|
Метады і сродкі ліквідацыі акаўскіх і постакаўскіх фарміраванняў
у заходніх абласцях Беларусі ў 1944-1954 гг.
Наталля Рыбак
(Гродна)
Пасля вызвалення тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў сярод першапачатковых задач, што ставіліся перад органамі савецкай улады была ліквідацыя „нацыяналістычных” фарміраванняў, у тым ліку польскай Арміі Краёвай (АК), якая адназначна ацэньвалася імі як рэакцыйная і дэстабілізуючая сіла ў рэгіёне. Метады і сродкі барацьбы савецкіх органаў улады дыктаваліся вайскова-стратэгічнымі і палітычнымі патрэбамі. Ва ўмовах заканчэння вайсковых дзеянняў на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі сітуацыя з існаваннем у тыле Чырвонай Арміі варожых узброеных фарміраванняў была недапушчальная. Акрамя гэтага, тэрыторыя Заходняй Беларусі ці былыя польскія „крэсы ўсходнія” лічыліся савецкай уладай неад’емнай часткай БССР і СССР.
Барацьба з „антысавецкім нацыяналістычным падполлем” была ўскладзена на Упраўленне барацьбы з бандытызмам (УББ) НКУС БССР (з сакавіка 1946 г. — МУС БССР) на чале з палкоўнікам Л. К. Гранскім. Са жніўня 1944 г. для ліквідацыі фарміраванняў АК разам з асноўнымі сіламі міліцыі і дзяржаўнай бяспекі (НКДБ БССР, з сакавіка 1946 г. — МДБ БССР) выкарыстоўваліся рэгулярныя вайсковыя часці, якія колькасна адпавядалі ўзмоцненай мотастралковай дывізіі1. Асноўным сродкам барацьбы з АК у перыяд з лета па зіму 1944 г. з’яўляліся чэкісцка-вайсковыя аперацыі2. Гэта было выклікана шэрагам прычын, у першую чаргу жаданнем як найхутчэй вырашыць праблему з антысавецкім падполлем, а таксама тым, што акаўскія фарміраванні пасля сваёй структурнай рэарганізацыі перад аперацыяй „Бура” дзейнічалі буйнымі сіламі, што аблягчала задачу іх пошуку і ліквідацыі. Чэкісцка-вайсковыя аперацыі заключаліся ў выяўленні месцаў дыслакацыі атрадаў АК з далейшай іх ліквідацыяй. Рыхтаваліся яны на падставе разведвальнай інфармацыі і ўключалі ў сябе прачэсванне мясцовасці, аблавы, масавыя затрыманні і арышты. Абавязкова складаліся дэтальна прадуманыя планы чэкісцка-вайсковых аперацый з улікам усіх абставін, колькасці і складу акаўскіх фарміраванняў, іх узбраення, вывучаліся падыходы і блакаваліся магчымыя месцы адыходу дадзеных атрадаў, у выпадку правалу аперацыі вельмі дакладна высвятляліся яго прычыны3.
Адна з буйнейшых чэкісцка-вайсковых аперацый была праведзена ў верасні-кастрычніку 1944 г. Яе план быў распрацаваны сумесна органамі НКУС і НКДБ БССР і зацверджаны 5 верасня 1944 г. намеснікам наркама ўнутраных спраў СССР І. А. Сяровым. Планам прадугледжвалася арганізацыя чэкісцка-вайсковай аперацыі з 8 верасня 1944 г. адначасова ў раёнах Баранавіцкай і Вілейскай абласцей. Быў створаны штаб кіравання аперацыяй. Раён аперацыі быў разбіты на тры аперацыйныя ўчасткі: Лідскі (8 раёнаў), Налібоцкі (6 раёнаў) і Паўночны (раёны Вілейскай вобласці, якія межавалі з Баранавіцкай вобласцю). Пры выкананні плана аперацыі былі праведзены тры масавыя чэкісцка-вайсковыя аперацыі. Вайсковыя групы мелі больш 30-ці баявых сутычак. Згодна з дакументамі органаў дзяржбяспекі, былі нанесены ўдары па злучэннях „Поўнач”, „Поўдзень” Навагрудскай акругі АК, ліквідаваны групы „Завеі”4, „Юра”5, „Піона”6, а на тэрыторыі Радуньскага раёна Гродзенскай вобласці была ліквідавана акаўская радыёстанцыя7. Такім чынам, у выніку аперацыі, праведзенай на тэрыторыі раёнаў Баранавіцкай і Вілейскай абласцей былі знішчаны 54 узброеныя групы, забіты 89 і ўзяты ў палон 419 чалавек. Адначасова, у час аблаваў і прачэсвання лясоў былі затрыманы 20 774 чалавекі, 50 чалавек забіты пры затрыманні8.
