БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 14

Лясы Арлянскай воласцi ў ХVI — пач. ХIХ ст.ст.

Дарафей Фiёнiк
(Бельск-Падляшскi)


Сённяшняя Арлянская гмiна, побач з Чыжоўскай, належыць да найменш аблесеных гмiн паўднёва-ўсходняй Беласточчыны. Вiдаць гэта асаблiва выразна ў наваколлi Тапчыкал цi Крывятыч, дзе на высока распаложаных бязлесных плоскасцях гарызонт сутыкаецца з небасхiлам. Фармiраванне такога краявiду даўняй Арлянскай воласцi — гэта вынiк гаспадарчых пераўтварэнняў, якiя мелi месца на пачатку другой паловы нашага тысячагоддзя. У даным даследаваннi абсяг нашага зацiкаўлення будзе абмяжоўвацца абшарам гiстарычнай воласцi з цэнтрам у Орлi, якая з ХVI ст. ахоплiвала мясцовасцi Вэрвэчкi, Кашалi, Крывятычы, Мiклашы, Вульку, Шарнi, Тапчыкалы, Кушкi, Пашкоўшчыну ды фальварак Бараноўцы.

Калі скласцi карту наваколля Орлi канца ХV ст., атрымалi б мы суцэльны абшар лясоў. Якраз у гэтым месцы Камянецкая або Белавежская пушча ўваходзiла клiнам у Бельскую пушчу. Размежаванне памiж iмi праводзiлася ў 1469-1476 г.г.1 Ужо тады, несумненна, iснавалi Кашалi, згаданыя ўпершыню пад 1495 годам у акце надання магдэбургскiх правоў месту Бельску2. Баярскiя Тапчыкалы, распаложаныя падобна Кашалям на левым баку ракi Арлянкi, згадваюцца ажно пад 1500 г., ды толькi пасрэдна. Паводле Pocztu rodów w W.X.L.3 Аляксандр Ягелончык вялеў Яську Iванавiчу, князю вакольнаму смаленскаму насялiць людзей на жеребях кошэлёўскiх, вэрвыцкiх ды лесе топчыкальскiм4. На гэтай тэрыторыi на працягу наступных дзесяцiгоддзяў сфармiраваўся двор ды мястэчка Орля.

Згаданы лес топчыкальскi як i жереб кошэлёўскi былі распаложаны на правым баку ракi Орляй — так раней у дакументах менавалi раку Арлянку5. Пацвярджае гэта акт з канца 1516 г., паводле якога кароль Жыгiмонт вялеў Андрэю Лозцы, наместнiку бельскаму, размежаваць землi Кашалёў ды Тапчыкал ад каралеўскай Белавежскай пушчы6.

У 1510 г. уладальнiкам арлянскай маёмасцi становiцца Богуш Багавiтыновiч. Тым часам прыбывае сюды ўсё больш i больш новых пасяленцаў, якiх прываблiваюць вольныя земляробчыя абшары.

Тадышняя гаспадарчая палiтыка спрыяла пашырэнню прыватных уладанняў Багавiтыновiчаў коштам каралеўскай пушчы. Так было ў выпадку далучэння да Арлянскай воласцi часткi пушчы на захад ад лiнii, што цягнулася ад крывятыцкiх лугоў Багавiтыновiча да млына Васькi Кiмбара. Млын гэты стаяў памiж Рудутамi i Руткай. У акце, пiсаным на старабеларускай мове, бельскi стараста Альбрыхт Гаштольд загадаў тадышняму ляснiчаму Андрэю Лозцы далучыць да ўладанняў „Кошель и Вервочек” лес, якi належыў Богушу7. Вiдавочна, ужо ў гэты час лес быў стары i дрымучы, калi невялiчкiя захаваныя да сённяшняга дня яго часткi называюць Чорным або Вэлiкiм лесам.

У 1521 г. Жыгiмонт I пацвердзiў межы памiж Кашалямi ды Вэрвэчкамi i каралеўскай пушчай8. Так вызначаная ўсходняя гранiца Арлянскай воласцi з Бельскiм стараствам практычна без большых змяненняў ператрывала наступныя стагоддзi.

