|
Спробы заключэння беларуска-польскага саюза ў 1919 г.
Рыгор Лазько
(Гомель)
Адпаведна з вядомым азначэннем, палітыка — гэта майстэрства магчымага. У першыя гады існавання БНР маладыя беларускія палітыкі вучыліся гэтаму майстэрству ў нялёгкіх умовах, калі адна акупацыя змяняла другую, а новы дзень нёс пагрозу чарговай акупацыі. Адсутнасць магчымасцей для нармальных кантактаў паміж людзьмі з’яўлялася адной з характэрных рысаў гэтай сітуацыі, абвастраючы праблему слабасці і распыленасці беларускіх нацыянальных сіл. У час, які будзе нас цікавіць — вясной-летам 1919 г., калі польскія войскі ўступалі ў Вільню, нават сябры Рады народных міністраў БНР знаходзіліся ў розных месцах: у Вільні, Горадні, Берліне. Тым не менш, і ў гэтай сітуацыі яны імкнуліся выкарыстаць усе магчымасці для барацьбы за інтарэсы Беларусі, уключаючы і дыпламатычныя сродкі. У гэтай сувязі варта звярнуць увагу на малавядомы, але істотны фрагмент гісторыі барацьбы за пераўтварэнне Беларусі ў суб’ект міжнароднай палітыкі — спробы заключэння ўрадам БНР польска-беларускага саюза летам 1919 г.
Названыя спробы былі даўно заўважаны гісторыкамі, пачынаючы з першага, напэўна, упамінання аб іх, зробленага А. Бергман у біяграфічным нарысе аб Антоне Луцкевічу1. Праз 20 гадоў у Польшчы ўжо шырэй аб іх напісала К. Гамулка, а следам за ёю і А. Латышонак2. Гісторыкі з Беларусі па вядомых прычынах змаглі звярнуцца да гэтай праблемы толькі ў канцы так званай „перабудовы”. Першым гэта зрабіў А. Сідарэвіч, які ў часопісным варыянце сваёй кнігі аб Антоне Луцкевічу3 разглядае эпізод перамоў свайго героя ў Парыжы і Варшаве з кіраўнікамі Польшчы летам і восенню 1919 г. Праца цікавая тым, што ў ёй выкарыстаны раней невядомыя дакументы Луцкевіча, якія захоўваюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы. Праз некалькі гадоў да гэтага сюжэту звярнуліся Р. Платонаў і М. Сташкевіч, якія мелі магчымасць выкарыстаць тады яшчэ неапублікаваныя паказанні А. Луцкевіча на адным з допытаў пасля яго арышту ў канцы 1939 г.4 Праца, на жаль, не мае бібліяграфічнага апарату. А. Ціхаміраў выкладае пытанне аб перагаворах Луцкевіча з І. Падарэўскім, арыентуючыся, у асноўным, на публікацыю вышэйзгаданых аўтараў5. Аднак у адрозненне ад іх ён заўважыў і ўлічыў цікавасць да беларускага пытання з боку прадстаўнікоў „белай” Расіі ў Парыжы. Нам здаецца, што менавіта на гэтым шляху, уключаючы разгляд беларускага пытання ў шырэйшы міжнародны кантэкст, можна якраз і дасягнуць лепшага, чым да гэтага часу, асвятлення спробаў уладаў БНР заключыць палітычны і вайсковы саюз з Польшчай у 1919 г. Гэта адзін з матываў нашага звароту да гэтай праблемы. Другі заключаецца ў тым, каб увесці ў навуковы ўжытак асобныя дакументы з Архіва новых актаў у Варшаве, мала вядомыя даследчыкам палітычнай дзейнасці БНР, асабліва ў Беларусі, і гэтым садзейнічаць вырашэнню той самай задачы.
Перш чым звярнуцца да разгляду гэтых спробаў, неабходна вызначыць той гістарычны кантэкст, у якім яны ажыццяўляліся. Юзаф Пілсудскі, кіраўнік польскай дзяржавы, вёў свае войскі на Беларусь, ажыццяўляючы палітыку „здзейсненых фактаў”, мэтай якой было аслабленне Расіі, яе „адкідванне” як найдалей на ўсход. Улічваючы, галоўным чынам, міжнародна-палітычную кан’юнктуру, Пілсудскі і яго прыхільнікі лічылі найлепшым сродкам для рэалізацыі гэтай мэты ажыццяўленне ідэі федэрацыі з Польшчай тых дзяржаў, якія нараджаліся на ўсходніх тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай. Аднак дэлегатам кіраўніка дзяржавы, пасланым у Парыж, не ўдалося пераканаць у слушнасці гэтай канцэпцыі прадстаўнікоў Польскага нацыянальнага камітэта, разам з якімі яны стварылі адзіную дэлегацыю Польшчы на мірнай канферэнцыі. Большасць членаў дэлегацыі пад кіраўніцтвам Рамана Дмоўскага трымаліся думкі, што федэратыўны прынцып уладкавання на Усходзе стварае пагрозу ўмацавання ў Літве, Беларусі і на Украіне ўплываў Германіі або Расіі. У спецыяльна створаную камісію мірнай канферэнцыі (камісія Камбона) была перададзена праграма інкарпарацыі Польшчай тэрыторый на Усходзе адпаведна з вядомай „лініяй Дмоўскага”. Фактычна гэта была праграма падзелу Беларусі і Украіны паміж Польшчай і Расіяй. Адказам на яе было рашэнне камісіі Камбона, прынятае 22 красавіка, аб тым, што пытанне аб усходняй мяжы Польшчы можа быць вырашана толькі пасля ўсталявання ў Расіі ўрада, з якім саюзныя дзяржавы змогуць весці перамовы6. У гэтым рашэнні адлюстроўвалася арыентацыя заходніх дзяржаў на перамогу „белай” Расіі ў грамадзянскай вайне.