Усіх затрыманых у ходзе аперацыі асоб было прадпісана правесці праз пільную фільтрацыю (г.зн. праверку) у гарадскіх і раённых аддзелах НКУС (далей: ГА і РА НКУС), з мэтай выяўлення іх прыналежнасці да „бандпаўстанцкіх фарміраванняў”, з далейшым арыштам і прыцягненнем да крымінальнай адказнасці9. Затрыманыя кіраўнікі і ўяўляючыя асаблівы інтарэс удзельнікі польскіх „нацыяналістычных” фарміраванняў траплялі на допыт непасрэдна да намесніка наркама ўнутраных спраў СССР І. А. Сярова, наркама ўнутраных спраў БССР С. С. Бельчанкі, наркама дзяржбяспекі БССР Л. Цанавы і іншых савецкіх кіраўнікоў. Дзейнасць асоб, якія ўдзельнічалі ў акаўскім падполлі, кваліфікавалася па артыкуле 63/1, 63/2 і 76 Крымінальнага кодэкса БССР, а дзеянні польскіх грамадзян, прыбыўшых на тэрыторыю заходніх абласцей БССР з мэтай стварэння „нацыяналістычных антысавецкіх арганізацый” і кіраванне імі, кваліфікаваліся па артыкуле 64 і 76 КК БССР, у выпадку, калі не была выяўлена іншая злачынная дзейнасць10. Згаданыя артыкулы прадугледжвалі за тэрарызм і арганізацыю масавых беспарадкаў розныя меры пакарання — ад высылкі і зняволення да смяротнага прысуду11.
Аднак, нягледзячы на прадпрынятыя органамі савецкай улады намаганні, асноўныя сілы акаўскага падполля працягвалі сваю дзейнасць. Згодна з загадам НКУС, НКДБ СССР і НКУС, НКДБ БССР за № 00910 ад 23 кастрычніка 1944 г., патрабавалася ў сціслы тэрмін ліквідаваць існуючыя антысавецкія арганізацыі12. У дадатковым указанні № 5 ад 28 кастрычніка 1944 г. С. С. Бельчанка адзначаў, што ўнутраныя войскі НКУС выкарыстоўваюцца неэфектыўна, у асобных раёнах зусім бяздзейнічаюць, а ўсё гэта прыводзіць да зніжэння вынікаў работы па ліквідацыі „нацыяналістычных” фарміраванняў. Акрамя гэтага, адзначалася, што войскі дзейнічаюць толькі днём, а ноччу пачатыя аперацыі прыпыняюцца, у выніку чаго „нацыяналістычныя” фарміраванні маюць час знікнуць. У сувязі з вышэйадзначаным, С. С. Бельчанка прыказваў як мага часцей выстаўляць засады, высылаць разведвальна-пошукавыя групы ў найбольш паражоныя „бандытызмам” месцы, максімальна выкарыстоўваць аўтатранспарт13.
Заўвагі наркама ўнутраных спраў БССР былі ўлічаны ў далейшай рабоце. Так, зыходныя пункты перад пачаткам чэкісцка-вайсковых аперацый займаліся ўжо ноччу. Ранкам у зоне правядзення аперацыі пасля сходу мясцовага насельніцтва, якому тлумачылася мэта прадпрынятых НКУС мераў, праводзіліся пільныя праверкі дакументаў, вобыскі ў хатах і гаспадарчых пабудовах, а таксама прачэсванні мясцовасці. У дадатак да гэтага выкарыстоўваліся метады кругавой блакіроўкі населеных пунктаў і лясоў з выстаўленнем засад і аператыўных дазораў.
Адначасова з правядзеннем чэкісцка-вайсковай аперацыі вялікая ўвага звярталася на агентурна-следчую работу. Сярод першачарговых задач, якія ставіліся перад кіраўнікамі ГА і РА НКУС Беластоцкай вобласці БССР адразу пасля яе вызвалення ад нямецкіх войск, былі: узнаўленне сувязі са старой агентурай і ўкараненне яе ў „бандфарміраванні”; выяўленне праз агентуру і мясцовых жыхароў усіх удзельнікаў „паўстанцкіх і бандфарміраванняў” і ўзяцце іх на аператыўны ўлік; набыццё кваліфікаваных агентаў „маршрутнікаў”, накіраванне іх у месцы найбольш верагоднага з’яўлення „бандытаў” і высвятленне праз іх колькаснага складу, узбраення і месца дыслакацыі атрадаў; выкарыстанне ўсяго апарату РА НКУС, унутраных войскаў НКУС, дыслакаваных на тэрыторыі раёна14. Пры стварэнні агентурна-асведамляльнага апарату наркамы ўнутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі БССР патрабавалі дакладна праінструктаваць супрацоўнікаў НКУС і НКДБ па пытаннях вярбоўкі. Паводле інструкцыі, ажыццяўляць вярбоўку трэба было толькі пасля ўзаемнай (з бакоў НКУС і НКДБ) праверкі. За перавярбоўку агентуры і незахаванне аператыўнага кантакту ў рабоце вінаватыя караліся15.