У ХVI i першай палове ХVII ст. дрэва з Вэлiкого лесу стала практычна асновай будаўнiчага матэрыялу для хутка развiваўшайся Орлi. Прыгадаем, што ў гэты час Орляй уладарылi Радзiвiлы, да якiх мястэчка трапiла дарогай шлюбу ўдавы Кацярыны з Тэнчынскiх княжны Слуцкай з Хрыстафорам I Радзiвiлам. Ягоны аднайменны сын Хрыстафор II, адна з найбольш вядомых асоб свайго часу, задбаў, не толькi на паперы, пра ўзнясенне Орлi да рангу горада. У 1618 г. адмысловай прывiлеяй стварыў гарадскую раду, кожную сераду абвясцiў рыначным днём ды дазволiў пасяляцца ў мястэчку як хрысцiянам, так i жыдам. Ад мяшчан запатрабаваў таксама пабудаваць на рынку ратушу9. Мейская прывiлея была пацверджана i пашырана яшчэ двойчы — у 1634 i 1643 гг.10

У гэты ж час у рэзiдэнцыяльнай частцы Орлi вялiся актыўныя будаўнічыя працы. Шматлiкiя iнвестыцыi патрабавалi якаснай драўнiны, якая ў большасцi паходзiла з навакольных лясоў. У 1635 г., ужо пасля заканчэння асноўных прац, новы, пасля Станiслава Куроша11, адмiнiстратар двара i воласцi Ян Пэнкальскi бiў на трывогу, сцвярджаючы, што Las Wielki (...) barzo zniszczony biorąc ustawicznie na dworne potrzeby, dlatego potrzebnie żeby był chroniony12. Неўзабаве князь Хрыстафор II Радзiвiл выдаў спецыяльны акт, якi садзейнiчаў ахове Вэлiкого лесу13. Апрача драўнiны ахоўваліся там пяць борцяў з пчоламi. Тры борцi знаходзiлiся таксама ў Мiклашэўскiм бары14.

Апрача Вэлiкого лесу на левабярэжнай частцы воласцi да 1635 г. захавалася толькi некалькi не надта абшырных i багатых у якасную драўнiну надзелаў лесу. Бор рос непадалёк фальварка ў Мiклашах (бор Мiклашэўскi), якi межаваў з землямi Iжыковiчаў маёнтка Шчыты-Дзенцялова15. Iнвентар ад 1655 г. удакладняе нам распалажэнне згаданага лесу: Drugi Bor za wsią Mikłaszewem nad rzeką Orlą y stawem Mikłaszewskim (albo Werweckim). Także y za młynem Werweckim o Granice Dzieciołowską P.P. Irzykowiczow y wsi Hołodow starostwa Bielskiego16. Невялiкi борык знаходзiўся за ракою насупраць двара. Памiж Рудутамi i Тапоркамi ва ўрочышчы Жарка таксама расцягваўся лес, аднак пра яго велiчыню сёння не можам нiчога сказаць17. Вядома, гэтыя лясы не забяспечвалi ўсiх патрэб двара i воласцi, нават у дрэве на распалку. Тым часам пясчаныя ды балоцiстыя землi пасля раней выкарчаваных лясоў не давалi нiякай карысцi. Таму і iх адмiнiстратар у 1635 г. даў загад, у якiм сцвярджалася, што chrosty dla drew na podłych y błotnych gruntach maią być zagaione18.

Як бачым, радзiвiлаўскiя чыноўнiкi перажывалi за стан лясоў у воласцi. Адносiлася гэта i да Звярынца, дзе расла старая бярэзiна. На думку складальнiка Iнвентара ад 1655 г. бярэзiна служыла gwoli ozdobie Dworney y miasta19 i карысталася строгай аховай. Ваенная неразбярыха наступных гадоў давяла да поўнага знiштажэння гэтага дворскага ўпрыгожання.

