|
Барацьба за беларускую дзяржаўнасць на абшарах Гарадзенскай (Берштаўскай) пушчы ў 1920-х гадах
Сяргей Токць
(Гродна)
Беларускі нацыянальны рух на паўночна-ўсходніх абшарах ІІ Рэчы Паспалітай у 20-я гады апошняга стагоддзя належыць да найбольш яркіх і цікавых старонак гісторыі Беларусі. Паводле размаху і масавасці, ён не мае сабе аналагаў у навейшай беларускай гісторыі. Разам з тым, многія аспекты гэтай надзвычай важнай праблемы не атрымалі да сённяшняга часу дастаткова поўнага і аб’ектыўнага асвятлення ў айчыннай гістарычнай навуцы. Найперш гэта датычыць, на нашу думку, дзейнасці лідэраў і шэраговых сяброў вясковых гурткоў БСРГ, ТБШ і іншых беларускіх арганізацый, дзякуючы самаадданай працы якіх беларускі нацыянальны рух дасягнуў магутнага ўздыму ў другой палове 1920-х гадоў.
У дадзеным артыкуле зроблена спроба правесці комплексны аналіз паўставання, развіцця і заняпаду беларускага нацыянальнага руху ў 1920-я гады на абшары аднаго мікрарэгіёна — Гарадзенскай (Берштаўскай) пушчы, якая знаходзілася на тэрыторыі Гарадзенскага павета Беластоцкага ваяводства. Гэты рэгіён уяўляе надзвычай вялікую цікавасць для даследавання з некалькіх пунктаў гледжання. Па-першае, абшар Гарадзенскай пушчы са старажытных часоў быў сумежжам балцкага і славянскага этнасаў, прычым павольна адбываўся працэс славянізацыі балцкага насельніцтва. Падобныя памежныя зоны з’яўляюцца сапраўднай лабараторыяй для даследчыкаў, якія займаюцца вывучэннем праблем фармавання сучаснай нацыянальнай свядомасці. Па-другое, Гарадзенская пушча была таксама поліканфесійным рэгіёнам. На пачатку ХХ ст. 2/3 мясцовага насельніцтва тут складалі праваслаўныя, а 1/3 — каталікі. Наступнай асаблівасцю было тое, што ў міжваенныя часы зусім блізка праходзіла польска-літоўская дзяржаўная мяжа. Гэта таксама накладала вельмі істотны адбітак на мясцовае палітычнае і гаспадарчае жыццё. І, нарэшце, важнай адзнакай абранага рэгіёна з’яўлялася сама пушча. Лясны край фармаваў і асаблівы тып гаспадарчай дзейнасці, і спецыфіку свядомасці яго жыхароў, што датычыла і нацыянальнай саматоеснасці.
Пры вывучэнні гісторыі беларускага руху 1920-х гадоў на лакальным узроўні паўстае праблема з крыніцамі даследавання. Найлепшымі крыніцамі з’яўляюцца ўспаміны саміх удзельнікаў гэтага руху, але ў часы БССР такія ўспаміны практычна не запісваліся, ды і не маглі быць аб’ектыўнымі ў сілу вядомых прычын. У дадзеным артыкуле асноўнай базай крыніц для даследавання паслужылі афіцыйныя дакументы мясцовай польскай адміністрацыі, найперш паліцыі, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Гaрaдзенскай вобласці. Гэтыя матэрыялы ўтрымліваюць шмат цікавай і падрабязнай інфармацыі пра развіццё беларускага нацыянальнага руху на Гарадзеншчыне. Што датычыць лакальнага ўзроўню, то асаблівую цікавасць уяўляюць т.зв. сітуацыйныя справаздачы камендантаў гмінных пастарункаў польскай паліцыі. Апошнія непасрэдна вялі барацьбу з беларускім рухам, а таму, безумоўна, валодалі дастаткова грунтоўнай і дакладнай інфармацыяй. Асабліва падрабязнымі сталі гэтыя паліцэйскія справаздачы ў перыяд нацыянальнага ўздыму на абшарах Заходняй Беларусі — пасля заснавання Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Звычайна яны складаліся штомесяц. З чэрвеня 1927 года камендант Гарадзенскага павета прадпісаў гмінным пастарункам дасылаць у Гародню падобныя справаздачы штотыднёва. Па Берштаўскім пастарунку паліцыі паліцэйскія справаздачы за 1926-1929 гг. захаваліся амаль цалкам, што дазваляе атрымаць вельмі падрабязную карціну паўставання і дзейнасці тут беларускіх арганізацый.
Можна сцвярджаць, што польская паліцыя працавала добрасумленна, паколькі ў азначаных справаздачах беларускі рух адсочваўся літаральна па гадзінах. Іх інфармацыйная насычанасць вельмі высокая. Безумоўна, дадзеныя крыніцы ўяўляюць аднабаковы погляд на беларускую справу. Тым больш, што гэта фактычна погляд яе ворагаў. Аднак, разам з тым, апошняя абставіна робіць іх яшчэ больш цікавымі для даследчыкаў. У многіх момантах паліцэйскія справаздачы можна лічыць досыць аб’ектыўнымі, асабліва адносна рэальнай сілы беларускага руху, колькасці актывістаў, аднадумцаў і г.д.
Гарадзенская пушча размяшчалася ў некалькіх дзясятках кіламетраў на поўнач і паўночны ўсход ад Гародні. Са старажытных часоў гэта было месца адпачынку і палявання князёў Вялікага княства Літоўскага. Галоўная пушчанская вёска Бершты ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах ужо пры князю Вітаўце. Пазней абшары пушчы ўвайшлі ў склад Гарадзенскага каралеўскага лясніцтва. У часы Расійскай імперыі насельніцтва гэтага лясніцтва было далучана да дзяржаўнага сялянства. У 1860-х гадах на тэрыторыі пушчы былі ўтвораны дзве воласці — Берштаўская і Сабалянская. Берштаўская воласць займала ўсходнюю частку пушчы. Па плошчы гэта была адна з самых вялікіх валасцей у Гарадзенскай губерні. Паміж яе скрайнімі вёскамі адлегласць дасягала амаль 50 кіламетраў. Разам з тым, шчыльнасць засялення азначанага абшару была вельмі нізкай, што тлумачылася лясным ландшафтам са шматлікімі балотамі. У 1905 г. тут налічвалася 50 населеных пунктаў з агульнай колькасцю 7724 жыхароў. Зямля ў пушчы была пясчаная і неўраджайная, хаця сярэдні надзел, напрыклад, у вёсцы Бершты, паводле люстрацыі 1869 г., складаў каля 40 дзесяцін. Але гэтыя надзелы імкліва драбіліся ў выніку росту насельніцтва. Таму жыхары пушчанскіх вёсак актыўна займаліся ляснымі промысламі, збіралі на продаж грыбы і ягады, вырошчвалі хмель для піўных бровараў. Драўніну сплаўлялі па рацэ Котры, якая перасякала Берштаўскую пушчу з поўначы на паўднёвы захад.
Паводле вынікаў перапісу 1897 г., большасць насельніцтва Берштаўскай воласці складалі беларусы. Некалькі вёсак у яе паўночнай частцы насялялі літоўцы. Таксама налічвалася невялікая колькасць яўрэйскіх сем’яў, якія займаліся дробным гандлем. Нацыянальная свядомасць жыхароў была на вельмі нізкім узроўні, што з’яўлялася характэрным для беларускай вёскі канца ХІХ — пачатку ХХ ст.
Падзеі першай сусветнай вайны нібы страшэнны смерч імкліва пабурылі звыклы ад стагоддзяў уклад жыцця пушчанскіх вёсак. Паводле даных польскай адміністрацыі, у 1915 г. 60% насельніцтва, найперш праваслаўнага веравызнання, было вывезена расійскімі ўладамі ў глыб імперыі. Цяжка нават уявіць, колькі бяды і нястачы прыйшлося перажыць бежанцам у ахопленай полымем грамадзянскай вайны Расіі. Набыты вопыт цалкам ламаў прывычныя стэрэатыпы і погляды, як каталізатар паскараў працэс распаду традыцыйнага сялянскага грамадства. На радзіму вярталіся ўжо зусім іншыя людзі, з новымі ўяўленнямі пра жыццё і навакольны свет. Гэтыя ўяўленні нярэдка былі вельмі радыкальнымі, падхопленымі ў бальшавіцкіх агітатараў, што несла ў сабе пагрозу для мірнага развязання тых праблем, якія паўставалі перад пасляваеннай беларускай вёскай. Большасць мужчын прайшлі праз пекла вайны, некаторыя былі царскімі афіцэрамі, а іншыя сталі ўжо камісарамі Чырвонай Арміі. Але да родных мясцін вярталіся амаль усе, хто не загінуў на фронце і не сканаў ад голаду і заразных хвароб. Паводле даных паліцыі за 1928 г., у Берштаўскай гміне, якая амаль супадала паводле тэрыторыі з аднайменнай воласцю царскіх часоў, налічвалася 6998 жыхароў, з якіх 70% складалі беларусы, 15% — палякі, 14% — літоўцы і 1% — яўрэі. Трэба адзначыць, што мясцовыя палякі ў сапраўднасці польскай мовай не валодалі і размаўлялі амаль выключна па-беларуску. Аднак на падставе каталіцкага веравызнання яны залічваліся да палякаў. Праўда, гэта трэба прызнаць, яны ў большасці самі лічылі і называлі сябе палякамі.
Бежанцы, якія вярнуліся дадому з Расіі, прыязджалі ўжо ў новую дзяржаву — польскую ІІ Рэч Паспалітую. Стаўленне мясцовых беларусаў да гэтай дзяржавы было рэзка адмоўным. Што паслужыла таму прычынай? Безумоўна, адмоўнае стаўленне да Польшчы выхоўвалася ў царскіх школах і праваслаўных цэрквах яшчэ ў даваенны час. Аднак, на нашу думку, галоўную ролю адыграла тое, што падзеі вайны і рэвалюцыі далі магутны штуршок росту нацыянальнай свядомасці беларускага сялянства, як тых, хто апынуўся ў бежанстве, так і тых, хто заставаўся на радзіме. Так, у часе нямецкай акупацыі і савецка-польскай вайны ў Берштах працавала беларуская школа, тайныя школкі існавалі таксама амаль ва ўсіх астатніх вёсках. Мясцовыя дзеячы, напрыклад, былы чыгуначнік Аляксандр Мілінкевіч, падтрымлівалі цесныя сувязі з беларускімі арганізацыямі ў Гародні. Ідэі беларускай дзяржаўнасці шырыліся, прынамсі, сярод найбольш актыўнай часткі мясцовага грамадства. Таму польская ўлада была ўспрынята беларускім насельніцтвам як акупацыя роднага краю чужынцамі. І тут беларусы знайшлі паразуменне з літоўцамі, ці як іх называлі ў пушчы — „ліцьвякамі”. У 1921-1922 гг. на абшарах Берштаўскай пушчы разгараецца сумесная беларуска-літоўская партызанка супраць польскай улады. Паводле даных паліцыі, з вёсак Берштаўскай гміны ў партызаны пайшлі звыш 200 чалавек, амаль выключна моладзь. Абсалютная большасць партызан паходзіла з беларускіх вёсак Бершты і Сухары і літоўскіх — Шумы і Кабялі. Па свайму размаху гэтая партызанка непараўнальна пераўзыходзіла партызанскі рух на тутэйшых абшарах у часы другой сусветнай вайны. На жаль, нам не ўдалося адшукаць архіўных матэрыялаў пра падрабязнасці тых падзей. Можна прывесці ў якасці прыкладу толькі вытрымку са звароту акруговай адміністрацыі дзяржаўных лясоў да паліцэйскага ўпраўлення Гарадзенскага павета: „(...) po usunięciu się wojska bandyci-partyzanci z powrotem zaczęli grasować na terenach nadleśnictwa i że w przeciągu ostatnich kilka dni zaszły trzy potyczki administracji leśnej z bandytami”1. Партызанка была задушана рэгулярнымі польскімі войскамі. Паводле даных паліцыі, 67 найбольш актыўных яе ўдзельнікаў перайшлі польска-літоўскую мяжу. А затым беларусы, ад якіх літоўская дзяржава імкнулася пазбавіцца, перабраліся ў БССР*. Некаторым з іх удалося зрабіць там някепскую кар’еру. Так, адзін з партызанскіх камандзіраў Клімент Русілка скончыў педагагічны тэхнікум, працаваў загадчыкам раённых аддзелаў адукацыі ў Барысаве і Мазыры. А пазней быў рэпрэсаваны як вораг народа. Такі лёс напаткаў у СССР і ўсіх астатніх былых партызанаў. Частка партызанаў, якая засталася ў Заходняй Беларусі, патрапіла ў польскія турмы.
Лідэры беларускага руху зразумелі немагчымасць збройнай заваёвы нацыянальнай дзяржаўнасці. Мірнае паводле свайго менталітэту насельніцтва стамілася ад бясконцай вайны. Ва ўмовах страшэннага гаспадарчага спусташэння яно знаходзілася на мяжы фізічнага выжывання. Таму больш памяркоўнае крыло нацыянальнага руху абрала легальныя метады палітычнай барацьбы як сродак здабыцця аўтаноміі для беларусаў. Важнейшую ролю тут павінны былі адыграць выбары ў польскі парламент у лістападзе 1922 г.
Паводле тагачаснага адміністрацыйнага падзелу, Гарадзенскі павет уваходзіў у склад Беластоцкага ваяводства. У выбарах у Сенат яно з’яўлялася адной выбарчай акругай, у якой выбіралася 4 сенатараў. Падчас выбараў у Сейм гэтае ваяводства дзялілася на чатыры акругі. Гарадзенскі павет разам з Сувальскім, Сейненскім і Аўгустоўскім уваходзіў у акругу № 6 з сядзібай у Гародні. У верасні 1922 г. у Гародні быў утвораны Беларускі выбарчы камітэт, у склад якога ўвайшлі Баран, Федарук і іншыя вядомыя беларусы2. Ён праводзіў работу пад кіраўніцтвам Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта ў Вільні. Мясцовыя беларускія камітэты былі ўтвораны практычна ва ўсіх вялікіх вёсках і мястэчках Гарадзенскага павета, у тым ліку і ў Берштах3. Беларусы пастанавілі ісці на выбары па спісе нацыянальных меншасцяў № 16. У Гарадзенскай акрузе першым кандыдатам па гэтым спісе стаў Сяргей Баран, адзін з самых актыўных і дзейных беларускіх дзеячаў, сапраўдны патрыёт сваёй Бацькаўшчыны. Пра Сяргея Барана і яго жыццёвы шлях у апошнія гады напісана даволі шмат. Пятае месца ў спіску № 16 па Гарадзенскай акрузе пасля расіян і яўрэяў заняў таксама беларус Аляксандр Сініла. Ён нарадзіўся ва ўрочышчы Засады пад Берштамі ў сям’і ляснога аб’ездчыка Андрэя Сінілы, ураджэнца вёскі Ружаны Сток з Сакольшчыны. Аляксандр Сініла ў першую сусветную вайну быў афіцэрам у расійскім войску. Вярнуўшыся на радзіму разам з братамі Уладзімірам і Юрыем актыўна далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Беларускія кандыдаты вялі выбарчую кампанію пад лозунгамі: зямля без выкупу для сялян, школы з роднай мовай навучання, аўтаномія для беларусаў4. У Берштаўскай гміне былі ўтвораны тры выбарчыя ўчасткі — у Берштах, Пагарэндзе і Сухарах. У кожную з участковых выбарчых камісій увайшлі мясцовыя беларускія дзеячы.
У выніку выбараў, якія адбыліся 5 (Сейм) і 22 (Сенат) лістапада 1922 г. у парламент прайшлі 11 беларускіх паслоў, у тым ліку Сяргей Баран па Гарадзенскай акрузе. На спісак № 16 у Гарадзенскім павеце прагаласавала на выбарах у Сейм 26 732 чалавек, а ў Сенат — 10 541. Такія вынікі занепакоілі польскія ўлады, але беларускімі дзеячамі яны былі ўспрыняты як паражэнне. Напрыклад, за польскіх эндэкаў на выбарах у Сейм у Гарадзенскім павеце прагаласавала 21 507 чалавек.
У Берштаўскай гміне вынікі выбараў былі наступнымі: № 1 (Польская народная партыя) — 22 галасы, № 2 (Польская сацыялістычная партыя) — 2, № 3 („Вызволене” і „Левіца людова”) — 119, № 5 (Звяз пралетарыяту горада і вёскі) — 35, № 7 (Нацыянальная рабочая партыя) — 3, № 8 (Хрысціянскі звяз нацыянальнага адзінства) — 48, № 10 (Нацыянальна-дзяржаўная унія) — 2, № 12 (Польскі цэнтр) — 38, № 16 (Блок нацыянальных меншасцяў) — 10645. Такім чынам, беларусы атрымалі ў вёсках Берштаўскай пушчы пераканаўчую перамогу. За спіс № 16 аддалі свае галасы амаль 80% тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. Частка жыхароў каталіцкіх вёсак Новая Руда і Глушнева галасавала за левыя польскія палітычныя групоўкі — „Вызволене” і „Левіца людова”.
У польскім парламенце беларускія прадстаўнікі сарганізавалі Беларускі пасольскі клуб, старшынёй якога стаў Браніслаў Тарашкевіч. Галоўнай задачай клуба з’яўлялася абарона нацыянальных правоў беларускага народа. Вельмі актыўна працаваў пасол Сейма ад Гарадзеншчыны Сяргей Баран, які, аднак, ужо ў 1923 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі і кінуты ў турму паводле абвінавачвання ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Яго месца збіраўся заступіць Аляксандр Сініла з Берштаў. Аднак супраць апошняга ўлады таксама высунулі абвінавачванне ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Праўда, А. Сінілу ўдалося пазбегнуць турмы, паколькі ў паліцыі не хапіла доказаў „злачыннай” дзейнасці.
Пасля паражэння беларуска-літоўскай партызанкі на прасторах пушчы наступіла пэўнае зацішша. Аднак у сярэдзіне 1920-х гадоў мясцовая паліцыя зноў пачала адзначаць у сваіх справаздачах нарастанне антыдзяржаўных настрояў сярод насельніцтва гміны. У справаздачы за студзень 1925 г. камендант пастарунка Ал. Сламчынскі паведамляў: „Jednakoż daje się zauważyć, iż po większej części ludność białoruska i litewska jest usposobiona złowrogo do Państwa Polskiego. Ludność białoruska i litewska w tut. gminie jest oświadomiana przez jednostki cieszące się opinią tej że, czy też z gazet białoruskich, o ich prawach i t.p. i jest jakoby pewną siebie (...)* staci najlepiej z odzyskaniem samodzielności Białorusi”6. У справаздачы за люты гэтага ж года ён сцвярджаў, што мясцовае беларускае насельніцтва падзяляецца на дзве часткі. Першая пагаджаецца з правам і існуючым станам рэчаў. Другая ж, на думку каменданта, паддаецца ўплыву асобаў, якія працуюць на шкоду дзяржаве і „wykazującym jakoby swój patryotyzm ku białorusi, lecz w rzeczywistości te osoby chcieliby osiągnąć korzyść materjalną tylko dla siebie zapominając później o pozostałych”7. Ён таксама пісаў у лісце да каменданта 3-й кампаніі памежнай паліцыі ў в. Пугачы, што мясцовыя беларусы вераць „iż nastaną czasy lepsze — jakoby rządy białoruskie”8. Да падобных высноў прыйшоў у сваёй справаздачы і сам камендант памежнай паліцыі Слушаноўскі. Падчас паліцэйскай аблавы ў ліпені 1925 г. ён некалькі дзён знаходзіўся ў Берштаўскай гміне і ад давераных асобаў даведаўся, што ў некаторых вёсках ёсць людзі, якія падтрымліваюць цесны кантакт з беларускімі арганізацыямі. Яны пераконваюць мясцовае насельніцтва, што хутка скончыцца тут панаванне Польшчы і агітуюць жыхароў не пасылаць дзяцей у польскія школы. Асабліва разагітаванай была, на думку каменданта, моладзь. У азначанай справаздачы прыводзіўся спіс мясцовых беларускіх дзеячаў. Галоўнымі сярод іх камендант Слушаноўскі лічыў братоў Аляксандра і Уладзіміра Сінілаў з вёскі Засады. Пра Аляксандра Сінілу вышэй ужо гаварылася. Яго брат Уладзімір да вайны быў настаўнікам. Вярнуўся ў родную вёску ў 1918 г. і зноў пачаў працаваць настаўнікам, але быў звольнены ў 1924 г., паколькі ў гэты час было распачатае следства супраць яго брата Аляксандра. Цікавым ёсць факт, што да Сінілаў часта прыязджаў іх сваяк з Латвіі, які працаваў там у службе дзяржаўнай бяспекі. Уладзімір Сініла, паводле паліцэйскіх даных, рэгулярна сустракаўся з літоўскім ксяндзом з вёскі Кабялі. Гэта дало паліцыі падставы падазраваць яго ў каардынаванні дзейнасці беларускага і літоўскага рухаў.
Яшчэ адным вядомым на гэтай тэрыторыі прадстаўніком беларускай інтэлігенцыі з’яўляўся Уладзімір Русілка. Яшчэ ў 1925 г. ён працаваў настаўнікам Берштаўскай пачатковай школы. Цікава, што, паводле даных павятовага інспектара, ён дрэнна валодаў польскай мовай. Аднак у хуткім часе У. Русілка адышоў ад беларускай дзейнасці і пагадзіўся паехаць працаваць настаўнікам пад Ломжу*.
У вёсцы Зубрава беларускую агітацыю праводзілі браты Канстанцін і Антон Федаровічы. У гэтай вёсцы пражывала як праваслаўнае, так і каталіцкае насельніцтва. І самі Федаровічы паходзілі са змешанай у рэлігійных адносінах сям’і. Канстанцін Федаровіч скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, а ў часе вайны быў камандзірам Чырвонай Арміі. Браты Федаровічы выпісвалі беларускія газеты і часопісы і чыталі іх навакольнаму насельніцтву.
Найбольш непажаданым элементам паліцыя лічыла ў Берштах Аляксандра Мілінкевіча, які займаў пасаду памочніка гміннага пісара. Да вайны Мілінкевіч працаваў на чыгунцы, а вярнуўшыся ў родную вёску актыўна далучыўся да беларускага руху. Мясцовыя сяляне ўважалі яго за свайго галоўнага абаронцу, паколькі Мілінкевіч ратаваў іх ад штрафаў за высечкі дзяржаўнага лесу, пісаў за іх скаргі і прашэнні.
Усяго ў справаздачах паліцыі за 1925 г. прыводзяцца прозвішчы 22 найбольш актыўных беларускіх дзеячаў. Усе яны з’яўляліся мясцовымі ўраджэнцамі. Сярод іх як найменш 6 былі паводле адукацыі настаўнікамі, а адзін — царскім паліцэйскім ураднікам. Менавіта настаўнікі ўяўлялі сабой галоўную інтэлектуальную і арганізацыйную сілу беларускага руху. Гэта была сялянская інтэлігенцыя ў першым пакаленні, выхадцы з заможных і найбольш паважаных сем’яў пушчанскіх вёсак. Ва ўмовах польскай дзяржавы яны паўсталі перад пагрозай сацыяльна-культурнай дэградацыі, паколькі дзверы дзяржаўнай школы і іншых урадавых устаноў былі для іх фактычна зачыненымі. У лепшым выпадку ім маглі прапанаваць працу на этнічных польскіх землях. Але гэта азначала развітанне з Радзімай, да якой жыхары пушчы былі вельмі моцна духоўна і эмацыйна прывязаны. Беларуская нацыянальная дзяржава ўялялася мясцовай інтэлігенцыі як шанц рэалізацыі сваіх амбіцый, духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, магчымасць узяць у свае рукі ўладу на сваёй зямлі. Трэба адзначыць, што польская паліцыя прызнавала высокія маральныя якасці, беззаганныя паводзіны і непарушны аўтарытэт гэтых людзей сярод мясцовых жыхароў.
Літоўскае насельніцтва Берштаўскай гміны было, паводле звестак паліцыі, больш згуртаваным, чым беларускае, а таксама больш хітрым і скрытным. Ніколі адкрыта не выказваючы сваіх поглядаў, яно, разам з тым, скрайне варожа ставілася да польскай дзяржавы і марыла пра далучэнне да Літвы. Духоўнымі лідэрамі гэтага насельніцтва былі каталіцкія ксяндзы ў Марцінканцах і Кабялях. Пра іх дзейнасць камендант памежнай паліцыі Слушаноўскі пісаў так: „Księża w równy sposób wrogo usposobiają tutejszą ludność względem Państwa Polskiego, ciągle twierdząc, że już wkrótce będzie tu Litwa, a żeby ze sobą w zgodzie żyli, bo wszelkie sprzeczki, nawet najmniejsze polacy zawsze wykorzystują i dużo przez to dowiedzą się, polecają ukrywać osoby, które czasowo w jakich bądź celach przychodzą z Litwy nielegalnie na stronę Polską, nie pozwalając być świadkami w sądach ze strony polaków i w tych wypadkach zezwalają nawet krzywoprzysięstwo, zabraniają posyłać dzieci do szkół polskich, jak również po polsku rozmawiać, jednym słowem są tajnymi agitatorami na rzecz Litwy Kowieńskiej i są zajadli litwini. Z chwilą usunięcia ich i przeniesienia na inne parafie odrazu nastąpi zmiana i uzdrowienie stosunków”9.
Каталіцкае мясцовае насельніцтва, якое размаўляла на штодзень беларускай мовай, у паліцэйскіх дакументах называлася палякамі. Само гэтае насельніцтва таксама яшчэ з царскіх часоў лічыла сябе польскім, нягледзячы на пагалоўнае няведанне і слабое разуменне польскай літаратурнай мовы. Вызначальным фактарам тут была пазіцыя мясцовага духавенства. На тэрыторыі Берштаўскай гміны знаходзіўся адзін парафіяльны касцёл у вёсцы Новая Руда. Пробашч гэтага касцёла Казімір Грабоўскі быў перакананым польскім хадэкам. Дарэчы, яго дзейнасць і стаўленне да асобы Пілсудскага таксама не задавальняла мясцовую паліцыю. Насельніцтва каталіцкіх вёсак у першай палове 1920-х гадоў сімпатызавала пераважна лева-радыкальным польскім палітычным групоўкам, такім як ПСЛ „Вызволене”, Незалежна партыя хлопска і іншыя.
Сярод праваслаўнага насельніцтва гміны роля духавенства была непараўнальна меншай, чым сярод каталіцкага. Прыкладам можа служыць дзейнасць святара Берштаўскай царквы Паўла Весяліцкага, які прыехаў у вёску ў 1921 г. Весяліцкі быў паводле сваіх перакананняў расійскім манархістам. Не знайшоўшы сярод мясцовых сялян падтрымкі сваіх поглядаў, ён пачаў шукаць кантакт з мясцовай паліцыяй. Цалкам страціў праваслаўны пробашч давер прыхаджан, калі пагадзіўся перайсці на новы каляндар. Пазней справа дайшла да таго, што моладзь пачала спраўляць грамадзянскія шлюбы. Адсутнасць рэлігійнай складовай беларускага руху сярод праваслаўнага насельніцтва стала галоўным яго слабым бокам.
У 1926 г. назіраецца імклівае нарастанне палітычнага ўздыму сярод беларускага насельніцтва, што выразна прасочвалася ў паліцэйскіх дакументах. Актывізаваліся мясцовыя беларускія дзеячы. У чэрвені 1926 г. у Бершты вярнуўся з турмы актыўны ўдзельнік беларуска-літоўскай партызанкі Максім Шаставіцкі, за якім адразу быў устаноўлены паліцэйскі нагляд. Камендант пастарунка паведaмляў у Гродна: „Jak stwierdzono wymieniony w kilka dni po swoim przybyciu otrzymał białoruską gazetę „Narodnaja sprawa”, później zaś zaprenumerował jeszcze czasopismo humorystyczne „Małanka”. Wspomniane czasopisma Szestowicki daje miejscowej ludności do czytania zachęcając do przenumerowania i to jedynie pism białoruskich. Z zachowania się wymienionego widać, iż chce czyli zależy mu na zjednaniu miejscowej ludności, by w przyszłości mieć lepsze pole do działania. W swoim czasie w miejscowej szkole były urządzone przez kierownika przedstawienia amatorskie o imprezach polskich więc jak się dowiedziałem wymieniony został niezadowolony, iż młodzież białoruska bierze udział w polskich sztuczkach i zaagitował tąż o niebranie udziału w tychże, natomiast zachęcał jedynie do brania udziału w białoruskich”10.
Летам 1926 г. пачынаецца імклівае паўставанне на Гарадзеншчыне гурткоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У польскіх уладаў гэта напачатку выклікала пэўную разгубленасць, што таксама было звязана і з палітычнымі падзеямі ў Варшаве. У жніўні павятовы камендант паліцыі прадпісаў кіраўнікам гмінных пастарункаў больш асцярожна збіраць звесткі пра гурткі БСРГ: „(...) poraz ostatni pouczam, że Post. P. P. prowadząc wywiad o rzeczonych organizacjach, winien zasięgać informacji drogą ściśle poufną, czy to za pomocą konfidentów czy też u ludzi godnych zaufania i tak, aby zainteresowana organizacja o tym nie wiedziała”11. Прычынай да такога звароту павятовага каменданта паслужыў выпадак у мястэчку Скідаль, калі „jeden z policjantów, zbierając informacje zwracał się o nie wprost do członków tegoż Koła, dając powód do nowych wystąpień przeciwko policji o rzekomych z jej strony represjach”12.
У верасні 1926 г. пачалі паўставаць гурткі БСРГ на тэрыторыі Берштаўскай гміны. Першым быў утвораны гурток у саміх Берштах — 2 верасня. У яго склад увайшлі каля 50 чалавек. Старшынёй быў абраны былы настаўнік Мікалай Касцевіч, сакратаром — Іосіф Васілевіч, скарбнікам — Іван Даніловіч13. 7 верасня паўстаў гурток у вёсцы Сухары, які налічваў 15 сяброў. На наступны дзень быў утвораны гурток у Шкленску ў складзе 20 чалавек. А назаўтра ўзнік гурток у Шчанцы — 17 сяброў. 15 верасня адбыўся сход берштаўскага гуртка, на якім прысутнічала дэпутат з Гародні Марыя Саволік. Яе прамова перад сабраўшыміся была прасякнута леварадыкальнай, марксістоўскага ўхілу рыторыкай. Разам з тым М. Саволік заклікала мясцовае насельніцтва выпісваць як найболей беларускіх газет і часопісаў. Прысутныя абралі дэпутатаў на павятовы сход БСРГ — Мікалая Касцевіча і Максіма Шаставіцкага. Такім чынам, працэс паўставання мясцовых структур БСРГ ішоў вельмі дынамічна.
Берштаўскі паліцэйскі камендант Ал. Сламчынскі ў справаздачы за месяц верасень адзначаў: „Ludność białoruska (...) jest usposobiona względem państwa Polskiego i władz złowrogo. Stałym zamiarem tejże jest odłączenie się od Polski i uzyskanie czyli odnowienie niepodległości Białorusi”14. А ў справаздачы за кастрычнік камендант паліцыі ўжо біў трывогу, што варожы настрой сярод беларусаў з кожнай гадзінай узмацняецца. У гэтым месяцы на абшарах гміны існавалі ўжо 6 гурткоў БСРГ — у вёсках Бершты, Сухары, Шкленск, Шчанец, Навасёлкі і Матылі. Камендант так ацэньваў першы вынік іх дзейнасці: „Ludność białoruska rejonu tut. posterunku za pośrednictwem nowoutworzonych gurdek została oświadomiona o znaczeniu zachowania swej mowy i języka. Obecnie składa deklaracje na utworzenie w miejscowościach o ludności białoruskiej szkół jedynie białoruskich”15. У справаздачы таксама адзначалася, што сябры гурткоў праводзяць актыўна арганізацыйную працу і заахвочваюць мясцовае насельніцтва запісвацца да іх складу, „uprzedzając tąż, iż dopiero z chwilą silnego zorganizowania się uzyskają swą niepodległość czyli autonomię”, а мэтай сваёй дзейнасці абвяшчаюць „wskrzeszenie Białorusi”16.
У кастрычніку былі яшчэ заснаваны гурткі ў Замасцянах і Якубавічах, а агульная колькасць сяброў БСРГ у Берштаўскай гміне дасягнула 309 чалавек. Фактычна кожны другі малады мужчына ў праваслаўных вёсках быў сябрам Грамады. Мясцовая паліцыя знаходзілася ў стане разгубленасці. 22 снежня 1926 г. павятовы камендант паліцыі даслаў у Берштаўскі пастарунак ліст наступнага зместу: „(...) dlaczego Komendant posterunku nie doniósł, że Komitet gminny w Bersztach wysłał protest na imię Marszałka Piłsudskiego i Ministra Spraw Wewnętrznych przeciwko gnębieniu organizacji przez władze administracyjne. Protest ten podpisało 100 ludzi. Należy natychmiast zapodać inicjatora oraz donieść nazwiska i imiona tych, którzy się na proteście podpisali”. На гэты запыт кіраўнік Берштаўскага пастарунка Ал. Сламчынскі адказваў так: „Po zorganizowaniu we wsi Bersztach koła Biał. Wł. Rob. Hromady antypolska działalność tegoż objęła całą wieś, gdyż takowa zamieszkała jedynie przez ludność białoruską usposobioną jak do państwa tak i władz złowrogo i tem poderwała poważnie zaufanie ludności do tut. Posterunku, który przez to stracił narazie wszelki kontakt nawet z osobami uprzednio zaufanemi obecnie zaagitowanymi przez komitet. (...) Posterunek tut. pomimo prowadzenia ścisłych wywiadów (...) nie był w stanie uzyskać konkretnych danych co do zbierania podpisów i osób, które mogli ich podpisać (...)”17. Трэба адзначыць, што пошук інфарматараў сярод мясцовага насельніцтва быў найбольш складаным заданнем для мясцовай паліцыі. Наступнік каменданта Сламчынскага, Лінднэр, сцвярджаў: „Osoby w charakterze konfidentów, prócz urzędników, na terenie posterunku nie ma, a to z obawy przed zemstą ze strony wrogiej ludności, gdy byli wypadki zamordowania konfidentów i ich członków rodziny oraz pobicia do nieprzytomności”18. Асабліва жорстка абыходзіліся з тымі, хто супрацоўнічаў з паліцыяй, у літоўскіх вёсках.
14 лістапада 1926 г. адбыўся з’езд дэпутатаў БСРГ у Беластоку. У яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі Берштаўскай гміны: Мікалай Касцевіч з Берштаў, Уладзімір Гардзей са Шкленска, Мацей Варабей з Якубавічаў19. А 26 снежня 1926 г. кіраўнікі ўсіх гурткоў гміны сабраліся ў Берштах у хаце Мікалая Касцевіча і абралі гмінны камітэт БСРГ. Яго старшынёй стаў Максім Шаставіцкі, сакратаром — Мікалай Касцевіч, скарбнікам — Аляксандр Гіль. Пра Максіма Шаставіцкага вышэй ужо гаварылася. Яму было 26 гадоў. Аднавяскоўцы ўважалі Шаставіцкага за моцнага духам, ідэйнага чалавека. Пасля паражэння беларуска-літоўскай партызанкі ён падаўся ў Літву, а пазней спрабаваў перабрацца ў БССР, але быў затрыманы пры перасячэнні мяжы і патрапіў на два гaды ў польскую турму. Паліцэйскі камендант паведамляў у Гродна пра яго дзейнасць: „Szestowicki Maksim prowadzi w pierwszym rzędzie agitację za jak najliczniejszym i silniejszym zorganizowaniem tegoż (hurtka) namawiając miejscową ludność białoruską do zapisywania się na członków tegoż. Prócz tego agituje za szkolnictwem białoruskim i wogóle stara się (...)* zapewniając iż niepodległość Białorusi będzie uzyskana”20.
Але рэальным кіраўніком і арганізатарам усёй справы, як чалавек найбольш адукаваны і дасведчаны, быў войт гміны Бершты Мікалай Касцевіч. У 1926 г. яму было 30 гадоў. Касцевіч нарадзіўся ў выселку Косцевічы каля Берштаў. Да вайны скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. У часе вайны служыў у царскім войску афіцэрам. Вярнуўся ў Бершты ў 1922 г. Спрабаваў паступіць на працу настаўнікам, але атрымаў адмову ад уладаў. У 1924 г. зрабіў спробу паступіць на беларускія настаўніцкія курсы і распачаў беларускую агітацыю сярод насельніцтва Берштаў: „Po wyjściu ustawy o szkolnictwe białoruskim agitował miejscową ludność o staranie się o szkołę białoruską, spodziewając się, iż z chwilą utworzenia tejże zostanie nauczycielem”21.
Увогуле, на падставе паліцэйскіх звестак, якія пастарунак збіраў аб усіх выдатнейшых беларускіх дзеячах, можна скласці ўмоўны тыповы вобраз мясцовага актывіста Грамады. Звычайна гэта малады чалавек узростам да 30 гадоў, за плячыма якога было бежанства ў Расію і служба ў войску. Некаторыя ваявалі ў Чырвонай Арміі. Макар Сакалоўскі з вёскі Шчанец быў нават, паводле звестак паліцыі, бальшавіцкім камісарам. Беларускі актывіст з вёскі Якубавічы Іван Траян служыў у флоце. Яго аднавясковец Мацей Варабей працаваў канцылярыстам у рэўкоме. Антон Федаровіч з Зубрава быў камандзірам у Чырвонай Арміі. Некаторыя спрабавалі выехаць у БССР. Але нельга сцвярджаць, што лідэры гурткоў Грамады паходзілі з вясковай беднаты. Намі было праведзена даследаванне становішча сем’яў актыўных грамадоўцаў вёсак Шчанец, Сухары, Шкленск і Навасёлкі па матэрыялах перапісу 1897 г. Можна, сцвярджаць, што ўсе яны паходзілі з заможных ці сярэдняга дастатку сем’яў. У кожнага бацька, а то і маці былі пісьменнымі. У большасці дзядзькі і старэйшыя браты працавалі ў горадзе, на чыгунцы ці ў дзяржаўным апараце. Такім чынам, „грамадоўскі актыў” належаў да найбольш актыўнай і пасіянарнай часткі вясковага насельніцтва, якая ўжо не магла заставацца ў рамках традыцыйнага сялянскага жыцця і актыўна шукала для сябе новую нішу ва ўмовах дынамічных працэсаў мадэрнізацыі ўсяго тагачаснага грамадства. Разам з тым, частка ранейшых лідэраў беларускага руху была адсунута як бы ў цень. Сярод лідэраў гурткоў не было братоў Сінілаў, Федаровічаў, Мілінкевіча і іншых. Магчыма, праблема заключалася ў тым, што яны адмоўна ставіліся да леварадыкальных лозунгаў, якія ўсё больш выразна праяўляліся ў дзейнасці БСРГ. Цікавым з’яўляецца той факт, што да грамадоўцаў далучыўся і настаўнік Берштаўскай школы Эдвард Боднар, паляк паводле нацыянальнасці. Камендант паліцыі абвінавачваў яго ў жаданні вылучыцца ў Сейм ад мясцовага насельніцтва. Магчыма, што так яно і было. Боднар быў пераведзены з Берштаў у каталіцкую вёску Парэчы. Пазней ён стаў актывістам праўрадавых арганізацый.
У студзені 1927 г. супраць БСРГ былі распачаты польскімі ўладамі рэпрэсіі, а яе кіраўнікі абвінавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Працэс ліквідацыі структур Грамады на тэрыторыі Берштаўскай гміны прайшоў адносна спакойна. Паліцыя правяла 14 вобыскаў у найбольш актыўных беларускіх дзеячаў, але яны не далі ніякіх вынікаў за выключэннем таго, што ў сакратара гміннага камітэта БСРГ Мікалая Касцевіча быў знойдзены французскі набой. Супраць кіраўнікоў гурткоў БСРГ распачалося следства. Кіраўнік гміннага камітэта Максім Шаставіцкі быў арыштаваны, але ўцёк з паліцэйскага пастарунка ў Гародні*. Камендант берштаўскай паліцыі адзначыў у справаздачы за люты 1927 г.: „Po ostatniej likwidacji dało się zauważyć, iż działalność w tych organizacjach powierzchownie jakoby zniknęła, jednakoż więc jest to powodem chociażby częściowego likwidowania takowych, samo przecież do obecnego czasu wypadków występowania członków nie notowano. Natomiast jak widać dalsza praca w zmiankowanych organizacjach jest prowadzona, lecz bardziej skrycie jak uprzednio”22. Доказам скрытай працы БСРГ камендант лічыў тое, што старшыня гміннага камітэта М. Касцевіч звярнуўся да яго з просьбай аб дазволе арганізаваць сход, але атрымаў адмову. Тым не менш, грамадоўцы збіраліся па хатах па два-тры чалавекі і абмяркоўвалі свае справы, спадзяючыся, што ў хуткім часе цалкам адновяць сваю дзейнасць. Паліцыя таксама адзначала „pewne niezadowolenie” сярод беларускага насельніцтва ў сувязі з ліквідацыяй гурткоў Грамады.
Не змянілася ў лепшы бок пасля забароны Грамады і стаўленне беларусаў да польскай улады: „Ludność białoruska dąży do utworzenia w ich miejscowościach szkół białoruskich i zachowania swych obyczajów i języka. Do polskości skłonna nie jest i stara się pozostać od tej jak najdalej”23. Такім жа было, паводле паліцэйскіх справаздач, і стаўленне да ўладаў мясцовага літоўскага насельніцтва. Камендант пастарунка тлумачыў гэта ўплывамі былых расійскіх чыноўнікаў і настаўнікаў, а таксама літоўскіх ксяндзоў. Але ў адрозненне ад беларусаў літоўцы рабілі асноўны націск не на палітычную дзейнасць, а на культурна-асветную. У справаздачах паліцыі адзначалася, што літоўскае насельніцтва ўжо не салідарызуецца з беларусамі і праводзіць сваю асобную палітыку.
У літоўскай вёсцы Шумы працавала пачатковая школа таварыства „Рытас”. Настаўнічаў у гэтай школе былы ўдзельнік беларуска-літоўскай партызанкі Фелікс Дабравольскі. Нягледзячы на такое яго мінулае, паліцыі не ўдавалася знайсці ніякіх доказаў антыдзяржаўнай дзейнасці. Прычынай таму была незвычайна моцная згуртаванасць літоўскага грамадства. Камендант паліцыі пісаў наконт гэтага: „Ludność wsi Szummy skrajnie wrogo usposobiona do Państwa Polskiego, nie nawidzi żadnych urzędników polskich, tem bardziej policji, z którą nie chce rozmawiać po polsku ani po rosyjsku twierdząc zawsze litewskim językiem, że po polsku nie rozumieją. Są wypadki, że policjanci nie mogą przez to załatwić sprawy urzędowe z tych powodów, że ludność nie chce się stykać z policją. O konfidentach w tej wsi nie może być mowy, gdyż konfident jeden w Szummach w roku 1922 został zabity wraz z rodziną przez partyzantkę litewską, a drugi został pobity ciężko przez miejscową ludność (...) krążą pogłoski, że ludność wsi Szummy jest mocno uzbrojona i broń przechowywuje w bliższych lasach”24.
Беларускае насельніцтва каталіцкага веравызнання ставілася да польскай дзяржаўнасці лаяльна. Спробы беларускіх дзеячаў арганізаваць сярод яе беларускія гурткі поспеху не мелі. У гэтым кірунку асаблівай актыўнасцю вызначыўся жыхар вёскі Новая Руда Фёдар Ушкевіч. Спачатку ён спрабаваў арганізаваць у сваёй вёсцы гурток БСРГ, але мэты гэтай не асягнуў. Пазней, у 1927 г. Ушкевічу ўсё ж удалося пераканаць аднавяскоўца Браніслава Загорскага напісаць заяву на ўтварэнне гуртка Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Аднак пасля пэўнай апрацоўкі, праведзенай паліцыяй, апошні адмовіўся ад гэтай задумкі і забраў сваю заяву. Трэба прызнаць, што Ф. Ушкевіч меў мала шанцаў на поспех. Сам ён паходзіў з праваслаўнай вёскі Філевічы, а ў Новую Руду патрапіў як парабак, дзе пазней ажаніўся з мясцовай удавой Ганнай Грынёвай. Ды і беларускую агітацыю Ушкевіч праводзіў у спосаб даволі авантурны. Так, у лютым 1928 г. паліцыя атрымала інфармацыю пра антыдзяржаўныя выказванні з яго боку. Расследаванне паказала наступнае: „Uszkiewicz agitował wśród ludności Nowej Rudy, by założyła organizację białoruską, do której on jako mający stosunki wśród białorusinów dostarcza potrzebną broń palną, by w razie potrzeby czynić wystąpienia przeciw Polsce”25. Вобыск у хаце Ушкевіча выкрыў шматлікую перапіску з беларускімі дзеячамі ў Вільні. Агітацыю сярод каталіцкага насельніцтва праводзіў таксама сябар Ушкевіча Ян Хоха з невялічкай вёскі Бабіна, выкарыстоўваючы пры гэтым сваю працу бракоўшчыкам у лясной фірме „Century”. Адзін з мясцовых жыхароў данёс паліцыі, што Ян Хоха „stanowczo twierdzi, że powinna być Białoruś i agituje wśród ludności i robotników w Nowej Rudzie, że Białoruś musi być i istnieć jak osobne państwo”26.
Трэба адзначыць, што на тэрыторыі гміны не было варожасці паміж мясцовым праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам. Намі не знойдзена матэрыялаў пра нейкія збройныя напады на суседнія вёскі, калі не ўлічваць сутычкі партызанаў з лясной вартай, якая пераважна фармавалася з каталікоў. Разам з тым, пэўная адчужанасць безумоўна існавала. Паводле ўспамінаў доўгажыхароў, змешаныя шлюбы паміж літоўцамі і праваслаўнымі беларусамі здараліся значна часцей, чым паміж беларусамі праваслаўнымі і каталікамі, паколькі апошнія трохі звысоку спаглядалі на сваіх суседзяў. Адыгрывала сваю ролю і тое, што менавіта каталікі атрымлівалі найбольш выгадныя пасады ў мясцовых лясніцтвах. У 1927 г. у каталіцкіх вёсках гміны паўсталі праз уплыў дзяржаўнай адміністрацыі суполкі Стралецкага звязу, якія прапагандавалі даволі ваяўнічую польскую нацыянальную ідэалогію.
Пасля забароны Грамады галоўнай і найбольш масавай беларускай структурай на вёсцы сталі суполкі Таварыства беларускай школы. Паводле даных паліцыі, на тэрыторыі Берштаўскай гміны налічвалася каля 10 сяброў гэтай арганізацыі, якія не складалі адзінай структуры. У час разгрому гурткоў БСРГ некаторыя з іх знішчылі свае пасведчанні ў страху перад магчымымі рэпрэсіямі. Аднак, разам з тым, беларуская культурна-асветная праца ў вёсках не заціхла, а, наадварот, пасля забароны гурткоў БСРГ нават узмацнілася. Так, 5 і 6 чэрвеня 1927 г. Бершты наведалі павятовы стараста Бецюкевіч і пасол Сейма Казімір Лашкевіч. Яны прыехалі з нагоды завяршэння курсаў кройкі і шыцця, якія былі тут арганізаваны ўладамі дзеля паляпшэння стасункаў з мясцовым насельніцтвам. У прысутнасці высокіх асобаў мясцовая моладзь адыграла ў школьным памяшканні п’есу Янкі Купалы „Раскіданае гняздо”. Солтыс Берштаў Цімафей Даніловіч прывітаў гасцей хлебам і соллю, а войт гміны і былы сакратар гміннага камітэта БСРГ Мікалай Касцевіч выступіў з прамовай, дзе ў прыватнасці зазначыў: „Ludność wsi Berszty jest bezwględnie przychylna do Państwa Polskiego i że stworzenie hurtków było narzucone miejscowej ludności przez ludzi, którzy źle informowali i kierowali chłopstwem chwiejnym, będącym bez żadnego do tego czasu silnego poparcia”27. Безумоўна, такі стыль паводзінаў мясцовых беларускіх лідэраў успрымаўся польскімі чыноўнікамі як няшчыры і крывадушны. Але ён вынікаў з векавога сялянскага вопыту адносінаў з дзяржаўнай уладай, прыроднай асцярожнасці і крыху наіўнай хітрасці. Так жа паводзілі сябе з польскай адміністрацыяй і мясцовыя літоўцы з вёскі Кабялі. Заўсёды ветлівыя і гасцінныя, яны цвёрда трымаліся сваёй лініі і ігнаравалі ўсе спробы ўлады далучыць іх да польскага культурнага жыцця, адмаўляючыся ісці на любы кантакт у гэтай справе. Напрыклад, тыя ж курсы кройкі і шыцця не ўдалося адчыніць у Кабялях з прычыны поўнай адсутнасці жадаючых пайсці на іх. Праўда, і ў Берштах на гэтых курсах вучыліся амаль выключна каталікі з суседніх вёсак.
У канцы 1927 г. на тэрыторыі Гарадзенскага павета пачынаецца актыўнае развіццё мясцовых структур ТБШ. У справаздачы каменданта паліцыі за снежань 1927 г. гаварылася: „(...) obecnie od 6 tygodni z najwybitniejszych członków b. hurtków B.W.R.H. tworzą hurtki Two Szkoły Białoruskiej, które wszelkimi siłami niosą oświatę białoruską zachowując przytem najskrajniejszą wrogość wobec polskości. Hurtków Two Szkoły Białoruskiej na terenie posterunku jest 3, a to we wsi Jakubowiczach, Szkleńsku i Szczeńcu. Ogólna liczba członków 46”28.
На пачатку снежня 1928 г. жыхар вёскі Шчанец Мікадзім Токць арганізаваў у сваёй хаце сход у колькасці 13 чалавек, якія выбралі свайго аднавяскоўца Ігната Хоху на кіраўніка гуртка ТБШ. Паліцыя правяла расследаванне гэтай справы, у выніку чаго Токцю быў прысуджаны штраф у памеры 1000 злотых ці месяц турмы. Спробы заснаваць гурткі ТБШ у Берштах і Сухарах поспеху не мелі. Так, Галоўны камітэт ТБШ у Вільні паведаміў Гарадзенскае стараства аб заснаванні гуртка ў Берштах, пазначыўшы яго кіраўніком Мікалая Касцевіча. Аднак апошні заявіў уладам, што не жадае займаць гэтую пасаду і гурток не быў зарэгістраваны. Тое ж прыкладна самае адбылося і ў Сухарах. Таму паліцыя прыйшла да высноваў, што „(...) główny komitet T-wa Szkół Białoruskich w czasie obecnym przedwyborczym gwałtownie przystąpił do założenia hurtków T-wa Szkół Białoruskich i w tych wypadkach z góry wyznacza bez uprzedniego porozumiewania się, przed rokiem zlikwidowane hurtki B.W.R.H., narzuca więc przymusowo ludności obowiązki kierowników i członków hurtków (...) Two Szkół Biał. w ten sposób skupia szersze masy ludności bialoruskiej, by przy przyszłych wyborach doprowadzić do zwycięstwa białorusinów”29. Такім чынам, можна меркаваць, што ў асяроддзі беларускіх дзеячаў не было адзінства ў справе палітызацыі гурткоў ТБШ. Як вядома, на такі курс падштурхоўвала беларускі рух КПЗБ, адсоўваючы ад дзейнасці ў ТБШ праўдзівых нацыяналістаў.
Нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы, многія гурткі ТБШ актыўна праводзілі беларускую культурна-асветную працу. Так, 7 студзеня 1928 г. у вёсцы Навасёлкі ў хаце Мікалая Шышкі сябры шкленскага гуртка ТБШ наладзілі беларускую вечарыну. Прысутнічала на ёй каля 80 асобаў, якія сабралі па 40-50 грошаў арганізатарам. Паводле паліцэйскага апісання, гэтая вечарына распачалася ў 19 гадзін вечара, а завершылася ў 3 гадзіны ночы: „Odegrana została komedyjka „Piesa Paulinki” następnie deklaracja „do pracy” — „rodnyje obrazy” — „poklicz moja pieśnia” poczem nastąpił śpiew „czy nie bystraja reczka”. (...) Ludność obecna (starsze i młodzi) bez wyjątku wszyscy odnosili się do odegrania sztuczek przychylnie i okazali zadowolenie”30. Кіраваў вечарынай старшыня шкленскага гуртка ТБШ Ян Таранка. Але калі гэты гурток падрыхтаваў такую ж вечарыну ў Шкленску на 14 студзеня, то дазволу ўладаў ужо не атрымаў.
Тое ж адбылося ў вёсцы Якубавічы, дзе мясцоваму гуртку ТБШ таксама забаранілі ладзіць беларускую вечарыну. У тыднёвай справаздачы ад 26 студзеня 1928 г. камендант паліцыі Лінднэр адзначаў, што гурткі ТБШ вельмі актыўна дзейнічаюць у апошнія часы. Ён тлумачыў гэта іх жаданнем „prezentować swoje znaczenie jako organizacje białoruskie i w ten sposób być (...)* dla ludności białoruskiej w kierunku rozszerzenia idei białoruskiej”31. Стасунак мясцовай паліцыі да гурткоў ТБШ быў скрайне адмоўным: „Hurtki T-wa Szkół Białoruskich bezwględnie działają na korzyść „białorusi”, tępiąc wszystko co jest „polskie”. Do państwowości i polskości zachowują się „złowrogo”. W tych wsiach, gdzie istnieą hurtki T-wa Szkoły Biał. ludność szczególnie jest usposobiona złowrogo względem „Państwa” i rozagitowana w najwyższym stopniu, natomiast w innych wsiach gdzie takich hurtków nie ma, takiego wrogiego nastroju wśród ludności nie ma”32. Сярод трох гурткоў, утвораных на тэрыторыі Берштаўскай гміны, найбольш актыўна працаваў гурток у Шкленску. Гэты гурток часта арганізоўваў вечарыны, заснаваў беларускую бібліятэку, з якой ахвотна карысталася мясцовае насельніцтва. Гурток у Якубавічах, паводле звестак паліцыі, слаба дзейнічаў як цэласная структура, але яго бібліятэкар Мацей Варабей працаваў вельмі актыўна, за што 5 лютага быў арыштаваны і дастаўлены ў следчы аддзел у Гародню. У найгоршым стане знаходзіўся гурток у Шчанцы, дзе не было фармальнага кіраўніцтва, сябры не плацілі складчын і не вялі ніякай дакументацыі. Камендант Лінднэр адзначаў наконт гурткоўцаў: „Wszyscy (...) wrogo usposobieni do wszystkiego, co jest „polskie”, natomiast marzą i wszelką uwagę skierują na przyszłej i wolnej „Białorusi”, według ich zdania takowa ma z biegiem czasu powstać”33.
Натуральна, што паліцыя мела рацыю, калі абвінавачвала гурткі ТБШ у жаданні весці перадвыбарчую агітацыю. Менавіта парламенцкія выбары 1928 г. выклікалі рэзкі рост палітычнай актыўнасці на вёсцы. Беларускія нацыянальныя дзеячы, якія пазбеглі турэмнага пакарання пасля разгрому Грамады, спрабавалі арганізаваць удзел у гэтых выбарах. Былыя грамадоўцы выставілі ў Гарадзенскім павеце спіс „Змагання за інтарэсы сялян і работнікаў” і яму падобныя, каб пазбегнуць адмены акруговымі выбарчымі камісіямі. Тым не менш, многія беларускія спісы не былі зарэгістраваны. Частка беларускіх дзеячаў, якія не падтрымлівалі радыкальна-левыя настроі, пастанавіла вылучацца праз спіс нацыянальных меншасцяў. Некаторыя ўвогуле схіліліся да супрацоўніцтва з уладамі і складалі так званыя „угадоўскія” спісы. Гэты раскол таксама выразна праявіўся і на мясцовым узроўні.
Ход перадвыбарчай барацьбы знайшоў падрабязнае адлюстраванне ў дакументах польскіх паліцэйскіх устаноў. У гэты перыяд гмінныя пастарункі паліцыі атрымалі прадпісанне штотыднёва даваць справаздачы пра развіццё палітычнай сітуацыі. Напярэдадні выбараў, акрамя гэтага, яны мусілі яшчэ даваць спецыяльныя справаздачы пра сітуацыю адносна іх падрыхтоўкі.
12 студзеня 1928 г. камендант берштаўскай паліцыі паведамляў у Гародню, што перадвыбарчай агітацыі заўважыць не ўдалося, а беларускае насельніцтва паводзіць сябе пасіўна і выразных перадвыбарчых поглядаў не праяўляе, але напэўна возьме ўдзел у выбарах, хаця немагчыма ўстанавіць, якое палітычнае аб’яднанне падтрымае, паколькі да гэтага часу не праявіла выразнага перадвыбарчага кірунку34. 19 студзеня 1928 г. ён даносіў, што, паводле атрыманай ім інфармацыі, гурткі ТБШ будуць агітаваць за „групу Паўлюкевіча і Краёвае народнае аб’яднанне адзінства, заснаванае ў Вільні”, а мясцовае насельніцтва чакае інструкцый, ніякай інфармацыі адносна кандыдатаў не мае, а ўсе перадвыбарчыя звесткі чэрпае з беларускіх газет „Беларускі дзень”, „Сялянская ніва” і г.д., якія бясплатна дасылаюцца з Вільні да гурткоў ТБШ35. У рэшце рэшт паліцыя прыйшла да высновы, што ўсё беларускае насельніцтва, без розніцы палітычных кірункаў, будзе галасаваць за спісак нацыянальных меншасцяў.
Любыя акцыі і мерапрыемствы, якія спрабавалі наладжваць у вёсках актывісты гурткоў ТБШ, дзяржаўная адміністрацыя разглядала праз прызму маючых адбыцца выбараў. У якасці контрмеры супраць дзейнасці былых грамадоўцаў і гурткоў ТБШ польскія ўлады абралі арганізацыю мясцовых суполак падтрымкі праўрадавага Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам маршалка Пілсудскага. У Берштаўскай гміне першыя захады ў справе ўтварэння гміннага камітэта падтрымкі азначанага блока распачаліся ў канцы студзеня 1928 г. Адначасова камендант пастарунка паліцыі паведамляў, што, паводле існуючых у гміне чутак, 25 студзеня у Гародні меў быць адбыцца з’езд былых сябраў БСРГ і ТБШ пад кіраўніцтвам беларускага настаўніка Федарука, якія на гэтым з’ездзе мусілі абгаварыць справы галасавання, а найперш вызначэнне спіса, на які павінны быць аддадзены галасы і за які павінны агітаваць гурткі ТБШ36.
5 лютага 1928 г. у будынку Берштаўскай пачатковай школы адбыўся сход з мэтай сарганізавання гміннага камітэта Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам. У ім прыняло ўдзел 55 асобаў. Старшынёй гэтага камітэта быў абраны войт гміны Мікалай Касцевіч, былы сакратар гміннага камітэта БСРГ (?!), а скарбнікам — Аляксандр Сініла, які вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Сейма на выбарах 1922 г. у адным спісе з Сяргеем Бараном. У азначаны камітэт таксама ўвайшлі яшчэ некалькі беларускіх дзеячаў. Адзін з іх — Аляксандр Мілінкевіч, былы пісар гміны, 6 лютага паслаў віншавальную тэлеграму Пілсудскаму ад імені сыноў і ўнукаў паўстанцаў 1863 г., запэўніўшы маршалка пры гэтым, што будзе галасаваць толькі за спіс № 1. На думку каменданта паліцыі, заснаванне камітэта Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам зменшыла перадвыбарчую актыўнасць гурткоў ТБШ, якія сталі дзейнічаць больш асцярожна. Брак матэрыялаў перашкаджае ўстанавіць сапраўдныя прычыны ўваходжання беларускіх дзеячаў у праўрадавы блок. Немагчыма дакладна сцвярджаць, ці гэта быў тактычны ход, ці яны сапраўды паверылі ў шчырасць абяцанняў Пілсудскага пайсці на ўступкі беларусам у справе надання ім аўтаноміі.
У далейшых справаздачах пастарунак паліцыі паведамляе пра актыўнае пашырэнне агітацыі за Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам, што значна аслабіла ўплывы беларускіх дзеячаў на „цёмныя сялянскія масы”. Мясцовыя суполкі гэтага блока неўзабаве ўзнікаюць практычна ва ўсіх вёсках гміны. Паводле ўражанняў каменданта Лінднэра, старэйшыя гаспадары ахвотна належалі да ўтвораных суполак, але моладзь у беларускіх вёсках ставілася да іх непрыхільна і афіцыяльна выказвалася за спіс № 1837. Адначасова камендант паведамляў, што на тэрыторыю пастарунка наплывае ўсё большая колькасць беларускіх газет і часопісаў, якія пераважна атрымліваюць сябры гурткоў ТБШ, а затым раздаюць іх насельніцтву.
У лютым паліцыя распачала актыўныя рэпрэсіўныя дзеянні супраць беларускіх актывістаў. 1 лютага быў арыштаваны за правядзенне антыўрадавай агітацыі жыхар вёскі Новая Руда Фёдар Ушкевіч. 5 лютага паліцыя затрымала жыхара вёскі Якубавічы Мацея Вараб’я, у якога былі знойдзены ў часе вобыску „розныя беларускія лісты і нататкі”. 15 лютага быў арыштаваны жыхар засценка Новішча Андрэй Наско. Прычынай арышту паслужыла тое, што Наско сабраў у вёсцы Шчанец 62 подпісы за спісак № 13 і падаўся з імі да акруговай выбарчай камісіі, каб яго зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Cейма. Каміся адмовіла ў рэгістрацыі з прычыны нібыта спазнення падачы подпісаў. Вобыск у хаце Наско вынікаў не даў, паколькі ён паспеў знішчыць подпісы землякоў.
18 лютага 1928 г. паліцэйскім пастарункам было прадпісана знайсці сярод сялян у сувязі з набліжэннем выбараў тайных інфарматараў ці канфідэнтаў, а таксама прыслаць спісы беларускіх агітатараў38. Асаблівае старанне павятовае кіраўніцтва рэкамендавала праявіць, каб знайсці канфідэнтаў сярод беларускіх дзеячаў, для чаго нават прадпісвалася не шкадаваць грошай на подкуп.
У канцы лютага 1928 г. на тэрыторыі Берштаўскай гміны налічвалася ўжо 20 суполак у падтрымку Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам. Паліцэйскі камендант адзначаў, што ўсе суполкі дзейнічаюць слаба, але яны з’яўляюцца вялікай перашкодай іншым партыям, якія хацелі б пашырыць сваю перадвыбарчую дзейнасць39. Актывісты праўрадавых суполак праводзілі пры падтрымцы паліцыі перадвыбарчыя мітынгі. Жыхар вёскі Косцевічы Аляксандр Мілінкевіч, вядомы мясцоваму насельніцтву як беларускі патрыёт, наладзіў 19 лютага такі мітынг у вёсцы Замасцяны, на якім прысутнічала каля 60 асобаў. Мілінкевіч абяцаў прысутным, што, калі яны будуць галасаваць за Пілсудскага, то апошні дасць беларусам аўтаномію. У канцы мітынгу было абрана кіраўніцтва праўрадавай суполкі. Затым Мілінкевіч накіраваўся ў вёскі Матылі, Дудкі і Раманава, але тамтэйшае насельніцтва адмовілася падтрымаць Беспартыйны блок. Шмат разоў прыязджалі ў гміну і іншыя праўрадавыя агітатары. Некаторыя з іх, як, напрыклад, Сымон Панасевіч, прамаўлялі перад публікай па-беларуску. Звычайна агітатары заклікалі галасаваць за спіс № 1 і востра крытыкавалі іншыя выбарчыя блокі, якія быццам толькі баламуцяць народ.
Апроч праўрадавага Беспартыйнага блока Берштаўскую гміну наведалі толькі прадстаўнікі расійскага выбарчага аб’яднання. 26 сакавіка 1928 г. у Бершты прыехаў кандыдат на пасла ад гэтага аб’яднання Аляксандр Рохлін-Раманцоў, жыхар Вільні. Ён сабраў сход, на якім прысутнічала каля 50 асобаў. Кандыдат у паўгадзіннай прамове выклаў сваю праграму і востра раскрытыкаваў іншыя нацыянальныя блокі. На думку каменданта паліцыі, прысутныя без зацікаўленасці прынялі прамову, а затым адмовіліся выбраць сярод сябе давераную асобу кандыдата і нават не хацелі браць улёткі спісу № 20: „Z całej sytuacji było widać, że zebranie nie udało się i nie zainteresowało obecnych”40. Каталіцкі ксёндз Грабоўскі, які быў пробашчам касцёла ў Новай Рудзе, агітаваў сваіх прыхаджан галасаваць за польскіх хадэкаў, што таксама выклікала незадаволенасць мясцовай паліцыі.
Ад блока нацыянальных меншасцяў толькі раз, 18 студзеня, прыехаў з Гродна нейкі Ленюк, які сустракаўся з мясцовымі лідэрамі Уладзімірам Паўлюкевічам і Уладзімірам Гардзеем41.
Перад выбарамі нарасталі рэпрэсіі супраць грамадоўцаў. 2 сакавіка 1928 г. былі арыштаваны Ян Траян з Якубавічаў, Ян Варабей са Шчанца, Ян Ушкевіч з Сухароў. На наступны дзень арыштавалі Міхала Янковіча за правядзенне на перадвыбарчым сходзе ў вёсцы Матылі антыдзяржаўнай агітацыі і знявагу пры гэтым асобы Пілсудскага42.
У мясцовай паліцыі расла ўпэўненасць ў перамозе праўрадавага спіска № 1: „W ogóle ludność białoruska według wywiadów wszechstronnych, jeżeli sytuacja nie zmieni się, może głosować do 60% na listę 1, reszta zaś może głosować na listy № 10, 13, 18, 20. № 25 we wsiach zamieszkałych przez polaków w małej ilości może być oddany. Ludność litewska do tego czasu przejawia słaby ruch wyborczy i jak dało się ustalić będzie głosowała na listę № 1”43.
Вынікі выбараў да Сейма, якія адбыліся 4 сакавіка 1928 г., сталі для мясцовай паліцыі пэўнай нечаканасцю. Камендант з разгубленасцю паведамляў, што былыя сябры БСРГ і цяперашнія сябры гурткоў ТБШ неспадзявана ў апошнія дні перад выбарамі змянілі свае думкі, і спіс нацыянальных меншасцяў № 18, які быў прадугледжваўся для галасавання, быў зменены на пракамуністычны спіс № 13. Тыя вёскі, дзе быў высокі аўтарытэт былых грамадоўцаў, практычна цалкам прагаласавалі за гэты спіс. Цікава, што, паводле неафіцыйнай інфармацыі, атрыманай пастарункам паліцыі, адным з самых актыўных агітатараў за № 13 быў войт Мікалай Касцевіч, які адначасова з’яўляўся старшынёй гміннага камітэта Беспартыйнага блокa супрацоўніцтва з урадам. Актыўнасць насельніцтва з’яўлялася даволі высокай. Ужо з 9 гадзін раніцы каля выбарчых участкаў сабраўся натоўп людзей. Асабліва актыўна паводзіла сябе моладзь. Старэйшыя людзі з аддаленых вёсак увогуле не прыехалі на выбарчыя ўчасткі. Усяго з 2226 выбаршчыкаў на трох участках у Берштах, Сухарах і Зубраве прагаласавалі 1522 асобы. Вынікі выбараў выглядалі наступным чынам: № 1 — 464 галасы (з якіх 15 несапраўдных), № 2 — 3, № 10 — 13 (усе несапраўдныя), № 12 — 2 (усе несапраўдныя), № 13 — 704 (104 несапраўдныя), № 18 — 61, № 20 — 5, № 25 — 59, № 36 — 154 (121 несапраўдны). За праўрадавы спіс № 1 галасавалі пераважна вёскі з каталіцкім насельніцтвам — Краснае, Куцы Лес, Новая Руда, Глушнева, Ельнікі, Кабялі, Шумы, Пагарэнда. Нечаканасцю для ўладаў таксама стала, што вёскі Раманава, Дудкі і Матылі прагаласавалі за беларускі спіс № 36. Асабліва дзівіла іх тое, што на тэрыторыі гміны напярэдадні выбараў амаль не з’яўляліся ўлёткі, брашуры і нумаркі спісаў 13 і 36. А ў цэлым, як засведчыў камендант паліцыі, выбары адбыліся без асаблівых эксцэсаў.
Нявыгадныя ўладам вынікі падштурхнулі мясцовую паліцыю да актыўных дзеянняў, каб змяніць сітуацыю на выбарах у Сенат. 9 сакавіка адбыліся вобыскі ў падазроных асобаў: у вёсцы Шкленск ва Уладзіміра Гардзея, Аляксандра Дарашкевіча і Яна Вараб’я, у вёсцы Навасёлкі ў Аляксандра Васілевіча і Яна Касцевіча, у Шчанцы ў Міхала Токця і Міхала Мікіты, у засценку Новішча ў Яна Хохі, у вёсцы Сухары ва Уладзіміра, Епіфана і Аляксея Ушкевічаў, а таксама ў Сымона Васілевіча. 9 сакавіка быў праведзены вобыск у жыхара Бераставіцы Аляксандра Гіля, у якога знайшлі лісты „да нейкага Федарука ў Гародню”. На наступны дзень зноў былі праведзены вобыскі ў жыхароў Бераставіцы Віктара Дарашкевіча і Антона Ханевіча, а таксама жыхароў Косцевічаў Лукаша Лебядзевіча, Уладзіміра Паўлюкевіча і Уладзіміра Язэпчыка. Паводле паліцэйскай справаздачы, „настрой у скамунізаваных сферах быў прыгнечаны”. З 2146 асобаў, якія мелі выбіраць дэпутатаў у Сенат, прыйшлі галасаваць толькі каля 30%. Старэйшыя людзі ў большасці праігнавалі гэтыя выбары. Са страху перад рэпрэсіямі ўстрымаліся ад галасавання нават некаторыя былыя грамадоўцы і сябры ТБШ. Астатнія прагаласавалі за беларускі спіс № 43.
Павятовая паліцыя 13 сакавіка 1928 г. прадпісала камендантам гмінных пастарункаў даслаць спіс агітатараў за спісы № 13 і № 43 з указаннем іх матэрыяльнага становішча, а таксама спіс вёсак, жыхары якіх не галасавалі на вышэйназваныя спісы. Апошнім рэкамендавалася аказаць матэрыяльную дапамогу44.
У справаздачы ад 22 сакавіка 1928 г. камендант паліцыі адзначаў, што агульны настрой насельніцтва прыгнечаны з прычыны паражэння на выбарах спісаў №№ 13, 43 і 3645. У справаздачы ад 29 сакавіка ён адзначыў, што вёскі, якія галасавалі на „камуністычныя спісы”, чакаюць рэпрэсій з боку ўладаў, таму ў гэтых вёсках значна палепшылася санітарнае становішча, каб паліцыя не мела магчымасці пакарання шляхам спісвання пратаколаў і накладання штрафаў46.
Камендант паліцыі паведаміў у Гародню, што па гміне пайшлі чуткі аб нібыта хуткай ліквідацыі ўладамі гурткоў ТБШ. Адначасова ён адзначаў імкненне мясцовых беларускіх лідэраў падтрымаць і натхніць сваіх аднадумцаў. Асабліва актыўна дзейнічалі ў Якубавічах Мацей Варабей і Ян Траян. Яны шмат разоў пабывалі пад арыштам, акруговы суд завёў на іх справу за збіранне сярод аднавяскоўцаў складак у падтрымку палітычных вязняў і подпісаў на пратэсце супраць арышту беларускіх паслоў у Сейме. Паводле даных паліцыі, былыя сябры БСРГ уважліва сачылі за ходам судовага працэсу над лідэрамі Грамады. Звесткі аб ім яны атрымлівалі з беларускіх газет, якія, аднак, пасля выбараў ужо ў меншай колькасці прыходзілі ў гміну. 15 красавіка гурток ТБШ у Якубавічах падрыхтаваў беларускую вечарыну, але не атрымаў дазволу на яе правядзенне. Польская ўлада ўзяла цвёрда курс на ліквідацыю гурткоў шляхам адміністрацыйнага ціску на іх.
Адной з галоўных прычын масавай падтрымкі беларускага руху насельніцтвам польскія ўлады палічылі моцныя пазіцыі беларускіх дзеячаў ва ўстановах мясцовага самакіравання. Так, у радзе Берштаўскай гміны з 14 месцаў радных ім належала 12. Былі грамадоўцамі ці іх сімпатыкамі амаль усе солтысы і іх намеснікі ў праваслаўных вёсках. Трэба адзначыць, што такая сітуацыя існавала па ўсёй Гарадзеншчыне. Былі выпадкі, калі радныя патрабавалі весці справаводства на беларускай мове, як гэта здарылася ў мястэчку Волпа. Беларускія дзеячы імкнуліся апанаваць усе культурна-асветныя і гаспадарчыя арганізацыі на вёсцы. Так, 6 красавіка 1928 г. інспектар павятовай сельска-гаспадарчай рады арганізаваў у Берштах сход для ўтварэння пазычковай касы Стэфчыка. Старшынёй прысутныя на сходзе абралі Уладзіміра Паўлюкевіча, сакратаром Аляксандра Мілінкевіча, а скарбнікам Лукаша Лебядзевіча47. Паўлюкевіч падазраваўся паліцыяй у актыўным удзеле ў беларуска-літоўскай партызанцы, а Лебядзевіч адседзеў за гэтую партызанку ў турме.
У справаздачы мясцовай паліцыі ад 19 красавіка 1928 г. гаварылася: „b. hromadowcy obecnie zajmują prawie każde stanowisko urzędowe lub społeczne i wszędzie mają znaczenie decydujące. Są oni od lat 25 do 35, zaś starsza ludność, która rzeczywiście reprezentuje społeczeństwo, zupełnie odsuwa się od wszystkiego, widząc w działalności przewagę po stronie b. hromadowców i obecnych członków Towarzystwa Szkoły Białoruskiej. Dlatego też przy każdej sposobności, jak chodzi o wybor członków i komisji i t.d., wejdą b. hromadowcy, gdyż zajęli oni taką pozycję wobec ludności miejscowej, że ta czuła się bezradnie bez nich”48.
25 сакавіка 1928 г. рада гміны Бершты абмяркоўвала дадатковы бюджэт. Радныя адхілілі прапанову дзяржаўнай адміністрацыі выдаткаваць сродкі на „пшэдшколe” і „пшыспособене войсковэ”. А амаль праз 2 месяцы, 16 мая 1928 г., рада гміны на сваім пасяджэнні пастанавіла матэрыяльна падтрымаць беларускую гімназію ў Вільні і перадаць з гміннага бюджэту першую дапамогу ў памеры 300 злотых дырэкцыі гэтай гімназіі. Ініцыятарам азначанай пастановы быў сам войт гміны Мікалай Касцевіч, які атрымаў ліст з дырэкцыі гімназіі з просьбай аб падтрымцы. На пасяджэнні за гэтую прапанову галасавалі 6 радных і 4 былі супраць. Прычым такую дапамогу было запланавана пералічваць у Вільню на працягу пяці гадоў. Дадзеная пастанова выклікала абурэнне паліцэйскага пастарунка, які нават папракаў раду, што тая не дбае пра бедных аднавяскоўцаў. З Берштаўскай гміны ў Віленскай гімназіі вучыліся Ян Варабей з Якубавічаў і Сяргей Дудка з Зубрава, якіх неаднаразова адтуль выключалі за ўдзел у акцыях супраць суда над лідэрамі Грамады. Трэба прызнаць, што беларуская гімназія была фактычна адзіным шляхам для берштаўскіх сялян атрымаць добрую адукацыю.
Натуральна, што дзяржаўная ўлада паспрабавала змяніць непажаданую для сябе сітуацыю ў мясцовым самакіраванні. Паліцэйскі камендант Берштаў пісаў з абурэннем, што радныя гміны „nie patrzą na los gospodarki gminnej, jedynie bronią i popierają sprawy białoruskie i w ogóle ruch białoruski”49. А паколькі ўся рада прадстаўлена грамадоўцамі, то няма нічога дзіўнага, „że ludność białoruska, z której przy umiejętnym zostosowaniu odpowiednich reform można zrobić lojalnych obywateli, nie może przyjść do tego, gdyż wszędzie i na każdym kroku jest agitowana na szkodę Państwa”.
У выніку пачалося сапраўднае паляванне на непажаданых радных. Ужо ў канцы сакавіка быў арыштаваны беларускі дзеяч з вёскі Шчанец Міхал Токць. Паводле здабытых паліцыяй звестак, ён у канцы 1926 г. „prowadził agitację antypaństwową, namawiając ludność do przygotowania się do powstania białoruskiego przeciwko Rządowi Polskiemu i przytem przyobiecał sprowadzenie potrzebnej ilości broni do tegoż powstania”50.
У маі быў арыштаваны радны гміны з Якубавічаў Ян Траян. На гэты раз прычынай паслужыла тое, што Траян „na ulicy we wsi Berszty, gromadząc koło siebie do 10 osób, agitował przeciwko szkolnictwu polskiemu oraz nawoływał by obecnych przeciwników ruchu białoruskiego wytępili, oraz by popierali i dopomogali środkami b. posłom Wołoszynowi, Taraszkiewiczowi i innym, którzy cierpią w więzieniu dla Białorusi”51. Токць і Траян былі пазбаўлены права засядаць у гміннай радзе. Такім чынам, паступова адбывалася чыстка самаўрадавых устаноў.
У красавіку 1928 г. у вёсках Берштаўскай гміны праходзілі выбары солтысаў і іх намеснікаў. Паводле даных паліцыі, былыя грамадоўцы актыўна праводзілі сваіх кандыдатаў, пераважна моладзь. Камендант паліцыі сцвярджаў, што пры гэтым былі абмінуты старэйшыя і вопытныя людзі. Ён звярнуўся да павятовага стараства з просьбай не зацвярджаць нелаяльных кандыдатаў.
Аднак галоўным кірункам дзейнасці паліцыі ўсё ж заставалася барацьба з гурткамі ТБШ. Камендант Лінднэр пісаў 10 мая 1928 г., што ўплывы гурткоў ТБШ на тэрыторыі пастарунка апошнім часам аслабелі, а паміж іх сябрамі „няма такой гармоніі, як раней”. На думку кіраўніка пастарунка, якую ён выказаў у справаздачы за красавік 1928 г., гурткі ТБШ ствараліся найперш з палітычнай, а не культурна-асветніцкай мэтай: „Z całokształtu działania i istnienia hurtków Szkół Białoruskich wnioskuję, że nie zostały one organizowane dla szerzenia oświaty wśród ludności białoruskiej lecz tylko po to, by na miejsce zlikwidowanych hurtków B.W.R.H. dalej prowadzić robotę antypaństwową”52. Можна часткова пагадзіцца з высновамі паліцэйскага чыноўніка. Большасць гурткоў ТБШ на Гарадзеншчыне сапраўды практычна не праводзіла асветнай работы. Прычым, паводле назіранняў паліцыі, многія актыўныя сябры гурткоў пасля паражэння на выбарах пачалі выказваць крайне радыкальныя погляды і фактычна пагаджаліся з камуністычнай ідэалогіяй.
Моцна паўплывалі на настрой беларускага насельніцтва звесткі пра завяршэнне працэсу на лідэрамі Грамады і прыгаворанне іх на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення, а таксама інфармацыя, якая прыходзіла з БССР. Так, у канцы мая 1928 г. вярнулася з паездкі ў СССР Марыя Хохава, жонка мясцовага беларускага дзеяча Яна Хохі з засценка Новішча. Паводле яе аповедаў, жыццё ў савецкай краіне было вельмі цяжкім, а ўсе былыя партызаны, якія ў свой час збеглі ў БССР, практычна галадаюць і залічаны ўладамі да трацкісцкай апазіцыі53.
Пачынаецца заняпад дзейнасці і самаліквідацыя гурткоў ТБШ. На пачатку чэрвеня 1928 г. паведамілі паліцыю аб спыненні сваёй дзейнасці сябры шчанецкага гуртка. Іх калектыўны ліст адмовіўся падпісаць толькі Ян Хоха, былы настаўнік і цвёрды патрыёт Беларусі. Трэба адзначыць, што гурток у Шчанцы фактычна не праводзіў ніякай асветнай працы. Гэта была адна з самых бедных вёсак у гміне, таму тут былі больш моцныя пракамуністычныя настроі, а насельніцтва з’яўлялася менш адукаваным. У канцы гэтага ж месяца выйшаў са складу гуртка ў Якубавічах яго фармальны кіраўнік Уладзімір Сінкевіч. Галоўнай прычынай распаду гурткоў стала дзейнасць мясцовай паліцыі, пра што паведаміў камендант пастарунка: „Do rozkładu hurtków jak widać wyżej najwięcej przyczynił się ścisły nadzór nad tymi działaczami ze strony policji i ściganie ich za różne drobne przewinienia. Widząc, że działalność swoją rozwinąć nie mogą z powodu tego zrezygnowali z należenia do hurtków”54.
З ліку ўсіх гурткоў ТБШ на Гарадзеншчыне адным з найбольш дзейных быў гурток у Шкленску. Паводле звестак паліцыі, ён яшчэ болей актывізаваў у маі 1928 г. сваю культурна-асветную працу. Рэвізія, праведзеная ўрадавымі чыноўнікамі, засведчыла, што сябры гэтага гуртка рэгулярна плацілі складчыны, старанна вялі патрэбнае справаводства. Правяраючыя здолелі прычапіцца толькі да таго, што з фонду гуртка было выплачана 20 злотых Міхалу Касцевічу, каб пакрыць накладзены на яго за арганізацыю ў 1927 г. недазволенага ўладамі сходу штраф. Вельмі актыўна працаваў бібліятэкар шкленскага гуртка Уладзімір Гардзей. Нягледзячы на культурна-асветны кірунак працы гуртка, камендант паліцыі ўсё роўна сцвярджаў, што „pod płaszczykiem legalnej biblioteki również uprawia się agitacja antypaństwowa”55. У справаздачы ад 21 чэрвеня 1928 г. Лінднэр адзначаў: „(...) hurtek w Szkleńsku z prezesem Tarankiem na czele stara się członków swoich więcej skupiać, co na zewnątrz wyraźnie daje się odczuć”56. Аднак і гэты гурток з прычыны паліцэйскіх рэпрэсій мусіў згортваць паступова сваю працу, хаця сябры яго трымаліся вельмі дружна і згуртавана.
12 ліпеня 1928 г. у Гродне мусіў адбыцца з’езд прадстаўнікоў ТБШ. Ад Берштаўскай гміны дэлегатамі былі абраны Ян Траян і Уладзімір Гардзей, але ці ўдзельнічалі яны ў рабоце з’езда з дакументаў паліцыі невядома, бо ўжо 29 ліпеня зацкаваны ўладамі Ян Траян абвясціў аб выхадзе са складу гуртка. Але яго сябар Мацей Варабей упарта імкнуўся ажывіць дзейнасць ТБШ у сваёй вёсцы. Варта адзначыць, што апошні вучыў у Віленскай беларускай гімназіі сваіх малодшага роднага і стрыечнага братоў. Працягваў сваю працу „mimo silnego nacisku” і гурток у Шкленску. Адной з прычын трываласці гэтага гуртка камендант паліцыі называў наяўнасць у яго складзе Міхала Касцевіча, „który jest współpracownikiem czasopism białoruskich wychodzących w Wilnie oraz bardzo często bywa w Wilnie w Centralnym Komitecie T-wa Szkoły Biał., z tamtąd przywozi różne wskazówki, zasila członków duchem i mimo tego, że płacą różne kary i t.d. z hurtka nie występują”57. Разам з тым камендант Лінднэр выказваў у справаздачы спадзяванне, што і гэты гурток у хуткім часе распадзецца. У адрозненне ад Шчанца Шкленск быў значна меншай і больш багатай вёскай. Дарэчы, гэтая заканамернасць паміж велічынёй пушчанскіх вёсак і заможнасцю, а таксама ўзроўнем адукаванасці іх жыхароў выразна прасочваецца яшчэ па матэрыялах ХІХ ст. Менавіта з невялікіх вёсачак і засценкаў Шкленск, Баброўня, Бабіна, Засады, Зубрава, Новішча паходзілі найбольш свядомыя і адукаваныя беларускія дзеячы. Так, напрыклад, Міхал Касцевіч (вядомы як паэт Міхась Васілёк) паходзіў з Баброўні, адной з самых заможных праваслаўных вёсак у Берштаўскай пушчы. З гэтай жа вёскі паходзіў яго дзядзька Макар Касцевіч (Макар Краўцоў) — таксама вядомы паэт і беларускі дзеяч.
Аднак мэтанакіраваны і несупынны ціск уладаў рабіў сваю справу. У справаздачы гміннага пастарунка за снежань 1928 г. гаварылася: „(...) wśród wybitniejszych działaczów białorusinów nie widać obecnie takiej łączności, a raczej spostrzeżono, że więcej rozbiją się”58. У чэрвені 1929 г. уладамі была праведзена рэвізія гуртка ТБШ у Шкленску, у выніку якой выйшаў з яго складу скарбнік Аляксандр Васілевіч. Згодна з пастановай павятовага старасты ад 2 ліпеня 1929 г. дзейнасць гэтага гуртка была прыпынена, а яго бібліятэка апячатана59. 13 ліпеня падобнай пастановай была прыпынена і дзейнасць гуртка ў Якубавічах.
У 1929 г. ужо амаль не прыходзілі ў вёскі гміны беларускія газеты і часопісы. 12 кастрычніка 1929 г. паліцыя знайшла экземпляр беларускай „Нашай газеты” ад 15 верасня ў жыхара вёскі Раманава Яна Янковіча. Пасля гэтую ж газету знаходзяць у Мікадзіма Токця са Шчанца і Ігната Ількевіча з Навасёлкаў. У азначаным нумары дадзенай газеты гаварылася аб неабходнасці актывізацыі барацьбы за беларускае школьніцтва. Але, паводле звестак пастарунка паліцыі, на тэрыторыі гміны агітацыі сярод беларусаў у кірунку арганізацыі беларускіх школ не было выяўлена.
Адзін з лідэраў мясцовага беларускага руху Аляксандр Мілінкевіч перабраўся ў Гародню, дзе ўладкаваўся ў рэдакцыю леварадыкальнай „Газеты хлопскей”. У час сваіх прыездаў у Бершты ён прывозіў шмат экземпляраў гэтай газеты, якая была, паводле звестак паліцыі, „przez białorusinów czytana chętnie, lecz uważana przez nich jako gazeta prowakatorska, gdyż jest drukowana w języku polskim”60.
Цэнтральнае кіраўніцтва ТБШ спрабавала ажывіць дзейнасць сваіх нізавых структур. У снежні 1929 г. Уладзімір Гардзей атрымаў ад Беларускага пасольскага клуба ліст з просьбай падаць інфармацыю аб дзейнасці гуртка ў Шкленску, але пабаяўся адказваць і ліст той знішчыў61. У канцы снежня таксама былы сакратар гміннага камітэта БСРГ Мікалай Касцевіч атрымаў ліст з Цэнтральнага камітэта ТБШ з заклікам актывізаваць дзейнасць у кірунку беларускай культурна-асветнай працы. Беларускія дзеячы запланавалі правесці сустрэчу ў хаце Аляксандра Сінілы ў Засадах. На яе збіраліся прыехаць Мацей Варабей і Ян Траян. Але паліцыя, дазнаўшыся пра гэта, пачала праводзіць вобыскі. У Мацея Вараб’я знайшлі газеты „Самапомач хлопска” і „Жыце млодзежы”, якія ён бясплатна атрымліваў на пошце ў вёсцы Новы Двор. А 2 студзеня 1930 г. быў арыштаваны Мікалай Касцевіч. Услед за ім былі арыштаваны Аляксандр і Юры Сінілы, Ян Траян, Лукаш Лебядзевіч, Міхал Гардзей, Андрэй Наско, а таксама літоўцы Антон Траяновіч, Войцех Павайба і Антаніна Пашкоўская. Гэтыя арышты выклікалі моцнае ўзрушэнне сярод беларускага насельніцтва: „Ostatnie aresztowania w związku w wykryciem grasującej na terenie tut. posterunku bandy szpiegowskiej wywarło na działaczach białorusko-komunistycznych przerażenie i wszyscy oczekują, że w związku z tem i u nich będą prowadzone rewizje (...) aresztowania. Z tego więc powodu obecnie pomiędzy sobą nie stykają się i okazują (...) zdenerwowanie”62. Разам з тым, камендант паліцыі адзначаў, што настрой сярод беларускага насельніцтва ўзбуджаны і яно чакае хуткага перавароту, спадзяваючыся на дапамогу бальшавікоў.
На пачатку студзеня 1930 г. пастарунак паліцыі атрымаў інфармацыю, што жыхар Шкленска Уладзімір Шышка, былы сябар БСРГ і ТБШ, спяваў на вясковай вуліцы песню „Ад веку мы спалі”. Па гэтым факце было ўзбуджана следства. Падобнага роду „злачынствы”, толькі большага размаху, паліцыя фіксавала і сярод мясцовага літоўскага насельніцтва. У канцы снежня 1929 г. у вёсцы Мустэйка адбылася літоўская вечарына, на якой прысутнічала каля 100 чалавек. Пасля завяршэння камедыйнай пастаноўкі „артысты” заспявалі літоўскі нацыянальны гімн, а гледачы ўсталі і падхапілі яго. Прысутныя пры гэтым салдаты польскага войска — мясцовыя хлопцы, што прыехалі дадому на пабыўку — сталі на зважай і ўзнялі рукі да казыркоў сваіх канфедэратак. У вёсцы Мустэйка пражывалі сяляне выключна з прозвішчам Аверка. Гэтая вёска была цесна звязана крэўнымі сувязямі з Берштамі, дзе таксама было шмат сялян з такімі прозвішчамі. Але цяпер шляхі суседніх народаў разыходзіліся. Беларускі рух паступова слабеў, а літоўскі наадварот — набіраў моц.
Арыштаваныя на пачатку студзеня 1930 г. беларускія і літоўскія дзеячы былі абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Літвы. 2 чэрвеня быў вынесены судовы вырак. Па шэсць гадоў турмы атрымалі беларусы Аляксандр Сініла і Мікалай Касцевіч, а Лукаш Лебядзевіч і літовец Антон Траяновіч — па пяць гадоў*. Траяновіч быў лідэрам літоўскага руху ў вёсцы Кабялі. Цікава, што на працягу апошніх стагоддзяў Траяновічы былі самай багатай сялянскай сям’ёй у Берштаўскай пушчы. Матэрыялы канфіскацыі маёмасці Мікалая Касцевіча таксама сведчылі аб тым, што ён належаў да багатых гаспадароў у Берштах. Аляксандру Сінілу апроч усяго забаранялася пасля вызвалення вяртацца ў Берштаўскую гміну. Па сваёй абсурднасці высунутае супраць мясцовых дзеячаў абвінавачванне нагадвала тыя судовыя працэсы, якія адбываліся ў гэты час супраць беларускай інтэлігенцыі ў БССР.
Арышты і суд над мясцовымі беларускімі дзеячамі не выклікалі на тэрыторыі Берштаўскай гміны ніякіх хваляванняў і акцый пратэсту. 2 лютага 1930 г. дырэктар школы ў Берштах Мечыслаў Грыц арганізаваў аматарскае прадстаўленне на польскай мове „Młynarz i kominiarz”, на якім прысутнічала каля 30 асобаў63. 13-20 лютага праходзіў у гміне тыдзень Лігі паветранай абароны Польшчы (ЛПАП). На лекцыі ў Якубавічах сабралася 120 асобаў, а пасля іх заканчэння адбыліся танцы. З гэтага можна зрабіць выснову, што большасць насельніцтва змірылася з паражэннем беларускага руху і старалася забыцца пра лёс яго правадыроў.
Безумоўна, што арышты і суд над беларускімі лідэрамі нанеслі вельмі моцны ўдар па нацыянальным руху. Сярод былых актывістаў Грамады і ТБШ запанавалі прыгнечанасць і страх. Так, 17 лютага ў Бершты па пошце былі дасланы экземпляры газеты „Наперад”, якую выдавалі памяркоўныя беларускія дзеячы Антон Луцкевіч і Радаслаў Астроўскі, да Мікалая Касцевіча і Яна Вераб’я з Берштаў, Кузьмы Седлярэвіча з Замасцянаў і Ул. Ушкевіча з Сухароў. Але гэтыя газеты не былі забраны з пошты. Нельга, праўда, сказаць, што ўсе беларускія дзеячы капітулявалі і склалі рукі. У справаздачы за І квартал 1930 г. камендант паліцыі паведамляў у Гародню: „(...) b. członkowie B.W.R.H. i b. członkowie T.S.B. w ukryciu stykają się i nadal skrycie prowadzą między sobą wywody ruchu białoruskiego, jednak nie mają poparcia ze względu na obawę przed srogimi represjami władz i ich działalność nie doprawadza do zamierzonego ruchu białoruskiego, lecz nadal zachowują nadzieję, że ich hasła znajdą poparcie u miejscowej ludności białoruskiej”64. Трэба адзначыць, што літаральна кожны крок мясцовых беларускіх лідэраў, якія пазбеглі арышту, адсочваўся паліцыяй. Напрыклад, 19 кастрычніка 1930 г. Вінцэнт Усюкевіч паведаміў паліцыі, што Мацей Варабей сеў на ровар і кудысьці паехаў. Пастарунак адразу ж пачаў высвятляць кірунак і мэты падарожжа беларускага актывіста. Мацей Варабей упарта лічыў сябе сябрам ТБШ, адмаўляючыся здаваць сваё пасведчанне. Фактычна ён заставаўся апошнім з магікан гэтай арганізацыі ў Берштаўскай гміне.
Некаторыя беларускія дзеячы сталі дэклараваць сваю поўную лаяльнасць да ўладаў. У канцы 1929 г. войтам гміны быў абраны Уладзімір Паўлюкевіч. На гэтай пасадзе ён праявіў сябе як вельмі добры гаспадарнік і рашуча змагаўся з любымі апазіцыйнымі да ўрада партыямі, а найперш з суполкамі „Стронніцтва людовэго” ў каталіцкіх вёсках. Разам з тым цалкавітага даверу уладаў Паўлюкевіч так і не дачакаўся. Камендант паліцыі характаразаваў яго такім чынам: „Na absolutne zaufanie nie zasługuje (...) i na wypadek poważniejszych zajść w Państwe jak wojna i t.p. należałoby go natychmiast zmienić”65*.
Разгром беларускага руху і крах спадзяванняў на хуткую перамогу выклікалі рост рэлігійна-містычных настрояў сярод мясцовага насельніцтва. 24 жніўня 1930 г. у хаце жыхаркі вёскі Косцевічы Ганны Шышкi цудоўным чынам аднавілася ікона св. Панцеляймона. Была яна ўрачыста перанесена ў царкву. На працягу яшчэ некалькіх дзён „ажылі” 7 абразоў. Чуткі пра цуд хутка абляцелі навакольныя вёскі і ў Бершты рушылі натоўпы пілігрымаў. Так, 13 верасня 1930 г. сюды прыйшлі пешшу каля 200 вернікаў з мястэчка Азёры. Самі берштаўскія вернікі хадзілі хрэсным ходам да Каложскай царквы ў Гародню. Мясцовая паліцыя да азначаных цудаў паставілася даволі скептычна: „Ludność święcie wierzy w cud i na wszelkie perswazje nie zwraca uwagi. Wpływało to znacznie na podniesienie wiary, która poczęła tutaj tracić swoich (...)**”66. Якраз у гэты час цягнулася судовая справа аб перадачы берштаўскай царквы каталікам на той падставе, што калісьці яна была уніяцкай. Відавочная несправядлівасць абурыла мясцовае насельніцтва і на абарону царквы паўсталі нават пракамуністычна арыентаваныя асобы. Разам з тым, паліцэйскі камендант сцвярджаў, што берштаўскі святар Ян Арлоў да ўладаў і дзяржавы ставіцца лаяльна і, паколькі ён мае вялікі ўплыў на парафіян, было б памылковым пераводзіць яго ў іншае месца, асабліва напярэдадні выбараў.
У пэўнай ступені адлюстраваннем духоўнага крызісу мясцовага грамадства стаў і пераход некалькіх жыхароў вёскі Якубавічы ў баптызм. З’яўленне суполкі баптыстаў выклікала занепакоенасць паліцыі і шляхам розных адміністрацыйных мераў яны імкнуліся вярнуць іх у праваслаўе.
Са справаздач берштаўскага пастарунка за 1930-я гады вынікае, што „беларускага пытання” для мясцовай паліцыі ўжо практычна не існавала, ці, прынамсі, яно не было асабліва вострым. У справаздачы, напрыклад, за І квартал 1932 г. гаварылася: „Partyzantka, T-wo Białoruskiej Szkoły i B.W.R.H. na tut. terenie nie istnieje, a byli sympatycy i działacze żadnej działalności nie ujawnili, ponadto po upływie kilku lat niektórzy postarzeli się i z powodu trosk materialnych i rodzinnych porzucili politykę i działalność”67. Больш клопатаў уладам прыносілі ў гэты перыяд каталіцкія вёскі, дзе сарганізаваліся суполкі апазіцыйнага ўладам „Стронніцтва людовэго”. А самым гарачым было літоўскае пытанне. Нягледзячы на ціск уладаў і розныя забароны, нацыянальны культурна-асветніцкі рух ахапіў усё літоўскае насельніцтва гміны. Галоўнымі структурамі гэтага руху былі таварыствы „Рытас” і „Святога Казіміра”. У паліцэйскай справаздачы за 1937 г. было адзначана наступнае: „Ludność białoruska, stanowiąca dominującą większość na tut. terenie w stosunku do władz usposobiona naogół przychylnie i życzliwie. Co zaś do ludności litewskiej, to jedynie generacja starsza ustosunkowana względem państwowości polskiej negatywnie, natomiast młodzież znajduje się pod wpływami byłych nauczycieli rytasowskich i przy zetknięciu się wyczuwa ze strony tejże wyraźnie nie życzliwy stosunek względem władz polskich”68. Трэба адзначыць, што польскія ўлады праводзілі даволі актыўную палітыку на вёсцы. Правядзенне камасацыі ў цэлым станоўча паўплывала на становішча жыхароў пушчы. У Берштах і іншых вёсках узніклі арганізацыі пажарнай варты, ЛПАП, „пшыспособеня войсковэго і выхованя фізычнэго”. Былі пабудаваны стадыён і народны дом, ладзіліся розныя лекцыі і культурна-асветныя мерапрыемствы. Іншая справа, што магчымасць сацыяльнага авансу, атрымання добрай адукацыі была фактычна блізкай да нуля.
Можна, на нашу думку, сцвярджаць, што паўставанне і развіццё беларускага нацыянальнага руху на абшарах Берштаўскай гміны было вельмі падобным да іншых рэгіёнаў Заходняй Беларусі. Але, разам з тым, існавалі і пэўныя асаблівасці. Галоўнай такой асаблівасцю нам уяўляецца перавага ўласна нацыянальнага складовага кампанента гэтага руху над пракамуністычным, леварадыкальным. Важнай прычынай гэтага быў непасрэдны ўплыў літоўскага руху. Па-другое, у Берштаўскай пушчы не было такой ужо спрыяльнай глебы для камуністычнай ідэалогіі. Тут адсутнічалі памешчыцкія маёнткі, людзі практычна не ведалі ў свой час паншчыны, жылі пераважна не з зямлі, а з заробкаў у лесе. Камуністычнай прапаганды не было фіксавана нават сярод прыезджых з іншых рэгіёнаў лясных работнікаў. Таму на тэрыторыі гміны не існавала, прынамсі паводле звестак паліцыі, структур КПЗБ. Беларускі рух тут ачолілі самыя адукаваныя і часцяком найбольш заможныя людзі. Гэтая сялянская эліта, у якую мы ўключаем і вясковую інтэлігенцыю ў першым пакаленні, імкнулася ўзяць у свае рукі мясцовую ўладу і такім чынам знайсці сабе новую нішу ва ўмовах паступовага распаду традыцыйнага аграрнага грамадства. Штосьці падобнае адбывалася ў гэты час у Літве, Латвіі, Эстоніі і іншых маладых дзяржавах, якія сталі на шлях самастойнага развіцця. Беларуская нацыянальная ідэалогія цалкам супадала з інтарэсамі, амбіцыямі і культурнымі запатрабаваннямі гэтай сялянскай эліты. Але на заходнебеларускіх землях беларускія дзеячы апынуліся паміж молатам дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі, арыентаванай на асіміляцыю няпольскіх славянскіх народаў, і накавальняй камуністычнай ідэалогіі і правакатарскай дзейнасці КПЗБ.
Слабым бокам мясцовага беларускага руху былі, на нашу думку, недастаткова актыўныя кантакты і сувязі з беларускай палітычнай элітай у Варшаве, Вільні і Гародні. Гэтыя кантакты абмяжоўваліся звычайна перапіскай па пошце. Візітаў вядомых беларускіх дзеячаў на тэрыторыю Берштаўскай гміны ў паліцэйскіх матэрыялах не зафіксавана.
У адрозненне ад літоўскага руху, у беларусаў не было рэлігійнага стрыжня нацыянальнай ідэалогіі. Менавіта гэты стрыжань рабіў мірных сялян цвёрдымі і нязломнымі ў сваіх перакананнях. А камуністычная ідэя ўносіла толькі раскол у шэрагі беларускіх дзеячаў, адштурхоўваючы ўбок самых заможных і адукаваных. Тое ж можна сказаць і пра міфічны вобраз БССР. Уяўленням пра шчаслівае жыццё беларусаў на Міншчыне супярэчылі звесткі ад землякоў пра галечу і рэпрэсіі. Дарэчы, у сталінскіх лагерах пабывала ў шмат разоў больш жыхароў Берштаўскай гміны, чым у польскіх турмах.
Увогуле асабісты лёс амаль усіх беларускіх дзечаў Берштаўскай пушчы быў трагічны. Большасць прайшла праз савецкія і польскія турмы, многія загінулі ад рук фашыстаў у час другой сусветнай вайны. Больш пашэнціла тым, хто выехаў у Амерыку. Ніхто з мясцовых беларускіх дзеячаў не зрабіў кар’еры і ў гады савецкай улады. Да іх не прыходзілі школьнікі запісваць успаміны пра Грамаду і ТБШ, бо гэтая дзейнасць не ўпісвалася ў адзіна правільнае бачанне і разуменне гісторыі. Трагічнае пакаленне страчаных надзей! Асабістыя трагедыі гэтых людзей сталі трагедыяй народа, згубіўшага ў свой час шанц пабудовы нацыянальнай дзяржаўнасці і разгублена застыўшага ў стане несфармаванай тоеснасці.
Streszczenie
Według danych zebranych przez policję polską w gminie Berszty powiatu grodzieńskiego w 1928 r. mieszkało prawie 7 tys. ludzi, w tym 70% Białorusinów, 15% Polaków, 14% Litwinów i 1% Żydów. Stosunek Białorusinów do państwa polskiego był zdecydowanie negatywny. W latach 1921-1922 w okolicznej puszczy działał dość silny oddział partyzancki, białorusko-litewski, wspierany przez ludność z okolicznych wiosek. Podczas wyborów parlamentarnych w 1922 r. 80% mieszkańców gminy głosowało na Blok Mniejszości Narodowych. Raporty miejscowego posterunku policji informują, że w 1926 r. obserwowano radykalny wzrost nastrojów narodowych wśród Białorusinów gminy Berszty. Wraz z powstaniem Białoruskiej Włościańsko-Robotniczej Hromady ludność masowo zaczęła żądać szkół z białoruskim językiem nauczania i — jak pisał komendant posterunku Słomczyński — manifestować wolę „odnowienia niepodległości Białorusi”. Nawet konfidenci, w obawie przed represjami ze strony ludności, zaczęli odmawiać współpracy z policją. W końcu lat dwudziestych władze szykanami policyjnymi i administracyjnymi próbowały stłumić wszelkie przejawy białoruskiego życia narodowego, lecz dopiero w połowie lat trzydziestych, pod pretekstem zwalczania komunizmu, udało im się zrealizować te zamierzenia.
1 Дзяржаўны архіў Гарадзенскай вобласці (далей: ДАГВ), фонд 38, вопіс 1, справа 2, аркуш 494.
* Паводле ўспамінаў Вольгі Шаставіцкай (1908 г.н.), дачкі беларускага дзеяча Язэпа Мілінкевіча: „Cпярва іх (партызанаў — С. Т.) Літва брала, моладзеж пайшла на Літву, але Літва не прыняла, усе яны пайшлі ў Мінск, а там іх у турму пасадзілі на 10 лет”.
2 Л. Глагоўская, З дзейнасці беларускіх парламентарыяў на Гродзеншчыне ў гадах 1922-1930. Матэрыялы выступлення на канферэнцыі „Культура Гродзеншчыны: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа”.
3 Там жа.
4 Там жа.
5 ДАГВ, ф. 59, в. 1, с. 6.
* неразборліва
6 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 17, арк. 182.
7 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 13, арк. 29.
8 Там жа, арк. 72.
* Паводле ўспамінаў яго дачкі Т. У. Джэвецкай, У. Русілка не мог пагадзіцца з нарастаннем пракамуністычных настрояў у беларускім руху, паколькі будучы царскім афіцэрам, наглядзеўся на злачынствы бальшавікоў.
9 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 13, арк. 74.
10 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 19, арк. 128.
11 Там жа, арк. 165.
12 Там жа.
13 Там жа, арк. 181 адв.
14 Там жа, арк. 183 адв.
15 Там жа, арк. 201.
16 Там жа, арк. 210.
17 Там жа, арк. 261.
18 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 1 адв.
19 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с.19, арк. 250.
* неразборліва
20 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 19, арк. 215.
21 Там жа, арк. 208.
* Пасля ўцёкаў М. Шаставіцкі перабраўся ў БССР, але там у хуткім часе быў рэпрэсаваны і патрапіў у лагер.
22 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 22, арк. 37 адв.
23 Там жа, арк. 37 адв.
24 Там жа, арк. 127 адв.
25 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 12.
26 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 22, арк. 217.
27 Там жа, арк. 123.
28 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 1 адв.
29 Там жа, арк. 4.
30 Там жа, арк. 3.
* неразборліва
31 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 7.
32 Там жа, арк. 11.
33 Там жа, арк. 20 адв.
34 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 4 адв.
35 Там жа, арк. 5 адв.
36 Там жа, арк. 7 адв.
37 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 15.
38 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 29, арк. 28.
39 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 19 адв.
40 Там жа.
41 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 171.
42 Там жа, арк. 28.
43 Там жа, арк. 22 адв.
44 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 29, арк. 36.
45 ДАГВ, ф 38, в. 1, с. 23, арк. 26.
46 Там жа, арк. 27.
47 Там жа, арк. 32.
48 Там жа, арк. 33 адв.
49 Там жа, арк. 42 адв.
50 Там жа, арк. 26.
51 Там жа, арк. 42 адв.
52 Там жа, арк. 35 адв.
53 Там жа, арк. 43 адв.
54 Там жа, арк. 49.
55 Там жа, арк. 44.
56 Там жа, арк. 48.
57 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 63 адв.
58 Там жа, арк. 90.
59 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 35, арк. 34.
60 Там жа, арк. 24 адв.
61 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 42, арк. 326.
62 Там жа, арк. 326.
* Аляксандр Сініла памёр у турме, а Мікалай Касцевіч вярнуўся хворы на сухоты.
63 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 42, арк. 321.
64 Там жа, арк. 257.
65 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 52, арк. 78.
* Пасля прыходу савецкай улады Ул. Паўлюкевіч атрымаў 10 гадоў лагеру за сваю дзейнасць на пасадзе войта.
** неразборліва
66 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 42, арк. 115.
67 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 52, арк. 349 адв.
68 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 135, арк. 220.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|