|
Беларусь у палітыцы вядучых дзяржаў Захаду (1914-1945 гг.)
Аляксандр Ціхаміраў
(Мінск)
Да жніўня 1914 г. Беларусь, якая ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, не выклікала палітычнай зацікаўленасці ў вядучых дзяржаў Захаду (Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, ЗША). Ва ўмовах 1-й сусветнай вайны цікавасць да Беларусі стала праяўляць Германія. На пачатковым этапе вайны кіраўнікі гэтай краіны не мелі дэталёва выпрацаваных планаў уладкавання Еўропы. Іх галоўнай мэтай з’яўлялася перамога над Францыяй, але дасягненню хуткай перамогі над „адвечным ворагам” перашкодзіў удар з боку Расіі па Усходняй Прусіі ў жніўні 1914 г. У рэшце рэшт Германія змагла аднавіць кантроль над страчанымі тэрыторыямі, але была вымушана ўлічваць расійскі фактар у сваёй палітыцы.
У 1914-1915 гг. з прапановамі па ўладкаванні Еўропы актыўна выступалі прадстаўнікі германскіх палітычных плыняў, індустрыяльныя магнаты, вайскоўцы. Практычна ўсе яны зыходзілі з неабходнасці тэрытарыяльнага расчлянення Расійскай імперыі. Напрыклад, у запісцы, якая была перададзена ўраду 9 жніўня 1914 г., кіраўнік вядомага ваеннага канцэрна Аўгуст Ціссен прапаноўваў далучыць да Германіі балтыйскія правінцыі, частку Польшчы, Адэсу, Крым, Каўказ, вобласці Дону і Азова, спасылаючыся на неабходнасць забяспечыць „германскі сыравінны патэнцыял”1. У мемарандуме аб ваенных мэтах ад 20 мая 1915 г., які склалі 6 вядучых эканамічных арганізацый краіны (Цэнтральнае аб’яднанне германскіх прамыслоўцаў, Саюз сельскіх гаспадароў, Нямецкі сялянскі саюз і іншыя), гаварылася: „Неабходнасць умацаваць (...) здаровыя сельскагаспадарчыя асновы нашай народнай гаспадаркі, ажыццявіць шырока запланаванае засяленне нямецкіх сельскіх раёнаў, а таксама спрыяць вяртанню на тэрыторыю Германскай імперыі і яе эканамічнай сферы нямецкіх сялян, што жывуць за мяжой, галоўным чынам у Расіі (...), а таксама значна павялічыць колькасць нашага баяздольнага насельніцтва патрабуе значнага пашырэння імперскіх і прускіх межаў у бок Усходу шляхам далучэння найменш часткі прыбалтыйскіх правінцый і абласцей на поўдзень ад іх з улікам мэты забеспячэння ваеннай абароназдольнасці нашай усходняй граніцы”2. У мемарандуме нямецкіх прафесараў, дыпламатаў і вядучых урадавых чыноўнікаў ад 20 чэрвеня 1915 г. звярталася ўвага на неабходнасць карыстацца пры вызначэнні германа-расійскай мяжы стратэгічнымі меркаваннямі. Аўтары мемарандума прапаноўвалі стварыць пас каля граніц Познані, Сілезіі і Усходняй Прусіі, які б „па магчымасці быў вызвалены ад права ўласнасці і даступны для пасялення немцаў”3.
Асобныя нямецкія дзеячы дапускалі магчымасць допуску да каланізацыі ўсходніх прастораў палякаў, якія пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. былі пазбаўлены сваёй дзяржаўнасці. Напрыклад, адзін з лідэраў „пангерманцаў” (уплывовай грамадска-палітычнай плыні ў рэйху) П. фон Рорбах у 1915 г. прапанаваў перадаць палякам Літву і частку Беларусі да прыпяцкай багны, з тым, каб адцягнуць іх увагу ад польскіх зямель, якія на падставе рашэнняў Венскага кангрэса 1815 г. трапілі ў склад Прусіі4.
Урад Германіі вагаўся. Хаця канцлер Германіі Т. фон Бетман-Гольвег заявіў 6 жніўня 1914 г., што галоўнай мэтай яго краіны ў вайне з’яўляецца жаданне „вызваліць прыгнечаныя народы Расіі і адцясніць рускі імперыялізм да маскоўскіх межаў”, на справе патрабаванні ў адносінах да Расіі былі больш сціплымі. На нарадзе ў Берліне ў канцы лістапада 1914 г. кіраўнік генштаба Э. фон Фалькенгайн прапанаваў абмежавацца на ўсходзе лініяй Нарва — Вільня — Гродна, што, на яго думку, магло б стварыць „псіхалагічна спрыяльны момант” для заключэння міру з Расіяй. Кайзер Вільгельм ІІ, які таксама прысутнічаў на нарадзе, падтрымаў генерала5. У размове з кіраўніком генштаба Аўстра-Венгрыі К. фон Гетцэндорфам 19 снежня 1914 г. Э. фон Фалькенгайн заявіў, што Германію задавальняе тое, што рускія адкінуты за Віслу, і працягваць барацьбу на ўсходзе далей яна не плануе6.
У 1915 г. Германія паспрабавала пераламаць ход вайны на Усходзе на сваю карысць. У маі 1915 г. нямецкія войскі прарвалі рускі фронт у Польшчы і пачалі прасоўвацца ва ўсходнім напрамку. У верасні баявыя дзеянні былі перанесены на тэрыторыю Літвы і Беларусі. У кастрычніку фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск — Браслаў — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск — Луцк. Пад кантролем немцаў апынулася каля 25% тэрыторыі сучаснай Беларусі з пасяленнямі Гродна, Ашмяны, Смаргонь, Ліда, Слонім, Навагрудак, Ваўкавыск, Пружаны, Брэст, Кобрын. Таксама немцы занялі Вільню, якая да вайны з’яўлялася галоўным адміністрацыйным цэнтрам Літвы і Беларусі. Пасля няўдалых для рускай арміі вайсковых аперацый пад возерам Нарач і Баранавічамі ў 1916 г. германа-расійскі фронт на тэрыторыі Беларусі стабілізаваўся і знаходзіўся ў такім стане да пачатку 1918 г.
Увосень 1915 г. на акупіраваных немцамі тэрыторыях на ўсходзе быў створаны вайскова-адміністрацыйны абшар „Обер-Ост” пад агульным кіраўніцтвам камандуючага Усходнім фронтам фельдмаршала П. фон Гіндэнбурга. Увесну 1917 г. „Обер-Ост” быў падзелены на асобныя акругі „Курляндыя”, „Літва” і „Беласток-Гродна”. Тэрыторыі, якія былі далучаны да „Обер-Оста” павінны былі ў далейшым адыгрываць ролю буфера, раздзяляючага Германію і Расію. Землі, якія ў склад „Обер-Оста” не трапілі, павінны былі адыгрываць ролю разменнай пазіцыі ў будучых мірных дагаворах з Расіяй.
У 1917 г. германскае камандаванне на Усходзе палічыла неабходным дапамагчы адбудаванню літоўскай дзяржаўнасці. Як пісаў у сваіх успамінах начальнік генштаба Галоўнага камандавання на Усходзе генерал Э. фон Людэндорф, „генерал-фельдмаршал (Гіндэнбург — аўтар) і я ставілі сябе канчатковай мэтай стварыць у вобласці, якая знаходзілася пад кантролем галоўнакамандавання на ўсходзе, герцагства Курляндыю і Вялікае княства Літоўскае, якія (...) найцяснейшым чынам далучаліся б да Германіі і ўзначальваліся б Яго Вялікасцю. (...) Такім чынам, Прусія ў ваенных адносінах атрымала б захаванне ад новага нападзення з боку Расіі, і адначасова набыла б тэрыторыю для ўладкавання нашых салдат пасля вайны”7. 23 красавіка 1917 г. на нарадзе кіраўнікоў Германіі ў Кройцнаху было вырашана, што граніцай Курляндыі і Літвы будзе лінія Беласток — рака Нёман на поўдзень ад Ліды. Закрануўшы праблему ўзаемаадносін Літвы і створанага ў кастрычніку 1916 г. са згоды Германіі і Аўстра-Венгрыі на землях „рускай” Польшчы Каралеўства Польскага, кіраўнікі Германіі звярнулі асаблівую ўвагу на тое, што Вільня і Белавежская пушча павінны застацца па-за межамі Польскай дзяржавы8.