Адзiн з чарговых, ужо пасляваенных Iнвентароў Арлянскай воласцi ад 1669 г. паказвае на клопат гаспадароў за стан лясоў. Тычылася гэта асаблiва Вэлiкого лесу, Мiклашэўского бору ды лесу на Жарцы. З першага паходзiў будаўнiчы матэрыял на дворскiя патрэбы. У другiм жа любiў паляваць, прыязджаючы ў Орлю, сам князь Багуслаў Радзiвiл, ponieważ się świnie dzikie w nim przechadzają y inny zwierz20.

Князь Багуслаў, у час уладарання якога залаты перыяд свайго развiцця Орля мела ўжо за сабою, памёр у 1669 г. Уся воласць, а з ёю i лясы перайшлi ў ведамства малалетняй яго дачкi княжны Людвiкi Каралiны. У Iнвентары ад 1670 г. чытаем, што бор Мiклашэўскi w ochronie zostawać ma nikomu go nie pozwalając krom na własną potrzebę księżniczki. Бор даручана было даглядаць мiклашэўскаму лаўнiку21. За борам пад дваром ды лесам на Жарцы меў сачыць кашалёўскi лаўнiк, а за Гаём пад Вэрвэчкамi, якi пачаў адрастаць пасля ранейшага знiштажэння — лаўнiк з Вэрвэчак22. Як бачым, сярод дворскай наменклатуры не было тады ляснiчых. Iх абавязкi выконвалi вясковыя лаўнiкi. Пасада лаўнiка была ўведзена на Падляшшы, як i ва ўсiм Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, у 1557 г. Лаўнiкi звычайна выбiралiся з заможных сялян па двух-трох з кожнай вёскi. Нагляд за лясамi быў адной з дзялянак iх працы па ахове грамадскага ладу.

Дворскi Звярынец надалей заставаўся ў жудасным стане. Пасля вырубкi бярэзiны стаў пастэўнiкам для цялят. Адмiнiстратары ж аднак вельмi хацелi аднавiць бярэзiну23. Жаданне iх пакуль што заставалася няздзейсненым. Орлю пераняў у арэнду Веспазіян Сянiцкi, а на былым Звярынцы надалей пасвiлiся цяляты. Вэрвэцкi гай ды лес на Жарцы з-за пастаяннай беспланавай эксплуатацыi натужна аднаўлялiся. Назначаныя лаўнiкi не маглi належна садзейнiчаць iх ахове24.

У пачатку ХVIII ст. далейшаму знiштажэнню лясоў спрыялi драматычныя падзеi грамадзянскай вайны. У 1705-1708 г.г. Орля некалькi разоў падвяргалася набегам лiтоўскага падканцлера Станiслава А. Шчукi. Страты пасля гэтых магнацкiх „рэйдаў” склалі 32 тысячы злотых25.

У ХVIII ст. давесцi да належнага стану арлянскiя лясы так i не ўдалося. Пасля пажару арлянскай Мiхайлаўскай царквы ў 1795 г. пачалiся пошукi будаўнiчага матэрыялу на яе рэканструкцыю. Аказалася, што ў лясах маёмасцi няма нiякай падыходзячай драўнiны. Белавежская пушча ў гэты час была адрэзана дзяржаўнай мяжою. Дрэвам з Лядскай пушчы бельская старасцiна Iзабела Бранiцкая загадала карыстацца вельмi ашчадна. У такой сiтуацыi арлянскую царкву адбудавалi з матэрыялу з разабранага млына ў Трывежы26. З-за адсутнасцi мясцовай драўнiны арлянскi рынак быў багаты гандлярамi дроў на распалку ды дошак рэзаных i колатых. У 1801 годзе ад воза дошак купцы плацiлi 2 зл. тарговага, а ад воза дроў 1 зл.27

На пачатку ХIХ ст. арлянскi прыродны краявiд надалей быў бедны ў лясы. Найбольшы з лясных масiваў — Вэлiкi лес, званы таксама як калiсьцi (у 1808 г.), так i сёння Чорным лесам, займаў тады 32 валокi. Бор Мiклашэўскi расцягваўся толькi на 2 валоках, а Кошэлёўскi — пад дваром — на 1 валоцы28. Старэйшыя жыхары Орлi i Кашалёў успамiнаюць пра вялізныя сосны, якiя некалi раслi ў Кошэлёўскiм бары. На выгане пад мястэчкам рос альховы гай. Стан лясоў у наваколлi iншых падарлянскiх мясцовасцей быў яшчэ горшы. На балоцiстых землях раслi толькi карчы ды зараснікі, на якiх яшчэ і выпасвалi быдла. Нешматлiкiя бярозавыя, сасновыя i альховыя гаi знаходзiлiся каля Тапчыкал, Шарнёў, Крывятыч, Бараноўцаў, Кушкаў, Вулькi ды Рудутаў29. Усiх гэтых рэштак сцярог Матфей Жаба — стораж арлянскiх лясоў. Пражываў ён з сям’ёй ва ўрочышчы Стэнкороўшчына за Кашалямi. Гэты шанаваны чалавек стаў двойчы хросным бацькам сыноў а. Аўгустына Бяляўскага — пароха арлянскай царквы. З 1816 г. паходзiць вестка пра нараджэнне ў сям’i Матфея Жабы дочкi Бянiгны Хрысцiны. Хросным бацькам быў Ян Такажэўскi, эканом арлянскага двара30. Як доўга яшчэ Матфей Жаба пiльнаваў арлянскiх лясоў, не ўдалося пакуль устанавiць. Неўзабаве змянiлiся ўласнiкi Орлi. У 1843 г. воласць перайшла ў рукi князя Вiтгенштэйна. Гэтая, як i наступныя змены, якiя мелi месца ў II пал. ХIХ ст. для лясоў арлянскiх прынеслi, на жаль, iзноў больш страт, чым карысцi.

Памяць пра даўнiя лясы ў мясцовых назвах

(паводле Inwentarza mierniczego hrabstwa Orla ад 1808 г.)

У мернiчым Iнвентары графства Орлi, складзеным у 1808 г.31, знаходзiм шмат назваў сельскiх угоддзяў, семантычна звязаных з лясной тэрмiналогiяй. Найбольш распаўсюджанай назвай з’яўляецца Жарка, якая выступае ў дакументах ужо пад 1635 г. (лес на Жарцы). У 1808 г. урочышча Жарка сустракаем у назве лугу пад Орляй ды Кашалямi, поля, лугоў ды гаю пад Рудутамi. Назва гэтая звязана з часам актыўнага загаспадарання воласцi ў ХVI ст., калi новыя пасяленцы выпальвалi лясы i зараснік. Наблiжаную да Жаркi этымалогiю мае назва ўрочышча Поджар’е каля Кашалёў. Выпалянка каля Рудутаў ды ўрочышча Выжар у Шарнях. Пра карчаванне лясоў нагадвае назва лугу Вытэрбы каля Крывятыч. У сваю чаргу назва ўрочышча Смоловiна каля Рудут, мабыць, таксама звязана з перыядам асваення арлянскiх лясоў i гаворыць пра здабыванне жывiчнай смалы з дрэў.

У iншым месцы Iнвентара ад 1808 г. зафiксаваны назвы, якiя сведчаць пра характар былога лесу i вiды дрэў. Так, каля Орлi знаходзiм урочышчы Подбор’e ды Дубiны; каля Кашалёў — урочышчы Забор’е ды Шмэрэкi; каля Шарнёў — Захвоiяне; каля Тапаркоў — луг Бэрэзынны, а каля Рудутаў — палявыя ўрочышчы Бор ды Лiпнiкi.

Яшчэ і сёння ва ўжытку знаходзiцца частка са згаданых назваў, нагадваючы пра даўнюю лясiстасць наваколля. Для прыкладу, у Шарнях захавалася назва ўрочышча Выжар. Каля Крывятыч знойдзем фрагменты Чорного лесу ды ўрочышча Ялiннiк. Мaлады хвойнiк ды частка поля пад Кашалямi з назваю Буор — гэта даўнi Бор пад дворам. Бором называюцца таксама фрагменты даўняга Мiклашэўскага бору.


