БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15

Міжнароднапалітычны аспект барацьбы за беларускую дзяржаўнасць 
у пачатку 1920-х гг.

Mікола Мязга
(Гомель)

Рыжскі мірны дагавор ад 18 сакавіка 1921 г. стварыў новую сітуацыю ва Усходняй Еўропе. Польская Рэспубліка не толькі адстаяла сваю незалежнасць, але і дамаглася граніцы, якая прайшла значна ўсходней „лініі Керзана”. Беларусь аказалася падзелянай паміж Польшчай і РСФСР. У сілу гэтага Рыжскі дагавор зрабіў вельмі праблематычным стварэнне сапраўды незалежнай Беларускай Дзяржавы ў яе этнічных граніцах, таму барацьба з ім стала цэнтральнай задачай беларускага нацыянальнага руху. Яна разгарнулася яшчэ да заключэння дагавору, калі толькі пачаліся польска-савецкія мірныя перамовы.

1 жніўня 1920 г. польская дэлегацыя прыбыла ў занятыя савецкімі войскамі Баранавічы і заявіла, што мае паўнамоцтвы для вядзення перамоў аб перамір’і. Савецкі бок настойваў на вядзенні перамоў аб міры, якія і пачаліся ў Мінску 17 жніўня. Аднаўленне польска-савецкіх мірных перамоў зноў зрабіла актуальным пытанне аб удзеле ў іх беларускіх прадстаўнікоў. На ўдзел у мірнай канферэнцыі ў якасці прадстаўнікоў беларускага народа маглі прэтэндаваць і дэлегаты ад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая была адноўлена 31 ліпеня 1920 г. Аднак, 10 верасня 1920 года ўрад БССР прыняў рашэнне аб перадачы ўсіх сваіх знешнепалітычных функцый Народнаму камісарыяту замежных спраў РСФСР і даў яму паўнамоцтвы прадстаўляць БССР на перамовах з Польшчай1.

Кіраўніцтва РСФСР не было зацікаўлена ў тым, каб у Рыжскай канферэнцыі ўдзельнічала дэлегацыя БССР. Кіраўнік Расійскай дэлегацыі Іофе выказаўся ў тым сэнсе, што савецкі бок не будзе настойваць на запрашэнні ў Рыгу беларускіх прадстаўнікоў, калі гэтага не пажадае Польшча. Ён заявіў прыбыўшаму ў Рыгу кіраўніку ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Беларускай ССР А. Г. Чарвякову, што мір заключаюць Расія і Польшча, а не Беларусь2. Як бачым, расійскі савецкі ўрад адмоўна ставіўся да прысутнасці на перамовах нават прадстаўнікоў БССР. Тым больш непрымірымай была яго пазіцыя па пытанні допуску на мірную канферэнцыю дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Польскі ўрад таксама не хацеў удзелу беларускіх прадстаўнікоў у савецка-польскіх мірных перамовах. У сакрэтнай дырэктыве, якую даў польскай дэлегацыі Савет абароны дзяржавы, ставілася задача: дагавор мусіць ажыццявіць ідэю завяршэння барацьбы паміж Расіяй і Польшчай за спрэчныя землі3. Так што польскаму і савецкаму бакам было нескладана дасягнуць згоды аб тым, каб беларусаў на мірную канферэнцыю не дапускаць.

Урад БНР не мог не ведаць аб адмоўным стаўленні суседніх краін да прысутнасці беларусаў на перамовах. Але, нягледзячы на гэта, ён разгарнуў настойлівую барацьбу за ўдзел у мірнай канферэнцыі. Яшчэ 1 жніўня ўрад БНР накіраваў ноту польскаму міністру замежных спраў, у якой паведамлялася аб пасылцы дэлегацыі на расійска-польскую канферэнцыю і ўтрымлівалася просьба аб дапушчэнні яе да ўдзелу ў перамовах4. 7 верасня ўрад БНР накіраваў польскаму міністру замежных спраў новую ноту. У гэты час, як вядома, ужо вяліся савецка-польскія перамовы аб міры. У ноце прыгадвалася заява Юзэфа Пілсудскага, зробленая паўтары года назад, што польскі меч нясе беларускім землям волю і дзяржаўную незалежнасць. Далей выказвалася шкадаванне, што гэтае абяцанне польскі ўрад так і не выканаў і ўтрымлівалася просьба прызнаць БНР5.

Не прывялі да станоўчых вынікаў і спробы ўрада БНР завязаць кантакты з Савецкай Расіяй, каб дамагчыся ўдзелу ў перамовах. У лісце канцылярыі Рады Міністраў БНР ад 10 жніўня на імя міністра замежных спраў паведамлялася, што прызначана дэлегацыя ў Маскву для перамоў з савецкім урадам. У склад дэлегацыі ўвайшлі В. Захарка і М. Маркевіч6. Але няма звестак аб тым, што перамовы паміж прадстаўнікамі БНР і прадстаўнікамі РСФСР сталі фактам. Не мела наступстваў і накіраванне ўрадам БНР савецкаму ўраду ноты ад 20 жніўня. У ёй прыгадваецца, што за апошнія гады расійскі савецкі ўрад ужо заключыў некалькі міжнародных дагавароў, у якіх парушаліся законныя правы і інтарэсы беларусаў. Каб прыпыніць новую несправядлівасць, урад Беларусі іменем беларускага народа катэгарычна патрабуе ўдзелу Беларускай Дзяржавы ў пачаўшыхся ў Мінску расійска-польскіх перамовах7.

Напэўна, лідэры БНР разумелі, што іх звароты да ўрадаў Польшчы і РСФСР не маюць вялікіх шансаў на поспех. Таму ўрад БНР звяртаецца за падтрымкай да міжнароднай супольнасці. 15 верасня ўрад БНР накіраваў ноту мірнай канферэнцыі ў Парыжы. Нота даводзіла да ведама паслоў краін Антанты, што перамовы, якія адбываюцца паміж РСФСР і Польшчай, закранаюць жыццёвыя інтарэсы БНР, якая размешчана паміж дзяржавамі, што вядуць перамовы. Падкрэслівалася, што Савецкая Расія не мае і не можа мець права выступаць у ролі гаспадара беларускай тэрыторыі, народ якой выразіў сваю волю да незалежнага дзяржаўнага існавання. У заключэнне ўрад БНР прасіў мірную канферэнцыю ў Парыжы:

1. Прызнаць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
2. Абараніць яе тэрыторыю ад захопу Польшчай, Расіяй, Літвой.
3. Узяць пад фрацузскае камандаванне як ужо існуючыя беларускія вайсковыя злучэнні, так і тыя, што будуць утвораны.
4. Дапамагчы беларускаму ўраду і беларускаму народу ў барацьбе з бальшавіцкай акупацыяй8.

Аднак звароты ўрада БНР за падтрымкай да Захаду не мелі поcпеху.

Нягледзячы на нежаданне Польшчы і РСФСР бачыць беларускіх прадстаўнікоў на перамовах і індыферэнтную пазіцыю Захаду, урад БНР сфарміраваў афіцыйную дэлегацыю для ўдзелу ў мірнай канферэнцыі. У пачатку кастрычніка яна ўжо знаходзілася ў Рызе, дзе працягваліся савецка-польскія перамовы. 2 кастрычніка дэлегацыя БНР абнародавала дэкларацыю да прызідыума Рыжскай канферэнцыі. У ёй прыгадвалася, што ў чэрвені 1919 г. начальнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі заявіў у Мінску, што Беларусь павінна стаць незалежнай дзяржавай, а 23 верасня 1920 г. ЦВК РСФСР урачыста прызнаў незалежнасць і суверэннасць Беларусі. Адпаведна ні Польшча, ні Расія не правамоцны выступаць ад імя Беларусі. Не можа прадстаўляць беларускі народ і рэвалюцыйны камітэт БССР, „бо народ яго не выбіраў і ён з’яўляецца дыктатарскім органам партыйнай меншасці”. Заканчвалася дэкларацыя патрабаваннем прызнаць незалежнасць БНР і дапусціць яе дэлегацыю на мірную канферэнцыю9.

5 кастрычніка дэлегацыя БНР звярнулася да ўдзельнікаў Рыжскай мірнай канферэнцыі з нотай, у якой заявіла наступнае: „1. Трывалы мір можа быць дасягнуты паміж РСФСР і Польшчай толькі пасля таго, як абедзве краіны адмовяцца ад захопу не належачых ім частак этнаграфічнай беларускай тэрыторыі і дадуць магчымасць беларускаму народу вольнага дзяржаўнага развіцця і будаўніцтва”. Дэлегацыя БНР звяртала ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі на тое, што Польшча і РСФСР не маюць агульнай граніцы. Адпаведна, Польшча аб сваёй паўночна-ўсходняй граніцы, а РСФСР — аб сваёй заходняй граніцы павінны дамаўляцца з урадам БНР10. Аднак рэальныя суадносіны сіл былі яўна не на карысць БНР. Удзельнікі канферэнцыі ў Рызе не палічыліся з пратэстамі беларускай дэлегацыі, не дапусцілі яе да перамоў і без яе ўдзелу выпрацавалі і 12 кастрычніка падпісалі папярэднія ўмовы міру.

У першым артыкуле папярэдняга мірнага дагавору РСФСР і Польшча заяўлялі, што згодна з прынцыпам самавызначэння народаў яны прызнаюць незалежнасць Украіны і Беларусі. Пры гэтым не ўдакладнялася, менавіта якія дзяржаўныя ўтварэнні маюцца на ўвазе пад незалежнай Украінай і незалежнай Беларуссю. Далейшы змест дагавору сведчыць, што заява аб прызнанні незалежнасці Беларусі і Украіны мела чыста дэкларатыўны характар. Дагавор вызначаў граніцу паміж Польшчай і савецкімі рэспублікамі, якая для Беларусі азначала яе падзел паміж Польшчай і РСФСР11.

У сувязі з падпісаннем папярэдняга міру паміж Польшчай, з аднаго боку, і РСФСР і УССР — з другога, урад БНР выступіў 27 кастрычніка з адмысловай заявай. У ёй звярталася ўвага на першы пункт названага дагавора, у якім заяўлялася аб прызнанні незалежнасці Беларусі. Кіраўніцтва БНР указвала, што гаворка можа ісці аб прызнанні незалежнасці Беларусі толькі на аснове акта 25 сакавіка 1918 г. і ў этнічных межах Беларусі. Адпаведна, для БНР былі абсалютна непрымальнымі пастановы дагавору па пытанні польска-савецкай граніцы. Праз некалькі дзён пазіцыя ўрада БНР па гэтым пытанні была падрабязна раскрыта ў спецыяльным мемарандуме12.

У барацьбе з умовамі савецка-польскага папярэдняга дагавору БНР знайшла саюзніка ў асобе Усходне-Галіцыйскай Рэспублікі. На перамовах у Рызе абмяркоўваліся пытанні, якія непасрэдна закраналі інтарэсы насельніцтва Усходняй Галіцыі. Таму ў Рыгу прыбыла афіцыйная дэлегацыя ўрада Усходне-Галіцыйскай Рэспублікі (УГР). Аднак і яна не была дапушчана да ўдзелу ў перамовах. 8 лістапада дэлегацыі БНР і УГР, якія знаходзіліся ў Рызе, выступілі з сумеснай адозвай. Яна ўтрымлівала пратэст ад імя двух урадаў супраць умоў Рыжскай прэлімінарнай дамовы. Адзначалася, што вынікам гэтай дамовы стаў захоп Беларусі і Усходняй Галіцыі Польшчай і Савецкай Расіяй13. Але УГР уяўляла сабой такую ж малазначную сілу ў міжнародных справах, як і БНР. Таму і сумесная заява гэтых дзвюх дзяржаў не паўплывала на ход працы Рыжскай мірнай канферэнцыі.

Тым часам у Рызе дэлегацыі Польшчы, Савецкай Расіі, Савецкай Украіны працягвалі працу над канчатковым варыянтам мірнага дагавору. Нягледзячы на ўсе дыпламатычныя захады ўрада БНР, перамовы, якія вырашалі лёс беларускага народа, працягваліся без яго прадстаўнікоў. А тое, што канчатковы варыянт савецка-польскага мірнага дагавору рыхтаваўся на аснове прэлімінарных умоў ад 12 кастрычніка 1920 г., азначала, што справа ідзе да замацавання падзелу Беларусі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Нарэшце, 18 сакавіка1921 г. Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай з аднаго боку і РСФСР і УССР з другога, быў падпісаны. Як і чакалася, яго ўмовы аказаліся крайне неспрыяльнымі для беларускага народа. Хаця ў артыкуле 11 Рыжскага дагавора бакі, якія яго падпіcвалі, зноў заяўлялі аб адданасці прынцыпу самавызначэння народаў Беларусі і Украіны, у сапраўднасці дагавор перакрэсліваў для беларускага народа магчымасць стварыць незалежную дзяржаву, якая б аб’ядноўвала ўсе беларускія землі. Лічыць тагачасную БССР увасабленнем беларускай дзяржаўнасці не прыходзіцца. Яна ўключала ў свой склад нікчэмна малую частку беларускіх зямель. У рашэннях 8-й канферэнцыі Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, якая адбылася ў Мінску 22-26 лістапада 1920 г., проста сказана, што БССР з’яўляецца складовай часткай РСФСР14 . Уся палітыка БССР кантралявалася Масквой. Гэта добра бачна на прыкладзе прынятага 21 жніўня 1921 г. урадам БССР палажэння аб народным камісарыяце замежных спраў рэспублікі. Згодна з ім, адносіны з РСФСР не разглядаліся як адносіны паміж дзвюма незалежнымі дзяржавамі. Усе функцыі, звязаныя з рэальнай дзейнасцю на міжнароднай арэне, урадам БССР былі перададзены НКЗС РСФСР15. Пры такіх адносінах паміж БССР і РСФСР нельга было разлічваць, што беларускі савецкі ўрад выступіць супраць тых пастаноў Рыжскага дагавору, якія былі накіраваны супраць нацыянальных інтарэсаў беларусаў. Не выпадкова, што без адказу застаўся зварот да ўрада БССР Беларускай нацыянальнай сувязі ад 16 мая 1921 г. У ім змяшчаўся заклік да сумеснай барацьбы за правы насельніцтва Заходняй Беларусі16.

У адрозненні ад уладаў БССР, урад БНР і нацыянальныя палітычныя сілы разгарнулі актыўную барацьбу супраць пастаноў Рыжскага дагавора. Разлік рабіўся на тое, што пры падтрымцы міжнароднай супольнасці ўдасца дабіцца яго перагляду. Здавалася, гэтыя спадзяванні мелі пад сабой аснову. Савецка-польская граніца, якую ўсталяваў Рыжскі дагавор, прайшла значна ўсходней „лініі Керзана”, вызначанай Антантай у якасці ўсходняй граніцы Польшчы. Рыжскую граніцу, як і ўключэнне ў склад Польшчы Віленшчыны, Антанта не прызнала. На Захадзе былі даволі моцныя настроі супраць пашырэння тэрыторыі Польшчы ва ўсходнім кірунку. У траўні 1921 г. уплывовая газета французскіх дзелавых колаў „Манітор дэ Камерс” надрукавала шэраг артыкулаў, у якіх закранала праблемы Усходняй Еўропы. У сувязі з праходзіўшай у той час польска-літоўскай канферэнцыяй у Бруселі газета адзначала, што Антанта зробіць фатальную памылку, калі перадасць літоўска-беларускую большасць Віленшчыны пад уладу польскай меншасці. Польшча тым самым далёка выйдзе за свае этнічныя межы. Далей газета заклікае французскі ўрад прызнаць дэ-факта незалежнасць Украіны і Беларусі, бо яны могуць адыграць значную ролю ў барацьбе з бальшавізмам. І Францыя павінна паўплываць на Польшчу, каб тая адмовілася ад тэрыторый, якія ёй зусім не належаць17.

Шэраг артыкулаў, у якіх выказвалася пазіцыя, блізкая да вышэй адзначанай, з’явіўcя і ў англійскім друку. Асабліва іх шмат было напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі ў пачатку 1922 г. Англійская прэса адзначала, што „цяперашняя Польшча ў два разы большая ў параўнанні з этнічнай Польшчай. І таму Англія лічыць цяперашнія польскія граніцы часовымі і перагляд іх у будучым непазбежнымі”18. Выказвалася думка, што Польшча, магчыма, ужо на працягу аднаго дзесяцігоддзя „страціць Усходняю Галіцыю і тую частку велізарнай рускай прасторы, якой яна авалодала на аснове дагавора ў Рызе”19.