Апрача Літвы Германія выказвала схільнасць да падтрымкі Украіны, разглядаючы яе як базу, багатую сыравінай. Згаданы вышэй П. фон Рорбах вызначаў Украіну як найбольш значную вобласць, ад якой залежыць усё эканамічнае жыццё Расіі9.
Беларусь у параўнанні з Літвой і Украінай цікавіла немцаў значна меней. Афіцыйны Берлін адводзіў Беларусі ролю зручнага транзітнага калідора, праз які германскія тавары маглі б трапляць на расійскі рынак, і скептычна ставіўся да перспектывы стварэння беларускай дзяржавы. Даволі выразна адпаведныя настроі праявіліся ў запісцы дарадчыка па справах усходніх тэрыторый фон Бекерата, складзенай ў студзені 1917 г. Нямецкі дыпламат адзначаў: „Беларусы не выказвалі ніколі імкнення да дзяржаўнай самастойнасці. (...) Асобныя сепаратысцкія памкненні, якія развівае нешматлікая група археолагаў і літаратараў у Вільні, трэба аднесці да мясцовых спраў, якія не маюць палітычнага значэння”10.
Адмовіўшыся прызнаць права беларусаў на стварэнне дзяржаўнасці, нямецкія акупацыйныя ўлады ўсё ж далі дазвол на стварэнне беларускіх нацыянальных школ, вучыцельскіх курсаў, тыпаграфій і іншых культурна-адукацыйных устаноў. Аб’ектыўна такая палітыка спрыяла развіццю беларускага нацыяналізму, цэнтрам якога ў 1915-1917 гг. стала Вільня.
У снежні 1917 г. Германія і яе саюзнікі пачалі ў Брэсце мірныя перагаворы з прадстаўнікамі Савецкай Расіі. Германскія дыпламаты патрабавалі ад расійскіх прадстаўнікоў прызнаць межы „Обер-Оста” афіцыйнымі межамі Расіі на паўночным захадзе. 10 лютага 1918 г. на пасяджэнні падкамісіі па тэрытарыяльных пытаннях мірнай канферэнцыі расійскі прадстаўнік М. М. Пакроўскі звярнуў увагу немцаў на тое, што прапанаваная імі лінія прывядзе да тэрытарыяльнага падзелу Беларусі. Заўвага Пакроўскага выклікала раздражненне ў генерала М. Гофмана, які заявіў, што да моманту правядзення новага перапісу насельніцтва на спрэчных тэрыторыях спасылкі на іх этнічны склад выглядаюць абстрактна і адпаведныя тэрыторыі ў роўнай меры можна разглядаць як польскія ці літоўскія11.
9 лютага 1918 г. прадстаўнікі Чацвертнага саюза (Германія, Аўстра-Венгрыя, Балгарыя, Асманская імперыя) падпісалі ў Брэсце мірны дагавор з Украінскай Народнай Рэспублікай. У ліку іншага дагавор прадугледжваў перадачу УНР тэрыторыі на ўсход да Буга і на поўдзень ад лініі Пінск — Брэст. Такім чынам, немцы свядома перадалі ўкраінцам землі, на якія прэтэндавалі беларусы.
10 лютага Германія і яе саюзнікі ва ўльтыматыўнай форме запатрабавалі ад расійскай дэлегацыі падпісаць мірны дагавор. Кіраўнік расійскай дэлегацыі, наркам па замежных справах Л. Д. Троцкі адмовіўся зрабіць гэта і пакінуў Брэст. 13 лютага германскі ўрад вырашыў лічыць паводзіны савецкага боку фактычным спыненнем перамір’я. 18 лютага нямецкая армія аднавіла баявыя дзеянні на Усходнім фронце. Падчас наступлення немцы прасунуліся на ўсход Беларусі. Да канца лютага 1918 г. яны кантралявалі Дзвінск, Мінск, Полацк, Барысаў, Жлобін, Рэчыцу, Калінкавічы, Рагачоў. 1 сакавіка нямецкія войскі занялі Гомель, 3 сакавіка — Оршу, 5 сакавіка — Магілёў.
24 лютага 1918 г. урад Савецкай Расіі вырашыў прыняць нямецкія ўмовы міру. 28 лютага дэлегацыя РСФСР прыбыла ў Брэст, дзе 3 сакавіка падпісала мірны дагавор з Германіяй і яе саюзнікамі. У адпаведнасці з умовамі дагавора Расія адмаўлялася ад правоў на вобласці, што знаходзіліся на захад ад лініі Дзвінск — Свенцяны — Ліда — Пружаны — Брэст.
Брэсцкі мірны дагавор 1918 г., які прадугледжваў тэрытарыяльны падзел Беларусі, выклікаў абурэнне ў беларускіх нацыянальных дзеячаў. У ноч на 25 сакавіка 1918 г. Рада БНР на пасяджэнні ў Мінску абвясціла аб аддзяленні Беларускай Народнай Рэспублікі ў межах этнаграфічнага рассялення беларусаў ад Расіі і скасаванні Брэсцкага мірнага дагавора ў частцы, закранаючай Беларусь.
Пасля абвяшчэння незалежнасці кіраўнікі БНР накіравалі некалькі зваротаў з просьбай аб дыпламатычным прызнанні рэспублікі ў вышэйшыя інстанцыі Германіі (найбольш вядомай стала тэлеграма, якая была накіравана Вільгельму II 25 красавіка 1918 г.). Але рэакцыя афіцыйнага Берліна на звароты была стрыманай, дзеячам БНР выразна далі зразумець, што Германія не жадае пераглядаць палажэнні Брэсцкага мірнага дагавора. Як і раней немцы разглядалі Беларусь як частку Расіі. У жніўні 1918 г. Германія падпісала з РСФСР дадатковы дагавор, даўшы абавязацельства пачаць вывад сваіх войск з беларускай тэрыторыі ўзамен за грашовыя выплаты з боку Савецкай Расіі. Таксама немцы абавязаліся не ўмешвацца ў справы тых тэрыторый, якія яны пакідалі, і не падтрымліваць стварэнне на іх самастойных дзяржаў. Увосень 1918 г. кіраўнікі Германіі адмаўляліся сустракацца з дэлегацыямі БНР, якія прыбывалі ў Берлін.
Пазіцыя Германіі выклікала расчараванне ў кіраўнікоў БНР. На пасяджэнні беларускай надзвычайнай місіі ў Кіеве 23 красавіка 1918 г. кіраўнік місіі М. В. Доўнар-Запольскі пры абмеркаванні праблемы заняцця ўкраінцамі зямель на Палессі, заявіў пра мэтазгоднасць накіравання пратэсту з гэтай нагоды не Германіі, а яе саюзніцы Аўстра-Венгрыі, бо „з Аўстрыяй (...) лягчэй і лепей дамовіцца, чым з немцамі”12.
Больш спагадліва ставіліся да беларускіх палітыкаў прадстаўнікі германскіх ваенных колаў. У маі 1918 г. на сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада БНР у Мінску камандуючы 10-й нямецкай арміяй генерал Э. фон Фалькенгайн выказаў спачуванне імкненню беларусаў да незалежнасці, падкрэсліўшы, што „акупацыйныя ўлады жадалі б бачыць у Радзе пасрэдніка паміж нямецкай адміністрацыяй і беларускім народам для змягчэння — па меры магчымасці — жыццёвых цяжкасцей, якія выклікала вайна”. Таксама ён запэўніў субяседнікаў, што „германскі ўрад безумоўна прыме да ўвагі імкненне Народнага сакратарыята і Рады жыць у згодзе і дружбе з Германскай дзяржавай, што ў недалёкай будучыні дасць Беларусі пажаданы палітычны вынік”13. Аднак уплыву германскага генералітэту па пытанні аб прызнанні незалежнасці Беларусі было недастаткова. Больш за тое, германскія вайскоўцы перашкаджалі стварэнню беларускай арміі. У лістападзе 1918 г. фон Фалькенгайн папярэдзіў беларускіх палітыкаў: „Калі ў полі зроку германскіх войск з’явяцца якія б ні было ўзброеныя сілы, мы направім супраць іх нашы кулямёты”14.
11 лістапада 1918 г. Германія прызнала паражэнне ў сусветнай вайне. Пасля яе капітуляцыі лідэрамі ў Еўропе сталі дзяржавы Антанты — Францыя і Вялікабрытанія (ЗША, якія ўступілі ў вайну на баку Антанты ў красавіку 1917 г., ад актыўнага ўдзелу ў еўрапейскіх справах ухіляліся). На пачатку вайны яны выступалі ў саюзе з Расійскай імперыяй і не жадалі падтрымліваць „сепаратыстаў” на яе тэрыторыі (нават права палякаў на стварэнне сваёй дзяржавы заходнія саюзнікі Расіі прызналі толькі ўвесну 1917 г., пасля таго, як у падтрымку незалежнасці Польшчы выказаўся Часовы ўрад Расіі). У 1918-1919 гг. ні планы Францыі, ні планы Вялікабрытаніі не прадугледжвалі неабходнасці падтрымкі незалежнай Беларускай дзяржавы.
Беларуская праблематыка не атрымала самастойнага гучання на Парыжскай мірнай канферэнцыі, якая была склікана ў студзені 1919 г. для распрацоўкі мірных дагавораў з Германіяй і яе саюзнікамі. Кіраўнікі канферэнцыі разглядалі праблему Беларусі выключна ў кантэксце адносін паміж Польшчай і Расіяй. Яны не спяшаліся прызнаваць незалежнасць БНР і аказваць ёй дапамогу. Калі старшыня ўрада БНР А. І. Луцкевіч запатрабаваў ад канферэнцыі прыняць пад увагу пазіцыю Беларусі пры вызначэнні лёсу балтыйскіх дзяржаў, яму было заяўлена, што канферэнцыя не можа разглядаць праблемы Беларусі разам з праблемамі краін Балтыі, паколькі гэты рэгiён уваходзiць у сферу ўплыву Вялiкабрытанii, а Беларусь — у сферу уплыву Францыi15. Спроба ж звярнуцца да Францыі не прынесла жаданых вынікаў. У размове з дзеячамі БНР, якія прыбылі ў Парыж для таго, каб растлумачыць сваю пазіцыю, французскія дыпламаты казалі: „Калi б Вы мелi хаця б кавалак зямлi, дзе былi б гаспадарамi, пытанне аб прызнаннi незалежнасцi БНР было б вырашана станоўча i Вы атрымалi б дапамогу”16.
Абыякавасць Антанты да праблем Беларусі праявілася пры вызначэнні ўсходняй граніцы Польшчы, якая адрадзіла сваю дзяржаўнасць у лістападзе 1918 г. Польскія кіраўнікі імкнуліся да аднаўлення „Польшчы Ягелонскай”, з уключэннем у яе склад зямель Беларусі, Літвы і Украіны. З санкцыі Антанты польскія войскі ў канцы 1918 — пачатку 1919 гг. былі ўведзены на заходнебеларускія землі (пратэсты кіраўнікоў БНР супраць польскай акупацыі былі праігнараваны), але польскія кіраўнікі не задаволіліся гэтым. У канцы 1919 г. Польшча кантралявала большую частку Беларусі.
Спробы палякаў замацавацца на „крэсах” выклікала пратэсты з боку расійскіх антыбальшавіцкіх сіл, якія патрабавалі абмежаваць Польшчу на ўсходзе лініяй 3-га падзелу Рэчы Паспалітай 1795 г. Францыя і Вялікабрытанія прыслухоўваліся да гэтых патрабаванняў. Начальнік польскай ваеннай місіі ў Парыжы генерал Т. Развадоўскі ў данясенні ад 22 кастрычніка 1919 г. адзначаў: „Англічанам ужо сёння здаецца, што ў бліжэйшы час пытанне цалкам будзе вырашана на карысць рускіх генералаў, якім яны аказваюць сваё заступніцтва (...). Уклаўшы ў гэтае мерапрыемства шмат грошай, яны хацелі б як мага хутчэй атрымаць прыбыткі і з нецярплівасцю чакаюць таго моманту, калі б яны, ідучы следам за пераможнымі арміямі Юдзеніча і Дзянікіна, змогуць апярэдзіць усіх канкурэнтаў у эксплуатацыі рускіх багаццяў. Паколькі англічане лічаць Польшчу занадта самастойнай і прытым звязанай з Францыяй, а часткова сімпатызуючай і Амерыцы, яны хочуць, наколькі гэта магчыма, абысціся без польскай дапамогі, каб потым з ёй можна было б не надта лічыцца ў гэтым пытанні (...). Францыя ў адносінах да Расіі знаходзіцца ў параўнанні з Англіяй у больш далікатным становішчы. Хаця яна прытрымліваецца дэкларацыі Керанскага адносна поўнай незалежнасці Польшчы, але не можа пярэчыць тутэйшым рускім, калі яны маюць намер гэтую незалежнасць абмежаваць тэрыторыяй так званага Каралеўства Польскага”17. Кіраўнікі Антанты жорстка адхілялі прапановы адносна стварэння „ягелонскай Польшчы”. Напрыклад, прэм’ер-міністр Францыі Ж. Клемансо ў верасні 1919 г. адмовіўся абмяркоўваць пытанне аб стварэнні польска-беларускай федэрацыі. Грукнуўшы кулаком па карце, дзе была вызначана Беларусь, ён сказаў: „Там будзе Расія!” і абарваў размову18.
Парыжская канферэнцыя стварыла спецыяльную камісію па вызначэнні граніц Польшчы (работай камісіі кіраваў француз Ж. Камбон). У красавіку 1919 г. камісія Камбона рэкамендавала прыняць у якасці ўсходняй граніцы Польшчы лінію этнаграфічнага рассялення палякаў. Планавалася, што па тэрыторыі Беларусі граніца будзе праходзіць па пунктах Гродна — Ялаўка — Няміраў — Брэст. У снежні 1919 г. Вярхоўны савет Антанты прыняў дэкларацыю аб часовай усходняй граніцы Польшчы, у аснову якой былі пакладзены рэкамендацыі камісіі Камбона. Дэкларацыя была падпісана Клемансо, таму прапанаваная лінія граніцы атрымала назву „лінія Клемансо”. Вызначыўшы лінію часовай усходняй граніцы Польшчы, дзяржавы Антанты праігнаравалі зварот беларускiх прадстаўнiкоў, у якiм сцвярджалася, што „лінія Клемансо” адрывае ад Беларусі Аўгустоўскi, Сакольскi, Беластоцкi i Бельскi паветы са значнай доляй беларускага насельнiцтва19.
У ліпені 1920 г. міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дж. Керзан прапанаваў кіраўніцтву РСФСР „лінію Клемансо” ў якасці афіцыйнай польска-расійскай граніцы з магчымасцю ўдакладнення на мірнай канферэнцыі (з гэтага часу лінія ўмоўнай граніцы паміж Польшчай і Расіяй атрымала назву „лінія Керзана”), але савецкія кіраўнікі прапановы Керзана адхілілі. Увосень 1920 г. Польшча і РСФСР вырашылі спыніць барацьбу. На мірных перагаворах у Рызе яны дамовіліся пра тое, што новая граніца будзе пасунута на ўсход ад „лініі Керзана”. Граніца, якая была вызначана Рыжскім мірным дагаворам ад 18 сакавіка 1921 г., праходзіла на Беларусі па пунктах Дрыса — Дзісна — Загацце — Радашковічы — Ракаў — рака Морач — рака Случ — Карэц. Такім чынам, яна падзяляла Беларусь у значна большай меры, чым Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 г.
Дзяржавы Антанты першапачаткова адмовіліся прызнаць граніцу, вызначаную Рыжскім мірным дагаворам 1921 г. (спробы польскіх кіраўнікоў паставіць пытанне аб прызнанні новых межаў Польскай дзяржавы на ўсходзе на міжнароднай канферэнцыі ў Генуі ў 1922 г. завяршыліся беспаспяхова галоўным чынам з прычыны супраціўлення з боку Вялікабрытаніі), але па-ранейшаму ўспрымалі Беларусь як складовую частку Расіі. Пераканаўшыся ў тым, што панаванне бальшавікоў у Расіі будзе працяглым, Вялікабрытанія і Францыя вырашылі прызнаць новыя рэаліі ва Усходняй Еўропе. 15 сакавіка 1923 г. Канферэнцыя паслоў прызнала „рыжскую” граніцу як афіцыйную ўсходнюю граніцу Польшчы.
У міжваенны перыяд павышаны інтарэс да Беларусі праяўляла Германія. У 1919 г. германскія ўлады далі дазвол на стварэнне ў Берліне дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР. У лістападзе 1922 г. Германія афіцыйна прызнала незалежнасць БССР. Прызнанне БССР прывяло да спынення дзейнасці органаў БНР. У лісце да дзяржаўнага камісара Прусіі ад 28 жніўня міністр замежных спраў Германіі заўважыў: „Пан А. Бароўскі як прадстаўнік БНР ні ў якім разе не замоўчваецца Міністэрствам замежных спраў. Яно разглядае яго і ягоных людзей, на жаль, як прадстаўнікоў адной з групаў замежных палітыкаў. БНР больш не існуе. Так званы Беларускі Народны Урад, які павінен прадстаўляць гэтую рэспубліку, знаходзіцца за межамі краю. (...) У далейшым цярпець тое, што Бароўскі працягвае выдаваць пашпарты па палітычных матывах, немагчыма. Акрамя таго, яно супярэчыць пагадненьню, якое Нямеччына падпісала 5 лістапада 1922 г. з Савецкаю Сацыялістычнаю Рэспублікаю Беларусь”20. Да пачатку 1930-х гг. Германія з’яўлялася галоўным замежным партнёрам Савецкай Беларусі ў гандлёва-эканамічнай сферы.
Пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933 г. Германія стала рыхтавацца да барацьбы за пашырэнне „жыццёвай прасторы”. Першапачаткова немцы імкнуліся захоўваць з Польшчай добрыя адносіны. У 1933-1938 гг. кіраўнікі Германіі (А. Гітлер, Г. Герынг, І. Рыбентроп і іншыя) неаднаразова выказвалі намер мець з Польшчай добрыя адносіны і нават выступіць у выпадку неабходнасці ў саюзе з ёй супраць СССР. Аднак у канцы 1938 — пачатку 1939 гг. польска-нямецкія адносіны пагоршыліся. Германія афіцыйна паставіла пытанне аб перадачы ёй „вольнага горада” Гданьска (Данцыга), будаўніцтве экстэрытарыяльных дарог (аўтастрады і чыгункі), якія б злучылі Усходнюю Прусію з астатняй часткай рэйха і г.п.
Адчуўшы пагрозу з боку Германіі, Польшча пачала шукаць падтрымкі ў Вялікабрытаніі і Францыі. 31 сакавіка 1931 г. брытанскі прэм’ер-міністр Н. Чэмберлен заявіў, што яго краіна акажа Польшчы неабходную дапамогу ў выпадку знешняй агрэсіі. Таксама гарантыі захавання польскага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дала Францыя. У адказ Германія 28 красавіка 1939 г. анулявала германа-польскі дагавор аб ненападзенні ад 26 студзеня 1934 г. і пачала актыўна рыхтавацца да вайны супраць Польшчы.
Ва ўмовах пагаршэння адносін з Польшчай немцы сталі праяўляць цікавасць да беларусаў. У красавіку 1939 г. яны прынялі мемарандум Прэзідэнта Рады БНР В. Захаркі (ён знаходзіўся ў Празе), які быў накіраваны фюрэру і рэйхсканцлеру Германіі А. Гітлеру. У мемарандуме выказвалася просьба прыняць пад увагу беларускае пытанне ў выпадку вайны супраць СССР. 3 жніўня 1939 г. прадстаўнікі Рады БНР (В. Захарка і І. Ермачэнка) былі запрошаны на канферэнцыю германскага Міністэрства замежных спраў, дзе іх запэўнілі ў тым, што Германія выступае супраць канцэпцыі захавання „адзінай і непадзельнай Расіі”21. Аднак літаральна праз некалькі дзён Гітлер даў санкцыю на вядзенне перагавораў з кіраўніцтвам СССР, жадаючы, каб Савецкі Саюз захаваў нейтралітэт у выпадку ваеннага сутыкнення паміж Германіяй і Польшчай.
23 жніўня 1939 г. у Маскву прыбыў міністр замежных спраў Германіі І. Рыбентроп. У час перагавораў, якія праходзілі ў абставінах павышанай сакрэтнасці, Германія і СССР вызначылі сферы ўплыву ў Польшчы. Рыбентроп заявіў, што Германія гатова прызнаць сферай асаблівых інтарэсаў СССР зону на ўсход ад лініі рэк Нараў, Вісла і Сан (дамоўленасць была юрыдычна аформлена ў выглядзе сакрэтнага пратакола да дагавора аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР)22. Такім чынам, Германія пагадзілася з пераходам пад кантроль СССР зямель Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
1 верасня 1939 г. Германія пачала вайну супраць Польшчы. 3 верасня Вялікабрытанія і Францыя аб’явілі Германіі вайну (з гэтага моманту вайна ў Еўропе набыла сусветны характар). У той самы дзень урад Германіі даручыў свайму паслу ў Маскве фон Шуленбургу звязацца з наркамам па замежных справах СССР В. М. Молатавым і прапанаваць яму выступіць супраць Польшчы і заняць тую яе частку, якая сакрэтным пагадненнем была аднесена да „рускай сферы ўплыву”. Паколькі савецкі ўрад не даў выразнага адказу на прапанову, 9 верасня нямецкія войскі атрымалі загад прайсці на ўсход ад дэмаркацыйнай лініі, вызначанай у Маскве. 10 верасня Молатаў сустрэўся з Шуленбургам і заявіў, што савецкія войскі выступяць супраць Польшчы пад выглядам выратавання ад Германіі ўкраінцаў і беларусаў23. Аднак і пасля гэтага СССР супраць Польшчы не выступіў.
14 верасня Рыбентроп папярэдзіў Молатава, што ў выпадку, калі СССР не выступіць супраць Польшчы, ва Усходняй Еўропе „могуць узнікнуць умовы для фарміравання новых дзяржаў”24. 17 верасня 1939 г. урад СССР абвясціў аб пачатку ваеннай аперацыі супраць Польшчы для „абароны жыцця і маёмасці насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі”25. У той самы дзень Чырвоная Армія пачала наступленне па ўсёй лініі польска-савецкай граніцы і 22 верасня выйшла на лінію, якая была вызначана на перагаворах з Германіяй. Германскае ваеннае камандаванне 17 верасня 1939 г. загадала сваім войскам спыніць наступленне, у канцы верасня 1939 г. нямецкія войскі пачалі адводзіцца на захад ад вызначанай дэмаркацыйнай лініі. Вывад войск суправаджаўся ўрачыстымі сумеснымі парадамі германскіх і савецкіх часцей (на Беларусі адпаведныя парады адбыліся ў Брэсце, Гродне, Пінску).
28 верасня 1939 г. Рыбентроп зноў наведаў Маскву. Падчас яго візіту Германія і СССР падпісалі дагавор аб дружбе і граніцы. Адпаведны дакумент зацвердзіў нарыс савецка-германскай граніцы па лініі рэк Піса — Нараў — Вісла — Сан (Сталін уласнай рукой вызначыў лінію граніцы паміж Германіяй і СССР і ў далейшым адпаведная карта выкарыстоўвалася савецкімі прадстаўнікамі ў працэсе дэмаркацыі граніцы26). Да дагавора прыкладаліся сакрэтны пратакол аб недапушчэнні на новых тэрыторыях варожай польскай агітацыі, а таксама пратакол, паводле якога германскі бок абавязаўся перасяліць у СССР беларусаў і ўкраінцаў, што пражывалі на захад ад вызначанай лініі граніцы.
Ва ўмовах часовай нармалізацыі адносін з СССР немцы ўсё ж не перашкаджалі стварэнню беларускіх арганізацый непасрэдна на тэрыторыі Германіі і на акупіраваных землях (пераважна ў Польшчы). З кастрычніка 1939 г. да чэрвеня 1941 г. на тэрыторыях, якія знаходзіліся пад нямецкім кантролем, дзейнічалі Беларускае прадстаўніцтва пры Міністэрстве ўнутраных спраў Германіі, Беларускі камітэт самадапамогі, Беларускі камітэт у Варшаве і г.д.
Першапачаткова Гітлер быў задаволены захопамі на ўсходзе і не планаваў ісці далей за Буг. У размове з адным з галоўных ідэолагаў рэйха А. Розенбергам, якая адбылася 29 верасня 1939 г., ён заявіў, што плануе стварыць на Вісле моцную абарончую сістэму, а землі паміж Віслай і Бугам засяліць яўрэямі і іншымі „ненадзейнымі” элементамі27. Аднак ва ўмовах абвастрэння савецка-германскіх супярэчнасцей у канцы 1940 г. фюрэр даў загад сваім генералам рыхтавацца да вайны супраць СССР.
У канцы 1940 — пачатку 1941 гг. у Германіі праходзіла распрацоўка канцэпцый дзейнасці германскай акупацыйнай адміністрацыі на тэрыторыі СССР. Погляды кіраўнікоў Германіі на будучыню Беларусі былі нявызначанымі. Сам Гітлер меў аб беларусах даволі цьмянае ўяўленне і разглядаў іх як адгалінаванне ў масе „непаўнавартасных” славян. У ліпені 1940 г. ён заявіў, што Беларусь, Украіна і балтыйскія дзяржавы будуць аддзелены ад Расіі (г.зн. СССР) і ўзалежнены ад рэйха28. У снежні 1940 г. ён зноў выказаў жаданне зрабіць на гэтых тэрыторыях „буферныя дзяржавы”, якія б аддзялялі рэйх ад Расіі29. У сакавіку 1941 г. Гітлер у чарговы раз выказаў жаданне стварыць вольныя ад Сталіна рэспублікі, але падкрэсліў, што яны не павінны мець уласнай інтэлігенцыі30.
Значную ўвагу праблемам Беларусі надаваў А. Розенберг, які ў канцы красавіка 1941 г. быў прызначаны Гітлерам кіраўніком міністэрства па справах акупіраваных тэрыторый. У мемарандуме аб мэтах вайны супраць СССР, што быў складзены Розенбергам (ці, магчыма, блізкім да яго чалавекам) 2 красавіка 1941 г., гаварылася: „Беларусь ахоплівае даволі адсталую ў эканамічных і культурных адносінах частку СССР. (...) Спроба абудзіць у беларусаў уласнае нацыянальнае жыццё і стварыць жыццяздольнае дзяржаўнае ўтварэнне можа лічыцца мерапрыемствам надзвычайна працяглым і складанам. Беларусь у культурных адносінах стаіць (...) далёка пасля Літвы, а яўрэйства эксплуатуе карэннае насельніцтва больш моцна, чым у Польшчы. І ўсё ж спроба стварэння асобнай дзяржавы павінна быць падтрымана з улікам неабходнасці аслабіць цэнтральную частку Расіі”31.
22 чэрвеня 1941 г. Германія пачала вайну супраць СССР. Да пачатку верасня 1941 г. германскія войскі занялі ўсю тэрыторыю Беларусі. На першым этапе вайны немцы адмовіліся разглядаць пытанне аб стварэнні беларускай дзяржавы ў любым выглядзе. У ліпені 1941 г. Гітлер падпісаў дэкрэт аб стварэнні на акупіраваных тэрыторыях сістэмы рэйхкамісарыятаў. Беларусь разам з Прыбалтыкай трапіла ў склад рэйхскамісарыята „Остланд” у выглядзе аднайменнай генеральнай акругі. У інструкцыях міністэрства ўсходніх тэрыторый гаварылася, што аснову генеральнай акругі павінны скласці былая Беларуская ССР (за выключэннем паўднёвых частак Гомельскай, Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей, якія былі перададзены ў склад рэйхскамістарыята „Украіна”, а таксама паўночна-заходняй часткі Вілейскай вобласці, якая далучалася да генеральнай акругі „Літва”), паўночна-заходняя частка Арлоўскай вобласці, заходняя частка Смаленскай вобласці разам са Смаленскам32. На справе генеральную акругу ў запланаваных межах немцы стварыць не змаглі, да канца нацысцкай акупацыі ў яе склад уваходзіла толькі цэнтральная частка Беларусі.
Пасля правалу бліцкрыгу немцы ўзялі курс на стварэнне сістэмы „змешанай адміністрацыі”, заснаванай на спалучэнні нямецкага кіраўнічага і мясцовага выканаўчага персаналу. У кастрычніку 1941 г. пры генеральнай акрузе „Беларусь” была створана Беларуская народная самадапамога (яе кампетэнцыя была абмежавана сферай сацыяльнага забеспячэння і аховы здароўя). У ліпені 1942 г. з дазволу генеральнага камісара акругі „Беларусь” В. Кубэ ў Мінску пачала дзейнічаць Галоўная рада БНС на чале з І. Ермачэнкам. У снежні 1943 г. немцы далі санкцыю на стварэнне ў Мінску Беларускай Цэнтральнай Рады, якая разглядалася як вярхоўная інстанцыя беларускай адміністрацыі на акупіраванай тэрыторыі. У лютым 1944 г. пераемнік загінуўшага Кубэ К. фон Готберг дазволіў стварыць атрады Беларускай краёвай абароны, якія выкарыстоўваліся ў барацьбе супраць савецкіх партызан. Улетку 1944 г. ва ўмовах паспяховага прасоўвання савецкіх войск па тэрыторыі Беларусі дзеячы БЦР былі вымушаны эвакуіравацца ў Кёнігсберг, а потым у Берлін. На апошнім этапе 2-й сусветнай вайны немцы падштурхоўвалі беларусаў да супрацоўніцтва з рухам генерала А. Уласава, які выступаў за захаванне „адзінай Расіі”.
Разам з тым нямецкая акупацыя 1941-1944 гг. спрыяла развіццю нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Немцы даводзілі да беларусаў, што яны належаць да народаў Еўропы, а не з’яўляюцца часткай „рускага народа”33. На акупіраванай імі тэрыторыі сталі выходзіць беларускамоўныя газеты і часопісы, падручнікі, мастацкая і навуковая літаратура, адчыняліся вучэбныя ўстановы, была наладжана трансляцыя радыёперадач на беларускай мове. Уздзеянне было настолькі моцным, што ЦК ВКП(б) у жніўні 1944 г. быў вымушаны прыняць спецыяльную пастанову па Беларусі, дзе даручаў партыйным работнікам пераадольваць „прыватнаўласніцкія, антыкалгасныя і антыдзяржаўныя настроі, што насаджалі акупанты”34.
Праціўнікі Германіі — Вялікабрытанія і ЗША — на пачатку 2-й сусветнай вайны падтрымлівалі польскі эміграцыйны ўрад (з 1940 г. ён знаходзіўся ў Лондане), члены якога патрабавалі аднаўлення Польшчы ў даваенных граніцах. Пасля таго, як СССР апынуўся ў стане вайны з Германіяй, іх пазіцыя пачала змяняцца, хаця афіцыйнага прызнання новай граніцы паміж Польшчай і СССР яны не рабілі, спасылаючыся на неабходнасць вырашыць праблему шляхам перагавораў пасля вайны. 30 ліпеня 1941 г. міністр замежных спраў Вялікабрытаніі А. Ідэн афіцыйна заявіў, што яго краіна па ўмовах пагаднення ад 25 жніўня 1939 г. не брала на сябе абавязацельстваў, якія б закраналі адносіны паміж Польшчай і СССР, але не прызнае ніякіх тэрытарыяльных зменаў, зробленых у Польшчы пасля жніўня 1939 г.35 12 жніўня 1941 г. прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У. Чэрчыль на сустрэчы ў Квебеку (у Канадзе) прынялі Сумесную дэкларацыю, дзе заявілі, што „не прызнаюць аніякія тэрытарыяльныя змены, якія не знаходзяцца ў адпаведнасці са свабодна выказаным жаданнем зацікаўленых народаў”36. У снежні 1941 г. Ідэн падчас візіту ў Маскву катэгарычна адхіліў прапанову старшыні СНК СССР І. В. Сталіна неадкладна прызнаць заходнія граніцы СССР37.
Пазіцыя заходніх саюзнікаў СССР па пытанні аб польска-савецкай граніцы пачала мяняцца ў 1943 г., калі стала відавочнай здольнасць СССР перамагчы Германію. 1 снежня 1943 г. на Тэгеранскай канферэнцыі пры разглядзе пытання аб граніцах Польшчы Чэрчыль прапанаваў прыняць формулу, дзе гаварылася наступнае: „Лічыцца ў прынцыпе, што тэрыторыя польскай дзяржавы і нацыі павінна знаходзіцца паміж так званай лініяй Керзана і лініяй Одэра, з уключэннем у склад Польшчы Усходняй Прусіі і Опельнскай правінцыі. Але фактычнае правядзенне граніцы падтрабуе дэталёвага разгляду і, магчыма, перамяшчэння часткі насельніцтва ў некаторых пунктах”38.
У студзені 1944 г. Чэрчыль параіў кіраўніку польскага эмігранцкага ўрада Ст. Мікалайчыку прыняць прапановы саюзнікаў, падкрэсліўшы, што Вялікабрытанія пачала вайну дзеля існавання моцнай, свабоднай і незалежнай Польшчы, а не дзеля лініі яе граніцы39. У пасланні да Сталіна ад 7 сакавіка 1944 г. кіраўнік брытанскага ўрада адзначыў, што Вялікабрытанія безумоўна падтрымае патрабаванне аб правядзенні польска-савецкай граніцы па „лініі Керзана” на канферэнцыі аб перамір’і або на мірнай канферэнцыі, а дагэтуль спрэчныя тэрыторыі павінны знаходзіцца пад часовым кіраваннем СССР з допускам на іх брытанскіх і амерыканскіх назіральнікаў40. Аднак выказванні Чэрчыля абурылі Сталіна. 23 сакавіка 1944 г. ён катэгарычна адхіліў магчымасць вынясення пытання аб польска-савецкай граніцы на мірную канферэнцыю41.
Больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да праблемы беларуска-польскай мяжы займалі ЗША. У дакументах, якія распрацоўваліся дзярждэпартаментам ЗША ў 1943-1944 гг., сцвярджалася, што тэрыторыі Усходняй Польшчы (г.зн. Польшчы ў даваенных межах) у этнічных адносінах у большай меры з’яўляюцца польскімі, чым беларускімі. Звярталася ўвага на тое, што „крэсы” змяшчаюць 2/3 здабываемай нафты, палову лясоў і большую частку прыроднага газу і таму „маюць большае значэнне для Польшчы, чым для Савецкага Саюза”42. Беларусы кваліфікаваліся як „культурна адсталае сялянскае насельніцтва, якое не мае пэўных палітычных груповак і праграм”43. На Тэгеранскай канферэнцыі Рузвельт заявіў, што хаця ён у прынцыпе падтрымлівае прапанову Чэрчыля аб будучай польска-савецкай граніцы, але ўстрымаецца ад публічных выказванняў да прэзідэнцкіх выбараў 1944 г. з-за магчымасці негатыўнага ўспрыняцця такіх заяваў выбаршчыкамі-палякамі44. У чэрвені 1944 г. падчас візіту Мікалайчыка ў ЗША прэзідэнт Рузвельт і дзяржсакратар Э. Сцецініус рэкамендавалі польскаму эміграцыйнаму ўраду заняць больш жорсткую пазіцыю ў пытанні магчымага перагляду ўсходніх граніц. Як заявіў Сцецініус, „у недалёкай будучыні палітыка Вашынгтона (...) вернецца да сваіх асноўных маральных прынцыпаў і зможа моцна і паспяхова падтрымаць Польшчу”45. Мікалайчык і яго ўрад выканалі пажаданні, але ўвосень 1944 г. кіраўнікі ЗША зноў адышлі на пазіцыю тэгеранскіх дамоўленасцей. У пасланні да Сталіна ад 16 снежня 1944 г. Рузвельт адзначаў: „Злучаныя Штаты не супраць таго, каб тэрытарыяльныя пытанні, звязаныя з Польшчай (...) былі вырашаны на аснове ўзаемнага пагаднення непасрэдна зацікаўленых у гэтай праблеме бакоў”46. Адпаведная думка была выказана ў афіцыйнай заяве дзярждэпартамента ЗША, з якой 18 снежня 1944 г. выступіў Сцецініус. У заяве гаварылася, што Злучаныя Штаты лічаць, што праблема польска-савецкай граніцы можа быць вырашана толькі на перагаворах Польшчы і СССР. Да моманту дасягнення дамоўленасці паміж Польшчай і СССР ЗША ўстрымліваліся ад прызнання якіх-небудзь граніц на ўсходзе47.
Закранаючы пазіцыю Францыі, трэба заўважыць, што пасля ваеннага разгрому ў 1940 г. яна не адгрывала значанай ролі ў міжнародных справах. Уплыў Францыі пачаў узрастаць толькі пасля таго як вызначыўся яе новы палітычны лідэр, генерал Ш. дэ Голь, які ўзначаліў Французскі камітэт нацыянальнага вызвалення і пачаў барацьбу за вызваленне сваёй радзімы. Дэ Голь лічыў дапушчальным змену польскіх граніц на ўсходзе пры ўмове кампенсацыі Польшчы тэрыторыямі на захадзе. 20 снежня 1943 г. у размове з паслом Польшчы пры ФКНВ Мараўскім ён звярнуў увагу польскага дыпламата на тое, што французская грамадскасць не можа адназначна выказацца ў падтрымку ўсходніх граніц даваеннай Польшчы, хаця французы застаюцца прыхільнікамі аднаўлення моцнай Польшчы48. 28 красавіка 1944 г. дэ Голь заявіў, што французскі ўрад не прызнае змены польскіх граніц на ўсходзе пасля 1939 г., і прапанаваў прадстаўніку СССР А. Я. Багамолаву правесці перагаворы з польскім эмігранцкім урадам па праблеме граніцы. Савецкі дыпламат катэгарычна адхіліў прапанову49.
У канцы 1944 г. пазіцыя Францыі па пытанні аб польска-савецкай граніцы стала мяняцца. Падчас знаходжання з візітам у СССР у студзені 1944 г. дэ Голь (гэтым разам ён прадстаўляў часовы ўрад Францыі) падкрэсліў, што Францыя не супраць таго, каб новая граніца паміж СССР і Польшчай была праведзена па „лініі Керзана” пры ўмове пашырэння Польшчы на захадзе50.
У лютым 1945 г. на Ялцінскай канферэнцыі СССР, Вялікабрытанія і ЗША дамовіліся аб правядзенні ўсходняй граніцы Польшчы па „лініі Керзана” з адступленнем ад яе ў некаторых раёнах ад 5 да 8 км на карысць Польшчы51. Трохі пазней кіраўніцтва СССР пагадзілася зрабіць адступленне на карысць Польшчы на глыбіню ў 30 км на тэрыторыі Украіны і на 17 км на тэрыторыі Беларусі. Новая граніца атрымала прызнанне з боку саюзнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі.
У кастрычніку 1943 г. кіраўніцтва СССР паставіла пытанне аб прыёме Украінскай, Беларускай, Малдаўскай, Літоўскай, Латвійскай і Карэла-Фінскай ССР у склад Камісіі Аб’яднаных Нацый па ваенных злачынствах, але ЗША і Вялікабрытанія адмовіліся прыняць адпаведную прапанову, спаслаўшыся на тое, што рэспублікі ў складзе СССР не валодаюць правамі суверэнных дзяржаў. 1 лютага 1944 г. сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла закон, які дазваляў рэспублікам уступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні, абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўнікамі. У адпаведнасці з прынятым законам былі ўнесены змены ў Канстытуцыю СССР 1936 г. і Канстытуцыю БССР 1937 г. 28 жніўня 1944 г. пасол СССР у ЗША А. А. Грамыка на канферэнцыі ў Думбартан-Оксе (каля Вашынгтона), дзе разглядаліся пытанні падрыхтоўкі Статута ААН, паставіў пытанне аб уключэнні ў склад міжнароднай арганізацыі на правах яе першапачатковых удзельнікаў 16 рэспублік, якія ўваходзілі ў склад СССР52.
Прапанова савецкага кіраўніцтва была ўспрынята саюзнікамі СССР без энтузіязму, бо яны разглядалі канстытуцыйныя змены ў СССР галоўным чынам як спробу ўзмацніць пазіцыі Савецкага Саюза на міжнародных форумах. На сустрэчы з кіраўніком дэлегацыі ЗША на канферэнцыі Э. Сцецініусам 29 жніўня 1944 г. Рузвельт заявіў, што пытанне аб членстве савецкіх рэспублік у арганізацыі можна будзе паставіць толькі пасля яе стварэння53. Адпаведны погляд прэзідэнт ЗША выказаў у пасланні да Сталіна 1 верасня 1944 г.54
Больш лаяльна паставілася да савецкай прапановы Вялікабрытанія. У мемарандуме брытанскага МЗС ад 5 снежня 1944 г. гаварылася: „Мы павінны быць падрыхтаванымі да пытання аб прызнанні саюзных рэспублік і абмене з імі дыпламатычнымі прадстаўнікамі”55. Аднак брытанская дыпламатыя лічыла мэтазгодным адкласці адпаведнае пытанне да завяршэння вайны ў Еўропе56.
Пытанне аб членстве рэспублік у міжнароднай арганізацыі было паднята савецкім бокам на Ялцінскай канферэнцыі 1945 г. 7 лютага 1945 г. пры абмеркаванні пытанняў, звязаных з дзейнасцю ААН, Молатаў запатрабаваў уключыць у склад арганізацыі на правах яе заснавальнікаў Украінскую, Беларускую і Літоўскую ССР57.
Супраць прапановы Молатава выступіў Рузвельт, які заўважыў, што ў выпадку допуску на канферэнцыю прадстаўнікоў брытанскіх дамініёнаў і савецкіх рэспублік будзе парушаны прынцып, у адпаведнасці з якім кожны член арганізацыі павінен мець толькі адзін голас58. Аднак СССР атрымаў падтрымку з боку Вялікабрытаніі. Чэрчыль у пасланні да віцэ-прэм’ера К. Этлі ад 8 лютага 1945 г. рэкамендаваў прыняць прапанову аб прыёме ў ААН савецкіх рэспублік. У той жа дзень брытанскі ўрад выказаўся на карысць прыняцця Беларускай і Украінскай ССР у міжнародную арганізацыю59.
Апынуўшыся ў адзіноце, дэлегацыя ЗША была вымушана скарэкціраваць сваю пазіцыю. Рузвельт у размове з дзяржсакратаром ЗША Сцецініусам заявіў, што членства Украіны і Беларусі не зменіць становішча СССР у міжнароднай арганізацыі, бо фактычная ўлада там будзе належаць Савету Бяспекі, дзе кожная краіна будзе мець толькі адзін голас. Таксама прэзідэнт ЗША заўважыў, што з пункту погляду геаграфіі і насельніцтва прапановы аб прадстаўленні двух дадатковых галасоў для Украіны і Беларусі дастаткова абгрунтаваныя60.
8 лютага 1945 г. нарада міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі разглядзела пытанне аб уключэнні Украінскай, Беларускай і Літоўскай ССР. Па выніках дыскусіі было вырашана дапусціць у склад ААН на правах яе першапачатковых удзельнікаў УССР і БССР61.
10 лютага 1945 г. Рузвельт паставіў пытанне аб неабходнасці прадстаўлення ЗША большай колькасці галасоў у Асамблеі ААН, спаслаўшыся на тое, што прадстаўленне СССР трох галасоў пры захаванні за ЗША толькі аднаго голасу можа выклікаць негатыўную рэакцыю Кангрэса і народа Злучаных Штатаў. Сталін успрыняў словы кіраўніка ЗША са спачуваннем і 11 лютага 1945 г. выказаў гатоўнасць афіцыйна падтрымаць прапанову аб прадстаўленні ЗША трох галасоў у Асамблеі62. Гатоўнасць падтрымаць прапанову аб прадстаўленні ЗША трох галасоў супраць аднаго выказаў таксама і Чэрчыль63.
Даўшы прынцыповую згоду на ўключэнне Беларускай і Украінскай ССР у ААН на правах яе сузаснавальнікаў, прэзідэнт ЗША папрасіў удзельнікаў Ялцінскай канферэнцыі захаваць дамоўленасць у тайне, спаслаўшыся на магчымасць узнікнення палітычных цяжкасцей у яго краіне. Прапанова прэзідэнта ЗША была ўспрынята яго партнёрамі па перагаворах са спачуваннем.
23 сакавіка 1945 г. у выступленні перад дэлегацыяй ЗША, якая накіроўвалася на ўстаноўчую канферэнцыю ААН у Сан-Францыска, Рузвельт паведаміў пра ялцінскія дамоўленасці адносна прыёму ў арганізацыю дзвюх савецкіх рэспублік. 29 сакавіка адпаведная інфармацыя з’явілася ў друку. Прэса і апазіцыя абвінавацілі прэзідэнта ЗША ў „парушэнні законнага прынцыпу роўнага прадстаўніцтва ў Асамблеі для ўсіх суверэнных дзяржаў”. Неадназначную рэакцыю выклікала адпаведная інфармацыя і ў свеце. У прыватнасці, даволі нервова адрэагавала на паведамленне аб магчымасці прыёму рэспублік у ААН Францыя64.
3 красавіка 1945 г. Сцецініус на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне заявіў, што савецкія рэспублікі не будуць запрошаны на канферэнцыю ў Сан-Францыска, бо яны не з’яўляюцца Аб’яднанымі Нацыямі. Таксама амерыканскі дыпламат заўважыў, што ЗША не будуць патрабаваць для сябе дадатковых галасоў у Генеральнай Асамблеі.
Толькі пад ціскам дэлегацыі СССР на канферэнцыі ў Сан-Францыска пазіцыя ЗША змякчылася. 22 красавіка 1945 г. прэзідэнт ЗША Г. Трумэн у дырэктыве да Э. Сцецініуса, які быў прызначаны кіраўніком амерыканскай дэлегацыі на канферэнцыі, пісаў: „Для лаяльнага выканання на канферэнцыі абавязацельства, якое было дадзена па гэтым пытанні прэзідэнтам Рузвельтам ад імя ўрада Злучаных Штатаў, я даручаю Вам аддаць голас Злучаных Штатаў за прыём Украінскай і Беларускай рэспублік у першапачатковыя члены міжнароднай арганізацыі”65.
30 красавіка Беларуская і Украінская ССР атрымалі афіцыйныя запрашэнні на канферэнцыю ў Сан-Францыска, 6 мая іх дэлегацыі далучыліся да яе работы. Такім чынам БССР змагла выступіць у якасці сузаснавальніка ААН.
Падводзячы агульны вынік можна сказаць, што ў 1914-1945 гг. вядучыя дзяржавы Захаду разглядалі Беларусь выключна як аб’ект сваіх геапалітычных камбінацый. Яны не жадалі прызнаваць незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах і не перашкаджалі перадзелам беларускай тэрыторыі, якія праводзіліся суседзямі Беларусі (Польшчай, Расіяй, Літвой, Украінай). Больш цесна з беларускімі справамі была звязана Германія, якая геаграфічна знаходзілася бліжэй да Беларусі. Германская палітыка на беларускіх землях аб’ектыўна спрыяла развіццю нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Аднак узаемадзеянне праходзіла пераважна ва ўмовах акупацыі, што ўскладняла кантакты паміж немцамі і беларусамі, бо Беларусь у такіх умовах разглядался як аб’ект каланізацыі, а не раўнапраўны партнёр. Вялікабрытанія, Францыя і ЗША ў параўнанні з Германіяй цікавіліся праблемамі беларусаў меней, але менавіта рашэнне Антанты адносна ўсходняй граніцы Польшчы, прынятае ў 1919 г. аказала ўплыў на вызначэнне граніцы паміж Польшчай і Беларуссю. У гады 2-й сусветнай вайны вядучыя дзяржавы Захаду пачалі адыходзіць ад ранейшай пазіцыі непрыняцця ідэі беларускай дзяржаўнасці. Яны прызналі права беларусаў жыць у граніцах, у асноўным адпавядаючым межам іх этнаграфічнага рассялення, і далі згоду на падключэнне Беларусі (у асобе БССР) да міжнароднага дыялогу ў якасці суб’екта міжнароднага права.
Streszczenie
Podczas I wojny światowej Niemcy, planując system państw buforowych oddzielających je od Rosji, zakładali podział Białorusi i przyłączenie Wileńszczyzny, Białostocczyzny i Grodzieńszczyzny do okręgu, w składzie którego miały być jeszcze Litwa i Kurlandia. Miało to być terytorium nowego Wielkiego Księstwa Litewskiego, powiązanego z Niemcami. Niemcy nie przewidywali istnienia państwa białoruskiego, czego wymownym dowodem był traktat pokojowy z Rosją podpisany 10 lutego 1918 r. Rada Białoruskiej Republiki Ludowej, ogłaszając 25 marca 1918 r. niepodległość, chciała zapobiec podziałowi jednolitego etnicznie białoruskiego terytorium. Niepodległość Białorusi nie istniała także w żadnych strategicznych planach państw Ententy, chociaż rządy Anglii, Francji i Stanów Zjednoczonych interesowały się tą częścią Europy. Białorusi wyznaczano jednak rolę kawałka ziemi rosyjskiej. Rewizja myślenia geopolitycznego mocarstw europejskich nastąpiła dopiero w 1939 r., gdy Stalin uzasadnił zajęcie połowy terytorium II Rzeczypospolitej wolą białoruskiego i ukraińskiego narodu do bycia w jednym państwie. Eksponowanie czynnika białoruskiego do własnej gry politycznej z aliantami przez Stalina uczyniło jednak z Białorusi podmiot prawa międzynarodowego. BSRR w kwietniu 1945 r. została państwem założycielskim Organizacji Narodów Zjednoczonych.
1 Dokumente zur deutshen Geschichte. 1914-1917, Berlin 1976, s. 38.
2 Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора, [у:] Сборник документов, т. 1, Москва 1968, с. 702.
3 Там жа, с. 709-710.
4 J. Pajewski, Mitteleuropa. Studia z dziejów imperializmu niemieckiego w dobie pierwszej wojny światowej, Poznań 1959, s. 92.
5 Н. П. Евдокимова, Между Востоком и Западом. Проблема сепаратного мира и маневры дипломатии австро-германского блока в 1914-1917 гг., Ленинград 1985, с. 48.
6 В. В. Готлиб, Тайная дипломатия во время первой мировой войны, Москва 1960, с. 387.
7 Э. Людендорф, Мои воспоминания о войне 1914-1918 гг., Москва 1924, т. 2, с. 58.
8 Советско-германские отношения..., т. 1, с. 719.
9 „Дранг нах Остен” и историческое развитие стран Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, Москва 1967, с. 144.
10 А. Станкевіч, Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня, Вільня 1935, с. 80.
11 Мирные переговоры в Брест-Литовске, т. 1, Москва 1920, с. 203-204.
12 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага 1998, т. І, кн. 1, с. 122.
13 Народны архіў рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 325. воп. 1, спр. 8, арк. 53.
14 „Нёман”, 1995, нр 1, c. 144.
15 „Biełaruskaje Życcio”, 1919, 6 kastr.
16 „Нёман”, 1995, нр 1, c. 146.
17 Документы и материалы по истории советско-польских отношений, т. II, Москва 1964, с. 369.
18 „Нёман”, 1995, нр 1, c. 147.
19 „Беларусь”, 1919, 10 снеж.
20 „Спадчына”, 1998, нр 1, c. 179-180.
21 Ю. Туронак, Беларусь пад нямецкай акупацыяй, Мінск 1993, с. 33.
22 СССР — Германия. 1939-1941, т. 1, Вильнюс 1989, с. 62.
23 Там жа, с. 87.
24 Г. П. Розанов, Сталин — Гитлер: Документальный очерк советско-германских дипломатических отношений, 1939-1941, Москва 1991, с. 114.
25 СССР — Германия, т. 1, с. 96.
26 Откровения и признания. Нацистская верхушка о войне „третьего рейха” против СССР. Секретные речи. Дневники. Воспоминания, Смоленск 2000, с. 78.
27 Там жа, с. 45.
28 Ю. Туронак, Беларусь пад нямецкай акупацыяй, с. 37.
29 Там жа.
30 Там жа, с. 38.
31 Нюрнбергский процесс. Сборник материалов в 8-ми томах, Москва 1989, т. 3, с. 551.
32 Белорусские остарбайтеры, кн. 1, Москва 1996, с. 48.
33 Ю. Туронак, Беларусь пад нямецкай акупацыяй, с. 118-119.
34 Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов Советов, конференций и пленумов ЦК, Москва 1971, т. 6, с. 108.
35 У. Черчилль, Вторая мировая война, Москва 1991, т. 2, с. 183.
36 Там жа, с. 196.
37 В. М. Бережков, Страницы дипломатической истории, Москва 1982, с. 120.
38 У. Черчилль, Вторая мировая война, Москва 1991, т. 3, с. 231.
39 Переписка Председателя Совета Министров СССР с президентами США и премьер-министрами Великобритании во время Великой Отечественной войны, т. I, Москва 1957, с. 193.
40 Переписка..., т. 1, с. 208-209; J. Ślusarczyk, Rola sojuszu polsko-radzieckiego w formowaniu nowego kształtu Państwa Polskiego i jego orientacji międzynarodowej. Kwiecień 1943 — kwiecień 1945, Warszawa 1986, s. 33.
41 Переписка..., т. 1, с. 214.
42 Назаўсёды разам, Мінск 1999, с. 143.
43 Там жа.
44 В. Бережков, Рядом со Сталиным, Москва 1998, с. 303.
45 Там жа, с. 304.
46 Секретная переписка Рузвельта и Черчилля в период войны, Москва 1995, с. 713.
47 Переписка..., т. 2, Москва 1957, с. 174.
48 Ш. Де Голль, Военные мемуары, т. 2, Москва 1960, с. 243.
49 Там жа, с. 763; Советско-французские отношения в годы Великой Отечественной войны, т. 2, 1944-1945, Москва 1983, с. 44-45.
50 Советско-французские отношения..., т. 2, с. 177.
51 Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны 194-1945 гг. Сборник документов, т. 4, Москва 1984, с. 280.
52 Там жа, т. 3, Москва 1984, с. 136.
53 Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны, 1941-1945 гг.: Сборник документов, т. 3, Москва 1984, с. 141.
54 Там жа, с. 151.
55 В. Е. Снапковский, Путь Беларуси в ООН, Минск 1994, с. 53.
56 Там жа, с. 54.
57 Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны, 1941-1945 гг.: Сборник документов, т. 4, с. 112.
58 Там жа, с. 113.
59 В. Е. Снапковский, Путь Беларуси в ООН, с. 67.
60 Там жа, с. 68.
61 Там жа, с. 71.
62 Там жа, с. 75.
63 Там жа.
64 Там жа, с. 89-90.
65 Там жа, с. 103-104.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|