БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15

Асноўныя напрамкi знешнепалiтычнай дзейнасцi БНР у 1918-1920 гг.

Таццяна Паўлава
(Мінск)

Беларускi нацыянальны рух прайшоў доўгi i складаны шлях. Працэс кансалiдацыi беларусаў у асобную нацыю з’яўляўся заканамерным. Аднак беларусы ўключылiся ў гэты працэс значна пазней за еўрапейскiя i суседнiя краiны. Iдэя нацыянальнага вызвалення Беларусi не адразу прыняла формы поўнай, суверэннай, нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасцi. Стварэнне Украiнскай Народнай Рэспублiкi натхнiла беларускi нацыянальны рух. Вялiкая Беларуская Рада павяла барацьбу за стварэнне незалежнай нацыянальнай дзяржавы ў форме дэмакратычнай рэспублiкi. Кiруючыся iдэяй непадзельнасцi Беларусi i адрозненнем яе iнтарэсаў ад Расii, Выканаўчы камiтэт Рады Усебеларускага з’езда пасля падпiсання Брэст-Лiтоўскага мiрнага дагавора, ратуючы Беларусь ад падзелу, пракламаваў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублiкi.

Ваканаўчы камітэт I Усебеларускага з’езда накiраваў у Брэст-Лiтоўск дэлегацыю ў складзе А. Цвiкевiча, С. Рак-Мiхайлоўскага, I. Серады з мэтай абаранiць на перамовах iнтарэсы Беларусi. Менавiта гэтых людзей можна лiчыць першымi дыпламатычнымi прадстаўнiкамi Беларускай Народнай Рэспублiкi.

19 студзеня 1918 г. Ваканкам I Усебеларускага з’езда выдаў i ўручыў членам дэлегацыi „Дэкларацыю Беларускай мiрнай дэлегацыi”1. У гэтым дакуменце выказвалiся асноўныя прынцыпы i накiрункi знешнепалiтычнай дзейнасцi будучай Беларускай Народнай Рэспублiкi. Некаторыя яе пункты, якiя датычацца мiжнароднай дыпламатыi i эканамiчнай палiтыкi, практычна iдэнтычны амерыканскай знешнепалiтычнай дактрыне, выказанай 8 студзеня 1918 г. у „Чатырнаццацi пунктах Вiльсана”.

Дзяржава павiнна складацца i развiвацца на ўласнай тэрыторыi. Кіраўнік дэлегацыi БНР па знешнiх перамовах А. Цвiкевiч 18 красавiка 1918 г. адправiў радыётелеграму, якая апавяшчала ўрады ўсiх еўрапейскiх краiн i Савецкую Расiю аб абвяшчэннi незалежнасцi БНР, асноўных прынцыпах яе дзяржаўнага будаўнiцтва, тэрыторыi i дзяржаўных межах. У тэлеграме адзначалася, што БНР не можа прызнаць Брэсцкi мiр, паколькi ён парушае яе тэрытарыяльную цэласнасць, i выказвалася iмкненне ўступiць у перамовы аб сяброўскiх адносiнах i дзяржаўных межах з суседнiмi i iншымi еўрапейскiмi краiнамi2. У Дэкларацыi Народнага Сакратарыята БНР ад 21 траўня 1918 г. гаварылася, што дзяржаўную мяжу трэба праводзiць па нацыянальным прынцыпе, неабходна таксама ўлiчваць гiстарычныя, этнаграфiчныя i эканамiчныя моманты пры канчатковым узгадненнi мяжы. „Мы павiнны дабiцца мяжы нашай з Лiтвой па Вiленшчыне i Гродненшчыне, з Украiнай па Гродненшчыне, Мiншчыне, Палессю i Чарнiгаўшчыне”3. Вырашыць гэтыя пытаннi, адзначалася ў дэкларацыi, магчыма толькi шляхам узаемнага пагаднення, таму неабходна весцi адпаведныя перамовы з Лiтвой i Украiнай. „Неабходна падкрэслiць, што мяжа з Польшчай ёсць самая старая мяжа каралеўства Польскага з Гродненскай губернiяй”4. Далей найбольш значным з’яўляецца ўсталяванне правiльных справядлiвых адносiн з Расiяй. Адной з галоўных задач у гэтым напрамку з’яўляецца высвятленне адносiн Савецкага ўрада да беларускай дзяржаўнай незалежнасцi.

Пытанне аб мяжы заўсёды заставалася вельмi актуальным для БНР. Яе геаграфiчнае палажэнне з усiх бакоў было цяжкiм да абароны. Кожная з суседнiх дзяржаў мела тэрытарыяльныя прэтэнзii да БНР i iмкнулася ўмацаваць свае пазiцыi за кошт далучэння яе зямель. Мяжа БНР з суседзямi на ўсiм працягу была сухапутнай i не мела натуральных перашкод. Абаранiць такую мяжу надзейнымi ўзброенымi i тэхнiчнымi сродкамi для такой дзяржавы, як БНР, было вельмi цяжка. Рэспублiка, калi яна рыхтавалася да доўгага iснавання, павiнна была мець адпаведныя людскiя i матэрыяльныя рэсурсы. Дастатковай колькасцi нi першых, нi другiх у БНР не было.

Гэта прымушала Раду i Народны Сакратарыят актыўна праводзiць гiбкую мiралюбiвую, не абвастраючую ўзаемаадносiны з суседзямi знешнюю палiтыку. Правядзенне такой палiтыкi для малой, не здольнай на ўласныя сiлы абаранiць суверэнiтэт сваёй краiны, заўсёды было складанай i бесперспектыўнай задачай. БНР мела патрэбу ў заступнiцтве з боку моцнай краiны. Дамагаючыся змянення сiтуацыi ў спрыяльнам для сябе накiрунку, урад БНР актыўна спрабаваў усталяваць сяброўскiя адносiны са знешнiм мiрам.

Абвяшчэнне БНР адбылося ў вельмi складаных, супярэчлiвых, не спрыяючых узнiкненню i развiццю новай дзяржавы геапалiтычных абставiнах. Тэрыторыя БНР была тым перасячэннем шляхоў, якiя звязвалi многiя краiны Заходняй Еўропы з Расiяй. Праз Беларусь быў самы кароткi шлях з Заходняй Еўропы ў Расiю. Тэрыторыя БНР мела межы: на поўначы з Расiяй i Латвiяй, на ўсходзе з Расiяй, на поўднi з Украiнай, на захадзе з Польшчай, Лiтвой, Германiяй. Мяжа была даволi працяглая i поўнасцю сухапутная.

Улiчваючы геапалiтычнае i эканамiчнае становiшча БНР, найбольш злабадзённай задачай для ўрада БНР з’яўлялася актыўнае правядзенне знешняй палiтыкi. Без фактычнага i палiтычнага прызнання БНР не мела нiякiх шансаў да iснавання. Таму кiраўнiцтву БНР патрэбны былi маральная i матэрыяльная падтрымка ўрадаў суседнiх краiн, а таксама Германii, Англii, Францыi, ЗША. Асаблiва энергiчна Рада i Народны Сакратарыят спрабавалi ўсталяваць адносiны з Германiяй.

I Рада, i Народны Сакратарыят лiчылi магчымым апiрацца на Германiю, якая, па-першае, прызнала незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі, заключыла з ёю мiрны дагавор i, па-другое, падтрымлiвала антыбальшавiцкiя ўрады на Каўказе, Лiтоўскую Тарыбу. Палiтыка, якую Германiя праводзiла ў адносiнах да нацыянальных рэгiёнаў былой Расiйскай імперыі, параджала надзеi на тое, што i ў адносiнах да Беларусi яна будзе праводзiць такую ж палiтыку.