1 J. Wiśniewski, Osadnictwo wschodniej Białostocczyzny. Geneza, rozwój oraz zróżnicowanie i przemiany etniczne, „Acta Baltico-Slavica”, t. XI, s. 13.
2 Archiwum Państwowe (dalej: AP) w Białymstoku, Kamera, sygn. 2345; J. Daniłowicz, Skarbiec diplomatów..., t. II, Wilno 1862, s. 243-244. „Вестник Западной России”, 1865. т. 11.
3 A. Boniecki, Poczet rodów W.X.L. w XV i XVI wieku, Warszawa 1883, s. 99.
4 На сённяшнi дзень не можам знайсцi мясцовай назвы тыпу Топчыкальскi лес. Тым часам у „Iнвентары” ад 1808 г. знаходзiм запiс пра borek zwany Topczykalski, Нацыянальны гiстарычны архiў Беларусi (далей: НГАБ), ф. 694, воп. 4, спр. 14, к. 304.
5 Самое мястэчка ў актах ХVI-ХVII ст.ст. называецца найчасцей „Орле”. Этымалогiя першапачатковай назвы рэчкi ды пасялення несумненна звязана з арламi. Сёння Орляй называюць правы прыток Арлянкi, якi знаходзiцца на мяжы гiстарычнай Арлянскай воласцi з праваслаўным прыходам у Дубiчах-Царкоўных.
6 НГАБ, ф. 694, воп. 4, 1470, к. 7.
7 Тамжа.
8 Тамжа.
9 Пра станаўленне Орлi як горада ў радзiвiлаўскiя часы можна прачытаць у м.iнш.: E. Bagińska, Dobra Radziwiłłów linii birżańskiej na Podlasiu w XVII w., „Białostocczyzna”, 1996, nr 4.; H. Goworko, Orla i włość orlańska w XVI-XVIII wieku, praca magisterska pod kierunkiem doc. dr. hab. S. Alexandrowicza, Białystok 1982, mnps; o. Grzegorz Sosna, Doroteusz Fionik, Orla na Podlasiu, Bielsk Podlaski — Ryboły — Białystok 1997.
10 У прывiлеi 1643 г., якую выдаў Януш Радзiвiл, знаходзiм звестку пра бакалаўра (настаўнiка) царкоўнай школы, якi атрымаў права карыстацца дворскiмі лясамі, [у:] Archiwum Państwowe w Lublinie, Akta konsystorza chełmskiego grecko-unickiego, Wizytacje dekanatu bielskiego, 1727, Cerkiew orlańska, sygn. 780, k. 22.
11 Станiслаў Курош быў адным з найблiжэйшых супрацоўнiкаў i дарадцаў Хрыстафора II Радзiвiла. У час адмiнiстравання С. Куроша Орля атрымала гарадскiя правы (1618 ды 1634 гг.) і быў перабудаваны двор. Як арыянiн С. Курош умацоўваў у Орлi пратэстантызм.
12 Archiwum Główne Akt Dawnych (dalej: AGAD), Archiwum Radziwiłłowskie (dalej: AR) XXV, sygn. 2904, k. 10.
13 Тамжa, sygn. 2908, k. 22.
14 Тамжа.
15 Тамжа, sygn. 2904, k. 10.
16 Тамжа, sygn. 2906, k. 21.
17 Тамжа.
18 Тамжа, sygn. 2904, k. 10.
19 Тамжа, sygn. 2906, k. 21.
20 Тамжа, sygn. 2908, k. 22-23.
21 Тамжа, sygn. 2909, k. 10.
22 Тамжа.
23 Тамжа.
24 Тамжа, sygn. 2911, k. 8.
25 НГАБ, ф. 694, воп. 4, спр. 1466, к. 290.
26 Ośrodek Dokumentacji Zabytków w Warszawie, Teki Glinki. 316, s. 19, тры лiсты Тадэуша Ляховiча да Iзабелы Бранiцкай.
27 AP w Białymstoku, Kamera, sygn. 2899, s. 111.
28 AGAD, AR XXV, sygn. 2914/1, s. 2.
29 Тамжа.
30 Прыхадскi архiў арлянскай царквы, Metryka Chrztów w 1813 Roku sporządzona Dnia 1 miesiąca Junia, k. 11.
31 AGAD, AR XXV, sygn. 2914, s. 1-27.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія