БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 14

Аляксандр Цвiкевiч (1883-1937)

Аляксандр Вабiшчэвiч
(Брэст)


Iмя гэтага чалавека пачало вяртацца з небыцця толькi ў 1990-я гады, калi айчынная мiнуўшчына паступова пазбаўлялася ад фальсiфiкацыi i iдэалагiзацыi. На жаль, укладальнiкi выдання „Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Брэста. У 2 кн.”, кн. 1. (Мінск 1997) не ўзгадалi гэтага славутага сына Берасцейшыны. А здзейсненае iм набыло асаблiвую актуальнасць менавiта цяпер, калi няпроста iдзе станаўленне беларускай дзяржаўнасцi. Хто ж ён, Аляксандр Цвiкевiч?

Аляксандр Iванавiч Цвiкевiч нарадзiўся 22 чэрвеня 1883 г. у Брэст-Лiтоўску ў сям’i фельчара чыгуначнай бальнiцы. Паводле звестак краязнаўца Юрыя Рубашэўскага, да сённяшняга дня ў Брэсце захаваўся дом, у якiм жыла тады сям’я Цвiкевiчаў. Спадзяемся, што архiўныя дакументы з Пецярбурга пацвердзяць гэтую iнфармацыю. Добрая адукацыя, атрыманая ў прыватных настаўнiкаў i ў мужчынскай гiмназii (цяпер яе будынак — адзiн з карпусоў Брэсцкага дзяржунiверсiтэта), дазволiла юнаку паступiць на юрыдычны факультэт Пецярбургскага унiверсiтэта, якi скончыў у 1912 г. Да 1914 г. працаваў прысяжным павераным у Пружанах i Брэст-Лiтоўску. Паводле водгукаў калег i начальства, малады юрыст меў усе падставы для неблагой службовай кар’еры. Аднак далейшыя падзеi карэнным чынам змянiлi лёс Цвiкевiча. Першая сусветная вайна i набліжэнне ў 1915 г. лiнii фронту да беларускiх зямель прымусiлi накiравацца ў эвакуацыю на ўсход. Як адзначае даследчык Арсень Лiс, менавiта народнае гора яго землякоў-бежанцаў, асуджаных на тулянне, галечу, голад, далучыла Аляксандра Цвiкевiча да грамадскага, а пазней i да нацыянальна-вызваленчага руху1.

Апынуўшыся ў Туле, прымаў актыўны ўдзел у працы камiтэта дапамогi ахвярам вайны. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. абудзiла нацыянальную свядомасць прадстаўнiкоў беларускага народа. Група iнтэлiгенцыi на мiтынгу ў Маскоўскiм унiверсiтэце 9 мая 1917 г. заснавала Беларускую народную грамаду (БНГ). Сярод кiраўнiкоў гэтай арганiзацыi быў i Аляксандр Цвiкевiч. Яе касцяк складалi бежанцы-беларусы. Мэтай БНГ з’яўлялася аўтаномiя Беларусi ў складзе федэратыўнай рэспублiкi Расii. Аўтанамiсцкiя настроi тлумачылiся тым, што значная частка тагачаснай iнтэлiгенцыi была выхавана на каштоўнасцях рускай культуры. Цвiкевiч таксама належаў да яе, аднак пазней перайшоў на незалежнiцкiя пазiцыi.

У снежнi 1917 г. ён прымаў удзел у рабоце I Усебеларускага з’езда ў Мiнску. Дэлегаты з удзячнасцю ўспрынялi яго прывiтальнае слова ад бежанцаў-беларусаў. „Бежанцы пралiлi мора слёз, калi яны ўцякалi са сваiх родных гнёздаў у 1915 годзе. Па шляху свайго руху з’явiлася маса могiлак. Дзецi адлучаны ад мацi, жонкi ад мужоў. Нi ў кiм так не сказваецца любоў да роднага краю, як у бежанцаў. Любоў да роднай зямлi i да родных могiлак цягне iх вярнуцца на свае месцы”2. У парадак дня з’езда было ўключана пытанне аб бежанцах, даклад па якім павiнен рабiць Аляксандр Цвiкевiч. Яго выступленне аб становiшчы гаспадаркi краiны ўтрымлiвала шэраг прапаноў па вырашэнні праблем бежанцаў. Бальшавiкi разагналi з’езд, але гэта толькi паскорыла працэс станаўлення дзяржаўнасцi Беларусi. У сваёй брашуры „Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики” Аляксандр Цвiкевiч адзначаў, што „Усебеларускi з’езд першую частку сваёй задачы ажыццявiў. У прысутнасцi сатрапаў з „Савета”, пад пагрозай штыкоў i расстрэлу з браневiка, ён аднагалосна (...) вынес рэзалюцыю «аб зацвярджэннi на беларускай зямлi рэспублiканскага ладу», аб непадзельнасцi Беларусi i аб замацаваннi за яе грамадзянамi асноўных правоў, заваяваных рэвалюцыяй”3.

У студзенi 1918 г. Выканкам I Усебеларускага з’езда накiраваў Аляксандра Цвiкевiча ў Брэст-Лiтоўск для ўдзелу ў мiрных перагаворах. Разам з Сымонам Рак-Мiхайлоўскiм ён пешшу перайшоў лiнiю фронту ля Баранавiч. „Нямецкая вайсковая часць, што там стаяла, прыняла iх, як трэба, падрыхтаваўшы ўжо i вагон для ад’езду ў Берасце, як раптам пасля тэлеграфнага запытання, атрымала паведамленне, што Троцкi (...) нiякай Беларусi не прызнае”4. Пасля мноства выпрабаванняў беларускiм дэлегатам удалося прысутнiчаць на канферэнцыi, але толькi ў якасцi дарадцаў дэлегацыi Украiнскай Народнай Рэспублiкi.

Заклапочаныя праблемамi ў Брэст-Лiтоўску, Цвiкевiч i Рак-Мiхайлоўскi не ведалi аб тых гiстарычных падзеях, што адбывалiся ў Мiнску. Пра гэта сведчыць iх лiст, што датуецца 28 лютага 1918 г.

„Дарагiя браты! Надта трудна была наша праца ў палiтычным кiрунку ад таго, што нам было невядома аб палажэннi беларускага пытання ў Вас, за кардонам. Толькi сёння, прачытаўшы Вашу газету „Гоман”, мы даведалiся, што ў Вас адбылася Канферэнцыя, на якой было прызнана патрэбным дабiвацца Беларускай незалежнай Рэспублiкi5. Звесткi гэтыя надта глухiя, таму просiм Вас паведамiць нам дэтальна, якi змест Вы ўкладаеце ў паняцце незалежнасцi i як Вы мыслiце сабе шлях да гэтага. Справа ў тым, што мы ясна ўсведамляем са свайго боку, што (...) нi палiтычна, нi эканамiчна беларускi народ жыць незалежна не можа: ён слабы сiламi культурнымi i бедны эканамiчна (...). Мы сваiм прыездам ужо трохi перамiтусiлi карты i толькi шкада, што трохi спазнiлiся, але наша мэта — незалежнасць Беларусi ў этнаграфiчных яе гранiцах — ужо зрабiла ўражанне на немцаў i ўчора вечарам Карахан6 па тэлефоне адмовiўся з намi гаварыць доўга”7.

Пасля Брэсцкага мiру Аляксандр Цвiкевiч быў накiраваны ў Кiеў у складзе спецыяльнай дыпламатычнай мiсii для вядзення з зацiкаўленымi бакамi перамоў аб пераглядзе яго i прызнаннi незалежнасцi БНР. З дапамогай Цвiкевiча ў Кiеве быў наладжаны выпуск газеты „Белорусское эхо”, арганiзавана Беларуская гандлёвая палата. А летам 1918 года ён узначалiў надзвычайную мiсiю ўрада БНР у Маскве.

Летам 1918 г. Аляксандр Цвiкевiч таксама трапiў у кiруючыя органы Беларускай партыi сацыялiстаў-федэралiстаў, для якой былi характэрны цэнтрызм у дзейнасцi i жаданне змагання як за нацыянальныя, так i сацыяльныя правы. Мэтай партыi з’яўлялася дэмакратычная рэспублiка ў супольнасцi сусветнай федэрацыi.

Вясной 1919 г. Аляксандр Цвiкевiч быў накiраваны ў Берлiн. Урадавая дэлегацыя БНР iмкнулася там вырашыць фiнансавае пытанне — атрымаць па акрэдытыве ўкраiнскую пазыку. Пасля адмовы германскiх улад выдаць грошы Аляксандр Цвiкевiч ездзiў у Вену, каб атрымаць частку з iх у Аўстрыйскiм банку. Трохмесячнае знаходжанне ў Берлiне суправаджалася актыўнай iнфармацыйна-папулярызатарскай дзейнасцю — у час сустрэч з нямецкiмi палiтыкамi, журналiстамi, у ходзе кантактаў з дзяржаўнымi i прыватнымi ўстановамi Германii. Дзеля iх азнаямлення з беларускiм пытаннем пад аўтарствам мiнiстра юстыцыi ўрада БНР Цвiкевiча ў Берлiне ў 1919 г. была выдадзена брашура Беларусь: палiтычны нарыс. У гэтай працы яскрава прагледжваюцца незалежнiцкiя погляды аўтара. Наконт падзелу беларускiх зямель быў дадзены адназначны адказ — народ не згодзiцца. Зроблена спроба аналiзу i прагнозу характару мiжнацыянальных адносiн на Беларусi. „Шматвекавое сужыццё беларускага народа з рознымi нацыянальнасцямi, якiя жывуць на яго тэрыторыi, даюць падставу думаць, што яўрэй, паляк, вялiкарос, украiнец, лiтовец i г.д. — усе яны будуць адчуваць сябе ў вольнай Беларусi свабодна, як на сваёй другой радзiме”8. Гэтая думка грунтавалася на добрым веданнi айчыннай гiсторыi. Менавiта народ, якi „паспытаў на сабе ўвесь цяжар нацыянальнага прыгнёту, пазбаўлены шавiнiзму i агрэсiўных памкненняў”, дасць „кожнаму чалавеку на сваёй зямлi права на яго культуру i жыццё згодна асабiстым жаданням”. Такую аснову Аляксандр Цвiкевiч бачыў у нацыянальным характары беларусаў, галоўнай рысай якога выдзяляў непрыняцце гвалту. „Можна прызнаць, што гэта слабасць беларусаў у сучасным, але сiла i гонар яго ў будучым”9. Наогул, кнiга прасякнута верай у патэнцыяльныя сiлы народа, яго лепшую будучыню.