У склаўшыхся абставiнах Рада i ўрад БНР не мелi рэальнай магчымасцi праводзiць iншую палiтыку, акрамя супрацоўнiцтва з акупацыйнай уладай. Супрацоўнiцтва з Германiяй яны лiчылi адзiнай магчымасцю забяспечыць стварэнне беларускай дзяржаўнасцi. Самавызначэнне беларусаў, на думку Народнага Сакратарыята, залежала ад Германii, таму што ва ўмовах акупацыi менавiта яна вырашала ці даць беларусам iх тэрытарыяльна-нацыянальную незалежнасць, цi не. Урад БНР абвясцiў германскi ўрад аб незалежнасцi Беларускай Народнай Рэспублiкi5.

Пасля прыняцця III Устаўной граматы аб усiх трох граматах Народны Сакратарыят паведамiў у Берлiн6. У адказ на II i III Устаўныя граматы рэйхсканцлер паведамiў Народны Сакратарыят, что Берлiн разглядае Беларусь як частку Савецкай Расii, а згодна Брэсцкаму мiру без урада Савецкай Расii ён не можа вырашыць гэтае пытанне7.

Такi падыход не спынiў кiраўнiцтва БНР. Дэлегацыя БНР у Кiеве 25 красавiка 1918 г. уручыла паслу Германii пры ўрадзе УНР мемарыял па „беларускiм пытаннi”. У дакуменце прапанавалася прызнаць незалежнасць БНР i садзейнiчаць захаванню тэрытарыяльнай цэласнасцi беларускай дзяржавы. Узамен Народны Сакратарыят згаджаўся на ўсталяванне прыязных адносiн з нямецкiмi акупацыйнымi ўладамi8.

Але ў гэты час ужо лiчылася, што частка тэрыторыi БНР належыць да новай Лiтоўскай дзяржавы, вышэйшы выканаўчы i заканатворчы орган якога — Тарыба атрымаў прызнанне Германii. I хоць спачатку гэта прызнанне не было афiцыйным, яно захоўвала за Тарыбай пэўную моц, пры дапамозе якой магчымым было захаваць за Лiтвой частку беларускiх зямель.

Урад БНР спрабаваў пераканаць Германiю ў тым, што не на карысць апошняй iснаванне вялiкай Польшчы, цi вялiкай Украiны. Прадстаўнiкi БНР на Украiне спрабавалi зацiкавiць нямецкага пасла ў Кiеве Беларуссю як буферам памiж Польшчай i Расiяй. Этнаграфiчная Беларусь не дасць магчымасцi стаць вялiкiмi нi Польшчы, нi Расii. Болей, Рада сцвярджала, што Беларусь спрадвечна iмкнулася да Захаду. Беларускiя дыпламаты iмкнулiся пераканаць германскага прадстаўнiка ў неабходнасцi прызнання БНР, палегчыць умовы акупацыi i нармалiзаваць адносiны ваенных акупацыйных улад да ўрада i Рады БНР, зацiкавiць Германiю беларускiм рынкам.

Складаным былi адносiны Германii да паўночнай Беларусi. Частка тэрыторыi, на якую прэтэндавала Рада БНР, знаходзiлася ў межах Лiтвы, якую падтрымлiвала Германiя; другая частка ў Расii; трэцяя была акупавана нямецкiмi войскамi. Беларускае пытанне такiм чынам апынулася заблытаным наконт межаў беларускага народа. Асаблiва цяжка было правесцi заходнюю мяжу Беларусi, дзе закраналiся iнтарэсы Лiтвы i Германii.

Кiраўнiкi беларускага нацыянальнага руху спадзявалiся, што пасля абвяшчэння БНР Германiя можа прызнаць незалежнасць Беларусi, не парушаючы Брэсцкага мiру. Па прычыне барацьбы за цэласнасць новай дзяржавы, Германiя дапаможа вярнуць тыя беларускiя землi, якiя, згодна Брэсцкаму мiру, адышлi да Савецкай Расii, паколькi i гiстарычныя, i этнаграфiчныя межы Беларусi ўключалi Смаленшчыну, часткi Бранскай, Чарнiгаўскай i Калужскай губерняў9.

Урад i Рада БНР не мелi рэальнай магчымасцi выбару: супрацоўнiчаць з акупацыйнымi ўладамi цi не. Адзiным шляхам да беларускага ўрада i парламента ў гэты перыяд было супрацоўнiцтва з Германiяй, надзея на яе дапамогу ў стварэннi беларускай дзяржаўнасцi.

Рэальныя магчымасцi ўрада i Рады былi вельмi абмежаваны: яны не мелi якiх-небудзь вайсковых фармiраванняў, каб праводзiць сваю палiтыку метадам моцы. Надзеi ўскладалiся на дасягненне кампрамiсу з германскiмi ўладамi, на тое, што ў рэшце рэшт Германiя будзе згодна перадаць Радзе i Народнаму Сакратарыяту грамадзянскую ўладу ў краі, а гэта дазволiць весцi размову пра рэальную дзяржаўную незалежнасць.

Рада i Народны Сакратарыят не менш значным лiчылi i развiццё сувязей з Украiнай10. 22 сакавiка 1918 г. Украiна была афiцыйна паведамлена аб абвяшчэннi БНР. Памiж дзяржавамi былi ўсталяваны дыпламатычныя адносiны, краiны абмянялiся дыпламатычнымi прадстаўнiцтвамi. У красавiку 1918 г. на Украiну была напраўлена надзвычайная дыпламатычная дэлегацыя ўрада БНР, якая сфармiравала ў Кiеве беларускую дыпламатычную мiсiю. У яе склад увайшлi вядомыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху: кiраваў мiсiяй А. Цвiкевiч, членамi з’яўлялiся С. Рак-Мiхайлоўскi, Л. Леўчанка, прафесар М. Доўнар-Запольскi, кiраваў справамi Ю. Фарботка i iншыя11.

У ходзе перамоў з УНР Беларуская Рада i ўрад iмкнулiся: па-першае, дабiцца прызнання БНР, па-другое, усталяваць моцныя эканамiчныя ўзаемаадносiны. Пытанне ўзаемаадносiн БНР з Украiнай ускладнялася тэратарыяльнымi, пагранiчнымi i iншымi намаганнямi апошняй, якiя ў сваёй большасцi не мелi падстаў. Украiна спрабавала ўмацаваць сваё геапалiтычнае становiшча за кошт Беларусi.

У дэкларацыi Народнага Сакратарыята ад 21 траўня 1918 г. адзначалася, што „галоўнай задачай урада павiнна стаць умацаванне беларускай дзяржаўнасцi i аўтарытэту Рады рэспублiкi i ўрада”12. Для гэтага неабходна ўсталяваць сяброўскiя адносiны з суседнiмi дзяржавамi, з якiмi трэба правiльна вырашыць пытанне аб мяжы. Прычым галоўныя намаганнi, на думку беларускага ўрада, трэба было направiць на адносiны з Лiтвой i Украiнай, паколькi гэтыя краiны знаходзiлiся не толькi ў непасрэднай блiзкасцi да БНР, але i з’яўлялiся патэнцыяльнымi саюзнiкамi Беларусi.

У знешнепалiтычнай дзейнасцi галоўнай задачай пракламавалася прызнанне незалежнасцi Беларусi суседнiмi краiнамi, вялiкiмi дзяржавамi, новымi дзяржаўнымi ўтварэннямi, якiя вылучалiся з былой Расiйскай iмперыi, а таксама iншымi краiнамi. Надзённым пытаннем з’яўлялася ўсталяванне дыпламатычных адносiн з суседнiмi краiнамi.

У гэтых мэтах улетку 1918 г. былi ўсталяваны консульскiя зносiны з Украiнай, Паўночным Каўказам, Донам, Лiтвой i РСФСР. Аднак гэтага не хапала для ўсталявання палiтычных адносiн. Нават консульскiя зносiны абмежавалiся ў асноўным краiнамi былой Расiйскай iмперыi. Урад накiраваў дэлегацыi ў Берлiн, Берн, Капенгаген. Але паласа прызнаня БНР не пачалася.

Знешняя палiтыка БНР, накiраваная на ўсталяванне дыпламатычных адносiн з суседнiмi краiнамi, дзяржавамi Заходняй Еўропы i ЗША мела аднабаковы характар. Краiны Заходняй Еўропы i ЗША не маглi прызнаць БНР. Урады гэтых дзяржаў лiчылi, што гэта ўмацавала б палажэнне РСФСР, паколькi пазбавiла б гэтыя краiны магчымасцi мець непасрэдную мяжу з Расiяй. Таму Англiя, Францыя i ЗША не спяшалiся прызнаць незалежнасць БНР, таму што незалежная БНР такiм чынам была б буфернай дзяржавай памiж Заходняй Еўропай i Расiяй.

У 1919 г. урад БНР пры дапамозе спецыяльных дэлегацый усталяваў зносiны з Берлiнам, Капенгагенам, Варшавай, Лiтвой, мiрнай канферэнцыяй у Парыжы, спрабаваў пераканаць моцныя заходнiя краiны звярнуць сур’ёзную ўвагу на беларускае пытанне i аказаць беларускаму народу дапамогу ў яго дзяржаўным будаваннi.

Але Англiя, Францыя, ЗША, паводле сцвярджэння самiх членаў Рады, адмахвалiся ад беларускага пытання, не жадалi займацца лёсам беларускага народа. Беларусь была толькi аб’ектам у знешнепалiтычных камбiнацыях вялiкiх дзяржаў. Фармальна прызнаванае вялiкiмi дзяржавамi права на нацыянальнае самавызначэнне малых народаў не прымалася ў разлiк. Будучае Беларусi яны разглядалi праз прызму антысавецкай палiтыкi, аддаючы пры гэтым значную ролю Польшчы, якая была патрэбным iнструментам у барацьбе з Савецкай Расiяй. Афiцыйна пытанне аб Беларусi ў мiжнародных адносiнах таго перыяду ставiлася як пытанне аб усходнiх межах Польскай дзяржавы i яе ўзаемаадносiн з Расiяй.

Асноўнымi прынцыпамi сваёй ўсходняй палiтыкi ў гэты час Польшча азначала як: 1) абарону, менавiта перанясенне як мага далей мяжы з Расiяй ад цэнтра Польшчы; 2) стварэнне ўмоў для вольнага i гарантаванага самастойнага нацыянальнага развiцця польскага насельнiцтва на ўсходнiх землях; 3) захаванне ў сферы польскага ўплыву ўсiх тых зямель, якiя адчувалi гэты ўплыў у перыяд свайго гiстарычнага развiцця13.

Гродзенская i Вiленская губернi ўваходзiлi ў сферу польскiх iнтарэсаў: Польшча iмкнулася ўключыць гэтыя тэрыторыi ў склад сваёй дзяржавы. Яна пiльна сачыла за развiццём беларускага нацыянальнага руху, хацела выкарыстаць яго ў сваiх мэтах. Польскiя ўлады лiчылi немагчымым стварэнне самастойнай беларускай дзяржаўнасцi, нягледзячы на развiццё нацыянальнага руху i абуджэнне нацыянальнай самасвядомасцi.

Кiраўнiкi БНР ставiлi сваёй мэтай бачыць незалежную i непадзельную Беларусь, звязаную з Польшчай толькi добрасуседскiмi адносiнамi, у чым Польшча была зусiм не зацiкаўлена. Адразу ж пасля абвяшчэння 11 лiстапада 1918 г. Польскай незалежнай дзяржавы, польскi ўрад звярнуў сваю палiтыку на ўсход. У першую чаргу яны пачалi зачыняць беларускiя арганiзацыi i праследаваць беларускiх дзеячаў. Польскi ўрад прадпрымаў актыўныя крокi да захопу заходняй часткi Беларусi — Вiленскай i Гродзенскай губерняў. У 1919 i 1920 гадах урад БНР шмат часу ўдзяляў пошуку шляхоў па ўпарадкаваннi міждзяржаўных адносiн з Польшчай. Але агульнай мовы абодва ўрады не знаходзiлi. Польшча заставалася супраць незалежнай беларускай дзяржавы. Ю. Пiлсудскi не адступаў ад лiнii мяжы, якая iснавала да 1772 г., гэта значыла, што ўся Беларусь павiнна была апынуцца ў межах Польшчы. У 1920 г. Польшча прызнала незалежнасць Украiны, Лiтвы, а абяцанне прызнаць Беларусь засталося нерэалiзаваным14.

Што датычыцца РСФСР, то Народны Сакратарыят не iмкнуўся ўсталяваць цесныя адносiны з савецкiм урадам, бо вельмi асцерагаўся пранiкнення рэвалюцыi ў межы БНР. Практычна з першых дзён сваёй дзейнасцi ўрад БНР заняў адмоўную пазiцыю да ўрада Савецкай Расii. Аднак кiраўнiкi БНР разумелi немагчымасць поўнай iзаляцыi ад Расii, таму спрабавалi дабiцца ад СНК РСФСР прызнання незалежнасцi БНР i вырашыць пытанне аб дзяржаўнай мяжы. Такая палiтыка не скарачала разрыву памiж кiраўнiцтвам рэспублiкi i беларускiм народам, якi традыцыйна жадаў развiваць палiтычныя, эканамiчныя i культурныя сувязi з Расiяй. У дакументах БНР, размовах з прадстаўнiкамi замежных дзяржаў шмат пiсалася i гаварылася аб негатыўных адносiнах беларускага ўрада да кастрычнiцкай рэвалюцыi i ўрада РСФСР. Аднак, справядлiва будзе заўважыць, што да моманту ўтварэння БНР урад РСФСР ужо прызнаў незалежнасць Фiнляндыi, Украiны, згадзiўся на адраджэнне Польскай дзяржавы. Менавiта Расiя, якая ў гэты час знаходзiлася ў вельмi складаным знешне- i ўнутрыпалiтычным становiшчы, была зацiкаўлена ў будаўнiцтве разумных узаемаадносiн з нацыянальнымi тэрыторыямi, якiя раней уваходзiлi ў склад Расiйскай iмперыi. Мабыць, у гэтым была адна з прычын тых цяжкасцей, з якiмi сутыкнулася БНР з дня свайго ўтварэння.

1919 год адзначыўся дастаткова актыўнай знешнепалiтычнай дзейнасцю Рады i ўрада БНР15. У розныя краiны накiроўвалiся надзвычайныя мiсii i дэлегацыi. А. Цвiкевiч i А. Смолiч адбылi ў Кiеў для прадаўжэння перамоў i атрымання грашовай пазыкі. Дэлегацыя на чале з А. Луцкевiчам накiравалася на мiрную канферэнцыю ў Парыж, каб прадухiлiць акупацыю Польшчай Гродна. 22 студзеня 1919 г. Савет Народных мiнiстраў БНР звярнуўся да старшынi Парыжскай мiрнай канферэнцыi з мемарандумам, у якiм заклiкаў канферэнцыю падтрымаць законнае жаданне беларускага народа атрымаць дзяржаўную незалежнасць16.

Аднак у гэты перыяд ускладнiлiся адносiны з Лiтвой. Мiнiстэрства беларускiх спраў было расфармавана. Болей таго, прадстаўнiкi Лiтвы адмовiлiся весцi перамовы з БНР i патрабавалi, каб беларусы адмовiлiся ад Вiленшчыны i Гродзеншчыны на карысць Лiтвы, прызналi межы, якiя былi акрэслены Брэсцкiм мiрам. На мiрнай канферэнцыi лiтоўская дэлегацыя выступiла ў ролi большага працiўнiка Беларусi, чым нават Польшча. Яна адмовiлася ад сумеснай дэкларацыi i працiвiлася спробам прадстаўнiкоў БНР паставiць баларускае пытанне на абмеркаванне канферэнцыi. Лiтва iмкнулася не дапусцiць пастаноўкi пытання аб Вiленшчыне i Гродзеншчыне ў сувязi з Беларуссю.

За два гады пасля абвяшчэння БНР была праведзена дастаткова актыўная i значная знешнепалiтычная праца. Аднак якасць i рэзультатыўнасць гэтай працы, на жаль, не адпавядалi затрачаным намаганням. Выхад на мiжнародную арэну БНР не быў да канца падрыхтаваны. Але Рада i ўрад зрабiлi ўсё магчымае, каб атрымаць прызнанне Рэспублiкi замежнымi дзяржавамi.

Рада i Народны Сакратарыят вырашылi засяродзiць асноўныя намаганнi на знешнепалiтычнай працы: у першую чаргу на iнфармаваннi ўрадаў замежных краiн аб абвяшчэннi БНР, на правядзеннi канкрэтных мерапрыемстваў з мэтай прызнання новай дзяржавы, на фармiраваннi апарату для здзяйснення дыпламатычных адносiн. У 1919-1920 гг. у гэтым накiрунку была выканана значная, у тым лiку арганiзацыйная, праца. На жаль, яна не дала чаканых рэзультатаў. Трэба ўлiчваць, што кiраванне дзяржавай увогуле i дыпламатычная дзейнасць у асаблiвасцi для ўсiх членаў урада i Рады была справай новай, не хапала вопыту, ведаў, навыкаў дыпламатычнай працы. Рада i Народны Сакратарыят не паспелi стварыць заканадаўчую базу, адчуваўся востры недахоп квалiфiкаваных кадраў.

Разам са станоўчымi момантамi праяўлялiся i адмоўныя: слабым бокам зыходзячых ад БНР дакументаў было адсутнiчанне iх абаснавання, пацвярджэння, прапановы, якiя ўносiлiся не ўлiчвалi ў поўным аб’ёме адносiн, што гiстарычна склалiся памiж рознымi дзяржавамi, не выцякалi з рэзультатаў першай сусветнай вайны, рэвалюцый, адбыўшыхся ў некаторых краiнах, новага палiтычнага становiшча ў свеце. Абставiны складалiся такiм чынам, што акрамя самой БНР нi адна краiна не праяўляла зацiкаўленасцi ў яе паяўленнi на карце свету. Галоўнай мэтай кiраўнiцтва БНР было дабiцца прызнання незалежнасцi Беларусi, калi не ўсiм светам, то хаця б вялiкiмi дзяржавамi i суседнiмi краiнамi. На працягу 1918-1919 гадоў гэта задача не была вырашана.

Зыходзячы са складаных палiтычных абставiн кiраўнiцтва БНР падзялiлася ў сваiх знешнепалiтычных арыентацыях: Я. Варонка, В. Ластоўскi, П. Крачэўскi арыентавалiся на Лiтву i Германiю; А. Цвiкевiч, М. Доўнар-Запольскi — на Украiну; А. Луцкевiч, Я. Лёсiк, Р. Скiрмунт — на Польшчу i Францыю, К. Езавiтў — на Латвiю, Эстонiю, Фiнляндыю; Т. Грыб, П. Бадунова, Я. Мамонька — на Расiю. Адзiнай навукова абаснаванай канцэпцыi знешняй палiтыкi ў кiраўнiцтва БНР не было. Будаваць БНР, абапiраючыся на знешнепалiтычную падтрымку дзяржаў, якiя змагалiся памiж сабой было не рэальна. К канцу 1919 г. супярэчнасцi памiж „правымi” — прыхiльнiкамi А. Луцкевiча i „левымi”, якiя падтрымлiвалi В. Ластоўскага, настолькi ўскладнiлiся, што раскол стаў фактам.

Сетка дыпламатычных мiсiй БНР за мяжой у 1919-1920 гг. значна павялiчылася. К канцу 1920 г. урад БНР меў свае прадстаўнiцтвы ў Парыжы, Берлiне, Варшаве, Празе, Рызе, Рэвелі, Капенгагене, Кiеве, Галiцыi, Грузii. Але афiцыйна БНР прызналi толькi Украiна i Фiнляндыя17. Для БНР важнае значэнне мелi дыпламатычныя мiсii ў Берлiне, Варшаве, Коўне. Там працавалi найбольш актыўныя i вопытныя прадстаўнiкi БНР — А. Смолiч, Л. Заяц у Берлiне; А. Дубейкаўскi, Б. Тарашкевiч у Варшаве; Я. Варонка, В. Ластоўскi, П. Крачэўскi ў Коўне. У 1920 г. урад БНР надаваў вялiкае значэнне ўмацаванню сваiх пазiцый у Прыбалтыцы, таму ў Рыгу быў прызначаны паслом ужо вопытны дыпламат А. Цвiкевiч.

Увогуле, палаженне БНР, нягледзячы на пашырэнне колькасцi дыпламатычных прадстаўнiцтваў за мяжой, к 1920 г. прыкметна пагоршылася. Вельмi напружанымi былi адносiны БНР з урадамi Польшчы i Лiтвы. Урады гэтых краiн, асаблiва Польшчы, мелi вельмi агрэсiўныя намеры адносна Беларусi, што калi б яны рэалiзавалiся, то БНР пазбавiлася б усякай магчымасцi да iснавання. Адносiны з Польшчай i Лiтвой яшчэ болей ускладнялiся тым, што за iмi стаялi моцныя заступнiкi: за Польшчай — Францыя, за Лiтвой — Германiя. Фармальна вялiкiя дзяржавы — Францыя, Англiя, ЗША, таксама Германiя — адносiлiся да БНР дастаткова добразычлiва, аднак рэальна яны не зрабiлi нiчога, каб дапамагчы маладой беларускай дзяржаве.

У адрозненне ад папярэдняга, 1920 г. завяршыўся па-iншаму. Закончылася першая сусветная вайна, таксама замежная вайсковая iнтэрвенцыя i грамадзянская вайна ў Савецкай Расii. Пачалася нармалiзацыя мiрнага жыцця ў Еўропе. Навiны, якiя пашыралiся i ўмацоўвалiся, не маглi не закрануць тых, хто яшчэ не завершыў свае справы. Гэта тычылася i кiраўнiкоў беларускага нацыянальнага руху — людзей, якiя прыкладалi значныя намаганнi дзеля стварэння незалежнай беларускай дзяржавы; гэтыя намаганнi за апошнiя гады былi iх галоўнай мэтай. У новы гiстарычны перыяд яны ўступалi ў ролi тых, хто не здолеў дабiцца поўнага поспеху. Але ж гэта не змяншае значнасцi iх працы для беларускай гiсторыi, бо кiраўнiкi БНР былi першымi, хто iмкнуўся рэалiзаваць iдэю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасцi.


1 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 325, воп.1, спр. 15, арк. 69-70.

2 Там жа, ф. 325, воп.1, спр.10, арк. 258.

3 Там жа, ф. 325, воп. 1, спр. 15. арк. 53.

4 Там жа.

5 И. Воронко, Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции, Ковно1919, с. 7.

6 Я. Варонка, Беларускi рух ад 1917 да 1920 гг., Мінск 1920, с. 12.

7 Там жа.

8 Знешняя палiтыка Беларусi. Зборнiк дакументаў i матэрыялаў у 2-х тамах, т. 1 (1917-1922 гг. ), Мінск 1997, с. 45-46.

9 В. А. Круталевич, История Беларуси: становление национальной державности, Минск 1999, с. 42.

10 Архiвы Беларускай Народнай Рэспублiкi, Вiльня — Нью-Ёрк — Менск — Прага 1998, т. 1, кн. 1, с. 60.

11 Там жа, с. 69-70.

12 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 15, арк. 53.

13 Знешняя палiтыка Беларусi, с. 127.

14 Архiвы БНР, т.1, кн. 2, с. 856.

15 Дзяржаўны архіў Літвы (далей: ДАЛ), ф. 582, воп. 2, спр. 39, арк. 43-47.

16 Знешняя палiтыка Беларусi, с. 102.

17 Архiвы БНР, т.1, кн.1, с. 943.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія