|
Усебеларускі з’езд 1917 года: перспектывы вывучэння
Віталь Скалабан
(Мінск)
У снежні 1917 года, на Усебеларускім з’ездзе (ці кангрэсе, як яго сталі называць пазней), „збалелыя беларускія грудзі выбухнулі на ўвесь свет нясцерпна грымотнае „НЕ!” — нявольніцтву, гвалту, халопству”1.
Пра з’езд надрукавана шмат успамінаў2, дакументальных публікацый3, навуковых прац4, твораў прыгожага пісьменства5.
Складзены жыццяпісы асноўных дзейных асобаў з’езда, што дазволіла выявіць новыя дакументы, удакладніць абставіны склікання і разгону. Прычым, гэта тычыцца не толькі ўжо адносна добра вядомых дзеячаў, што групаваліся вакол Вялікай Беларускай рады ў Мінску, але і тых, хто ўваходзіў ці быў блізкі з Беларускай Народнай Грамадой у Маскве (Нестар Перавой, Фёдар Турук) і Беларускім абласным камітэтам у Петраградзе (Яўсей Канчар, Піліп Караткевіч, Сцяпан Малышчыцкі, Зміцер Сабалеўскі, Аляксандр Вазіла). Гэта тычыцца і прадстаўнікоў процілеглага лагера — мінскіх бальшавікоў, хто пільна сачыў за з’ездам, а потым, у самы адказны момант, калі прымалася рэзалюцыя, гвалтоўна разагнаў яго (Мікалай Крывашэін, Георгій Усцінаў).
На жаль, ніхто з даследчыкаў не ўзяў на сябе клопат прааналізаваць гістарыяграфічныя традыцыі, закладзеныя „па гарачых слядах” прадстаўнікамі ўсіх сіл, што ўдзельнічалі ў з’ездзе. Вялікую цікавасць уяўляе пытанне пра эвалюцыю і ўзаемадзеянне ацэнак, скарыстанне іх у палітычнай барацьбе.
З канца 20-х гадоў у афіцыйнай беларускай савецкай гістарыяграфіі Усебеларускі з’езд ацэньваўся як адназначна антынародны і контррэвалюцыйны. „А сейчас уже пора даже самому отсталому рабочему и крестьянину понять, что 1-й Всебелорусский конгресс был Белорусским Учредительным собранием, направленным против диктатуры пролетариата и против самих белорусских масс, во имя мелкобуржуазного белорусского интеллигента и кулака”, — пісаў В. Г. Кнорын6, адкінуўшы як і свае ранейшыя агаворкі часоў „беларусізацыі” пра „моцную левую фракцыю” і існаваўшую магчымасць пры ўмелым партыйным кіраўніцтве раскалоць з’езд і яго рэвалюцыйную частку аб’яднаць пад савецкім сцягам7, так і спробы А. Бурбіса, З. Жылуновіча, У. Ігнатоўскага, А. Чарвякова знайсці больш лагодныя, з пункту гледжання нацыянальна арыентаваных камуністаў-беларусаў, фармулёўкі.
За апошнія 10 гадоў у Беларусі адбылася фактычная грамадская рэабілітацыя як самога з’езда, так і яго дэлегатаў. Ужо і ў школьных падручніках падкрэсліваецца, што з’езд з’явіўся „паўнамоцным прадстаўніцтвам усіх сацыяльна-палітычных сіл Беларусі”8.
Перад гісторыкамі стаіць задача як пашырэння дакументальнай базы даследавання, пошуку і публікацыі невядомых і маладаступных матэрыялаў, так і далейшага асэнсавання Усебеларускага з’езда — выдатнай падзеі ў гісторыі Беларусі. Як гістарычная з’ява з’езд сфакусіраваў у сабе праблемы сацыяльна-палітычнай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя, праблемы нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння з усімі яго гераічнымі, драматычнымі і трагічнымі старонкамі, шляхетнымі спадзяваннямі і будзённымі рэаліямі.
Адна з недаследаваных старонак гісторыі з’езда — гэта выспяванне самой ідэі склікання Усебеларускага з’езда як спосабу змагання за нацыянальную волю, за адбудову беларускай дзяржаўнасці.
Пётра Крачэўскі, адзін з удзельнікаў тых гістарычных падзей, у 1926 годзе ўжо як старшыня Рады БНР пісаў у пражскім зборніку „Замежная Беларусь”: „Да гэтае пары не ўсталена, каму, альбо якой арганізацыі належала думка аб скліканні Усебеларускага з’езда. Мне здаецца, яна належыць усім. Усе адразу прыпомнілі старое Полацкае Веча і захацелі вырашыць сваю долю ўсенародна і з’езд быў прызначаны на 5 снежня 1917 г. па старому стылю”.
Даследчыкі да апошняга часу не звярталі ўвагі на вельмі знамянальны факт. Ідэя вялікага ўсенароднага сходу была публічна агучана 10 (23) ліпеня 1917 года ў Мінскім гарадскім тэатры, на прэм’еры драмы Янкі Купалы „Раскіданае гняздо”. Спектакль быў прымеркаваны да з’езда беларускіх нацыянальных партый і арганізацый. Купалавае „Раскіданае гняздо” з заклікам „На Вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!!!”, завершанае ў верасні 1913 г., упершыню было выдадзена Мінскім камісарыятам асветы ў 1919 г. у Вільні.
У Купалавых творах ідэя Вялікага Усенароднага сходу ўпершыню прагучала ў вершах „Прарок” і „Калі пачнуць...”, напісаных у 1912 г. Верш „Прарок” уяўляе сабою паэтычнае пераасэнсаванне біблейскага матыву. Прарок ужо разбудзіў шмат народаў і нарэшце прыйшоў да „зямлі забранай”, дзе народ „свайго на’т імені не знаў”. У адказ на заклік браць у рукі паходні, скідаць ёрмы, клікаць сход, Прарок пачуў ад грамады:
— Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
У „Раскіданым гняздзе” ўжо няма гэтага песімістычнага настрою. Але ж і Незнаёмы, які кліча ў п’есе на Сход, у адрозненне ад Прарока, не агітатар, а вястун: „Я нікога, маці, не ваблю! Я толькі кліч клікаю і разношу гэтую весць усім чыста ад хаты да хаты. А хто яшчэ не згніў зусім і не запрапасціўся з душою ў смокавых лапах, — той сам прыйдзе, і ніякая сіла яго не стрымае” (Я.Купала, Збор твораў у сямі тамах, Мінск 1975, т. 6, с. 322). Чалавек павінен сам зрабіць свой выбар, ідэя Сходу павінна „выспеліцца” (П. Васючэнка) у душы кожнага з мільёнаў „братоў і сёстраў”, бо на сходзе „трэба ўсе вочы ў адно сабраць”. Літаратуразнавец П. Васючэнка9 падкрэслівае, што, паводле Купалавай драмы, чалавек павінен прыйсці на Сход унутрана разняволеным, па уласным жаданні, што з’явіцца ў час „унутранага азарэння”, калі цёмныя, сляпыя душою стануць відушчымі.
І такая ідэя саспела, час унутранага азарэння надышоў.
Падзеі лета і пачатку восені 1917 г. засведчылі пра паглыбленне ўсеагульнага крызісу Расійскай імперыі. У такіх умовах у асяроддзі дзеячаў беларускага нацыянальнага руху мацнела думка, што нельга пакідаць Беларусь на волю непрадказальнай стыхіі. Гісторык Станіслаў Рудовіч, які спецыяльна даследаваў гэтыя працэсы, прыйшоў да наступнай высновы: „Няўхільна, хоць і марудна, ідэя беларускай дзяржаўнасці ўкаранялася ў грамадскую свядомасць, набывала пэўны сацыяльны грунт”10. 5 жніўня 1917 г. на 1-й сесіі Цэнтральнай Рады Беларускіх арганізацый быў афіцыйна зацверджаны „беларускі нацыянальны знак — белая стужка з чырвонай палоскай пасярэдзіне; усе тры палоскі — белая, чырвоная і белая — адной шырыні”11. У верасні 1917 г. на Усерасійскай Дэмакратычнай нарадзе беларускія дэлегаты Зміцер Жылуновіч, Язэп Варонка, Зміцер Сабалеўскі выказаліся, як і раней, за ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнага ладу з наданнем народам аўтаноміі. Але ў іх патрабаваннях адбыўся вельмі значны зрух. Замест спадзявання на рашэнне Усерасійскага Устаноўчага сходу на ўвядзенне аўтаноміі, 18 верасня 1917 г. у дэкларацыі, абвешчанай таварышам старшыні петраградскай Беларускай вайсковай арганізацыі З. Сабалеўскім, было заяўлена пра неабходнасць склікання „Беларускага Устаноўчага сходу”12. Такой радыкалізацыі спрыяла пастанова, скліканага па ініцыятыве Украінскай Цэнтральнай Рады, з’езда народаў Расіі (Кіеў, 8-15 верасня 1917 г.) пра неабходнасць правядзення, незалежна ад склікання Устаноўчага сходу, мясцовых нацыянальных устаноўчых сходаў. У рэзалюцыі „Аб беларусах” з’езд прызнаў неабходным, каб Часовы ўрад „выдаў акт аб аўтаноміі Беларусіі”13.
19 кастрычніка 1917 г. мінская беларуская газета „Вольная Беларусь” друкуе артыкул Язэпа Лёсіка „Устаноўчы Сойм”, у якім рабіўся прагноз, што пры існуючых умовах, калі „край запоўнен войскам і чужынцамі”, Беларусь не будзе „справядліва прадстаўлена на Устаноўчым Сойме”, а таму яго пастановы „не здаволяць беларускіх патрэб”. Язэп Лёсік выступіў з цэлай праграмай Беларускага Сходу: „Ніхто нашых патрэб не разважыць і не мае права разважыць, апроч нас самых. Нашым Устаноўчым Соймам павінна быць наша Беларуская Краёвая Рада. Тым мы выкажам думкі свае, выллем боль сэрца свайго і паломім дашчэнту тыя праклятыя ёрмы нацыянальнай няволі, што вякамі трымалі нас у здзеку, пакуце і паняверцы, выцягваючы з нас жылы нашы. Там, на сваім Устаноўчым Сойме, вольна загамоніць Беларусь на цэлы белы свет — разважыць свае справы, апрацуе план будаўніцтва, ўложа статут свайго незалежнага істнення і вынясе яго дзеля ўзаемнай ухвалы на Устаноўчы Сойм усіх народаў Дзяржавы Расійскай”14.
Клопат па скліканні з’езда на 5 снежня ўзяла на сябе Вялікая Беларуская Рада — прадстаўнічы цэнтр беларускіх партый і арганізацый. Нечакана ў Рады з’явіўся канкурэнт — Беларускі абласны камітэт (БАК) пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе на чале з Яўсеем Канчарам. Адначасова свае варыянты стварэння агульнабеларускіх органаў улады распачалі Беларуская народная грамада ў Маскве і Краёвае арганізацыйнае бюро ў Мінску.
БАК — арганізацыя ў палітычным сэнсе неаднародная, яго дэкларацыя, паводле вызначэння М. В. Доўнар-Запольскага, уяўляе сабой „няпэўна ліберальную мітынговую прамову, чытанне якой павінна было пакінуць уражанне нечага недагаворанага, схаванага і, магчыма, вельмі шкоднага для той жа Беларусі”. Магчыма, абяцанні БАКа весці барацьбу з „нацыяналізмам Беларускай Рады” забяспечылі яму падтрымку Савета Народных Камісараў у Петраградзе, які дазволіў камітэту скліканне з’езда ў Мінску і выдаў грашовую дапамогу ў памеры 50 тысяч рублёў. Камітэт назначыў з’езд на 15 снежня і запатрабаваў сход 5 снежня назваць нарадай.
Увечары 5 снежня ў мінскім гарадскім тэатры пачалі збірацца дэлегаты. Правамоцных дэлегатаў было 300 чалавек з 900, таму было вырашана адкрыць толькі нараду і пачакаць, пакуль з’едзецца большасць дэлегатаў. Нарэшце, 7 снежня з’езд прызналі правамоцным. На 15 снежня з’ехаліся 1872 дэлегаты, з іх 1167 з рашаючым голасам. Гэта былі прадстаўнікі вёскі і горада, Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, бежанскіх саюзаў і камітэтаў, прафсаюзаў, палітычных партый і арганізацый. Нягледзячы на розніцу ў поглядах, асабліва паміж прыхільнікамі Вялікай Беларускай Рады з аднаго боку і прыхільнікамі Беларускага абласного камітэта з другога, дэлегаты прыйшлі да згоды і здолелі паяднацца дзеля агульнай найвышэйшай мэты — адбудовы Вольнай Беларусі.
17 снежня ўвечары пачалося пленарнае пасяджэнне. На парадку дня — пытанне аб краёвай уладзе. Панавалі энтузіязм і ўпэўненасць у праваце сваёй справы. Ніхто і падумаць не мог, што ўжо зусім блізка злачынцы, якія замахнуліся на высокі Нацыянальны сход у самы адказны момант яго дзейнасці. Аднагалосна прымаецца першы пункт рэзалюцыі, у якім абвяшчаецца стварэнне са свайго складу Усебеларускага савета сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Але ў гэты момант на з’езд з’яўляюцца наркам унутраных спраў Заходняй вобласці і фронту Л. П. Рэзаўскі, начальнік мінскага гарнізона М. І. Крывашэін (на добрым падпітку) і аб’яўляюць з’езд распушчаным, а прэзідыум — арыштаваным. У залу ўварваліся салдаты Першага Мінскага рэвалюцыйнага атрада пад камандаваннем Рамнёва. Дэлегаты спрабуюць супраціўляцца. З’езд разганяецца. Пад спевы жалобнага маршу выводзілі арыштаваны прэзідыум. Гвалт над дэлегатамі працягваўся ад паловы другой ночы да пяці гадзін раніцы.
З’езд не меў нават надзейнай аховы, не кажучы пра апору на ўзброенную сілу. Фарміраванне беларускага войска было пад фактычнай забаронай. Дэлегаты з’езда сілу ўжылі, здаецца, толькі двойчы. Першы раз — 7 снежня, у час урачыстай цырымоніі адкрыцця, калі ад бальшавікоў выступіў нарком унутранных спраў Заходняй вобласці Л. П. Рэзаўскі і назваў беларускі бел-чырвона-белы сцяг „национальной тряпкой” і заклікаў замяніць яго „красным знаменем интернационала”. Тады ў зале паднялося абурэнне, на сцэну выйшлі два матросы, ўзялі наркама пад рукі і вывелі. Генерал Канстанцін Аляксееўскі падышоў да сцяга і пацалаваў яго.
Другі раз у ноч з 17 на 18 снежня, у час гвалтоўнага разгону, п’яны Крывашэін падышоў да Зінаіды Юр’евай, „грэнадзерскага выгляду дзяўчыны”, і сказаў: „Ты, красотка, поедешь со мной в автомобиле”. Што адбывалася далей апісана ў розных крыніцах. Паводле адных, Юр’ева моцна пабіла Крывашэіна, паводле другіх — ледзь не застрэліла.
18 снежня 1917 г. у дэпо Лібава-Роменскай чыгункі адбылося нелегальнае пасяджэнне Рады з’езда, на якім быў утвораны Выканаўчы камітэт. Менавіта Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда прыняў першую і другую Устаўныя граматы, 9 сакавіка 1918 г. абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку і стварыў урад — Народны Сакратарыят Беларусі. 18 сакавіка 1918 г. Рада Усебеларускага з’езда была ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, якая 25 сакавіка 1918 г. абвясціла Беларусь незалежнай і вольнай дзяржавай.
Архіў Усебеларускага з’езда не захаваўся. Стэнаграма на з’ездзе, трэба думаць, вялася. Яшчэ 3 снежня 1917 г. газета „Белорусская Рада” змясціла аб’яву, што для працы на з’ездзе трэба два вопытныя стэнаграфісты. Лёс стэнаграмы невядомы. Як успамінаў Кастусь Езавітаў, усе матэрыялы з’езда пасля разгону ацалелі і захоўваліся ў Тамаша Грыба ў двух вялікіх („як таўстыя падушкі”) партфелях. Меркавалася, што Т. Грыб падрыхтуе да выдання зборнік дакументаў, прынамсі, паводле сведчання К. Езавітава, сам казаў пра гэта шмат разоў „на адпаведных сходах”. Важнае сведчанне пра лёс архіва з’езда выяўлена Сяргеем Шупам у Дзяржаўным архіве Літвы сярод дакументаў БНР (ф. 582) і ласкава перададзена аўтару гэтых радкоў у 1996 г. Народны Сакратарыят БНР 3 ліпеня 1918 г. прыняў наступную пастанову: „Па пытанню аб запатрабаванні пратаколу 1-га Усебеларускага з’езду даручаецца п. Серадзе перагаварыць аб гэтым з Т. Грыбам і данясці Народнаму Сакратарыяту”. Адпаведны ліст быў накіраваны Янку Серадзе 5 ліпеня 1918 года15. Вынікі перамоў Я. Серады з Т. Грыбам невядомыя, але фармулёўка „запатрабаванне пратаколу” дае падставу сцвярджаць, што пытанне аб месцы захоўвання і выкарыстанні архіва з’езда набывала канфліктны характар.
Несумненна, што акрамя двух партфеляў Т. Грыба, што фактычна з’яўляліся афіцыйным архіўным зборам з’езда, былі і іншыя месцы захоўвання дакументаў. Так, А. Гарун сцвярджаў у красавіку 1918 г., што дакументы мандатнай камісіі (у тым ліку анкеты дэлегатаў) былі часткова „знішчаны бальшавікамі (...) пры разгоне Вайсковай Рады”. Частку дакументаў „удалося ратаваць”. На іх падставе П. Крачэўскі надрукаваў у 1 н-ры газеты „Беларуская Рада” за 1918 год артыкул „Состав 1-го Всебелорусского съезда”16.
Калекцыю дакументаў меў і Я. Варонка. На трэцяй старонцы вокладкі справы нр 19 з архіва БНР, што зберагаецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (ф. 325, воп.1, спр. 19) на прыклеенай картцы выразным почыркам Я. Варонкі было пазначана: „Матэр’ялы для Беларускага З’езду. 1917. Снежань. Яз. Варонко” (арфаграфія захавана, у час пераплёту справы ў канцы 90-х гг. вокладка не збераглася).
Архівісты да апошняга часу не выкарыстоўвалі звесткі з артыкула „Лісты з Мінска” Р. Зямкевіча (пад псеўд. Раман Суніца), змешчанага ў гродзенскай газеце „Бацькаўшчына” ад 21 сакавіка 1919 г.: „Прапаў таксама бясцэнны архіў Язэпа Варонкі, каторы пакінуў свае рэчы ў Мінску. Дзякуючы панам Ждановічам аб гэтым даведаліся бальшавікі і забралі усё ў „Чрэзвычайку” для прагляду. Вярнулі толькі адны газеты, каторыя валяюцца ў літаратурна-артыстычнай секцыі пры беларускім тэатры”. Пытанне пра лёс архіва Я. Варонкі патрабуе далейшага даследавання.
Свой збор меў і Я. Канчар, старшыня Беларускага абласнога камітэта пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў, аўтар першай асобнай кнігі пра з’езд (перадрукавана ў часопісе „Нёман”, 1993, № 1). Дакументы, сабраныя Я. Канчарам, да нас не дайшлі, яго асабісты архіў, што зберагаецца ў НАРБ, (ф. 311, воп. 4) складаецца, у асноўным, з рукапісаў пазнейшых успамінаў. У лістападзе 1938 г. ён быў арыштаваны УНКУС па Ленінградскай вобласці, абвінавачваўся ў тым, што з’яўляўся „ўдзельнікам беларускай антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыі”, а ў 1917-1918 гадах быў членам нацыяналістычнай арганізацыі „Сацыялістычная грамада”. У сакавіку 1939 г. справа з-за адсутнасці складу злачынства была спынена і Я. Канчар з-пад варты вызвалены. Але перад гэтым, паводле пастановы УНКУС ад 23 лютага 1939 г., забраныя пры арышце „перапіска, лісты, паштоўкі і тэлеграмы знішчаны” (з ліста УФСБ РФ па Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці ад 24.04.1994 г.). На жаль, да гэтага часу не ўдалося выявіць рукапісаў Я. Канчара „З гісторыі Грамадзянскай вайны ў Беларусі ў 1917-1920 гг.” і „Беларускія арганізацыі”, што ў 1937 г. знаходзіліся ў сакратарыяце шматтомнай Гісторыі грамадзянскай вайны17 і запіскі па беларускім руху ў 1917-1918 гг. (24 аўтарскія аркушы) з дадаткам дакументаў (12 аркушаў), якую у 2-й палове 30-х гадоў ён прапанаваў ЦК КП(б)Б18.
Асобнай гаворкі патрабуе выдадзеная ў 1918 г. у Петраградзе прамова А. Вазілы на з’ездзе (перадрукавана ў „Гуманітарна-эканамічным весніку”, 1996, нр 2). Крыніцазнаўчы аналіз гэтага выдання наперадзе. А пакуль адзначым, што рукапіс прамовы быў ухвалены да друку рэдакцыйнай калегіяй, створанай Беларускім аддзелам Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўночнай вобласці (Петраградскім аддзяленнем Белнацкома)19. „Я был панацеей зол и бед Белорусского съезда в Минске в 1917 г.”, — так напіша ва ўласнаручных паказаннях А. Вазіла ў магілёўскай турме 21 чэрвеня 1932 г. Не выключана, што тэкст прамовы ствараўся пасля з’езда, а выданне асобнай брашуры было выклікана палітычнымі разлікамі дзеячаў Петраградскага аддзялення Белнацкома.
У Мінску захоўваюцца толькі асобныя пратаколы ваеннай секцыі і фракцый левых (НАРБ, ф. 325), матэрыялы культурна-асветнай секцыі (НАРБ, ф. 457, воп. 1, спр. 1, 35 арк.).
У архіве БНР, што захоўваецца ў Вільні, знаходзяцца незавераныя машынапісныя копіі агульных пасяджэнняў з’езда і пасяджэнняў рады з’езда за 5-10 снежня 1917 г. Гэтыя пратаколы, надрукаваны С. Шупам у Архівах Беларускай Народнай Рэспублікі (т. 1, с. 15-37)20.
У тагачасным беларускім друку з’езд асвятляўся даволі шырока. Але найбольш поўна і блізка да стэнаграфічнай дакладнасці гэта зрабіў капітан Я. Ярушэвіч у газеце „Белорусская Рада” (перадрукаваны ў „Беларускім гістарычным часопісе”, 1993, нр 1-4).
Кепска захаваліся таксама архіўныя фонды ўстаноў Заходняй вобласці і фронту, Паўночна-Заходняга абкома РСДРП(б). Таму пытанне аб адносінах бальшавікоў Мінска да з’езда, абставіны прыняцця рашэння аб разгоне да канца не высветлены. У сувязі з гэтым хацелася б звярнуць увагу на ўспаміны В. Г. Кнорына, прыведзеныя Пятром Башко на „круглым стале” ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі ў сакавіку 1993 г. і надрукаваныя ў „Звяздзе” (25.03.1993 г.) у падрабязнай справаздачы пра гэту сустрэчу навукоўцаў. Арыгінал успамінаў нам невядомы, у гістарычнай літаратуры яны больш не выкарыстоўваліся, таму перадрукуем іх са „Звязды”:
„Беларускі з’езд. Рэзалюцыя была атрымана пры ўдзеле пасланага намі Усцінава, якім, здаецца, гэта рэзалюцыя і была напісана. Але справа такая, што ён амаль заўсёды быў п’яным, таму вінаваціць яго не прыходзіцца. Прыйшоў Мяснікоў і наладзіў пасяджэнне, і першае, што было пастаноўлена: паслаць Крывашэіна. Але я памятаю, калі прыйшоў Мяснікоў, адразу адбыўся паварот у іншы бок і, такім чынам, гэты з’езд быў разагнаны”.
З успамінаў вынікае, што ў асяродку мінскіх бальшавікоў галоўную ролю ў прыняцці рашэння аб разгоне з’езда адыграў Аляксандр Мяснікоў. Асобнага каментарыя патрабуе і кнорынская заўвага пра Усцінава, які „амаль заўсёды быў п’яны”. Гаворка ідзе пра супрацоўніка мінскіх бальшавіцкіх газет Георгія Феафанавіча Усцінава, рускага крытыка, празаіка, нарысіста, блізкага знаёмага С. Ясеніна. Ужо пасля разгону з’езда ён друкуе ў газеце „Советская правда” пад псеўданімам Г. Фанвіч артыкул „Всебелорусский съезд” поўны здзеклівых ацэнак, прасякнуты амаль фізіялагічным непрыманнем усяго беларускага. Захаваліся і пазнейшыя ўспаміны Усцінава пра з’езд.
Як пэўную сенсацыю можна расцэньваць атрыманне ў 1998 г. НАРБам ксеракопій дакументаў фонду Камісарыята па справах нацыянальнасцей Заходняй вобласці і фронту з Цэнтральнага вайсковага архіва ў Варшаве (CAW. І. 243. 18; 20 спраў)21. Асобная справа прысвечана беларускім пытанням (CAW. І. 243. 18/5; НАРБ, ф. 541, воп. 2, спр. 8). У справе знаходзяцца копія радыёграмы Беларускага абласнога камітэта, накіраваная сялянскім саветам і земскім управам аб скліканні 15 снежня з’езда (ёсць паметы на рускай і польскай мовах, магчыма, камісара С. Берсана), водпуск ліста, накіраванага 12 снежня 1917 г. СНК Заходняй вобласці і фронту ў фракцыю левых беларускіх сацыялістаў. Прыведзем гэты ліст поўнасцю:
„12.XII
N 15
Во фракцию левых белорусских социалистов
Для обеспечения общего революционного фронта Западной области Совет народных комиссаров Западной области и фронта, считает необходимым признание белорусским Краевым съездом, что во
1) Вся власть переходит на местах к Советам Рабочих, Солдатских и Крестьянских Депутатов.
2) В Западной области, впредь до окончания войны, вывода войск и разрешения после сего вопроса о Государственном устройстве Белоруссии, — съезд признает власть Областного Исполнительного Комитета Советов Рабочих, Солдатских и Крестьянских Депутатов Западной области и фронта и выделяемых им органов.
3) Для обеспечения автономного разрешения белорусских национальных вопросов в состав бюро Областного Исполнительного Комитета вводится представитель белорусских Социалистических организаций, стоящих на точке зрения признания Советской власти и кроме того образуется при Совете Народных Комиссаров Западной области и фронта Комиссариат по белорусским национальным делам”.
Зразумела, што такі ультыматум паўнамоцнымі прадстаўнікамі беларускага народа не мог быць ухвалены. Значную цікавасць выклікаюць і пратаколы допыту арыштаваных дэлегатаў з’езда А. Ц. Вазілы, К. А. Гушчы, З. А. Юр’евай, І. С. Дварчаніна, С. М. Малышчыцкага, А. В. Шаўчука, І. М. Серады, Р. Л. Шышаева (арк. 6-8 адв.). Галоўнае, што цікавіла следчага — ці прымалася рэзалюцыя аб стварэнні Беларускай Рэспублікі. Адказы на пытанне следчага былі адназначныя: рашэнне аб стварэнні Беларускай Рэспублікі не было прынята.
Дакументы з’езда могуць знаходзіцца і ў ведамасных архівах КДБ Рэспублікі Беларусь і ФСБ Расійскай Федэрацыі (не кажучы пра следчыя справы 20-30-х гадоў, паказанні арыштаваных — былых дэлегатаў з’езда, матэрыялы партыйных расследаванняў, што часткова ўведзены ў навуковы абыходак). Пра гэта сведчыць ліст, падрыхтаваны 18 лютага 1918 г. у аддзеле па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў Мінска і падпісаны сакратаром Э. Барансам (рус. Баренс, подпіс старшыні адсутнічае). Ліст адрасаваны ва Усерасійскую камісію па барацьбе з контррэвалюцыяй пры СНК і быў суправаджальным: „При сем препровождается следственный материал и вещественное доказательство по деле о белорусском заговоре на Ваше распоряжение”22.
Гісторыя камплектавання дзяржаўных і партыйных архіваў у 20-30-я гады вывучана недастаткова і вельмі кепска дакументавана. Так, патрабуе ўважлівага стаўлення інфармацыя падручніка Архівазнаўства Беларусі (частка 1, Мінск 1988, с. 138), што ў архіў Гістпарта з ДПУ былі перададзены матэрыялы Беларускай сацыялістычнай грамады, беларускіх эсэраў, кадэтаў, анархістаў, сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Палей-Цыёна і іншых арганізацый і аб’яднанняў. Лёс гэтых матэрыялаў невядомы, там маглі знаходзіцца і дакументы па пытанню з’езда.
У канцы 20-х гадоў архіўныя дакументы з’езда нейкім чынам трапілі да У. М. Ігнатоўскага, сёння яны зберагаюцца ў НАРБ (ф. 325, воп. 1, спр. 6, гл. публікацыю фатакопіі вокладкі справы з надпісам У. М. Ігнатоўскага Усебеларускі кангрэс у часопісе „Роднае слова”, 1997, нр 8, с. 198).
Як вядома, пасля Берлінскай канферэнцыі 1925 г. частка дзеячаў БНР прыехала ў БССР і прывезла з сабой архіў БНР. Гэтыя дакументы былі апрацаваны архівістамі, скарыстоўваліся гісторыкамі (А. Зюзькоў, М. Поташ) з мэтай выкрыцця „контррэвалюцыянераў — беларускіх нацдэмаў”. Быў складзены чорны спіс удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху. Ён захаваўся і мае назву „Список участников белорусского националистического движения (1917-1924). Звесткі пра яго ўпершыню прыведзены У. І. Адамушкам. Спіс налічваў 826 чалавек і ўсе з іх, хто застаўся пражываць на тэрыторыі СССР, былі рэпрасаваны23. Гэты унікальны дакумент чакае свайго даследчыка і публікатара. Пакуль выкажам меркаванне, што спіс складаўся архівістамі адначасова з падрыхтоўкай Материалов о белорусских националистических организациях (1917-1924), што зберагаецца сярод збораў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ (НАРБ, ф. 60, воп. 3, спр. 748, 421 аркуш; спр. 749, 430 аркушаў). Першы раздзел у Материалах... прысвечаны Усебеларускаму з’езду, большасць уключаных дакументаў мае спасылкі на архіў БНР.
Жорсткая таталітарная машына знішчала не толькі ўдзельнікаў змагання за адбудову Беларусі — дэлегатаў Усебеларускага з’езда, але і памяць пра гэтых святых для Беларусі постацяў. Прычым, для гэтага існавала цэлая сістэма ідэалагічнага нагляду і цэнзуры. У гэтай сістэме архівы займалі сваё месца, архіўныя дакументы, у тым ліку Усебеларускага з’езда, выкарыстоўваліся для палітычнай дыскрэдытацыі. З 1945 г. Інстытут гісторыі АН БССР распачаў працу па выданні біябібліяграфічнага слоўніка Выдатныя дзеячы Беларускай зямлі пад рэдакцыяй сакратара ЦК КП(б)Б Ц. С. Гарбунова. У 1947 г. біяграфіі палітычных дзеячаў былі накіраваны дырэктарам інстытута М. М. Нікольскім на рэцэнзію загадчыку Партархіва ЦК КП(б)Б Ф. В. Папову, які, трэба думаць, скарыстаўшы Список участников белорусского националистического движения (1917-1924) прапанаваў не ўключаць у слоўнік біяграфіі А. Л. Бурбіса, бо ён быў членам Рады Усебеларускага з’езда, і вядомага нарадавольца А. В. Бонч-Асмалоўскага, бо ён як памешчык быў ганаровым членам прэзідыума „съезда националистов и буржуазии Белоруссии”.
Сёння існуе магчымасць падрыхтоўкі спецыяльнага зборніка дакументаў і матэрыялаў пра з’езд. Зборнік пра Усебеларускі з’езд 1917 г. можа быць адметны выкарыстаннем крыніц, расцярушаных па архівах Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, па зборах беларускага замежжа, як мага шырокім выкарыстаннем матэрыялаў перыядычнага друку, значнай увагай да мемуарных крыніц.
Streszczenie
O pierwszym Zjeździe Wszechbiałoruskim powstała już dość bogata literatura, lecz nikt do tej pory nie analizował piśmiennictwa białoruskiego, będącego reakcją na wydarzenia odbywające się w Mińsku w grudniu 1917 r. Historiografia sowiecka z końca lat dwudziestych przyjęła tezę, że Zjazd miał antyludowy i kontrrewolucyjny charakter. Ta fałszywa opinia towarzyszyła edukacji historycznej wielu pokoleń Białorusinów. Dopiero w ostatnich dziesięciu latach historycy białoruscy podjęli próbę rehabilitacji Zjazdu i jego uczestników. Analiza tekstów pisanych przez organizatorów Zjazdu wskazuje jednoznacznie, że ich intencją była budowa aparatu białoruskiej władzy opartej na socjalistycznych przesłankach. Była to najczystsza forma realizacji woli ludu. Zarówno dokumenty Białoruskiej Republiki Ludowej, jak również wspomnienia i listy pisane przez jej twórców wciąż wymagają pogłębionych analiz, bowiem zbyt wiele pytań dotyczących Zjazdu i procesu powstawania BRL pozostaje bez odpowiedzi.
1 К. Атрашэўскі, Перачытайма тэкст забыты (публікацыя верша З. Бядулі З нядаўняга мінулага) „Літаратура і мастацтва”,1999, нр 1.
2 М. Краўцоў. Разгон (Успамін). 20 гадоў назад (Успамін пра Усебеларускі з’езд 1917 г.), Прадмова і падрыхтоўка да друку Аляксандры Гесь, „Спадчына”, 1996, н-р1; яго ж. Усебеларускі зьезд 1917 г. (рэферат чытаны ў Лодзі для афіцэраў Беларусіх Вайсковых Аддзелаў і служачых Беларускай Вайсковай Камісіі 27 кастрычніка 1920 г.). Прадмова і публікацыя В. Скалабана, „Наша Ніва”, 20.10.1997, нр 31; К. Езавітаў, Першы Усебеларускі кангрэс, прадмова У. Міхнюка, Я. Паўлава, „Беларуская мінуўшчына”, 1993, нр 1; Н. Перавой, Звесткі аб Грамадзе і грамадоўцах, прадмова С. Іванюка, „Czasopis”, 1996, нр 10; A. Баршчэўскі, Малая і вялікая айчына ва ўспрыняцці беларусаў з Усходняй Беласточчыны, [у:] Беларусіка-Albaruthenica. Беларусь паміж Усходам і Захадам, ч. 1, Мінск 1997.
3 Я. Запруднік, Да першага Ўсебеларускага зьезду 1917 году (Дакументы і матэрыялы). „Запісы” Кніга 2 [8] — 4 [10], 1963-1966; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка, прадмова В. Скалабана, „Беларускі гістарычны часопіс”, 1993, нр 1-4; Е. С. Канчер, Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов, публикация В. Скалабана и В. Сороки, „Нёман”, 1993, нр 1.
4 А. Цвикевич, Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики, Киев 1918; Я. Варонка, Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд, 2 выд, Коўна 1920 (рэпрынт: Мінск 1990); Ф. Турук, Белорусское движение, Москва 1921 (рэпрынт: Мінск 1994); Н. Недасек, 1917-1947. Да трыццатых угодкаў найвызначнейшых падзеяў нашага нацыянальнага руху, 1948 (перадрук: „Спадчына”, 1997, нр 3); И. М. Игнатенко, Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии, Мінск 1992; В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности (1917-1922 гг.) Мінск 1999; У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін, На пераломе эпох: Станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917-1920 гг.), Мінск 1999; А. Калубовіч, Рэха 1-га Усебеларускага кангрэсу на Захадзе, [у:} A. Калубовіч, Крокі гісторыі, Беласток — Вільня — Менск 1993; М. В. Доўнар-Запольскі, Гісторыя Беларусі, Мінск 1994, с. 475-483; В. Козляков, Идеи социализма и белорусское национальное возрождение, „Беларуская думка”, 1996, нр 2; А. Г. Багдановіч, Праблема нацыянальнай дзяржаўнасці на І Усебеларускім з’ездзе (снежань 1917), „Гуманітарна-эканамічны веснік”, 1997, нр 3; В. Скалабан, „Хай ведаюць патомкі...” Алесь Гарун — дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г., „Роднае слова”, 1997, н-р 3; яго ж, Удзел ва Усебеларускім з’ездзе 1917 г. як падстава для рэпрэсій, [у:] Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск 1998; С. Рудовіч, Усебеларускі з’езд 1917 г.— першы агульнанацыянальны форум беларускага народа, „Штогоднік Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі”, Мінск 1999.
5 М. Гарэцкі, Усебеларускі з’езд 1917 года, [у:] М. Гарэцкі, Творы, Мінск 1990; І. Гурскі, Вецер веку, Мінск 1968, с. 404-409; Л. Дайнека, Людзі і маланкі, Мінск 1978, с. 268-292, 317-318; Г. Далідовіч, Пабуджаныя, Мінск 1988, с. 526-562; Э. Ялугін, Без эпітафіі, Мінск 1989, с. 91-100; В. Скалабан, Проза Максіма Гарэцкага як гістарычная крыніца (на матэрыяле апавядання „Усебеларускі з’езд 1917 году”, „Гуманітарна-эканамічны веснік”, 1997, нр 3.
6 В. Г. Кнорин, Избранные статьи и речи, Минск 1990, с. 270.
7 В. Кнорын, Камуністычная партыя на Беларусі, „Беларусь”, 1924, с. 218.
8 У. Н. Сідарцоў, В. М. Фамін, С. В. Паноў, Гісторыя Беларусі 1917-1997. Вучэбны дапаможнік для 11-га класа. У 2 кнігах, кніга 2, рэд. М. С. Сташкевіча, Мінск 1997, с. 9.
9 П. Васючэнка, Драматургічная спадчына Янкі Купалы, Мінск 1994, с. 142.
10 С. Рудовіч, Покліч эпохі: Праблема дзяржаўнасці Беларусі ў рэвалюцыю 1917 года, „Полымя”, 1997, нр 8, с. 235.
11 Ф. Турук, Белорусское движение..., с. 91. Статут беларускіх нацыянальных культурна-асветных гурткоў у войску, дзе ўтрымлівалася гэтае палажэнне, быў шырока распаўсюджаны. Ён надрукаваны ў газеце „Вольная Беларусь” і асобнай лістоўкай (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь [далей: НАРБ], ф. 60, воп. 3, спр. 81, арк. 14 адв.). Захавалася і выдадзеная ў Адэсе лістоўка Браты-беларусы, аб’ядноўвайцеся з выявамі бел-чырвона-белых сцяжкоў (там жа арк. 33). Гл. таксама публікацыю лістоўкі: В. Скалабан, Янка Купала: „Пад святым сцягам вольнай Беларусі”, „Народная Воля”, 15.01.1998.
12 C. Рудовіч, Пошукі шляхоў да беларускай дзяржаўнасці (1917 г.), „Беларускі гістарычны часопіс”, 1995, нр 4, с. 46.
13 Н. С. Сташкевич, Приговор революции, Минск 1985, с. 114; В. Козляков, Идеи социализма и белорусское национальное возрождение, „Беларуская думка”, 1996, нр 2, с. 119-120; Революционное движение в России в сентябре 1917 г.: Общенациональный кризис, Москва 1961, с. 527.
14 Я. Лёсік, Творы, Мінск 1994, с. 222-223.
15 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, укл. С. Шупа, Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага 1998, т. 1, кн. 1, с. 201.
16 Артыкул перадрукаваны ў матэрыяле А. Гаруна Беларускі кангрэс, змешчаным у газеце „Беларускі шлях” у красавіку — маі 1918 г. Гл.: В. Скалабан, „Хай ведаюць патомкі...” Алесь Гарун — дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г. „Роднае слова”,1997, нр 8.
17 У Расійскім цэнтры захоўвання і вывучэння дакументаў навейшай гісторыі (ф. 71, воп. 15а, спр. 1654) захоўваецца рэцэнзія М. Кардонскай на рукапіс працы Я. Канчара З гісторыі Грамадзянскай вайны ў Беларусі ў 1917-1920 гг.
18 НАРБ, ф. 311, воп. 4, арк. 1—1 адв; Чарнавік ліста Я.Канчара знаходзіцца ў яго асабістым архіве. Спробы знайсці арыгінгал ліста сярод матэрыялаў ЦК КП(б)Б пакуль няўдалыя.
19 Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі ў Санкт-Пецярбургу, ф. 75, воп. 2, спр. 29, арк. 1 (гатовы да друку рукапіс з дазваляльнымі надпісамі); НАРБ, ф. 4, воп. 1, спр. 7, арк. 61 адв.
20 Дзякуючы дапамозе архівістаў І. Піліпоніса, В. Селяменева, Я. Янушкевіча атрыманы ксеракопіі пратаколаў.
21 НАРБ, ф. 541, воп. 2, спр. 1-20.
22 НАРБ, ф. 59, воп. 1, спр. 60, арк. 63. Дакумент мае штамп Музея рэвалюцыі БССР.
23 У. І. Адамушка, Палітычныя рэпрэсіі 20-50 гадоў на Беларусі, Мінск 1994, с. 42; Гл. таксама адзін з варыянтаў спіса: НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 31. Катэгарычнае сцвярджэнне, што ўсе з 826 чалавек былі рэпрэсаваны, патрабуе, на наш погляд, праверкі. Паводле нашых даных, не былі рэпрэсаваны дэлегаты з’езда Уладзімір Тарановіч, які ў савецкай арміі стаў генерал-палкоўнікам, Лукаш Калядка даслужыўся да генерал-маёра, Васіль Муха быў высокапастаўленым чыноўнікам у БССР.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|