Такi ж аптымiстычны накірунак мае i яго артыкул Усе дарогi вядуць у Беларусь, што быў апублiкаваны пад псеўданiмам Аляксандр Незалежны ў адной з вiленскiх беларускiх газет у кастрычнiку 1919 г. Асноўны аргумент у абарону беларускай дзяржаўнасцi наступны: народ, якi меў некалькi стагоддзяў сваю дзяржаўнасць, культуру, лiтаратуру, свае яркiя этнаграфiчныя адметнасцi, мову, мае ўсе правы на дзяржаўную незалежнасць10.

Асаблiва небяспечнымi для Беларусi былi ў той час планы кiраўнiкоў Польскай дзяржавы, якiя iмкнулiся пераўтварыць яе землi ў „крэсы ўсходнiя”. Аляксандр Цвiкевiч з гэтай нагоды напiсаў кнiгу Адраджэнне Беларусi i Польшчы, якая была выдадзена ў 1921 г. Дэталёвы аналiз розных гiстарычных фактараў у адносiнах Польшчы да Беларусi даў магчымасць аўтару зрабiць выснову, што галоўнымi з’яўлялiся не столькi палiтычныя, колькi эканамiчныя iнтарэсы польскiх памешчыкаў.

У новым урадзе БНР Вацлава Ластоўскага, якi вымушаны быў размясцiцца ў Коўне (сучасны Каўнас), Аляксандр Цвiкевiч займаў у 1921-1923 гг. адказную пасаду — мiнiстра замежных спраў. Па-ранейшаму працягвалася змаганне за прызнанне права Беларусi на сваё месца ў Еўропе. Падзел беларускiх зямель пасля Рыжскага дагавору 1921 г. прымусiў розныя палiтычныя партыi пераадолець супярэчнасцi i кансалiдавацца. Гэта адбылося на Першай Усебеларускай канферэнцыi ў канцы верасня 1921 г. у Празе. Старшынёй згаданай нарады з’яўляўся Аляксандр Цвiкевiч. У яго рэдакцыi была прынята рэзалюцыя па вiленскім пытанні. Асаблiвае абурэнне выклiкалi ў яго выступленнi паланафiльскiх дзеячаў. Вось урывак з адной з такiх прамоў (паводле газеты „Воля России” ад 1 кастрычнiка 1921 г.): „Не арыентацыя, а воля народная, не эвалюцыя, а ўсенародная рэвалюцыя. I не будзем чакаць ласкi пана Варшаўскага i камунiста Маскоўскага. Нават у змрочныя часы, калi па беларускай нiве прайшоў першы плуг нацыянальнага руху, арыентацыi не было. I цяпер яе не будзе. Мы аб’яднаемся вакол аднаго лозунга: свабодная i незалежная Беларусь. А Вы, пан Аляксюк, замест таго, каб з трыумфам праехацца ў аўтамабiлi пад аховай штыкоў Балаховiча ад Пiнска да Мазыра, прайшлiся пешшу, то пабачылi б увесь жах польскага прыгнёту i дазналiся iсцiнныя патрэбы беларускага народа”11.

Вынiкамi працы канферэнцыi Цвiкевiч падзялiўся ў iнтэрв’ю газеце „Час” (надрукавана ў нумары ад 5 кастрычнiка 1921 г.): „Беларусь ляжыць на дарозе памiж Варшавай i Масквой — i не дзiўна, што пры кожным польска-рускiм сутыкненнi вынiкае беларуская справа, таму што фактычна на яе тэрыторыi вядзецца бойка. Гэта наша гiстарычнае няшчасце”12. Згодна яго слоў, перашкаджала беларускаму народу i адсутнасць рэлiгiйнага адзiнства, наяўнасць дзвюх канфесiй — каталiцкай i праваслаўнай. „Лозунгам яднання ёсць незалежнасць Беларусi i поўнае адмежаванне ад усялякiх арыентацый на суседзяў”, — так ён вызначыў асноўны пункт сутыкнення пазiцый розных палiтычных сiл13. У згаданым iнтэрв’ю ён падкрэслiваў, што жорсткi акупацыйны рэжым бальшавiкоў на ўсходзе беларускiх зямель i польскi шавiнiзм на захадзе прымусiлi асудзiць iх i прыняць рашэнне аб арганiзацыi паўстанняў.

Далейшы ход падзей паказаў, што пэўны час яму i яго паплечнiкам па палiтычнай эмiграцыi ўсё-такi даводзiлася арыентавацца на Лiтву, якая таксама прытрымлiвалася антыпольскiх настрояў. Аднак працягвалася дыпламатычная барацьба за прызнанне ўрада БНР еўрапейскай грамадскасцю, iнфармавалiся колы палiтыкаў аб культурна-нацыянальным стане беларусаў. Вацлаў Ластоўскi i Аляксандр Цвiкевiч рабiлi спробу ўключэння беларускага пытання ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыi 1922 г. У пададзенай на iмя старшынi канферэнцыi ноце яны прызнавалi Вiльню сталiцай Лiтвы i пагаджалiся з уключэннем Вiленшчыны i часткi Гродзеншчыны ў склад Лiтоўскай рэспублiкi. Гэта прывяло да ўрадавага крызiсу БНР.

У перыяд знаходжання ў Коўне праявiўся з поўнай сiлай яго талент выдатнага публiцыста. Артыкулы, змешчаныя ў часопiсе „Беларускi сцяг” i iншых выданнях, не страцiлi сваёй злабадзённасцi i зараз. Часцей падпiсваўся крыптонiмам А. Ц. цi псеўданiмам Алесь Галынец. Вельмi цiкавыя думкi выказаны iм у эсэ Да пытання аб незалежнасцi. Аўтар сцвярджае, што ўстанаўленне нацыянальнага суверэнiтэту „ёсць масавы псiхалагiчны працэс”, а не проста фармальна юрыдычны акт. „Кожны народ, якi хоча знайсцi i акрэслiць самога сябе, якi хоча стаць у роўню са сваiмi суседзямi, павiнен перажыць гэты працэс”14. Нiчога незвычайнага ў гэтым няма, бо ўсведамленне самастойнасцi жыцця — з’ява доўгатэрмiновая. Гэта адбываецца, як падкрэслiваў Цвiкевiч, з цягам часу, „таксама, як адчуваецца фiзiчная даспеласць кожнага арганiзму”15.

Адданасць свайму народу прагледжваецца i ў эсэ Незалежнасць — як праграма сённяшняга дня. Дадзеная праца таксама прасякнута жаданнем даць тэарэтычнае абгрунтаванне iмкнення беларусаў да дзяржаўнай самастойнасцi. Разважанні аўтара сведчаць аб яго высокiм iнтэлектуальным узроўнi. Ён выступае як аптымiст, бо лiчыць, „пакуль у душы народнай гарыць агонь iмкнення да яе — датуль барацьба будзе трываць”16.

Не меншую iнтэлектуальную асалоду пры чытаннi выклiкае i наступная праца Цвiкевiча — Вялiкае апрашчэнне цi вялiкае ўдасканаленьне?. Намаганнямi беларускага дзеяча Канстанцiна Езавiтава яна была надрукавана асобнай брашурай у Рызе пад псеўданiмам А. Галынец у 1926 г., калi сам аўтар ужо быў у Мiнску17. Цвiкевiч спрабуе даць адказы на многiя пытаннi, што хвалявалi тагачасную свядомую i адукаваную частку разарванага беларускага грамадства. На пытанне: „чаму трэба ратаваць народы (у тым лiку беларусаў) ад этнiчнай смерцi, знiкнення?” прывядзем у якасцi адказаў толькi некалькi яго выказванняў: „рознаадметнасць i навiзна найбольш цiкавяць нас у творчасцi народаў”, „мова — душа народу i найкаштоўнейшы скарб усяго чалавецтва”, „мы павiнны берагчы i ўзбагачаць свае духоўныя скарбы”, „можна, а нават патрэбна, паважаць i любiць кожны народ, але пасля Беларусi” i iншыя. Увесь змест гэтай работы звернуты да iнтэлiгенцыi. „Iнтэлiгенты павiнны стаць сапраўднымi сынамi беларускага народу!” — менавiта гэты лозунг-настаўленне адлюстроўвае iдэйную накiраванасць публiкацыi. Ва ўяўленнi аўтара шлях да гэтага ганаровага i адначасова адказнага звання — сапраўдны сын народа — нялёгкi i цярнiсты. Найперш патрэбна было адчуць, якiмi праблемамi жыве народ. „Вярнуўшыся да народу, iнтэлiгенцыя не толькi апрасцiцца, але духоўна ўдасканалiцца”. Паводле Цвiкевiча, назвацца сынам Беларусi — значыць не дарма прыйсці да нацыянальнай справы. Ён ахрысціў гэтыя пуцявiны не iнакш, як беларуская Галгофа. Якраз яна прынясе iнтэлiгенту „мiльён цярпенняў”, але разам з гэтым „родзiць з яго Чалавека новага жыцця”. Думкi, разважаннi, выкладзеныя ў гэтым своеасаблiвым катэхiзісе беларускай iнтэлiгенцыi, даволi актуальныя i цяпер, калi назiраецца тэндэнцыя да згортвання нацыянальна-культурнага адраджэння.

Як ужо адзначалася, у вынiку ўрадавага крызiсу БНР беларуская палiтычная эмiграцыя аказалася расколатай. Адносiны памiж ранейшымi паплечнiкамi па нацыянальна-вызваленчай барацьбе значна пагоршыліся. Аляксандр Цвiкевiч рэзка выступаў супраць Вацлава Ластоўскага, Клаўдзія Дуж-Душэўскага. У прыватнасцi, ён не прызнаваў створаны ў Парыжы Камiтэт паняволеных Польшчай нацый, у склад якога ўваходзiў былы кiраўнiк урада БНР Вацлаў Ластоўскi. А гэты камiтэт выступаў супраць нацыянальнага i сацыяльнага ўцiску заходнебеларускага насельнiцтва з боку польскiх улад.

23 жнiўня 1923 г. на сходзе беларускiх грамадскiх i палiтычных дзеячаў у Коўне была негатыўна ацэнена дзейнасць В. Ластоўскага i К. Дуж-Душэўскага, сфармiраваны новы ўрад БНР на чале з Цвiкевiчам. Антыбеларуская палiтыка лiтоўскага ўрада прывяла да пераезду структур БНР у Прагу. Сярод прадстаўнiкоў беларускай палiтычнай эмiграцыi былi i заўзятыя працiўнiкi прызначэння Цвiкевiча, што заставаўся ў Коўне, на пасаду кiраўнiка ўрада БНР. Палiтычныя апаненты кiдалi ў яго бок папрокi ў здраднiцтве, рэнегацтве. Нярэдка танальнасць такiх выказванняў насiла даволi абразлiвы характар. Напрыклад, у адным з лiстоў (датуецца 28 жнiўня 1924 г.) К. Дуж-Душэўскi адзначае, што „ў Берлiне ўсё грамадзянства, якое толькi так цi iнакш звязана з беларускiм рухам, абурана подлым паступкам „жулiка Цвiкевiча”, як яго тут называюць”. „Сярод найiдэйнейшых людзей бываюць здраднiкi i правакатары, — працягвае далей Дуж-Душэўскi. — Што ж, ёсць правакатары-аферысты i сярод беларусаў, а главаром гэтай шайкi з’яўляецца А. Цвiкевiч (...). Ён, вiдаць, толькi не ведае, дзе больш плацяць: у маскоўскiм ГПУ цi ў польскiм „sądzie polowym”18. А вось яшчэ вытрымка з iншага лiста „Пах 2-х мiльёнаў лiтаў, якiя гр. А. Цвiкевiч i К° ужо лiчылi ледзь не атрыманымi ад лiтвiнаў, адурманiлi гэтую публiку зусiм i яна страцiла астаткi розуму i ўсялякага пачуцця этыкi”.

Варта адзначыць, што Цвiкевiч не быў палiтыкам-летуценнiкам. Ён не ўскладваў вялiкiх спадзяванняў на Лiтву ў справе адраджэння Беларусi: лiчыў супрацоўнiцтва з лiтоўскiм урадам часовым, скептычна ставiўся да iдэi супольнай федэратыўнай дзяржавы. Сама рэчаiснасць пацвярджала слушнасць яго сумненняў. Хоць доўгi час Цвiкевiч непрыхiльна ставiўся да БССР, аднак паступова яго пазiцыя змянiлася пад уздзеяннем поспехаў i дасягненняў палiтыкi беларусiзацыi. I Цвiкевiч, нягледзячы на здзеклiвыя закiды ў яго бок, не хаваў свайго намеру пераехаць у Мiнск. Таму i пайшоў на прыняцце рашэння аб спыненнi дзейнасцi ўрада БНР i прызнаннi Мiнска адзiным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусi — на Берлiнскай канферэнцыi ў кастрычнiку 1925 г. Аляксандр Цвiкевiч рабiў даклад „Аб сучасным моманце ў нацыянальным i дзяржаўным будаўнiцтве Беларусi”, тэзiсы якога захавалiся19. Прынятыя дакументы (Пратакол пасяджэння Рады Мiнiстраў БНР, пастанова да пратаколу), а таксама лiст А. Цвiкевiча былi апублiкаваны ў прэсе БССР20. Быў унесены раскол у шэрагi беларускай палiтычнай эмiграцыi. Некаторыя даследчыкi лiчаць, што пэўную ролю ў гэтай справе адыгралi савецкiя агентурныя органы. З гэтым не пагадзiцца таксама нельга. Аднак Аляксандр Цвiкевiч прыняў рашэнне аб вяртаннi ў БССР (як i некаторыя iншыя дзеячы) па ўласным жаданні, зыходзячы з iдэйных перакананняў. У адным з лiстоў (адрасат невядомы) ад 22 лютага 1925 г. ён прызнаваўся: „Не скрываю, што не ўсiм, што ёсць у Менску, я задаволены i што, мне здаецца, шмат што ў працы трэба змянiць (...). Кожны з нас ведае, што сапраўды Менск сёння яшчэ далёкi ад таго, каб быць беларускiм”. „У гутарцы, якую я меў тут (у Коўне — А. В.) з мясцовым паўпрэдам, — працягваў ён далей, — я зазначыў некаторыя моманты майго адменнага погляду на справу. Зазначыў я i тое, што ў Менску прэса „казённая”, што кiраўнiкi савецкай палiтыкi мала рэвалюцыйныя ў напрамку культурным, што iм шкада расейскай культуры, дзецьмi якой яны з’яўляюцца, што толькi ў апошнiя гады яны зрабiлi ўступкi, гэтак дабрадзейныя ў нацыянальнай справе, што ў гэтым напрамку трэба пайсцi далей — зрабiць сапраўды нацыянальнае адраджэнне Беларусi фактарам «новага жыцця»”21.

Пазней, у час турэмнага зняволення ў 1930 г., Аляксандр Цвiкевiч у паказаннях згадваў тыя падзеi сярэдзiны 1920-х гадоў. Хоць выказанаму за турэмнымi кратамi нельга поўнасцю давяраць, усё-такi варта звярнуць увагу на асобныя меркаваннi. Паводле Цвiкевiча, нялёгка было яму псiхалагiчна пры прыняццi рашэння ў Берлiне. „Для гэтага трэба было перажыць цяжкую ўнутраную барацьбу, рашыцца на папрок у рэнегацтве, у здрадзе „нацыянальнай справе” — папрок, якi быў сапраўды кiнуты ў твар мне, маiм таварышам на наступны дзень пасля рашэнняў Берлiнскай канферэнцыi”. Ён лiчыў, што лiквiдацыя БНР не была манеўрам, каб абмануць савецкiя ўлады. „Гэта быў зусiм паслядоўны палiтычны акт, вынiк трох прычынаў: абсалютнага i безумоўнага росту БССР, якая ператварылася ў рашучы фактар беларускага вызваленчага руху, нацыянальна-культурнага i дзяржаўнага будаўнiцтва; раскол адзiнага нацыянальнга фронту ў Заходняй Беларусi ў сувязi з падрыхтоўкай Рабоча-сялянскай грамады; у незацiкаўленасцi суседнiх з Беларуссю буржуазных дзяржаў у iснаваннi БНР”22.

У лiстападзе 1925 г. Аляксандр Цвiкевiч разам з сям’ёй пераехаў у Мiнск. Спачатку працаваў кансультантам у Наркамфiне, потым — неадменным (вучоным) сакратаром у Iнбелькульце, старшынёй камiсii па вывучэнні асветы ў Беларусi, у Iнстытуце гiсторыi. Ён нiколькi не адмовiўся ад сваiх нацыянальна-дэмакратычных перакананняў. Невыпадкова, што пазней у турэмных паказаннях Аляксандр Цвiкевiч прызнаваў: „застаўся беларускiм нацыяналiстам, з той рознiцай, што свой нацыянальны настрой iмкнуўся рэалiзаваць i задаволiць не ў старых формах „народнай” Беларусi, а ў новых формах Беларусi савецкай”23.

У 1929 г. у Мiнску была надрукавана фундаментальная навуковая праца Аляксандра Цвiкевiча «Западно-руссизм»: Нарысы з гiсторыi грамадскай мыслi на Беларусi ў XIX i пачатку XX в. Па глыбiнi даследавання i праблематыцы кнiга не страцiла свайго значэння i цяпер. Аўтар усебакова прааналiзаваў iдэалогiю i практыку русiфiкацыi Беларусi ў перыяд Расiйскай iмперыi. Удумлiвае прачытванне гэтай кнiгi дае магчымасць знайсцi адказ на пытанне чаму i цяпер пэўныя палiтычныя сiлы ў нашым грамадстве жадаюць бачыць i надалей беларусаў „заходнерусамi”. Каранi гэтай з’явы бяруць пачатак у змрочныя дзесяцiгоддзi сталiнскага таталiтарнага рэжыму. Невыпадкова, што са згортваннем палiтыкi беларусiзацыi з канца 1920-х гг. згаданая кнiга была забаронена. Увесь тыраж (3000 экземпляраў) быў поўнасцю знiшчаны. Уцалела толькi некалькi кнiг у прыватных зборах. У 1993 годзе даная праца была перавыдадзена.

Сам Аляксандр Цвiкевiч быў арыштаваны 4 лiпеня 1930 г. Яго абвiнавачвалi ў прыналежнасцi да неiснуючай антысавецкай арганiзацыi „Саюз вызвалення Беларусi”. Найперш удалося выбiць уласнаручнае прызнанне „вiнатавасцi”. Аднак неўзабаве ён адмовiўся ад яго. Спатрэбiлася няшмат часу, каб з дапамогай прымусовых метадаў вязень iзноў пагадзiўся з бязглуздымi абвiнавачваннямi. Вось урывак з паказанняў Аляксандра Цвiкевiча ад 24 жнiўня 1930 г.: „Iнакш i быць не магло: маё нацыяналiстычнае „нутро”, мае нацыянальныя настроi i накiраванасць, натуральна, штурхалi мяне ў нацыянальны лагер. У гэтым i праявiлася мая контррэвалюцыйная сутнасць”24. Гэтая „споведзь” сведчыць аб тым, што чалавек застаўся верным сваiм нацыянальна-дэмакратычным поглядам, нягледзячы на самабiчаванне, учынены над iм гвалт.

10 красавiка 1931 г. Аляксандр Цвiкевiч быў асуджаны на 5 гадоў ссылкi. Адбываў яе ў Пярмi, Iшыме, потым Сарапуле (Удмуртыя). Пазней тэрмiн пакарання прадоўжылi на 2 гады. Жыў там разам з сям’ёй — жонкай Зiнаiдай Осiпаўнай, дзвюма дачкамi (трэцяя дачка — Iрына — памерла ў пачатку 1924 г.) i сынам. Аб знаходжаннi ў ссылцы ўспамiнае дачка Марына, 1925 г. нараджэння (цяперашняе прозвiшча — Ляскова, жыве ў Хабараўску). „Я была занадта малой, каб ведаць якiя-небудзь падзеi, што былi да 30 года. Нягледзячы на арышт i ссылку, бацька заўсёды быў вясёлым i жыццярадасным, у яго ўсюды было шмат сяброў, ён добра спяваў, складаў усялякiя гiсторыi i расказваў мне ранiцай у вольны час”. Безумоўна, што малая дзяўчынка яшчэ не адчувала той пагрозы, якая навiсла над яе бацькам. „У нас збiралiся часта сябры бацькi — вясёлыя, вялiкiя кампанii”. Магчыма, што дзеля бяспекi дзяцей размовы аб мiнулай палiтычнай дзейнасцi Аляксандр Цвiкевiч не вёў. Аднак, як узгадвае яго дачка Марына, „бацька вельмi любiў Беларусь i ў сям’i часта гаварыў па-беларуску”. „Калi прыходзiлi госцi, я часта расказвала вершы на беларускай мове. Адзiн з iх я добра памятаю.

Гусi, гусi, вырай вольны
Шумны крык ваш, гусi,
Ляцiце вы ў свет раздольны
З нашай Беларусi.

Страшэнныя часы „яжоўшчыны” не абмiнулi Цвiкевiча. Iзноў звяртаемся да ўспамiнаў дачкi Марыны. „У 1937 годзе ноччу за бацькам прыйшлi, усё перарылi, забралi яго кнiгi i, мабыць, яшчэ нешта акрамя кнiг, бо ў яго была невялiкая бiблiятэка. Праз тры днi бацька вярнуўся i сказаў маме, каб не хвалявалася. Аднак потым яго зноў забралi. А праз некалькi дзён да нас прыбеглi нейкiя жанчыны i сказалi, што Аляксандра Iванавiча павезлi на вакзал. Мы з мамай пабеглi i на вакзале знайшлi вагон, дзе ён быў. Канваiр дазволiў нам пагутарыць з iм. Бацька мне сказаў, каб добра здавала экзамены (я заканчвала пяты клас) i ён прывязе падарунак. Болей пра яго мы нiчога не чулi”25.

Арыштаванага Аляксандра Цвiкевiча 17 снежня 1937 г. прыгаварылi да вышэйшай меры пакарання. 30 снежня 1937 г. ён быў расстраляны ў Мiнску.

Такi ж лёс напаткаў i яго брата Iвана, таленавiтага вучонага-медыка. Iван, якi быў на тры гады маладзейшы за Аляксандра (нарадзiўся ў лiстападзе 1891 г.), пасля сканчэння медыцынскага факультэта Варшаўскага унiверсiтэта ў 1914 г. прымаў удзел у першай сусветнай вайне ў якасцi франтавога ўрача. На фронце трапiў у нямецкi палон. Пасля вызвалення працаваў у 1921-1923 гг. у Берлiне ў Дзяржвыдавецтве РСФСР. Менавiта тады ён даволi часта кантактаваў з братам Аляксандрам. З 1923 г. працаваў у Мiнску. Пазней разам з братам уваходзiў у склад правадзейных членаў Iнбелкульта, узначальваў там медыцынскую секцыю. Тэрмiналагiчная камiсiя пад яго кiраўнiцтвам шмат зрабiла ў галiне распрацоўкi медыцынскай тэрмiналогii, якая выдавалася на лацiнскай, рускай i беларускай мовах. Вынiкам работы камiсii было складанне шэрагу слоўнiкаў, апублiкаваных у 1926-1928 гг. У 1926 г. Iван Цвiкевiч надрукаваў у Мiнску падручнiк для сярэднiх школ Анатомiя, фiзiялогiя i гiгiена (пераклад з рускай), якi быў перавыдадзены ў 1929 i 1930 гг. Акрамя таго, Iван Цвiкевiч праявiў сябе як добры знаўца замежных моў — перакладаў на беларускую мову творы Рабiндраната Тагора i iншых. Цiкавiўся i айчыннай гiсторыяй. У адным з нумароў часопiса „Полымя” (1924 г.) быў змешчаны бiяграфiчны нарыс пра Кастуся Калiноўскага.

Iван Цвiкевiч быў арыштаваны 18 лiпеня 1930 г. Пазней быў асуджаны на 5 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў у Нарыме, на Алтаi. 1 лiпеня 1938 г. асуджаны паўторна — да расстрэлу.

Аляксандр Цвiкевiч быў рэабiлiтаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988 г., па другiм — 31 мая 1989 г. Рэабiлiтаваны i Iван Цвiкевiч.

Жыццёвыя лёсы дзяцей Аляксандра Цвiкевiча былi даволi складаныя. Спасылаемся на ўрыўкi з лiста Марыны Лясковай (Цвiкевiч). „Пасля арышту бацькi нас высялiлi з кватэры, маму звольнiлi з працы, але ў школе я нiякiм ганенням не падвяргалася. Брат [Вiктар; памёр тры гады назад у Пецярбургу — А. В.] у час арышту бацькi вучыўся ў Ленiнградзе ў фiзiка-матэматычным iнстытуце. Яму ўсё жыццё давялося скрываць, што бацька ў яго арыштаваны”.

У цэлым, даны матэрыял ахапiў толькi асноўныя вехi ў жыццяпiсе Аляксандра Цвiкевiча, яго палiтычнай, грамадска-культурнай i навуковай дзейнасцi. Аднак нават вышэйпералiчанага дастаткова, каб пераканацца ў тым, наколькi шматгранным быў талент Аляксандра Iванавiча Цвiкевiча. Удзячныя землякi маглi б з упэўненасцю ўшанаваць яго iмя ў назве вулiцы Брэста. Варта было б устанавiць памятныя знакi на будынку, дзе жыла сям’я Цвiкевiчаў, а таксама на будынку гiмназii, дзе вучыўся Аляксандр Цвiкевiч. Гэтае iмя сапраўды ўваходзiць у кагорту выдатных ураджэнцаў Берасцейскай зямлi.


1 А. Цвiкевiч, „Западно-руссизм”. Нарысы з гiсторыi грамадскай мыслi на Беларусi ў XIX i пачатку XX в., Мінск 1993, с. 343.
2 „Беларуская рада”, 10.12.1917.
3 А. Цвикевич, Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики, Киев 1918, с.10.
4 „Спадчына”, 1998, № 1, с. 84-85.
5 Беларускi дзяржаўна-архiўны музей лiтаратуры i мастацтва (далей: БДАМЛiМ), ф. 3, в. 1, спр. 261, арк. 25.
6 Л. Карахан (1889-1937), савецкi дыпламат, сакратар савецкай дэлегацыi на перамовах у Брэст-Лiтоўску.
7 Там жа, арк. 25-26.
8 А. Цвикевич, Беларусь: Политический очерк, Берлин 1919, с. 26.
9 Там жа, с. 27.
10 „Спадчына”, 1997, № 3, с. 3-4.
11 БДАМЛiМ, ф. 3, в. 1, спр. 169, арк.103.
12 Там жа, спр. 282, арк. 18.
13 Там жа.
14 „Беларуская мiнуўшчына”, 1993, № 3-4, с. 13.
15 Там жа.
16 „Культура”, 24.04.1993.
17 „Спадчына”, 1997, № 2, с. 7-30.
18 БДАМЛiМ, ф. 3, в. 1, спр. 256, арк. 98 адв.
19 Нацыянальны архiў РБ (далей: НАРБ), ф. 4, в. 7, спр. 82, арк. 218-219.
20 „Савецкая Беларусь”, 15.11.1925.
21 БДАМЛiМ, ф. 3, в. 1, спр. 282, арк. 10.
22 „Полацак”, 1992, № 2, с. 11.
23 Там жа, с. 11-12.
24 Там жа, с. 13.
25 З лiста дачкі Цвікевіча Марыны Аляксандраўны Лясковай (Хабараўск) Палiне Панасюк (Брэст) ад 7.11.1998 г. Аўтар выказвае П. Панасюк удзячнасць за магчымасць выкарыстання перапiскi.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія