|
Беларускі нацыянальны рух і краёвая ідэя
Алесь Смалянчук
(Гродна)
Для ідэалогіі першых палітычных арганізацый беларускага нацыянальнага руху (БРП, БРГ, БСГ) было характэрным спалучэнне сацыялістычнай дактрыны ў яе народніцкім варыянце з праграмай беларускага культурнага Адраджэння. У 1903 г. на сваім першым з’ездзе дзеячы Грамады выказаліся за незалежную дэмакратычную рэспубліку, якая, на іх думку, з’яўлялася найлепшай формай забеспячэння свабоды нацыянальнага развіцця1. Уключэнне гэтага патрабавання ў праграму дзейнасці партыі тлумачыцца не столькі станам развіцця беларускай нацыянальнай ідэі, колькі ўплывамі літоўскіх і асабліва польскіх сацыялістаў. Апошнія, як сведчаць іх праграмныя дакументы, імкнуліся максімальна ўзмоцніць сепаратысцкія тэндэнцыі ў дзейнасці нацыянальных арганізацый і партый на тэрыторыі „гістарычнай Літвы”2.
Рэвалюцыя 1905-1907 гг. сталася важным этапам у развіцці беларускага нацыянальнага руху. Толькі цяпер ён пачаў ператварацца ў істотны фактар грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Беларуска-Літоўскага краю. Адбыліся змяненні таксама ў сферы ідэалогіі. На ІІ з’ездзе ў студзені 1906 г. БСГ абвясціла сябе „партыяй працавітай беднаты Беларускага краю без адрознення нацыянальнасцяў”. Гэтая перамена была выклікана не толькі дамінаваннем класавага падыходу. З улікам далейшай дзейнасці кіраўнікоў БСГ праграмныя змяненні можна ахарактарызаваць як пэўную эвалюцыю ў разуменні нацыі. Гэтая эвалюцыя ішла ў накірунку ад трактоўкі нацыі як этнакультурнай арганізацыі да яе ўспрыняцця як пэўнага палітычна-тэрытарыяльнага аб’яднання або палітычнай нацыі-дзяржавы. Патрабаванне незалежнай дэмакратычнай рэспублікі было заменена пастулатам аўтаноміі з сеймам у Вільні. Цалкам магчыма, што да гэтай эвалюцыі пэўнае дачыненне мелі т.зв. „краёўцы”.
Краёвая ідэалогія нарадзілася ў асяроддзі ліцвінскай шляхты, прадстаўнікі якой зачастую адчувалі сваю прыналежнасць адначасова да розных этнасаў. Гісторык Юльюш Бардах наступным чынам характарызаваў свядомасць краёўцаў: „Паводле сваёй культурнай арыентацыі гэта былі палякі, аднак пры вызначэнні нацыянальнай прыналежнасці пераважала пачуццё краёвай адметнасці, што вяло да падпарадкавання інтарэсаў польскай грамадскасці інтарэсам усяго Краю. (...) Яны былі ліцвінамі ў гістарычным сэнсе, што і вызначала іх пазіцыю ў палітычным жыцці”3.
Галоўны пастулат краёвай ідэалогіі быў звязаны з ідэяй палітычнай нацыі. На думку краёўцаў, усе, хто ўсведамляў сябе „грамадзянамі Краю”, належалі да адзінай нацыі незалежна ад этнічнага паходжання і культурнай прыналежнасці. Падобнае ўсведамленне аднак не перашкаджала адэптам краёвасці працаваць у рэчышчы розных этнічных рухаў4.
Краёвая ідэалогія грунтавалася на гістарычнай памяці пра прыналежнасць беларускіх і літоўскіх зямель да Вялікага княства Літоўскага. Краёўцы пастаянна апеліравалі да традыцый гэтай дзяржавы. Сцвярджаючы агульнасць гістарычнага лёсу ўсіх народаў былога ВКЛ, яны лічылі неабходным захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці „гістарычнай Літвы”. У перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг. краёўцы выступалі за аўтаномію Беларуска-Літоўскага краю з сеймам у Вільні.
Сярод тых, хто непасрэдна прычыніўся да афармлення краёвай ідэалогіі варта назваць імя Рамана Скірмунта (1868-1939). Ужо ў 1905 г. у кнізе „Głos przeszłości i potrzeba chwili. Stanowisko szlachty na Litwie i Rusi” (Львоў) ён фактычна сфармуляваў асноўныя палажэнні краёвасці. Краёвасць Р. Скірмунта перыяду рэвалюцыі 1905-1907 гг. звычайна адносяць да кансерватыўнага накірунку гэтай ідэалогіі, бо датычыла яна пераважна шляхты. А вось яго палітычныя погляды набліжаліся да праграмы партыі „Саюза 17 кастрычніка”, якая знаходзілася на правым флангу расійскага лібералізму.
Адным з галоўных ідэолагаў дэмакратычна-ліберальнага варыянту краёвай ідэалогіі быў Міхал Ромэр (1880-1945). Менавіта ён быў ініцыятарам правядзення ў Вільні польска-беларуска-літоўска-яўрэйскіх з’ездаў прыхільнікаў аўтаноміі Літвы (красавік і травень 1905 г.). Беларусы, якіх прадстаўлялі Іван Луцкевіч і Аляксандр Уласаў5, літоўскія палякі і яўрэі выступалі за аўтаномію „гістарычнай Літвы”, дзе будуць гарантаваны нацыянальна-культурныя правы кожнага этнасу. А вось літоўскія дзеячы адстойвалі ідэю аўтаноміі „этнаграфічнай Літвы з прылеглымі тэрыторыямі” і са сталіцай у Вільні. Згода так і не была дасягнута6. Але беларусы не адмовіліся ад спробаў паразумецца з літоўцамі. Міхал Ромэр, спасылаючыся на інфармацыю з літоўскай газеты „Darbininku Balsas” (№ 1 за 1906, с. 7-8), паведаміў пра зварот кіраўнікоў БСГ да сацыялістычных партый, якія дзейнічалі на тэрыторыі Літвы і ў першую чаргу да ЛСДП напрыканцы 1905 г. Галоўнай мэтай звароту было ідэйнае паразуменне на падставе пастулата аўтаноміі Беларусі і Літвы з агульным сеймам і арганізацыйнае афармленне адзінай сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы і Беларусі7. Магчыма менавіта кантакты з краёўцамі дэмакратычна-ліберальнага накірунку спрыялі з’яўленню ў праграме БСГ тэзіса аб аўтаноміі.
Кантакты прыкметна ўзмоцніліся ў 1910 г., калі ў Вільні ўзнікла масонская ложа „Лучнасць”, сярод заснавальнікаў якой былі браты Луцкевічы. Гэтая ложа аб’ядноўвала прадстаўнікоў дэмакратычных плыняў польскага, беларускага, літоўскага, яўрэйскага і рускага этнасаў. У 1911 г. у „Лучнасць” быў прыняты Міхал Ромэр, які хутка стаўся прызнаным масонскім кіраўніком8. Дзякуючы ягоным асобасным якасцям, уменню пераканаць і павесці за сабой віленскія масонскія ложы (у 1911 г. была створана ложа „Літва”, у 1914 г. — ложа „Беларусь”) сталі моцнымі цэнтрамі прапаганды краёвай ідэі9. Кіраўнікі беларускага руху (браты Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі) не толькі прынялі ідэю палітычнай нацыі і ідэю тэрытарыяльнай непадзельнасці зямель „гістарычнай Літвы”, але і актыўна іх прапагандавалі. Сродкам гэтай прапаганды стаў перыядычны друк. З 1912 па 1915 г. у Вільні беларусамі (браты Луцкевічы) выдавалася рускамоўная „Вечерняя газета”, а з 1912 па 1914 г. — польскамоўны „Kurier Krajowy”10. Напрыканцы 1912 г. пад кантролем віленскага беларускага кола знаходзіліся чатыры выданні: два беларускія штотыднёвікі — „Наша Ніва” і „Саха”, адно польскамоўнае — штодзённы ”Кур’ер краёвы” і адно рускамоўнае — штодзённая „Вечерняя газета”.
У праграмных артыкулах першых нумароў „Вечерней газеты” i „Кур’ера краёвага” А. Луцкевiч сфармуляваў галоўныя задачы выданняў, якiя адвяргалі канцэпцыю этнічнага нацыяналізму і цалкам адпавядалi дэмакратычнаму варыянту краёвасці.
„Вечерняя газета” № 1 ад 18.09. (1.10). 1912 г. пісала: „У нас нiякiм чынам нельга зыходзiць з iнтарэсаў якой-небудзь адной нацыянальнай групы. Ва ўмовах разнастайнасцi нацыянальнага складу насельнiцтва трэба ўвесь час мець на ўвазе iнтарэсы краю, як адзiнага цэлага. Толькi ў гэтым выпадку магчыма нармальнае развiццё кожнай асобнай народнасцi. Усведамленне, што ўсе мы, жыхары гэтай зямлi, з’яўляемся грамадзянамi Краю — вось нашая зыходная кропка пры высвятленнi патрабаванняў розных груп насельнiцтва”. Поўнае задавальненне i нацыянальных, i сацыяльных патрабаванняў А. Луцкевiч звязваў з устанаўленнем дэмакратычнага ладу. Пад апошнiм разумелася правядзенне ў жыццё ў поўным аб’ёме „вялiкiх палажэнняў абвешчаных яшчэ Манiфестам 17 кастрычнiка 1905 г.”
У праграмным артыкуле „Кур’ера” № 1 падкрэслiвалася небяспека шавiнiзму, якi „ўносiць у народныя масы ўзаемную нянавiсць i ўнутраную барацьбу, пагражае распадам Краю i стратай iм магчымасцi абараняцца ад людзей, якiя iмкнуцца знiшчыць на гэтай зямлi ўсялякае пачуццё асобнасцi”. Мiж тым, „у Краi, дзе побач з лiтоўцам жыве паляк, побач з беларусам — яўрэй, у Краi, няшчасны лёс якога перадвызначыў ягонае адставанне i пазбавiў магчымасцi свабоднага развiцця, няма месца для ўнутранай барацьбы”. А. Луцкевiч заклiкаў усiх „грамадзян Краю” да працы на ягоную карысць i на карысць прыгнечанага народа.
Тэрмiн „грамадзянiн Краю”, адзін з асноўных у краёвай ідэалогіі, шырока ўжываўся на старонках „Кур’ера” i „Вечерней газеты”. Аўтары публiкацый даводзiлi, што жыццёва важныя для Краю пытаннi павiнны вырашацца з улiкам iнтарэсаў усiх этнасаў Беларусi i Лiтвы11, асуджалi праявы шавiнiзму12 і іншыя. Асновай краёвай згоды лiчылася супрацоўнiцтва дэмакратычных сiл усiх этнiчных рухаў13.
Абодва выданнi пашыралi iдэалогiю краёўцаў-дэмакратаў сярод грамадства Беларусi i Лiтвы. „Вечерняя газета” рабiла гэта сярод рускiх, але не пакiдала цалкам па-за ўвагай i палякаў. У шэрагу артыкулаў апошнiх спрабавалi пераканаць у тым, што толькi iх шчыры паварот да дэмакратыi можа гарантаваць будучыню польскай грамадскацi Беларусi i Лiтвы14. А вось для „Кур’ера краёвага” пашырэнне дэмакратычных поглядаў сярод польскай грамадскасцi было адной з галоўных задач15.
Краёвая ідэя выразна прысутнічала і на старонках галоўнай беларускай газеты. У адным з артыкулаў „Нашай Нiвы” адзначалася: „Мы, беларусы, можам верыць толькi шчырым расiйскiм прагрэсiстам, каторые зраднiлiся з нашым Краем, лiчаць сябе грамадзянамi нашай старонкi”16.
Збліжэнню пазіцый краёўцаў і кіраўнікоў беларускага руху спрыялі таксама тыя крокі, якія прадпрымалі асобныя краёўцы. Прычым гэта датычыць не толькі краёўцаў дэмакратычна-ліберальнага накірунку. Паводле інфармацыі Севярына Выслоўха фінансавую падтрымку „Нашай Ніве” аказваў Раман Скірмунт17. Ён жа ў 1907 г. спрабаваў стварыць Краёвую партыю Беларусі і Літвы. Паводле ягонага праекта яна павінна была стаць свайго роду Краёвым саюзам з трыма партыйнымі філіямі — польскай, літоўскай і беларускай. Філіі мелі высокі ўзровень самастойнасці, хаця і павінны былі ўзгадняць свае дзеянні з кіраўніцтвам Саюза18. Ажыццявіць гэты намер не атрымалася, але кантакты Рамана Скірмунта з беларускімі палітыкамі ў паслярэвалюцыйны перыяд прыкметна ўзмоцніліся. Ролю пэўнага пасрэдніка адыграла вядомая фундатарка беларускіх культурных праектаў княгіня Марыя Магдалена Радзівіл. Яе дом у Менску і палац у Кухціцах Ігуменскага павета сталі месцамі сустрэч Р. Скірмунта з братамі Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім і Аляксандрам Уласавым19. Гаворачы пра Р. Скірмунта таксама трэба мець на ўвазе паступовую беларусізацыю ягонай свядомасці. Зрэшты, яшчэ ў 1906 г. падчас адной з кулуарных размоваў у Думе ён назваў сябе „беларусам”20. З віленскага асяроддзя краёўцаў-палякаў дэмакратычна-ліберальнай арыентацыі ў беларускім руху актыўна працавалі Язэп Манькоўскі і Аляксандр Заштаўт.
Можна зрабіць выснову, што ў паслярэвалюцыйны перыяд краёвая ідэалогія становіцца часткай ідэйнага падмурку беларускага руху. Па меншай меры, кіраўнікі беларускага руху актыўна эксплуатуюць гэтую ідэю з мэтай максімальна пашырыць сацыяльную і этнічную базу беларускага руху і ўзмоцніць яго пазіцыі з дапамогай уплывовых палітычных саюзнікаў.
Аналіз крыніц, якія маюцца ў нашым распараджэнні дазваляе казаць пра даволі прагматычнае выкарыстанне беларусамі краёвай ідэалогіі. У краёвасці яны бачылі сродак, які дазволіць узмоцніць пазіцыі беларускага этнасу ў нацыянальна-культурным і грамадска-палітычным жыцці Беларусі і Літвы. Так, напрыклад, агітацыя на старонках „Кур’ера” неабходнасці паразумення палякаў з беларусамі аргументавалася між іншым адсутнасцю выразных перспектываў далейшага развiцця польскага руху ў Беларуска-Лiтоўскiм краi21. Да гэтага трэба дадаць перакананне кіраўнікоў беларускага руху, што беларускія і літоўскія палякi з’яўляюцца толькі нашчадкамi паланiзаваных лiтоўцаў i беларусаў. Такая пазiцыя нараджала патрабаваннi, каб польская грамадскасць працавала дзеля развiцця свядомасцi беларусаў i лiтоўцаў22.
Відавочны „беларускі ўхiл” краёвасцi Антона Луцкевiча i iншых дзеячаў нашанiўскага кола, якія разумелi краёвасць як сужыццё розных этнасаў Краю. У гэтым сужыццці яны iмкнулiся забяспечыць за беларусамі лепшыя ўмовы. А. Луцкевіч спадзяваўся, што прапаганда ідэі палітычнай нацыі на польскай і рускай мовах паспрыяе далучэнню да беларускага руху русіфікаваных і паланізаваных беларусаў і тым самым пашырыць яго сацыяльную базу.
Пачатак сусветнай вайны, адступленне расійскіх войскаў з тэрыторыі „гістарычнай Літвы” на нейкі час паспрыялі актывізацыі краёвай ідэі. Напрыканцы 1915 г. у Вільні, акупаванай германскімі войскамі, было абвешчана існаванне Часовай Рады Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. Рада выступала за дзяржаўную незалежнасць „гістарычнай Літвы”. Пастулат аўтаноміі Краю ператварыўся ў ідэю дзяржаўнай незалежнасці беларускіх і літоўскіх зямель. Новаўтвораная дзяржава павінна была гарантаваць усім яе этнасам права на свабоднае культурнае развіццё. Часовая Рада аб’яднала дзеячаў розных этнічных рухаў, а ініцыятыва яе стварэння належала беларусам (Іван Луцкевіч). Аднак выпрабавання часам яна не вытрымала. Абвастрэнне міжэтнічных адносін (асабліва польска-літоўскіх), да чаго сваю руку прыклалі прадстаўнікі германскай акупацыйнай адміністрацыі, хутка зруйнавалі гэты праект. Краёўцы наогул аказаліся адсунутымі на перыферыю грамадска-палітычнага жыцця. Але беларусы засталіся прыхільнікамі краёвай канцэпцыі дзяржаўнасці. Яны яшчэ працяглы час выступалі за ўтварэнне беларуска-літоўскай федэрацыі або канфедэрацыі.
У сакавіку 1917 г. Антон Луцкевіч у спецыяльным мемарандуме, дасланым канцлеру Германіі, сфармуляваў галоўную мэту беларускага руху: „стварэнне з трох аб’яднаных абласцей — Беларусі, Літвы і Курляндыі, занятых нямецкімі войскамі, незалежнай дзяржаўнай арганізацыі”23. Сталіцай гэтай канфедэрацыі бачылася Вільня.
1 верасня 1917 г. сход віленскіх беларускіх арганізацый накіраваў тэлеграму ў германскі рэйхстаг, у якой выказваў надзею, што Германія дапаможа „рэалізацыі палітычных ідэалаў, падзеленага фронтам 9-мільённага беларускага народа, на падставе адзінства з этнаграфічнай Літвой і Курляндыяй”24. Аналагічныя дакументы накіроўваліся палітычным кіраўнікам Германіі і пазней.
Літоўскія дзеячы не прынялі гэтай ідэі. Яны цвёрда стаялі на пазіцыях утварэння монанацыянальнай дзяржавы ў межах „этнаграфічнай Літвы з прылеглымі тэрыторыямі” і са сталіцай у Вільні. На гэтым шляху яны знаходзілі ўсё большую падтрымку з боку германскіх уладаў. Аднак беларусы паспрабавалі перахапіць ініцыятыву.
У верасні 1917 падчас сходу беларускіх арганізацый Вільні было прынята рашэнне аб правядзенні Беларускай канферэнцыі. На ёй павінны былі быць прадстаўленымі ўсе беларускія арганізацыі, што дзейнічалі на захад ад фронту. Галоўнай мэтай прадстаўнічага сходу была каардынацыя намаганняў у справе будаўніцтва ўласнай дзяржаўнасці ў саюзе з літоўскай нацыяй. Землі ўсходняй і цэнтральнай Беларусі планавалася далучыць да „гэтай самабытнай дзяржавы”25.
Напрыканцы лістапада быў створаны Арганізацыйны камітэт. Яго сябры на старонках беларускай газеты „Гоман” (рэдактар Язэп Салавей) заявілі, што перад беларускім рухам з заходняга боку фронту стаіць двайная задача — культурна-нацыянальнае і палітычна-дзяржаўнае самавызначэнне. Галоўнай мэтай абвяшчалася стварэнне ўласнай дзяржаўнасці ў межах Беларуска-Літоўскага краю.
У Арганізацыйны камітэт між іншым увайшлі браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Салавей, Казімір Шафнагель, ксёндз Уладыслаў Талочка, іераманах Савацій, В. Святаполк-Мірскі. Склад Камітэта сведчыць пра спробу арганізатараў аб’яднаць усе сацыяльныя колы беларускага грамадства. Гэтаму павінна была спрыяць таксама публікацыя ліста Казіміра Шафнагеля „Да нашай краёвай інтэлігенцыі”26.
Аўтар, землеўладальнік з Гарадзеншчыны, пісаў пра трагізм становішча беларускага селяніна, пакінутага сваёй інтэлігенцыяй. Ён заклікаў прадстаўнікоў заможных колаў грамадства беларускіх зямель усвядоміць «очывістую праўду — праўду тэрытарыяльную, а хутка пэўне ўжо і праўду палітычную: што вы — грамадзяне Літвы і Беларусі, яе сыны — значыць: „літвіны” або „беларусы”». К. Шафнагель пераконваў: „Паварот да гэтага адвечнага самавызначэньня (...), паварот згодлівы з вашым паходжэньнем і традыцыяй, ня толькі ня будзе вас ганьбіць, а наадварот, прынясе вам чэсць, бо звяжэ вас з народам, бо дасць вам аснову быту, бо вас узмацуе і падніме”. Гэты зварот у духу краёвасці быў разлічаны на далучэнне да беларускага палітычнага руху часткі вышэйшых сацыяльных колаў мясцовага грамадства. Але сярод большасці прадстаўнікоў гэтых колаў ён выклікаў пераважна крытычныя заўвагі27.
І тым не менш намаганні арганізатараў не былі цалкам дарэмнымі. Канферэнцыя працавала з 23 па 25 студзеня 1918 г. Выніковыя дакументы сведчаць, што пэўная кансалідацыя была дасягнута. Прадстаўнікі беларускіх арганізацый пагадзіліся з раней выпрацаванай віленскім беларускім асяродкам канцэпцыяй беларускай дзяржаўнасці: „Будучы глыбока перакананы, што толькі поўная дзяржаўная незалежнасць можа забяспечыць беларускаму народу магчымасць усебаковага эканамічнага і культурна-нацыянальнага развіцця (...) прадстаўнікі беларусаў (...) патрабуюць, каб акупаваныя літоўска-беларускія землі ўтваралі незалежную дэмакратычную дзяржаву, якая б складалася з двух падставовых нацыянальна-тэрытарыяльных адзінак — беларускай і літоўскай, цесна звязаных з незалежнай Курляндыяй”28. Сталіцай дзяржавы павінна была стаць Вільня. Упершыню ідэя беларускай дзяржаўнасці (няхай у саюзе з Літвой) прагучала як патрабаванне значнай часткі беларускага народа. На канферэнцыі была абрана Віленская Беларуская Рада, якая павінна была каардынаваць намаганні ўсіх беларускіх арганізацый.
Нямецкія ўлады не прынялі беларускіх патрабаванняў. Яны нават не дазволілі змясціць паведамленне пра Беларускую канферэнцыю ў органах друку. Немцы рабілі стаўку на літоўскі рух. Яны вырашылі прызнаць незалежнасць „этнаграфічнай Літвы” са сталіцай у Вільні.
На ўсходзе ад лініі фронту ролю кіраўнічага органа адыгрываў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. На яго чале з канца 1916 г. стаяў Раман Скірмунт. На з’ездзе беларускіх арганізацый у сакавіку 1917 г. ён быў абраны кіраўніком Беларускага Нацыянальнага камітэта. Магчыма, фактар краёвасці таксама адыграў пры гэтым пэўную ролю. Вядома, што Р. Скірмунт у гэты час удзельнічаў таксама ў пасяджэннях Польскай Рады Менскай зямлі, утворанай у траўні 1917 г.29
З’езд беларускіх арганізацый выказаўся за аўтаномію Беларусі ў межах федэратыўнай дэмакратычнай Расійскай рэспублікі. Аркадзь Смоліч, прадстаўнік БСГ прапанаваў ад імя Грамады дабівацца аўтаноміі ўсіх шасці губерняў. На думку кіраўніцтва партыі, гэта магло паспрыяць захаванню пэўных гістарычных традыцый, прадухіліць канфлікты за тэрыторыі са змешаным насельніцтвам, забяспечыць Беларусь выхадам да мора30.
Далейшае развіццё падзей (трэба нагадаць і пра разгон бальшавікамі Усебеларускага з’езду ў снежані 1917 г., які выказаўся за аўтаномію) пахавала гэтыя надзеі. Напрыканцы лютага 1918 г. група беларускіх землеўласнікаў (Эдвард Вайніловіч, граф Чапскі і іншыя) дасягнула паразумення з беларускай групай (Аркадзь Смоліч, Раман Скірмунт і іншыя) аб сумесным мемарандуме да германскіх уладаў. Мемарандум, які быў уручаны генералу Фалькенгейну, прапанаваў выдзяленне беларускіх зямель і адраджэнне на іх падставе Вялікага княства Літоўскага пад нямецкай апекай31. Аднак ні мемарандум, ні спробы дабіцца аўдыенцыі ў імператара Вільгельма ІІ для беларускай дэлегацыі на чале з Раманам Скірмунтам32 не далі пазітыўных вынікаў. Гэта была, здаецца, апошняя спроба адстаяць краёвую канцэпцыю дзяржаўнасці і захаваць тэрытарыяльную цэласнасць „гістарычнай Літвы” і пабудаваць беларускую дзяржаўнасць на падставе беларуска-літоўскай федэрацыі або канфедэрацыі.
Прыхільнасць беларусаў да канцэпцыі адраджэння дзяржаўнасці былога Вялікага княства Літоўскага магчыма тлумачыцца ўсведамленнем недахопу ўласных сіл для працы над стварэннем монанацыянальнай беларускай дзяржавы. Літоўцы маглі стаць адносна нешматлікім, але вельмі актыўным і энергічным саюзнікам, які ўжо дасягнуў пэўных поспехаў, у тым ліку і на міжнароднай арэне. Адроджанае ВКЛ уяўляла б сабой еўрапейскую краіну, у развіцці адносін з якой маглі б праявіць зацікаўленасць іншыя дзяржавы. Апроч таго Беларуска-Літоўская канфедэрацыя дазваляла пазбегнуць падзелу этнічнай беларускай тэрыторыі. Яна магла паспрыяць таксама захаванню выхаду да мора праз тэрыторыю Курляндыі. Беларускія дзеячы выдатна разумелі важнасць гэтага выхаду для эканамічнага ўмацавання беларускай дзяржаўнасці33.
Толькі на пачатку 1918 г. беларусы канчаткова адмовіліся ад краёвай канцэпцыі дзяржаўнасці. Сваю ролю адыграла прызнанне Германіяй незалежнасці „этнаграфічнай” Літвы са сталіцай у Вільні і імперскія амбіцыі палітыкаў новай Польшчы, якая ўмацоўвала свой дзяржаўны суверэнітэт, і разглядала беларускія землі як сферу свайго палітычнага дамінавання.
Адносіны беларускіх палітыкаў да краёвай ідэі патрабуюць далейшага даследавання, якое можа значна паглыбіць нашае разуменне ідэалогіі беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст.
Streszczenie
Rewolucja 1905 r. przyśpieszyła proces rozwoju białoruskiego ruchu narodowego. Białoruska Socjalistyczna Hromada na zjeździe w 1906 r. wysunęła postulat autonomii Białorusi w obrębie „demokratycznej” Rosji. Prawdopodobnie postulat ten pojawił się jako wynik oddziaływania ideologii krajowców. Ci ostatni opowiadali się za budową narodu politycznego — Litwinów, proponując jednocześnie nieuwzględnianie złożonego kontekstu etnicznego. Naród litewski obok Litwinów stanowić mieli mieszkający na terytorium byłego WKL Białorusini, Polacy i Żydzi.
1 М. Біч, С. Рудовіч, Беларуская Сацыялістычная Грамада, [у:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 1, Мінск 1993, с. 410.
2 J. Turonek, Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi, Warszawa 1992, s. 24-25.
3 J. Bardach, O dawnej i niedawnej Litwie, Poznań 1988, s. 217-218.
4 А. Смалянчук, „Краёвасць” у беларускай і літоўскай гісторыі, „Беларускі гістарычны агляд”, т. 4, сш. 1-2 (6-7), снежань 1997, с. 25.
5 Там жа, с. 85.
6 M. Römer, Litwa. Studyum odrodzenia narodu litewskiego, Lwów 1908, s. 350-353.
7 Tamże, s. 352.
8 М. Ромер, Дзеннік, т. 4, с. 403. Запіс ад 3 (16) сакавіка 1915 г. Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы.
9 Гл. падрабязней у артыкуле: А. Смалянчук, З гісторыі віленскага масонства пачатку ХХ ст., „Спадчына” 1998, № 5.
10 Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, ф. 102, асобы аддзел, 1913, в. 243, адз. зах. 157, а. 1.
11 Напрыклад, Генрык Букавецкi [А. Луцкевiч], Прынцыповае пытанне, „Кур’ер краёвы” 1912, № 19; б/п [А. Луцкевiч?], Одна из причин трений, „Вечерняя газета” 1913, № 337 i iншыя.
12 Напрыклад, б/п [А. Луцкевiч?], Конквистадоры, „Вечерняя газета” 1913, № 360; m.r. [М.Ромер], Хто быў правы?, „Кур’ер краёвы” 1913, № 127 i iншыя.
13 Напрыклад, K-wiec [А. Луцкевiч], Права i абавязкi, „Кур’ер краёвы” 1912, № 3.
14 Напрыклад, б/п [А. Луцкевiч?], А речи всё те же..., „Вечерняя газета” 1912, № 64; б/п [А. Луцкевiч], Два выступления, „Вечерняя газета” 1913, № 263 i iншыя.
15 „Кур’ер краёвы”, адпаведна, 1912, № 8 i 1912, № 12.
16 „Наша Нiва” 1912, № 40.
17 S. Wysłouch, Białorusini na ziemi Wileńskiej, Wilno 1930, s. 3.
18 Cz. Jankowski, W ciągu dwóch lat..., Warszawa 1908, s. 137.
19 Polski Słownik Biograficzny, t. XXX/3, z. 126, Wrocław 1987 (Biogram Magdaleny z Zawiszów Radziwiłłowej pióra Olega Łatyszonka i Andrzeja A. Zięby).
20 „Nowy Kurier Litewski” 1917, № 104.
21 К-вец [А. Луцкевiч], Do ut des, „Кур’ер краёвы” 1913, № 98.
22 б/п [Л. Абрамовiч?], Пабочныя ўплывы, „Пшэглёнд...” 1913, № 22/23.
23 Цэнтральная бібліятэка АН Літвы. Аддзел рукапісаў. F21 — 277, c. 12.
24 L. Abramowicz, Litwa podczas wojny: zbiór dokumentów, uchwał, odezw i t.p., Warszawa 1918, s. 128.
25 „Гоман” 1917, № 86.
26 „Гоман” 1917, №№ 89-91 (пазней гэты ліст будзе выдадзены асобна на польскай мове).
27 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, ф. 1135, воп. 4, адз. зах. 30-38. Успаміны Аляксандра Шкленніка.
28 L. Abramowicz, Litwa podczas wojny..., s.130.
29 NB, rkps 6798a, J. Osmołowski, Wspomnienia z lat 1914-1921, t. 1, s 229.
30 „Nowy Kurier Litewski” 1917, № 84.
31 NB, rkps 6798. J. Osmołowski, Wspomnienia z lat 1914-1921, t. 2, s 329.
32 Tamże, s 330.
33 „Гоман”, 1917, № 90.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|