраўніцтвам Станіслава Паца. 25 ліпеня 1564 г. маскоўскі ваявода В. Бутурлін хадзіў ваяваць мсціслаўскія, крычаўскія і магілёўскія воласці56. У жніўні гэтага ж года маскоўскія ваяры спрабавалі захапіць Мсціслаў57.
Болей значныя падзеі на літоўска-маскоўскім фронце адбываліся восенню. Па ўзгодненасці з крымскім ханам, віленскі двор вырашыў правесці супрацьмаскоўскую контракцыю. Крымскія татары падышлі да Разані. 19 верасня 1564 г. літоўскае войска на чале з Мікалаем Радзівілам Рудым падышло да Полацка. Па маскоўскіх звестках, у гэтым войску налічвалася да 50 тысяч ліцьвінаў і 12 тысяч палякаў58. Лічбы, канешне, перабольшаныя. Прастаяўшы ў бяздзейнасці тры тыдні пад Полацкам, ліцьвіны адступілі, толькі пачуўшы аб руху вялікай маскоўскай арміі з Вялікіх Лукаў. Адзінае, што прадпрыняло літоўскае камандаванне — прапанова здаць горад.
Мікалай Радзівіл Чорны абвінавачваў у няўдачы гэтай кампаніі Жыгімонта Аўгуста, які не прыняў належных мераў і чыннага ўдзелу ў яе правядзенні. Вялікі князь лічыў, што не маючы моцы як трэба падрыхтавацца да аблогі Полацка, лепей было звярнуць увагу на менш буйныя крэпасці, прыводзячы ў прыклад Невель59. Адсутнасць гаспадара ў ВКЛ прычынілася да датклівых збояў у механізме выконвання ўлады.
Няспраўныя дзеянні пад Полацкам хутка абярнуліся для ліцьвінаў адчувальным паражэннем. 6 лістапада 1564 г. Юры Такмакоў усё-такі захапіў замак Азярышча, найбольш аддалены абарончы пункт праваруч ад Дзвіны. Гэтае места, як і яго жыхары, моцна пацярпелі ад аблогі: „многих дворян и Ляхов и дрябеи и всяких земских людеи побили наголову, а которые запирались в стрельнях и в баштах и в хоромех, и те погорели, а город и до основания выгорел, (...) и никаков человек из города не утек”60. Цяпер для маскоўцаў была цалкам адкрытая дарога на Віцебск. Здача Азярышчаў была асабліва прыкрай падзеяй на фоне бліскучай перамогі пад Улай. Аднак трэба прызнаць, што пры кепскім стане абароны, які быў уласцівы Вялікаму княству Літоўскаму, Азярышча, зважаючы на яго самотнае становішча ўдалечыні ад іншых крэпасцей, было проста асуджанае раней ці пазней на пераход у рукі непрыяцеля.
Напрыканцы 1564 г., бачачы бясчынства ў правядзенні ваенных дзеянняў, М. Радзівіл Чорны раіць Жыгімонту Аўгусту заключыць перамір’е з Масквою. Аднак польскі кароль не пагаджаецца на гэтую прапанову. Яго праграма дзеянняў заключалася ў перачаканні зімы і належнай падрыхтоўкі да рашаючага наступу супраць ворага ўлетку наступнага года. Пакуль што Жыгімонт Аўгуст рэкамендуе ўмацаваць фартэцыі ў Віцебску і Дрысе, распачаць будову замкаў на Дзісне і ў Лепелі61.
Аднак пад ціскам абставін планам вялікага князя не было наканавана спраўдзіцца. Так ці іначай, віленскі двор адмовіўся ад вядзення наступальнай вайны, перайшоўшы да пазіцыйнай барацьбы ў зоне супрацьстаяння з непрыяцелем. Найбольш яскрава гэта выразілася ў 1567 г., калі сабранае пад Радашковічамі паспалітае рушэнне, якое налічвала, па самых сціплых падліках, не менш за 30 тысяч баяздольных коннікаў, так і не здзейсніла якога-кольвек вайсковага чыну супраць непрыяцеля62.
Для рэсурсавага патэнцыялу ВКЛ гэткая палітыка з’яўлялася найгоршым варыянтам. Як паказалі далейшыя падзеі, вядзенне перманентнай вайны выкачвала са скарбу вялізную колькасць грошай, не даючы якіх-небудзь важкіх вынікаў. Перамір’е ж, няхай на ганебных умовах, давала гарантыі міру і, разам з тым, час для збірання патрэбных сродкаў і рыхтавання баяздольнага войска. Менавіта цяжкасці з мабілізацыяй сродкаў прымушалі Раду шукаць міру.
У 1565 г. ваенныя дзеянні зноў прынялі характар спусташаючых выправаў на памежныя землі праціўніка. Гэткія акцыі ахоплівалі тэрыторыю па ўсёй памежнай лініі. На сталым ваенным становішчы знаходзілася Пскоўшчына. На пачатку сакавіка 1565 г. групоўка польскіх коннікаў зрабіла працяглы рэйд па пскоўскіх воласцях. Пасля кароткай аблогі Краснага гарадка яна мела сустрэчу з атрадам І. А. Шуйскага, які прыйшоў з Вялікіх Лукаў: „литовские люди, сведав наших и наряд отпустив, да шли наших людеи искати, (...) и потравилися наши с ними не много”63. Пасля гэтай сутычкі польскія жаўнеры хадзілі за непрыяцелем у пагоню, але, не дагнаўшы яго, учынілі спусташэнні па ўсёй паўднёва-заходняй частцы Пскоўшчыны: „воевали много земли псковскои, (...) полону много вывели, и помесщиковы и христианьские дворы жгли, церквеи не жгли”64. Напады на пскоўскія і дэрпцкія воласці не спыняліся і ў далейшы час.
Падобным было становішча рэчаў і на памежжы з боку Усходняй Беларусі. Польскія найміты на чале са Станіславам Цікоўскім учынілі паход у раён Смаленска65. Не пакідаў чыннай дзейнасці Ф. Кміта. Аршанскі стараста здзейсніў удалую выправу на Почап. Спаліўшы горад і забраўшы значную здабычу, атрад Ф. Кміты рушыў ў напрамку Старадуба, дзе папаліў навакольныя воласці66. Аднак прадпрынятая ім увесну выправа на Чарнігаў скончылася безвынікова67.
Стала трымалі ў напружанні маскоўскія гарнізоны віцебскія казакі. У 1566 г. яны здзейснілі шэраг нападаў на воласці паўночнай Полаччыны; у снежні гэтага ж года быў атакаваны Веліж, дзе з сутычкі з маскоўцамі ліцьвінам пашчасціла выйсці пераможцамі68.
Са свайго боку, маскоўцы таксама не пакідалі ў спакоі памежжа ВКЛ. 8 чэрвеня 1565 г. смаленскі ваявода Пётр Марозаў меў сутычку з казакамі пад камандаваннем Бірулі, якія ваявалі смаленскую акругу. Атрад казакаў з Віцебска пацярпеў паражэнне; у палон было забрана 62 чалавекі. Два дні пазней тое ж самае здарылася з „почтам” з Мсціслава. Няўдалым для ліцьвінаў быў паход і на раслаўскія воласці — пры вяртанні атрад пад камандаваннем Івана Лычка падвергся нападу маскоўцаў, у выніку чаго быў спалонены сам камандзір69. Напрыканцы 1565 г. жаўнеры азярышчанскага гарнізона „людей усвятцких били и грабили”; прыкладна ў гэты ж час былі падвергнуты нападзенню з Дэрпта сёлы ў ваколіцах замка Руен у Інфлянтах: „людей побили и в полон повели и маетности их все поимали”70.
Актыўным баявым дзеянням ў 1565-1566 гг. моцна перашкодзіла эпідэмія чумы, якая ахапіла Навагародчыну, Полаччыну і Смаленшчыну. Раёны, адкуль прыходзілі звесткі пра чуму, рабіліся сапраўднай забароненай зонай. Страх перад невылечнай хваробай быў гэтак вялікі, што з Вільні пачалі з’язджаць у вёску людзі, каб ператрываць небяспеку.
Адчуўшы няўдачы вялікіх выправаў у глыб тэрыторыі ВКЛ, маскоўскае кіраўніцтва змяніла тактыку ў вайне, перайшоўшы да стратэгіі замацавання на захопленай тэрыторыі, паступовага пашырэння абсягу сваёй зоны ўплыву і кантролю праз пабудову новых умацаваных пунктаў.
Першай сярод новазбудаваных крэпасцей стаў Усвят. Ён паўстаў на месцы аднайменнага мястэчка ў Віцебскім павеце ў ліпені 1566 г. Неўзабаве, у кастрычніку гэтага ж года, на вусці ракі Ула з’явіўся аднайменны замак. У снежні на месцы ўпадзення Нішчы ў Дрысу быў пабудаваны замак, які атрымаў назву Сокал71. Новабудоўлі з’яўляліся на свет вельмі хутка, за некалькі тыдняў. Гэтым мерапрыемствам маскоўскага кіраўніцтва літоўскі бок супрацьдзейнічаў толькі скаргамі па дыпламатычных каналах.
Вясною 1567 г., па інфармацыі літоўскай разведкі, маскоўцамі планаваўся перанос работ па будаванні новых умацаваных пунктаў на тэрыторыю левабярэжнай Полаччыны. Новыя замкі павінны былі з’явіцца ў Чашніках, на рацэ Сара і два — паблізу Дрысы, на вусці Сволны і на адлегласці мілі ад Дрысы72. У намерах маскоўскага двара было ахапіць ланцугом з замкаў увесь Полацкі павет.
Супрацьдзейнічаючы, вайсковае кіраўніцтва ВКЛ у асобе вялікага гетмана Рыгора Хадкевіча распараджаецца раскватараваць у найважнейшых стратэгічных месцах, якія асабліва цікавілі непрыяцеля, роты наймітаў ды паслаць у Полаччыну для сталага выконвання вайсковай улады выконваючага абавязкі дворнага гетмана Рамана Сангушку.
Р. Сангушка, які прыбыў на месца падзей у маі 1567 г., распачаў чынную дзейнасць па забяспячэнні абароны Полацкага краю. Апярэджваючы маскоўцаў, ліцьвіны актывізавалі будаўніцтва ўмацаванняў у Чашніках, Лепелі, Сорыцы і Дрысе. Асаблівую ўвагу гетмана выклікала гарадзішча каля ўпадзення Туроўлі ў Дзвіну. Гэтае месца мела выдатнае стратэгічнае размяшчэнне. „Естли бы был забудован [замак на Туроўлі], тогды на великой перешкоде был бы Полоцку, а Ула без всякое трудности была бы наша”73, — дакладваў ротмістр Канстанцін Вішнявецкі.
Намеры Р. Сангушкі выклікалі справядлівыя перасцярогі Р. Хадкевіча. Разумеючы станоўчыя якасці тураўлянскага плацдарма, вялікі гетман скептычна ставіўся да магчымасцей рэалізацыі плана пабудовы на Туроўлі замка: „спытать бы первей неприятеля о то, естли того допустит, бо бы певне того не терпел, а почавши, а не доконать што ж было, одно горший сором”74. Р. Хадкевіч наракаў на адсутнасць патрэбных сродкаў: не было ні людзей да работы і аховы будоўлі, ні харчавання, ні зброі. У скарбе не засталося, па словах падскарбяга М. Нарушэвіча, ніводнага гроша.
Р. Хадкевіч прапануе будаваць замак у больш бяспечным і аддаленым месцы, дзе не было б непасрэднай маскоўскай пагрозы. Гетман раіць звярнуць увагу на месца на Крывіне, якое знаходзілася паміж Улай і Віцебскам, бачачы гэткія яго выгоды: „Напрод, иж реки Двины з него будеть боронить, а проходу к Витебску не пропустит; другое, тым замком и Сорыцы боронити будеть, а надто за Двину проход будеть вольный”75.
Р. Сангушка ўсё ж такі пачаў рыхтаваць будаўніцтва ўмацаванняў на вусці Туроўлі. Аб гэтым сведчаць новыя лісты ў Вільню, дзе ён просіць аб падмозе людзьмі і ўсім неабходным матэрыялам для будаўнічых работ76.
Аднак у хуткім часе Р. Сангушка быў вымушаны пераключыцца на іншую справу. У ліпені 1567 г. маскоўцы занялі востраў на возеры Суша, каб збудаваць там свой новы фарпост. Пабудова замка на Сушы мела б значныя стратэгічныя наступствы: „для того тое местцо на Суши засел, ижбы ся далей в Литву внес и замки свои подставил, а звлаще водле наболшого преможеня своего усилуеть Витебск и вси дороги Витебские одыймует, бо на тые местца ездчивали Видбляне, до Риги и до Двины и пред ся яко тако, хотя ж сухим путем торг собе мели и сол оттоле провадили, а тепер вжо и тую дорогу неприятел отнял”77. Для ліцьвінаў было неадкладнай справай перашкодзіць непрыяцелю заняць зручную пазіцыю ў глыбіні левабярэжнай Полаччыны.
20 ліпеня 1567 г. у ваколіцах Сушы адбылася бітва, у якой літоўскімі ротамі, якія ачольваў Р. Сангушка, быў разгромлены вялікі атрад маскоўцаў, які ішоў на абарону новабудоўлі. Развіццё падзей у гэтай сутычцы нагадвае Ульскую бітву. У распараджэнні Р. Сангушкі знаходзілася групоўка наёмных жаўнераў прыкладнай колькасцю дзве тысячы чалавек, сярод якіх 1350 жаўнераў складала конніца. Каб належна выкарыстаць фактар нечаканасці, было вырашана ўчыніць напад на маскоўскі лагер за некалькі гадзін да світанку. Пяхотнікам удалося без шуму ачысціць астатнім жаўнерам шлях ад загародаў, зробленых непрыяцелем. Нанесены знянацку ўдар агаломшыў 8-тысячнае маскоўскае войска, якое нават не паспела агледзецца, як ужо было разбітае78. Як згадвае М. Стрыйкоўскі, ад яго мала што засталося, былі забітыя татарскі военачальнік Амурат і князь Васіль Палецкі79. Канкрэтныя звесткі аб стратах падае Літоўская Метрыка. Згодна з яе данымі, у бітве загінула агулам 5400 маскоўцаў80. У ліцьвінаў пры гэтым жыццё страціла толькі 12 чалавек, а параненых аказалася 30 чалавек.
На вестку аб паражэнні Юры Такмакоў паспешліва схаваўся ў недабудаваным замку на возеры Суша: „слышечи в пяти верстах тот крык межи войски, до острова на озеро по дереву, што было на збудоване звезено, втек и там ему о тисечу людей потонуло”81.
Аднак весці эфектыўную аблогу замка на Сушы войска Р. Сангушкі не мела магчымасці. У яго адсутнічала артылерыя, бракавала адпаведнага начыння для правядзення інжынерных работ. Дворны гетман настойліва прасіў цэнтр, „абыхмо людми посилили и дел прислали”82. Не дачакаўшыся дапамогі, Р. Сангушка ў сярэдзіне жніўня 1567 г. быў вымушаны спыніць аблогу добра забяспечанай усім неабходным крэпасці. Маскоўцы, як заўсёды, хуткімі тэмпамі cкончылі будаўніцтва і намерваліся будаваць новы ўмацаваны пункт у дзесяці вярстах ад Сушы. Аднак Іван ІV не даў на гэта сваёй згоды83.
Пасля збудавання на возеры Суша ліцьвіны згубілі магчымасць шырокага манеўравання ў яго акрузе. Суша (маскоўцы далі новаму замку назву Коп’е) забяспечвала маскоўцам кантроль над зонай паміж сабою, Улай і Полацкам. Тым самым Полацк быў добра абаронены ад раптоўнага ўдару з усходняга і паўднёвага боку.
У першай дэкадзе верасня 1567 г. адбылася яшчэ адна сутычка літоўскага войска з маскоўцамі, на гэты раз з атрадам пад камандаваннем І. Шчарбатага і Ю. Баратынскага, які накіроўваўся з Улы ў Сушу. Ён налічваў, калі верыць польскім храністам, 9 тысяч чалавек. З літоўскага боку яму супрацьстаяла 2129 коннікаў і чатыры пешыя казацкія роты. Р. Сангушка выкарыстаў тут тактыку паступовых уводзінаў у бой новых, свежых, сіл. Дзякуючы гэтаму маскоўцы хутка прыйшлі ў замяшальніцтва. У палон былі ўзяты галоўныя ваяводы, а таксама яшчэ 80 „людзей значных”. Страты ліцьвінаў склалі трох чалавек забітымі і 30 — параненымі84.
Смелыя ўдары працягваў наносіць непрыяцелю віцебскі ваявода Станіслаў Пац. У студзені 1568 г. яго жаўнеры „в Усвяте в острог ся вломили и людей многих побили, на маетности боярской собе не шкодовали и стрелбу побрали”85. Былі спалены таксама пасады Веліжа і забраны ў палон Іван Галавін, які даў каштоўныя звесткі пра намеры маскоўскага войска.
Нягледзячы на перамогі, якія здабывалі ліцьвіны-найміты, стан з выплатамі грошай за службу (г.зв. „заслужоное”) для іх стала пагаршаўся. Гэта прыводзіла да нестабільнасці ў вайсковым асяроддзі, да парушэнняў дысцыпліны кшталту прымусовай рэквізіцыі правіянту ў насельнікаў навакольных сёлаў. Найміты пагражалі пакінуць службу і разысціся. Усё трымалася на аўтарытэце гетмана Р. Сангушкі. Рыгор Хадкевіч асцерагаў і прасіў яго, што калі „Ваша Милость княже, отедеш, и они [жаўнеры] бы не отехали, а в том граница абы ся не открыла, а так того се бою, але кгды Ваша Милость будеш рачил отеждзчат, милостивый княже, для пана Бога прошу и з ласки и з милости упоминай их, абы не отеждзчали”86. Рэгулярныя вайсковыя часткі, якія размяшчаліся на Полаччыне, зза адсутнасці „живности” часта былі вымушаны галадаць: „не вем, яко и хлеба достат можеть для збытного хованья первших жолнеров, которые не толко быдло переели, але и на самых скуру не вем, естли целу зоставили”87.
Становішча з забяспячэннем літоўскіх замкаў на Полаччыне таксама пакідала жадаць лепшага: „тамошние вси замки наши, украиные, суть злого опатреня, а стрелбою, живностями, людьми и в будованю лепшого опатреня потребують”88.
Кепскае забеспячэнне войска і адсутнасць матэрыяльных стымулаў адбіваліся негатыўна на боегатовасці і настроях сярод вайскоўцаў. Гэта выразна праявілася падчас аблогавай аперацыі пад Улай у лютым 1568 г. Ёю кіраваў інфлянцкі гетман і жамойцкі стараста Ян Хадкевіч. Пад яго камандаваннем знаходзіліся ў асноўным „почты”, пазасталыя ад паспалітага рушэння. Дзеянні Я. Хадкевіча не падтрымаў Р. Сангушка, як можна меркаваць, па той прычыне, што бачыў у гэтай акцыі непатрэбную авантуру. Дворны гетман крытыкаваў абраную Я. Хадкевічам тактыку: „свои люди звел и ротмистров инших на розно розделил, што ся подобати не может”89.
Рацыя Р. Сангушкі ў неэфектыўнасці сабранага жамойцкім старастам войска пацвердзілася. Аблога Улы скончылася поўным фіяска. У справаздачы Я. Хадкевіч наракае на неахвочасць пешага войска да актыўных і выніковых дзеянняў: „Ротмистрове шли хотя досыть неспешне, ведь же однак волоклися, колько могучи, але драбы их вси по лесе, по ровах и по подречью похоронилися; так же за великим воланьем, напоминаньем, пригоняньем (же ми аж иж до того пришло, ижем руки мои окровавил, припужаючи их до штурму), вшакож жеданого поступку по собе и справы рыцерской оказать не хотели, але чим их больш до того гнано, тым ся болш крыли и утекали”90. Няспраўнасць літоўскіх вайскоўцаў ледзь-ледзь не прывяла да захопу маскоўцамі, якія зрабілі адчайную вылазку гарматаў, якімі бамбардаваўся замак. Пасля трохтыднёвага безвыніковага знаходжання пад мурамі замка войска Я. Хадкевіча мусіла адысці, „боючися теж того, абы про тот голод люди (...) до конца не повтекали”91. Да таго ж, абаронцы крэпасці атрымалі падмацаванне з Полацка, звёўшы тым самым шанцы ліцьвінаў на поспех да мізеру.
Амаль што адначасова з гэтай акцыяй пад камандаваннем Ф. Кміты была прадпрынята досыць буйная выправа літоўскага войска колькасцю 4 тысячы чалавек у напрамку Смаленска. Групоўка маскоўцаў, якая выйшла са Смаленска для адпору, была разгромлена. Пагарцаваўшы па ваколіцах, атрад Ф. Кміты шчасліва вярнуўся назад. Гэтак сама дзейнічаў і С. Пац, які не пакідаў у спакоі наваколле Усвятаў і Веліжа92.
28 верасня 1568 г. адбылася найбольш значная пасля Ульскай бітвы 1564 г. падзея гэтай вайны: літоўскае войска захапіла добраўмацаваны замак Ула. Найбольш падрабязны выклад падзей, звязаных з узяццем Улы, пакінуў Барташ Папроцкі. Невядома, хто быў яго інфарматарам, аднак ягонае апісанне надзіва дакладна стасуецца з рэляцыяй М. Стрыйкоўскага, які, як вядома, быў блізка каля тых падзей, у Віцебску.
Камандуючым аперацыяй па захопе маскоўскай фартэцыі быў Раман Сангушка. Штуршком для распачынання дзеянняў паслужыла інфармацыя ад шпіёнаў, згодна з якой большая частка гарнізона пакінула замак. Разведка, аднак, зрабіла прыкрую памылку, не заўважыўшы таго, што на змену ў Улу прыйшоў новы атрад маскоўцаў.
Як паказалі далейшыя падзеі, гэта не сталася перашкодай для ўдалага сканчэння штурму. З нагоды прыбыцця папаўнення ў замку адбыліся, так бы мовіць, урачыстасці, у выніку якіх маскоўскія жаўнеры былі спрэс п’яныя.
Ліцьвінам удалося без шуму падступіць да сцен замка. Штурм распачалі з полацкага боку роты Тарнаўскага і Ранчкоўскага. З іншага боку казакі з ротаў Бірулі, Аскеркі і Мінкі падпалілі замак і праклалі праз лес дарогу для коннікаў. Нягледзячы на нечаканую аблогу, маскоўцы аказвалі ўпартае супраціўленне.
Пералом у змаганні адбыўся пасля пераходу роты Мікалая Салагуба праз раку Ула. Гэта было поўнай нечаканасцю для маскоўцаў. Выяўленне броду дазволіла хутка пераправіцца да мураў астатнім вайскоўцам (роты Р. Войны, Ю. Тышкевіча і Б. Лукомскага). Гвалтоўны націск, учынены імі, вырашыў ход справы на карысць ліцьвінаў. У палон было ўзята 300 „важных” людзей, сярод якіх апынуліся і ваяводы замка браты Вельямінавы. Крэпасць амаль поўнасцю згарэла; амаль што не ўдалося выратаваць ад агню ні амуніцыі, ні зброі, ні харчовых запасаў.
Наколькі добра, у адрозненне ад ліцьвінаў, маскоўцы забяспечвалі ўласныя гарнізоны на Полаччыне, сведчыць той факт, што ў Уле знаходзілася 27 гармат і 300 гакаўніц. Колькасць гарнізона складалася з 800 стральцоў з рушніцамі, не лічачы іншых службовых, якіх, як піша Б. Папроцкі, „было нямала”93. Што да ліку літоўскіх жаўнераў, задзейнічаных у штурме Ульскага замка, то наўрад ці ён перавышаў тысячу чалавек.
Адабранне Улы было значнай ваеннай падзеяй. Важнае стратэгічнае значэнне замка патрабавала як мага хутчэйшага аднаўлення абарончых умацаванняў. Жыгімонт Аўгуст загадваў вышэйшым чынам Рады прадпрыняць для гэтага ўсе належныя і магчымыя меры. На нейкі час гэтая справа сталася галоўнай для цэнтральнай улады ВКЛ. Рыгор Хадкевіч згадваў, што ён чыніць для адбудовы Улы „уставичне без перестаня в ден и в ночи не всипаючи, пильность и старане працовитое”94.
І сапраўды, дзейнасць літоўскай адміністрацыі прыкметна актывізавалася. М. Нарушэвіч меўся выправіць усіх людзей, накіраваных на будаўніцтва замкаў на Полаччыне, у Улу, а таксама набраць новых працаўнікоў. Вялікі гетман меў намер сам выправіцца на абарону Улы разам з усімі наймітамі, якія знаходзіліся ў Полацкім краі. Па ўласнай ініцыятыве ён дасылаў са сваіх маёнткаў ва Усходняй Беларусі людзей для будаўнічых работ95.
Нягледзячы на праяўленую актыўнасць, справы ў Уле прасоўваліся па звычцы марудна. Давалі сябе адчуць старыя заганы механізма выконвання ўлады, і, у прыватнасці, арганізацыі абарончых мерапрыемстваў. Астафей Валовіч выказваў справядлівы скепсіс да магчымасці хуткага аднаўлення замка: „иж речи лениво идуть, трудно за так короткий час, яко ся осень вжо близко примкнула, может тот замок стати”96.
Маскоўцы, зразумела, не маглі змірыцца са стратай гэтак важнага стратэгічнага пункта. Дзеля адабрання Улы рыхтавалася буйнамаштабная выправа. Аднак для яе здзяйснення перашкодай стала вестка аб „моровом поветрии” ў ваколіцах Полацка і Улы. Паход быў на паўдарозе спынены. ліцьвіны атрымалі патрэбны ім час для трывалага замацавання на вусці Улы97.
На мяжы, як і раней, было неспакойна. У снежні 1568 г. маскоўскі вайсковы атрад спустошваў ваколіцы інфлянцкіх замкаў Смілтэна, Трыката і Эрмеса: „шкоды не мало починил, людей бил, мордовал, а других в полон свел”98. На пачатку 1569 г. маскоўцы падышлі да Марыенгаўзена, спрабуючы яго захапіць. Аднак у хуткім часе на дапамогу прыйшло войска на чале з Аляксандрам і Іванам Палубенскімі. Маскоўцы мусілі адступіць.
Ліцьвіны ж дамагліся ізноў важкага поспеху. 11 студзеня 1569 г. войска братоў Палубенскіх, прыкінуўшыся апрычнікамі, захапіла замак Ізборск, які знаходзіўся на мяжы Пскоўшчыны з Інфлянтамі. Ізборскі гарнізон, не аправіўшыся ад нечаканасці, не аказаў супраціву. Маскоўскае кіраўніцтва выправіла пад Ізборск вялікае маскоўскае войска на чале з М. Я. Марозавым і І. В. Шарамецевым. Пасля кароткачасовай аблогі ліцьвіны здалі замак. У маскоўскім палоне апынулася прыкладна сто чалавек99.
Баявыя дзеянні, прымаючы ўсё больш лакальны характар, паступова сцішваліся. С. Пац паведамляў у кастрычніку 1569 г., што „новин на тот час з загранича от неприятеля нияких нет. З ласки Божей от неприятеля в покою мешкаем”100. Апошнім чынам літоўскіх вайскоўцаў перад перамір’ем 1570 г. сталася заняцце плацдарма для будаўніцтва крэпасці на возеры Цетча. Гэтая падзея адбылася напрыканцы 1569 г.101 Аднак замацавацца на Цетчы, у акружэнні маскоўскіх замкаў, ліцьвінам не ўдалося. Атрад маскоўцаў авалодаў пакінутым ліцьвінамі месцам, і па загадзе цара ўмацаванні, наспех збудаваныя наймітамі, былі разбураны102.
Нявыплаты „заслужоного”, недысцыплінаванасць вайскоўцаў, няспраўнасць і бясчыннасць улад спрычынілася да таго, што ў 1570 г. мяжа з Маскоўскім княствам аказалася цалкам аголеная. Наёмнае войска паціху разыходзілася. Раман Сангушка, які трымаў на ўласным аўтарытэце наёмнае войска ў Полаччыне, у лютым 1570 г. ад’ехаў на Валынь, дзе неўзабаве памёр103. 20 лістапада 1569 г. ён нарэшце атрымаў тытул дворнага гетмана104. Нягледзячы на гэта, у апошнія гады ўладарання на Полаччыне Р. Сангушка яўна расчараваўся ў сваёй дзейнасці, якая не прыносіла з-за маруднасці і бездапаможнасці цэнтральнай улады ў Вільні пажаданых вынікаў, для дасягнення якіх дворны гетман прыклаў гэтулькі намаганняў.
Ваенныя дзеянні 60-х гг. XVI ст. паказалі бясспрэчную перавагу літоўскага войска ў адкрытым змаганні. З іншага боку, ліцьвіны саступалі маскоўцам у правядзенні аблогавых аперацый. Гэткі стан рэчаў спрычыніўся да значных тэрытарыяльных страт ВКЛ на Полаччыне. Важным таксама падаецца той факт, што цэнтральная ўлада ў ВКЛ, у адрозненне ад Маскоўскага княства, дзе імкліва набіралі моц цэнтралізатарскія тэндэнцыі, не змагла падрыхтаваць буйнамаштабных ваенных акцый для адабрання ініцыятывы ў вайне, менавіта якім Масква была абавязана сваім поспехам. Прычынай гэткага стану рэчаў была адсутнасць эфектыўнай каардынацыі паміж цэнтральнымі і рэгіянальнымі структурамі выконвання ўлады, з-за чаго сеймавыя пастановы і распараджэнні вялікага князя выконваліся вельмі марудна, а дзе і проста ігнараваліся шляхецкай масай.
Улетку 1570 г. на падставе ubi possidetis у Полаччыне і Інфлянтах быў заключаны так доўгачаканае перамір’е паміж варагуючымі бакамі тэрмінам на тры гады105. Ацэнка гэтага кроку літоўскага кіраўніцтва не можа быць адназначнай. З 1568 г. знешнепалітычнае становішча ВКЛ істотна палепшылася: Швецыя з непрымірамага ворага зрабілася ў выніку змены ўлады ў краіне хаўруснікам княства, было заключана трывалае перамір’е з Асманскай імперыяй. Дыпламатычныя поспехі ВКЛ мелі супрацьпрапарцыйнае ўздзеянне на міжнароднае становішча Маскоўскага княства. Апрача гэтага, там напрыканцы 60-х гг. XVI ст. ізноў распачаўся сур’ёзны ўнутрыпалітычны крызіс. Івану IV у гэты час было зусім не да вайны. Звернем увагу таксама на тое, што пакрысе ліцьвінам удавалася перахільваць перавагу ў ваенным супрацьстаянні на свой бок. Здавалася б, усё гаворыць за тое, каб чыннымі высілкамі здабыць канчатковую перамогу над непрыяцелем, тым больш, што можна было спадзявацца на выкарыстанне магутнага патэнцыялу Польшчы.
Аднак справу вырашылі ўнутраныя ўскладненні, у першую чаргу катастрафічны стан дзяржаўнага скарбу. Дзяржава не мела сродкаў утрымліваць войска, дастатковага для эфектыўных дзеянняў нават абарончага характару. Шляхецкае грамадства не выказвала вялікага жадання ваяваць. Паспалітае рушэнне не дамаглося ніводнага значнага ваеннага поспеху. Гэтая вайна зрабілася для шляхты маргінальнай з’явай, якая не дакранулася да яе непасрэдна, а праходзіла дзесьці на ўзбочы вялікай палітыкі. Рашэнне ўсіх праблемаў бачылася ў хутчэйшым з’яднанні з Польскім каралеўствам. Гэткай пазіцыі вышэйшага стану ВКЛ у немалой ступені паспрыяла польская прапаганда.
Палітыка віленскага двара насіла супярэчлівыя рысы. У адзін і той жа час праводзіліся мерапрыемствы па зборы фінансаў для вайны і перасылкі ганцоў і пасольстваў, шчырай мэтай якіх было дасягненне перамірнага кампрамісу. Вядзенне гэткай палітыкі адлюстроўвала спрэчныя тэндэнцыі ўнутранай палітыкі ВКЛ: з аднаго боку, існавала імкненне не дапусціць пашырэння зоны ўплыву маскоўцаў у Полаччыне і Інфлянтах, а па магчымасьці і ўзяць рэванш за датклівыя паражэнні, з другога — выкарыстаць цяжкасці ў вайне для пераадолення супраціўлення ўплывовых літоўскіх радных паноў у справе заключэння уніі ВКЛ з Каронай.
Назіраючы за сутнасцю падзей з гэткага гледзішча, падаецца цалкам лагічным заключэнне перамір’я з Маскоўскай дзяржавай у хуткім часе пасля задзіночання дзвюх паспалітых краін. Заключэнне Люблінскай уніі ў 1569 г., якая бачылася шмат каму панацэяй ад бедаў, у тым ліку і ад вайны, на самай справе не прынесла ліцьвінам абяцанай дапамогі з польскага боку ні грашыма, ні жаўнерамі106. Сярод польскага кіраўніцтва не было і ценю жадання распачынаць рэваншавую вайну за Інфлянты і Полацк.
Перадышка ў вайне пры гэткім становішчы рэчаў была проста неабходная. Але цяпер вайна перастала быць спрыяючым для уніі фактарам. Далёкабачная мэта Жыгімонта Аўгуста і польскай шляхты была дасягнута; цяпер можна было спакойна заняцца ўнутранымі праблемамі, якіх сапраўды назбіралася вельмі шмат.
Streszczenie
Po kilkunastu latach wojen między Wielkim Księstwem Litewskim i Państwem Moskiewskim na przełomie XV i XVI w. nastał wprawdzie pokój, lecz sporne problemy terytorialne nie były rozwiązane. Konflikt między obu państwami był nieunikniony także ze względów ideologicznych. W połowie XVI w. przedmiotem rywalizacji między Moskwą i Litwą stały się Inflanty. Opanowaniem tej części wybrzeża Morza Bałtyckiego zainteresowana była także Szwecja oraz Dania. Litwa tradycyjnie mogła liczyć na wsparcie ze strony Polski. Dla Moskwy kontrola ujścia Dźwiny oznaczała otwarcie drogi do Europy. W latach 1562-1953 armia cara Iwana IV odniosła kilka spektakularnych zwycięstw. Najbardziej znaczącym było zdobycie Połocka. Od 1565 r. przewaga zarysowała się po stronie litewsko-polskiej. Po kilku latach walk zawarto pokój, lecz obie strony zostały do tego zmuszone czynnikami wewnętrznymi. Sprzeczności były tak wielkie, że kolejna wojna była nieunikniona.
1 J. Jasnowski, Mikołaj Radziwiłł Czarny (1515-1565), Wilno 1939, s. 131-187; И. Шаскольский, Русско-ливонские переговоры 1554 г. и вопрос о ливонской дани, [в:] Международные связи России до XVII в., Москва 1961, c. 376-399.
2 Г. Форстен, Балтийский вопрос в XVI и XVII столетиях, т. І: Борьба из-за Ливонии, Санкт-Петербург 1893, с. 84-253.
3 M. Stryjkowski, Kronika polska, litewska, żmudzka i wszystkiej Rusi, t. II, Warszawa 1846, s. 411.
4 Псковские летописи (далей: ПЛ), под ред. А. Н. Насонова, вып. II, Москва 1955, с. 240.
5 M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 411-412.
6 Tamże, s. 412.
7 ПЛ, c. 241.
8 Lietuvos Metrika (далей: LM.)
9 Tamże, s. 90.
10 Tamże, s. 94-95.
11 Tamże, s. 92.
12 Полное собрание русских летописей (далей: ПСРЛ), т. XIII, 2-ая пол., Москва 1906, с. 340-341.
13 Тамжа, с. 341.
14 LM, s. 94.
15 Османская империя и страны Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы в XV-XVI вв.: Главные тенденции политических взаимоотношений, Москва 1984, с. 262.
16 LM, s. 98-100; M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 412.
17 ПЛ, с. 242.
18 ПСРЛ, с. 343; ПЛ, с. 242-243.
19 Переписка Ивана Грозного с Андреем Курбским, Москва 1993, с. 42-43. Сведчанням польскіх хронік нельга даваць веры з-за іхнай цягі да гіпербалізацыі 40-45 тысяч маскоўцаў супраць 1500 коннікаў з літоўскага боку. Гл.: M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 413; M. Bielski, Kronika, t. II, Sanok 1856, s. 1151-1152.
20 M. Bielski, dz. cyt., s. 1151-1152.
21 M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 413.
22 M. Bielski, dz. cyt., s. 1152.
23 Leśniowolski S., [w:] Polski Słownik Biograficzny, t. XVII, Wrocław etc., 1972, s. 185; M. Bielski, dz. cyt., s. 560.
24 ПЛ, с. 243.
25 Археографический сборник документов, относящихся к истории Западной России (далей: АСД), т. IV, Вильно 1867, с. 7-8.
26 Д. Н. Александров, Д. М. Володихин, Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII-XVI вв., Москва 1994, с. 86-116. Рэцэнзія Г. Сагановіча змешчана ў „Беларускім гістарычным аглядзе”, 1995, т. 2, сш. 1, с. 112-121. Гл. таксама: Д. М. Володихин, Спорные вопросы истории Белой Руси, Полоцк 1997, с. 17-24; Г. Сагановіч, Дзве гісторыі Полацка, „Беларускі гістарычны агляд”, 1997, т. 4, сш. 1-2, с. 205-216.
27 Витебская старина, сост. и изд. А. Сапунова, т. IV, Витебск 1885, с. 56-62.
28 Писцовые книги Московского государства, ч. 1, отд. II, Санкт-Петербург 1877, с. 436.
29 Тамжа, с. 437.
30 ПСРЛ, с. 372.
31 Гісторыя Беларускай ССР, пад рэд. В. Н. Перцава, т. І, Мінск 1955, с. 86; История Белорусской ССР, Минск 1977, с. 55.
32 Книга посольская Метрики ВКЛ, т. І, Москва 1843, с. 237-243.
33 Книга посольская Метрики ВКЛ, с. 232-234; ПСРЛ, с. 367.
34 Книга посольская Метрики ВКЛ, с. 234-236; ПСРЛ, с. 372.
35 Сборник императорского Русского исторического общества (далей: РИО), т. 71, Санкт-Петербург 1892, с. 186.
36 Гл. падрабязны выклад ходу перамоваў у РИО, с. 187-302.
37 Письмо гетмана литовского Радивила о победе при Уле, [в:] Чтения Общества истории и древностей российских, 1847, кн. ІІІ, № 3, с. 1; ПСРЛ, с. 377.
38 Письмо гетмана..., с. 2.
39 Акты, относящиеся к истории Западной России (далей: АЗР), т. III, Санкт-Петербург 1848, с. 133.
40 A. Gwagnin, Kronika Sarmacyey Europeyskiey, [w:] Zbiór dzieiepisów polskich, t. IV, Warszawa 1768, s. 109.
41 Пар.: Письмо гетмана..., с. 2, 8; M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 414-415; A. Gwagnin, dz. cyt., s. 109. Пры тых абставінах, у якіх працякала бітва, звесткі Ніканаўскага летапісу пра 200 палеглых на полі бою маскоўскіх ваяроў здаюцца не іначай як фальсіфікацыяй: ПСРЛ, c. 377.
42 Письмо гетмана..., с. 3, 10.
43 ПСРЛ, с. 377.
44 АЗР, с. 133.
45 Российская национальная библиотека, ф. 971, оп. 2, л. 41-41 об (выказваю падзяку Г. Семянчуку за дадзены матэрыял).
46 Письмо гетмана..., с. 2-3.
47 M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 415; B. Paprocki, Herby rycerstwa polskiego, Kraków 1858, s. 854-855.
48 АЗР, c. 135.
49 K. Zawadzki, Gazety ulotne polskie i Polski dotyczące XVI-XVIII wieku: Bibliografia, t. 1, Wrocław etc. 1977, s. 16-17.
50 J. Pirożyński, Z dziejów obiegu informacji w Europie XVI wieku. Nowiny z Polski w kolekcji Jana Jakuba Wicka w Zurychu z lat 1560-1587, Kraków 1995.
51 O. Halecki, Dzieje Unii Jagiellońskiej, t. II, Kraków 1920, s. 181-182.
52 Listy oryginalne Zygmunta Augusta do Mikołaja Radziwiłła Czarnego, Wydanie S. A. Lachowicza, Wilno 1842, s. 201.
53 ПЛ, c. 245.
54 Тамжа, с. 246.
55 ПСРЛ, с. 384-385. Пар.: M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 415-416.
56 ПСРЛ, c. 385.
57 J. Jasnowski, dz. cyt., s. 329.
58 ПСРЛ, c. 390.
59 Listy oryginalne..., s. 244.
60 ПСРЛ, c. 391.
61 Listy oryginalne..., s. 216-217, 228-231.
62 Гл.: K. Piwarski, Niedoszła wyprawa tzw. radoszkowicka Zygmunta Augusta na Moskwę (rok 1567-68), „Ateneum Wileńskie”, 1928, r. V, z. 14, s. 85-119.
63 ПЛ, c. 247.
64 Тамжа.
65 Ł. Górnicki, Dzieje Korony Polskiej, Sanok 1855, s. 129; M. Bielski, dz. cyt., s. 1155.
66 M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 415; B. Paprocki, dz. cyt., s. 855.
67 АСД, c. 210-211.
68 M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 416.
69 ПСРЛ, c. 397.
70 РИО, c. 332-333.
71 ПСРЛ, c. 403-406.
72 Archiwum Sanguszków w Sławucie (далей: AS), t. VII, Lwów 1910, s. 126.
73 Tamże, s. 134.
74 Tamże.
75 Tamże, s. 149-150.
76 Tamże, s. 159-163.
77 Tamże, s. 170.
78 B. Paprocki, dz. cyt., s. 830.
79 M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 418.
80 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, КМФ-18, воп. 1, спр. 529, л. 182 адв.
81 AS, s. 174.
82 Tamże, s. 181-182.
83 Tamże, s. 192.
84 B. Paprocki, dz. cyt., s. 830; M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 416-417.
85 AS, s. 233-234.
86 Tamże, s. 201.
87 Tamże, s. 137.
88 Tamże, s. 258-259.
89 Tamże, s. 235-236.
90 АЗР, с. 142.
91 Тамжа, с. 143.
92 M. Stryjkowski, dz. cyt., s. 417.
93 B. Paprocki, dz. cyt., s. 830-831.
94 AS, s. 288-289.
95 Tamże, s. 289-290.
96 Tamże, s. 287-288.
97 Tamże, s. 295-296.
98 РИО, с. 438-439.
99 Тамжа, с. 584-585.
100 AS, s. 335-336.
101 Tamże, s. 355-358.
102 РИО, с. 747-748.
103 AS, s. 361-362.
104 Tamże, s. 347-348.
105 Книга посольская Метрики ВКЛ, с. 293-301, 304-309.
106 Польскае кіраўніцтва мела вялікія праблемы з утрыманнем сваіх жаўнераў у Інфлянтах. Гл.: K. Pułaski, Sprawa o zapłatę zaległego żołdu rotom zaciężnym za Zygmunta Augusta, [w:] Szkice i poszukiwania historyczne, seria 3, Kraków 1906, s. 197-228.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|