Пілсудскі не стаў чакаць гэтай ласкі ад заходніх дзяржаў, і ў той самы час, як камісія Камбона рыхтавала сваё рашэнне аб польскай усходняй граніцы, ён падрыхтаваў адзін з важнейшых „здзейсненых фактаў” у сваёй усходняй палітыцы — захоп Вільні. Гэтая аперацыя распрацоўвалася ім у вялікай тайне, нават без удзелу штаба, калі польскія войскі яшчэ вялі баі ва Усходняй Галіцыі і адначасова рыхтаваліся да баранавіцкай аперацыі. Горад быў узяты ў выніку трохдзённых баёў (19-21 красавіка). Пры ажыццяўленні гэтай аперацыі сантыменты Пілсудскага-віленчука дзіўным чынам перапляліся з разлікамі Пілсудскага-палітыка. Вільня была для яго не толькі горадам яго маладосці, але і былой сталіцай Вялікага княства Літоўскага, цэнтрам культуры трох народаў. Жонка сведчыць, што ён заўсёды браў з сабой у паходы медальёнчык з выявай Божай Маці Вастрабрамскай, „Патоп” Генрыка Сянкевіча і „Хроніку” Мацея Стрыйкоўскага. Так было і ў паходзе на Вільню7. Уязджаючы ў горад, Пілсудскі разлічваў, што Вільня стане тым „магнітам”, які будзе прыцягваць ковенскую і ўсю гістарычную Літву, выконваючы такім чынам важную ролю ў ажыццяўленні федэратыўных планаў. Таму не выпадкова свой зварот да мясцовага насельніцтва Пілсудскі назваў „Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага”. У гэтым звароце ён пастараўся давесці, што польскае войска ідзе на гістарычную Літву дзеля яе вызвалення. Насельніцтву была абяцана магчымасць самастойна вырашаць свае ўнутраныя, нацыянальныя і рэлігійныя справы, і ўдзел у будучых дэмакратычных выбарах у прадстаўнічы орган, назву і статус якога Пілсудскі назваць паасцярогся. Ён паведаміў, што падрыхтоўкай выбараў зоймецца прызначанае ім цывільнае ўпраўленне краем на чале з Ежы Асмалоўскім, якое будзе складацца з мясцовых людзей8. Пытанне аб дзяржаўнай самастойнасці краю Пілсудскі абышоў маўчаннем.
Віленская адозва была не адназначна сустрэта беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Даволі хутка ў сувязі з ёю сярод дзеячаў БНР пачалі фарміравацца два накірункі ў адносінах да польскай палітыкі ў Беларусі: так бы мовіць, кампрамісна-культурніцкі, — яго прыхільнікі згаджаліся да лепшых часоў засяродзіцца на асветніцкай працы, каб у гэтай сферы „вырваць” у палякаў „што ўдасца”9, і накірунак цвёрдых дзяржаўнікаў, згодных супрацоўнічаць з Польшчай толькі пры ўмове прызнання ёю беларускай дзяржавы. Яснай мяжы паміж гэтымі двума накірункамі пэўны час не было. Аркадзь Смоліч, пасланы Антонам Луцкевічам з Берліна ў Вільню, пазітыўна паставіўся да адозвы. Віленская Беларуская Рада ў гэты ж час у дэкларацыі, уручанай Пілсудскаму, выказала надзею, што ён дапаможа аб’яднаць усю Беларусь і адбудаваць яе незалежную дзяржаву10. Аднак даволі хутка гэта надзея пачала рассейвацца, а разам з гэтым змяніліся і адносіны ўрада БНР да адозвы Пілсудскага і той палітыкі, якая на ёй грунтавалася. А. Смоліч як прадстаўнік урада БНР у канцы красавіка ў Варшаве перадаў зварот беларускага ўрада да ўрада Польшчы з просьбай аб прызнанні акта самавызначэння беларускага народа11. Адказу, напэўна, не было — польскі ўрад не хацеў такім спосабам прызнаваць фактычнае існаванне БНР. Таму 8 мая Рада народных міністраў БНР накіравала ноту старшыні мірнай канферэнцыі ў Парыжы, пратэстуючы супраць польскай акупацыі Віленшчыны і ўстанаўлення тут польскай цывільнай адміністрацыі. Найбольш востры пратэст з яе боку выклікаў намер польскіх уладаў правесці на акупаванай тэрыторыі выбары12. Гэта рэакцыя беларускага палітычнага прадстаўніцтва на віленскую адозву сведчыла аб тым, што яна прынесла Польшчы палітычны капітал, стымулюючы складванне прапольскай плыні ў беларускім нацыянальным руху, хаця, напэўна, меншы, чым Пілсудскі спадзяваўся. Характэрна, што менавіта пасля сваіх варшаўскіх кантактаў, сярод якіх была і сустрэча з Пілсудскім, той жа Смоліч гаварыў Браніславу Тарашкевічу аб неабходнасці вырваць у палякаў „што ўдасца” ў сферы культуры і мясцовага прадстаўніцтва.
Выясніўшы рэакцыю беларускіх нацыянальных арганізацый на віленскую адозву, Пілсудскі зразумеў неабходнасць працягваць манеўраванне па беларускім пытанні, абапіраючыся на тую плынь у нацыянальным руху, якая зарыентавалася на супрацоўніцтва з Польшчай. Ён пісаў аб гэтым у лісце да Падарэўскага ў Парыж 4 мая (пасля сустрэчы са Смолічам). Тут ён выказаўся супраць падзелу Беларусі як з Расіяй, за што выступалі эндэкі, так і з Літвой, чаго патрабавалі ковенскія ўлады. Складванне ў беларускім руху прапольскай плыні дазволіла Пілсудскаму выказацца ў падтрымку супрацоўніцтва з групай палітыкаў, звязаных з „астаткамі беларускіх радаў” — мясцовых прадстаўнічых органаў, якія ствараліся ў адказ на заклік Рады БНР ад 28 лістапада 1918 г.13 Дакладна не вядома, з якіх крыніц Пілсудскі меў аб іх інфармацыю — відавочна, не толькі ад Смоліча, — але паказальна тое, што ён праігнараваў іншую магчымасць супрацоўніцтва — з агульнабеларускім палітычным прадстаўніцтвам — Радай БНР і яе ўрадам. Пілсудскі не назваў матыву адхілення ім супрацоўніцтва з агульнабеларускім прадстаўніцтвам, але ён відавочны. Затое кіраўнік польскай дзяржавы аргументаваў свой выбар на карысць мясцовых радаў: звязаныя з імі палітыкі „жадаюць, каб Беларусь не была падзелена і просяць у Польшчы дапамогі для дасягнення гэтай мэты. Гэты козыр у далейшым можна будзе выкарыстаць супраць літоўскіх выхаванкаў Германіі”14. Такім чынам, відавочна, што Пілсудскі трымаў у рэзерве варыянт уключэння Беларусі ў будучую федэратыўную сістэму, загадзя не жадаючы беларусам абяцаць што-небудзь, а з другога боку, спадзяваўся выкарыстаць барацьбу беларускіх лідэраў за непадзельнасць Беларусі як адзін са сродкаў для забеспячэння літоўскага звяна ў сваіх федэратыўных планах.
Жаданне Пілсудскага выкарыстаць беларускі „козыр” для націску на Літву сведчыць нам аб цеснай сувязі двух накірункаў яго ўсходняй палітыкі. Сапраўды, адна Беларусь у ролі саюзніцы Польшчы, маючы на флангах варожыя Польшчы дзяржавы, была б хутчэй фактарам слабасці, а не сілы ў польскім становішчы ў пасляваеннай Еўропе. Таму Пілсудскі надаваў вялікае значэнне прыцягненню да будучай федэрацыі Літвы і Наддняпроўскай Украіны. Аднак перашкодай у рэалізацыі яго планаў на літоўскім накірунку была тэрытарыяльная спрэчка паміж дзвюма дзяржавамі, якая прымушала Літву гарнуцца да Германіі, а пазней і да Савецкай Расіі, а таксама жаданне літоўскай нацыянальнай эліты закрыць канал паланізацыі літоўскага насельніцтва, якім было сумеснае існаванне дзвюх народаў у адной дзяржаве. Пілсудскі яшчэ ў снежні 1918 г. выказваў гатоўнасць аказаць Літве вайсковую дапамогу, калі яна адмовіцца ад прэтэнзій на тэрыторыю гістарычнай Літвы, з яе „безумоўна польскімі” абшарамі. Тады Пілсудскі быў упэўнены, што можа размаўляць з Літвой з пазіцыі сілы, таму не спыніўся перад апублікаваннем такога адказу на ўручаны яму адрас мясцовых літоўцаў: „Польшча не мае нічога супраць таго, каб узнікла незалежная літоўская дзяржава, аднак здаецца, што ў дзяржаўных адносінах Літва будзе аб’яднаная з Польшчай”15. На працягу наступных некалькіх месяцаў Варшаве не ўдалося схіліць Коўна да гэтай жа думкі.
24 сакавіка 1919 г. прэм’ер-міністр Літвы А. Вальдэмарас уручыў старшыні мірнай канферэнцыі ў Парыжы ноту, у якой выказваліся прэтэнзіі на тэрыторыі былых Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Сувалкаўскай губерняў, а таксама на частку Курляндыі і Усходняй Прусіі16. Такім чынам, Літва прэтэндавала на вялікую частку беларускіх і польскіх этнічных зямель. Але калі б яна і не мела прэтэнзій на польскія тэрыторыі, усё роўна яе тэрытарыяльныя апетыты на ўсходзе і поўдні ішлі супраць польскіх геапалітычных інтарэсаў, пагражаючы адрэзаць Польшчу ад Прыбалтыкі і звужаючы поле магчымых яе палітычных уплываў. Не знайшоўшы легальных сродкаў уздзеяння на Коўна, Пілсудскі, стары канспіратар і тэрарыст, вырашыў дзейнічаць нелегальным шляхам. У той час, як рыхтаваўся паход на Вільню, ён паслаў у Коўна сакрэтную місію з даручэннем схіліць мясцовых дзеячаў — краёўцаў да сумеснага з палякамі выступлення ў момант захопу імі Вільні, каб абвясціць аб адраджэнні Вялікага княства Літоўскага17. Гэты на першы погляд фантастычны план меў пад сабой пэўны палітычны грунт, бо на мяжы 1918-1919 гг. краёўцы — носьбіты традыцый Вялікага княства Літоўскага — праяўлялі вялікую актыўнасць як у Польшчы, так і на Віленшчыне і ў Коўне. Погляды розных іх груп на палітычнае ўладкаванне ўсходніх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай вагаліся ў межах ад уніі адроджанага ВКЛ з Польшчай да аўтаноміі Беларусі ў складзе польскай дзяржавы. Выбар таго ці іншага варыянта якраз і залежаў ад згоды або нязгоды ковенскай Літвы на адраджэнне ВКЛ18. Ковенскія краёўцы не падтрымалі гэты відавочна антыдзяржаўны (у сэнсе — антылітоўскі) план. Так што адозва „Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага” ў ковенскай Літве не была пачутая.
Аднак Пілсудскі не адступіўся ад сваіх намераў. Ён вырашыў ажыццявіць пераварот у Коўне сваімі людзьмі — супрацоўнікамі аддзела разведкі і контрразведкі яго штаба, якія спадзяваліся абаперціся на кадры Польскай арганізацыі вайсковай (ПАВ). Ключавую ролю ў гэтай аперацыі адыгрывалі В. Славэк, М. Зындрам-Касцялкоўскі, Т. Каспшыцкі; з боку палітыкаў — Л. Васілеўскі; усе блізкія супрацоўнікі Пілсудскага. Ім на дапамогу якраз і патрэбны быў „беларускі козыр”, менавіта — сродак націску, перспектыва перадачы ў склад Беларусі тых беларускіх зямель, на якія прэтэндавала Літва. Важкасць гэтага козыра вырасла пасля заняцця палякамі Мінска 8 жніўня. Аднак у канцы жніўня спроба перавароту ў Коўне правалілася, некалькі соцень змоўшчыкаў было арыштавана19. Гэта няўдача польскіх федэралістаў у чарговы раз адсунула беларускае пытанне ў больш далёкі рэзерв польскай усходняй палітыкі. Яго пачынаюць звязваць з планамі на ўкраінскім накірунку, а беларусы мусілі чакаць іх рэалізацыі.
Менавіта — мусілі, бо для іх складвалася сітуацыя без выйсця, аб чым Пілсудскі ведаў. У прыватнасці, яму было вядома, што Савецкая Расія гатовая саступіць Беларусь неадкладна, у якасці платы за мір з Польшчай, неабходны ёй, каб засяродзіцца на барацьбе з Дзянікіным. Аб гэтым па даручэнні Леніна заявіў прадстаўнікам Пілсудскага Ю. Мархлеўскі, які з сярэдзіны сакавіка вёў з імі сакрэтныя перамовы аб міры20. З гэтых перамоў Пілсудскі вынес перакананне, што можа дзейнічаць у Беларусі без аглядкі на Савецкую Расію. Больш таго, ён упэўніўся ў слабасці бальшавікоў, сцвярджаў, што гатовы іх біць, калі захоча і дзе захоча. Даводзілася толькі ўлічваць пазіцыю Антанты, якая старалася прывесці ў Крэмль Калчака ці Дзянікіна, спадзеючыся, што яны згодзяцца на існаванне Польшчы ў этнічных межах. Інтарэсы Пілсудскага і бальшавікоў супалі ў тым, каб не дапусціць перамогі Дзянікіна. Таму Пілсудскі спыніўся на Беразіне і праз Мархлеўскага паведаміў Леніну, што не будзе працягваць наступленне.
Адносіны Антанты да Дзянікіна ўскосна сведчылі і аб яе стаўленні да беларускага пытання. Дэлегацыя БНР на чале з А. Луцкевічам, з’явіўшыся ў маі на Парыжскай мірнай канферэнцыі, намагалася змяніць негатыўнае стаўленне краін Антанты да незалежнасці Беларусі. Нягледзячы на нявопытнасць беларускай дыпламатыі, ёй удавалася знаходзіць сродкі, здольныя абудзіць пэўную цікавасць да Беларусі як да патэнцыяльнага суб’екта міжнароднай палітыкі. Яна імкнулася выкарыстаць разыходжанні ў адносінах да Польшчы, існаваўшыя паміж Францыяй і Англіяй, рабіла захады дзеля ўключэння БНР у агульны антыбальшавіцкі фронт новых усходнееўрапейскіх дзяржаў. У гэтым фронце меркавалася выкарыстаць беларускія вайсковыя аддзелы, фарміраванне якіх пачалося ў Германіі з ліку ваеннапалонных і ў Францыі з ваеннаслужачых былой расійскай арміі21.
Найбольш перспектыўнай, аднак, аказалася спроба выкарыстаць супярэчнасць польскіх і расійскіх інтарэсаў адносна Беларусі. Польшча, як вядома, імкнулася адарваць Беларусь ад Расіі (у эндэцкім варыянце — яе большую частку), а Расія, натуральна, старалася захаваць яе за сабой. Для парыжскага палітычнага свету гэтая супярэчлівасць выявілася ў заяве І. Падарэўскага, зробленай прадстаўнікам друку пасля яго прыезду ў Парыж як прэм’ер-міністра Польшчы, і рэакцыя на яе прадстаўніка ўрада Калчака на Парыжскай канферэнцыі С. Д. Сазонава. Сазонава абурыла прэтэнзія Падэрэўскага прадстаўляць Польшчу як дзяржаву з 35-мільённым насельніцтвам, тым самым прыпісваючы ёй 17 млн. няпольскага насельніцтва. Для яго было ясна, што беларусы і ўкраінцы „вярнуліся назад у лона Расіі пасля падзелаў”22. Беларуская дэлегацыя наладзіла кантакты з С. Д. Сазонавым, В. А. Маклаковым, іншымі лідэрамі парыжскага асяродка „белай” Расіі. Нечакана яна знайшла ў іх саюзнікаў па пытанні аб непадзельнасці Беларусі і яе заходняй граніцы. В. Маклакоў бараніў гэту пазіцыю ў адной з камісій канферэнцыі23 — відавочна, выступаючы супраць эндэцкіх па сутнасці патрабаванняў польскай дэлегацыі. Безумоўна, гэты дыпламатычны саюз быў чыста тактычны, з вельмі сумніўнымі перспектывамі. Тым не менш, ён прымушаў Польшчу і белую Расію спаборнічаць перад арэапагам вялікіх дзяржаў у выяўленні сваіх імкненняў забяспечыць нацыянальнае развіццё еўрапейскіх народаў былой Расійскай імперыі. Вялікія дзяржавы прызналі ўрад Калчака як агульнарасійскі толькі пасля таго, як у чэрвені 1919 г. адпаведна з парадамі С. Д. Сазонава і В. А. Маклакова ён паабяцаў пайсці насустрач нацыянальным патрабаванням ускраінных народаў Расіі24. Што ж да Польшчы, то для яе дзяржавы-пераможцы распрацавалі своеасаблівы „кодэкс паводзін” у адносінах да няпольскіх народаў, якія ўжо ўвайшлі ў яе склад ці яшчэ маглі б увайсці пасля канчатковага вызначэння граніц. Гэта так званы „малы версальскі дагавор”, падпісаны ў той самы дзень, што і асноўны дагавор — 28 чэрвеня25. Польшча як саперніца Расіі ў справе ўладкавання Усходняй Еўропы, знаходзячыся пад наглядам краін Антанты, не магла праігнараваць намаганні ўрада БНР звярнуць увагу вялікіх дзяржаў на імкненне беларускага народа на самастойнае дзяржаўнае існаванне.
Такім быў палітычны фон сустрэчы паміж А. Луцкевічам і І. Падарэўскім, якая адбылася ў адным з парыжскіх гатэляў у другой палове ліпеня. Дакладную яе дату пакуль устанавіць не ўдаецца. У сваіх паказаннях на допыце 30 кастрычніка 1939 г. А. Луцкевіч сведчыў, што яна адбылася „па заканчэнні двух месяцаў”26 яго працы ў Парыжы. Калі ўлічыць, што яшчэ 22 траўня ён старшыняваў на пасяджэнні Рады народных міністраў БНР, а не пазней 30 траўня быў у Парыжы27, то прыблізную дату яго сустрэчы з польскім прэм’ер-міністрам можна вызначыць каля 20 ліпеня, бо 24 ліпеня Падарэўскі ўжо знаходзіўся ў Варшаве28. У сустрэчы ўдзельнічаў ваенны міністр БНР Я. Ладноў. У справаздачы аб дзейнасці МЗС за 1919 г. А. Луцкевіч пісаў, што сустрэча адбылыся пры пасрэдніцтве „французскіх дзеячоў”; у вышэйназваных паказаннях на допыце ён удакладніў, што імі былі служачыя французскага генштаба29. Узровень пасрэдніцтва быў не надта высокі, таму, можна меркаваць, Падарэўскага зацікавіла тэма перагавораў. У адным з тагачасных дакументаў А. Луцкевіч паведамляў, што абмяркоўваліся польска-беларускія адносіны на занятай польскімі войскамі тэрыторыі Беларусі і „ўзаемныя дзяржаўныя адносіны паміж Беларуссю і Польшчай”30.
Склад удзельнікаў сустрэчы з беларускага боку, як і пасрэдніцтва пры яе арганізацыі афіцэраў французскага генштаба сведчаць аб тым, што важнае месца на перагаворах мусілі заняць пытанні ваеннага супрацоўніцтва. Іх абмеркаванне не было размовай „з чыстага ліста”. За месяц да гэтай сустрэчы пад патранажам Беларускай Цэнтральнай Рады Віленшчыны і Гродзеншчыны ўзнікла Беларуская вайсковая арганізацыя, якая шукала падтрымкі ў польскіх уладаў у справе стварэння беларускага войска31. Відавочна, Луцкевіч быў інфармаваны аб гэтай дзейнасці і, жадаючы мець уплыў на яе, 3 ліпеня звярнуўся да Падарэўскага з лістом, у якім прасіў вызначыць месцы ў акупаванай Беларусі для фарміравання аддзелаў беларускага войска. Са свайго боку ён прапанаваў Гродна, Ваўкавыск і Ліду32 (як вядома, быў выбраны Слонім). Разам з копіяй гэтага ліста ў польскае МЗС у Варшаве былі перасланы з Парыжа копіі яшчэ некалькіх дакументаў, якія даюць уяўленне платформе перагавораў Луцкевіча з Падарэўскім. Першым з іх была памятная запіска беларускай дэлегацыі на Парыжскай канферэнцыі аб аб’яднанні ваенных сіл усіх заходніх суседзяў Расіі для барацьбы з бальшавікамі, датаваная 21 мая, і праект „Дагавора аб утварэнні саюза суверэнных дзяржаў — БНР і Польскай Рэспублікі”, падрыхтаваны ў ліпені. Першы з гэтых дакументаў быў перададзены ў польскую дэлегацыю на мірнай канферэнцыі з суправаджальным лістом ад 25 ліпеня, другі, магчыма, раней, але не пазней гэтай даты33.
Асабліва цікавы другі дакумент, у якім прапанавалася стварыць саюз Польскай Рэспублікі і БНР на аснове іх раўнапраўя і агульнага кіраўніцтва знешняй палітыкай і абаронай, агульнай мытнай прасторы, узаемнага канстытуцыйнага забеспячэння правоў грамадзян на тэрыторыі саюзнай дзяржавы і г.д. Прадугледжвалася заключэнне шэрагу асобных пагадненняў: аб граніцы, гандлёвае, аб камунікацыях і інш.
Да праекта дагавора аб саюзе быў прыкладзены праект дадатковай сакрэтнай дамовы, якая па сутнасці спалучала ў сабе вайсковую канвенцыю і пагадненне аб сумеснай барацьбе за ўсталяванне граніц з суседзямі. У першых артыкулах гаворка ішла аб дапамозе з боку Польшчы ў стварэнні беларускага войска і вызваленні тэрыторыі Беларусі, у наступных выкладаліся прынцыпы, якія меркавалася пакласці ў аснову сумеснай барацьбы за граніцы. Яны былі такія: граніцы, устаноўленыя Брэсцкім мірам, анулююцца; размежаванне праводзіцца на этнаграфічнай аснове з улікам эканамічных інтарэсаў дзяржаў, пры магчымасці ўзаемных тэрытарыяльных кампенсацый; магчымасць правядзення плебісцытаў на спрэчных тэрыторыях пры пасрэдніцтве мірнай канферэнцыі ў Парыжы.
Зразумела, што зыходнай базай прапанаванага пагаднення мусіла быць прызнанне Польшчай БНР як незалежнай і суверэннай дзяржавы. Як выяснілася неўзабаве, Варшава да гэтага аказалася абсалютна не гатовай. Праўда, падчас сустрэчы Падарэўскі „праявіў гарачую цікавасць да беларускага пытання”, хаця і спрабаваў звесці яго да пытання аб федэрацыі з Польшчай34. Аднак сапраўдныя адносіны варшаўскіх інстанцый да праекта Луцкевіча выявіліся ў Варшаве, куды беларускі палітык быў запрошаны Падарэўскім дзеля працягу перагавораў35. Асабіста ў Парыжы Падарэўскі не выказаў запрашэння, бо, напэўна, адчуваў неабходнасць параіцца з кімсьці ў Варшаве — відавочна, з „першым спецыялістам” па ўсходніх пытаннях Пілсудскім. Калі ж Луцкевіч 1 верасня з’явіўся ў Варшаве, то з „гаспадаром”— Падарэўскім — сустрэцца не здолеў, бо той назаўтра ізноў выехаў у Парыж. Яго ж намеснік па МЗС С. Скшынскі нічога не ведаў аб прыездзе госця. Гэта ўжо мусіла насцярожыць. Не менш прыкрым быў і вынік перагавораў, якія правёў сам Пілсудскі, а таксама наступныя дзеянні польскіх уладаў. Пачынаючы з першай сустрэчы, якая адбылася ў пачатку верасня (усяго іх было не менш трох36), Луцкевіч ставіў пытанне аб прызнанні Польшчай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, Пілсудскі ж раіў яму пакуль што заняцца справамі асветы. Не пярэчыў супраць аднаўлення дзейнасці Рады БНР у Мінску, хаця і раіў адмовіцца ад яе дзяржаўнага статуса і пераўтварыць у непалітычны нацыянальны орган37.
Адзін з кіраўнікоў „Стражы крэсовай”, праяўляючы сваю дасведчанасць аб ходзе перагавораў, якраз у гэтыя дні адзначаў, што ўрад вядзе іх „без асаблівага жадання”, маючы на ўвазе толькі магчымасць выкарыстаць „беларускі козыр (...), каб адсунуць сферу рускага ўплыву далей на ўсход”38. Расчараваны Луцкевіч пасля першай сустрэчы з Пілсудскім паспрабаваў вярнуцца ў Парыж, маючы на ўвазе, прынамсі, новую сустрэчу з Падарэўскім. Аднак польскія ўлады пачалі рабіць яму перашкоды ў выездзе, паставіўшы ў сітуацыю, якую даследчыкі назвалі інтэрніраваннем39. Кіраўнікі Цэнтральнага ўпраўлення Усходніх зямель (Е. Асмалоўскі, М. Касакоўскі), якіх, безумоўна, зацікавіў гэты казус, патлумачылі прычыну фактычнага інтэрніравання Луцкевіча яго антыпольскай дзейнасцю як у Парыжы, так і ў Варшаве40.
Затрымліваючы А. Луцкевіча ў Варшаве (хутчэй за ўсё, па загадзе Пілсудскага), польскія ўлады дамагліся ізаляцыі гэтага найбольш падрыхтаванага беларускага палітыка ад парыжскага палітычнага асяроддзя, дзе яго актыўнасць шкодзіла польскай усходняй палітыцы, ствараючы яшчэ адну праблему, акрамя тых, якія яна ўжо мела — галіцыйскай, віленскай — і аб’ектыўна ліючы там ваду на млын саперніка — белай Расіі. З другога боку, у час, калі Пілсудскі адчуваў сябе настолькі моцным, што гатовы быў ісці аж да Масквы, прапанова аб ваенным супрацоўніцтве з БНР, не меўшай свайго войска, яго зусім не спакушала. Ён мог мець такое супрацоўніцтва з уласнай ласкі і фактычна ўжо пачаў яго з арганізацыяй, не прэтэндаваўшай на агульнабеларускае прадстаўніцтва, у адрозненне ад Рады БНР, і да таго ж выяўляўшай выразна прапольскую тэндэнцыю. Гэта была Цэнтральная Рада Віленшчыны і Гродзеншчыны, якая вышэй упаміналася. Двойчы — у чэрвені і ліпені 1919 г. — Пілсудскі прымаў яе прадстаўнікоў, хаця легалізаваў ваеннае супрацоўніцтва з ёю толькі 22 кастрычніка, выдаўшы дэкрэт аб утварэнні беларускіх вайсковых фарміраванняў пад агульным польскім камандаваннем41. Відавочна, перагаворы з Луцкевічам былі адной з прычын, якія паскорылі гэтае рашэнне.
Гэтыя ж перагаворы ўключаліся ў той комплекс фактараў, які змусіў Пілсудскага заняць больш ясную пазіцыю адносна беларускай дзяржаўнасці. Праз некалькі дзён пасля першай сустрэчы з Луцкевічам ён адправіўся ў Мінск, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі Рады БНР. Там ён упершыню публічна выказаўся аб утварэнні беларускай дзяржавы, прычым падаў гэты працэс як справу недалёкай будучыні. Пасля стварэння органаў самакіравання, гаварыў Пілсудскі, „прыйдзе тая хвіліна, калі Вы самі зможаце свабодна выказацца аб тым, які лад будзе мець Ваша дзяржава. (...) Кожны будзе мець голас”42. Аднак прызнаць ужо існаваўшыя арганізацыі ў якасці дзяржаўных органаў БНР ён і гэты раз адмовіўся. Аргументаваў тым, што вымушаны ўлічваць стаўленне Антанты да гэтай праблемы, якая пакуль што не прызнае новых дзяржаў43. Пазіцыю ж самага Пілсудскага можна кваліфікаваць такім чынам, што ён, кіраўнік суседняй дзяржавы, не хацеў даверыць самім беларусам справу ўтварэння іх дзяржавы, не хацеў выпускаць яе з рук.
Пасля вераснёўскай сустрэчы Луцкевіча з Пілсудскім якія-небудзь сляды абмеркавання праекта польска-беларускага ваенна-палітычнага саюза намі не выяўлены. Відавочна, гэтая акцыя беларускай дыпламатыі, пачатая ў Парыжы, была паралізавана ў Варшаве, паколькі цягнула за сабой праблему прызнання Польшчай беларускай дзяржавы. Гэтая праблема так і не стала актуальнай для „бельведэрскага лагера” ў Польшчы па прычыне няўдач яго палітыкі на літоўскім і ўкраінскім накірунках. Аднак для беларускага нацыянальнага руху яна мела значэнне. Уліваючыся ў яго агульныя намаганні, яна стала каталізатарам польска-расійскага саперніцтва на беларускім грунце, у прыватнасці, саперніцтва польска-бальшавіцкага. Яе аддаленым рэхам было вяртанне да ідэі беларускай савецкай дзяржаўнасці на ўсходзе.
Streszczenie
Wiosną 1919 r. Józef Piłsudski drogą faktów dokonanych podjął próbę odtworzenia na wschodzie granic przedrozbiorowej Rzeczypospolitej. Na obszarze zajmowanym przez wojska polskie od roku działały rządy Litwy, Białorusi i Ukrainy pretendujące do utworzenia niepodległych państw. Odezwa Piłsudskiego do mieszkańców byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego, zapowiadająca wolność decydowania o swoim losie, stanowiła zachęcającą ofertę dla prezesa rządu Białoruskiej Republiki Ludowej Antona Łuckiewicza. Dla części działaczy białoruskich, zwłaszcza tych ze środowisk wileńskich, Piłsudski wydawał się być sojusznikiem sprawy białoruskiej. Część członków Rady BRL od samego początku z nieufnością odniosła się do obecności wojsk polskich na ziemi białoruskiej. Odbudowa Wielkiego Księstwa Litewskiego, będącego częścią Rzeczypospolitej, była jednak niemożliwa bez udziału Litwinów. Ci z kolei nie chcieli żadnych wspólnych związków państwowych z Polakami. Podczas spotkania premierów Polski — Ignacego Paderewskiego i BRL — Antona Łuckiewicza w Paryżu w lipcu 1919 r. uzgodniono projekt umowy związku dwóch suwerennych państw — Polski i Białorusi. Łuckiewicz nie dysponował jednak żadną armią, aby występować wobec strony polskiej jako równorzędny partner.
1 A. Bergman, Antoni Łuckiewicz (1884-1946). Szkic biograficzny, „Przegląd Historyczny” 1974, zesz. 4, s. 678-679.
2 K. Gomółka, Między Polską a Rosją. Białoruś w koncepcjach polskich ugrupowań politycznych. 1918-1922, Warszawa 1994, s. 75-76;
O. Łatyszonek, Białoruskie formacje wojskowe
1917-1923, Białystok 1995, s. 121-123.
3 A. Сидоревич, Антон Луцкевич. Главы из книги, „Нёман”, 1990, нр 7.
4 Р. Платонов, Н. Сташкевич, Тернистый путь к свободе... Образование БССР, „Нёман”, 1992, нр 11.
5 А. В. Ціхаміраў, Беларуская праблематыка на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919-1920 г.г. „Весці АН Беларусі. Серыя грамадcкіх навук”, 1996, нр 4, с. 35.
6 А. Ajnenkiel, Od rządów ludowych do przewrotu majowego. Zarys dziejów politycznych Polski. 1918-1926, Warszawa 1972, s. 154.
7 A. Piłsudska, Wspomnienia, Warszawa 1989, s. 186.
8 J. Piłsudski, Pisma zbiorowe..., t. V, s. 75.
9 A. Bergman, Bronisław Taraszkiewicz a lewica belwederska, „Kwartalnik Historyczny”, 1968, nr 1, s. 43; A. Бергман, Слова пра Браніслава Тарашкевіча, Мінск 1996, с. 41. Ілюзіі „культурнікаў” хутка праходзілі, аб чым сведчыць далейшы лёс Б. Тарашкевіча.
10 Там жа, с. 39; O. Łatyszonek, Białoruskie formacje ..., s. 96.
11 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі (далей: Архівы БНР), Вільня — Нью-Ёрк — Менск, Прага 1998, т. 1, кн. 1, с. 344.
12 Там жа, с. 344-345. Характэрна, што А. Луцкевіч быў кіраўніком абедзвюх арганізацый, якія з невялікім па часе інтэрвалам — каля двух тыдняў — выявілі такія несупадаючыя пазіцыі — Віленскай Беларускай Рады і Рады народных міністраў БНР.
13 Гл аб іх: А. Сідарэвіч, Старонкі з гісторыі БНР, с. 228, 234.
14 J. Piłsudski, Pisma zbiorowe..., t. V, s. 84.
15 Tamże, s. 42.
16 П. Ласоўскі, Беларуская карта ў якасці літоўскага козыра.1918-1924 г.г., „Беларуская мінуўшчына”, 1994, нр 4, с. 3.
17 A. Garlicki, Józef Piłsudski. 1867-1935, Warszawa 1988, s. 216, przyp. 278.
18 K. Gomółka, Polskie ugrupowania polityczne wobec kwestii białoruskiej. 1919-1922, Warszawa 1989, s. 25-26, 28-29; J. Bardach, Krajowcy, federaliści, inkorporacjoniści, „Przegląd Historyczny”, 1984, nr 1, s. 147-148; tenże, O świadomości narodowej Polaków na Litwie i Białorusi w ХІХ-ХХ w., [w:] Między Polską etniczną a historyczną, Wrocław 1988, s. 247.
19 P. Łossowski, Próba przewrotu polskiego w Kownie w sierpniu1919 r., [w:] Najnowsze dzieje polski. Materiały i studia z okresu 1919-1939, Warszawa 1964, t. VIII, s. 51-73.
20 A. Garlicki, Posłowie, [w:] J. Piłsudski, Rok 1920, M. Tuchaczewski, Pochód za Wisłę, Łódź 1989, s. 228-229.
21 Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў, т. 1 (1917-1922 гг.), Мінск 1997, с. 153; Архівы БНР, т. 1, кн. 1, с. 349, 363.
22 С. Д. Сазонов, Воспоминания, Москва 1991, с. 390-391.
23 Знешняя палітыка Беларусі, т. 1, с. 154. В. Маклакоў заявіў А. Луцкевічу 30 мая, што прызнаць незалежнасць Беларусі можа толькі расійская Канстытуанта; Архівы БНР, т. 1, кн. 1, с. 352.
24 Т. З. Иоффе, Колчаковская авантюра и её крах, Москва 1983, с. 206, 207, 209.
25 Dokumenty z dziejów polskiej polityki zagranicznej. 1918-1939, Warszawa 1989, t. 1, s. 71-78.
26 Собственноручные показания А. И. Луцкевича 30 октября 1939 г., „Нёман”, 1995, нр 1, с. 146.
27 Архівы БНР, т. 1, кн. 1, с. 349-350.
28 M. M. Drozdowski, Ignacy Jan Paderewski, Warszawa 1986, s. 162, 163.
29 Знешняя палітыка Беларусі, т. 1, с. 154; Собственноручные показания А. И. Луцкевича..., с. 46.
30 Знешняя палітыка Беларусі, т. 1, с. 155.
31 O. Łatyszonek, Białoruskie formacje..., s. 121-123.
32 Archiwum Akt Nowych (Warszawa). MSZ. Wydział Wschodni, sygn. 6672A, k. 12.
33 Tamże, k. 5-8, 9, 13.
34 Собственноручные показания А. И. Луцкевича..., с. 146.
35 Знешняя палітыка Беларусі, т. 1, с. 155.
36 Па апублікаваных на сёння дакументах А. Луцкевіча можна ўстанавіць тры сустрэчы: ад пачатку верасня, 20 лістапада 1919 г. і 3 студзеня 1920 г. — Знешняя палітыка Беларусі, т. 1, с. 133, 155. А. Сідарэвіч піша яшчэ і аб сустрэчы, якая адбылася 22 кастрычніка. — А. Сідарэвіч, Пра Антона Луцкевіча, [у:] А. Луцкевіч, За дваццаць пяць гадоў (1923-1928), Мінск 1991, с. 58.
37 А. Сидоревич, Антон Луцкевич..., с. 131-132.
38 Документы и материалы по истории советско-польских отношений, Москва 1966, т. 2, с. 323-324.
39 А. Сидоревич, Антон Луцкевич..., с. 131-132. Гл. таксама: K. Gomółka, Polskie ugrupowania..., s. 74.
40 A. Bergman, Antoni Łuckiewicz..., s. 678-679.
41 O. Łatyszonek, Białoruskie formacje..., s. 121-126.
42 J. Piłsudski, Pisma zbiorowe..., t. V, s. 107.
43 Архівы БНР, т. 1, кн. 1, с. 434.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|