Вярбоўка ажыццяўлялася з ліку правераных людзей, якія жылі на хутарах і ў вёсках, але часцей агентурна-асведамляльная сетка вербавалася на падставе так званых „кампраматаў”16. Сярод апошніх найбольш распаўсюджанай была прыналежнасць да антысавецкіх арганізацый. Напрыклад, Свіслацкім РА НКУС за ІV квартал 1944 г. пераважна на кампрамаце было завербавана 30 чалавек17. Як рэальна ажыццяўлялася вярбоўка на практыцы сведчыць „Дакладная запіска” Поразаўскага РА НКУС ад 5-10 мая 1945 г.: „На хуторе Л.18 Порозовского района состоялась вербовка гражданки Л., 19.. года рождения, из крестьян, полька, уроженка местечка Р. Брестской области, образование 5 классов, со слов не судима, проживает хутор Л. Порозовский район. Последняя была завербована на компрометирующих материалах, как-то: добровольно выехала в Германию, а её муж был расстрелян партизанами как изменник Родины, являлась прямой пособницей бандитской группы в лесах Беловежской пущи. Выезд на вербовку был осуществлён под видом работника польской комиссии по эвакуации польского населения в Польшу19. Для лучшей конспирации было приготовлено формальное командировочное удостоверение. На вербовку пошла охотно и избрала по собственной инициативе псевдоним „Левкович”, при вербовке вскрыла бандитскую группу в количестве 6 человек и дала информацию о том, что группой руководят 3 польских офицера”20.
Фарміраванне агентурна-асведамляльнай сеткі паквартальна добра прасочваецца на прыкладзе Бераставіцкага РА НКУС. Згодна з пададзенай ім „Дакладной запіскай” за І квартал 1945 г. на 1 студзеня гэтага ж года ў агентурна-асведамляльнай сетцы Бераставіцкага РА НКУС налічвалася 76 сакрэтных паведамляльнікаў. За І квартал былі завербаваны 17 чалавек: студзень — 2, люты — 6, сакавік — 9. Вярбоўка ў асноўным адбывалася на падставе кампраметуючых матэрыялаў. Пра гэта сведчаць самі супрацоўнікі НКУС. На думку начальніка Бераставіцкага РА НКУС лейтэнанта дзяржбяспекі Фралова, найбольш характэрнай была наступная вярбоўка: „17 февраля 1945 г. в качестве с[екретного]/о[сведомителя] был завербован Ш. уроженец и житель деревни Н. Берестовицкого района, поляк, образование 6 классов. Продолжительное время скрывался от призыва в Красную Армию, был задержан во время облавы, завербован на базе компрматериала”21. За ІІ квартал 1945 г. Бераставіцкім РА НКУС былі завербаваны 22 чалавекі: красавік — 6, май — 8, чэрвень — 8, а за ІІІ — 12: ліпень — 3, жнівень — 4 і верасень — 5 чалавек22. Шчыльнасць агентурна-асведамляльнай сеткі была такой, што, па сутнасці, у кожнай вялікай вёсцы раёна ў НКУС быў свой чалавек, часам нават і не адзін. Паводле графіка сустрэч з сакрэтнымі паведамляльнікамі, складзенага аператыўным упаўнаважаным таго ж Бераставіцкага РА НКУС малодшым лейтэнантам Коцікавым, ён павінен быў за верасень 1945 г. сустрэцца ў розных вёсках з 12 агентамі 34 разы, прычым у вёсцы А. — з двума сакрэтнымі паведамляльнікамі „Сталовым” і „Янам”23. Інтэнсіўнасць сустрэч сведчыць аб каштоўнасці для НКУС той інфармацыі, якую перадавалі „с/о”. Напрыклад, 28 жніўня 1945 г. завербаваны Бераставіцкім РА НКУС „с/о” „Лазук” паведаміў, што „Ляхович Иосиф Игнатьевич и Ляхович Казимир Игнатьевич, совершившие убийство семьи Монсевича Степана Игнатьевича осенью 1944 г., в настоящее время проживают в деревне Войневичи, территория Польши, у своей сестры Ляхович Альбины под другой фамилией. Ляхович Иосиф ранен во время проведения войсковой операции и ходит на костылях, а его брат Казимир работает плотником”24. Звычайна, пасля праверкі падобнай інфармацыі наступаў арышт.
Важнасць агентурнай работы для органаў бяспекі БССР відаць з запіскі за І квартал 1946 г. начальніка аддзела барацьбы з бандытызмам (далей: АББ) МУС Гродзенскай вобласці маёра Кляшчова: „Из поступившей информации в І квартале 1946 г. видно, что вопрос приобретения, как квалифицированной агентуры, так и массового осведомления, сведением его в резидентуры в отчётном периоде времени не занимались: Берестовицкое РО не приобрело за квартал ни одного осведомителя, нет арестов, тогда как в северной части района оперирует 11 обвод АК. Скидельское РО МВД за этот же промежуток времени приобрело только 5 осведомителей. Однако не арестовано ни одного участника АК (11 обвод действовал в южной части района и 10-й в западном секторе25). Не лучше обстоит дело с приобретением агентуры и нанесением решительных ударов по ликвидации антисоветского подполья и в других районах области. Предлагаю: 1. выполнить наши указания о закреплении всех населённых пунктов массовым осведомлением и сведением его в резидентуры, 2. приобретать достаточное количество квалифицированной агентуры из числа антисоветского подполья и бандгрупп, способную разбивать эти формирования и подводить их под оперудар”26. На неабходнасць узмацніць агентурна-следчую працу ўказваў і міністр унутраных спраў БССР генерал-лейтэнант С. С. Бельчанка: „[Необходимо] приобретать новую агентуру, резидентов, а также конспиративно-явочные квартиры, использовать материалы квалифицированной агентуры, а также следственные разработки и обеспечить ликвидацию банд „Олеха”27, „Наумец”28, „Искра”29, „Стасевич”, „Морского”30”. Як вынікае, вышэйшае начальства было незадаволена працай сваіх падначаленых і гэта пры тым, што толькі ва Упраўленні НКУС па Гродзенскай вобласці агентурна-асведамляльны апарат на 1 студзеня 1946 г. складаўся са 1407 чалавек, з іх: рэзідэнтаў — 20, агентаў — 45, маршрутнікаў — 24, сакрэтных паведамляльнікаў — 131831. Дынаміка росту вярбовак рэзідэнтаў, агентаў, інфарматараў органамі НКУС-МУС БССР добра відаць з наступных лічбаў: на 1 студзеня 1944 г. — 472 чалавекі, на той жа перыяд 1945 г. — 7604, 1946 г. — 3966, 1947 г. — 393. Усяго на працягу 1944-1947 г. было завербавана 19 881 чалавек32. Як бачна, найбольшая колькасць вярбовак прыйшлася на 1945 г., а з 1946 г. выразна акрэсліўся спад, што тлумачыць незадаволенасць кіраўніцтва НКУС.
Найбольш каштоўная і кваліфікаваная агентура ў якасці матэрыяльнага стымулу ўзнагароджвалася грошамі, а таксама дэфіцытнымі прамысловымі таварамі і прадуктамі — у студзені 1945 г. Сапоцкінскі РА НКУС для гэтай мэты атрымаў па спісе „сахар — 7 кг, чай — 300 г, махорка — 1 кг, чулки — 1 пара, носки мужские — 3 пары, табак — 33, мыло хозяйственное — 17 кусков, ткань х[лопчато]/бумажная — 25 м”34. Пры атрыманні ўзнагароджання рэзідэнты, агенты і „с/о” давалі распіску, у якіх падрабязна пералічваліся якія прадукты ці прамтавары ім выдадзены і ў якой колькасці. Распіскі павінны былі зацвярджацца начальнікамі АББ, акрамя гэтага, рабіліся адпаведныя спраўкі з указаннем па якім нумары справы і за што выдаваліся ўзнагароджанні35. З аднаго боку распіскі былі формай кантролю за выкарыстаннем дэфіцытаў на месцах з мэтай прадухілення іх раскрадання, з другога — агенты яшчэ больш прывязваліся да НКУС.
Агентура выкарыстоўвалася або па тэрміналогіі НКУС „озадачивалась” у залежнасці ад абставін вярбоўкі. У выпадку, калі агент меў нейкае дачыненне да АК ці постакаўскіх фарміраванняў, ён укараняўся ў іх структуры. Напрыклад, падчас агентурна-аперацыйных мерапрыемстваў Радуньскім РА НКУС было высветлена, што жыхар вёскі П. Радуньскага раёна Х., 19... года нараджэння, паляк, у перыяд нямецкай акупацыі займаўся рамонтам зброі для злучэння „Поўнач” Навагрудскай акругі АК. Завербаваны пад псеўданімам „Сокал” у якасці агента-ўнутраніка быў накіраваны на пошук месцазнаходжання ўдзельнікаў згаданага злучэння, а таксама іншага „антысавецкага элемента”36. Вынікам працы „Сокала” была ліквідацыя ў другой палове 1944 г. Пашкевічаўскай пляцоўкі 4 кампаніі „Гнусная-А” злучэння „Поўнач” АК колькасцю 50 чалавек, якую ўзначальваў паручнік „Даль” (Віктар Жыздрын)37. Або іншы прыклад. Затрыманыя сувязная А. і ўдзельнік С. адной з кампаній абвода 49/76 аб’яднанай Віленска-Навагрудскай акругі АК падчас допыту цалкам пацвердзілі сваю прыналежнасць да польскага падполля і назвалі шэраг удзельнікаў. З боку НКУС ім было прапанавана супрацоўніцтва, на што яны далі сваю згоду. Пасля вярбоўкі ім была пастаўлена задача выкрыцця іншых удзельнікаў АК38. У выніку іх дзейнасці Радуньскім РА НКУС былі атрыманы звесткі аб месцы дыслакацыі кампаніі „Выган” абвода 49/76 АК, якую ўзначальваў „Вільк” (Юзаф Пачобут). Падчас праведзенай 30 лістапада 1945 г. чэкісцка-вайсковай аперацыі ў вёсках Трайгі, Смілгіні і суседніх хутарах былі арыштаваны 17 чалавек. Гэта паклала пачатак ліквідацыі ўсёй кампаніі ў студзені, ліпені і верасні 1946 г.39.
Эфектыўнасць выкарыстання так званай „кваліфікаванай агентуры”, якая вярбавалася з ліку актыўных удзельнікаў польскіх узброеных фарміраванняў, была вельмі высокай, што тлумачыць вышэйзгаданыя ўказанні кіраўніцтва савецкіх органаў бяспекі сваім падначаленым аб узмацненні працы ў гэтым накірунку. Некаторыя агенты спрычыніліся да ліквідацыі не аднаго, а некалькіх акаўскіх і постакаўскіх атрадаў. Так, дзякуючы агенту-ўнутраніку „Быстраму” ў лістападзе 1944 г. у выніку чэкісцка-вайсковай аперацыі каля хутара Шэйбакі Жалудоцкага раёна было ліквідавана адно з фарміраванняў злучэння „Поўдзень” Навагрудскай акругі АК на чале з падпаручнікам „Мэвай” (Уладзімірам Цітоўскім) — усяго 12 чалавек40. Сваю дзейнасць „Быстры” працягваў і ў далейшым. Менавіта дзякуючы яго даным у лістападзе 1945 г. Лідскі ГА НКУС даведаўся, што група ўдзельнікаў атрада „Олеха” з абвода 49/76 Віленска-Навагрудскай акругі АК эшалонам эвакуіраваных палякаў паспрабуе выехаць у Польшчу са станцыі Ліда. На падставе гэтай інфармацыі Лідскім ГА НКУС у раён станцыі Масты была накіравана аператыўная група. У выніку праведзенай аперацыі былі затрыманы 9 удзельнікаў згаданага атрада. Падчас следства над імі было высветлена месцазнаходжанне „Олеха” і рэшты атрада. „Олех” і з ім яшчэ 4 акаўцы 11 лістапада 1945 г. былі выкрыты ў раёне хутара Дайнаўшчызна Лідскага раёна. У перастрэлцы 2 з іх былі забіты, яшчэ 2 узяты ў палон, аднак „Олеху”, які быў паранены ў бядро і нагу, удалося ўцячы41. Ужо вядомая нам „Ляўковіч” атрымала заданне, каб атрад АК колькасцю 25 чалавек, які дзейнічаў на тэрыторыі Поразаўскага раёна Гродзенскай вобласці пад кіраўніцтвам нейкага „Бужы”42 „разложить с тем расчётом, чтобы сдались Советской власти”. Перад гэтым „Ляўковіч” удалося ўвайсці ў давер да сувязной акаўцаў Ганны Крук, якая некаторы час хавалася ад НКУС у яе хаце. Пасля адмовы „Бужы” здацца, пры дапамозе той жа „Ляўковіч” і сакрэтнага паведамляльніка „Баброўскага” яго атрад быў выкрыты ў лесе Дашкаўскага сельскага савета Поразаўскага раёна і знішчаны 17 верасня 1945 г. у выніку чэкісцка-вайсковай аперацыі, якую правялі супрацоўнікі РА НКУС і 2 стралковы батальён 135 палка ўнутраных войск НКУС43.
Падобных прыкладаў, калі акаўскія і постакаўскія фарміраванні знішчаліся НКУС БССР на падставе звестак агентуры, вербаванай сярод былых удзельнікаў польскага падполля, можна прывесці яшчэ шмат. Кіраўніцтва апошняга рабіла спробы знішчэння агентурна-асведамляльнай сеткі НКУС-МУС. Сярод іншых функцый гэтая задача была ўскладзена на спецыяльныя фарміраванні „кедыву”44. Пры кожным „плютоне” ствараліся секцыі „кедыву”, якія павінны былі сачыць за паводзінамі мясцовага насельніцтва, а па выкрыцці „шпіёнаў і здраднікаў” прымаць карныя меры45. Акрамя гэтага, складаліся спісы людзей, якія лаяльна адносіліся да савецкай улады. Усе яны траплялі пад смяротны прысуд акаўцаў. НКУС імкнулася аберагчы сваіх супрацоўнікаў. Так, калі ў красавіку 1945 г. падчас чэкісцка-вайсковай аперацыі на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна 84 пагранічным атрадам быў арыштаваны Іван (Ян) Алёйзавіч Рагацэвіч46 і ў яго быў знойдзены сярод іншых дакументаў спіс „агентаў НКУС” за подпісам „Малевіча”, органы бяспекі правялі праверку на наяўнасць згаданых там людзей у агентурна-асведамляльнай сетцы. Калі інфармацыя пацвярджалася, з імі абрывалася сувязь і прымаліся неабходныя меры па прадухіленню тэрактаў у адносінах да іх47.
З мэтай павышэння эфектыўнасці барацьбы з антысавецкімі фарміраваннямі органамі савецкай улады ствараліся дапаможныя НКУС структуры — знішчальныя („истребительные”) батальёны і групы садзейнічання. Паводле рашэння ЦК КП(б)Б ад 14 чэрвеня 1944 г. знішчальныя батальёны павінны былі стварацца ў кожным горадзе і раёне пасля іх вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на працягу 20 дзён. Ствараліся яны колькасцю да 200 чалавек з ліку партызан, работнікаў дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, а таксама мясцовых жыхароў48. Ва ўсіх населеных пунктах ствараліся таксама групы садзейнічання знішчальным батальёнам, у якія набіраліся правераныя асобы, звязаныя з працай па-за населенымі пунктамі (пастухі, паштары, леснікі, жыхары хутароў і іншыя). Узбраенне гэтых дапаможных структур складалася са зброі канфіскаванай у насельніцтва і антысавецкіх фарміраванняў, якая захоўвалася на складах РА НКУС. Для сталага карыстання зброя выдавалася толькі правераным байцам. Узначальвалі знішчальныя батальёны начальнікі РА НКУС. Асабовы склад і ўзбраенне добра відаць на прыкладзе знішчальнага батальёна, які быў створаны ў Бераставіцкім РА НКУС. З агульнай колькасці 48-мі чалавек членаў і кандыдатаў у члены ВКП(б) было 10, членаў ВЛКСМ — 18. Узбраенне іх складалася з 46 вінтовак, 5 аўтаматаў, 3 кулямётаў, 34 пісталетаў і 50 гранатаў. У дапамогу яму былі створаны таксама 10 груп садзейнічання агульнай колькасцю 119 чалавек, на ўзбраенні якіх знаходзіліся 10 вінтовак, 20 аўтаматаў і 1 пісталет49. Усяго толькі па Гродзенскай вобласці па даных на 1 студзеня 1946 г. было створана 13 знішчальных батальёнаў агульнай колькасцю 1130 чалавек і 189 груп садзейнічання ў колькасці 2393 чалавек50.
Знішчальныя батальёны і групы садзейнічання праводзілі „боевые операции по ликвидации банд, операции по розыску и задержанию дезертиров, уклоняющихся от призыва [у Чырвоную Армію і польскую армію Берлінга] и нелегалов51”, на іх таксама былі ўскладзены ахоўныя функцыі, канваіраванне затрыманых і арыштаваных52. Так, у ІІІ квартале 1945 г. знішчальным батальёнам і групамі садзейнічання Бераставіцкага РА НКУС было праведзена 30 аперацый, у выніку чаго было затрымана 50 чалавек53. У лістападзе 1946 г. падчас чэкісцка-вайсковай аперацыі 4 байцы з групы садзейнічання Шчучынскага РА МУС затрымалі 2 акаўцаў54.
У канцы 1946 г. органы МУС БССР прыйшлі да высновы, што „проведение чекистско-войсковых операций с участием большого количества войск МВД, оперсостава и милиции имеет серьёзные пороки: в результате этих операций проводится задержание под видом подозреваемых в бандитизме всего взрослого мужского населения и водворение его в КПЗ55, где оно проходит фильтрацию в течении 5-10 дней. Затем операции повторяются и эти же лица снова задерживаются. В таких районах как Лидский, Радуньский, Василишковский, Желудокский и многих других Гродненской области местные жители по несколько раз проходили фильтрацию. Это не может не обострять настроения местных жителей к органам МВД, а в итоге таких проведённых операций результаты очень плохие”. У сувязі з гэтым прапаноўвалася „изменить методы борьбы с антисоветским подпольем АК и вооружёнными бандгруппами за счёт создания квалифицированной агентуры и усиления работы с ней”56. Такім чынам, на думку кіраўніцтва МУС БССР, галоўным напрамкам у барацьбе з постакаўскім падполлем павінна была стаць агентурна-следчая работа. Гэта вынікае таксама з тых задач і сродкаў іх выканання, якія ставілі і акрэслівалі для сябе органы МУС БССР у 1947 г.:
1. забяспечыць ліквідацыю „контррэвалюцыйнага нацыяналістычнага” падполля і дзеючых „банд”;
2. усталяваць аператыўны кантакт у практычнай рабоце з органамі МДБ і з апаратам разведаддзела Пагранічнай акругі МУС;
3. сіламі ўсяго складу МУС і міліцыі арганізаваць і перыядычна праводзіць праверку хат родных і сваякоў „нелегалаў-бандытаў” з мэтай іх выкрыцця;
4. ва ўсіх буйных населеных пунктах, на прамысловых прадпрыемствах, у калгасах і саўгасах, МТС57 стварыць узброеныя групы садзейнічання міліцыі і забяспечыць паўсядзённае кіраванне іх практычнай дзейнасцю58;
5. пры дапамозе вайсковых аддзелаў і ўзброеных груп садзейнічання перыядычна, на верагодных шляхах руху „бандытаў” і „нелегалаў” выстаўляць засады, сакрэты, скрыта назіраць за хутарамі, узлескамі і г.д.;
6. арганізоўваць „прыманкі” ў месцах перыядычнага з’яўлення бандытаў, здзяйсняючых напады на гандлёвыя арганізацыі і іншыя прадпрыемствы з мэтай рабавання і тэрарыстычных актаў;
7. па кожным раёне скласці спісы на ўсіх удзельнікаў „банд” і „нелегалаў” з падрабязным апісаннем іх прыкмет, месцаў верагоднага схрону, адрасоў іх родных і сваякоў, сувязяў і забяспечыць гэтымі спісамі ўвесь аператыўны склад з мэтай іх пошуку і арышту;
8. арганізаваць працу па вывадзе „нелегалаў” на легальнае становішча шляхам правядзення гутарак з роднымі і сваякамі, перадачы праз іх зваротаў да „бандытаў-нелегалаў” аб яўцы з павіннай. З родных і сваякоў браць падпіскі з абавязкамі вываду хаваючыхся членаў сямей і папярэджваць іх аб высылцы ў Сібір у выпадку невыканання падпісак;
9. набываць і ўкараняць агентуру ў дзеючыя „банды” і падполле, з мэтай падвядзення іх пад аператыўны ўдар;
10. распрацаваць мерапрыемствы па кампраметацыі кіраўнікоў „банд”, асобных „бандытаў”, з мэтай пасеяць унутры „банд” атмасферу недаверу да главароў і паміж удзельнікамі „банд”, з тым, каб выклікаць іх унутраны расклад;
11. па кожным раёне падчас правядзення згаданых вышэй мерапрыемстваў правесці вярбоўку новай кваліфікаванай агентуры, якую магчыма было б выкарыстаць для раскрыцця, раскладу і ліквідацыі „контррэвалюцыйнага нацыяналістычнага” падполля і дзеючых „банд”, а таксама правесці праверку ўсёй дзеючай агентурна-асведамляльнай сеткі ў раёнах і пазбавіцца ад „двурушнікаў”;
12. кіраўніцтву аператыўных груп стварыць спецыяльныя групы, колькасцю ад 3 да 5 чалавек, накіраваць іх па маршрутах руху „банд” з задачай збору інфармацыі аб іх складзе, памагатых, сувязях і выяўленне ўдзельнікаў падполля і яго кіраўнікоў. Перад гэтымі спецыяльнымі групамі ставіць задачу знішчэння „банд”, захопу асобных іх удзельнікаў, ажыццяўляючы ўсё гэта ва ўмовах асаблівай асцярожнасці і канспірацыі. Набываць спецыяльных агентаў-„баявікоў”, здатных выконваць заданні па фізічным знішчэнні главароў „банд”59.
Для нанясення вырашальнага ўдару па антысавецкіх польскіх фарміраваннях на працягу зімы 1946-1947 г. былі створаны 4 аператыўныя групы з цэнтрамі ў Ваўкавыску, Бераставіцы, Гродне і Лідзе. Мэтай іх была канчатковая ліквідацыя 9, 10, 11 і 49/76 абводаў АК. У выніку прадпрынятых мерапрыемстваў органамі бяспекі і ўнутраных спраў БССР за перыяд з 1945 па вясну 1947 г. толькі ў Гродзенскай вобласці былі ліквідаваны 254 постакаўскія групы, забіты 548 акаўцаў, арыштаваны і асуджаны 50 кіраўнікоў і ўдзельнікаў акаўскага падполля60. Пераломным быў наступны 1948 г., калі ўдалося ліквідаваць буйнейшыя постакаўскія фарміраванні „Фалі”61, „Чэчава”62, Яна Букаткі, Аляксандра Семянякі і іншых63. Аднак, канчатковая перамога МУС і МДБ БССР над постакаўскім падполлем была дасягнута ў 1953-1954 г.64.
Такім чынам, у выкарыстанні органамі савецкай улады тых ці іншых метадаў і сродкаў барацьбы з акаўскімі і постакаўскімі фарміраванямі прасочваюцца тры этапы:
1. лета-восень 1944 г.;
2. зіма 1945-1946 г.;
3. 1947-1954 гг.
На першым этапе стаўка рабілася на чэкісцка-вайсковыя аперацыі з выкарыстаннем буйных вайсковых фарміраванняў, але хутка наспела неабходнасць у разгалінаванай агентурна-асведамляльнай сетцы, бо адразу ліквідаваць АК і ўзніклыя пасля яе роспуску 19 студзеня 1945 г. постакаўскія структуры не ўдалося. На другім этапе адбывалася спалучэнне чэкісцка-вайсковых аперацый і агентурнай работы. Адзначым, што вярбоўка агентаў і сакрэтных паведамляльнікаў адбывалася пераважна на аснове кампраметуючых матэрыялаў. Большасць завербаваных ішла на супрацоўніцтва з НКУС-МУС з-за страху за сваё жыццё і лёс родных і сваякоў. Выкарыстоўваючы гэта органам савецкай улады ўдалося стварыць эфектыўную агентурна-асведамляльную сетку і з яе дапамогай нанесці ў 1945-1946 гг. адчувальныя ўдары па польскім падполлі. Разам з тым, для барацьбы з акаўскімі і постакаўскімі фарміраваннямі актыўна прыцягваліся пратыйна-савецкі актыў, камсамол, насельніцтва, якое падтрымала савецкую ўладу. Свой уклад у ліквідацыю польскага падполля ўнеслі спецыяльна створаныя дапаможныя структуры — знішчальныя батальёны, групы і брыгады садзейнічання міліцыі. У выніку, на трэцім этапе органы МУС і МДБ БССР адмаўляюцца ад правядзення масавых чэкісцка-вайсковых аперацый і галоўную ўвагу пераносяць на агентурна-следчую работу.
Streszczenie
Po wyzwoleniu terytorium zachodniej Białorusi spod okupacji niemieckiej władze sowieckie podjęły decyzje o likwidacji ugrupowań „nacjonalistycznych”, w tym także Armii Krajowej. Białoruś Zachodnią traktowano jako część BSRR i ZSRR. Walką z podziemiem antysowieckim kierował Zarząd Walki z Bandytyzmem NKWD, a od marca 1946 r. MSW BSRR. Do walki z podziemiem oprócz formacji milicyjnych skierowano oddziały wojskowe w sile dywizji. Pierwszą wielką operację przeprowadzono we wrześniu i październiku 1944 r. podczas której zlikwidowano 54 grup AK w okręgu nowogródzkim, zabito 89 partyzantów, wzięto do niewoli 419, aresztowano 20 774 osób cywilnych. Od wiosny 1945 r. na szerszą skalę zaczęto wykorzystywać agentów delegowanych do struktur partyzanckich. Siatka agentów była bardzo szczelna, bowiem w każdej wsi NKWD miała przynajmniej jednego informatora. Najbardziej wartościowi agenci otrzymywali wynagrodzenie pieniężne lub w postaci deficytowych towarów przemysłowych. Wielu agentów działało bezpośrednio w strukturach AK, niektórzy byli nawet dowódcami grup. W końcu 1945 r. całe podziemie akowskie znajdowało sią pod kontrolą NKWD. Nie spieszono się z likwidacją poszczególnych grup, bowiem obserwowano ich kontakty z miejscową ludnością.
1 В. И. Ермолович, С. В. Жумарь, Огнём и мечом. Хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939-1953 гг.), Мінск 1994, с. 50.
2 Паводле тэрміналогіі дакументаў НКУС.
3 Архіў Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама (далей: АУУСГА).
4 „Завея” — Вацлаў Паўлоўскі?
5 „Юр” — Геранім Пятроўскі.
6 „Піон” — паручнік Юзаф Ягельскі.
7 А. Хацкевич, Узлы развязывает время. Формирования польской Армии Крайовой на территории западных областей Белоруссии (1943-1944 гг.), „Неман”, 1994, № 1, с. 147
8 Там жа, с. 149; С. В. Жумарь, Ликвидация польского вооружённого подполья в Белоруссии в 1944-1953 гг., [у:] Тэзісы ІV навуковай канферэнцыі беларускіх і польскіх гісторыкаў па тэме „Армія Краёва на тэрыторыі Заходняй Беларусі (чэрвень 1941 — ліпень 1944 гг.), Гродна, 6-7 кастрычніка 1994 г., Гродна 1994, с. 76.
9 АУУСГА.
10 Там жа.
11 Уголовное право БССР. Часть особенная. Под общей ред. И. С. Тишкевича, Мінск 1978, сс. 17-18, 20-21, 37-39.
12 АУУСГА.
13 Там жа.
14 Там жа.
15 Там жа.
16 Там жа.
17 Там жа.
18 Па этычных матывах геаграфічныя назвы, акрамя абласцей і раёнаў, годы нараджэння, імёны і прозвішчы сакрэтных паведамляльнікаў або зменены, або не згадваюцца.
19 Яшчэ 9 верасня 1944 г. паміж урадам БССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) было дасягнута пагадненне аб абмене насельніцтвам. Эвакуацыя пачалася ў кастрычніку 1944 г. і працягвалася да канца мая 1948 г. Для яе правядзення ствараліся з абодвух бакоў спецыяльныя камісіі па перасяленню палякаў у Польшчу з БССР, а беларусаў з Польшчы ў БССР.
20 АУУСГА.
21 Там жа.
22 Там жа.
23 Там жа.
24 Там жа.
25 Згаданыя абводы ўваходзілі ў Беластоцкую акругу АК-АКО.
26 АУУСГА.
27 „Олех” — Анатоль Радзівонік.
28 Пры ўказанні толькі аднаго псеўданіма ў моц строгай канспірацыі поўныя даныя не вызначаны.
29 „Іскра” — Адам Лашакевіч.
30 „Морскі” — Мечыслаў Нядзінскі; АУУСГА.
31 АУУСГА.
32 NKWD o polskim podziemiu 1944-1948. Konspiracja polska na Nowogródczyźnie i Grodzieńszczyźnie. Oprac. A. Chmielarz, K. Krajewski, T. Łabuszewski, H. Piskunowicz, red. T. Strzembosz, Warszawa 1997, s. 51.
33 Табак не атрымалі.
34 АУУСГА.
35 Там жа.
36 Там жа.
37 NKWD o polskim..., s. 88.
38 АУУСГА.
39 Там жа; NKWD o polskim..., s. 135.
40 NKWD o polskim..., s. 73-74.
41 АУУСГА.
42 Прозвішча невядома. Паводле інфармацыі „Ляўковіч”, меў імя Баляслаў.
43 АУУСГА; NKWD o polskim..., s. 128.
44 Спецыяльныя фарміраванні ў структуры АК, створаныя ў студзені 1943 г. для кіравання сабатажам і дыверсіямі.
45 NKWD o polskim..., s. 2.
46 У дакументах НКУС называецца адным з камандзіраў АК.
47 АУУСГА.
48 Там жа.
49 Там жа.
50 Там жа.
51 „Нелегалы” — паводле тэрміналогіі НКУС-НКДБ, так вызначаліся ўдзельнікі падпольных узброеных фарміраванняў, а таксама асобы, якія хаваліся ад органаў савецкай улады па тых, або іншых прычынах.
52 АУУСГА.
53 Там жа.
54 Там жа.
55 КПЗ — „камера предварительного заключения”.
56 АУУСГА.
57 МТС — „машинно-тракторная станция”.
58 Гаворка ідзе аб так званых брыгадах садзейнічання міліцыі, якія ствараліся пры гарадскіх, раённых, лінейных аддзелах і аператыўных пунктах міліцыі на падставе загаду № 084 ад 4 красавіка 1946 г. міністра ўнутраных спраў СССР Л. П. Берыі з мэтай „привлечения трудящихся к активному участию в работе органов милиции по борьбе с нарушителями общественного порядка и преступностью”; АУУСГА.
59 АУУСГА.
60 Архіў УКДБ па Гродзенскай вобласці (далей: УКДБ).
61 „Фаля” — Юзаф Міклашэвіч.
62 „Чэчаў” — Браніслаў Хвядук.
63 УКДБ.
64 Там жа.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|