Такое ж негатыўнае стаўленне да пашырэння Польшчы на ўсход адчувалася на Захадзе і на афіцыйным узроўні. У маі 1921 г. прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Д. Лойд-Джордж, выступаючы ў англійскім парламенце заявіў, што Вільня акупавана Польшчай насуперак жаданням Антанты. А Савет Антанты прыняў рашэнне, у якім адзначалася, што Усходняя Галіцыя не ўваходзіць у склад Польшчы. Апошняя ажыццяўляе яе ваенную акупацыю. Вясной 1922 г. пытанне аб Усходняй Галіцыі абмяркоўвалася спецыяльным камітэтам Лігі Нацый. Па выніках абмеркавання было прынята рашэнне разглядаць Усходнюю Галіцыю як незалежную рэспубліку20.

Менавіта зыходзячы з наяўнасці на Захадзе такіх настрояў і ў разліку на іх беларускі нацыянальны рух робіць крокі, якія мелі на мэце дабіцца перагляду палажэнняў Рыжскага дагавору, што датычыліся Беларусі. Ужо 25 сакавіка 1921 г. урад БНР абнародаваў зварот „Усяму культурнаму свету”. У звароце адзначалася, што Польшча і Расія тры гады ваявалі на тэрыторыі Беларусі, і „ўрэшце, завяршаючы бясконцы рад сваіх бясправій, раздзерлі жывое цела Беларускага народа на двое. Польшча заграбіла заходнія, а Расея — усходнія беларускія землі”. Урад БНР выказаў „самы гарачы пратэст перад усімі культурнымі народамі і дзяржавамі свету” супраць падзелу Беларусі і заяўляў: „1. Мір, разрываючы на часткі жывы арганізм Беларусі, ніколі не будзе прызнаны Беларускім народам. 2. Супраць гвалту і паняволення Беларусі народ бароўся і будзе бароцца за сваю незалежнасць і непадлегласць”21.

Пазіція ўрада БНР у сувязі з Рыжскім мірам была дэталёва выкладзена яго старшынёй В. Ластоўскім у інтэрв’ю газеце „Вольнае слова” (Рэвель) у пачатку ліпеня 1921 г. Кіраўнік урада БНР указаў на захоп Польшчай каля 100 тысяч квадратных кіламетраў беларускай тэрыторыі. Што датычыцца створанай бальшавікамі БССР, то яна, на думку Ластоўскага, „з’яўляецца злейшай насмешкай над самавызначэннем народаў”. Тлумачачы сваё стаўленне да БССР, старшыня ўрада БНР указваў, што бальшавікі ўключылі ў яе склад толькі 6 уездаў, а 22 іншыя беларускія ўезды далучылі да Расіі. Але і ў тых 6 уездах ніякай незалежнасці няма. Далей Ластоўскі прапанаваў шлях урэгулявання сітуацыі, якая склалася вакол Беларусі ў выніку Рыжскага дагавору. Па яго словах, урад БНР хадайнічае цяпер перад Лігай Нацый аб прадстаўленні яму права на тэрыторыі, якія размешчаны паміж „лініяй Керзана” і лініяй савецка-польскай граніцы, якая была ўсталявана ў Рызе. Ластоўскі улічваў, што Антанта прызнае прытэнзіі палякаў толькі да „лініі Керзана”. Зыходзячы з гэтага, ён спадзяваўся, што Ліга Нацый задаволіць патрабаванне беларускага ўрада. Тады ўзніклі б дзве Беларусі: дэмакратычная і савецкая, адносіны паміж якімі былі б урэгуляваны шляхам мірных перамоў22.

Трэба сказаць, што ўрад БНР і нацыянальны рух звязвалі вялікія спадзяванні ў вырашэнні беларускага пытання з Лігай Нацый. У верасні пачала працу сесія Лігі Нацый у Жэневе. На яе прыбыла і дэлегацыя БНР. 11 верасня яна была прынята прызідыумам Лігі Нацый. Беларускія прадстаўнікі ўручылі мемарандум, у якім была выкладзена пазіцыя ўрада БНР у дачыненні да Рыжскага міру, аб сутнасці якой ужо гаварылася вышэй. У снежні 1921 г. адбылася сустрэча В. Ластоўскага і міністра замежных спраў БНР А. Цвікевіча з прадстаўніком Лігі Нацый Шардзіньі. На ёй абмяркоўвалася праблема вырашэння віленскага пытання23. Аднак практычных вынікаў звароты беларускага нацыянальнага руху да Лігі Нацый не далі.

Важнае значэнне для мабілізацыі, беларускіх нацыянальных сіл на барацьбу з Рыжскім дагаворам мела нацыянальна-палітычная нарада, што адбылася ў Празе ў верасні 1921 г. Рашэнне аб яе скліканні было прынята на пасяджэнні Беларускай нацыянальнай сувязі 8 жніўня. У сваім выступленні на нарадзе Ластоўскі галоўную віну за падзел Беларусі ў Рызе ўсклаў на польскую дэлегацыю на чале з Домбскім. Нарада прыняла адмысловую рэзалюцыю аб Рыжскім трактаце. У ёй беларускія партыі і арганізацыі заяўлялі, што застаюцца на пазіцыях Граматы Рады БНР ад 25 сакавіка 1918 г., якая абвясціла незалежнасць БНР у граніцах колькаснай перавагі беларускага народа.

Урад БНР імкнуўся выкарыстаць любую магчымасць, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да беларускага пытання. Восенню 1921 г распачала працу міжнародная канферэнцыя ў Вашынгтоне. Урад БНР у лістападзе накіраваў яе ўдзельнікам мемарыял. У ім гаварылася, што беларуская дзяржаўнае будаўніцтва стала ахвярай польскай і расійскай агрэсіі. Вынікам гэтай агрэсіі з’явіўся падзел Беларусі па Рыжскім дагаворы. Урад БНР адзначаў, што асабліва цяжкае становішча беларускага народа ў заходняй, акупіраванай палякамі, частцы Беларусі. У заключэнні мемарыяла ўрад БНР прасіў удзельнікаў Вашынгтонскай каферэнцыі аказаць садзеянне ў пераглядзе палажэнняў Рыжскага дагавору, якія датычацца Беларусі24.

З пачатку 1922 г. міжнародная дыпламатыя разгарнула падрыхтоўку да канферэнцыі ў Генуі. Польскі ўрад чакаў пачатку гэтай канферэнцыі з пэўнай трывогай. Няцяжка было прадбачыць, што ўрад БНР скарыстае канферэнцыю, каб прыцягнуць увагу дзяржаў да становішча на Беларусі. Акрамя таго, у Генуэзскай канферэнцыі збіралася прыняць удзел савецкая дэлегацыя. Не выключалася, што і яна можа ўзняць пытанне аб пераглядзе польскай усходняй граніцы. Такім чынам, было даволі верагодна, што на канферэнцыі можа адбыцца дыскусія вакол палажэнняў Рыжскага дагавору, якія датычыліся Беларусі. І палякі зусім не былі ўпэўнены, што яны змогуць разлічваць на добразычлівую пазіцыю вялікіх дзяржаў пры абмеркаванні гэтага пытання. Вышэй ужо адзначалася існаванне на Захадзе моцных настрояў супраць уключэння ў склад Польшчы вялікіх тэрыторый на ўсходзе. Таму і ўсходняя польская граніца пакуль не атрымала міжнароднага прызнання. Напярэдадні канферэнцыі польскі міністр замежных спраў К. Спірмук наведаў з візітам Лондан. Ён імкнуўся дабіцца згоды англійскага ўрада на прызнанне ўсходняй граніцы Польшчы, але пацярпеў няўдачу. Генуэзская канферэнцыя пачала сваю працу 10 красавіка 1922 г., а 27 красавіка ў Геную прыбыла дэлегацыя БНР на чале са старшынёй урада В. Ластоўскім. 3 мая беларуская дэлегацыя абнародавала зварот да старшыні канферэнцыі Факта. Ён быў прысвечаны віленскаму пытанню. У звароце ўрад БНР рашуча выказваўся супраць далучэння Вільні да Польшчы. Больш спрыяльным варыянтам для беларусаў Віленшчыны лічылася далучэнне краю да Літвы. Беларуская дэлегацыя прасіла канферэнцыю падтрымаць менавіта такое вырашэнне віленскага пытання25.Згодна з паведамленнем Беларускага прэс-бюро, у Коўне тады ж, 3 мая, дэлегацыя БНР уручыла Факту мемарыял. У ім утрымліваліся характарыстыка становішча на Беларусі пасля Рыжскага міру і прапанова аб нейтралізацыі Беларусі дзеля замірэння Усходняй Еўропы. Праект стварэння нейтральнай паласы ва Усходняй Еўропе быў вынесены на пасяджэнне галоўнай камісіі Генуэзскай канферэнцыі. Ён павінен быў уключаць тэрыторыю, якая ляжала паміж „лініяй Керзана” і савецка-польскай граніцай, усталяванай у Рызе. Мелася на ўвазе перадаць гэты нейтральны пояс пад пратэктарат вялікіх дзяржаў26. Як бачым, урад БНР унёс змены ў сваю ранейшую пазіцыю. У ёй больш не было патрабавання аб перадачы Заходняй Беларусі пад яго кантроль. Гаворка ішла аб пратэктараце над ёй вялікіх дзяржаў. Напэўна, можна было разлічваць, што перадача Заходняй Беларусі з-пад улады Польшчы пад міжнародны пратэктарат стане першым крокам на шляху стварэння беларускай дзяржавы. Прадстаўнікі БНР мелі ў Генуі сустрэчы з шэрагам дэлегацый, у тым ліку і з англійскай. Аднак, урад БНР не змог дабіцца прыняцця Генуэзскай канферэнцыяй яго прапаноў. З другога боку, і Польшча не здолела дамагчыся тут міжнароднага прызнання сваіх усходніх граніц, хаця Раман Скірмут 14 красавіка звярнуўся да канферэнцыі з адпаведнай нотай.

Цікава, што па пытанні аб міжнародным прызнанні польскай усходняй граніцы пазіцыя БНР у пэўнай ступені супадала з пазіцыяй РСФСР. Апошняя таксама імкнулася не дапусціць, каб на ўсталяваную ў Рызе граніцу распаўсюдзіліся міжнародныя гарантыі. Як сведчаць дыпламатычныя дакументы, савецкае кіраўніцтва разглядала гэтую граніцу як часовую і будавала планы яе рэвізіі27. Але мэта пажаданай рэвізіі польскай граніцы для БНР і РСФСР была рознай. Першая лічыла яе важнейшай перадумовай будаўніцтва незалежнай Беларускай Дзяржавы, другая імкнулася далучыць Заходнюю Беларусь да БССР і тым самым перакрыць шлях „буржуазнага” самавызначэння Беларусі.

Польскія ўлады разумелі, што іх становішча на „ўсходніх крэсах” будзе заставацца няўстойлівым, пакуль Захад не прызнае ўключэнне гэтых тэрыторый у склад Польшчы. Спрыяльныя ўмовы, каб дабіцца міжнароднага прызнання ўстаноўленай у Рызе граніцы склаліся для Польшчы ў пачатку 1923 г. На гэты момант у Еўропе ўжо ў значнай ступені рассеяліся спадзяванні на хуткае падзенне бальшавіцкага рэжыму ў Расіі. У сілу гэтага ўзмацнілася зацікаўленасць Захаду ў існаванні моцнай Польшчы як бар’ера супраць бальшавізму. Такая Польшча павінна была ўключаць і „ўсходнія крэсы”. Непасрэдны штуршок да міжнароднага прызнання польскай усходняй граніцы далі падзеі, звязаныя з рурскім крызісам. Польскі ўрад зрабіў выснову, што ва ўмовах канфлікта паміж Германіяй і Францыяй значна ўзрасла зацікаўленнасць апошняй у Польшчы як саюзніцы і гэта трэба скарыстаць. 12 лютага ў Сейме адбылася дыскусія па дакладзе міністра замежных спраў. Яе ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што неабходна выкарыстаць склаўшуюся сітуацыю ў Еўропе для дасягнення як мага больш хуткага міжнароднага прызнання ўсходніх граніц Польшчы. Адгукаючыся на настойлівыя просьбы свайго польскага саюзніка, Францыя стала дамагацца ад іншых краін Антанты прызнання польскай усходняй граніцы. 15 сакавіка Савет паслоў Антанты прыняў дадатковы пратакол да Версальскага дагавора, які юрыдычна аформіў міжнароднае прызнанне польска-савецкай граніцы, усталяванай Рыжскім дагаворам.

Прыняццё пратакола 15 сакавіка 1923 г. было буйным поспехам польскай дыпламатыі. Для беларускага нацыянальнага руху гэты пратакол быў сур’ёзнай няўдачай. З яго прыняццём задача стварэння Беларускай Дзяржавы ў яе этнічных граніцах станавілася яшчэ больш складанай.

Streszczenie

Traktat ryski przekreślił szanse na powstanie niezależnej państwowości białoruskiej. Do udziału w rozmowach nie dopuszczono nawet marionetkowego rządu BSRR. Białorusinów w Rydze nie chcieli ani Rosjanie, ani Polacy. Nie zaproszono do rozmów także przedstawicieli emigracyjnego rządu BRL, mimo wielokrotnych prób przedstawienia sąsiadom stanowiska strony białoruskiej. O losach Białorusinów decydowali Rosjanie i Polacy bez ich udziału. Niewiele także przyniosła obecność delegacji ukraińskiej w Rydze. Ukraina została podzielona między układające się strony podobnie jak Białoruś. W odróżnieniu od władz BSRR, rząd BRL podjął aktywną walkę z postanowieniami traktatu ryskiego.


1 Л. А. Кавалёва, Утварэнне i дзейнасць наркамата замежных спраў БССР у 1919-1922 гг., „Весцi АН Беларусi. Серыя грамадскiх навук”, 1993, н﷓р 1, с. 44.

2 „Спадчына”, 1990, н﷓р 1, с. 12.

3 А. Грыцкевiч, Гiсторыя геапалiтыкi Беларусi, „Спадчына”, 1994, н﷓р 4, c. 54.

4 Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (далей: НАРБ), ф. 325, воп.1, спр. 115, арк. 48.

5 Там жа, спр. 99, арк. 12.

6 Там жа, спр. 59, арк.161.

7 Там жа, спр. 98, арк. 97.

8 Знешняя палiтыка Беларусi. Зборнiк дакументаў i матэрыялаў, т. 1 (1917-1922 гг.), Мінск 1997, с. 191-193.

9 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 98, арк. 105, 116.

10 Знешняя палiтыка Беларусi. Зборнiк дакументаў i матэрыялаў, т. 1, с. 203-205.

11 НАРБ, ф. 325, воп.1, спр. 99, арк.72.

12 Документы и материалы по истории советско-польских отношений, Москва 1966,.т. 3, с. 423.

13 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 98, арк. 134, 138-145.

14 Там жа, ф. 325, воп. 1, спр. 99, арк. 47-48.

15 Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК, Мінск 1973, т. 1, с. 55.

16 Л. А. Кавалёва, Утварэнне i дзейнасць наркамата замежных спраў БССР у 1919-1922 гг., „Весцi АН Беларусi. Серыя грамадскiх навук”, 1993, н﷓р 1, с. 44.

17 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 104, арк. 52-53.

18 Там жа, спр. 178, арк. 30, 38.

19 Там жа, спр. 212, арк. 26.

20 Там жа, спр. 178. арк. 28, 39; спр. 212. арк. 34.

21 Там жа, спр. 99, арк. 80.

22 Там жа, спр. 180, арк. 16.

23 Там жа, спр. 180, арк. 46, 80.

24 Там жа, спр. 180, арк. 74-79.

25 Знешняя палiтыка Беларусi. Зборнiк дакументаў i матэрыялаў, т. 1, с. 307-309.

26 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 212, арк. 42-43.

27 М. М. Мязга, Савецка-польскiя перамовы аб заключэннi дагавора аб ненападзе ў 1924-1926 г.г., „Весцi БДУ. Серыя 3”, 1996, н﷓р 1, с. 47-51.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія