БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15

Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.)

Валянціна Лебедзева
(Гомель)


Беларуска-ўкраінскія перамовы сталі ці не першай знешнепалітычнай акцыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. Кантакт з Украінскай Народнай Рэспублікай быў выкліканы некалькімі прычынамі. Па-першае, пошукамі знешнепалітычных саюзнікаў і міжнароднага прызнання БНР. Па-другое, перад урадам рэспублікі паўстала вострая праблема знешняй фінансавай пазыкі і наладжвання гандлёвых адносін. Геаграфічна і палітычна блізкая Украіна разглядалася ў якасці бліжэйшага знешняга партнёра. Але галоўная прычына, што паскорыла дыпламатычны кантакт дзвюх дзяржаў, палягала ў памежна-тэрытарыяльным пытанні, якое ўзнікла ў сувязі з падрыхтоўкай і падпісаннем Брэсцкага міру. Яшчэ 8 лютага 1918 г., паводле дамовы паміж германскім блокам і Украінскай Цэнтральнай Радай, заходняя частка беларускага Палесся, якая знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, была перададзена Украіне. У канцы сакавіка пасля зрыву перамоваў у Брэсце адбылася афіцыйная перадача УНР Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага паветаў. У павятовыя цэнтры прызначаліся каменданты Цэнтральнай Рады, кіраўніцтва чыгункамі і прамысловасцю было перададзена Кіеву, прынята рашэнне аб украінізацыі новадалучаных тэрыторый.

Апошнія падзеі амаль што супалі з прыняццем 25 сакавіка Трэцяй Устаўной Граматы, якая вызначыла тэрыторыяй незалежнай БНР „усе землі, дзе жыве і мае лічбавую перавагу беларускі народ, а ласьне Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Віленшчыны, Горадзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеных беларусамі”1. Такім чынам, і Беларускае Палессе было абвешчана неад’емнай часткай тэрыторыі незалежнай Беларусі.

Для ўрэгулявання тэрытарыяльнай праблемы неадкладна была сфарміравана і накіравана ў Кіеў афіцыйная Дэлегацыя Народнага Сакратарыята ў справе перагавораў, якая, акрамя гэтага, была ўпаўнаважана дасягнуць дыпламатычнага прызнання БНР з боку Украіны і вырашыць таксама пытанні двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін.

Адсутнасць у беларускіх архівах асноўных дакументальных матэрыялаў доўгі час рабіла немагчымым аднаўленне ходу перамоваў. У значнай ступені праблема была вырашана з публікацыяй у 1998 г. першага тома „Ахіваў Беларускай Народнай Рэспублікі” (Менск — Вільня — Прага — Нью-Ёрк, т.1, кн. 1 і 2). Кніга 2 змяшчае „Пратаколы Дэлегацыі Народнага Сакратарыяту БНР у справе перамоваў”2, якія фіксуюць кансультацыйныя пасяджэнні беларускай дэлегацыі. Але іх камплект не поўны — апублікавана дзевяць пратаколаў, з шостага па пятнаццаты, а таксама некаторыя дадатковыя дакументы дэлегацыі — хаця ён у асноўным дазваляе раскрыць умовы і ход перамоваў, пазіцыі бакоў, беларускага ў першую чаргу. Пратаколы афіцыйных пасяджэнняў дэлегацый вяліся ўкраінскім бокам і захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве вышэйшых органаў улады і кіравання Украіны (ф. 2592, воп. 1, спр. 62). Акрамя пратаколаў усіх чатырох пасяджэнняў, тут знаходзяцца і некаторыя дадатковыя дакументы, звязаныя з перамовамі.

Даступны нам комплекс дакументаў дазваляе рэканструяваць ход перамоваў, суадносіны сіл і пазіцыі бакоў, выпрацоўку тактыкі беларускай дэлегацыяй. Заўважым, што прадметам гэтай публікацыі з’яўляецца толькі палітыка-дыпламатычная дзейнасць Дэлегацыі і не закранаюцца пытанні яе эканамічнай і культурнай чыннасці.

Для прыезду афіцыйнай камісіі ў Кіеве ў пэўнай ступені была падрыхтавана глеба мясцовымі беларускімі арганізацыямі. У сярэдзіне сакавіка існаваўшая тут Беларуская Вайсковая арганізацыя на тэрыторыі Украіны рэарганізавалася ў Беларускую Арганізацыю на тэрыторыі Украіны, што пашырала магчымасці палітычнай дзейнасці — былі пастаўлены пытанні аб скліканні ўсеўкраінскага з’езда беларусаў і складанні нацыянальнага спісу кандыдатаў ва Украінскі Устаноўчы сход. Ужо 30 сакавіка, гэта значыць, адразу пасля тэрытарыяльных рашэнняў, сход Рады Беларускай Арганізацыі заявіў аб неабходнасці ўступіць у перамовы з украінскім урадам па пытанні далучаных тэрыторый і іх украінізацыi3. Дакумент не канкрэтызуе пазіцыю Рады, але ўлічваючы далейую пазіцыю яе актыўнага ўдзельніка і ініцыятара пытання М. В. Доўнар-Запольскага, можна меркаваць, што яна была скіравана на абарону нацыянальна-беларускіх інтарэсаў на далучаных тэрыторыях.

Ініцыятывы Рады якраз супалі з прыездам дэлегацыі Народнага Сакратарыята ў складзе А. Цвікевіча і С. Рак-Міхайлоўскага. У Кіеве дэлегацыя была папоўнена І. Краскоўскім і, у якасці кансультанта — старшынёй Беларускай Арганізацыі на тэрыторыі Украіны І. Курыловічам. Пазней у кансультацыйных пасяджэннях дэлегацыі ўдзельнічалі таксама Я. Ладноў, П. Трамповіч, А. Мадзалеўскі. Вельмі актыўную ролю ў рабоце дэлегацыі адыграў М. В. Доўнар-Запольскі, прыцягнуты спачатку як кансультант, а з 25 красавіка — як правамоцны сябра.

Дакументы сведчаць, што наладжванне работы дэлегацыі ішло не проста. Каля двух тыдняў былі затрачаны дэлегацыяй на наладжванне кантактаў і атрыманне афіцыйнага прызнання з боку Украінскай Цэнтральнай Рады. Першачарговым крокам стала перадача ад імя Народнага Сакратарыята ў Раду Народных Міністраў УНР заявы аб недапушчэнні на тэрыторыю Беларусі польскага жаўнерскага корпусу, сфарміраванага ў межах УНР, аб абвяшчэнні па ўкраінскiм радыё афіцыйнага факту ўтварэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, аб наладжванні прамой тэлефонна-тэлеграфнай сувязі дэлегацыі з Народным Сакратарыятам БНР.

15 красавіка датуецца атрыманне Міністэрствам закардонных спраў на імя тагачаснага міністра і адначасова старшыні Рады Міністраў УНР Ус. Галубовіча заявы А. Цвікевіча аб галоўнай мэце дэлегацыі: „Па даручэнню Рады БНР маю гонар давесці да Вашай вядомасці, што невыясненне больш-меньш дэтальнай мяжы паміж Украінскай і Беларускай Народнымі Рэспублікамі творыць на мяйсцох шмат непаразуменняў, як у справе функцыяніравання дзяржаўных і грамадскіх устаноў паміж сабой, так і ў жыцці населення. З гэтага погляду і прымаючы на ўвагу заснаванне нармальнага жыцця ў прымежных мейсцах, прашу назначыць камісію ад даверанаго Вам Міністэрства, разам з якой дэлегацыя ў справах замежных перагавораў БНР магла б дэтальна ўлажыць і змацаваць асобным трактатам дзяржаўныя граніцы абедзьвух Рэспублік”4.

У той жа дзень дэлегацыя атрымала паведамленне аб задавальненні ўсіх яе запросаў, акрамя наладжвання сувязі з Мінскам, што тлумачылася тэхнічнымі прычынамі. З украінскага боку была прызначана афіцыйная камісія для перамоваў у памежных справах на чале з прапаршчыкам Анастасам Ліхнякевічам — членам Цэнтральнай і Усеўкраінскай Вайсковай радаў i сябрам Украінскай нацыянал-рэвалюцыйнай партыі. Крыху пазней былі прызначаны два другія члены камісіі — Мірон Пятріўські і Мікола Свідэрскi5.

Дзейнасць дэлегацыі ў Кіеве можна падзяліць на два этапы. Першы быў звязаны менавіта з двухбаковымі перамовамі аб мяжы і прыпаў на апошнюю дэкаду красавіка. Другі датуецца траўнем-чэрвенем, калі перамовы фактычна былі згорнуты і дэлегацыя выконвала функцыю прадстаўніцтва БНР на Украіне.

Перамовы аб мяжы пачаліся 19 красавіка. Нягледзячы на ўзаемныя запэўнiваннi ў падтрымцы дзяржаўнага самавызначэння і братэрскіх пачуццях, пераход да тэрытарыяльнага пытання адразу выкрыў сур’ёзныя супярэчнасці бакоў. Гэта выявілася ўжо на першым пасяджэнні пры выпрацоўцы прынцыпаў вызначэння дзяржаўных межаў і падборы картаў этнічных тэрыторый.

Беларускі бок прапанаваў у якасці асноватворчага этнаграфічны прынцып, украінскі ж настойваў на геаграфічным і эканамічных падыходах. Пасля доўгай дыскусіі бакі прыйшлі да кансенсусу: была прынята пазіцыя беларускага боку, але з улікам геаграфічных і эканамічных інтарэсаў. Беларуская дэлегацыя заявіла аб прыняццi за аснову карты этнаграфічнай беларускай тэрыторыі Я. Карскага 1917 года, украінскі бок паведаміў, што будзе абапірацца на карты нямецкага генштаба, у прыватнасці, на карту прафесара Шэфера.

Абвостранасць у ходзе перамоў адразу выклікала пытанне аб статусе заходняй часткі беларускага Палесся, перададзенай Украіне па Брэсцкiм міры. А. Цвікевіч заявіў, што зыходнай пазіцыяй дэлегацыі будзе непрызнанне ўмоваў дагавору, падпісанага без удзелу Беларусі і ўключэнне Заходняга Палесся ў прадмет перамоваў. Пярэчанні ўкраінскага боку палягалі на тым, што дагавор мае статус міжнароднага, а Беларусь на момант яго падпісання не з’яўлялася суб’ектам міжнародных адносін, таму з’яўленне пастфактум незалежнай БНР не можа пазбавіць яго сілы. Аргументы беларускага боку мелі адваротную логіку. Вострыя спрэчкі не далі выніку і ўрэшце беларуская дэлегацыя папрасіла адкласці пасяджэнне6.

Аднак на наступны дзень бакі не вярнуліся да гэтага пытання і ў парадак дня стала праблема вызначэння лініі дзяржаўнай мяжы і яе канечных пунктаў на ўсходзе і захадзе. Адпаведна карце акадэміка Карскага, беларускі бок прапанаваў лінію мяжы, якая мела ўсходнім пунктам сутокі рэк Дзясны і Судасці ля мястэчка Грамяч, затым ішла на захад праз Гародню Чарнігаўскай губерні, па Дняпры да перасячэння з мяжой Кіеўскай губерні, далей — па мяжы Мінскай губерні да населенага пункта Скароднае, адкуль паварочвала на поўнач да Мазыра, працягвалася па Прыпяці і яе прытоку Бобрыку да Выганаўскага возера, а затым ламанай лініяй праходзіла праз Бярозу, Пружаны, Белавежу і Бельск да Мельніка, дзе зыходзіліся межы Украіны, Беларусі і Польшчы.

Са свайго боку ўкраінская дэлегацыя прапаноўвала лінію, якая на ўсім яе працягу адступіла далёка на поўнач ад карты Карскага. Першапачаткова канечным пунктам на ўсходзе ёю прызначаўся Рагачоў, затым была зроблена ўступка і лінія пачыналася ад Мгліна, ішла па паўночнай мяжы Чарнігаўскай губерні да Веткі, працягвалася на захад праз Горваль, Загор’е, Камаровічы, Морач да Выганаўскага возера. Пацвярджалася пазіцыя аб вызначанасці заходняга кавалка мяжы Брэсцкім мірам7.

Такім чынам, лінія праходзіла па сучасным Веткаўскiм, поўначы Гомельскага, Рэчыцкага, Калінкавіцкага, Петрыкаўскага, поўдню Любанскага і Салігорскага праз Івацэвіцкі раёны. За Украінай заставаліся басейн Прыпяці і чыгунка Пінск — Гомель, што абгрунтоўвалася неабходнасцю бяспекі Украіны з поўначы на выпадак, калі незалежная беларуская дзяржаўнасць не ўтрымаецца і на яе тэрыторыі будуць панаваць Расія альбо Польшча. Перавага стратэгічных матываў над этнічнымі была ўскосна пацверджана і на сустрэчы дэлегацыі з М. Грушэўскім, дзе былі выказаны планы прадстаўлення беларусам нацыянальна-персанальнай аўтаноміі і стварэння з Гомельскага, Мазырскага і Рэчыцкага паветаў „беларускага П’емонта”, г. зн. культурна-нацыянальнага самакіравання. Такая пазіцыя падмацоўвалася таксама спасылкай на патрабаванні германскага боку8.

Контраргументы беларускага боку палягалі ў тым, што захаванне басейна Прыпяці і чыгункі Бранск — Брэст ёсць неабходная ўмова якраз эканамічнага і палітычнага ўмацавання Беларусі, што было б на карысць бяспекі і Украіны. Дапускалася магчымасць перадачы чыгункі ў часовае карыстанне, але было сцверджана што „тэрыторыя Прыпяці, якая належыць этнаграфічна да Беларусі, з погляду эканамічнага ёсць пытанне для яе жыцця і смерці”. Аднак гэтыя аргументы і прапановы былі адведзены з матывіроўкай, што ўкраінская дэлегацыя ўпаўнаважана вырашаць толькі пытанні дзяржаўнай мяжы, а эканамічныя адносіны не ў яе кампетэнцыі. У выніку дзвюх сустрэч, нягледзячы на доўгую дыскусію, пытанне засталося неўрэгуляваным, што і прымусіла беларускі бок інтэнсіфікаваць распрацоўку пытання аб межах.

Створаная адначасова з пасылкай дэлегацыі ў Кіеў камісія міжнародных спраў пры Радзе БНР распачала дакладнае і падрабязнае апісанне межаў Беларусі. Дзеля стварэння дзвюх- і дзесяцівёрставых карт Народны Сакратарыят звярнуўся да галоўнакамандуючага германскімі войскамі на Беларусі генерала-фельдмаршала Гіндэнбурга і ў склад камісіі былі прызначаны палкоўнікі германскага генштаба Бехтэр і Брант, а таксама прадстаўнікі інжынерных войск Бэніксан і Янушкоўскі. Ставілася задача вызначыць межы абсалютна дакладна, з тым, каб пры міжнародным абмеркаванні мець абгрунтаванне для адстойвання інтэрэсаў Беларусі, а пры неабходнасці — і рэзерв для ўступак9.

Са свайго боку, дэлегацыя ў Кіеве пашырае кола ўдзельнікаў абмеркавання і запрашае ў якасці кансультанта вядомага навукоўца М. В. Доўнар-Запольскага. Пачынаючы з 20 красавіка, ён прымае ўдзел у кожным пасяджэнні дэлегацыі і сваёй рашучай пазіцыяй аказвае на яе значны ўплыў.

Па-першае, М. В. Доўнар-Запольскі прапанаваў зыходзіць з непарушнасці прынцыпу самавызначэння і дзяржаўна-нацыянальных інтарэсаў Беларусі. У гэтым кантэксце, па яго меркаванні, нельга дапускаць адступлення ад лініі, прапанаванай беларускім бокам, бо „Белоруссы имеют и историческое, и экономическое, и этнографическое право на эти территории, даже значительно южнее, чем границы Минской и Гродненской губерний”. Захаванне за Беларуссю Палесся М. В. Доўнар-Запольскі лічыў неабходным менавіта з этнічных матываў: „на востоке наши белоруссы обрусели, на западе значительно ополячены, а наша южная часть самая ценная и в национальном, и в экономическом отношении. С точки зрения и истории, и этнографии мы на юге ничего уступать не должны”10.

Па-другое, на думку М. В. Доўнар-Запольскага, пытанне дзяржаўна-тэрытарыяльнага вызначэння Беларусі і Украіны можа быць вырашана толькі зыходзячы са статуса краін як суб’ектаў міжнародных адносін і з улікам геапалітычнай сітуацыі ў Еўропе. Не адмаўляючы значэння двухбаковых перамоў, навуковец лічыў неабходным рыхтаваць глебу для вынясення пытання на будучую міжнародную канферэнцыю па пасляваенным уладкаванні, тым больш, што пазіцыі Беларусі ў гэтай справе значна слабейшыя за ўкраінскія, бо права Беларусі на дзяржаўна-нацыянальнае вызначэнне прызнаецца суседнімі краінамі з вялікай цяжкасцю.

Зыходзячы з гэтага, М. В. Доўнар-Запольскі прапаноўваў змяніць і тактыку і стратэгію беларуска-ўкраінскіх перамоваў. На першы план ставілася задача інфармавання аб беларускім пытанні і высвятлення адносін да яго асноўных удзельнікаў абодвух ваюючых блокаў — не толькі Германскага блока, але і Францыі, Англіі, а таксама Польшчы. Тэрытарыяльнае пытанне можа быць вырашана толькі на шматбаковым узроўні, пры ўліку і выкарыстанні супярэчнасцей паміж суседнімі краінамі. Называліся два геапалітычныя полюсы адносна Беларусі і Украіны — Германія і Расія. Для Беларусі М. В. Доўнар-Запольскі фактычна вызначыў патэнцыяльную ролю цэнтра раўнавагі ў рэгіёне. Для Германіі, указваў ён, не выгадны ні моцная Украіна, ні вялікая Польшча — „в этом плюс и возможный выигрыш для Беларуси”, якая можа зацікавіць Германію і геапалітычна, і як вялікі рынак.

Для Расіі, па меркаванні М. В. Доўнар-Запольскага, Беларусь таксама можа прадстаўляць большую цікавасць, чым моцная Украіна. Двухбаковыя ж кантакты Украіны і Беларусі могуць насцярожыць бальшавікоў. Таму прапанавалася дабіцца ўдзелу Беларусі ў плануемых украінска-расійскіх перамовах у Курску. Прычым, тактыка іх павінна быць пабудавана такім чынам, каб прынесці двайны плён: выступіўшы кансалідавана з украінскай дэлегацыяй, можна дабіцца дыпламатычнага прызнання Савецкай Расіяй БНР і падтрымкі яе ў тэрытарыяльным пытанні перад Украінай.

Доўнар-Запольскі лічыў, што вывад беларускага пытання на міжнародны ўзровень здольны скласці дыпламатычныя ўмовы і для ўмацавання пазіцый Беларусі на двухбаковых перамовах. А пакуль такія ўмовы не дасягнуты, перамовы з Украінай неабходна зацягнуць альбо перапыніць, не абвастраючы, аднак, адносін з ёю. Прапаноўвалася заявіць, што пазіцыя па мяжы, выкладзеная беларускім бокам, ёсць толькі меркаванне членаў дэлегацыі, не ўзгодненае з урадам БНР, што можа стаць падставай для паўзы ў перамовах.

Пазіцыя М. В. Доўнар-Запольскага выклікала палеміку ў дэлегацыі. Афіцыйныя яе члены — А. Цвікевіч і С. Рак-Міхайлоўскі на першы план ставілі дасягненне дыпламатычнага прызнання БНР і фінансавай яе падтрымкі з боку Украіны. Тэрытарыяльнае пытанне разглядалася імі як прадмет уступак у залежнасці ад вырашэння палітычных пытанняў. Рашучую падтрымку М. В. Доўнар-Запольскаму выказалі іншыя ўдзельнікі абмеркавання, у тым ліку І. Краскоўскі, і яна ўрэшце была прынята за агульную11.

Зыходзячы з яе, на наступнай сустрэчы з украінскім бокам 21 красавіка А. Цвікевіч і С. Рак-Міхайлоўскі паспрабавалі зрабіць акцэнт на эканамічных узаемаадносінах паміж рэспублікамі і перавесці памежнае пытанне на другі план, спасылаючыся на адсутнасць дротавай сувязі з Народным Сакратарыятам БНР і магчымасці аператыўных з ім кансультацый. Але гэта выклікала адваротную рэакцыю ўкраінскага боку, які запатрабаваў дакладнага адказу на два пытанні: „1. Ці прызнаюць прадстаўнікі беларускага ўрада прынцыпова, што канцовым пунктам на захадзе з’яўляецца Выганаўскае возера? 2. Ці прызнае беларуская дэлегацыя прынцыпова, што лінія Пінск — Гомель будзе ўступлена Украіне”. Пры ўмове прызнання гэтых пунктаў абяцалася на наступнае пасяджэнне прадставіць праект дагавору ад Украіны. Беларускі бок быў вымушаны прасіць магчымасці абмеркаваць гэтыя пытанні12.

Але на наступнай сустрэчы, 22 красавіка, працягу абмеркавання не адбылося, бо беларуская дэлегацыя, у адпаведнасці з абранай тактыкай, абмежавалася заявай аб немагчымасці ўзяць адказнасць прыняць патрабуемыя ўкраінскім бокам тэрытарыяльныя ўступкі без узгаднення з кіраўніцтвам БНР, тым больш, што беларускай грамадскай думкай тэрыторыя Заходняга Палесся з Брэстам, Драгічынам, Бельскам, Кобрынам і Пружанамі ўспрымаецца не інакш як беларуская. У той жа час была падкрэслена зацікаўленасць у найхутчэйшым і паспяховым вызначэнні не толькі беларуска-ўкраінскай мяжы але і ўзаемны інтарэс у аднаўленні нармальных этнаграфічных межаў з усходнім суседам. У сувязі з гэтым была выказана просьба садзейнічаць удзелу беларускіх прадстаўнікоў у перамовах Украіны з Расіяй, якія рыхтаваліся ў Курску. Прыняўшы заяву да ведама, украінскі бок пагадзіўся на перанос пасяджэння на наступны дзень13.

У гэтых умовах і пад ціскам радыкальнай часткі делегацыі яе пазіцыя набыла рашучасць. На кансультацыйным пасяджэнні 23 красавіка было прынята рашэнне аб пераходзе да практычных крокаў па вывядзенні праблемы на міжнародны ўзровень. Перамовы з Украінай было пастаноўлена перарваць і засяродзіцца на падрыхтоўцы да трохбаковай сустрэчы ў Курску. Тут жа была сфарміравана дэлегацыя для сустрэчы з нямецкім паслом14.

Праз два дні аўдыенцыя ў нямецкага прадстаўніка адбылася і ў час яе быў перададзены складзены М. В. Доўнар-Запольскім мемарыял — даволі аб’ёмны дакумент, сэнс якога зводзіўся да гістарычнага абгрунтавання дзяржаўнага самавызначэння Беларусі і вызначэння эканамічных падстаў яе незалежнасці. У якасці высновы ўказвалася, што палітыка Германіі адносна Беларусі мае альтэрнатывы. Адна з іх — дазволіць раздзяліць тэрыторыю Беларусі, ўмацаваць за яе кошт суседнія дзяржавы і тым самым парушыць баланс сіл у рэгіёне, што супярэчыць інтарэсам самой Германіі. Другі — падтрымаць дзяржаўнае будаўніцтва, прызнаць урад Беларускай Народнай Рэспублікі, непадзельнасць яе тэрыторыі. Апошні варыянт будзе выйгрышным і для Германіі, бо Беларусь мае значныя экспартныя магчымасці збожжа, лесу і прадуктаў жывёлагадоўлі для балтыйскага рэгіёна і сама традыцыйна з’яўлялася рынкам для германскіх і германізаваных тавараў15. Даступныя нам крыніцы, аднак, не дазваляюць высветліць рэакцыю германскага прадстаўніцтва на мемарыял.

З дакументаў вынікае, што працягу сумесных украінска-беларускіх пасяджэнняў пасля 22 красавіка не адбывалася, хаця афіцыйна яны перарваны не былі. Намаганні беларускай дэлегацыі ў гэты перыяд былі накіраваны на падрыхтоўку трохбаковых перамоў у Курску і выпрацоўку сумеснай з украінскай дэлегацыяй пазіцыі, а абмеркаванне двухбаковага тэрытарыяльнага пытання было замарожана. Кансультацыйнае пасяджэнне дэлегацыі ад 28 красавіка зацвердзіла для прапановы ўкраінскаму боку праект „Прэлімінарнага дагавору паміж Украінскай Народнай Рэспублікай і Беларускай Народнай Рэспублікай па пытанні дзяржаўнай мяжы”. Дакумент канстатаваў, што пытанне аб граніцах не можа быць вырашана хутка, і таму перад неабходнасцю сумеснага выступлення на перамовах з Расіяй украінскаму боку прапаноўвалася спыніцца ў пытанні тэрытарыяльнага размежавання на наступных пазіцыях: 1. Межы будуць усталёўвацца па ўзаемнай двухбаковай узгодненасці без удзелу трэцяга боку. 2. Ратыфікацыя дагавору аб граніцах адбудзецца на працягу месяца пасля заканчэння перамоў з Расіяй. 3. Прадстаўнікі беларускага ўрада абавязваліся вышукаць шляхі задавальнення патрэб Украіны ў справе вызначэння яе граніц, узамен чаго ад урада Украіны патрабаваўся абавязак аказаць падтрымку ў перамовах з Расіяй аб прызнанні незалежнасці БНР і вызначэнні расійска-беларускай мяжы16.

Але развіццё падзей пайшло па іншым ад чаканняў абедзвюх дэлегацый сцэнарыі. 30 красавіка адбылася змена ўлады на Украіне — да яе прыйшоў урад гетмана Скарападскага. Паўнамоцтвы беларускай дэлегацыі па перамовах не былі адведзены — гэта пацвердзілі на сустрэчах з яе прадстаўнікамі новы прэм’ер Ф. Лізагуб і міністр закардонных спраў Зм. Дарашэнка. Але з прызначэннем новага складу камісіі з украінскага боку урад Скарападскага не спяшаўся, таму перамовы фактычна спыніліся.

У той жа час са зменай улады тэрытарыяльнае пытанне толькі абвастрылася. На пачатку траўня была створана Палеская губерня Украіны з уключэннем у яе беларускіх уездаў, куды прызначаліся „павітовыя камісары” і былі прысланы аддзелы „дзяржаўнай варты”. Практычна пачала здзяйсняцца ўкраінізацыя школ і ўстаноў. Гэтыя захады вымусілі камісію актывізаваць сваю дзейнасць як прадстаўніка беларускіх інтарэсаў на Украіне. У кантакт з ёй уступілі сілы, незадаволеныя крокамі да рэальнай інтэграцыі беларускіх тэрыторый ва ўкраінскую палітыку. На пачатку мая на адрас дэлегацыі паступілі пратэсты Гомельскай гарадской думы і Саюзаў землеўласнікаў Пінскага, Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага уездаў супраць далучэння іх да Украіны17.

Гомельская дума пры гэтым пытала аб дазволе рэалізацыі права на самавызначэнне і правядзенне рэферэндуму аб дзяржаўнай прыналежнасці, да часу якога прасіла вызваліць Гомель ад улады ўсіх дзяржаў18. Адначасова прадстаўнікі Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага ўездаў наведалі Народны Сакратарыят БНР з пытаннем аб перспектывах беларуска-ўкраінскіх перамоў і просьбай аказаць падтрымку ў адкрыцці беларускіх школ19.

Дэлегацыя абмеркавала звароты і пастанавіла прасіць Народны Сакратарыят аб хутчэйшым прызначэнні ў далучаныя да Украіны паветы камісараў ад БНР20. Такая мера была здзейснена на пачатку чэрвеня — камісарам у далучаныя паветы быў прызначаны служачы праўлення Лібава-Роменскай чыгункі, арганізатар гомельскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Язэп Няцецкі. Пасведчанне на яго імя паведамляла: „Народны Сакратарыят, згодна з пастановай сваёй за 4 чэрвеня г. р., мае гонар паведаміць Вам, што Вы назначаны Намесьнікам Народнага Сакратарыята БНР на ўсю Гомельшчыну і Палесьсе (паветы Менскай губерні: Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі; Магілёўскай губерні: Гомельскі; Чарнігаўскай: Навазыбкаўскі, Ноўгарад-Северскі, Суражскі, Мглінскі і Арлоўскай губерні: Бранскі). Дзеля гэтага Вы павінны ўвайсці ў адносіны як з найвышэйшай акупацыйнай Уладай, так і з Гарадамі і Земствамі і іншымі грамадскімі арганізацыямі, каб там на месцах арганізаваць беларускую ўладу, на каторую бы маглі апірацца ўсе тамашнія жыхары — беларусы і грамадзяне Беларусі, а ў першы чарод — уцекачы, каторыя варочаюцца на сваю бацькаўшчыну. Са сваей стараны Народны Сакратарыят прыме ўсе неабходныя меры, каб праца Ваша на такім атветным становішчы прынесла рэальныя скуткі для дабра Беларусі”21.

Вастрэйшым пытаннем дзейнасці дэлегацыі на апошнім этапе стала праблема бежанцаў, якіх на тэрыторыі Украіны, па звестках Народнага Сакратарыята налічвалася каля 200 тысяч. Пытанне набывала палітычнае значэнне, таму што сярод іх актыўную работу вялі літоўскія і польскія камісіі, якія рэгістравалі ўцекачоў як грамадзян Польшчы і Літвы. З пратакола дэлегацыі зразумела, што ёй ставілася пытанне аб заснаванні ў Кіеве беларускага этапна-рэгістрацыйнага пункта і прыгадваецца дзейнасць Беларускай бежанскай камісіі22. Захаваліся таксама звесткі аб існаванні аналагічнай камісіі ў Гомелі пад кіраўніцтвам Я. Няцецкага.

Адным з апошніх дыпламатычных крокаў дэлегацыі стала ўручэнне 29 мая старшыні расійскай дэлегацыі на Украіне Х. Ракоўскаму спецыяльнай ноты, адрасаванай ураду Савецкай Расіі. У дакуменце нагадвалася аб абвяшчэнні БНР і яе незалежнасці, паведамлялася аб непрызнанні ў сувязі з гэтым пунктаў Брэсцкага міру, што датычаць тэрыторыі і інтэрэсаў БНР. Да ноты былі прыкладзены другая і трэцяя Устаўныя граматы БНР. Савецкаму ўраду прапаноўвалася заключыць з паўнамоцнымі прадстаўнікамі БНР дагавор аб дзяржаўных межах23.

Апошні пратакол кансультацыйнага пасяджэння беларускай дэлегацыі датаваны 10 чэрвеня, пасля чаго па патрабаванні Народнага Сакратарыята БНР яе афіцыйныя сябры А. Цвікевіч і С. Рак-Міхайлоўскі вярнуліся ў Мінск.

Падсумоўванне вышэйзгаданага дае падставы рабіць некаторыя высновы аб місіі Дэлегацыі Народнага Сакратарыяту па перамовах. Па-першае, дакументы абвяргаюць уведзены раней у літаратуру погляд (здаецца, самім М. В. Доўнар-Запольскім), што перамоўны працэс быў аднастаронне заблакіраваны Украінай. Зацікаўленасць у яго перапынку, хаця і з тактычных пазіцый, меў і беларускі бок. Па-другое, цяжкасці вядзення перамоваў і іх вынікі былі абумоўлены шэрагам аб’ектыўных фактараў, якія ад пачатку аслабілі пазіцыі беларускай дэлегацыі. Галоўны сярод якіх — няўдзел Беларусі ў падпісанні Брэсцкага міру, што паставіла яе па-за рамкі міжнароднага дагавору і пазбавіла міжнароднай падтрымкі. Украіна ў гэтым сэнсе мела абсалютную перавагу. Прысутнічаў, на наш погляд, і суб’ектыўны момант — нягледзячы на афіцыйны статус дэлегацыі, яе пазіцыя не была цвёрда вызначана, а змена тактыкі са спасылкай на непаўнамоцнасць толькі знізіла аўтарытэтнасць перад украінскім бокам і дала яму падставы перайсці да ультыматыўнага тону.

Можна меркаваць, што і пры захаванні ўлады Украінскай Цэнтральнай Рады перамовы не былі б скончаны на карысць Беларусі. Аднак гэта не адмяніла значэння дзейнасці камісіі як першага дыпламатычнага вопыту БНР.

Streszczenie

Kontakty między władzami Białoruskiej Republiki Ludowej i Ukraińskiej Republiki Ludowej wymuszane były przede wszystkim sporem terytorialnym o część Polesia, a zwłaszcza o powiaty mozyrski, reczycki i homelski, przekazane Ukrainie przez Niemców podczas podpisywania traktatu pokojowego z Rosją w lutym 1918 r. W sprawie uregulowania sporów granicznych do Kijowa była wysłana przez rząd BRL misja dyplomatyczna, która miała również doprowadzić do wzajemnego uznania obu państw oraz nawiązania stosunków handlowych. Istniejące dokumenty pozwalają na rekonstrukcję rozmów białorusko-ukraińskich wiosną 1918 r. Za podstawę do rozmów terytorialnych delegacja białoruska proponowała mapę etnograficzną ziem białoruskich rosyjskiego uczonego Jaufima Karskiego, Ukraińcy zaś do rozmów na tematy etniczne za punkt wyjścia proponowali wziąć mapy niemieckiego sztabu generalnego. Sojusznikiem misji białoruskiej okazały się rady powiatowe z Pińska, Mozyrza, Reczycy i Mohylewa, które głośno demonstrowały wolę pozostania w państwie białoruskim oraz przystąpiły do organizacji szkół białoruskich. Ukraińcy zaś tworzyli fakty dokonane w postaci poleskiej guberni i stanowienia władzy komisarzy powiatowych. W tej sytuacji rozmowy na tematy terytorialne nie mogły zakończyć się żadnym porozumieniem.


1 „Спадчына”, 1993, н﷓р 2, с. 107.

2 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі (далей: Архівы БНР), Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага 1998, т. 1, кн. 1, с. 107, 109-113, 122-127, 143-148, 151.

3 Там жа, с. 109.

4 Цэнтральны дзяржаўны архіў вышэйшых органаў улады і кіравання Украіны (далей: ЦДАВОУіК), ф. 2592, воп. 1, спр. 62, с. 5-5 адв.

5 Там жа, с. 9.

6 Там жа, с. 25 адв., 26-26 адв.

7 Там жа, с. 43-44.

8 Архівы БНР, т. 1, кн. 1, с. 110.

9 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 62, воп. 1, спр. 191, л. 182.

10 Архівы БНР, т. 1, кн. 1, с. 110.

11 Там жа, с. 111-112.

12 ЦДАВОУіК, ф. 2592, воп. 1, спр. 62, с. 48-49.

13 Архівы БНР, т. 1, кн. 1, с. 50-51.

14 Там жа, с. 122.

15 Там жа, с. 125-127.

16 Там жа, с. 143.

17 Там жа, с. 147.

18 Там жа, с. 151.

19 НАРБ, ф. 62, воп. 1, спр. 47, с. 116.

20 Архівы БНР, т. 1, кн. 1, с. 148.

21 НАРБ, ф. 62, воп. 1, спр. 22, л. 162.

22 Архівы БНР, т. 1, кн. 1, с. 147.

23 Ф. Ф. Турук, Белорусское движение, Москва 1921, с. 118-119.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія